Текст книги "Прыгоды Тома Соўэра"
Автор книги: Марк Твен
Жанр:
Зарубежная классика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 11 страниц)
Раздзел XXXI
Мінула раніца аўторка, прышоў і вечар, а гарадок усё сумаваў: загінуўшыя дзеці не знаходзіліся. У царкве служылі малебствы аб выратаванні іх. Нямала ішло ўгору і па-асобных малітваў, што выходзілі з глыбіні душы, а з пячоры ўсё яшчэ не прыходзілі радасныя весткі. Большасць шукаўшых пакінулі пошукі і вярнуліся да сваіх звычайных заняткаў, кажучы, што дзеці, відаць, ужо не знойдуцца. Місіс Тэчэр была зусім хворая і большую частку часу ляжала ў непрытомнасці. Тыя, хто яе бачыў, казалі, што аж сэрца рвецца, слухаючы, як яна кліча сваю дзяўчынку, гледзячы, як яна падымае галаву і доўга прыслухоўваецца, а потым, уздыхнуўшы, зноў млява апускае галаву на падушку. У цёці Поллі шэрыя валасы ад тугі зрабіліся бадай што зусім белымі. У аўторак вечарам увесь гарадок пайшоў спаць смутны, страціўшы ўсялякую надзею.
Сярод ночы раптам пачаўся трызвон, і ў адзін момант вуліцы напоўніліся поўадзетымі людзьмі, якія шалёна крычалі: «Выходзьце, выходзьце! Яны знайшліся! Знайшліся!» Званілі ў званы, білі ў бляшаныя скавародкі, трубілі ў ражкі. Усё насельніцтва горада бегла да ракі, насустрач дзецям, якіх везлі на сабе ў адкрытым экіпажы радасныя абываталі. Натоўп акружыў экіпаж і праводзіў яго дадому ўрачыстай працэсіяй, з крыкамі «ура».

Дзяцей везлі ў адкрытым экіпажы.
Запалілі ілюмінацыю. Спаць ужо ніхто не клаўся. Такой вялікай ночы гарадок яшчэ не перажываў. За поўгадзіны ў доме суддзі Тэчэра пабывалі бадай што ўсе абываталі горада. Яны абыймалі выратаваных дзяцей, цалавалі іх, паціскалі рукі місіс Тэчэр, спрабавалі гаварыць, але не маглі, і залілі ўвесь дом сваімі слязмі.
Цёця Поллі была бадай такая самая шчаслівая, як і місіс Тэчэр. Місіс Тэчэр была-б зусім шчаслівая, каб з пячоры вярнуўся яе муж, да якога паслалі ганца з радаснай весткай.
Том ляжаў на канапе і расказваў прагным слухачам гісторыю сваёй дзіўнай прыгоды, дадаючы «дзеля аздобы» нямала выдуманых ім самім падрабязнасцей. У заключэнне ён расказаў, як ён, пакінуўшы Бэкі, пайшоў даследваць новыя калідоры, прайшоў трэці і ўжо хацеў-быў вяртацца назад, як раптам убачыў далёка светлую пляму, нібы дзеннае святло пранікала ў шчыліну; як ён кінуў вяроўку і пабег да гэтай плямы, прасунуў галаву і плечы ў невялікую адтуліну і ўбачыў перад сабою шырокую прастору Місісіпі. А каб гэта было ўначы, ён не ўбачыў-бы светлай плямы, і яму не прышло-б у галаву пайсці да канца калідора!

Цела валацугі знойдзена было ў рацэ.
Потым ён расказаў, як ён вярнуўся да Бэкі з радаснай весткай, і яна сказала яму, каб ён не лез да яе з такім глупствам, бо яна стамілася і ведае, што хутка памрэ, і радуецца з гэтага. Ён расказаў, як ён угаварваў яе і як яна сапраўды ледзь не памерла з радасці, убачыўшы дзеннае святло; як ён вылез сам і дапамог вылезці ёй; як яны сядзелі і плакалі ад радасці, а ў гэты час міма ехала лодка, і Том гукнуў ехаўшых і сказаў ім, што яны трапілі сюды з пячоры і страшэнна згаладаліся.
Рыбакі спачатку не далі яму веры, кажучы, што тое месца, дзе яны цяпер сядзяць, на пяць міль ніжэй ад даліны, дзе знаходзіцца пячора. Але потым гэтыя рыбакі ўзялі іх у лодку, завезлі іх у нейкі дом, накармілі вячэрай, далі адпачыць дзве-тры гадзіны і потым адвезлі дадому. Яшчэ да світання суддзю Тэчэра і некалькі быўшых з ім чалавек выцягнулі з пячоры пры дапамозе вяровак, якімі яны абвязаліся, спускаючыся туды, і паведамілі ім радасную навіну.
Тры дні і тры ночы пакут, голаду і страху ў пячоры не маглі прайсці дарма, як хутка пераканаліся Том і Бэкі. Усю сераду і чацвер яны праляжалі ў пасцелі, адчуваючы вялікую знямогу. Том пачаў уставаць ужо ў чацвер, у пятніцу пайшоў бадзяцца па горадзе, а ў суботу быў амаль малайцом; але Бэкі да самай нядзелі не выходзіла з свайго пакою, ды і вышаўшы, мела такі выгляд, нібы перанесла сур’ёзную хваробу.
Том, пачуўшы пра хваробу Гека, яшчэ ў пятніцу пайшоў наведаць яго, але яго не пусцілі да хворага не толькі ў той дзень, але і ў суботу і ў нядзелю. Потым ужо яго пускалі кожны дзень, але з папярэджаннем – не расказваць пра падзеі ў пячоры і наогул не весці гутарак, якія хвалююць хворага. А для вернасці ўдава Дуглас увесь час сядзела з імі. Дома Том даведаўся, што ўдаву ледзь было не аграбілі і што цела аднаго з валацуг знойдзена было ў рацэ каля паромнай прыстані: відаць, ён утапіўся, ратуючыся ад дагону.
Тыдні праз два пасля свайго вызвалення з пячоры, Том пайшоў наведаць Гека, які за гэты час набраўся ўжо досыць сілы, каб весці ўсялякія гутаркі, а як дом суддзі быў па дарозе, то наш герой зайшоў, каб пабачыцца з Бэкі. У суддзі былі госці; яны ўцягнулі Тома ў гутарку, і нехта жартам спытаў яго, ці хацеў-бы ён яшчэ раз пабываць у пячоры. Том адказаў, што гатоў адправіцца туды хоць зараз.
– Я ніколі не сумняваюся, Том, што ў цябе знайшліся-б пераймальнікі,– сказаў суддзя,– але мы зрабілі захады, каб у гэтую пячору больш ужо ніхто не трапіў.
– Як? Чаму?
– Таму што я два тыдні назад распарадзіўся абабіць гэтую дзвер лістовым жалезам і замкнуць яе трыма замкамі. А ключы ў мяне.
Том збялеў, як палатно.
– Што з табой, хлопчык? Эй, хто-небудзь сюды, дайце шклянку вады!
Прынеслі ваду, пырснулі ёю ў твар Тома.
– Ох, суддзя, там у пячоры... індзеец Джо!
Раздзел XXXII
У пяць мінут навіна разнеслася па ўсім горадзе, і праз некаторы час дзесятак лодак, нагружаных людзьмі, ужо накіраваліся к пячоры, а хутка за імі пайшоў і паром, перапоўнены пасажырамі. Том Соўэр ехаў у адной лодцы з суддзёю Тэчэрам.
Як толькі дзверы адчынілі, у змроку пячоры ўбачылі сумнае з’явішча. На зямлі ляжаў мёртвы метыс, прыціснуўшыся тварам да шчыліны ў дзверах, нібы прагны зрок яго да апошняй хвіліны не мог адарвацца ад святла і радасці вольнага знадворнага свету.
Том расчуліўся. Ён з практыкі ведаў, якія пакуты павінен быў перацярпець гэты няшчасны. Яму было шкода метыса, але ў той-жа час ён адчуў вялізнае палягчэнне, і толькі цяпер добра зразумеў, якім вялікім цяжарам ляжаў у яго на душы вечны страх з таго дня, калі ён выкрыў на судзе гэтага лютага злодзея.
Тут-жа побач ляжаў вялікі нож метыса, зламаны напалам. Тоўсты ніжні брус дзверы быў увесь пакрышаны гэтым нажом, але цяжкая праца была дарэмнай, бо знадворку пад парогам выступаў камень і з ім нож нічога не мог зрабіць. Нават, каб тут і не было каменя, праца метыса ўсероўна прапала-б дарэмна, бо і зрэзаўшы брус, ён не мог-бы праціснуцца ў шчыліну,– і ён ведаў гэта. Небарака рэзаў дрэва толькі затым, каб што-небудзь рабіць, каб як-небудзь змарнаваць цягучы час, як-небудзь заняць змучаны розум.
Звычайна ў расколінах сцен гэтай пярэдняй часткі пячоры заўсёды былі дзесяткі сальных агаркаў, якія пакідалі тут турысты; цяпер-жа іх не відаць было аніводнага: вязень усе іх з’еў. Ён ухітрыўся нават злавіць некалькі кажаноў і таксама з’еў іх, пакінуўшы толькі косці. Няшчасны памёр галоднай смерцю.

Цэлы натоўп пашоў на пошукі.
Недалёка павольна вырастаў з зямлі сталагміт, створаны на працягу вякоў каплямі вады, якія капалі з вісеўшага над ім сталактыта. Вязень адламаў верхавіну сталагміта і выдзеўбаў ямку для збірання дарагіх капель, што падалі праз кожныя дваццаць мінут з суровай рэгулярнасцю гадзінніка. Праз дваццаць чатыры гадзіны такім чынам набіралася лыжка.
Індзейца Джо пахавалі недалёка ад уваходу ў пячору, і на гэтыя хаўтуры з’ехаўся народ у лодках і на конях з усіх суседніх ферм і вёсак на сем міль навакол.
На другі дзень пасля гэтага Том з Гекам схаваліся ва ўтульным месцы для сур’ёзнай гутаркі. К гэтаму часу Гек ужо ведаў аб прыгодзе Тома ад валійца і ўдавы Дуглас.
Але – як сказаў Том – яны не сказалі Геку аднаго, самага галоўнага, і аб гэтым яму і хочацца пагаварыць з прыяцелем. Твар Гека нахмурыўся.
– Я ведаю, у чым справа,– сказаў Гек.– Ты быў у «нумары другім» і не знайшоў там нічога, апрача віскі. Мне ніхто не сказаў пра цябе, але я зразумеў, што гэта быў ты, і зразумеў таксама, што ты не атрымаў грошай, бо іначай ты ўжо знайшоў-бы спосаб дабрацца да мяне і паведаміць гэтую навіну. Том, мне заўсёды здавалася, што нам не дасца ў рукі гэты скарб.

Індзеец Джо спрабуе выйсці на волю.
– Што ты, Гек? Я ніколі не даносіў на гаспадара. Ты-ж ведаеш, што ў суботу, калі мы ішлі на пікнік, у карчме ўсё было спакойна. Хіба ты не памятаеш, што ты ноччу павінен быў пільнаваць каля карчмы?
– О, так! Ведаеш, мне цяпер здаецца, што гэта было даўно-даўно, які год назад. Гэта было ў тую самую ноч, калі я ішоў да ўдавы Дуглас, сочачы за гэтым д’яблам метысам.
– Ты пайшоў за ім следам?
– Так. Толькі аб гэтым маўчы! Я ўпэўнены, што ў яго засталіся сябры. Я не жадаю, каб яны зрабілі са мной якую-небудзь паганую штуку. А ўжо гэта ты мне можаш даць веры: каб не я, ён быў-бы цяпер у Тэхасе!
І Гек пад сакрэтам расказаў усе свае прыгоды. Том да гэтага часу чуў толькі частку гэтых прыгод ад валійца.
– Разумееш,– скончыў Гек, вяртаючыся да галоўнай тэмы іхняй гутаркі,– тыя, хто цягаў гарэлку з «другога нумару», выцягнулі адтуль і грошы. У кожным разе наша справа скончаная, Том.
– Гек, гэтыя грошы не засталіся ў «другім нумары».
– Што такое? – Гек дапытлівымі вачыма ўтаропіўся ў твар таварыша. – Том, ты зноў натрапіў на след грошай?
– Гек, яны ў пячоры.
У Гека загарэліся вочы.
– Паўтары, што ты сказаў, Том.
– Грошы ў пячоры.
– Том, скажы сумленна, ты сур’ёзна гаворыш, ці жартуеш?
– Сур’ёзна, Гек, я ніколі яшчэ не казаў так сур'ёзна. Хочаш пайсці са мной туды і памагчы мне ўзяць грошы?
– А як-жа ж? Вядома, пайду! Толькі ці можна прабрацца туды, не заблудзіўшы?
– Гек, мы смела можам прабрацца туды, зусім без рызыкі.
– Добра! Але чаму ты думаеш, што грошы...
– Пачакай, Гек, пакуль мы прыдзем туды. Калі мы не знойдзем грошай, я табе аддам мой барабан і ўсё, што ў мяне ёсць. Далібог, аддам!
– Добра, ідзе! Калі, ты кажаш, трэба ісці?
– Ды хоць зараз, калі ты згодзен. У цябе сілы хопіць?
– А далёка ісці да пячоры? Я ўжо тры ці чатыры дні на нагах, але больш мілі мне не прайсці,– прынамсі я так думаю, што не прайсці.

Круча.
– Кожнаму іншаму, апрача мяне, прышлося-б ісці міль пяць, але я цябе павяду туды карацейшай дарогай, якую, апрача мяне, ніхто не ведае. Я цябе завязу туды ў лодцы, Гек, давязу да самага месца і сам буду грабсці туды і назад, – табе не прыдзецца рук стамляць.
– Едзем зараз, Том!
– Добра! Нам трэба ўзяць хлеба і мяса, ды люлькі, ды пусты мяшок, ды два-тры клубкі шпагату ад папяровага змея, ды яшчэ гэтых толькі што выдуманых штучак, якія называюцца сярнічкамі. Колькі разоў я шкадаваў, што іх не было ў мяне, калі я сядзеў там у пячоры.
Пасля поўдня хлопчыкі, скарыстаўшы адсутнасць суседа, узялі яго лодку і адправіліся ў дарогу. Калі яны праехалі некалькі міль, Том сказаў:
– Бачыш вунь тую кручу, што ідзе ўніз ад «пячорнай западзіны»? Яна здаецца гладкай і роўнай, адны толькі кусты, усе падобныя адзін да аднаго. Але вунь там, дзе апоўзень, бачыш, бялеецца нешта? Гэта мой знак,– мы тут і выйдзем.
Яны прысталі да берага.
– Вось адсюль, дзе стаім, Гек, ты можаш дакрануцца вудачкай да той дзверы, праз якую я вылез. Паспрабуй, брат, знайсці яе.
Гек вышукаў усё навакол і нічога не знайшоў. Том з гонарам палез у самую гушчу кустоў, кажучы:
– Во ён! Гэта самы патаемны лаз ва ўсіх тутэйшых месцах. Толькі глядзі, нікому ні гу-гу! Я даўно ўжо збіраюся ісці ў разбойнікі, ды ўсё зручнага прыстанішча не знаходзілася, такога, як гэтае, а без прыстанішча, як вядома, разбойнічаць немагчыма. А цяперака мы знайшлі і нікому пра яго не скажам, хіба толькі Джо Гарперу ды Бэну Роджэрсу,– бо трэба-ж набраць банду, а калі ўдвох, дык якія-ж гэта разбойнікі! Банда Тома Соўэра—ці не дзівосна гэта гучыць, Гек?
– Але, Том, дзівосна. А каго-ж мы будзем грабіць?
– О, каго прыдзецца! Праезджых, прахожых людзей, як належыць разбойнікам.
– І забіваць іх?
– Не, не заўсёды. Лепш трымаць іх у палоне ў пячоры, пакуль не заплоцяць выкуп!
– А што гэта такое—выкуп?
– Грошы, значыцца. Ім кажуць сабраць з сваіх прыяцеляў, колькі яны там могуць, і калі праз год яны не заплоцяць выкупу, тады іх забіваюць. Але жанчын нельга забіваць. Жанчыны заўсёды красуні і багатыя і страшэнна баяцца. У іх адбіраюць гадзіннікі і ўсё такое, але гаварыць з імі трэба заўсёды далікатна і зняўшы капялюш. Разбойнікі надзвычайна далікатны народ! Гэта ва ўсіх кнігах гаворыцца. Ну, жанчыны, звычайна, пачынаюць кахаць разбойнікаў. Пасядзеўшы ў пячоры тыдзень-другі, яны перастаюць плакаць і потым ужо самі не хочуць пакідаць разбойнікаў. Так ва ўсіх кнігах пішуць.
– А гэта-ж цудоўна, Том! Гэта, мусіць, лепш нават, як быць піратам.
– Ну але, лепш... з усіх бакоў – бліжэй да дому і наогул...
Тымчасам хлопчыкі перацягнулі з лодкі ўсе рэчы і праз дзіру ўлезлі ў пячору. Том ішоў наперадзе. Яны дайшлі да стромкага канца падземнага калідора, прымацавалі свае вяроўкі да выступа скалы і рушылі далей. Праз некалькі крокаў яны апынуліся каля крыніцы, і Том адчуў, як дрыжыкі пайшлі па ўсім яго целе. Ён паказаў Геку рэштку кнота, прылепленага да скалы і расказаў, як яны з Бэкі сачылі за знікаючым полымем.
Хлопчыкі, самі таго не заўважаючы, сцішылі голас да шэпту: цішыня і цемра навакол прыгняталі іх. Яны завярнуліся ў другі калідор і ўсё ішлі, пакуль не дабраліся да «пляцоўкі для скакання». Пры святле свечак выявілася, што пад пляцоўкай была не прорва, а толькі стромкі гліністы спуск, футаў на дваццаць-трыццаць глыбіні.
– Цяпер я нешта пакажу табе, Гек,– шапнуў Том.
Ён высока падняў сваю свечку.
– Зазірні за рог, як мага далей. Бачыш вунь там, на вялікім камені, копаццю выведзена?
– Том, гэта крыж!
– Разумееш, дзе «нумар другі»!? Пад крыжам – а? Зразумеў? Тут я і бачыў індзейца Джо са свечкай у руках.
Гек уздрыгнуўся і дрыжачым голасам прамовіў:
– Том, пойдзем адсюль!
– Як! – Пакінуць скарб?
– Але, пакінуць. Здань індзейца Джо, пэўна, бадзяецца ў гэтай пячоры.
– Не, Гек, не! Ён, калі і бадзяецца, дык у тым месцы, дзе памёр метыс, ля ўваходу ў пячору, за пяць міль адсюль.
– Не, Том, няверна ты гаворыш. Ён будзе хадзіць іменна каля грошай, грошы сцерагчы. Здані заўсёды так, я ведаю, і ты таксама.
– Глупства! Глупства! Давай злезем у ніз і будзем шукаць скрыні.
Том палез першы, высякаючы па дарозе ступенькі ў гліністым спадзе. Гек следваў за ім. У невялікую пячору, дзе стаяла скала, выходзілі чатыры калідоры. Хлопчыкі даследвалі тры з іх і нічога не знайшлі, апрача невялікай нішы; у бліжэйшым ад скалы калідоры былі пасланыя коўдры, вісеў стары кацялок, валялася скура ад шынкі і некалькі чыста абгрызеных птушыных касцей, але грошай не было. Хлопчыкі ўсё вышныралі і вышукалі, але дарэмна. Нарэшце Том сказаў:
– Ён казаў: «пад крыжам». Гэта і ёсць пад крыжам. Не могуць-жа ж яны быць пад самай скалой: яна-ж шчыльна злучаецца з зямлёй.
Яны пашукалі яшчэ, а потым прыселі адпачыць. Гек нічога не мог прыдумаць. Нарэшце Том сказаў:
– Глядзі, Гек, на адным баку скалы відаць сляды ног і сальныя плямы ад свечкі на гліне, а з другога боку нічога няма. Чаму гэта так? Я ўпэўнены, што грошы пад скалой. Я зараз пакапаюся ў гліне.
– Нядрэнная думка, Том! – жвава падхапіў Гек.
Том выцягнуў свой ножык і як толькі зрабіў маленечкую ямку, ножык стукнуўся аб нешта драўлянае.
– Гек, ты чуеш?
Гек сам ужо старанна капаў, дапамагаючы яму. Хутка яны дакапаліся да дошак, якія закрывалі адтуліну, што вяла пад скалу. Том пралез у сярэдзіну і выцягнуў руку са свечкай, але не мог асвятліць усёй расколіны да канца і парашыў даследваць яе. Нахіліўшыся, як мага, ён пайшоў далей. Вузкі, звілісты ход паступова паглыбляўся ў зямлю. Том ішоў наперадзе, Гек следам за ім. Яны завярнулі направа, потым налева, прайшлі яшчэ згіб, і раптам Том крыкнуў:
– Гек, глянь сюды!
Гэта быў той куфэрак са скарбам, а побач з ім пустая скрынка ад пораху, пара стрэльбаў у скураных чахлах, скураны пояс і рознае барахло, замочанае вадой, якая капала зверху.
– Вось дзе яно! – сказаў Гек, запускаючы руку ў цмяныя манеты. – Ну, Том, багатыры-ж мы з табою цяпер!
– Гек, я заўсёды быў упэўнены, што мы разбагацеем. Цяпер грошы нашы, гэта ўжо напэўна! Але няма чаго тут валаводзіцца,– трэба выносіць скрынку. Дай паглядзець, ці здолею я падняць яе.

Урэшце!
Скрынка важыла фунтаў пяцьдзесят. Том сяк-так мог яшчэ падняць яе, але несці не мог.
– Я так і думаў,– сказаў ён,– яна мне і на выгляд здалася важкай,– памятаеш, калі яны неслі яе там, у доме са зданямі? Вось і добра, што мне прышло ў галаву захапіць з сабою мяшкі.
Хлопчыкі перасыпалі грошы ў мяшкі і ўсцягнулі іх на скалу.
– Цяпер давай перанясем стрэльбы і ўсё іншае,– прапанаваў Гек.
– Не, Гек, пакінем іх там. Яны акурат спатрэбяцца, калі мы пачнем разбойнічаць. Мы там і будзем іх трымаць і тамака-ж будзем наладжваць оргіі. Гэта надзвычайна добрая мясціна для оргій.
– А што гэта за оргіі?
– Не ведаю. Але ў разбойнікаў заўсёды бываюць оргіі,– значыцца, і нам прыдзецца іх рабіць. Ну, хадзем, Гек; мы і так даўно тут сядзім. Час не ранні, ды і згаладаўся я вельмі. Мы ўжо там на лодцы паямо і пакурым.
Яны вышлі з густога хмызняку, асцярожна агледзеліся навакол, убачылі, што бераг пусты, перабраліся ў лодку і пачалі закусваць. Калі сонца пачало схіляцца да гарызонта, яны рушылі назад. Том увесь час веславаў, трымаючыся каля берага, бо плысці прыходзілася супроць цячэння, і весела балбатаў з Гекам. Калі сцямнелася, яны прысталі да берага.
– Ну, Гек,– сказаў Том,– цяпер мы пакуль што схаваем грошы пад страхой дрывотніка ўдавы Дуглас, а раніцою я прыду, мы іх палічым і падзелім, а потым пашукаем надзейнае месца ў лесе, каб закапаць іх. Ты пакуль застанься тут і сцеражы грошы, а я збегаю, прывалаку тачку Бэні Тэйлора. Я мігам вярнуся.
Ён знік і сапраўды хутка вярнуўся з тачкай, палажыў у яе абодва мяшкі, прыкрыў нейкай анучкай, і хлопчыкі пачалі ўзбірацца на гару, пхаючы перад сабой тачку. Дайшоўшы да дома валійца, яны спыніліся адпачнуць. I калі яны хацелі ўжо ісці далей, на парозе з’явіўся гаспадар.
– Эй, хто тут?
– Гек і Том Соўэр.
– Гэта добра! Ідзіце за мной, хлапчукі, мы вас даўно чакаем. Ну, марш наперад скокам! Я павязу вашу тачку. Але-ж яна не вельмі лёгкая. Што ў вас там? Цэгла, ці што, або старое жалеза?
– Старое жалеза.
– Я так і думаў. Нашы хлапчукі гатовы патраціць колькі хочаш часу на здабыванне старога лому, за які ім дадуць шэсць цэнтаў на ліцейным заводзе, а за працу, дык не бяруцца, хоць яна прынесла-б удвая больш. Але такая ўжо чалавечая натура! Ну, марш, жывей!
Але хлопчыкі пацікавіліся, чаму-ж гэта ім трэба спяшацца.
– Вось прыбяжыце да ўдавы Дуглас, тады даведаецеся.
Гек, які на сваім вяку прызвычаіўся да дарэмных абвінавачанняў, спытаўся з трывогай:
– У чым справа, містэр Джонс? Мы нічога дрэннага не зрабілі.
Валіец аж пакаціўся ад смеху.
– Не ведаю, Гек, не ведаю, мой хлопчык. Наконт гэтага нам нічога не вядома. Але-ж ты сябруеш з удавою Дуглас?
– Так. У кожным разе яна становіцца да мяне добра.
– Ну, вось бачыш,– чаго-ж тады баішся?
Гек, які не вызначаўся асаблівай кемлівасцю, не паспеў прыдумаць адказу, як яго разам з Томам пхнулі ў гасціную да місіс Дуглас. Містэр Джонс пакінуў тачку за дзвярыма і ўвайшоў услед за імі.
Гасціная была ярка асветлена, і там сабраліся ўсе важныя людзі гарадка. Тут былі Тэчэры, Гарперы, Роджэрсы, цёця Поллі, Сід, Мэры, поп, выдавец газеты і яшчэ шмат народу, усе ўбраныя па-святочнаму. Удава сустрэла хлопчыкаў так шчыра, як толькі можа гаспадыня сустрэць гасцей, якія з’явіліся да яе ў такім выглядзе, як нашы героі: запэцканыя салам і глінай.
Цёця Поллі ўся пачырванела ад сораму і, нахмурыўшыся, з дакорам ківала галавой, гледзячы на Тома, але больш за ўсіх адчувалі сябе няёмка самі хлопчыкі.
– Тома не было дома,– растлумачыў Містэр Джонс,– і я нават не прабаваў знайсці яго, але потым сутыкнуўся з ім і з Гекам ля самай маёй дзверы і вось паспяшаўся прывесці іх сюды.
– I добра зрабілі,– сказала ўдава. – Хадзем за мной, дзеці!
Яна прывяла іх у спальню і сказала:
– Цяпер памыйцеся і пераапраніцеся. Тут два новыя касцюмы, кашулі, панчохі – усё, што трэба. Гэта, уласна кажучы, для Гека... Не, не, Гек, не дзякуй: адзін купіла я, другі містэр Джонс, але яны падыходзяць вам абодвым. Апранайцеся-ж, а калі будзеце гатовы, прыходзьце ўніз,– мы вас чакаем.
Раздзел XXXIII
– Том,– сказаў Гек,– мы можам уцячы праз акно, калі толькі знайсці вяроўку; тут вокны невысока ад зямлі.
– Што за глупства? Навошта нам уцякаць?
– Ну, ведаеш, я не прывык бываць у такім натоўпе. Я гэтага цярпець не магу. Не пайду я туды, Том.
– Глупства, нічога! А мне дык усёроўна. Я ніколечкі не баюся. Я і аб табе паклапачуся.
На парозе з’явіўся Сід.
– Том, цёця чакала цябе ўвесь час пасля абеду. Дзе ты быў? Мэры падрыхтавала табе святочны гарнітур; усё непакоілася, дзе ты. Што гэта ў цябе на адзенні – сала, гліна?
– Містэр Сід, раю вам займацца ўласнымі справамі і не соваць нос у чужыя. Але што гэта яны выдумалі? дзеля чаго?
– Ды проста ўдава наладжвае ў сябе свята, як яна гэта часам робіць. На гэты раз яна дае вячэру ў гонар валійца і яго сыноў за тое, што яны выратавалі яе з бяды тады ўначы. І ведаеце, што я вам скажу,– калі толькі, вядома, вы хочаце?
– Ну, што такое?
– А вось, што: стары містэр Джонс збіраецца сёння нечым усіх здзівіць, але я падслухаў іхні сакрэт, калі ён сёння расказваў яго цётцы, і думаю, што цяпер ужо гэта ні для каго не сакрэт. Усе ведаюць, нават і ўдава, хоць яна і прытвараецца, што не ведае. Вядома, містэру Джонсу трэба было прывесці сюды Гека. Без Гека нічога і не вышла-б з яго сакрэта.
– Ды ў чым-жа сакрэт, Сід?
– А ў тым, што гэта Гек прасачыў разбойнікаў да дома ўдавы. Містэр Джонс думае, што ён зробіць усім вялікі сюрпрыз, а на справе нічога і не выйдзе.
Сід хіхікнуў, відаць, вельмі задаволены, што ў старога сюрпрыз не выйдзе.
– Сід, гэта ты ўсім расказаў?
– Ці не ўсёроўна, хто сказаў? Ведаюць – і ўсё.
– Сід, ва ўсім горадзе ёсць толькі адзін чалавек, які можа зрабіць такую подласць,– і гэта ты! Каб на месцы Гека быў ты, ты ўцёк-бы з гары і нікому не сказаў-бы пра разбойнікаў. Ты толькі і здольны на подласці і цярпець не можаш, калі перад табой каго-небудзь хваляць за добры ўчынак. Вось табе! А падзякі не трэба, як казала місіс Дуглас. – І Том выцягаў брата за вушы і выпхаў яго за дзверы. – Цяпер ідзі сабе! А калі паскардзішся цётцы, глядзі, заўтра яшчэ не тое будзе.
Праз некалькі мінут госці ўдавы ўжо сядзелі за сталом і вячэралі: дарослыя за галоўным сталом, а дзеці – побач, за маленькімі бакавымі столікамі, паводле звычаю таго часу і той мясцовасці. За апошняй стравай містэр Джонс сказаў маленькую прамову. Ён падзякваў удаву за гонар, зроблены яму і яго сынам, але ў той-жа час растлумачыў, што ўся заслуга належыць не ім, а трэцяй асобе, скромнасць якой і г. д. і г. д.
Містэр Джонс вельмі ўдала падрыхтаваў слухачоў да раскрыцця сакрэту ўдзелу Гека ва ўсёй гэтай справе, але цікавасць да яго расказу была значна зменшана папярэднім выкрыццём, і здзіўленне выявілася не так шумна, як гэта магло быць пры іншых умовах. Тым не менш місіс Дуглас прытварылася, нібы яна вельмі здзіўлена, і выказала Геку такія пахвалы і такую падзяку, што той бадай забыўся на сваё цёмнае становішча і на новае адзенне, якое перашкаджала яму.
Місіс Дуглас абвясціла, што яна парашыла ўзяць Гека да сябе ў дом і даць яму адукацыю, а потым памагчы яму знайсці сабе які-небудзь занятак.
Тут выступіў Том.
– Гек не мае патрэбы ў гэтым,– сказаў ён. – Гек сам багаты чалавек.
Каб усе госці не былі такога добрага выхавання, яны, безумоўна, сустрэлі-б дружным рогатам гэты наіўны жарт, але і маўчанне вышла досыць няёмкім, і Том паспяшаўся парушыць яго:
– У Гека ёсць свае грошы. Вы можаце не даваць мне веры, але ў яго ёсць куча грошай. Не смейцеся, калі ласка, я вам зараз пакажу. Пачакайце хвілінку!
Том выбег з пакою. Усе з недаўменнем і цікавасцю глядзелі адзін на аднаго і на Гека, але той маўчаў, як забіты.
– Сід, што такое з Томам? – спытала цёця Поллі – Ён... не, з гэтым хлопчыкам ніколі не ведаеш, чаго чакаць. Я за сваё жыццё...
Цёця Поллі не скончыла фразы, бо ўвайшоў Том, згінаючыся пад цяжарам двух мяшкоў. Ён высыпаў на стол кучу золата і ўрачыста ўсклікнуў:
– Во! Што я вам казаў? Палова ўсяго гэтага належыць Геку, а другая мне!
Убачыўшы столькі золата, гледачы затаілі дыханне. Некалькі хвілін ніхто не мог вымавіць ні слова, потым, вядома, усе патрабавалі тлумачэння. Том ахвотна даў яго. Расказ яго быў доўгі, але востра цікавы. Яго амаль не прыпынялі, каб не парушыць ачаравання. Калі ён скончыў, містэр Джонс сказаў:
– Я думаў, што падрыхтаваў для публікі маленькі сюрпрыз, але ў параўнанні з гэтым мой сюрпрыз нічога не варты. Гэта я сам скажу!
Палічылі грошы. Іх аказалася больш за дванаццаць тысяч далараў. Такой сумы адразу ніхто з прысутных і ў вочы не бачыў.
Раздзел XXXIV
Удача, якая трапіла на долю Тома і Гека, у такім глухім гарадку, як Пітэрсборо, зрабіла, вядома, вялізнае ўражанне. Такая вялікая сума грошай ды ўсё чыстым золатам гэта здавалася проста непраўдападобным. Пра знаходку гаварылі, перагаварвалі з захапленнем, а некаторыя абываталі ледзь не страцілі розум ад такога незвычайнага ўзбуджэння.
У Пітэрсборо і ваколічных вёсках ператрэслі ўсе дамы, дзе вадзілася «погань», уздзёрлі кожную дошку з падлогі, капаліся пад фундаментам, шукаючы скарбы,– і не хлопчыкі, а дарослыя мужчыны, да таго-ж людзі сур’ёзныя, паважныя, зусім не лятуценнікі.
Тома з Гекам песцілі, завіхаліся каля іх, дзівіліся на іх, куды-б яны ні з’явіліся. Хлопчыкі не маглі прыпомніць, каб калі-небудзь раней хто-небудзь звяртаў увагу на іхнія словы; цяперака-ж кожная іхняя заўвага паўтаралася ўсімі, як нешта каштоўнае; у кожным іхнім учынку бачылі нешта асаблівае, нібы яны ўжо страцілі здольнасць рабіць і казаць звычайныя рэчы; мала гэтага, нават у ранейшым іхнім жыцці вышуквалі словы і факты, якія-б дзівілі сваёй арыгінальнасцю. У мясцовай газеце надрукаваны былі біяграфіі абодвых хлопчыкаў.
Удава Дуглас палажыла ў банк грошы Гека, а суддзя Тэчэр, па просьбе цёці Поллі, зрабіў тое самае для Тома.
Суддзя Тэчэр адчуў вялікую павагу да Тома. Ён казаў, што звычайны хлопчык ніколі не здолеў-бы вывесці яго дачку з пячоры. Калі-ж Бэкі, пад сакрэтам, расказала бацьку, як Том даў сябе адлупцаваць замест яе ў школе, суддзя быў расчулены, і, калі яна пачала прасіць яго, каб ён не асуджаў Тома за ману, якую яму прышлося сказаць для таго, каб выратаваць яе з бяды і ўскласці гэтую бяду на ўласныя плечы,– суддзя ў захапленні абвясціў, што гэта была высокая, благародная, самаахвярная хлусня. Бэкі ніколі яшчэ не бачыла свайго бацьку такім велічным, як у тую мінуту, калі ён казаў гэта, шпарка шагаючы па пакоі і прытупваючы нагой. Яна зараз-жа пайшла і перадала ўсё Тому.
Суддзя Тэчэр спадзяваўся ўбачыць калі-небудзь Тома вялікім адвакатам ці вялікім палкаводцам. Ён казаў, што паклапаціцца аб тым, каб хлопчыка прынялі ў нацыянальную ваенную акадэмію, а потым, каб ён праслухаў курс у лепшай школе юрыдычных навук і такім чынам падрыхтаваўся да абодвух гэтых кар’ер.
Багацце, якое дасталося Гекльберы Фіну, і пратэктарства ўдавы Дуглас прывялі Гека ў грамадства, не – уцягнулі, уціснулі яго туды сілком, і яго пакуты перавышалі яго сілы. Служанкі ўдавы мылі яго і чысцілі яму адзенне, зачосвалі і прыгладжвалі яму валасы, на ноч укладвалі яго спаць у абсалютна чыстую пасцелю, дзе на прасціне і коўдры не было ніводнай бруднай плямкі, якую ён мог-бы шчыра прыціснуць да свайго сэрца; прымушалі яго есці нажом і вілкай з талерак і місак, карыстацца сарвэткай, вучыцца па кнізе, хадзіць у царкву, гаварыць так зграбна, што ў яго словы застравалі ў роце. Куды ні павярніся, усюды путы і кайданы скоўвалі яго па руках і па нагах, і бар’еры загараджвалі яму дарогу.
На працягу трох тыдняў ён мужна цярпеў свае нягоды, але потым, у адзін добры дзень, знік. Цэлых двое сутак хвалявалася місіс Дуглас, усюды шукаючы яго. Публіка была ў поўным недаўменні. Гека шукалі на горах і ў далінах, вышукалі нават раку, шукаючы яго цела.
Нарэшце, на трэці дзень раніцою Тому Соўэру прышла ў галаву добрая думка – пашукаць у пустых адрынах за пакінутай бойняй, і ў адной з іх ён знайшоў уцекача. Гек спаў. Ён толькі што паснедаў, недзе сцягнутымі аб’едкамі, і цяпер, выкурыўшы люльку, з камфортам адпачываў. Ён быў нямыты, нячосаны і адзеты ў ранейшыя лахманы, якія рабілі яго такім цікавым у тыя дні, калі ён быў яшчэ вольны і шчаслівы. Том пабудзіў яго, расказаў, колькі прыкрасці ён зрабіў усім, і ўгаварваў яго вярнуцца дадому. Твар Гека страціў спакойны выгляд і зрабіўся сумным.
– Не кажы пра гэта, Том,– сказаў ён. – Я прабаваў, але нічога не выходзіць, Том! Не для мяне ўсё гэта, не прывык я да гэтага. Удава добрая да мяне і ласкавая, але не магу сцярпець усіх іхных выдумак! Яна, напрыклад, прымушае мяне ўставаць кожную раніцу ў адзін і той-жа час, мыцца загадвае; усю галаву мне падралі, чэшучы, і спаць мне не дазваляюць у дрывотніку,– калі ласка, лажыся ў ложку А гэта праклятае адзенне! Разумееш, Том, я ў ім проста душуся! Яно, здаецца, не прапускае паветра, і такое яно – чорт бы яго пабраў! – прыгожае, што ў ім нельга ні сесці на зямлю, ні легчы, ні качацца па ёй. Я не катаўся на дзверах скляпоў вось ужо, здаецца, цэлыя гады! Удава есць па званку, кладзецца па званку, устае па званку,– усё так страшэнна правільна, што проста цярпець няма моцы.

Гек зноў шчаслівы.
– Ды ўсюды-ж так, Гек.
– Том, гэта мне зусім усёроўна. Я не ўсюды, і цярпець больш не магу. Гэта проста смерць—быць так звязаным па руках і па нагах. Гэта мяне ў магілу загоніць! Мне ўжо ежа ў горла не лезе. Здаецца, хутка і дыхнуць без дазволу нельга будзе. Мяне прымушаюць гаварыць так мудрона, што ў мяне і наогул гаварыць прапала ахвота. Мне даводзіцца часам ісці на гару, каб добра вылаяцца і пацешыць сваю душу,– а то я не вытрымаў-бы! Удава мне не дазваляе курыць, не дазваляе ні крычаць, ні пазяхаць, ні пацягвацца, ні чухацца пры кім-небудзь. Мне трэба было ўцячы, Том, неабходна было! І потым хутка пачнуцца заняткі ў школе; мажліва, мяне яшчэ і туды пасылаць будуць,– ну, а гэта я зусім не вытрымаю! Бачыш, Том, мабыць багацце не для мяне. Ад яго толькі прыкрасць і непрыемнасці,– проста ўвесь час смерці жадаеш. А вось гэтае рыззё для мяне, і больш з ім разлучацца я не жадаю. Ніколі не здарылася-б са мною такая бяда, каб не гэтыя праклятыя грошы. Том, вазьмі ты сабе, калі ласка, маю долю і карыстайся ёю як сваёй, а мне выдавай часам толькі па дзесяць пенсаў – і то не часта, бо мне падабаецца толькі тое, што не лёгка даецца. А ты за гэта ідзі і адпрасіся за мяне ў удавы.
– Кінь, Гек, ты ведаеш, што я не магу,—гэта нячэсна. І... калі ты пастараешся яшчэ трохі, то потым прывыкнеш.
– Прывыкну? Хіба можна прывыкнуць сядзець на распаленай пліце... Не, Том, не хачу я быць багатым, не хачу жыць у гэтых агідных вылізаных дамах. Я люблю лес, рэчку, люблю начаваць у бочках, – вось гэта для мяне. Акурат цяпер, калі ў нас ёсць і стрэльбы, і пячора, і ўсё, што патрэбна для разбою,– трэба-ж было трапіць гэтым грошам і ўсё папсаваць.




























