Текст книги "Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве"
Автор книги: Уладзімір Караткевіч
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 21 (всего у книги 25 страниц)
Гусар і Хаданскі, якія не чакалі стрэлу і глядзелі на Мсціслава, кінулі вачыма на Франса і падумалі, што Загорскі ў сваю чаргу прамахнуўся.
– Наш! – закрычаў Ілля. – Наш стрэл!
Кінуўся да Раўбіча з другім пісталетам.
Франс, яшчэ не разумеючы, стаў уздымаць руку.
Мсціслаў крэкнуў з прыкрасці. Выбіцкі з жахам глянуў на Алеся. Усё гэта Загорскі заўважыў у долю секунды… Франс цэліў яму проста ў лоб.
"Ну, вось і ўсё, – падумаў Алесь. – Ён не здаволіўся".
I раптам нешта здарылася. Твар Франса здрыгануўся і ўвесь нібы закалаціўся.
Франс… кінуў пісталет вобзем.
"Пэўна, курок зломіць", – яшчэ нічога не разумеючы, падумаў Алесь.
Раўбіч зрабіў некалькі крокаў ад месца сутычкі – цень ягоны загайдаўся на роснай шэрай траве, – а потым кінуўся да Алеся, яшчэ на бягу працягваючы рукі.
– Алесь… Даруй мне… Даруй…
Якубовіч паглядзеў на дзве постаці, што зліліся ля аднаго з плашчоў, і суха сказаў Іллі:
– Мяркую, наша прысутнасць тут больш непатрэбна. Дзіцячыя гульні.
Яны пайшлі да коней. Ніхто не звярнуў увагі, як яны рушылі краем дубовага гаю.
…Калі праз некалькі хвілін з боку сцежкі на Раўбічы даляцеў шалёны пошчак капытоў, Франс адарваўся ад Алеся. Вусны ягоныя трэсліся. Шчокі былі заліты слязымі.
– Братка, – сказаў ён, – адпусці яе са мною. Я клянуся табе, я ўгавару бацьку… Да канца, да самага канца можаш разлічваць на мяне.
XIII
Пецярбург прачынаўся. У лютаўскім гнілым тумане куранты хрыпата, нібы з прастуды, нібы праз піўны кашаль, зайгралі "Коль славен наш господь в Сионе".
Абрыдліва, увесь у слаце і мокрым снезе, уставаў над зямлёй світанак. Аблупленыя будынкі, шэрыя ад вільгаці палацы, цьмяныя агні ў вокнах, мокры, але моцны яшчэ лёд на Няве.
Мужчына, які выйшаў з глухога, як труна, пад'езда, паглядзеў вакол і сцепануўся, хутаючыся ў футра: так непамысна было вакол.
Фурман Варфаламей падвёў вараных і карэту да самага ганка, і ўсё ж той, што выйшаў, ледзь не чарпануў слаты вышэй галёшаў. Фурманава рука падтрымлівала апушчаную падножку.
– Добрай раніцы, Варфаламей, – з завучанай абыякавай ветлівасцю сказаў чалавек.
– Раніцы добрай, Пётра Аляксандравіч, свет вы наш. Ножкі прыкрыйце. Дзьме. Ніякая не добрая тая раніца. Здароўечка каштоўнае страціце.
Карэта рушыла. Сядок усміхнуўся, прыкрыў ногі запонай і адхінуў фіранку са слюдзянога акенца.
Вуліцай ляцеў ці то жоўты дым, ці туман. Даносіла пахам золі, снегу і гною. Аблічча таго, што ехаў, скрывілася. Зноў цэлы дзень трэба ездзіць. Спачатку да міністра дзяржаўных маёмасцяў, якому ён абавязаны кар'ерай і ў якім, відаць, вось-вось перастане мець патрэбу. Потым, з ім, на пасяджэнне Дзяржаўнага савета. Праўдзівей ён пакуль што не член савета, чакаць у пакоях камісіі, пакуль не спатрэбіцца. Потым справы ў трэцім дэпартаменце міністэрства. Перад гэтым ён ледзь паспее паабедаць. А пасля дэпартамента вечар у вялікай княгіні Гелены Паўлаўны, адзінае больш-менш прыемнае здарэнне за ўвесь дзень.
Добра толькі тое, што знік з дому. У жонкі мігрэнь. Сын зноў капрызіць. Ён добры, але няўстойлівы і бязвольны, Нікс. Не ўзяў у спадчыну ягонай цвёрдасці і ягонага розуму.
Што ў яго самога ёсть розум, чалавек ані хвіліны не сумняваўся. Ды так яно, бадай, і было.
Чалавеку было сорак пяць год, але ён здаваўся трохі старэйшым ад даўно звыклай карэктнасці і стрыманасці. Высокі лоб, плоска прылізаныя над ім валасы, у дзіўным спалучэнні з імі кучаравыя бакенбарды, мясістыя вялікія вушы.
Твар звужаўся да падбароддзя, але яно было цяжкае. Відаць, чалавек ведаў, чаго ён хоча. Шкодзіла гэтаму ўражанню толькі іронія ў складцы рота і стомлены сум у вачах. Бровы навісалі над вачыма, высока ля пераносся, нізка ля скроняў. І нос навісаў на рот; калісьці просты, а цяпер абвіслы і таўставаты на канцы нос.
Словам, твар паважнага бюракрата. Трывожылі толькі вочы. Іронія, сум, стома, розум, чэрствасць і няўлоўная весялосць арганічна спалучаліся ў іх. Гэта маглі быць вочы іроніка, стомленага бюракрата, дзяржаўнага мужа. Гэта былі адначасова вочы вернападданага і вочы знаўцы свету пісьменніка. І самае дзіўнае, што так яно ўсё і было.
Чалавек, што ехаў у карэце, быў Пётр Аляксандравіч Валуеў, без двух месяцаў упраўляючы міністэрствам унутраных спраў, без дзевяці месяцаў міністр і роўна без дзевятнаццаці год граф. Былы нястойкі ліберал, былы ўлюбёнец Мікалая Першага, а цяперашні "асвечаны кансерватар" і дырэктар двух (а ўсяго было чатыры) дэпартаментаў міністэрства дзяржаўных маёмасцяў, правая рука міністра Мураўёва, былога магілёўскага губернатара, у будучым ката Беларусі і Літвы.
Варфаламей успомніў, што забыў спытаць, куды ехаць. З касцяной трубкі пачуўся пачцівы голас:
– Куды везці, вашамосць?
– Да міністра дзяржаўных маёмасцяў.
Карэта звярнула на Мойку. За ствол голай таполі кінуўся нейкі фацэт: каб не ўквэцала брудным снегам.
Пад'язджалі да дома, які саноўнік не любіў, хоць бываў у ім у гады маладосці, з нявестай, будучай першай жонкай, дачкой паэта князя Вяземскага. Ён не мог не думаць, што зрабіў добры выбар. З усёй маскоўскай моладзі Мікалай найбольш любіў яго, Валуева, і Скараціна, загадаў нават паступіць у першае аддзяленне ўласнай канцылярыі. Трэба было замацаваць прыхільнасць.
А Вяземскі быў адзін з найбольшых улюбёнцаў цара. Невядома за што, бо ў доме князя бывалі Сталыпін і Жэрве, і ледзь не самы блізкі друг гаспадара быў Пушкін. Дзіўны часам звязваецца ланцуг!
Ён, Валуеў, тады быў франдзёр, як цяперашні шэф калісь. Уваходзіў у "гурток шаснаццаці", дзе былі той самы Жэрве, "Монга" Сталыпін, нябожчык Лермантаў, цяперашні эмігрант князь Браніцкі. І яшчэ таксама эмігрант і супрацоўнік "Колокола" П. В. Далгарукі. Ды яшчэ Шувалаў Андрэй, што цяпер таксама лезе ў вернападданыя. Адзінае суцяшэнне на шляху.
…Заплюшчыць вочы, праязджаючы паўз дом, дзе памёр Пушкін… Пушкін чамусьці меў да яго сімпатыю.
"Шаснаццаць" збіраліся пасля балю, вячэралі, курылі і размаўлялі, размаўлялі, размаўлялі. Трэцяга аддзялення і ягоных падвалаў быццам не было… Лермантаў крычаў аб тым, што ўладарам трэба разбіць галовы кайданамі, як раіў ілімскі вязень… Бедалага Лермантаў! Вось і з гэтым, пасля Пушкіна, звязаў лёс.
Валуеў, як заўсёды, расплюшчыў вочы зарана. Якраз ля яго была арка пад'езда, у які прывезлі паэта. Потым ля гэтага пад'езда плыў натоўп.
Пушкін любіў яго, Валуева, узяў прататыпам для Грынёва з "Капітанскай дачкі"… Цяпер гэта было Валуеву непрыемна, хоць трохі і казытала недзе, калі трэба было апраўдацца перад сабой… Мішэль Лермантаў плакаў, калі таго забілі.
Цяпер абодва мёртвыя. Не паспелі своечасова адысці ад памылковых поглядаў маладосці. А ён жыве. Ён быў чыноўнікам асобых даручэнняў пры курляндскім генерал-губернатары, курляндскім грамадзянскім губернатарам, і…
…У глыбіні душы ён ведаў, што вартасць ягонага "служэння айчыне" нічога не варта перад "служэннем" забітых, хоць яны пратэставалі і разбуралі. Каму трэба ведаць, хто быў у Курляндыі грамадзянскі губернатар у час Гогаля? І ён глыбінямі душы здагадваўся, што таму губернатары і помсцяць паэтам: адчуваюць сваю мізэрнасць і непаўнацэннасць. Маўляў, нажыліся, нашкодзілі, лізалі пяты, а ён у гэты час "Мёртвыя душы" пісаў.
Але яму трэба было выбіраць: ці паміраць з голаду на пісьменніцкім хлебе ў прадчуванні славы, ці бясслаўна служыць. Ён вырашыў служыць, але славалюбна, аддана, уедліва. Людзей, якія робяць палітыку краіны, таксама часам памятаюць.
…Валуеў адарваўся ад думак. Урэшце "Северная пчела" абвясціла, што ў "сёмае цараванне Аляксандра" ("Што за дурасць! Якое сёмае цараванне?") у дні посту адбудзецца вядомая ўсім падзея.
Хай бы хоць лета. Яміны на вуліцах. Бруд, бруд, бруд.
Ён раптам прыпаў да акенца. Манумент Мікалая ("дурань даганяе разумнага") упрыгожаны ля п'едэстала вянкамі. Таксама маўклівая маніфестацыя крайніх прыгоннікаў: "Глянь, маўляў, вось табе ў лютым жывыя кветкі. Гэты жорстка цараваў, аб рэформах і не думаў, трымаў усё стальной рукой затое і моцная была Расія. Праўда, набілі пад канец, але лепей ужо з бітай мордай ды на рабах, чым так, як ты, гасудар".
На кветкі ляцела брудная слата.
Была дэманстрацыя прыгоннікаў і на паніхідзе па Мікалаю ў Петрапаўлаўцы. Таксама з кветкамі. Ён усміхнуўся, прыдумваючы, што скажа на суарэ ў вялікай княгіні.
"Цветы, впрочем, искусственные; такова же и демонстрация".
І зноў зморшчыўся. Генерал-губернатор абвясціў ва ўсіх газетах, што ніякіх пастаноў па сялянскай справе не будзе. Так нельга. Сухое адмаўленне, сухое слова "ніякіх" магло толькі раздражніць народ.
Настрой быў благі. Паціраючы вузкія ледзяныя рукі, дырэктар дэпартаментаў, каб палепшыць гумор, думаў аб тым, што заўсёды радавала: аб уласным узвышэнні.
У глыбіні душы ён не верыў у моц сістэмы. І менавіта таму з усіх сіл хацеў палепшыць і ўмацаваць яе. Ён ведаў, што новай сістэмы яму не дачакацца, і таму хацеў спакойна пражыць свой век пры старой. Таму часам быў вернападданы да таго, што аж самога нудзіла. Таму і прапаноўваў аддаць лёс вызваленых, "на першы час", у рукі ранейшых гаспадароў, а не ў рукі чыноўнікаў. "Конечно, первые не будут часто беспристрастны, но зато последние большей частью будут неблагонадежны". Ён сам адчуваў, што гэта лухта, але іначай не мог. І менавіта таму, што ён адчуваў хлусню і здзерства, якія чыніліся вакол, ён выбраў сабе, на ўзыходзе сваёй кар'еры, зусім іншы сродак для яе.
Ён заўважыў, што разумная крытыка – не вышэй дапушчальнай нормы – выклікае прыхільнасць начальніка, калі ён не дурань, да таго, хто крытыкуе. Крытыка, калі яна толькі казыча, прымушае начальніка верыць у добрыя намеры падначаленага, у адсутнасць ліслівасці ў ягоным сэрцы. Лухта, што імператар любіў пякучую крытыку і нават сам патрабаваў яе! Пастка для дурняў.
Валуеў з усмешкай успомніў, як ён падаў запіску "Дума рускага ў другой палове 1855 года". Гэта была міна, да якой ніхто не дадумаўся б.
"Благоприятствует ли развитию духовных и вещественных сил России нынешнее устройство разных отраслей нашего государственного управления?"
Цяпер трэба было толькі не сарвацца, не перагнуць у адказе. Ён не вельмі баяўся. Адказнасць за недахопы нёс нябожчык Мікалай. Цараванне Аляксандра аставалася яшчэ чыстай старонкай, і маладому цару патрэбна было рэнамэ свабодалюбца і дэмакрата. І таму Валуеў адказаў:
"Отличительные черты его заключаются в повсеместном недостатке истины, в недоверии правительства к своим собственным орудиям и пренебрежении ко всему другому. Многочисленность форм составляет у нас сущность административной деятельности и обеспечивает всеобщую официальную ложь. Взгляните на годовые отчеты: везде сделано все возможное, везде приобретены успехи, везде водворяется если не вдруг, то, по крайней мере, постепенно, должный порядок. Взгляните на дело, всмотритесь в него, отделите сущность от бумажной оболочки, то, что есть, от того, что кажется, и редко где окажется прочная плодотворная почва. Сверху блеск, а внизу гниль… Везде пренебрежение и нелюбовь к мысли, движущейся без особого на то приказания. Везде опека над малолетними"[60]60
Запіска, надрукаваная ў "Русской старине" за 1893 г., кн.9, стар. 508–509.
[Закрыть].
Ён усё ж баяўся. На ўсякі выпадак трэба было знайсці моцнага заступніка і абаронцу. І ён падвёў другую міну.
"Лишь Морское министерство… не обнаруживает, подобно другим ведомствам… беспредельного равнодушия ко всему, что думает, чувствует или знает Россия!!!"
Генерал-адміралам Марскога міністэрства быў вялікі князь Канстанцін Мікалаевіч, брат цара. І адзін бог ведае, як потым ён і вялікая княгіня Гелена Паўлаўна, да якой ён сёння пойдзе, падтрымалі яго. Доступ у салон вялікай княгіні, здзіўленне цара, падтрымка вялікага князя аж да загаду па ведамству, каб начальства не хлусіла, як заўсёды, нібы ўсё ў яго цудоўна.
І дарма. Бо скончыў ён запіску – Валуеў усміхаецца – так:
"В России так легко сеять добром! Русский ум так восприимчив, русское сердце так благородно! Россия гладкое поле, где воля правительства не встречает преград. Не скажет ли оно народу: да будет истина меж нами, и не вспомнит ли красноречивых слов, сопровождавших герб одного из древних русских дворянских родов: уму нужен простор!.. Россия взывает к венценосному вождю своему с безмолвною мольбою. Сердце царево в руце божьей".
Ён ведаў, усё гэта будзе голасам, які лямантуе ў пустыні, і, як раней, будзе штамп, і бюракратызм, і мярцвячына, і зноў забароняць выезд за мяжу, які накладае "домашний арест на свыше 60 миллионов верноподданных его императорского величества".
Праз два гады яго прызначылі дырэктарам другога дэпартамента. Яшчэ праз год – трэцяга. І яшчэ ён – старшыня вучонага камітэта міністэрства. І яшчэ правая рука Мураўёва. І яшчэ статс-сакратар. І двойчы! павялічаная пенсія. І штогод, да канца жыцця, пяць тысяч срэбрам, і ўзнагароды, і пакеты з "благоволениями".
У час, у час усё было зроблена. У час змагаліся разам з Мураўёвым супраць праектаў рэдакцыйных камісій аб рэформе. Але ўвесь час ён гуляў у бесстароннасць і быў "трохі-трохі не з урадам", напрыклад, у справах польскіх, бо патрабаваў "маленечкіх" уступак палякам.
Цару не спадабаліся крайнія прыгоннікі. Валуеў ледзь не памыліўся, але хутка спахапіўся. Пачаў крытыкаваць іх, пачаў хваліць меншасць, заўважаць у іх "зрелость и образование, беспристрастие и правильность взглядов". І зноў паварот.
Ён дапускаў, што яго могуць зваць "флюгерам". Што ж, флюгера не ломіць ніякі вецер. І ён гаварыў пра неабходнасць свабоды друку, але не разумеў пад гэтым "поўнага прастору для развіцця матэрыялізму і дэмакратычнай прапаганды". Гаварыў пра неабходнасць уступак палякам, але казаў, што польскае пытанне можна вырашыць не ў Варшаве, а толькі ў Маскве і ў Пецярбургу.
Не любіў Мураўёва, але не падаваў выгляду. Мураўёў пакуль што быў моцны, Мураўёў мог яшчэ дапамагчы Валуеву і лічыў выхаванага і адданага чалавека, які ўсім, многім, быў яму абавязаны, сваёй крэатурай.
Мураўёў рабіў глупства. Не ведаў сапраўдных адносін крэатуры. Крэатура лічыла, што чалавеку, якому шэсцьдзесят пяць год, даўно трэба саступіць сваё месца.
І амаль з радасцю Валуеў адчуў, што за апошні час зорка Мураўёва цьмянее. Гасудар быў халодны з ім. Пры нядаўнім дакладзе не падаў яму рукі. А ці даўно лісіца Клейнміхель называў Мураўёва "агульным збавіцелем"?
Вось яно! Амаль з прагай ён лавіў гэтыя адзнакі няміласці. Нават для гасудара Мураўёў стаў ці не занадта правы. Гнуткасці палітычнай няма. Дык ідзі ж у адстаўку. І ўсё ж, нават калі пойдзе ў адстаўку адносін занадта не псаваць. Такія часам прыдаюцца ўладам. Калі ўлады пачынаюць забываць аб лібералізме. Тады якраз і патрэбны людзі са стальнымі сківіцамі.
…Конi мясiлi брудны снег на Лiцейным. Дворнiкi ледзь паспявалi зграбаць яго ў кучы, але на бруку ўсё адно была каша. Валуеў глядзеў у акно. Iшлi мадысткi, хаваючы кардонкi пад плашчамi. Стаяў сокры, вiдаць сухотны, iтальянец, прадаваў з латка гiпсавых напалеонаў i бiсквiтных голых жанчын. Па статуэтках кроплямi сцякала вада. Дырэктар успомнiў, што на Беласточчыне ўзнiкла дзiўная секта пад назвай "напалеонаўшчына". Людзi патаемна збiралiся i малiлiся перад бюстам Напалеона. Тое самае перакiнулася i на Пскоўшчыну. Iдыёцкая краiна! У што б нi верыць, абы не ў добрыя намеры iмператара. Сектантаў Валуеў ненавiдзеў. Таксама ён цярпець не мог раскольнiкаў. Уся гэтая публiка хай сабе i руская паходжаннем не была рускай. Назву "рускi" маглi з поўным правам насiць толькi тыя людзi, што моляцца ў Iсакii (хаця ён i змрочны, як склеп), у дварцовай i Канюшаннай царквах. Трохi падазроныя былi нават людзi, што малiлiся ў Петрапаўлаўцы. Вядома, гэта магiльня iмператараў, але Валуеў не ўхваляў гэтых чужых па стылю збудаванняў, гэтых галандска-нямецкiх штучак вялiкага Пятра.
Рускімі ён таксама трохі пагарджаў. І асабліва не любіў славянафілаў, накшталт Пагодзіна, з іхнім "родным квасам". Гэта называецца краіна! Ні Таквіляў, ні Гізо, ні Бокляў нічога. Апошнія дні обер-паліцмайстар сталіцы Паткуль хвастаў дворнікаў і аднаму адваліў шчырай рукою дзвесце пяцьдзесят лозаў за тое, што ён нібыта сказаў, што калі аб'явяць волю, то ён закрычыць "ура". Так вось мы і ў еўрапейцаў ператвараемся.
Жорсткія вусны саноўніка сціснуліся. Праязджалі паўз адзін з самых ненавісных у Пецярбургу дамоў. Тут розныя Някрасавы і Дабралюбавы, дваране не з лепшых ды семінарысты, практыкуюцца ў нігілізме і "падкопах пад карэнне".
Някрасава ён трохі ведаў. Досыць непрыемная асоба, але асабіста ён не змоўшчык. У яго ёсць грошы. І ўсё адно ён чужы.
Вось нядаўна яны шумелі аб "Заходнім краі". Услед за Герцэнам. Філія рэдакцыі "Колокола". Узрадаваліся магчымасці стварыць яшчэ асобную, беларускую нацыянальнасць. Мала ім цяганіны з украінафіламі. Ніякай асаблівай маларасійскай, ніякай беларускай мовы не было, няма і быць не можа.
Ён насілу прызнаваў нават права палякаў на мову. Ва ўсякім разе, яму не хацелася гэтага. Існаванне Польшчы, Літвы, Беларусі азначала, што так ці іначай давядзецца ступіць на шлях рэформ, шлях абрыдлівы, шлях, магчыма, гібельны, але неабходны. Бо, вядома, Расіі трэба толькі існаваць, каб ніколі не было незалежнай Польшчы[61]61
П. А. Валуеў. "Отрывки из дневника".
[Закрыть] і іншага такога; але для таго, каб Польшча канчаткова ўлілася ў Расію і з ёю зраднілася, неабходна, каб імператар дараваў рускаму народу палітычнае жыццё. Народ, палітычныя правы якога абмяжоўваюцца правам плаціць падаткі, правам ставіць у армію рэкрутаў і крычаць "ура", яшчэ не мае асіміляцыйных сіл.
Паціраючы халодныя вузкія рукі, вельмі зграбныя, хоць і кастлявыя, ён думаў пра карысць Расіі. Ён любіў падумаць пра карысць Расіі. Ён любіў пагаварыць пра карысць Расіі, асабліва калі слухаюць санавітыя людзі. Ён, урэшце, быў упэўнены, што ён дбае пра карысць Расіі.
Карысць Расіі, на яго думку, была ў тым, каб інародцы не смелі і падумаць, што яны не рускія, каб яны паступова і сапраўды пераставалі думаць пра гэта. Паны Някрасавы, Чарнышэўскія і Герцэны, нягледзячы на тое, што яны рускія, думаюць іначай і крычаць аб фікцыі братэрства народаў тым горш для іх.
Пакуль яны яшчэ не павешаныя, яны думаюць. Якая лухта! Нібы справа тут у самадзяржаўі! Дарослыя людзі займаюцца тым, што гуляюць у цацкі!
Яму дастаўляла асалоду думаць, што яны з іхнім сацыялізмам не больш як сляпыя шчанюкі, што сутнасць няўхільнага гістарычнага працэсу зразумеў толькі ён, Валуеў. Гэта ўзвышала яго ў сваіх вачах амаль да ўсяведнага бога, а іх рабіла цацачнай справы людцамі, якім пакуль што дазваляюць чыніць сёе-тое з таго, што яны хочуць.
Ён здзівіўся б, калі б яму сказалі, што на самай справе любяць Расію яны. Так, ён пагарджаў ёю, але ж ён узвышаў яе і намерваўся ўзвышаць усю астачу свайго жыцця.
Узвышэнне, на яго думку, заключалася ў тым, каб усе баяліся. Яму ніколі не прыходзіла ў галаву, што сапраўднае ўзвышэнне любові, што сувязь любові мацнейшая за сувязь ланцуга, што неад'емныя правы нацый, іх вольнасць і свабоднае развіццё іхняй культуры і мовы ёсць найлепшы сродак для братэрства. Ён ніколі не думаў, што боязь, уціск мовы і культуры і вечнае выстаўленне перад усімі свайго аўтарытэту і сілы можа прывесці толькі да нянавісці і, значыцца, рана ці позна – да паўстання і адкрытай разні. Калі ён двума гадамі пазней пачаў разумець гэта, было позна.
Не разумеў ён і таго, што максімальная свабода кожнай асобы не развальвае грамадства, а вядзе да яго ўзмацнення, што гэта прымушае кожную асобу не шукаць сродкаў для таго, каб узарваць дзяржаву, а, наадварот, прыкладаць усе сілы, каб узмацніць сваю грамаду, сваю айчыну. Ён, Валуеў, знішчаў нават некаторыя дакументы, якія "падлягалі забыццю ў інтарэсах Расіі".
Якую такую Расiю ён меў на ўвазе, вядома было аднаму толькi богу.
Калі гонар краіны не залежыць ад дзеянняў асобных людзей, то што можа яго знішчыць? А калі залежыць, то вінавата ў гэтым не краіна, а людзі.
…Будучы міністр праязджаў паўз нігілістычнае кубло, жарсткавата звузіўшы вочы. Яны не любілі Расіі, не "споспешествовали" яе велічы. Расію любіў ён.
…Карэта спынілася ля пад'езда міністра дзяржаўных маёмасцяў. На прыступках ганка чыста. Добра, што не прамочыць ногі. І яшчэ лепей было б, каб не давялося сустрэць міністрэсу, Пелагею Васільеўну. Рэдка даводзіцца сустракаць больш з'едлівых і злосных жанчын. Валуеў быў амаль упэўнены, што гэта шматгадовае жыццё з ёю сапсавала міністру характар, які і без таго быў не цукар. І яшчэ міністрэса была кар'ерысткай, больш нават, чым муж.
Ён падымаўся па сходах той асаблівай, выхаванай хадою царадворца і саноўніка, злёгку спружынячы на кожным кроку. Той хадою, калі здаецца, што на нагах цывільнага ўздрыгваюць, пазвоньваюць нябачныя шпоры. Ітут яму стала зноў непрыемна. Ішоў яго двайнік па становішчу, таварыш міністра, генерал-ад'ютант Зеляной. Спускаўся па сходах, відаць, з ранняга прыёму.
"Людзі валуеўскага складу не любяць падобных на іх, як адзін еўнух не любіць другога", успомніў Валуеў словы кагосьці з гуртка Замятніна. Замятнін мог бы сказаць тое самая і пра сябе, але ўнутрана Валуеў не мог не згадзіцца са справядлівасцю ягоных слоў. Насцярожанасць супраць Зелянога трывала яшчэ і таму, што той часам кідаў з вока на вока надта ліберальныя думкі, нібы запісваў да сябе ў аўгуры: мы, маўляў, людзі свае і можам пагаварыць пра ўсё "не чинясь". Няхай сабе іншыя гавораць што хочуць мы занадта добра ведаем сапраўдную вартасць гэтых слоў.
Пратэставаць Валуеву не выпадала. Зеляной быў пакуль што занадта моцны, і таму іх звязвала падабенства сяброўства. Таго сяброўства царадворцаў, калі людзі вельмі добра ведаюць, чаго чакаць адзін ад аднаго.
– Добрай ранiцы, Пётр Аляксандравiч, – Зеляной ветла патрос вельмi гарачай рукою руку Валуева.
– Добрай раніцы, мілейшы Аляксандр Аляксеевіч, – завучаная ўсмешка блукала на вуснах Валуева.
У душы ён пасылаў Зелянога ў апраметную. Толькi адзiн ён ведаў, якую маленькую помсту ён дазваляе сабе, калi ўпарта пiша ў сваiў дзённiках яго прозвiшча проста "Зялёны", i гэта, забаўляючы, трохi мiрыла яго з таварышам мiнiстра. I ўсё ж, стаяць на сходах у такое надвор'е, гаварыць на вачах ва ўсiх!
– Даволі дзіўныя меры, – канфідэнцыяльна сказаў Зеляной. – Войска кансігнавалі ў казармах. У кожную паліцэйскую частку камандзіравалі па палове ўзвода.
– Я чуў, – з прыемнай з'едлівасцю ўсміхнуўся Валуеў. – Ва ўсіх баявыя патроны, і артылерыю трымаюць напагатове. І, кажуць, трымалі гатовых коней для імператара.
– Як думаеце, чаму?
– Гм, барацьба за вызваленне ў Расіі небяспечная на вынікі. Самі ведаеце, удзячны народ.
Зеляной рагатнуў:
– Прыслуга кажа, ён не начаваў у сваіх апартаментах, а перайшоў на палову вялікай княгіні Вольгі Мікалаеўны. Спадобіліся!
Зноў пачыналася "размова аўгураў". Яна была непрыемная Валуеву, але мусіў цярпець. Даносу і плётак не будзе. Па-першае, дваране і людзі свайго саноўнага кола, па-другое, удваіх. Зеляной не выпрабоўваў, ён не шэф жандараў, ён проста зневажальнік, патаемны брыдкаслоў і аматар адвесці душу. І ён пакуль што моцны.
Твар Зелянога быў рэзкі:
– Я вам скажу чаму. Ва ўсіх іх – дынастычны недавер да рускіх людзей. Людзі нямецкай крыві.
Гэта ўсім было вядома, але Валуеў сказаў з іранічнай усмешкай, якая не пратэставала, а нібы згаджалася:
– Злітуйцеся. Раманавы?
– Што зробіш. Нават калі лічыць, што Павел быў сын Салтыкова, і то ў жылах гасудара адна восьмая рускай крыві. А іначай ані кроплі.
– Мы з вамі ведаем, кроў лічыцца не працэнтамі, як у іншых. Радавы дух, вось што галоўнае. Нават калі з пакалення ў пакаленне яны жаніліся б на камчадалках усё адно, корань жа аднекуль ідзе? І гэта корань Раманавых. Вы ж не перастаеце быць Зеляным, хоць вашы продкі з пакалення ў пакаленне жаніліся на жанчынах іншых прозвішчаў.
Сказана было ўдала. Зеляной прыжмурыўся ад асалоды. З Валуевым можна было мець справу: il a de l'esprit вастраслоў, дасціпнік.
Валуеў вырашыў усё ж і сам сказаць вольнасць. Няма чаго занадта стрымлівацца. Вольнасць у людзей, так звязаных адзін з адным, у людзей, небяспечных адзін для аднаго, узмацняе давер:
– Хоць, вядома, я дорага даў бы, каб усё гэта мела выгляд большай смеласці… Што міністр?
Ён ведаў, адчуваў, што Зеляной непрыкметна падкопваецца пад шэфа, і не зазнаваў з гэтай прычыны ні абурэння, ні ўхвалення. Усё было вельмі звычайна і так, як мае быць. Ён занадта добра ведаў, што за гэтымі ўсмешкамі, даверам, агульным сваяцтвам, балямі і запэўненнямі ў сяброўстве увесь час другім фонам ідзе патаемная вайна: самае сапраўднае капанне траншэй, падводка мін, папяровыя стрэлы з-за вугла.
– Ён мне не падабаецца, – сказаў Зеляной. – Скажу вам па сакрэту, яго песенька спета. Хоць, паверце, мне шкада. Мне вельмі шкада. Вы ведаеце, я столькі абавязаны Міхаілу Мікалаевічу.
– Усе мы абавязаны яму, – з прыстойнай журбой сказаў Валуеў. – Усім шкада.
Яны зірнулі адзін аднаму ў вочы і лішні раз упэўніліся, што ўсё разумеюць і што можна гаварыць далей.
– Ведаеце, пры апошнім дакладзе гасудар амаль сказаў Мураўёву, што не жадае мець яго міністрам, сумна сказаў Зеляной. Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў нібыта можа абысціся без яго.
Без года міністр дзяржаўных маёмасцяў зірнуў на без дзевяці месяцаў міністра ўнутраных спраў і ўбачыў, што Валуеў разумее яго і не здзіўляецца.
– Вось як? – сказаў Валуеў.
– Так, – сказаў Зеляной. – Ён з гневам і ўдарыўшы па стале сказаў, што не дазволіць міністрам процідзейнічаць выкананню зацверджаных ім пастаноў па сялянскай справе і што ўпраўляючыя палатамі дзяржаўных маёмасцей павінны дапамагаць, а не працівіцца выкананню гэтых пастаноў.
– Бедны Міхаіл Мікалаевіч, спачувальна сказаў Валуеў. Вось і май пасля гэтага ўласную думку…
Вочы іхнія адначасова сказалі: "Мы-то з вамі не зрабілі б гэтага. Стары выжыў з розуму. Яму здаецца часам, што гэта ён цар, а з імператарам, няхай і бязвольным, але капрызным, так не жартуюць".
Уголас Зеляной сказаў з выглядам душы-хлопца, які ўсім рэжа праўду-матку (яму гэтая маска пасавала, як Валуеву маска крытыкана і ліберала, рупліўца аб Расіі, і ён трымаўся за яе так, што яна прырасла да аблічча):
– І нас з вамі тое самае чакае, Пётр Аляксандравіч. Самастойныя мы занадта, на павадку хадзіць не любім.
Абодва ведалі: калі іх што і зваліць, то чарговы падкоп сяброў, але думаць аб самастойнасці абодвум было прыемна.
– Відаць, вялікі князь Канстанцін абудзіў у гасудару гэтую думку аб процідзеянні міністра дзяржаўных маёмасцяў і яго падначаленых, задумліва сказаў Валуеў. Мураўёў сябе трымае з большай годнасцю і спакоем, чым звычайна.
– О, ён дзівосны! Ён сказаў, што воля яго вялікасці будзе свята спаўняцца і што, калі ён, міністр, знойдзе, што прыняцце нейкіх там мер пярэчыць яго сумленню і перакананням, ён будзе прасіць звольніць яго ад абавязку выконваць такія загады. Гасудар на гэта не сказаў ні-чо-га. Толькі "бывайце".
– Што Мураўёў? – спытаў Валуеў.
– Ён дома напісаў ліст да гасудара з просьбаю аб звальненні.
Зеляной уздыхнуў i са скрухай развёў рукамi:
Мне яго шкада. Я даў яму параду не пасылаць ліста да наступнага даклада, каб спаўна пераканацца, што выяўлены гасударам настрой розуму не быў хвіліннай успышкай, якую выклікалі нагаворы.
– Я заўсёды ведаў, што вы чалавек зычлівы, сказаў Валуеў.
– А вы – справядлівы, – пранікнёна сказаў Зеляной. – І добра думаеце аб людзях.
З цеплынёй заглядаючы адзін аднаму ў вочы, яны горача патрэслі рукі і разышліся, увогуле задаволеныя сабой. Размова была на вышэйшым узроўні, тая размова, вытанчаная і з соллю, у якой словы не азначаюць нічога і ўсё азначае падспуднае веданне намераў і сіл субяседніка.
…Вокны кабінета былі завешаны лілаватымі шторамі. Скупа палаў камін. Бюракратычныя, дробна пікіраваныя скураныя крэслы і дзверы, строгі стол з абцягнутай зялёным сукном верхняй дошкай, цяжкія кандэлябры, падобны на стаячую труну англійскі гадзіннік у куце.
Шэф устаў з крэсла. І Валуеў, як заўсёды, спалохаўся, як бы не выдаць яму непрыемнага пачуцця, чымсьці падобнага на жах.
У начным святле гэтага каміна, у ліловых водсветах штор шэф быў страшны, і тым больш ветліва, з перабольшанай прыхільнасцю ўсміхнуўся яму Валуеў.
Кароткапалая рука шэфа рыўцом працягнулася, сціснула, нібы злавіла, руку падначаленага. І тым больш дзіўны быў пасля гэтага голас шэфа, голас ветлівага гаспадара, хлебасола, трохі правінцыяльнага аматара пасядзець ля агню з піпкай ды чарачкай кменнай ("Каньяк ну яго! Заморская штучка!"), у расшпіленым мундзіры:
– Сядайце, Пётр Аляксандравіч. Вып'еце па надвор'ю?
І хоць піць з раніцы было дрэнным тонам, Валуеў не палічыў за магчымае адмовіцца. Шэф цярпець не мог правіл і парушаў іх як мог, ён увогуле выкрасліў слова "шокінг" са свайго лексікону.
– Апошнія дні дажываем, – сказаў Мураўёў. – Вось-вось адмена. А што там?
І падначалены падумаў, што той гаворыць пра сябе, а не пра прыгон.
Яны маўчалі. Ні ў кога Валуеў не бачыў такіх разумных, непрыемна разумных вачэй. А можа, гэта здавалася па кантрасту з абліччам міністра. Гэта было нібы выпаўзла з зямлі, з апраметнай, абрыдлівая і страшная пачвара, уся яшчэ слізкая ад свайго ходу пад зямлёй. І раптам узняла цяжкія, бы ў Вія, павекі і зірнула, нечакана да жаху, неверагодна чалавечымі вачыма.
Твар гэты здаваўся яшчэ больш страшны, бо выступаў, як на карцінах Рэмбранта, жаўтавата-аранжавай плямай з цемрыва. І блікі агню скакалі па ім. Як сякерай высечаны, тлусты і па-старэчы ўжо друзлы, шырокі, з цяжкім падбароддзем, тупым носам і грубым вялікім ротам твар. Жорсткія бачкі, металічна-шэрая скура, нізкі лоб з жорсткімі, як конскае грэбла, валасамі над ім.
Цяжка, як у сабакі, звісалі ніжэй сківіцы брылы шчок. І на гэтай абрыдлівай масцы свяціліся пранізліва-разумныя вочкі, адзіна чалавечае, што на ёй было.
Валуеў успомніў, як характарызаваў міністра Фёдар Берг, які Мураўёва цярпець не мог. Усеўладны генерал-губернатар фінлядскай сатрапіі вастрасловіў з міністра, пацяшаўся з яго аблічча, з гэтай круглай галавы, з вялых, як вялізныя пельмені, вушэй:
– Кожнаму сваё, панове. Калі на партрэце Ярмолава захінуць мундзір, пакінуўшы адну галаву, атрымаецца леў. Калі на партрэце Мураўёва захінуць мундзір, атрымаецца бульдог.
Ды не, гэта быў не бульдог. Гэта было страшней.
– Чулі? – дабрадушна спытаў шэф.
– Чуў, – не палічыў за магчымае хавацца падначалены.
– Вось яно як, Пётр Аляксандравіч. Вось і падзяка. Воля гасудара адмяняць законы, але, пакуль не адмяніў, павінен ён ім падпарадкоўвацца? Вось жа! Нічога. Зазнаеце гэта і вы, і вам прыйдзе час ехаць да вашага Нікса, як я вось зараз паеду да свайго сына Мікалая ў Разань. "Хто такі?" спытаюць. "Цс-с, бацька губернатара, былы міністр, былы губернатар, муж Пелагеі Шарамецевай. А цяпер саджае капусту ды шампіньёны разводзіць".
– Што вы, Міхаіл Мікалаевіч, вы ж іх цярпець не можаце.
– Мала чаго я цяр-пець не ма-гу. Не пытаюць. Не пытаюць пра гэта-с. Верныя слугі імперыі цяпер у Парыжы грошыкі прафукваюць. Як княгіня Баграціён. Чулі, што Пален сказаў? Qu'une colonne ennemie I'avait coupée a la bataille d'Austerlitz at que depuis elle n'avait pas réussi a se dégager[62]62
Варожая калона адрэзала яе падчас аўстэрліцкай баталіі, і з тых часоў яна не здолела вырвацца адтуль (франц.)
[Закрыть]. Дык гэта жанчына! А мужчыны?








![Книга Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда] автора Алесь Краўцэвіч](http://itexts.net/files/books/110/oblozhka-knigi-tetonsk-orden-ad-erusalma-da-grunvalda-147415.jpg)