412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве » Текст книги (страница 10)
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 25 страниц)

– Глебавічна, мне здаецца, я іх люблю.

Жанчына недаверліва глянула на яго:

– Ідзі-ідзі. Не хлусі.

…Перад сабою, на высокіх падушках, ён бачыў пацямнелае маленькае аблічча за пакусанымі вуснамі.

– Прыехаў? – хутчэй загадаўся, чым пачуў, ён.

Ён проста стаў на калені і асцярожна прынік галавою да яе рукі:

– Даруй мне.

Ён не чуў яе слоў. Толькі бачыў няўлоўныя рухі вуснаў:

– Я цярпела… Суткі… А потым не вытрымала і застагнала. Не магла ўжо, – вочы яе заззялі. – І раптам мне стала лягчэй. Я зразумела: з'явіўся ты. І чамусьці мне стала зусім лёгка.

Ён глядзеў на яе з нямым пытаннем.

І атрымаў нямы адказ: нічога не змянілася. І не зменіцца.

У бібліятэцы гарэла святло. Дзед не спаў. Яму забылі паведаміць. І ён чакаў.

Ускінуў падбароддзе насустрач унуку. І той зразумеў, на што дзед перш за ўсё чакае адказу.

– Адмовілася.

– Я ведаў, – сказаў дзед. – Хто?

– Двайняты.

– Што-о? – Вежа выпрастаўся.

– Хлопчык і дзяўчынка, – Алесь сеў да каміна і наліў сабе віна.

Было маўчанне.

Ад віна, ці, можа, яшчэ ад чагосьці, нібы матляла.

– Бацька будзе кумам, – сказаў дзед. – Клейна – кумою. Каб не было падазрэння на імёны.

– Якія імёны?

– Юры і Антаніда. Якія ж яшчэ?

– Дзядуля, – сказаў Алесь. – Я думаю, ёсць бог на свеце.

Алесь расказаў пра дарогу, пра размову з прафесарам, пра тое, як гучала песня ў снягах, пра пагрозлівы сон.

– Так часам у нас бывае. Разумееш, як ад нечага забытага кліч. Калі-небудзь я пастараюся расказаць табе пра другія патаемныя нашы веды, выпадкі, дзівы. Гэтага ніхто не разумее, але гэта ёсць. Пры чым жа тут бог? Гэта твая трывога, жаденне, еднасць душ на адну хвіліну. Часам, у бойцы, шалёныя прыступы ярасці ў нашых людзей. Калі сілы нібы ў дзесяць разоў узрастаюць. У нарвегаў – "берсеркерства", у нашых – "пaна". Бачыш, нават словы асобныя ёсць. Рознасць нерваў ці яшчэ нешта? Або, кажуць, індусы могуць часам болю не адчуваць. Або наш інстынкт да дрыгвы. Восем з дзесяці дзяцей, нават упершыню трапіўшы, не праваляцца. Як, ты скажы, вядзе іх нешта. І што ўжо там бог? Мы самі багі. Сёння вось – багі. Бываем свінні, а сёння – багі.

– Але сон…

– У матулю ты пайшоў, – няўхвальна сказаў Вежа і наліў келіхі. – Пі. Хто п'яны – з тым бог… Не як свіння, вядома, п'яны.

І нечакана трохі ўскіпеў:

– Сон! Забабоны гэта. Не чакаў ад цябе. Ракавіна забабонаў: схавайся і сядзі. А ўсе людзі торкаюцца туды-ы-сюды-ы, не разумеючы, што прыкутыя да жыцця, у якім усё сказана. Баяцца – таму і бог. Помніш словы з радавой клятвы… "няма нічога, акрамя магіл"…Адны вераць у магілу Хрыста і дзеля яе здзекуюцца з жывых. Бо мярцвяк кажа, і яны не могуць адмовіцца, паляць на агні… Другія вераць у доктара Гільятэна і над яго магілай ляскаюць ягоным вынаходніцтвам. Ці не дурасць, калі трэба верыць у жывых, у тое, што сёння здарылася?

– Але ўсё гэта…

– Першае, што сведчыць супраць рэлігіі, гэта тое, што ў людзей розныя багі.

– Не тое, дзед, не тое. Не аб верах. Аб тым, што ўва мне, аб маёй мэце, аб тым, уто ўратавала нас усіх.

– Самі мы сябе ўратавалі, – сказаў стары. – А калі загінем – дык таксама самі. Ніхто ў гэтым не будзе вінаваты, акрамя нас саміх… Зямлёй і людзьмі рухае дух змагання. Я не ведаю, ці ёсць у гэтага змагання нейкая надзея. Але з веку ў век людзі змагаюцца. І таму яны – людзі, а не быдла.

Чырвонае полымя трапятала на твары дзеда.

– Сёння – праўда, заўтра – хлусня. Сёння – Брут, заўтра – ён жа, Нерон. Сёння бог – заўтра плесня, а потым другі бог. Вучэнні, усе вучэнні – лухта. Ёсць адно вучэнне, пакуль над чалавекам праўда думак, пачуццяў, любві.

Наступнай восенню студэнт імператарскага Санкт-Пецярбургскага універсітэта Аляксандр, Георгіеў сын, Загорскі, не даслухаўшы курса навук па пісьменству і гісторыі, здаў, аднак, пры добрых паводзінах, усе належныя іспыты па гэтых дысцыплінах і, падаўшы ўстаноўленыя дысертацыі на ступень кандыдата, быў заслужана зацверджаны ў гэтай ступені панамі прафесарамі і папячыцелем Санкт-Пецярбургскай вучэбнай акругі.

Студэнт, аднак, не пакарыстаўся ніводным з правоў і прывілеяў, дадзеных імператарам ступені кандыдата, а застаўся пры прафесары Сразнеўскім для ўдасканалення ў навуках, адначасова запісаўшыся на слуханне лекцый па медыцыне і філасофіі з правам наведваць, як раней, лекцыі славеснасці, гісторыі і прыгожых мастацтваў.

Аборона гістарычнай дысертацыі ("Сялянская вайна ХVII стагоддзя на тэрыторыі беларускага Прыдняпроўя. Па матэрыялах радавых архіваў тамтэйшых дваран і прыдняпроўскіх "Кронік"), дзеля якой ён усё лета прасядзеў у архівах Вежы, Сухадольскага замка, Раткевічаўшчыны, Кісцянёў і фондаў былога Збароўскага кастальянства, прайшла без перашкод.

Затое на абароне "Прыдняпроўскіх песень, паданняў і легенд" ледзь не было скандалу. Сабралася зашмат народу, з "Агула" і проста так землякоў. Усе, найбольш, дрэнна апранутыя, у чаравіках, што прасілі кашы, у сурдутах, ледзь толькі не перашытых з хатніх чугаў і світак. Некаторыя ў акулярах з "аконнымі" шкельцамі. Большасць, праз адсутносць паліто, у зацяганых пледах, зробленых з самай таннай шатландкі ці нават з даматканых, у шашачкі, посцілак. Усё з тых людзей, што апладзіравалі Чарнышэўскаму і аб якіх хадзіў жарт:

– Што гэта ты, хлопча, з хадніка сабе плед зрабіў?

– З рызаў пакуль што не дазваляюць.

– Чаго гэта ў цябе ручнік замест гальштука?

– Добра, што пакуль не вяроўка.

Гумар быў змрочны. Сапраўды, гумар шыбеніка. Але самі хлопцы былі вясёлыя, хоць і вечна галодныя. Адкуль прасачыліся да іх чуткі аб дысертацыі – невядома. Магчыма, праз Кастуся, бо Алесь, слухаючыся парады Сразнеўскага, пра змест яе, пакуль тое, памоўчваў.

Гэтая аўдыторыя сустракала кожнае "небяспчнае" месца ўхвальным гулам. Апаненты, магчыма, пабойваючыся непрыемнасцей, спрабавалі былі аспрэчваць занадта "левыя" палажэнні працы. Асабліва стараўся прафесар Платон Рунін, найбольш заядлы са славянафілаў універсітэта. Крычаў нешта аб "славянскай душы", якой чужы мяцеж і ўласцівая, з самых першых часоў, рахманасць і пошукі бога ў сваёй душы і душы таго, хто кіруе. Дагаварыўся, урэшце, да таго, што толькі пад эгідай моцнага славянін адчувае раскошу і замілаванне, што духу славянскіх народаў не ўласцівыя ўсе формы парламентарызму і дэмакратыі, прыдуманай бязбожнымі французамі, што заўсёды яны будуць адчуваць духоўную патрэбу ў манархіі.

Алесь, успамінаючы свае нядаўнія разважанні, чырванеў ад слоў Руніна, нібы яго білі па шчоках. А студэнцтва гуло:

– Веча! Разін! Копныя суды! Вашчыла!

Сразнеўскі ўрэшце быў вымушаны спыніць іх.

А Рунін бубніў далей. Усё нешта аб тым, што абаронца, тэндэнцыйна падбіраючы песні, выстоўляе самы баганосны і рахманы са славянскіх народаў бандай мяцежнікаў, рабаўнікоў і гуляк, неўтаймаванай вольніцай, бязбожнікамі, якія прагнуць вечнага бунту.

Параўноўваў работу Алеся з "Песнямі шатландскай мяжы" Вальтэра Скота і нагадваў усім аб шматлікіх непрыемнасцях і абвастрэннях, якія нарадзіў гэты безадказны эксперымент, гэтая гальванізацыя трупа неўтаймаванай і д'ябальскай ідэі свабоды, што даўно скампраметавала сябе.

Студэнты распачалі абструкцыю. Ізмаіл Іванавіч заклікаў да парадку і Руніна і студэнтаў і пачаў навальвацца на ўсе доказы апанентаў, крышыць і ламаць іх, аж пакуль не раскідаў усяго, не пакінуўшы каменя на камені.

А потым, калі дысертацыю прынялі, расцалаваў "падвойнага кандыдата" і згадзіўся пайсці разам з сябрамі, якіх набралася чалавек пяцьдзесят, адсвяткаваць у Барэля нараджэнне новага "мужа навукі".

За вокнамі курыльні хвастаў чорны лістападаўскі дождж. У доме Сашальскіх на Ліцейным праспекце, чакаючы, пакуль сыдуцца госці, сядзелі людзі, што сабраліся раней, каб паспець пагутарыць. У кутку, ля чэзлага – адна назва, што агонь! – пецярбургскага каміна сядзелі Зыгмунт Серакоўскі, Ямант, Валеры Урублеўскі і Хвэлька Зянковіч, усе курцы. Іх усеагульным плебісцытам пагналі да агню, каб адцягвала дым. Кастусь дамогся. Па-першае, "спявак" Эдмунд Вярыга цярпець не мог шкоднага дыму. Па-другое, Віктара нядаўна прымусілі кінуць курыць. Ён ужо ведаў аб сваёй хваробе. Алесь увесь час клікаў яго да сябе, знайшоў братам кватэру ў Пецярбургскай часці, у доме нумар шаснаццаць па Вялікай Пасадскай (два цёплыя і сухія пакоі), і маліў, каб браў грошы, бо тут, пры сур'ёзнасці справы, зусім ужо не да гонару.

Віктар згадзіўся і часам браў дапамогу. Затое Кастусь з самай гэтай хвіліны не згаджаўся браць ані капейкі. Аднойчы праз гэта сябры пасварыліся і нават месяц не размаўлялі ні аб чым, акрамя справы.

Алесь з тым самым велічэзным сорамам за сваё багацце прапанаваў Віктару грошы, каб той паехаў куды-небудзь лячыцца. Той адмовіўся, спаслаўшыся на тэрміновую работу для віленскай археаграфічнай камісіі (ён сапраўды працаваў для Кіркора і Маліноўскага і не лічыў магчымым кінуць без дапамогі, і нібы без вачэй, сляпога гісторыка). Алесь сказаў, што Віктар падарве-такі свае сілы. Віктар адказаў, уто гэтая работа дасць яму грошы, каб паехаць, а не, дык проста каб жыць. Браць жа ў сябра, не спадзеючыся аддаць, ён не можа сабе дазволіць. Алесь крычаў на яго, што ён ёлуп, што ніхто яму не прапануе дарагой Італіі, што паездка звычайным парусным суднам у Егіпет або на Мадэйру каштуе, як усякі водны шлях, не дорага і гэта можна сабе дазволіць.

Ад злосці на легкаважнасць Віктара ледзь не паліліся з вачэй слёзы. Віктар паглядзеў на Алеся, раптам пасур'ёзнеў і сказаў, што калі бліжэйшыя некалькі месяцаў не прынясуць палёгкі – ён паспрабуе скарыстаць Алесеву прапанову.

Але лягчэй відавочна не рабілася, і Алесь злаваўся на Віктара і на сябе, што не здолеў адразу зламаць супраціўленне гісторыка.

Віктар з Эдмундам Вярыгам і Кастусём сядзелі ля дзвярэй пры цёплай грубцы. Гаварылі вельмі ціха аб неафітах, нядаўна прынятых у "Агул". Колькасць людзей узрастала, і нават на месцах, у Літве і Беларусі, не кажучы пра Польшчу, узнікла сетка залежных арганізацый. Нядаўна на пасяджэнні вырашылі, што пасля універсітэта і інстытутаў большая частка моладзі, у мэтах агітацыі, раз'едзецца на пасады настаўнікаў, пасрэднікаў, пісараў, выхавацеляў у дваранскіх дамах. Нельга ўжо было абмяжоўвацца работай сярод інтэлігенцыі.

– Што ў цябе? – пытаў Кастусь.

– Дваццаць пяць новых, – казаў Вярыга. – Свежаспечаных. Дзіва, кумок, а не хлопцы. Усе чырвоныя.

– Бяда пафарбавала, – кашлянуў Віктар. – Як, ты скажы, ракаў. Дык я запісваю, Эдмунд… А ў цябе, Кастусь?

– Малавата. Дзесяць чалавек.

– Хто? – пісаў Віктар. – Запісваць іх як распарадчыкаў сталоўкі для бедных?

– Давай так. Пішы: Сапоцька Пятро – студэнт, Янус Ахілес – студэнт, Дыміна Ціхон – семінарыст, Дашкевіч Кандрат і Зэмбоўскі Стэфан – студэнты. Здановіч Ігнацы – студэнт…

– Вільнянін?

– Ага.

– Сям'я неблагая… але спалоханая. А сын нішто хлопец… Дрэна, што бацька супраць. І яшчэ, што ў Вільні сёе-тое пра нас ведаюць. Нават асабіста пра нас з табою, Віктар. Папярэджваюць дзяцей: вар'яты, Рабесп'еры, карбанарыі…

– Нічога, – сказаў Віктар. – Ведаюць і ведаюць. Нашы людзі не даносчыкі.

– І ўсё ж трэба больш сцерагчыся.

– Згода. Будзем.

За спіною Серакоўскага сядзелі яшчэ два чалавекі. Ніжэйшы, даволі невыразны з твару, але разумны, калі меркаваць па вачах, чалавек адганяў дым цыгары рукой. Другі, з жарсткаватым абліччам, нервова шаптаў на вуха Зыгмунту: ці абураўся нечым, ці спрачаўся. Гэта былі члены верхняй рады арганізацыі, удзельнікі "літаратурных вечароў" – Аскар Авейдэ і Стэфан Баброўскі[32]32
  Будучыя дзеячы паўстання ў Польшчы ў 186З г.


[Закрыть]
.

Алесь знаў іх значна горш за астатніх і Авейдэ недалюбліваў. Сам не ведаючы, з якой прычыны.

А Баброўскі чамусьці вылучаў яго, Алеся. Усміхаўся пры сустрэчы, моцна паціскаў руку, затрымліваў паразмаўляць, і адразу відаць было, што размова яму прыемная. Вось цяпер ён раз-пораз паказваў Зыгмунту вачыма на Алеся. І Зыгмунт, сустракаючыся з вачыма Загорскага, смяяўся беласнежнымі зубамі.

– Ідэя паўстання і ўскраіны, – часам далятала да Алеся. – Варшава, па-мойму, вельмі памыляецца тут… Трэба спытаць у хлопцаў… Хоць бы ў яго ці ў Віктара.

З Серакоўскім, вакол шахматнага століка, сядзела пяць чалавек. Два нібыта гулялі, хоць партыя даўно была забыта, астатнія нібы глядзелі, хоць глядзець не было на што, хіба толькі на тое, як адзін з ігракоў нахіляў фігуркі і адпускаў і кожны раз нібы здзіўляўся, што яны ўстаюць на "ногі", бо ў донца кожнай заліты свінец. На тым, што гуляў фігуркамі, быў сціплы чыноўніцкі сурдут: ён служыў на чыгунцы і нават з аблічча быў тыповы служачы – ціхі, сціплы, светлавалосы, з трохі вінаватай усмешкаю. Ніхто не мог бы падумаць, што погляды гэтага чалавека схіляюцца часам ледзь не да анархізму.

– Кінь, Ільдэфонс, раздражняе гэты стук, – сказаў яму партнёр, чалавек з рэзкім уладным абліччам. – Будзем гуляць ці не?

– Відаць, не, – змяшаў фігуркі служачы. – Зараз зноў пачнецца размова. І зноў ты будзеш бараніць ідэю шляхецтва, велічы Польшчы. Ізноў мы з табою будзем лаяцца, Людвік. І Загорскі унь пакліча на дапамогу філалогію, а Віктор – гісторыю, а Кастусь – сацыялізм. І накладзе табе гэтая беларуская тройца па самае дзесятае, а я памагу.

Алесь усміхнуўся. Ільдэфонс Мілевіч і Людвік Звяждоўскі сябравалі, але заўсёды лаяліся між сабою. Звяждоўскі шмат у чым, нават у беларускім і ўкраінскім пытанні, кідаўся да белых, і Алесь толькі таму верыў гэтаму афіцэру ў бліскучым мундзіры, што бычыў яго чысціню і поўную адданасць справе. Была ў Людвіку шчырасць памылковай думкі. Была прага ў кожную хвіліну аддаць жыццё.

– Уладзю, – сказаў Людвік. – Барані.

Адзін з гледачоў быў бадай страшны абліччам. Як Марат. Жоўты, як у хворых на печань, колер скуры, чорныя і жорсткія, як конская грыва, валасы. Шырокі і вельмі грубы плоскі твар, вузенькія шчыліны калючых вачэй.

Чалавек гэты быў інжынер-пуцявік Уладзіслаў Малахоўскі.

– Не буду, – сказаў ён Людвіку. – Вас трэба хутчэй выхоўваць. Бо каб не давялося вас вешаць.

Другі афіцэр, побач з ім, быў цёзка Серакоўскага, Зыгмунт Падлеўскі. Ніхто тады яшчэ не мог прадбачыць ягонага лёсу. Проста ведалі, што чалавек ён цвёрды.

Затое нельга было не звярнуць увагі на апошняга з гледачоў. Сухі і прыгожы польскі твар, цвёрдыя мускулы на худых шчоках, вострыя невялікія вусы, стрыманасць у падабраным цвёрдым роце. І вочы як вугалі. Тлеюць суровым і добрым агнём.

Зацягнуты, як і Серакоўскі, у мундзір афіцэра Генеральнага штаба, увесь наліты спакойнай, але ў кожную хвіліну здольнай на імпэт сілай, ён сядзеў нібыта, нічога яго не датычылася, але чуў усё.

Звалі афіцэра Яраслаў Дамброўскі. Ён хутка быў прыкмечаны ў арганізацыі і стаў адным з яе кіраўнікоў.

У невялікім пакойчыку сядзела амаль ў поўным складзе кіраўніцтва нелегальнай арганізацыі.

– Што ж, – сказаў Дамброўскі. – Адпачылі ад крыку – бадай, час пачынаць… У гаспадара вось-вось госці збяруцца. Пачынай, грамадзянін Зыгмунт.

– Падсумуем, – сказаў Серакоўскі. – Сённяшняе пасяджэнне "левіцы" і "цэнтра" нашай арганізацыі аднагалосна згадзілася з тым, што дасягнуць нашай мэты, гэта значыць волі і дэмакратыі, нельга іначай, чым праз паўстанне.

Загорскі ўбачыў, як Кастусь схіліў галаву.

– …Таму што дабіцца чаго-небудзь лаяльнымі шляхамі ў паліцэйскай дзяржаве немагчыма. І, акрамя таго, нездавальненне народаў Польшчы, Літвы і Беларусі гнюснай палітыкай імператара і ягонай камарыллі пераходзіць у ярасць. Цярпець далей ярмо мы не можам. Кожная лішняя гадзіна рабства разбэшчвае слабых і ганьбіць моцных… Таму з сённяшняга дня мы павінны зяпэўняць усіх, што без паўстання…

– Без рэвалюцыі, – сказаў Віктар.

– …справа не абыдзецца… Акрамя таго, "левіца", якую падтрымлівае частка "цэнтра", прапануе, каб сацыяльная перабудова грамадства ішла побач з вызваленчым паўстаннем. Асноўныя іх тэзы: поўная раўнапраўнасць усіх грамадзян, уся зямля – сялянам, мова – народам. Прапанову ўнесла беларуская група рады ў складзе грамадзян братоў Каліноўскіх, грамадзян Вярыгі, Зянкевіча, Малахоўскага, ад імя якіх абвясціў прапанову складальнік яе, сакратар групы, грамадзянін Загорскі… Прапанову падтрымалі большасцю галасоў, хоць, улічваючы думку "правіцы" ў Пецярбургу, Вільні і Варшаве, трэба думаць, што яе праваляць.

Добрае, трохi разгубленае аблiчча Вiктара перасмыкнулася. Алесь перавёў вочы на змрачнаваты цёмны твар Кастуся. Кастусь знiзаў плячыма, нiбы сказаў: "Ну i што? А трымацца гэтага ўсё адно трэба".

– Пачынаем апошнюю сённяшнюю праблему. Праблему аб нацыях так званых ускраін. Пытанне гэтае можна сфармуляваць так: "Воля ўскраінам. Самавызначэнне іхнім народам". Яно абмяркоўваецца строга сакрэтна, і таму члены рады не павінны дыскутаваць яго сярод іншых, каб заўчасна не заводзіць звад. Уласна кажучы, увод нашага рашэння ў дзеянне адбудзецца толькі ў час паўстання і пасля яго перамогі.

– То нашто абмяркоўваць? – спытаў Звяждоўскі.

– Пытанне ставяць таварышы з украін, – растлумачыў Зыгмунт. – Каб ведаць загадзя, на якіх умовах яны будуць змагацца поплеч з намі.

– На фарпосце паўстання, – удакладніў Вярыга. – Бо калі хто першы і атрымае свінцу, то гэта мы.

– Якія ўмовы? – спытаў Ямант.

– Поўная воля беларусам і літоўцам самім вырашаць свой лёс, – сказаў Алесь.

– Федэрацыя? – спытаў Дамброўскі.

– Магчыма.

– Незалежнасць? – спытаў Падлеўскі.

– Народы вырашаць гэта самі.

– Якія народы? – быццам непаразумела спытаў Авейдэ.

– Грамадзянін глухі? – спытаў Хвэлька. – Беларусы і літоўцы. Дзе нацыі, якія жывуць на землях…

– Якая беларуская нацыя? – спытаў Ямант, удаючы недасведчанасць.

– Ніколі не чуў? – спытаў Алесь.

– Чаму. Я чуў і аб беларусах і аб літоўцах, але заўсёды лічыў іх галінамі польскага племені. Мова – дыялект польскай.

– Ты б паспрачаўся аб гэтым з шаноўным панам нябожчыкам Уваравым, – іранічна сказаў Віктар. – А мы тым часам займаліся б сваёй справай. Нам вашу лухту слухаць няма часу.

Зграбныя, доўгія Віктаравы пальцы трымалі невялічкую няяркую кніжку ў папяровай вокладцы.

– Я заўсёды лічыў, што гэта дыялект непісьменных, – сказаў Ямант.

У той жа момант кніжка пляснулася яму на калені.

– Дыялект непісменных, – сказаў Віктар. – На, панюхай, гэта "Дудар беларускі" Дуніна-Марцінкевіча.

– Не бачу ў гэтым асаблівай небяспекі.

– А Кукальнік[33]33
  Царскі цэнзар.


[Закрыть]
бачыць. Вясной забараніў яго паэму "Халімон на каранацыі".

– Гэта яшчэ не доказ, – Ямант адкінуў кнігу на сафу. – Адзін паэт – гэта не нацыя.

– Ва ўсякім разе, рана яшчэ гаварыць аб нейкай асобнасці, – сказаў Звяждоўскі. – Нічога не зроблена вамі, хлопцы. І, я мяркую, паколькі пачатак вашага племені вядзецца здаўна – ёсць у вашым характары нейкая хіба. Нічога не зрабіць за семсот год – гэта трэба ўмець. А калі няздатныя – падпарадкоўвайцеся.

Алесь спалохаўся, убачыўшы твар Віктара. На запалых шчоках, плямамі, нездаровая чырвань, дрыжаць вусны, гараць з-пад чорных брывоў сінія, з залатымі іскрамі вочы.

…У наступную хвіліну старэйшы Каліноўскі накінуўся на апанентаў. Ён сек, хвастаў, не пакідаў каменя на камені, не даваў дыхнуць.

Трэсліся вусны, падступаў аднекуль да горла кашаль, мяккія вочы ўтрапёна палалі. Нельга было не загледзецца на яго ў гэтую хвіліну.

– А Кірыла Тураўскі, а паданні? А тое, што наша друкаваная "Біблія" з'явілася раней, чым у многіх у Еўропе? А тое, што законы Статута літоўскага склалі мы? А тое, што Польшча сто год судзілася законамі, напісанымі на нашай мове, а калі пераклала іх, то пакінула ўсе нашы тэрміны і адсылала тых, хто не разумее іх, да арыгінала? А тое, што рукапіс меж паміж Польшчай і Літвой, які даследчыкі лічаць польскім, напісаны беларускай гаворкай? А тое, што трыста год мовай княства была беларуская мова?..

– У Статуце сказана не так…

– Ведаю. Чацвёрты раздзел, першы артыкул Статута. А якія, вы лічыце, гэта словы: "пісар маець", "літарамі", "позвы", "не іншым языком і словы"?

– Рускія словы, – рэкнуў Ямант.

– Віншую, – з'іранізаваў Валеры.

– З чым?

– З добранабытай дурасцю, – сказаў Дамброўскі.

– А гэта што? – усміхнуўся Віктар. – "Заказала яму пад горлам, абы таго не казаць", "беглі есмо да двара на конех", "на ўрадзе кгродскім пінскім жалаваў, адпавядаў і пратэставаў се земляны павету Пінскага…". Тры сказы – тры стагоддзі. Тры сказы – тры мясцовасці. А мова адна. Чаго яшчэ трэба? А Будны? А старажытны іканапіс?! Алесь, Юзаф тваёй дысертацыі не слухаў. Торкні яго носам… Продкі думалі не так.

– Адкуль вы ведаеце, як яны думалі? – спытаў Людвік.

– Вам ніколі не даводзілася перамалёўваць факсіміле? – спытаў Віктар. – Але што я, вы афіцэр, ваша рамяство – вайна. А шкада… Часам у старым рукапісе трапляецца неразборлівае месца. Для выдання яго трэба дакладна скапіраваць. І вось водзіш рукою, паўтараючы лініі, і раптам ловіш сябе на думцы, што ўсё, ўсё разумееш. Таму што твая рука паўтарае рухі рукі чалавека, які жыў за трыста год да цябе. Так і з падспуднай думкай продка, за якой сочыш, чытаючы стары рукапіс.

– Цікава, – з нечаканай сур'ёзнасцю сказаў Баброўскі.

– І нават каб нічога такога не было – адно адчуванне намі сваёй радзімы дае нам права на адпор афіцыйным патрыётам, – румянец плямамі ўспыхваў і згасаў на шчоках Віктара. – Што ж гэта за думка ў іх?! Хто яны?! Шляхта ў самым горшым сэнсе гэтага слова!.. Але вось яны, – Віктар абвёў вачыма сяброў, – і сотні іншых пацвердзяць, што мы супраць Польшчы магнатаў і за Польшчу простых людзей. Чые думкі выказваеш, Ямант? Думкі Веляпольскага?.. Выказвай, змыкайся з "правіцай" белых! Але ведай: мы для Веляпольскага і К° – не вотчына і не хлопы. Досыць з нас рабства… Братэрства, так, але не падначаленне! Роўнасць, і ні на волас ніжэй!

– Гэта сепаратызм, – успыхнуў Ямант. – Гэта заўчасны гандаль, гэта нож у спіну.

Віктар трымаў руку на грудзях:

– Наш Савіч дзейнічаў поплеч з Канарскім, і ніхто не кінуў яму папроку ў нявернасці і здрадзе. Мы – верныя людзі.

Сухі пакутлівы кашаль раздзёр ягоныя грудзі. Ён кашляў у хустку так, што Алесь з жахам чакаў: вось-вось з'явяцца чырвоныя плямы.

– Ямант, кінь, – сказаў Стэфан Баброўскі. – Ты што, не бачыш?

– Толькі не шкадаваць, – праз кашаль гнеўна пракрычаў Віктар. – Толькі не шкадаваць!

– Хто за адмаўленне ад правоў на ўскраіны? – спытаў Зыгмунт.

Акрамя крайняй "левіцы" беларускіх чырвоных узнялі рукі Урублеўскі, Дамброўскі, Стэфан Баброўскі і потым, зірнуўшы на Віктара, Зыгмунт Падлеўскі. Устрымаліся Авейдэ, Звяждоўскі і Серакоўскі. Рашуча супраць быў Ямант.

– Супраць – адзін.

– Два, – з клёкатам сказаў Віктар.

– Хто яшчэ?

– Падлеўскі! Пішыце і яго супраць. Мы тут не літасць вымольваем. Мы патрабуем тое, што нам належыць.

Кастусь, увесь пацямнелы з твару, глядзеў на Серакоўскага і чакаў:

– За што ж стаіш ты, Зыгмунт?

Серакоўскі глядзеў яму ў вочы спакойна і шчыра.

– Не за калонію.

– А аб'ектыўна?

Віктара ўсё яшчэ біў кашаль.

– За канфедэратыўную дзяржаву. За непадзельную Польшчу, у якую на роўных правах з палякамі ўвайшлі б беларусы, літоўцы і ўкраінцы… Мы не маем права паслабляць паўстанне, Кастусь.

– А ўсё ж робіце гэта.

– Чым?

– Словам "непадзельная", – цяжка варухнуў сківіцамі Кастусь. – Чым ты тыды адрозніваешся ад белых?

– Ну, ведаеш…

– Што "ведаеш"? – Твар Кастусёў скамянеў, асіметрычныя вочы гарэлі халодным агнём. – Ваяводствы Мазавецкае, Кракаўскае, Літоўскае, Люблінскае, Беларускае, Украінскае. – І, нібы страшэнную поўху, кінуў: – Можа, яшчэ Крымскае? Цікава, што сказаў бы на гэта твой друг Шаўчэнка?

Зыгмунт сцепануўся.

– Чым ты адрозніваешся ад белых з гнюснай ідэяй "адзінай і непадзельнай"? Чым ты адрозніваешся ад…

– Кастусь…

– Я даўно Кастусь. І я ведаю, што пры словах "непарушны", "непадзельны", "адзіны", калі іх гаворыць мацнейшы, сапраўдных людзей цягне разбіць непадзельнасць, разбурыць непарушнасць. Бо гэта замаскаваны ланцуг рабства.

Вочы ў Кастуся былі ўтрапёныя. Аблічча палала.

– Гэта не нож у спіну. Проста лепей загадзя дамовіцца аб усім, каб цвёрда ведаць, на што спадзявацца. Бо калі вам другараднае становішча – гэта большая ці меншая непрыемнасць, то ў нас пытанне стаіць іначай. Або воля, або не жыць.

– Я не пратэставаў, – сказаў Серакоўскі, – я ўстрымаўся. На маю думку, павінна быць так, але я нікому не навязваю гэтага. Я нават нікому не буду гаварыць пра яе. – Госас Зыгмунта гучаў суха: – Згода. Значыць, мы павінны пашырыць гэты погляд, прыняты цяпер большасцю рады, сярод памяркоўных і весці за яго спрэчку з белымі.

– Сорам! – выгукнуў Ямант. – Гэта падрыў агульнай моцы, грамадзянін Серакоўскі.

– Узаемадапамога! – сказаў Мілевіч.

– Сепаратызм! – сказаў Звяждоўскі.

Алесь зразумеў: нервовасць Кастуся можа сапсаваць справу. Прыйшоў час умяшацца:

– Большасць люзей не разумее, што прымусовасць, другараднае становішча, ланцуг – гэта вечная міна пад еднасцю, што ў такім стане нават між братамі расце пачуццё варожасці, а часам і нянавісці. Самастойнасць і магчымасць распараджацца сабою як хочаш – вось найлепшы грунт для братэрства.

– Чую, чым тут пахне, – сказаў Ямант пасля паўзы. – Рабесп'ераўшчынай, Дэмбоўскім, галіцыйскімі хлопамі, што пілавалі паноў піламі, Чарнышэўскім… Вось адкуль яны і ідуць, вашы крайнія, пачварныя погляды. З дому на Ліцейным.

– Якога? – спытаў Баброўскі.

– Што насупраць міністра дзяржаўных маёмасцяў. З дому гэтага карцёжніка, што піша вершыкі аб народзе, а сам нажыў маёнткі, і нават міністр унутраных спраў кажа, што ён не рэвалюцыянер, бо мае грошы.

Кастусь устаў. У яго пасмыкваліся вусны і шчака, дрыжала левае павека:

– Юзаф, маўчы, Юзаф, не даводзь. Чалавек, які… усё жыццё… Чалавек, які… напалову паляк і спачувае вам. Як табе не сорамна?

І сеў, дзіўна, як не сваімі рукамі, заграбаючы паветра. Запанавала цяжкае маўчанне.

– Прашу слова, – сказаў у цішыні Алесь.

Серакоўскі зрабіў запрашальны жэст.

– Я прапаную выключыць студэнта Яманта з рады і "Агула", – кінуў Алесь. – Я прапаную таксама папярэдзіць усе нізавыя арганізацыі, каб яны не ўздумалі выказваць Юзафу Яманту давер, калі не хочуць варожасці і, магчыма, правакацый…

– Ты што? – усміхнуў Кастусь.

– Раю не ўмашвацца.

– Я вас удару, Загорскi, – сказаў Юзаф.

– Не раю. Прапаную выключэнне.

– Падстава? – спытаў Звяждоўскі.

– Яднанне.

– Ясней.

– Наш трыумф у яднанні. Яднанні з левымі элементамі, якой бы нацыі яны ні былі: палякі, украінцы, рускія, літоўцы, курляндцы… – Ён гаварыў як адсякаючы кожнае слова. – І таму мы павінны з павагай ставіцца да кожнай нацыі, не абражаць яе старой варожасцю, недаверам, сумненнем у яе рэвалюцыйных сілах. Іначай – пагібель. Усе паўстанні грашылі гэтым і гінулі. Відаць, шляхецкіх нацыяналаў гэта нічаму не навучыла… Ты паставіш, урэшце, маю прапанову на галасаванне, грамадзянін Серакоўскі?

– Стаўлю…

Ямант абводзіў усіх вачыма і ўрэшце зразумеў: вочы большасці не абяцалі літасцівага рашэння.

– Хлопцы… – сказаў ён, – хлопцы, як вы можаце? – Голас яго дрыжаў. – Хлопцы, я аддам за паўстанне жыццё!

Усе маўчалі. І тады Юзаф усхліпнуў ад хвалявання.

– Хлопцы, я ніколі не думаў…

– Думай, – сказаў Валеры.

– Я абавязкова буду думаць. Не адбірайце ў мяне права загінуць за радзіму… Я хачу гэтага… Я не магу без вас… Хлопцы, што я, Юда?.. Хлопцы, даруйце мне!!!

Цяпер усе глядзелі на Алеся.

– Выключэнне, – кінуў Алесь.

– Алесь, ты нялітасцівы, – азваўся Віктар.

– Як ты можаш? – спытаў Вярыга.

Маўчанне.

– Ты што, не бачыш? – сказаў Кастусь. – Ён малады, ён дурань.

У хваравітых вачах Яманта стаялі слёзы.

– Я не буду страляцца, хлопцы, – сказаў Ямант. – Мне нельга без гэтай справы, але я не застрэлюся. Гэта нізка для сына радзімы. Але я клянуся вам, я пайду і высачу кагосьці з сатрапаў і стрэлю, а потым дам сябе схапіць… Вазьмі сваю прапанову назад, Алесь… Даруй мне, чуеш?

Загорскі глядзеў у вочы Віктару. Ён ведаў: хлопцы дзеля пачуцця еднасці падтрымаюць яго, але Віктар будзе потым пакутаваць. І хаця ён не лічыў правільным папускаць Яманту, Алесь уздыхнуў.

– Добра, – глуха буркнуў ён. – Я не буду ставіць гэтага пытання. – Не таму, што змяніў сваю думку, а таму, што…

– Мы лічым, што ты маеш рацыю, грамадзянін, – сказаў Валеры.

– Вы лічыце. Але яны унь не лічаць, – Алесь паказаў на крайніх "левых". – Няхай будзе так.

– Добра, – сказаў Серакоўскі. – Значыць, так і запішам: "Аўтаномія, федэрацыя ці поўная самастойнасць – вырашаць пасля перамогі самі народы, у прыватнасці беларускі народ". – І раптам дадаў: – А гулянне ў Пецергофе было сёлета дрэнь.

Алесь азірнуўся і ўбачыў: у дзвярах стаяў гаспадар.

– Час канчаць. Праз палову гадзіны будзе повен дом людзей.

– Згода, – сказаў Зыгмунт.

Дзверы зачыніліся.

…Загорскі і Кастусь выйшлі з курыльні ў вялікую гасцёўню. Там было поўна, але яны не ведалі ў твар амаль нікога. Алесь глядзеў на сябра няўхвальна: усё аблічча Кастуся пайшло дробнымі чырвонымі плямамі, бы ад крапіўніцы.

– Нервы ў цябе, Кастусь.

– Ведаеш, месяц назад са мной здарылася страшнае: абвастрэнне хваробы.

– Якой? Ты мне нічога…

– Ды я думаў, усё прайшло. У мяне некалькі год назад былі прыступы.

– Эпілепсія?

– Не. Проста раптам нібы скуру дзерлі. Кожны нерв у целе аголены. Баліць.

Кастусь гаварыў глуха і хаваў вочы.

– Баліць. Разумееш, ад самай нязначнай прычыны баліць. Ад хлусні – баліць, ад двудушнасці – баліць.

– Што, непрыемна?

– Не. Фізічна баліць. Разумееш, ад самай нязначнай крыўды каму-небудзь. Ад дробязей. Некалькі дзён назад стаю ля Нявы. Бачу, бяздомны сабака выдзер у дзяўчынкі з рук піражок. Дзяўчо бедненькае, галоднае, відаць. Стаіць і плача. І так мне сатла – ты толькі не кажы нікому – і дзяўчынку шкада, і сабаку шкада. Проста – ну, аж сэрца кроіцца! Галоўнае, сабака не адбегся далёка, так і глынуў у падваротні. А дзяўчо плакаць не можа голасна, як здаровыя дзеці. Разумееш, стаіць і, як у нас кажуць, квіліць… Ну, лухта ж гэта, тым больш – я купіў ёй піражок… Дык нa табе – другі купіў і кінуў сабаку, а ён завішчаў і бегчы, нібы я ў яго… каменем.

Кастусёў твар раптам нагадаў Алесю твар дзіцяці.

– І вось амаль што спаць не магу. Як успомню: божа ты мой! Ну хоць бы дзяцей у двары сірочага дому ці старых на лавачцы, на бульвары, а то малпу ў балгарына-катрыншчыка… Далонька, ведаеш, дзіцячая, зморшчаная. І клятчастая сукенка на ёй… Як успомню – нібы гэта я за вольтаў слуп ухапіўся… У мяне… з якога?.. ага, з пятага кастрычніка галюцынацыі. Нібы стаіць нехта фіялетавы і тоўсты. І нічога ў яго няма, акрамя аднаго залатога вока. Стаіць ды краямі сваёй грубой мантыі варушыць. І нібыта хоча есці людзей, не ведаю ўжо якім чынам. А паўз мяне ідуць, ідуць. Маці-нябожчыца без аблічча, ты ў рызманах, Віктар, дзяўчынка з пірагом, сабака… Усе, каго ў жыцці бачыў… І глядзяць… Кожную ноч так.

Алесь спалохаўся. Узяў сябра за грудзі, моцна страсянуў. Каліноўскі здрыгануўся.

– Даруй, мілы, – сказаў ён. І дадаў пасля паўзы: – Памятаеш, сказаў Вежы, што на мой век нерваў хопіць. Баюся, не хопіць. Толькі б гэта здарылася пасля… калі ўжо ў кожнага будзе па пірагу.

– Шкада, што ты не ў мяне, – назнарок груба сказаў Алесь. – Я б табе за твае фантазіі… Пойдзеш сёння да мяне.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю