Текст книги "Прыгоды Тома Соўэра"
Автор книги: Марк Твен
Жанр:
Зарубежная классика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 11 страниц)
Усё гэта вельмі ўпрыгожыла яго выгляд, але сам ён сароміўся і адчуваў сябе неяк няёмка: не прызвычаіўся ён бачыць сябе памытым і чыстым,– гэта перашкаджала яму. Ён спадзяваўся, што Мэры забудзецца на боты, але надзея гэта была дарэмная: Мэры вымазала іх, як водзіцца, жырам і прынесла яму, каб ён надзеў. Тут ён не сцярпеў і пачаў скардзіцца, што яго заўсёды прымушаюць рабіць тое, чаго ён не хоча рабіць. Але Мэры пераканаўча сказала:
– Ну, калі ласка, Том,– не будзь-жа дурны!
І ён, бармочучы, нацягнуў на ногі боты. Мэры таксама хутка ўбралася, і ўсе трое адправіліся ў нядзельную школу, якую Том ненавідзеў усім сэрцам, а Сід і Мэры любілі.
Заняткі ў школе адбываліся ад дзевяці да паловы адзінаццатай; потым пачыналася царкоўная служба. Мэры і Сід заўсёды добраахвотна заставаліся паслухаць пропаведзь пастара, а Том заставаўся супроць волі.
***
Каля паловы адзінаццатага зазваніў шчарбаты звон маленькай царквы, і зараз-жа пачаў збірацца народ да ранішняй пропаведзі. Вучні нядзельнай школы размясціліся па розных кутах царквы, сядаючы каля сваіх бацькоў, каб увесь час быць пад наглядам. Побач з цёцяй Поллі паселі Том, Сід і Мэры; пры гэтым Тома пасадзілі падалей ад расчыненага акна – ад спакуслівых летніх відаў і сцэнак.
Царква патроху напаўнялася. Прышоў паджылы бядняк-поштмэйстэр, які раней бачыў лепшыя дні; прышоў гарадскі галава са сваёй жонкай – у ліку іншых бескарысных рэчаў у гарадку быў і гарадскі галава – і міравы суддзя, і ўдава Дуглас, прыгожая, прыбраная жанчына гадоў пад сорак, добрая, шчодрая і лагодная. Яе дом на ўзгорку быў не дом, а палац, адзіны палац у гарадку; да таго-ж гэта быў гасцінны палац, дзе наладжваліся самыя раскошныя святкаванні. Прышоў адвакат Рыверсон, новы арыстакрат з ваколіцы; з’явілася мясцовая красуня; нарэшце, апошнім прышоў узорны хлопчык Віллі Макферсон, які ахоўваў сваю маці так старанна, нібы яна была шкляная. Ён заўсёды прыводзіў з сабою ў царкву сваю маці, і ўсе мамы ставілі яго ў прыклад сваім сынам. А хлопчыкі – усе да апошняга ненавідзелі яго за тое, што ён такі добры, а галоўнае за тое, што яго ўзорнасцю заўсёды ім «тыкаюць у нос». З кішэні яго, нібы выпадкова, вытыркаўся кончык насавой хустачкі. У Тома насавой хустачкі не было, і тых хлопчыкаў, якія мелі гэтую прыналежнасць туалета, ён лічыў фарсунамі.

Узорны хлопчык.
Пастар пачаў з гімна, які ён прачытаў з завываннем, улюбёным у тутэйшых месцах. Ён пачынаў на сярэдніх нотах, і, паступова падвышаючы голас, даходзіў да высокіх, рабіў націск на перадапошнім слове і раптам, нібы ныраючы, спускаў тон:
Няўжо-ж на ложку з кветак я буду
адпачываць,
Калі мой блізкі прызначаны змагацца
пакутваць!
У часе малітвы ўвагу Тома прыцягнула муха, якая села на спінку лаўкі перад ім. Гэтая муха нібы здзеквалася з яго: яна так спакойна церла адну аб адну свае маленькія лапкі, ахапляла імі галаву і паліравала яе так старанна, што галава, здаецца, аддзялялася ад цела і відаць была тоненькая нітачка шыі; потым заднімі ножкамі яна чысціла і скрэбла крылкі і разгладжвала іх, нібы складкі фрака, каб яны ямчэй ахаплялі цела; і ўвесь свой туалет яна рабіла не спяшаючыся, спакойна і ўпэўнена, нібы ведала, што ёй нішто не пагражае, бо Том, хоць яму і свярбелі рукі цапнуць муху,– не адважыўся гэта зрабіць у часе малітвы. Але як толькі пастар дайшоў да апошніх заключных слоў, рука Тома сама выгнулася наперад; калі-ж пачулася «аман»,– муха была ўжо злоўленая. Але цётка ўбачыла гэты манеўр і прымусіла Тома выпусціць муху.
Пастар скончыў малітвы і аднастайным гамзатым голасам пачаў пропаведзь, да таго нудную, што хутка многія ўжо дзюбалі носам, не гледзячы на тое, што прапаведнік пагражаў грэшнікам кіпучай серай і смалой, а лік абраных, якім прызначана вечнае шчасце, даводзіў да такой маленькай лічбы, што выходзіла: такую жменьку праведнікаў не варта было і ратаваць.
Пакуты Тома аднавіліся. Раптам ён успомніў, што ў яго ў кішэні ляжыць вялікі скарб, і паспяшаўся дастаць яго. Гэта быў вялікі чорны жук з моцнымі сківіцамі – жук «кусака», як называў яго Том. Жук быў схаваны ў каробачку ад пістонаў. Калі Том адчыніў каробачку, жук у першую чаргу ўкусіў яго за палец. Зразумела, хлопчык пстрычкай адкінуў яго прэч, а пакусаны палец засунуў у рот. Жук упаў на спіну і бездапаможна круціўся, спрабуючы перавярнуцца. Том глядзеў на яго і прагнуў атрымаць яго назад, але ён ляжаў далей, як можна было дастаць. Затое ён паслужыў забавай для многіх з тых, хто не паспеў зацікавіцца пропаведдзю і сачыў цяпер за намаганнямі жука стаць на лапкі.
Але вось у царкву выпадкова забраўся пудэль, журботны, стомлены летняй гарачынёй і цішынёй; знудзіўшыся сядзець дома, ён шукаў забаў і новых уражанняў. Калі ён убачыў жука, яго панура апушчаны хвост адразу падняўся і завіляў. Ён доўга вывучаў здабычу, хадзіў вакол яе, здалёк абнюхваў; потым асмеліўся, падышоў бліжэй; потым разявіў рот, хацеў схапіць жука – і не патрапіў; паўтарыў спробу, яшчэ і яшчэ; відаць, гэта яму спадабалася; ён лёг на жывот, так што жук прышоўся яму між лап, і зноў пачаў рабіць свае спробы. Нарэшце гэта яму абрыдала, ён супакоіўся, забыўся на жука і нават пачаў драмаць; галава паступова апусцілася, і падбародак дакрануўся да ворага, які зараз-жа ўкусіў яго. Пудэль візгнуў, матнуў галавой, і жук адляцеў ад яго на два крокі і зноў паваліўся на спіну.

Вось што значыць забаўляцца ў царкве!
Тыя, хто сядзеў бліжэй і бачыў усё гэта,– аж трэсліся ад стрыманага смеху; некаторыя схавалі свае твары за веярамі і насавымі хусткамі, і Том быў зусім шчаслівы.
У пудэля быў дурны выгляд,– відаць, ён і сам адчуваў, што застаўся дурнем, але ў той-жа час яго сабачае сэрца карцела ад крыўды і жадання помсты. Таму ён падышоў да жука і асцярожна распачаў атаку: наскокваў на жука з усіх бакоў, ледзь не кранаючы ворага пярэднімі лапамі, ляскаў на яго зубамі і матаў галавой так, што пляскалі вушы. Але ўрэшце гэта яму зноў абрыдала; ён паспрабаваў-быў пагуляць з мухай, але гэта не здалося яму досыць цікавым; пасачыў за мурашкай, прыціскаючы нос да самай падлогі, але і тут хутка знудзіўся, пазяхнуў, уздыхнуў і – зусім забыўшыся на жука – усеўся на яго...
Што тут адбылося! Пудэль дзіка заскавытаў і пачаў кідацца па царкве; перад самым алтаром перабег на другі бок, стралой панёсся да дзвярэй, ад дзвярэй – назад, не спыняючы брахаць і скуголіць, бо жук уеўся яму ў жывот і не разнімаў свае сківіцы; чым больш сабака кідаўся, тым мацней быў боль, і нарэшце пудэль ператварыўся ў нейкую лахматую камету, якая круцілася па сваёй арбіце з неймавернай хуткасцю. Скончылася тым, што ашалелы пудэль кінуўся ўбок і ўскочыў на калены свайму гаспадару, а той выкінуў яго праз акно.
Усе сядзелі чырвоныя, ледзь стрымліваючыся, каб не зарагатаць голасна. Нават прапаведнік збіўся з панталыку і хаця зараз-жа аднавіў сваю прамову, але цяпер гаварыў ужо нягладка, запінаючыся, адчуваючы, што ўсёроўна шансы на поспех страчаны, бо нават на самыя сур’ёзныя яго фразы слухачы, хаваючыся за спінкамі лавак, адгукаліся толькі прыдушанымі выгукамі самай паганай вясёласці, нібы прапаведнік сказаў нешта надзвычайна забаўнае.
Усе ўздыхнулі з палягчэннем, калі гэтая пакута скончылася, і пастар сказаў «аман».
Том Соўэр ішоў дадому вясёлы, кажучы сабе, што і царкоўная служба часам можа быць не надта ўжо нуднай, калі толькі ўнесці ў яе некаторую рознастайнасць. Адно толькі псавала яго радасць: ён нічога не меў супроць таго, каб пудэль пагуляў з яго жуком,– але навошта-ж было зусім забіраць яго? Гэта ўжо нядобрасумленна.
Раздзел V
У панядзелак Том Соўэр прачнуўся зусім няшчасным. З ім заўсёды так было па панядзелках, бо гэтым днём пачынаўся тыдзень новых пакут у школе. Ён нават шкадаваў, што ўчора было свята, бо пасля волі зварот у няволю быў яшчэ цяжэйшым.
Том ляжаў і думаў. Раптам ён адчуў, што хоча захварэць, каб застацца дома і не хадзіць у школу. Сапраўды, ці нельга на што-небудзь захварэць? Ён даследваў сябе,– нідзе не баліць. Памацаў сябе яшчэ раз. На гэты раз яму здалося, нібы ў яго пачынае калоць у жываце, і ён узрадаваўся, спадзяючыся, што боль узмацніцца. Але боль, наадварот, пачаў сцішацца і паступова зусім знік.
Том зноў пачаў меркаваць і раптам успомніў, што ў яго хістаецца зуб. Гэта было вельмі дарэчы; ён ужо збіраўся «завыць як сабака», але раптам яму прышло ў галаву, што калі ён скажа пра зуб, то цётка возьме ды і вырве яму зуб,– а гэта балюча. Таму ён парашыў, што зуб лепш пакінуць на запас і пашукаць чаго-небудзь іншага.
Некаторы час нічога не знаходзілася. Потым ён успомніў, як доктар расказваў пра адну хваробу, якая палажыла хворага ў ложак на тры тыдні ды яшчэ пагражала стратай пальца. Хлопчык паспешна выцягнуў з-пад коўдры вялікі палец і пачаў яго аглядаць. Але ён не ведаў, якія адзнакі гэтай хваробы. У кожным разе паспрабаваць варта было-б, і ён пачаў енчыць.
Але Сід спаў.
Том застагнаў яшчэ больш, і яму здалося, што палец у яго сапраўды баліць.
Сід не адгукаўся.
Том нават запыхаўся ад намаганняў. Ён адпачыў крыху, набраў паветра ў лёгкія і выпусціў некалькі дасканалых енкаў.
Сід толькі хроп.
Гэта злавала Тома. Ён паклікаў: «Сід! Сід!» і тузануў брата за плячо. Гэта падзейнічала, і Том зноў застагнаў. Сід пазяхнуў, пацягнуўся, прыпадняўся на лакцю, засоп і ўтаропіўся на Тома. Той усё енчыў. Сід гукнуў яго:
– Том! Слухай, Том!
Адказу не было.
– Ты чуеш, Том? Том, што з табой?
І Сід у сваю чаргу тузануў брата. трывожна ўглядаючыся яму ў твар.
Том жаласна прастагнаў:
– Пакінь, Сід, не чапай мяне!
– Ды што з табой, Том? Я паклікаю цёцю.
– Не, не трэба. Можа гэта пройдзе. Нікога не клікай. Не трэба.
– Ну вось яшчэ! Вядома, паклікаю. Ды не стагні ты так! Гэта-ж жах! Даўно гэта з табой?
– Некалькі гадзін. Ой! Калі ласка, не торгай мяне, Сід! Ты мяне заморыш.
– Чаму-ж ты раней не разбудзіў мяне? Том, браток, не стагні так: мяне аж мароз дзярэ па скуры. Што ў цябе баліць?
– Я ўсё табе дарую, Сід! (Стогн.) Усё, што ты зрабіў мне дрэннага. Калі мяне не будзе...
– О, Том, няўжо-ж ты паміраеш? Том, родненькі, не памірай! Не трэба. Можа...
– Я ўсім дарую, Сід! (Стогн.) Скажы ім гэта. Я маю рамку ад акна і аднавокае кацянё аддай той дзяўчынцы, што нядаўна прыехала, і скажы ёй...
Але Сід схапіў сваё адзенне і знік. Том так старанна ўяўляў сябе хворым, што сапраўды ўжо хварэў, і стогн яго быў зусім натуральны.
Сід імчаўся ўніз па лесвіцы і крычаў:
– Цёця Поллі, ідзіце хутчэй! Том памірае!
– Памірае?
– Але! Чаго-ж вы чакаеце? Ідзіце хутчэй!
– Глупства! Не веру!
Але тым не менш яна ўжо бегла нагару, а Сід і Мэры за ёй. І твар у яе зрабіўся зусім бледны, і губы дрыжэлі. Падбегшы да пасцелі Тома, яна ледзь магла прамовіць:
– Том, любы, што з табой?
– Ох, цёця, я...
– Што з табой, дзіця маё?
– Ох, цёця, у мяне антонаў агонь у пальцы.
Старая ўпала на крэсла і засмяялася, потым заплакала, потым зноў засмяялася і заплакала.
Ад гэтага ёй палягчэла, і яна сказала:
– Ну і напалохаў-жа ж ты мяне! А цяпер досыць: кінь гэтыя глупствы і ўставай!
Стогны спыніліся, і палец адразу-ж перастаў балець. Хлопчык, крыху засаромлены, паясніў:
– Цёця Поллі, мне здавалася, што ён зусім здрантвеў. І ён так балеў, што я нават забыўся на зуб.
– Бач, якая справа! А што ў цябе з зубам?

Цёця – зубны доктар
– Адзін зуб хістаецца і страшэнна баліць, аж цярпець нельга.
– Ну, годзе, годзе, а то зноў пачнеш стагнаць. Адчыні рот! Так, зуб сапраўды хістаецца, але з гэтага не паміраюць. Мэры, прынясі мне шаўкавінку і галавешку з кухні!
– Цётачка, не трэба,– ён ужо не баліць! Я не буду стагнаць, нават калі ён і зноў забаліць. Я і выгляду не падам. Калі ласка, цёця, не трэба! Я не хачу сядзець дома, я хачу ісці ў школу.
– А-а, дык вось яно што! Ты ўсю гэтую гісторыю выдумаў толькі для таго, каб не ісці ў школу, а замест таго ісці вудзіць рыбу? Ах, Том, Том, я так цябе люблю, а ты нібы наўмысля робіш мне розныя брыдоты, псуеш маё старое сэрца.
Тымчасам прынеслі прылады для зубадрання. Цёця Поллі зрабіла пятлю на канцы шаўкавінкі, надзела яе на хворы зуб і моцна сцягнула, а другі канец прывязала да ложка; потым схапіла палаючую галаўню і сунула яе ў твар хлопчыку. Міг – і зуб павіснуў на нітцы ля ложка.
Але ўсе пакуты так або іначай узнагароджваюцца. Калі Том, паснедаўшы, з’явіўся ў школу, усе таварышы зайздросцілі яму, бо пустата, якая стварылася ў верхнім радзе яго зубоў, дазваляла яму пляваць зусім новым і незвычайным спосабам. За ім хадзіла цэлая чарада дзетвары, зацікаўленая такой з’явай: адзін хлопчык, які парэзаў сабе палец і да гэтага часу карыстаўся агульнай увагай і пашанай,– цяпер адразу страціў усіх сваіх прыхільнікаў, і слава яго змеркла. Ён быў вельмі пакрыўджаны і з няшчырай пагардай абвясціў, што нічога не варта так плявацца, як Том Соўэр; але другі хлопчык адказаў на гэта: «а ну, паспрабуй!» – і той адышоў, як развенчаны герой.
Неўзабаве пасля таго Том сустрэўся з Гекльберы Фінам, сынам усім вядомага ў горадзе п’яніцы. Усе мамы ў горадзе шчыра ненавідзелі Гекльберы і разам з тым баяліся яго, бо ён быў гультай, брыдкі, невыхаваны і не прызнаваў ніякіх законаў. Том, як і іншыя хлопчыкі з «прыстойных» дамоў, зайздросціў адрынутаму Гекльберы, які мог увесь дзень нічога не рабіць. Тому таксама было сурова забаронена гуляць з гэтым абадранцам, але акурат таму ён і карыстаўся кожным выпадкам, каб пагуляць з ім.
Гекльберы апранаўся ў неданоскі з плеч дарослых людзей; вопратка яго ва ўсе пары году квітнела рознакаляровымі плямамі і вісела лахманамі. Капялюш яго быў зусім разбураны: ад яго (палёў звешваўся ўніз вялікі кавалак у выглядзе поўмесяца. Куртка на ім даходзіла яму да пят, і заднія гузікі размясціліся куды ніжэй спіны. Штаны трымаліся нямаведама як і спускаліся ззаду вялізным пустым мехам, а ў нізе валакліся па зямлі памялом. Гекльберы быў вольнай птушкай, бадзяўся, дзе хацеў, у добрае надвор’е начаваў дзе-небудзь ля чужога ганка, а ў дрэннае,– у пустых бочках. Яго не прымушалі хадзіць у школу і ў царкву, яму не было каго слухацца, над ім не было гаспадара.
Ён мог вудзіць рыбу ці купацца, калі і дзе хацеў, і сядзець у вадзе, колькі ўлезе. Ніхто не забараняў яму біцца. Клаўся спаць ён, калі хацеў, хоць сярод ночы. Увесну ён першы з усіх хлопчыкаў пачынаў хадзіць босы і ўвосень апошні надзяваў скураныя боты. Яму не трэба было ні мыцца, ні надзяваць чыстае адзенне, і лаяўся ён дасканала. Словам, гэты хлопчык меў усё тое, што надае вартасць жыццю. Так думалі ўсе затузаныя, скаваныя «добрым выхаваннем» хлопчыкі з «прыстойных дамоў» ў Пітэрсборо.

Гэк у сябе на кватэры.
Том гукнуў мілага валацугу:
– Эй, Гекльберы! Хадзі сюды!
– Сам ідзі, калі хочаш!
– Што гэта ў цябе?
– Здохлы кот.
– Дай, братка, паглядзець! Бач ты, зусім здрантвеў. Дзе ты яго здабыў?
– Купіў у аднаго хлопчыка.
– Што даў?
– Сіні білецік і бычыны пузыр, які дастаў на бойні.
– А дзе ты ўзяў сіні білецік?
– Купіў у Бэна Роджэрса два тыдні назад за пугу.
– Слухай, Гек, а на што можа спатрэбіцца мёртвы кот?
– На што патрэбны? А бародаўкі знішчаць.
– Ну? Няўжо? Я ведаю спосаб лепшы.
– Давай спрачацца, што не. Якое?
– Гнілая вада.
– Гнілая вада! Нікуды яна не варта, твая гнілая вада.
– Не варта?! А ты калі-небудзь прабаваў знішчаць ёю бародаўкі?
– Не, не прабаваў. А Боб Танер прабаваў.
– Адкуль ты гэта ведаеш?
– Ён казаў Джэфу Тэчэру, а Джэф – Джонні Бэкеру, а Джонні – Джыму Холмсу, а Джым – Бэну Роджэрсу, а Бэн – аднаму негру, а негр – мне. Вось і ведаю.

Гекльберы Фін.
– Ну, дык што з таго? Усе яны хлусяць. Прынамсі ўсе, апрача негра, бо я яго не ведаю. Але я яшчэ не бачыў негра, які-б не маніў. Глупства!.. Цяпер ты мне скажы, як знішчаў бародаўкі Боб Танер?
– Ды так, узяў ды абмакнуў руку ў дажджавую ваду, што набралася ў гнілым дупле.
– Сярод белага дня?
– Вядома.
– Стаяць тварам да пня?
– Але. Прынамсі, так я памятаю.
– Гаварыў ён што-небудзь пры гэтым?
– А гэтага ўжо не ведаю.
– Ага! Як будзеш знішчаць бародаўкі гнілой вадой, калі не ведаеш, як прыступіцца да справы! З такога глупства, вядома, нічога не выйдзе. Трэба пайсці аднаму ў самую пушчу, зазначыць мясцінку, дзе ёсць такі пень з дажджавой вадой, і роўна а поўначы, стаўшы спіной да пня, апусціць руку ў ваду, прыгаварваючы:
Ячмень-зерне, ячмень-зерне, рассыпся мукою,
Гніль-вада, гніль-вада, вазьмі мае бародаўкі!
«А потым трэба хуценька адыйсці на адзінаццаць крокаў, заплюшчыўшы вочы, і пасля таго тры разы павярнуцца на месцы і па дарозе дадому ні з кім не гаварыць. Калі ты скажаш хоць адно слова, усе чары прападуць».
– Так, яно падобна на праўду, толькі Боб Танер рабіў не так.
– Ды ўжо-ж пэўна не так! Ён з усіх рэбят у горадзе самы барадаўчаты. Ну, а як іх знішчаць здохлымі катамі?
– А вось як. Вазьмі ката і ідзі з ім на могілкі, каля поўначы, на такое месца, дзе пахаваны які-небудзь злы чалавек, і вось у поўнач з’явіцца чорт, а можа – і два, і тры; але ты іх не ўбачыш, толькі пачуеш, нібы вецер зашуміць, а можа і пачуеш, як яны будуць размаўляць паміж сабой. І калі яны павалакуць мерцвяка, ты кінь ім услед ката і скажы: «Чорт за мерцвяком, кот за чортам, бародаўкі за катом,– тут і справе канец, а мне вось больш не трэба!» Ад гэтага кожная бародаўка знікне.
– Выходзіць, што так. Ты калі-небудзь прабаваў, Гек?
– Не, мне старая цётка Гопкінс казала.
– Ну, калі так, значыцца, праўда: кажуць, яна вядзьмарка.
– Кажуць! Ды я напэўна ведаю, што яна чараўніца. Яна бацьку сапсавала. Бацька сам казаў. Раз ён ідзе і бачыць, што яна на яго «напушчае». Ён узяў камень ды і кінуў у яе, яна ўхілілася. І што-ж ты думаеш: у гэтую самую ноч ён скаціўся з павеці, дзе спаў п’яны, і зламаў сабе руку.
– Якія жахі! Але як-жа ж ён пазнаў, што яна на яго «напушчае»?
– Ну вось яшчэ! Бацька казаў, што пазнаць – плёвая рэч. Бацька кажа: калі які чалавек на цябе пільна глядзіць, ды яшчэ пры гэтым мармоча сам сабе,– абавязкова псоту напушчае. Таму, калі чараўнік мармоча сам сабе, гэта азначае – ён малітву чытае наадварот.
– Слухай, Гек, ты калі будзеш прабаваць з катом?
– Сёння ноччу. Я так думаю, чэрці абавязкова прыдуць па старога Вільямса.
– Ды яго-ж яшчэ ў суботу пахавалі, Гек. Яны, мусіць, ужо пацягнулі яго ў суботу ўначы.
– Ну, што ты гаворыш? Як-жа ж яны маглі пацягнуць яго перад поўначчу? А з поўначы ўжо падышла нядзеля. Я нешта не чуў, каб чэрці маглі вольна швэндацца па зямлі ў нядзелю.
– Гэта праўда. Я аб гэтым не падумаў. Возьмеш мяне з сабой?
– Вядома, калі ты не баішся.
– Баюся! Ну вось яшчэ! Ты мяўкнеш пад акном?
– Добра, і калі табе можна выйсці, ты сам мяўкні ў адказ. А то мінулы раз ты столькі пратрымаў мяне дарма. Ужо-ж я мяўкаў, мяўкаў, пакуль стары Гейс не пачаў кідаць у мяне каменнем, кажучы: «Чорт-бы пабраў гэтую кошку!» За гэта я пабіў яму акно цэглай,– толькі ты нікому не кажы.
– Добра, У тую ноч я не мог мяўкаць: цёця ўвесь час сачыла за мной. Але сёння я абавязкова мяўкну. Слухай, Гек, што гэта ў цябе?
– Ды нічога такога,– клешч.
– Дзе ты яго ўзяў?
– А ў лесе.
– Што возьмеш за яго?
– Не ведаю. Мне неахвотна яго прадаваць.
– Як хочаш. Ды і клешч малюсенькі.
– Ужо-ж! Чужое заўсёды стараюцца зганіць. А мне і такі клешч добры. Для мяне і гэтага досыць.
– Кляшчоў у лесе колькі хочаш. Я мог-бы набраць тысячу, каб захацеў.
– Зачым-жа ж справа стаіць? Чаму-ж ты не ідзеш у лес? Ага! сам ведаеш, што гэта табе не ўдалося-б. А я табе скажу, што гэты клешч вельмі ранні, першы, якога я знайшоў сёлета.
– Слухай, Гек, я табе дам за яго свой зуб.
– Дай паглядзець!
Том дастаў паперку і асцярожна разгарнуў яе. Гекльберы ўважліва агледзеў зуб. Спакуса была вялікая. Нарэшце ён спытаўся:
– Гэта сапраўдны?
Том падняў верхнюю губу і паказаў дзірку.
– Ну, добра,– па руках.
Том палажыў кляшча ў карабок ад пістонаў, які яшчэ нядаўна служыў турмой жуку, і хлопчыкі разышліся, кожны адчуваючы сябе багацейшым.
Дайшоўшы да маленькага дома, дзе змяшчалася школа, Том шпарка ўвайшоў з выглядам чалавека, які добрасумленна спяшаецца на лекцыі, павесіў шапку на цвік і з працавітай спешкай сеў на лаўку. Настаўнік сядзеў на высокім шчарбатым крэсле і спакойна драмаў пад ціхі гул галасоў. Прыход Тома разбудзіў яго.
– Томас Соўэр!
Том ведаў, што калі настаўнік называе яго поўным імем, дык добрага чакаць ад гэтага нельга.
– Сэр?
– Хадзі сюды! Ну, сэр, чаму вы сёння зноў спазніліся?
Тому лёгка было-б выкруціцца, зманіць, але ён збіўся з панталыку і, не падумаўшы, адказаў:
– Я спыніўся пагутарыць з Гекльберы Фінам.
У настаўніка аж дух захапіла; ён збянтэжана азіраўся навакол. Гудзенне сціхла. Школьнікі дзівіліся, ці не звар’яцеў гэты смяльчак. Настаўнік пачаў:
– Ты... ты што зрабіў?
– Я спыніўся пагутарыць з Гекльберы Фінам. Памыліцца ў сэнсе гэтых слоў было немагчыма.
– Том Соўэр, гэта самае незвычайнае прызнанне, якое я чуў на сваім вяку. За такую дзёрзкасць мала лінейкі. Здымай куртку!
Рука настаўніка працавала, пакуль не змарылася. Пук лазы зменшыўся значна. Потым быў загад:
– Цяпер ідзі і садзіся з дзяўчатамі! І хай гэта паслужыць табе навукай.
Хіхіканне, якое чулася ў класе, збянтэжыла хлопчыка, і ён сеў побач з той незнаёмай дзяўчынкай, перад якой ён столькі «фігураваў» у суботу. Дзяўчынка трасанула галоўкай і адсунулася ад яго. Том сядзеў ціха, абапёршыся на парту, і, здаецца, старанна чытаў. Праз некаторы час ён перастаў быць цэнтрам агульнай увагі, і клас зноў напоўніўся звычайным школьным гудзеннем. Тады Том пачаў цішком пазіраць на суседку. Тая заўважыла гэта, скрывіла твар і на хвіліну павярнулася да яго спіной. Калі-ж яна асцярожна зноў павярнулася да яго тварам, перад ёю ляжаў персік. Дзяўчынка адштурхнула яго. Том зноў ціханька пасунуў. Яна зноў адсунула, але ўжо не так варожа. Том цярпліва палажыў персік зноў на месца,– і яна пакінула яго там. Том накрэмзаў на грыфельнай дошцы: «Калі ласка, вазьміце,– у мяне ёсць яшчэ». Дзяўчынка паглядзела на дошку, але нічога не адказала. Хлопчык зноў пачаў нешта крэмзаць, засланяючыся ад яе левай рукой. Дзяўчынка спачатку прыкідвалася, што не звяртае ўвагі, але потым прыродная чалавечая цікавасць пачала, відаць, прачынацца ў ёй. Хлопчык крэмзаў, нібы нічога не бачыў. Дзяўчынка паспрабавала зірнуць, што ён піша, але так, каб не вельмі сябе выдаць. Том зноў-жа не падаў знаку, што ён заўважыў яе цікавасць. Нарэшце яна не вытрымала і нерашуча шапнула:
– Дайце паглядзець!
Том паказаў частку досыць карыкатурнага рысунка дома з пакатым дахам і дымам, які высоўваўся з коміна, як пробачнік. Дзяўчынка паступова зацікавілася яго работай і забылася на ўсё ў свеце. Калі Том скончыў, яна доўга глядзела, а потым шапнула:
– Якое хараство! Цяпер нарысуйце чалавека.
Мастак паставіў на дварэ перад домам чалавека, падобнага на пад'ёмны кран, і такога высокага, што ён мог-бы пераступіць цераз дом. Але дзяўчынка не належала да суровых крытыкаў. Яна задаволілася вырадкам і прашаптала:
– Які прыгожы! Цяпер нарысуйце мяне побач з ім. Том нарысаваў пясочны гадзіннік, зверху прыладзіў да яго поўны месяц, дадаў саламяныя ручкі і ножкі і ў растапыраныя пальцы ўлажыў вялізны веер. Дзяўчынка сказала:
– І гэта таксама прыгожа. Хацела-б я ўмець рысаваць.

– Гэта не цяжка,– шапнуў Том. – Я вас навучу.
– Ну, праўда? Калі?
– На вялікім перапынку. Вы пойдзеце дадому абедаць?
– Магчыма, не пайду.
– Добра. Як вас завуць?
– Бэкі Тэчэр. А вас? Але-ж я ведаю,– Томас Соўэр.
– Мяне называюць так перад тым, як караць. Калі-ж я добра трымаю сябе, мяне клічуць проста Том. Вы будзеце мяне зваць Том, так?
– Так.
Том зноў пачаў нешта пісаць на дошцы, хаваючы ад дзяўчынкі напісанае. Але цяпер ужо яна не адсоўвалася, а прасіла паказаць. Том адмаўляўся:
– Там нічога няма.
– Не, ёсць!
– Не, няма. Ды вам і глядзець зусім не хочацца.
– Не, хочацца, сапраўды хочацца. Калі ласка, пакажыце!
– Вы каму-небудзь скажаце.
– Не скажу, чэснае слова, не скажу!
– Нікому, ні адной жывой душы? Пакуль жывыя?
– Нікому не скажу. Пакажыце-ж!
– Ды вам-жа ж зусім і не хочацца...
– Калі вы такі ўпарты, Том, я ўсёроўна ўбачу.
І яна палажыла сваю маленькую ручку на яго руку. Пачалася лёгкая барацьба. Том рабіў выгляд, нібы сур’ёзна ўпінаецца, але пакрыху адсоўваў сваю руку, і нарэшце адкрыліся словы: «Я вас кахаю!»
– Ах, які вы брыдкі! – і дзяўчынка досыць балюча ўдарыла яго па руцэ, але пачырванела не без прыемнасці.
У гэты самы момант Том адчуў, што караючая рука моцна ўхапіла яго за вуха і прыпадымае з лаўкі. Такім чынам яго павялі праз увесь клас, на другі бок, і пасадзілі на яго ўласнае месца, пры агульных насмешках вучняў. Некалькі жудасных хвілін стаяў настаўнік над ім, не кажучы ні слова, потым таксама моўчкі пайшоў да свайго трона.
Калі школа супакоілася, Том добрасумленна хацеў прымусіць сябе займацца, але для гэтага ён быў надта ўсхваляваны. У часе чытання ён блытаў словы, на геаграфіі ператвараў азёры ў горы, горы ў рэкі, а рэкі ў астравы, так што выходзіў першабытны хаос, які быў перад стварэннем свету. У дыктоўцы ён нарабіў безліч памылак у самых простых словах,– адным словам, спусціўся да апошняга вучня і вымушан быў уступіць другому бляшаную мядальку, якую ён з гонарам насіў некалькі месяцаў.
Раздзел VI
Чым больш Том стараўся прыкаваць сваю ўвагу да кнігі, тым больш раскідваліся яго думкі, так што нарэшце, уздыхнуўшы і зяхнуўшы, ён перастаў старацца. Яму здавалася, што вялікі перапынак ніколі не прыдзе. У паветры стаяла мёртвая ціша – ні гуку, ні дыхання. З усіх снатворных дзён гэты быў самы снатворны. Усыпляючае мармытанне дваццаці пяці школьнікаў, паўтараючых заданне, баюкала душу, як чароўнае гудзенне пчол.
Том усім сэрцам прагнуў вырвацца на волю, або хоць знайсці што-небудзь цікавае, каб запоўніць час, які цягнуўся так нудна. Ён сунуў руку ў кішэню, і твар яго раптам асвятліўся радасцю. Ён цішком выцягнуў з кішэні карабок, вынуў кляшча і палажыў яго на даўгую плоскую парту. Клешч у гэты момант пэўна адчуў удзячнасць, але не надоўга: бо як толькі ён задумаў уцячы, Том булаўкай павярнуў яго назад.
Побач з Томам сядзеў яго сардэчны прыяцель, які нудзіўся не менш за яго. Ён вельмі ўзрадваўся такой забаве і адразу зацікавіўся ёю. Сардэчнага прыяцеля звалі Джо Гарпер. Хлопчыкі ўвесь тыдзень былі неразлучныя, а ў святы ваявалі адзін супроць аднаго на чале двух варожых армій. Джо таксама выцягнуў з курткі булаўку і пачаў памагаць прыяцелю ганяць кляшча. Абодва чым далей, тым больш захапляліся гэтым заняткам. Нарэшце Том абвясціў, што яны толькі перашкаджаюць адзін аднаму і ніводзін не атрымоўвае поўнага задавальнення. Ён палажыў на парту грыфельную дошку таварыша і правёў пасярэдзіне лінію зверху данізу.
– Угавор такі: пакуль клешч будзе на тваім баку, ты можаш ганяць яго куды хочаш, а я ўжо не буду чапаць яго, але-ж, калі ты яго ўпусціш і ён уцячэ да мяне, тады ўжо ты яго не чапай, пакуль ён зноў не пяройдзе на твой бок. Згодзен?
– Добра. Давай пачынаць!
Клешч вельмі хутка ўцёк ад Тома і перайшоў экватар. Джо доўга важдаўся з ім, а потым клешч і ад яго ўцёк, вярнуўся назад. Гэтыя пераходы паўтараліся некалькі разоў. Пакуль адзін хлопчык ганяў кляшча, цалкам захоплены гэтым цікавым заняткам, другі з не меншай цікавасцю, сачыў за ім. Абодва схілілі галовы над дошкай і забыліся на ўвесь свет.
Нарэшце шчасце, відаць, назусім перайшло на бок Джо. Клешч, узбуджаны і ўсхваляваны не менш за саміх хлопчыкаў, кідаўся туды і сюды, але кожны раз, як толькі ён збіраўся перайсці да Тома і ў таго свярбелі рукі, каб пачынаць, Джо булаўкай спрытна заварочваў кляшча ў другі бок і пакідаў яго за сабой. Том нарэшце не вытрымаў: надта ўжо вялікая была спакуса. Ён працягнуў руку і сваёй булаўкай загарадзіў дарогу кляшчу. Джо ўскочыў, як ашпараны:
– Том, не чапай!
– Я хачу толькі крыху падагнаць яго, Джо!
– Гэта нячэсна, сэр! Пакінь яго ў спакоі!
– Ды ну цябе,– я-ж трошкі.
– Пакіньце кляшча ў спакоі, гавораць вам!
– Не жадаю.
– Ты не маеш права чапаць: ён на маім баку.
– А клешч чый?
– Мне ўсёроўна, чый ён,– ён на маім баку, і ты не маеш права яго чапаць!
– Што? Не маю права!? Клешч мой, і я магу рабіць з ім, што захачу!
У гэты момант Том атрымаў здаравенны ўдар па спіне; другі такі-ж удар трапіў у плячо Джо, а потым на працягу двух мінут настаўнік з вялікай стараннасцю выбіваў пыл з куртак, а школа ўся рагатала. Хлопчыкі былі так захоплены сваёй гульнёй, што не заўважылі, як перад гэтым у класе раптам зрабілася ціха. Справа ў тым, што настаўнік падкраўся да іх ціха, на пальцах і досыць доўга стаяў ззаду, сочачы за гульнёй, а потым ужо дадаў ёй і з свайго боку больш рознастайнасці.
Калі нарэшце прышло дванаццаць гадзін і настаў вялікі перапынак, Том вышаў са школы з адной групай школьнікаў, Бэкі – з другой. Праз некаторы час яны сустрэліся на лужку і вярнуліся разам у пустую школу. Яны селі блізенька адзін ля аднаго і палажылі перад сабой грыфельную дошку. Том даў Бэкі грыфель і ейнаю рукою нарысаваў другі дом, дзівоснай архітэктуры. Калі цікавасць да мастацтва прайшла, яны сталі проста балакаць адзін з адным.
Том пытаўся:
– Ты любіш пацукоў?
– Фу! я іх цярпець не магу.
– Яно так,– жывых і я не люблю. Але я кажу пра здохлых; ім можна завязаць вяроўку на шыю і круціць вакол галавы.
– Не, пацукоў я наогул не люблю. А вось што я люблю,– жаваць разінку.
– І я таксама. Шкода толькі, што яе ў мяне няма.
– У такім разе ў мяне крыху ёсць. Я дам табе пажаваць, толькі ты мне потым аддай назад.
Гэта было прыемна, і яны пачалі жаваць па чарзе, матаючы нагамі ад празмернай прыемнасці.
– Ты была калі-небудзь у цырку?
– Была, і тата абяцаў яшчэ раз павесці мяне, калі я буду добрая.
– Я быў у цырку тры-чатыры, многа разоў! Там заўсёды прадстаўляюць што-небудзь новае. Я, калі вырасту, паступлю клоунам у цырк.
– Праўда? Вось добра! Яны ўсе такія прыгожанькія, стракаценькія!
– Але, але, і пры гэтым кучу грошай заграбаюць... Бэн казаў, па далару ў дзень. Слухай, Бэкі, ці была ты калі-небудзь заручаная?
– Што гэта значыць?
– Ну, заручаная, каб выйсці замуж?
– Не.
– А хацела-б?
– Не ведаю. У якім гэта выглядзе?
– У якім выглядзе? Ды ні ў якім. Ты проста гаворыш хлопчыку, што ніколі ні за каго не пойдзеш, апрача яго,– разумееш, ніколі! – потым цалуеш яго, вось і ўсё. Гэта кожны можа зрабіць!
– Цалаваць? Навошта-ж цалаваць?
– Ну, затым, каб... ды таму, што звычай такі... Усе гэта робяць.
– Усе?
– Ну але, усе закаханыя. Ты памятаеш, што я напісаў на дошцы?
– Памятаю.
– Што-ж?
– Не скажу.
– Тады можа мне сказаць?
– Так, скажы... але толькі калі-небудзь у другі раз.
– Не, цяпер.
– Не, не трэба – лепш заўтра.
– Не, не, цяпер, Бэкі. Я ціханька, я шапну табе на вушка.

Том просіць дараваць яму.
Бэкі не ведала, што сказаць, а Том палічыў яе маўчанне за згоду, прылажыў губы да самага яе вуха і паўтарыў гэтыя словы. Потым сказаў:




























