412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве » Текст книги (страница 18)
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 18 (всего у книги 25 страниц)

Па сполаху ў вачах Вежа ўпэўніўся: ён.

– То як панавы справы?

– Якія? – спытаў Таркайла.

– Пан ведае якія. Не мне іх яму нагадваць.

– Я, прабачце, не разумею…

– Дарма. А манастыр пан Тодар помніць?

– Дальбог жа, не…

– До, – кінуў Вежа. – Не будзем траціць часу. І ты ведаеш усё, і я. Не мне гэта ўсё ўдакладняць. І не мне, вядома, на цябе даносіць. Але папярэджваю, Тодар, каб ведаў, на што ўздымаеш руку. Хлопчык мой Алесь… Крыўдзіць яго і цару не дам, а табе і пагатоў.

– Вы забываецеся…

– Я – не. А вось ты забыўся. Ты ніколі не думаў, чаму твае вэксалі Платон Рылаў з Веткі на спагнанне не падае?.. А дарма. Падумай. Вэксалі тыя ў мяне. Не хацеў я ганьбы чалавеку адной зямлі, двараніну. Трэба табе прыйсці – да каго ўжо сам ведаеш – і прасіць дазволу tirer mon épingle du jeu[49]49
  Выйсці з гульні (франц.)


[Закрыть]
.

– Я не разумею…

– Кінь. Кінь, кажу. Усё разумееш. З тваім розумам не ў палітыку лезці. Толькі ў гароху сядзець. І іншым скажы, Вежа іх таксама ведае. І не злітуецца. А таму, калі яшчэ нехта ў загорскім наваколлі хоць раз кугакне – я цябе жабраваць пушчу.

Памаўчаў.

– І гэта яшчэ не ўсё. На месцы манастыра – попел. Будзе ён і на месцы вашых дамоў – колькі іх ні ёсць. Цярпеў я. Дарма трываў. Больш не буду. На тым – бывай.

…Коні беглі мерна. Стары маўчаў. І толькі ля павароткі на Вежу раптам пачаў гаварыць, нібы сам сабе:

– Лесінг казаў, што трэба заўсёды выбіраць левую руку або імкненні, а не правую або даброты… Вось ты і кіраваўся б гэтым… Ды хіба вас пераканаеш хоць якой мудрасцю.

І нелагічна раззлаваўся.

– А ты – лабідуда. Хіба ў нас такія былі? Я б зараз на разведку паехаў – pour préparer et sonder le terrain, et pour que cette visite ne présent pas le pas le caractére peu satisfaisant de la premiére[50]50
  Для падрыхтоўкі і зандавання глебы і дзеля таго, каб гэны візіт не быў такі самы малаздавальняючы, як першы (франц.)


[Закрыть]
.

Сціснуў кій.

– Я б Раўбічаву дачку жывою звёз. Павянчаўся. Царква мая. У Мілым. Гэтага смярдзючага племя, папоў, бліжэй чым на сем вёрст не цярплю, але на такі выпадак – нічога…

XI

Сіні мяккі дзень ляжаў над паплавамі. Сонца ўжо хілілася на захад. Невялічкі лясны астравок над спакойнай і па-асенняму густа-сіняй Равекай здалёк здаваўся бязлюдным і ціхім. Пажоўклыя бярозы стаялі над плынню, гарэлі добрым і негарачым агнём, асыпалі часам на траву рэдкія жарынкі лісцяў.

Праз Равеку, ірвучы конскімі грудзьмі гарлачыкі, ехаў унаброд коннік. Праставаў да ляснога астраўка. На ўзлессі азірнуўся і знік між дрэў.

…Астравок быў поўны людзьмі. Прывязаўшы да хмызоў коней, яны чакалі.

– Што чуваць, Кандарт?

Кагут наблізіўся да Алеся, скочыў з каня.

– Пан Яраш гамоніць са старым Хаданскім. Зачыніліся з гадзіну таму, і не відаць, каб хутка скончылі. Тэкля, карыстаючыся выпадкам, збірае сякія-такія рэчы паненкі.

– Што загадала перадаць?

– Каб на захадзе сонца чакалі ля пралому ў агарожы.

Кандрат раптам усміхнуўся.

– Бачыш, дзе мы?

– Нягож, – сказаў Алесь. – Апошні наш начлег. Калі Война на нас наехаў. Вунь яно.

Андрэй Кагут усміхнуўся.

– А там далей мы чулі, як Раўбіч з гармат страляў, калі малодшая нарадзілася.

Маўчалі. Алесь успамінаў словы з апошняй Майчынай запіскі: "Дзед меў рацыю калісь. Цяжкасці зрабілі сваё. Вазьмі, забяры мяне адсюль, родны, любы".

Ён паклаў руку на кішэнь, ля сэрца, намацаў там запіску, і яму стала цёпла.

– Што ж, хлопцы, трэба, відаць, выбірацца. Мсціслаў, ты тут?

– Але?

– Значыць, колькі нас… Ты, я, блізнюкі… Мацей Біскуповіч, Янка Клейна, Кірдун, Паўлюк… Восем чалавек. І яшчэ Кандраці з шасцю палясоўшчыкамі. Т-так. Ну, гэтых адразу кіруй у Мілае. Хай трымаюць царкву. Каб ніякага выпадку не магло быць.

– Не будзе, – сказаў Кандрацi. – Людзi верныя, з тых… Памятаеш, што пан схаваў, калi банду Прайдзiсвета пабiлi. Дзецi ды ўнукi iхнiя. Жыццём абавязаныя людзi.

