412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве » Текст книги (страница 7)
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 25 страниц)

– Адкуль я ведаю? Можа здарыцца ўсё. І потым, заўтра рана ён едзе ў Пецярбург. Магчыма, на некалькі год… Што яму тут?

Схіліла галаву.

– Бывайце.

Майка глядзела, як госця спускаецца са сходаў на круг гонару, і невядомая трывога расла ў яе душы.

"Як ідзе… Якая прыгожая… У сто разоў прыгажэйшая за мяне".

Яна не ведала, што рабіць.

– Чаго яна прыходзіла? – спытала Тэкля.

– Так. Загадай, каб запрэглі коней.

Калі Тэкля вярнулася, Майка сядзела ля балюстрады і сціская пальцамі галаву.

– Прычоску папсуеш, – паддала жару Тэкля. – Едзь ужо.

– Добра.

– А Ілля?

– Скажы яму, што я не прыму яго сёння. Нi заўтра, нi паслязаўтра.

…Коні, запрэжаныя ў лёгкую брычку, імчалі да гасцінца. Налева – будзе Загоршчына. І заўтра ён едзе. На гады…

Яна сядзела, трохі падаўшыся наперад. Тонкі твар быў трохі бледны.

На ростанях яна памарудзіла трохі. Боль рос, але расло і пачуццё ўніжэння. І, аднак, трэба ехаць.

Яна раптам сцёбнула коней і нечакана моцным рыўцом лейцаў звярнула направа.

– Но! Но! – голас яе зрываўся.

І каб ужо ні аб чым не думаць, ні на што не звяртаць увагі, забыцца, яна пагнала коней па гасцінцы. Прэч ад Загоршчыны! Далей! Далей!

Усё было скончана і ў Загоршчыне, і ў Вежы. Чакала дарога. Чакаў Пецярбург, Кастусь, універсітэт. Апошні вечар, уласна кажучы, Алесю не было чаго рабіць. Хіба што развітацца з наваколлем.

Пан Даніла, які прыехаў разам з унукам у Загоршчыну, увесь дзень хадзіў злосны, чапляўся да ўсіх і ледзь не лаяўся, а потым раззлаваўся на Алеся за спачувальныя вочы і прагнаў прэч.

Алесь зайшоў да пана Юрыя і нагадаў, каб той Паўлюка і Юрася ўладкаваў у Горацкую акадэмію. Абодва любілі зямлю і мелі добрыя галовы.

Вочы пана Юрыя былі сумныя і зараз зусім не нагадвалі вачэй маладога чорта. Ён нявесела ўсміхаўся і падтакваў сыну:

– Але. Вядома. Не збяднеем. Затое агаворым, каб вярнуліся сюды. Два свае аграномы. Адзін у Вежу, другі – да нас. І суседзям памогуць. Я ведаю… Агрыкультура!

…Алесь ішоў берагам Дняпра. Імкнулася, бегла некуды шырокая плынь. Сінія пагрозлівыя хмары стаялі, не рухаліся, за вялікай ракой. Кроплямі пралітай крыві чырванелі татарнікі.

Ён мінуў курганы – іх было тут дзесяткі тры, розных – відаць, нейкі старажытны племянны могільнік, – і пайшоў угору па спадзістым адхоне. І на курганах, і тут, але радзей і радзей, магутна і сакавіта тапырыў свае дзіды баец-чартапалох. І Алесь ведаў, што ўсё гэта, навакольнае, ён ніколі не здолее забыць.

Уявіў сабе, як заўтра раніцай маці будзе трымацца з усіх сіл, бацька – нявесела жартаваць, а дзед з заўсёднай іранічнай усмешкай скажа, перадражніваючы семінарскі лаціна-рускі жаргон:

– Ідзі, рытар, ужо там па цябе sub aqua[18]18
  Адвольны пераклад на лацінскую мову разрэзанага на часткі рускага слова "подвода": sub – под, aqua – вода.


[Закрыть]
прыехала.

Сто год так дражнілі самаўпэўненых боўдураў, што вучацца невядома нашто, не маючы і напарстка мазгоў.

Сцiснула горла. Не хацелася кiдаць усяго гэтага.

I ўсё ж абшар, i велiчная плынь, i бярозавы гай, у якi ён зайшоў, дзiўна супакоiлi яго. На свеце яшчэ магло быць шчасце.

Гай быў белы-белы. Зялёная трава, зялёныя шаты, а ўсё астатняе, як кінуць вокам, белае як мармур, як цукар, як снег.

Матавыя ствалы бяроз былі ўкрыты чорнай вяззю. Мядовы свіст невядомай птушкі – для гівала было позна – ляцеў аднекуль з сонечнай лістоты.

Сонца схілялася і мякка заглядала пад лістоту. Нібы хацела праверыць, што там магло здарыцца за дзень.

Было ціха. Быў мір.

…Ён ішоў дадому, а над ім, у вышыні, плылі зялёныя, пурпурна-чырвоныя і сінія аблокі, якія свяціліся сваім святлом.

На двары, ля ўпакаваных павозак, Халімон Кірдун лаяўся з Фельдбаўхам. Кірдун з жонкай павінны былі ехаць разам з Алесем. І таму Халява быў поўны самым невыносным для ўсіх гонарам.

– Але ж плед такі паніч ацаніць, – казаў Фельдбаўх. – Плед гэты ёсць практычны. Не пэцкаецца ён. Nuch?

– Панюхай ты, ведаеш што… – злаваўся Халімон. – Гэтай анучай набожчыкаў укрываць. – Халімон смела валіў цераз пень-калоду, бо ведаў, што немец дрэнна разумее хуткую гаворку. – А яму трэба яркі, вясёлы. Да нас з панічом, магчыма, кабеты хадзіць будуць. Зірне якая на гэткую посцілу ды яшчэ, крый божа, пасівее… До ўжо тваёй улады над хлопцам!

– Хам-Халімон, – сумна сказаў Фельдбаўх. – Драўляная галава Халімон. Хвалько-Халімон.

І адвярнуўся.

– Няма ўжо ні твая, ні мая ўлада, – сказаў ён пасля паўзы. – Гарэлка нам з табой толькі ўлада хлябтаць. Пі адзін… Наг-бом… Вайсрусішэ свін-нья!

Кірдун раптам з сілаю ляснуў шапкай аб зямлю.

– Ды што ты да мяне прывязаўся, перачніца нямецкая?! Мала мы з табою, ты, нежанаты, ды я, пры жонцы халасты, той гарэлкі папілі ды ў дурня пагулялі? – на вачах Кірдуна выступіла вільгаць. – Мне, думаеш, лёгка? Буду там чорт ведае з кім тую гарэлку хлябтаць.

– Я таксама ёсць басурман.

– Ты свой басурман, – гарачыўся Халява. – Наш. Беларускі. Ай, ды ідзі ты!..

Схапіў немца за плечы і патрос. А той яго. З хвіліну яны торгалі адзін аднаго. Усё больш і больш павольна. І ўрэшце кінулі.

– Сумна, – сказаў Кірдун.

– Сумна.

– Кладзі гэтую анучу. Спатрэбіцца. Хадзем лепей вып'ем.

Алесь усміхнуўся і падумаў, што яму, канечне, трэба зрабіць яшчэ нешта. Ага, трэба развітацца з самім сабою, маладым. Бо калі ён вернецца, магчыма няхутка, ён будзе ўжо зусім другі, непадобны, а Урга можа састарэць ці нават здохнуць.

Ён абмінуў дом, прайшоў пад срэбнымі фантанамі італьянскіх таполяў і папраставаў да карціннага павільёна, купал якога цямнеў пад шатамі дрэў.

…Моўчкі, нібы запамінаючы, ён сядзеў перад карцінай у пацямнелай ад часу раме.

Зноў, нібы ў маленстве, яна ззяла сваім святлом. І пад галінамі яблыні, цёмная зеляніна якой хавала далягляд, юнак вёў за аброць белага каня. Нібы сотні залатых сонцаў, ззялі ў лістоце плады. І белы конь, трапяткі і спакойны, бы ў казцы, быў Урга. А юнак у круглай шапачцы – ён, Алесь.

У павільёне было цёмна. Гарэла толькі адна свечка перад карцінай. Ён так задумаўся, што не адразу пачуў, як яго нехта заве.

Алесь убачыў цемру, а ў ёй, як на карцінах Рэмбранта, аранжавае аблічча і кісці рук. Распаўнелая і добрая Анежка стаяла перад ім, жонка суровага Карпа.

– Паніч, – сказала Анежка. – А божа ж мой. І не даклічашся.

– Што, Анежачка? Трэба ісці, ці што?

– Не, – сказала Анежка. – Вось.

Ён не заўважыў, як яна знікла. Цяпер у цемры, на тым месцы, дзе была яна, стаяла другая.

Доўгі шаль зліваў яе з цямноццем. Відаць было толькі адну руку і трохі ўскінутае аблічча.

– Ты? – спытаў ён.

Лёгкі звон, нібы вада лілася ў вузкагорлы збан, напоўніў Алесевы вушы. Намаганнем волі ён здолеў стрымацца. Але ў тое самае імгненне ён зразумеў, што Гелена мела рацыю, не згаджаючыся на шлюб з ім. Нішто не забыта. Самагіпнозам была нянавісць, дурасцю была пагарда, хлуснёю – абыякавасць. І ўсе крыўды, і ўсё, што было, і чуткі аб Хаданскім, і абраза Франса, і сустрэча ля царквы – усё было лухта.

І спакой, і пакланенне перад Геленай, і глыбокая, да апошняга каменя, удзячнасць ёй нібы збляклі перад простай праявай яе з'яўлення. Гелена была мудрэйшая. Яна ведала і бачыла ўсё.

– Чаму ты тут? – спытаў ён.

Ён адчуваў, што кахае яе да немага замiлавання, але ён ужо не мог, як раней, зрабiць выгляд, што нiчога не было.

– Сёння да мяне прыходзіла Гелена.

Збіваючыся, захлынаючыся словамі, яна расказала аб іхняй размове, і Алесь зразумеў, што Гелена дабілася свайго, зрабіла немагчымым усякі яго крок да яе. Усё было скончана, нават калі б ён вырашыў ахвяраваць здрадлівым каханнем у імя сумлення і высакароднасці, як ён думаў.

Нельга было, каб Гелену, маці яго будучага дзіцяці, лічылі хлуслівай. Ды і яна сама дабівалася аднаго – яго маўчання.

Здарылася.

Гэтага ўжо нельга было выправіць.

Зразумеў раптам усю прорву між апошняй высакароднасцю адной і зажывошчамі другой, ён глядзеў у Майчын твар.

– Можа, ты растлумачыш мне, як гэта здарылася?

Яна пачала расказваць. І аб плётцы, і аб тым, як яна ўпэўнілася ў яе хлуслівасці, і як зразумела ля царквы, што будзе пагарджаць сабою, калі яна, такая, стане побач з ім, і як вырашыла сама сябе стаптаць за сваю памылку. І як не падумала тады аб ім, і як назнарок рабіла самыя дзікія ўчынкі, каб нават самой не сумнявацца ў сваёй подласці.

Ён маўчаў.

– Я ведаю… ведаю, як я вінавата. З самага пачатку ведала, таму і не ішла. І заблытвалася ўсё больш… больш… Я ведаю, мне нельга дараваць, і мы не можам быць ранейшыя адзін да аднаго… Я прыйшла толькі сказаць і пайсці. Але мне будзе цяжка… цяжка кінуць цябе, не ведаючы, што ты хоць трошкі зразумеў і трошачкі дараваў мне.

І раптам яна ўпала перад ім, нібы прысела бокам на сагнутыя ногі, і схавала твар у яго каленях.

Ён мякка пагладзіў яе па галаве:

– Як жа ты змардавала сябе, дурное дзяўчо!

Сеў побач на падлогу.

– Ану, кінь равець. Падумаем, што рабіць, калі ўжо так заблыталіся.

Яна разрыдалася яшчэ больш гаротна і няўцешна.

– Ну вось, – сказаў ён. – Многа салонай вады. А ўсё праз тых мярзотнікаў. Мне чамусьці вельмі хочацца, каб фаміліі Хаданскіх падалі сёння на вячэру сабачы памёт.

– Алесь… Алесь… – калацілася яна.

– Я кахаю цябе, – сказаў ён. – Я не ведаю за што, але я кахаю цябе. Але я не ведаю яшчэ, як нам разарваць сетку гэтых старых, дурных забабонаў… Ну, то што будзем рабіць, пасварыўшы два роды? Новы Шэкспір? Рамэа і Юлія для бедных?

– Я ведаю… што… Я… пай-ду… Толькі ты даруй. Калі я падумаю, як я…. цяб-бе… мне не-маг-чы-ма. Калі гэта можа… калі гэта толькі можа цябе супакоіць і прымусіць трошкі дараваць мне – я магу сказаць, што я заўсёды, заўсёды… любіла цябе… што нікога са мною не было б… Што нікога…. ніколі са мной не будзе – вось так я пакараю сябе за твае пакуты.

– Так кахаеш мяне?

Яна моўчкі, праз плач, затрэсла галавой.

– Пойдзеш са мной?

Хліпаючы, яна адмоўна паківала галавой.

– Чаму?

– Я такая… такая!.. Алесь, Алесь, даруй мне. Я так кахала цябе. І кахаю. Аднаго. Калі ты даруеш – я ніколі больш не буду рабіць так. Я даю табе слова. Я заўсёды буду добрая.

– Лічы, што пачала, – сказаў ён і пагладзіў яе па галаве. – Будзеш мяне чакаць?

– На… нават калі скажуць, што ты мёртвы. Нават калі сама ўбачу, што ты мёртвы. Не паверу.

– Ну, вось і ўсё.

– Праўда? Праўда? – нават у паўцемры было відаць, якія прамяністыя сталі яе вочы.

– Праўда, – сурова сказаў ён. – Кінь плакаць. Ужо няма прычыны.

Але яна плакала. Толькі слёзы былі іншыя.

VII

Дарога… Дарога…

Звіняць званочкі. Спявае на козлах фурман. Ехаць яшчэ доўга-доўга. Нават не на перакладных, а на сваіх. Коні будуць адпачываць уначы, а ўдзень людзі будуць спыняць іх на трохгадзінны адпачынак, паіць і задаваць аброк. Вязуць прыпасы на ўсю зіму, кілімы, кнігі. Абоз прыедзе ў сталіцу, а потым, размясціўшы ўсё, рушыць назад.

Можна было б, вядома, даехаць іначай і хутчэй. Ну, хаця б да Дынабурга коньмі, а потым – цягніком. Але ён не хоча сам. Што ўбачыш з акна вагона? Нават з фурманкі бачыш мала, і лепей бы ісці пехатою.

Яму вельмі, яму прагна хочацца жыцця. Бачыць, слухаць, піць паветра, усміхацца на ямскіх станцыях прыгожым дзяўчатам.

Ах, як жа хочацца жыць!

Лухта ўсё. Поўніць сэрца любоў і ўпэўненасць. Ён дараваў усім, нават Хаданскаму. Бедны дурань! Што ён ведае аб шырокай плыні жыцця?

…Вось Паўлюк на кані праваджаў яго… А потым ён звярнуў з дарогі, заехаў у гай і вярнуўся адтуль з Міхалінай.

…Майка нiбы баялася дакрануцца да яго i толькi развiтваючыся, вiдаць, не вытрымала. Заплюшчыла вочы.

– Embrassez moi, – глуха сказала яна. – Еt nе doutez jаmаіs de mоі[19]19
  Абдыміце мяне. I ніколі ўва мне не сумнявайцеся (франц.).


[Закрыть]
.

Ён абняў і ўбачыў, што яна зусім нерухомая, а з апушчаных веек падаюць слёзы.

I ён пацалаваў яе ў вочы. Ён разумеў, што ёй проста было сорамна сказаць гэта па-свойму. Па-французску лягчэй.

Ён схіліўся і пацалаваў яе ў нерухомы цёплы рот.

– Алесь, – на гэты раз па-свойму сказала яна. – Ты мне вер. Я цябе не падману.

…Развіталіся. Паўлюк глядзеў змрочна:

– Ну вось. I на некалькі год.

– Не, – сказаў Алесь. – Я павінен быць тут. Прыблізна ў лютым.

– Я тады буду ў Горках, – засмучана сказаў Кагут.

I раптам праз заўсёдную – не па ўзросту – паважнасць нечакана, як заўсёды ў яго, вырвалася:

? Чорт ведае што! Навука! Едзеш немаведама куды, мучышся. За кавалак пeку сем вёрст квэкай. Сваёй мудрасці няма, ці што?

Толькі тут Алесь балюча адчуў страту… "Пек" гэта было азярышчанскае. Дзіцячае. Падгарэлая скарынка бохана… Там, куды ён едзе, так ніхто не скажа. Дома куды ні пойдзеш – паўсюль чуеш: "Дзень добры, гаспадар". I Кагуту гэта кажуць, і Халімону, і яму. А там хто скажа?

– Нічога, – сказаў ён. – Вярнуся. – Пацалаваліся. Паўлюк сядзеў на кані пахмурны. – Цалуй там усіх.

– Д-добра. I падумаць толькі: як скончыш, Янька ўжо нявестай будзе. А можа, і жонкай.

– Кінь, – сказаў Алесь. – Дзіця гэтае дурное? Ты ёй перадай ведаеш што?

– Ну.

– "Шуба кажара: у лес пабяжара, ваўкоў напужара".

Паўлюк сумна ўсміхнуўся.

…Алесь успамінае гэта і заплюшчвае вочы.

Час, калі малады Загорскі збіраўся і ехаў у Пецярбург, а потым уладжваўся на новым месцы, быў складаны і цяжкі.

Яшчэ ў ліпені 1858 года член Дзяржаўнага савета і міністр унутраных спраў граф Сяргей Ланской падаў гасудару запіску аб асноўных пачатках будучай рэформы.

Гэта быў чалавек няпэўны, і тымі самымі якасцямі вызначалася і яго запіска. Уласна кажучы, сам ён пра вызваленне не думаў ніяк. Як большасці такіх, яму хацелася лішні раз звярнуць на сябе ўвагу гасудара, і ён узяўся за справу, на выкананне якой у яго ўжо не было ні мазгоў, ні сілы. Нават памяркоўна да яго настроеныя людзі казалі, што ён хацеў "исполнения государевой мысли", але "был не в силах ее осуществить". Заўсёдная трагедыя халуёў без волі, без уласнай думкі, без гордасці.

Праз недахоп мазгоў ён занадта абапіраўся на падначаленых і адкрыў другарадным дзеячам шляхі да ўплыву на рух і напрамак справы. У тых, аднак, былі мазгі, непераборлівасць у сродках і цвёрдае разуменне сваёй – саслоўнай і асабістай – выгады. Зямля была дарагая. Рабочыя рукі без зямлі – танныя. А грашовая прывязка трымала нават мацней, чым ланцужная, і яны, самі будучы ўтрыманцамі кожнага, хто меў сілу і грошы, добра гэта разумелі.

Ланской прапанаваў – яны адрэдагавалі.

Галоўным у запісцы было дараванне мужыку асабістай волі, пры ўмове, калі ён выкупіць сядзібу (у растэрміноўку на дзесяць – пятнаццаць год). Пры гэтым улічвалася і ўзнагарода памешчыку за страту ўлады над асобай.

Улада над асобай! Ніхто не думаў, ці варта чагосьці асоба, якая дазваляе, каб нехта над ёю ўладарыў, і ці вялікая гэта страта – страта ўлады над такою асобай.

Цікавіла не асоба, а рукі.

Менавіта праз тыя легенды, якія распаўсюджвалі пра яго і правыя і левыя, пра Ланскога трэба пагаварыць больш-менш падрабязна. Адны называлі яго добрым геніем вялікай рэформы і чалавекам, які хацеў прымірыць паноў і мужыкоў, бессаромна нахабную сатрапію Раманавых і інтарэсы заходаіх ускраін. Другія лаялі яго на ўсе чатыры вятры і інтрыгавалі супраць яго.

А ён не быў варты ні таго, ні другога. Гэта быў проста кар'ерыст, што на старасці год выжыў з розуму. I інтрыгаваць супраць яго таксама было марна. Інтрыгаваць можна супраць асобы, а ён даўно ўжо не быў ні асоба, ні дзяржаўны муж. Толькі верны да нізкапаклонства слуга.

Ён ніколі не быў анёлам міру. Згодніцтва было ўласціва яму нават менш, чым яго спадчынніку на пасадзе Валуеву. I не ад розуму, як у таго, а ад мазгавой невыстарчальнасці і вернападданасці.

Гэты чалавек заўсёды быў прыхільнікам ужывання самых крайніх захадаў да Польшчы, ужо столькі год распятай на крыжы пакуты, абылганай, залітай крывёю сыноў.

Становішча Польшчы, Літвы, Беларусі было такое нясцярпнае, што нават у вышэйшых колах падумвалі пра нейкія льготы, нават у гуртку вялікай княгіні Елены Паўлаўны разважалі пра нейкія болыш лагодныя меры, пра неабходнасць змяніць хоць сістэму кіравання.

Ланской "усепаддана" асмельваўся пярэчыць ёй, патрабуючы жорсткасці і жорсткасці. Адзін з нямногіх. Ашалелы манархіст, ён змагаўся за абсалют улады больш утрапёна, чым самі ўладары.

Гэта быў чалавек, які мог разгубіцца ад самых нечаканых прычын. На вядомым пасяджэнні савета міністраў 1З сакавіка 1861 года, на якім ставілася пытанне аб варшаўскіх маніфестацыях і праекце Веляпольскага наконт частковай аўтаноміі Польшчы, ён маўчаў і асмеліўся выступіць толькі пасля барона Меендорфа, які казаў аб небяспечнасці існавання польскага вярхоўнага савета і наогул нацыянальнага прадстаўніцтва.

Толькі тады ён адчапіўся ад астатніх некалькімі monosyllabes d'adhesions – аднаскладовымі выклічнікамі, што выяўлялі згоду, афарбаваную лёгкім ценем сумнення.

I такому далі сфармуляваць асновы будучага вызвалення!

Няма чаго здзіўляцца, што з гэтага не атрымалася нічога людскага. Ён проста не мог разважаць па-новаму. Усё, што ён мог выседзець, – гэта некалькі няпэўных ісцін, падобных на трызненне мозгу, размякчанага старэчай фліксенай. Яго самога трэба было калыхаць на старасці год у калысцы, а ён замест таго закалыхваў у ёй Расійскую імперыю, каб не прасіла малака і кашы.

"Запіска" была горш, чым проста рабунак. Гэта быў нават не разбой.

Гэта быў старэчы маразм.

I, аднак, гэты чалавек служыў свайму "прынцыпу", які ён дрэнна зразумеў і яшчэ горш прыстасаваў, аддана і да канца. Трэба аддаць яму належнае: там, дзе ён бачыў частковае і часовае супадзенне інтарэсаў мужыка і дзяржавы, – ён служыў гэтаму выпадковаму яднанню, нават калі інтарэсы дваранства цярпелі страту.

Урад! Урад! Урад! Яго сіла. Усё, што супраць гэтага, – ад д'ябла.

За гэта яму аддзячылі. Сам не жадаючы таго, ён сваёй запіскай наклікаў нездавальненне крайніх абскурантыстаў і кансерватараў. Інтрыгі асабліва расцвілі пасля 19 лютага. Цар, як заўсёды, трымаўся за "исполнителя его мысли" да таго часу, пакуль асоба выканаўцы была неабходна для давядзення сялянскай справы да куртатага канца, а потым выдаў яго галавою. Цар сам сказаў яму, qu'il desirait que Lanskoi se retirat, што ён хоча, каб Ланской пайшоў у адстаўку. I гэта ў той час, калі міністр не прасіў звальнення.

Так скончылася праца на палітычнай ніве чалавека, што выпусціў "першую ластаўку вызвалення".

З0 студзеня 1862 года "добрага генія вялікай рэформы" хавалі. Але гэтая сумная і звычайная падзея адбылася значна пазней. А пакуль што ўсе ламалі мазгі над сакрэтнай запіскай Ланскога. Вырашыўшы, відаць, што ўсё адно дарогі назад няма, першы бабухнуў у звон віленскі губернатар, генерал-ад'ютант Назімаў. Чалавек бязвольны, які болыш за ўсё на свеце прагнуў спакою (і чыноў), ён першы прыпячатаў сваё прозвішча пад гісторыяй вызвалення, падаўшы цару адрас аб неабходнасці адмены прыгону. Гэтаму здзіўляліся ўсе, хто яго ведаў. Ніхто не чакаў ад яго такога спрыту. Зваліўся ў "вялікую рэформу", як п'яны ў стаў, выскачыў раптоўна як Піліп з канапель.

У канцы лістапада імператар адказаў Назімаву рэскрыптам, і гэта было пачаткам публічнага прыступу да рэформы.

Пасля гэтага астатнія губернатары таксама наўзахапы пачалі "праяўляць ініцыятыву". Рэскрыпт прапаноўваў стварыць усюды губернскія камітэты пад старшынствам дваранскага маршалка губерні і членаў па адным ад кожнага павета. Да іх, у якасці даважкі, меліся далучыцца два "абазнаныя" дзедзіцы, якіх прызначаў губернатар[20]20
  Губернскія камітэты ў канцы 1858 года былі ўжо ва ўсіх губернях еўрапейскай часткі Расіі. На пачатку 1858 года, у лютым, з сакрэтных камітэтаў у Пецярбургу быў створаны Галоўны камітэт па сялянскай справе, які і павінен быў падрыхтаваць рэформу.


[Закрыть]
. Іхняй задачай было выпрацаваць праект вызвалення на наступных асновах.

Пану аставалася зямля, а мужыку – сядзіба, якую ён павінен быў выкупіць, і мінімум зямлі, неабходны для таго, каб жыць. За гэты кавалак ён па-ранейшаму плаціў аброк або адбываў паншчыну.

Мужыкі размяркоўваліся па сельскіх абшчынах, і вотчынная паліцыя, непасрэдна падпарадкаваная пану, сачыла за парадкам у кожнай вёсцы.

Члены камітэтаў забяспечвалі на час упарадкоўвання будучых адносін аплату дзяржаўных і земскіх падаткаў, а таксама грашовых збораў.

Тры кіты рэскрыпту: нахабны рабунак, тыранія, выкачванне грошай – як найлепш адпавядалі той вялікай ідэі, што ўсталявалася на іх. Ідэі вызвалення сялян.

Рэскрыпт, уласна кажучы, не даваў права ні на якую самадзейнасць, акрамя большых ці меншых памераў рабунку. I праз гэтыя памеры амаль адразу пачалася грызня камітэтаў між сабой.

Ліберальнічалі, галоўным чынам, нечарназёмныя губерні. Зямля каштавала мала, а рукі былі дарагія. Беззямелле, а значыць – звязанае з ім адыходніцтва, магло абязлюдзіць землі, згаліць і вёску і маёнтак, укрыць палі буянай повенню пустазелля.

Найбольшай сярод усіх левізной вызначаліся Цвярская губерня і Прыдняпроўе.

Праект цвярскога прадвадзіцеля Ункоўскага, а галоўным чынам настрой цвярскіх дваран, прывёў пазней да таго, што рэформу 19 лютага яны абвясцілі "варожнай для грамадства". Абодва члены губернскага камітэта, прызначаныя ўрадам, Мікалай Бакунін і Аляксей Талстой, падалі ў адстаўку. Трынаццаць асоб, у тым ліку два павятовыя прадвадзіцелі, Аляксей Бакунін і Сяргей Балкашын, ды іх сябра, вышэйпамянёны Мікалай Бакунін, некалькі пасрэднікаў і кандыдатаў сабраліся разам і вырашылі дзейнічаць. Яны падалі губернскай установе і разаслалі па паветах аб'явы, што "Палажэнне" 19 лютага ёсць для грамадства падман і што яны надалей будуць кіравацца ў сваіх дзеяннях толькі перакананнямі грамадства аж да склікання агульнай земскай зборні, аб якой прасіла цара дваранства.

Галоўных зачыншчыкаў вырашылі арыштаваць, пасадзіць у пецярбургскую цытадэль і аддаць пад суд сената. Схапілі і прывезлі двух: Мікалая Бакуніна і Максіма Лазарава. Губерня насцярожана маўчала. Лаяў арыштаваных толькі вышневалоцкі дваранскі з'езд, але ад гэтых зуброў, ад гэтага гнязда цемрашальства ніхто нічога іншага і не чакаў…

Пецярбург пачаў цкаваць цвярскіх. Як жа, яны патрабавалі абавязковага выкупу сялянамі зямлі, патрабавалі рэформы.

Міравыя пасрэднікі пасля пяці месяцаў Петрапаўлаўкі былі асуджаны на заключэнне ва ўціхамірвальным доме (і прынізіць хацелі як найпадлей!). Ім далі ад двух год да двух год і чатырох месяцаў "уціхаміркі" і, акрамя таго, пазбавілі правоў і прывілеяў.

Генерал-губернатар Пецярбурга, Аляксандр Аркадзевіч Сувораў, унук палкаводца і чалавек добры і мяккі, схапіўся за галаву, дачуўшыся аб нечуванай абразе. Уціхамірвальны дом! Як для злодзеяў! Бязмерная подласць гэтага прысуду так уразіла яго, што ён стрымгалоў кінуўся да імператара: заступацца. Упарты – дзе не трэба – гасудар быў да таго, што зламаць ягоную ўпэўненасць практычна было немагчыма.

Сувораў зрабіў немагчымае: дабіўся адмены ганебнага прысуду. Пакаштаваць "уціхаміркі" пасрэднікам не давялося. Але многія з іх так і не былі адноўлены ў правах да канца жыцця.

…Дзейнасць цвярскога камітэта скончылася разгонам і расправай. Дзейнасць прыдняпроўскіх камітэтаў, праз шэсць год пасля іх арганізацыі, выбухнула магутным пажарам спачатку шляхецкага, а потым сялянска-шляхецкага паўстання. Адны пайшлі ў ссылку, другія – на эшафот і пад карцеч. Адны не дабіліся нічога, акрамя славы высакародных пакутнікаў, другія ўласнай крывёй купілі свайму народу неадкладную адмену грабежніцкіх часовых абавязкаў, выкуп зямлі і павелічэнне надзелаў.

Але пакуль што да гэтага было далёка.

Пакуль што губернскі камітэт, якім кіраваў пан Юры і ў складзе якога быў дэлегатам ад Сухадольскага павета стары Вежа (упершыню за пяцьдзесят з лішнім год пайшоў на грамадскую пасаду), лаяўся, ваяваў і штурхаў дваранскую масу на ўсё больш і больш левы шлях. Гэта ўдавалася рабіць таму, што пан Даніла з сынам асабіста раскатурхвалі дробную шляхту, якая мела права голасу, але ніколі дагэтуль ім не карысталася, не мела прыгонных і таму магла галасаваць за як мага больш ільготнае вызваленне чужых мужыкоў.

Падтрымлівалі Загорскіх і буйныя землеўладцы.

Сярэдзіна чартыхалася, але, сціснутая з двух бакоў, нічога не магла зрабіць. Пан Юры атрымаў нечаканую падмогу жонкі. Пані Антаніда была абурана царскім рэскрыптам.

…На абшарах імперыі сапраўды ішла бойка.

Сярэднія і дробныя ўладары душ разлютавана крычалі супраць адмены. Звязаныя з рынкам багацеі патрабавалі неадкладнага скасавання рабства.

Цалкам у духу рэскрыпта выступіў пецярбургскі камітэт. Праект Пятра Шувалава ўзнялі на шчыт самыя абрыдліва-правыя элементы. Пакінуць мужыку толькі прысядзібны ўчастак, прымусіць яго арандаваць зямлю на тых умовах, якія прадыктуе гаспадар. Пакінуць за сабою ўсю паўнату эканамічнай улады і значную частку юрыдычнай.

Праекту Шувалава ў пэўнай ступені падтаквалі гаспадары Украіны і чарназёмнага поўдня. Палтаўскі праект патрабаваў, каб уся зямля па сканчэнню пераходнага перыяду падпала пад адчужэнне ад сялян і зноў была аддадзена ў рукі памешчыкаў. Калі ж мужык захоча купіць зямлю ў свайго былога пана, у другога пана ці ў казны – хай сам урад дае яму крэдыт. Ведалі, што пры ўбостве казны, спустошанай пенсіямі і марнатраўнай раскошай вярхоў, пры шматлікасці абяздоленых, якія будуць прасіць крэдыту, сума пазыкі можа быць толькі мізэрная.

Значыць, сялянская сям'я з купленай зямлі не пражыве. Да былога ж гаспадара прыйдзе прасіць працы і хлеба. Нэндза прымусіць пірагі есці.

Супраць гэтага ўсеагульнага, з поўначы і з поўдня, віску прыціснутых і таму раз'юшаных уласнікаў, супраць гэтага ўзбаламучанага мора трэба было змагацца.

Пан Юры разумеў: паддацца гэтаму – і канец, крах.

I ён вырашыў змагацца за зямлю для сялян, пакуль будзе жывы. Узнімаць на гэта людзей, катурхаць іх, лаяцца, ціснуць на непакорлівых грашыма і ўладай.

Праект Ункоўскага быў для яго таксама занадта правы.

Ункоўскаму не трэба было біцца за грамадства, якое дыхае на ладан. Ён мог сабе дазволіць даць му-жыку зямлю за выкуп, які паможа яму, Ункоўскаму, і тысячам такіх сабраць капітал на новую гаспадарку. Ен мог крычаць аб тым, што за зямлю няхай мужыкі плацяць самі, а за мужыцкую волю памешчыкаў павінна ўзнагародзіць дзяржава.

Параіўшыся, Вежа і пан Юры вырашылі паступова, але цвёрда, не падымаючы залішняга шуму, не грэбуючы нічым, нават грашовым прэсам, дабівацца ад як мага большай часткі прыдняпроўскага панства ажыццяўлення іхняга праекту.

Дзве трэці зямлі, якой уладаў да вызвалення мужык, пераходзяць да яго без выкупу. Мала, але пражывуць. Адрэзаная трэць забяспечыць прыплыў рабочай сілы ў буйныя гаспадаркі. Выкуп за асобу намінальны, толькі каб не вякалі Шувалавы ды Позены, каб на пераходны перыяд трохі прытрымаць людзей і даць ім магчымасць асталявацца.

Гэта была адзіная ўступка ўсёй гэтай хаданскай навалачы, якую яны вымушаны былі зрабіць.

Энергічна рыхтаваліся свае людзі на ўсе пасады ў камітэтах. Праз Ісленьева ўдалося абалваніць губернатара Беклемішава да таго, што ён прызначыў "сваімі" членамі ў камітэт Юлляна Раткевіча і Януша Біскуповіча.

Тыя адразу паставілі перад губернатарам яшчэ прапанову: выкуп мужыкамі астатняй, адрэзанай трэці зямлі. Губернатар засумняваўся. "Прызначаныя" паднялі галас, што ён хоча пазбавіць цукраварні і гуты рабочых рук. Беклемішаў падумаў хвілінку і падпісаў.

Калі пасля гэтага "двойца" выступіла на зборні "ад імя губернатара" з гэтай прапановай – прыдня-проўскае "балота" аж вадун завадзіў. Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але прывезеная панам Данілам дробная шляхта (гісторыя з прапановай Раткевіча трохі-такі навучыла Загорскіх метадам палітычнай барацьбы) пачала шумна гарлаць, ухваляючы прапанову.

Усе магчымыя пазіцыі былі замацаваны. Што залежала ад мясцовай самадзейнасці – насыпана аж з коптурам. Цяпер калі нават "Палажэнне", адрэдагаванае імператарам, адкіне ўсіх, хто зарваўся, назад, Прыдняпроўе яно адкіне не так далёка, як іншых. Людзям будзе лягчэй.

Пан Юры памятаў, што яму дажываць, а дзецям жыць, і таму не мог не спытацца і іхняй думкі. Вацлаў, літаральна ўлюбёны ў Алеся, сказаў: "Я – як брат".

Вежа з сынам напісалі ў Пецярбург і атрымалі адказ. Алесь прасіў не заводзіць сваркі з Раўбічамі далей, як мага лепей даглядаць Гелену і дагаджаць ёй.

Ён пісаў, што ў канцы студзеня тыдні на тры-чатыры прыедзе дадому і тады яны пра ўсё пагавораць.

Пецярбург сустрэў нечаканай цеплынёй і сінім, празрыста-ясным купалам неба. Імкнулася да недалёкага мора Нява, свежы вецер дыхаў вялікімі абшарамі вады, чысцінёй, поўнымі ветразямі.

У празрыстым паветры мякка ззяла золата купалоў і шпіляў. Плыў у небе карабельчык над адміралцействам. Фіванскія сфінксы, звыклыя да хамсінаў і спякотных пяскоў, глядзелі на імпэтную плынь.

Свежыя ад вечнай вільгаці таполі над Мойкай, усе ў вясёлкавых кроплях ад нядаўняга дожджыку, нагадвалі ледзь распушчаныя павіныя хвасты.

У гэтай паўночнай феерыі, у багацці вады і неба, у шчодрасці рукатворнай прыгажосці не было нічога ад горада-цмока, горада-драпежніка, што паступова аблытаў шчупальцамі дарог цела сваёй ахвяры – зямлі. Наадварот, нельга было не паддацца яго зачараванню.

Кватэра, якую знялі для Алеся, была на Екацярынінскім канале. Кабінет, спальня і гасціная для паніча, пакой для Кірдуна з жонкай, дзве вялізныя кладоўкі, кухня. Усё гэта было ў бельэтажы, з балконам. Акрамя гэтага, гаспадар, збяднелы і ад год злёгку крануты ціхім розумам халасцяк старога роду, здаў яшчэ і сутарэнне: для хатняга дабра і прыпасаў.

Алесю было цяжка гэта. Ён саромеўся раскошы, саромеўся таго, што ў яго будзе ўсё, а ў большасці студэнтаў амаль нічога (ён ведаў з лістоў, як жывецца, скажам, Кастусю, і ведаў, што яго, Алесева, багацце можа аддаліць яго ад сябра). Лепей за ўсё было б адмовіцца ад усяго, што ў яго было, зняць мансарду і есці ў кухмістарскіх.

Але ён ведаў і тое, што кожны трэці студэнт канчае універсітэт з язвай страўніка, што сухотных сярод іх больш, як дзе. Ён не мог дазволіць, каб такое было з сябрамі і калегамі, тымі, якіх ён яшчэ не бачыў, але загадзя любіў.

Давядзецца цярпець сорам, каб яны маглі часам есці ў яго, Алеся, атрымліваць сяды-тады безымянную дапамогу, жыць, зберагчы сілы, якія так ім спатрэбяцца праз некалькі год. Ён будзе вельмі роўны і таварыскі з імі, яны не будуць адчуваць розніцы ў становішчы. А свой сорам Алесь схавае ў кішэнь.

Пачалі размяшчацца. Халімонава жонка, пісаная прыгажуня Аглая, лябёдкаю плыла па пустых пакоях, паказвала, якія дываны пасцілаць, дзе ставіць гадзіннік, як размясціць кнігі. Здаецца, адкуль бы ўзяцца, а ў яе на гэта быў такі прыродны талент.

Лёгкая і падцягнутая, як струнка, з высокімі грудзьмі і высокай шыяй, яна паказвала людзям, куды што несці.

…Аглая ўбачыла, што Алесь глядзіць на яе, заўсміхалася і выгнала з дому.

– Iдзіце-ідзіце. Уздзяўбурце што лепшае ды ў горад, у горад. Раней чым праз чатыры гадзіны – ані-ні. Нам прыбіраць, нам расстаўляць, мне – вячэру гатаваць, Кірдуну – ванную паліць…

Нагрувашчання рэчаў, здаецца, нельга было разабраць і за тыдзень.

– За чатыры гадзі-іны?

– Можа, і за тры, – легкаважна сказала Аглая. – Хлопцы, столік-бобік унь сюды, ён за туалетны… Куды-куды?! На гэтым пісаць! Унь у той скрыні прыбор для пісання. Пятрок, распакаваць! Дзед Яначка, гэта сюды, паперы ў шуфляды. Крэсла дайце.

Выгналі. Алесь стаў на мосціку з крылатымі львамі, паглядзеў у імклівую ваду і падумаў, што месца, дзе ён будзе жыць, і канал, і гэты мосцік ён паспеў палюбіць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю