Текст книги "Прыгоды Тома Соўэра"
Автор книги: Марк Твен
Жанр:
Зарубежная классика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 11 страниц)
Паснедаўшы, яны паляглі ў цяньку, пакуль Гек выкурыў люльку, а потым пайшлі ўсе разам на разведку. Яны весела шагалі праз спарахнелыя пні, праціскаліся праз густы хмызняк, між дрэвамі, зверху да нізу павітымі паўзучым дзікім вінаградам. Раз-по-раз яны траплялі ў прыгожыя куткі, засланыя смарагдавым дываном і аздобленыя кветкамі.
Яны выявілі, што востраў мае каля трох міль даўжыні і чверць мілі шырыні, і што процілеглы бераг аддзяляўся ад яго вузкай пратокай, шырынёю не больш за сотню крокаў.
Купаліся яны, мусіць, кожную гадзіну і таму вярнуліся ў лагер ужо значна пазней пасля поўдня. Яны былі надта галодныя, таму рыбы больш не лавілі, а замест гэтага надзвычайна добра папалуднавалі халоднай ветчыной і зноў паляглі ў цяньку адпачыць і пагутарыць. Але гутарка хутка пачала перапыняцца, а потым і зусім сціхла. Урачыстая цішыня лесу, пачуццё адзіноцтва, адлучэнне ад людзей пачыналі рабіць свой уплыў на хлопчыкаў. Яны задумаліся. Яны пачалі адчуваць нейкую невыразную нуду,– гэта пачыналася нуда па доме. Нават Фін – Чырвоная Рука – і той марыў пра знаёмы ганак і пустыя бочкі. Але кожны сароміўся сваёй слабасці, і ніхто не адважыўся выказаць голасна сваю думку.
Ужо некалькі часу хлопчыкі чулі здалёк нейкі асаблівы гук, як мы часам чуем ціканне гадзінніка, зусім не думаючы, што гэта такое. Але таямнічы гук паступова рабіўся больш выразным, і ўжо нельга было не звярнуць на яго ўвагі. Хлопчыкі ўсхапіліся, перазірнуліся і пачалі прыслухоўвацца. Настала доўгая цішыня, а потым здалёк пачулася глухое, сумнае «бум!»
– Што гэта?—шэптам усклікнуў Джо.
– Зразумець не магу! – такім-жа шэптам адказаў Том.
– Гэта, браткі, гром,—спалохана сказаў Гекльберы,– бо гром...
– Маўчы ты! – сыкнуў на яго Том. – Слухай лепш!
Яны пачакалі мінуту, якая здалася ім вечнасцю, і потым сярод урачыстай цішыні паўтарылася тое самае дзіўнае, глухое «бум».
– Пойдзем, браткі, паглядзім!
Усе тры ўскочылі і пабеглі к берагу, што быў супроць гарадка. Рассунулі кусты, выглянулі. Пасярэдзіне ракі, на мілю ніжэй ад гарадка плыў невялікі катэр; апрача таго ўзад і ўперад шнырыла многа лодак, але хлопчыкі не маглі разгледзець, што рабілі людзі, якія там сядзелі. Раптам над катэрам узвіўся слуп белага дыму,– і трэці раз той-жа глухі, смутны гук данёсся да нашых герояў.
– Цяпер я ведаю, у чым справа! – усклікнуў Том. – Нехта ўтапіўся.
– Ну, вядома,– падтрымаў Гек. Тое самае было і летась, калі ўтапіўся Біль Тэрнер; тады таксама стралялі з гарматы над вадой,– кажуць, ад гэтага ўтопленікі ўсплываюць напаверх. А яшчэ бяруць хлеб, кладуць у яго жывое срэбра і пускаюць на ваду: дзе ляжыць утопленік, там хлеб і спыніцца.
– Але, я чуў гэта,– сказаў Джо,– толькі не разумею, чаму гэта хлеб спыняецца.

Нехта ўтапіўся.
– Тут справа не ў хлебе,– растлумачыў Том,– а ў тым, якія над ім словы гавораць, калі пускаюць яго па вадзе.
– І зусім нічога не гавораць! – засупярэчыў Гек. – Я сам бачыў, як пускалі на ваду, і зусім нічога не гаварылі.
–Дзіўна!.. – сказаў Том. – А можа яны паціху гавораць, самі сабе. Ну, вядома! Аб гэтым адразу можна было здагадацца.
Хлопчыкі згадзіліся, што Том гаворыць слушна, бо цяжка было паверыць, каб звычайная луста хлеба, без замовы, магла дзейнічаць так разумна ў такой важнай справе.
– Ух, як хацеў-бы я цяпер трапіць туды! – усклікнуў Джо.
– І я таксама,– падхапіў Гек.– Вельмі ўжо хочацца ведаць, хто гэта ўтапіўся.
Хлопчыкі прыслухоўваліся і чакалі. Раптам у Тома ў галаве мільганула здагадка:
– Браточкі! Я-ж ведаю, хто гэта ўтапіўся: гэта мы!
Яны адразу адчулі сябе героямі. Ды і як было ім не ганарыцца! Іх шукаюць, аплакваюць, праз іх пасылаюць лодкі; праз іх людзі церпяць, ліюць слёзы, абвінавачваюць сябе ў несправядлівасці і ў нячуласці да бедных загінуўшых хлопчыкаў, шкадуюць іх, перажываюць дакоры сумлення, а галоўнае – і гэта лепш за ўсё – пра іх гаворыць увесь горад, ім зайздросцяць усе хлопчыкі. Ну, ці-ж можа быць лепей? Дзеля аднаго гэтага, калі на то пайшло, варта зрабіцца разбойнікамі.
З надыходам змроку катэр вярнуўся на месца, лодкі зніклі, а піраты вярнуліся ў лагер. Яны радаваліся і задаваліся тым, што нарабілі сваёй радні і суседзям столькі клопату.
Яны налавілі рыбы, павячэралі і пачалі ўяўляць сабе, што цяпер гавораць і думаюць аб іх у горадзе, як усе гаруюць – і ад усяго гэтага хлопцам было вельмі прыемна. Але калі ночныя цені агарнулі іх, гутарка паступова спынілася; усе тры пільна глядзелі на агонь, а думкі іх, відаць, былі далёка. Уздым мінуў, і Джо з Томам не маглі не ўспомніць пра некаторых блізкіх ім асоб, якім наўрад ці было весела ад гэтай забаўнай штукі. З’явіліся сумненні, трывога. Абодва адчувалі сябе няшчаснымі: часам у іх вырываўся цяжкі ўздых. Джо нават адважыўся спытацца ў таварышоў, як яны глядзяць на зварот у горад,– не цяпер, вядома, але...
Том накінуўся на яго з насмешкамі, знішчыў яго сваёй пагардай. Гек далучыўся да Тома, і няшчасны герой паспяшаўся растлумачыць, што ён гэта толькі так. Ён усяляк стараўся зняць з сябе абвінавачанне ў тым, што адчуў нуду па дому, і быў-бы рады застацца толькі пад падазрэннем. На гэты раз бунт быў прыдушаны ў самым пачатку.
Тымчасам надышла ноч, і хлопчыкі падрыхтаваліся да сну. Першым заснуў Гек, за ім Джо, а Том некаторы час ляжаў нерухома, прыслухоўваючыся да таварышоў. Потым ён ціха ўстаў і пачаў нешта шукаць у траве. Ён знайшоў некалькі кавалкаў белай кары фігавага дрэва, выбраў два з іх і, стаўшы на калены каля агню, накрэмзаў на іх некалькі радкоў сваім сурыкам. Адзін кавалак кары ён скруціў і схаваў у кішэню, а другі палажыў у капялюш Джо. Апрача таго ён палажыў у капялюш некалькі каштоўнасцей з свайго скарбу: кавалак крэйды, гумы, тры кручка для вудачкі і адзін з шарыкаў, вядомы ім пад назвай «сапраўдны крышталь». Потым асцярожна пайшоў прэч і, адышоўшы досыць далёка, пусціўся бегчы к берагу.
Раздзел XIV
Праз некалькі мінут Том ужо ішоў па мялізне, у вадзе, накіроўваючыся к ілінойскаму берагу. Ён прайшоў поўдарогі, пакуль вада дайшла яму да пояса, а далей ужо не давала ісці цячэнне і тады Том смела пусціўся плысці. Да процілеглага берага заставалася якіх-небудзь сто шагоў. Ён плыў супроць цячэння, але яго адносіла ўніз куды шпарчэй, як ён думаў. Але ўсё-ж такі, ён нарэшце дабраўся да берага і некаторы час ішоў уздоўж яго, пакуль не знайшоў зручнага месца, каб выйсці. Тут ён сунуў руку ў кішэнь, пераканаўся, што кара ёсць, і пайшоў далей лесам па беразе, не звяртаючы ўвагі на тое, што з адзення яго цякла вада.
Было ўжо каля дзесяці гадзін, калі ён вышаў на адкрытае месца супроць вёскі і ўбачыў катэр, які стаяў пад дрэвамі ля высокага берага. Усё было ціха.
Пры святле зорак Том ціха краўся па беразе, напружана ўглядаючыся ў раку, саслізнуў у ваду, праплыў некалькі крокаў і ўлез у човен, які на кожны выпадак быў прывязаны да кармы катэра. Ён улёгся на дне чаўна, пад лаўкі, і са сціснутым сэрцам пачаў чакаць, што будзе.
Пачуўся звон шчарбатага званка, і нечы голас скамандваў: «Адпускай!» Праз мінуту борт катэра падняўся высока над чаўном, і флацілія рушыла ў дарогу. Том радаваўся сваёй удачы, ведаючы, што катэр у гэты дзень далей гарадка не пойдзе.
Прайшло дванаццаць ці пятнаццаць нудных мінут. Колы катэра спыніліся. Том вылез з чаўна і ў цемры паплыў к берагу. Каб не напароцца на выпадковага прахожага, ён выйшаў на бераг крокаў на пяцьдзесят ніжэй, як яму было трэба, выбіраў самыя пустынныя вуліцы і задворкамі дабраўся да дома сваёй цёткі.
Ён пералез праз плот і зірнуў у акно цётчынай спальні, бо, там відаць было святло. У пакоі сядзелі: цёця Поллі, Сід, Мэры і матка Джо Гарпера і гутарылі паміж сабой.
Яны сядзелі каля ложка, які стаяў між імі і дзвярыма. Том падышоў да дзвярэй і пачаў ціха адсоўваць засаўку; потым ціханька штурхануў дзверы; яны рыпнулі; ён націскаў далей, уздрыгваючы ад кожнага рыпу; нарэшце стварылася шчыліна, праз якую ён мог пралезці на каленках і ён прасунуў галаву і папоўз.
– Чаму гэта полымя свечкі так закалыхалася? – сказала цёця Поллі. – (Том папоўз шпарчэй.) – Мабыць дзверы адчыненыя. Ну, вядома так. Што за дзіва такое? Ідзі зачыні дзверы, Сід!
Том акурат паспеў схавацца пад ложак. Ён крыху аддыхаўся, а потым падпоўз так блізка, што мог-бы дакрануцца да цётчынай нагі.
– Ды вось я і кажу,– прадаўжала цёця Поллі,– што ён быў зусім не злы, не дрэнны хлопчык, толькі свавольнік вялікі, прайдзісвет,– вядома, як хлопчык: скача, нібы жарабя тое. Хіба з яго можна спаганяць? Ён ніколі нічога не рабіў са злым намерам, і сэрца ў яго было залатое.
І яна заплакала.
– Вось таксама і мой Джо, заўсёды гатоў быў дурэць, на гэта заўсёды быў першы, а добры, добры, лепш не трэба!.. Божа, даруй мне грэшнай! Як падумаю, што я яго адлупцавала за сліўкі, а сама забылася, што гэта-ж я сама іх выліла, таму што яны пракіслі... Як успомню, што ніколі больш не ўбачу яго на гэтым свеце, ніколі, ніколі, ніколі! Бедны мой пакрыўджаны хлопчык!
І місіс Гарпер зарыдала так, нібы сэрца ў яе разрывалася на кавалкі.
– Я спадзяюся, што Тому лепш там, дзе ён цяпер – сказаў Сід. – Але, каб ён з некаторага боку быў-бы лепшым на зямлі...
– Сід! – (Том адчуў, як загарэліся ў цёткі вочы, хоць і не мог гэтага бачыць.) – Я не дазволю гаварыць дрэнна пра майго Тома цяпер, калі яго няма! Ох, місіс Гарпер, я ўжо і не ведаю, як я гэта перажыву. Проста не магу даць веры, што яго ўжо няма! Ён быў для мяне такой пацехай, хоць і раздзіраў маё старое сэрца.
– Але, гэта цяжка, ох як цяжка! Яшчэ ў мінулую суботу мой Джо стрэліў з дзіцячага пісталета пад самым маім носам, і я трэснула яго так, што ён пакаціўся. Не ведала я тады, як хутка... як хутка... Каб я ведала, я-б тады пацалавала і благаславіла яго.
– Ну але, але, я зусім разумею вашы адчуванні, місіс Гарпер, зусім разумею. Не далей як учора перад абедам мой Том напаіў ката «болесупакойнікам». Бедная жывёліна так кідалася—я думала, у доме не застанецца ніводнай рэчы цэлай. І я таксама,– даруй мне, божа,– ледзь галаву яму не прабіла сваім наперсткам. Бедны мой хлопчык, бедны мой нябожчык! Ну, цяпер ужо скончыліся ўсе яго няшчасці. І апошнія словы, якія я пачула ад яго, былі дакорам...
Але ўспаміны аб гэтым былі надта ўжо цяжкімі для старой, і яна расплакалася. Том пад ложкам таксама ўсхліпваў, але больш ад жалю да сябе самога. Ён чуў, як плакала Мэры, час ад часу памінаючы яго ласкавым словам. Усё гэта вельмі ўздымала яго ў яго ўласных вачах. Але гора цёткі вельмі расчуліла яго; яму хацелася вылезці з-пад ложка і парадаваць яе, кінуўшыся да яе ў абдымкі; апрача ўсяго, гэта быў-бы такі дасканалы тэатральны эфект. Але ён устрымаўся ад спакусы і ляжаў ціха, прыслухоўваючыся да гутаркі.
З паасобных фраз ён даведаўся, як тлумачылі сабе іхняе знікненне: спачатку думалі, што яны ўтапіліся, купаючыся, потым заўважылі, што няма плыта; пасля нехта з хлопчыкаў успомніў, што загінуўшыя таварышы абяцалі хутка чымсьці здзівіць увесь горад. Тады мясцовыя мудрацы, абмеркаваўшы справу так і гэтак, парашылі, што хлопчыкі паехалі на плыце з тым, каб высадзіцца ў бліжэйшым горадзе; але а поўдні плыт знайшлі прыбітым да берага міль за пяць-шэсць ніжэй вёскі, і тады ўсе падзеі прапалі; вырашана было, што хлопчыкі безумоўна ўтапіліся,– іначай голад прыгнаў-бы іх дахаты к ночы, калі не раней. Што тычыцца дарэмных пошукаў трупаў, то няўдачу аб’яснілі тым, што катастрофа здарылася на самай сярэдзіне ракі,– іначай хлопчыкі дабраліся-б да берага, бо яны добра ўмелі плаваць.
Быў вечар серады. Калі да нядзелі трупаў не знойдуць, значыцца ніякай надзеі ўжо няма, і ў нядзелю было вырашана справіць малебства па памершых. Пры гэтым слове Том уздрыгануўся, яму зрабілася страшна.
Місіс Гарпер, плачучы, развіталася з усімі і накіравалася-была да дзвярэй, але спынілася, і абедзве асірацелыя жанчыны кінуліся адна да адной у абдымкі, каб яшчэ паплакаць разам перад тым, як разлучыцца.
Цёця Поллі надзвычайна пяшчотна пацалавала на нач Сіда і Мэры, прычым Сід захныкаў, а Мэры пайшла ўся ў слязах.
Тому яшчэ доўга прышлося ляжаць ціха пад ложкам нават і пасля таго, як цётка лягла спаць; яна ўвесь час трывожна паварочвалася, кашляла і цяжка ўздыхвала. Але нарэшце яна сціхла і толькі часам енчыла ў сне. Том вылез з-пад ложка, асцярожна ўстаў і, засланіўшы рукою свечку, доўга глядзеў на старую.
Ён яе шкадаваў ад усяго сэрца. Ён выцягнуў з кішэні кавалак кары і палажыў каля свечкі, але потым нешта ўспомніў, падумаў, паспешна схаваў кару назад у кішэнь, схіліўся і пацалаваў вялыя старэчыя вусны. А потым ціха вышаў, зачыніўшы за сабою дзверы на засаўку.
Ён дайшоў да прыстані, дзе звычайна стаяў катэр, і, не знайшоўшы нікога на беразе, смела ўзышоў на судна. Ён ведаў, што на ім нікога не магло быць, апрача вартаўніка, а той меў звычай спаць у каюце беспрасыпным сном.
Хлопчык адвязаў човен, ціха забраўся ў яго і пачаў плысці на вёслах уверх па рацэ. Праехаўшы каля мілі, ён накіраваў човен на процілеглы бераг і прыстаў акурат там, дзе трэба было, бо такая справа была для яго не новай. Яму вельмі хацелася прысвоіць сабе човен, бо гэта-ж было да некаторай ступені судна і, значыцца, законная здабыча пірата, але ён ведаў, што човен усюды будуць шукаць, а гэта можа навесці на след.
Таму ён проста зышоў на бераг, пасядзеў у лесе, ледзь стрымліваючы сон, і змораны павалокся да сваіх таварышоў. Ноч ужо канчалася, а калі ён дайшоў да месца пераправы, ужо зусім развіднелася. Ён пасядзеў яшчэ крыху, пакуль сонца сагрэла ваду сваімі залатымі праменнямі, а потым кінуўся ў раку і паплыў. Увесь мокры, ён з’явіўся ў лагеры акурат у тую хвіліну, калі Джо казаў:
– Не, Гек, Том чалавек надзейны. Ён не збяжыць, ён вернецца. Ён ведае, што дэзертырства для пірата – ганебны ўчынак. Ён надумаў нейкую прыгоду – вось і ўсё! Але якую прыгоду, я не ведаю.
– Ну, а рэчы ўсё-ж такі – нашы?
– Нашы, Гек, але не зусім. У пісьме сказана, каб мы ўзялі іх, калі ён не вернецца да снедання.
– А ён ужо тут! – выскачыў Том.
Гэта быў сапраўды рэдкі тэатральны эфект...
Зараз-жа яны зрабілі сабе снеданне з ветчыны і рыбы і добрасумленна яго знішчылі, а тымчасам Том расказаў (усё як было) пра свае прыгоды. Калі расказ быў выслуханы да канца, нашы героі проста не ведалі, як ім фанабэрыцца ды задавацца.
Пад’еўшы, Том лёг у цяньку паспаць, а піраты пайшлі вудзіць рыбу і даследваць востраў.
Раздзел XV

Піраты шукаюць чарапашыных яек.
Пасля абеду ўся банда рушыла на бераг – па чарапашыны яйкі. Хлопчыкі тыркалі палкамі ў пясок і, дзе знаходзілі мяккую мясціну там апускаліся на калены і пачыналі капаць пясок рукамі. З некаторых ям здабывалі адразу па пяць-шэсць дзесяткаў яек. Яйкі былі зусім круглыя, белыя, крыху меншыя за грэцкі арэх. У гэты дзень у іх была багатая вячэра і такое самае снеданне ў наступную раніцу.
Пасля снедання яны скакалі і бегалі па беразе, ганяліся адзін за адным, раздзяваліся на хаду і дурэлі ў вадзе, змагаючыся з цячэннем, якое іх валіла з ног, а гэта яшчэ больш надавала весялосці. А то набяруць вады ў прыгаршчы і пачнуць пырскаць адзін аднаму ў твар. Канчалася гэта агульнай тузанінай, у часе якой усім тром даводзілася пакачацца па дне і паглытаць вады.
Выбіўшыся з сіл, яны выбягалі з вады, кідаліся на гарачы пясок і закопваліся ў яго, а потым зноў кідаліся ў ваду і зноў пачыналася тое самае. Нарэшце ім прышло ў галаву, што іхняе голае цела зусім падобнае на трыко цялеснага колеру; яны начарцілі на пяску круг і наладзілі цырк, у якім уся трупа складалася з трох клоунаў, бо ніводзін з іх не захацеў узяць іншую ролю.
Потым яны ўзялі свае галачкі і гулялі з імі, пакуль не абрыдала. Паступова яны разышліся ў розныя бакі, задумаліся, і кожны з іх з нудою глядзеў у той бок, дзе ляжаў заліты сонцам родны гарадок. Том, сам таго не заўважаючы, пісаў на пяску вялікім пальцам нагі – «Бэкі». Ён злавіў сябе на гэтым учынку, раззлаваўся на такую слабасць, і сцёр напісанае, але не мог стрымацца і зноў напісаў гэта імя, потым зноў сцёр і, каб перамагчы спакусу, далучыўся да таварышоў.
Але ў Джо зусім сапсаваўся настрой. Ён так знудзіўся па доме, што ледзь стрымліваў слёзы.
Нават Гек засумаваў. Толькі Том бадзёрыўся: у яго была тайна, якую ён пакуль што не хацеў адкрываць таварышам, але парашыў, калі яму не ўдасца скінуць з іх нуду, сказаць ім зараз-жа. І з абыякім выглядам ён кінуў зачэпку:
– А ведаеце што: я гатоў спрачацца, што на гэтым востраве і перад намі былі піраты. Давайце абыйдзем яго яшчэ раз. Тут, напэўна, дзе-небудзь схаваны скарб. Што вы скажаце, калі мы натрапім на спарахнелы куфар, напоўнены золатам і срэбрам?
Але гэтая прапанова не выклікала асаблівага захаплення.
Том зрабіў яшчэ дзве-тры прывабныя прапановы, але ўсе яго намаганні былі дарэмныя. У яго апускаліся рукі.
Джо сумна торкаў палкай у пясок, і выгляд у яго быў самы хмурны. Нарэшце ён сказаў:
– Ох, браткі, кінем гэтую выдумку! Я хачу дадому. Тут вельмі нудна.
– Ды не, Джо, ты прызвычаішся,– угаварваў Том.– Ты падумай, як добра тутака ловіцца рыба.
– Не трэба мне ніякай рыбы,– я хачу дамоў.
– А купанне? Другога-ж такога месца для купання не знойздем.
– І купанне не памагае. Я неяк і купацца цяпер разахвоціўся, калі ніхто не забараняе. Я хачу дадому.
– Фу, якое глупства! Маленькі! Да мамкі захацеў!
– Ну але, да мамы! І табе захацелася-б, каб у цябе была маці. І зусім я не маленечкі,– мне столькі год, колькі і табе.
І Джо ціха заплакаў.
– Ну, добра, хай сабе наша плаклівае дзіцянё адпраўляецца дахаты, к мамцы, мы яго адпусцім. Так, Гек? Бедненькі, ён па мамцы знудзіўся. Ну, што-ж? Хай ідзе! Табе-ж, Гек, падабаецца тут, ці не так? Мы з табой застанемся тут?
– Та-ак,– сказаў Гек абыякім тонам.
– Я з табой больш не знаёмы,– абвясціў Джо, устаючы. – Так і ведай!
Ён панура адышоў і пачаў адзявацца.
– Невялікая бяда! – адказаў Том. – Калі ласка! Нікому ты тут і не патрэбны. Адпраўляйся дахаты, няхай з цябе ўсе смяюцца. Добры пірат, няма чаго казаць! Гек і я – не такія плаксы, як ты. Мы застанемся тут, праўда, Гек? Хай ідзе, калі хоча. Абыйдземся і без яго.
Джо, не адказваючы, панура нацягваў на сябе адзежу. Том, не гледзячы на свой напускны спакой, у душы быў устрывожаны і нават засмучоны. Яшчэ болей трывожыў яго выгляд Гека, які сумна і маўкліва сачыў за зборамі таварыша ў дарогу. Джо адзеўся і, не сказаўшы ні слова на развітанне, пайшоў у бок ілінойскага берага. У Тома сціснулася сэрца. Ён паглядзеў на Гека. Той не мог вытрымаць гэтага погляду і апусціў вочы, а потым сказаў:
– І мне таксама ахвота пайсці, Том. Неяк нудна тут стала, а цяпер будзе яшчэ нудней. Пойдзем і мы, Том!
– Ідзі, калі хочаш, а я не пайду. Я застануся.
– Том, я лепш пайду.
– Ну ідзі—хто табе не дае?
Гек пачаў збіраць свае параскіданыя рэчы, кажучы:
– Хадзем са мной, Том! Сапраўды, падумай добра. Мы пачакаем цябе на беразе.
– Доўга вам прыдзецца чакаць.
Гек з сумам пайшоў. Том стаяў і глядзеў яму ўслед, адчуваючы вялікае жаданне схаваць у кішэнь свой гонар і пайсці за імі. Ён чакаў, што хлопчыкі спыняцца, але яны паволі адыходзілі ўсё далей і далей. Том раптам заўважыў, што навакол зрабілася неяк незвычайна пуста і ціха. Тады ён зусім перамог сваю ганарыстасць і пусціўся бегчы ўслед за таварышамі з крыкам:
– Стойце! Стойце! Мне трэба вам нешта сказаць!
Тыя спыніліся і павярнулі назад. Дагнаўшы іх, Том пачаў адкрываць ім сваю тайну. Яны спачатку слухалі яго з кіслымі мінамі, а калі ўцямілі, у чым справа, то пачалі скакаць і крычаць ад захаплення, кажучы, што гэта-ж «дзівосна» і, каб ён сказаў ім раней, яны і не падумалі-б ісці.
Хлопчыкі весела вярнуліся назад і ўзяліся зноў за гульні, увесь час балбочучы пра незвычайную выдумку Тома і дзівячыся з яго вялікага розуму. Пасля смачнага абеду з яек і рыбы, Том сказаў, што цяпер ён хоча навучыцца курыць. Джо ўхапіўся за гэтую думку і абвясціў, што ён таксама паспрабуе. Гек зрабіў люлькі і напхаў іх тытуном. Да гэтага часу абодва навічкі курылі цыгары з вінаграднага лісця, але гэтыя цыгары «кусалі» язык і наогул лічыліся нявартымі мужчын.
Яны разлягліся на зямлі, абаперліся на локці і пачалі асцярожна ўцягваць ў сябе дым без асаблівага давер’я да яго. Дым быў непрыемны на смак і душыў іх, але Том сказаў:
– Ды гэта зусім лёгка! Каб я ведаў раней, я даўно пачаў-бы курыць.
– І я таксама,– падтрымаў Джо. – Зусім плёвая справа!
– Колькі разоў глядзеў я, як іншыя кураць і думаў: «вось каб і мне навучыцца!» але быў упэўнены, што мне не ўдасца. Вось я заўсёды такі. Праўда, Гек? Ты-ж чуў гэта ад мяне? Вось няхай Гек скажа.
– Так, казаў многа разоў,– пацвердзіў Гек.
– Ну але, казаў сотні разоў. Адзін раз, памятаеш, гэта было каля бойні. Там былі яшчэ Боб Тэнэр, Джоні Мілер і Джэф Тэчэр. Ты памятаеш, Гек, што я сказаў?
– Так, памятаю. Гэта было ў той дзень, калі я згубіў свой мячык... Не, напярэдадні.
– Ну вось, Гек памятае.
– Я думаю, што я мог-бы курыць такую люльку ўвесь дзень,– сказаў Джо. – Мяне ані не нудзіць.
– І мяне таксама! – сказаў Том. Я мог-бы курыць увесь дзень, але буду спрачацца, што Джэф Тэчэр не мог-бы.
– Джэф Тэчэр? Куды яму! Ды ён і двух зацяжак не зробіць! Хай толькі паспрабуе!
– Вядома, не зробіць, і Джоні Мілер таксама. Хацеў-бы я паглядзець, як Джоні Мілер пачаў-бы курыць!
– Ды куды ён варты, Джоні Мілер! Ён нічога не ўмее. Ён ад першай зацяжкі скапыціцца.
– Праўду кажаш, Джо. Слухай: вось каб таварышы маглі нас бачыць цяпер!
– Ах, як-бы я хацеў гэтага! Слухайце-ж, браточкі, цыц, нікому ні слова! А калі-небудзь, як усе будуць у зборы, я падыйду да цябе і скажу: «Джо, ёсць у цябе люлька? Пакурыць ахвота». А ты адкажаш важна так, нібы гутарка ідзе аб глупстве: «Так, ёсць мая старая люлька і другая ёсць, толькі тытун у мяне не вельмі добры». А я скажу: «Ну, ды ўсёроўна, абы толькі быў моцны». I тады ты выцягнеш люлькі, і мы абодва закурым, як мае быць,– няхай паглядзяць!
– Вось-жа весела будзе, Том! Я-б хацеў, каб гэта было цяпер.
– І я! А калі мы ім скажам, што навучыліся курыць, калі былі піратамі, то яшчэ больш зайздросціць будуць.
– Ды ўжо-ж! Вядома, будуць.
Праз некаторы час гэтая гутарка нейк завяла і пачала перарывацца. Паузы рабіліся даўжэйшымі. Затое колькасць сліны надзвычайна павялічылася. Рот у кожнага хлопчыка ператварыўся нібы ў фантан. Яны ледзь паспявалі ачышчаць скляпенні ў сябе пад языком, каб папярэдзіць паводку. Не гледзячы на ўсе іхнія намаганні, ім залівала горла, і кожны раз пасля гэтага рабілася млосна.
Абодва навічкі збялеліся, і выгляд у іх быў самы няшчасны. У Джо вывалілася люлька з аслаблых пальцаў, у Тома таксама. Нарэшце, Джо слабым голасам прамовіў:
– Я згубіў свой ножык, трэба пайсці пашукаць.
Том дрыжачымі губамі і перарывістым голасам вымавіў:
– Я памагу табе. Ты ідзі ў гэты бок, а я пайду вунь туды, к крыніцы. Не, Гек, ты не ідзі за намі, мы самі знойдзем.
Гек усеўся на сваё месца і чакаў больш гадзіны. Потым знудзіўся і пайшоў шукаць таварышоў. Ён знайшоў іх у лесе, далёка адзін ад аднаго; абодва былі бледныя і нейкія сонныя. Але нешта падказала яму, што калі раней ім было вельмі дрэнна, то цяпер прычына гэта адхілена.
За вячэрай абодва былі маўклівыя, глядзелі неяк баязліва, і калі Гек пасля вячэры закурыў люльку і прапанаваў ім таксама, то абодва адмовіліся, спасылаючыся на хворасць,– мабыць у абед яны з’елі што-небудзь такое, што пашкодзіла ім.
Раздзел XVI
А поўначы Джо прачнуўся і пабудзіў таварышоў. У паветры была злавесная духата. Хлопчыкі збіліся ў кучу і ціскаліся бліжэй да агня, хоць ноч была вельмі цёплая. Яны сядзелі і ўважліва прыслухоўваліся. Ззаду ўсё танула ў непрагляднай цемры.
Раптам нешта бліснула, асвятліла лісце і знікла; потым зноў бліснула ярчэй і яшчэ, і яшчэ. У верхавінах дрэў пачуўся слабы ўздых; хлопчыкі адчулі на сваіх шчоках нечае дыханне і затрапяталі пры думцы, што гэта пранёсся «дух ночы». Потым зрабілася ціха.

У лесе страшэнная бура.
І раптам зноў злавесны блеск маланкі, якая з надзвычайнай яскравасцю асвятліла кожную травінку ля кастра і тры бледныя спалоханыя дзіцячыя твары. Па лесе пракаціўся гром і заціх, адгукнуўшыся далёка глухім грукатам. Падзьмуў халодны вецер, зашамацеў усім лісцем разам і раскідаў попел вакол кастра.
Зноў бліснула маланка, і ў тую-ж секунду ўдарыў гром. Хлопчыкам здалося, што ад гэтага грукату дрэвы валяцца ім на галовы. Сярод надышоўшай цемры яны з жахам прыціснуліся адзін да аднаго. Па лісцях застукалі першыя буйныя каплі дажджу.
– Хутчэй, рэбяты, у палатку! – крыкнуў Том.
Яны кінуліся бегчы, спатыкаючыся аб карэнні і чапляючыся за ліяны. У лесе бушавала страшэнная бура, і ўсё са стогнам гнулася пад яе напорам. Яркая маланка бліскала бадай што бесперапынна адна ўслед за другой і кожная суправаджалася аглушальным громам. Дождж паліў як з вядра.
Хлопчыкі з крыкам клікалі адзін аднаго, але рэў буры і грамовыя ўдары заглушалі іх галасы. Адзін за адным дабеглі яны да палаткі і схаваліся пад ёй, прадрыжэлыя, падрапаныя, прамоклыя да ніткі; з іх адзення струменямі цякла вада; але кожны быў задаволены хоць тым, што ў яго ёсць таварышы па няшчасцю. Размаўляць ім нельга было, нават каб бура і не заглушала іхных галасоў, бо надта ўжо пляскаў парус над іх галавой.
Навальніца ўсё ўзмацнялася. Нарэшце вецер сарваў парус, і ён закружыўся па воле ветру. Хлопчыкі ўхапіліся за рукі і, штохвілінна спатыкаючыся і насадзіўшы сабе гузакоў, пабеглі пад ахову вялікага дуба, што стаяў на беразе.
Цяпер стыхіі разгуляліся на поўную сілу. Пад несупынным блескам маланак усё вырысоўвалася з незвычайнай выразнасцю: нахіленыя дрэвы, пеністая рака, цмяныя абрысы высокіх уцёсаў на другім беразе. То там, то сям які-небудзь лясны волат нібы ў бойцы валіўся на зямлю, ламаючы маладыя дрэвы вакол сябе; неаслабны грукат грому перарываўся цяпер адрывістымі выбухамі, рэзкімі, сухімі, якія напаўнялі душу невыказным жахам. К канцу навальніца напружыла ўсе свае сілы і забушавала яшчэ з большай лютасцю; здавалася, яна разарве востраў на кавалкі, спаліць яго, вырве з карэннямі дрэвы, сатрэ яго з зямлі. То была жудасная ноч для беспрытульных дзяцей.
Але нарэшце бойка сціхла, і стыхіі пачалі супакойвацца. Грукат грому рабіўся ўсё цішэйшым, паступова ў лесе зноў стала ціха. Хлопчыкі вярнуліся ў свой лагер напалоханыя, але тут выявілася, што ім усё-ж такі пашанцавала, бо тое вялікае фігавае дрэва, пад якім яны заўсёды начавалі, пашчапала маланка, і яны загінулі-б, каб засталіся пад ім.
Усё ў лагеры прамокла наскрозь. Агонь пагас: хлопчыкі па сваёй дурноце не зрабілі ніякіх захадаў, каб яго захаваць. Гэта было вельмі непрыемна, бо ўсе тры прамоклі да касцей і дрыжэлі ад холаду. Яны вельмі красамоўна выказвалі сваю прыкрасць, але потым заўважылі, што агонь прабраўся так далёка пад вялікі пень, ля якога быў раскладзены, што некалькі вугольчыкаў выратаваліся ад вады.
Хлопчыкі ўзяліся за справу, пачалі збіраць ламачча і кару ў схаваных ад дажджу кутках і пасля доўгіх, цярплівых намаганняў расклалі агонь. Яны навалілі туды як мага больш галля, зрабілі вялізны касцёр – і бадзёрасць зноў вярнулася да іх. Над агнем яны высушылі сваю прамоклую ветчыну, пад’елі, расселіся вакол кастра і да раніцы гутарылі пра свае прыгоды: спаць усёроўна нельга было, бо навакол не было ніводнай сухой мясцінкі.
З першымі праменнямі сонца нашых герояў пачала асільваць дрымота, і яны паляглі на беразе, на мокрым пяску.
Калі сонца прыпякло іх, яны падняліся і млява пачалі рыхтаваць сабе снеданне. Але і пасля ежы яны адчувалі сябе зморанымі; усё цела ламіла; зноў вярнуўся сум па доме.
Том прыкмеціў гэты сум і рабіў усё, што мог, каб развесяліць сваіх таварышоў. Але іх не цешылі ні галачкі, ні цырк, ні купанне. Ён напомніў ім пра вялікую тайну і яму ўдалося крыху ажывіць іх. Том скарыстаў гэта і паспяшаўся зацікавіць іх новай выдумкай, прапанаваўшы ім часова пакінуць разбой і зрабіцца індзейцамі. Гэтая думка здалася ім прывабнай. Яны мігам раздзеліся, выпэцкаліся ад ног да галавы гразёю, зрабіліся паласатымі, як зебры, і пайшлі ў лес нападаць на англійскае паселішча. Пры гэтым усе тры, вядома, былі правадырамі.
Потым яны падзяліліся на тры варожых пляменні, з ваяўнічымі крыкамі выскоквалі з засады і кідаліся адзін да аднаго, забіваючы і скальпуючы [4] ворага тысячамі. Бойка была гарачая і хлопчыкі засталіся задаволеныя.
Вярнуліся ў лагер вячэраць галодныя і шчаслівыя. Але тут узнікла неспадзяваная труднасць: варожыя індзейцы не маглі разам есці хлеб, пакуль не памірацца між сабой, а пры гэтым абавязкова трэба было выкурыць «люльку міру». Яны ніколі не чулі, каб стварыць згоду можна было без гэтага. Двое з іх пашкадавалі, чаму яны не засталіся піратамі. Але нічога не заставалася рабіць,– і надаючы сабе вясёлы выгляд, яны па чарзе пачалі зацягвацца з люлькі.
І што-ж! Цяпер яны ўжо радаваліся, што ператварыліся ў дзікуноў, бо яны ад гэтага нешта выйгралі: яны ўбачылі, што цяпер ўжо сяк-так могуць курыць, не маючы патрэбы ісці шукаць згублены нож; калі ім і было крыху дрэнна, то не на столькі, каб лічыць гэта сур'ёзнай перашкодай. Вядома, яны паспяшаліся скарыстаць такую магчымасць і пасля вячэры для практыкі паўтарылі вопыт з поўным поспехам. Дзякуючы гэтаму, вечар прайшоў вельмі прыемна. Яны цешыліся, ганарыліся і былі такія шчаслівыя ад свайго новага ўмення, як быццам ім пашанцавала аскальпаваць і садраць скуру з шасці індзейскіх пляменняў адразу.
Раздзел XVII
Не так весела было ў маленькім гарадку ў ціхі суботні вечар. Гарперы і сям’я цёці Поллі з вялікім горам і слязмі ўбраліся ў жалобу. У пасёлку і наогул было не надта шумна, а цяпер у ім была нязвычайная цішыня. Абываталі задуменна рабілі свае справы і часта ўздыхвалі. Дзецям суботні адначынак, здавалася, быў не на радасць. Гульні не ладзіліся, і паступова дзеці зусім адмовіліся ад іх.
Пад вечар Бэкі Тэчэр сумна сядзела адна на школьным двары і, не знаходзячы ні ў чым уцехі, гутарыла сама з сабой.
– Хоць-бы ў мяне засталася тая медная шпонка, што ён падараваў мне, а то мне нават і памянуць яго няма чым.
Бэкі ўсхліпнула, потым казала далей:
– Гэта акурат тутака і было... О, каб можна было паўтарыць нашу сустрэчу, я не казала-б яму такіх злых слоў! Але яго няма, і я ніколі, ніколі больш не ўбачу яго.
Гэтая думка забівала яе, і яна пайшла ўся ў слязах.
Потым прышоў цэлы гурт хлопчыкаў і дзяўчынак, школьных таварышоў Тома; стоячы ля плота і сцішыўшы голас у знак пашаны да нябожчыкаў, яны ўспаміналі, як Том зрабіў тое і тое і што сказаў Джо, прычым у кожным яго слове бачылі цяпер злавеснае прароцтва. І кожны дакладна паказваў тое месца, дзе стаялі загінуўшыя хлопчыкі, і пры гэтым сказаў: «А я стаяў вось так, як цяпер стаю, а ён – як ты стаіш, і ён усміхнуўся вось так, і на мяне раптам нешта такое найшло, неяк жудасна зрабілася, разумееце? – Ну, тады я, вядома, не ведаў, што гэта значыць, а цяпер разумею!»




























