412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве » Текст книги (страница 5)
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 25 страниц)

А потым усё знікла. Быў свет і ў ім чалавек.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Галава жанчыны ляжала на грудзях мужчыны. Абое мўчалі, нібы баяліся расплюхаць тое, што неслі сабе.

Алесь асцярожна трымаў яе ля сябе, сам не разумеючы, што з ім. Іншай стала ноч. Іншымі сталі салаўі і пах вярбовай кары. Знікла некуды ўтрапёная страшная ярасць. Разбураны свет, што яшчэ гадзіну назад ляжаў у руінах, пачаў збірацца ў адно і, нібы сам сабою, выстройвацца ў нешта зладжанае. І самае пачуццё гэтай гармоніі пасля развалу і дымных руін было шчаснае і вялікае.

Ён нікога не ненавідзеў. Для гэтага новага, для сораму і гонару, для велічы і бязмернай глыбіні новага былі добразычліва-абыякавыя ўсе ворагі на зямлі.

Яна таксама ляжала нерухома. І ў яе сэрцы зліваліся гонар і адначасова цвёрдае разуменне таго, што яна зрабіла.

Усё пачалося з удзячнасці. У тую хвіліну, калі адзінаццацігадовы хлапчук у дарэмным – хіба дарэмным? – пратэсце, які нічога не мог змяніць, крыкнуў Шчуру гнеўныя словы. Гэта было кранаюча і смешна. Яна ўжо ведала: дзіваў не бывае на зямлі.

І раптам гэтыя рукі зламалі шыю лёсу. Такія яшчэ тады слабыя, а цяпер такія моцныя рукі.

Пачалося з гэтага. I ён, малодшы, раптам стаў усемагутны i нiбы старэйшы за яе i даражэйшы за бацькоў, бо яны далi толькi жыццё, а разам з iм рабства, а гэты – свабоду.

А потым прыйшло iншае. Гады тры як прыйшло. Пачалося з гэтай вось карцiны. Гралi "Медэю". Пасля першага ж спектакля прыезджая трупа адмовiлася граць з ёю. "Прабачце, гэта проста ўнiзiцельна для нас", – сказаў дырэктар… Яна ўзрадавалася. Усе гэтыя рымляне, грэкi, iспанцы даўнiм-даўно абрыдлi ёй. Чаму ў п'есах няма звычайных людзей, якiя вакол? Мужыкоў у хаце, вячорак на пакроў, вяселляў, сварак, сконаў? Чаму няма мяшчан, паноў, корчмаў? Чаму на сцэне рухаюцца quasi-iспанцы i на кожным кроку грымiць гром? Хiба такi бедны на трагiзм i на смешнае гэты край? У чым прычына?

Ён, той, што пабач, сустрэў яе ля каскада: відаць, чакаў.

– Вось. Гэта вам.

У пакоі яна разгарнула грубую паперу і ўбачыла хату з каравай белай грушай і чырвань захаду на тварах старых. Старыя чакалі. Як тысячы такіх на яе замлі. Як яе старыя, да якіх яна не вернецца, бо яны памерлі. А тыя, якія яшчэ чакаюць, не ведаюць, што ніхто яшчэ не вяртаўся да роднага дыму і роднай песні…

Раўла ўсю ноч, гледдзячы на квецень, прызбу і чаканне ў вачах старых. А потым зразумела, што кахае. Таму што ніхто так не разумеў яе… Яна ведала розніцу ў гадах, у паходжанні, ва ўсім… Але яна не магла глядзець ні на кога, апрача гэтага хлопца, хаця і ведала ўсю ненатуральнасць таго, што яна беражэ сябе для чалавека, які ніколі да яе не прыйдзе… Трэба было ўцякаць, але яна не ішла адсюль, чакаючы нейкай невядомай адплаты, нейкага служэння яму.

Сэрца балела за тое, што з ім зрабілі. А можа, гэта зноў быў лёс? Іначай яна не магла…

А ён ляжаў і думаў, што яму цяпер няма іншага выхаду, як ажаніцца з ёю, бо дзяўчына даверылася яму.

Няхай лямантуе наваколле – ён iм хутка замажа пашчы.

На хвіліну ў яго сэрцы варухнуўся амаль фізічны боль і нясцерпная шкадоба, але ён здушыў іх. Разуменне між ім і той, што была пабач, удзячнасць за зладжаны свет, дзе ўсё было ў ім і ён быў усё, удзячнасць за ахвяру як быццам змялі былое. Яны былі мацнейшыя.

У яго будзе самая лепшая і самая прыгожая на свеце жонка.

Сакавіты, добры пошчак салаўёў, здаецца, прымушаў дрыжаць зямлю. Ён быў такі свежы і халодны, гэты пошчак.

– Я, напэўна, вельмі дрэнная…

– Чаму? – спытаў ён.

– Так не робяць, так нельга… я ведаю. Але ты ўсё ж абдымі мяне.

– Я хацеў сказаць табе тое самае… Але я таксама думаў, што так нельга.

Іхнія ўсмешкі былі побач.

Абапершыся на локаць, яна глядзела на яго.

Не па ўзросту магутныя плечы, шырокія, як на грэчаскіх статуях, гладкія грудзі. Дасканалая закінутая галава.

Ён таксама глядзеў. Рукі пяшчотныя і тонкія. Валасы іскарцца. Вочы ў цемры вялікія-вялікія.

Гелена перакладвала хвалістыя пасмы яго валасоў:

– "Ў барвянапёрым шлеме і крылатым…"

– Ты памятаеш? – спытаў ён.

– Вядома.

– І я. Ты была такая… Раптам выйшла, рэючы плашчом, – аж валасы на галаве заварушыліся. Мне тады здавалася, што ты была ўдвая вышэйшая за іншых. Гэта не так, але вочы ў цябе і зараз большыя, чым ва ўсіх людзей на зямлі.

– А цябе я спачатку і не бачыла. Сядзіць нехта пабач са старым панам. І раптам крык. Бог ты мой, які! Аж сорамна стала, што нехта так верыць. Я забылася і глянула… Вежа чамусьці потым нічога мне не сказаў.

– Дзіва што, – усміхнуўся Алесь. – Я нават не заўважаў тады, што гэты семінарыст – аўтар – падвёў да Магілёва… мора.

– Не, не тое. Я глянула i ўбачыла хлапчука – я i сама была дзiця. А потым ты прыйшоў увечары i сказаў, што дзiвы павiнны заўсёды спраўджвацца. I я ўсмiхалася, а потым пакiнула ўсмiхацца.

Ён пацалаваў яе рукi.

– Я вельмі шкадаваў цябе. І гэта шкадаванне было, як любоў. І яшчэ было нешта вышэйшае. Я ад яго і зараз не магу пазбавіцца… Не веру, што ты тут, што мая… Гэта як самае вялікае дзіва.

– Дурнік, я вельмі звычайная.

– Не веру. Мне i зараз здаецца, нiбы ты прыйшла да мяне, а потым запалае заранка – i ты падымешся туды.

– Так i будзе. Толькi не туды, а ў нетры. Дзе нават апоўднi – цень.

– Што такое? – непаразумела спытаў ён.

– Потым… І вось ты прыйшоў… Я зразумела гэта як наканаванне.

Усміхнулася:

– Для іншых досыць банальная гісторыя: былы пан і яго былая актрыса. Але ты ніколі не быў панам. Аніводнай хвіліны.

– Аддзiн вечар. I не панам, а рабом таго, што ты рабiла са мной.

…Салоўка спяваў. Адказвалі яму іншыя.

– Слухай, – сказала яна, і ён не заўважыў за яе вонкава спакойным тонам чагосьці глыбока прыхаванага. – Ты дзівосна чытаеш. Памятаеш, ты чытаў нам аднойчы, калі мы папрасілі, англійскія вершы? Лепшае, што я калі-небудзь чула.

– А, памятаю… "Энабел Лі" Эдгара По.

 
І паўночны вецер дыхнуў і адняў
У мяне Энабел Лі.
Але неба анёлы і духі зямлі
Да канца не маглi, не маглi
Адарваць душу маю і разлучыць
З душою Энабел Лі.
 

Ён абдымаў яе, а недзе за акном цягнулася да зор вампір-трава.

 
У магіле, дзе край зямлі.
Там, ля мора, дзе край зямлі.
 

– Дзякуй табе, – дзіўным голасам сказала яна.

Яна амаль супакоілася. Яна ўсё ж пачула ад яго словы кахання, хоць і звернутыя да другой.

…У гэтым голасе быў лёгкі акцэнт, з якім гавораць у Дрэгавічах. Трохі дзіцячы акцэнт, які нараджаў мяккае шкадаванне, імкненне абараніць яе.

…Алесь ляжаў на спiне, адчуваючы, што нейкая невядомая сiла вось-вось, вось зараз падыме яго, i ён без адзiнага руху так i паплыве над шатамi дрэў, над кручамi Дняпра. I раптам нешта штурхнула яго, нiбы абарваўшы палёт.

– Чаму ты казала аб нетрах, дзе нават апоўдні – цень?

Яна адчула: прыйшоў час. Больш маўчаць было нельга. З кожнай хвiлiнай яны больш i больш прывязвалiся адно да аднаго. Асаблiва ён. Бо ў яго не было яе думак i яе цвёрдага рашэння.

– Ты не павiнен, – сказала яна. – Не павiнен.

– Я хачу, я кахаю цябе.

– Не мяне, – сказала яна. Табе патрэбна другая. Ты кахаеш яе. Ты яшчэ не разумееш гэтага, але ты кахаеш яе.

– Не, – сказаў ён. – Не.

– Так, – сказала яна. – Гэтая нянавісць – гэта проста ваша маладосць. Неўраўнаважанасць.

– То як жа тады?!.

– Ты хочаш спытаць "нашто"? – яна горка засмяялася. – Табе былi патрэбны вера i сiла… Вялiкая мужнасць i ўпэўненасць. Цвёрдасць. Хлопчык мой, дарагi, – яна лашчыла яго валасы. – Ты дай мне слова… Табе не трэба больш нiколi быць са мной.

– Калі? – урэшце, пад страшнае падзенне сэрца, паверыў ён.

У ягоным голасе жыла халодная роспач.

– Скора, – злітавалася яна. – Я скажу табе.

– І ты магла?..

– Бог мой. Гэта так мала.

– А знявечанае жыццё?

– Я не збіраюся яго прапаноўваць каму-небудзь яшчэ… І потым, хто мне яго даў?

Ён паверыў: пераканаць яе нельга.

– Будзь мужчынам, – ціха сказала яна. – Побач ці далёка – я заўсёды буду помніць цябе і сачыць за табой. Ледзь толькі табе будзе вось так і нікога не будзе побач – я прыйду. Я даю табе слова, першы мой і апошні.

Ён сеў, абапіраючыся на адну руку, і пачаў глядзець у ноч за акном. Ён маўчаў, хаця яму было дрэнна. Але ён стаў іншы за гэтыя некалькі гадзін. Ён не ведаў, што гэта якасці сапраўднага мужчыны. Але ён цяпер нізавошта не згадзіўся б пакутаваць на вачах у іншых. Ён ведеў, што ён ніколі ў жыцці не заплача, акрамя як па незваротнай страце, якая ёсць – смерць. Проста нібыта развучыўся. Ведаў, што ніколі не страціць сябе, пераконваючы цвёрдую рашучасць. Нізавошта не згадзіўся б упрошваць, бо гэта прыніжае.

Пад ягоным болем жыла павага да слоў такой жанчыны. Яна не хлусіць.

Алесь глядзеў у начны парк, дзе заміралі ў пошчаку апошнія салаўі.

Быў боль і было мужнае прымірэнне. Усё адно, усё адно зоры сталі зорамі, свет светам, а чалавек чалавекам.

VI

На Дняпры стаяла магутная палавень. Вышэй Сухадола вялікая рака разлілася на дванаццаць вёрст. Сонца гуляла ў ёй, і побач з гэтым магутным ззяннем мізэрнымі здаваліся бліскаўкі манастырскіх купалоў на тым беразе.

На ўзараных гародах зямля была чорная, ільсняная на адвалах, і сляпуча-белыя яблыні стаялі на чорным, як нявесты. Вось-вось павінен быў зацвісці бэз.

Залатымі падкрыллямі траплялі на вільчыках і ля шпакоўняў леташнія шпакі. Гэта была іх першая сапраўдная вясна.

І гарадок, і вёскі вакол, калі ўзлезці на вільчык высокага даху, бліжэй да шпакоў, здаваліся букетамі снежных кветак. І толькі спрактыкаванае вока бачыла шэры колер у гэтым белым разліве. Бо гэта была квецень.

Бруднавата-белая ад тычынак квецень яблыневых садоў.

На разліве, сярод магутных дубоў, што стаялі па пояс у вадзе, прыткнуліся адзін да аднаго некалькі чаўноў. На верхавіне аднаго з зялёных волатаў варушыўся маленькі адсюль чалавечак, галавасты Лявон Кахно.

Ягоныя старэйшыя браты – шыракатвары дабрадушны Пятрок, белы, аж сівы Іван, тонкі і спрытны, нібы ўюн, Цыпрук і буркатлівы целяпень Макар – сядзелі ў адным з чаўноў. Розныя і падобныя. З вялікімі вачыма. Вусны ружовыя, насы з лёгкай гарбінкай.

Другі човен – другія і людзі. На стырне сядзеў Цыпрук Лапата з Азярышча, галава вялікага роду з сыноў, дачок і здольнікаў[14]14
  Прымак або прыёмыш, наконт якіх загадзя абумоўлена, што яны, як і родныя дзеці, маюць права на частку той гаспадарскай зямлі, якую абрабляюць.


[Закрыть]
. Вялізны, як мядзведзь, пахмуры, вочкі маленькія, сонныя. Разглядаў вясло, нібы нічога цікавейшага не магло быць. У ягонай байдзе, між мокрых сецяў, рыбы і сцяблаў[15]15
  Доўблены гладкі латок з ліпы, на які ўкладаюць сець, каб не блыталася.


[Закрыть]
, на атрутна-зялёным ад вады сене сядзелі тры сыны – глядзелі на бацьку, каб ведаць, што рабіць.

Старэйшы, Юллян, трымаў на каленях – як бацька вясло – крамянёвую стрэльбу з гранчастым ствалом і цёмным пудовым прыкладам. Па прыкладзе віўся ўрэзаны ў драўніну і расплясканы малатком медны дрот. Для прыгажосці… Шыракакоснае аблічча Юлляна з вельмі шырокім, але прыгожым ротам і моцнымі сківіцамі было бледнае.

Перад ім сядзеў другі сын, Аўтух. Чысцюткая белая кашуля. На ёй – кажух без рукавоў, аўчынай наверх. Белыя доўгія валасы зблыталіся, падаюць касмылямі ледзь не да плячэй і прыкрываюць лоб. Ад гэтага за вярсту патыхала бязладнай павольнай сілай. Пукатыя, як бачулкі, грудзі, тоўстыя рукі. А твар худы, хоць і шыракакосны, і ўвесь у мускулах ля сківіц, рота і шчок.

У носе байды ляжаў, успёршыся локцямі на вільготнае сцябла, малодшы з прысутных Лапатаў – Янук. Валасы таксама зблытаныя, рот таксама вялікі і жорсткі. А вочы – большыя, чым ва ўсіх братоў, задумлівыя, трохі жорсткія.

Андрэй і Кандрат Кагуты з трэцяга чаўна глядзелі на Янука насцярожана і трохі іранічна. Памяталі, што гэта праз яго Галінка Кахнова вымушана была калісьці прасіцца ў Андрэеў човен. І яшчэ ведалі, што рана ці позна, а ім з Януком давядзецца сутыкнуцца.

У чацвёртым чаўне, што прыткнуўся да самага дуба, сядзелі млынар Грынь Паківач і, узмажнелы за гэтыя гады, увесь нібы біты сіверам і сонцам, Корчак. Бялявыя валасы выцвілі, дрымучыя чорныя вочы глядзелі пранізліва. Пад бруднаватай белай світкай, за чырвоным паясом, былі два пісталеты і доўгі, дзюймы на чатыры даўжэйшы, чым ва ўсіх, корд.

Паківач у карме трымаў вясло, не зводзячы вачэй з хлопца на верхавіне дуба. Пранізлівых, жоўта-бурштынавых, бы ў спайманага коршака, вачэй. Сухі, амаль безбароды твар з рэдкімі вусамі нібы яшчэ больш падсох ад насцярогі і чакання. Ля яго ног ляжалі дзве стрэльбы, прыкрытыя світкай.

– Той, хто ад вас ад'ехаў, гэта хто? – спытаў Корчак.

– Загорскі малады, – адказаў Андрэй.

– Гм, – Корчак прыжмурыў вочы. – А з ім?

– Кірдун Халява.

– Шкада, – сказаў Корчак. – Чаго яны тут?

– А што, Дняпро для цябе толькi? – спытаў Кандрат. – Ён ужо трэцi дзень у нас. Нельга было не ўзяць. Вось мы ўчора назнарок стаўную сетку ля трох вербаў паставiлi, а сёння пагналi яго здымаць. Час ёсць… Ты не зыгуй, Корчак, ён чалавек харошы.

– Значыць, паспяшаемя, – сказаў Корчак. – А ты, Кандрат, глядзі. Як на скрут галавы робіш. Каб не пашкадаваў.

Кандрат усміхнуўся аднымі зубамі:

– Ты яшчэ не пануй. Ты мужыкоў не ведаеш. Калі нехта і пойдзе да цябе – ты не задавайся, атаман. Ты з імі – як з братамі. Яны нацярпеліся. Ім новага пана, ды яшчэ з хамаў – не трэба.

– Што вярзеш? – спытаў ваўкаваты Юллян.

– А тое, што твая спіна, відаць, па новым сядле плача, Юллян. Не дай бог з хама – пан, а дзярма – пірог.

Паківач нечакана згадзіўся:

– Я табе гэта, Корчак, сем год назад казаў.

Корчак стрымаўся.

– Добра. Пагарачыўся я.

– I я кажу, – сказаў Кандрат. – А станеш гарачыцца – справы не будзе. Непамысна табе – нiхто не трымае. Адварочвай ды вяслуй ваду. А хочаш застацца – нас паважай. Мы табе сябры, а не парабкi. Прыгон – ён на ўсiх ляжыць. Таму i наважылiся бунтаваць.

Корчак засмяяўся.

– Ну, до, до. Сам разумею. Мужыкі-і. Адна мы кроў. На адной вадзе замешаныя. – І ён паказаў на бязмежную палавень: – На ягонай вось.

– Расказвай, – кінуў Кандрат.

– Я некаторым панкам пад Дошчыцай учыніў-такі, – сказаў Корчак. – Ноч на чыстую пятніцу. Два маёнткі спалілі хлопцы…

– Замест божых свечак ды паходняў, – са змрочнай весялосцю сказаў Цыпрук Лапата. – Ды што з таго? Гэта сто вёрст Дняпром. Да нас і дымком не патыхнула.

– Цяпер вас тут чакаюць, – буркнуў ваўкаваты Юллян Лапата. – Чаго вас туды панесла, калi ворагi – тут. Кроер – тут. Мусатаў – тут. Патаўпешкi гэтыя, Таркайлы – тут.

Бацька іранічна глядзеў на сына:

– Не думаў я, што ты такі. Ведаў, што дурань, але што такі-і…

– Бацька кажа праўду, Юллян, – сказаў Корчак. – Адсюль пачынаць – канцы былi б. Кроер дачуўся. Ён з восенi сотню чаркесаў у маёнтку трымае. Без крывi не абышлося б… Ды яшчэ ў наваколле блакiтных нагналi, салдат, жандармаў. Атрымлiваецца, ты мяне на смерць запрашаеш, а морда такая – нiбы на чарку.

– Асёл, – сказаў Янук.

І асекся. Аўтух паклаў яму на плячо далонь, сціснуў.

– Не вякай… наша справа… малая. Слухай… вось.

Непрыемныя людзі былі Лапаты. Андрэй і Кандрат, пераглянуўшыся, зразумелі, што падумалі адно і тое ж.

– Яны нас тут чакаюць, – сказаў Корчак. – А я іду ў другое месца. Куды – пачуеце. Вы астаяцеся. Перадавайце мне весткі. Людзей рыхтуйце, хто захоча. Ты, Аўтух, адразу, як толькі даведаешся, што салдатні паменела, – да мяне. Я тады скора прыйду! Ну, хто з вас тады са мной пойдзе?.. Лапаты – гэта ясна. А хто з Кахноў?

– Я, – нечакана адказаў з верхавіны дуба галавасты Лявон. – Вы там цішэй. Па вадзе далёка чуваць.

– Добра, – сцішыўся Корчак. – Яшчэ. Смялей, хлопцы. Памагаць-то вы тут усе памагалі. І жэрці збіралі… і порах… і хавалі, калі трэба. А вось пайсці разам, калі прыйду? Калі сыраядцаў гэтых трэсці будзем?

– Бадай, я, – сказаў Іван.

Кандрат і Андрэй пераглянуліся. Іван быў любімы Галінчын брат.

– І я, – сказаў Пятрок Кахно. – Я – з Лявонам.

– А вы?

– Мы – не, – адказаў за сябе і Цыпрука Макар. – Не выпадае. Зямлю тады каму араць?

– Як хочаце, – сказаў Корчак. – Праспіцё толькі царства нябеснае.

Чорныя пранізлівыя вочы сустрэліся з вачыма Кагутоў:

– А вы?

Кандрат зірнуў на Івана, і той зухавата падміргнуў яму.

– Што ж, – уздыхнуў Кандрат, – бадай што, і мы. Чаго тут. Бунт дык бунт. Кожны год бунты.

Прыдняпроўе сапраўды бунтавала часта.

– Добра, – сказаў Корчак.

– Ты не злуй, – сказаў Цыпрук Кахно. – Мы не даносчыкі. Дапамагацьмем.

– І на тым дзякуй, – схіліўся Паківач. – Вольнаму воля.

– Ты абяцаў Даньку-пастуха прывесці, – сказаў Кандрату Корчак. – Што там?

– Не спакушаецца, кажа: лухта ўсё. Што мне, кажа, дзевак мала ці ежы? Кормяць, кажа, людзі і ў торбу кладуць, і на зіму даюць.

Кандрат так перадражніў Данькаву інтанацыю і міну, што ўсе зарагаталі.

– До, – раптам сказаў Корчак. – Цяпер, хлопцы-казакi, кажыце, каго тут перш за ўсё палiць будзем, калi прыйду.

Усе трохі прымоўклі. Адно – бунтаваць "недзе там", а зусім іншае – у наваколлі, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць. Адна справа – пускаць чырвонага будзіміра недзе пад Дошчыцай, а другая – выракаць на "агонь і паток" людзей, якіх ведалі.

– Землi Загорскiх нам не па зубах, – падштурхнуў людзей Корчак. – Гэтыя хоць i цiхмяныя, але адчайныя. Так будуць баранiцца – пыл ад нас паляцiць.

Дабрадушны Пятрок Кахно раптам узлаваўся:

– На такіх нападаць – мы табе, Корчак, не сябры, вось што.

– Што, цяляты?

– Цяляты не цяляты, а супроць такіх ісці – душу загубіць. На злых так пойдзем, што нас яшчэ на шворцы трымаць будзе трэба. А добрых – не руш.

– А прыгон?

– Не яны яго завялі

– Прыгон…

– Тфу! Ты ідзі глянь, як у Магілёве лупалаўскія кажамякі жывуць?! Як грабянечнікі ў Падуспенні?! Крывёй харкаюць, а вольныя людзі.

Лагодны Андрэй змяніўся з твару. Пяшчотны глыбінны румянец заліў твар.

– І тое праўда, – сказаў раптам Аўтух. – З добрых пачнем, а як за злых возьмемся – то бараніць іх салдат нагоняць.

Бацька здзівіўся. Глянуў на сына нават з нейкай павагаю. І словы Аўтуха прымусілі задумацца нават Корчака.

– Чаго спрачаемся? – упарта сказаў Корчак. – Я не згодзен. Але я і кажу: не па зубах. То з каго?

– З Кроера, – сказаў з дуба Лявон Кахно.

– З яго, – сказаў Пятрок. – з яго, сабакі.

– I тое, – сказаў Корчак. – Я сам казаць не хацеў. Падумалi б: з-за сябе. Згода, Кроер. Яшчэ хто?

– Браніборскі, – сказаў Юллян Лапата.

Аўтух запыхкаў, як вожык.

– Нашто? Ён, кажуць, волю даць хацеў.

– А ты спытаў мужыкоў? – вочы Паківача бліснулі. – Не хочуць яны такой паганай волі, без зямлі.

– Нам, хлопцы, наогул цяжка будзе, – раптам сказаў Іван. – Час трохі не той, – ён сарамяжліва ўсміхнуўся. – Я не баюся, але проста… чуткі гэтыя, што вось-вось волю дадуць. З зямлёю. Каму ахвота, чакаючы на такое, галаву скручваць? Кожная грамада – як крушня каменная. Не зрушыш. Ляжыць на сваім лапіку поля і маўчыць.

Iван нiбы выказаў думку кожнага. Бо ўсе тут баялiся i падсвядома ведалi: вялiкай грамады цяпер не ўзняць. Але i чакаць было горш за смерць.

А Корчак ведаў усё лепш за iншых. Не ўзняць грамаду. Усе чакаюць. Не ўзняць. Хiба што потым, калi воля выйдзе нейкая не такая, якую чакалi.

Але яму было няўсцерп чакаць. Яшчэ i яшчэ чакаць. Як сем год ужо чакаў. Маўчаць. Хавацца i перахоўвацца. Мгчыма, зноў тры-чатыры-сем год.

Не трэба было выказваць ім сваіх думак. І ён з трохі ненатуральнай рашучасцю сказаў:

– Уздымем, не ўздымем. Гэта тады ясна будзе. Не ўздымем, то пачакаем. Пад намі не гарыць. А паспрабаваць трэба. Быдла ўжо мы, а не людзі – вось да чаго давялі. Кроер рабуе. Мусатаў страляе ў людзей… Абароны цёмнаму чалавеку няма. Прыйдзеш у суд – што давядзеш, калі гаворкі іхняй не разумееш?.. Ваўкі. А з ваўкамі – па-воўчы. – І перапыніў самога сябе: – Значыць, вырашылі: Браніборскага… Яшчэ каго?

Запанавала маўчанне.

– Раўбіча, – сказаў раптам Кандрат.

– Ты што? – паспрабаваў быў спыніць брата Андрэй. Але Кандрат павярнуўся да яго і аднымі вуснамі кінуў:

– Маўчы!

Аблічча было такое рэзкае і гнеўнае, што Андрэй змоўк.

– Раўбіча, – паўтарыў Кандрат.

– Нашто? – спытаў нехта.

Над чаўнамі павісла няёмкая маўчанка. Ніхто, акрамя Андрэя, не разумеў, чаму Кандрат Кагут аддае грамадзе, будучаму разгрому і агню, суровага звонку, але памяркоўнага пана Яраша.

Андрэй сядзеў і толькі маліўся сам сабе, каб ніхто не здагадаўся аб прычыне, аб ганьбе Загорскіх. Але ніхто, відаць, нічога не ведаў.

– У Раўбіча можна разжыцца на зброю, – сказаў Кандрат. – Можна і ў іншых багатых радоў, але тыя сцерагуцца.

– Несумленна, – сказаў Пятрок.

– То і памры на сваім сумленні, як страляць пачнуць, – сказаў Кандрат.

– А праўда, – сказаў Аўтух Лапата. – Я не чуў, каб Раўбiч… нешта такое… Але, пэўна, пад добрай скурай – дрэнь.

– Гэта чаму? – спытаў Пятрок.

– Куды дачку… аддае? – сказаў сонны Аўтух. – З кім… парадніцца хоча?

Андрэй пакутліва пачырванеў. Размова ўвесь час скакала вакол небяспечнага: Хаданскі – Раўбічы – прапановы дзядзькаванага брата… Вось-вось…

– Ваўка да ваўка цягне, – змрочна сказаў Корчак. – Згода, пускаем агонь.

Аблічча Кандрата ззяла гнеўнай радасцю.

– Раўбiча, – нiбы не мог адарвацца ад гэтага прозвiшча, паўтарыў ён. – Вужак ганяць сабралiся, а пра гадзюку нiхто не ўспомнiў. Хаданскiх палiць трэба.

– Хіба толькі паліць? – гэта сказаў усмешлівы Лявон з верхавіны дуба.

– Вынішчыць, – сказаў стары Лапата.

– Значыць так, – сказаў Корчак. – Як толькі тут супакояцца – хай нават праз год, – збіраемся і ідзём. Спачатку дзелімся на дзве гурмы. Адна – на Кроера. Другая – на Хаданскіх, адтуль…

– На Раўбіча, – сказаў Кандрат.

– …на Раўбіча, а потым, Браніборскага попелам пусціўшы, на дапамогу тым, што ў Кроераўшчыне.

– Чаму так няроўна? – спытаў Янук.

– Вельмі проста, хлопча, – сказаў Корчак. – Ты там не быў, а я меў шчасце. У яго гэтых сабутэльнікаў, загонавых прапойцаў, сотня, дый чаркесаў ён наўрад ці адпусціць. Ведае. Малой крывёю не абыдзецца. Так што адны абложаць, каб сарока не праляцела, падмогу не паклікала. А другія справы свае зробяць дый прыйдуць.

Сіняе мора повені ляжала вакол. Скакала па ім залатое рабацінне. З верхавіны дуба пачуўся раптам голас Лявона:

– Човен з гэтымі двума.

Людзі пачалі збірацца, адвязваць чаўны. Лявон спрытна, як куніца, спускаўся з дрэва.

– Пагаварылі, – сказаў Корчак. – А шкада, нельга… Мужык побач. Падплысці б ды адправіць гэтага гарлачыкі расціць.

I тут Андрэй са здiўленнем убачыў, як страшна – нiколi ў жыццi такога не бачыў – змянiўся з аблiчча брат.

Кандрат Кагут спрытна, як кошка, не абапіраючыся рукамі, устаў на ногі: душагубка амаль не загайдалася.

– Ты пашкадуеш, калі зачэпіш яго ці кагосьці з Загорскіх.

Корчак пачырванеў. І адразу на гэтым загарэлым абліччы выступілі два, крыж-накрыж, шнары: сляды Кроеравага карбача. Яны былі ледзь прыкметны, але здагадацца – хто ведаў – можна было.

– Ого, – сказаў Корчак. – Ану.

Пад свiткай, ля ног Пакiвача, варухнулася руля стрэльбы. Андрэй узяў у рукi свае восцi.

Корчак абвёў натапыраных праціўнікаў вачыма і стрымаўся:

– Тлумач.

– Ён мой брат. І гэтага досыць.

– Яно і відаць, што панскія лізунчыкі, – сказаў Янук. – Панскую зямлю панскімі коньмі араце. На панскія грошы Паўлюк з Юрасём школку скончылі…

Ён змоўк. Шырокі, белы ад вастрыні трызубец восцяў вісеў на ўзроўні яго вачэй.

– Лiзунчыкi… – сказаў Кандрат. – Мы, Янучок, не лiзунчыкi, а дурнi, калi з такой навалаччу, як ты, разам галовы складаць збiраемся. Не варта было б. А ты ж, пэўна, чуў, чыёй воляй тая дзеўка Хаданскiх зямлю ды свабоду атрымала? Не тваёй. I чыёй воляй паншчыны на гэтым лапiку амаль няма, таксама чуў. I што сам ты нi гвалту, нi згону не ведаеш… I на каго па гэтай прычыне суседзi зубы гостраць.

Размахнуўся восцямі. Андрэй, ведаючы брата, толькі ўздыхнуў: пранесла.

– Ды табе гэтага, губа нясытная, мала. Ты не аб усіх дбаеш. Ты сам бы толькі ўсё, што вакол, пад зад згроб дый сядзеў бы, пакуль… аж да сэрца не згніў бы. Шэры князь, морда твая паскудная. – Задыхнуўся. – А той – просты. З намі, з усімі світачнікамі, як роўны. Каб табе ягоную сілу – мы б праз тыдзень усплакаліся б. Крывёю сплылі.

Павярнуўся да Корчака.

– Гінуць з табою згодны. Але гэтаму роду калі будзе нешта – Азярышча табе будзе вораг, Вітахмо – вораг, Загоршчына – вораг, Татарская Грэбля – вораг, Сцюдзёны Яр – вораг.

Андрэй таксама ўстаў.

– Святое – вораг, – сказаў ён, нібы прабачэння прасіў. – І Ведрычы – вораг… І іншыя, лікам сорак вёсак – ворагі.

Кандрат крыва ўсміхнуўся.

– Хапаць ды выдаваць мы не будзем, – сказаў ён, – крый божа. Проста не будзе табе ні хлеба, ні страхі. Праз тыдзень сам да Мусатава прыпаўзеш, калі не возьмуць. Таму што імі, простымі, трымаецца кожны лясны брат… Імі, Корчак.

Корчак узняў руку:

– Хопіць, Кандрат. – Зірнуў на Янука і на хаду сарваў злосць: – Праз твой язык, лайнік ты, звяга, справу маглі б заваліць. Больш ты мне языка не высалоплівай. – І зноў да Кандрата: – Кінь. З-за лухты мала не перасабачыліся, як гайня.

– Гэта не лухта.

– Добра. Ты супакойся. Веры ўва мне няма. Але, шануючы цябе, спрачацца не буду. Што б ні было – гэтыя людзі, і, вядома, твой брат, астануцца жывыя. Нават у цёмным лесе. Нават калі на наш табар з лесу вылезуць… Ну? Цяпер згода?

– Згода, – астыў Кандрат.

– Сябры?

– Сябры.

– То тады бывайце. Пакінем іх, хлопцы, дый самі развітаемся.

Зацурчала пад вёсламі вада. Тры чаўны пачалі паспешліва аддаляцца. Спачатку іх закрылі бліжэйшыя рэдкія хмызы, потым дальнія. Часцей і часцей.

Праз некалькі хвілін усе яны зніклі за шапкай вялікага дуба… Кагуты засталіся адны.

– Ты, брат, бачу я, гара-ачы, – сказаў Андрэй.

– Бывае.

– А ты чаму не сказаў, што гэта Алесь карбач з Кроеравых рук выдраў?

– Пашкодзіла б. Корчак ганарысты. Дагэтуль усім кажа, што смяротны Кроераў бой вытрымаў адзінай толькі сваёй жывучасцю. І раптам – нa табе, панская ласка.

Кандрат зясмяяўся:

– І так слова выдралі… Паплывем насустрач, ці што?

Замест адказу Андрэй моцна павярнуў човен. Кандрат пахіснуўся, але спрамогся сесці:

– Здурэў, сяло дурное! Чаго ты?!

– Проста хацеў паглядзець, як ты, такі доўгі, як конскі шчавук, пляснешся.

– Сам такі, – сказаў Кандрат.

– І тое праўда.

Човен павольна плыў між рэдкіх дубоў. Сляпучае сонца з вышыні глядзела ў ваду. Браты маўчалі.

– Кандратка, – ціха сказаў Андрэй, – навошта ты гэта зрабіў… з Раўбічамі?

– Ты ля царквы на Галінку глядзеў, – падкусіў Кандрат, – і Алесевага твару потым, у карчме, не бачыў… Ненавіжу я гэтае подлае племя, што яны з ім зрабілі… Не мае права ніхто такое рабіць ды на літасць спадзявацца. Аплявалі, а потым… тая… на вялікдзень.

– Яна мне здавалася добрай дзеўкай.

– Мне таксама… здавалася.

– Ён дараваў.

Кандрат успыхнуў:

– Ну, ведаеш!.. Маўчыць пан бог, ды не маўчаць людзi.

– Цс-с, – сказаў Андрэй.

Наводдаль паказаўся човен з Алесем і Кірдуном.

– Гэй! – гукнуў Алесь. – Бачыце?

I прыўзняў з чаўна вялiкага лiлаватага сома. Трымаў з напругай, бо галава рыбiны была на ўзроўнi грудзей хлопца, а хвост згiнаўся на дне чаўна.

– Атаман, – сказаў Алесь.

– Тванню будзе пахнуць, – сказаў Андрэй.

– Вымачым, – сказаў Алесь. – Во атаман дык атаман.

– Нешта ты, Кірдун, увесь час з хаты ўцякаеш, – прычапіўся да першай тэмы Кандрат. – Што, жонка не грэе?

Кірдун з добрай мяккай усмешкай паціснуў плячыма.

– Ды што… Тут жывеш, як вольны казак. Плывеш сабе, сонца вакол. А дома… Бабы гэтыя. Шкада ж іх біць, слабыя… Лаяцца – сабе даражэй. Дый хваліць няма за што.

І па дурасці ляпнуў:

– Жанчыны гэтыя – ну іх да д'ябла! Вось і паніч Алесь са мной згодзен.

Андрэй лыпнуў вачыма.

Кандрат, нібы толькі тут заўважыў сома, паспешліва сказаў:

– Праўда твая, Алесь, – атаман… Колькі яму год можа быць?

– А чорт яго ведае. Многа.

Чаўны ляцелі зусім побач па плыні, між зялёных дрэў.

– З рыбамі гэтымі бяда, – заліваўся Кандрат. – З вялікімі. Дзеда Бельскага ведаеш, Алесь?

– Ну. Заіка?

– Ага. І ў портках калашыны рознакаляровыя. Еду аднойчы, а ён вялізную шчупачыху спаймаў. І нанізвае, хоча пад лазу прывязаць, каб жыла. І так пяшчотненька кажа: "Р-р-ра-буша м-мая, р-раб-буша. Заўтра яўрэям цябе прад-дам". Аж тая раптам – боўць! І пайшла. То Бельскі як завёўся: "А туды т-т-т-т…". І так да самага Сухадола.

Чаўны выплылі на сіні абшар. Роўны на многія вёрсты, імклівы і спакойны, ён імчаў да далёкага мора і ўвесь зіхацеў пад залатым сонцам.

Жыццё было спакойнае, але нічога не абяцала. І таму Алесь амаль узрадаваўся, атрымаўшы "з вернай аказіяй" ліст ад Кастуся. Ліст абяцаў трывогу і працу вышэй сіл.

Кастусь пісаў:

"Усё ў свеце плыве хутка. Мне здавалася, нядаўна пісаў табе. А мінула амаль сем месяцаў. Не апраўдваюся. Закруціўся я тут. Ды і ты, відаць, бо адказаў на адной старонцы… Што ў цябе? Паненка Міхаліна?.. І, напэўна, ўжо і вяселле скора?

У кастрычнiку я стаў студэнт iмператарскага Санкт-Пецярбургскага унiверсiтэта, а праз адзiнаццаць дзён мяне вызвалiлi ад платы за навучанне. Бачыў ты? Дзiвосы! Ва ўсякiм разе, дзякуй iм. Магу жыць… Я наогул "шчасця балавень бязродны". Атрымаў урок, якi дае каля трохсот рублёў ў год. Гэтага досыць.

Можна было б жыць. І ўсё ж я, відаць, аддам перавагу голаду, бо не хачу бываць у гэтым доме… Уяві сабе істоту накшталт вашага пана Мусатава, толькі забагацелага і з сякімі-такімі тытуламі. Гэта страшна – чалавек без перакананняў, ці то з тымі "перакананнямі", якіх сёння трымаецца Дзяржаўны савет. І сына, нядрэннага хлопчыка, паспеў сапсаваць і разбэсціць. Часам гаспадар прыходзіць, сядае ў рэкрэацыйнай і гадзінамі даводзіць, што наш край – праваслаўны і што я, напрыклад, каталік памылкова. Няхай нават так. Я ведаю, што і продкі Міцкевіча былі праваслаўныя, але ва ўсіх гэтых разважаннях столькі сытага свінства, яны выклікаюць такую гідоту, што я ў сектанты пайшоў бы, шамана слухаў бы – толькі не яго. Бо тых гоняць, а за гэтым – тупая сіла, якая спрачаецца толькі для добрай работы страўніка, а ўвогуле ўважае за лепшае душыць.

Татаршчына!

Алесь, я ведаю, гэта глупства – адмаўляцца ад магчымасці не жыць у нэндзы. Скажуць: "Дзяцініцца, дурань. Ну, паслухай якую гадзіну. Затое астатні час жыві як хочаш". Але гэта не лухта. Я не магу саступаць нават у дробязях. Мне здаецца, калі я сцярплю, калі я зраблю выгляд, што не чую, – я сцярплю і большае, не пачую, калі народ пачне крычаць ад болю. Сцярплю, калі будуць пляваць на мяне і яго. Кожны падлец калі-небудзь рабіў першы крок да подласці. Я не хачу яго рабіць. Я не саступлю і цалі. Мяне не на тое нарадзілі.

І потым, мы і так занадта церпім, і так ідзём на кампрамісы, да яшчэ кожны з іх тлумачым необходнасцю. Я не хачу.

Сапраўдным людзям улада жыць не дае. Дае толькі такім, як мой генерал, тым, што "ўвайшлі ў розум", то бо жаруць, п'юць, спяць з законнай жонкай ці з рабынямі, калі жонка не ведае, і не думаюць ні аб чым, акрамя прасоўвання па службе да ўласнай кішэні.

І яны жывуць, вернападданыя: плодзяць вырадкаў, падлюжаць, крадуць і ліжуць зад начальству і моляцца за "царствующую фамилию".

Гэтым, і толькі гэтым, даюць жыць.

Сядзіць, павіч, і лае сучасную літаратуру: "Якое гэта прыгожае пісьменства? Дзе ж тут вытанчанасць? Чаму гэта ўсё вучыць народ?"

Словам, можаш красці і забіваць, абы толькі прапаведаваў пры гэтым высокую мараль. Можаш кожны дзень хадзіць да Фрын на Лігаўку, абы прапаведаваў законную любоў да бога, імператара і жонкі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю