444 000 произведений, 109 000 авторов.

Электронная библиотека книг » Марк Твен » Прыгоды Тома Соўэра » Текст книги (страница 6)
Прыгоды Тома Соўэра
  • Текст добавлен: 30 сентября 2026, 22:31

Текст книги "Прыгоды Тома Соўэра"


Автор книги: Марк Твен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 11 страниц)

Пачаліся спрэчкі аб тым, хто апошнім бачыў хлопчыкаў жывымі; шмат хто спрабаваў прыпісаць сабе гэты гонар, але паказаннямі сведак гэта абвяргалася; калі-ж нарэшце высветлілі, хто апошні бачыў загінуўшых таварышоў і размаўляў з імі, то гэтыя шчасліўцы пачалі вельмі задавацца, а ўсе іншыя глядзелі на іх і зайздросцілі. Адзін хлапчук, не знайшоўшы нічога лепшага, з гонарам заявіў:

– Том Соўэр аднаго разу мяне здорава пабіў.

Але яго спроба набыць сабе славу не ўдалася. Тое самае маглі сказаць пра сябе бадай усе хлопчыкі, так што лаўры яго вышлі надта таннымі. Група разышлася, не спыняючы гутаркі пра загінуўшых герояў.

На другі дзень, пасля заняткаў у школе, заместа звычайнага званка, пачуліся мерныя, працяглыя ўдары царкоўнага звана. Адзін за адным пайшлі ў царкву парафіяне, спыняючыся на парозе, каб шэптам пагутарыць аб сумным здарэнні. Ніхто не мог успомніць, каб маленькая царква калі-небудзь была такая поўная. Зрабілася ціха, і ў царкву ўвайшлі цёця Поллі з Сідам і Мэры, а за імі сям’я Гарпер – усе ў жалобе. Усе, як адзін чалавек, у тым ліку і стары пастар, пачціва ўсталі і стаялі ўвесь час, пакуль радня загінуўшых не расселася на пярэдняй лаве. Потым зноў настала цішыня, перарываемая толькі прыглушанымі рыданнямі.


Нарэшце пастар распасцёр рукі і пачаў службу. Праспявалі чуллівы гімн, потым была пропаведзь на тэкст: «Я ёсць уваскрасенне і жыццё».

Пастар намаляваў такую яскравую карціну вартасцей, прывабнасці і незвычайнай здольнасці загінуўшых хлопчыкаў, што не засталося ў царкве ніводнага чалавека, які не пашкадаваў-бы і не журыўся, што ён увесь час упарта не хацеў бачыць вартасці бедных хлопчыкаў, а ўпарта бачыў у іх адны толькі недахопы і заганы.

Прамова пастара рабілася ўсё больш чуллівая, публіка ўсё больш расчулівалася і, нарэшце, хорам далучылася да рыданняў радні, нават сам пастар не мог стрымацца і заплакаў на кафедры.

На хорах пачуўся якісьці шум, на які ніхто не звярнуў увагі; праз хвіліну рыпнулі ўваходныя дзверы. Пастар падняў заплаканыя вочы над насавой хустачкай і... скамянеў ад здзіўлення.

Убачыўшы гэта, зірнулі ў той бок адзін, другі чалавек – і праз момант усе, як адзін, усталі з месц, гледзячы на трох нябожчыкаў, якія ішлі к алтару: Том наперадзе, за ім Джо і ззаду за імі Гек, які панура пазіраў на свае адзенне, ад якога засталіся адны шматкі. Яны ўсе сядзелі на хорах, слухаючы пахавальную прамову аб сабе.


Гек стаяў засаромлены

Цёця Поллі, Мэры і Гарперы кінуліся да сваіх улюбёных, пачалі цалаваць, а бедны Гек стаяў засаромлены, не ведаючы, што яму рабіць і куды дзецца ад столькіх накіраваных на яго неласкавых поглядаў. Ён азіраўся па баках і ўжо хацеў быў уцячы, але Том схапіў яго за руку і сказаў:

– Цёця Поллі, так нельга! Хто-небудзь павінен-жа парадавацца і з Гека.

– Ну, вядома, галубок мой! Я ад усёй душы рада бачыць яго, беднага сіротку!

І цёця Поллі пачала лашчыць Гека, ад чаго той яшчэ больш засароміўся.

Потым усе заспявалі. Старадаўні падзячны гімн загучэў, як ніколі – і морскі разбойнік Том Соўэр, азіраючыся на зайздросціўшых яму таварышоў, адчуваў, што гэта лепшая мінута ў яго жыцці.

У гэты дзень Тому дасталося пстрычак і пацалункаў – у залежнасці ад настрою цёці Поллі – столькі, што хапіла-б на цэлы год.

Раздзел XVIII


Гэта і быў вялікі таемны замысел Тома – вярнуцца дадому ўсім разам і прысутнічаць на сваім уласным пахаванні. Яны ў суботу дабраліся на бервяне да процілеглага берага, выйшлі на пяць-шэсць міль ніжэй ад вёскі, начавалі ў лесе, недалёка ад ваколіцы, ледзь золак прабраліся задворкамі ў горад і добра выспаліся на царкоўных хорах сярод гурбаў зламаных лавак.

У панядзелак раніцою, у часе снедання, цёця Поллі і Мэры былі надзвычайна ласкавыя да Тома і з ахвотай: выконвалі ўсе яго жаданні. У часе гутаркі, вельмі жвавай, цёця Поллі сказала:

– Бачыш, Том, я не кажу, што гэта не цікава – прымусіць усіх мучыцца цэлы тыдзень, абы толькі вам было весела; але мне вельмі прыкра, што ў цябе такое злое сэрца і ты так мала мяне любіш. Калі ты мог пераплыць раку на бервяне, каб прысутнічаць на ўласным пахаванні, то ты мог-бы зірнуць і ў хату, каб даць мне які-небудзь знак, што ты не памёр, а толькі ўцёк.

– Але, гэта ты мог зрабіць, Том,– сказала Мэры,– і вядома зрабіў-бы, каб гэта прышло табе ў галаву.

– Праўда, Том? Ты зрабіў-бы,– і цёця Поллі журботна ўсміхнулася.– Ну, скажы, зрабіў-бы, каб гэта прышло табе ў галаву.

– Я не ведаю... Гэта-ж усё папсавала-б...

– Ах, Том, а я ўсё спадзявалася, што ты хоць трошкі любіш мяне! – сказала цёця прыкрым голасам, ад якога хлопчыку зрабілася няёмка.– Каб ты хоць падумаў аб гэтым,– не кажу ўжо каб зрабіў,– але ты нават і не падумаў.

– Ну, цёця, гэта яшчэ не бяда,– умяшалася Мэры.– У Тома-ж наогул вецер у галаве, і ён заўсёды мае столькі клопату, што яму зусім няма калі думаць.

– Тым больш шкода. Сід падумаў-бы. І Сід прышоў-бы. Ах, Том, калі-небудзь ты пашкадуеш, што не стараўся хоць трошкі любіць мяне; пашкадуеш, але будзе позна.

– Ну, годзе, цёця, вы-ж ведаеце, што я вас люблю,– сказаў Том.

– Я лепш гэта ведала-б, каб гэта хоць крыху было відаць з тваіх учынкаў.

– Я цяпер вельмі шкадую, што мне гэта не прышло ў галаву,– сказаў Том тонам раскаяння. – Затое я хоць ува сне вас бачыў, гэта-ж таксама чаго-небудзь варта.

– Ну, не надта,– нават, кошкі сняць,– але ўсё-ж лепш, як нічога. Што-ж табе снілася?

– А вось што. У сераду вечарам я сніў, нібы вы сядзіцё ля ложка, а Сід каля вас на драўлянай скрыні, а ля яго Мэры.

– Што-ж, мы так і сядзелі. Мы так заўсёды сядзім. Я рада, што хоць сон напомніў табе нашы прывычкі.

– Потым мне снілася, што тут-жа сядзіць маці Джо Гарпера.

– Але-ж яна і сапраўды была тут! Што-ж табе яшчэ снілася.

– О, многа чаго! Ды толькі я цяпер слаба памятаю.

– Ну, паспрабуй успомніць! Няўжо не можаш?

– Яшчэ мне здалося ўва сне, што вецер... вецер...

– Прыпомні, Том, што зрабіў вецер?

Том прыціснуў пальцы да ілба і пасля хвіліны трывожнага чакання ўсклікнуў:

– Успомніў, успомніў! Вецер пагасіў свечку.

– О божа! Далей, Том, далей!

– Потым вы нібы сказалі: «Здаецца, нібы дзверы...»

– Далей, Том, далей!

– Пачакайце, дайце ўспомніць... Ах, так! вы сказалі, што вам здаецца, нібы дзверы адчыненыя.

– Ды я-ж іменна гэта і сказала. Памятаеш, Мэры? Ну далей!

– Потым... потым... Ну, я не памятаю, я не ўпэўнены, але мне здаецца, нібы вы паслалі Сіда, каб ён... каб ён...

– Ну? ну? Што я сказала яму зрабіць?

– Вы сказалі яму, вы... загадалі яму зачыніць дзверы.

– Божа літасцівы! Ніколі не чула я такога. Вось пасля гэтага і не давай веры снам. Зараз-жа пабягу расказаць усё гэта місіс Гарпер. Паглядзім, ці будзе яна пасля гэтага казаць усялякія глупствы пра забабоны. Расказвай-жа, Том, што было далей!

– О, цяпер я ўсё ўспомніў, цёця! Потым вы сказалі, што я не злы, а толькі свавольнік і прайдзісвет, і што з мяне спаганяць ўсёроўна, што – гэта вы сказалі? – з жарабяці, ці што.

– Ну але, я іменна так і сказала. Ах, божа мой! Ну, што-ж далей, Том?

– Потым вы заплакалі.

– Верна, верна, заплакала, і не першы раз. Потым?

– Потым місіс Гарпер таксама заплакала і пачала гаварыць, што Джо таксама добры і ёй шкода, што яна пабіла яго за сліўкі, калі яна сама выплехнула іх.

– Гэта быў прароцкі сон. Ну, расказвай далей!

– Потым Сід сказаў...

– Я, здаецца, нічога не сказаў.

– Не, Сід, ты сказаў,– паправіла Мэры.

– Ціха, не перашкаджайце яму! Ну, Том, што-ж ён сказаў?

– Ён сказаў, што ён спадзяецца, што мне там лепш, дзе я цяпер. Але, каб я раней быў лепшы...

– Божа-ж мой! Вы чуеце? Гэта-ж яго сапраўдныя словы.

– І вы за гэта пасварыліся на яго.

– Вядома пасварылася. Не, тут быў ангел. Гэты ангел цябе натхнуў!

– Потым місіс Гарпер пачала расказваць пра Джо, як ён страляў з пісталета пад самым яе носам, а вы ёй расказвалі пра ката Піта і пра лякарства...

– Зусім правільна!

– Потым вы доўга гаварылі, як нас шукалі ў рацэ, і што ў нядзелю будзе наша пахаванне, а потым вы з місіс Гарпер пачалі абыймацца і плакаць, і пасля таго яна вышла!

– Так, акурат так! Хай не ўстану я з гэтага месца, калі не так! Каб ты сам ўсё бачыў і чуў сваімі вушамі, Том, ты не мог-бы расказаць дакладней. Ну, а потым што было?

– А потым вы ляглі, і мне было так шкода вас, што я ўзяў ды і напісаў на кавалку кары: «Мы не памерлі, мы толькі ўцяклі, каб зрабіцца піратамі», і палажыў на стол каля свечкі, а вы ў гэты час спалі, і твар у вас быў такі добры-добры, што я падышоў, нагнуўся і пацалаваў вас проста ў губы.

– Гэта праўда, Том, праўда? Ну тады я ўсё табе дарую.

І яна так сціснула хлопчыка ў абдымках, што ён адчуў сябе апошнім нягоднікам.

– Гэта было вельмі міла з яго боку, хоць гэта і быў толькі сон,– заўважыў Сід нібы сам сабе.

– Маўчы, Сід! Чалавек ува сне робіць тое самае, што ён зрабіў-бы ўяве. Вось табе вялікі яблык,– я наўмысля хавала яго для цябе на выпадак, калі ты знойдзешся. Але, дзеткі, вам ужо трэба ісці.

Дзеці пайшлі ў школу, а старая цётка к місіс Гарпер – расказаць цудоўны сон пляменніка. Сід не палічыў патрэбным выказаць тое, што ён думаў, ідучы з дому. А думаў ён вось што:

«Ці-ж можна бачыць такі доўгі і складны сон! Усё гэта выдумкі!»

Якім героем зрабіўся цяпер Том. Ён ужо не скакаў, а трымаў сябе горда, з гонарам, як і належыць пірату, які адчувае, што на яго глядзіць увесь свет. Ён рабіў выгляд, што не заўважае накірованых на яго поглядаў і не чуе заўваг аб ім, але ў душы адчуваў вялікую асалоду і ад гэтых позіркаў, і ад заўваг.

Маленькія хлопчыкі чарадой бегалі за ім і ганарыліся тым, што іх бачылі разам з ім і што ён не гнаў іх ад сябе, а ішоў нібы барабаншчык перад працэсіяй, або слон на чале цэлага звярынца. Яго равеснікі прытвараліся, нібы нічога не ведалі пра яго адсутнасць, але тым не менш страшэнна зайздросцілі яму. Яны аддалі-б ўсё на свеце, каб мець яго смуглую, засмаленую сонцам скуру і яго славутасць.

У школе вучні так насіліся з ім і Джо, і ў іх поглядах відаць было такое красамоўнае захапленне, што абодва героі вельмі хутка сталі празмерна задавацца. Яны пачыналі расказваць свае прыгоды прагным слухачам, але толькі пачыналі, бо скончыць у іх нехапала фантазіі. Калі-ж нарэшце яны выцягнулі свае люлькі і пачалі дыміць з абыякім выглядам, то слава іх паднялася на недасяжную вышыню.

Том парашыў, што цяпер ён можа абыйсціся без Бэкі Тэчэр. Яму досыць і славы. Ён будзе жыць для славы. Цяпер, калі ён такі славуты, можа яна і захоча мірыцца. Ну, і хай сабе! – Яна ўбачыць, што ён можа быць такім самым безуважным, як і некаторыя з дзяўчынак.

У гэты момант прышла Бэкі. Том зрабіў выгляд, што не бачыць яе. Ён адышоў і далучыўся да групы хлопчыкаў і дзяўчынак, дзе зараз-жа пачалася гутарка. Хутка Том убачыў, што Бэкі з палаючым тварам і бліскучымі вачыма весела ганялася за таварышкамі, гучна рагочучы кожны раз, калі ўдавалася каго-небудзь злавіць. Здавалася, яна цалкам была занятая гэтай гульнёй, але ў той-жа самы час Том заўважыў, што яна ўвесь час старалася быць бліжэй да яго і, відаць, сачыла за ім. Гэта надавала яму гонару, але ён усё прытвараўся, што не заўважае яе. Тады яна перастала ганяцца за дзяўчынкамі і нерашуча пачала хадзіць воддалі, час ад часу ўздыхаючы і цішком пазіраючы на Тома. Раптам яна заўважыла, што Том больш за ўсіх гутарыць з Эмі Лорэнс. Яна падышла бліжэй, стала бадай побач з імі і нібы вясёлым тонам звярнулася да адной з сваіх таварышак:

– Якая ты нядобрая, Мэры-Ганна! Чаму ты не была ў нядзельнай школе?

– Я была. Ці-ж ты мяне не бачыла?

– Не, не бачыла. Дзе-ж ты сядзела?

– Як заўсёды, у класе міс Пітэрс. Я цябе бачыла.

– Няўжо? Як дзіўна, што я цябе не заўважыла. Я хацела расказаць табе, што ў нас будзе пікнік.

– А, гэта цікава. Хто-ж наладжвае яго?

– Мама наладжвае для мяне.

– Ах, як добра! А што, ці запросіць яна мяне?

– Ну, вядома. Пікнік-жа наладжваецца для мяне,– значыцца, яна папросіць усіх тых, каго я захачу, а я хачу, каб і ты была з намі.

– Вельмі міла з твайго боку. А калі будзе пікнік?

– Яшчэ не ведаю. Можа, на канікулах.

– Вось будзе весела! Ты паклічаш усіх хлопчыкаў і дзяўчынак?

– Але, усіх, хто са мной сябруе або хоча быць маім сябрам.

І яна цішком зірнула на Тома, але той у гэты час расказаў Эмі Лорэнс пра страшэнную буру на астраўку і пра тое, як маланка разбіла вялікае фігавае дрэва «ў самыя трэскі», у той час яны стаялі за тры крокі ад дрэва.

– А мне можна прыйсці? – спытала Грэсі Мілер.

– Можна.

– І мне?—спыталася Салі Роджэс.

– Вядома.

– І мне таксама? – сказала Сузі Гарпер. – І Джо можна?

– Ну але!

Усе пыталіся таксама і ўсе радасна пляскалі рукамі, атрымаўшы станоўчы адказ, так што нарэшце ўсе былі запрошаныя, апрача Тома і Эмі.


Том і Эмі.

Але Том спакойна адышоў, не спыняючы гутаркі, і павёў з сабой Эмі. У Бэкі дрыжэлі губы, і слёзы выступілі на вачах, але яна схавала сваё нездавальненне пад вясёлым выглядам і балбатала, як і раней. Але цікавасць да пікніка ў яе страцілася, як і наогул да ўсяго іншага. Яна адышла ад таварышак, схавалася ў куток і сядзела там пакрыўджаная і панурая, пакуль не пазванілі ў клас.

Тады яна ўстала і з сярдзітым блескам у вачах сказала сабе, што цяпер яна ведае, што рабіць.

У часе перапынку Том усё гутарыў з Эмі Лорэнс і знарок пайшоў шукаць Бэкі, каб падражніць яе. Ён знайшоў яе на невялікай лавачцы па-за школай,– яна разглядала кнігу з малюнкамі разам з Альфрэдам Тэмплем, і абодва былі так захоплены гэтым заняткам, што, здавалася, нічога не бачылі навокал.

Тому вельмі прыкра зрабілася, што ён адмовіўся скарыстаць шлях да прымірэння, які паказвала яму Бэкі. Ён лаяў сябе, як толькі мог. Эмі весела лапатала сабе, але ў Тома нібы язык адсох. Ён не слухаў яе, і, калі яна спынялася, чакаючы адказу, ён мармытаў нешта няскладнае, што часам не мела ніякага дачынення да яе слоў. Пры гэтым ён увесь час кіраваў так, каб прайсці каля лавачкі. Вясёлая балбатня Эмі нарэшце зусім абрыдала яму. Том намякаў ёй, што яму трэба і туды і сюды, зрабіць тое і сёе, што час ідзе, але дарэмна,– дзяўчынка не спынялася. «Ах, каб цябе!» думаў Том: «Няўжо-ж я ніколі ад цябе не адчаплюся?» Нарэшце ён абвясціў, што яму трэба пайсці дадому, і адышоў, з нянавісцю да яе.


Альфрэд і Бэкі.

«І хоць-бы хто іншы», думаў Том, «хоць абы хто, толькі не гэты франт з Сан-Луі, які задаецца, што ён гэтак фасоніста ўбраны і мае арыстакратычны выгляд. Ну, пачакай-жа ж ты! Я табе даў чосу ў першы дзень, калі ты з'явіўся ў нашым горадзе, і зноў дам. Пачакай ты ў мяне, францік,– дабяруся я да цябе!»

I Том, каб спагнаць злосць, пачаў размахваць рукамі ў паветры, нібы калашмацячы свайго ворага і так і гэтак. «Вось табе! Вось табе! Што, атрымаў? Досыць ужо? Ну, глядзі, у другі раз не совай свой нос!» Бойка скончылася поўнай перамогай Тома, пасля чаго ён пабег дахаты.

Бэкі ўсё разглядала малюнкі з Альфрэдам. Але час ішоў, а Том не вяртаўся, і гэта псавала яе настрой. Малюнкі абрыдалі ёй, яна зрабілася сур’ёзнай і безуважнай, потым маркотнай, а нарэшце адчула сябе зусім няшчаснай і шкадавала, што завяла сваю помсту так далёка.

Небарака Альфрэд, заўважыўшы, што яна чамусьці перастала звяртаць на яго ўвагу, безупынна ўскрыкваў:

– Ах, вось які прыгожанькі малюнак! Глянь сюды!

Дзяўчынка нарэшце страціла цярплівасць і крыкнула:

– Ах, адчапіцеся вы ад мяне з вашымі малюнкамі. Вы мне абрыдалі.


Помста Альфрэда.

Расплакалася і пайшла. Альфрэд кінуўся за ёю, пачаў яе суцяшаць, але яна сказала:

– Адыйдзіце! Пакіньце мяне адну! Я вас ненавіджу!

Хлопчык спыніўся, не разумеючы, што ён зрабіў ёй. Яна абяцала, што ўвесь перапынак будзе разглядаць з ім малюнкі – і раптам пайшла. Альфрэд сумна ўсеўся ў пустым крэсле. Ён быў засаромлены і сярдзіты. Мабыць дзяўчынка размаўляла з ім толькі дзеля таго, каб пазлаваць Тома Соўэра.

Ад гэтай думкі ў ім абудзілася нянавісць да Тома. Яму захацелася прыдумаць які-небудзь спосаб, каб пашкодзіць ворагу, але без рызыкі для сябе. Тут яму трапілася на вочы кніга Тома для класнага чытання. Вось добры выпадак!

Ён разгарнуў кнігу ў тым месцы, дзе была задана лекцыя, і заліў чарніламі старонку. Бэкі акурат у гэтую хвіліну глянула ў акно ззаду ад яго і ўбачыла, што ён зрабіў, але адышла, не паказаўшыся. Яна пабегла ў бок дома, спадзяючыся спаткаць Тома і расказаць яму пра кнігу. Том парадуецца, будзе ёй удзячны,– і ўсе непрыемнасці скончацца.

Але на поўдарозе яна раздумалася: ёй успомнілася, як Том наўмысля не звяртаў на яе ўвагі, калі яна гаварыла пра пікнік, і яна парашыла не ўмешвацца ў гэтую справу. Хай сабе яго адлупцуюць за папсаваную кнігу, ёй усёроўна: яна яго ненавідзіць!

Раздзел XIX


Том прышоў дадому пануры і з першых-жа слоў цёткі зразумеў, што тут яго гора не сустрэне спачування.

– Ну, Том, я, здаецца, з цябе ўсю скуру здзяру!

– Цёця, што-ж я зрабіў?

– Досыць! Я, старая дурніца, іду да місіс Гарпер, каб расказаць ёй пра незвычайны сон,– і што-ж выяўляецца? Яна выпытала ў Джо, што ты быў тут. Што можа выйсці з хлопчыка, які так бессумленна брэша! Як мог ты не сказаць ні слова і дапусціць мяне ісці да місіс Гарпер, каб усе смяяліся з мяне, як з дурной?

Такі паварот справы быў для Тома новым. Раніцою яго ўчынак здаваўся яму зусім няшкодным, дасціпным жартам, цяпер-жа ён убачыў, што зрабіў дрэнна, агідна. Ён павесіў галаву і ў першы момант не ведаў, што адказаць; потым сказаў:

– Цёця, мне шкода, што я гэта зрабіў, я не падумаў.

– Ах, дзіця, ты ніколі не падумаеш! Ты ніколі ні пра што не падумаеш, апрача прыемнасці для сябе самога. Вось прышло табе ў галаву прыйсці сюды з Джэксонава вострава ўначы, каб пасмяяцца з нашага гора. Прышло ў галаву абдурыць мяне расказамі пра свой сон, а вось пашкадаваць нас ды не рабіць прыкрасцей – аб гэтым ты не падумаў.

– Цёця, я цяпер разумею, што гэта было пагана з майго боку, але я не хацеў зрабіць подласць,– чэснае слова, не хацеў. і тады ўвечары я прышоў зусім не для таго, каб смяяцца з вас.

– А для чаго-ж?

– Я хацеў сказаць вам, што мы не ўтапіліся, каб вы не трывожыліся.

– Том, Том! Я была-б рада ад усёй душы, каб магла даць веры, што табе ў галаву прышла такая добрая думка, але ты сам ведаеш, што гэта ў цябе не бывае, і я гэта ведаю, Том.

– Праўда-ж, праўда, я дзеля гэтага прыходзіў, цёця. Каб мне не сыйсці з гэтага месца, калі я брашу!

– Ах, Том, не лжы, не лжы! Гэта яшчэ ў сто разоў горш.

– Гэта не хлусня, цёця, гэта праўда. Мне шкода было, што вы сумуеце,– вось я і прышоў.

– Я дала-б усё на свеце, каб паверыць табе,– за гэта можна было-б дараваць табе шмат грахоў. Я нават гатова была-б радавацца, што ты ўцёк і зрабіў так дрэнна. Але я ніяк не магу гэтаму даць веры. Чаму-ж ты тады не адкрыўся мне, дзіця маё?

– Бачыце, цёця, калі вы пачалі гаварыць аб пахаванні, мне і прышла ў галаву думка – забрацца ў царкву і схавацца, і так гэта мне здалося цікавым, што я ні за вошта не хацеў ад гэтага адмовіцца. Таму я палажыў кару ў кішэнь і прамаўчаў.

– Якую кару?

– А тую, дзе я напісаў вам, што мы пайшлі ў разбойнікі. Я так цяпер шкадую, што вы не прачнуліся, калі я вас пацалаваў, страшэнна шкадую – чэснае слова!

Суровы выраз твара цёткі памякчэў, і ў вачах яе засвяцілася пяшчотнасць.

– А ты, праўда, пацалаваў мяне, Том?

– Ну але, пацалаваў.

– Ты ўпэўнены ў гэтым?

– Ну, вядома, упэўнены.

– Навошта-ж ты мяне пацалаваў, Том?

– Таму што я так вас люблю, і вы стагналі ўва сне, і мне было вас так шкода.

Гэтыя словы гучэлі шчырасцю. У старой дрыгнуў голас, калі яна сказала:

– Пацалуй мяне, Том! А цяпер ідзі ў школу і больш не лезь да мяне.

Праз хвіліну Том ужо ішоў у школу, а цёця Поллі пабегла ў камору, дзе віселі рэшткі ад курткі Тома, якую ён насіў у часе сваіх разбойніцкіх дзеянняў. Узяўшы ў рукі куртку, яна раптам задумалася і прашаптала:

– Не, лепш не трэба! Бедны хлопчык! Я ўпэўнена, што ён зманіў, але такая мана – не грэх. Яна так усцешыла мяне. Я спадзяюся, я ведаю, што бог даруе яму, бо ён зманіў ад добрай душы. Але мне не хочацца пераконвацца ў тым, шта гэта мана,– не буду глядзець!

Яна палажыла куртку і мінуту раздумвала, гледзячы на яе; потым зноў працягнула руку, зноў яе адсунула; нарэшце адважылася, падмацаваўшы сябе думкай: «Гэтая мана з добрым намерам, ад шчырага сэрца,– я не буду крыўдзіцца». Праз хвіліну яна ўжо чытала радкі, накрэмзаныя Томам на кавалку кары, і казала праз слёзы:

– Я магла-б дараваць гэтаму хлопчыку сто тысяч грахоў!

Раздзел XX


На твары цёці Поллі, калі яна пацалавала Тома, было нешта такое, ад чаго яго смутак адразу знік, і на душы ў яго зноў зрабілася лёгка і весела. Ён пайшоў у школу, і яму пашанцавала: на рагу ён сустрэўся з Бэкі Тэчэр. Том заўсёды дзейнічаў пад уплывам мінуты. Ён, не задумваючыся, пабег да дзяўчынкі і сказаў:

– Я сёння трымаў сябе вельмі дрэнна, Бэкі, і вельмі шкадую!.. Я ніколі, ніколі ў жыцці больш не буду так рабіць. Давай памірымся, хочаш?

Дзяўчынка спынілася і з пагардай глянула яму ў твар.

– Я буду вам вельмі ўдзячна, містэр Томас Соўэр, калі вы пакінеце мяне ў спакоі. Я больш не жадаю гаварыць з вамі!

Яна трасанула галоўкай і прайшла міма.

Том быў так пакрыўджаны, што не здагадаўся нават адказаць: «Падумаеш, якое няшчасце! А мне і напляваць!» а потым ужо было позна,– момант прайшоў. Ён нічога не сказаў, але-ж затое раззлаваўся страшэнна. Панура швэндаўся ён па школьным двары, шкадуючы, што Бэкі не хлопчык і яе нельга аддубасіць. А тут якраз яна прайшла міма і сказала нешта абразлівае. Ён адказаў таксама,– і гэта дакончыла разрыў.

Раззлаваная Бэкі не магла дачакацца пачатку лекцый, каб паглядзець, як усыплюць Тому за папсаваную кнігу. Калі ў яе і хавалася думка выдаць Альфрэда Тэмпля, то пасля куслівых слоў Тома гэтая думка знікла.

Бедная дзяўчынка! Яна не ведала, што за ёй таксама сочыць бяда. Настаўнік, містэр Добінс, быў чалавек, які ўсё жыццё быў незадаволены сваім лёсам. Самая вялікая мара яго была,– зрабіцца доктарам, але па беднасці ён не мог пайсці далей за школьнага настаўніка. Кожны дзень у класе ён вынімаў з шуфляды стала нейкую таямнічую кнігу і ўрыўкамі, у перапынках, калі вучні не адказвалі лекцый, пачынаў чытаць яе. Гэтая кніга была ў яго заўсёды замкнутая на ключ. Не было хлапчука ў школе, які не паміраў-бы ад жадання хоць адным вокам зірнуць у гэтую кнігу, але не траплялася выпадку. Кожны вучань меў свае меркаванні наконт таго, якая гэта кніга, але кожны думаў па-свойму, а даведацца праўды не было мажлівасці.

І вось Бэкі, ідучы каля кафедры, заўважыла, што ключ тырчыць у замку: настаўнік забыўся яго ўзяць. Ці можна было прапусціць такі незвычайны выпадак? Дзяўчынка азірнулася – навакол ні душы. Праз хвіліну яна ўжо трымала кнігу ў руках. Загаловак «Анатомія» нічога ёй не сказаў, і яна пачала перагортваць старонкі... I зараз-жа патрапіла на прыгожа намаляваную і афарбаваную чалавечую фігуру.

У той-жа момант цень упаў на старонку кнігі: ззаду стаяў Том Соўэр, які таксама паспеў убачыць малюнак.

Вэкі шпарка згарнула кнігу, але так няўдала, што напалову разадрала малюнак. Яна кінула «кнігу ў шуфляду, пакруціла ключ у замку і расплакалася ад сораму і прыкрасці.

– Том Соўэр! гэта акурат падобна на вас. Якая подласць – падкрасціся ззаду і падглядваць за другімі!


Бэкі папалася па месцы злачынства.

– Чаму-ж падглядваць? Ці-ж я мог ведаць, што вы робіце?

– Сорам, Том Соўэр! Вы, вядома, набрэшаце на мяне, і што я тады буду рабіць? Мяне абавязкова высцебаюць, а мяне яшчэ ніколі не білі ў школе. – Яна топнула ножкай і крыкнула: – Ну, і хай сабе, калі вы такі подлы! Я таксама нешта ведаю. Пачакайце, вось убачыце, што будзе. Брыдкі! брыдкі! агідны!

І яна з плачам выбегла з пакою.

Том застаўся на месцы, ашаломлены гэтым неспадзяваным нападам. Потым сказаў сабе:

«Якія яны дзівацкія і дурныя, гэтыя дзяўчаты! Ніколі не білі ў школе! Падумаеш, якая важнасць, што адлупцуюць! Ужо гэтыя дзяўчаты заўсёды такія – спешчаныя і баязлівыя. Вядома, я не скажу старому Добінсу пра гэтую маленькую дурніцу, але яна ўсёроўна пападзецца. Добінс спытаецца, хто парваў яго кнігу. Ніхто не адгукнецца. Тады ён пачне перабіраць усіх па адным, як гэта ён заўсёды робіць, і калі дойдзе да вінаватай, то па твары пазнае, што яна вінаватая, нават не пытаючыся. У дзяўчынак усё можна пазнаць па твары,– яны нічога не ўмеюць схаваць. Ну і, вядома, ёй усыплюць. Папалася цяпер Бэкі Тэчэр,– ужо-ж ёй з гэтага цяпер не выкараскацца!» Падумаўшы крыху, ён дадаў: «Так ёй і трэба! Яна была-б рада, каб я папаўся,– хай цяпер сама паспрабуе».

І Том далучыўся да таварышоў, што гулялі на двары. Праз некалькі мінут прышоў настаўнік, і пачаліся заняткі. Том не надта цікавіўся лекцыямі. Ён увесь час пазіраў у той бок, дзе сядзелі дзяўчаты, і кожны раз яго хваляваў выгляд твара Бэкі. Ён зусім не хацеў шкадаваць яе, а тым-часам не мог устрымацца, каб не шкадаваць. Ён не мог выклікаць у сябе нічога падобнага на радасць ці злосць.

Але вось хутка настаўнік выявіў, што кніга Тома заліта чарніламі, і ўся ўвага Тома накіравалася на свае ўласныя справы. Бэкі на некаторы час забылася на сваё становішча і зацікавілася тым, што робіцца ў класе. Яна не думала, што запэўненні Тома, нібы гэта не ён сам запэцкаў кнігу, могуць вызваліць яго ад кары. Яно так і было: выраканні Тома толькі пагоршылі справу. Бэкі думала, што яна будзе радавацца ад гэтага, і спрабавала запэўніць сябе, што радуецца, але гэта было не вельмі лёгка. Калі дайшло да самага горшага, ёй вельмі хацелася ўстаць і сказаць, шго гэта зрабіў Альфрэд Тэмпль, але яна прымусіла сябе сядзець ціха, кажучы сабе: «Ён-жа ж напэўна скажа, што я парвала малюнак. Дык вось-жа не скажу ні слова! Нават каб гэта было неабходна для выратавання яго жыцця».

Том атрымаў сваю порцыю лазы і бясклопатна вярнуўся на сваё месца. Яму здавалася магчымым, што можа ён і сам, гуляючы, перакуліў чарнільніцу на кнігу. А калі ён адмаўляў сваю віну, дык толькі так сабе, бо такі ўжо звычай, ды яшчэ таму, што хацеў вытрымаць характар.

Прайшла цэлая гадзіна. Настаўнік сядзеў на троне і дзюбаў носам. Ад гудзення вучняў, здавалася, самае паветра зрабілася нейкім сонным. Нарэшце містэр Добінс выпрастаўся, пазяхнуў, адчыніў шуфляду і нерашуча пацягнуўся за кнігай, нібы не ведаючы, ці браць яе ці не. Большасць вучняў глядзела на гэта абыякімі вачыма, але двое з іх сачылі за кожным яго рухам. Некалькі часу містэр Добінс безуважна круціў кнігу ў руках, потым узяў яе, усеўся зручней у крэсла і падрыхтаваўся чытаць.

Том зірнуў на Бэкі. Божа! Які ў яе быў няшчасны выгляд! Нібы ў трусіка, у якога нацэліліся са стрэльбы. Том адразу забыўся на сваю сварку з ёю. Трэба зараз-жа нешта такое зрабіць, зараз-жа, не чакаючы ні мінуты! Але блізкая, няўхільная небяспека паралізавала ўсю яго кемлівасць.

Ёсць! Бліскучая думка! Ён падбяжыць, вырве кнігу з рук настаўніка, выскачыць за дзверы – і шукай ветра ў полі? Але пакуль ён падумаў, момант быў прапушчаны: настаўнік разгарнуў кнігу. Эх, каб можна было вярнуць гэты страчаны момант! «Позна ўжо,– цяпер для Бэкі няма ратунку!» казаў сабе Том.

Яшчэ хвіліна – і настаўнік абвёў вачыма клас. Усе вочы спусціліся перад яго позіркам. У гэтым позірку было нешта такое, што нават невінаватыя задрыжэлі ад страху. Настала пауза, у працягу якой некаторыя паспелі палічыць да дзесяці. Настаўнік, так сказаць, назапашваў лютасць. Нарэшце ён загаварыў:

– Хто парваў гэтую кнігу?

Ані гуку. У класе была такая ціша, што можна было-б пачуць, як упадзе булаўка. Маўчанка цягнулася.

Настаўнік прыглядаўся па чарзе да кожнага твару, шукаючы адзнакаў віны.

– Бэнджамен Роджэрс, ты парваў гэтую кнігу?

Адмоўны адказ. Зноў пауза.

– Джозеф Гарпер, ты?

Зноў адмаўленне. Трывога Тома ўсё расла. Гэтыя пытанні і адказы былі для яго нібы павольнае мардаванне. Настаўнік запытаў хлопчыкаў і звярнуўся да дзяўчынак:

– Эмі Лоўрэнс?

Тая пакруціла галавой.

– Грэсі Мілер?

Тое самае.

– Сюзана Гарпер, дык гэта ты?

Зноў адмоўны адказ. Цяпер чарга дайшла да Бэкі Тэчэр. Том дрыжэў ад ног да галавы.

– Рэбека Тэчэр (Том зірнуў на яе твар; ён увесь збялеў ад жаху), ці не ты парвала... не... глядзі мне ў вочы (яна жаласна падняла рукі)... ці не ты парвала гэтую кнігу?


Выцерпеў лютую кару.

У галаве Тома маланкай бліснула думка. Ён ускочыў на ногі і крыкнуў:

– Гэта зрабіў я!

Уся школа недаўменна ўтаропілася на вар’ята, які зрабіў такую незвычайную рэч, як добраахвотнае прызнанне. Том пастаяў крыху, каб сабраць свае разгубленыя думкі, і калі нарэшце пайшоў у той кут, дзе яго чакала кара, то здзіўленне і ўдзячнасцо, якія ён убачыў у вачах Бэкі, маглі-б узнагародзіць яго і за сотню ўдараў.

Захоплены веліччу свайго геройсва, ён без адзінага крыку выцерпеў лютую кару і таксама спакойна прыняў дадатковую кару – загад застацца ў школе на дзве гадзіны пасля сканчэння заняткаў. Ён ведаў, хто будзе чакаць яго на дварэ, калі яго выпусцяць з няволі, і нуднае сядзенне ў школе не здавалася яму вялікай бядою.

Раздзел XXI


Набліжаліся канікулы. Настаўнік, заўсёды строгі, зрабіўся яшчэ больш суровы і вымагальны: яму хацелася, каб яго школа вызначылася на экзаменах. Яго палка і лінейка цяпер рэдка ляжалі без работы, прынамсі ў малодшых класах. Толькі вялікія хлопцы ды маладыя дзяўчаты гадоў восемнаццаць-дваццаць былі вызвалены ад кары. А містэр Добінс караў добрасумленна; ён хоць і хаваў пад парыком лысы бліскучы чэрап, але гадоў меў не так ужо многа і мускулы ў яго былі здаровыя.

Чым больш набліжаўся вялікі дзень, тым больш выяўлялася схаваная ў ім жорсткасць і ўхіл да катавання: здавалася, яму прыемна было караць за самыя нязначныя правіны. Няшчасныя малышы ўдзень цярпелі страх і боль, а ўначы абмяркоўвалі планы помсты. Яны скарыстоўвалі кожны выпадак, каб учыніць штуку свайму настаўніку. Але дзе-ж ім было цягацца з ім? За кожнай такой штукай ішла такая страшная кара, што хлопчыкі заўсёды аставаліся пабітымі і асаромленымі ў гэтай барацьбе.

Нарэшце яны арганізавалі змову і прыдумалі план помсты, які абяцаў бліскучую перамогу. Яны даверылі сваю тайну сыну маляра, які маляваў шыльды, і ўгаварылі яго памагаць ім. Той прышоў у захапленне – і не дзіва: настаўнік сталаваўся ў доме яго бацькі, і ў хлопчыка было досыць прычын ненавідзець яго. Як знарок, жонка настаўніка збіралася паехаць на некалькі дзён да знаёмых у госці, і, значыцца, ніхто не мог перашкодзіць выкананню задуманай помсты. Настаўнік быў п’яніца, і сын маляра абяцаў таварышам, што ў вечар экзамена, калі настаўнік вып’е і засне ў сваім крэсле, ён «усё наладзіць», а сам уцячэ.

Усё вышла, як думалі. А восьмай гадзіне вечара вызначанага дня будынак школы быў ярка асветлены і ўпрыгожаны гірляндамі і фестонамі з лісцяў і кветак. Настаўнік сядзеў на ўзвышэнні, у вялікім крэсле. Ззаду ад яго была чорная дошка. Па твары яго відаць было, што ён ужо досыць пачаставаў сябе віном. Шэсць радоў лавак супроць яго і па тры пярэдніх з кожнага боку былі заняты ўрадаўцамі і бацькамі вучняў. Налева, за галовамі абываталяў, на шырокім часовым памосце сядзелі школьнікі, якія павінны былі прымаць удзел у сёнешнім экзамене; шэрагі маленькіх хлопчыкаў, умытых, святочна ўбраных і адчуваючых сябе вельмі няёмка ў парадных касцюмах; шэрагі нязграбных хлопчыкаў-падлеткаў; нарэшце, шэрагі дзяўчынак і дарослых дзяўчат, убраных у батыст і муслін і, відаць, ні на хвіліну не забываўшых пра свае голыя рукі, з надзетымі на іх бабкавымі бразгалкамі, і пра ружовыя і блакітныя банты ды кветкі на галаве. Далей ужо сядзелі школьнікі, якія не прымалі ўдзелу ў іспытах.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю