Текст книги "Гапееў Ведзьміна тоня"
Автор книги: Автор Неизвестен
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 13 страниц)
В. Гапееў
Ведзьміна тоня
…Калі выйсці за вёску і збочыць з пыльнай дарогі ўправа, па сцяжынцы, якую пратапталі рыбакі, прайсці з паўкіламетра полем, між радкамі калгасных буракоў, патрапіш на старую канаву. Вада ў ёй бывае тут толькі вясной і надта дажджлівым летам. Берагі канавы сталі пакатымі, зараслі месцамі густым вербалозам, па які стары, няспешлівы дзед Васіль прыходзіць кожную вясну – нарыхтаваць “матэрыялу” на новыя кошыкі.
Дзед носіць пруткі вербалозу роўнымі снапкамі мо цэлы тыдзень, а потым надвячоркам у сваім двары пляце кошыкі. Кошыкі ў дзеда Васіля атрымліваюцца лёгкія, зручныя. Пляце вялікія, як мужчыне падняць, калі поўныя бульбы, і сярэднія – якраз для жанчын і бабуль. І зусім невялічкія –на розныя там патрэбы. Бяруць кошыкі ў дзеда ахвотна. Плату за іх ён вызначыў даўно: прынясеш восенню столькі бульбы, колькі ў той кошык умесціцца. З гэтым усе згаджаюцца, і як пачынаецца копка бульбы, у двары дзеда Васіля хутка вырастае ладная куча – нясуць бульбу, насыпаную з верхам.
Дык вось, па гэтай самай канаве трэба ісці ўніз, да чарнеючага наперадзе алешніка. Хутка ў канаве з’явіцца вада, спачатку невялікімі праплешынамі, а потым і цячэнне ручая пахіліць траву ў адзін бок.
Пачнецца змрочны алешнік. Тут толькі адной сцяжынкай і прайсці, бо падлесак густы, поўны рознага ламачча. Вольхі растуць па тры-чатыры дрэвы з аднаго кораня, які стаіць бы на злепленым некім спецыяльна стромкім стажку збітай чорнай зямлі. Пад нагамі хутка пачынае чвякаць, а яшчэ далей ногі ўжо грузнуць у чорнай кашы. Цяпер ісці трэба па кладках. Кладкі – гэта ссечаныя вольхі, якія валілі так, каб вяршынямі яны падалі да суседняга чорнага стажка з кучай дрэў. Не дужа зручна, асабліва, калі не захапіў з сабой шасток, але ісці так вось, па ствалах (дзе ўжо і спарахнелых), усяго хвілін пятнаццаць. Выходзіш – і першы востраў. Так завуць гэты велікаваты ўзгорак, парослы вясёлымі бярозкамі. Ёсць у вострава і асабістае імя – Заікін. Чаму Заікін – невядома. І справа, і злева востраў абкружаны тым жа тужлівым сырым алешнікам.
А спераду – Ведзьміна тоня. Чорнае люстэрка свабоднай вады, на выгляд неверагодна халоднай нават у спякотны дзень. Калі залезці на якую алешыну, дык зверху Ведзьміна тоня выглядае раўнюткім кругам, а вада ў ёй – яшчэ чарней. Вядома ж, торф на дне. Хоць што там, на дне – ніхто не ведае, бо купацца тут не будзеш: адсюль, з вострава, бераг злёгку абрывісты, скочыш – вада па калені, але потым пачынае імкліва засмоктваць ногі. Пяць хвілін прастаіш – і ўжо па пояс схаваешся. Не хопішся за што – не вылезеш. Некалі прыезджыя гарадскія спрабавалі з лодкі ставіць на Ведзьмінай тоні сеткі. То раніцай не змаглі ні адну выцягнуць – гэтулькі карчагаў на дне. А яшчэ раней, расказваюць, невядомы рыбак на маленькай гумавай лодцы плаваў па тоні некалькі дзён – ад вострава да вострава. Ні з кім не размаўляў, твар ад людзей хаваў. Адкуль ён і хто – не ведалі. Некалькі дзён бясшумна яго лодка слізгала па чорнай вадзе. А аднойчы ён не паказаўся. Толькі лодку гумавую, пустую, без вёслаў прыбіла бліжэй к зіме да Заікінага вострава. А сам рыбак згінуў. Вось з той пары ён часам паказваецца тым рыбакам, што на лодках спрабуюць па тоні плаваць. Просіцца ў лодку – моўчкі з вады цягне рукі…
Дзед Васіль, які сам любіў некалі прыйсці сюды з вудай, расказвае, што стаяў тут раней лес, а сярод гэтага лесу быў хутар. Жыла ў ім жанчына, вядзьмарка. І гэтак яна многа шкоды нарабіла людзям, што Бог не стрываў, і ў адну ноч праваліўся гэты кавалак лесу пад зямлю. Вось верхавіны дрэў з-пад вады і чапляюцца за сеткі ды за плаўцоў. А сама вядзьмарка і цяпер уладарыць у Ведзьмінай тоні і вакол яе, хаваецца на астравах. Дзеду можна верыць – ён ніколі не схлусіў. Адно зразумела добра: у гэтай тоні толькі ведзьмакам і цягаць нерат.
Астравоў, кшталту Заікінага, вакол Ведзьмінай тоні многа – ажно пяць, але не да кожнага дойдзеш. Кладкі ёсць, ды, ужо даўно пакладзеныя, яны схаваліся ў тарфяной кашы, і трэба дакладна ведаць сцяжынку. Бліжні востраў адсюль – Заечы. Ён невялікі, затое там ёсць будан, і месца зацішнае – малады ельнік калючым шчыльным плотам дзеліць востраў папалам. На Заячым востраве і ловіцца добра. Зрэшты, заўсёды здаецца, што ловіцца добра там, куды дайсці цяжэй. Вось насупраць Заікінага вострава праз Ведзьміну тоню па белі бярозавых ствалоў угадваецца Савіны востраў. Тут назва зразумелая: востраў вялікі, многа там старых дуплаватых дрэў. І соў хапае. Надыдзе ноч – як разляцяцца па ўсіх астравах, як пачнуць гугукаць ды галасіць у цемры, страх валасы дыбам ставіць.
Ноччу на Ведзьмінай тоні і без соў страшна. То так плясне нешта па вадзе – нізашто не падумаеш, што рыбіна. А то ў чароце пачне нешта валтузіцца, шамацець... Расказвалі, што, бывае, ходзіць нехта грузна апоўначы вакол вострава, напрасткі, не па кладках: плясь, плясь. І дыхае, уздыхае так цяжка... Калі і ад гэтага адмахнешся, то роспачны дзіцячы крык, поўны перадсмяротнай жудасці, прымусіць здрыгануцца. Пасля гэтага крыку, калі месячык зыркі, глядзі на тоню: убачыш лес на дне яе, верхавіны сосен, сядзібу і хатку. А сама вядзьмарка знак з Савінага вострава падасць – там пачнуць успыхваць блакітныя агні...
Таму вось жадаючых заначаваць на якім востраве ды закінуць вуду на самым золку нешта зусім не багата. Лепш крыху пазней прыйсці, чым сядзець на тым востраве ноччу і ўгаворваць сябе, што то ўсё ж карась па вадзе пляснуў, а ў чароце качка ладкуецца, што міма вострава прайшоў лось, а роспачна крычаў малады заяц, якога схапіла сава. Агні... Вось з агнямі складаней. Як дойдзеш да іх, казалі, знікаюць яны. Спачатку нібыта ўцякаюць ад цябе, бягуць, бягуць да вады і быццам скачуць у Ведзьміну тоню. Што за агні – ніхто не тлумачыць. Таму ўсё адно на любым з астравоў вакол Ведзьмінай тоні ноччу вусцішна.
Частка 1
Вёска сустрэла Сяргея хуткім “прыехаў” і ўзрушаным шэптам бабулек каля прыпынку аўтобуса:
– Дзівісь, дзівісь, то ж Зойчын прыехаў! А яна на полі сёння...
– Гэта калі шчэ не напілася. Бачыла я…
– А бо!.. Выцягнуўся як. Гэ, вочы зіркаюць зладзеяватыя.
– От, мала ліха ў вёсцы.
– Гэта на ўсё лета! А хада, дзівіся, якая! Ну, бандыт бандытам.
– Дзетдом добраму не навучыць. Тама ўсе такія. Во мая Галя расказвала...
Сяргей не чуў ужо, што там расказвала нейкая Галя гэтай старой. Ён толькі ў думках плюнуў, закінуў свой невялікі рукзак за адно плячо, пайшоў.
Калі табе чатырнаццаць і калі з гэтых чатырнаццаці палову – сем год – праводзіш у школе-інтэрнаце 10 месяцаў у годзе, ты навучышся не зважаць на едкія слоўцы. Ты, увогуле, многаму навучышся.
Навучышся хаваць крыўду і слёзы. Навучышся цярпець боль, пераносіць голад, не баяцца холаду.
Навучышся біцца – так, каб не абавязкова перамагчы, а толькі ўратаваць сябе ці сябра.
Навучышся ўцякаць, хавацца, маўчаць.
Многаму навучышся. Толькі шчыра смяяцца, смяяцца не з некага, смяяцца не злосна, а проста таму, што смешна, школа-інтэрнат не вучыць.
Сяргей добра засвойваў усе навукі, якія даваў яму гэты адасоблены свет няшчасных аднолькава, ды злых па-рознаму дзяцей-сіротаў.
Ён сам і яшчэ колькі яго аднагодкаў стаялі вышэй над іншымі – у іх было куды ехаць на лета. Сяргей не круглы сірата, у яго ёсць маці. Няхай і п’яніца. Але ёсць. Ёсць яшчэ дом. Хай і не прыбраны, хай няўтульны, затое – свой. Ёсць вялікі двор, ёсць агарод і садок з трыма старымі яблынямі і вішнямі.
А на бабулек ён не крыўдуе. Яно і праўда – у мінулыя гады Сяргей лазіў па чужых агародах, бы па сваім. А што? Гэтыя вясковыя ўсё маюць круглы год, чаму ён, Сяргей, павінен глытаць сліну, гледзячы на нічыю градку з клубніцамі? Хіба ён у чым вінаваты, што так і не ўбачыў свайго бацьку, што з першым яго крыкам на гэтым свеце пранёсся над вёскай і апошні крык бацькі, пад якім абламалася металічная прыступка воданапорнай вежы? Бацька застаўся б жывы, не надта высокая тая вежа, ды ляжалі ўнізе металічныя трубы, на якія і збіраліся мяняць старыя ў вежы… І хіба Сяргей вінаваты, што маці яго стала піць, як толькі ён пачаў хадзіць? Што вымушана была аддаць яго ў інтэрнат, бо за першы год у школе Сяргей так і не змог запомніць ні адной літары? Ён і размаўляў яшчэ слаба. Ды і навошта яму былі тыя літары, калі ўвесь час, пакуль ён не спаў, яго мучыла адно пачуццё – голад. Яно было заўсёды, мо з самага першага дня яго жыцця, яно не знікала ніколі, яно толькі спала разам з Сяргеем і прачыналася разам з ім. Паступова Сяргей стаў абманваць свой голад – ён засынаў. З цягам часу сон стаў рэфлекторным.
І на ўроках Сяргей іншы раз засынаў – ад голаду.
Голад не знікаў ніколі. Яго не магла прагнаць звараная і патоўчаная свіная бульба, якую ён у малалецтве краў у суседкі, бабулі Адар’і, голад толькі прыціхаў ледзь-ледзь, калі маці прыносіла (але як рэдка прыносіла!) дадому свежы хлеб, і Сяргей прыпадаў ваўкавата да адламанага кавалка, пах якога разрываў ноздры.
Сяргей прыехаў у інтэрнат з гэтым пачуццём, худы, невысокі для свайго ўзросту і з пукатым выродлівым жыватом.
За першы год у інтэрнаце ён з’еў столькі, колькі, можа, не з’еў за свае першыя сем год жыцця. І ўрэшце добрая цётка Соня, паварыха, адгаварыла яго есці столькі, колькі ён хоча.
– Не трэба, дзетачкі, на карысць тое не пойдзе. Ты, як згаладаешся, прыбяжы да мяне, я табе дам чаго крышачку. Табе патрошку есці трэба, патрошку...
Яна, цётка Соня, з худым, высахлым тварам і з чырвонымі, нечакана шырокімі і тоўстымі пальцамі рукамі, якія ўсё хавала пад фартух, прыносіла з дому яйкі і смажыла для Сяргея і яшчэ для аднаго хлопца, жаўтушнага Міцькі, яечню з малаком, пякла дранікі і цішком частавала іх у сваёй бакоўцы.
Сяргей паступова звыкся са сваім пачуццём голаду, як звыкаюцца людзі з мазалямі на нагах...
Ён ішоў вясковай вуліцай, бачачы здаля свой дом з белай цэглы – такім светлым пабудаваў яго бацька. Толькі канёк не паспеў пакласці на дах. Усё чакаў, каго народзіць яго Зойка: калі хлопца – то ўпрыгожыць канёк пеўнікам, калі дзяўчынку – будзе вавёрка...
Сяргей даўно прывучыў сябе не хвалявацца, але тут, на гэтай зацененай старымі бярозамі і ліпамі пыльнай вуліцы, раптам адчуў, як наструнілася нешта ў грудзях, стала перасмыкаць дыханне.
Не, не ад будучай сустрэчы з маці ён стаў хвалявацца. Ён пачуў – маці цяпер не дома, у полі. І піць не перастала. Там, дома, ёсць Анжэла. Маці нарадзіла яе, сама не ведаючы ад каго, калі Сяргею было дзевяць. У тое лета, калі яго ў хаце сустрэў вісклівы плач немаўляці, Сяргей грэбаваў падыходзіць да сястрычкі. Яна толькі і ўмела, што вішчаць ды пэцкаць пялюшкі.
– Ну што, што я табе дам? – крычала на яе аднойчы злосна маці. – Няма малака ў цыцках, усё высмактала!
Сяргея пранізалі тады гэтыя словы. Ён зразумеў раптоўна, што дзіця плача ад голаду. Ад такога ж голаду, ад якога пакутаваў ён сам. Вострае пачуццё жалю да сястрычкі падступіла камяком да горла.
Гэта для яе, Анжэлы, краў ён у суседскіх куратніках яйкі, капаў на чужых агародах раннюю бульбу (свая зарастала пустазеллем, паспявала позна), лазіў па клубніцы, агуркі, яблыкі. Для яе мінулым летам цікаваў і схапіў быў белы бохан прама з будкі машыны, калі выгружалі ў магазін хлеб. А аднойчы нават надаіў ад нічые казы кубак малака...
То не дзіва, што сустрэлі яго ў вёсцы варожым шэптам.
І толькі Анжэла (усе звалі яе коратка – Нэла) сустрэне яго так, як сустракала мінулым летам: яна будзе бясконца яму рада. Абхопіць худымі ручкамі за шыю і ціхенька засмяецца. Будзе заглядваць у вочы, асцярожна гладзіць сваёй далонькай Сяргея па галаве. Нэла чакае Сяргея. Ніхто яго не чакае, нідзе і ніколі. Нікому ён не патрэбен. А вось Нэле – патрэбен.
Нэла, пяцігадовая чорнавалосая дзяўчынка, сядзела пад старой грушай у куце двара. Яна не павярнулася на рыпенне веснічак. Сядзела на кукішках, нешта разглядвала на зямлі.
У яе адзінокай, безабароннай постаці, маленькай побач з таўшчэзнай грушай, было столькі самоты, што голас Сяргея прагучаў нечакана для яго хрыпла:
– Нэла!
Дзяўчынка здрыганулася, быццам ззаду яе нечакана выцялі. Яна ўпала на каленкі і потым, нізка схіліўшы галаву, бы ваўчаня, насцярожана павярнулася.
– Гэта я, Нэла! Не пазнала? – падыходзіў, усміхаючыся, Сяргей.
Мурзаты твар дзяўчынкі зморшчыўся, яна прыжмурыла вочы. А потым усхапілася ў імкненні бегчы, ды раптоўна спынілася з вінаватай усмешкай на мурзатым тварыку.
– Ну, што ж ты мяне не сустракаеш?
Сяргей прысеў каля дзяўчынкі, прыцягнуў яе да сябе.
Нэла ўсё гэтак жа вінавата ўсміхалася, адхіснулася злёгку, і Сяргей пабачыў тонкую вяроўчыну, якая была прывязана да босай, рудой ад бруду нагі дзяўчынкі. Другі канец вяроўкі быў завязаны за грушу.
– Хто гэта цябе прывязаў?
Нэла маўчала.
– Ты не навучылася гаварыць?
Нэла зноў толькі вінавата ўсміхнулася.
– Маці?
Дзяўчынка адмоўна кіўнула, пасмачкі чорных валасоў гайдануліся па тварыку.
– Прымак? Ну, зараза, я яго сам прывяжу да грушы. На ўсю ноч!
Сяргей схапіў кавалак шкла, якім Нэла прыкрыла ямку з некалькімі каменьчыкамі (гэта яна рабіла “сакрэты”), пасадзіў дзяўчынку і праз хвіліну перацёр вяроўчыну.
– Ну, вось...
Сяргей агледзеўся. Каля грушы стаяла пластыкавая бутэлька з вадой, ляжалі высахлы на сонцы кавалак хлеба і тры звараныя з лупінамі бульбіны.
– Так, цяпер я цябе крыху памыю. Не будзеш уцякаць?
Нэла весела пакруціла галавой.
Яна некалі ў тры гады размаўляла добра, безупынна пытаючыся ў Сяргея пра ўсё, што бачылі яе зыркія вачаняты. І гукі ўсе вымаўляла правільна. А калі на наступнае лета Сяргей прыехаў, Нэла ўжо нічога не пыталася ў яго. Яна маўчала. Маці казала, што сама не ведае, ад чаго такая бяда. Ездзіла па ўрачах, вазіла некуды да бабулькі-знахаркі, і тая сказала, што гэта ад перапуду.
Магчыма, і ад перапуду. Спужацца Нэле было чаго – той зімой маці прывяла ў хату мужыка, крываногага, з доўгімі, да каленяў рукамі, што былі скрозь у сініх наколках. Ён прыбіўся ў вёску з райцэнтра, былы зэк, п’яніца і лайдак. Маленькія, глыбока пасаджаныя вочкі не спыняліся на адным месцы – бегалі, бегалі, быццам ён увесь час нешта шукаў.
Той зімой брыдкія лаянкі і бойкі сталі ў Сяргеевай хаце звычайнай з’явай. Зоя, маці Сяргея, працавала на ферме даглядчыцай, рукі мела дужыя і саступаць прымаку не хацела. Зэк звычайна хапаў тое, што трапляла пад руку, і, зверавата выскаліўшыся, кідаўся на Зою.
Малая Нэла заходзілася ў крыку, але на яе толькі раз звярнулі ўвагу – прымак кінуў у кут, дзе яна сцялася, вялікую падушку ў шэрай, ліпкай ад поту і бруду навалачцы. І гэта падушка закрыла ўсю дзяўчынку, Нэла мала што не задыхнулася. Пасля гэтага выпадку, калі ў хаце ўспыхвала бойка, Нэла толькі ціхенька выла, забіўшыся пад ложак.
Калі прымак быў не надта п’яны, ён пачынаў выхоўваць Нэлу. Яго выхаванне больш нагадвала звычайную дрэсіроўку якога-небудзь звярка – ён біў дзяўчынку, калі тая не слухалася і даваў кавалачкі хлеба, калі яго каманды выконваліся.
Ён-такі ўзяў верх над маці Сяргея, тая скарылася, боек у хаце ўжо не было – было простае збіванне, калі прымаку нечага не хапала. Часцей яму не хапала гарэлкі.
Частка 2
Сяргей ліў на руку цёплую ваду з бутэлькі і мыў тварык Нэлы.
– Эх ты, мурза! Ты ж дзяўчынка, сорамна табе бруднай хадзіць. Так, цяпер я табе на рукі буду ліць, а ты сама іх памыеш. Вышэй, вышэй мый, да локцяў.
Нэла старанна цёрла свае рукі і заглядвала ў вочы хлопца позіркам, у якім адбівалася цэлая гама пачуццяў: і радасць, і вінаватасць ці то за брудныя рукі, ці то за тое, што не можа гаварыць, і яшчэ пытанне: “Ці добра я мыюся?”
А яшчэ Сяргей бачыў у вачанятах Нэлы абажанне. І ў нейкі момант ён зразумеў, з якой тугой чакала яна яго вяртання, у якое шчасце выліўся для дзяўчынкі яго прыезд, як ён патрэбен ёй. Нечакана зашчымелі вочы, а з носа ледзь не закапала. Сяргей не стрымаўся ў наступны момант, зашморгаў носам, калі Нэла асцярожна, баязліва нават, прытуліла тварык да яго грудзей і гэтак жа паціху абняла за шыю. А потым сціснула рукі, прыціснулася сама – моцна-моцна, аж гузік кашулі балюча націснуў на грудзіну. “Нічога, нічога, – Сяргей гладзіў дзяўчынку па цёмных, неакуратна падстрыжаных валасах. – Мы прарвёмся. Усё ў нас будзе добра. Усё наладзіцца...”
Але як наладзіцца – Сяргей не ведаў. Ён насуперак пачутаму на прыпынку ад бабулек адкрываў веснічкі свайго двара з кволай надзеяй, што маці стала другой. Але аднаго яго позірку хапіла, каб зразумець: нічога не змянілася.
Двор быў засмечаны, парослы крапівой і быльнікам уздоўж плоту. Певень і дзве курыцы грабліся ў кучы смецця пад сенцамі. Гара тапорніку – двухмятровых тонкіх сасновых калкоў на дровы грувасцілася пасярод двара, і трава паспела ўжо аплесці асобныя палкі ўнізе.
Не хацелася ісці ў хату. Сяргей прадчуваў, што там – смурод і бруд, засмечаная падлога, нявыцерты стол, незасланыя ложкі без бялізны. Так было і мінулым летам...
– Ну, хопіць табе лашчыцца, – Сяргей лёгка адхіліў ад сябе Нэлу. – Пайшлі ў садок, пад вішню. Я табе нештачка прывёз, – па-змоўніцку шапнуў ён на вуха дзяўчынцы.
Нэла ў захапленні пляснула ў далоні, схапіла Сяргея за руку, пацягнула.
Прыселі ў цяні вішняў. Сяргей паволі развязаў рукзак, знарок доўга корпаўся там рукой і нарэшце стаў павольна цягнуць нешта бліскучае, чырвона-жоўтае.
– Што гэта?
Нэла паціснула смешна плячыма, і тварык яе адно свяціўся захапленнем.
– Трымай!
Сяргей адным рухам раскінуў у паветры выцягнутае і накрыў ім дзяўчынку.
– Гэта куртачка табе. Ану, памераем!
Куртачка была занадта вялікая.
– Нічога, за тры месяцы ты вунь як выцягнешся, якраз будзе, – заспакоіў крышку спахмурнелую Нэлу Сяргей, зноў бы чараўнік палез рукой у рукзак.
– Оп ля! Сукенка! Гэта якраз на цябе. Скідай свае анучы!
Нэла хапілася аберуч за падол сваёй сукенкі і ўмомант аказалася... голай. Чырвань сораму на імгненне апаліла Сяргею твар, але ў наступны момант ён успыхнуў абурэннем:
– Ты чаму без трусікаў ходзіш? Ты – дзяўчынка, табе пяць гадоў ужо. Сорамна павінна быць!
Нэла глядзела на яго са знаёмай вінаватасцю ў вачах. Яна разгублена развяла рукі ў бакі.
– Няма трусікаў?
Нэла кіўнула.
– Цьфу!
Настрой у Сяргея сапсаваўся. Але калі Нэла апранула блакітную сукенку, ён забыўся на нядаўнюю прыкрасць.
– Вось, ты ў мяне прыгажуня! Але не вымазвай толькі нідзе. Больш у мяне няма. Добра, што гэта далі.
І добра, што ён, Сяргей, звярнуўся да сваёй выхавальніцы. Яна, хоць і маладая зусім, сваіх дзяцей яшчэ не мае, а добра ўсё зразумела. І з той вялізнай кучы адзення (гуманітарнай дапамогі аднекуль з Германіі) Сяргею дасталіся добра ўжо пацёртыя джынсы ды вось гэтыя куртачка і сукенка.
– А цяпер будзем есці!
У цэлафанавым пакеце, які яму збірала ў інтэрнаце выхавацелька, былі два адвараныя яйкі, добры кавалак парэзанай вэнджанай каўбасы, некалькі агуркоў і памідораў. А яшчэ дзве пачкі пячэння, бляшанка згушчонага малака, хлеб і літровая бутэлька “Колы”.
Нэла пляскала ў ладкі, вочкі яе гарэлі, але яна ні да чаго не працягнула руку, пакуль сам Сяргей не палупіў і не даў ёй яйка.
– Еш! Ды не спяшайся! Ніхто не адбярэ, – знарок грубавата прыкрыкнуў на дзяўчынку.
Нэла мо і хацела есці не спяшаючыся, але яйка знікла вельмі хутка. Другое яна ела ўжо павольней. І ўжо зусім заспакоена, ласуючыся, маленечкімі кавалачкамі адкусвала каўбасу і хлеб.
Сяргей сам ад ранку нічога не еў. Але адзін агурок з кавалкам хлеба нечакана насыцілі яго. Ён глядзеў, як есць Нэла, і адчуваў, што ў ім нешта мяняецца. Нешта прападае. Такое, без чаго ён сябе ўжо і не ўяўляў – знікала пачуццё голаду. Упершыню за ўсё сваё жыццё ён толькі вось цяпер, у гэтым садку, седзячы перад сваёй пяцігадовай сястрычкай, адчуў, што яму не хочацца есці. Ніколі не было такога, каб Сяргей мог адмовіцца ад таго ж пячэння ці ад каўбасы. Разбудзі сярод ночы, прапануй што-небудзь – з’есць. А тут, у садку, нават згушчонае малако не будзіць страўнік.
Проста не хочацца.
Сяргею было нечага аж крыху страшна. І – радасна. Што не трэба давіцца слінай, гледзячы на прысмакі, перасільваць сябе вось цяпер і прыкідвацца, што табе зусім не хочацца, каб толькі ёй, Нэлі, хапіла ўсяго паболей...
– Ну, ты еш паціху, – Сяргей падняўся, – я ў хату схаджу. Калі што... – у яго ледзь не вырвалася: “заві мяне”. Сяргей запнуўся, потым дагаварыў: – Калі што, бяжы да мяне.
Нэла кіўнула згодна, смокчучы пячэнне.
Адразу ў сенцах шыбануў у нос страшэнна непрыемны, рэзкі пах. Смурод ішоў ад ночваў, у якіх кісла нешта падобнае на бялізну. Відаць, маці замачыла, ды і забылася. Такое і раней было…
Сяргей перасіліў сябе, нахіліўся. Здаецца, тут было якраз дзіцячае адзенне. Хацеў ужо схапіць ночвы за край, пацягнуць, каб вываліць усё на зямлю, адабраць з гэтай кучы адзежкі Нэлы, потым перамыць, але гідлівасць ад смуроду ўзяла верх – яго ледзь не званітавала. І потым, ён не ўяўляў, што там яшчэ за бялізна ў гэтай чорнай вадзе…
У хаце нічога, бадай, не змянілася за гэты год. Як і прадбачыў Сяргей: тая ж няўтульнасць, брудная падлога, непрыбраны стол, мухі роем над чыгунком з нечым на прыпечку.
Стала нечага балюча, усё роўна як цябе абакралі, подла падманулі. Але што тут было чакаць, калі яшчэ там, на прыпынку аўтобуса ён пачуў: “…Калі не напілася”.
Ніякага жадання нешта кранаць у хаце, прыбраць тут, падмесці не было. Хата яшчэ больш стала чужой для яго, ён разумеў, што адно яго старанне не зробіць хату ўтульнай. Зрэшты, ён не помніў яе ўтульнай ніколі – зімой было холадна, летам дакучалі мухі. І ў хаце амаль ніколі не было хлеба…
Выйшаў на надворак і аж у вачах як успыхнула нешта – нагэтулькі змрочна здавалася ў хаце. Пакрочыў у садок.
І адразу заўважыў постаць, якая нахілілася над Нэлай.
Ён пазнаў яе – маці. Хоць стаяла яна спінай, у невыразнай, раней ім не бачанай сукенцы.
Яна ела. Гэта было відаць па руху галавы і рук.
Яна азірнулася на крокі Сяргея так, як азіраецца знянацку аклікнуты сабака: гатовы і ўкусіць, і лашчыцца, у залежнасці ад таго, хто яго аклікнуў. І гэты жывёльны выраз на твары маці даканаў яго: ён спадзяваўся да апошняй хвіліны, да імгнення апошняга, што ўсё будзе не так і што ночвы ў сенцах і хата непрыбраная – то ад бяды якой, ад хваробы, але не ад гарэлкі.
Аказался – з-за гарэлкі, бо маці відавочна была нецвярозая.
– Сыночак прыехаў, – працягнула яна. Рот, у вугалках якога прыліплі крошкі пячэння, скрывіўся ва ўсмешцы. – Ой, як ты выцягнуўся…
І яна працягнула рукі наперад, мабыць, збіраючыся абняць сына.
Сяргей спыніўся.
Відаць, незалежна ад яго жадання на яго твары адбіліся ўсе яго пачуцці, і гэта пабачыла маці, пабачыла – і зразумела. Бо апусціла рукі і вінавата загаварыла:
– А я во крышку выпіла, самую крышку, бо так галава на сонцы баліць… Буракі палоць паслалі, а галава баліць, нельга мне на сонцы, то я трошкі выпіла…
Яна павярнулася да Нэлы:
– От, цяпер за табой брацік глядзець будзе, а то мне некалі, работа етая рукі адарвала, буракі праклятыя… А брацік у цябе харошы, от якую табе куртачку прывёз…
Маці нахілілася да рукзака, узяла ў рукі куртку.
– Ах, шкада, што завялікая, ах, шкада… Нічога, я ведаю, дзе памяняць, я ў магазіне памяняю, куртка ж новая, – яна азірнулася на Сяргея, і той адвярнуўся, каб не сустракацца з няшчырым позіркам выцвілых, быццам пакрытых нейкай плеўкай, вачэй.
– То я пайду вам прыбяру месца, дзе спаць. І куртачку прыхаваю, а то ж украдуць куртачку, гэтулькі свалачэй ходзіць… – замітусілася маці.
– Не трэба, мы будзем тут спаць, – цвёрда і холадна сказаў Сяргей. І, каб маці не перапытвала, спытаў: – Ты таго зэка так і не выгнала?
– А сыночак, а як жа без мужчыны ў вёсцы? Гаспадарка…
– Якая ў цябе гаспадарка? Куры? Які з яго гаспадар? Дровы ў траву паўрасталі…
– Дык у яго ж рукі балелі… Плячо выцяў у лесе, як грузілі, то во не можа ўзмахнуць сякерай… Прыбярэ, пасячэ… І ты во паможаш…
Сяргей нічога не адказаў, падышоў да Нэлы, апусціўся на кукішкі, стаў збіраць рэчы ў рукзак.
Маці камячыла куртку ў руках і неяк адразу, быццам успомніўшы нешта надта важнае, заспяшалася:
– От, пайду, бегчы трэба, есці наварыць… Нэлька, слухай брата! Заб’ю, як будзеш уцякаць з надворка! – з пагрозай закончыла яна і паспяшалася ў хату, несучы пад пахай куртку.
Частка 3
Месца пад будан Сяргей выбраў пад купкай вішняў. Сякеру знайшоў, глыбока загнаную ў калодку. Яна ўжо паспела месцамі пакрыцца рудымі плямамі.
“Работнічак”, – злосна падумаў пра прымака, б’ючы па тапарышчу, выганяючы сякеру.
З кучы старога голля – яшчэ ў мінулым годзе ён паабрэзваў сухое сучча з яблынь – выбраць добрых шэсць калкоў не змог. Тады падаўся ў дальні кут сада – там густа раслі слівы-самасейкі. Кожную восень зямля пад імі ўсцілалася дробнымі сіне-чорнымі ягадамі. Іх ніхто не збіраў – несмач, дробныя, ды яшчэ каб сабраць, трэба было добра палазіць у гушчары, рызыкуючы не толькі рукі падрапаць, але і вочы павыколваць. Слівы раслі густа, таму ствалы дрэўцаў цягнуліся вышэй да сонца, былі гонкімі.
Тое, што трэба, Сяргей выглядзеў хутка. Цяжэй было секчы, бо вакол кожнага больш-менш тоўстага ствала густа перлі ўверх маладыя парасткі. Ды і сякерай не размахнуцца як след. Ссек першую сліву, выцягнуў з гушчару пад вішні.
– Во, Нэла, мы сабе дом будаваць будзем! – радасна, са змоўніцкімі ноткамі ў голасе сказаў ён.
Нэла, шырока раскрыўшы і так вялікія свае вачаняты, неадрыўна глядзела на брата.
– Не, ты сядзі, – папярэдзіў Сяргей яе жаданне падысці. – Потым табе работа будзе.
Нэла засталася сядзець.
Высек яшчэ дзве сліўкі – якраз на шэсць калкоў. Потым абсекваў па даўжыні, шукаў скрутак іржавага дроту, які, помніў з мінулага года, павінен быў быць недзе на двары.
– А цяпер дапамагай! – гукнуў ён Нэлу, узяўшы ў рукі два калкі. – Трымаць будзеш.
Нэла радасна падхапілася, тут жа абшчаперыла адзін калок.
– Не спяшайся , не спяшайся, – Сяргей разважліва прыпыніў сястру.
Раптам бліснула ў свядомасці: вось некалі яны з бацькам разам маглі б будаваць будан...
Увагнаў крыху ў зямлю адзін калок, Нэла яго прытрымала. Увагнаў другі, злучыў уверсе канцы, звязаў-скруціў дротам.
– О, пачатак ёсць!
Нэла з захапленнем глядзела на гэтыя калкі і раптам хутка падлезла пад адзін, не адпускаючы яго – быццам зайшла ўжо ў будан.
– Гы-гы-гы! – вырвалася з яе грудзей радаснае.
Сяргей уздрыгнуў. Гэта былі першыя гукі, якія ён пачуў ад Нэлы. Добра, што пачуў ён смех…
Яшчэ дзве пары калкоў звязаных паставілі, потым злучылі папярэчынамі (з той гары тапорніку на двары выбралі лепшае), потым голле меншае пакідалі. Нэла і трымала, і падавала, і цягнула галіны са шчаслівым, ззяючым тварыкам.
– Вось, цяпер пойдзем па сена. Накрыем-пасцелем – будзе нам хата!
У хляве, у куце, ляжалі рэшткі сена. Карову маці даўно не трымала.
Вілы стаялі побач – старыя, з адпаліраваным рукамі дзяржаннем, з тонкімі, кароткімі і вострымі ад доўгай работы зубамі. Сена ўзялося акуратным пластом, Сяргей пацягнуў, узнялося воблака пылу, шыбануў пах старой цвілі, у якім ледзь улоўным быў і тонкі водар сапраўднага сена. Сяргей пацягнуў пласт па двары. Нэла ўхапіла з кучы шматок сена, несла, прыціскаючы аберуч да грудзей. Сяргей стаў абкладваць будан сенам, Нэла зноў пабегла ў хлеў.
Праца захапіла – было прыемна бачыць, як на пустым месцы акрэсліваецца іх будучае месца для начлегу – будан. “Тут нас ніхто не патурбуе,” – думаў Сяргей, падсвядома разумеючы, што “ніхто” – гэта п’яная маці, прымак, яго сябрукі-сабутэльнікі. Яшчэ ў мінулым годзе ён хацеў зрабіць вось такі будан, каб не чуць па вечарах і начах п’янага вэрхалу, брудных мацюкоў, злога крыку. “Няхай хоць падушацца цяпер...”
Заставалася прынесці рэшткі сена, ношкі дзве, каб паслаць на зямлю.
– Куды, куды, зверанё, цягнеш!
Сяргей уздрыгнуў ад крыку. І адразу ўсё зразумеў – прымак зайшоў на надворак і ўбачыў Нэлу, якая несла сваю чарговую ношку.
– Ах ты нямко нямытае! – раздражнёна, са злосцю прадоўжыў прымак. – Хто табе дазволіў ад грушы адыходзіць? Ану – на месца!
Апошнія словы ён выкрыкнуў з загадам, як быццам крычаў на сабаку, які без дазволу зайшоў у хату.
Ён стаяў, рукі як у нежывога боўталіся амаль да каленяў, кашуля, не запраўленая ў штаны, не зашпіленая на гузікі, вісела на яго худых плячах, як на калу.
Уся яго постаць казала не столькі аб раздражнёнасці, колькі аб задавальненні ад улады над маленькай Нэлай. Зарослы шчаціннем твар скрывіўся ад нечага, падобнага на ўсмешку, глыбока запалыя вочы прыжмурыліся, ператварыліся ў дзве шчылінкі.
– На месца! – выгукнуў ён ужо без злосці. – На месца!
Нэла з ахапкам сена спінай адступалася да грушы.
– Зверанё, вяроўчыну перагрызла? – спытаў бы ў самога сябе прымак, хацеў зрабіць крок у напрамку грушы, да якой адступала Нэла, і ў гэты час ён заўважыў Сяргея.
– А, дык гэта ты, шчанюк, адвязаў? – з нейкім радасным здзіўленнем сказаў ён, павярнуўся да Сяргея. – А ну, хадзі сюды, я табе што-нішто патлумачу, калі ты за год забыўся, што мяне трэба слухаць!
Яго, відавочна ж, радавала перспектыва паказаць сваю ўладу над нечым больш значным, чым над гэтым нямым кацянём – Нэлай. Сяргей павольна падыходзіў, не прыпыняючы крок, цягнучы за сабой вілы.
– Сыночак прыехаў! – гукнуў зноў прымак, але насцярожыўся. Сяргей не прамовіў ні слова, ён, як зайшоў з саду на надворак, так і ішоў, не спяшаючыся у бок прымака, гледзячы яму ў вочы.
– О, выцягнуўся, байструк, – прымак плюнуў на зямлю. – Ну, хадзі, фраер, вушы драць буду.
Але ўпэўненасці ў словах не было. Сяргей на самай справе не выглядаў больш хлопчыкам, які мінулым летам уцякаў ад кухталёў гэтага мужчыны.
Сяргей наблізіўся да прымака крокі на тры і раптоўна кінуў руку, якая цягнула за дзяржанне вілы ўперад і ўверх. Другая рука перахапіла дзяржанне знізу, і чатыры тонкія, вострыя зубы вілаў імгненна ткнуліся ў непрыкрытыя грудзі прымака, парослыя рэдкімі рудымі валасамі.
Сяргей націснуў злёгку, прымак хіснуўся, не паспеўшы пераступіць нагой, і так стаяў, ледзь не падаючы назад. Ён не мог ступіць крок, бо для гэтага трэба было хоць крышку нахіліцца наперад, каб не ўпасці, а зубы вілаў балюча, ой як балюча калолі ў грудзі.
– Ты што, шчанюк? – са злым спалохам выдыхнуў прымак. – Ды я цябе...
– Перш чым ты мяне, я табе чатыры дзіркі зраблю, – з тым спакоем, ад якога прымак пабялеў, сказаў Сяргей. – І мне нічога не будзе. Што калонія, што інтэрнат – адзін чорт…Ты, гад, больш не зачэпіш Нэлу. І мяне не чапай. Нас тут няма. Зразумела? Ты ходзіш міма нас, але нас ты не бачыш. Зразумеў?
Прымак маўчаў, дзіка вылупіўшы вочы.
– Зразумеў? – перапытаў з пагрозай Сяргей і націснуў на вілы.
– Ты што, сука? – ускрыкнуў прымак, бо зубы вілаў, здавалася, вось-вось увойдуць у грудзі. – Ды пайшлі вы!..
– Зразумеў? – з тым жа тонам зноў паўтарыў Сяргей.
– А ты ў яе спытай, – працадзіў праз зубы прымак і кіўнуў за спіну Сяргея.
Таго імгнення, на якое Сяргей адвёў позірк ад прымака, зэку было дастаткова – ён хапіўся за дзяржанне вілаў са свайго боку. Хіснуўся ўбок, ірвануў вілы на сябе.