Старшы пад'ехаў да купкі людзей, нешта растлумачыў ім. Праз хвіліну людскі ланцужок праскакаў да Равекі, успеніў ваду, выбраўся на сухое і папраставаў полем у бок Мілага.

– Ну вось, – сказаў Алесь. – Кранулі. Ля агарожы бяром яе і скачам чуйдух. Коней не шкадаваць: за кубкі заплачана – біце. На выпадак калі трывога – ты яе, Мсціслаў, бярэш і скачаш, а мы…

– Хто з ёю вянчацца збіраецца? – спытаў Мсціслаў. – Ты ці я? Гэта, брат, не вайна. Тут хочаш не хочаш – будзеш уцякаць першы. Кагуты з табою… Не… Паўлюк з табою і Янка…

– А я? – спытаў Андрэй.

– Ты з Кандратам і я прыкрываем, – сказаў Маеўскі. – Будуць даганяць – біце па конях.

Засмяяўся:

– Калі ў каго з вас коней падаб'юць, астанецца Ян Клейна. Яго ў цемры не спаймаюць.

– Зайздросціш? – весела спытаў арап.

– Нешта ты мяне забыў, – сказаў малодшы Біскуповіч.

– Ну, ты, вядома, са мною. Разам шкодзілі – разам і адказ… То давайце, хлопцы, па стрымянной дый да Раўбічаў.

Выпілі з пляшак. Крэбс падвёў коней:

– Пістолі ў саквах.

Змужнелы рашучы Паўлюк першы ўскочыў у сядло.

– Спяшаецца наш акадэмік, – сказаў Кандрат. – Нібы гэта яму жаніцца.

– Два курсы адолеў, – сумна ўсміхнуўся Андрэй. І не ўбаяўся "бездны премудрости".

Тромб заскакаў пад Алесем.

Загорскі ўзяў павады Касюнькі. Янка Клейна са стрэльбаю ўскінуўся на Ургу.

– Коні немаладыя, – сказаў ён.

– Нічога, – сказаў Крэбс. – Коні верныя. Калі ўжо налажыць галавою, то з коньмі, з якімі жыццё пражыў.

Картэж рушыў. Крэбс сцепануўся – прыпякла гарэлка – і шчасна засмяяўся:

– Вось гэта жыццё! Не жыццё, а балада.

Асветленыя, залітыя сумнай барвай захаду, конікі рушылі.

Ступою, каб перадчасна не стаміць коней, хаваючыся, дзе можна, у ярах, мінулі паплавы. Узбуджэнне ўзрастала. Калі пад'язджалі да паркавай агарожы – Андрэй забыўся да таго, што знянацку для самога сябе зацягнуў:

 
Вой жа вы коні,
Коні,
Коні,
Ночка цёмная…
 

Кандрат даў яму ў каршэль.

Алесь адчуваў, што баіцца ў гэтай кампаніі, відаць, толькі адзін ён. І не за сябе, а за тое, што можа сарвацца. А ўсе астатнія – нібы п'яныя. Ім лёгка. Сарвецца справа, і ўсё. У горшым выпадку шыю скруцяць, упаўшы з каня. А як быць яму, Алесю?

Ён згаджаўся, аднак, што яны маюць рацыю. На іхнім месцы і ён ехаў бы як п'яны.

– Алесь!

Ён зірнуў праз краты ў парк і ўбачыў яе. Яна бегла ля агарожы, дакранаючыся да яе рукою. Шукала і не знаходзіла месца, дзе быў выламаны пруток.

Кандрат памчаўся наперад:

– Сюды! Сюды! Майка, сюды!

Яна бегла да пралому, які ён паказваў. Дзіўна, ёй яшчэ зарана было з'яўляцца. І рэчаў не было ў руках.

Ён зразумеў чаму, пачуўшы нейкі вэрхал у глыбіні парку. Нешта перашкодзіла.

– Сюды, Міхаліна, сюды!

Рукі Кандрата падхапілі яе. Потым Кагут нібы вырваў яе з-за кратаў, панёс дарогаю да коней.

Алесь схіліўся, падхапіў на рукі, узняў з адчуваннем, што мог бы падкінуць і да неба, пасадзіў у Касюньчына сядло. І толькі тут здагадаўся, што магло насцярожыць раўбіцкіх.

На Міхаліне былі нагавіцы і дзве паласы з шатландкі, што ўтваралі нібы сукенку, разрэзаную па баках. Нічога падобнага на звычайную польскую ці рускую амазонку. Не для жартаў, не для паездачак, як тая. Сапраўдны строй для скачкі не на жыццё, а на смерць, на злом галавы. Наважылася, наважылася на ўсё. Насцеражыла ўсіх.

– Дурнічка, дурнічка мая!

Паркам беглі да агарожы нейкія людзі. Ён не бачыў у паўцемры, якая ўжо стаяла між дрэў, – хто?

– Ходу! Ходу, хлопцы! – хрыпла сказаў ён.

Коні рванулі з месца. Закурэў пыл, пацягнуўся ўсё даўжэйшым і даўжэйшым хвастом. Пошчак падкоў пралунаў у халаднаватым вячэрнім паветры.

Сядала за даляглядам, злева, вялізнае халоднае сонца. Амаль стоячы ў страмёнах, схіліўшыся, адарваўшы цела ад высокай лукі сядла, яны імчалі ў сутонне шалёным намётам, калі не звяртаюць увагі, што на дарозе, што вакол.

Царква ў Мілым была храмам-крэпасцю. Іншых тут бадай што і не будавалі чатырыста – пяцьсот год назад. Вязіны прастакутнік з мурамі ў два сажні таўшчынёй, з круглымі вежамі на кожным рагу. Вокны-байніцы толькі на вышыні чацвёртага паверха, у тры ярусы: для ніжняга, сярэдняга і верхняга бою. Крутыя стрэхі са свінцовай чарапіцы. Нізкія дзверы, акутыя жалезам, з кратамі, што падаюць са скляпення на каменную падлогу. Вакол – роў.

Царква ўзвышалася над усім наваколлем, і, калі кавалькада ўзляцела да муроў, людзі ўбачылі недзе далёка-далёка, вёрст за дзесяць, і ля Раўбічаў дробныя бліскаўкі паходняў.

Алесь зняў Міхаліну з каня.

– Крэбс, бярыце коней і ганіце з імі ў Вежу.

Мсціслаў паказаў на бліскаўкі.

– Не губляйце часу. Давайце, Крэбс, хутчэй. Калі возьмуцца страляць – хай Вежа ведве: здавацца не будзем, хоць бы яны сюды полк прывялі.

– Давайце ў царкву, – сказаў Мсціслаў.

Завалілі за сабою дзверы.

У царкве ўсё было прыгатавана. Поп, вядома, не мог ухваляць гэтых богаабрыдных уцёкаў, але звязвацца са старым панам баяўся яшчэ больш. Выганіць і адсюль. Ды і ў Мілым сядзець не так ужо і дрэнна. Толькі што пашаны менш, але бог ужо з ёю, з пашанай, калі грошай – хоць мятлою мяці. А пашана што ж? Пашана – даброта часовая.

Алесь не мог нават уявіць, што ўсё гэта адбываецца з ім, што гэта для яго гучаць галасы пеўчых, што гэта для яго ляжаць на аналоі крыж і евангелле, што сябры сышліся тут таксама для яго і на гулянку і на смерць, якая вось-вось можа прыскакаць да гэтых муроў.

І ён не мог і падумаць, што гэтая дзяўчына, злева, звязваецца з ім усім гэтым у нешта апошняе і неразрыўнае.

Ён скоса глядзеў на Міхаліну і здзіўляўся нават таму, што яна тут. Такая нейкая чужая і не свая. Вялікае шчасце, што Мсціслаў паклапаціўся аб уборы: ведаў, што магла нічога не паспець узяць.

Дзіўна, якая чужая яна стаяла побач з ім. І гэты водбліск свечкі, што дае ёй у руку поп.

Адразу за гэтай думкай ён адчуў пякучы сорам. Здрадай гэта можна было назваць, вось чым.

І ўсё ж гэты пярсцёнак, што зараз знялі з прастола… Трэба што, абмяняцца ім? Тройчы? Што гэта азначае? Што ўзаемна будуць палягчаць жыццёвы цяжар? Адкуль ён ведае, які ён, гэты цяжар, каму трэба рабіць палёгку? Ён жа не ведае нават яе, той, з якой назаўсёды хоча звязаць жыццё! Гэта назаўсёды можа быць і доўгае, а можа і скончыцца праз гадзіну ад залпа, які рване па галерэі, знадворку. І, аднак, ён ведаў, чым рызыкаваў, ідучы сюды.

Голас папа замілаваны. Ён уздымае вочы ўгору.

Алесь зноў пакасіўся на яе. На вуснах блукае ўсмешка. Агеньчыкі свечак адбіваюцца ў шырокіх і сініх,

як марская вада, вачах.

Халоднае золата старога вянца лягло на лоб. Старая рэліквія загоршчынскай царквы. Не менш як трыццаць пакаленняў адчувалі яго вось так, лобам.

Суровыя твары сяброў былі каля сцен і вакол. І між іх, побач з ім, стаяла яна, гатовая на ўсё.

– Пане божа наш, славаю і гонарам вянчай я, – пралунала.

Чаша з віном ля вуснаў. І вось яе рука ў ягонай руцэ. Невядома адкуль з'явілася раптам радасць. Толькі

адзін дотык рукі вярнуў яе, і цяпер ужо назаўсёды… назаўсёды… назаўсёды… Ён паўтараў гэтае слова, як клятву.

Абкружылі сябры. Пайшлі ў іх атачэнні да прыступак на хоры. Узняліся амаль на палову вінтавых сходаў, калі знізу, ад дзвярэй, даляцеў поўны і гулкі, бы ў бочку, гук: ударылі чымьсці цяжкім.

…З вышыні галерэі яны ўбачылі паплямаваны паходнямі поплаў і коннікаў. Чалавек пяцьдзесят.

Ля самых дзвярэй у царкву стаяў дзіўна кароткі – з вышыні – Франс Раўбіч. Трохі далей, ля коней, стаялі малады і стары Хаданскія. Яшчэ далей – Раўбічава шляхта, Браніборскі, яшчэ і яшчэ людзі, Мнішак.

Апошні сустрэўся вачыма з вачыма Янкі Клейны, крэкнуў і, махнуўшы рукою, павёў каня з паплаўца. Астатнія стаялі.

– Адчыні, – сказаў бляднейшы, чым заўсёды, Франс.

– Што табе трэба, Франс? – спытаў Алесь.

– Злодзей, – сціснутым голасам сказаў Франс.

Магчыма, ён і не сказаў бы гэтага, каб не пёк сорам перад Хаданскімі.

– Злодзей цяпер ты, – спакойна сказаў Алесь. – Тут няма цяпер Майкі Раўбіч. Тут ёсць мая жонка перад богам і людзьмі – Міхаліна Загорская… Я раю табе лепей ехаць дадому, Франс. Мы можам сустрэцца потым, калі хочаш.

Франс развёў рукамі.

– Відаць, досыць, – сказаў ён. – Давайце бярвенні, людзі.

– Не рабі гэтага, – сказаў Алесь. – Не рабі таго, аб чым пашкадуеш. Я люблю цябе, браце. Ты сапраўды цяпер мой брат. Не я завёў тую свару. Я заўсёды хацеў, каб быў мір. Нам абрыдла, што з-за дурной спрэчкі гінуць лепшыя нашы гады. І таму я вымушаны быў пайсці на гэта, хоць я вельмі шкадую, Франс. І я прашу твайго даравання.

Раўбіч, здаецца, не ведаў, што яму казаць.

– Бач, запяяў, – сказаў, – сказаў Ілля Хаданскі.

– Я не баязлiвец, Франс, ты ведаеш. Я проста хачу мiру. Не крыўдзь сваёй сястры, а маёй жонкi.

– Досыць, Франс, – сказаў стары Хаданскі. – Ты можаш ісці. За крыўды адплацім мы.

– Як? – спытаў Франс.

– Яна зробіцца ўдавой Загорскага, не паспеўшы зрабіцца жонкай.

Алесь змрочна кінуў:

– Я не хачу і тваёй крыві. А ты, Франс, запамятай: што б ні здарылася, я ніколі не стану страляць у цябе. Мне дарагая мая жонка.

– А калі стрэлю я? – спытаў Франс.

Алесь паціснуў плячыма.

– Не прыніжайся, – раўнуў раптам Мсціслаў.

– Я не прыніжаюся, ты бачыш.

– Мы яму не дамо расстрэльваць цябе, – пачырванеў Паўлюк. – Я буду страляць. Чуеш, я?!

– Чуеш, Франс? – сказаў Алесь. – Магчыма, яны. Але не я.

– Адчыні, – сказаў Раўбіч, – не заўдавай сабе ганьбы.

– Я не магу гэтага зрабіць, – спакойна сказаў Алесь. – Я не веру вунь тым. Я схіліў на гэтую справу сяброў і адказваю за іхняе жыццё і бяспеку.

Франс адышоў прэч ад царквы. Нешта горача казаў яму Ілля Хаданскі. Раўбіч ашчаперыў рукамі галаву. Хаданскі казаў далей. Франс ківаў галавою. Потым глыбока ўздыхнуў і агледзеў вежы і гульбішча царквы.

– Франс, – сказаў Алесь, – адумайся, пакуль не позна.

Замест адказу пралунаў стрэл з купкі дваран ля старога Хаданскага. Паляцела грубая жоўтая атынкоўка

ля галавы Алеся.

У адказ галерэя залапатала нягучнымі стрэламі.

– Людзі! Людзі! Адумайцеся! – гарлаў Алесь. – Што вы робіце? Людзі!

Замалаціла свінцовым бобам па свінцовых чарапіцах над галавой.

Мсціслаў сунуў у Алесевы рукі стрэльбу.

– Бі! Бі і не крычы! Яны гэта не так зразумеюць!

І тады Загорскі, захлынаючыся гневам і роспаччу, прыпаў да прыклада.

Стрэльба была новая, пістонная. Яна нечакана зручна лягла да пляча. Алесь убачыў на канцы рулі галаву Іллюка Хаданскага і націснуў курок.

Ілля схапіўся за галаву і павольна заваліўся назад, на рукі сябрам.

– Няўжо забіў?

– Ну і чорт з ім, хоць і забіў, – прахрыпеў з правага боку мурын.

– Не забіў! – раптам амаль з радасцю крыкнуў Андрэй Кагут. – Не! Бач, устае. Аглушыў, відаць, толькі.

Ра-та-та, – сыпанула па чарапіцах. – Ра-та-та.

– Бач ты, – сыпануў Кандрат. – Гэтак вельмі проста і забіць могуць.

Стрэлы з галерэі нібы паступова апаясвалі царкву.

Янка Клейна, першы з закранутых, сядзеў на каменных плітах падлогі і, лаючыся, накладаў корпію на прастрэлены мускул прадплечча.

– Глядзі, – сказаў Кандрат. – Чырвоная.

– Яна, браце, ва ўсіх чырвоная ды аднолькавая, – сказаў Андрэй. – Ва ўсіх людцаў, колькі іх чыста ёсць на зямлі… Сволачы… Навалач, прама сказаць… Што, Янка, кусь?

– Кусь, – усміхнуўся той. – Нічога, неяк зажыве.

Мсціслаў прыглядаўся, што робіцца ўнізе.

– Глядзі, – сказаў ён. – Вось нягоднікі.

Людзі ўсталёўвалі наводдаль дзве гарматы. Парадныя. З Раўбічавага ганка.

Алесь адчуў холад у пазваночніку. Холад пракаціўся некуды ўніз і знік у нагах.

– Гэта, калі і не пацэліўшы, у галаву патрапіць, – сказаў Кірдун. – То пэўна дзірка будзе з палац пана

Вежы.

Запанавала маўчанне. Потым стары Кандраці павольна перажагнаўся.

– Гарматы, – сказаў адзін з палясоўшчыкаў.

Кандрат Кагут абвёў усіх вачыма.

– Мы народ сур'ёзны, – сказаў ён. – Жартаваць не любім.

Са свістам хвастанула па балюстрадзе і даху карцеч.

– До жартаў, хлопцы, – сказаў Мсціслаў. – Біце па гарматах, іначай жывыя не выйдзем.

Алесь высунуў галаву. Ілля Хаданскі падносіў шматок зыркага пакулля да запальніка. На галаве ў Іллі

бялела павязка.

І раптам нешта здарылася. Чыясьці рука выхапіла кнот з рукі ў графа. Той паспрабаваў быў перахапіць яго назад. І тады тая самая рука гучна прыпячаталася да шчакі маладога чалавека.

– Чакайце, хлопцы, – непаразумела сказаў Мсціслаў. – Не страляць. Баба.

Сапраўды, між людзей, што трымалі абдогу, рухаліся дзве жаночыя постаці.

– Дамоў, – сказала жанчына голасам Надзеі Клейны.

– Я раіў бы ісці дамоў вам, пані Надзея.

– Ідзі дамоў, Франс, – паўтарыла Клейна. – Там зараз адна Ядвінька. Яна баіцца. Нават лекара яшчэ няма. Паслалі ў Вежу.

– Гэта нашто?

– Маўчы. Хадзем, Эвеліна.

Клейна ўзяла руку Раўбічаву пад руку і рушыла з ёю да царквы.

– Гэй, – сказала яна, – кідай зброю! Янка, гэта ты там, паршывец? Кідай зброю, кажу.

Янка крэкнуў.

– Мужыкі-і, – сказала Клейна. – Вайны ім пільна не хапала. Жонкам ды маткам варта было б за вас узяцца. Ды каб кожная па галаве знянацку дала, каб аж Маскву ўбачылі… Ану, кідай зброю! Хто там галоўны? Загорскі малады? Ану ўставай, яны страляць не будуць. Ды Міхаліну сюды, скура б на ёй так гарэла.

Паўлюк і Андрэй пабеглі па Майку. Прывялі.

– Ты што ж гэта нарабіла, га? – спытала ваяўніца. – Бачыш, маці ледзь на нагах трымаецца. Канчай вайну. Міхаліна!..

– Што? – сказала ледзь жывая ад сораму Майка.

– Дрэнныя справы, доня. З тваім бацькам удар.

Склала рукі.

– Міхаліна, сыдзі. Богам клянуся, ніхто не зачэпіць. Іначай Франсу давядзецца ў маці страляць, і іншым – у жанчыну. Сыдзі, дзетухна. Зробім выгляд, што памылковая трывога… Можа, яму і жыць нядоўга.

Майка глядзела на Алеся.

– Не ведаю, Міхаліна.

– Алесь, – сказала Клейна, – не ўпірайся. З'едзеш адсюль месяцы на два далей ад улад, пакуль мы будзем кругавую паруку трымаць. Вернешся – пан Яраш ачуняе. А тады – слова табе даю – тут сама яе прывяду.

Алесь глядзеў у зямлю.

– Алесь, – сказала Майка.

– Ідзі, – сказаў ён. – Я пачакаю. Я цябе заўсёды буду чакаць.

– Я таксама буду чакаць, Алесь.

Яна рушыла па прыступках уніз. Зніклі ногі, грудзі, плечы. Галава ўскінула на яго вялікія вочы і сумна схілілася.

Ляснулі ўнізе завалы. Потым Майка з'явілася побач з Клейнай, і тая паклала ёй на плячо руку. Франс зрабіў крок да іх.

– Адкасніся, – сказала Клейна. – Яна – мая, пакуль мужу ў рукі не перадам.

XII

Алесь ішоў вуліцамі Масквы. Сакавіцкі набрынялы снег мякка паддаваўся пад нагамі. Ззялі непадалёк купалы крамлёўскіх сабораў. Праляталі часам з Замаскварэчча, Краснай плошчай і на Манежную купецкія тройкі: пачыналася масленіца.

Загорскі скінуў шапку, праходзячы паўз Іверскую, а потым спыніўся і пачаў глядзець на плошчу. Другі месяц ён жыў у Маскве, і кожны раз пагрозлівай і гордай прыгажосцю ўражаў яго гэты куток зямлі.

Вярнуцца да берагоў Дняпра ўсё не выпадала. Праўда, гісторыя з Майкай амаль забылася. Адразу пасля штурму царквы ў Мілым Клейна завезла Міхаліну ў Раўбічы, супакоіла пана Яраша і вырашыла, разам з Майкай і Ядвіняй, знікнуць на пару месяцаў з наваколля.

Адразу пачала дзейнічаць кругавая парука. Пад ціскам грамадскай думкі нават Хаданскія, што не хацелі хлусіць, вымушаны былі сказаць, што ніякай аблогі не было.

Пан Яраш ужо трохі хадзіў. Адпусціла. Але пра Алеся з ім баяліся і гаварыць, тым больш што Франс сказаў аднойчы: "Яна яго жонка і не можа быць больш нічыёй. Але і ягонай яна не будзе".

Але гэта было не самае страшнае. Значна горш было другое. Алесь не хацеў чакаць, пакуль выйдзе падрыхтаваны маніфест аб адмене прыгону. I Кастусь з гэтым згаджаўся – калі ўжо яны хацелі мець падтрымку сярод сялян наваколля. Адпусціць людзей трэба было хутчэй, каб мужыкі сарака з лішнім вёсак атрымалі волю раней за іншых, адчувалі, ад каго атрымалі, і ў будучым верылі б ва ўсім гэтаму чалавеку.

Загорскі так і зрабіў. Ішла перапіска з Выбіцкім і Вежам. Яшчэ восенню пачалося масавае засведчанне дакументаў аб вызваленні.

Мужыкоў вызвалялі з самым мінімальным выкупам (толькі каб не лямантавалі суседзі) і з перадачай у поўную іхнюю ўласнасць той зямлі, якой яны валодалі яшчэ ў прыгоне. У адпускных было таксама агаворана, што, калі справы былога пана з цукроўнямі і іншым пойдуць добра – мужыцкі надзел можа быць павялічаны за кошт панскай зямлі.

I вось тут здарылася дзіўная, незразумелая рэч. Што сычэла навакольная шляхта – гэта было зразумела. Сычэла, але баялася, прыціснутая старым Вежам, які, дарэчы, сваіх пераводзіў толькі на лёгкі аброк, даючы магчымасць Алесю гаспадарыць у сваіх вёсках толькі пасля ягонай, Вежавай, смерці.

Што раiла адмовiцца ад даравання волi начальства – таксама нiкога не здзiвiла. Пабойвалiся бунту ў наваколлi. I нiчога, аднак, не маглi зрабiць. Пан быў гаспадаром, i ў дзеяннях ягоных не было вар'яцтва. Падпалi ён свой уласны палац – справа iншая, тады i апеку можна было б накласцi. А так яны толькi раiлi ды ўгаворвалi, нацiскаючы на тое, што вызваленне ўсё адно хутка прыйдзе i пры гэтым чаканнi вольныя вёскi сярод прыгонных будуць як фiцiль, забыты ў бочцы з порахам.

Здзіўляла іншае: бурчанне мужыкоў. Паўсюль яшчэ было прыхаванае, але ў Татарскай Грэблі і Сцюдзеным Яры вылілася ледзь не ў мяцеж. Сяляне адмовіліся браць волю.

Доўга ніхто нічога не разумеў. I толькі потым па наваколлі, невядома кім пушчаная, папаўзла цёмная чутка:

– Не бярыце, хлопцы, ашукаюць. Царская воля выгаднейшая. Ніякага выкупу, зямля – уся. Падман задумалі. I на цукроўні не ідзіце. Зноў заняволяць…

Алесь напісаў Кастусю і атрымаў параду: абумовіць у водпусках, што, калі надзел і выкуп у "царскай волі" будуць больш выгадныя для мужыка – ён, Загорскі, адпаведна павялічвае надзел і адмяняе выкуп.

…I тут, у ясны лютаўскі дзень, запалала нядаўна застрахаваная цукроўня. Тая самая, з двума верхнімі драўлянымі паверхамі, якія Алесь усё збіраўся перабудаваць на мураваныя. Падпалілі невядомыя людзі. Наўрад ці "Ку-га". Пра яе з дня размовы Вежы з Таркайлам ніхто не чуў. Хутчэй за ўсё нехта з Грэблі.

Згарэла ўшчэнт. Успомнілі аб страхоўцы. Пагражаў суд. Уратавала толькі тое, што ў "водпусках" было агаворана аб цукроўнях. Хіба вар'ят будзе, адпускаючы людзей, нішчыць свой жа набытак.

Алесь валасы на сабе рваў. Людзі не хацелі даброт. Людзі помсцілі невядома за што, аддавалі жорава ў руках на сініцу ў небе. Трэба ехаць на радзіму.

Вось толькі трэці дзень, як у Маскве Кастусь. I сёння нарада аб далейшай арганізацыі. Адседзець і паехаць. Бліжэй да спраў.

…Да "Вярбы"[51]51
  У пятніцу і суботу вярбовага тыдня, шостага тыдня вялікага посту, на ўсю даўжыню крамлёўскіх муроў – ад Спаскай і да Нікольскай вежы – і на палову плошчы пачынаў гаманіць рынак "Вярба". Палаткі, крамкі. Ювелірныя вырабы, звяры, птушкі, кнігі. Па краях, ля Васіля Блажэннага і Нікольскай вежы – гандляры вярбою, свісцёлкамі, цацкамі, паветранымі шарыкамі.


[Закрыть]
было яшчэ далёка, але на развале, ля муроў, некалькі чалавек гандлявалі кнігамі. Кнігі ляжалі на подсціле з лапніку і на сталах.

Тут і павінны былі сустрэцца Загорскі і Кастусь. Алесь стаў ля аднаго з гандляроў, няголенага чалавечка з абыякавымі вачыма, і пачаў так, ад няма чаго рабіць, перакладаць кнігі. Чалавечак глядзеў на яго звысоку, нібы гэта ён, Алесь, гандляваў усімі гэтымі пісьмоўнікамі, старымі календарамі і разрозненымі падшыўкамі "Северной пчелы".

А вось гэта што?

"И что собрала посохомъ вымлатила и знашла ячменю… три меры".

Што такое? Пальцы гарталі старонкі.

"Ту справа всякого собрани людского и всякого града еже верою соединеннемъ ласки и згодою посполитое доброе помножено бываець".

Алесь гартаў яшчэ.

" Предъсловие доктора Франъциска Скорины з Полоцька во всю бивлию…"

Алесь прымусіў твар быць спакойным.

– Прадаяце?

– Бярыце, гаспадзін.

– Ну, і, скажам, колькі? – абыякава спытаў ён.

– Калі тры рублі дасцё…

Алесь пакруціў кнігу ў руках.

– Добра ўжо… Наце…

Алесь адышоў ад гандляра, не адчуваючы пад сабою ног. Усё, здаецца, было вакол як раней. Тыя ж муры, плошча, аблокі над ёй. Тое і не тое.

Вызваленая ад селядцовага лёсу, ляжала ў яго на далонях кнiга. Ляжала i маўчала.

Ён адчуваў, што задыхаецца.

Гандлявалі Скарынай. Гандлявалі даўнінай. Гандлявалі ўсім: розумам, праўдай, сумленнем.

– Здароў, Алесь, – сказаў за спіною Кастусёў голас.

– Здароў. Хадзем? Нам далёка?

– Больш за гадзіну добрай хады, – сказаў Каліноўскі. – Ля Дзмітраўскага гасцінца. Сажалкі хутарскія.

– То, можа, рамізніка?

– Возьмем на Цвярской. Ля Страснога манастыра. Пройдземся давай крыху.

Спусціліся да Ахотнага рада.

– Ведаеш, што ў мяне ёсць? – спытаў Кастусь.

Трохі асіметрычныя вочы Каліноўскага смяяліся. Ён засунуў руку за пазуху і трохі выцягнуў адтуль нумар газеты, якую па адным выглядзе Алесь адрозніў бы ад тысячы іншых.

– "Колокол" за васемнаццатага лютага. Свежанькі, лічы. I ў ім – першы такі за ўвесь час заклік да паўстання.

– Хто?

– Невядомы. Подпіс "Рускі чалавек".

– 3 Лондана?

– Не, адсюль. Ліст з рускай правінцыі. Магчыма, нейкі хлопец накшталт Волгіна.

– Як піша?

– "Наша становішча жахлівае, нясцерпнае, – сурова і ціха, на памяць, шапацеў Кастусь, – і толькі сякера можа нас уратаваць, і нішто, акрамя сякеры, не дапаможа! Да сякеры клічце Русь!.." Во так, грамадзянін нігіліст Загорскі. Зразумела?

– Становішча сапраўды нясцерпнае, – сказаў Алесь. – Ён мае рацыю. Як думаеш, будзе рэформа падманам?

– Яна нічым іншым быць не можа, Алеська. Лаялі Растоўцава, а як здох, то выяўляецца, ён яшчэ нічога быў. Гэта ў нас заўсёды так: "Явился Бирюков, за ним вослед Красовский. Ну, право, их умней покойный был Тимковский". Чуеш, што Панін на пасадзе Растоўцава выкідвае? Конікі якія?

– Ну вось. Тады і пачнем, калі зразумеюць падман. Раней мужыка на бунт не ўзняць. А без яго мы пералёты, на корані адсохлыя.

Ішлі моўчкі.

– А ў цябе што? – заўважыў Кастусь.

Загорскі моўчкі працягнуў яму кнігу. Кастусь зірнуў. На хвіліну ў яго задрыжалі вусны.

– Першая наша ластаўка, – сказаў Алесь. – Бедная.

– Не, – сказаў Каліноўскі. – Не бедная.

Ён асцярожна, азірнуўшыся, выцягнуў газету і, расхінуўшы кнігу, паклаў танюткія аркушы ў сярэдзіну тома. Загарнуў.

– Хай ляжыць. Тут ёй і месца.

– А што, – сказаў Алесь. – Ад першага славянскага водціску і аж да гэтага. Братка ты мой, які доўгі шлях!

– Пэўна, яшчэ не канец яму, – Кастусь засунуў кнігу за пазуху Загорскаму. – Пэўна ж, не канец.

Яны ішлі якраз паўз Камергерскі завулак. I тут Алесь, узяўшы сябра за руку, моцна завярнуў яго.

– Давай, братка, на хвiлiну сюды.

Кастусь ускінуў вочы.

– Невядома, калi сустрэнемся.

Над дзвярыма была шыльда:

Дагератыпная майстэрня
М. М. ГРЫНЧЫКА

…У вялікім пакоі іх пасадзілі ў крэслы на фоне ўяўнага туманнага пейзажу. Заціскачкамі прымацавалі рукі да падлакотнікаў, нябачным клямрам паставілі галовы так, што імі нельга было варухнуць.

– Вось так нас катаваць будуць, – сказаў шэптам Кастусь.

– Цьфу на цябе… Цьфу, – засмяяўся Загорскi.

Грынчык, вельмі падобны на сумнага жорава, пасварыўся пальцам:

– Маладыя людзі, гэта не ёсць жарт. Не ва ўсіх хапае духу, нават не смеючыся, праседзець перад камерай абскурай пяць хвілін. Вам адзін здымак?

– Два.

– То дзесяць хвiлiн, – з выглядам абыякавага iнквiзiтара сказаў сумны жораў. – I не варушыцца, калi не хочаце атрымаць замест аблiччаў фату-маргану.

– А калi не будзем – яна не атрымаецца? – спытаў Алесь.

– Я маю парыжскi медаль. Я прывёз дзiвосную навiну сюды. Крыўд на мяне няма. Я раблю выключна на срэбры. Не тое што некаторыя "наватары" – на медных пласцiнках. Яны б яшчэ паперу прыдумалi цi палатнiну, як мастакi. Гэта ж дзiка! Чалавек робiць добры дагератып раз, многа – два ў жыццi. Ён павiнен быць вечны, дагератып. I для ўнукаў, якiх у вас, вiдаць, пакуль няма.

Іх замацавалі так, што варухнуцца было нельга. Грынчык паклаў Біблію на Алесевы калені.

– Вось так. Вы цікавіцеся старой кнігай, паны студэнты. Вы нібы задумаліся на хвіліну. Меланхоліі ў вочы. Уявіце сабе: вы задумаліся над лёсам гэтай кнігі. Вас ён цікавіць.

– Уявiце сабе – ён нас сапраўды цiкавiць, – сказаў Кастусь.

– Тым лепш. Не мiргайце.

Засычэў калiльны лiхтар. Срэбная сетачка пачала лiць проста ў вочы нясцерпнае святло.

…Калі яны, урэшце, выйшлі на вуліцу, рэзала ў вачах. Расціраючы здранцвелыя мускулы шыі, Кастусь зарагатаў.

– Як, ты скажы, з шыбеніцы знялі. Вось, пэўна, боўдзілы атрымаюцца? Жах! Вочы спыніліся, твары ненатуральныя.

– Нічога, "для ўнукаў" сойдзе. Мяркую, аднак, нічога атрымаецца. Бачыў я дагератыпы. Даволі натуральна. Вядома, не партрэт, але нам будзе нічога. Памяць.

Клікнулі рамізніка. "Ванька" паспрачаўся за цану і павёз.

– Як Віктар? – спытаў Алесь.

– Зноў пагоршала. Вельмі хоча ўбачыцца з табою.

– Хай бярэ ў мяне грошы і едзе, – злосна ад няёмкасці сказаў Алесь. – Ці на Мадэйру, ці ў Італію.

– Бадай, твая праўда.

– Грошы заўтра ж пашлем.

Алесь засмуціўся і не хацеў, каб гэта заўважылі. Перавёў размову на другое.

– Людвік Звяждоўскі дзе?

– У Вільні. Распачаў работу там.

– Трэба яму звязацца з маім Вацлавам. У яго шмат сяброў сярод моладзі.

"Ванька" цікнуў быў на іх, пачуўшы незнаёмую мову, і зноў звяў, нібы заснуў на козлах.

– А Валеры?

– Інспектар егерскага вучылішча ў Саколцы.

– Гэта што, назнарок Гродзеншчына?

– Трэба і там камусьці быць.

– Дамброўскі як?

– Па-ранейшаму, у Акадэміі. Ён жа малодшы.

…Праз акно былі відаць голыя дрэвы, рэдкія домікі далёкай ускраіны, люстра двух невялікіх авальных ставоў. За сталамі сядзелі хлопцы з маскоўскага зямляцтва. Чацвёра. Ні з кім з іх Каліноўскі Алеся не пазнаёміў, і па адным гэтым было відаць, якая сур'ёзная пачыналася справа…

Нехта сціснуў далонямі Алесевы скроні, не даючы павярнуць галавы. Загорскі ўсё ж выкруціўся:

– Сашка, Сашка, дружа!

Сашка Волгін стаяў за ягоным крэслам і ўсміхаўся на поўны рот.

– Ну, брат, суцешыў!

– Даўно гэта пачалося? – шэптам спытаў Сашка.

– Даўно. Цяпер мяркуюць аб метадах.

– Метады звычайныя, – сказаў Сашка. – Узяць гэтых vieilles ganaches[52]52
  Старых тупіц (франц.).


[Закрыть]
за гардзёлку ды аб брук галавой. Дакіраваліся. Горшыя ўладары, чым паўcюль на свеце. Паскудзяць рускае імя.

Алесь ціха засмяяўся:

– Гэ, брат, наконт нас з вамі ў майго дзеда добрая прыказка-байка.

Яны гаварылі шэптам, баяліся перашкодзіць іншым.

– Бог дзяліў між народамі землі. Адным тое, другім – тое. Прыйшлі беларусы… Вельмі ж пану богу спадабаліся. Ён і пачаў нас надзяляць: "Рэкі вам даю поўныя, пушчы – нямераныя, азёры – нялічаныя. Спёкі ў вас ніколі не будзе, але і холаду – пагатоў. Зажэрціся на багатай зямлі не дам, каб былі ўвішныя, кемлівыя, працавітыя, але і голаду ў вас ніколі не будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзі будуць да вас прыходзіць. Не ўродзіць хлеб, то ўродзіць бульба. А яшчэ звяры і дзічына ў пушчах чародамі, рыбы ў рэках касякамі, пчолы ў борцэх мільёнамі. А трaвы – як чай. Не будзе голаду. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці – дужыя, сады – багатыя, грыбоў ды ягад – заваліся. Людзі вы будзеце таленавітыя, на музыку, песні, вершы – здатныя. На дойлідства – таксама. I будзеце вы жыць ды жыць, ну як…" Тут яго Мікола ў бок штурхае: "Пане божа, да вы падумайце. Гэта ж вы ім рай аддаяцё! Гэта ж вы бо-жа мой!.. Ды яны пры іхняй языкатасці туды з сапраўднага раю ўсіх перавабяць! Яны ж языком менцяць – дай бог нам за вамі". Бог падумаў, крэкнуў, але назад адбіраць не будзеш. Сапраўды, ёсць ужо яна, зямля. Лані бягуць – лес варушыцца. Рыба чаўны з вады выціскае. Дрэвы – да сонца. "Добра, – кажа, – зямля будзе – рай. А каб не занадта вы перад маім раем ганарыліся – дам я вам найгоршае ўва ўсім свеце начальства. Яно вам таго раю трохі збавіць дый пыхі трохі-трохі вам саб'е. Гэта вам для раўнавагі". Вось яно як!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю