412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве » Текст книги (страница 20)
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 20 (всего у книги 25 страниц)

Быў пашматаваны, закуты, але вялікі народ. I Ісленьеў не мог не бачыць ягоных пакут і ягонай велічы.

– I ўсё ж? – спытаў Iсленьеў.

Хлоп маўчаў. I раптам віцэ-губернатар пачуў стогн, нібы ў таго раздзіралася нешта ў грудзях.

– Пане… Пане літасцівы, – сказаў мужык. – Забярыце вы яго ад нас. Забярыце, не дайце грэх на душу ўзяць.

– Чаго ты?

Барыс раптам узняў на губернатара светлыя вочы:

– Дзеля яго забярыце. Вытанчаецца ўжо цярпенне наша. Хочаце – на каразн пасылайце, хочаце – літуйце мяне, а як бы ён гарэлкі не глынуў ці гарачым пяском не пагрэўся.

– Аб чым ты? – сурова спытаў Ісленьеў.

– Пагаворваюць ужо… Увальюць спірытусу ў глотку, а нос ды рот заціснуць… торбай з гарачым пяском пузыр мачавы раздушаць – і гамон!.. I слядоў не знойдуць… Не дазвольце грэх узяць!

3 Ісленьевым ехаў на гэты раз новы яго асабісты сакратар, Паноў.

– А я вось за цябе вазьмуся, – сказаў Паноў, вельмі паважны ад усведамлення свайго новага становішча, – дзе гэта ты такое чуў?

– Кінь, – грэбліва сказаў Ісленьеў.

– Рэжце мяне на кавалкі, не баюся, – захлынаўся мужык. – Няма пекла, акрамя таго, што ад нараджэння да смерці.

…Палац нібы вымер. Нікога не было на верасовай пустцы вакол. Нікога не было ля канавязяў і пабудоў. Ніхто не стаяў на ганку.

Вялізная камяніца са сляпымі вокнамі. Цішыня. Мокры верас вакол. Хмары над дахам.

Аднекуль здалёк, можа, з Гарыпяціцкай ці Браніборскай бажніцы, даляталі рэдкія, разарваныя яшчэ і вялікай адлегласцю, удары хаўтурных званоў.

Ісленьеў і Паноў падымаліся па сходах.

Нікога. На тэрасе з застаялымі лужынамі ад дажджу – таксама нікога. Ніхто не выйшаў насустрач.

Штурхнулі дзверы, пайшлі пакоямі. Запыленыя люстры і вокны. У зале, дзе калісьці стаяла труна, – ані жывога духу.

– Гэй! – крыкнуў Паноў. – Ёсць хто?

У непаразуменні, куды маглі разбегчыся слугі, дзве постаці ішлі абрыдліва запушчанымі пакоямі.

У адным пакоі стаяў сабраны стол персон на дваццаць, і ля яго таксама нікога.

Рыпнулі недзе дзверы, і людзі заспяшалі туды, але гэта была пройма. Яна расчыніла дзверы, і яны штурхнулі бутэльку, што ляжала на падлозе. Бутэлька яшчэ ракатала па шчарбатым паркеце, нібы нехта нябачны каціў яе.

Стала жудасна.

Яны знайшлі таго, каго шукалі, толькі ў наступным пакоі. Тут усё стаяла на сваіх месцах, было нават сяк-так прыбрана.

Кроер ляжаў на падлозе, закінуўшы аблічча, з мёртвай рукою, усё яшчэ працягнутай да санеткі.

Магчыма, і званіў. Але не прыйшоў ніхто. Ці баяліся зайсці? Ці проста разбегліся? Хто мог сказаць, што тут было і што ён адчуваў у апошнія хвіліны.

– Nemesis divina[55]55
  Боская адплата (лац.)


[Закрыть]
, – сказаў Паноў.

Ён быў малады чалавек і любіў ужыць лацінскае слова.

Ісленьеў пакасіўся на яго і нічога не сказаў.

Тры чалавекі стаялі ў вільготным пасля лёгкага дажджу бярозавым гаі.

– Вось што, – сказаў Франс Раўбіч. – Я ўжо сказаў, што мой бацька дрыжыць ад злосці, калі нехта толькі ўспомніць ваша імя, князь. Я не хачу, каб ён памёр, нават калі гэтай бессаромніцы ўсё адно.

Алесь пакасіўся на Міхаліну. Усё было б лепей за гэтае раптоўна перарванае, нібы патаемнае, спатканне. Сустрэліся, і вось на іх выпадкова натрапіў Франс.

– Жонка, якая хоча ўбачыць мужа, бессаромніца? – мякка спытаў Алесь. – Не трэба табе гэтага, Раўбіч.

– Я ўжо сказаў, я не дазволю ёй заганяць у магілу бацьку.

Франс гарачыўся.

– Пану Раўбічу лепей.

– Усё адно… Я даў слова: нават калі з бацькам нешта здарыцца – ты хутчэй будзеш ягонай удавою, чым жонкай. Вось і ўсё.

Майка аж калацілася:

– Слухай, Франс. Што гэта за глупства? Што за злоснасць? Гатовыя жэрці адзін аднаго. Злітуйся ты, урэшце, з мяне, з яго, з сябе, нізкі ты чалавек.

– Майка… – сказаў ён.

Вочы дзяўчыны пашырыліся:

– Я злітавалася з цябе, я пашкадавала бацьку. Але цяпер я шкадую, што я выйшла тады з царквы, паверыла вам.

Алесь узяў яе за плечы і адвёў. Усміхнуўся:

– Сапраўды, Франс. Я тады пайшоў вам насустрач. Але цяпер, калі я разумею, як вы хочаце падманам скарыстацца з маёй дабрыні, я думаю, што я дарэмна пайшоў на гэта. Я заўсёды пачуваў да вас і да пана Яраша толькі самае добрае, хоць часам мне вельмі хацелася добра надаваць асабіста вам па тым месцы, па якім аднойчы, дзіцем, я надаваў вось ёй.

Франса калаціла.

– Выслухайце мяне, – сказаў Алесь. – Я ніколі не думаў "помсціць пагардай", я для гэтага занадта любіў вас і таму не хацеў крыві. Я прыскакаў на дапамогу пану Ярашу і з удзячнасцю ўзяў бы такую самую дапамогу і ад вас. Вось вам мае тлумачэнні. Vous n'étes pas content[56]56
  Вы нездаволены? (франц.)


[Закрыть]
?

Міхаліна ўзяла Алеся за плячо і прыхілілася тварам да ягонай рукі.

– Мы вырашылі. Я вырашыла…

– Майка, – сказаў Алесь, – я сам растлумачу гэта Франсу. Ідзі. Помні, аб чым дамаўляліся.

Яна пайшла ў бок раўбічаўскага парку. Мужчыны стаялі і глядзелі адзін на аднаго.

– То што? – сціснуўшы зубы, спытаў Франс.

Алесь уздыхнуў. Такі ляжаў вакол свет! Так ён іскрыўся і палаў ад дажджу! Што яшчэ было тлу-мачыць?!

– Мы вырашылі, што пачакаем, пакуль пан Яраш не ачуняе канчаткова.

– Вы вырашылі?

– Ну згадзіся, брат, не табе ж гэта вырашаць, – на Алеся напаў гумар. – Самае большае, што дазваляе наша з табою сваяцтва, гэта напіцца разам да зялёнага змія…

– Мы далі слова, – Франс бялеў. – Яна сама дала слова Хаданскім.

– Раней за ўсё яна дала слова мне.

– Хто агалосіў яго?

– То ты лічыш, што слова, дадзенае перад богам, – лухта, а перад людзьмі – усё?

– Мы жывём не сярод багоў.

Чорт пацягнуў Алеся за язык:

– На жаль, i я за апошнi час усё часцей пераконваюся ў гэтым.

Франс закусіў губу.

– Ну вось, – сказаў Алесь. – Дальбог, Франс, падумай ты, урэшце, хоць раз не аб сваім дурным гонары, а аб яе шчасці.

– Ты – гэта шчасце?

– Для яе, – сказаў Алесь. – Прынамсі, яна лічыць так. I я пастараюся, каб яна не расчаравалася ў ім як мага даўжэй. Таму што і яна – маё шчасце. Мяркую – да канца.

– Калі будзе гэты канец?

– Ты збiраешся стаць на маёй дарозе? – Алесь сумна ўсмiхаўся. – Дарэмна, я ж не стаяў на тваёй.

I ўбачыў, што сказаў страшнае. Франс таргануў галавою.

– Так, – глуха сказаў Франс. – I таму я яшчэ раз кажу табе… – у яго цакаталі зубы. – Не спадзявайся атрымаць за ўсё, што ты зрабіў, нічога, акрамя зла.

– Ты пагражаеш мне?

Франс звыкла перайшоў на "вы".

– Vous verrez les conséquences et vous en jugerez[57]57
  Вы ўбачыце вынікі і здолееце іх ацаніць (франц.).


[Закрыть]
. Я невыпадкова сустрэў вас. Я ўсё ведаў. Аб усім дамоўлена. Яе сёння ж… завязуць. У крайнім выпадку заўтра раніцай! Чуеш? Чуеш, ты?!

Алесь зрабіў быў крок да яго і спыніўся:

– I ты мог крычаць аб гонары? Дурань жа я, што паверыў вам.

Толькі тут Франс зразумеў, што Алесь сапраўды ні ў чым не вінаваты, што ва ўсім вінаватая крайняя датклівасць пана Яраша і яго, Франса, абражаны гонар і дробязная злоснасць. Алесь цяпер сапраўды мае права пагарджаць ім.

– Я ведаю, – працягваў Алесь, – цяпер вы яе не выпусціце да смерці. I я яшчэ мог нечага чакаць ад цябе, акрамя подласці?

Франс ведаў, што Алесь цяпер мае права сказаць яму ўсё, і не здзівіўся. Але рука прывыкла адказваць на слова "подласць" толькі адным чынам.

…Алесь трымаўся за шчаку. Вочы ў яго былі заплюшчаныя. Потым ён непаразумела ўзняў вейкі.

Франс глядзеў на гэтае аблічча, на якім адно брыво было вышэй за другое ад нявер'я ў тое, што адбылося, і гатовы быў упасці да ног Алеся.

Пацягнуўшы ротам паветра, Алесь адштурхнуў Франса.

– Я ведаю, чаго каштуе чалавеку, калі яго б'юць па твары. Я нікога не біў першы. Ніколі. Таму я не ўдару цябе. Я проста цябе… заб'ю, – і пайшоў.

Франс стаяў і глядзеў яму ўслед.

Мсціслаў, пачуўшы аб усім, толькі ляснуў сябе па шчацэ.

– Быдла, – сказаў ён. – I на цябе спадзяваўся Кастусь? Цябе сур'ёзным лічылі?! Якраз тады, калі вось-вось трэба будзе ліць кроў па-сапраўднаму!

– Гэта дарэмна, – сказаў Алесь. – Калі ты не хочаш, я знайду другога.

– Ды як ты мог?! Калі кожнае жыццё дарагое!.. Калі Беларусь…

– Я не магу ваяваць за Беларусь з пабітай мордай, – сказаў Алесь.

Гэтым жа вечарам Мсціслаў і пан Адам Выбіцкі павезлі да Раўбічаў патрабаванне сатысфакцыі.

Вярнуліся яны позна, і прымірэння ім дабіцца не ўдалося. Майку сапраўды сілком замкнулі ў пакоі. Раўбіч загадаў нікога не прымаць. Але Наталя нейкім дзівам збегла да Вежы і расказала яму аб усім.

Раздражнёны да апошняга тым, што Раўбічы ўвесь час лезуць на ражон, стары паклікаў Басак-Яроцкага і Раткевіча і вырашыў з імі выклікаць, пасля Алеся, Франса і пана Яраша, каб усё скончыць адным разам. Еўфрасіння божкала і хапалася за галаву. У доме стаяў крык. Вырашылі, што першы будзе страляцца Вежа, за ім Яроцкі, потым Раткевіч.

I ўсё ж таму, што Вацлаў ледзь не роў, думаючы аб Наталі і аб тым, якую здраду чыняць у адносінах да яе, і яшчэ таму, што Глебавічна хапала ўсіх за рукі, вырашылі счакаць дзень-два і паглядзець, чым усё скончыцца.

Усё гэта было б нават трохі смешна, каб не вынікі, з якімі вярнуліся секунданты.

На аркушы паперы бездакорным почыркам Франса было выведзена:

"Моn рrіnсе, mon humeur portait 1е сасhеt mais concessions faites de mauvaise grace sont les pires que l'on puisse faire"[58]58
  Князь, мой настрой носіць адбітак журбы, але неахвотна зробленыя ўступкі – найгоршыя з усіх, якія можна было б зрабіць (франц.)


[Закрыть]
.

– Гэта ён мне? А кодэкс? – спытаў Загорскі.

– Ён перадаў гэта Іллі Хаданскаму, той мне, а я вам. Відаць, хацеў яшчэ мацней уразіць, – сказаў Мсціслаў.

– Усё адно гэта нiкуды не варта, – пацiснуў плячыма Алесь. – Зносiны, няхай i цераз секундантаў, з другiм бокам.

Пан Адам крэкнуў:

– А мне здаецца, тут дваістасць ягонага стану. I адчуванне правіны, і жаданне не мірыцца.

– Хто яго секунданты? – спытаў Алесь.

– Ілля Хаданскі і Міхал Якубовіч, – сказаў Выбіцкі.

Ніхто не рашаўся перайсці да ўмоў двабою. Маўчалі.

– Ну, – сказаў урэшце Алесь.

– Без лекара, – сказаў жорстка Мсціслаў. – Права першага стрэлу за намі няма. Жэрабя. Адлегласць паміж бар'ерам – дваццаць крокаў. У выпадку, калі першыя стрэлы вынікаў не дадуць, праціўнікі абменьваюцца другімі і трэцімі – да смерці аднаго.

– Міла, – сказаў Алесь.

– Ты не пратэстуеш? – спытаў пан Адам.

– Нашто, – паціснуў плячыма Алесь.

– Мы нічога не маглі зрабіць, Алесь, – сказаў Маеўскі. – Жэрабя – гэта па-роўнаму. Яны аднолькава патрабуюць смерці як для цябе, так і для сябе.

Адам з'едліва і сумна ўсміхнуўся:

– Вядома, да таго часу, пакуль жэрабя не кінулі. А потым пачынаецца забойства.

Тыя пайшлі. Вечар быў вельмі цёплы і ціхі. Загоршчынскі парк драмаў пад светлымі зорамі.

Заўтра будуць страляцца. На поплаве. Недалёка ад таго месца, дзе сустрэлі на начлезе Войну… Тады яму, Алесю, было адзінаццаць. Цяпер – дваццаць адзін.

Дзіўна, ён ні аб чым не шкадаваў. Што ж, бывае і так…

Ён сеў і напісаў караценькі ліст дзеду, што помніць яго (перашкаджаць дуэлянтам забаранялася, і дзед, відаць, хоць і пакутаваў, вымушаны быў сядзець дома), дзякуе за ўсё.

Другі ліст быў запавет. Палову ўсёй рухомай і нерухомай маёмасці – панам Маеўскаму і Каліноўскаму "на заснаванне той прамыслова-гандлёвай кампаніі, аб якой яны ўтрох марылі". Адну шостую ўсяго – брату Вацлаву Загорскаму. Другую шостую – Юрыю і Антанідзе Раткевічам, прыпісаным да малодшага роду праз маці, з тым, каб яны карысталіся гэтым роўна і без крыўды. Палову астачы – на стыпендыі студэнтам з Загорскага наваколля, далейшае ўтрыманне школы і багадзельні ў Загоршчыне і дапамогу бедным. Астатняе – Кагутам, Кірдуну і іншым слугам, каб была кампенсацыя за страту службы і забеспячэнне на астатнія гады жыцця… Замежны капітал, тую частку, што належыць асабіста яму, – на дапамогу паэтам, што пішуць на мясцовай мове, стварэнне музея, куды перадае ўсе свае калекцыі, і заахвочванне лінгвістычных, гістарычных, археалагічных і этнаграфічных прац, што датычацца Беларусі.

Вось і ўсё. Душапрыказчыкі – Вежа, Маеўскі і Раткевіч. Кастусю не напісаў. Не зразумее і не ўхваліць.

Кастусю нельга было ўсяго тлумачыць. Ці зразумее Кастусь, як ён, Алесь, заеўся з усім наваколлем, як, не робячы асабістага зла, усё ж стаў ворагам для ўсіх, бо ягоная ідэя была для многіх варожай. Алесь разумеў, гэта не Франс Раўбіч ударыў яго, а падвышанае, хваравітае пачуццё гонару. Напалову мужык па выхаванню, ён міжвольна паўстаў супраць усяго гэтага, супраць стогадовых прымхаў і забабонаў, і гэта яны цяпер забіваюць яго. А ён хоць і мужык, але таксама і князь, і сам аддаваў даніну традыцыям і не можа канчаткова паступіцца дваранінам у сабе: адмовіцца ад дуэлі, выклікаць да сябе агульную пагарду, каб жыць і рабіць далей сваю справу.

Трагедыя? Магчыма. Але колькі ўжо разоў людзей лавілі на тым жа, каб расправіцца. Лавілі, бо яны былі дзецьмі свайго часу і свайго асяроддзя.

Галуа[59]59
  Геніяльны французскі матэматык, забіты ў маладым узросце.


[Закрыть]
, якога так любіў "матэматычны Грыма". Галуа ледзь паспеў на кавалку паперы ў апошнюю ноч запісаць асноўныя прынцыпы сваёй тэорыі.

Хто яшчэ? Ну, вядома, Пушкін. Чалавек дваццаць першага стагоддзя – і ўсё ж не палічыў за магчымае адмовіцца.

I многія яшчэ будуць так гінуць, не менш годныя, чым Лермантаў. Ёсць, аднак, у гэтым забабоне і другі бок, схаваны пакуль што для ўсіх.

Прыйдзе час, і не будзе тады ўжо кодэкса гонару, не будзе дваран і мужыкоў, не будуць даносіць і кідаць у турмы за вальналюбства і светлыя думкі. Не будзе нават слова "воля", не будзе нават слова "праўда", таму што і тое і другое зробіцца звыклым і іншага проста не будзе.

I вось тады асабісты гонар будзе стаяць так высока, што ніхто не асмеліцца абразіць яго словам або дзеяй. Таму што грамадства не можа быць быдлячай чарадой. Не можа яно быць і зборышчам нулёў пры некалькіх адзінках, іначай будзе тое, што цяпер: народы будуць сапці і з налітымі крывёй вачыма лезці адзін на аднаго, каб стаптаць, падпарадкоўваючыся волі адзінкі ці некалькіх адзінак, або, што яшчэ горш, знішчаць свае ж нулі, каб самому стаць большым нулём за кошт іншых. Але нуль – хай ён будзе з яблыка, кола ці нават з цэлую планету – усё ж нуль.

Алесь уздыхнуў. Не можа быць, каб Каліноўскі не зразумеў гэтага.

Тым больш што і Пушкін і Галуа былі вялікія людзі, і іхняя справа заступалася за іх. А ён, Загорскі, сярэдні чалавек, якіх на Беларусі тысячы.

I калі ён, сярэдні чалавек, не абароніць свайго гонару, хто тады зробіць гэта за яго?

Ён устаў ад папер. Усё было зроблена. Засталося чакаць.

Можна было зрабіць многае ў гэтыя часы. Заснуць – але нашто?

Калі жэрабя дасць першы стрэл Франсу – ён, Алесь, засне надоўга. Калі жэрабя дасць стрэл яму – Алесь паспее выспацца. Ён не будзе літаваць Франса. Сам Франс патрабаваў смерці аднаго, і, хоць шчасця не будзе, у Алеся астанецца вайна за справядлівасць. Да канца. Вайна, у якой няма чаго шкадаваць свайго жыцця.

Можна было з'ездзіць да Вежы. Але стары не паказвае і ніколі не пакажа сваіх пачуццяў. Будзе сухавата-прыязная размова.

Алесь падышоў да краю тэрасы. Дзень і вечар былі нязвыкла гарачыя, ноч таксама дыхала сухасцю. Таму ён яшчэ ўдзень загадаў, каб ягоны ложак вынеслі на гэты вялізны, як зала без сцен і столі, балкон. Ложак астанецца непамяты.

Ён стаў і глядзеў на свет. Дрэвы замерлі. Блішчэла шырокае ўлонне Дняпра. Срэбныя выбухі італьянскіх таполяў пераліваліся. Белыя аркады спускаліся ў парк. Неба высыпала, нечакана для пачатку лета, тысячы зор.

Сямікаляровы агеньчык Капэлы. Лебедзь, распластаўшыся, ляціць у вышыні. Вунь Міцар і Алькор. А далей – туманныя струмені Шляху Продкаў. Кажуць, яны, продкі, спусціліся адтуль і туды ж ідуць пасля смерці.

Пад гэтымі зорамі сэрца раптам не вытрымала. Яно пачало стукаць мацней і мацней.

"Майка… Майка… Майка", – утрапёна клікала яно.

Было ціха і цёпла. Толькі сэрца калацілася пасярэдзіне гэтага бясконцага і спакойнага абшару. I ён раптам адчуў, што гэта сэрца стала вялікае, як тое, бязмежнае сэрца, і разумее ўсё. Усё на зямлі.

3 глыбінь вялікага сэрца – сусвету ляцеў, усё нарастаючы, пяшчотны і ўсёабдымны кліч-звон:

– Алесь… Алесь… Але-е-есь…

Гэта было ўсюды і ва ўсім. Сусвет сціскаўся.

…Нібы сніў з расплюшчанымі вачыма. Нібы два крылы – а можа, два срэбныя сувеі Шляху Продкаў – леглі на плечы.

– Алесь.

Ён страпянуўся. Рукі былі на ягоных плячах. За ім, абдымаючы яго, стаяла Майка.

– Ты? Як ты…

Задыхаючыся, яна сказала:

– Вылезла праз акно i спусцiлася па плюшчы. Яны не ведаюць… Я ўжо больш не магла.

Загорскі ўбачыў драпіну на яе запясці.

– Плюшч не вытрымаў, – сказала яна.

Ён прыпаў вуснамі да гэтай драпіны і правёў імі на ўсю даўжыню:

– Бачыш, прыйшоў і мой час. Тады вярба, цяпер плюшч. Тады я, цяпер ты.

Абняў яе.

"Што ты нарабіла?" – хацеў сказаць ён, але змоўчаў.

Гэта сапраўды было ўсё. Цяпер ён не мог паводзіцца, як раней. Заўтра ён не будзе страляць, не зможа. Цяпер гэта будзе немагчыма.

Але яна не магла больш. I хіба ён сам не хацеў гэтага? I хіба гэта малая плата: купіць такою цаной усё на зямлі?

I вось яе вочы, і валасы, і рукі, і гнуткія плечы пад ягонымі рукамі. Усё астатняе не мае ні значэння, ні цаны.

Ён узняў яе нечакана лёгка і трымаў на руках, баючыся адпусціць, бо ў яе пагрозліва-блізкіх вачах былі два маленькія адбіткі Шляху Продкаў. Магчыма, і сапраўды Шлях – толькі адбітак у нечых вачах. I няхай. Бо яны – роўныя.

Яна заплакала.

– Дальбог, я не магла. Я ўсё разумею, але я не магу, каб ты забіў, і не магу, каб цябе забілі…

Яна варухнула рукой і пацягнула аднекуль з-за карсажа ланцужок. На канцы яго быў збаночак з каменя. Памерам з ракавінку слімака-балацяніка.

– Здурэла? – спытаў ён.

– Не. Я і тады, калі пасварыліся. Вырашыла: пайду. Калі не адаб'е, хоць у царкве, – я тады ля аналоя вып'ю.

– Дурнічка. Дурнічка. Не смей.

I тады ён абарваў збаночак i закiнуў яго ў парк.

Прыпаўшы вуснамі да яе вуснаў, ён маўчаў.

Прыціскаючы яе да сябе, адчуваючы ротам выгіб шыі, плячом – дрыготкія ад подыхаў грудзі, адною рукою – стан, а другой – ногі пад складкамі клятчастай сукенкі, ён, баючыся, што страціць прытомнасць, бо ў яго падгіналіся ногі, зрабіў некалькі крокаў і ўпаў.

Пад ёю было сіняе, як неба, пакрывала. У яе вачах былі зоры, толькі цяпер іншыя. I ён гасіў і гасіў гэтыя сусветы вуснамі, а яны зноў узнікалі, і ён не мог з імі нічога зрабіць, бо яны жылі.

Уся яна была тут, на ўсю даўжыню, і нікога больш не было нават у мінулым, бо гэта было тое і не тое, гэта было неймавернае шчасце, якога не бывае на зямлі.

Увесь сусвет – з зорамі і дрэвамі, з Шляхам і Дняпром – запаўняў яго сэрца. Сусвет з болем і лікаваннем сціскаўся да памераў сэрца, а сэрца раптам пашырылася да памераў сусвету.

I ўзышло ззянне! Ззянне, падобнае на мірыяды далёкіх і блізкіх сонцаў, якія потым сталі чорныя.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Кацілася ноч. Пашыранымі ў цемры вачыма ён бачыў яе непрыкрытае цела – ногі адна на адной, закінутае аблічча і складзеныя ўздоўж тулава рукі, нібы яна ляцела да зор. А далей бачыў шаты і бясконцыя палі пад урачыстым зорным святлом.

I ўсё адно ўвесь гэты абшар быў лухтой перад гэтым чалавекам, перад бясконцым духам бязмежнасці і любові, увасобленым у ім.

…Заглыбіўшыся ў адзіную на ўсю ноч хвіліну дрымоты, ён раптам убачыў побач з усім гэтым яшчэ і іншае.

…Туман стаяў над зямлёй. Бачныя былі над ім конскія галовы на доўгіх шыях. Коні выходзілі да напаўзгаслага вогнішча, ля якога ляжаў ён.

I туман, як вада, сплываў з зямлі, і паўсюль былі белыя, белыя коні.

Коні схіляліся над ім і дыхалі цёплым. А між іх са смешным тоўстым хвастом, з вільготнымі вачыма стаяла ўчарашняе жарабятка. Стаяў над ім і плакаў малады белы конь.

Сёння ўначы яна з'явілася да мяне, быццам жывая, быццам зусім не памерла. Ды так яно і было.

Яна была ў сваёй мантыльі… Цёмна-блакітныя ў зелень, як марская вада, вочы глядзелі на мяне горка. I ледзь бачны быў ля скроні маленькі белы шнар, а ля ключыцы – другі. Дзіўна было, што яны зажылі.

За ёю былі тысячы зор, але яна глядзела на мяне. Варухнуліся горкія вусны.

– Нашто ты зрабіў гэта? – сказала яна ціха, і голас яе ляцеў нібы з глыбінь сусвету.

– Што? – спытаў я, хоць ведаў усё.

– Нашто выставіў мяне перад усімі? Ты не ведаеш, мне балюча пазнаваць сябе, бачыць на сабе позіркі людзей, бо тое, што аддаюць толькі каханаму, стала цяпер набыткам усіх. Як ты мог? Мне так страшна і так балюча.

– I мне таксама, – сказаў я. – Але хіба невядомы мне жорсткі мастак не выставіў сваёй каханай у вобліку мілоскай Венеры… Яна таксама была жывая, і ёй страшна і балюча было бачыць сябе ў статуі… I скульптару было горш за яе, але іначай ён не мог. Ён ішоў праз знішчэнне яе маленькага асабістага гонару – да ўслаўлення яе вялікага гонару ў вяках. I ўжо не яна стаяла перад людзьмі, а сімвал Жанчыны.

Яна маўчала, і зоры мігцелі за яе распушчанымі валасамі і ў іх.

– Потым, каму да гэтага справа цяпер? – нечакана ўсміхнуўся я. – Каму справа да яе жывых пакут? I каму будзе справа да цябе праз тысячу год, жанчына?

Увесь свет здаваўся адной суцэльнай птушынай песняй. Мокрыя дрэвы з цёмнымі стваламі і дымнай лістотай курэлі, абтрасаліся. Уся зямля пад імі была мокрая.

Алесь ехаў на белым кані, падставіўшы кроплям і ранішняй свежасці непакрытую галаву і грудзі, у расхінутай белай сарочцы. Мсціслаў і Выбіцкі ехалі наводдаль і ўсё яшчэ аб нечым дамаўляліся. Былі ў чорным, як належыць секундантам.

Алесь вырашыў, што ён спазніцца на двабой як толькі будзе магчыма. Па звычаю, калі адзін бок пазніўся на палову гадзіны – другі мог ехаць з месца, а таго, хто спазніўся, лічылі за чалавека, які ўхіляецца. Ён даў сабе гэтую апошнюю магчымасць, каб не пакласці між сабою і Франсам, сабою і Майкай непапраўнага.

Ён устаў уначы і перавёў стрэлкі на ўсіх гадзінніках у доме на сорак пяць хвілін назад.

– Прасплю, – з вясёлым адчаем сказаў ён сам сабе. – Што я, на самай справе буду яго забіваць?

Раніцай Майка ляжала, гледзячы ў попельнае неба, і раптам пачала ўставаць.

– Чаго ты? – спытаў ён.

Яна ўсміхнулася, абуваючы туфелькі:

– Зараз чатыры гадзіны. Ваша сустрэча ў шэсць. Ён не выедзе раней пяці, а дарогі мне – сорак пяць хвілін. Загадай, каб нейкага каня асядлалі жаночым сядлом.

I, сыходзячы ўніз, пацалавала яго:

– Не думай ні аб чым. Усё адно яны цяпер будуць у дурнях. Хто возьме збэшчаную нявесту?.. Не думай, ён не прыйдзе на месца двабою.

Алесь змоўчаў, хоць ведаў, што Франс ужо выехаў. Шчыра кажучы, ён баяўся яе слёз пры развітанні і спадзяваўся, вядома, не на яе, а на свой фортэль з гадзіннікамі. Хай едзе.

Падсаджваючы яе ў сядло і моцна цалуючы, ён сказаў:

– Вось і добра. Бывай.

– Бывай.

Ён правёў яе позіркам, а потым пайшоў на паркавы двор, распрануўся і з асалодаю падставіў налітае маладой сілай цела пад струмені каскада. Яны свісталі ў твар, секлі ў грудзі, сплывалі па спіне. Ён толькі пырхаў.

Там яго і знайшлі Выбіцкі і Мсціслаў.

– Познімся, – сказаў апошні.

– Паглядзі там на мой гадзіннік, – сказаў Алесь.

Мсціслаў здзівіўся і спалохаўся. Ён звяраў час з секундантамі Раўбіча. Спытаў у Адама, але той забыў свой гадзіннік дома. Маеўскі пайшоў звяраць з хатнімі – тфу ты, д'ябал!

– Аддасі ў наладу, – сказаў Алесь, расціраючыся. – Добра, што хоць твой не адстаў.

– Ал-ле, – сказаў Адам. – Што ж рабіць?

– Паездзім па палях, – сказаў Алесь. – Бач, раніца якая!

…I вось яны ехалі. Туманныя дрэвы волатамі стаялі вакол, і ў кожным зіхацела сонечная вясёлка.

Алесь ехаў і думаў, што ён нікога не будзе забіваць, ды яшчэ ў такую цудоўную раніцу.

Гонар, вядома, ёсць гонар, але з тымі, хто сапраўды хоча прынізіць. Між ім і Франсам было непаразуменне. То што ж, забіваць яго за гэта?

Франс не ведаў ягоных думак. Але Франс не ведаў і таго, што ён цяпер брат яму, Алесю, брат да смерці. Найлепшы з усіх братоў, таму што брат каханай. I іх цяпер пяцёра: Франс, Кастусь, Мсціслаў, Майка і ён.

Вясёлкі стаялі ў верхавінах дрэў. Дрозд узляцеў з аднаго дрэва, абурыўшы ўніз цэлую залеву залатой вады. Заспеты гэтым патопам, заяц даў лататы з усёй моцы сваіх задніх ног.

Алесь засмяяўся. Наўскач пагнаў каня па мокрай, ільсняна-чорнай лясной дарозе, праскочыў пад дрэвам і з сілаю пусціў у яго карбач. На Мсціслава і пана Адама пацягнуўся з вышыні паток струменьчыкаў, падобных на залацістую каніцель, аблытаў іх, зрабіў залацістыя валасы Маеўскага рыжымі, а буланага каня – сплова-вогненным.

Ён ад'ехаў ад іх і пачаў трэсці адно дрэва на сябе. Зноў пацягнулася золата. Ён стаяў, бы пад макаўкай шатра з бліскучых ніцяў.

Забіваць? Лухта! Мокрая белая сарочка халодзіць цела. Лес пахне бальзамам. Алень уцякае, бо людзі занадта шумяць.

– Што ты робіш, вар'ят? – крычыць Мсціслаў.

– Гэта каб Франс не заўважыў, што ў мяне цыганскі пот ад жаху.

Ні ў кога не будзе цыганскага поту. Ні ў кога. Што, можа, у самага блізкага пасля Майкі чалавека, у брата? Смешачкі!

Шэрыя доўгія Алесевы вочы смяяліся, увесь твар смяяўся.

– Браткі, паездзім яшчэ трохі, – узмаліўся ён.

– Глядзі, – сказаў пан Адам. – Занадта хочаш жыць.

– Не крумкай, – сказаў Мсціслаў Маеўскі. – Лухта гэта. Вядома, паездзім.

…Франс яшчэ здалёк убачыў трох коннікаў, якія вырваліся з лесу.

– Урэшце, – сказаў бледны Iлля.

Коннік раптам спыніўся, потым усе трое пачалі набліжацца ступою.

Нахабныя вочы Якубовіча сталі злосныя:

– Чорт ведае што. Спазніцца на сорак пяць хвілін.

– Я ж казаў: пачакаем, – абыякава сказаў Франс. – Магчыма, гадзiннiк.

Якубовіч засмяяўся:

– Па-мойму, яны выгандлёўвалі лішнія хвіліны жыцця. – Ляснуў Франса па плячы: – Ану, куражу, хлопчык.

– Правільна, што я цябе падтрымаў наконт чакання, – сказаў Ілля Франсу.

Прывіталіся.

– Так нельга, панове, – сказаў, выскаляючыся, Ілля.

Мсціслаў паказаў гадзіннік.

– А ваш, пане Загорскі?

– Забыў,– паціснуў плячыма Алесь.

– Што ж, панове, – сказаў гусар, – вам астаецца толькі папрасіць адзін у аднаго даравання.

Франс, бледны, але спакойны, глядзеў убок і маўчаў. Горкая зморшчынка ляжала ў яго між брывамі. Загорскі адчуваў, што любіць у ім усё… I вось грымне стрэл.

"Ах, як усё атрымалася! Трэба было пераводзіць стрэлкі на гадзіну".

– Панове, я яшчэ раз запрашаю вас памірыцца, – сказаў Выбіцкі.

– Я гатовы, – сказаў Алесь.

Франс маўчаў. У яго толькі злёгку дрыжаў краёчак рота. I тады Алесь сам зрабіў спробу прымірэння. Яго зараз нішто не магло прынізіць.

– Франс, – сказаў ён, усміхаючыся, – ты ведаеш, я не баюся. Але нашто ліць кроў? Ты не ведаеш, але…

Ілля перапыніў яго:

– Панове, ды што ж гэта? Гэта супраць правіл, самім… Калі абодва бакі баяцца, хай так і скажуць. Тады мы зоймемся чым-небудзь больш вартым… Плесці вяночкі будзем, ці што?

Франс не ведаў таго, што ведаў Алесь і што рабіла лухтою ўсе словы і ўсе ўмовы на зямлі. Ён спалохаўся.

– Ілля мае рацыю, – сказаў ён.

Алесь паківаў галавою. Ах, якая гэта ўсё лухта!

Не, ён не будзе чыніць зла гэтаму чалавеку, які не ведае, што робіць. Хай, калі першы стрэл выпадзе яму, забівае. Калі пашэнціць яму, Алесю, ён стрэліць у паветра і, нягледзячы ні на што, папросіць у яго даравання. Тады ніхто не падумае, што ён спалохаўся.

Секунданты пачалі мераць убаку крокі. Нізкае сонца асвятляла шэры ад расы поплаў.

"Дурань, дурань, Франс. Нашто гэта табе? Ну і страляй, калі дурань. Ты не бачыў, як цэлы сусвет быў меншы за адну тваю сястру. Ты яшчэ ні ў чыіх вачах не бачыў зор. Я зраблю так, што ты ўбачыш. Бо ў цябе, у брата яе, я страляць не буду. Ты мой брат. Усе людзі – браты. Калі заб'еш – гэта лепей, чым заб'ю я. Бо калі я заб'ю – шчасце ўсё адно скончана. Бо тады я ўсё адно не змагу гасіць па чарзе зорныя светы: адзін за другім".

На адлегласці ў дваццаць крокаў адзін ад аднаго ляжалі кінутыя чорныя плашчы, нібы гэта двое з тых чорных ужо ляжалі забітыя, адмячаючы бар'ер смерці. Сапраўды, як два трупы ў чорным. I якраз на тых самых месцах. Ля аднаго з іх праз некалькі хвілін ляжа таварыш.

Секунданты падышлі.

– Чые пісталеты? – нахабна ўсміхнуўся Мішка.

– Мяркую, жэрабя, – раптам раззлаваўся Мсціслаў.

Ён падумаў, што калі людзі вяжуцца да ўсякага выпадку, дык усё адно знойдуць магчымасць прычапіцца. Прапануеш свае – "ага, даражэйшыя, нашымі грэбуеце". Прапануеш іхнія – "за свае, парыжскія, баіцёся". Ён ведаў, што ён несправядлівы, і злаваў на гэта.

– Чаму ж, давайце мае, – проста сказаў Алесь.

– Згода, – паспешліва сказаў Франс.

– Пойдзем да бар'ераў,– з уздыхам сказаў Адам Выбіцкі.

Усе сталі блізка ля Алеся.

– Жэрабя? – з нецярплівасцю кінуў Ілля.

– Давайце, – сказаў, скалячы зубы, Якубовіч. – Каб не было спрэчак, хто арол…

– Кінь паяснічаць, – сказаў, сцяўшы вусны, Франс. – На вось табе.

Ён выцягнуў з кішэні жаўтаваты кубік.

– Выбірайце, хто ніжэй трох.

Алесь адчуваў, як усё ў ім звініць.

"Божа, зрабі так, каб першы стрэл быў мой. Я не хачу ў яго страляць. I як дрэнна будзе яму, калі ён, дурны, цёмны чалавек, заб'е мяне, а потым даведаецца".

Ён адразу ж зразумеў, што просіць не аб тым, і каб хто прачытаў ягоныя думкі, пагарда таго чалавека да яго была б невычэрпная. I Алесь змоўк, то бок перастаў думаць.

Мсціслаў знайшоў у двух кроках вымачынку з голым, як бубен, дном. Усе паселі туды, звесіўшы ногі. Здалёк здавалася, што людзі выпіваюць.

Кубік пакаціўся з Якубовічавай рукі. Усе схіліліся.

– Тры, – сказаў Мішка.

– Дай я, – нецярпліва ўзяў косць Мсціслаў.

Ён паматляў рукою і рэзка кінуў. Алесь глядзеў не на косць, а на яго і ўбачыў, як друг збялеў.

– Пяць, – сказаў Хаданскі.

Цяпер збялеў Франс. Хацеў быў нешта сказаць і змоўк.

Яны спыніліся ля Алесевага бар'ера.

– Ідзі, – сказаў Ілля Франсу.

Франс пайшоў на свой бар'ер. Гусар і Хаданскі дамаўляліся яшчэ аб нечым з Выбіцкім. Мсціслаў стаў ля Алеся.

– Даруй, братка, – сказаў ён. – О, чорт, даруй!

– Нічога, – усміхнуўся Алесь.

Алесь не глядзеў у бок Франса. Ён глядзеў вакол.

Перад ім ляжаў дымна-шэры поплаў, а за ім вясёлкавыя радасныя дрэвы. Нізкае сонца стаяла з боку за Алесевай спіной. Ад секундантаў і ад яго, Алеся, ляжалі доўгія цені на роснай траве.

– Падрыхтавацца, – сказаў Мішка. – Смялей, князь.

Загорскі стаў глядзець на Франса. Раўбіч у дзіўным павароце стаяў супраць яго.

Вясёлкавыя дрэвы ззялі за ім. Загорскі ўзняў галаву і стаў глядзець угору, але не вытрымаў і зноў апусціў вочы: "Ну, хутчэй страляй!"

У руцэ ў Якубовіча плесканулася белае… Ударыў пярун.

Алесь пахіснуўся. Потым убачыў, што на левым плячы злёгку дымее сарочка: маленькі карычневы след, бы прыпалілі.

I тады, разумеючы, што Франс прамахнуўся, Алесь уздыхнуў.

Ён убачыў, што твар Хаданскага скрывіўся, нібы Ілля кляў Франса. У выніку яны цяпер не сумняваліся.

Нехта сунуў Алесю ў руку пісталет. Той непаразумела зірнуў на яго, потым на Раўбіча, які стаяў вельмі проста, усімі грудзьмі да яго, і вельмі бледны.

– Глядзі цяпер, – сказаў Выбіцкі.

Мсціслаў глядзеў на Алеся з трывогай, нібы разумеў.

– Нічога, брат, – сказаў Франсу Якубовіч. – Ты… смялей. Гэта нястрашна.

Яны адышлі. Франс скасіў быў вочы, не разумеючы, чаму гэта яны пакідаюць яго на самоце. Потым уздыхнуў і стаў глядзець на Алеся.

Нясцерпна было доўжыць яго страшнае чаканне. I Алесь, не чакаючы ўзмаху хусткі, узняў угору цяжкі пісталет, дачакаўся, пакуль хлапячок дыму паплыве над яго галавой, і адкінуў зброю ўбок. I ўбачыў аблічча Франса. Божа мой, гэтаму абліччу, здавалася, падарылі сонца!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю