355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Автор Неизвестен » Гапееў Ведзьміна тоня » Текст книги (страница 11)
Гапееў Ведзьміна тоня
  • Текст добавлен: 7 октября 2016, 13:10

Текст книги "Гапееў Ведзьміна тоня"


Автор книги: Автор Неизвестен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 13 страниц)

Фельчарка пайшла на вуліцу, дзед – у сад.

Яго чакалі з радаснымі тварамі.

– Што, напужаліся крыху? – падбадзёрыў стары. – Не перажывайце, бывае ў жыцці і страшней. Вось калі ты зробіш, а другі цалкам тваё сабе забярэ – гэта балюча. Разумею, крыўдна і так… Не, то наша справа, нашай вёскі. Што тут чужым рабіць? Правільна я разумею?

– Правільна! Але мы тут аб другім падумалі… – пацішыў голас Віцька. – Аб тым дакуменце…

– Малайцы. І я аб гэтым падумаў адразу… Ну, вось і добра… А то я рашыў, што вам захацелася такія нашыўкі на рукавах панасіць, – падміргнуў дзед.

Засмяяліся шчасліва.

Усё ў іх атрымлівалася.

Але калі зноў нечакана завішчалі тармазы на вуліцы, уздрыгнулі ўсе. Толькі Сяргей спакойна зазначыў:

– Гэта старшыня прыехаў. Толькі ў яго УАЗіка так тармазы вішчаць.

І праўда, у сад зайшоў старшыня.

Павітаўся, прысеў на прапанаваны зэдлік.

– Ну, як настрой? Баявы? Добра, бачу, што баявы… Мне тут сказалі, што фельчарку выклікалі…

– Ты даруй, мне, Рыгоравіч, – загаварыў дзед Васіль. – Пасля мы табе многае патлумачым, ты хоць і чужы, ды наш чалавек. Цяпер адно скажу: ёсць у нас абставіны, пра якія вось толькі мы ведаем. І так складваецца, што ніхто чужы не павінен быць там, на востраве, пакуль не будзе знойдзена магіла. Толькі мы. Павер, надта сур’ёзна гэта. Дзеці вось зразумелі…

– Ну, значыць так трэба, – ніколькі не пакрыўдзіўся старшыня, што яму не хочуць даверыць нейкую таямніцу. – Вы больш ведаеце – вам і прымаць рашэнні. Я вам таксама веру… Так, калі ў вас усё гатова, у нас таксама ўсё гатова. Заўтра будзе трактар, Антон Аўдзееў пад’едзе. Будуць старшакласнікі са школы, яшчэ я тры чалавекі сваіх выдзеліў – дапамогуць вам перанесці ўсё на востраў. Аркадзь Калюжы будзе – на выпадак, калі забуксуем дзе. Хто ў вас старшы?

Пераглянуліся між сабой – неяк і не назначалі яны нікога старшым. І так разумелі – камандаваць, калі трэба, будзе дзед Васіль.

– Васіль Яўменавіч у нас старшы, – так і выказаўся Віцька.

– Так, зразумела, – усміхнуўся старшыня. – З трох такіх хлопцаў лепшага і не выбераш…Тады я назначаю старшай у групе Яўгенію! Хто супраць?

– Ага, пабудзеш з ёй супраць, – прабурчаў Віцька, але заўсміхаўся – яму было прыемна, што яго сястра – будзе галоўнай.

Старшыня абвёў позіркам хлопцаў, сустрэў толькі усмешкі згоды.

– Няхай камандуе! Але абед усё роўна гатаваць будзе…

– Ну, старшы, сябры мае, – гэта не камандаванне. Гэта адказнасць. Не толькі за свой абед, а і за справы ўсіх. І за жыцці ўсіх, за бяспеку. Думаеце, лёгка мне старшым тут быць? – пасур’ёзнеў Мікалай Рыгоравіч. – Вось… Ну, а Жэнька ў нас дзяўчына разумная, і слухаць вы яе будзеце. А намеснікам будзе ў яе Васіль Яўменавіч.

Не ўтрымаліся, зарагаталі, курыў сваю самакрутку і ўсміхаўся ў вусы дзед.

– Трымай, камандзір, – працягнуў старшыня Жэньцы радыётэлефон. – Мабільная сувязь да нашай вёскі не дайшла, ну а нам вось яшчэ ў мінулым годзе ўдалося атрымаць на жніво пяць такіх. Дыспетчарская цябе будзе чуць і днём і ноччу. Быць самім заўсёды на сувязі. Вось яшчэ зараднае і акумулятар запасны. Віцька хай зарадзіць абодва, хопіць на двое сутак, калі не размаўляць гадзінамі. Ну, што яшчэ ад мяне трэба?

– Ды, здаецца, усё наш камандзір палічыла і ўлічыла, – адказаў за ўсіх дзед Васіль. – Нам бы толькі трактар раней…

– У восем гадзін будзе трактар і рабочыя. Са школай я сам дамоўлюся.

– Тады ўсё ў парадку.

Старшыня павярнуўся, каб ісці, але ў апошнюю хвіліну затрымаўся. Нейкі час ён вагаўся – казаць пры ўсіх ці адазваць Сяргея ўбок, каб пабыць адзін на адзін, але вырашыў усё ж, што ў хлопца не павінна быць тайн ад сяброў адносна яго маці.

– Сяргей… Сужыцеля тваёй маці сёння арыштавалі, ён ужо дае паказанні. Прызнаўся. Маці твая адна ў хаце застаецца. Ну, зусім адну мы яе тут не пакінем… У гэтым годзе мы дваіх мужчын адправілі на кадзіроўку ад гарэлкі за кошт калгаса. Бо не было ў людзей за што. Пакрысе яны адрабілі, цяпер – людзі як людзі, дзякуй кажуць. Мы і маці тваёй прапануем. Адно хацеў цябе папрасіць: вернецца яна – ідзі з сястрой жыць у хату. Падтрымай маці. Вельмі цяжка жыццё адразу перайначыць. Трэба, каб пратрымалася маці месяц. Глядзець за ёй, не раўнуючы што за Нэлай. Далей будзе лягчэй… Як, падтрымаеш?

– Я ўсё зраблю, – ціха адказаў Сяргей. – Адно каб не піла…Як паедзе, я хату перавярну, не пазнае…

– Ну, тады добра. Галіна Калюжа маці ўгаворыць, яны сяброўкамі былі. Займайцеся тут, а мне бегчы. Чакайце заўтра!

Завыў рухавік, заціх удалечыні вуліцы.

На нейкі час у садзе стала ціха, было чуваць, як пастрэльвае тытунь у дзедавай самакрутцы.

– Ну, хлопцы, узяўся за гуж – не кажы, што не дуж, – падбадзёрыў дзед прыціхлых сяброў. – Усё ў нас атрымаецца. Галоўнае – ісці да канца…

Частка 23

Ранак быў празрыста-блакітным: ад высокага чыстага неба, ад бліскучай роснай травы, ад яшчэ не асляпляльнага сонечнага святла.

Забразгацела вядро аб студню. Сяргей выглянуў – маці набірала ваду. А з коміна хаты ішоў густы белы дым. І… пахла скваркамі. І блінамі.

Было яшчэ каля шасці гадзін. З коміна хаты дзеда Васіля таксама ішоў лёгкі дымок – і баба Адарка нешта гатавала.

Сяргей памыўся, стаў раскладваць агонь – няблага і кавы папіць – учора Жэнька крадком пакінула на стале невялікую бляшанку. Смачная кава, добра яе папіць вось такой раніцай: калі ціха-ціха зусім, яшчэ ніколькі не горача, дыхаецца на поўныя грудзі, і неба светлае, і дым з коміна пахне смачна… Дзякуй Жэньцы, хоць неяк і няёмка…

Сяргей піў каву без нічога – проста піў маленькімі глыткамі цёмны гарачы напой, гледзячы ў нікуды і адразу на ўсё. Вось у такія моманты прыходзіць перакананне, што ты ідзеш правільна, што ўсё ўрэшце будзе добра…

Нэла высунулася з будана, разлахмачаная, салодка пазяхнула, перацепнула плячыма.

– Выспалася?

Нэла кіўнула і падышла да Сяргея, прыціснулася.

– Бач, яны ўжо не спяць, а я будзіць іх іду!

Сяргей не чакаў пачуць голас, таму лёгка ўздрыгнуў.

У сад зайшла маці.

– Ну, і добра, што прачнуліся. Я вам снеданне згатавала.

Маці запнулася, нешта прыкідваючы, потым сказала:

– То я вам сюды прынясу, у хаце не прыбрала яшчэ…

Хутка яна вярнулася, несучы ў руках дзве глыбокія алюмініевыя міскі. У адной былі печаныя аладкі з белай мукі, у другой – яешня і скваркі.

– От, відэльцы не ўзяла, – павярнулася яна зноў да надворка.

– Не трэба, у нас ёсць, – спыніў яе Сяргей. – Сядай вось. Нэла, бяжы па сваё малако, вунь баба ў садзе цябе чакае.

Нэла пабегла ў сад дзеда Васіля, скачучы высока цераз траву, збіваючы ранішнюю расу і пакідаючы цёмна-зялёныя сляды на бліскучым лузе. Там яе сапраўды чакала баба Адарка са слоікам.

Снедалі моўчкі.

Не ведаў Сяргей, што казаць, калі сядзіць сям’я за адным сталом. Не сядзеў ён так вельмі даўно.

– Дык на колькі ж вы дзён у балота? – спытала маці.

– На тыдзень, як усё добра будзе. Рыбы хачу многа налавіць. Купіць з адзення трэба што, адны штаны засталіся.

– Ага, трэба табе і штаны, – згадзілася маці. – Нэлу з сабой забярэш?

– Забяру. Няхай са мной будзе.

– Нэла, а можа са мной застанешся? Камары ў балоце пакусаюць, авадні джаляць… – стала казаць маці да дачкі.

Нэла адставіла ўбок кубак з недапітым малаком, пакруціла галавой і, сутаргава крывячы роцік, выціснула:

– Не-е-э-э!

Маці змянілася тварам. Сяргей паглядзеў на яе і сказаў:

– Мы пакрысе размаўляць Нэлу вучым. Баба Адарка казала, што ўсё ад перапуду, будзе Нэла ў спакоі, ніхто пужаць яе не будзе – навучыцца зноў гаварыць.

– Дык а на балоце ж напужаць што можа, – разгублена запярэчыла маці.

– Вы п’яныя для яе самы вялікі страх, – вырвалася ў Сяргея, але маці не пакрыўдзілася, наадварот, быццам чакала нечага падобнага, каб загаварыць на гэту тэму:

– Дык… учора старшыня да мяне падыходзіў. Казаў, што калгас грошай дасць, а я каб на кадзіроўку ехала. Ехаць, а? Грошы вялікія, іх вяртаць трэба. Можа, я так не буду піць і ўсё?

– Едзь, – упэўнена адказаў Сяргей. – Грошай у нас яшчэ мільёны незаробленых. Колькі заробім – ад нас залежыць. Раней піць кінеш – раней і заробім.

– Дык тыдзень не піць трэба да гэтага…

– Вось і не пі. Пакуль з балота не вернемся – не пі.

– Ага, я не буду, – не тое што абяцала маці, яна больш угаворвала сама сябе, пераконвала, што справіцца, вытрымае…

А палове восьмай усе сабраліся ля хаты дзеда Васіля. І сам ён – чыста паголены, падстрыжаны – гэта ўчора быў у вясковага цырульніка, потым у лазні. Усе рэчы сабраныя былі ў адной кучы – цэлая гара назбіралася. Ты глядзі, як многа трэба чалавеку, каб усяго адзін нейкі тыдзень пабыць без сваёй хаты.

Сядзелі на лавачцы, чакалі.

Падышла пажылая жанчына, прыпынілася. Яе пазналі – былы дырэктар школы, Ганна Дзмітрыеўна.

– Дзень добры вам!

– Добры дзень!

– І табе, Дзмітрыеўна, добры! – паказаў рукой на месца побач з сабой дзед Васіль. – Сядай, адпачні, калі ісці далёка.

– Ды я ўжо прыйшла. Вось вам на дарогу напякла піражкоў, – жанчына стала даставаць са свайго пакета скруткі. – Гэта з яблыкамі, гэта з курацінай, бач, прапякліся добра… Ешце на здароўе…

Жанчына раптам усхліпнула, з вачэй сарваліся слёзы, яна хутка выцерла іх ражком хусткі.

– Вы ж там, дзетачкі, пастарайцеся, адшукайце магілу. Не змагу я спакойна далей жыць, калі на магіле бацькі не пабуду. Хоць бы калі на Вялікдзень яечка яму чырвонае пакласці… Як там будзе – не ведаю, мо перазахаваюць, мо не. То як адшукаеце, вы мне скажыце. Я вас папрашу, каб мяне потым на плыце на той востраў завезлі. Хоць надта я баюся, ды здужаю…

– Ну, Дзмітрыеўна, не хвалюйся, – супакоіў яе дзед Васіль. – Павінны мы знайсці...

А да дома дзеда сталі падыходзіць вяскоўцы – больш пажылыя жанкі, дзеці, падлеткі. Многія віталіся, станавіліся побач. Прыйшлі пяцёра дзесяцікласнікаў разам з настаўнікам фізкультуры.

– Ну, дзе ваша дабро? Гэта ўсяго? Дапаможам…

Жэнька крыху разгубілася – ну хіба ж яна чакала, што гэтулькіх людзей зацікавіць іх ад’езд? І неяк няёмка цяпер рабіць здымкі пагрузкі… А так хацелася – каб кожны іх крок сфатаграфаваць.

Адзін за другім пад’ехалі два аўтамабілі – старшыня Мікалай Рыгоравіч і Іван Кузьміч – “Бабер”. А з “Бабром” – маці Жэнькі і Віцькі.

Без колькі хвілін восем цэлы натоўп сабраўся ля хаты. Хлопцы адчувалі сябе вельмі няўтульна – ніяк не чакалі, што такія “праводзіны” ім вяскоўцы арганізуюць. Паглядвалі ў бок вуліцы, адкуль павінен быў пад’ехаць трактар бацькі Віталя. Але замест трактара на вуліцы паказалася вялікая серабрыстая машына. Амаль бясшумна яна пад’ехала да групы ля хаты, спынілася.

У аўтамабілі сядзелі чацвёра: малады чалавек за рулём, пажылы мужчына інтэлігентнага выгляду, хударлявы, з сівой невялікай барадой, на заднім сядзенні – жанчына прыблізна яго ж гадоў і дзяўчына гадоў васемнаццаці.

Мужчына павольна вылез з аўтамабіля, малады чалавек таксама. Пакуль маладзейшы адчыняў заднія дзверы, каб выйшлі жанчыны, мужчына падышоў да людзей і нечакана схіліў галаву ў паклоне.

– Дзень добры вам, землякі дарагія! Выбачайце свайго сына, што за гэтулькі гадоў наведваю вас. Не пазналі, Васіль Яўменавіч?

Дзед Васіль узняўся насустрач мужчыне, прыгледзеўся.

– Пятро? Пятро Міклуш? – усхвалявана перапытаў дзед.

– Я, Васіль… – усхліпнуў нечакана мужчына.

Яны паціснулі адзін другому рукі, потым моцна абняліся.

Сярод натоўпу загучалі прыглушаныя галасы:

– Гэта ж Міклушаў самы меншы… Бачыш, яго аплаквалі, а адзін ён і выжыў…

– Каторага ў Нямеччыну вывезлі?

– Ага, ён гэта. Дваццаць год таму прыязджаў, помнік на магіле сваім паставіў. А больш і не было…

– Дык жа ў Англіі жыве…

Дзед падвёў мужчыну да лаўкі, насустрач падняліся Зарэмба, Баброў і маці Жэнькі.

– Вось, сябар майго дзяцінства, Пятро Міклуш. На два гады за мяне маладзейшы. Хаты нашы амаль побач стаялі. Яго бацька і мая маці – стрыечныя былі… Я ад той аблавы схаваўся, праз тыдзень у атрадзе быў, а Пятро вось не змог схавацца – яго тады разам з іншымі падлеткамі загналі ў кузавы аўтамабіляў і павезлі… У Германію. 24 чалавекі тады вывезлі. 16 вярнулася.

– Нашых чацвярых з вёскі вызвалялі амерыканцы. А на заводзе тым многа рускіх працавала. Доўга ўгаворвалі не вяртацца. А потым прыйшоў адзін рускі афіцэр (ці то правакацыя была?) і сказаў, што ўсё роўна чакае нас яшчэ па 10 год лагераў – як здраднікаў, што на ворага працавалі, калі вернемся… І згадзілася многа не вяртацца, – успамінаў Пятро Міклуш.

– Ну, па 10 год ніхто не сядзеў, а па год-тры – такое было, – ціха ўставіў Іван Кузьміч. – То праўда…

– Вось мы чацвёра – я, Ігнат Антоненкаў, Сашка Чарняўскі і Вольга Корзун – і вырашылі трымацца разам, падаліся ў Англію, – працягваў Пятро Міклуш. – Думалі, перачакаем крыху, пакуль усё наладзіцца ды вернемся… Ігнат захварэў і памёр праз год, а потым Вольга сустрэлася з афіцэрам англійскім, пасябравалі яны. У таго афіцэра знаёмыя ў пасольстве недзе працавалі… так ліст на радзіму мы і перадалі. І нам праз тры месяцы адказ прыйшоў… І мне прысуд… – ён не ўтрымаўся, пацягнуўся ў кішэню за насоўкай, выцер вочы.

– Бацька Пятра, Сямён Міклуш, у партызанах быў. З намі, на тым балоце… Там і застаўся, на Савіным востраве, – стаў тлумачыць далей дзед Васіль. – А брат Пятра Іван – наш сувязны. Яго схапілі… Катавалі, потым расстралялі. І сям’ю расстралялі: маці і двух сясцёр Пятра. У адной магіле ўсе і пахаваны на могілках. Хату спалілі…

– Я і застаўся там… – стаў казаць далей Пятро Міклуш з вінаватасцю ў голасе. – Куды мне было вяртацца? І Вольга засталася. Яна, дарэчы, ужо памерла… Казала дзецям, што хоча памерці на радзіме, але не паспела прыехаць… Я вось адзін раз змог – 18 гадоў таму. І цяпер во супала так: ва ўнука – гэта дачкі сын – водпуск невялікі. А ў вас тут – вось такія справы…

– Якія справы? – здзівіўся старшыня Мікалай Рыгоравіч. – Адкуль у Англіі пра нашы вясковыя справы ведаюць?

– О, наш час – гэта не тыя страшныя гады, калі па паўгода ішло пісьмо… Мая дачка прыязджала са мной тады, яна выкладае ў школе. І да сэрца прыпалі ёй гэтыя мясціны. Вось нядаўна адшукала ў гэтым Інтэрнэце сайт пра ваш раён. Там у апошніх навінах і прачытала пра вашы планы – што збіраецеся вы знайсці магілу на тым балоце і зрабіць перазахаванне. Я не змог не прыехаць, каб пакланіцца бацькавай магіле. Я так спадзяюся, што мая надзея спраўдзіцца… Вы адшукайце, Васіль… – пранікнёна папрасіў Пятро Міклуш.

– Ну, гэта больш да нашага камандзіра звяртайся, – усміхнуўся дзед Васіль. – Як, Яўгенія, знойдзем?

Жэнька пачырванела густа-густа, да самай шыі. Яна разгубілася так, што не змагла знайсці і аднаго слова. За яе адказала маці:

– Знойдуць дзеці. Абавязкова знойдуць.

– Добра. Вось… чакайце… – павярнуўся Міклуш да маладога чалавека, нешта хутка стаў казаць на англійскай мове. Той згодна заківаў, пайшоў да машыны, вярнуўся з невялікім, але досыць умяшчальным рукзаком, запоўненым нечым. Рукзак узяў у свае рукі Пятро Міклуш, працягнуў Жэньцы. – Бярыце, калі ласка! Тут нашы гасцінцы вам: кава, вяндліна, пячэнне, кансервы… вам усё спатрэбіцца… Бярыце, бярыце, не саромейцеся, мы ж ад чыстага сэрца…

Калі Жэнька ўзяла рукзак, Пятро Міклуш крануў за руку Зарэмбу:

– Выбачайце, вы тут, здаецца, усё ведаеце. Мне б знайсці мясцовую ўладу..

– А што яе шукаць, яна тут уся, – засмяяўся Мікалай Рыгоравіч. – Вось Іван Кузьміч, старшыня сельвыканкама, вось вам дэпутат сельскага савета Алена Адамаўна Лошчык, вось і я сам – старшыня мясцовага калгаса Мікалай Рыгоравіч Зарэмба. Дарэчы, дык гэта вы мне тэлефанавалі і пыталіся, калі нашы вандроўнікі адправяцца ў паход?

– Ой, як цудоўна! Так, гэта мы ў Мінску спыніліся ў гасцініцы… О, які цудоўны, які чысты і ўтульны Мінск! Але, мы адтуль і тэлефанавалі…У мяне столькі просьбаў… Першая – мне б знайсці месца на нейкі час, каб пажыць. Я веру, што адшукаецца магіла бацькі... Вы ж перазахаванне плануеце на 3 ліпеня?

– Ну, як усё добра складзецца, – зазначыў Іван Кузьміч.

– Складзецца, у вас усё добра складваецца, калі вы робіце на карысць іншых… Я б хацеў перадаць яшчэ пэўную суму на помнік, вы ж будзеце яго рабіць? Гэта – ад маёй сям’і. Дзеці паедуць дадому, у нас кароткія водпускі, а мы з жонкай – гэта мая Марыя – хацелі б пажыць тут месяц. Ёй таксама спадабалася тады…

– Ну, хто да нас са шчырай душой, да таго і мы з адкрытым сэрцам, – развёў рукі ў бакі Іван Кузьміч. – Усё можна зрабіць, а пакуль трэба вось атрад наш адправіць. Вунь і Антон…

Сапраўды, пад’ехаў трактар. Перад ім расступіліся, каб стаў як мага бліжэй да разабранага і складзенага ля хаты плыта. У прычэпе было двое мужчын.

– Жэня! – паклікала маці. – Не лезь, там і без цябе пакуль управяцца. Ты кім жадаеш стаць? Вось, рабі здымкі! Дарэчы, вось каб ты сустрэчу Пятра Міклуша з Васілём Яўменавічам сфатаграфавала!

– А я сфатаграфавала! – весела адазвалася Жэнька. – І на дыктафон твой запісала!

Маці ўсміхнулася. Дыктафон, яны вырашылі, патрэбен будзе. І можна не запісваць на паперу падзеі дня, а дыктаваць на касету. Ну, і на ўсякі выпадак. Вось такі, напрыклад.

З пагрузкай справіліся хутка. У прычэп, акрамя мужчын, саміх хлопцаў, дзесяцікласнікаў, яшчэ заскочыла некалькі хлопцаў-вяскоўцаў, сярод іх і аднакласнікі Віцькі і Віталя. Дамовіліся: яны дапамагаюць пераносіць часткі плыта на першы востраў, а за гэта потым ім дадуць паплаваць на плыце па Ведзьмінай тоні.

Крануліся. Сяргей з Нэлай сядзелі побач з Жэнькай. Яны, у адрозненне ад астатніх, глядзелі назад, а не ўперад. Жэнька фатаграфавала: ім махалі на развітанне. І асобна стаяла маці. Яна ганарылася імі – Жэнькай і Віцькам, сама Жэнька гэта асабліва востра адчула сёння.

І яшчэ адну асобную постаць выглядзела Жэнька. Яна таўханула ў бок Сяргея:

– Глядзі! Твая маці…

Сяргей убачыў маці – яна стаяла на сваім надворку, ля студні, закрываючы вочы ад сонца сваёй далонню і гледзячы на іх – на Сяргея і Нэлу. Сяргей нейкі момант вагаўся – памахаць маці, як гэта зрабіла Жэнька сваёй, ці не, потым абхапіў рукамі Нэлу:

– Глядзі, на нас маці глядзіць! Памахай ёй рукой!

Нэла стала махаць. Маці адтуль, ад дома, заўважыла сваіх дачку і сына на трактары, павольна рука яе ўзнялася, і яна стала лёгка памахваць ёй…

Наперадзе ішоў УАЗік Зарэмбы. Дзед Васіль сядзеў на сядзенні разам са старшынёй – паказваў дарогу. За імі павольна рухаўся трактар з прычэпам. За вёскай да іх далучыўся яшчэ адзін трактар – Аркадзь Калюжны.

Да першага вострава – Заікіна – трактары асцярожна падышлі досыць блізка. Калі ўзнікла рэальная пагроза “пасадзіць на вось” трактар, Антон Аўдзееў спыніўся.

– Ху-цць-енька! Разгружаем! Але асцярожна, нічога не паламаць. Складваем, насіць потым будзеце, а то ўлезу ў балота, верталётам не выцягнем…

Разгрузіліся за хвіліны. Дарэчы прыйшоўся і другі трактар – колы гэтага паспела ўсмактаць балота, аднаму – не вылезці. А так усё абышлося.

Пачалася самая цяжкая і нудная частка іх работы: больш за пяцьсот метраў трэба было несці рэчы, зноў вяртацца, зноў несці: па чорнай гразі, па гнілых кладках. Хто разуўся – насіў босы, старэйшыя былі ў гумавых ботах.

Сам Мікалай Рыгоравіч, пакінуўшы УАЗік на бяспечным месцы, разуўся і пайшоў услед за дзедам Васілём. Дзед у высокіх сваіх цяжкіх ботах добра запыхаўся, пакуль узышоў на сухі бераг.

Тоня раскінулася перад імі чорным кругам без адной хвалі. Пад яркім сонцам вада яе здавалася незвычайна халоднай. Урэшце, і Мікалай Рыгоравіч у гэтым упэўніўся, апаласнуўшы ногі з берагу.

– Халодная якая… Якая ж веліч тут, Васіль Яўменавіч… Эх, сюды б на тыдзень які, каб хоць колькі адпачыць…

– А і прыязджай… От плыт будзе, на які востраў заплывеш – ні адно раённае кіраўніцтва не знойдзе. А вада халодная, бо крыніц многа…

– Ат, кіраўніцтва заўсёды знойдзе. А адпачыць тут будзе можна… Ах, які ж тут спакой!

Яно і сапраўды – цішыня была незвычайная, і ўсе міжволі прыглушалі свае галасы.

– Ну, што ж, поспехаў вам! – Мікалай Рыгоравіч паціснуў рукі дзеду, потым Жэньцы – ім абаім ды яшчэ і Нэле не дазволілі нічога пераносіць. – Жэнька, тэлефануй! А ты, Нэла, размаўляць вучыся!

– Доба! – выстраліла літаральна Нэла.

– Значыць, добра!

На ўчастку берага пакрысе вырастала горка будматэрыялаў, асобна складваліся неабходныя ў паходзе рэчы.

Частка 24

Здавалася, блізка, побач востраў і людзей многа, а перанасілі ўсё толькі за гадзіну. Не надта разгонішся па такой сцяжынцы, калі ці не па калена нага лезе ў чорную гразь.

Старшакласнікі яшчэ дзве невялікія вольхі ссеклі, на якія дзед паказаў. Дрэвы падцягнулі да берага, знялі кару, роўна абсеклі сучча, паклалі на беразе паралельна адно аднаму так, каб большая частка кожнага была на беразе, а канец спускаўся да гладзі тоні. Гэта будуць сходні, на іх будзе збірацца плыт, каб можна было яго потым ссунуць ў ваду, бо не такі лёгкі ён будзе, каб можна было панесці!

Пасля шумнага мнагалюднага рання цяпер усе адчулі сябе трохі адзінока: на востраве засталіся дзед Васіль, Жэнька, Віцька, Віталь, Сяргей з Нэлай ды яшчэ вясковыя Андрэй і Толік – яны ўпрасілі, каб ім дазволілі збіраць плыт.

– Ды не перажывайце, мы ж сказалі, што дадзім плыт паплаваць па тоні, – адмаўляўся ад дапамогі Віцька, але тут дзед Васіль заступіўся за хлопцаў:

– Няхай сабе дапамагаюць. Нам не перашкода, а хлопцам усё адно рабіць няма чаго.

– А потым і на плыт папросяцца… – прабурчаў Віцька.ціха, сабе пад нос.

Ён і сапраўды думаў аб тым, што ў апошні момант у іх кампанію яшчэ хто-небудзь дабавіцца. А гэтага не хацелася… Бо Сяргей, Віталь, Нэла і Жэнька – гэта ж ужо свае. А там, на востраве, ім не толькі шукаць трэба, ім яшчэ і думаць, і вырашаць…

Аднак дапамога Андрэя і Толіка была куды як дарэчы: збіраць плыт, хай сабе і па падпісаных яшчэ ў вёсцы частках, набіваць яго адсекі пад лік бутэлькамі, надзімаць дзве камеры, ставіць парэнчы, мацаваць уключыны… Уга, як многа аказалася работы, ды яшчэ дробнай, але неабходнай…

Ледзь управіліся да абеду. Добра, што дзед Васіль камандаваў: ніхто нікому не перашкаджаў, за адну справу ўсе разам не хапаліся.

Ён нарэшце быў гатовы – іх плыт. Нечакана вялікі, ён выглядаў самавіта і надзейна. Так і хацелася ўзысці на роўна ўсланую дошкамі яго паверхню, узяцца за вялікае вясло, апусціць яго ў ваду…

– Ну, з Богам, хлопцы! – скамандаваў дзед Васіль.

Пяць дручкоў падсунулі пад край плыта.

– Раз! Яшчэ раз! Яшчэ – раз!

З кожнай камандай дзеда ўзнімаліся дручкі, і плыт лёгка слізгаў па гладкім альховым бярвенні, бліжэй, бліжэй да вады.

– Яшчэ раз!

Нос плыта ўрэзаўся ў ваду, па роўнай паверхні тоні пакацілася, пабегла далёка-далёка хваля. Кінулі дручкі – так лёгка ідзе плыт, хлопцы ўперліся рукамі – і плыт, цяпер узняўшы яшчэ большую хвалю, увесь апынуўся на чыстай вадзе, памкнуўся наперад, як вырваная на волю жывая істота, ды папярэдне завязаная вяроўчына яго прытрымала.

– Ура! – выгукнула Жэнька, пашкуматала Нэлу. – Крычы ўра!

– Ула! – выгукнула Нэла, трошкі памарудзіўшы і засаромелася, мабыць, свайго голасу – схавала твар у каленях Жэнькі.

Плыт пагойдваўся на вадзе.

– Глядзі, не асеў ніколькі, – з гонарам сказаў Віталь. – Во грузапад’ёмнасць будзе.

– Праверым зараз, – адказаў Сяргей. – Кладзем сходні. Я на плыт.

Сяргей пайшоў да вады, не распранаючыся. Каля краю плыта яму было амаль па пояс.

– Я больш як па калена ў твані стаю, – крыкнуў ён. – І топка вельмі, ногі далей лезуць.

Ён ускараскаўся на плыт. З берага за вяроўчыну плыт падцягнулі ўшчыльную да берага, кінулі сходні. Сяргей прыняў іх, замацаваў на плыце.

– Ну, давайце, правяраем!

Пазаскоквалі адзін за адным пяцёра хлопцаў.

– Га, стаіць як укопаны, – гайсаў ад краю да краю плыта Віталь. – Вось што значыць разлік. Га, Сяргей, як ты добра лічыць умееш!

– Ды ідзі ты! – адмахнуўся Сяргей.

Плыт на самай справе трымаў добра – усе зайшлі на адзін бок, а плыт нахіліўся зусім мала. Бегалі па плыце, падскоквалі, збіраліся разам ля розных бакоў – адным словам, правяралі: ці не хіліцца ў які бок, ці не адышло дзе мацаванне. Усё было добра.

– Есці, – закамандавала з берага Жэнька.

Яна паспела прыгатаваць з таго, што далі ім Ганна Дзмітрыеўна і Пятро Міклуш, вялікі стол на разасланай на траве кляёнцы.

Елі ўзбуджаныя, вясёлыя і – не зводзілі вачэй з плыта, які быццам уліп у чорную ваду, стаяў нерухома, не калыхнецца.

Аказваецца, прагаладаліся добра. Вось што значыць выбраць камандзірам дзяўчыну: не паклікала б – і да вечара не еўшы хадзілі б. А так – вунь колькі было ўсяго: і піражкі, і каўбаса, і бутэрброды, быццам на роту салдат, а дваццаць хвілін не прайшло – і няма нічога.

Сталі заносіць на плыт рэчы. Аж страшнавата стала: гэтулькі ўсяго! Дзве сякеры, тры рыдлёўкі, піла двухручная, малаткі, цвікі – толькі інструменты. А яшчэ вуды, прадукты, посуд, адзенне, палатка… Апошнімі дзед Васіль з Жэнькай і Нэлай зайшлі. Цалкам загружаны плыт адчувальна асеў у ваду, але стаяў цяпер толькі яшчэ больш устойліва.

Апошняя справа на гэтым востраве: Віталь узяў адзін з ім нарыхтаваных калкоў – вешку. Гэта быў калок два метры з нечым вышынёй. Ніжняя частка была пафарбавана адрэзкамі у дваццаць сантыметраў у чырвоную фарбу, верхняя – у такія ж адрэзкі чорнай фарбай. Калок Віталь загнаў у самы край берага на патрэбную яму глыбіню, праверыў, ці роўна ён стаіць.

Андрэй з Толікам са шкадаваннем сходзілі на бераг.

Яны падалі сходні, адвязалі ад вольхі і кінулі на плыт вяроўчыну.

– Шчасліва вам! Вяртайцеся хутчэй!

На вёслы сталі Віцька і Сяргей, рулявым быў Віталь. Адзін узмах вёсел, другі і трэці – і плыт паволі, а потым хутчэй, хутчэй стаў адыходзіць ад берага.

Раптам стала ўсім крышку вусцішна – усё цвёрдае пад нагамі ўмясцілася на вось гэтым плыце. Вакол – справа, злева, спераду і ззаду была чорная вада, пад якой, здавалася, не было дна, а толькі бясконцая халодная глыбіня. А цвёрдая зямля, моц якой пад нагамі і не прыкмячаеш ніколі, стала няўмольна аддаляцца.

Дзед Васіль адчуў гэты настрой:

– Што, крышку не па сабе? Ну, а як жа вы хацелі… Гэта першы раз. Усё новае крыху трывожыць. Нічога, у нас усё надзейна. Не спяшайцеся, хлопцы, грэбці, стоміцеся. І так не адпачылі, лічы. Не так далёка нам плыць…

– Мы з Васілём Яўменавічам трохі змянілі нашы планы, – загаварыла Жэнька самым сапраўдным камандзірскім тонам. – Мы раней меркавалі, што зборку і спуск на ваду плыта закончым недзе да пяці гадзін вечара. А цяпер толькі тры гадзіны. Акрамя таго, у нас ёсць палатка, нам не трэба будзе траціць шмат часу на будан, мы ўжо перакусілі – да вячэры ўсе патрываюць. Таму без заходу на Заечы востраў курс трымаць на Савіны!

– Даеш Савіны востраў! – Віталь вялікім вяслом, якое мацавалася наперадзе плыта і служыла рулём, падвярнуў плыт так, каб нос яго стаў глядзець у бок Савінага вострава. – Гэта ж ён, Васіль Яўменавіч?

– Так, браце, Савіны адсюль самы дальні…

Дзед Васіль ціха сядзеў ля складзеных рэчаў на зробленай скрыні для прадуктаў і курыў адну за другой свае самакруткі. Яго было не пазнаць – ён выглядаў разгубленым, відавочна нерваваўся. Сцішылася, прыціснулася да Жэнькі Нэла, з цікавасцю і асцярогай гледзячы на ваду навокал.

Напачатку адбывалася нешта неверагоднае – і бераг Заікінага вострава стаў імкліва аддаляцца, а Савіны ніколькі не прыбліжаўся, быццам з кожным узмахам вёслаў плыт аддаляўся ад берага, а Савіны востраў – ад плыта. Усё адно як возера рабілася большым, расцягвалася. Нарэшце ледзь прыкметна Савіны стаў набліжацца: быццам сталі падрастаць дрэвы на яго беразе.

Жэнька зірнула на гадзіннік.

– Гэй, на вёслах, 15 хвілін працуеце. Яшчэ столькі ж трэба. Не патаміліся?

– Дойдзем!

– Ну, глядзіце…

Нарэшце забялелі паасобку ствалы бяроз.

Плыт ледзь рухаўся – усе ўглядваліся ў незнаёмае. Дзіўнае гэта было пачуццё, даўно забытае ў дзяцінстве – адкрываць для сябе нябачаныя раней землі.

– Уяўляеце, як першаадкрывальнікам страшна было? – казаў Віталь, углядваючыся ў бераг ужо блізкага вострава. – Мы то ведаем, што тут ні дзікуноў, ні звяроў страшных няма. А яны не ведалі…

– А мы таксама нічога не ведаем. От зараз прытопае на беражок нас сустрэць дыназаўр! – запярэчыў Віцька.

– Сам ты дыназаўр, – шыкнула Жэнька. – Давайце цішэй…

Іх галасы сярод гэтай цішыні гучалі па-чужому і непатрэбна.

– Прайдзіце ўдоўж, – сказаў дзед Васіль нечакана асіплым голасам. – Пашукайце месца з цвёрдым берагам.

Пакуль бераг вострава быў такім жа, як і на Заікіным – топкім, балоцістым.

Але вось тоня нечакана нібыта забегла ўнутр вострава – утварылася невялікая гавань, і бераг тут быў пясчаным, чыстым. А вышэй – кустоўе шчыльнай сцяной, потым – лес.

– Тут і прычальваем!

Прамяралі дно. Яно ў гэтай “бухце” было цвёрдым, два, а бліжэй – паўтара метра глыбінёй. І каля самага берага каля паўметра – крута пачыналася глыбіня. Затое вельмі зручна атрымалася плыт паставіць – развярнулі яго задам і паволі, паволі – да самага берага дайшлі. Сяргей скокнуў на востраў, за дрэўца завязаў вяроўчыну.

– Прычалілі! Сходзім.

Кінулі сходні. І прыпыніліся, азірнуліся на дзеда Васіля.

Той нібыта застыў, углядваючыся ў глыбіню вострава. Раптам усім адначасова стала зразумела, што першым на востраў павінен сходзіць дзед.

Ён паволі падняўся, ні слова не кажучы, пайшоў па сходнях. Стаў на цвёрдую зямлю, акуратна зняў з галавы сваю кепку:

– Ну, вось я і тут, сябры мае. Дзень добры вам! Выбачайце, што толькі праз шэсць дзесяткаў гадоў завітаў да вас. Выбачайце, што збіраемся мы і спакой ваш парушыць. Ды што вам сярод балота ляжаць? Няхай на вашу магілу, як на магілы іншых, кветкі пакладуць… Вось так мы падумалі…

Сталі кругом дзеда ўсе астатнія. Перад імі быў востраў: невядома які па велічыні кавалак сухой і цвёрдай зямлі, парослай лесам, сярод балота. Шэсцьдзесят гадоў тут не ступала нага чалавека. Недзе тут, у гушчыні лесу, ёсць магіла. Недзе тут ёсць зямлянка, у якой шэсцьдзесят год таму хаваліся ад маразоў і карнікаў партызаны…

Было не проста ціха – было бязгучна. Толькі сціхлі іх крокі, услед за якімі недзе ў глыбіні вострава коратка закрычала сойка, і зноў усё замерла, як замірае вада пасля кінутага ў яе каменьчыка.

– І птушак не чуваць, – павяла плячыма Жэнька. Яна адчула сябе тут чужой, а востраў здаўся ёй на імгненне жывым і варожым.

– Бо лета, птушкі ж вясной спяваюць. А цяпер толькі раніцай, спякота ж. Ды песні спяваць і некалі – птушаняты растуць, іх карміць трэба… – супакоіў дзед Васіль.

Знайшлі больш-менш добры праход праз кустоўе, расчысцілі яго больш, падняліся вышэй. Тут было светла: нягуста раслі бярозы, тоўстыя, крываватыя, асіны, парослыя імхом, рэдка сустракаліся высачэзныя яліны.

Выбралі месца пад лагер.

– Ну, давайце абжывацца, – загадала Жэнька на правах камандзіра. – Праверце двойчы, прывяжыце яшчэ адной вяроўкай плыт, пераносім сюды рэчы. Палатку ставім тут, тут – месца для кастра.

– А я сабе вось тут буданчык пастаўлю, – паказаў на месца воддаль дзед Васіль. – Я храплю надта, як сплю, ды і смаліць люблю. Баюся, доўга сёння не засну і вам не дам…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю