Текст книги "Гапееў Ведзьміна тоня"
Автор книги: Автор Неизвестен
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 13 страниц)
– Э-э, хлопча, там зямлю дзяўблі, чым маглі, а ты хацеў, каб пад дубам... Чым было карэнні перабіць? Сякеры ж не было...
– А чым жа вы яму выкапалі?
– Было дзве рыдлёўкі малыя. Раскладвалі касцёр, чакалі тумана ранішняга, палілі... Падтавала зямля – выкідвалі.
– Ну, па камянях магілу знойдзем! – запэўніў усіх Віталь.
– Знойдзем... – ціха адказаў дзед Васіль.
З вуліцы пачуўся шум аўтамабіля. Ды і не аднаго. Завішчалі знаёмыя тармазы.
– Ну, во, Рыгоравіч сам па мётлы прыехаў, – устаў дзед Васіль і глядзеў на заходзячых у сад, якіх вяла баба Адарка. Паўскоквалі з травы і астатнія.
– Бач, якая шышка стаў, людзі да яго, як да прэзідэнта, ездзяць, – выгаворвала незласліва баба.
Да дзеда Васіля падышоў старшыня калгаса. З ім – старшыня сельсавета Іван Кузьміч Баброў, па-вясковаму – Бабёр, мужчына мажны, лысаваты, з вялікім жыватом і заўсёды чырвоным тварам. Дыхаў ён цяжка, з прысвістам.
А следам за імі ішла Алена Адамаўна – маці Жэнькі і Віцькі.
Брат з сястрой пераглянуліся. Жэнька паціснула плячыма.
Павіталіся: Іван Кузьміч адразу з усімі, руку працягнуў толькі дзеду Васілю. Мікалай Рыгоравіч абышоў усіх і, калі першай руку працягнуў Жэньцы і лёгка паціснуў яе далонь, тая пачырванела ад такой увагі.
– Ну, калі такія прыгожыя дзяўчаты ў справе – поспех забяспечаны, – падміргнуў ён Жэньцы. – Так?
– То мая дачка, Мікалай Рыгоравіч, – сказала Алена Адамаўна. – І сын вось побач з ёй, – у голасе выразна гучала мацярынская гордасць.
– Ну, – абярнуўся да маці старшыня, – якія малайцы! Прысесці дазволіце, гаспадары?
– Дык чакайце, чакайце, лаву прынясем, – заспяшалася баба Адарка.
– Не трэба тае лавы, на траве пасядзім, да зямлі бліжэй. – І Мікалай Рыгоравіч апусціўся на кукішкі.
– Прынясі, Сяргей, два табурэты, – папрасіў дзед Васіль. – У сенцах вазьмі.
Сяргей прынёс. Алена Адамаўна і Іван Кузьміч селі на табурэты, дзед Васіль сеў на свой зэдлік. Астатнія апусціліся ўслед за старшынёй на траву.
– Ну, мы да вас ужо вось такой дэлегацыяй, – павёў рукой Мікалай Рыгоравіч. – Давай, Іван Кузьміч, табе слова як нашай уладзе.
“Бабёр” паправіў кашулю, кашлянуў.
– Ну, што ж, такая, значыць, справа. Заварыў ты, Яўменавіч, з дзецьмі, разумееш, кашу, будзем усе расхлёбваць...
– Ты, Кузьміч, не тое кажаш, – холадна перапыніў яго дзед Васіль. – Мы нічога тут не заварвалі. У мяне свая справа, і па дапамогу не да цябе звярнуўся, а вось да іх, – дзед кіўнуў на хлопцаў. – Чакай, – спыніў ён “Бабра”, бачачы яго жаданне нешта сказаць. – Паспееш сваё выгаварыць... Дык вось у Сяргея таксама свая справа: яму трэба сястрычку ад алкаголікаў ратаваць, абуць яе, апрануць і хлеба даць. Бачыць наша ўлада, дзе гэтыя дзеці спяць? Бачыла ўлада, што дзяўчына ела, пакуль Сяргей не прыехаў? Дык калі хлопец на Ведзьміну тоню сабраўся, каб рыбу лавіць, прадаваць і хлеб дзіцяці купляць – гэта называецца ў цябе “кашу заварыць?” Віталь вось увогуле нікога не чакаў. Цікавіцца хлопец сваёй зямлёй, хоча ён тыя астравы сваімі нагамі абхадзіць, карту іх скласці – то што тут такога з тваёй “кашай” звязана? Бач, давялося вам паварушыцца, нязручнасці з’явіліся. Цяжка табе – ідзі вось да мяне ў садок, будзем мётлы вязаць ды кошыкі плесці. Цябе людзі выбіралі, каб ты аб людзях думаў, а не аб сваім спакоі. А Сяргей – чалавек. І Нэла – чалавек. І маці іх, хай п’яніца, ды чалавек. А вы чамусьці гэтых чалавекаў бачыць не хочаце. Вока яны вам колюць, нязручныя, справаздачнасць вашу псуюць... – дзед Васіль горка ўсміхнуўся. – Халодная ў нас улада стала, як тая вада ў Ведзьмінай тоні. І спакойная такая ж. І не зразумець, дзе ў яе дно...
– Ну, ты, Яўменавіч, не заводзься, – пачаў апраўдвацца расчырванелы Іван Кузьміч. – Я, разумееш, так, к слову, а ты крыўдаваць...
