355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Автор Неизвестен » Гапееў Ведзьміна тоня » Текст книги (страница 12)
Гапееў Ведзьміна тоня
  • Текст добавлен: 7 октября 2016, 13:10

Текст книги "Гапееў Ведзьміна тоня"


Автор книги: Автор Неизвестен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 13 страниц)

– То зараз мы разам, – памкнуўся быў Сяргей, але дзед яго прыпыніў:

– Нічога, вы сваё рабіце паціху, мне тут няцяжка…

Управіліся з усім за дзве гадзіны: і палатка стаяла, і будан сабе дзед паставіў (які там будан – шалашык маленечкі), і на распаленым кастры ўжо закіпала вада, а Віцька з Віталем чысцілі бульбу. Сяргей захапіў з сабой мяшэчак звараных учора вечарам круп і пайшоў падкарміць рыбу: збіраліся на золку парыбачыць.

Жэнька дастала рацыю, тая адгукнулася адразу ж, быццам Зарэмба толькі і чакаў.

– Дакладваю, Мікалай Рыгоравіч, – пачала весела рапартаваць Жэнька. – Мы на Савіным востраве, дабраліся без прыгод, плыт паказаў сябе супер-надзейна. Разбілі лагер, рыхтуем гарачы абед. Сёння ніякіх пошукаў не прадпрымалі, разведку вострава пачнём заўтра. Здароўе і самаадчуванне ва ўсіх цудоўнае. Ой, Мікалай Рыгоравіч, а як цудоўна на гэтым востраве! – не ўтрымалася Жэнька на афіцыяльным тоне. – Ён чысты, светлы, тут такая цішыня. А дно возера каля вострава пясчанае, заўтра мы купацца будзем!.. Усё, прывітанне нашым перадавайце, няхай не хвалююцца, у нас усё ў поўным парадку!

Пасля абеду стомленыя ляжалі каля палаткі. Столькі ўражанняў на сёння, ды і фізічна папрацавалі. Востраў як быццам прыняў іх за сваіх: цішыня, якая здавалася змоўніцкай, варожай, пакрысе разбілася на мноства ўжо ўлоўных гукаў: вось птушка пераляцела з дрэва на дрэва, крыльцы трапечуць, чмель гудзе ў сінім званочку, конік у траве стракоча, ветрык заблытаўся ў густой кроне бярозы, зашапацеў лісцем, нябачная птушачка ціўкнула, ёй другая адказала…

Было хораша ляжаць вось так, дагары, выцягнуўшы вольна рукі і ногі на густой, ніколі нікім не кошанай траве, глядзець на высачэзныя адсюль, знізу, ствалы дрэў, над вяршынямі якіх, ледзь не чапляючыся, плывуць белыя аблокі… А гэта вось не белае, а шэрае, занадта ж нават шэрае і вялікае…

– Дождж!

Паўскоквалі, а першыя рэдкія, важкія кроплі дажджу запляскалі па лістоце, па траве, па голых спінах. Ускочылі ў палатку, а дождж лінуў спора, быццам з разгону несліся ўніз кроплі. А шумна як стала ў лесе!

Пяць хвілін – і ўсё сціхла. Сонца, якое ўжо адчувальна хілілася да захаду, выглянула з-за хмары, і вакол засвяціліся тысячы іскрынак – ззялі кроплі дажджу на лістоце, на траве. І раптам ажыў лес рознагалоссем: зацвыркала, затрэнькала, зашчабятала, зачырыкала, заціўкала, здавалася, кожнае дрэва ў лесе.

– Во, ажылі ўсе, – зазначыў Віталь. – А не відаць ні адну спявачку!

– Мы прайшлі амавенне, і востраў прыняў нас, – нават урачыста сказала Жэнька на поўным сур’ёзе,. – Цяпер мы тут свае, і лес нам нічога дрэннага не зробіць.

Жэньцы ніхто не запярэчыў. Хто яго ведае…

Калі трава прасохла, пайшлі збіраць сушняк для кастра.

Сцямнела хутка – зусім не так, як цямнее ў вёсцы. Шчыра кажучы, было трохі вусцішна, ціснуліся бліжэй да кастра. Вохкнула нешта далёка ў глыбіні вострава, а потым пачуўся шум крылаў.

– Гэта сава на паляванне паляцела, – стаў тлумачыць дзед Васіль. – Заўтра мы пабачым дрэвы з іх дупламі.

– А…Агні, казалі, на востраве, бываюць, – нясмела нагадаў Віталь, баючыся, што з яго пачнуць кпіць. – Блукаюць па зямлі. Ідзеш да іх – яны ад цябе. І ў тоню скачуць…

Але ніхто смяяцца з яго не стаў: на такім востраве ноччу што хочаш можа быць. Ды і расказвалі ж многа пра гэта ў вёсцы.

– Ёсць і агні. Чаму ж ім не быць, – спакойна адказаў дзед Васіль. – От ты зараз устань, адыдзі ад кастра, адвярніся ад яго, пачакай, пакуль вочы да цемры прывыкнуць, і паглядзі… Толькі агні не бегаюць і не скачуць.

– Праўда? – разявіў рот Віталь. – Пайшлі, – ён штурхнуў у бок Сяргея. – Пайшлі ўдвух.

