444 000 произведений, 109 000 авторов.

Электронная библиотека книг » Марк Твен » Прыгоды Тома Соўэра » Текст книги (страница 4)
Прыгоды Тома Соўэра
  • Текст добавлен: 30 сентября 2026, 22:31

Текст книги "Прыгоды Тома Соўэра"


Автор книги: Марк Твен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 11 страниц)

Пасля снедання цётка адвяла яго ў бок, і Том бадай павесялеў, спадзяючыся, што справа скончыцца лупцоўкай. Але вышла не так. Цётка заплакала, пытаючыся, як у яго хапіла духу так разбіць яе старое сэрца, і сказала, што цяпер ужо ён можа рабіць, што толькі захоча: загубіць сябе, абняславіць яе сівую галаву, звесці яе ў магілу – усёроўна выпраўляць яго бескарысна; яна ўжо больш не будзе і прабаваць.

Гэта было горш за ўсякую лупцоўку, і сэрца ў Тома балела цяпер больш, як яго стомленае цела. Ён сам расплакаўся, прасіў дараваць яму, панадаваў абяцанняў выправіцца і нарэшце быў адпушчаны, але адчуваў, што дараванне цётчына няпоўнае і давер’е яму вельмі слабае.

Ён вышаў з дому і быў такі няшчасны, што нават не падумаў адпомсціць Сіду, які выдаў яго, і Сід зусім дарма паспяшаўся ўцячы ад яго праз заднія дзверы. Том прышоў у школу смутны, пахмуры і выцярпеў разам з Джо Гарперам кару за ўчарашнюю гульню ў косці з выглядам чалавека, душа якога прыгнечана горам і не звяртае ўвагі на такія дробязі.

Вярнуўшыся на сваё месца, ён палажыў рукі на парту, а галаву на рукі і ўтаропіўся ў сцяну вачыма пакутніка. Локаць яго ўпіраўся ў нейкі цвёрды прадмет, і рука балела. Але ён не скора адсунуў руку, уздыхнуў і ўзяў гэты прадмет. Ён быў загорнуты ў паперу. Том разгарнуў – і глыбокі, даўгі, цяжкі ўздых вырваўся з яго грудзей, і сэрца яго разбілася...

Гэта быў яго медны шарык з жароўні!

Апошняя саломінка зламала спіну вярблюда.

Раздзел X


А поўдні па ўсім гарадку раптам разнеслася страшная вестка. Не трэба было і тэлеграфа, аб якім ў той час і думаць не маглі,– вестка гэтая пераходзіла з вуснаў у вусны, ад суседзяў к суседзям, з дома ў дом з няменшай шпаркасцю. Вядома, школьнікаў у гэты дзень адпусцілі па хатах: увесь горад палічыў-бы за дзіва, каб настаўнік не здагадаўся гэта зрабіць.

Каля забітага знайшлі скрываўлены нож і казалі, што ён належыць Мефу Потэру. Казалі таксама, што ноччу, гадзін каля двух, адзін жыхар, вяртаючыся дадому, патрапіў на Потэра, які мыўся ў рэчцы, і што Потэр, убачыўшы яго, зараз-жа схаваўся – факт падазронны, асабліва ўмыванне, для Потэра такая справа была вельмі незвычайнай. Казалі таксама, што паліцыя ператрэсла ўвесь горад, шукаючы забойцу, але нідзе не магла яго знайсці; што ва ўсе бакі разасланы коннікі, і шэрыф упэўнен, што злачынцу зловяць яшчэ да вечара.

Увесь горад пабываў на могілках. Том забыўся на сваё разбітае сэрца і далучыўся да іншых – не таму, што ён вельмі хацеў, ён лепш хацеў-бы быць за тысячу міль адсюль,– але яго туды цягнула нейкая незразумелая сіла. Прышоўшы на могілкі, ён праціснуўся наперад і зноў убачыў страшную карціну. Яму здавалася, што з таго часу, калі ён быў тут, прайшла цэлая вечнасць. Нехта шчыпнуў яго за руку. Ён адвярнуўся – каля яго стаяў Гекльберы.


Важны доказ.

Яны перазірнуліся, баючыся, каб хто не заўважыў чаго ў іхніх позірках, але ўсе былі занятыя страшным відовішчам.

Няшчасны дзяцюк! Небарака!

Вось вурок тым, хто крадзе трупы. А Потэра-ж павесяць, калі зловяць. Не мінуць яму шыбеніцы – такая была агульная думка.

Том задрыжэў ад галавы да ног, убачыўшы недалёка пахмуры твар індзейца Джо. У гэты момант натоўп пасунуўся назад, і пачуліся крыкі:

– Гэта ён, ён! Сам ідзе!

– Хто, хто? – спыталася разам дваццаць галасоў.

– Меф Потэр!

– Глядзіце, спыніўся. Вось паварочвае! Трымайце яго, а то ўцячэ!

Разявакі, што сядзелі на дрэвах над галавою Тома, паведамілі, што ён і не думае ўцякаць,– ён толькі засаромлены і не ведае, што рабіць.

– Якая бессаромнасць! – сказаў адзін з натоўпу. – Прышоў палюбавацца на сваё злачынства і не чакаў, што тут людзі.

Натоўп рассунуўся, і да магілы ўрачыста падышоў шэрыф, ведучы за руку Потэра. У небаракі твар быў зусім збянтэжаны, і ў вачах быў шалёны страх. Убачыўшы забітага, ён затросся ўсім целам, закрыў твар рукамі і заплакаў.

– Я не забіваў яго, сябры мае, – казаў ён, плачучы,– чэснае слова даю вам, не забіваў.


Ахвяры Індзейца Джо.

– Хто-ж абвінавачвае цябе? – загрымеў нечы голас. Страла трапіла ў цэль. Потэр падняў галаву і агледзеўся навакол з жаласнай безнадзейнасцю ў вачах. Убачыўшы індзейца Джо, ён усклікнуў:

– О, Джо! Ты абяцаў мне, што ніколі...

– Гэта ваш нож? – перапыніў яго шэрыф, паказваючы яму нож.

Потэр паваліўся-б, каб яго не падтрымалі і не апусцілі ціханька на зямлю. Потым ён сказаў:

– Нешта падказвала мне, што калі я не пайду туды і не знайду... – Ён здрыгануўся і, безнадзейна махнуўшы рукою, сказаў: – Скажы ім, Джо,– цяпер ужо няма чаго!..

Гекльберы і Том з невыказным жахам глядзелі, як забойца без ніякага сораму расказваў выдуманую ім сцэну забойства. Хлопчыкі кожную хвіліну чакалі, што вось-вось сярод яснага неба блісне маланка і ўдарыць у забойцу, і дзівіліся, чаму так марудзіць бож’я кара. Тады-б яны маглі парушыць клятву і выратаваць невінаватага Потэра. Цяпер-жа, калі Джо і па сканчэнні расказа застаўся цэлы і не пашкоджаны, гэтая баязлівая думка знікла зусім: ясная справа, гэты злодзей прадаў душу д’яблу, а дзе ўжо ўмяшаецца д’ябал, там чалавек не совайся, а то дабра не будзе.

Нехта спытаў Потэра:

– Чаму-ж ты не ўцёк і не схаваўся? Навошта прышоў сюды ?

– Я не мог іначай, не мог! – прастагнаў Потэр. – Я хацеў бегчы, але мяне самі ногі прынеслі сюды!

І ён зноў зарыдаў.

Індзеец Джо таксама спакойна паўтарыў сваё паказанне праз некалькі мінут на допыце, пад прысягай, і хлопчыкі, убачыўшы, што гром нябесны ўсёроўна не забівае яго,– канчаткова пераканаліся, што метыс прадаў душу чорту.

Яны надта баяліся яго, але ў той-жа час ён быў для іх цяпер цікавей за ўсё ў свеце, і яны не маглі адвесці ад яго твара свіх зачараваных вачэй. Самі яны парашылі, калі трапіцца выпадак, пасачыць за ім уначы, каб хоць адным вокам убачыць яго страшнага ўладара.

Жудасная тайна і сумленне доўга не давалі Тому спаць, і аднаго разу ў час снедання Сід сказаў яму:

– Том, ты так круцішся і гаворыш у сне, што няма магчымасці заснуць,– я палову ночы не спаў.

Том збляднеў і апусціў вочы.

– Гэта дрэнны знак,– сур’ёзна сказала цёця Поллі. – Што ў цябе на душы, Том?

– Нічога! Нічога!

Але рукі хлопчыка дрыжэлі так, што ён разліў каву.

– І гаворыш ты ўсё нейкія недарэчнасці,– казаў Сід. – Напрыклад, мінулай ноччу ты казаў: «Гэта кроў, кроў, вось што гэта такое!» І ўсё паўтараеш тое самае. А потым гаворыш: «Не мардуйце мяне так,– я скажу». Што такое ты скажаш?

Усё закружылася і паплыла перад вачыма Тома. Цяжка сказаць, што было-б далей, каб у гэтую мінуту супакоеная цётка Поллі, сама таго не ведаючы, не прышла на дапамогу Тому.

– Гэта ўсё ад таго жудаснага забойства. Мне самой яно сніцца бадай што кожную ноч. Часам я бачу ў сне, нібы гэта я яго забіла.

Мэры сказала, што з ёй бывае тое самае, і Сід, як відаць, задаволіўся гэтымі тлумачэннямі.

Том скарыстаў першы повад, каб хутчэй адыйсці ад сваякоў і пасля гэтага з тыдзень скардзіўся на боль зубоў і сціскаў сабе на ноч сківіцы хусткай, каб не балбатаць ва сне. Ён не ведаў, што Сід наўмысля не спаў па начах, часам аслабляў павязку і, абапёршыся на локці, прыслухоўваўся к словам брата, а потым зноў папраўляў павязку.

Але праз некаторы час непакой і згрызоты Тома пачалі сцішацца; яму надакучала скардзіцца на боль зубоў, і ён ужо не завязваў галавы на ноч. Калі Сід і зрабіў якія-небудзь вывады з урыўкаў слоў, якія яго брат гаварыў праз сон,– ён нікому аб гэтым не гаварыў.

Том кожны дзень, ці праз дзень, прабіраўся да маленькага акна турмы, дзе сядзеў «забойца», і кантрабандай прыносіў яму розныя ласункі, якія яму траплялася здабыць. Будынак турмы быў невялікі; ён быў пабудаваны з цэглы на балоце, на самым канцы гарадка. Вартаўніка пры ёй не было – спадзяваліся на краты ў вокнах,– ды ў ёй і рэдка хто сядзеў. Гэтыя маленькія падарункі значна супакойвалі сумленне Тома.

Жыхары гарадка мелі вялікае жаданне пакараць метыса

Джо за крадзеж трупаў, вымазаўшы яго смалой, выкачаўшы ў пер’ях і выгнаўшы ў такім выглядзе з горада. Але яго ўсе так баяліся, што не знаходзілася нікога, хто адважыўся-б пачаць, а таму гэты намер быў пакінуты. На допыце метыс абодва разы пачынаў свой расказ проста з бойкі, не кажучы пра папярэдняе запаганенне магілы і крадзеж трупа; з гэтай прычыны палічылі за лепшае пакуль не ўзнімаць гэтага пытання на судзе.

Раздзел XI




Цётка чытае медыцынскія кніжкі.

У Тома з’явілася новае гора: Бэкі Тэчэр перастала хадзіць у школу. Том некалькі дзён стараўся прыглушыць свой сум, але не мог. Ён пачаў па начах хадзіць вакол яе дома, і адчуваў сябе вельмі няшчасным. Бэкі была хворая. А што, калі яна памрэ? Гэтая думка прыводзіла яго да роспачы. Ён не цікавіўся больш ні вайной, ні нават морскім разбоем. Уся прывабнасць жыцця знікла, засталося толькі нудная неабходнасць. Ён закінуў нават свой абруч і палку: яны не цешылі яго болей.

Цётка занепакоілася аб яго здароўі і пачала яго лячыць, спрабуючы на ім усялякія сродкі. Яна была з тых людзей, якія захапляюцца ўсялякімі патэнтаванымі лякарствамі і кожным новым зеллем, і яна безупынна рабіла спробы. Як толькі ў медыцыне з’яўлялася што-небудзь новенькае, яна зараз-жа спяшалася выпрабаваць гэтую навінку – не на сабе, бо сама яна ніколі не хварэла, але на першым, хто трапляўся ёй пад руку.

У той час толькі што ўваходзіла ў моду лячэнне вадой, і прыгнечаны стан Тома трапіўся вельмі дарэчы. Цётка падымала яго з пасцелі ледзь золак, вяла ў сарай для дроў, аблівала яго халоднай вадой і дачырвана церла рушніком, жорсткім як скрабло; потым загортвала яго ў мокрую прасціну і накрывала цёплымі коўдрамі, каб ён добра прапацеў, і небарака пацеў да таго, што, як ён казаў, у яго «ўсе плямы з душы вышлі напаверх скрозь скуру».

Не гледзячы на ўсё гэта, хлопчык усёроўна бляднеў і худзеў, і выгляд яго быў мізэрны. Цётка далучыла да ранейшага лячэння гарачыя ванны, сідзячыя ванны, душы і апусканне ў ваду. Хлопчык заставаўся панурым, як хаўтурныя драбіны. Цётка дадала да вады лёгкую аўсяную дыету і плястры ад скулляў. Яна кожны дзень ліла ў яго, нібы ў гладыш, усялякія лякарствы.

Паступова Том зрабіўся абыякім да ўсяго на свеце, і гэта трывожыла старую цётку да глыбіні душы. Трэба было, чаго-б гэта ні каштавала, вывесці яго з такога стану. Тут яна ўпершыню пачула пра новае лякарства, «болесупакойнік», і зараз-жа выпісала вялікую колькасць гэтага лякарства – пакаштавала яго, і сэрца яе напоўнілася ўдзячнасцю: гэта быў сапраўдны вадкі агонь! Яна пакінула вадзяное лячэнне і ўсклала ўсе свае надзеі на новае зелле. Яна дала Тому выпіць поўную чайную лыжку і з хваляваннем чакала выніку. Трывога яе адразу прайшла, і душа супакоілася, бо абыякавасць у Тома адразу знікла. Каб хлопчыка пасадзілі на гарачае вуголле, ён не мог-бы выявіць больш гарачага ўдзелу ў гэтай спробе.

Том адчуў, што трэба ўжо і сапраўды прачнуцца. Ён пачаў прыдумваць усялякія спосабы вызваліцца ад далейшых вопытаў над сабой і нарэшце натрапіў на думку прытварыцца, што «болесупакойнік» прышоўся яму вельмі да густу. Ён так часта прасіў, каб яму далі гэтага зелля, што густу. Ён так часта прасіў, каб яму далі гэтага зелля, што нарэшце надакучыў цётцы, і тая загадала яму прымаць лякарства самому, калі захоча, а да яе больш не лезці.

Каб гэта быў Сід, цётка была-б не толькі задаволеная, але і спакойная, а як справа тычылася Тома, то яна паціху наглядала за бутэлькай. Лякарства сапраўды змяншалася, але ёй і ў галаву не прыходзіла, што Том заместа сябе лечыць шчыліну ў падлозе.


Поўнае задавальненне.

Аднаго разу, калі ён такім чынам выліваў лякарства ў шчыліну, да яго падышоў цётчын руды кот, муркаючы і прагна пазіраючы на лыжку, нібы просячы, каб і яму далі пакаштаваць.

– Ох, Піт, не прасі,– зусім табе гэта не трэба.

Але Піт даў зразумець, што яму гэта трэба.

– Глядзі, не памыліся,– пашкадуеш...

Піт выказаў упэўненасць, што не пашкадуе.

– Ну, калі ўжо ты так просіш, я дам, я не зайздросны, але глядзі, калі табе не спадабаецца,– дзякуй сябе самога.

Піт згадзіўся. Том расчыніў яму рот і ўліў туды лыжку «болесупакойніка». Піт падскочыў на два метры, выдаў ваяўнічы кліч і пачаў кідацца па пакою, натыкаючыся на мэблю, перакульваючы вазоны з кветкамі і ўзнімаючы страшэнную мітусню. Потым ён, задраўшы галаву, пачаў танцаваць на задніх лапах у шалёным захапленні і галасіць на ўвесь дом пра сваё невыказнае шчасце. Потым зноў пачаў кідацца па ўсім доме, несучы на сваім шляху хаос і руйнаванне. Цёця Поллі ўвайшла акурат у той момант, калі ён, зрабіўшы некалькі фінальных сальто-мартале, з лютым мяўканнем выскачыў у адчыненае акно, захапіўшы з сабой тыя вазоны, якія яшчэ заставаліся цэлымі.

Старая скамянела ад здзіўлення, гледзячы праз верх акуляраў на гэтую карціну, а Том качаўся па падлозе ад смеху.

– Том, скажы, калі ласка, што такое з нашым катом?

– Не ведаю, цёця,– ледзь мог вымавіць Том.

– За ўсё сваё жыццё не бачыла нічога падобнага! З чаго-б гэта ён?

– Сапраўды не ведаю, цёця Поллі. Мабыць каты заўсёды так танцуюць, калі яны вельмі задаволеныя.

– Ці так?

У голасе цёткі было нешта такое, што прымусіла Тома настаражыцца.

– Ну так, цёця. Прынамсі, я так думаю.

– Ты думаеш?

– Але, цёця.

Цётка нахілілася. Том з цікавасцю і трывогай сачыў за яе рухамі, але занадта позна здагадаўся, куды яна «гне». З-пад ложка высоўваўся доказ – чайная лыжка. Цёця Поллі падняла яе і паднесла да самага носа хлопчыка. Том апусціў вочы і пасунуўся назад. Цёця Поллі стукнула яго па галаве наперсткам.

– А ну, мой любы, скажы мне, завошта ты так мардуеш бедную жывёліну?

– Я даў яму лякарства, шкадуючы яго, бо ў яго-ж няма цёткі.

– Няма цёткі! што за глупства ты вярзеш, дурное хлапчанё! Якое гэта можа мець дачыненне да таго, што ты нарабіў?

– Вельмі вялікае. Каб у яго была цётка, яна сама паклапацілася-б аб ім. Яна высмаліла-б яму ўсе вантробы без ніякай літасці, як чалавеку!

Цёця Поллі раптам адчула сябе вінаватай. Яе лячэнне стала перад ёй у новым выглядзе: тое, што было жорсткім у дачыненні да ката, магло быць жорсткім і ў дачыненні да дзіцяці. Яна памякчэла, адчула жаль да Тома. У яе нават слёзы выступілі на вочы, яна пагладзіла хлопчыка па галаве і лагодна сказала:

– Я-ж старалася на тваю карысць, Том. І гэта пайшло табе на карысць.

Том сур’ёзна паглядзеў ёй у твар. Толькі куты яго рота крыху уздрыгвалі.

– Я ведаю, цётанька, што вы жадалі мне дабра, і я-ж Піту жадаў дабра. Яму гэта таксама пайшло на карысць. Я ніколі яшчэ не бачыў яго ў такім вясёлым...

– Ну, годзе, годзе ўжо, Том, не засмучай мяне. Трымай сябе добра, будзь разумнікам, і табе не прыдзецца прымаць ніякіх лякарстваў.

Том прышоў у школу да заняткаў. Настаўнік заўважыў, што такія незвычайныя здарэнні паўтараліся ў апошні час бадай што кожны дзень. І сёння, таксама, як заўсёды ў апошні час, заместа таго, каб гуляць з таварышамі, хлопчык круціўся па дварэ і каля варот. Ён адмовіўся ад гульні, кажучы, што ён не зусім здаровы, і выгляд яго сапраўды быў не вельмі добры. Ён прытвараўся, што глядзіць у розныя бакі, але ў сапраўднасці ўвесь час глядзеў на дарогу.

Як толькі здалёк паказаўся Джэф Тэчэр, Том прасвятлеўся, але праз мінуту зноў зрабіўся сумным. У школе Том не адставаў ад Джэфа ні на хвіліну і ўсяляк стараўся накіраваць гутарку на яго сястру, але той быў крыху дурнаваты і не разумеў намёкаў. Том усё чакаў і чакаў, кожны раз радуючыся, калі здалёк паказвалася светлая сукенка; калі-ж выяўлялася, што гэтая сукенка надзета не на той, каго ён чакаў, то пачынаў ненавідзець гэтую асобу. Нарэшце сукенкі перасталі з’яўляцца, і Том зусім павесіў нос.

Сумны і задуменны ён увайшоў у пусты клас і сеў на сваё месца, каб марыць і пакутваць. У гэты момант ля варот паказалася яшчэ адна сукенка... У Тома ёкнула сэрца. У адзін момант ён апынуўся на дварэ і пачаў лютаваць, як індзеец: ён крычаў, рагатаў, ганяўся за таварышамі, скакаў праз плот з небяспекай для жыцця, хадзіў на галаве,– адным словам, геройстваваў і вытвараў усялякія штукі, не забываючыся ўвесь час скосу пазіраць у бок Бэкі – ці глядзіць яна. Але яна, відаць, нічога не бачыла і нават не глядзела ў яго бок. Няўжо-ж яна нават не прымячае яго?

Тады ён перанёс арэну сваіх геройстваў бліжэй да яе, лётаў вакол яе з ваяўнічым клічам, садраў з аднаго хлопчыка капялюш і закінуў яго на дах, уварваўся ў натоўп хлопчыкаў, параскідаў іх ва ўсе бакі і сам выцяўся на зямлі пад нагамі ў Бэкі. Яна адвярнулася, задраўшы носік, і ён чуў, як яна сказала сяброўцы:

– Некаторыя хлапчукі думаюць, што яны страх якія спрытныя... а яны пустыя хвастуны...

Том устаў з палаючым тварам і, апусціўшы галаву, павалокся ў школу.

Раздзел XII


На душы ў Тома было смутна і пахмурна. Ён казаў сабе, што ён адзінок, усімі пакінуты, што ніхто яго не любіць... Потым, калі даведаюцца, да чаго яго давялі, можа і пашкадуюць.. Ён стараўся быць добрым, але яму перашкаджалі... Калі ім так ужо хочацца вызваліцца ад яго, то што-ж? Ён адыйдзе, і хай сабе лаюць яго, колькі хочуць... Ды і чаму-ж не лаяць? Ці-ж адзінокі, усімі пакінуты хлопчык мае права скардзіцца? Так, яго нарэшце прымусілі зрабіцца злачынцам... іншага шляху няма...

З такімі думкамі ён прайшоў ужо луг, як да яго даляцеў звон школьнага званка, які склікаў вучняў на пасляабедзеныя заняткі. Том заплакаў пры думцы, што ён ужо ніколі-ніколі больш не пачуе гэтага добра знаёмага гуку. Прымірыцца з гэтым было цяжка, але нічога не зробіш. Калі яго адштурхоўваюць, кідаюць на волю лёсу, трэба скарыцца. Але ён ім даруе... І Том зарыдаў яшчэ горш.

Акурат у гэты момант ён сустрэўся са сваім неразлучным прыяцелем, Джо Гарперам. У яго таксама быў пахмурны выгляд, і ў душы, відаць, таксама быў горкі і рашучы план. Безумоўна, яны абодва складалі «дзве душы, ахопленыя адзінай думкай».

Том выцер слёзы рукавом і паведаміў свайму таварышу, што ён рашыў пакінуць дом, дзе з ім так дрэнна абыходзяцца і дзе ён ні ў кім не знаходзіць спачування, і ніколі не вяртацца. У канцы ён выказаў надзею, што Джо не забудзецца на яго.

Але тут выявілася, што Джо толькі што хацеў сказаць Тому тое самае і шукаў яго дзеля гэтага самага. Маці адсцёбала яго за тое, што ён нібы выпіў сліўкі, а ён не толькі не каштаваў іх, але нават ніколі не бачыў. Відаць, ён абрыдаў матцы, і яна хоча вызваліцца ад яго. Калі так, яму нічога не застаецца, як выканаць яе жаданне. Ён спадзяецца, што яна будзе шчаслівая і ніколі не пашкадуе, што кінула свайго хлопчыка ў халодны, бяздушны свет, дзе ён будзе пакутваць і памрэ.

Хлопчыкі сумна пайшлі далей, дагаварыўшыся стаяць адзін за аднаго, як браты, і ніколі не разлучацца, пакуль смерць не вызваліць іх абодвых ад пакут. Потым яны пачалі складаць планы. Джо хацеў зрабіцца пустэльнікам, жыць у пячоры, жывіцца сухімі скарынкамі і памерці ад холаду, голаду і гора, але, паслухаўшы Тома, згадзіўся з ім, што злачыннае жыццё куды выгадней, і парашыў зрабіцца піратам.

За тры мілі ад горада, дзе рака Місісіпі дасягае больш мілі ў шырыню, ёсць даўгі, вузкі, лясісты востраў з пясчанай мялізнай – дасканалае месца для разбойніцкага прытулку. Востраў бязлюдны і ляжыць бліжэй к процілегламу берагу, які зарос густым, бадай некранутым лесам. Абмеркаваўшы ўсё гэта, нашы героі парашылі абраць гэты востраў сваёй рэзідэнцыяй. Толькі ім не прышлося ў галаву спытаць сябе, на каго яны накіруюць свае напады.

Потым яны знайшлі Гекльберы Фіна, і той ахвотна далучыўся да іх; бо яму было ўсёроўна, якую прафесію выбраць. Яны дагаварыліся сустрэцца на беразе ракі, у пустынным месцы, за дзве мілі вышэй ад вёскі, у свой аблюбаваны час – поўнач. Там стаяў невялікі плыт, якім яны парашылі аўладаць. Умовіліся, што кожны возьме з сабой вудачкі і кручкі, а таксама харчовыя прыпасы, якія ім пашанцуе здабыць – па магчымасці самым суровым і таямнічым спосабам, як належыць разбойнікам. Разам з тым яны распаўсюдзілі сярод таварышоў прывабную вестку, што хутка ў горадзе «нешта пачуюць». Усіх, каму быў сказаны гэты цмяны намёк, прасілі трымаць язык за зубамі і чакаць.

А поўначы Том з’явіўся на месца з вараным кумпяком і некаторымі іншымі харчамі і схаваў усё гэта ў густым зарасніку на ўзгорку, адкуль відаць было месца сустрэчы. Ноч была зорная і вельмі ціхая. Вялізная рака была спакойная, як сонны акіян. Том прыслухаўся – ані гуку. Тады ён ціха, працягла свіснуў. Яму адказаў свіст з гушчару. Том свіснуў яшчэ два разы, і зноў яму адказалі таксама. Потым нечы перайначаны голас спытаўся:

– Хто ідзе?

– Том Соўэр, Чорны Мсцівец. Назавіце вашы імёны!

– Гек Фін—Чырвоная Рука і Джо Гарпер – Уладар Мораў.

Гэтыя назвы былі запазычаны з прыгодніцкіх раманаў.

– Добра, кажыце пароль!

У ночнай цішыні адначасова пачуўся хрыпаты шэпт двух галасоў:

– «Кроў»!

Том пакаціў са ўзгорка свой кумпяк і сам пакаціўся за ім, прычым крыху пацярпелі яго вопратка і скура на кумпяку. Са ўзгорка можна было спусціцца на бераг па дасканалай, зручнай сцежцы, але ён, як шчыры разбойнік, выбіраў небяспечныя і цяжкія шляхі.

Уладар Мораў таксама прынёс кумпяк і ледзь прывалок яго да месца. Фін – Чырвоная Рука – сцягнуў недзе кацялок і цэлы пук недаспелага тытуновага лісця, а таксама некалькі сцяблоў маісу на люлькі, хоць ніводзін з піратаў не курыў і не жаваў тытуну, апрача яго самога.

Чорны Мсцівец абвясціў, што няма чаго і думаць ісці ў дарогу без агню. Гэта была слушная думка, бо запалкі ў тыя часы былі яшчэ мала вядомыя. Хлопчыкі ўбачылі агонь на вялікім плыце, крокаў за дзвесці ўверх па рацэ, падкраліся туды і сцягнулі галаўню. З гэтага яны зрабілі сабе цэлую прыгоду: увесь час «цыкалі» адзін на аднаго, прылажыўшы палец да вуснаў заклікалі да цішыні, хапаліся рукамі за свае неіснуючыя кінжалы і злавесным шэптам загадвалі адзін аднаму, калі толькі «вораг» варухнецца «усадзіць яму нож у грудзі да самай ручкі», бо «мёртвы не выдасць». Яны добра ведалі, што плытнікі гулялі ў вёсцы, але яны павінны былі весці сябе па-разбойніцку.

Пасля таго яны рушылі ў дарогу. Том даваў загады. Гек дзейнічаў вяслом наперадзе, Джо – ззаду. Том удаваў сябе за капітана: сурова хмурыў бровы, скрыжаваўшы рукі на грудзях, камандваў:

– Трымай па ветру!

– Ёсць, сэр!

– Трымай прама, прама!

– Ёсць, сэр!

– Адпусці крыху!

– Ёсць, сэр!

Але ўсе гэтыя загады даваліся так сабе і нічога не азначалі, бо плыт спакойна плыў пасярэдзіне ракі.

– Якія парусы паднятыя?

– Ніжнія, сэр.

– Усе на палубу! Жыва! Шэсць малайцоў на фок-мачту! Варушыся!

– Ёсць, сэр!

– Распусці вялікі парус! Варушыся, хлопцы!

– Ёсць, сэр!

– Трымай к ветру! Кіруй убок,– бачыш, насустрач брыг! Лявей, лявей! Ну, братва! Наваліся дружней!

– Ёсць, сэр!

Плыт выплыў на самую сярэдзіну ракі, хлопчыкі накіравалі яго па цячэнню і палажылі вёслы. Усю наступную гадзіну яны бадай што не гаварылі адзін з адным. Плыт праплыў міма таго гарадка, дзе яны нарадзіліся і выраслі. Горад спакойна спаў: сям там яшчэ свяціліся агеньчыкі, адбіваючыся ў вадзе, дзе глыбока, як дыяманты ззялі зоркі. Усе абываталі адпачывалі, не падазраючы, якая вялікая падзея адбываецца ў гэты момант.

Чорны Мсцівец усё яшчэ стаяў сярод плыта, гледзячы ў апошні раз на тыя месцы, дзе яму так добра жылося раней і дзе ён так пакутваў за апошні час. Яму вельмі хацелася, каб усе бачылі цяпер, як ён плыве сярод бурнага мора і смела глядзіць у твар смерці, ідучы насустрач пагібелі з хмурай усмешкай на вуснах. Маленькае напружанне фантазіі – і Джэксонаў востраў адсунуўся ў бясконцую далечыню. І Том «у апошні раз» паглядзеў на родны горад, з разбітым сэрцам, але задаволены.

Яго таварышы таксама глядзелі ў апошні раз і так доўга, што ледзь было не праехалі міма вострава; але паспелі схамянуцца і папярэдзіць небяспеку. Каля двух гадзін ночы плыт сеў на мель крокаў за дзвесце ад таго месца, дзе яны парашылі размясціцца, і яны доўга хадзілі ўзад і ўперад, пакуль не перацягалі туды ўсю сваю здабычу. Паміж іншым яны ўзялі з плыта стары парус і напялі яго ў прытульным кутку лесу, як палатку, каб засланіць свае прадукты. Самі-ж яны парашылі спаць у добрае надвор'е пад адкрытым небам, як належыць разбойнікам.

Яны расклалі агонь крокаў са дваццаць ад краю лесу, засмажылі сабе на патэльні крыху свініны на вячэру і з’елі палову ўзятых булак. Надзвычайна цікава было вячэраць такім чынам на прыволлі, у першабытным лесе, на недаследваным і нежылым востраве, воддалі ад чалавечага жылля, і хлопчыкі казалі, што яны больш ніколі не вернуцца да культурнага жыцця. Агонь асвятляў іх твары, кідаў чырвоныя водбліскі на тоўстыя камлі дрэў, на бліскучую зеляніну дзікага вінаграду. Калі былі з’едзены апошнія кавалачкі мяса і апошняя лустачка хлеба хлопчыкі з поўным задавальненнем выцягнуліся на траве.


Піраты на плыце.

– Ну, ці-ж гэта не весела? – сказаў Джо.

– Вельмі весела,– азваўся Том.

– Што сказалі-б іншыя хлопчыкі, каб убачылі нас?

– Што? Ды яны проста памерлі-б ад зайздрасці. Ці не так, Гек?

– Ды ўжо-ж так! – сказаў Гекльберы. – Не ведаю, як вы, а я задаволены. Мне нічога лепшага і не трэба.

Звычайна я нават не наядаюся дасыта... І потым сюды ўжо ніхто не прыдзе і не паб’е чалавека нямаведама за што.

– Такое жыццё акурат для мяне,– сказаў Том. – Не трэба ўставаць рана, не трэба хадзіць у школу, не трэба мыцца і рабіць усялякія глупствы,– нічога гэтага не трэба...

– А што-ж робяць піраты? – спытаўся Гек Фін.

– О! яны жывуць вельмі весела: бяруць у палон караблі і паляць іх, грошы закапваюць у зямлю на сваім востраве, у якім-небудзь страшным месцы, дзе іх пільнуюць здані, вядзьмаркі і ўсялякая чартаўня. А матросаў і пасажыраў яны забіваюць і выкідаюць за борт.

А жанчын вязуць да сябе на востраў,– уставіў Джо,– жанчын яны не забіваюць.

– Але,– падтрымаў яго Том,—жанчын яны не забіваюць. Яны надта шляхетныя людзі. І потым жанчыны заўсёды красуні.

– А якое на іх убранне багатае! – з захапленнем усклікнуў Джо. – Усё ў золаце, срэбры, у брыльянтах!

– На кім? – спытаўся Гек.

– Ды на піратах.

Гек Фін паглядзеў на сваё ўбранне і сумна сказаў:

– Ну, а маё ўбранне зусім не разбойніцкае... Але-ж у мяне няма другога.

Хлопчыкі суцяшалі яго, кажучы, што прыгожага ўбрання чакаць яму нядоўга прыдзецца: як толькі яны пачнуць свае наскокі, у іх будзе і золата, і ўбранне, і ўсё. А для пачатку добра будзе і ў лахманах, хаця багатыя разбойнікі звычайна набываюць сабе адпаведны гарнітур, калі прыступаюць да справы.

Патроху размова спынілася: у маленькіх уцекачоў зліпаліся вочы, іх браў сон. Люлька выслізнула з пальцаў Чырвонай Рукі, і ён заснуў сном зморанага праведніка. Уладар Мораў і Чорны Мсцівец заснулі не так хутка. Яны зусім ужо гатовы былі заснуць, але ў сярэдзіне ў іх нешта не хацела супакоіцца. Іх мучыла сумленне. Яны пачыналі трошкі разумець, што зрабілі нядобра, уцёкшы з дому, потым успомнілі скрадзенае мяса і тады пачаліся сапраўдныя пакуты. Яны спрабавалі супакоіць сумленне, успамінаючы, што ім здаралася і раней шмат разоў цягаць з кладоўкі пячэнне і яблыкі, але сумленне лічыла гэтыя довады надта слабымі і не сцішалася. І хлопцы павінны былі згадзіцца, што спёрці пячэнне ці яблык – гэта не важна, а ўзяць кумпяк, свіны бок, наогул што-небудзь каштоўнае – гэта ўжо сапраўднае зладзейства.

Таму яны парашылі, што пакуль яны будуць піратамі, яны не заплямяць свайго разбойніцкага гонару ганебным злачынствам – крадзежам. З гэтай умовай сумленне пагадзілася часова замірыцца, і нашыя разбойнікі мірна паснулі.

Раздзел XIII


Раніцою, прачнуўшыся, Том не адразу сцяміў, дзе ён.

Ён сеў, агледзеўся навакол, пацёр вочы і тады толькі зразумеў. Была прахалодная, шэрая раніца, світала. Цішыня лесу навакол навявала чароўнае пачуццё спакою. Ніводзін лісток не варушыўся, ніводзін гук не парушаў высокіх дум прыроды. На лісцях і траве ляжала, як пэрлы, раса. Агонь заглух пад белым пластам попелу, і толькі сіні дымок тонкім струменем віўся ў паветры. Джо і Гек спалі. Далёка ў глыбіні лесу крыкнула птушка, адгукнулася другая, недзе застукаў дзяцел. Адпаведна таму, як святлеў ранішні туман, раслі і множыліся гукі,– усюды прачыналася жыццё.

Раптам аднекуль з’явілася цэлая працэсія мурашак, і ўсе яны ўзяліся за работу; адзін адважна валок мёртвага павука ў пяць разоў большага за сябе самога і ўхітрыўся ўцягнуць яго на пень.

Божая кароўка, уся ў кропках, ускараскалася на галавакружальную вышыню травянога сцябла. Том схіліўся да яе і сказаў:

Божая кароўка, божая кароўка, ляці дадому.

Дом твой гарыць, а дзеткі адны.

Божая кароўка паслухалася і паляцела паглядзець дзетак. Том нават не здзівіўся: ён даўно ведаў, што божая кароўка кожнаму лёгка верыць, і, карыстаючыся гэтым, ён не раз ужо ашукваў яе.


Уся прырода абудзілася.

Потым з’явіўся чорны жук, цяжка цягнучы сваё круглае цела, і Том дакрануўся да яго, каб бачыць, як ён прыцісне лапкі да цела і прытворыцца мёртвым.

Птушкі тымчасам паднялі страшэнны гам. Амерыканскі дрозд, родны брат еўрапейскага дразда-перасмешніка, усеўся на дрэве, над самай галавой Тома, і з захапленнем выводзіў свае трэлі, перадражніваючы суседзяў. Нібы блакітны агеньчык, мільганула ў паветры крыклівая сава, села на галінку зусім каля хлопчыка, схіліла галаву на бок і з вялікай цікавасцю ўтаропілася на чужака. Шпарка прабегла шэрая вавёрка і другі звярок, большы, лісінай пароды. Ён час ад часу спыняўся, каб паглядзець і папляткарыць наконт нечаканых гасцей. Звяркі, відаць, ніколі раней не бачылі людзей і нават не ведалі, ці баяцца ім ці не.

Уся прырода прачнулася. Праз густое лісце, як стрэлы, пранікалі сонечныя праменні. У паветры з’явілася некалькі матылёў. Том расштурхаў сваіх піратаў і праз дзве мінуты яны, раздзетыя, ужо ганяліся адзін за адным, дурэючы і штурхаючыся па белым пясчаным беразе. Яны зусім не цікавіліся сваім гарадком, які спаў далёка, за велічнай вадзяной пустыняй. Выпадковы струмень знёс іхні плыт, але хлопчыкі былі нават задаволены гэтым. Гэтым яны нібы спальвалі мост паміж сабой і цывілізаваным светам.

Яны вярнуліся ў лагер надзвычайна свежымі, бадзёрымі і страшэнна галоднымі. Хутка паходны касцёр запалаў зноў. Гек знайшоў недалёка крыніцу чыстай халоднай вады, хлопчыкі зрабілі сабе чарпакі з шырокіх дубовых і арэхавых лісцяў і парашылі, што вада з дамешкай гор, лясной цішы і прахалоды зусім не горшая за каву. Джо пачаў наразаць ветчыну на снеданне, але Том і Гек папрасілі яго крыху пачакаць: яны знайшлі на беразе ўтульную мясцінку і закінулі вудачкі. Дабыча з’явілася адразу-ж. Джо не паспеў яшчэ страціць цярплівасць, як яны вярнуліся з двума вялікімі акунямі, ляшчом, двума язямі ды яшчэ дробнай рыбай – словам, са спажывай, якой можна было-б пакарміць цэлую сям’ю. Яны засмажылі рыбу разам з ветчыной і здзівіліся: ніколі яшчэ рыба не здавалася ім такой смачнай. Яны не ведалі, што рыбу лепш за ўсё смажыць зараз-жа пасля таго, як яна злоўлена, і не думалі пра тое, якім добрым прысмакам з’яўляецца сон на чыстым паветры, беганіна, купанне, а галоўнае – голад.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю