Текст книги "Гапееў Ведзьміна тоня"
Автор книги: Автор Неизвестен
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 13 страниц)
– Заткнуць глотку! – сам сабе скамандаваў Эдзік, падышоў блізка, нахіліўся і стрэліў.
– О, гадаўка, каменьчык праглынула! Я ж прама ў горла трапіў.
Гэта было праўда, бо сарачанё, крычаўшае амаль безупынна, на момант нібыта папярхнулася, а цяпер толькі ўскрыквала кароткім, асіплым нейкім, прыдушаным крыкам.
– А гэты праглынеш? – Эдзік уклаў у рагатку адзін з вялікіх каменьчыкаў, якія насіў у другой кішэні.
Ён паднёс рагатку амаль да самай разяўленай дзюбы, стрэліў.
Каменьчык прыбіў галаву птушкі да зямлі. Сарачанё забілася, а потым зноў, у які ўжо раз стала на свае знявечаныя лапы, абаперлася на хвост, закінула галаву і разявіла акрываўленую дзюбу.
Цяпер крыку не было чуваць, нешта толькі сіпела ў шырокім птушыным горле.
Віцька глядзеў, як бегаў над сарачанём Эдзік, і жаль да птушкі нараджаў злосць на сябра. Ён адчуваў, што тое, што робіцца цяпер на палявой дарозе, – ужо не паляванне, не нейкі спартыўны азарт, а нешта бесчалавечнае, агіднае і злое. Яго цягнула падысці, падбегчы да Эдзіка, але што рабіць далей – Віцька не ведаў. Сарачанё ўжо немагчыма ўратаваць, яно вось-вось здохне, але і дабіць нейкім адным імгненным, не балючым ударам знявечаную птушку Віцька ужо не змог бы.
– Ах, ты, сволач, паміраць не хочаш! – Эдзік ужо раззлаваўся, зноў заклаў вялікі каменьчык і зноў стрэліў зблізку, ледзь не кранаючыся рагаткай раскрытай чорнай дзюбы.
Нешта хлюпнула ўсярэдзіне птушкі, але яна засталася стаяць.
Ружовая пена запоўніла раскрытую дзюбу, сарачанё вагалася, бы маятнік, з боку на бок, але стаяла, пабліскваючы маленькімі чорнымі вочкамі.
У птушцы адчайна білася жыццё.
Столькі непакорнасці, столькі волі і прагі да жыцця было ў постаці птушаняці, што Віцька як прырос да аднаго месца. У гэты момант ён гатоў быў паклясціся, што сарачанё ўсё-ўсё разумела, што яно было не проста нечым жывым, а разумным жывым і што ў маленькіх чорных вочках гарыць пракляцце ім – забойцам. А яшчэ ў гэтых чорных іскрынках Віцька пабачыў дакор і свой сорам: яны, такія вялікія, дужыя, узброеныя, забівалі ў сотню разоў меншае і слабейшае за іх, зусім яшчэ дзіця, у якога з усяе зброі – толькі дзюба...
– Ну, я табе мазгі зараз выб’ю! Каменныя ў цябе будуць мазгі! – Эдзік высыпаў з кішэні на дарогу каменьчыкі, знайшоў самы вялікі. Уклаў яго ў рагатку.
Камень, пушчаны з усяе сілы расцягнутай гумай, пранізаў рот птушкі і выляцеў з галавы.
Сарачанё ўпала.
– Глядзі, Віцька, без мазгоў, а дрыгае! – Эдзік закладваў яшчэ адзін каменьчык. – Дабіць! Атрымлівай! На! – і чарговы каменьчык упіўся ў невялікае цельца птушкі, выдзіраючы чорна-белыя пярынкі.
Каля яго ног трапяталася, ніяк не хацела паміраць знявечаная, з прастрэленай галавой птушка. Незразумелы інстынкт кіраваў мышцамі крылаў і ног, і цельца трапяталася на пыльнай дарозе, пакідаючы на траве кропелькі чорнай крыві.
Віцька не мог адвесці вачэй убок, хоць яму было ўжо жудасна глядзець на гэтае забойства, і агіда ад мярзоты таго, што адбылося, падступіла камяком да горла – так, што ні крыкнуць, ні ўздыхнуць.
А Эдзік, раззлаваны адчайнай, неверагоднай жывучасцю птушкі, страляў, страляў і страляў:
– На!
– На!
– На!
Ён не бачыў нічога вакол, акрамя гэтага стракатага, здаецца, сто разоў мёртвага цельца.
Віцька глядзеў на сябра, потым дастаў з кішэні каменьчык, заклаў у сваю рагатку. Напружанымі да здранцвення рукамі расцягнуў гуму моцна, так, што далей цягнуць не было куды, прыцэліўся ў стрыжаную патыліцу Эдзіка і стрэліў. Каменьчык, коратка прасвістаўшы ў паветры, пляснуў у галаву сябра. Той, дзіка завыўшы ад болю, упаў ледзь не тварам на забітае ім сарачанё і пакаціўся, падвываючы, па зямлі. І тады Віцька крыкнуў, на ўвесь свет крыкнуў:
– На і табе!
Частка 11
Розныя планы, карты, схемы Віталь маляваў з такой асалодай, як сапраўдны мастак сваё любімае палатно. Як толькі добра пазнаёміўся з компасам, зразумеў, што такое азімут, маштаб, умоўныя знакі, яго ахапіла нейкая гарачка складаць планы ўсяго, што ён бачыў вакол. За два гады ён намаляваў такі план вёскі, што яго план вывесілі ў кабінеце геаграфіі. Віталь ганарыўся не тым, што план намаляваны прыгожа, а тым, што ў гэтым плане было ўсё максімальна па праўдзе: і азімуты вытрыманы, і адлегласці, і кожная дарожка і сцяжынка. А колькі ён з “казой” пахадзіў па вуліцах пад незласлівыя, ды ўсё ж дастаткова крыўдныя насмешкі!
Картаскладаннем Віталь захварэў. Душа яго прагнула працы, і мінулым летам ён вырашыў скласці план калгаса. Бо той, які бачыў у калгаснай канторы, быў няправільны – ужо прафесійнаму воку Віталя не трэба было і лінейку да той схемы прыкладваць.
Але ж “казой” калгас не абмераеш. Выручыў бацькаў мапед – там жа быў спідометр. Цэлы месяц днямі Віталь ездзіў па ўсіх дарогах, потым да позняй ночы чарціў, разлічваў. У розных кутках калгасных палёў з’явіліся яго меткі – паўтарамятровыя жэрдкі, па якіх ён вымяраў дакладную адлегласць па прамой.
У адзін дзень ён так быў захапіўся працай, што аж падскочыў над сваім самаробным планшэтам, калі побач завішчалі па-свінячы тармазы “Уазіка”. То быў сам старшыня калгаса Мікалай Рыгоравіч. Ён быў яшчэ зусім малады мужчына, толькі два гады кіраваў калгасам. Дзівіліся з яго вяскоўцы: і таму, што малады, але – разумны, і таму, што ніколі не крычыць і тым больш не мацюкаецца. Але толькі збоку здавалася, што ён мяккі: калі што сказаў – так і будзе. Трох трактарыстаў за п’янку звольніў, як ні прасіліся. Дысцыпліна ў яго – на першым месцы. І яшчэ дзівіліся вяскоўцы: па палях, па фермах гойсае, а заўсёды пры гальштуку, у чыстым, і туфлі блішчаць, быццам бруд да іх не прыстае. Праз тры месяцы ён усіх калгаснікаў па імёнах ведаў, да старэйшых за яго звяртаўся па бацьку. Адчувалася яго павага да людзей і ў словах, і ў справах: як ні цяжка пакуль, а зарплату ў час плаціць...
– Што гэта ты тут робіш? – строга запытаў старшыня, заглядваючы ў планшэт Віталя. – Ты адкуль?
– Ды... свой я, – напалохаўся крыху Віталь. – Вось, з вёскі, Аўдзееў Віталій.
– Антона Аўдзеева, трактарыста, сын? – працягваў распытваць старшыня, усё гледзячы ў паперу, на якую Віталь толькі што праставіў лічбы замераў. – І што робіш? Гэта ты на ўсіх палях жэрдкі наставіў?
– Я план складаю...
– Які план? Захопніцкі? – старшыня ўзняў вочы ўжо на Віталя, і той супакоіўся. У вачах Мікалая Рыгоравіча была ўсмешка.
– Не-е... – Віталь сабраўся, прадоўжыў: – У вас у канторы план няправільны, адлегласці на вока памаляваны... А я дакладны складаю.
– Бачу ўжо, – працягнуў старшыня, зноў схіліўся над планшэтам. – Гэта ў цябе дарога да ўрочышча Жмерань, гэта масток, канава... Як сфатаграфаваў. А што за лічбы?
– Працягласць дарогі, а гэта – працягласць канавы.
– Ого! – па-сапраўднаму здзівіўся старшыня. – А чым мераў?
– Дарога – па спідометры, адлегласць па прамой – вось, вешкамі.
– Ну-ну. І многа ты паездзіў?
– Гэта ўжо апошні квадрат.
– Які квадрат?
– Я калгас на квадраты разбіў. Астатнія часткі ў чарнавым варыянце ўжо гатовыя.
– З усімі дарогамі, канавамі і кіламетражом? – бровы Мікалая Рыгоравіча папаўзлі ўверх, ён недаверліва глянуў на хлопца.
– Ага. Я месяц праездзіў. Вось тут закончу – і буду чыставую маляваць.
– Ну, хлопча, – старшыня перагартаў некалькі лістоў у планшэце. – Што ж ты да мяне адразу не прыйшоў?
– А навошта?
– Дзівак... Ты карту сваю куды потым дзенеш?
– Не ведаю. Я яе ад цікавасці раблю.
– Ясна. Так, працуй. Зробіш – мне пакажаш. Дамовіліся?
– Добра, – зніякавеў ад такой увагі Віталь. – А вам навошта?
– А які ж камандзір без карты? Як мне спадабаецца – куплю. Згода? Тады вось яшчэ: скажаш бацьку, каб заўтра да мяне падышоў, – загадаў ужо ўладна Мікалай Рыгоравіч, садзячыся ў свой “Уазік”. – Дамовіліся?
Віталь кіўнуў.
Назаўтра вечарам бацька прывёз каністру бензіну.
– На, – ён паставіў каністру перад разгубленым Віталем. – Рыгоравіч табе прывітанне перадаваў. Казаў, надта чакае тваёй карты.
У Віталя нечакана запалалі вушы. Што праўда, то праўда, бензіну ён выездзіў за месяц не адзін літр...
Чыставую карту ён маляваў не на паперы, а на адваротным белым баку звычайнай кляёнкі, што на стол сцелюць. Выпрасіў у маці грошы, купіў патрэбны кавалак. Лежачы цэлымі днямі на жываце на падлозе, спачатку алоўкам, а потым фламастэрамі чарціў, пісаў, падмалёўваў. Карта ўвачавідкі ажывала, напаўнялася дарогамі, канавамі, дамамі, палямі, ляскамі...
Бацька быў зазірнуў і аж прысеў ля карты.
– Вось дык маеш! Сур’ёзная якая рэч выходзіць!
Карта і на самай справе атрымалася сур’ёзная, вытрыманая па ўсіх законах картаграфіі.
І калі яна была гатова цалкам, калі зверху вялікімі літарамі Віталь падпісаў “Калгас імя...”, сам доўга не мог адарваць позірк ад карты: ён не проста любаваўся ёй, яна заварожвала. Не верылася, што гэта ён, Віталь, адзін зрабіў такую рэч!
Мікалай Рыгоравіч па карту прыехаў сам – бацька перадаў, што сын закончыў працу.
Разглядваў ён яе хвілін дзесяць, водзячы пальцамі, ціхенька мармычучы нешта.
– Я толькі вышыні не праставіў... – нясмела сказаў Віталь.
– А? Што? – адарваў позірк ад карты старшыня.
– Ну, трэба яшчэ паказаць узроўні ўзгоркаў, нізін. Але тут працы многа вельмі, тэадаліт трэба.
– Ну, я ўсе горкі-ўзгоркі і сам ведаю, тут гэта не надта трэба... Ай, малайчына, вось гэта работа! Алена Пятроўна! – крыкнуў ён да маці, якая якраз вярнулася з фермы, з ранішняй дойкі. Пра цікавасць старшыні да карты яна ведала – муж расказаў.
– Што вы тут, Рыгоравіч, разам з маім сынам маляваннем рашылі заняцца? – пасмейвалася маці, заходзячы ў пакой, але ў голасе яе былі чутны задаволенасць і гонар за сына.
– Не, я вось хачу купіць у вашага сына яго карту. А паколькі яму няма яшчэ шаснаццаці, то павінен у бацькоў дазвол спытаць.
– Як хоча прадаваць, то няхай прадае! – маці ласкава глянула на Віталя. – Прасі даражэй, сын!
Віталь разгубіўся – жартуе старшыня ці не?
– Э, хлопча, – паківаў пальцам Мікалай Рыгоравіч. – Скончыліся часы, калі “за так” было. Запомні: толькі тады будзе ва ўсім парадак, калі будзе аплачвацца ўсякая праца! От, тады і толькі тады... – Ён задумаўся на хвіліну, нават лоб рукой пацёр.
– Ну, зробім так, калі ты супраць не будзеш: падыдзеш заўтра разам з бацькам да мяне адразу пасля нараду. Мы заключым дагавор на выкананне работ – тады ты нам карту, мы табе грошы. Лады?
– Лады, – адказаў Віталь, а сэрца забухала так моцна, што, здаецца, і іншым чуваць яго было. З ім, які толькі сем класаў скончыў, сам старшыня заключае дагавор…
Мікалай Рыгоравіч яшчэ нахіліўся над картай, памацаў.
– Бач, на кляёнцы намаляваў. Добра, не парвецца...
– То забірайце цяпер, – Віталь прысеў, стаў скручваць карту. – Вы ж...
– Не, не абману, – заўсміхаўся старшыня.
Было бачна, што яму вельмі хацелася ўзяць карту менавіта цяпер, трымаць яе ў руках...
Ды то было год таму. І справа была, і грошы, дарэчы, не малыя атрымаў Віталь – на джынсы і красоўкі хапіла.
Сверб картаскладання грыз яго ўвесь год. І неяк на вечар у школе, прыўрочаны да Дня абаронцаў Айчыны, запрасілі школьнікі Кароту Васіля Яўменавіча, прасцей кажучы, дзеда Васіля. У гады вайны быў дзед Васіль сувязным, а пазней і партызанам. І вось расказваў ён, што адной зімой невялікі атрад партызан уратаваўся ў час блакады на Савіным востраве Ведзьмінай тоні.
Пра Ведзьміну тоню Віталь чуў раней: пяць невялікіх, аднолькавых астравоў вакол чорнага возера. І тады як стрэліла: там ёсць нейкая загадка! Вось скласці дакладны план Ведзьмінай тоні, каб глянуць на яе нібыта зверху – і ўсё адразу стане ясна.
Вырашыў, што абавязкова трэба будзе вымяраць і вышыні астравоў – а што, калі яны сапраўды штучныя? Гэта лёгка будзе праверыць.
Вясну ён правёў у пошуках – яму трэба была самая падрабязная карта вобласці. Адшукаў: Ведзьміна тоня была пазначана там невялікім кружком – два кіламетры ў дыяметры, а вакол – балота. Зразумела ж, ніякіх астравоў там не было.
Потым Віталь сам майстраваў секстант – прыбор для вызначэння геаграфічнай вышыні і шырыні месца. А што – брацца сур’ёзна за справу, то трэба на месцы вызначаць дакладную кропку.
З адным толькі ніяк не атрымлівалася. Рэльеф мясцовасці вызначаць – два чалавекі трэба. Ды і аднаму ў такую экспедыцыю – за пяць кіламетраў ад вёскі страшнавата ісці. І бацькі не пусцяць... Віцька быў напачатку згаджаўся, хоць і мала яго гэта цікавіць. Вось Эдзік прыехаў – то добра. Не атрымлівалася ў іх сяброўства раней. Эдзік толькі з Віцькам вадзіўся, але ж цяпер Эдзік на соў папаляваць хоча. То на табе соў, а ты мне дапаможаш...
Віцька быў дома – ляжаў на надворку ў гамаку, які сам зрабіў са старога саматканага, але яшчэ моцнага пакрывала, і чытаў.
– Здароў, – павітаўся Віталь.
– Здароў, – абыякава адказаў Віцька і не адклаў кніжку ўбок, застаўся ляжаць.
Віталь трохі разгубіўся – ён адчуў сябе лішнім, быццам у нечым вінаватым перад сябрам.
– Ну, што мы наконт Ведзьмінай тоні рабіць будзем? Лета кароткае, – нясмела пачаў Віталь.
– Што хочаш, тое рабі, – так жа абыякава, як і павітаўся, адказаў Віцька.
– Дык жа... разам збіраліся. І Эдзіка б узялі...
– Вось яго і бяры.
– Дамаўляліся ж: разам.
– А я перадумаў.
– Ну, што ў цябе за настрой? – Віталь загаварыў горача: – Мне бацька абяцаў камеру з “кіраўца”, з яе лодку б зрабілі – паплавалі б, рыбы вунь колькі налавілі б.
– Не хачу я рыбу лавіць! – закрычаў раптам Віцька, сеў у сваім гамаку, кінуў побач кнігу. – Бяры Эдзіка і ідзіце хоць рыбу лавіць, хоць птушак біць!
– Чаго ты крычыш? – з веранды выйшла сястра Жэнька. – Да цябе чалавек прыйшоў, а ты вызверыўся, як сабака на палку. – Яна павярнулася да Віталя. – Віталік, вазьмі мяне з сабой! – і вочы яе гарэзліва бліснулі.
Віталь пачырванеў – ён заўсёды чырванеў, калі з ім загаварвала Жэнька, бо Жэнька што ні скажа, то ўсё з нейкім падтэкстам. Кпіла яна, гэта было ясна. Ну, баязлівы трохі Віталь перад дзяўчатамі, ну, не ўмее ён з імі размаўляць, ды, зрэшты, – аб чым размаўляць? Тое, што цікавае для Віталя, нецікавае для дзяўчат...
На гэты раз на Жэнькіну шпільку Віталь змог адказаць, як ён сам падумаў, з годнасцю:
– Не вазьму. У балоце дзяўчатам рабіць няма чаго.
– А вы чаго ў балота палезеце? – па-сапраўднаму здзівілася Жэнька. – Па ягады рана яшчэ...
– Па чорта лысага! – буркнуў Віцька, павярнуўся да Віталя. – Нічога я не хачу!
Віталь адчуў сябе прыніжаным, быццам ён прыйшоў нешта прасіць, толькі яму патрэбнае, і над ім пасмяяліся і паказалі на дзверы. І цяпер ён не ведаў, як яму быць, што сказаць. Ну, хіба ж яны не дамаўляліся вясной на ўроках аб гэтым паходзе? Хіба не ўсё было дамоўлена? Яго закранутая годнасць мо і патрабавала сказаць на развітанне нешта рэзкае, але Віталь адчуваў, што сённяшні Віцькаў настрой – з-за нейкай другой невядомай прычыны і злуе Віцька не на Віталя. Але ж і крыўда душыла, бо калі нешта не так было ў Віцькі, то чаго на ім, Віталі, ён зрывае сваю злосць? Прывык, што Віталь ніколі не пярэчыць, прывык камандаваць...
Віталь моўчкі, панура апусціўшы галаву, пайшоў з надворка. Так нічога і не сказаў. Што тут было казаць, калі такая справа – астравы Ведзьмінай тоні – для яго сябра, з якім восем год прасядзеў разам за адной партай – чорт лысы? Няхай мінулым летам Віцька быў у доме адпачынку, потым – у бабулі недзе на Украіне, а Віталь адзін складаў тую карту. Дык хіба не Віцька выгаворваў яму потым: мог бы, маўляў, і пачакаць, разам бы ездзілі, вымяралі... І на гэта лета такія планы яны будавалі, так абмяркоўвалі...
І што рабіць? Не хацелася ісці да Эдзіка. І гэты не захоча. Ды і не сябры яны, і, адчуваецца, наўрад ці атрымаецца сяброўства. Ісці аднаму? У лодцы плаваць па Ведзьмінай тоні аднаму бацька не дазволіць. І ці дазволіць яшчэ ісці ў тое балота. Ат, што тут плакаць раней часу. Напачатку трэба распытаць каго аб астравах, аб сцяжынках на балоце. Вось спытаць асабліва няма ў каго – толькі ў дзеда Васіля.
Віталь, які ўжо быў намерыўся ісці да сваёй хаты, крута развярнуўся і пайшоў у другі канец вёскі.
У гэты час дзеда Васіля можна было застаць за адной справай: ён плёў кошыкі. Сядзеў у цяньку пад кустом бэзу на нізкім зэдліку і працаваў. З боку паглядзець, дык адразу здавалася, што марудна працуе дзед Васіль. Але вось ідзе хвіліна за хвілінай, а рукі дзеда Васіля не спыняюцца, не запавольваюцца. Такое адчуванне, што дзед Васіль гэта адно, а рукі яго – асобна, нешта другое. Не рукі, а маніпулятары: ніводнага лішняга руху. Лазіну ўзяла адна рука, другая ўжо трымае нож, рукі сустракаюцца – галіна ўжо абрэзана, нож кладзецца, канец галіны ўстаўляецца, праз рэбры кошыка перабіраецца, зноў нож мільгае і новая галіна ў руцэ...
– Дзень добры, дзед Васіль.
Стары, не прыпыняючы работу, глянуў на Віталя, уклаў акуратна лазіну ў рэбры, не спяшаючыся, як і працаваў, адставіў асцярожна напалову гатовы кошык убок.
– Здароў, малец. Што хацеў?
Віталь падышоў бліжэй, прысеў перад дзедам Васілём.
– Да вас я – сын Антона Аўдзеева, Віталь. Параіцца хачу. Справа ў мяне такая...
– Ведаю я цябе, Віталь, хоць ты і па ранеты мае не лазіў. Раз справа – бяры ля сянец зэдлік, нясі сюды, пагутарым, – сур’ёзна адказаў стары, а сам дастаў з кішэні сваю пацёртую бляшанку з тытунём.
Віталь прынёс зэдлік, сеў, чакаў, пакуль дзед згорне цыгарку.
– Ну, кажы сваю справу, – пыхнуў убок воблачкам дыму стары.
– Памятаеце, дзед Васіль, вы былі ў нас у школе і расказвалі аб вайне. Вы тады Ведзьміну тоню ўспаміналі. А я... некалі мы з бацькам там рыбачылі, такія два карасі злавілі – ледзь выцягнулі. Там гэтыя астравы... Ну, глядзіш, як быццам іх нехта спецыяльна насыпаў. А ў нас жа кажуць, што некалі быў яшчэ востраў, пасярод самага возера, ды на дно апусціўся... Ну, я хачу праверыць...
– Што, на дне востраў шукаць? – прыжмурыўся дзед Васіль.
– Ды не... Я хачу дакладна вымераць адлегласць паміж астравамі, як яны вакол возера ляжаць, ну і іншае...
– А навошта? – дзед шчыра здзівіўся.
– Ды... калі астравы дакладна размешчаны неяк сістэмна, значыць – яны штучныя, ну людзі іх самі насыпалі.
– Можа, і самі... Некалі даўно там людзі жылі...
– Жылі? – аж падскочыў Віталь. – Даўно?
– Відаць, даўно, – дзед затушыў недакурак. – Мы, калі зямлянку зімой у сорак трэцім дзяўблі, нешта знайшлі такое – ці то зруб стары, ці яшчэ што. Не да таго было, каб разглядаць... Паўсюдна людзі раней жылі, дзе было бяспечна. Астравы ў балоце, а па балоце хадзіць, не ведаючы сцежак, – сабе на згубу. Самі астравы сухія, вялікія. Мо якое паселішча і было. Ці канакрады сабе лежбішча былі зрабілі, ці разбойнікі...
– Дык да вострава таго, дзе вы хаваліся, цяпер не дайсці.
– Цяпер – не. Сцяжынку я ўжо забыў, ды і тыя вольхі, што мы ўсцілалі ў багну, даўно пагнілі... Зімой толькі, і то з асцярогай.
– Зіма далёка... А калі на лодцы? – апошняя надзея прагучала ў словах Віталя.
– Няма, хлопча, ні ў каго чоўна. На копанцы хіба на ім плаваць? Сам я даўно не рыбачу. Цяжка хадзіць мне па балоце.
– А я лодку з камеры зраблю, – чапляўся, як за саломінку, Віталь.
– На гумавай лодцы там лепш не плаваць, – паківаў галавой дзед Васіль. – Возера ж на самай справе – гэта і не возера, а кавалак балаціны. У іншых месцах можна на корч які напароцца...
– Плыткае возера? А той востраў, які праваліўся? – разгубіўся Віталь.
– Ды гэта казкі, – адмахнуўся дзед. – Плыткае то плыткае, а дно ж балоцістае. Не зразумець, дзе тое дно пачынаецца. Шост лезе і лезе ў ваду на ўсе чатыры метры, бы ў кісель які.
– А пра рыбака яшчэ расказваюць, – перацепнуў плячыма Віталь. – Быццам і дагэтуль ён па возеры плавае.
– Ніхто там не плавае ўжо. Год дзесяць таму, тое праўда, нехта невядомы, мо з гарадскіх, некалькі дзён кружыў па тоні на маленькай лодачцы. І тое праўда, што згінуў. Лодку я пасля знайшоў… А яго не бачылі. Дзіўны чалавек быў. Быццам хаваўся ад людзей… Вось, такія справы. Балота – жартаў не любіць.
– Дык што рабіць? – з адчаем ужо запытаў Віталь – прападала яго мара.
– Ну, прыдумаць можна што-небудзь заўсёды, – загаварыў, супакойваючы стары. – Адно скажу: не аднаго гэта справа, аднаму – не справіцца.
– З чым не справіцца? – загарэўся Віталь, адчуўшы ў словах дзеда Васіля нейкую прыхаваную надзею. – Човен рабіць?
– Ну, човен зрабіць – майстэрства трэба ды і матэрыялы асаблівыя, а вось плыт – іншая справа.
– Плыт? – Віцька аж падскочыў.
Ну вядома ж, плыт! Яму не страшны карчы, ён не перакуліцца, як лодка!
– Плыт, плыт... – дзед Васіль узняўся, дапытліва глянуў на Віталя. – А ты што ж да мяне без сяброў прыйшоў? Аднаму на такую справу ісці не варта.
– Ды... Я яго ўгавару, – заспакоіў больш сам сябе Віталь, маючы на ўвазе Віцьку. Ну, на самай справе, пройдзе ў яго хандра, хіба ж адмовіцца ён ад такога: плыт зрабіць і на ўсіх астравах пабываць, рыбу на зорцы палавіць, юшку на кастры зварыць, у будане паначаваць? Эх, што тут казаць!
– Ну, вось што, – загаварыў дзед Васіль. – Ты ідзі ў сад, там баба яблыкі збірае. А цераз агарод сходзіш да будана, што ў садку Зойкі-п’яніцы стаіць. Клікнеш адтуль хлопца да мяне. Я ў садку буду.
Віталь трохі здзівіўся, але пытаць нічога не стаў.
Ля будана ў вішняку ён пабачыў Нэлу, якая гулялася ў пяску з цацкамі. Сам Сяргей раскладваў агонь. Побач стаяла закопчаная каструля, з чыстай вадой. Сяргей азірнуўся на крокі, стаў так, каб падыходзячы Віталь не бачыў, што там, у каструлі. А ў ёй былі дзве выпатрашаныя і памытыя тушкі галубоў – сённяшняя ранішняя здабыча Сяргея. Злавіў галубоў ён звычайнымі начоўкамі: перакуліў, прыўзняў адзін край, падпёр палкай, да якой прывязаў тонкую вяроўчыну. Пасыпаў хлебных крошак. І ўся хітрасць.
Цяпер Сяргей збіраўся варыць суп. І з’яўленне Віталя яго ніколькі не абрадавала.
– Што трэба? – спытаў Сяргей з папярэджаннем у голасе, дзе яскрава чулася: “Лепш не падыходзіць бліжэй”.
Ён пазнаў Віталя – гэта той, які тады на возеры ўзняў рукі ўгару, не палез у бойку, але ў копанцы пабываў.
– Цябе дзед Васіль заве, – адказаў Віталь, таксама пазнаўшы Сяргея. У думках ён адзначыў сам сабе, што добра зрабіў, калі там, на копанцы, не палез у бойку…
Павярнуўся і пайшоў, не тлумачачы нічога. Ды і што ён мог сам патлумачыць?
Дзед у садку, седзячы на прынесеным сюды зэдліку, ужо нарэзваў у вялікую каструлю яблыкі.
– Бач, насыпала колькі, – звярнуўся ён да Віталя. – Што казе парэжу, што баба пасушыць. Ты выбірай сабе, еш.
Віталь выбраў яблык, абцёр, і ў гэты час падышоў Сяргей.
– Клікалі, дзед Васіль?
– Клікаў, клікаў, – дзед не адкладваў нож убок. – Ты на Ведзьмінай тоні збіраешся рыбачыць, так?
– Ну-у, – пацвердзіў Сяргей.
– То я табе во напарніка знайшоў, – кіўнуў дзед Васіль на Віталя. – І яму гэта тоня трэба, то ўдвух вам лацвей будзе, ды і я чым дапамагу.
– Што дапаможаце? – здзівіўся Сяргей, а Віталь перастаў жаваць.
– Плыт дапамагу вам зрабіць. І сам паплыву з вамі.
– З намі? – не ўтрымаўся ад здзіўлення цяпер ужо Віталь.
– З вамі, як усё атрымаецца.
Стары паклаў на кошык з яблыкамі нож, абцёр рукі, загаварыў, гледзячы міма хлопцаў, некуды ў далячынь.
– Там чацвёра нашых вяскоўцаў прапала. Не выйшлі з багны. Атрад наш на групы разбіўся, вось адна група і не выйшла, знікла ў балоце. А адзін з той групы – сябра мой Андрэй Кульжа. Нам тады як вам было, мо на год больш. Хаты нашы побач стаялі, то мы з дзяцінства, як браты раслі, аднагодкі. Я жыву, а Андрэй прапаў з зімы 43-га... Ну, а цяпер во, калі паможаце, то хачу я там пабыць… Хоць не ўмею, ды неяк памалюся… Каб можна было мне і паміраць спакойна. Ну, як, Сяргей, Віталь, дапаможаце мне апошні свой доўг на гэтай зямлі выканаць?
Сяргей разгубіўся толькі на імгненне – ён зразумеў адразу ж усю сур’ёзнасць слоў дзеда Васіля, усю важнасць для старога яго задумы, і адказаў, не марудзячы:
– Дапамагу.
– І я дапамагу! – выгукнуў Віталь.
– От і добра. Сядайце, – кіўнуў дзед Васіль хлопцам і прадоўжыў: – Цяпер будзем аб справе казаць. Нас, значыцца, трое, а работы зрабіць трэба многа... На Заечым востраве лесу нямнога, а Заікін – адны вольхі. Дрэва цяжкае. Значыць, матэрыялы трэба з сабой браць. Я з бацькам тваім пагавару, – кіўнуў дзед на Віталя. – Ён на трактары падвязе, колькі можна. А там несці з паўкіламетра трэба. Вясна сухая была, і цяпер дажджы яшчэ не ішлі добрыя, то гразі многа не будзе. У мяне жэрдзе сухое ёсць, шалёўкі трохі. А вам, значыць, задача такая: гэтых во бутэлек пластыкавых, у якіх ваду фарбаваную прадаюць, трэба назбіраць. Валяюцца яны паўсюль, ля магазіна, на сметніку поўна. Гэта будзе нам замест гумавых колаў. І дрэва многа не трэба, і плот устойлівы будзе, траіх вытрымае, і не страшна на які корч напароцца…
– Чацвярых, – запярэчыў Сяргей.
– Ну, у тваёй Нэле дзесяць кілаграмаў вагі, – усміхнуўся дзед, зразумеўшы, што Сяргей кажа пра сястру. – Ну, як вам мой план?
– Здорава! – пляснуў сябе па калене Віталь. – Цяпер з вамі мяне без пытанняў начаваць на астравах пусцяць.
– Пусцяць, я сам перагавару... – стары хвіліну памаўчаў, павярнуўся да Сяргея:
– Ад Савінага вострава дно возера пясчанае, цвёрдае і паверхня вады чыстая. У тую зіму мы лункі ў лёдзе рабілі – рыба дыхаць узнімалася. Мы яе чэрпалі, як юшку лыжкай з каструлі, варылі, елі. Гэтым і выжылі. І шчупакоў колькі выцягнулі.
– У мяне спінінга няма на шчупака, – з жалем адказаў Сяргей.
– У мяне ёсць, я табе дам, – заспяшаўся невядома чаму Віталь, быццам Сяргей мог з-за адсутнасці спінінга адмовіцца ад стаўшай ужо такой рэальнай справы.
– І гэта добра, – замест Сяргея адказаў дзед Васіль. – Пайшлі, я вам дам колькі мяхоў, у іх будзеце гэтыя бутэлькі збіраць. Колькі збіраць, самі палічыце, вы хлопцы разумныя. А потым усё разам павязём...
Мяхі ад дзеда Васіля неслі разам. Каля будана Віталь нясмела прапанаваў:
– Давай палічым, колькі нам бутэлек трэба.
Сяргей адвёў позірк убок.
– Лічы сам.
– А ты?
– Лічы сам! – нечакана для Віталя крыкнуў Сяргей са злосцю. – Я – дэбіл. Чаго я, па-твойму, у інтэрнаце? – ён зірнуў на Віталя, а той раптам заўсміхаўся.
– Дэбіл – гэта калі сліна з рота цячэ і вочы пустыя. Не ведаеш, так і скажы, ды і ўсё.
– Не ведаю.
– Ну, давай я патлумачу, – не адставаў Віталь.
– Пайшоў ты... Мне суп варыць трэба. Нэлу карміць...
– А пайшлі да мяне паабедаем?
– Не, – рэзка адказаў Сяргей. – Я сам.
– Ну, добра, ты агонь раскладвай, а я буду лічыць. Паперы ў цябе няма?
– Ёсць... – вырвалася ў Сяргея, потым ён заматаў галавой: – Няма. Я Нэле вёз, у яе дзень нараджэння будзе, альбом, фламастэры.
– Ну, добра, няцяжка і на зямлі палічыць трэскай. Але не, – перадумаў Віталь. – Ты вары есці, я пайду дамоў, разлічу ўсё, бо трэба і схему плыта намаляваць, і прыйду гадзіны праз дзве. Табе нічога не прынесці? Ну, з ежы што-небудзь... – дадаў ён асцярожна.
– У нас усё ёсць! – рэзка адмовіў Сяргей.
– А я Нэле пернікаў прынясу! Прынесці, Нэла? – павярнуўся Віталь да дзяўчынкі, якая ўвесь час размовы назірала за хлопцамі. Нэла ўсміхнулася і кіўнула.
Праз дзве гадзіны з паловай Віталь ішоў подбегам у бок Сяргеевай хаты са скручаным вялікім аркушам паперы. І нават нешта напяваў ад радасці.
– Глядзі! – закрычаў, яшчэ толькі зайшоўшы ў садок. – Вось наш плыт.
Але перад тым, як разгарнуць аркуш, паспешна палез у кішэнь.
– Нэла, трымай! Смачныя!
Сяргей ужо паспеў зварыць суп. Галубінае мяса было цвёрдае, відаць, варыць трэба было больш. Але з’елі ўсё. І смачна было...
Сяргей сядзеў каля будана, Віталь прысеў побач.
– Вось! – разгарнуў нарэшце Віталь аркуш.
– Ух ты! – вырвалася захапленне ў Сяргея. – Такі вялікі?
Віталь разгубіўся.
– А... Чаму вялікі?
– Што я, не бачу? Чатыры на тры метры!
– Ты добра ў чарцяжах разбіраешся... – глядзеў ва ўсе вочы на Сяргея Віталь. – У нашым класе для паловы вучняў тое, што я намаляваў, – піраміды егіпецкія.
– А што тут разбірацца? – шчыра паціснуў плячыма Сяргей. – Усё ж намалявана... Тут матэрыялаў столькі трэба...
– А я паглядзеў, у нас дома таксама дошкі ёсць. Тут дошкі знізу, бутэлькі, дошкі зверху, каркас атрымліваецца, – стаў тлумачыць Віталь.
– Ды не тлумач, я ўсё бачу, – перапыніў Сяргей. – Бутэлек колькі?
– А казаў – дэбіл, – усміхнуўся Віталь. – Бутэлек... Ты закон Архімеда ведаеш?
– Не.
– Зусім?
– Зусім. Я не памятаю нічога.
– Ат, тлумачу. Камень у вадзе заўсёды лягчэйшы, чым на беразе. Чаму? Таму, што вада выпіхвае ўсё, што ў яе трапіць. І выпіхвае ўсё з аднолькавай сілай. Чаму роўна гэта сіла? Яна роўна вазе вады, якая б умясцілася ў такім аб’ёме, як наш апушчаны ў ваду камень. Зразумела?
– Ну, пакуль зразумела.
– О, цяпер бяром цагліну: сапраўдную і такую ж цагліну – з пенапласту. Цагліна важыць пяць кілаграмаў, пенапласт – сто грамаў. Яны займаюць па аб’ёме, ну скажам, адзін літр. Значыць, калі ў такі аб’ём наліць ваду, яна будзе важыць адзін кілаграм. Вось і атрымаецца, што гэтыя цагліны вада будзе выштурхоўваць з сілай у адзін кілаграм. Тады сапраўдная цагліна ў вадзе будзе важыць... колькі?
– Чатыры кілаграмы, – упэўнена адказаў Сяргей.
– Точна. А пенапласт?
Сяргей задумаўся.
– Ага! – Віталь засмяяўся, але не зласліва, больш падбадзёрваючы. – Ад 100 грамаў не адняць пяць кілаграмаў! Тады адымаем ад пяці сто, але будзем ставіць знак мінус – значыць пенапласт важыць мінус чатыры дзевяцьсот. І тады мінус у любым выпадку будзе азначаць, што наша цагліна будзе плаваць на паверхні. І будзе ўтрымліваць на сабе груз у чатыры кілаграмы дзевяцьсот грамаў і не тануць. Зразумеў?
– Ага, – Сяргей кіўнуў. – Цікава.
– Во, і я кажу – цікава. Цяпер лічым: ты – 50, я – 50, дзеду даём – 70, Нэле – 30 – атрымаем 200 кг. Значыць, нам трэба столькі бутэлек, каб у іх умясцілася больш за 200 кг вады.
– А сам плыт з дошак? Ён жа таксама не тоне.
– Ну, плыт мы лічыць не будзем. Чым больш, тым лепей – устойлівасці больш. Так, у нас яшчэ будзе які груз, ежа і гэтак далей. Карацей, 200 кг, а ў бутэльцы 1,5 літра. Дзелім – атрымліваем?..
– Не ўмею, – адвёў Сяргей вочы ўбок.
– Так, трэба з табой пазаймацца, – заявіў безапеляцыйна Віталь. – 10 бутэлек – 15 літраў, 100 – 150, яшчэ 10 і 10, і 10 – 195 усяго. Ну?
– Не хапае пяць.
– Во, хоць складаць умееш.
– А ты не падкалупвай, а то… – гатовы быў пакрыўдзіцца Сяргей.
– Не псіхуй, – прымірэнча сказаў Віталь. – Я не каб пакрыўдзіць, а трэба ведаць... Навучыцца не цяжка.
– Мне – цяжка.
– Ат, гэта ты больш сам сабе ў галаву ўбіў, што не можаш... Але: з такой колькасцю бутэлек мы тануць не будзем, але ўстойлівасці таксама не будзе. Таму бяром усё ўдвая. Значыць, чатырыста. Дарэчы, адкуль ты так добра ў чарцяжах разбіраешся?
– А мы там зямлянкі ў лесе рабілі... Спачатку намалюем... Я любіў спачатку намаляваць, а потым – зрабіць. Так цікавей.
– Ага, так цікавей. Ты мне дапаможаш на астравах?
– А што?
– Я хачу карту астравоў скласці. Вось дзед Васіль казаў, што там некалі людзі жылі – можа, гэтыя астравы не самі па сабе, а іх людзі насыпалі, можа, яны гэтым самым нешта сказаць хацелі, – паступова разгараўся Віталь. – Уяўляеш, раптам там – тайна...