Текст книги "Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве"
Автор книги: Уладзімір Караткевіч
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 22 (всего у книги 25 страниц)
– На вашым месцы я пачакаў бы адкрыцця новага камітэта вясковых абываталяў.
Апусціліся і потым ускінуліся цяжкія павекі. Рот, падобны на трэшчыну, заварушыўся:
– Mais vous concevez qu'il m'est plus avantageux de m'en aller plutôt. Il faut mieux être dehors avant la bagarre[63]63
Вы разумееце, што мне больш выгадна пайсці раней. Лепей пайсці перад бойкай (франц.)
[Закрыть].
На хвіліну ў душы Валуева варухнулася думка: "А сапраўды, ці варта рабіць кар'еру, калі непазбежны такі канец?" Але ён ад гэтай думкі адмахнуўся і забыў. Раз і назаўсёды.
Узыходзячая зорка сціпла апусціла веі перад няшчасцем заходзячай. І раптам Валуева ўразіў дзіўны гук.
Міністр смяяўся:
– Лухта ўсё, лухта. Без пары гэта яны са мной задумалі. Прыходзіць час, калі кожныя верныя рукі на вагу золата. А гэтыя асабліва. Што яны могуць ніхто не можа. Не вар'ят жа Арлоў, не сонны ж Блудаў, не лібералішка Мілюцін? Лухта ўсё!
Голас быў такі незвычайны, нібы нават трыумфуючы; так гарэлі вочы, што Валуеў падумаў: "Гэты чалавек ведае нешта такое, чаго не ведаем мы".
– Я на вашым месцы не спяшаўся б ісці.
– Нашто? Няхай паклічуць. Галава не адваліцца… Дні страшныя ідуць, Пётр Аляксандравіч. У-у, якая ідзе навальніца!..
Шараватае, аранжавае ад агню і друзлае аблічча ўсміхалася. Вочы глядзелі паўз субяседніка, некуды ўдалячынь.
– Даскакаліся. Даліберальнічаліся.
– Вы нешта ведаеце, Міхаіл Мікалаевіч?
– А вы не чулі? Беспарадкі ў Варшаве, – вусны Мураўёва склаліся ў сарданічную ўсмешку. – Палячышкі хацелі адслужыць, а мо і адслужылі, трызну па забітых у Грахоўскай бітве. Вось так. Вымушаны былі страляць. І страляюць дагэтуль. Мы цяпер не лібералы. Пляваць Еўропе на тое, што мы мужычкоў вызваляем. Нас, прабачце, у непрыгляднай галізне па свету пусцілі. Мы цяпер прыгнятальнікі народаў, як скінуты сіцылійскі Бурбон, як аўстрыйскі кароль, што здзекуецца з венграў. Даскакаліся, мілы Пётр Аляксандравіч… Каменні ў войска кідалі. Войска дало залп. Ёсць параненыя і шасцёра забітых.
Зноў заварушыўся ва ўсмешцы рот. Як трэшчына ў шэрай скале.
– Пачалі, галубочкі. Ці не занадта толькі рана.
– Як жа яно там было? – задумліва сказаў Валуеў.
У Варшаве між тым было страшна.
Даўно прыдушаны народ не мог больш цярпець палітыкі нязначных ільгот. Ён хацеў зямлі яму давалі дазвол на арганізацыю Зямельнага таварыства (займайцеся, панове, аграноміяй!). Ён патрабаваў свабоды урад дазваляў вярнуцца сасланым у Сібір. Ён жадаў незалежнасці сваёй радзімы давалі амністыю для эмігрантаў.
Дэманстрацыя 27 лютага 1861 года была стыхійная. Кіраўнікоў у яе не было і не магло быць. Адзінымі кіраўнікамі былі крыўда, абражаная нацыянальная годнасць і гнеў. Партыі, якія ўсплывалі над закалатам, былі выштурхнуты на паверхню неўтаймаванай плынню. Што, сапраўды, меў да народа да ўсіх гэтых рамеснікаў, дробных гандляроў, рабочых правадыр шляхты Андрэй Замойскі?
У гэтым сэнсе лютаўская дэманстрацыя была самым дэмакратычным, але і самым дрэнна арганізаваным рухам ледзь не за ўсю гісторыю паўстання. У яго шэрагах амаль не было змоўшчыкаў-прафесіяналаў.
І паўставаў, і кіраваў, і гінуў адзін і той самы тытан – варшаўскі плебс. Ён шчыра казаў усяму свету, што ў яго няма іншых сродкаў на тое, каб яго пачулі, акрамя жывых ахвяр, і што ён будзе прыносіць гэтыя ахвяры адну за адной, сотню за сотняй, тысячу за тысячай пакуль яго не пачуюць.
Ён давёў гэта. І пазней, вядома, не здрадніцкая палітыка і высокія словы Веляпольскага і не шавінізм белага жонду штурхнуў у паўстанне шматтысячныя беларускія масы, а гераізм простых людзей на варшаўскім бруку, агульная з імі доля, аднолькавы прыгнёт, і яшчэ такія людзі, што разумелі ўсё гэта, такія, як Каліноўскі.
Плебс лямантаваў аб вясковых справах і хацеў падаць цару адрас аб патрэбах краю – шляхта адмовілася падаць яго. Цар адказаў плебсу на мове свінцу і агню.
– Людзі хацелі ўпарадкавання мясцовага заканадаўства, новых цэхавых уставаў, прасілі аб роўнасці яўрэяў у правах у адказ на гэта ўсіх іх зрабілі рэвалюцыянерамі.
Страляць па дэманстрантах пачаў батальён пяхоты, што абараняў палац намесніка і быў аддзелены ад натоўпу кратамі агарожы. Годная смеласць! Між тым страляць не было патрэбы, гэта маглі зразумець нават чыгунныя мазгі ваенных, таму што люд ужо ўцякаў, рассеяны казацкай лавай. Генерал Забалоцкі, які камандаваў войскам, бачыў гэта, бачыў тлум і ўцёкі людзей на Кракаўскім Прадмесці. Нават ён мог бы зразумець, што гэты залп рэч непатрэбная. І, аднак, ён аддаў загад. За гэта яго двума гадамі пазней прызначылі мінскім губернатарам.
Невядома, чаму Забалоцкі гэта зрабіў. Магчыма, адчуваў глухі пецярбургскі настрой. Усім у сталіцы абрыдла тактыка чакання, насцярожанасці, уступак і высочвання ў адносінах да Варшавы. Гнайнік прасцей было рассекчы ўдарам ланцэта. І ніхто не думаў, што гэты гнайнік шматтысячны горад з палацамі і халупамі, мяшчанамі і панамі, студэнтамі і рамеснікамі.
Пасля залпа Кракаўскае Прадмесце і Замкавы Пляц уяўлялі жахлівае відовішча. Паплямаваная кулямі калона сярод плошчы і рабыя муры дамоў, разбітыя вокны, шкло на мёрзлым бруку (брук якраз падмошчвалі), галёшы, кінутыя кантычкі, сям-там плямы крыві і распырсканыя мазгі.
Вось і ўсё.
Не, не ўсё.
Жыў сабе быў у горадзе Варшаве маленькі, як блыха, зацёрты чыноўнічак з "саплівых". Звалі яго Ксаверы Шыманоўскі. Не меў ён грошай жыць дзе-небудзь, акрамя поўнай зладзеямі Крухмальнай ці Рыбакоў. Ходзячы дадому, відаць, баяўся, што абрабуюць, асабліва калі затрымлівала праца ў неслужбовы час…
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
… Малады чалавек, вы што, пераказваеце нам гогалеўскі "Шынель"? Нам гэтых варшаўскіх варыяцый на пецярбургскія тэмы не трэба. Вы лепей раскажыце пра яго нешта цікавае. Ці не закахаўся ён часам?..
Я ківаю галавой:
– Вядома, закахаўся. Раптам закахаўся. У самую гожую, у адзіна верную даму на зямлі…
І гэты варшаўскі "Шынель" меў зусім іншы канец. Ён скончыўся не так, як пецярбургскі. Знялі з плеч не капот, знялі веру ў сэрца чалавечае, у права, у шчасце.
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Натоўп разбегся. Аставаліся купкі загнаных у падваротні, прыціснутых да зачыненых пад'ездаў людзей.
Казакі, чаркесы і ўланы вярталіся. Ад замка рухаўся яшчэ адзін атрад. Сумятня і жах павіслі над горадам.
І тады ў сэрцы Шыманоўскага ўспыхнула раптам шалёнае каханне да самай гожай дамы, той, якая так рэдка з'яўляецца ў гарадах і вёсках зямлі.
Яе трэба было бараніць. І Шыманоўскі кінуўся да нагрувашчаных у кучы камянёў і сыпануў на коннікаў каменны град. Яшчэ нехта стаў побач з ім… Яшчэ… Яшчэ нечыя рукі схапілі камень.
Рыцары гэтай дамы насілі калісьці меч Мюнцара, цэп Вашчылы і аркебуз гёзаў. Цяпер яны кідалі камяні. У іх не было зброі.
І яны адбілі атаку коннікаў. І тыя кінуліся ўцякаць.
Зброі сапраўды не было. Людзі прадмесцяў хапаліся за доўбні і білы ад ложкаў, кухонныя нажы і сякеры, пісталеты, непрыдатныя нават на тое, каб забіць з іх курыцу ў клетцы, за пожагі і разакі, за таўкачы. А за спіною ў плебса ўжо вязалі выкруты і адрасы, плялі, урэшце, пятлю на ягоную шыю.
Намеснік Гарчакоў сустрэў Замойскага з біскупам Фіялкоўскім, і між імі ішла гжэчная бяседа. Ён згадзіўся прыняць ад паноў польскі адрас, які і быў 2 сакавіка надрукаваны ў "Journal de St Petersbourg", выкруціўся сяк-так ад адказнасці. І пачаўся гандаль. Цягнулі час, нібыта чакаючы адказу на адрас ад цара. Паліцыя і войска пакінулі вуліцы, бо гасудар вырашыў не дзейнічаць выключна сілай. Дзевятнаццатага лютага Варшава была нават ілюмінаваная, парадак на вуліцы трымалі мяшчане і студэнты.
Той самы Валуеў пазней кпіў з Гарчакова і іншых, што яны даюць прыклад d'un petit gouvernement provisoire á I'ombre de la bonne petite citadelle de Varsovie[64]64
Маленькага часовага ўрада пад засцярогай добрай маленькай цытадэлі Варшаўскай (франц.)
[Закрыть].
Гарчакоў згадзіўся вызваліць ад спраў обер-паліцмайстра Трэпава, чалавека, які больш за ўсё крычаў аб рускім гонары, таму што быў Трэпгоф звычайны Фёдар Фёдаравіч з немцаў.
Між тым у Расіі пачаліся перадрэформенныя і паслярэформенныя хваляванні, а паколькі маніфест аб вызваленні не меў на ўвазе царства Польскага (гэта здарылася трохі пазней), то заварушыўся і польскі хлоп. Цар зразумеў, што "рассекание гнойника" цяпер справа несвоечасовая, і вымушаны быў пайсці на некаторыя ўступкі.
За спіною ў народа збіраліся групы і фракцыі, якія меркавалі, колькі прасіць за кроў, пралітую варшаўскім людам.
Група негацыянтаў, якую простыя варшавяне сваімі пакутамі і смерцю ўпершыню пусцілі ў палітыку, нібы з суконнымі рыламі ў калачны рад, складалася з банкіра Леапольда Краненберга, самай багатай кішэні па гэты бок Буга, а таксама з Якуба Натансона, Юзэфа Крашэўскага, мільянераў Юргенса і Рупрэхта і лекара Ігнацыя Бараноўскага. Стопрацэнтава годнае мінулае было хіба ў Караля Рупрэхта, які некалі, накшталт рускіх Петрашэўскага і Дурава, пастаяў-такі на эшафоце пад пятлёй.
Гэтыя абмеркавалі пахаванне забітых, некаторыя правы для трэцяга саслоўя (якое надзвычайнае падабенства з "залай для гульні ў мяч" падчас Вялікай французскай рэвалюцыі, падумаць толькі!!!) і яшчэ як утрымаць люд ад далейшых дэманстрацый і выступленняў, як адабраць у яго з рук нажы і пожагі.
У гэтым была пільная патрэба. На вуліцах багата апранутых людзей суправаджалі ўжо кашэчым мяўканнем і канцэртамі, а часам і гнілой гароднінай.
Нахабныя палякі спявалі:
Цярпець такое было нельга. Людзі гэтыя баяліся таго, што пачыналася на вёсцы і выбухнула ўжо ў сталіцы. Але ім вельмі хацелася нешта выгандляваць сабе на чужой крыві. Дагэтуль усеўладная шляхта лічыла іх людзьмі толькі тады, калі трэба было пазычаць (прабачце, аддаваць!) грошы. А на іх працавала больш паловы людзей двухсоттысячнага горада.
І таму, перш за ўсё рупячыся аб парадку, яны арганізавалі грамадзянскую варту, якой пачаў кіраваць Рупрэхт, як чалавек, бліжэй за ўсё знаёмы са смерцю.
Варта навяла парадак. Суровыя санкюлоты са студэнтаў (порткі іхнія, сапраўды, прымушалі чакаць лепшага), засунуўшы за стужкі капелюшоў пасведчанні, хапалі на вуліцах людзей пасля каменданцкага часу і цягнулі іх у купецкую зборню (do Resursy), не шкадуючы па дарозе кухталёў і іншых "дабротаў". Асабліва даставалі п'яныя, якія крычалі, што ў цытадэлі мала войска, або цвярозыя, якія казалі, што цяпер якраз час узяць царызм за глотку. Іх звалі правакатарамі, якія хочуць крыві ў час, калі вось-вось будуць рэформы, і "агентамі Масквы", хоць Масква аб гэтым, дальбог, нічога не ведала.
Грамадзянская варта раззбройвала рабочыя ўскраіны, адбірала ўсё, чым можна калоць або рэзаць.
Рэвалюцыя на вачах рабілася буржуазнай. І самае дзіўнае, што хлопцы з варты дзейнічалі так з самых чыстых намераў.
Зборня адпускала затрыманых. Але часам "агентаў Масквы" разам са зброяй выдавалі жандарам, і тады "агентаў" (пэўна, за няспрытнасць) судзілі і высылалі не бліжэй Арэнбурга і не далей Нарыльска. Імперыя жартаваць не звыкла.
Забітых на дэманстрацыі пахавалі, як магнатаў. Уладары хоць якой-кольвечы маёмасці атрымалі некаторыя прывілеі на абарону яе. Рэфармаваны быў гандлёвы трыбунал, у які цяпер увайшлі і яўрэі (выключна гуманная мера, асабліва калі ўлічыць, што тысячы іх местачковых братоў шаўцоў, лудзільшчыкаў і іншых па-ранейшаму жывацелі ў самай гаротнай беднасці). Рамеснікам-яўрэям з горада хоць дазволілі запісвацца ў цэхі (якія і так задыхаліся ад недахопу працы). Яўрэі-местачкоўцы не атрымалі нічога, урэшце, так, як і хрысціяне. Банкіры заклалі першую цагліну ў падмурак братэрства народаў і роўнасці іх перад нэндзай і галечай.
Былі некаторыя палёгкі ў сэнсе права, было імгненне палёгкі палітычнай кароценькае, з заечы хвост.
На вачах простага люду банкіры ягонай крывёй купілі багацце, пашану і грошы сабе. Не першы і не апошні раз.
Гандлявалі, аднак, не толькі фінансісты. Свой кавалак хацела выдзерці з зубоў цара і магнацтва. Яно не магло выступіць супраць рэформы, якая была яму выгадна. Значыцца, трэба было патрабаваць нацыянальных ільгот, каб хоць не шчаміліся ў іхнія рахункі з мужыкамі беларусы, кацапы ды немцы. У імя таго, каб скінуць з вагаў беларускую буржуазію, якая толькі нараджалася, але была жвавая і ўчэпістая, магнаты нават адмовіліся ад "Заходняга краю", усталяваўшы мяжу каралеўства[66]66
Праект адраса, высунуты Веляпольскім.
[Закрыть] па Бугу.
Потым, калі пачаў плысці парахавы дым і з агульнай колькасці паўстанцаў у шэсцьдзесят тысяч было не менш як дваццаць пяць тысяч беларусаў, магнаты ўжо ніколі не казалі гэтага.
Праект Веляпольскага, аднак, адкінулі самі магнаты. Ён быў занадта канкрэтны: патрабаваў свайго сената, сейма, сваёй арміі. Яны ведалі: гэтага не дазволяць. Ды яны і пабойваліся рэвалюцыйнай сітуацыі.
Магнаты ўхвалілі другі праект, праект Эдмунда Ставіскага, які вызначаўся поўнай бездапаможнасцю і не меў нічога канкрэтнага: так, некалькі аркушаў паперы, спісаных прыгожымі словамі. Хвалілі Польшчу і адначасова дыгалі ножкай перад царызмам.
Цар прыняў і надрукаваў адрас. Ён не мог рызыкаваць, не мог згадзіцца, каб у такі навальнічны час узбунтаваліся яшчэ і палякі. Тым больш што праект Ставіскага не патрабаваў ніякай рэвалюцыі. Проста самаўладцу гаварылі такія словы, якіх ён дагэтуль не чуў.
Перамога варшаўскага руху была, такім чынам, хутчэй маральная. Буржуазія, мяшчанства, гарадскі плебс упершыню адчулі, што не адной шляхце абпальваць палітычныя гаршкі, што яны таксама сіла. І менавіта таму, што яны былі сіла, намеснік Гарчакоў і магнаты кішэні так лёгка дамовіліся між сабою.
Плебсу не хапала правадыра. Не хапала Траўгута, не хапала Каліноўскага, не хапала тых, што двума гадамі пазней узялі ў свае маладыя непрымірымыя рукі стырно паўстання. І таму люд варшаўскі быў надзіва памяркоўны, хоць у душы, вядома, хацеў большага.
Проста не было каму сказаць за яго. А імператар ахвотна падпісаў 26 сакавіка рэскрыпт аб рэформах у Польшчы, і на гэтым і ён і паны супакоіліся. Адзінае, што тут было добра, невялікая колькасць ахвяр, якімі давялося заплаціць за гэтыя рэформы.
Рэвалюцыя так і не стала рэвалюцыяй.
Быў потым, праўда, яшчэ адзін "эксцэс", але ён ужо нічога не мог змяніць. Гарчакоў баяўся, што агалошанне новых правоў выкліча непарадкі. Загадалі біць у барабаны, каб людзі не збіраліся ў натоўпы і сядзелі па дамах. І сапраўды, на ўсіх падаўленнях менавіта так, громам барабанаў, прымушалі дрыжаць чалавечыя сэрцы: пошчак так нагадваў залпы. Варшавяне, аднак, не ведалі гэтага. Наадварот, яны палічылі грукат за запрашэнне да збораў. І людзі даверліва ішлі да намесніцкага палаца і ратушы, каб паслухаць, што там агалосяць, на людзей паглядзець і сябе паказаць. Гэта было падобна на непаслухмянства, але яны аб гэтым не думалі. І не думаў аб тым генерал Сцяпан Хрулёў, былы ўдзельнік севастопальскай абароны, а цяпер камандзір другога армейскага корпуса. Ён і сваю мову ведаў хіба што толькі каб гаварыць аб статутах і тактыцы, а польскую і пагатоў. Слова obebnić[67]67
Агаласіць. Літаральна – абараніць (польск.)
[Закрыть] азначала для яго толькі "ударыць у барабан", і ён занадта добра помніў, што барабан ужываюць перад пакараннем смерцю або атакай.
Тысячы вачэй, нічога не чакаючы, глядзелі на салдат і рыхтаваліся слухаць.
Ударылі перуны. Вуліцамі пацягнуўся дым. Было некалькі соцень параненых. Сёй-той сканаў у шпіталі.
Атрымалася маленькая памылачка.
Далейшага бунту не адбылося. У раззброеных людзей не было правадыра. Вялікія паны здрадзілі ім, і дзень восьмага сакавіка назаўсёды пасяліў у простых людзях гнеў і недавер.
Так здарылася ў Варшаве. Але ўсё гэта здарылася пазней.
– Як жа яно там было? – задуменна паўтарыў Валуеў.
– Даведаемся, – сказаў Мураўёў.
Яны маўчалі. Ліловае святло з-за штор рабіла твар шэфа трупным.
– Бунт, – сказаў Мураўёў. – І глядзіце, каб ён не зачапіў Беларусь. Я гэтую публіку ведаю. Сам калісьці падчас апошняга паўстання магілёўцам магілаю пагразіў і суняў. Шчасце, што тады не ўсталі магутныя беларускія рады ды мужыкі. Быў там такі "чырвоны князь-карбанарый", Загорскі-Вежа. Глядзеў на нашу калатэчу звысака, як сам пан-бог: "Ну-ну, маўляў, варушыцеся". А я аб адным маліў: хоць бы ўсе гэтыя Загорскія, Ракутовічы ды іншыя не паўсталі.
Не паўсталі тады. Але з таго часу шмат змянілася. Усе гэтыя паны Чарнышэўскія, Страхавы, Дабралюбавы спяць і сняць сімпатычненькіх братоў-беларусаў. Філія герцэнаўскай канторы. Узрадаваліся магчымасці стварыць яшчэ і асобную беларускую нацыянальнасць… На пустым месцы такі намер не ўзрасце. Літаратура ў іх, у беларусаў, свая з'явілася, гурткі, вучоныя свае. Хутка з'явіцца і свае камуністы-дэматраты. А значыць давядзецца страляць. І таму я за сябе спакойны, нават пры цяперашняй падзяцы за верную маю службу.
– Я разумею вас, – сказаў Валуеў.
Гэта навалач раней пастаўляла нам арыстакратаў, цяпер будзе пастаўляць мяцежнікаў.
Валуеў не даў зразумець, што смяротна пакрыўджаны, і вырашыў, што ён гэта Мураўёву папомніць. Шэф не мог не разумець, што сказаў страшэнную нетактоўнасць. Ён не мог не ведаць аб паходжанні самога імператара і яго, Валуева. Раманавы паходзілі ад беларускага роду Кабылаў. Ён, Валуеў, паходзіў ад беларускага баярына Вала, што перабег на службу да маскоўскіх князёў яшчэ перад кулікоўскай бітвай: пакрыўдзілі, не мог па худароднасці разлічваць на поспех.
Валуеў успомніў ананімны жарт (ён меркаваў, што сказаў гэта Храптовіч з міністэрства замежных спраў): "Вось выслужыцца ён, чакайце. Будуць Вол і Кабыла ў адной запражцы".
Не варта было так жартаваць. Жартаўнік быў упэўнены ў сваёй бяспецы: ведаў, што такога ніхто не асмеліцца данесці цару.
Валуеў ведаў: слова – страшная зброя. Ён сам не задумаўся знішчыць рэпутацыю міністра замежных спраў Несельродэ адным словам: "Нарадзіўся ад германскіх бацькоў у Лісабонскім порце на англійскім караблі, хрышчаны па англіканскаму абраду". Канцлер сапраўды быў няўдзячнае быдла: трыццаць дзевяць год запраўляў замежнымі справамі імперыі, ды так і не ўдасужыўся вывучыць хоць слова па-руску.
І ўсё ж Мураўёву не варта было так жартаваць.
Падначалены яшчэ не звык да таго, што ніхто больш не ненавідзіць адзін аднаго, чым калегі па служэнню адной імперыі, адной ідэі, адной асобе.
Аб паходжанні сваім дырэктар ніколі не забываў. І таму, што паходзіў адтуль, не любіў старога гнязда, як часам выскачка не любіць хаты, дзе нарадзіўся. І адчуваў, што і гасудар не любіць Беларусі за тое самае. Тамтэйшая арыстакратыя занадта сведчыла супраць ягонай худароднасці. Ён не любіў і падсвядома помсціў за гэта зямлі, адкуль выйшаў, хоць і не прызнаўся б у гэтым нават сабе. Таму Валуеў таксама хацеў для гэтай зямлі далейшага зла. А далейшае зло маглі спыніць толькі ўступкі. І Валуеў пазней чыніў усялякае зло з нянавісцю і запалам рэнегата.
Ён з радасцю падумаў, што Мураўёву, хоць часова, ляцець потырч галавою. Ён ведаў, як не ўхваліў гасудар на дзяржаўным пасяджэнні 9 лютага дзеянняў Мураўёва, што разам з графам Строганавым прагаласаваў, каб "вольныя" сяляне, уступаючы ў шлюб, прасілі на тое дазволу памешчыкаў: "Не так грошы, як гонар". І ясна, што гасудар ледзь не накрычаў на іх. У шлюбным пытанні саступіць лягчэй, чым у зямельным. Не хапала яшчэ чапляцца за такую лухту! І без таго абрэзалі рэформу да непазнавальнасці.
Ах і добра будзе, калі ён паляціць. І ён з усмешкай успомніў, як князь Арлоў (станістая постаць, суровае аблічча, але рухаюцца толькі рукі і галава, а тулава як каменнае torso ў крэслах, а позірк часам разумны, а часам блукае, бы ў вар'ята) сказаў пра Мураўёва:
Ён разумнейшы за ўсіх іх, але глядзіць то наперад, то назад, то па баках, абы толькі сабе не пашкодзіць.
Мураўёў між тым бурчаў словы, якія нічога не азначалі, акрамя раздражнення:
– Міністры. Плуцягі… Чэўкін хаця б… Il n'est pas considéré; il a de lésprit; il est bossu. Cette araignée a une constitution dans sa dosse[68]68
Ён не карыстаецца павагаю; ён дасціпны; ён гарбаты. Гэты павук носіць канстытуцыю ў свім горбе (франц.)
[Закрыть].
І хоць лічыць міністраў канстытуцыяналістамі было несправядліва ў вышэйшай ступені Валуеў засмяяўся.
– А Рыбап'ер? – бурчаў Мураўёў. – Не Рыбап'еры яны, а Рабесп'еры.
"Гэ, падумаў Валуеў, ды ты ніжэй усякай крытыкі".
А сам сабе вырашыў, што на рауце ў вялікай княгіні скажа аб ім (а магчыма, і ў дзённік запіша, каб ведалі ягоную памяркоўнасць) прыблізна так:
– Бедны Міхаіл Мікалаевіч. Жудасна яму даводзіцца. Дзе ранейшы апломб і ранейшая ўпэўненасць у поспеху ўсепадданых дакладаў?
Гэта ўзвысіць яго, Валуева, і запэўніць усіх у ягонай бесстароннасці.
Было тым часам адзінаццаць, а ў дванаццаць пачыналася пасяджэнне Дзяржаўнага савета. Яны рушылі да выхада. Валуеў перадаў звычайныя свецкія плёткі, каб шэф не заўважыў заклапочанасці.
– Сёння да мяне заязджаў ваенны міністр[69]69
Дзмітрый Мілюцін. Брат ягоны, Мікалай Мілюцін, быў сенатарам, а пазней – статс-сакратар па справах Царства Польскага.
[Закрыть]. Ён ледзь не больш чырвоны за брата. Ва ўсякім разе, больш жоўчны. Я яму сказаў, што нельга аб'яўляць вызвалення на масленіцу, калі ўсе п'яныя. Ведаеце, які адказ?
– Але?
– "Дык што ж, скарбу і адкупшчыкам будзе больш даходу".
…Цяпер яны ехалі ў адной карэце. Карэта падначаленага кацілася пустая за карэтай шэфа.
Валуеў глядзеў у акно. На скрыжаванні вуліц давялося на хвіліну спыніцца. Паўз карэты ішлі прахожыя. Два з іх прыцягнулі да сябе ягоную ўвагу. Адзін мужнай і ўзнёслай прыгажосцю. Другі, ніжэйшы, асіметрычнымі вачыма на цяжкаватым абліччы.
Вочы сустрэліся. І прахожыя не адвялі іх, пакуль карэта не кранулася.
"Зусім юныя, – з нечаканым неспакоем падумаў Валуеў. – Але якія вочы. Якая мужная і неспакойная прыгажосць у аднаго. І які страшны ў сваёй суцэльнасці, здатны на ўсё твар у другога".
Ён быў фізіягнаміст і часта раздумваў над абліччамі сустрэчных:
– У-у, якія вочы!
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
– Хто такі? – спытаў у Кастуся Загорскі.
– Не ведаю. Нейкая брыда. А вось у спадарожніка ягонага – вось гэта аблічча. Як гіена. Хацеў бы я ведаць, хто гэта такі.
– Хадзем, браце. Нас чакаюць.
Яны паскорылі крокі.
Валуеў хадзіў па перадпакоі, чакаючы, пакуль яго выклічуць даваць звесткі па сельскай гаспадарцы. Ён ведаў, што гасудар зараз пачынае пасяджэнне кароткай прамовай, у якой нагадвае аб папярэдніх фазах сялянскай справы і паўтарае патрабаванні, каб справу разгледзелі без зацяжак.
I хоць ён ведаў, што потым прачытае чарнавiк прамовы, яму было непрыемна i суцяшала яго толькi тое, што хутка i ён, Валуеў, будзе сядзець сярод членаў савета, а для некаторых гэтая магчымасць днямi скончыцца, i таму яму, Валуеву, лепей, бо для яго яшчэ ўсё наперадзе.
Валуеў ведаў: чакаць доўга, не менш як да пяці-шасці гадзін, і нудзіўся. Часам, праходзячы паўз дзверы, чуў галасы.
Ага, Гарчакоў паўстае супраць парушэння дваранскіх правоў. Строганаў і Гагарын падтрымліваюць яго. Паважаныя старыя ў сівізне. Пляшывыя малпы.
Мураўёў трымаецца за сваё. Не навучыўся нічому. Як, напэўна, халодна глядзіць на яго імператар. Валуеў усміхнуўся.
…Вось бледны фантан слоў Аненкава. Нібы скардзіцца. Расказвае нешта аб саратаўскім памешчыку з севастопальскіх герояў.
Севастопальскі герой, ваша вялікасць. Яму належыць выдаць дачку, а праект рэдакцыйных камісій зробіць з яго жабрака.
Каму цяпер справа да саратаўскіх памешчыкаў. Ёлуп! А сорак пяць чалавек, акрамя гасудара, у тым ліку тры вялікія князі і прынц Альдэнбургскі слухаюць.
Вось зараз выступае граф Блудаў. Дзіўна, як ён не заснуў. На дакладах заўсёды спіць. Старшыня савета, прэзідэнт акадэміі, былы член "Арзамаса".
А propos de[70]70
Наконт (франц.).
[Закрыть] вотчыннай паліцыі, ваша вялікасць, гэта дваранства падносіць вам бізун і пугу для хвастання мужыкоў. Глядзіце самі…
Абмяркоўваюць, абмяркоўваюць, абмяркоўваюць. Вось пытанне аб норме надзелаў і аб тым, што трэба іх прызначыць заканадаўча. Гавораць, гавораць, божа, якая нудота! Урэшце асілілі: трыццаць галасоў pro, пятнаццаць contra.
І раптам зверху даляцеў дзіўны тупы грукат, нібы нешта звалілася. За ім, дзвюма секундамі пазней, яшчэ. Трэск быў такі, нібы нехта клінамі расколваў дрэва. Скаланулася столь. Устрывожаны Валуеў пайшоў да сходаў і пачаў падымацца ўгору. Знізу, абганяючы, спяшаліся дзяжурны афіцэр, прыгажун з белымі валасамі, і два каравульныя.
Тое, што ўпала, упала ў гербавай зале. Валуеў падышоў да дзвярэй і спыніўся, уражаны. Праз паркет бегла расколіна, выбітыя дубовыя планкі разляцеліся далёка па падлозе.
– Што такое? спытаў Валуеў.
Афіцэр глядзеў з жахам. На падлозе ля ягоных ног, туга абцягнутых бліскучымі ботамі, ляжаў разбіты ўшчэнт мінскі герб.
Але дзяжурны глядзеў не на герб. Валуеў прасачыў, куды глядзяць ягоныя вочы, і адчуў, як і ў яго пабеглі па спіне мурашкі.
Мінскі герб ударыўся аб падлогу так моцна, што ўпала карона з другога герба, які вісеў насупраць, на сцяне, дзе не было вокнаў.
Упала карона з дзяржаўнага герба.
Афіцэр умольна склаў рукі:
– Калі ласка… Калі ласка, нікому не кажыце. Божа, што ж рабіць? Такое злавеснае здарэнне! Давядзецца распусціць чутку, што ўпала толькі карона з мінскага.
– І я вам так раю, – з усмешкай сказаў Валуеў.
Яны глядзелі не пашчапаны паркет.
– А сёння яшчэ i гадавiна з дня смерцi Пятра Вялiкага, – сказаў афiцэр. – Божа мой, божа!








![Книга Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда] автора Алесь Краўцэвіч](http://itexts.net/files/books/110/oblozhka-knigi-tetonsk-orden-ad-erusalma-da-grunvalda-147415.jpg)