– Пайшлі ўсе! – падхапіўся і Віцька.

Усе разам падняліся, і Нэла з Жэнькай, і сам дзед Васіль устаў. Адышліся ад кастра ў той бок, у які дзед паказаў.

– Пачакайце крыху, а потым глядзіце прама перад сабой… Яны белавата-зялёныя…

Напружана ўглядваліся… Нічога.

І раптам Жэнька ўскрыкнула:

– Бачу!

За ёй і астатнія пабачылі – плямамі, там, там, там – у цэлую няроўную лінію выстраіліся недзе наперадзе бледныя блакітна-зялёныя агні. Не, не скакалі яны, свяцілі халодным страшным святлом, святлом не гэтага свету.

– Што гэта, Васіль Яўменавіч? – спытала шэптам Жэнька. Ёй сапраўды стала страшна.

– А ты не бойся. Падыдзі бліжэй і паглядзі, – падахвоціў дзед. – Няма там нічога страшнага.

– Не-е, – адступілася Жэнька.

Наперад пайшоў Сяргей. Можна было разгледзець яго постаць сярод дрэў. Вось ён бліжэй, бліжэй да агнёў… І Віцька сарваўся з месца, подбегам заспяшаўся да Сяргея.

Аказалася, што агні – зусім недалёка. Было бачна, як Сяргей і Віцька разам нахіліся… Павярнуліся – і два агні ужо свяціліся на ўзроўні іх грудзей! А адзін і ўвогуле ўзляцеў над іх галовамі і завагаўся сюды-туды…

Хлопцы вярталіся – і неслі гэты нежывы агонь.

– Вось, – падышлі яны да астатніх, і Віцька працягнуў… кавалак гнілога дрэва.

– Ух ты! – выгукнуў Віталь. – Як я не даўмеў! Флюарэсцэнцыя! Дожджык якраз пайшоў… Ух ты, абавязкова з сабой вазьму.

– Гнілая асіна? – спытала недаверліва Жэнька, прымаючы з рук брата гнілушку.

– Ага! Некаторыя мікробы свецяцца. Асабліва вось як цяпер – пасля дажджу. Там жа асіна трухлявая ляжыць, так?

– Ляжыць там асіна, – усміхнуўся ў цемнаце дзед. – Я яе яшчэ ў дождж прыкмеціў. Так і думаў, што засвеціцца.

– А здорава як свеціць! – захапляўся Віталь, падносячы гнілушку бліжэй-далей да далоні. – Во, як далонь асвятляе…

Сапраўды, калі гнілушку набліжалі да самай далоні, скура асвятлялася мярцвяна-бледным святлом.

– Ну вось, адна загадка Ведзьмінай тоні мае вельмі простую адгадку, – падсумаваў Віцька. – Заўтра нам трэба разгадаць яшчэ адну.

– Цяжкавата будзе, – астудзіў яго пыл дзед Васіль. – Нічога, хлопцы, я тут не пазнаю. Прайшоўся вось – і не магу сказаць нават, у якім месцы была зямлянка. Ды і зіма тады была, – са скрухай закончыў стары.

– А якія дрэвы там раслі? – спытаў Віталь.

– За столькі гадоў твае дрэвы зусім другімі сталі, – махнуў рукой Віцька. – Трэба абыходзіць увесь востраў і шукаць…

– Што шукаць? – загарэўся Віталь. – Васіль Яўменавіч, дык якія дрэвы каля зямлянкі вашай раслі?

– Некалькі ялінак было… Але ж іх тут многа дзе.

– Ну, вялікіх ялін тут мала…

– За столькі гадоў… магла вырасці яліна, а магла малой засохнуць. І вырасці магла, а потым упасці і згніць, – гнуў сваё Віцька.

– Так, усё магло быць, – нявесела зазначыў дзед Васіль. – Але паспрабуем заўтра пашукаць найперш вялікія яліны. Пад нагамі паглядзім – мо дзе ляжыць тоўстая гнілая… Зямлянка наша даўно абвалілася… Ну, нейкая яміна павінна быць…

– Карацей, нечага цяпер спрачацца, – спыніў хлопцаў Сяргей. – Будзе ранак – будзе бачна. Кладземся спаць, а то рыбалку праспім.

– Не праспіце, я вас пабуджу, – паабяцаў дзед Васіль. – Кладзіцеся, адпачывайце. Натаміліся за дзень.

Сам ён яшчэ доўга сядзеў ля кастра, паліў і паліў свае самакруткі, толькі сіні дымок віўся над яго галавой…

Частка 25

Ранак выдаўся ціхім, нечакана цёплым, хоць і вада была блізка. Лес не звінеў мноствам галасоў, як тады пасля кароткага дажджу, не, у лесе даўно пачаўся новы дзень, і галасы ў ім былі падобныя на гукі ў ранішняй вёсцы: усе выкліканыя турботай, клопатам, пачаткам новага дня.

Жэнька расплюшчыла вочы – у палатцы было ўжо светла. І азірацца не трэба было – па дыханні зразумела, што ўсе яшчэ спяць.

Жэнька асцярожна зняла з сябе ручку Нэлы, прыкрыла акуратней малую, устала. Адкрыў у другім канцы палаткі вочы Сяргей, умомант сеў, глянуў на Жэньку, на сонечныя плямы на брызенце палаткі:

– Чорт, рыбалку праспалі! – адчайна прашаптаў ён і тут жа выскачыў вонкі.

За ім выйшла і Жэнька. Зірнула на гадзіннік – сем гадзін раніцы.

Дзед Васіль сядзеў ля распаленага кастра. Відаць было, што ён толькі што падвесіў над ім чайнік – яшчэ не высахлі кроплі вады на баках. Полымя невялікага кастра лізала чорныя бакі чайніка, шыпела.

– Добрай раніцы! – прывітаўся дзед з Жэнькай і Сяргеем. – Будзіце, мабыць, астатніх, хутка і чай будзе. З траў, пахучы, лячэбны…

– А чаму вы нас не разбудзілі, як абяцалі? – гэта ўжо галава Віталя выглянула з палаткі, а потым і сам ён пад штуршком Віцькі выкаціўся вонкі. – Рыбачыць збіраліся… – бурчэў Віталь.

– Як вам спалася, лепей скажыце? – прыжмурыўся дзед Васіль.

– Ой, я нібыта правалілася, – пацягнулася Жэнька. – Думала, будзе пад галавой цвёрда, нязручна, а ледзь галава лягла – сплю. А прачнулася – нібыта сто гадзін праспала.

– А мяне як выключылі, – расказваў Віцька. – Думаю, зараз прадумаю план пошукаў, каб было што сказаць сёння, а тут – пстрык і сплю.

– Ну, вось… – дзед усміхнуўся. – Так вы тут салодка спалі, пахропвалі, што шкада мне стала вас будзіць. Нічога, Сяргей, – дзед павярнуўся да хлопца, – наша рыба будзе нашай. У Бога дзён многа.

– Ат, я не перажываю, – усміхнуўся і Сяргей. – Мне таксама спаць хацелася. Даўно так спакойна не было…

– Ну, бяжыце, умывайцеся, будзем снедаць…

Іх плыт стаяў на месцы, здавалася – нечым пакрыўджаны, мо таму, што такі кароткі быў яго першы паход, і зноў вось прывязалі… Тоня ляжала пад коўдрай тумана. Ён ужо быў рэдкаваты, недзе на праплешыны ўжо чыстай вады падалі яркія промні сонца. Туман узнімаўся пакрысе ўверх.

Вада ад берага была цёплай.

А далей у іх бухце віравала жыццё. То тут, то там раздаваліся кароткія ўсплёскі, паверхня вады раптам прарэзвалася імклівым нябачным плаўніком…

– Гуляе наша рыба, – у захапленні загаварыў Віцька. – От, глядзі, глядзі!

Велікаваты карась проста выскачыў з вады ажно, плёхнуўся назад, толькі кругі пайшлі па вадзе.

– Ой, як скача! – выгукнула Жэнька.

– Гэта ўжо не гуляе, – пракаменціраваў Віталь. – Гэта ўжо ён жыццё сваё ратаваў. За ім палявалі…

– Ну, зробім справу – сяду на дзень са спінінгам! – паабяцаў сам сабе Сяргей. – Ніколі яшчэ шчупака не лавіў.

– І я не лавіў, – прызнаўся Віталь. – Дзядзька спінінг падарыў, а мне з ім і хадзіць не было куды.

– Я спрабаваў, нічога няма складанага. Галоўнае – акуратна і не спяшацца, – супакоіў усіх Віцька. – Адзін спінінг на траіх – паспрабуем усе.

Узбуджаныя, вярнуліся да кастра. Там ужо і Нэла падстаўляла складзеныя далонькі – дзед паліваў, яна ўмывалася. Чайнік на кастры закіпаў.

Хутка сталі гатаваць сняданне.

Чай, бутэрброды – есці пакуль не хацелася. Узбуджаныя будучымі пошукамі, снедалі хутка.

Жэнька звязалася па радыётэлефоне з дыспетчарскай. На гэты раз Зарэмбы не было – сказалі, што ён паехаў у раён. Жэнька перадала, што ў іх усё добра, каб не хваляваліся. Пачынаюць пошукі.

…Ішлі, як і дамовіліся – на дзесяць крокаў адзін ад аднаго, строга па прамой. Так вырашылі ля кастра. Прачэсвалі літаральна ўвесь лес, шукалі зямлянку.

Проста сказаць было – ісці ланцугом. Тут паспрабуй прайдзі, калі лес рос гэтулькі гадоў сам па сабе. Таму і ішлі паволі. Калі хто прыпыняўся, яго чакалі, нехта знаходзіў нейкае паглыбленне – падыходзілі, спрабавалі раскапаць трохі, дакладна вызначыць: яма гэта ад вываратня якога засталася ці гэта зямлянка…

Востраў аказаўся не такі і маленькі. Ад іх плыта трэба было прайсці добрых пяцьсот метраў праз лес. І то лес не заканчваўся, не абрываўся, а паступова ўсё больш вольхаў траплялася на шляху, з’яўляліся вялікія нізкія ўчасткі з вадой. Далей – болей, радзеў і святлеў лес, адначасова нібы спускаючыся ў балота. Нарэшце дрэвы знікалі, кусты вербалозу стагамі ўзнімаліся на цяпер ужо роўнай, парослай дзе асакой, дзе разнатраўем паверхні. А пад нагамі знікала цвёрдая зямля. Хлюпала, засмоктвала імкліва…

Круглым востраў не быў, і як Віталю не карцела хутчэй скласці яго дакладную карту, гэту справу адклалі на потым.

Праз тры гадзіны пошукаў зямлянку знайшлі.

Ніякіх сумненняў не было, што гэта – зямлянка. Адразу за вываратнем быў добра бачны паўабвалены ўваход, з невялікага ўзгорка тырчалі спарахнелыя камлі нятоўстага бярвення – адразу можна было сказаць, што гэта – насыпаны дах падземнага жытла.

І дзед Васіль адразу прысеў на выварацень, стаў нервова даставаць сваю бляшанку з тытунём.

– А ад нашай палаткі зусім недалёка, – азірнуўся назад Віталь. – Ну, што, давайце па інструменты збегаем…

Прынеслі рыдлёўкі, трыножнік тэадаліта, сам тэадаліт. Яшчэ – тры вешкі з Віталевага набору.

Віцька з Сяргеем узяліся за рыдлёўкі. Віталь настроіў тэадаліт, заглядваў у акуляр – вышукваў адсюль вешку на беразе тоні, ля плыта. Яе не было відаць за кустоўем. Жэнька пабегла – перанесла вешку і паставіла перад кустамі. Віталь хутка накідваў прыблізны план вострава, дакладна адзначыў толькі адно месца: становішча зямлянкі адносна стаянкі іх плыта і лагера.

Сяргей і Віцька тым часам раскапалі ўваход у зямлянку, адкінулі спарахнелыя рэшткі бярвення.

– Там, у куце справа, павінны быць зямлёй прысыпаны нямецкі карабін. Ён без патронаў у нас застаўся, – сказаў дзед Васіль, у чарговы раз круцячы самакрутку. – Як наша гэта зямлянка і калі пасля нас хлопцы не краналі нічога…

– А вы сумняваецеся? – спытала Жэнька.

– Цяжка сёння паверыць, што гэта ўсё было, – ціха адказаў дзед.

Нырнуў у зямлянку Сяргей.

– О, тут столь вось-вось абваліцца… Трэба зверху скідаць усё, – зазначыў ён. – А то прыцісне…

– Скідайце, – дазволіў дзед Васіль.

Пачалі скідаць асцярожна зверху зямлю з рэшткамі бярвенняў. Пакрысе стала вымалёўвацца зямлянка – сцены і падлога. Самая звычайная яма, прамавугольная, два на тры метры . У цэнтры – вуголле ад кастра, некалькі камянёў. Адрэзкам тоўстага дроту, востра заточанага з аднаго канца – шчупам – Віцька абмацаў указаны дзедам кут. Стальны дрот мякка ўваходзіў у зямлю, нарэшце непрыемна скрыгатнула жалеза аб жалеза.

– Ёсць нешта!

Хутка раскапалі. Так і ёсць – карабін з іржавай руляй, а прыклад ніколькі не спарахнеў.

Асцярожна паклалі зброю на выварацень. Жэнька шчоўкала і шчоўкала фотаапаратам, не шкадуючы плёнкі.

Дзед Васіль узяў у рукі карабін, агледзеў уважліва прыклад.

– Гэта мой… Першага свайго і адзінага фашыста я з яго застрэліў.

– Адзінага?

– З гэтага карабіна – адзінага. Потым у мяне аўтамат быў, ППШ. Цяжкі быў вельмі для мяне, плячо балела яго насіць. Але надта ж сек добра…

Карабін адчысцілі збольшага ад зямлі, разглядвалі кожны па чарзе доўга, прымерваючы да сваіх плечукоў сапраўдную зброю.

– Ну, вось, знайшлі… – Віталь прысеў перад зброяй, асцярожна ўзяў у рукі карабін. – А той …партызан пісаў, што ён таксама зброю хаваў… А ў якім прыблізна баку магіла?

– От сяджу і думаю, – адказаў дзед Васіль. – Той хворы партызан не мог далёка адцягнуць трупы. І не думаю, што цягнуў у бок ад увахода. Так што будзем шукаць у гэтым накірунку, – павеў дзед рукой.

– То шукаем?

– Не, робім перапынак, – распарадзілася Жэнька. – Вяртаемся ў лагер, інструменты кідаем тут. Перакусім чаго, а то адзін чай з бутэрбродамі пілі, а ўжо хутка поўдзень. Хто ведае, колькі мы часу магілу шукаць будзем, – патлумачыла яна напрыканцы.

– І так правільна, – падтрымаў яе дзед Васіль. – Не будзем спяшацца.

Відавочна было, што стары надта ўсхваляваны. Гэта зразумелі ўсе, і ніхто не стаў пярэчыць Жэньцы.

Інструменты пакінулі, а карабін – сваю першую знаходку – ўзялі з сабой. І тэадаліт, вядома, Віталь зняў з трыножніка.

На абед патрацілі больш за гадзіну. Крыху адпачылі, ніхто не рваўся ісці – без слоў разумелі, што каманду на гэта павінен даць толькі дзед Васіль.

І сам дзед зразумеў чаканне астатніх. Скурыўшы чарговую сваю смярдзючую цыгарку, падняўся, агледзеў хлопцаў:

– Ну, што, давайце пойдзем шукаць… Цяжкавата будзе: узгорак над магілай даўно асеў, хутчэй невялікая яміна будзе… І камяні тыя ў траве ды пад ігліцай схаваны могуць быць…

У апошніх словах дзеда хутка пераканаліся – лес паўсюдна здаваўся аднолькава роўным. Нідзе не было відаць ні ўзгоркаў, ні аднаго вялікага каменя.

Праз паўгадзіны безвыніковых пошукаў Віталь прапанаваў:

– Слухайце, так шукаць – нічога мы не знойдзем. Застаецца адно: дакладна праходзіць кожны метр.

– Гэта як?

– Проста. Зараз ад зямлянкі возьмем накірунак. Але не па прамой, а вуглом – чым далей ад зямлянкі, тым больш у шырыню. Вызначым дакладна – паставім вешкі..

– Усё ты з гэтымі вешкамі, – незадаволена прабурчаў Віцька. – Так запомнім.

– Не запомнім, – падтрымаў Віталя Сяргей. – Правільна, паставіць вешкі, разбіць гэты вугал на часткі і кожную частку рукамі абмацаць…

– Ого! А часу колькі на гэта пойдзе?

– Колькі не пойдзе, а інакш не атрымаецца. А час у нас не куплены. Будзем шукаць. Затое будзем ведаць, што там, дзе прайшлі, ужо дакладна няма магілы.

Зноў сабраліся ля зямлянкі.

– Ну, даю вугал у дваццаць градусаў, – круціў калёсікамі прыбора Віталь. – Бяжы, Сяргей, вунь да той бярозы крывой… Ты, Віцька, вунь туды, там куст чарнее, а далей я крыкну…

Паставілі па адной вешцы, потым падышлі бліжэй да зямлянкі – самая мінімальная адлегласць, на якой магла быць магіла, паставілі зноў вешкі… Потым па яшчэ адной – між імі і яшчэ па дзве – між гэтымі.

– Ну вось, пайшлі прачэсваць сектары…

У Віцькі быў яго шчуп, у астатніх – ёмкія пруткі. Варушылі траву, узнімалі падазрона прыўзнятыя мох і лісце.

– Камяні ніколі ў зямлю не хаваюцца, – казаў дзед Васіль, разам з усімі “прачэсваючы” першы іх сектар. – Камяні зямля выпіхвае на паверхню. Значыць, нашы не павінны схавацца, павінны ляжаць недзе…

Першы вялікі камень знайшоў Віцька. Тут жа рыдлёўкай пракапалі вакол каменя неглыбокую траншэю кругам.

– Калі тут нехта капаў яму, то зямля на тым участку будзе адрознівацца ад любога іншага месца, – тлумачыў Віталь. – Не, тут няма нічога, бачыце – усюды роўна…

– На ўсякі выпадак потым пройдзем шчупам яшчэ, – прапанаваў Віцька.

– Абавязкова, – махнуў галавой Віталь. – Ды, спадзяюся, не спатрэбіцца…

Усе сектары яны прайшлі, лічы, як тыя грыбнікі, варушачы кожную самую невялікую горку з лісця. І нічога. Вярнуліся да адзінага знойдзенага каменя, шырэй раскапалі траншэю – нічога не паказвала на тое, што раней тут нешта капалі. Віцька шчупам прамацаў зямлю, кожны кавалачак вакол каменя – нічога…

Стомленыя няўдачай, прыселі на выварацень каля зямлянкі.

Маўчалі. Раптам падалося, што іх спадзяванне адшукаць магілу на гэтым востраве – марнае. Што нічога не атрымаецца з іх плана. І што ўвогуле няма ніякай магілы тут, і не было таго дакументу ў Інтэрнэце. І што будзе ім сорамна вяртацца ў вёску. А потым – гэта ж абавязкова! – прыедзе той атрад “Пошук”. У іх, няйначай, і металашукальнік ёсць…

– Чорт, нам бы металашукальнік, – са шкадаваннем працягнуў Віталь. – У пяць хвілін бы ўсё знайшлі.

– Знойдзем і так, – накінулася раптам на Віталя Жэнька. – Бач, падавай яму ўсё, каб не выходзячы з палаткі ўсё адшукаць. Мы і сотую частку яшчэ не агледзелі, а ўжо плакаць.

– А я што? Я нічога… – стаў апраўдвацца Віталь.

У гэты момант Нэла саскочыла з каленяў Жэнькі, падышла да Віталя і, гледзячы прама ў яго твар, нечакана строга загадала:

– Не пач!

– Правільна, Нэла! Малайчына!

Сяргей схапіў Нэлу на рукі, высока падкінуў, прыціснуў да сябе:

– Не плач, Віталь, адшукаем! Праўда ж, Нэла?

– Паўда!

Усе зразумелі, што адбылося – Нэла не проста паўтарыла словы ці гук – яна сказала тое, што сама збіралася сказаць. І гэта раптоўна зменшыла іх агульную няўдачу. І на самай справе – чаго плакаць?

– Разбівай наступны сектар! – усхапіўся Віцька. – Сяргей, ставім вешкі! Бягом!

Ці не подбегам сталі разбіваць наступны ўчастак іх пошукаў.

…Грудку камянёў пабачылі, лічы, ўсе разам – у неглыбокай яміне.

І – застылі перад імі моўчкі, без слоў зразумеўшы, што гэтая яміна – некалішні ўзгорак.

А літаральна ў трох кроках ад гэтых камянёў ляжалі рэшткі адзення, бялелі раскіданыя косткі.

Маўчанне парушыў дзед Васіль.

– Ну, вось і сябры мае… Вось і наш чацвёрты… – паказаў дзед на бялеючыя косткі.

– Гэта… Што гэта? – шэптам спытала Жэнька.

Дзед азірнуўся ў пошуках нечага, пабачыў недалёка паваленую ветрам асіну.

– Хадзем, сядзем. Пакурым, памазгуем…

Маўчалі, пакуль дзед круціў сваю самакрутку, распальваў.

– Не зразумелі, што за косці побач?

– Гэта той Пітэр!? – выгукнуў Віцька.

Ніхто не здзівіўся яго словам – здавалася, што Віцька толькі агучыў іх агульную думку, якая без слоў перадалася ад аднаго да другога.

– Дык гэта тое якраз, аб чым вы нам недагаворвалі? – спытаў Віталь. – Там, калі ў садку казалі.

– Так, тое… – пачаў дзед. – Памятаеце, пра рыбака я расказваў, які моўчкі, ні з кім не загаворваючы, сноўдаўся па Ведзьмінай тоні, а потым толькі лодку я пустую знайшоў? Па часе гэта якраз супадае з тым дакументам, што ты, Віцька, адшукаў. Дзевяць гадоў… Я так і падумаў, што вернецца ён сюды, да сваіх сяброў. Ён і вярнуўся. Адшукаў магілу і… памёр тут. Вось і ўсё, і нічога нам ні выдумляць, ні апраўдваць не трэба – усё чацвёра нашых вяскоўцаў ляжаць тут, на Савіным востраве…

– Мабыць, трэба нам яшчэ нешта зрабіць… А можа, і не тая гэта магіла? – задумаўся Віцька. – Трэба ўсё праверыць… Каб дакладна.

– І косці тыя… Прыбраць іх трэба, – падумала ўголас Жэнька і тут жа дадала: – Але я баюся іх кранацца…

– Усё правільна, – падтрымаў дзяцей дзед. – Зараз мы праверым магілу, збяром тыя косці… Ты сабе Жэнька ідзі з Нэлай у лагер…

– Не, мы побач пабудзем. І мне здымаць трэба.

– Ну, добра… Пайшлі, хлопцы.

Падышлі да мяркуемай магілы, пракапалі неглыбокую траншэю паўкругам.

– Так і ёсць, бачыце, як добра відаць, – паказаў Віталь на траншэю. – Вось тут зямлю не чапалі, а тут бачна, што капалі, перамешаны пясок і чарназём…

Гэта ўсім было зразумела.

– Ну, дайце мне рыдлёўку, – працягнуў руку за інструментам дзед Васіль. – Вы пасядзіце. Мне старому, такі грэх прабачыць Бог. Я сам…тут не павінна быць глыбока…

Ён акуратна расчысціў верхні пласт зямлі. Цяпер магіла была бачна добра.

Дзед асцярожна стаў капаць у верхняй частцы магілы.

Рэжучы гук прымусіў усіх здрыгануцца – рыдлёўка зачапіла за жалеза. Дзед рукамі стаў разграбаць пясок, адкідваць яго далей. Паказалася іржавая ваенная каска. А ў касцы – забялеў чэрап.

Войкнула, адвярнулася Жэнька.

Дзед прытрымаў чэрап на месцы, выцягнуў з пяску каску, падаў Сяргею, які стаяў бліжэй за ўсіх да магілы.

– Глядзі, ззаду павінна быць дзірка невялікая ад кулі. Каску мы яшчэ хлапчукамі на полі бою падабралі, калі нашы адступалі. Каска была толькі ў Андрэя.

Была дзірка ў касцы…

Дзед вылез з ямы.

– Ну, хлопцы, цяпер давайце збіраць тыя косці. Пакладзём іх сюды, да астатніх, закапаем акуратна, добрую магілу зробім…

– Навошта? – здзівіліся ўсе. – Дык а перазахаванне?

– Будзем сённяшнім днём жыць, – спакойна патлумачыў ён.

Дзіўна, але калі знойдзеная зямлянка не на жарт ўсхвалявала старога, то раскапаная магіла, а галоўнае – выцягнутая з магілы каска канчаткова супакоілі яго. Да дзеда вярнуліся ўпэўненасць, размеранасць і нетаропкасць. Ён зноў быццам у садзе сваім вязаў кошыкі – стаў казаць і рабіць усё без спеху, грунтоўна.

– Што будзе заўтра – ніхто не ведае. Можа, я памру, можа, начальства наша перадумае, – казаў дзед і круціў цыгарку, і рукі цяпер яго нічуць не дрыжалі, як некалі. – А мы павінны з вамі зрабіць тое, што павінны: насыпаць добрую магілу, паставіць добры крыж…

– А і праўда, – згадзіўся нечакана Віцька. – Я толькі гэтым летам столькі загадваў – мала што спраўдзілася. Хто яго ведае, што там заўтра будзе…

– Вось, а нам трэба тут усё зрабіць, – працягваў дзед Васіль. – Каб хто з жадаючых з нашай дапамогай мог сюды прыйсці і на чалавечую магілку патрапіць, а не ў яму ўпасці… Давайце, хлопцы …

Белыя косці былі расцягнуты трохі звярамі (сюды і ваўкі маглі забрысці). Іх збіралі ў рэшткі курткі, у якую быў некалі апрануты мужчына. Куртка згубіла і колер, і форму, але тканіна была сінтэтычная, то яшчэ не спрахла. Зносілі косці да ямы, дзед акуратна ўкладваў, прысыпаў пяском. Доўга шукалі чэрап. Нарэшце знайшлі ў высокай траве – праз пустыя вачніцы яго, што глядзелі ў высокае неба, прарасла трава…

Адчуванне таго, што яны робяць не тое, што планавалі, пакрысе прайшло і ў Жэнькі, хоць усё супраціўлялася ў ёй. Яна напачатку хацела сказаць, каб увогуле не закапвалі і разрытае – вось сказалі б там, у райцэнтры, што тут косці на паверхні ляжаць – не кінулі б справу, прыехалі б… Але за гэтыя дні яна цалкам стала давяраць дзеду. Ён жа разумны стары. Ён не хлусіць…

Сабралі ўсе косці, старанна праверылі ўсё вакол таго месца, дзе ляжаў касцяк – каб нічога не пакінуць. Асобна сабралі рэшткі адзення.

Невялікі ўзгорак насыпалі, падраўнялі з усіх бакоў – і трошкі аж не па сабе стала – раптоўна сярод лесу з’явілася ўжо сапраўдная магіла. Дзед ручкай рыдлёўкі паціскаў на пяску зверху – намаляваўся крыж.

– Ну, вось… Цяпер давайце падумаем, што з рэшткамі адзення рабіць.

– Спалім ды і ўсё, – прапанаваў Сяргей. – Каб ніхто ніякіх пытанняў нам не задаваў.

– Правільна, – падтрымаў Віцька. – Мы знайшлі толькі косці…у самой зямлянцы. І нічога больш.

– Ну, давайце так і зробім, – згадзіўся дзед.

Спалілі рэшткі адзення. Смярдзючы дым вецер адносіў убок.

– Якія ў вас цяпер планы? – спытаў дзед.

– Ды… Трэба дакладна месца на карту нанесці, карту вострава скласці. Трэба і тую зброю адшукаць, – стаў пералічваць Віталь.

– Ды пачакае твая карта, – перабіў яго Віцька. – Рыбу вось пойдзем лавіць. Якраз вячэрні клёў. А зброю не знойдзем без металашукальніка.

– Добрая справа – рыбу палавіць, – кіўнуў дзед. – Але яшчэ ранавата. А ты, Жэнька, як мяркуеш?

– Не ведаю… неяк мы ўсё планавалі да моманту знаходкі. Трэба вяртацца, мабыць…

– Як вяртацца? Ты што?

Хлопцы аж падскочылі з месца. Дзед супакоіў усіх.

– Ну, ты, Жэнька, па тэлефоне Рыгоравічу даложыш, як вернецца… А вось кажы толькі яму самому, больш нікому… Вось так пакуль зробім: мне, хто дужэйшы – мо ты, Сяргей, дапаможа дубок зваліць (я тут прыкмеціў) і сюды прыцягнуць, парэзаць. А вы сабе востраў мерайце. Думаю, дакладная карта патрэбна будзе… А потым я тут крыж майстраваць буду – а вы сабе ідзіце, рыбачце. Дамовіліся?

З дзедам пагадзіліся.

Частка 26

Дарэмна Віцька бурчэў – складанне карты вострава захапіла яго. Ён па камандзе Віталя ішоў краем вострава, ля пачатку балота, і сам уяўляў, як малюецца лінія берага на карце. Кропку за кропкай памячаў Віталь, Віцька пераходзіў далей і далей, нарэшце – круг замкнуўся.

Востраў на карце выглядаў зусім не круглым – паўкруг. Ды яшчэ няроўны. Нічога не казала аб тым, што ён тут некім насыпаны… І Заікін быў у напрамку Савінага вострава без намёку на нейкі таямнічы азімут.

– Нічога, мы яшчэ астатнія праверым, – не здаваўся Віталь. – І раскопкі трэба правесці на месцы зямлянкі – што там за бярвенні, пра якія дзед расказваў…

Сяргей падышоў да палаткі – дзеду ён больш не трэба быў: той сам майстраваў невялікі крыж.

Жэнька ўжо двойчы тэлефанавала – Зарэмба усё яшчэ не вярнуўся ў вёску. Нэла, стомленая доўгім блуканнем па лесе, цяпер моцна спала ў палатцы.

Жэнька адмовілася ісці з хлопцамі на рыбу – у апошні момант, гледзячы на салодка спячую малую, яна зразумела, што сама неверагодна стамілася. І прылегла побач з ёй.

…Не, такога клёву яны даўно не бачылі. І сам Віталь, які не вельмі захапляўся той рыбалкай, разгарачыўся так, што ў першыя дзесяць хвілін аж прытанцоўваў на месцы.

Ах, якія ж чапляліся карасі! Адзін у адзін, жоўта-залатыя, вялікія! І не гулялася рыба з нажыўкай: толькі ледзь варухнецца паплавок – і адразу ішоў адным штуршком у глыбіню. Эй, давай, цягні!

Вядзерца запоўнілася за пятнаццаць хвілін – а рыба брала і брала. Віталь за вялікім вядром збегаў, а Сяргей у гэты час краснапёрку выцягнуў: такая прыгожая.

Недзе хвілін сорак працягваўся такі клёў – не паспявалі закідваць.

А потым нібыта раз – і нехта прагнаў адсюль усю рыбу.

Паплаўкі нерухома стаялі ў цёмнай вадзе, быццам прымерзлі. Ветрыка не было, а тут падзьмуў, невялікія хвалі запляскалі аб плыт, з якога рыбачылі хлопцы…

– Так, цяпер на спінінг паспрабуем, га? – прапанаваў Віцька. – Відаць, шчупак тут гуляе, вось і перастала рыба браць.

– Давай, – без асаблівага энтузіязму адказаў Віталь. Яму ўмомант стала тут нецікава. Але вырашыў застацца, паглядзець. Сам на спінінг ён лавіць не збіраўся.

– Плыт трэба далей адвесці, – прапанаваў Сяргей. – Тут размахнуцца няма дзе.

Адвязалі плыт, усцягнулі сходні, адплылі далей ад берага.

Адзін закід, другі, трэці… Толькі на пяты блясна паляцела досыць добра – далёка і туды, куды Віцька цэліў. Нічога…

Ён абыякава ўжо (мо дзесяты раз упустую!) круціў катушку, як раптам лёска напялася. І – не пакруціць.

– Зачапіў, – плюнуў ад прыкрасці Віцька.

Пакруціў яшчэ – лёска з цяжкасцю, але намотвалася на катушку.

– Давай, падплывём, – падказаў Сяргей. – Віталь, бярыся за вясло.

Пачалі грэбці ў тым напрамку, дзе пад вадой хавалася лёска. Віцька пакручваў катушку, але лёскі намотвалася толькі на столькі, на колькі набліжаўся плыт.

– Нешта цягне, – раптам са страхам прашаптаў Віцька. – Нешта цягне!

– Не кідай! – закрычаў Сяргей, бачачы, як задрыжалі ў Віцькі рукі.

Было нястрымна бязлюдна тут – сярод чорнай вады, на паверхні якой беглі аднолькава роўныя частыя хвалькі. Вецер стаў нечакана халодным. А з аднаго і другога боку на сонца насоўваліся дзве сіне-фіялетавыя хмары. І нешта нябачнае ў глыбіні роўна, з неймавернай сілай цягнула лёску, а за ёй вуду і самога Віцьку ў халодную глыбіню…

Сяргей перахапіў спінінг – цяпер яны трымалі яго разам і разам адчулі, як нешта там, у глыбіні, роўна і неўтаймавана цягне, цягне і цягне.

– Адпусці, няхай размотвае… адпусці тормаз, – шэптам загадаў Сяргей.

Лёска пачала размотвацца – роўна, быццам пад вадой была такая ж катушка і там нехта намотваў лёску – не спяшаючыся, пакрысе.

– Прытарможвай, прытарможвай…

Але прытарможваць было дарэмна. Калі лёска разматалася ўся, хлопцы адчулі, што іх цягнуць разам з плытам.

– Віталь, грабі!

Віталь сутаргава гроб адным вяслом, але плыт разварочвала, і ён плыў.

– Трымай! Упрыся ў парэнчы спінінгам і трымай толькі! – Сяргей дапамог Віцьку паставіць спінінг так, каб невядомая сіла прыходзілася не на рукі хлопцаў, а больш на парэнчы, сам схапіў другое вясло.

Яны граблі хвілін колькі – плыт як быццам спыніўся. Лёска аслабла – і Віцька не разгубіўся, імкліва наматаў слабіну на катушку.

Потым іх зноў пацягнула – на гэты раз крута ў другі бок. І зноў спыніліся, зноў крыху аслабла лёска. Хлопцы супакоіліся, прайшла разгубленасць перад невядомым, пачыналася нешта падобнае на нечаканае спаборніцтва. Віцька зноў падматаў лёску. Зноў іх плыт панесла – ужо ў другі бок. І зноў энергічна граблі…

Па метры, па два падмотваў Віцька лёску. Плыт ужо амаль не кранаўся з месца, толькі млява паварочваўся туды-сюды. Віцька намотваў лёску, хлопцы ціха падграбалі.

– Божачкі! – выгукнуў спуджана Віцька.

Сяргей і Віталь кінулі вёслы, падскочылі да Віцькі.

І пабачылі тое, што так напужала іх сябра – да плыта ў верхнім слоі вады набліжалася чорнае, жывое бервяно. Яно ледзь рухалася, але ў ім адчувалася столькі сілы, што здавалася: захоча – праб’е наскрозь іх плыт.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю