Текст книги "Гапееў Ведзьміна тоня"
Автор книги: Автор Неизвестен
сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 13 страниц)
– Калі ехаць, Юрый Барысавіч? – спытаў карэспандэнт, падкрэсліваючы пры гэтым, што ехаць ён гатовы хоць вось зараз.
– Падумаем… Аўтобус вечарам ідзе ў колькі? – спытаў дзядзька Эдзіка.
– У 17.40. Там ён 20 хвілін пасля 19-ці.
– Так… Значыць, едзеце сёння, начуеце…
– У маёй бабулі! – падказаў Эдзік
– Згода, так і робіце. А ранкам робіце здымкі. Ёсць там дзе схавацца?
– Ёсць. Там слівы густа растуць, можна залезці і пасядзець.
– А вылезці незаўважна?
– Можна, я ж сядзеў…
Юрый Барысавіч нечаму ўсміхнуўся, павярнуўся да карэспандэнта:
– Глядзі там, Валодзя. Бярэш новы лічбавы фотаапарат. Каб усё было чыкі-чыкі. Падыдзі да бухгалтара, скажы, што я загадаў выдаць табе камандзіровачных паўсотні. Ідзіце…
Эдзік быў узрушаны – вось гэта будзе справа! Праўда, яго энтузіязм крыху патух, калі ён пабачыў абыякавы твар Валодзі. Той неяк умомант скіс, як толькі выйшлі з кабінета рэдактара.
– Сабачая работа, – толькі і прамовіў ён ціха сам сабе два словы, пакуль ішлі да аўтавакзала.
Эдзік прамаўчаў, здзіўлена глянуўшы на Валодзю: такая работа цікавая, плацяць грошы, чаго ён незадаволены? Яму б такую работу: пстрыкнуў фотаапаратам, напісаў тры радкі – і атрымлівай грошы…
Валодзя, як толькі аўтобус крануўся, прыткнуў галаву да акна аўтобуса і закрыў вочы. Усім сваім выглядам ён паказваў, што не збіраецца размаўляць.
Эдзік пакрыўдзіўся: гэта ж дзякуючы яму, Эдзіку, гэты Валодзя можа зрабіць здымкі, якія спадабаюцца рэдактару, можа атрымаць грошы –“трайны ганарар”, а вось глядзі ты, ні кроплі ўвагі.
Аб такіх адносінах Валодзі трэба абавязкова расказаць Юрыю Барысавічу…
Эдзік спадзяваўся, што будзе куды як цікава. Але атрымалася не вельмі і прыемна. Сказаў бабе Настусі, што ў Валодзі – тэрміновае заданне. А якое – сакрэт. Ну, Юрый Барысавіч жа папярэджваў. А гэты Валодзя як сеў за стол з яечняй – усё расказаў. І што з газеты, і што здымкі рабіць трэба. Добра, што хоць не сказаў, каго здымаць будзе.
Эдзік прапаноўваў пайсці і схавацца на ноч,
– Я не такі дурны, – адрэзаў Валодзя і заваліўся спаць, хоць было каля дзесяці гадзін вечара, яшчэ відно зусім.
У палове шостай іх пабудзіла баба Настуся, як яе папярэдзілі. Напрамкі праз агароды Валодзя ўслед за Эдзікам зайшоў ў сад дзеда Васіля, з яго – у той кут сада Сяргея, дзе раслі слівы. Чакаць давялося не так і многа. Сяргей прачынаўся рана, ды і Нэла хутка выглянула з будана.
– Эх, самому б паспаць у такім будане, – прыгаворваў з зайздрасцю Валодзя, шчоўкаючы апаратам. – У кватэры такая духата, ноччу спаць нельга. Ну, хопіць, вядзі назад, Сусанін, на аўтобус яшчэ паспеем…
Непрыкметна яны вылезлі з кута адразу на вуліцу – тут не было агароджы.
…Праз дзве гадзіны ў рэдакцыі на камп’ютэры яны разам: Эдзік, Валодзя і Юрый Барысавіч разглядалі здымкі.
– Цудоўна, проста цудоўна… – паціраў ад задавальнення рукі дзядзька. – Ставім у нумар. Эдзік, вось ты нам прынёс інфармацыю дык інфармацыю! Валодзя, давай мне даныя на дзяцей, сам падрыхтуй наступнае: колькасць дзяцей у дзіцячых школах-інтэрнатах у раёне, колькасць поўных сірот, яшчэ – колькасць пазбаўленых бацькоўскіх правоў за мінулы год і гэты… Працуем! – Юрый Барысавіч пляснуў у ладкі, павярнуўся да Эдзіка: – Сёння гэты камп’ютэр у тваім поўным распараджэнні, можаш сваю гульню сюды паставіць. А ганарар асобна атрымай…
Незаўважна для Эдзіка ў руцэ дзядзькі з’явіліся грошы. Эдзік нерашуча пацягнуўся за грашыма – яму ўсё яшчэ не верылася, што гэта на самым поўным сур’ёзе казалася і рабілася. І толькі адчуўшы сваімі пальцамі паверхню новенькіх купюр, якую ні з чым не зблытаеш, ён паверыў: такая вялікая сума – рэальнасць у яго руках. Яны пахлі – сваім самым арыгінальным пахам у свеце. Ні з чым не зблытаеш пах новенькіх, хрумсткіх грашовых купюр!
Грошы не проста адчуваліся ў кішэні – яны былі быццам жывыя!
Эдзік ішоў па тратуары, і яму здавалася, што яго грошы ўсе бачаць, усе ведаюць аб іх. І віной таму – яны самі, гэтыя хрумсткія паперкі, новенькія, бо яны амаль што свецяцца праз тканіну.
Два дні таму Эдзік гадаў, што рабіць з тымі грашыма, якія ў яго з’явіліся: купіць атруту, каб падушыць рыбу ў копанцы, ці прагуляць іх у камп’ютэрным клубе. Сёння ў яго грошай у пяць разоў болей! І Эдзік імгненна зразумеў, што трэба цяпер рабіць.
Трэба збіраць грошы.
Ён у адзін момант, зусім не стаміўшыся, стаў валодаць вялікай сумай. І хоць была спакуса вось зараз жа пайсці і набраць сабе новенькіх дыскаў, зайсці ў кафетэрый і выбраць самае смачнае марожанае – Эдзік на гэта не пойдзе. Не, траціць столькі грошай – гэта дурасць. Хай там тысяча-дзве – зразумела. Але не сто!
Эдзік спяшаўся ў пустую кватэру – каб палічыць свае грошы. І дакараў сябе за тое, што ў той ранак не ўтрымаўся і столькі патраціў…
…Выцягнуў акуратна грошы з кішэні. Яны заварожвалі той уладнай сілай, якая за імі адчувалася. Бач, быццам паперкі, а ў што толькі яны могуць ператварыцца!
Выцягнуў з кішэняў тое, што заставалася ў яго ад бабулі і бацькі. Побач з новенькімі купюрамі Юрыя Барысавіча гэтыя паперкі здаваліся шматкамі былой велічы. Эдзік старанна разгладзіў кожную змятую купюру, адабраў большай вартасці ў адзін стосік – гэтыя ён зараз пойдзе і памяняе ў магазіне на буйную купюру. Дробязь… Ну, гэтыя можна і патраціць.
У магазіне ён лісліва заглянуў у вочы жанчыне, працягнуў свае пакамечаныя паперкі:
– Калі ласка, дайце адной купюрай… Ведаеце, гэта мне на дзень нараджэнне трэба ісці, дамовіліся сабраць сябру, каб купіў сабе жаданы падарунак. То дайце, калі ласка, купюру новую…
Прадаўшчыца ўсміхнулася, выцягнула з касы вялікі стос купюр, раскінула веерам, выбрала і на самай справе самую акуратную.
А ў Эдзіка нешта ёкнула ўнутры – ён мо першы раз за ўсе разы вось так убачыў грошы: такую вялікую суму (там жа такія буйныя купюры!) у адной руцэ, якая трымала іх так, як трымаюць простыя паперкі. І ніколькі не хвалюецца жанчына.
Купюру з магазіна Эдзік намачыў трохі вадой, а потым прагладзіў гарачым прасам. Цяпер яна была амаль што аднолькавая з тымі, новенькімі.
Эдзік доўга глядзеў на свае грошы, акуратна раскладзеныя на канапе. І вырашыў, што ўсе купюры трэба абмяняць на больш буйныя. Тады не будзе спакусы узяць якую ды патраціць на пустое.
А грошы ён будзе так і збіраць: як набярэцца сума – так і абмяняе на адну купюру буйную. Назбіраў дзесяць тысячарублёвак – абмяняў на адну дзесяцітысячную…
Вось толькі пытанне – як іх збіраць… Гэта ж не грыбы ў лесе.
Трэба пайсці прагуляцца, патраціць тую драбязу – якраз на марожанае і думаць, думаць, думаць…
Частка 19
У будане стала сыра і няўтульна, пахла цвіллю. Спаць было холадна. Добра, што дождж прайшоў невялікі, а каб мацнейшы – і палілося б на Сяргея і Нэлу зверху, бо што тое сена – хіба ўратуе ад моцнага дажджу… Сяргей накрыў Нэлу, чым можна было, сам дрыжаў ад холаду. Чакаў хлопцаў – спаць не мог.
На рыбалку ўсё адно пайшлі – хоць магло і не быць добрага клёву. І толькі Віцька быў узбуджаны:
– Ха, ведаеце вы карасёў. Яны якраз пасля такой спёкі толькі ажывіліся, цяпер адно палююць. Пабачыце…
І меў рацыю!
І на нудны дожджык забыліся, на макрэчу пад нагамі і холад – клявала і брала – толькі паспявай закідваць. За тры гадзіны ажно сямілітровае пластыкавае вядро запоўнілі!
– А вы казалі, вы казалі… – у захапленні прыгаворваў Віцька, несучы гэта вядро ў вёску, хоць ніхто асабліва і не казаў супраць яго прагнозаў, адно Віталь раней пабурчаў трохі, што няўтульна на копанцы. – А карасі, карасі якія! Гэ, у вадзіцеля грошай не хопіць…
Настрой ва ўсіх быў прыўзняты – рыбалка ўдалася, ды яшчэ і дождж перастаў, хмары вышэй падняліся, распагоджвацца пачало.
Дамовіліся, што большую частку рыбы Сяргей панясе да магазіна. А Віцька і Віталь прыйдуць ужо да будана Сяргея, як дадому зазірнуць. Маці хвалююцца, гэта адно, а другое – трэба нешта сур’ёзнае рабіць з буданом.
Нэла спала, закутаная ва ўсё, што было ў будане. Ужо і пацяплела добра, і Сяргей спакойна пайшоў да магазіна. Аўтамабіль з хлебам ён прачакаў не так і доўга – мо з гадзіну. Вадзіцель яшчэ толькі пад’язджаў да магазіна, то ў прывітанні ўзняў руку, пасля, калі выскачыў з кабіны, крыкнуў да Сяргея:
– А я то думаю: будзе рыба ці не? Бачу, многа! Ну, чакай, разгружуся…
Грошай Сяргей атрымаў многа і адважыўся: купіў каўбасы акрамя хлеба і цукру. Смачна будзе засмажыць. А ў бабы Адаркі купіць яек дзесятак. Яна то і так дасць, але дзякуй, што малако за “дзякуй” дае. Яшчэ і яйкі прасіць…
Ля будана былі ўжо ўсе: Віцька, Віталь, Жэнька. Нэла сядзела, хуталася ў куртку ля ног Жэнькі. Будана, зрэшты, ўжо не было: толькі адзін каркас застаўся. Сена ляжала на траве, усе транты Сяргеевы – воддаль.
Віцька заўважыў спахмурнелы твар Сяргея і заспяшаўся:
– Ты не псіхуй, мы тут плёнку цэлафанавую прынеслі. Вось, трэба будан яшчэ большы зрабіць, накрыем плёнкай, каб дождж не прабіў, зверху сенам. Яшчэ навес адзін зробім, а то во дошкі нашы намоклі… – ён паказаў на тыя дошкі, што ўжо нацягалі ад дзеда Васіля. Іх трэба было парэзаць па чарцяжу, каб там, на месцы, не надта мучыцца.
– Я не псіхую, –адказаў Сяргей спакойна. – Давайце, дапамагайце, пакуль дажджу няма. Толькі Нэлу пакарміць трэба…
Калі ж шчыра, то ён не ведаў, як сябе паводзіць. З аднаго боку, было добра, што яму збіраюцца шчыра дапамагчы, а з другога – ён ужо адвык ад таго, што нехта чужы будзе бескарысліва табе дапамагаць, проста так, без нейкага разліку. Казытала непрыемна і тое, што хлопцы ні словам на рыбалцы не абмовіліся пра будан. Ну, мо яны згаварыліся, каб які сюрпрыз атрымаўся.. Перасіліла першае: што ні кажы, а яму было прыемна адчуваць падтрымку. І рыбы вось налавілі колькі, толькі крыху ўзялі смажыць (а есці ж разам будуць усе), а так загадалі Сяргею аднесці і прадаць вадзіцелю…
– Паснедалі мы з Нэлай ужо, – адказала Сяргею Жэнька.
– Я ёй каўбасы купіў… Насмажыць вось, на агні…
– Ха, каўбасу мы самі з’ядзім! Вось як зробім шыкоўны будан, каб усім можна было ад дажджу схавацца! Гэх, шашлык з каўбасы будзе! – загарэўся Віцька.
А Віталь тым часам нагой разгладзіў вытаптаны участак зямлі, трэскай чарціў:
– Каб нас чацвёра дарослых і Нэла селі адразу, то трэба…
– Ну, ты тут малюй, а мы пойдзем высякаць дручкі, – Віцька ўжо трымаў сякеру ў руках.
– Чакайце, вы дома жываты набілі, а Сяргей галодны, – прыкрыкнула Жэнька, прысела, выцягнула з-пад плёнкі на зямлі пакет, пачала даставаць з яго розныя скруткі. – Сяргей, бяры паеш…
– Ёсць у нас што есці, – разгубіўся Сяргей, гледзячы на прынесенае Жэнькай снеданне.
– Тое потым разам з’ядзім, – рагатнуў Віцька і па-змоўніцку дадаў: – Еш, гэта Жэнька спецыяльна для цябе аладкі смажыла, ад самай раніцы старалася…
У наступны момант ён ужо бег у бок густых сліваў, бо твар Жэнькі нічога добрага яму не абяцаў. Сяргей усміхнуўся, гледзячы на раззлаваную Жэньку:
– Ну, я паспытаюю, як ты ўмееш смачна гатаваць…
А сонца спачатку нясмела, а потым часцей, часцей прабівалася скрозь аблокі, якія парадзелі, пабраліся дзіркамі. Стала цёпла, пара густа падымалася ад роснай травы.
Кіпела работа: новы каркас вялікага будана, на два “пакоі” па праекту Віталя ўжо стаяў, абцягнуты папярэчынамі. Грунтоўнае збудаванне атрымлівалася. Віцька ад дзеда Васіля прынёс касу: тут жа, у садку, касілі траву і пустазелле. Каркас абцягвалі кавалкамі старой плёнкі, мацавалі, потым спецыяльнае рыштаванне рабілі, каб травой абкласці і тая не спаўзала.
Старое сена прасушваць расклалі, Жэнька на “печцы” пачала смажыць рыбу.
У гэты час да будана падышла маці Сяргея.
Усе спыніліся. Маці была цвярозая, з тварам, бы ў пабітай сабакі. Чырвоныя вочы хваравіта блішчалі, яна церла адну далонь аб другую. Было бачна, што адчувае яна сябе вельмі дрэнна. Усім стала вельмі няўтульна.
– Сяргей, сыночак, ты… гэта, ішлі б вы ў хату спаць. А то людзі смяюцца з мяне… І во крычаць на мяне, кажуць, правоў пазбавяць. А каму я трэба буду… – яна сутаргава ўсхліпнула.
– Пакуль у хаце будзе той зэк, я туды не пайду, – спакойна, але цвёрда адказаў Сяргей. – І Нэлу не пушчу. Выганяй тую сволач.
– Дык як жа яго выганю? Ды і навошта? Ён жа добры, гэта як вып’е, то трохі крычыць… – стала апраўдвацца маці.
– А ён бывае цвярозым? Усё, не прасі нічога. Мы нічога не просім. У нас во і есці што ёсць, і спаць ёсць дзе.
– Дык а як холадна стане? Куды ж пойдзеце?
– Пакуль стане, я нешта прыдумаю…Нешта прыдумаем, – дадаў Сяргей. – Ты адно… не пі болей. І тады ўсё будзе добра.
– Ды я… – маці ўсхліпнула нечакана. – Цяжка мне, ой, як цяжка… Загоніш ты мяне ў труну…
І яна пайшла, ступаючы так, быццам зямля пад яе нагамі пагойдвалася.
Нейкі час у садку стаяла цішыня. Непрыемная, нацягнутая. Так усё добра ішло…
– Усё будзе добра, – раптам голасна, упэўнена сказаў Віталь.
Ён падхапіў на рукі Нэлу, крутануўся з ёй:
– А ну, Нэла, скажы: будзе.
Дзяўчынка згодна заківала галавой.
– Не, ты не ківай, а кажы: будзе добра! Будзе добра!
Нэла, гэта было бачна па яе тварыку, сілілася і на самой справе нешта сказаць. Яна сутаргава крывіла роцік, каўтала, а потым вырвалася з яе грудзей кароткае, гучнае:
– Доба!
Віталь прыціснуў моцна дзяўчынку да грудзей, потым асцярожна апусціў на зямлю.
– От жа, казаў сваім: ну чаму вы мне сястрычку не нарадзілі…
Уздыхнуў, абвёў усіх сур’ёзным позіркам.
– Калі Нэла сказала, што будзе добра – значыць, так і будзе. Не будзем спяшацца і рабіць пяць спраў за раз. Вось зробім адну – падумаем над другой. Будзе ў нас час падумаць, як гэтага зэка з Сяргеевай хаты вытурыць.
– А цяпер давайце абедаць, работнікі, – запрасіла Жэнька. – У мяне гатова рыба…
Елі рыбу, потым на прутках смажылі на агні кастра каўбасу.
Будан закончылі к абеду. Ён атрымаўся, як і планавалі, вялікі, утульны, на два “пакоі”: пярэдняя і месца для сну. І светлы: Віталь прадугледзеў нават два акенцы – іх зрабілі з плёнкі.
Пасля абеду вырашылі сабрацца ў садзе дзеда Васіля: амаль усё, як ім здавалася, было гатова.
…Голас у тэлефоннай трубцы Жэнька не пазнала, хоць ён здаваўся ёй знаёмым.
– Так, я Яўгенія Лошчык. А хто мяне пытае?
– Гэта карэспандэнт раённай газеты Мікульчык, – адазваліся ў трубцы, і, не даючы Жэньцы апомніцца, голас працягваў: – Ну, давай раскажы, чаму не пішаш, што там у вас робіцца?
– Дык няма аб чым пакуль пісаць…
– Як няма? А хто збіраецца адшукаць у балоце магілу партызан, каб зрабіць перазахаванне? Вы? Ну, а маўчыш… Так, ты ў школе ў Саюзе моладзі?
– Так, у БРСМ…. – разгубілася Жэнька: адкуль у рэдакцыі ведаюць пра іх планы? – Дык мы нічога яшчэ не знайшлі…
– Гэта ўжо справа іншая. Знойдуць і без вас, калі ўзяліся. Ваш старшыня сельвыканкама быў у раёне, тут усё ведаюць, гэта справа надзвычай сур’ёзная. Раскажы, хто там збіраецца ў пошукі. Вам гэты самы партызан, як яго, Карота, так? Калі расказваў?
– У школе… Ну, гэта яшчэ раней было…
– Так… У школе была сустрэча… І пасля той сустрэчы школьная арганізацыя БРСМ вырашыла адшукаць магілу партызан, каб зрабіць перазахаванне. Хто ўдзельнічае?
– Ды не так было…
– Ну, няхай крыху не так, гэта дробязі. Хто там з вамі?
– Ну-у, – разгубілася Жэнька канчаткова ад гэтага націску карэспандэнта. – Сяргей, ён з нашай вёскі, жыве ў інтэрнаце, захацеў парыбачыць на Ведзьмінай тоні. І яшчэ Віталь, вучань нашага класа, Віцька, мой брат…
– Віталь член БРСМ? – зноў перабіў карэспандэнт Жэньку. – Хто з настаўнікаў будзе з вамі? Дарэчы, ты якую пасаду займаеш?
– Дзе займаю?
– Ты хто ў пярвічнай арганізацыі? Хто ў вас сакратар?
– Я – член камітэта…
– Так, добра. Я прыеду на гэтым тыдні, ты раскажаш усё больш падрабязна. Пакуль хопіць. А надалей я цябе прашу аб такіх навінах абавязкова паведамляць нам, – закончыў карэспандэнт ушчуваннем, і ў трубцы раздаліся кароткія гудкі.
Жэнька стаяла чырвоная. Не ведала, аб чым і думаць. Ну, пісаць яшчэ не было аб чым – яны ж нічога яшчэ не адшукалі, плыт яшчэ не гатовы… Вядома, яна планавала напісаць цэлы рэпартаж. Са здымкамі…
Успомніла аб здымках, падумала, што зараз вось закончыць усе клопаты па хаце і пойдзе з фотаапаратам у сад да хлопцаў і дзеда Васіля…
Частка 20
Бацька Віталя падагнаў трактар блізка да хаты, заглушыў.
– Гэй, разгружай! – гукнуў ён.
Хлопцы пазаскоквалі на прычэп. Тут было дзесяткі тры тонкіх дошак, доўгія рэйкі.
– Ух ты, матэрыял сапраўдны!
– Ось плыт будзе!
Разгрузілі хутка, пацягалі на надворак да дзеда. Тут ужо пад прыглядам дзеда Васіля пачалі разбіраць дошкі.
Размяралі, абразалі, складвалі каркас прама на зямлі, нажыўляючы між сабой дошкі і рэйкі. Плыт вырашылі зрабіць яшчэ большы – цэлых пяць метраў даўжыні. А вакол бартоў – парэнчы, каб незнарок не ўпасці ў ваду. Яшчэ падумалі, што трэба два вялікія вяслы – хто ведае, якая там глыбіня на тоні, ці атрымаецца толькі шастамі адпіхвацца.
Вёслы рабіў дзед Васіль. Няспешна, сякерай, а сякера ў яго – што тое лязо. Хлопцы кавалкамі шкла зачышчалі ручкі вёслаў – каб былі гладкія, не набівалі мазалі. Потым дзед камандаваў, паказваў і падказваў, а хлопцы майстравалі ўключыны – спецыяльныя штукі на вёслах, каб можна было грэбці імі і вёслы не выпадалі.
Па ходзе справы і праект плыта мяняўся. Яшчэ два дадатковыя адсекі зрабілі – каб упіхнуць туды дзве вялікія камеры з аўтамабільных колаў. Гэта старшыня прывёз, Мікалай Рыгоравіч. Праўда, папрасіў, каб потым вярнулі.
Жэнька спіс усяго патрэбнага склала. Калі пачалі зносіць усё да будана Сяргея, Віталь хапіўся за галаву:
– Ты што, ніякі плыт не вытрымае! Мы ж не на Паўночны полюс!
– Маўчы! Ты свае справы ладзь, а ў мае не лезь. Я нічога лішняга не бяру. Што, у далонях суп варыць будзеш?
– Які суп? Мы набяром…
– “Ролтана” і будзеце грызці сухім. Ведаю я вас. Усякай атрутай набіваеце свае жываты… Ты мне месца на плыце зрабі, каб вада ніяк не даставала, а то…
– Зраблю, зраблю, – прабурчаў Віталь, хоць ніколькі клопаты Жэнькі не псавалі настрою – ух, якая грунтоўная экспедыцыя атрымліваецца! Нават аптэчка ў іх ёсць.
Два дні прайшлі ў прыемных справах. Практычна ўсё было гатова. І неяк не адважваліся завесці з дзедам Васілём гаворку аб галоўным: аб тым дні, калі яны збяруцца на Ведзьміну тоню. Страшнавата было. Быццам усё перад гэтым здавалася простай гульнёй, а цяпер пачыналася сама справа – адказная і сур’ёзная…
– Я нешта дык і не ўяўляю, як мы разам з дзедам Васілём паплывём па тоні, – прызнаўся Віцька.
Сядзелі на беразе копанкі, закінуўшы вуды. Клёву не было, але не гаравалі з такой нагоды, бо прыйшлі больш адпачыць. Рукі ад работы балелі адчувальна.
– А я як пагляджу, колькі нам перанесці трэба ўсяго на Заікін востраў па балоцістай сцежцы, аж млосна робіцца, – адказаў на гэта Віталь.
– Нічога, вочы баяцца, а рукі робяць, – спакойна сказаў Сяргей. – Вы паглядзіце, колькі ўсяго зрабілі… Садок наш не пазнаць: і будан які стаіць, і навес ёсць, і каркас плыта гатовы, і бутэлек гара… Перанясём. Галоўнае ў такой справе – вызначыць для сябе, што робіцца такое не за гадзіну, не за дзве. Робіш і робіш… Яно само заканчваецца. Пакрысе…
– І то праўда, – больш бадзёра адазваўся Віцька. – Гэтулькі ўжо зрабілі…За дзень, зранку пачаўшы, перацягаем да вечара.
– Перацягаем, куды мы дзенемся, – згадзіўся і Віталь. – Вось так і збываюцца мары – паступова, крок за крокам ідзеш і ідзеш…
– Паплавок!
– Цягні!
Віталь тузануў вудачку, невялікі серабрысты карась забіўся на лёсцы. Асцярожна вызваліўшы адзіную за гэты час злоўленую рыбіну, Віталь узважыў яе на далоні.
– Ат, ты ж таксама, карась, марыў з’есці таго чарвяка, а цябе я, такі нехарошы, падмануў. Выбачай і ідзі сабе плавай у нашай копанцы. Шукай яшчэ чарвяка. Няхай збываюцца мары! – Віталь лёгка кінуў карася ў ваду. Той плёснуўся і знік у глыбіні.
…Маці прынесла і паклала на стол дзве газеты – раённую і яшчэ адну, якая выходзіла ў раёне – недзяржаўную.
– Божухна, гэта ж трэба так нам праславіцца.. – сказала яна з сумам, нават адчай прагучаў у яе голасе.
У Жэнькі затрымцела сэрца. Яна адчула, што ў раённай газеце нешта напісана пра іх. Не думала, што будуць нешта пісаць, але тое, якім тонам сказала маці, пры гэтым адвярнуўшы позірк ад дачкі, падказвала Жэньцы: у газеце нешта надрукавана…
“Школьная арганізацыя БРСМ ідзе на пошукі магілы партызан. На адной з сустрэч з ветэранамі ў нашай школе, якія праводзяцца рэгулярна, мы даведаліся ад партызана Вялікай Айчыннай вайны В.Я. Кароты аб тым, што на адным з астравоў у балоце за нашай вёскай ёсць магіла, у якой пахаваны некалькі партызан, гераічна загінуўшых у баях з ворагам. Камітэт школьнай арганізацыі БРСМ вырашыў правесці пошук магілы. Калі гэта ўдасца (у чым мы не сумняваемся), то па ўзгадненню з адпаведнымі органамі пройдзе афіцыйнае перазахаванне народных герояў. А пакуль мы рыхтуемся да паходу. Чакайце нашых рэпартажаў! Яўгенія Лошчык, член камітэта пярвічнай арганізацыіі БРСМ школы”.
Радкі паплылі перад вачыма – то слёзы паліліся з вачэй. Ад крыўды, ад асэнсавання немагчымасці нешта паправіць Жэнька закрычала адчайна:
– Я гэтага не пісала! Я карэспандэнту не так аб усім казала! Ён казаў, што не будзе друкаваць, пакуль сюды не прыедзе сам!
Жэнька ўпала на канапу тварам на падушку.
Маці паверыла – яна не магла не паверыць, бачачы рэакцыю дачкі. Падышла, села побач, паклала руку на плячо Жэнькі.
– Я яму патэлефаную… Ды чорт яго бяры, няхай і так напісана. Гэта не страшна. Галоўнае цяпер – адшукаць магілу. Як знойдзеце – то і гэта драбяза забудзецца.
– Гэта не драбяза! – падскочыла Жэнька. – Як на мяне хлопцы паглядзяць? Што дзед Васіль скажа? А ў школе? Калі гэта драбяза, то што не драбяза?
– Супакойся. Вось што не драбяза. Вось што страшна… – і маці пацягнула са стала недзяржаўную газету.
Цяпер Жэньку быццам кіпенем абдало. Яна пазнала, яна не магла не пазнаць гэты знаёмы будан, “стол” на цаглінах, пячурку… І Нэла – глядзіць некуды ўбок, яшчэ золкае ранне, яна скурчылася ля ўваходу… Сяргей спінай да аб’ектыву, распальвае агонь… Вялікі здымак на першай старонцы. І вялікія літары надпісу над здымкам: “Быццам і не было вызвалення…” Знізу пад здымкам трохі меншы радок: “Брат і сястра пры жывых бацьках і пры цяперашняй уладзе вымушаны жыць у шалашы…”
– А ў Сяргея і Нэлы няма бацькі… – ціха прагаварыла Жэнька, апустошаная гэтай страшнай і праўдай, і няпраўдай адначасова.
– Цяпер гэта не мае значэння, – адказала таксама ціха маці. – Гэта ж подласць… Лета, цёпла, чаму дзецям не спаць у будане… Божа, як так можна… Тым больш, мы ж бачым гэтых дзяцей і будзем рашаць…
Жэнька пакрысе пачынала разумець, што значыць для маці такі здымак і такі загаловак… Яна настаўніца, дэпутат сельскага савета…
Праз паўгадзіны прыйшлі Віцька і Віталь.
Жэнька выйшла ім насустрач.
– Я не вінавата, – ціха пачала яна. – Я не пісала нічога. Карэспандэнт па тэлефоне спытаў, ці я член БРСМ і ці расказваў дзед Васіль у школе аб партызанах… Я не казала яму нічога з таго, што ён напісаў…
– Чорт з ім, лухту гэту перажывём, – Віцька плюнуў убок. – Там Сяргей… падумаў, што гэта ты фотакартку паслала ў тую газету. Ты ж здымала. Ну і сказаў, каб мы блізка да яго не падыходзілі. Раззлаваўся вельмі.
– А адкуль ён ведае… пра здымак?
– Сарока па вёсцы палётала, – патлумачыў Віталь, маючы на ўвазе паштальёнку, якую за ахвоту да плётак і празвалі сарокай. – Пойдзем, хоць пакажам, што подпіс пад здымкам другі.
Дарогай Віцька разважаў услых:
– Эдзік! Гэтага фашыста ўжо тры дні няма – паехаў у раён. Гэта ён пра Сяргея і Нэлу сказаў, ён жа мне расказваў, што рэдактар вось гэтай газеты – яго знаёмы. Адпомсціў…
– Я ж казала табе: Эдзік – брыдота, – ціха сказала Жэнька.
Зайшлі да дзеда Васіля.
Той выслухаў іх усхваляваны расказ моўчкі. Доўга глядзеў старонкі недзяржаўнай газеты, быццам шукаючы там яшчэ нешта, што б падказала аб самым галоўным.
– Ведаю я рэдактара. І бацьку яго. Працавалі разам на лесанарыхтоўках. Працавіты быў мужчына. А вось маці была… То сын у маці пайшоў. Новая парода вырасла.
– Якая парода?
– Ідзі пакліч Сяргея з Нэлай, – замест адказу зірнуў дзед на Віталя. – Скажы: я клічу.
Пакуль чакалі, дзед згарнуў цыгарку са свайго тытуню, курыў у задуменні.
Падышлі Віталь, Сяргей з Нэлай.
– Клікалі, дзед Васіль? – спытаў Сяргей, прыпыняючыся воддаль ад сяброў.
– Сядайце бліжэй, – прапанаваў дзед, быццам не чуючы пытання. – Не ўмею я голасна размаўляць. А пачуць вам трэба.
Расселіся. Сяргей усё роўна сеў крыху ўбаку ад астатніх, але Нэла настойліва вызвалілася з яго рук, пайшла і прыціснулася да Жэнькі, ціхенька, быццам суцяшаючы, пагладзіла тую па шчацэ.
– Парода новая людзей вырасла. Страшная парода, – ціха стаў казаць дзед Васіль. – Раней нам проста жылося: во сябар, во вораг. Першага беражы, другога цурайся, трэба – бараніся. А цяпер… бач, як складна тут напісана: быццам і не было той Перамогі. Скажаш – няпраўда? Дык праўда: вунь будан, во дзеці. Вунь маці-п’яніца. А дзень таму я тое ж казаў нашай мясцовай уладзе ў вочы… Глядзіш: добры гэты дзядзька Юрый Сачыгін, рэдактар. Бач, вышуквае такіх бедных, клапоціцца… А на самай справе – усё роўна яму, што будзе заўтра, што будуць есці і дзе спаць усе астатнія дзеці. Яму гора людское – знаходка. Бяда людская – радасць, бо ёсць яму аб чым напісаць. Гэта вось Зарэмба да цябе прыходзіў, жыццём тваім цікавіўся, думаў, каб нешта змяніць, а гэты не цікавіцца, а цікуе. Сустракаўся я з Юрыем раней, калі яшчэ той толькі пачынаў. Гладка слаў, ды не з таго боку падушку клаў: ты яму скажы, чым цябе сёння, партызана былога, крыўдзяць. А чым мяне крыўдзяць? Вось хай лепш скажа, чым я больш за Адарку сваю ўвагі заслужыў… Я ад немцаў у балота схаваўся ды там перачакаў. А яна з хворай маці ды дзвюмя меншымі сёстрамі пад немцамі жыла. І хлеб мне пякла. Мяне забіць у баі маглі, а яе – у любы час... Я вось жывы – дык мне і медалі юбілейныя, і падарункі, і ўлада, што ні папрасі, бяжыць выконваць... А сябра мой Андрэй там, у балоце. І маці яго медалёў не атрымлівала, без падарункаў жыла… Вось што я вам скажу: гэта вам першы ўрок дарослы. Памятайце, што чым больш сталее чалавек, тым больш подласці ён можа нарабіць. І яшчэ памятайце: як бы вы ні жылі, а асобна жыць не атрымаецца. Бачыш, Сяргей, ты вось хацеў ад усіх адгарадзіцца, зарабляць сабе працай ды жыць з сястрычкай, нікога не чапаючы. Не атрымаецца. Бо жыццё складанае, а яшчэ больш подлае.
– Не запужвай дзяцей надта, – баба Адарка нячутна падышла да іх, колькі часу слухала. – Вы дзеду асабліва не верце. Харошых людзей усё адно больш. Дзеці вы ёсць і будзьце дзецьмі…
– Як гэта, – спытала Жэнька асцярожна, баючыся пакрыўдзіць старую, бо здавалася – яна сказала глупства. – Не зможам мы дзецьмі доўга заставацца. Ды і цяпер ужо не дзеці…
– Хрыстос некалі сказаў – будзьце як дзеці, – стала тлумачыць баба Адарка. – От Нэла, глядзіце: абы к каму не падыдзе. Яна сэрцайкам сваім адчувае дабрыню, сэрцайка ёй падказвае, ад каго злое чакаць. А чаму вы ўжо не так адчуваеце? Нэлу не падманеш словам, а вас ужо падманеш… Бо Нэла – дзіця шчырае, душа ў яе чыстая, злосці на ім няма. А злосць на сэрцы сляпым яго робіць… Жывіце сваім чалавечым векам…
– Як гэта – чалавечым? А… вы хіба іншым векам жывяце? – не пераставала здзіўляцца Жэнька.
– Ат, унучка, наш век ужо кацячы.
– Ой, гэта як? Раскажыце! – заінтрыгаваная, стала прасіць Жэнька.
– Ну, слухай сабе, – лагодна ўсміхнулася бабка Адарка. – Даўно тое было. Стварыў Бог усё жывое на зямлі, паклікаў да сябе, стаў гады жыцця раздаваць. Першы чалавек прыйшоў. Табе, кажа Бог чалавеку, дваццаць гадоў жыць. Пакрыўдзіўся чалавек, але змаўчаў. Прыйшоў да бога конь. Бог каню кажа – табе сорак гадоў. Злітуйся, божа, стаў прасіцца конь. Сорак гадоў мне плуг цягаць, бізун цярпець, хамут насіць? Скінь палову! Тут чалавек да Бога: аддай мне, Божа, дваццаць конскіх гадоў, як адмаўляецца. Добра, кажа Бог, бяры. Карова тут да Бога прыйшла. І ёй Бог сорак гадоў дае. Не хачу, кажа карова, сорак год цярпець, як мяне за цыцкі шморгаць будуць. Хопіць з мяне і дваццаці. А чалавек зноў да Бога: аддай і гэтыя дваццаць мне. Згадзіўся Бог. Сабака прыбег – яму Бог дваццаць год адмераў. Завыў сабака: дваццаць год на ланцугу? Ды за што ж ты мяне на такія здзекі, Божачка? Скінь палову. А чалавек тут як тут: дай мне, Божа, дзесяць сабачых. Бог і тут не адмовіў. Потым кошка завітала. І яна ад дваццаці адмераных ёй Богам гадоў адмовілася: хопіць на мой век дзесяць, кажа кошка. І яшчэ чалавеку дзесяць год дабавілася… Вось з тае пары так і жыве чалавек: першых дваццаць год – свой век, чалавечы. І валасок з яго галавы дарэмна не ўпадзе, толькі для сябе і жыве. А потым век конскі наступае: сям’я ды дзеці – цягні воз, такі лёс. Зарабляй, дзяцей падымай, дом будуй. Выраслі дзеці, тут бы і спачыць, для сябе пажыць, ды век кароўскі пачынаецца: дояць дзеці: таму на кватэру дай, таму вяселле гатуй, тут мэблю купляй, там машыну… Выраслі дзеці – пайшлі ўнукі: вось і век сабачы. Пільнуй адно ўнукаў, сядзі ля іх, бы прывязаны, будзь за маці і за татку, і за няньку і за вартаўніка. А ўжо і сам ледзь ногі цягнеш. Забярэ да сябе каторы з дзяцей – вось і пачаўся век кацячы. Карысці з цябе ў доме аніякай, хаваешся больш, адно каб пад ногі не трапіцца іншы раз. Што дадуць, тое з’ясі, дзе пакладуць, там і паспіш…
– Ой, як цікава, – ў захапленні прамовіла Жэнька. – Абавязкова запішу!
– Запішы сабе, – ўсміхнулася баба Адарка.
Тым часам дзед Васіль усё паглядваў на газетны здымак.
– Ты мне калі пра сляды казала? – спытаў ён жонку, потым павярнуўся да дзяцей: – Баба раніцай два сляды на роснай траве на нашым лужку бачыла. У бок Настусінага двара. Ад твайго саду, Сяргей…
– Ды пазаўчора ранкам і бачыла… Думала, злодзеі якія…
– А дайце мне, – працягнуў руку за газетай Віталь, паглядзеў на здымак, азірнуўся ў бок будана. – А здымак як быццам ад таго зарасніку зроблены…
– Пайшлі, – падхапіўся Віцька. – Паглядзім…
Падхапіліся і Віталь з Сяргеем, подбегам заспяшаліся ў гушчар сліваў, быццам гэта магло нешта цяпер змяніць.
Месца, дзе невядомы фатограф сядзеў у засадзе, яны знайшлі без цяжкасцей. Па слядах пабачылі – былі двое. А па характэрнаму следу ад красовак Віцька безапеляцыйна заявіў, што тут быў і Эдзік Настусін.
– Ён хваліўся сваімі красоўкамі, казаў – за 100 долараў. І плакаўся, што на падэшве аднаго малюнак сапсаваў аб нейкую жалезіну. Вось тут лінія пярэрваная, – Віцька паказаў на след, які на мяккай зямлі адбіўся, бы на пластыліне. – Ну, прыедзе яшчэ, – пагрозай закончыў ён.
– Прыедзе, сустрэнемся, – сказаў з нечаканай злосцю ў голасе і Віталь.
Дзіўна, ён жа ніколі не лічыў бойку правільным шляхам у любой справе.
Вярнуліся ў сад дзеда Васіля.
Той чакаў хлопцаў, бо загаварыў адразу:
– Ну, хай нам хоць солі цяпер, хто жадае, на хвост насыпле. Мы будзем сваю справу рабіць. Месяц, баба кажа, на надвор’е стаў, дажджу не чакаецца, ночы цёплыя. То нечага і нам чакаць. Я заўтра да старшыні сцягаюся, папрашу, каб трактар даў… Будзем ведаць канкрэтны дзень.