– Ты мяне не супакойвай, – павысіў голас дзед Васіль. – Слухай ты і ты, Рыгоравіч, слухай, цябе таксама тычыцца. Вось з Зойкай, маці Нэленай, жыве тая рудая свалата. Колькі ўжо жыве – нідзе не працуе. А п’е штодзень. За што п’е, за што есць? Зразумела ж, крадзе. Вы вочы заплюшчылі – не чапаем, няхай, маўляў, пакуль не папаўся. А не пападзецца, то няхай крадзе? Зойка, можа, піць бы кінула. А яна, між іншым, унучка партызана, франтавіка. Во сын у яе які вырас, дапамог бы на ногі стаць. Дык жа гэты зэк у хаце гаспадарыць... А вам і справы няма!
– Праўду кажаце, Яўменавіч, – пакусваючы травінку, загаварыў Мікалай Рыгоравіч. – На ўсе сто маеце рацыю. Выправім свае памылкі, абяцаю. Асабіста абяцаю. Усё, што ў маіх сілах, зраблю.
– Ну, то ж... – дзед Васіль супакоіўся, закурыў згорнутую раней цыгарку. – А з чым да нас такой кампаніяй? – ён абвёў гасцей вачыма.
– Дык і па гэтай справе таксама, – Іван Кузьміч кіўнуў на Нэлу. – Вось і Алена Адамаўна як дэпутат. Значыць, умовы жыцця праверым, каб усё дакладна ведаць. Ну, і па магіле... Я сёння ў раёне быў. Ускрываць магілу, значыць, трэба па закону, там ужо ваенкамат будзе займацца. Перазахаванне партызан – справа, разумееш, адказная, каб абы якія косці не пакласці пад помнік...
– Карацей, Васіль Яўменавіч, – перабіў “Бабра” старшыня калгаса. – У адзіночку вам і не справіцца, і закон патрабуе пэўных абставінаў. Давайце мы зробім так: ваш атрад знаходзіць магілу, бо, як я разумею, не так лёгка яе і знайсці будзе. Месяц у вас і ў нас на ўсе справы. Я ўчора пад’язджаў, наколькі можна, да першага вострава... Думаю, трэба будзе рабіць масток метраў на трыста, дзе падсыпаць... Далей будзем рабіць вялікі плыт...
– А ў нас жа ўсё гатова, – і крыўда, і разгубленасць прагучалі ў словах Віталя.
– Не, хлопцы – ваш плыт – для вас. А вось калі трэба будзе магілу раскопваць – трэба некалькі дарослых чалавек на востраў везці.
– Рыгоравіч, Рыгоравіч, – амаль застагнаў Іван Кузьміч. – Ні капейкі грошай, ні цвіка ў мяне, ні дошкі...
– Ведаю. Але ведаю і тое, што 15 дамоў у вёсцы пустуе, у старой лазні дзеці ў хованкі гуляюць, а там дах вось-вось абрушыцца. Да бяды крок... Разбяром лазню – будзе нам і на масток, і на плыт. Не хопіць – яшчэ якую халупу прыбяром. Ну, як вам такі план?
– Добра, няхай так і будзе. За месяц, вядома, усё мы знойдзем, – згадзіўся дзед Васіль. – Паспеем, хлопцы?
– Паспеем, – адказаў за ўсіх Віталь. – Нам бы толькі на востраў хутчэй...
– Хоць заўтра трактар бярыце, – заўсміхаўся Мікалай Рыгоравіч. – Дарэчы, я табе там тэадаліт прывёз, зручней будзе, разумею. Карыстацца ім, думаю, можаш.
– Тэадаліт? – не паверыў Віталь і аж падскочыў ад хвалявання. – Магу!
– Тэадаліт, – пацвердзіў старшыня. – Але, ведаеш, я яго ў будаўнікоў пазычыў на месяц. Паспееш?
– З такім прыборам мы – за два дні!
– Хуткі ты! Пойдзем, дам табе прыбор.
Яны вярнуліся праз хвіліну: старшыня нёс складзены трыножнік, а Віталь, як каштоўную вазу з асабліва тонкага шкла – звычайную прамавугольную металічную скрыначку з ручкай у скрыначцы.
Ён асцярожна паставіў скрыначку на зямлю – убаку ад усіх, перахапіў у старшыні трыножнік, тут жа расклаў яго, з веданнем справы увагнаў ногі трыножкі ў зямлю, з сілай націснуўшы голай пяткай на спецыяльныя выступы. Акуратна раскрыў скрыню, дастаў прыбор, нечым падобны на звычайную падзорную трубу, толькі кароткую і умацаваную ў паралелепіпед з ручкамі, незразумелымі вінцікамі.
Тэадалітам Віталь і на самай справе карыстацца ўмеў. Яшчэ два гады таму меліяратары асушалі адну балаціну. Такі прыбор у іх быў. І Віталь не ўпусціў ні аднаго зручнага моманту, каб зазірнуць у акуляр. А за тузін-другі яблык яму і ўвогуле паказалі прызначэнне кожнага вінціка.
– Ну, зараз паглядзім! – Віталь азартна падміргнуў сябрам, быццам збіраўся паказаць усім самае цікавае кіно на свеце.
І Жэнька з Віцькам, і Сяргей з Нэлай з цікавасцю і захапленнем назіралі за Віталем: так упэўнена ён рыхтаваў прыбор, важна і шматзначна пазіраў у ваконцы, ціснуў на тую ці іншую нагу трыножніка...
– Ну, ты, Віталь, пакуль паказвай апарат, а мы, Сяргей, пойдзем. Калі ты не супраць, правядзі нас да сябе, – сказала нечакана Алена Адамаўна, павярнулася да дзеда Васіля: – Васіль Яўменавіч, хадземце і вы з намі, калі ласка, будзеце за сведку: нам трэба сапраўдны акт аб сапраўдным становішчы жыцця Сяргея і Нэлы скласці.
– Трэба дык трэба, – узняўся дзед.
– Я не пайду! – набычыўся Сяргей. – Правярайце ўсё самі. Там замкоў няма...
Алена Адамаўна разгубілася: яна не чакала такога катэгарычнага адказу: не магла зразумець не проста нежаданне хлопца ісці з імі, а яго відавочнага жадання не быць разам з імі – з камісіяй, якая хоча змяніць да лепшага іх з Нэлай жыццё.
Мы ж памагчы табе хочам...
Нам лепш не стане, калі вы ў будан заглянеце, так што лезьце без мяне.
– Дык не толькі ў будан... – занервавалася Алена Адамаўна. – Мы ўсё абавязаны праверыць. І дом.
– У доме я не гаспадар, – адрэзаў Сяргей. – Там камандуе зэк.
Павісла маўчанне. Віталь прыпыніў настройку тэадаліта. Нешта ўсім стала няёмка.
– Табе ж дабра хочуць, – пачаў быў з сіпатым упікам Іван Кузьміч, усё роўна як тлумачыў дзіцяці аб карысці хлеба. – А ты бы дзіця неразумнае...
– Стойце, стойце... – узняў рукі ўверх Мікалай Рыгоравіч. – Сяргей і Нэла ўсё роўна непаўналетнія, ніякіх подпісаў ім ставіць не трэба... Ты нам, Сяргей, дазваляеш агледзець сваё жытло ў садзе, – спытаў ён зусім сур’ёзна.
– Дазваляю, – адказаў Сяргей так жа сур’ёзна.
– Добра. А ісці з намі ты не хочаш... Дома маці? – ці то пытаўся, ці то сцвярджаў старшыня.
– Дома, – Сяргей адвёў вочы ўбок. – Хеўра там цэлая...
– Так, зразумела…
Мікалай Рыгоравіч палез у нагрудную кішэню, дастаў невялікую рацыю, націснуў кнопку.
– Дыспетчар? Зарэмба. Знайдзіце ўчастковага, тэрмінова. Тэрмінова, кажу! Няхай імчыць, на чым знойдзе, да хаты Васіля Яўменавіча Кароты. Усё...
Ён схаваў рацыю, абвёў позіркам дарослых.
– Ну, пайшлі, пачакаем участковага ля хаты. У дзяцей свае справы, у нас – свае...
Віталь круціў акулярам тэадаліта ва ўсе бакі, нарэшце прыцэліўся ў далёкі адсюль зараснік.
– Так, хто што бачыць вунь на той бярозцы, якая вышэй за ўсіх? – ужо з пераможным выглядам спытаў ён.
– Нічога не відаць, бярозка.
– Так, Нэла, ідзі-ка глянь! – Віталь падхапіў дзяўчынку пад пахі, прыўзняў, даў зазірнуць у акуляр, паставіў на зямлю. – Ну, дакладвай!
Нэла зрабіла напуджаны тварык, раскінула рукі, бы крыльцы.
– Ка-ар!
– Малайчына! – выгукнуў Віталь і, запоўнены шчымлівай, невядомай для сябе раней радасцю, падхапіў зноў Нэлу на рукі. – Правільна! Там варона. Кар-р! Кар-р!
Тэадаліт абступілі, усім хацелася зазірнуць.
– Ой, дык тут жа ўсё уверх нагамі, – расчаравалася Жэнька.
– Так трэба! – аўтарытэтна заявіў Віталь. – Затое адсюль варону зусім не відно, а праз тэадаліт дзюбу разгледзіш. І магу дакладна сказаць, колькі да вароны метраў...
– Ну?.. – недаверліва сказаў Віцька. – Маніш?
– Чаго тут маніць? Прынцып падабенства трохвугольнікаў памятаеш?
– Пры чым тут гэта?
– Ну, для прастаты возьмем прамавугольныя. Калі трохвугольнікі падобныя, то катэт аднаго адносіцца да катэта другога… – прыпыніўся Віталь, глянуўшы на Сяргея, – той з паказной нецікавасцю адвярнуўся ад хлопцаў.
– Ат, давай намалюю!
Віталь хутка нагой працёр месца, дзе сядзеў дзед Васіль – тут трава была вытаптана да роўнай утрамбаванай чарнавата-шэрай зямлі.
– Сяргей, хадзі сюды! – гукнуў Віталь. – Хадзі, я проста патлумачу, бо вам самім калі трэба будзе мяне падмяніць, тут нічога складанага.
Сяргей падышоў, і Віталь стаў тлумачыць:
– Так правядзем прамую – то будзе паверхня зямлі. Тут стаім мы, во кропка – наша вока. Тут – слуп тэлеграфны. Вышыня слупа шэсць метраў, правядзем прамую з канца слупа ў наша вока. Атрымаем трохвугольнік. Цяпер на адлегласць метра ад вока ставім лінейку і глядзім, у колькі сантыметраў умясціўся наш слуп. Скажам, у два.
– А-а, усё зразумела, – заспяшаўся Віцька. – Адносіны катэтаў...
– Чакай, – прыпыніў яго Віталь. – Бачыш, Сяргей, два трохвугольнікі: па дзве іх стараны ляжаць на адной прамой, а трэція – паралельныя. Па правілах такія трохвугольнікі называюцца падобнымі. І ў колькі разоў розняцца вось гэтыя стораны, у столькі ж – усе астатнія.
– Зразумела, – працягнуў Сяргей, уважліва гледзячы на лініі па зямлі. Значыць, калі стоўб шэсць метраў, а па лінейцы два сантыметры… – ён замаўчаў.
– Працягвай, – падбадзёрыў ужо Віцька. – Шэсць метраў – гэта шэсцьсот сантыметраў. Дзелім на нашых два сантыметры.
– Трыста...
– Ну! Трыста. Гэта называецца каэфіцыентам адносінаў. Тады во гэта адлегласць?
– У трыста разоў большая, чым гэта? Так? – асцярожна спытаў Сяргей.
– Вядома!
– Трыста метраў да слупа...
– І плюс метр ад вока да лінейкі. Трыста адзін! – усклікнуў радасна Віталь. – Вось і ўвесь прынцып. На шкале тэадаліта – рыскі. Калі мы паставім вешку ў метр вышынёй на нейкую адлегласць, то глянуў, колькі рысак яна закрывае ў шкельцы, памножыў на каэфіцыент, а ён там запісаны – і адлегласць элементарна вызначана. А ведаеш адлегласць – вызначыш вышыню любога дрэва, вышкі, слупа...
Узрушаныя, яны ўсе вярнуліся да тэадаліта: правяраць усё на практыцы. Захапіліся, не заўважылі, як зайшоў у сад дзед Васіль.
– Ну, што там, Васіль Яўменавіч? – запытала Жэнька.
Астатнія прыціхлі.
– Усё будзе добра, – супакоіў усіх дзед Васіль, больш звяртаючыся да Сяргея. – Таго рудога трохі прыпужнулі, кампанію разагналі. Рыгоравіч не адступіцца, раз узяўся, веру я яму. Так што, Сяргей, ёсць у цябе і ў Нэлы абарона.
На нейкі час у садку павісла непрыемнае маўчанне. Нарэшце бадзёра выгукнуў Віцька:
– Так, мы тут забыліся, а заўтра хлеб прывозяць у магазін. Што таму вадзіцелю панясем? Казкі?
Сяргей хацеў быў сказаць, што той вадзіцель і ён – не хлопцаў справа, але зразумеў, што Віцька не адступіцца. І было прыемна… Але сказаў, каб сказаць:
– Я на золку заўтра пайду…
– Ха, ён пойдзе… разам пойдзем, – сказаў Віцька як аб даўно дамоўленым, павярнуўся да Віталя: – Табе бліжэй: бяжы па крупы, Сяргей зварыць кашы, пойдзем падкормім надвячоркам. А я пайду чарвякоў накапаю.
– Іх і тут хапае, – уставіў Сяргей. – Ля хлява некалі гной ляжаў, яны там тлустыя, чырвоныя…
Праз паўгадзіны на “пячурцы” варылася каша, чарвякоў накапалі і цяпер сядзелі на траве вакол невялікага вогнішча, чакалі.
А потым усе разам падаліся на копанку. Пакуль дайшлі, каша астыла, смела кідалі ў ваду звараныя крупы ў тыя месцы, дзе заўтра збіраліся лавіць. На рыбалку дамовіліся ісці а палове шостай. Жэньку ісці адгаварылі – у яе дома спраў хапае, яна прыйдзе пазней. Разам з Нэлай…
Частка 18
Скуру на галаве каменьчык рассек не моцна, крыві многа не было, ранка ўжо зацягнулася, але гузак быў вялікі, і балела ў гэтым месцы нясцерпна. Здавалася – усё жыццё балець будзе.
Ужо другі дзень Эдзік жыў помстай. Ніводнай думкі больш не ўзнікала ў галаве – толькі аб тым, як ён адпомсціць. Колькі самых розных варыянтаў ён перабраў! Праўда, большасць з іх была фантастыкай. Так, салодкая мара. А вось рэальная намалявалася і ўсё ярчэй выяўлялася ў думках адна: атруціць копанку. Грошы ў яго з сабой былі невялікія – маці дала на жуйкі і чыпсы. Ды і пазычыць можна было б. А атруты не праблема набыць у райцэнтры. Копанка невялікая, калі ўзяць штук 50 ампул ад каларадскага жука, то хопіць, каб надоўга сапсаваць гэтым вяскоўцам рыбалку.
Бабуля прынесла вестку: стары дзед Васіль разам з хлопцамі збіраецца рыбачыць на Ведзьмінай тоні. І плыт ужо збіраюцца пабудаваць.
– То ідзі і ты туды, унучак, – прапанавала баба Наста.
– Камароў карміць? – спытаў з’едліва Эдзік, і баба падціснула вусны.
Яна не ведала, як дагадзіць і чым накарміць унука: усё ходзіць пануры, есць слаба. Ужо і ежу яму “гарадскую” купляе: сасіскі, каўбасу вэнджаную. Ёй было трохі крыўдна, што ўнук цэлымі днямі валяецца на посцілцы ў садку пад яблыняй, заткнуўшы вушы навушнікамі, і дрыгае ў такт барадой, але яна маўчала, ні аб чым Эдзіка не прасіла. Бо Тоня, дачка, строга-настрога наказала, каб не ператамляла яе сына – ён слабы зусім і хваравіты. На думку старой жанчыны, Эдзік быў зусім не слабы, а толькі гультай. Але ж то быў адзіны ўнук.
Навіна аб тым, што на плыце гэтая кампанія паплыве на Ведзьміну тоню, казытала непрыемна. Не, не таму, што яго не бяруць і не атрымаецца папаляваць на соў. Ад свайго праекту нарабіць чучал ды прадаць Эдзік адмовіўся – не так проста з рагаткі падстрэліць птушку. А бацька пашкадаваў тады грошай на пнеўматычнае ружжо…
Але паступова разам з казытаннем на душу лягло і прыемнае прадчуванне таго, што Эдзік можа куды больш шырока разгарнуць сваю помсту. Ён праз агароды паўдня цікаваў за буданом Сяргея, бачыў, як там мылі і сушылі бутэлькі…
У кладоўцы старой запаслівай бабы Насты ён знайшоў крыху паржавелую каністру – такой і не бачыў. Пах ад вадкасці ўнутры быў незнаёмы, але відавочна было, што вадкасць – гаручая. Эдзік гэта хутка праверыў. Відаць, гэта была газа, якую на ўсякі выпадак хавала Настуся (і лямпа ў яе незвычайная вісела ля печы – то для яе і была газа). Знаходка ўзрадавала Эдзіка – не трэба будзе ў магазіне купляць які растваральнік, каб лішні раз не пападаць пад падазрэнне.
Ён адліў сабе з каністры бутэльку – гэтага хопіць, каб абліць тыя мяхі з бутэлькамі і дошкі, якія ўжо насцягвалі хлопцы да будана Сяргея. Усё было гатова, адно дачакацца ночы.
Але тут з вечара задажджыла. Дождж быў зусім не летні, дробны і халодны. Хмары густа павіслі над самай зямлёй, сівыя, маркотныя. Зрабілася ўвогуле няўтульна і холадна ў хаце.
“Эх, жмінды, на ружжо грошай шкада, камп’ютэр купіць – праз год…” – успамінаў Эдзік бацькоў. Вось каб зараз камп’ютэр сюды – і дзень як сонца! Уга, яшчэ б гэтыя вясковыя прыдуркі ў яго на парозе поўзалі…
Настрою не было ніяк, хоць ты ваўком завый у гэтай хаце. Тэлевізар абрыд, каб кабельнае тут было, а то – два каналы добра ідуць, і ўсё… А можа, у горад вярнуцца? Але ж маці ў санаторыі, бацька па зменах працуе – суткі дома няма, адразу сказаў, што есці гатаваць не будзе… Ды і сяброў няма, усе раз’ехаліся.
Ат, ёсць у яго чым заняцца. Нікуды бацька не дзенецца, будзе есці гатаваць. А камп’ютэрны клуб ад Эдзікавага дома зусім недалёка. Праўда, грошай толькі на дзень. А бацька не дасць: сказаў, калі хочаш свой камп’ютэр – не прагульвай грошы ў клубе…
“Чорт, пайду да дзядзькі!” – аж падскочыў Эдзік ад думкі. Ну вядома ж, дзядзька Эдзіка – рэдактар газеты, якую сам і заснаваў. У рэдакцыі камп’ютэраў – ажно пяць. І адзін амаль заўсёды свабодны. Ды яшчэ лета цяпер, у водпускі пайшлі. Дзядзька яму колькі разоў казаў – прыходзь, як надакучыць у кватэры, гуляй.
Праўда, дзядзька не такі і просты, як здаецца. Эдзік аднаго разу быў паўдня пагуляў, то назаўтра дзядзька папрасіў нейкі скрутак аднесці ажно ў другі канец горада, ды яшчэ пешкі, ды яшчэ ноччу, лічы! І яшчэ вочы пры гэтым страшныя рабіў: глядзі, каб ніхто цябе не бачыў. І страшна было, але ж не адмовіш, як ужо нагуляўся – бо ў другі раз не пусціць.
Дзядзьку Юрыю (Юрыю Барысавічу, калі правільна казаць) і іншае што па драбязе рабіў Эдзік: то куды патэлефанаваць і, змяніўшы голас, сказаць тое, што было напісана на паперцы, якую яму давалі ў рукі, то за кім пасачыць паўдня: куды хадзіў, з кім сустракаўся…
Эдзік вырашыў ехаць. Паскідаў ў пакет дыскі з запісамі, тое-сёе з драбязы сабраў. Бо як надвор’е стане, ён вернецца, ага, з плытом разабрацца ж трэба! Далёка не паплывяце!
– Баба! Я дадому паеду на тыдзень!
Баба Наста ўздрыгнула – яна стаяла спінай да Эдзіка і рэзала шчаўе. Цэлая гара зялёнага лісця ляжала на стале, пабліскваючы кропелькамі вады.
– А што, унучак, хіба чым не дагадзіла? – спужалася старая.
– Ат, сумна, дождж ідзе. Прыеду, як цёпла будзе. Я на тыдзень. А то ні ў лес, ні на рыбу… – адмахнуўся Эдзік. – Аўтобус праз гадзіну будзе?
– Дык чакай, чакай, я ж не пакарміла цябе, – замітусілася старая. – Во яешню свежую з каўбасой засмажу…
– Ну, давай сваю яешню, – Эдзік кінуў свой пакет на канапу, плюхнуўся сам. – Яешня і яешня, нічога больш не прыдумаеш, – прабурчаў ён ціха, так, што занятая ля газавай пліты баба Наста яго не пачула.
“Трэба будзе грошай у бабы спытаць. Скажу, не хапае. Хай дае, куды яна пенсію дзявае? Колькі дасць. А лішні рубель замінаць не будзе”.
Але спытаць пра грошы Эдзік не паспеў – бабуля сама, як толькі паставіла на стол гарачую патэльню з яешняй і каўбасой, заспяшалася ў сваю бакоўку і вярнулася адтуль з ружовай паперкай.
– На, унучак, на дарогу ды купіш сабе што смачнае, я ж старая, не ведаю, што табе купляць… Вось не дагадзіла, паедзеш, худы зусім, сумны…
Эдзік узяў грошы – ажно дзесяць тысяч! І трохі ніякавата яму стала, што старая так перажывае.
– Ды ўсё добра, усё смачна, проста мне сумна крыху, не прывык я яшчэ…. Вось пабуду тыдзень дома, прыеду на ўсё лета, – казаў Эдзік, перажоўваючы хлеб, а сам думаў аб тым, як проста вырашылася пытанне з грашыма для атруты: тут хопіць, каб два разы ўсю копанку заліць!
Праз паўгадзіны ён падаўся на прыпынак аўтобуса. Ён быў адзін, хто чакаў аўтобус ля старога разлапістага каштана ў такое надвор’е: дождж не ішоў, але ў паветры літаральна віселі драбнюсенькія кроплі вады. Было зусім па-восеньску холадна і цёмна ад нізкіх хмар. Эдзік перасмыкнуў плячыма, уцягнуў галаву ў плечы, хаваючы карак ва ўзняты каўнер курткі. Паправіў кепку, незнарок крануў гузак на галаве, і той адазваўся забытым ужо болем.
Злосць зноў успыхнула ў сярэдзіне грудзей: “Ну, чакайце майго прыезду!”
З-за павароту паказаўся блішчасты ад вады аўтобус. Ад прадчування цёплага і сухога салону стала лягчэй і ўтульней на душы. Ды яшчэ думка аб вяртанні сюды сапраўдным мсціўцам супала са з’яўленнем аўтобуса. “Добры знак”, – падумаў Эдзік.
Паўтары гадзіны да райцэнтра ён спаў – змарыла ад пагойдвання і роўнага вуркатання рухавіка. Ды яшчэ цёпла і зацішна…
Бацькі дома не было. І што маці дома не было, заўважыць можна было адразу: пыл паўсюдна, нямытыя талеркі ў ракавіне і – вось чаго ніколі не пабачыш, як маці дома – попельніца на падаконніку на кухні, а ў ёй – гара недакуркаў.
Затое ў халадзільніку – аж пяць пачак пельменяў. Гы, бацька толькі імі і харчуецца. Эдзіку таксама пельменяў захацелася – ажно слінкі пацяклі.
Разумны бацька, што такую ежу любіць: гатаваць проста. Нават Эдзіку не праблема.
Адварыў сабе, колькі схацеў, густа зверху паліў смятанай (таксама ў халадзільніку тры пакеты), наеўся.
Уключыў тэлевізар, заваліўся на канапу, пстрыкаў пультам. 18 каналаў – нешта заўсёды выбераш. Так і заснуў на канапе, не распранаючыся. Яму снілася копанка: вада ў ёй стала сіняя, а рыба выпаўзала на бераг – зялёная і чорная. Страшная. А Эдзіку было не страшна – ён смяяўся ў сне і, мабыць, ад гэтага і прачнуўся.
Было ранне. На кухні шумела вада з крана. Эдзік падхапіўся, думаў, што гэта ён забыў закруціць. Але то быў бацька.
– Што ты прыехаў? Засумаваў? Ці з бабай пасварыўся? – бадзёра спытаў бацька, мыючы ў ракавіне марожаную рыбу – хацеў, відавочна, хутчэй пачысціць і насмажыць.
Нешта было ў яго голасе штучнае – мо гэтая бадзёрасць, але Эдзік не надта надаў гэтаму ўвагу.
– Ды не, там дождж, цэлы тыдзень абяцалі. А мне баба… грошы дала, думаю, пагуляю тут у клубе, потым зноў паеду..
– Ну, глядзі мне… – незразумела чаму прыгразіў бацька і нечакана амаль па-змоўніцку хутка спытаў: – Ці мо гэта маці табе наказала, каб ты неспадзеўкі сюды наязджаў?
Эдзік уздрыгнуў. Ён памарудзіў з адказам, стараючыся разабрацца ў апошніх бацькавых словах, знайсці там нешта тое, што было галоўным. Не, не выпадкова бацька так спытаў, значыць, ёсць (ці было!) у хаце нешта, аб чым маці ведаць не павінна. Ну, курыць бацька на кухні і ў пакоі (попел ад цыгарэт Эдзік на падлозе пабачыў), але ж не будзе так бацька з-за цыгарэт хвалявацца. А ён нервуецца, вунь як рыбу шкуматае. Попельніца была поўная.. Стоп! У попельніцы быў адзін недакурак…
Эдзік зірнуў на акно – і бацька павёў позіркам услед.
Попельніца была чыста вымытая.
А ўчора… Там быў адзін недакурак, які не мог застацца пасля бацькі. Доўгі тонкі белы фільтр напалову спаленай цыгарэты. А на белым фільтры – нешта ружовае. Можа, і памада для вуснаў…
Эдзік успомніў гэта яскрава. І – усміхнуўся
– Маці мне многа чаго казала, – ён пераможна глянуў на бацьку.
Бацька адвёў вочы ўбок.
– Ну, мыйся, я снеданне згатую…
Снедалі моўчкі. Бацька хутка пераапрануўся, хоць, як раней, то павінен быў бы легчы спачываць: суткі ж працаваў.
– Пельмені там у халадзільніку, рыбы я насмажыў, як захочаш чым паласавацца, то вось, – бацька паклаў на стол дзве буйныя купюры. – А мне на базу трэба, там…сход сёння.
І выйшаў з кватэры.
Столькі грошай Эдзіку не давалі дома ніколі. Ажно дваццаць тысяч! Сорак гадзін у клубе на кампьютэры гуляць можна!
Грошы былі ў кішэні, і разам з імі прыйшла думка: а яго, Эдзіка, купілі. Бацька купіў. Каб не надта ўспамінаў, што ён у попельніцы бачыў. Ну і няхай. Падманваць ён нікога не збіраецца: ні маці, ні бацьку. А маўчанне – не абман. Ды і можа яму там здалося…
Праз гадзіну пайшоў у кампўютэрны клуб. Гуляў мо гадзіны тры, аж рукі забалелі. Але шкада было адразу столькі грошай траціць ды яшчэ і атруты не купіў. Пахадзіў па міні-рынку. Атрута была розная, але не такая і дзяшовая, як Эдзік думаў. Калі браць столькі, колькі, як ён палічыў, трэба, то не будзе за што і гадзіну яшчэ пагуляцца за камп’ютэрам. Неяк усё разладжвалася. І тут, у горадзе, пасля смачнага снедання, адчування грошай у кішэні, камп’ютэрнага клуба не такім ужо галоўным стала здавацца яго помста. Хай сядзяць тыя дурні ў сваім балоце…
Ногі самі яго прынеслі да будынка, у якім размяшчалася рэдакцыя Юрыя Барысавіча. “Зайду, павітаюся. А раптам у яго справа якая будзе… Мо і так дасць за камп’ютэрам пасядзець…”
Дзядзька Эдзікаў – стрыечны брат маці – сядзеў у сваім кабінеце. Невысокага росту, хударлявы, падцягнуты, з невялікай лысінай ён выглянуў з-за шкельцаў акуляраў, узняўся з-за стала насустрач:
– Вітаю, вітаю…Што прывяло цябе ў рэдакцыю? Што, сумна? – ён паціснуў Эдзіку руку, паказаў на крэсла побач са сталом. – Сядай…
Прыемны чалавек, што казаць.
– Сумна. І грошай каб зарабіць…
– А на што табе грошы?
– А шмат на што. На камп’ютэр, на жуйкі, дыск новы хачу купіць..
– Зразумела… Маладое пакаленне выбірае волю. Добра, добра… А што табе той клуб – прыходзь, гуляй. Палова рэдакцыі ў водпусках, сядай за любы камп’ютэр, які вольны, – шырока павёў рукамі Юрый Барысавіч. – А з грашыма складаней. Грошы зарабляюцца. У наш час грошы можна зарабляць тысячамі спосабаў. У наш час іх можна зарабляць так, як раней ніколі не зараблялі.
– Гэта чаму?
– Раней інфармацыя не каштавала так дорага. А цяпер каштуе. Вось, напрыклад, як толькі ў прыёмны пакой бальніцы прывязуць каго з раненнем ці з дарожнага здарэння – мне адразу ж тэлефануюць. Думаеш, чаму? А таму, што інфармацыя каштуе грошай! Хто ёй валодае, той можа яе прадаць!
– І вы … плаціце за тое, што вам патэлефануюць? Але навошта?
– Каб усё ведаць, даражэнькі. Будзеш ведаць – будзеш друкаваць. Будуць чытаць. А будуць чытаць – будуць купляць. І мне гэтыя грошы вернуцца ўтрая. Вядома, я плачу работніцам прыёмнага пакоя, ёсць у мяне яшчэ надзейныя людзі ў такіх месцах, адкуль мне інфармацыю трэба атрымліваць адразу, без затрымкі. Вядома, плачу я неафіцыйна. Але гэта не галоўнае. У цябе ёсць мне што прадаць?
– Што прадаць?
– Дзівак-чалавек. Я купляю толькі адно: інфармацыю. У цябе ёсць інфармацыя, каб мне яе прадаць?
– Ды не… Я не ведаю, што вам трэба… Ну, што цікава, што не. Каб вы сказалі, я б збіраў… – разгубіўся Эдзік.
Эдуард Барысавіч засмяяўся – шчыра, радасна.
– Эх, хлопец, хіба ж я ведаю, што цікавага ты ведаеш? Ты ж не ў міліцыі працуеш, каб я табе дакладна сказаў, пра што мне расказваць… Добра, давай вось так: ты, наколькі я помню, у вёску збіраўся. Вось ты там быў?
– Быў, – паціснуў Эдзік плячыма. – Але што там цікавага?
– Гэта мы зараз і паглядзім… ну, давай, расказвай аб усім.
– Як – аб усім?
– А вось давай аб усім – з пачатку і да канца. Як прыехаў, як паехаў. Давай, давай, не саромейся, – падбадзёрыў Юрый Барысавіч.
– Ну, прыехаў, пайшлі на копанку…
– Мы – гэта хто?
– Ну, я, Віцька там ёсць, аднагодкі мы, і Віталік, чыкануты трохі, карты складае… Яны збіраюцца плыт пабудаваць…
– Ну, далей… пайшлі вы на копанку…
– А там сустрэлі нямко. Гэта дзяўчынка пяці гадоў, размаўляць яна не ўмее, з ёй там быў інтэрнацкі, брат яе, прыехаў. Маці іх п’яніца …
Эдзік пачаў расказваць, вядома ж, прапускаючы цэлыя эпізоды са свайго тыдня ў вёсцы, дзе і мяняючы што, і сам не заўважыў, як захапіўся.
– А плыт яны вырашылі пабудаваць з бутэлек!
– З бутэлек, кажаш… цікава… – першы раз перабіў яго Юрый Барысавіч. – Цікава…
– Што, інфармацыя? – зацікаўлена спытаў Эдзік
– Ну, вядома, плыт на балоце, магіла, пошукі… Інфармацыя, але трошкі не такая, якая трэба для мяне. Для другой газеты – інфармацыя.
– А калі прадаць?
Юрый Барысавіч засмяяўся:
– Газеты, якім такая інфармацыя трэба, яе ў цябе купляць не будуць. Там зусім іншыя…м-м-м… крытэрыі ацэнкі. І гэта ўсё?
– Ага, – закончыў сумна Эдзік, прадчуваючы, што у яго расказе нічога каштоўнага для дзядзькі не знайшлося. – Бутэлькі яны зносяць да будана, у якім нямко з інтэрнацкім жывуць. Там іх штаб.
– Што? – раптам ажывіўся дзядзька. – Хто дзе жыве?
– Нямко і яе брат, Сяргей… будан у садзе стаіць, там яны і спяць, нават, я бачыў, печку сабе зрабілі, есці варыць. Бо ў хаце там п’яніцы збіраюцца, – Эдзік паціснуў плячыма, гледзячы ў вочы за акулярамі, якія нечакана сталі літаральна пабліскваць.
– Ты хочаш сказаць, што гэтыя дзеці жывуць у садзе, у будане, у той час, як у хаце п’яніцы ладзяць балі? – выгаварыў Юрый Барысавіч кожнае слова паасобку, цвёрда. – Так?
– Так, я ж сам бачыў. Падглядваў…
– Вось!
Дзядзька пляснуў далонню па стале, адкрыў шафу, дастаў бутэльку з мінеральнай вадой.
– Ты зразумеў? Зразумеў, дзе пачынаецца інфармацыя?
– Не-а, – разгублена, але і радасна паківаў адмоўна галавой Эдзік.
– Інфармацыя пачынаецца там, дзе пачынаецца гаворка аб тым, што не так, не тое, не туды, не цяпер! Усё ў цябе звычайна, усё заканамерна. А вось што дзеці пры жывых бацьках у наш час, праз шэсцьдзесят год пасля вызвалення спяць на двары – вось не тое і не так. Уцяміў?
– Ага! – падскочыў радасна Эдзік. – Так проста…
– Не ўсё так проста, – пасур’ёзнеў дзядзька. – Атрымаць інфармацыю – адно. Галоўнае – як яе падаць… Але то ўжо справа не твая… так, выбачай, але ў нас так: разлічуся я з табой, як усё праверым. Так, дзе там твая вёска, дзе там твой дом? Хаця, чакай: а калі я цябе ў камандзіроўку туды пашлю, га?
– Паеду! – адказаў з запалам Эдзік.
Эдуард Барысавіч выйшаў з кабінета, махнуўшы рукой, каб Эдзік яго чакаў, хутка вярнуўся, але ўжо не адзін. З ім быў хлопец гадоў 18-ці, цыбаты, бялявы.
– Так, гэта Эдзік, – пачаў Юрый Барысавіч. – А гэта – мой карэспандэнт Валодзя Гілюк. Пазнаёміцеся пазней. Значыць, вам паўгадзіны, каб дамовіцца. Хочаце – сёння вечарам, хочаце – заўтра раніцай, але каб заўтра да абеду ў мяне былі здымкі гэтага будана ў садку. Валодзя: зразумела, што на здымку павінны быць брат і сястра, і павінна быць бачна, што яны тут жывуць. Э-е-е, здаецца, не тыя там людзі, каб табе пазіраваць, таму сам можаш там зусім не паказвацца. Толькі не трэба мне шчаслівай усмешкі сытага дзіцяці, – голас Юрыя Барысавіча стаў рэзкім, сказы кароткімі, як загады. – Трэба сляза няшчаснага дзіцяці. Тэксту – 20 радкоў. У сельсавеце не паказвацца. Імя і прозвішча маці – у вяскоўцаў. Імёны дзяцей – у вяскоўцаў. І каб блізка не ведалі, адкуль ты. Карацей, у мяне павінны быць здымкі і ўсё неабходнае для падтэкстоўкі, але ты там не быў, цябе ніхто не бачыў. А то заўтра ж прыбяруць будан… Эдзік, ты там – праваднік. Ганарар плачу трайны, як усё пацвердзіцца і будзе добры здымак.