355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Автор Неизвестен » Гапееў Ведзьміна тоня » Текст книги (страница 3)
Гапееў Ведзьміна тоня
  • Текст добавлен: 7 октября 2016, 13:10

Текст книги "Гапееў Ведзьміна тоня"


Автор книги: Автор Неизвестен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 13 страниц)

Падышла баба Адарка з літровым пластмасавым кубкам бярозавіку.

– Піце, мужыкі. А Нэла твая ў хаце бліны з малаком есць, – павярнулася яна да Сяргея.

“Нэла твая…” У Сяргея нечага засвярбела ў вачах і ў носе. Мабыць, бярозавік быў занадта рэзкі...

Потым гадзіны дзве яны прыбіралі сена – накладвалі яго на вялікі кавалак чорнай поліэтыленавай плёнкі, цягнулі яго на надворак, заносілі сена ў хлеў.

Пасля Адарка запрасіла “мужыкоў” у хату: на стале сыходзілі парай талеркі з баршчом, стаяла патэльня ці не з дзесяткам жаўткоў і скваркамі. Нэла ўжо наелася, была ў садзе – пасябравала з казой Бялянкай.

– А на Ведзьмінай тоні рыба добра бярэ? – спытаўся Сяргей, калі заканчвалі абедаць.

Дзед Васіль ужо скручваў чарговую цыгарку, прыўзняў зацікаўлены позірк выцвілых вачэй.

– Чаго цябе панясе туды? У копанцы ж рыбы хапае...

– Ды... Не дадуць мне тут... – нечакана прызнаўся Сяргей. – І многа мне рыбы трэба...

– Так... – дзед выпусціў цэлы клуб густога сіняга дыму. – На золку добра бярэ, на захадзе. Начаваць трэба будзе, каб на самы клёў патрапіць.

– Заначую, – упэўнена сказаў Сяргей.

– Ну, глядзі, – стары ўважліва агледзеў хлопца. – Крупы трэба ячныя, кроплю-другую алею. Вечарам падкарміць, ранкам толькі трошкі сыпнуць. І на крупы лавіць. І соль з сабой бяры.

– Няма ў мяне солі. І круп няма, – са скрухай адказаў Сяргей. – Можа, пазычыце? Я аддам.

– Пазычу. Бабе скажу – яна сыпне. Пачакай у садку. На Заікіным востраве лаві. На Заечы яшчэ можна прайсці, ён леваруч будзе. А далей і ўправа не сунься – багна, зацягне – загінеш.

У садок баба Адарка вынесла Сяргею вузельчык. Ён падзякаваў.

– І табе дзякуй за дапамогу. Заходзьце з Нэлай па яблыкі, і малака кубачак дзіцяці будзе, – запрасіла бабка.

У будане Сяргей вытрас з-за пазухі назбіраныя яблыкі, развязаў вузельчык.

Акрамя некалькіх жменяў круп у мяшэчку, пакета з соллю і невялікай бутэлечкі з алеем у вузельчыку было паўбохана хлеба і велікаваты кавалак сала.

– Жывём, Нэлка!

Сонца ўжо выразна хілілася да захаду. Трэба было яшчэ накапаць чарвякоў на заўтрашнюю рыбалку, але надта ж хацелася спаць: стаміўся і ад працы, і ад уражанняў. У будане быў прыемны халадок, і заснуў Сяргей адразу ж, нават не пачуў, як да яго прыціснулася Нэла, паклала голаў на яго плячо і заснула з лёгкай усмешкай дзіцяці.

Частка 6

Свята не атрымалася. І ўсё з-за Віцькавага носа – ён балеў, распух і самому здаваўся неверагодна вялікім. Такі нос маці не заўважыць не магла. А хлусіць Віцька чамусьці не стаў, хоць і змог бы – ці мала дзе можна ўпасці? Расказаў, як было.

– А Божа, мо пералом ёсць, – маці хацела памацаць нос, але Віцька рэзка падаўся назад.

– Ды ўсё нармальна!

– Ага, будзе табе нармальна! Колькі я табе казала – не чапляйся з гэтай бязбацькаўшчынай! Ад яго што хочаш чакаць можна!

– Вось-вось, – уставіў слова бацька. – Ад нашага сына, як аказваецца, таксама.

На момант за сталом усталявалася разгубленая цішыня.

Яны пілі чай на верандзе. Зрэзаныя ранкам ружы ўжо добра расправілі свае пялёсткі, кубачкі з кавай і чаем – на белых сурвэтках. І пячэнне ў Жэнькі ўдалося, і вечар быў ціхім і цёплым, і камары не дакучалі, а вось святочнага настрою не было. І ўсё з-за гэтага інтэрнацкага.

– Не зразумела тваіх слоў, – сказала маці бацьку пасля паўзы з лёгкім выклікам.

– А што тут разумець? – адставіў бацька кубачак, прыкрыў яго рукой, калі Жэнька хацела зноў яго напоўніць. – Дзякуй, дачушка, даўно так не адпачываў, на ружы любуючыся... А ад Віктара вось не чакаў, што ён удвух на аднаго пойдзе.

– А мы яго не чапалі...

– Дык ён жа першы пачаў! – запратэставала маці. – Мог і аднаго, і другога калекамі зрабіць. І тут яшчэ давядзецца мо здымак рабіць, а там ці доўга трэба – каб вудзільна вастрэйшым было, кішкі вон?..

– Чакай, – мякка перапыніў бацька маці, запытальна глянуў на Віцьку. – А вы што збіраліся з Зойчыным сынам зрабіць? Можа, парукацца? З яго сястры смяяцца сталі. А ты бачыў, як гэта дзіця, прывязанае да грушы, цэлымі днямі на двары сядзела? І толькі брат яе адвязаў...

– Ага! Ты яго яшчэ героем зрабі! Ваўчанё ён сапраўднае! – перабіла маці. – І калоніяй ён закончыць!

– Мажліва, і калоніяй. Толькі ты, сын, – бацька гаварыў, выдзяляючы кожнае слова, – памятай адну простую рэч: сіла апраўдваецца толькі ў двух выпадках. Першы – бароняць сваё жыццё. Другі – бароняць слабага. Трэцяга не дадзена.

– Дабро павінна быць з кулакамі – гэта я таксама помню, – загарэўся Віцька.

Яму было непрыемна напамінанне бацькі аб тым, што яны прапаноўвалі Нэлі станцаваць за цукерку, непрыемна, што бацька нейкім чынам зрабіў гэтага Сяргея амаль што высакародным, на галаву вышэйшым за яго, Віцьку.

– Ён злодзей! – дадаў ён з выклікам.

– Што ён у цябе ўкраў? – хутка спытаў бацька.

– У другіх! І яблыкі, і клубніцы, і яйкі курыныя. Уся вёска ад яго цярпела.

– Эх ты! – бацька ўстаў, перасеў на нізенькі зэдлік каля адчыненых дзвярэй веранды. – Казаў аднойчы Хрыстос: хто без граху, няхай першы кіне камень! Ты хіба да дзеда Васіля па ранеты не лазіў? Што ж ты сябе злодзеем не лічыш?

– То ранеты, – разгубіўся Віцька, не разумеючы, чаго бацька так бароніць гэтага Сяргея? Сапраўды ж ён ваўчанё. Як з ім пасябруеш, калі толькі з-пад ілба зіркае? Дзікі, адно слова.

– А якая разніца, што красці? – бацька прыпаліў цыгарэту, выдыхнуў дым на вуліцу. – У крымінальным кодэксе так запісана: крадзеж – гэта тайнае завалодванне чужой маёмасцю... Вось так. І яблык з чужой яблыні, і яйкі з-пад чужой курыцы – чужая маёмасць.

– Ну, тата, то ж і ты злачынец які, – прытворна пляснула ў далоні Жэнька. – Ты ж нам расказваў, як маладым з саду аднаногага Піліпа яблыкі цягаў!

Бацька ўсміхнуўся.

– Я не таму. Вядома, то не злачынства – яблыкі з саду. Але ў тым справа, што калі сам так робіш, як і другі, то і знак роўнасці між сабой стаў, калі ўзяўся характарыстыкі даваць.

– От, нагаварыў бочку арыштантаў, – адмахнулася маці. – Што злодзей Зойчын сын, то злодзей. І ты яго не барані. Глянь вунь, які нос у сына.

– Зажыве нос, – спакойна адказаў бацька, гледзячы ў цемру надворка, і дадаў задуменна, са скрухай: – Не хацеў бы я пабачыць вас на яго месцы...

Жэнька стала прыбіраць са стала. Маці падышла да Віцькі, у каторы раз уважліва агледзела яго твар. На гэты раз Віцька не стаў адварочвацца, калі маці кранулася яго носа, асцярожна паціскала.

– Не баліць тут?

– Не, тут не баліць.

Віцьку захацелася жаласці да сябе, ён гатовы быў заплакаць ад крыўды: столькі ён сам сілаў патраціў, каб зрабіць сабе добрую мясціну для рыбалкі, колькі круп пераводзіў на падкормку – і цяпер аддаць гэта месца нейкаму прыблуднаму? І бацька… Чаму ён супраць яго?

– Што заўтра ў цябе за планы? – ласкава спытала маці, уздымаючы віхор валасоў на Віцькавай галаве. – У мяне заўтра і паслязаўтра вольныя дні.

– Ты ў пяць мяне разбудзі, – папрасіў Віцька. – На рыбу з Эдзікам пойдзем, я сёння падкормліваў вечарам. А потым мы будзем рыхтавацца да паходу ў лес.

– Чаго? – здзівілася маці. – Ні ягад яшчэ, ні грыбоў.

– Мы на птушак паляваць пойдзем. Будзем чучалы рабіць. Бо колькі чучал у кабінет біялогіі трэба, а то там адна сава аблезлая.

– Ого! Задумалі справу... Чыя гэта ідэя? – зацікавілася маці.

– Эдзіка Настусінага, – адказаў за Віцьку бацька, і Віцька здзіўлена спытаў:

– А ты адкуль ведаеш?

– Я не ведаю, я здагадваюся. – бацька патушыў недакурак у попельніцы, знарок крэкчучы, узняўся з зэдліка. – А вохцішкі мне! Ну, я пайшоў спаць. Яшчэ раз дзякуй за вячэру.

Жэнька выцерла ўжо прыбраны ад посуду стол, нечакана для маці і Віцькі, нібы сама сабе, сказала:

– Дрэнь твой Эдзік.

– Што? – узвіўся Віцька. – Ты ж яму лісты пісала...

– Вось таму і ведаю, – адрэзала Жэнька і, не жадаючы больш гаварыць, пайшла ў хату.

– О, Божухна, – уздыхнула маці. – І што на вас находзіць...

Не ўдалася вячэра, не ўдалося свята! І ўсё з-за таго інтэрнацкага... Віцька варочаўся ў ложку, хочучы хутчэй заснуць, каб хутчэй прачнуцца. Не зусім на рыбалку збіраліся яны з Эдзікам у такую рань. Дамовіліся добра разабрацца з гэтым інтэрнацкім. Ён дакладна прыйдзе заўтра на тое месца...

Частка 7

Сяргей выцягваў ужо сёмага вялікага, ззяючага ў першых промнях сонца золатам карася. “Хопіць, здаецца,” – ён узважыў у руцэ мяшэчак з рыбай. З кілаграмы два будзе.

І вырашыў закінуць яшчэ раз. Апошні.

Ён бы не пайшоў сёння на гэту копанку пасля ўчарашняй сутычкі, але яму неабходна было налавіць сёння вось такіх вялікіх карасёў, увогуле многа рыбы. Бо на астравы без хлеба не пойдзеш. Таму і прачнуўся, бы ад штуршка – “трэба”. Быў яшчэ досвітак. Нэла салодка спала. Ён прыкрыў яе – ранак быў золкі. Узяў вуду, жменю круп, адвараных учора звечара на вогнішчы каля будана.

Пільна паглядваў на паплавок і адначасова прыслухоўваўся. Ведаў, не даруюць яму ўчарашняга гэтыя вяскоўцы і калі не сёння (сёння то наўрад), то заўтра будуць яго тут пільнаваць. Ну, заўтра яго тут не будзе. Яму б сёння цэлым застацца. Што дрэнна – з гэтага месца кустоўе закрывае вёску, не відаць, ідзе хто да копанкі ці не.

Паплавок з гусінага пяра ўздрыгнуў, не, нават толькі варухнуўся. І тут жа пакрысе стаў уздымацца над вадой – вышэй, вышэй... А потым зваліўся і лёг сабе на ваду, нерухомы, звялы.

– Цягні!

Крык раздаўся, здавалася, над самым вухам. Гэта быў не крык сябра, заклапочанага, перажываючага за цябе, каб ты ў час падсек, – гэта быў крык з’едлівы, насмешлівы, крык, каб спужаць, каб, наадварот, сарвалася вялікая рыбіна.

Яна і сарвалася – вялікая рыбіна, узляцела ўслед за рыўком над вадой, паказала свой бліскучы мокры бок і звонка плюхнулася назад у ваду, пэўна ж, ашалелая ад таго, што з ёй здарылася. Усё гэта Сяргей бачыў толькі краем вока, бо імгненна крутнуўся на гэты крык, адначасова тузаючы вуду, падпарадкаваны гэтым гіпнатызуючым крыкам “Цягні!”

Эдзік стаяў злева, усміхаўся, толькі ўсмешка яго была хіжая, драпежная ўсмешка, а вочы – як у ката, які прыціснуў лапай мыш – не да смерці, а так, каб толькі не ўцякла.

Віцька – у двух кроках ад Эдзіка, справа. Ён не ўсміхаўся. У вачах гарэла злосць, нічым не прыкрытая, сапраўдная злосць. Сінюшныя плямы пад вачыма, якія распаўзаліся ад крыху прыпухлага носа, надавалі яго твару страшнаваты выгляд.

Сяргей зразумеў, што марудзіць нельга, нельга разважаць. Ён ірвануўся, як падказвала яму інтуіцыя не ўбок ад сваіх ворагаў, а паміж імі. Але Эдзік, калі ішлі да копанкі, і гэты варыянт Віцьку растлумачыў. Ён увогуле ўсё, так мовіць, прапрацаваў, рыхтаваўся, як да сапраўднага палявання. Хто і куды будзе біць ці падстаўляць нагу ў залежнасці ад таго, куды пабяжыць Сяргей – усё ён размеркаваў...

Сяргей ірвануўся – і імгненна ў вачах успыхнулі сотні белых зорачак. Болю ён не адчуў, толькі тупы ўдар у твар прыпыніў яго рывок. Гэта Эдзік дзейнічаў па плану: рывок Сяргей між імі, то ён з правай б’е яму ў твар. Потым – Віцька з левай – пад дых. Сяргей хакнуў, ён не быў гатовы і да гэтага ўдару. Віцька, што называецца, прабіў прэс – паветра адным рыўком вылецела з грудзей Сяргея, а ўздыхнуць не было магчымасці. Сяргею б момант які, ён то ведаў, што трэба не хапаць паветра, калі ўдарылі пад дых, а наадварот – выдыхваць апошняе і толькі па ледзь-ледзь заглытваць свежае. Ён сагнуўся, спадзеючыся, што яму дадуць хоць колькі секунд. Але наступны ўдар абрушыўся на шыю – зноў па плану, біў Эдзік.

Сяргей упаў на калені.

На гэтым раней абгавораны план закончыўся.

“Нам бы яго толькі зваліць з ног,” – казаў Эдзік.

Звалілі. І далей не па плану – Эдзік коратка размахнуўся, ударыў нагой, абутай у мокры і мяккі ад расы красовак. Ударыў у твар.

Сяргей зноў не адчуў болю. А можа, калі рыхтуешся да болю, то болю і не адчуваеш? Толькі галава матлянулася ўверх і ўлева, а з носа на грудзі пабеглі цёплыя ручайкі.

– На яшчэ! – крыкнуў Эдзік, і красовак на гэты раз балюча, вельмі балюча тыцнуўся ў жывот.

Ужо не белыя зорачкі, а чырвоная пляма ўспыхнула перад вачыма, потым залезла ў жывот і неміласэрна стала пячы там, прымусіла сціснуцца, сабрацца, скруціцца, і не было ні берага, ні хлопцаў гэтых, ні рыбы – была гэта вогненная чырвоная пляма ў жываце, якая распаўзалася па ўсім целе.

– Га! З’еў! – зноў закрычаў Эдзік. – Ты каго, дзярмо інтэрнацкае, стукнуў? А?

Ён стаў абходзіць Сяргея, які скурчыўся, схаваў жывот, выстаўленымі локцямі прыкрыў твар.

– Хопіць з яго, – хацеў прыпыніць Віцька Эдзіка.

Злосць у яго прайшла, нешта вельмі непрыемна было глядзець на ляжачага Сяргея.

– Яшчэ дабавім, – Эдзік злаўчыўся, стукнуў нагой, імкнучыся праз складзеныя локці дастаць твар Сяргея.

– Ды не бі ты нагамі, – паморшчыўся Віцька.

– Што, у вас тут чэсныя бойкі, га? – пакпіў Эдзік. – Адзін на адзін, га?

І ў гэты момант ранішнюю цішыню разрэзаў тонкі адчайны крык, крык страху і болю. Так магло крычаць толькі дзіця, даведзенае нечым да жудасці, смяротна напалоханае.

Да іх бегла Нэла.

Бегла і крычала, крычала і бегла.

І Віцька, і Эдзік уздрыгнулі, у нейкі момант ім абодвум падалося, што яны зрабілі нешта непапраўнае, забілі насмерць, а гэтае нямко ўжо аплаквае свайго брата.

Страшна крычала Нэла.

– Пайшлі! Бяжым – раскажа! – раптам ірвануўся ўбок Эдзік.

І яны пабеглі, забыўшыся, што Нэла нікому нічога расказаць не зможа і што ўвогуле некаму расказваць – хто будзе заступацца за Сяргея? Не прымак жа...

– Трасца яго ведае, – прыпыняючыся, загаварыў Эдзік, калі адбеглі далекавата па беразе. – У мяне ж, блін, удар ведаеш які! Я яму, здаецца, і нос, і сківіцу набок звярнуў. А ён, можа, сволач яшчэ тая, пойдзе да ўчастковага... Чорт, трэба было мне ўчора бабцы расказаць і жывот ёй паказаць... Нічога, ты ж пацвердзіш, што ён першы ўдарыў, хоць мы яго не чапалі, так? Ды і гэты Віталь усё бачыў...

Віцьку нечакана стала прыкра ад асэнсавання таго, што Эдзік напужаўся. Хай сабе і трошкі, але ж напужаўся...

– А добра ты яму, пад дых! – раптам загаварыў Эдзік, прыцмокваючы. – Усё па планчыку: раз – у морду, два – пад дых, тры – па карку! Як у кіно атрымалася, клас!

Прыкрасць ад гэтых слоў захліснула Віцьку: ён разумеў, што цяпер ужо Эдзік яго, Віцьку, робіць галоўным катам у гэтым збіванні. Але змаўчаў, бо сказаць нешта супраць Эдзіка не змог. Яны ж былі заадно…

Дзяўчынка больш не крычала. Яны выглянулі з-за куста – Сяргей і Нэла ішлі сцяжынкай у вёску, Сяргей нёс вуду і мяшэчак з рыбай у адной руцэ, за другую трымалася Нэла.

– Чорт, дагонім давай, з гэтай равулай не ўцячэ, рыбу адбяром! – усхапіўся Эдзік. – Глядзі, колькі налавіў! І вуду паламаем!

– Ат, няхай нясе, – неахвотна адказаў Віцька. – Гэта яго апошняя тут рыба.

Сказаў, але ўпэўненасці ў сваім голасе не адчуў. Нешта не радасна было ад іх перамогі. Зусім не радасна…

...Нэла яшчэ ціхенька ўсхліпвала. Сяргей стараўся гаварыць спакойна, хоць трэсліся яшчэ рукі, а ў жываце тая пляма не знікла, толькі сабралася ў чорны тугі камяк. Быццам гарачы камень хто паклаў у сярэдзіну жывата, і ён пры кожным кроку пракатваўся, абпальваў сабой усё ўнутры.

– Супакойся, не плач. І не трэба табе было бегчы. Чаго ты так рана прачнулася? Спужалася, што я некуды паехаў? Не, я нікуды не паеду, не перажывай. Я з табой буду. Вось выганю таго зэка, адвучым з табой маці гарэлку піць, будзем начаваць у хаце... А ты вось пабегла, сукенку намачыла ў расе, а пераапрануцца няма ў што... Нічога, зараз мы з табой да магазіна пойдзем, булку белую купім, сходзім да бабы Адаркі, яна табе кубачак малака налье, паясі... Хочаш белай булкі з малаком?

Нэла перастала ўсхліпваць, шмыгнула носам, зазірнула ў вочы Сяргею і кіўнула галавой. І ўсміхнулася – асцярожна ўсміхнулася і тут жа азірнулася на копанку – ці не гоняцца за імі, ці не паўторыцца тое жудаснае: яе брацік ляжыць на зямлі, а яго б’юць нагамі, і з носа ў яго цячэ густая ярка-чырвоная цёплая кроў...

Частка 8

На надворку нікога не было. Сяргей не бачыў маці і прымака ўвесь учарашні дзень, не будзілі яго крыкі ці які бразгат і ноччу. Таму ён вырашыў, што і цяпер у хаце нікога няма.

Так і аказалася. Хата сустрэла яго ўсё тым жа кіслым пахам, і ён не ўтрымаўся – хапіўся за начоўкі, выцягнуў іх з сянец на надворак, адцягнуў далей і перакуліў. Брудная, смярдзючая вада выплюхнулася разам з асклізлай мокрай вопраткай, якая сплялася ў адзін брудна-шэры камяк.

У сенцах была невялікая кладоўка. Амаль пустая – толькі два вялікія чыгуны, паўвядзёрныя алюмініевыя каструлі, яшчэ нейкі посуд, старыя боты на падлозе. У куце стаяў адзін трохлітровы слоік – брудны і з нейкім брудам на дне. Край слоіка быў вышчарблены.

Больш нідзе ні аднаго слоіка Сяргей не знайшоў.

“Прапілі”, – невясёлая здагадка адказала на пытанне, чаму гэты слоік застаўся – гэты быў шчарбаты.

Кавалак гаспадарчага мыла знайшоў на вузкім падаконніку ў сенцах, падняў з падлогі анучу, якая яшчэ была не зусім чорнай.

З анучай, мылам і слоікам пайшоў да калодзежа. Выцягнуў вады, спачатку апаласнуў двойчы прыцягнутыя сюды ночвы, потым цёр мылам, мыў саму анучу. Мыльную ваду наліў у слоік – няхай адмакае.

І, магчыма, вада ў ночвах нагадала яму ранішнюю копанку і ўсё, што там здарылася. Нечакана слёзы самі закапалі з яго апухлых ужо вачэй – крыўда проста здушыла за горла, аж выць захацелася ад бездапаможнасці.

“Гады, сволачы! Пачакайце, я разбяруся, я з вамі з кожным паасобку разбяруся!” – думкі пра адплату тлумілі розум.

Ён жа многае можа зрабіць!

Віцька ў вёсцы жыве – і выдатна, хлеў падпаліць можна, каб ведалі! А таму гарадскому так твар распісаць кавалкам шкла, каб на ўсё жыццё засталося… І не шкліну ўзяць, а бутэльку – разбіць і трымаць за рыльца… Але недзе ў галаве жыла і другая думка – тая самая клятва самому сабе, што даў ён за месяц да сваіх канікулаў, што нараджалася пакутліва, выспявала пакрысе і стала яго праграмай дзеяння: не плач, не бойся, не прасі. І яшчэ дадатак – не крадзі. Бо ўпэўніўся Сяргей, а правільней – упэўніў яго апошні судовы працэс, на які ён сведкам трапіў, а ягоны сябар – на лаве падсудных сядзеў. Будзеш красці – будзеш сядзець у турме. Спачатку калонія, вядома, а розніцы ж няма, усё адно за кратамі. А Сяргею за краты нельга – у яго ёсць Нэла.

І яшчэ… Яшчэ ён помніў словы сваёй маладой выхавацелькі: “Яны там у вёсцы лічаць цябе дрэнным, бо ты крадзеш. Вось паспрабуй не ўкрасці. Змяніся сам – і паглядзі, ці зменіцца свет…”

Свет пакуль не мяняецца. Сяргей застаецца амаль ізгоем…

…Добра, што была такая праграма – лягчэй з ёй перанесці ўсё, але так слаба верыцца вось цяпер у тыя словы, што сам паўтарае Нэле: “Усё ў нас атрымаецца”. Як тут атрымаецца, калі ён адзін з Нэлай, а супраць яго ўсе: і п’яная маці, і гэты зэк, і вясковыя бабулькі, і нават хлопцы-аднагодкі… Чаму так? Чаму некаму сёння лёгка і проста жыць, чаму ў некага многа сяброў, ёсць утульны дом, маці і бацька, брат і сябар? У некага сёння згатаваны абед, яму не трэба думаць аб тым, чым пакарміць малую сястрычку… Чаму Сяргей гэтага пазбаўлены? Чаму яго ворагам сваім ўсе лічаць? Яблыкі і клубніцы раней краў? Дык жа есці хацеў! Дык жа Нэла ад голаду плакала!

Слёзы каціліся з вачэй, Сяргей літаральна навобмацак мыў слоік, цёр і цёр слізкае шкло…

– Вось мой сыночак чым заняты, – пачулася ад веснічак.

Сяргей імкліва адным і другім рукавом выцер вочы, паморшчыўся ад болю, адчуўшы адначасова, наколькі распух ужо твар, асабліва з левага боку. З вядра плюхнуў на твар халоднай вадой, яшчэ і яшчэ раз…

Маці злёгку вагалася ўзад-уперад, твар яе быў расцягнуты ў непрыемнай дурнаватай усмешцы. Вочы чырвоныя.

– Гаспадарыш, гаспадарыш... от, я паесці вам прынесла, – працягнула яна руку наперад.

У руцэ яе была бляшанка кансерваў, ужо адкрытая, з кансервы цягнуліся жоўта-чырвоныя тлустыя пісягі, і рука маці была ў гэтым чырвоным тлушчы.

– А хлеба няма! З’елі ўвесь хлеб, – маці раптам загаварыла са злой крыўдай: – Сволачы, я хавала дзецям хлеба, а яны з’елі!

Яна павярнулася назад, прыгразіла некаму кулаком.

– На, Сярожка, на, хто ж вас, сіротаў, акрамя мяне накорміць, – п’яна і няшчыра загаварыла яна, цягнучы руку наперад.

– У нас ёсць хлеб, – сказаў Сяргей, узяў бляшанку і хутка пайшоў у садок.

Там Сяргей адкрыў бляшанку – у ёй было крыху больш за палову кашы з кілек і таматнай пасты, працягнуў Нэле.

– Трымай.

Сам палез у будан, адшукаў свой рукзак, дастаў хлеб, адламаў добры кавалак. І гэты кавалак паламаў на некалькі, паклаў перад Нэлай.

– Мачай хлеб, чапляй рыбу і еш.

Маці падышла, нязграбна апусцілася ля Нэлы, паглядзела на будан.

– От, якую будку займелі! А я думаю, дзе коўдра дзелася? Гіцлю таму морду падрапала, думала – прапіў сволач, без мяне прапіў...

Нэла ела, насцярожана сочачы за маці, ела хутка, ледзь не давячыся, амаль не жуючы.

– Еш.., – хацеў было прыкрыкнуць Сяргей, дадаўшы “спакойна”, як адразу ўспомніў дзеда Васіля і яго пытанне: “А Нэле ці не ўсё адно, хто загадвае?”. Пракаўтнуў словы, асцярожна пагладзіў дзяўчынку па галаве, лагодна прагаварыў: – Не спяшайся, не трэба. Ніхто ў цябе не адбярэ, я не дам нікому.

Нэла пачала есці павольней, з насцярогай сочачы за маці.

– Ага, ніхто не адбярэ, – прамармытала маці. – У цябе абаронца ёсць, сам у каго хочаш адбярэ. Ага, адбярэ і Нэле прынясе... Еш, еш... – яна раптам зашмыгала носам, дзве слязіны выкацілася з чырвоных вачэй. – А дзетачкі мае, а сіротачкі мае! – загаласіла працяжна, з падвываннем, як па нябожчыку. – А ці ж я ведала, ці ж я хацела...

Яна ўзнялася, упіраючыся рукамі ў зямлю, і пайшла з садка. У хату заходзіць не стала – адразу з надворка павярнула на вуліцу, п’яна хістаючыся, нешта плаксіва мармычучы сама сабе.

Сяргей правёў яе позіркам.

І пайшоў дамываць слоік.

Яго апанавала незразумелая злосць, рукі неспадзявана адчулі незвычайную моц, якая ірвалася на волю. Трэба нешта рабіць! Трэба нешта рабіць! Але што рабіць – Сяргей не ведаў. Адно вось пакуль было ў галаве: адмыць гэты слоік, прадаць ля магазіна рыбу, купіць хлеба… І ўся моц ягоных рук ішла на гэтае мыццё, так сціскаў слоік, так цёр яго, быццам было ў яго руках нешта страшэнна бруднае і жывое, якое адмыць толькі трэба – і тады ўсё зменіцца… Плёхаўся больш за паўгадзіны, пакуль шкло не стала рыпучым пад пальцамі і празрыстым.

Наліў чыстай вады і ў ночвы, і ў слоік. У ночвы выпусціў з мяшэчка рыбу. Тут карасі здаваліся намнога меншымі, чым там, на возеры. Нэла паела ўжо і цяпер лавіла рыбу рукамі, смешна жмурылася, калі які карась моцна плёскаў у яе руках і пырскі вады ляцелі на яе твар.

Сяргей і сам лавіў карасёў і апускаў іх у слоік. За шклом яны глядзеліся цяпер ужо ўвогуле вялікімі, запоўнілі сабой увесь слоік. “Вось гэта і трэба!” – радасна падумаў Сяргей, калі Нэла апусціла апошняга злоўленага ёй самой карася ў слоік.

– Ну, Нэла, як наш улоў? Купяць яго ў нас за добрыя грошы? Зараз пойдзем да магазіна...

Нэла ўзняла рукі і паказала некуды ў Сяргееў твар.

– Што, сіняк пад вокам і нос распух? Ну і што? – бадзёра, як і раней, адказаў Сяргей.

Але ў хату ён усё ж схадзіў. Вялікае люстра ў старой шафе насуперак усім п’яным бойкам засталося цэлым.

Адтуль, з люстра, на Сяргея глянуў худы падлетак у лінялых джынсах, басаногі. Сіняя майка з аднаго боку была запэцкана, на грудзях – дзве невялікія рудыя плямы. То кроў з носа трапіла.

Нос распух не вельмі. Затое адно вока амаль заплыло, сіняк быў вялікі, жоўта-сіні.

“Абы бачыла,” – адмахнуўся ад свайго адлюстравання Сяргей. З “ліхтарамі” хадзіць яму было не прывыкаць.

Людзей каля магазіна было шмат – чакалі машыну з хлебам. У бок Сяргея і Нэлы павярнуліся колькі старых жанчын, ціха шапталіся, ківалі галовамі. Хлопцы і дзяўчаты асаблівай увагі на яго не звярнулі, пакуль не дастаў з торбачкі свой слоік. Торбачку разаслаў на зямлі, недалёка ад увахода ў магазін, на торбачку паставіў слоік.

Некалькі малых адразу ж прыселі каля яго.

– Ух ты, я вось такога ў мінулым годзе злавіў, – казаў адзін, тыцкаючы пальцам у шкло слоіка.

– Твой меншы быў.

– Ага, большы! Хіба што мой быў белы, а гэты жоўты. Жоўтыя таўсцейшыя толькі.

У гэты час падышла машына з хлебам. Бабулькі падаліся шумна ў магазін – займаць чаргу.

Вадзіцель, малады хлопец, скочыў з падножкі, нешта весела мармычучы пад нос.

– Так, бабачкі-цётачкі-дзевачкі, праход мне вызвалілі, хлеб едзе!

Грымнуў дзвярыма будкі, доўгім прутком з загнутым канцом зачапіў латок з хлебам, і той паслухмяна выехаў з цёплага нутра будкі.

І цяпер вадзіцель зірнуў на Сяргея.

Сяргей не адвёў вачэй убок, хоць непрыемны халадок сціснуў жывот. Вадзіцель кінуў сваю жалезную палку, скочыў з ганку і, відаць, знарок гледзячы ўважліва на слоік з рыбай, стаў падыходзіць да Сяргея. Глядзеў на рыбу, а хапіўся, моцна сціснуў плячо Сяргея. І потым ужо ўзняў на яго вочы.

– Ну што, хлопец, помніш мяне?

Вакол іх ужо сабралася кальцо дзятвы, прыпыніліся старэйшыя.

– О, вадзіцель злодзея злавіў!

– Зойчын гэта?

– Ага, тым летам украў бохан хлеба з машыны. Уцёк быў.

– А тут, дурны, сам прыйшоў.

– Цяпер вушы надзяруць...

Сяргей чуў гэтыя галасы. Ведаў, што такое вось – сустрэча з вадзіцелем – можа быць, хоць спадзяваўся, што прывязе хлеб іншы. Ён узняў вочы на вадзіцеля.

– Помню.

Вадзіцель можа чакаў, што Сяргей кінецца прэч, пачне аднеквацца, прасіцца, і цяпер у яго вачах прамільгнула разгубленасць.

І раптам ціхенька, ледзь чутна, бы страшэнна баючыся, што яе пачуюць, захныкала Нэла.

Сяргей толькі цяпер адчуў, што яна абхапіла, колькі было ў яе моцы, яго нагу, прыціснулася, ператварылася ў адзін маленькі камячок страху, уздрыгвала кароткімі ўсхліпамі.

– Не бойся, не плач, – паклаў Сяргей руку на яе галоўку, спакойна сказаў да вадзіцеля: – Забірайце рыбу... За той бохан.

– Сястра? – вадзіцель паказаў вачыма на Нэлу.

– Сястра... Толькі мне слоік трэба.

– Ну... Чакай, разгружуся, – адказаў вадзіцель, адпусціў плячо Сяргея з лёгкім, амаль дружалюбным штуршком.

Пакуль ён спрытна выцягваў латкі з цёплымі боханамі чорнага хлеба, з жоўта-залацістымі батонамі, Сяргей стаяў на тым жа месцы, не адышоўшыся ні на крок. І Нэла не адыходзіла ад яго, не адпускала нагу, хоць уздрыгваць перастала.

Вадзіцель пакідаў пустыя латкі ў будку, скокнуў у кабіну, вылез адтуль з бітончыкам.

– Ну, давай сваю рыбу!

Сяргей пераліў ваду разам з карасямі са слоіка ў бітончык вадзіцеля.

– О, клас! – вадзіцель відавочна быў задаволены. – Жывую прывязу!

Сяргей моўчкі павярнуўся, каб ісці, і ўбачыў, што ад ганка за імі назірае Віцька – той таксама прыйшоў па хлеб.

– Чакай, – прыпыніў вадзіцель Сяргея. – Ты разлічыўся, мне ж таксама разлічыцца трэба. Мнагавата тут рыбы за адзін бохан. Колькі ты за ўсю рыбу хочаш?

Сяргей адмоўна паківаў галавой.

– Нам грошы не трэба. Бохан хлеба, адзін батон і яшчэ солі.

Вадзіцель уважліва глядзеў на Сяргея, Нэлу. Можа, і падлічваў, колькі каштуе ўсё пералічанае. Нечакана твар яго спахмурнеў, ён са злосцю сплюнуў на зямлю, не сказаў ні слова, пайшоў да сваёй будкі. Вярнуўся назад з двума боханамі чорнага хлеба і двума батонамі. Паклаў іх на Сяргееву торбачку, палез у кішэню, выцягнуў купюру.

– На, купіш соль.

Ад кабіны павярнуўся, крыкнуў:

– Праз тыдзень прынось, колькі наловіш. Сушаную, салёную, жывую – усю нясі. Я куплю.

Сяргей моўчкі кіўнуў. Нахіліўся, пераклаў хлеб і батоны ў торбачку. Вялікі кавалак батона, пахучы, мяккі, з хрумсткай залаціста-жоўтай скарынкай, адламаў і даў Нэле:

– Еш.

І сам не ўтрымаўся, адшчыпнуў ад батона кавалак, кінуў у рот: як прачнуўся, яшчэ ж нічога не еў. Яны пайшлі сярэдзінай вуліцы.

Віцька з ганку магазіна глядзеў ім у след і шчымлівае, невядомае раней пачуццё душыла яго. Крыўда то была? Зайздрасць? Злосць?

Ён пайшоў дадому, не думаючы ні аб чым, у вачах усё стаяў гэты малюнак – маленькая Нэла са ззяючымі вачыма прымае з рук брата акраец батона. Шчаслівая ад такой простай рэчы – кавалка белага хлеба...

Жэнька, як толькі Віцька ступіў з хлебам на парог, стала наліваць абед. Віцька нарэзаў хлеб, сеў за стол.

– Ты чаго такі сумны? –глянула заклапочана на яго маці. – Мо нос баліць?

– Прайшоў нос.

Віцька не еў, механічна варушыў лыжкай у талерцы з халадніком.

– Ведаеш, мама, а гэты Сяргей сёння лавіў рыбу на маім... на тым самым месцы...

– От ты скажы, які нахабнік, –адклала маці лыжку. – Калі ўжо так не разумее, трэба было проста прагнаць. Хіба на копанцы больш месцаў няма?

– Мы і прагналі, –загаварыў ціха Віцька. – Удваіх, з Эдзікам. Разбілі яму нос, паставілі сіняк под вокам, яшчэ кухталёў надавалі...

– Ай, якія малайцы, – усклікнула, роблена захапляючыся, Жэнька. – Героі! Двое адкормленых і сытых на аднаго галоднага!

– Жэнька, маўчы, – крыкнула строга маці, павярнулася да Віцькі: – Ну, прагналі – добра, а вось біць не трэба было, – паўшчувала мякка.

– А ён з налоўленай рыбай пайшоў да магазіна, каб прадаць, – працягваў Віцька роўным голасам, быццам не чуў ні маці, ні сястры. – А там яго хапіў вадзіцель хлебнага аўтамабіля, у якога мінулым летам гэты Сяргей сцягнуў бохан хлеба. Вадзіцель думаў, што Сяргей пабяжыць уцякаць, а той сказаў, каб забіраў усю рыбу за той украдзены бохан. Тады вадзіцель сказаў, што за адзін бохан рыбы зашмат, і прапанаваў грошы. А гэты Сяргей сказаў, што ім, яму і сястры Нэле, трэба хлеб. Просты чорны хлеб. І адзін батон. Вадзіцель даў ім два боханы хлеба, два батоны. Нэла ела кавалак батона, быццам гэта быў самы смачны на свеце торт...

– Гады вы! – выгукнула Жэнька і выскачыла з-за стала.

– Жэня, сядзь! – пляснула маці рукой па стале.

– Не хачу з ім за сталом сядзець! – закрычала ад дзвярэй у свой пакой Жэнька. – Ён хлеб есць, куплены за твае і татавы грошы. І лупіць удваіх з тым гарадскім чалавека, які ловіць рыбу, каб купіць хлеб для маленькай дзяўчынкі! Яна цукеркі ніколі не бачыла!

– Жэня! Ідзі за стол.

Жэнька ўжо заскочыла ў свой пакой, потым імкліва выбегла з яго, прабегла праз сталовую на надворак.

– Еш, – сказала маці да Віцькі ціха, без усякага патрабавання ў голасе, ужо з просьбай.

Віцька пачаў сёрбаць халаднік. Пачуліся крокі над галавой – Жэнька нечага лазіла на гарышчы.

Хвілін праз пяць яна зноў подбегам заспяшалася ў свой пакой і выйшла адтуль з вялікай лялькай – ёй падарылі на яе 10-годдзе, і лялька так і стаяла ў пакоі на кніжнай паліцы, як сувенір. Жэнька ў лялькі не гуляла.

– Куды ты? – занепакоена запыталася маці.

– Па справах, – адказала Жэнька, прыпынілася. – Гэта ж мая лялька, так? Я магу з ёй рабіць, што хачу?

– Можаш, вядома, – паціснула плячыма маці. – А што збіраешся рабіць?

– А з тымі цацкамі, якія валяюцца ў нас на гарышчы, таксама можна, што хочаш, рабіць? – зноў запыталася Жэнька, як і не чула пытання маці.

– Можна...

– Тады я іх аддам таму, каму яны трэба!

Жэнька крутнулася, і праз акно Віцька бачыў, як яна ішла з надворка з вялікім цэлафанавым пакетам у адной руцэ і лялькай у другой.

Есці Віцьку расхацелася.

Ля будана Сяргей расчысціў старой рыдлёўкай невялікі кавалачак ад дзёрну, потым вядром нацягаў ад хаты дзеда Васіля пяску – там была яго невялікая горка.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю