444 000 произведений, 109 000 авторов.

Электронная библиотека книг » Марк Твен » Прыгоды Тома Соўэра » Текст книги (страница 8)
Прыгоды Тома Соўэра
  • Текст добавлен: 30 сентября 2026, 22:31

Текст книги "Прыгоды Тома Соўэра"


Автор книги: Марк Твен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 11 страниц)

Пачуўшы гэты голас, хлопчыкі ледзь не самлелі ад жаху: то быў голас індзейца Джо. Абодва памаўчалі, потым Джо сказаў:

– Ужо-ж якое небяспечнае было тое, другое, але-ж сышло з рук.

– То іншая рэч. Тое далёка адсюль уверх па рацэ, і ніякага іншага жылля няма паблізу.

– А сюды прыйсці ўдзень як рызыкоўна, і варта толькі зірнуць на нас, каб з’явілася падазрэнне.

– Я ведаю. Але-ж пад рукой не было іншага месца, дзе можна было-б схавацца пасля гэтай дурной справы. Мне, наогул, няма ахвоты заставацца тут. Я яшчэ ўчора хацеў выбрацца, але нельга было і думаць выйсці незаўважаным, пакуль гэтыя праклятыя хлапчукі гулялі там на ўзгорку насупраць, ля самага дома.

У «праклятых хлапчукоў» аж дрыжыкі пайшлі па спіне ад гэтых слоў. Якое шчасце, што яны пабаяліся пачынаць справу ў пятніцу і парашылі дзянёк пачакаць! У глыбіні душы яны шкадавалі, што не адклалі сваёй выдумкі на цэлы год. Бандыты дасталі прадукты і пачалі закусваць. Пасля доўгага раздум’я індзеец Джо сказаў:

– Слухай, малы, ідзі ты назад да ракі – там табе самае месца – і чакай вестак ад мяне. А я выберу момант і яшчэ раз зайду ў гарадок паглядзець. Трэба спачатку добра выведаць і ўпэўніцца, што ўмовы склаліся спрыяльныя, і тады толькі пачынаць небяспечную справу. А потым у Тэхас!

«Другі» застаўся гэтым задаволены. Потым абодва пачалі пазяхаць, і метыс сказаў:

– Надта спаць хочацца! Цяпер твая чарга вартаваць.

Ён скруціўся на траве і хутка захроп. Таварыш штурхануў яго разы два, і ён сціх. А потым і вартаўнік пачаў дзюбаць носам; галава яго апускалася ўсё ніжэй і ніжэй. Цяпер ужо храплі абодва.

Хлопчыкі з палягчэннем уздыхнулі.

– Цяпер мы выратаваныя! – шапнуў Том. – Ідзем хутчэй!

– Не магу,—сказаў Гек,—я памру на месцы, калі яны прачнуцца.

Том прасіў, Гек не згаджаўся. Нарэшце Том ціханька падняўся і пайшоў адзін. Але пры першым-жа кроку старыя дошкі пад нагамі так зарыпалі, што ён абамлеў ад страху і прысеў на месцы, а другі раз прабаваць ўжо не адважыўся. Мінуты цягнуліся надзвычайна марудна; хлопчыкам здавалася, што час скончыўся і нават вечнасць паспела пасівець. Яны вельмі ўзрадваліся, калі ўбачылі, нарэшце, што сонца садзіцца.

Цяпер ужо храплі не двое, а толькі адзін. Індзеец Джо прыпадняўся, сеў, азірнуўся навакол, паглядзеў на свайго таварыша, у якога галава звесілася на калены, і пахмура ўсміхнуўся. Потым штурхануў яго нагой і сказаў:

– Уставай! Вось дык вартаўнік!

– Ну дык што-ж? Нічога-ж не здарылася. Ды няўжо-ж я заснуў?

– Быў грэх. Ну, брат, час нам і ў дарогу. А ў нас-жа ж яшчэ маленькі запас застаўся. Што мы з ім будзем рабіць?

– А ўжо-ж і не ведаю. Хіба тут пакінуць, як раней? Пакуль мы не рушымся на поўдзень, нам ён не спатрэбіцца. А цягнуць на сабе шэсцьсот пятьдзесят срэбрам чаго-небудзь ды варта.

– Яно так, ды заходзіць сюды неахвота.

– Ну, нічога, уначы прыдзем, як заўсёды хадзілі, гэта будзе лепш.

– Так, але вось што, браце: нам можа яшчэ не скора выйдзе магчымасць выканаць тую справу – ведаеш якую,– ці мала што можа здарыцца, грошы-ж у нас дрэнна схаваныя... Давай лепш закапаем іх ды глыбей.

– Добрая справа,– сказаў таварыш і, перайшоўшы на другі бок пакоя, апусціўся на калены; потым прыпадняў адну заднюю цэглу камінка і выцягнуў адтуль мяшок, у якім прыемна бразнула срэбра. Ён выняў адтуль дваццаць ці трыццаць далараў для сябе і столькі сама для метыса і перадаў яму мяшок; Джо стаяў на каленах у куце і капаў зямлю сваім вялікім нажом.

Хлопчыкі адразу забыліся на свой страх і нягоды. Яны прагнымі вачыма сачылі за кожным рухам бандытаў. Такога багацця яны і ўявіць сабе не маглі. Шэсцьсот далараў! Гэтага досыць, каб ўзбагаціць поўтузіны хлопчыкаў! Скарб сам даваўся ў рукі, цяпер ўжо не трэба будзе задумвацца над тым, дзе капаць. Яны кожную хвіліну штурхалі адзін аднаго локцем, і кожны разумеў, што гэтыя красамоўныя штуршкі азначалі пытанне: «Ага! цяпер ты здаволены, што мы забраліся сюды»?

Нож метыса стукнуўся аб нешта цвёрдае.

– Эге! – сказаў ён.

– Што там такое? – спытаўся таварыш.

– Гнілая дошка... Не, здаецца, скрынка. Ідзі сюды, памажы выцягнуць! Паглядзім, што там такое. Пачакай, не трэба,– я прабіў дзірку.

Ён сунуў руку ў скрынку і зараз-жа выцягнуў яе назад.

– Слухай, ды тамака грошы!

Абодвы нахіліліся над жменяй манет. Гэта было золата. Хлопчыкі наверсе былі не ў меншым захапленні, як самі бадзягі.

– Трэба хутчэй выкапаць скрынку,– сказаў таварыш метыса. – Я надоечы бачыў там у куце, у траве, за комінкам старую зайржавелую матыку. Я зараз прынясу.

Ён пабег і прынёс рыдлёўку і матыку, пакінутыя хлопчыкамі. Метыс узяў матыку, крытычна аглядзеў яе, паківаў галавой, нешта прамармытаў сам сабе і пачаў капаць зямлю.

Хутка ён выцягнуў скрынку. Скрынка была невялікая, акованая жалезам, відаць, калісьці была вельмі моцная, пакуль не папсаваў яе час.

Некалькі мінут бадзягі ў шчаслівым маўчанні глядзелі на знойдзенае багацце.

– Тут куча грошай,– заўважыў індзеец Джо,– некалькі тысяч далараў.

– Кажуць, у гэтых месцах некаторы час бадзялася банда Мэўрэля,– сказаў «другі».

– Я таксама гэта чуў. Мабыць яны гэта сюды і захавалі.

– Цяпер табе няварта і пачынаць тую справу.

Метыс нахмурыўся.

– Ты мяне не ведаеш, або, прынамсі, не ўсё ведаеш аб гэтай справе. Тут зусім не ў грабяжы справа, а ў помсце,– і вочы яго бліснулі злосцю. – А калі скончым з гэтым, тады і ў Тэхас! Ідзі сабе дахаты к сваёй Нэнсі і дзетвары і чакай вестак ад мяне.

– Добра, няхай будзе па-твойму. А з гэтым што мы зробім? Зноў закапаем?

– Так! – (Поўная радасць наверсе.) – Не, клянуся вялікім сахемам, не! – (Глыбокі сум наверсе.) – Я было і забыўся: на рыдлёўцы-ж была свежая зямля. – (У хлопчыкаў у ваччу пацямнела ад страху.) – Адкуль тут узяліся гэтыя матыка і рыдлёўка? Адкуль на іх свежая зямля? Хто прынёс іх сюды і куды дзеўся той, хто прынёс! Ты нікога не бачыў, не чуў? Як-жа ж зноў закапаць гэтыя грошы, каб хто-небудзь прышоў, убачыў, што зямля кранутая, і выкапаў іх? Ну не, ужо мы перанясем іх у маю бярлогу.

– Вядома, вядома! Я пра гэта не падумаў! У якую бярлогу? Нумар першы?

– Не, нумар другі, пад крыжам. Першая не падыходзіць,– надта кідаецца ў вочы.

– Добра. Цяпер ужо сцямнелася, можна ісці.

Індзеец Джо падняўся на ногі і хадзіў ад акна да акна, асцярожна прыглядаючыся навакол, потым сказаў:

– Хто мог прынесці сюды гэтыя інструманты? Ты не думаеш, што там наверсе, можа, хто-небудзь сядзіць?

У хлопчыкаў захапіла духі... Індзеец Джо палажыў руку на нож, хвіліну пастаяў у нерашучасці і потым накіраваўся да сходняў... Хлопчыкі ўспомнілі пра каморку, але не мелі сілы пасунуцца з месца. Ступенькі сходняў зарыпелі пад важкімі крокамі.

Надзвычайны жах абудзіў у хлапцоў рашучасць, і яны ўжо хацелі кінуцца ў каморку, як раптам пачуўся трэск зламаных дошак і індзеец Джо зваліўся на зямлю разам з рэшткамі зламанай лесвіцы. Крэкчучы і лаючыся, ён падняўся на ногі, а таварыш яго сказаў:

– Ну і чаго было туды лезці? Калі там хто-небудзь сядзіць, ну і няхай сабе сядзіць,– нам што да таго? Калі ён пажадае скакнуць уніз і забіцца на смерць, мы яму таксама не будзем перашкаджаць. Праз чвэрць гадзіны зусім сцямнее. Тады хай гоняцца за намі, калі хочуць,– я нічога не маю супроць. Я так думаю, што калі той, хто прынёс сюды рэчы, убачыў нас, то пэўна, палічыў нас за чарцей або за здані і цяпер, мусіць, уцякае з усіх ног.

Джо, бармочучы, згадзіўся з таварышом, што шукаць больш няма калі, а трэба скарыстаць рэшткі дзённага святла, каб сабрацца ў дарогу. Хутка пасля таго яны выслізнулі з дому пад аховай змроку і накіраваліся да ракі, уносячы з сабой каштоўную скрыню.

Том і Гек усталі, аслаблыя ад доўгага ляжання і страху, але з лёгкім сэрцам, і доўга глядзелі ім услед праз шчыліну між бярвенняў, якія складалі сцяну. Праследваць іх? Ну, не! Нашы героі рады былі, што шчасліва спусціліся на зямлю, не паламаўшы сабе шыі, і, перабраўшыся праз узгорак, пайшлі ў горад.

Яны гатовы былі ненавідзець сябе за сваю дурноту. І трэба-ж ім было прыцягнуць сюды матыку і рыдлёўку? Каб не было гэтых прыладаў, у індзейца Джо не з’явілася-б падазрэнне. Ён закапаў-бы зноў сваё срэбра і золата да таго часу пакуль яму трапіцца выпадак адпомсціць, а потым, вярнуўшыся, знайшоў-бы толькі пустое месца. Як крыўдна, што яны прыцягнулі сюды прылады!

Яны пастанавілі сачыць за іспанцам, калі той вернецца ў горад выведваць і вынюхваць зручны выпадак, каб выканаць задуманую помсту, і потым прасачыць яго да нумара другога, які-б ён там ні быў. Раптам у Тома мільганула страшная думка:

– А што, Гек, калі гэта ён нам хоча адпомсціць?

– Ох, не кажы! – сказаў Гек, ледзь трымаючыся на нагах ад жаху.

Яны ўсё абмеркавалі і, пакуль дайшлі да горада, згадзіліся, што метыс мог мець на ўвазе і каго-небудзь іншага або, прынамсі, аднаго Тома, бо толькі Том сведчыў супроць яго. Але-ж мала, вельмі мала ўцехі было Тому ад таго, што небяспека пагражае толькі яму! Ён лічыў, што ў кампаніі было-б зусім не так страшна.

Раздзел XXVI


Перажытае ўдзень мучыла Тома ўсю ноч ува сне. Чатыры разы ён трымаў у руках скарб і чатыры разы гэты скарб знікаў, як толькі Том абуджаўся і вяртаўся да жорсткай сапраўднасці.

Пад раніцу, лежачы ў пасцелі і ўспамінаючы ўсе падрабязнасці сваёй прыгоды, ён заўважыў, што яны прадстаўляліся яму нейкімі няяснымі і далёкімі, нібы ўсё гэта адбылося ў другім свеце або даўно-даўно, і яму прышло ў галаву, што можа ўся гэтая прыгода саснілася яму.

Але чым больш ён думаў, тым ясней і выразней акрэсліваліся ў яго памяці падрабязнасці здарэння, і нарэшце ён зноў пераканаўся, што гэта быў не сон. Неабходна было высветліць гэтае пытанне. Ён спехам паснедаў і пайшоў шукаць Гека.

Гек сядзеў на борце баркі, боўтаючы нагамі ў вадзе, і выгляд у яго быў вельмі пахмурны. Том парашыў не распытваць Гека, а навесці яго на гутарку; калі ён не зразумее намёку, значыцца, Том усё гэта сніў.

– Здароў, Гек!

– Здароў! Эх, Том, каб мы пакінулі гэтую праклятую рыдлёўку пад сухім дрэвам, грошы былі-б у нашых руках. Ці не прыкра гэта?

– Дык, значыцца, гэта быў не сон? Далібог, я гатоў шкадаваць, што гэта быў не сон, сапраўды!

– Які там яшчэ сон?

– Ды я пра гэта, пра ўчарашняе. Мне пачынала здавацца, што ўсё гэта я сніў.

– Сніў! Каб не абламалася пад ім лесвіца, ён-бы табе паказаў які гэта сон! А мне дык цэлую ноч сніўся гэты д’ябал іспанец, нібы ён ганяўся за мной,– каб ён здох!


Нарада.

– Нашто каб ён прапаў? Трэба, каб мы знайшлі яго і знайшлі грошы.

– Ніколі нам яго не знайсці. Такая ўдача не бывае па два разы. Не здолелі скарыстаць, ну, і прапала ўсё! І ты ведаеш, мяне проста трасе ад жаху, калі я падумаю, што магу з ім сустрэцца.

– І мяне таксама, Гек. А ўсё-такі я хацеў-бы яго ўбачыць і прасачыць, дзе гэта ў іх нумар другі.

– Нумар другі? Так, так. Я сам думаў аб гэтым, але нічога не мог прыдумаць. Як ты думаеш, што гэта можа быць такое?

– Не ведаю. Нешта вельмі ўжо цёмна. Слухай, Гек,– можа гэта нумар дома?

– Што ты! Вядома, не. Ды ў нашым гарадку гэтага і быць не можа: у нас-жа ж дамы без нумароў.

– Верна. Дай мне падумаць. Ведаеш? А можа гэта нумар пакоя ў карчме.

– Вось дык штука! Добра прыдумаў! У нас-жа ж толькі дзве карчмы, так што праверыць гэта не цяжка.

– Пачакай тут, Гек, пакуль я прыду.

І Том знік. Ён не любіў паказвацца людзям разам з Гекам. Ён вярнуўся праз поўгадзіны.

У лепшай карчме, куды ён спачатку зайшоў, нумар другі даўно ўжо займаў адзін малады адвакат. У карчме горшай нумар другі быў нейкі таямнічы. Сын гаспадара расказаў яму, што гэты нумар увесь час зачынены, і ён ніколі не бачыў, каб туды хто-небудзь уваходзіў ці выходзіў адтуль, апрача як уначы. Ён не ведаў прычыны гэтай незвычайнасці і таму ўзяў сабе ў галаву, што ў другім нумары «не чыста». Паміж іншым, ён казаў, што ўчора ўначы бачыў там святло.

– Вось што я дазнаўся, Гек. Я ўпэўнены, што яны пра гэты самы друті нумар і казалі.

– Я сам гэта думаю, Том. Што-ж нам рабіць?

– Пачакай, дай падумаць.—Том доўга думаў, потым сказаў:

– Вось што трэба зрабіць. Заднія дзверы гэтага другога нумара тыя самыя, што выходзяць у маленькі закавулак між карчмой і старым напалову разбураным мураваным хлявом. Пастарайся здабыць як мага больш ключоў, а я сцягну ўсе цётчыны, і ў першую-ж цёмную ноч мы паспрабуем адчыніць гэтыя дзверы. І не забудзься высачыць індзейца Джо, калі ён з’явіцца ў горадзе,– памятаеш, ён казаў, што прыдзе паглядзець, ці зручны цяпер час для помсты. Як толькі ўбачыш яго, ідзі за ім, і калі ён не пойдзе ў нумар другі, значыцца мы не ўгадалі.

– Ах, ды як-жа ж я пайду за ім адзін? Я баюся.

– Ды гэта-ж уначы. Ён можа і не ўбачыць цябе, а калі і ўбачыць, нічога не падумае.

– Ну, калі ў цёмную ноч, дык я згодзен, паспрабую...

– Калі ноч будзе цёмная, дык і я пайду за ім, Гек. А то ён можа даведацца, што яму трэба, ды і ўцячэ разам з грашыма.

– Верна, Том, верна! Я пайду за ім, далібог, пайду!

– Вось гэта так! Вось добра! Ты толькі не дай хібы, Гек, а я ўжо не дам.

Раздзел XXVII


Том і Гек пастанавілі паспрабаваць у той-жа вечар. Да дзевяці гадзін яны бадзяліся каля карчмы. Адзін наглядаў за ўваходам, другі – за дзвярмі, што выходзілі ў закавулак. У закавулку ніхто не паказваўся; ніхто, падобны да іспанца, не ўваходзіў у карчму і не выходзіў адтуль.

Ноч была ясная, і Том пайшоў дадому, умовіўшыся з прыяцелем, што калі сцямнеецца, той прыдзе пад акно і мяўкне, тады Том вылезе праз акно, і яны пойдуць прымяраць ключы. Але ноч была светлая, і пасля дванаццаці Гек пакінуў свой наглядальны пункт і залез спаць у пустую бочку з-пад цукру, якая служыла яму прытулкам уначы.

У аўторак хлопчыкам зноў не пашанцавала, у сераду – таксама. Але ў чацвер ноч абяцала быць цёмнай. Том загадзя выбраўся з дому з цётчыным старым бляшаным ліхтаром і вялікім рушніком, каб закрываць яго. Ліхтар ён схаваў у бочцы, дзе начаваў Гек, і абодва пачалі пільнаваць. За гадзіну да поўначы карчму зачынілі і пагасілі ў ёй агні. У іншых дамах святло даўно ўжо згасла. Словам, умовы складаліся спрыяючыя. Ноч была цёмная, хоць у вока калі. Цішыня часамі парушалася толькі грукатам далёкага грому.

Том дастаў свой ліхтар, запаліў яго, не вымаючы з бочкі, і нашы героі ў цемры падкраліся да карчмы.

Гек стаў на варце ля ўваходу, а Том вобмацкам пачаў прабірацца ў закавулак. Настала непрыемная цішыня, якая вельмі прыгнятала Гека. Ён ужо захацеў, каб перад ім у цемры бліснула святло ліхтара; гэта спалохала-б яго, але затое паказала-б, што Том яшчэ жывы.

З таго часу, як Том знік, прайшло, здавалася, некалькі гадзін.

«Пэўна яму зрабілася млосна», думаў Гек. «Можа ён нават памёр ад страху».

Устрывожаны Гек пасоўваўся ўсё бліжэй да закавулка, уяўляючы сабе ўсялякія жахі і штохвілінна чакаючы якой-небудзь катастрофы. Ён ледзь дыхаў, а сэрца ў яго так моцна стукала, што ён баяўся, каб яно не разарвалася.


Індзеец ляжаў на падлозе і моцна спаў.

Раптам бліснула святло, і міма праімчаўся Том.

– Бяжы! – шапнуў ён. – Бяжы, ратуйся!

Паўтараць не трэба было... Раней як Том паспеў скончыць гэтыя словы, Гек ужо ляцеў з хуткасцю ветру. Хлопчыкі не спыняліся, пакуль не дабеглі да пакінутай бойні на другім канцы горада. Не паспелі яны схавацца пад павеццю, як пачалася навальніца, і дождж паліў, як з вядра. Аддыхаўшыся крыху, Том пачаў расказваць:

– Ох, Гек, як страшна было! Я паспрабаваў два ключа, стараўся як мага цішэй, але яны так лязгалі, што я ледзь дыхаў ад жаху, і ніяк не хацелі паварочвацца ў замку. Раптам я, сам таго не заўважаючы, націскаў на ручку,– і дзверы адчыніліся. Яны былі не зачыненыя. Я ўскочыў, скінуў рушнік і...

– Што-ж? Што-ж ты ўбачыў, Том?

– Гек! Я ледзь было не трапіў на лапы індзейца Джо!

– Ды што ты?

– Ну, але. Ён ляжаў на падлозе і моцна спаў, раскінуўшы рукі, а на воку, як раней, пляйстар.

– Няўжо-ж? І што-ж ты зрабіў? Ён прачнуўся?

– Не, нават не паварухнуўся. П’яны мабыць. Я схапіў рушнік і бегчы!

– Вось ужо я-б у такі момант не ўспомніў пра рушнік.

– А я ўспомніў. Каб ён прапаў, дала-б мне цётка!

– Слухай, Том, а скрынку ты бачыў?

– Ну, чаго яшчэ! Быў мне час разглядаць! Нічога я не бачыў – ні скрынкі, ні крыжа, нічога, апрача бутэлькі і бляшанага кубка на падлозе каля індзейца Джо. І яшчэ бачыў у пакоі дзве бочачкі і шмат бутэлек. Цяпер ты разумееш, якія духі там водзяцца?

– Ну якія-ж?

– Ды гарэлкавы дух! Можа, ва ўстановах таварыства цвярозасці заўсёды ёсць такія пакоі, а? Як ты думаеш, Гек?

– Магчыма, што і так. Хто-б гэта мог падумаць? Слухай, Том, а цяпер-жа ж самы лепшы момант узяць скрынку, калі індзеец Джо ляжыць п’яны.

– Ну, што-ж? Ідзі, паспрабуй!..

Гек уздрыгануўся.

– Не, не хачу.

– І я не хачу, Гек. Адной бутэлькі каля індзейца Джо мала. Каб там было тры, тады яшчэ можа...

Некаторы час хлопчыкі маўчалі. Потым Том сказаў:

– Ведаеш што, Гек, не будзем і спрабаваць, пакуль даведаемся напэўна, што індзейца няма ў гэтым пакоі. А то вельмі ўжо страшна. Калі мы будзем вартаваць кожную ноч, то калі-небудзь павінны-ж будзем убачыць, як ён вышаў, і тады мы ў адзін момант схопім скрынку – і дадому!

– Добра, згодзен. Я гатоў пільнаваць хоць усю ноч да раніцы і кожную ноч, толькі рэшту ты ўжо вазьмі на сябе.

– Згодзен і я. Ты толькі прабяжы па нашай вуліцы і мяўкні. А калі я адразу не вылезу, ты кінь пяском у акно, і я прачнуся.

– Глядзі-ж, слова даражэй за грошы!

– Ну, Гек, цяпер навальніца прайшла, я пабягу дахаты. Цяпер ужо і да світання недалёка,– усяго якіх-небудзь дзве гадзіны. Ты там пакуль пасцеражы,– добра?

– Добра! Добра! Я цэлы год буду бадзяцца па начах каля гэтай карчмы. Удзень буду спаць, а ўначы пільнаваць.

– Гэта правільна. А дзе-ж ты будзеш спаць?

– У пуні ў Бена Роджэрса. Ён нічога, пускае мяне. І іхні негр, дзядзя Джэк, таксама не гоніць. Я цягаю ваду для Джэка, калі ён пасылае мяне; часам ён мне і пад’есці дасць, калі ў яго знойдзецца. Ён вельмі добры, Том. Ён мяне любіць, таму што я ніколі перад ім не задаюся, не задзіраю носа.

– Добра, Гек, я не буду турбаваць цябе ўдзень. Я пабуджу цябе толькі ў тым выпадку, калі ўжо вельмі, вельмі трэба будзе. А калі ты ўначы што заўважыш, зараз да мяне пад акно – і мяўкні...

Раздзел XXVIII


Першае, што Том пачуў раніцою ў пятніцу, была радасная вестка: сям’я суддзі Тэчэра вярнулася ў горад. На некаторы час і метыс і скарб адступілі для Тома на другі план, і першае месца ў яго думках заняла Бэкі.

Яны сустрэліся і «страшэнна весела» правялі час, гуляючы ў розныя гульні з іншымі школьнікамі. Пад канец дня Том пачуў яшчэ адну прыемную навіну: Бэкі так прычапілася да маткі з просьбай вызначыць дзень даўно абяцанага пікніка, што тая нарэшце згадзілася. Дзяўчынка не памятала сябе ад радасці. Том таксама быў на сёмым небе.

Яшчэ да захаду сонца ўсе запрашэнні былі разасланыя, і моладзь, хвалюючыся, рыхтавалася да свята, загадзя ўяўляючы сабе рэдкую прыемнасць. Том ад хвалявання даўно не мог заснуць і ўсё спадзяваўся, што Гэк вось-вось мяўкне пад акном, а на другі дзень ён здзівіць сваім багаццем Бэкі і ўсіх удзельнікаў пікніка. Але надзея яго не спраўдзілася: у гэтую ноч ён не чуў сігналу.

Прышла раніца, і а гадзіне адзінаццатай вясёлая шумная кампанія сабралася ў суддзі. Уся падрыхтоўка была ўжо скончаная. Старэйшыя заставаліся дома, не жадаючы перашкаджаць дзецям сваёй прысутнасцю. Лічылася, што дзецям нішто не будзе пагражаць пад наглядам некалькіх маладзенькіх паненак гадоў восемнаццаці і маладых людзей гадоў дваццаці. Для пераправы праз раку быў наняты стары паравы паром, і хутка ўся кампанія шумным натоўпам рушыла па вуліцы, нагружаная кашамі з прадуктамі. Сід быў хворы і вымушаны быў адмовіцца ад гэтага шчасця. Мэры засталася дома, каб яму не было нудна. Місіс Тэчэр на развітанне сказала Бэкі:

– Ты вернешся позна. Ці не лепш будзе табе пераначаваць у каго-небудзь з таварышак, якія жывуць бліжэй да парома?

– Тады я, мамка, пераначую ў Сюзі Гарпер.

– Добра, дзетка. Будзь-жа разумніца і трымай сябе добра!

Калі яны вышлі, Том сказаў Бэкі:

– Слухай, ведаеш, што мы зробім? Замест таго, каб ісці к Гарперам, мы ўзбярэмся на гару і пераначуем у ўдавы Дуглас. У яе будзе марожанае. У яе кожны дзень бывае марожанае і колькі! цэлая куча! І яна будзе нам вельмі рада. Вось будзе весела!

Бэкі падумала крыху і сказала:

– А што скажа мама?

– А адкуль яна даведаецца?

Дзяўчынка зноў падумала і нерашуча вымавіла:

– Гэта, па праўдзе, нядобра, але...

– Ну што «але»? Глупства якое! Мама твая не даведаецца... Ды і што-ж тут дрэннага? Ёй-жа-ж трэба толькі ведаць, што табе не пагражае небяспека. Яна-б сама паслала цябе туды, каб гэта ёй прышло ў галаву. Верна табе кажу!

Славутая гасціннасць удавы Дуглас была вялікай спакусай. Марожанае і ўгаворы Тома перамаглі нерашучасць дзяўчынкі. Дзеці пастанавілі нікому не гаварыць пра свой намер.

Але потым Тому прышло ў галаву: а што, калі Гек акурат у гэтую ноч дасць сігнал? Гэтая думка значна ахаладзіла яго захапленне. Але ўсё-ж такі ён не мог адмовіцца ад магчымасці паласавацца марожаным ў ўдавы Дуглас. «Ды і навошта адмаўляцца?» – разважаў ён сам з сабой. – «Учора не было сігналу, чаму-ж абавязкова сёння будзе?» Пэўны разлік весела правесці вечар перасіліў няпэўную надзею авалодаць скарбам. Як і належыць хлопчыку, ён рашыў паддацца больш сільнаму жаданню і адклаў усе думкі пра скрыню з грашыма на заўтра.

У трох мілях ад гарадка ўніз па рацэ паром спыніўся ля ўваходу ў парослую лесам даліну і прыстаў да берага. Натоўп рынуў на бераг, і хутка лясныя далі і ўцёсы агаласіліся звонкім смехам і крыкам. Былі спрабаваны самыя рознастайныя спосабы, каб разгарачыцца і стаміцца. Нарэшце дзеці вярнуліся ў лагер з ладным апетытам, і тады пачалося знішчэнне смачных страў. А пасля гэтага ўсе паселі адпачыць і пагутарыць у цяньку шырокіх дубоў. Праз некаторы час нехта крыкнуў:

– Хто хоча ў пячору?

Усе захацелі ў пячору. Дасталі вязку ключоў і пачалі караскацца на гару. Уваход у пячору быў высока па схілу гары і формай сваёй нагадваў літару А. Тоўстая дубовая дзвер, што зачыняла ўваход у пячору, была не замкнутая.

Унутры была маленькая каморка, халодная, як леднік і абмураваная самой прыродай моцным вапняком, з якога, як раса, капала вільгаць. Нешта таямнічае было ў гэтай пячоры; жудасна было стаяць у гэтай густой цемры і глядзець на зялёную даліну, залітую сонцам. Але хутка ўражанне аслабла, і тузаніна пачалася зноў. Як толькі хто-небудзь запальваў свечку, усе разам накідваліся на яго; той адбіваўся, пачыналася штурханіна, пакуль хто-небудзь не гасіў ці не выбіваў у яго з рук свечку, і зноў у цемры чуўся вясёлы смех і таўхатня.


Дзетвара ў пячоры.

Але ўсё на свеце мае канец. Дзеці патрохі ўціхамірыліся і пачалі адзін за адным спускацца далей па галоўнаму ходу. Пры мільгаючым святле ад свечак цмяна вызначаліся высокія каменныя сцены аж да таго месца, дзе яны злучаліся між сабой на вышыні шасцідзесяці футаў. У шырыню гэты галоўны ход меў не больш за восемдзесят футаў. На кожным кроку да яго далучаліся з абодвух бакоў новыя, яшчэ больш вузкія ходы. Пячора Мак-Дугала з’яўлялася вялікім лабірынтам звілістых і крывых калідораў, якія сходзіліся і разыходзіліся, але не мелі выйсця. Казалі, што ў гэтай блытаніне шчылін і расколін можна было блукаць дні і ночы і ніколі не выбрацца з пячоры, што яна спускалася ўсё ніжэй і ніжэй, і ўсюды было тое самае – адзін лабірынт пад другім, і не было ім канца. Ніводзін чалавек не мог пахвастацца, што «ведае» пячору; ды і ведаць яе было немагчыма. Звычайна маладыя людзі вывучалі толькі малую частку яе, і далей за гэтую частку ісці ніхто не адважваўся. Том Соўэр ведаў пячору не горш і не лепш за іншых.

Працэсія прайшла больш за поўмілі па галоўнаму калідору і потым падзялілася на пары і групы. Яны заварочвалі ў бакавыя ходы, швэндалі па вузкіх калідорах, нечакана сутыкаліся адзін з адным у тых месцах, дзе калідоры злучаліся, і зноў разыходзіліся. Тут можна было згубіць адзін аднаго на поўгадзіны, не выходзячы за межы ўсім «вядомай» часткі пячоры.

Паступова групы адна за адной пачалі вылазіць з пячоры, запыхаўшыяся, закапаныя ад ног да галавы воскам, запэцканыя глінай, але вясёлыя і ў поўным захапленні ад удалай экскурсіі. Усе дзівіліся, што не заўважылі, як прайшоў час і што прышоў ужо вечар. На пароме званілі ўжо з поўгадзіны, клікаючы пасажыраў назад. Калі паром, нагружаны вясёлай кампаніяй, адышоў ад берага, ніхто, апрача капітана, ніколькі не шкадаваў патрачанага часу.

Гек ужо стаяў на варце, калі паромныя агні прамільгнулі міма прыстані. З парома не чуваць было гоману, моладзь супакоілася і сцішылася, як гэта заўсёды бывае, калі людзі бязмерна стомяцца. Гек здзівіўся крыху, чыя гэта лодка і чаму яна не спынілася ля прыстані, але потым забыўся аб ёй думаць і накіраваў усю сваю ўвагу на прадстаячую яму задачу. Прабіла дзесяць гадзін, і стук колаў змоўк. Параскіданыя сям-там агенчыкі адзін за адным гаслі, прахожыя ўсе кудысьці зніклі. Гарадок задрамаў, і маленькі вартаўнік застаўся адзін з цішынёй і зданямі. У адзінаццаць гадзін і ў карчме згаслі агні. Цяпер усюды была цемра. Гек чакаў, як яму здавалася, бясконца доўга, але нічога не здарылася. Вера ў поспех іхняга плану пачынала знікаць. Навошта ўсё гэта? Ці варта пільнаваць? Ці не лепш залезці на ноч у бочку?

У гэты момант ён пачуў лёгкі шум і адразу настаражыўся. Дзверы, што выходзілі ў закавулак, ціха зачыніліся. Гек кінуўся да мураванага хлява. Праз хвіліну міма яго шмыгнулі дзве чалавечыя постаці; у адной з іх нібы нешта было пад пахай,– напэўна скрынка! Значыцца, яны выносяць скарб! Што-ж цяпер рабіць? Паклікаць Тома? Навошта? Гэта было-б бязглузда: пакуль ён збегае за ім, тыя са скрынкай будуць далёка – потым шукай ветру ў полі! Не, ён пойдзе за імі і высачыць іх,– у такую цемру дзе ім заўважыць яго? Разважаючы такім чынам сам з сабой, Гек вышаў з засады і, крадучыся, як кошка, пайшоў за бандытамі, ціха ступаючы босымі нагамі і трымаючыся воддалі, але на такой адлегласці, каб яны не маглі знікнуць з вачэй.

Яны пайшлі па вуліцы ўздоўж ракі, потым завярнуліся налева ў папярочную вуліцу і ішлі ўсё прама, пакуль не дайшлі да сцежкі, што вяла на ўзгорак. Потым яны пайшлі па гэтай сцежцы. Не задумліваючыся, мінулі яны дамок валійца, што стаяў на спадзе ўзгорка на поўдарозе, і пайшлі вышэй. «Ага!» падумаў Гек, «яны хочуць закапаць грошы ў старой каменаломні». Але яны нават не спыніліся каля каменаломні, а ішлі далей к верхавіне. Потым збочылі на вузкую сцежачку, што вілася ў хмызняку, і адразу зніклі ў цемры.

Гек павялічыў крокі, каб нагнаць іх, бо бачыць яго яны не маглі. Некаторы час ён амаль бег, потым пайшоў цішэй, баючыся, каб не абагнаць іх, і праз некалькі крокаў зусім спыніўся і пачаў прыслухоўвацца. Ані гуку. Ён чуў толькі стук свайго ўласнага сэрца. Са ўзгорка пачуўся злавесны крык пугача, але крокаў не было чуваць. Няўжо-ж усё прапала? Гек хацеў-быў вяртацца, як раптам нехта пачаў кашляць за два крокі ад яго. Геку здалося, што сэрца ў яго скокнула ў горла, але ён праглынуў яго зноў і застаўся на месцы, трасучыся ўсім целам, нібы на яго напала разам дзесяць трасцаў, і адчуваючы такую слабасць, што яму здавалася – вось-вось ён зараз паваліцца. Ён пазнаў месца: ён стаяў за пяць крокаў ад пералазу праз плот, які агароджваў маёнтак удавы Дуглас.

«Добра», падумаў ён, «хай закопваюць тут,– прынамсі нядоўга прыдзецца шукаць».

Потым голас індзейца Джо ледзь чутна прамовіў:

– Чорт-бы яе пабраў! У яе, здаецца, госці,– там свеціцца, хоць і позна.

– Дзе ты бачыш свет? Я не бачу.

Другі голас належаў таварышу метыса – незнаёмаму з зачараванага дома. Ледзяныя дрыжыкі прабеглі па целе Гекльберы Фіна. Дык вось каму яны надумаліся помсціць!

Першай думкай яго было – бегчы. Потым ён успомніў, што ўдава Дуглас не адзін раз была ласкавая да яго, а гэтыя людзі можа задумалі забіць яе. Ён шкадаваў, што ў яго нехапае мужнасці папярэдзіць яе, але ведаў, што не адважыцца: а што, калі яны яго зловяць? Усё гэта і яшчэ шмат чаго пранеслася ў яго галаве, раней як метыс паспеў адказаць:

– Табе кусты засланяюць святло. Пасунься сюды, вось так. Цяпер бачыш?

– Але. Мабыць у яе госці. Ці не лепш будзе нам пакінуць гэта?

– Пакінуць, калі я хачу назаўсёды пакінуць гэтыя месцы! Пакінуць, калі можа другога такога выпадку не будзе! Паўтараю табе яшчэ раз, як ужо казаў: мне яе грошай не трэба можаш узяць іх сабе. Але яе муж пакрыўдзіў мяне, не адзін раз крыўдзіў. Ён быў міравым суддзёй і не раз садзіў мяне ў турму за валацужніцтва. На яго шчасце, ён памёр, але я расквітаюся з ёй!

– Не забівай яе! Не трэба!

– Забіць яе? Ці-ж я казаў, што заб’ю яе? Я забіў-бы яго, каб ён быў тут, але не яе. Калі хочуць адпомсціць жанчыне, яе не забіваюць,– дзеля чаго? Досыць папсаваць ёй фізіяномію: раскроіць нос, абсячы вушы, як свінні!..

– Але-ж гэта...

– Пакінь сваю думку пры сабе! Цалейшы будзеш. Я прывяжу яе да ложка. I калі яна зыйдзецца крывёю, ці-ж гэта будзе мая віна? Я не заплачу, калі яна падохне. А ты, браце, паможаш мне па сяброўству,– затым ты сюды і прышоў; аднаму мне, магчыма, не справіцца. А калі спалохаешся, табе будзе капут – зразумеў?А калі мне прыдзецца забіць цябе, я заб’ю і яе,– і тады ўжо ніхто не пазнае, чыіх рук гэтая справа.

– Ну, што-ж? Калі рабіць, так рабіць. Чым хутчэй, тым лепш,– мяне ўсяго трасе.

– Як? Зараз? А госці? Слухай, брат, гэта нешта падазронна: чаго гэта ты так раптам заспяшаўся? Не, мы пачакаем, пакуль пагасяць агні. Спяшацца няма куды.

Гек адчуў, што цяпер пачынаецца маўчанне, яшчэ больш жудаснае, як гэта нарада душагубаў, таму ён затаіў дыханне і адступіў на крок назад, загадзя абследваўшы нагой месца, куды ступіць, дзеля чаго яму прышлося балансіраваць на адной назе, рызыкуючы ўпасці. З такімі-ж перасцярогамі і рызыкай ён зрабіў другі крок назад, потым яшчэ і яшчэ. Раптам пад яго нагой хруснула галінка! У яго дух захапіла. Ён спыніўся, прыслухоўваючыся. Ні гуку, мёртвая ціша. Вельмі ўзрадаваны, ён асцярожна завярнуўся ў вузкім праходзе між двума радамі кустоў і шпарка, але ціха зашагаў далей. Дайшоўшы да каменаломні, ён адчуў, што небяспека мінула, і пусціўся бегчы ва ўвесь дух. Як віхор, ляцеў ён з гары, дабег да дома валійца і пачаў барабаніць кулакамі ў дзверы. З акон высунулася галава старога фермера і яго двух дужых малодшых сыноў.

– Што за шум? Хто там стукае? Што табе трэба?

– Упусціце мяне хутчэй! Я ўсё скажу.

– Ды хто ты такі?

– Гекльберы Фін. Упусціце хутчэй!

– Гекльберы Фін? Вось дык здорава! Гэта не такое імя, каб перад ім расчыняліся дзверы. Але ўсё-ж такі, хлопчыкі, упусціце яго. Паглядзім, што з ім такое.


Пачуліся стрэлы.

– Калі ласка, не расказвайце нікому, што я вам скажу, а то мне будзе бяда. Але ўдава была ласкавая да мяне, і я вам скажу. Скажу калі вы абяцаеце нікому не казаць, што гэта я...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю