444 000 произведений, 109 000 авторов.

Электронная библиотека книг » Марк Твен » Прыгоды Тома Соўэра » Текст книги (страница 9)
Прыгоды Тома Соўэра
  • Текст добавлен: 30 сентября 2026, 22:31

Текст книги "Прыгоды Тома Соўэра"


Автор книги: Марк Твен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 11 страниц)

– Чэснае слова, у яго ёсць што сказаць, гэта нездарма! усклікцуў стары. – Ну, малец, выкладвай, што ведаеш,– мы нікому не скажам.

Праз некалькі мінут стары фермер і яго сыны, добра ўзброеныя, узышлі на ўзгорак і ішлі на цыпках па сцежцы між кустамі, трымаючы напагатове пісталеты. Гек давёў іх да сцежкі, але далей не пайшоў.

Ён прысеў за вялікім каменем і чакаў. Настала доўгае, нуднае маўчанне. Раптам пачуліся стрэлы і крыкі. Гек не чакаў, што будзе далей. Ён ускочыў і паімчаўся ўніз з гары з ўсёй шпаркасцю, на якую здольны былі яго ногі.

Раздзел XXIX


У нядзелю раніцою, з першым пробліскам святла, Гек пастукаў у дзверы старога валійца. У доме ўсе яшчэ спалі, але тым чулым сном, ад якога прачынаюцца пры самым малым шуме ў выніку трывог, якія былі ўначы. З акна яго гукнулі:

– Хто там?

Ціхі, спалоханы голас адказаў.

– Калі ласка, упусціце! Гэта я, Гек Фін.

– Перад гэтым імем, хлопчык, дзверы нашага дома заўсёды адчынены і ўдзень і ўноч. Калі ласка, уваходзь!

Дзіўна прагучэлі гэтыя словы для слыху маленькага валацугі. Ніколі яшчэ ён не чуў такіх прыемных слоў, нават не мог прыпомніць, каб хто-небудзь калі-небудзь сказаў яму: «калі ласка!»

Дзверы адчынілі, і Гек увайшоў. Яго пасадзілі, а стары і яго малайцы-сыны спешна апраналіся.

– Ну, мой хлопчык, я думаю, ты досыць галодны. Але ў нас снеданне будзе хутка гатова; як толькі сонейка ўзыйдзе, будзе гарачы блін,– ужо наконт гэтага будзь пэўны. А я з дзецьмі спадзяваўся, што ты вернешся і пераначуеш у нас.

– Я страшэнна спалохаўся! – прызнаўся Гек. – Як вы пачалі страляць, я пабег з усіх ног і аж тры мілі бег, не спыняючыся. А цяпер я прышоў, каб даведацца пра ўсё, як яно вышла, і знарок да святла, каб не напароцца на гэтых д'яблаў, нават калі яны ўжо мёртвыя.

– Але, брат, у цябе такі выгляд, нібы ты і зусім не спаў. Ну, ды не бяда! Вось табе пасцеля; як паснедаеш, дык і лажыся. Не, малец, на жаль, яны не забітыя,– і гэта нам вельмі прыкра. Бачыш ты, як яно вышла. Па твайму апісанню мы ўжо ведалі, дзе іх узяць, таму мы на цыпках падкраліся да іх зусім блізка,– на гэтай-жа сцежцы між кустоў цёмна, як у склепе. Спыніліся гэтак крокаў, мабыць, за пяць, і раптам – што-б ты думаў? – прыпёрла-ж мяне чхнуць. Вельмі не пашанцавала! Як я ні ўстрымліваўся, нічога не мог зрабіць,– чхаю, ды і ўсё тут! А ішоў я паперадзе, трымаючы пісталет напагатове. Толькі я чхнуў, гэтыя жулікі кінуліся бегчы, а я крычу сваім: «Страляй, хлопцы!» І стрэліў разбойнікам услед. І мальцы мае таксама. Але гэтыя падлюгі ўжо ўцяклі,– трэба думаць, што мы ўсе тры прамінуліся. Яны праз лес,– мы за імі. Потым яны спыніліся і таксама давай смаліць у нас, але толькі іхныя кулі прасвісцелі міма, не пашкодзіўшы нам. Потым ужо і тупату не было чуваць. Тады мы спынілі дагон, спусціліся з гары і ўзнялі на ногі паліцэйскіх. Тыя вылучылі некалькіх чалавек пільнаваць бераг; а як толькі развіднеецца, шэрыф загадае абшукаць лес і мае мальцы пойдуць. Добра, каб ты мог апісаць нам, якія яны з выгляду, гэтыя разбойнікі, гэта нам вельмі дапамагло-б. Але-ж ты, малы, мусіць, і не разгледзеў іх у цямноце?

– Не, я ўбачыў іх у горадзе і пайшоў следам за імі.

– Вельмі добра! Ну, дык кажы, якія яны.

– Адзін з іх стары, глуханямы іспанец, які ў апошні час ходзіць па горадзе, а другі – абадранец, паганая такая фізіяномія...

– Гэтага досыць, галубок,– мы ўжо ведам. Учора мы бачылі іх у лесе; яны бадзяліся каля дома ўдавы, а як убачылі нас, дык ходу. Ну, хлопцы, хутчэй ідзіце к шэрыфу, снеданне ўжо прыдзецца адкласці на заўтра!

Сыны валійца зараз-жа пайшлі. Калі яны накіраваліся да дзвярэй, Гек кінуўся за імі і пачаў прасіць:

– Калі ласка, толькі не кажыце, што гэта я данёс на іх! Калі ласка! Вельмі прашу!

– Добра. Калі ты не хочаш, мы не скажам. Але-ж ты нічога дрэннага не зрабіў,– цябе толькі пахвалілі-б за гэта.

– Ой, не, не трэба! Калі ласка, не кажыце!

Калі маладыя людзі вышлі, стары звярнуўся да Гека:

– Яны не скажуць, і я не скажу. Але чаму ты не хочаш, каб гэта было вядома?

Гек адважыўся сказаць, што гэтыя людзі абавязкова заб'юць яго, калі даведаюцца, што ён данёс на іх.

Стары яшчэ раз абяцаў захоўваць тайну, але ўсё-ж такі спытаўся:

– Як табе прышло ў галаву сачыць за імі, хлопчык? Вельмі падазроннымі яны табе здаліся, ці што?

Гек маўчаў, прыдумваючы такі адказ, які не мог-бы яго скампраметаваць, і нарэшце сказаў:

– Бачыце, жывецца мне нясоладка, ды і сам я нікуды няварты чалавек,– прынамсі ўсе так гавораць, і я нічога не магу сказаць супроць гэтага. Вось я іншы раз і не сплю ўначы, усё думаю ды раздумваю, як-бы гэта мне пачаць жыць па-іншаму. Так яно было і ў мінулую ноч. Заснуць я не мог, ну і бадзяўся па вуліцы гэтак а поўначы, думаючы пра ўсё гэта. Іду міма старога мураванага хлява, што каля карчмы, стаў ля сцяны і думаў... І раптам бачу – бягуць міма два чалавекі, у аднаго з іх нешта пад пахай,– я так і парашыў, што гэта крадзенае. Адзін курыў, а другому хацелася закурыць,– вось яны і спыніліся за два крокі ад мяне. Цыгары асвятлілі іх твары, і я пазнаў у высокім глуханямога іспанца,– я пазнаў яго па сівых бакенбардах і пластыры на воку. А другі быў гэты абадраны д’ябал у лахманах...

– Няўжо ты мог пры святле цыгары разгледзець яго лахманы?

Гек на хвіліну замяшаўся.

– Ужо не ведаю як, але мабыць разгледзеў.

– Ну, і што-ж? Яны пайшлі, а ты?..

– А я за імі. І так яно ўсё і вышла. Мне хацелася даведацца, што яны надумалі. Яны лезлі ўсё вышэй і вышэй, і я за імі да самага плота, што каля дома ўдавы. Там я стаў у цемры і слухаю: абадранец стаяў за ўдаву, а іспанец бажыўся, што знявечыць ёй морду,– ну, ды я-ж вам ужо расказваў...

– Як? Усё гэта казаў глуханямы?

Зноў папаўся! Гек усяляк стараўся, каб старому нават і ў галаву не магло прыйсці, хто такі іспанец, але яго язык нібы паставіў сабе задачу – падводзіць яго. Ён некалькі разоў прабаваў выправіць справу, але стары ўвесь час не зводзіў з яго вачэй, і ў яго штохвілінна вырывалася хлусня. Нарэшце валіец сказаў:

– Галубок, ды не бойся-ж ты мяне! Я нізавошта ў свеце не згадзіўся-б выдаць цябе. Наадварот, я вазьму цябе пад сваю абарону. Гэты іспанец не глуханямы. Ты наўмысна выказаў, і цяпер ужо не возьмеш сваіх слоў назад. Ты нешта ведаеш пра гэтага іспанца і не хочаш сказаць? Ну, здаверся мне, скажы. І будзь спакойны,– я цябе не выдам.

Гек паглядзеў у чэсныя вочы старога, нагнуўся і шапнуў яму на вуха:

– Гэта не іспанец, гэта індзеец Джо.


Валіец ледзь не скаціўся з крэсла.

Валіец ледзь не скаціўся з крэсла.

– Ну, цяпер справа ясная, цяпер я разумею,– сказаў ён. – Калі ты казаў пра адсечаныя вушы і раскроены нос, я думаў, што гэта ты сам выдумаў, ад фантазіі; але індзеец Джо – гэта, вядома, зусім іншая рэч.

За снеданнем гутарка працягвалася, і паміж іншым стары сказаў, што перад тым, як пайсці адтуль, ён з сынамі запаліў ліхтар і агледзеў плот і зямлю побач, шукаючы, ці няма дзе плямін крыві. Плямін яны не знайшлі, але захапілі вялікі клунак з...

– З чым?!

Словы гэтыя, як маланка, сарваліся са збялелых вуснаў хлопчыка. Ён разгубленымі вачыма ўтаропіўся на старога і, ледзь дыхаючы, чакаў адказу. Валіец, у сваю чаргу, глядзеў на яго тры, пяць, дзесяць секунд, перш чым адказаў.

– Клунак з зладзейскімі інструмантамі. Але што з табой?

Гек адкінуўся на спінку крэсла, слаба, але глыбока ўздыхаючы з надзвычайным палягчэннем. Валіец сур'ёзна і з цікавасцю глядзеў на яго.

– Так, вязку зладзейскіх інструмантаў. Гэта, відаць, вельмі супакоіла цябе. Але чаго-ж ты баяўся? Што, ты думаў, мы знайшлі?

Гек быў прыціснуты да сцяны. Стары не зводзіў з яго дапыглівых вачэй. Хлопчык аддаў-бы ўсё на свеце, каб выдумаць добры адказ, але нічога ў галаву не прыходзіла, а дапытлівы погляд старога ўсё глыбей пранікаў яму ў душу. Патрапіў самы недарэчны адказ, але абдумваць не было калі, і Гек наўдачу прамармытаў:

– Я думаў, што вы знайшлі... падручнікі нядзельнай школы.

Небарака быў надта збянтэжаны і не мог усміхнуцца, але стары зарагатаў так гучна і весела, што закалыхалася ўсё яго важкае цела, і нарагатаўшыся такім чынам ён абвясціў, што такі смех – гэта эканомія, бо ён вызваляе ад выдаткаў на дактароў і лякарствы.

– Бедны хлапчук! – дадаў ён – ты бледны і стомлены; ды, мусіць, і хворы крыху, бо нешта вярзеш. Ну, ды гэта нічога, паправішся. Адпачнеш, выспішся і ўстанеш, нібы нічога не было.

Гек злаваў на сябе за сваю дурасць і няўменне валодаць сабой, але ён страшэнна ўсхваляваўся, пачуўшы пра знаходку: ён думаў, што гэта знайшлі скрынку. Але наогул ён быў рады, што яно так вышла: цяпер ён, прынамсі, ведаў пэўна, што было ў клунку, і таму супакоіўся. Усё, відаць, наладжвалася добра: скрынка, мабыць, да гэтага часу знаходзіцца ў нумары другім, абодвух жулікаў сёння зловяць, а ўначы яны з Томам, без ніякіх клопатаў і перашкод, захопяць скарб.

Толькі яны скончылі снеданне, як пачуўся стук у дзверы. Гек паспяшаўся схавацца, бо ён зусім не хацеў, каб хто-небудзь падумаў, што ён мае хоць якое дачыненне да начных падзей. Валіец упусціў некалькі лэдзі і джэнтльменаў і заўважыў, што на гару караскаецца натоўп дзяцей, каб паглядзець на плот. Значыцца, навіна распаўсюдзілася.

Валіец расказаў гасцям гісторыю мінулай ночы. Удава пачала дзякаваць яго за сваё вызваленне.

– Ні слова аб гэтым, місіс! Ёсць другі чалавек, які зрабіў для вас можа больш, як я і мае сыны разам, але ён не дазваляе мне назваць яго. Мы і не падумалі-б прыйсці да вас, каб не ён.

Вядома, гэтыя словы так зацікавілі публіку, што нават галоўнае адсунулася на другі план, і вельмі хутка гэтая цікавасць перадалася ўсяму гораду. Але валіец не злітаваўся над сваімі гасцямі і не выдаў ім тайны.

– Я заснула, чытаючы ў ложку,—сказала ўдава,– і ўвесь час спакойна спала. Чаму вы не ўвайшлі і не пабудзілі мяне?

– Парашылі, што не варта. Гэтыя разбойнікі наўрад ці вярнуліся-б: яны-ж забылі свае інструманты, і ім няма чым было-б працаваць. Навошта-ж было будзіць вас? Каб напалохаць вас да смерці? Апрача таго, мае тры негры ўсю рэшту ночы стаялі на варце каля вашага дома. Яны толькі што вярнуліся.

З’явіліся новыя наведвальнікі, і на працягу трох гадзін стары толькі і рабіў, што паўтараў свой расказ.

У гэтую раніцу ў школе не было звычайных нядзельных заняткаў, але ўсё-ж такі ўсе сабраліся ў царкву, каб добра абгаварыць незвычайнае здарэнне. Усе ўжо ведалі, што разбойнікаў не знайшлі. Па сканчэнні пропаведзі жонка суддзі Тэчэр праціснулася скрозь натоўп да місіс Гарпер і сказала:

– Што-ж, мая Бэкі так і праспіць сёння ўвесь дзень? Але-ж я так і думала, што яна вельмі зморыцца.

– Ваша Бэкі?

– Ну але. (Здзіўлены погляд). Ці-ж яна не ў вас начавала?

– Вядома, не.

Місіс Тэчэр збялела і апусцілася на лаўку. Акурат у гэты міма праходзіла цёця Поллі, жвава гутарачы са сваёй прыяцелькай.

– Добры дзень, місіс Тэчэр! – сказала цёця Поллі. – Добрай раніцы, місіс Гарпер! А ў мяне хлапчук зноў знік. Я ўпэўнена, што мой Том начаваў сёння ў каго-небудзь з вас, а цяпер баіцца ісці ў царкву,– ведае, што яму дастанецца ад мяне.

Місіс Тэчэр слаба паківала галавой і яшчэ больш пабляднела.

– Ён у вас не начаваў,—сказала місіс Гарпер, таксама пачынаючы непакоіцца.

На твары цёці Поллі з’явілася трывога.

– Джо Гарпер, ты бачыў сёння раніцой майго Тома? – спыталася яна.

– Не, не бачыў.

– А дзе ты бачыў яго апошні раз?

Джо паспрабаваў успомніць, але не мог нічога сказаць пэўнага. Людзі, выходзячы з царквы, пачалі спыняцца і прыслухоўвацца да гутаркі. У натоўпе шапталіся. Пачатак трывогі адбіваўся на тварах. Пачалі распытваць дзяцей і малодшых настаўнікаў. Выявілася, што ніхто не памятае, ці былі Том і Бэкі на пароме, калі ўсе вярталіся дадому: у змроку ніхто іх не заўважыў, і нікому не прышло ў галаву спытацца, ці ўсе сабраліся. Адзін юнак не вытрымаў і бахнуў:

– Ну, значыцца, яны засталіся ў пячоры!

Місіс Тэчэр самлела. Цёця Поллі загаласіла, ламаючы рукі.

Трывожная вестка пераходзіла з вуснаў у вусны, ад групы да групы, з вуліцы ў вуліцу. Праз пяць мінут ужо празванілі ва ўсе званы, склікаючы народ. На зладзеяў адразу забыліся. Сядлалі коней, адвязвалі лодкі. Паслалі па паром, і праз поўгадзіны каля двухсот чалавек накіраваліся сухім шляхам і вадою к пячоры.

Увесь дзень гарадок здаваўся мёртвым,– так ён апусцеў. Увесь дзень суседкі наведвалі цёцю Поллі і місіс Тэчэр, стараючыся ўцешыць іх, плакалі разам з імі, і гэта было важней за ўсе словы.

Усю тужлівую ноч у гарадку чакалі вестак, але калі нарэшце, прышла раніца, з пячоры прыслалі толькі па харчы і свечы. Місіс Тэчэр траціла розум ад хвалявання і цёця Поллі таксама.

Суддзя Тэчэр прысылаў з пячоры бадзёрыя запіскі, але яны мелі слабы ўплыў.


Бэкі і Тома шукаюць.

На другі дзень, досвіткам, стары валіец вярнуўся дадому, увесь запэцканы глінай і салам. Ён знайшоў Гека на той самай пасцелі, куды яго палажылі. Хлопчык кідаўся ў гарачцы і быў у непрытомнасці. Усе дактары былі ў пячоры, таму хворага ўзялася даглядаць удава Дуглас, кажучы, што яна зробіць для яго ўсё мажлівае, бо добры ён, ці дрэнны,– не пакідаць-жа яго без догляду. Валіец сказаў, што і ў Гека ёсць свае добрыя якасці.

К поўдню ў гарадок пачалі вяртацца групкі да смерці змораных людзей, якія страцілі надзею знайсці загінуўшых, але больш энергічныя працягвалі пошукі. Ад тых, хто вярнуўся, даведаліся мала: яны казалі толькі, што ў пячоры перагледзелі ўсе далёкія калідоры, куды ніколі не хадзілі раней, агледзелі ўсе куткі і выхады і, бадзяючыся ў гэтым лабірынце, бачылі далёка сям і там агеньчыкі, чулі крыкі і стрэлы, якія глуха разносіліся пад хмурымі скляпеннямі.

У адным месцы, далёка ад тых частак пячоры, куды звычайна заглядаюць турысты, знайшлі два словы, выведзеныя на камені копаццю ад свечкі: «Бэкі і Том», і тут-жа побач закапаную салам істужачку. Місіс Тэчэр пазнала істужачку і расплакалася над ёю. Іншыя расказвалі, што ў часе пошукаў часам бачылі здалёк святло і з крыкамі радасці кідаліся ў той бок, але іх чакала горкае расчараванне: дзяцей там не было, а знаходзілі толькі каго-небудзь з сваёй-жа кампаніі.

Так прайшло тры страшных дні і тры страшныя ночы. Марудна і нудна цягнулася гадзіна за гадзінай. Увесь горад ахапіла, нарэшце, нейкае безнадзейнае атупенне. Ні ў каго не было ахвоты ўзяцца за працу, работа валілася з рук. Выпадковае выкрыццё, што на заездным двары таварыства цвярозасці ў адным з нумароў хаваліся гарэлка і ром, пры ўсёй сваёй незвычайнасці, бадай што не ўсхвалявала публіку.

У адну светлую хвіліну Гек, ачуняўшы, завёў гутарку пра карчму і нарэшце, баючыся пачуць нешта жудаснае, спытаўся, ці не знайшлі чаго-небудзь у карчме таварыства за час яго хваробы.

– Але, знайшлі,– быў адказ.

Гек ускочыў з пасцелі і дзікімі вачыма ўтаропіўся на ўдаву Дуглас.

– Што? Што такое знайшлі?..

– Спіртавыя вырабы. Гарэлку. Лажыся, дзетка. Як ты мяне спалохаў!

– Скажыце мне толькі адно, толькі адно, калі ласка! Хто знайшоў? Том Соўэр?

Удава заплакала.

– Супакойся, супакойся, дзетка, я табе ўжо сказала: табе нельга так многа гаварыць. Ты вельмі, вельмі хворы.

«Значыцца, апрача гарэлкі, нічога не знайшлі, бо каб знайшлі грошы, дык у гарадку пачаўся-б перапалох. Значыцца, скарб знік назаўсёды, вышаў з рук... Але чаго яна плача? Незразумела! Аб чым ёй, здавалася-б, плакаць?»

Вось якія думкі няясна варушыліся ў галаве Гека, і ён так змарыўся ад іх, што заснуў.

– Ну, вось ён і спіць, небарака,– казала сабе ўдава, – «Том Соўэр знайшоў!» Ідзі цяпер, знайдзі Тома Соўэра! Ужо мала і засталося такіх, у якіх хапае мужнасці і сілы шукаць твайго Тома Соўэра!

Раздзел XXX


Вернемся цяпер да Тома і Бэкі. Яны разам з усімі бадзяліся па хмурых калідорах, аглядаючы ўжо знаёмыя ім цуды пячоры, якія мелі нейкія дзіўныя назвы: «Прыёмная зала», «Сабор», «Палац Аладына» і г. д. Потым пачалася вясёлая гульня ў хаванкі, і Том і Бэкі старанна прыймалі ў ёй удзел, пакуль не стаміліся ад беганіны. А потым яны пайшлі ўдвох па звілістым калідоры, высока трымаючы свае свечкі і чытаючы блытаніну з імёнаў, лічбаў, адрасоў і мудрых выразаў, якія былі панапісаны на каменных сценах. Захапіўшыся гутаркай, яны і не заўважылі, як зайшлі ў такую частку пячоры, дзе на сценах ужо не было надпісаў. Тады яны самі вывелі копаццю свае імёны на сцяне пад навіслым каменем і пайшлі далей.

Нарэшце яны дайшлі да месца, дзе маленькі ручаёк, пераліваючыся праз каменны выступ і несучы раствораную вапну, на працягу многіх вякоў стварыў нешта падобнае на бурлівую Ніягару з бліскучага каменя. Том праціснуўся ў вузкі кут за каменным вадаспадам, каб асвятліць яго дзеля пацехі Бэкі, і ўбачыў, што за гэтым вадаспадам хаваецца нешта накшталт натуральных сходаў, уціснутых у вузкую шчыліну між двума, каменнымі сценамі. Яго адразу ахапіла ганарлівае жаданне што-небудзь адкрыць. Бэкі падтрымала яго, і яны, зрабіўшы для памяці знак сажай на камені, пайшлі на пошукі.

Яны доўга ішлі па звілістым калідоры, які спускаўся ўсё ніжэй у таямніцы пячоры, зрабілі яшчэ знак і завярнуліся ў бок, шукаючы новыя цуды, каб было што расказаць там, наверсе. У адным месцы яны знайшлі вялізную нішу, дзе са столі спускалася мноства бліскучых сталактытаў, даўжынёй і таўшчынёй у чалавечую нагу. Яны абышлі навакол гэтую пячору, захапляючыся яе хараством, і вышлі адтуль у адзін з калідораў, якія ў вялікай колькасці ўваходзілі сюды.


Цуды пячоры.

Хутка яны апынуліся ў другой пячоры, каля чароўнай крыніцы, якая біла з скалы і падала ў басейн, абмураваны бліскучымі крышталамі, як палівай. Уверсе туліліся кучай тысячы кажаноў. Святло спудзіла іх, і яны замітусіліся сотнямі, з піскам кідаючыся на свечкі. Том ведаў іх нораў і ведаў, якой небяспекай гэта пагражае. Ён схапіў Бэкі за руку і выбег разам з ёю ў першы, які трапіўся, калідор: і час быў, бо адзін з кажаноў загасіў крылом свечку Бэкі, калі яна выходзіла з пячоры. Кажаны доўга яшчэ гналіся за дзецьмі, але ўцекачы ўсё заварочвалі ў новыя ходы, што трапляліся па дарозе, і такім чынам нарэшце вызваліліся ад праследвання.

Пасля таго Том знайшоў падземнае возера з цмянымі абрысамі, якія знікалі ў цемры. Ён хацеў даследваць яго берагі, але потым падумаў, што лепш будзе спачатку прысесці і адпачыць. Тут першы раз яны адчулі, што мёртвая цішыня падзямелля прыгнятае іх.

– Што гэта, сказала Бэкі – нібы даўно ўжо не чуваць галасоў? Ты не заўважыў?

– Ды ты падумай, Бэкі,– яны-ж там, наверсе, а мы ўнізе; я нават не ведаю, куды мы зайшлі: на поўнач, на поўдзень ці на ўсход. Тут мы не можам іх чуць.

Бэкі ўстрывожылася.

– А доўга мы тут ходзім, Том? Ці не лепш вярнуцца назад?


Уверсе туліліся кучай тысячы кажаноў.

– Яно, пэўна, будзе лепш.

– А ты здолееш знайсці дарогу, Том? Тут такая блытаніна – я адна не выбралася-б.

– Я знайшоў-бы дарогу, каб не гэтыя кажаны! Калі яны загасяць абедзве свечкі, гэта будзе паганая справа. Паспрабуем знайсці другую дарогу, каб не праходзіць там.

– Спадзяюся толькі, што мы не заблудзім. Гэта быў-бы такі жах!

І дзяўчынка нават уздрыганулася ад гэтай думкі. Том выбраў адзін з калідораў, і дзеці доўга моўчкі ішлі па ім, углядаючыся ў кожны новы папярочны ход, ці не будзе ён знаёмым. Але ўсё тут было ім чужое. Кожны раз, калі Том даследваў новы ход, Бэкі сачыла за яго тварам, чакаючы бадзёрага знаку, і ён весела казаў:

– Гэта яшчэ не той, па якім мы ішлі, але ты не бойся,– у свой час знойдзем і яго.

Тым не менш з кожнай няўдачай ён усё больш траціў упэўненасць і хутка пачаў заварочваць направа і налева, абы куды, спадзяючыся знайсці, нарэшце, знаёмую дарогу. Час ад часу ён казаў: «Не бойся: усё ідзе добра»,– але на сэрцы яго ляжаў такі страшэнны цяжар, што голас яго зрабіўся бязгучным, нібы ён казаў не «ўсё добра», а «ўсё прапала». Бэкі ад жаху прыціскалася да яго, усімі сіламі стараючыся ўстрымаць слёзы, але гэта ёй не вельмі ўдавалася. Нарэшце яна сказала:

– Слухай, Том, гэта нічога, што кажаны,– вернемся той дарогай. А так мы зусім заблытаемся.

Том спыніўся.

– Пачакай.

І сярод глыбокай цішыні, такой глыбокай, што дзеці чулі нават уласнае дыханне, Том крыкнуў. Голас яго доўга адбіваўся па пустынных калідорах і заціх далёка слабым гукам, нібы насмешлівы рогат.

– Ох, Том, не крычы,– гэта так страшна! – сказала Бэкі.

– Хоць яно і страшна, але ўсё-ж лепш крычаць, Бэкі: можа яны пачуюць нас.

І ён крыкнуў зноў.

Гэтае «можа» прагучэла для дзяўчынкі яшчэ больш жудасна, як злавесны рогат: яна зразумела, што Том траціць надзею. Дзеці стаялі моўчкі і чакалі, але на крык ніхто не адгукнуўся. Том завярнуўся назад і паскорыў крокі. Але хутка нейкая неўпэўненасць у яго поглядзе выдала Бэкі другую страшную праўду: ён ужо не мог знайсці дарогу назад!

– О, Том, чаму ты не рабіў знакаў!

– Бэкі, які я дурань! Які-ж я дурань! Мне і ў галаву не прышло, што нам прыдзецца вяртацца. Не, я не магу знайсці дарогі! У мяне ўсё пераблыталася.

– Том, Том, мы прапалі! Прапалі! Нам ніколі, ніколі не выбрацца з гэтага жудаснага падзямелля! О, навошта мы адлучыліся ад усіх!

Яна млява апусцілася на зямлю і так дзіка зарыдала, што Том перапалохаўся, думаючы, што яна зараз памрэ ці звар’яцее. Ён сеў побач з ёю і абняў яе. Яна, рыдаючы, схавала твар у яго на грудзях і прыціснулася да яго, вымаўляючы ўсе свае жахі, сваё позняе шкадаванне, а далёкае рэха ператварала яе горкія словы ў дробкі вясёлага смеху. Том упрашаў яе падбадзёрыцца, але яна казала, што не можа. Тады ён пачаў лаяць сябе, што паставіў яе ў такое жудаснае становішча,– і гэта падзейнічала лепш. Яна сказала, што паспрабуе авалодаць сабой, што яна ўстане і пойдзе за ім, куды ён павядзе яе, абы толькі ён так не казаў, бо яна і сама вінаватая ніколькі не менш ад яго.

І яны пайшлі наўдачу, так сабе, абы ісці, а не сядзець на месцы,– больш-жа ж яны нічога не маглі зрабіць.

Праз некалькі мінут Том узяў свечку з рук Бэкі і пагасіў яе. Для іх так важна было эканоміць святло!.. Бэкі без слоў зразумела гэта і зноў прышла ў адчай. Яна ведала, што ў Тома ёсць цэлая свечка ды яшчэ тры ці чатыры агаркі ў кішэні, і тым не менш ён лічыў патрэбным эканоміць.

Паступова зморанасць пачала даваць свае вынікі; дзеці спрабавалі не звяртаць на гэта ўвагі,– ім нават страшна было падумаць, каб сесці, бо кожная мінута была надта дарагая; рухаючыся ў якім-бы там ні было кірунку, хоць наўздагад, яны ўсё-ж ішлі наперад і, можа к выхаду, а сесці гэта азначала аддаць сябе на смерць і прыблізіць яе прыход.

Але слабыя ножкі Бэкі зусім адмаўляліся служыць ёй. Яна села. Том сеў побач з ёю і яны пачалі размаўляць пра дом, пра пакінутых там прыяцеляў, пра мяккія пасцелі і, галоўнае, пра святло. Бэкі плакала. Том стараўся прыдумаць што-небудзь, каб суцешыць яе, але ўсе яго выдумкі ні да чаго не прывялі. Бэкі так аслабла ад стомы, што нарэшце заснула. Том быў рады гэтаму. Ён углядаўся ў яе змораны тварык і бачыў, як ён паступова прымаў звычайны спакойны выраз ад прыемных сноў; на губах у яе з’явілася і засталася ўсмешка. Ад гэтай спячай дзяўчынкі ішоў мір, і думкі Тома луналі ў мінулым, у няясных успамінах. Ён так увайшоў у гэтыя ўспаміны, што і не заўважыў, як Бэкі прачнулася і ціханька засмяялася. Але смех зараз-жа замёр на яе вуснах і перайшоў у стогн.

– О, як я магла заснуць! Я-б хацела ніколі, ніколі не прачынацца! Не, не, Том, не глядзі так! Я не буду больш так казаць.

– Я рады, што ты спала, Бэкі; цяпер ты адпачыла, і мы пойдзем зноў шукаць дарогу.

– Паспрабуем, Том, але я сніла такую дзівосную краіну, а тут...

– Трымайся, Бэкі! Пойдзем зноў шукаць!

Яны ўсталі і пайшлі поруч, але ўжо не верачы ў поспех. Яны паспрабавалі абмеркаваць, колькі часу яны правялі ў пячоры; але ім здавалася, што яны тут ужо некалькі дзён і тыдняў, а між тым гэтага, безумоўна, не магло быць, бо нават свечкі іх не дагарэлі да канца.

Пасля таго яны доўга,—самі не ведалі, як доўга,– ішлі моўчкі. Том сказаў, што трэба стаіцца і прыслухоўвацца, ці не чуваць дзе шуму ад капання вады,– трэба знайсці крыніцу. Яны знайшлі адну, і Том сказаў, што тут трэба зноў зрабіць прыпынак. Абое страшэнна стаміліся, але Бэкі лічыла за лепшае ісці далей і была вельмі здзіўлена, калі Том не згадзіўся. Яна не магла зразумець гэтага. Яны селі, і Том глінай прыляпіў свечку на камені перад імі. Абодва задумаліся і некаторы час не гаварылі ні слова. Бэкі першая парушыла цішыню.

– Том, я такая галодная.

Том выцягнуў нешта з кішэні.

– Ты памятаеш?

Бэкі слаба ўсміхнулася.

– Гэта наш вясельны каравай.

– Я хацеў-бы, каб ён быў вялікі, як бочка, бо ў нас болей нічога няма.

– Я схавала гэты кавалак на пікніку, каб палажыць яго пад падушку, як робяць дарослыя, і потым загадаць, каго я сасню; але гэта будзе наш апош...

Бэкі не скончыла, каб не засмучаць свайго таварыша.

Том падзяліў пірог на дзве часткі. Бэкі з ахвотай з'ела сваю палавіну, але Том да сваёй ледзь дакрануўся. Напіцца было чым: побач была цэлая крыніца халоднай вады. Крыху счакаўшы, Бэкі прапанавала ісці далей. Том падумаў крыху, потым сказаў:

– Бэкі, ці можаш ты спакойна выслухаць, што я табе скажу?

Бэкі пабялела, але сказала, што, здаецца, можа.

– Дык вось што, Бэкі: нам трэба застацца тут,– тут прынамсі ёсць вада для піцця... І не забывай, што гэта наш апошні агарак!

Бэкі дала волю слязам і рыданню. Том суцяшаў яе, як мог, але гэта мала памагала. Нарэшце яна сказала:

– Том!

– Што, Бэкі?

– Яны ўсхопяцца і прыдуць шукаць нас?

– Ну, вядома! Зразумела, прыдуць.

– Можа яны ўжо цяпер шукаюць нас, Том?

– Што-ж, вельмі мажліва. Я спадзяюся, што так.

– Калі, ты думаеш, яны ўсхопяцца?

– Я думаю, калі вернуцца на паром.

– Том, тады будзе ўжо цёмна. Ці заўважаць яны, што нас няма?

Не ведаю, у кожным разе маці твая заўважыць, як толькі ўсе вернуцца дамоў.

Спалоханы погляд Бэкі напомніў Тому, што яго прыяцелька мелася начаваць у таварышкі і, значыцца, яе не будуць чакаць дома. Дзеці змоўклі і задумаліся. Праз некаторы час новы выбух гора ў Бэкі паказаў Тому, што ёй, як і яму, прышла ў галаву адна і тая самая думка: нядзельная раніца можа напалову прайсці, пакуль місіс Тэчэр даведаецца, што Бэкі не начавала ў місіс Гарпер.


Вясельны каравай.

Дзеці не спускалі вачэй з апошняга агарка, сочачы за тым, як ён павольна і бязлітасна растае. Нарэшце засталося толькі на палец кнота. Слабы агеньчык падымаўся і падаў, узвіўся над тонкім слупком дыму, пачакаў там – і потым настала поўная страшная цемра.

Колькі часу прайшло, пакуль Бэкі зразумела, што яна плача ў абдымках Тома, ніводзін з іх сказаць не мог. Яны ведалі толькі, што праз вельмі доўгі, як ім здавалася, час яны нібы ачунялі ад цяжкога сну і зноў зразумелі ўвесь жах свайго становішча.

Том думаў, што ўжо надышла нядзеля, можа нават панядзелак. Ён спрабаваў уцягнуць Бэкі ў гутарку, але дзяўчынка была надта прыціснутая сваім горам. У яе не было больш ніякай надзеі. Том запэўняў, што іх адсутнасць ужо даўно павінны былі заўважыць і што цяпер іх, напэўна, шукаюць. Трэба зноў крычаць: хто-небудзь пачуе, адгукнецца і прыдзе. Ён крыкнуў. Але ў цемры далёкае рэха адгукалася так жудасна, што болей ён ужо не спрабаваў.

Гадзіны ішлі, і дзяцей зноў пачаў мучыць голад. Том адламіў кавалачак ад сваёй палавінкі; яны падзялілі яго паміж сабою, але ад гэтага ім толькі яшчэ больш захацелася есці.

– Тсс!.. – сказаў Том,– ты чуеш?

Бэкі затаіла дыханне і пачала прыслухоўвацца. Здалёк ледзь чутно данёсся нібы слабы крык. Дзеці зноў пачалі прыслухоўвацца. Потым Том адгукнуўся і, узяўшы Бэкі за руку, пабег па калідоры ў той бок, адкуль чуўся голас. Праз некаторы час яны спыніліся,– гук зноў паўтарыўся і як быццам бліжэй.

– Гэта яны! – усклікнуў Том. – Яны ідуць сюды! Хадзем, Бэкі, не бойся,– цяпер усё будзе добра!

Маленькія палоннікі не памяталі сябе ад радасці, але не маглі бегчы хутка, бо на кожным кроку трапляліся правалы, і трэба было ўнікаць іх. Ля адной шчыліны ім мімаволі прышлося спыніцца. Правал мог мець і тры футы і сто футаў глыбіні,– усёроўна прайсці праз яго было немагчыма. Том лёг на жывот і апусціўся ўніз, колькі мог. Ён не даставаў дна. Трэба было заставацца тут і чакаць, пакуль за імі прыдуць. Дзеці прыслухоўваліся, але гукі ўжо аддаляліся. Праз некалькі хвілін яны зусім сціхлі...

О, які жах! Том крычаў, пакуль не ахрыпнуў, але ніхто не адгукаўся. Ён стараўся абнадзеіць Бэкі, але прайшла цэлая вечнасць трывожнага чакання, а гукаў не было чуваць.

Дзеці вобмацкам дабраліся назад да крыніцы. Час цягнуўся марудна. Яны зноў заснулі і прачнуліся галодныя, змучаныя горам. Том быў упэўнены, што цяпер ужо аўторак.

Раптам у яго мільганула думка. Паблізу было некалькі бакавых калідораў. Ці не лепш даследваць іх, чымся сядзець і нудзіцца? Ён выняў з кішэні шпагат для пускання змеяў, прывязаў яго да выступа скалы і пайшоў, ведучы за руку Бэкі і размотваючы клубок настолькі, наколькі яны рухаліся наперад.

Праз дваццаць крокаў калідор канчаўся нечым накшталт пляцоўкі для скакання. Том стаў на калены і пачаў мацаць сцяну ўнізе; памацаў рог, пасунуўся яшчэ трохі направа,– і ў гэты момант за якіх-небудзь дваццаць крокаў ад яго з-за рога ўцёса высунулася чалавечая рука са свечкай. Том радасна ўскрыкнуў, але ўслед за рукой зараз-жа высунулася і тулава: гэта быў індзеец Джо!


Страшнае спатканне.

Том скамянеў ад жаху, ён не мог варухнуць ні рукой ні нагой і вельмі ўзрадаваўся, калі «іспанец» павярнуўся да яго спіной і знік з вачэй. Том здзівіўся, як гэта Джо не пазнаў яго голаса і не кінуўся на яго, каб забіць за паказанні на судзе; але, мабыць, рэха змяніла яго голас,– напэўна, так! Ад страху Том адчуваў незвычайную слабасць ва ўсім целе. Ён гаварыў сабе, што калі ў яго хопіць сілы вярнуцца да крыніцы, ён там і застанецца і болей ужо не захоча ісці шукаць выхаду, рызыкуючы сустрэцца з індзейцам Джо.

Том не сказаў Бэкі, што бачыў, а сказаў толькі, што крыкнуў так сабе.

Але голад і цяжкасць становішча паступова перамаглі страх. Новае нуднае сядзенне ля крыніцы і новы сон прынеслі з сабой страшэнныя пакуты ад голаду. Том быў упэўнены, што цяпер ужо серада ці чацвер, можа нават пятніца або субота, і што тыя, хто шукаў іх, страцілі надзею іх знайсці. Ён прапанаваў даследваць другі калідор. Ён гатоў быў рызыкнуць нават сустрэчай з метысам. Але Бэкі вельмі аслабла, яе ахапіла апатыя, і яна не хацела рухацца з месца. Яна казала, што застанецца тут, дзе сядзіць, і будзе чакаць смерці. Яна параіла Тому ўзяць шпагат і ісці самому, калі яму хочацца, але ўпрашала яго часцей вяртацца, каб пагаварыць з ёй, і ўзяла з яго слова, што калі прыдзе апошняя мінута, ён будзе сядзець каля яе і трымаць яе руку, пакуль усё скончыцца...

У Тома сціснулася горла. Ён пацалаваў Бэкі і пачаў запэўняць, што выхад з пячоры знойдзецца, калі яшчэ раней не знойдуць іх тыя, хто шукае. Потым ён узяў у руку шпагат ад змея і вобмацкам папоўз па адным з калідораў, адчуваючы голад і блізкую гібель...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю