Текст книги "Прыгоды Тома Соўэра"
Автор книги: Марк Твен
Жанр:
Зарубежная классика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 11 страниц)
– Цяпер ты мне шапні тое-ж самае.
Яна доўга адмаўлялася, потым папрасіла:
– Адвярніся, каб не бачыць мяне,– тады скажу. Толькі ты нікому не расказвай,– чуеш, Том? – нікому, нікому! Добра?
– Не, не, я нікому не скажу, будзь спакойная. Ну, Бэкі!
Ён адвярнуў твар, і яна саромліва прашаптала:
– Я... вас... кахаю!
Потым ускочыла і пачала бегаць вакол парт, ратуючыся ад Тома, які ганяўся за ёй; потым зашылася ў кут і закрыла твар белым фартухом.
– Ну, Бэкі,– абвясціў Том,– цяпер усё ўжо скончана,– засталося толькі пацалавацца.
І ён цягнуў яе за фартух і за рукі.
Трохі-па-трохі яна здалася і апусціла рукі, а Том пацалаваў яе проста ў губы, кажучы:
– Ну, вось і ўсё, Бэкі. Цяпер ты ўжо нікога не павінна любіць, апрача мяне, і ні за кога, апрача мяне, не выходзіць замуж, ніколі, ніколі і навекі вякоў. Ты абяцаеш?
– Так, я нікога не буду любіць, Том, апрача цябе, і ні за кога другога не пайду замуж. І ты глядзі, ні з кім не жаніся, апрача мяне.
– Ды ўжо-ж, вядома,– такі ўгавор. І калі пойдзеш у школу ці са школы, ідзі са мной,– калі нікога з старэйшых не будзе блізка,– і ў гульні выбірай мяне, а я буду цябе выбіраць. Так заўсёды робяць заручаныя.
– Я ніколі не чула пра гэта. Гэта вельмі міла!
– Гэта надзвычайна весела! Мы з Эмі Лорэнс...
Шырока расчыненыя ясныя вочкі сказалі Тому, што ён даў маху, і ён спыніўся збянтэжаны.
– Том! Дык я ўжо не першая, з якой ты быў заручаны?
Дзяўчынка заплакала.
– Не плач, Бэкі. Я не кахаю яе больш.
– Не, кахаеш! Ах, Том, ты сам ведаеш, што кахаеш.
Том хацеў-быў абняць яе, але яна адштурхнула яго, павярнулася тварам да сцяны і зноў заплакала. Том пачаў суцяшаць яе, называючы ласкавымі імёнамі, зноў паспрабаваў абняць, але яна зноў адштурхнула яго. Тады ў ім абудзіўся гонар. Ён пакрыўдзіўся і вышаў.
На вуліцы ён пастаяў крыху, усхвалявана пераступаючы з нагі на нагу і пазіраючы на дзверы з надзеяй, што Бэкі раздумаецца і прыдзе за ім. Але яна не прыходзіла. Тому зрабілася ніякавата: а што, калі ён адзін вінаваты? Яму было вельмі цяжка прымусіць сябе зрабіць першы крок да прымірэння, але ён пабароў гонар і вярнуўся.
Бэкі ўсё стаяла ў куце і плакала, прыціскаючыся тварам да сцяны. У Тома ёкнула серца. Ён падышоў да яе, пастаяў крыху і, не ведаючы з чаго пачаць, выцягнуў галоўную сваю каштоўнасць – медны шарык ад пакрыўкі для жароўні – і, паводзячы ім перад яе вачыма, сказаў:
– Прашу цябе, Бэкі, не плач. Ну, хочаш, я табе падарую гэта!
Яна адштурхнула яго руку. Шарык паляцеў на падлогу.
Тады Том зноў пайшоў на вуліцу і парашыў пайсці далёка за ўзвышшы, каб у гэты дзень больш ужо не вяртацца ў школу. Бэкі раптам западозрыла нешта нядобрае. Яна пабегла да дзвярэй – Тома не было відаць. Яна абегла вакол дома, спадзяючыся знайсці яго на лужку для гульняў, але яго і там не было. Тады яна стала клікаць:
– Том! Том, вярніся!
Яна напружана прыслухалася, але водгуку не было. Вакол усё было ціха і пустынна. Яна села і зноў расплакалася; сумленне мучыла яе. Тымчасам пачалі збірацца школьнікі; трэба было затоіць сваё гора і спакойна сядзець на працягу доўгіх, нудных лекцый. У яе не было прыяцеляў сярод чужых дзяцей, ёй не было з кім падзяліць свой смутак.
Раздзел VII
Том ішоў па полі зігзагамі, заварочваючы то направа, то налева, пакуль не пакінуў далёка за сабой тую дарогу, па якой звычайна вярталіся дадому школьнікі. Праз поўгадзіны ён быў ужо каля замка Дуглас на вяршыні ўзвышша, і будынак школы ледзь відаць быў унізе, у лагчыне.
Том паглыбіўся ў лес, вельмі густы, прабраўся без сцежак у самую пушчу і прысеў адпачыць пад шырокім дубам. Ён доўга сядзеў, паставіўшы локці на калены і абапёршыся падбародкам на рукі, сядзеў і думаў. Ён думаў пра тое, як добра ляжаць у магіле, спаць і вечна марыць, калі вецер шэпча ў лісцях дрэў, калыша траву і кветкі на магіле, і няма чаго сумаваць, няма аб чым гараваць ніколі, ніколі! Узяць хоць-бы гэтае дзяўчо... Ну што ён зрабіў ёй? Нічога. А яна прагнала яго, як сабаку – проста як сабаку. Калі-небудзь пашкадуе; можа тады, калі ўжо будзе позна. Ах, каб можна было памерці часова!
А што, калі ён зараз пойдзе, куды вочы глядзяць, таемна знікне для ўсіх? Што, калі ён пойдзе далёка-далёка, за мора, у невядомыя краі, з тым, каб ніколі ўжо не вяртацца? І як ёй тады будзе?..
Ён успомніў, як ён збіраўся зрабіцца клоунам, але цяпер гэтая думка была яму ўжо агіднай. Не, ён пойдзе ў салдаты і вернецца дадому праз многа гадоў, пакрыты ранамі і славай. Або, яшчэ лепш, пойдзе да індзейцаў, будзе паляваць з імі на буйвалаў, узбірацца па горных сцежках на непрыступныя кручы, бадзяцца па раўнінах далёкага Захаду, дзе няма ніякіх сцежак, і калі-небудзь вернецца дадому вялікім правадыром, увесь у пер’ях, размалёваны, страшны, і сунецца адразу ў нядзельную школу ў сонную летнюю раніцу з ваяўнічым клічам, ад якога кроў стыне ў жылах. Вось вылупяць вочы ўсе таварышы! Вось будуць яму зайздросціць!
Але не, ён ведае нешта лепшае. Ён будзе яшчэ піратам, морскім разбойнікам! Вось яно што. Цяпер ён ясна бачыў перад сабой сваю будучыню, асвятлёную неапісальнай славай. Яго слава будзе грымець па ўсім свеце; ад яго імя будуць дрыжаць народы! Як горда будзе ён насіцца па бурных морах, уздымаючы хвалі сваім даўгім чорным караблём – «Дух Буры», з чорным флагам на высокай мачце! І, дасягнуўшы вяршыні сваёй славы, ён раптам з’явіцца ў родным гарадку, у царкве, увесь чорны, загарэлы, засівераны, у чорнай аксамітнай камізэльцы і такіх самых штанах, у высокіх батфортах, з чырвонай перавязкай цераз плячо; за поясам пісталеты, нож, заржавелы ад пралітай крыві, на галаве мяккі капялюш з пышнымі пер’ямі, у руцэ чорны флаг, а па ім вышыты чэрап і скрыжаваныя косці. І ўсе ў захапленні будуць шаптаць: «Гэта Том Соўэр, пірат, чорны мсцівец іспанскіх мораў!» Так, гэта вырашана! Шлях яго выбраны. Ён заўтра-ж уцячэ з дому. А каб быць гатовым да раніцы, трэба пачаць зборы зараз-жа. Паглядзім, што ў яго ёсць.
Недалёка быў гнілы пень. Том падышоў да яго і пачаў капаць каля яго сваім ножыкам. Хутка па гуку ён распазнаў пустату. Ён засунуў туды руку і ўрачыста прамовіў заклінанне:

Мары Тома Соўэра.
– Чаго яшчэ тут няма, з'явіся! Што ёсць, застанься!
Том вынуў са схову чыстую сасновую скрыначку. Там ляжала мармуровая галачка. Том здзівіўся незвычайна. Ён з недаўменнем скроб патыліцу і мармытаў:
– Не, гэта немагчыма! Што-ж гэта такое?
Ён са злосцю кінуў галачку і пачаў разважаць. Справа ў тым, што яго ашукалі забабоны, якія ён і яго таварышы лічылі за абсалютную ісціну. Забабоны абвяшчалі, што калі закапаць галачку, сказаўшы над ёю пэўныя заклінанні, і на працягу двух тыдняў не чапаць яе, а потым адкапаць з тымі словамі, якія былі сказаны Томам, то замест адной галачкі вы знойдзеце ўсе, якія вы калі-небудзь згубілі, хоць-бы яны былі згублены і вельмі далёка адна ад адной. Але вопыт безумоўна не ўдаўся, і вера Тома была глыбока падарвана. Ён чуў многа разоў аб удалых спробах, але ніколі – пра няўдалыя. Ён забыўся, што і сам ён спрабаваў гэта не раз, але толькі потым ніколі не мог знайсці месца, дзе схаваў галачку. Ён доўга раздумваў і нарэшце парашыў, што тут не абышлося без якой-небудзь вядзьмаркі, якая, на зло яму, зняла замову.
Але яму хацелася канчаткова пераканацца ў гэтым; ён адшукаў чыстую пясчаную мясцінку з ямкай накшталт лейкі пасярэдзіне, прылажыў губы да гэтай ямкі і пачаў клікаць:
Бука, бука, ты прыдзі
I ўсю праўду раскажы.
Бука, бука, ты прыдзі
I ўсю праўду раскажы.
Пясок заварушыўся, паказаўся «бука» – маленькі чорны жук, і зараз-жа схаваўся спалоханы.
– Ён не хоча сказаць! Значыцца, гэта вядзьмарка зрабіла. Я так і ведаў.
Тому добра было вядома, што з вядзьмаркамі цягацца цяжка, і ён павесіў нос. Потым яму прышло ў галаву, што не дрэнна было-б знайсці тую галачку, якую ён кінуў; ён пачаў поўзаць па траве, але нічога не знайшоў. Ён вярнуўся да свайго таемніка і асцярожна паставіў скрыначку на месца, потым стаў акурат так, як ён стаяў, калі кінуў галачку, затым вынуў з кішэні другі кавалак мармуру і кінуў яго ў той-жа самы бок, кажучы:
– Брат, ідзі, знайдзі брата!
Ён заўважыў, куды ўпаў шарык, знайшоў яго і пачаў шукаць першы, але ўсёроўна знайсці не мог. Ён паспрабаваў яшчэ раз, другі, трэці, і нарэшце дасягнуў поспеху: абодва шарыкі ляжалі зусім блізка адзін ля аднаго.
У гэты момант у зялёным гушчары пачуўся слабы гук дзіцячай бляшанай трубы. Том зараз-жа скінуў з сябе куртку і штаны, падперазаўся шлейкамі, разгарнуй кучу галля за гнілым пнём, выцягнуў адтуль нязграбна зробленыя лук і стралу, драўляны меч, бляшаную трубу, мігам узброіўся і, босы, ў адной кашулі, паімчаўся насустрач ворагу.

Робін Гуд і яго вораг.
Пад вялікім вязам ён спыніўся, пратрубіў сігнал у адказ, скамандаваў свайму неіснуючаму атраду: «Стой, рэбяты, хавайся, пакуль не затрублю!» – і пачаў чакаць, ваяўніча азіраючыся па баках. З’явіўся Джо Гарпер у такім-жа лёгкім адзенні і таксама ўзброены. Том гукнуў яго:
– Стой! Хто адважваецца хадзіць па Шэрвудскім лесе без майго дазволу?
– Г'ю Гісборн не мае патрэбы прасіць у каго-б там ні было дазволу! Хто ты, які...
– «Адважваецца так гаварыць са мной», – паспешна падказаў Том, бо яны гаварылі напамяць, «па кнізе».
– Хто ты, які адважваецца так гаварыць са мной?
– Хто я? Я – Робін Гуд [3], як зараз-жа пераканаецца ў гэтым твой паганы труп.
– Значыцца, гэта ты, славуты разбойнік? Я рады паспрачацца з табой аб тым, хто гаспадар у гэтым слаўным лесе. Выходзь!
Яны ўзяліся за свае драўляныя мячы, кінуўшы астатнюю зброю на зямлю, сталі ў баявую позу, нага да нагі, і вось пачаўся паядынак. Нарэшце Том сказаў:
– Ну, біцца, дык біцца! Паддай палу!
І яны так старанна «паддавалі палу», што хутка абодва запыхаліся і спацелі.
– Валіся-ж! – крыкнуў Том. – Чаму-ж ты не валішся?
– Не буду я валіцца! Сам валіся,– табе-ж яшчэ горш прыходзіцца.
– Ну, дык што з таго? Гэта нічога не знача. Я не магу валіцца. У кніжцы-ж не так,– там сказана: «І ён адным лоўкім ударам у спіну паваліў на зямлю беднага Г’ю Гісборна». Ты павінен даць мне мажлівасць ударыць цябе ў спіну.
Супроць такога аўтарытэту супярэчыць нельга было: Джо павярнуўся, прыняў удар і ўпаў.
– Ну, а цяпер,– сказаў Джо, падымаючыся на ногі,– ты дай мне забіць цябе; гэта будзе сумленна.
– Але-ж гэтага нельга, гэтага ў кнізе няма.
– З твайго боку гэта нядобрасумленна!
– Ну, ціха, Джо,– ты-ж можаш быць манахам Тэукам і прыстукнуць мяне кіем па галаве. Або, хочаш, я буду шэрыф натынгемскі, а ты Робін Гуд, і ты заб’еш мяне.
Гэта спадабалася Гарперу, і гульня пачалася зноў. Потым Том зноў зрабіўся Робінам Гудам і зышоўся крывёю, дзякуючы здрадзе манашкі, якая даглядала яго рану; тады Джо, які прадстаўляў з сябе цэлы атрад плачучых разбойнікаў, з жалем адцягнуў яго прэч, улажыў у яго аслаблыя рукі лук, і Том сказаў: «Дзе ўпадзе гэтая страла, там пахавайце беднага Робіна Гуда, пад дрэвам у зялёным гаі». Потым ён пусціў стралу, адкінуўся назад і паваліўся-б мёртвым, каб не трапіў у крапіву, што прымусіла яго ўскочыць з неўласцівай нябожчыку жвавасцю.
Хлопчыкі адзеліся, схавалі ў зацішным месцы сваю зброю і разам пайшлі далей, шчыра шкадуючы, што цяпер няма разбойнікаў. Яны запэўнялі, што ахвотней згадзіліся-б быць год разбойнікамі ў Шэрвудскім лесе, як прэзідэнтам Злучаных Штатаў усё сваё жыццё.
Раздзел VIII
У гэты вечар Том з Сідам, як заўсёды, а палове дзесятай пайшлі спаць. Сід хутка заснуў, але Том не спаў, нецярпліва чакаючы сігналу. Ён не знаходзіў сабе месца ад хвалявання, яму здавалася, што ўжо недалёка ад світання, але ў гэты момант ён пачуў, як гадзіннік прабіў дзесяць. Толькі дзесяць! Было ад чаго прыйсці ў роспач. Ён не мог нават круціцца і дрыгаць нагамі, як таго вымагалі яго ўзбуджаныя нервы, бо баяўся разбудзіць Сіда. Таму ён ціха ляжаў у цемры з адкрытымі вачыма.
Навокал была жахлівая ціша, але паступова з ёй ледзь значна пачалі вылучацца розныя гукі. Перш за ўсё – ціканне гадзінніка, потым таямнічае патрэскванне старых бэлек, слабае рыпанне ступенек лесвіцы. Відаць, у доме швэндалі духі. З пакоя цёці Поллі даносіўся ціхі мірны храп.
Потым пачалося назольнае цвіркатанне цвіркуноў, якіх ніякія сілы чалавечыя не могуць выгнаць з жылых памяшканняў, і пачулася злавеснае «цік-цік» жука-гадзіншчыка ў сцяне, ля галавы Тома. Том здрыгануўся: гэта азначала, што нехта памрэ. Затым недзе далёка завыў сабака, і яшчэ далей у адказ яму – другі. Том перажываў цяжкія мінуты. Нарэшце ён пераканаўся, што час скончыўся і пачалася вечнасць, і супроць сваёй волі пачаў драмаць. Гадзіннік прабіў адзінаццаць, але Том не чуў гэтага.
Раптам праз сон ён распазнаў смутнае мяўканне кошкі. Недзе блізка стукнула акно, пачуўся голас: «Пшла прэч, праклятая!», і аб сцяну са звонам бразнулася пустая бутэлька. Том ускочыў, як ашпараны, мігам адзеўся, вылез праз акно і папоўз па даху, разы са два ціха мяўкнуўшы ў адказ; потым пераскочыў на страху хлевушка і адтуль саскочыў на зямлю.
Гекльберы Фін чакаў яго з дохлым катом ў руках. Абодва хлопчыкі хутка зніклі ў цемры. Праз поўгадзіны яны ўжо прабіраліся па высокай траве могілак.
Могілкі былі даўнейшыя і, як раней рабіліся на Захадзе, знаходзіліся на ўзгорку, мілі за паўтары ад вёскі. Яны былі агарожаны старым дашчатым плотам, які то выгінаўся ў сярэдзіну, то ў процілеглы бок, але нідзе не стаяў прама. Усе могілкі зараслі пустазеллем, у якім танулі паасобныя магілы. На магілах не было ніводнага помніка; замест гэтага стаялі гнілыя дошкі, закругленыя ўверсе, выедзеныя чарвяком і гатовыя паваліцца на зямлю. На ўсіх дошках калісьці былі надпісы з імёнамі нябожчыкаў; але літары так сцерліся, што цяпер іх нельга было-б прачытаць і пры святле.

Падарожжа па даху.
Вецер ціха і жалабна стагнаў у верхавінах дрэў, і хлопчыкам рабілася яшчэ больш страшна. Яны мала гаварылі між сабой і то толькі шэптам: час і месца, урачыстая цішыня і таемнасць наводзілі на іх жах. Яны знайшлі свежую магілу, якую шукалі, і сталі каля трох вялікіх вязаў, за два крокі ад магілы.
Так яны стаялі і чакалі, як ім здалося, вельмі доўга. Здалёк крычала сава, і гэта былі адзіныя гукі, якія парушалі мёртвую цішу. Думкі Тома так прыгняталі яго, што ён адчуў патрэбу пачаць гутарку.
– Як ты думаеш, Гек,– пачаў ён шэптам,– раззлуюцца нябожчыкі на нас, што мы прышлі сюды?
Гекльберы шапнуў у адказ:
– Хто іх ведае! А жудасна тут. Праўда?
– Ну, вядома!
Настала доўгае маўчанне. Абодва хлопчыкі думалі пра адно і тое самае. Потым Том шапнуў:
– Слухай, Гек, як ты думаеш, Вільямс чуе, што мы гаворым?
– Вядома, чуе. Прынамсі, душа яго чуе.
Зноў пауза.
– Шкада, што я назваў яго проста Вільямс, а не містэр Вільямс. Але-ж я не хацеў яго абразіць. Яго ўсе так называлі.
– Трэба быць больш асцярожным, Том, калі гаворыш пра нябожчыкаў.
Гэтая заўвага адбіла ў Тома ахвоту весці далейшую гутарку. Але раптам ён схапіў таварыша за руку.
– Тсс!
– Што там такое?
І абодва, моцна прыціснуўшыся адзін да аднаго, чакалі што будзе.
– Тсс! вось зноў! Ты чуеш?
– Я...
– Ага! цяпер і ты пачуў.
– Том, яны ідуць! Гэта яны! Што нам рабіць?
– Не ведаю. Ты думаеш, яны нас убачаць?
– Ох, Том, яны-ж у цемры бачаць, як кошкі! І навошта толькі я пайшоў!..
– Ды ты не бойся... Я думаю, яны нас не крануць. – Мы-ж нічога дрэннага не робім. Калі мы стоімся, можа яны нас і зусім не заўважаць.
– Паспрабуем. Але-ж толькі ой як страшна! Я ўвесь дрыжу.
– Тсс! слухай!
Хлопчыкі, ледзь дыхаючы, шчыльней прыціснуліся адзін да аднаго. З другога канца могілак данасіліся прыглушаныя галасы.
– Глядзі! Ты бачыш? – шапнуў Том.
– Што гэта, Том? Гэта пякельны агонь! Ах, Том, як страшна!
З цемры высунуліся нейкія цмяныя фігуры. Перад імі калыхаўся стары бляшаны ліхтар, рассыпаючы па зямлі безліч іскраў святла.
– Гэта, напэўна, чэрці!—трасучыся шапнуў Гекльберы. – Аж тры! Прапала мая галава!
– Ды ты не бойся – яны нас не крануць.
– Тсс!
– Што такое, Гек?
– Гэта людзі! Прынамсі, адзін з іх. Гэта стары Меф Потэр. Я пазнаў яго голас.
– Ну? Не можа быць!
– Далібог, пазнаў. Ты стаіся, не дыхай. Ён нас не ўбачыць, – дзе яму! Стары пэўна п’яны, як заўсёды.
– Добра, стаюся. Вось яны ўсталі. Відаць, шукаюць нешта. Вось зноў ідуць сюды. Бач, як бягуць. Во як пруць! Ну, пэўна сюды! Слухай, Гек, я і другі голас пазнаў – гэта індзеец Джо!
– Ну, вядома, пракляты метыс! Лепш ужо тады гэта былі-б чэрці. І што ім тут трэба?
Але тут хлопчыкі і шаптацца перасталі, бо ўсе гэтыя тры фігуры дайшлі да магілы і спыніліся недалёка ад таго месца, дзе схаваліся нашы героі.
– Тут! – сказаў трэці і падняў ліхтар так, што асвятліў сабе твар. Хлопчыкі пазналі маладога доктара Рабінзона.

Глядзі! Ты бачыш?
Потэр і індзеец Джо неслі насілкі, на іх ляжала вяроўка і дзве рыдлёўкі. Яны палажылі на зямлю насілкі і пачалі раскапваць магілу.
Доктар паставіў ліхтар на беразе магілы, а сам сеў на зямлю, прысланіўшыся спіною да аднаго з вязаў.
Ён быў так блізка, што хлопчыкі маглі дакрануцца да яго.
– Хутчэй, браткі! – казаў ён ціха. – Кожную хвіліну можа ўзыйсці месяц.
Яны нешта буркнулі ў адказ і дружна ўзяліся за рыдлёўкі. Некаторы час нічога не было чуваць, апрача шурхання зямлі. Гук гэты наводзіў сум сваёй аднастайнасцю. Нарэшце пачуўся глухі стук аб дрэва: рыдлёўка стукнулася аб дамавіну, і праз некалькі мінут яе выцягнулі наверх. Тымі-ж рыдлёўкамі паднялі крышку, выцягнулі мерцвяка і груба кінулі яго на зямлю. У гэты момант месяц выплыў з-за хмар і асвятліў сіні, страшны твар нябожчыка.
Яго палажылі на загадзя падрыхтаваныя насілкі, накрылі коўдрай і прывязалі вяроўкай. Потэр вынуў вялікі складаны нож, адрэзаў лішні канец вяроўкі і сказаў:
– Ну, гатова ваша праклятая работа. Цяпер давайце яшчэ пяць залатых, а то мы яго так тут і кінем.
– Разумныя словы прыемна слухаць,– падтрымаў індзеец Джо.
– Дазвольце! Гэта што азначае? – засупярэчыў доктар. – Вы-ж патрабавалі ўсе грошы наперад, і я заплаціў вам.
– Так, і яшчэ нешта вы зрабілі,– сказаў Джо, падышоўшы да доктара, які ўстаў на ногі. – Пяць гадоў назад вы мяне выгналі з кухні вашага бацькі, куды я зайшоў папрасіць чаго-небудзь з’есці. Вы сказалі, што я прышоў з нядобрай думкай. А калі я пакляўся адпомсціць вам за гэта хоць праз сто гадоў, ваш бацька пасадзіў мяне ў турму, як валацугу. Вы думалі, я пра гэта забыўся? Нездарма ў мяне індзейская кроў. Цяпер вы ў мяне ў руках, і мы з вамі палічымся, так і ведайце!
Ён пагражаў доктару кулаком у самы твар. Той раптам замахнуўся і адным ударам паваліў індзейца на зямлю. У Потэра ад здзіўлення вываліўся з рук нож, і ён крыкнуў:
– Эй, вы! Гэта што такое? Я таварыша біць не дазволю!
І ён кінуўся на доктара. Яны сашчапіліся і пачалі борацца, напружваючы ўсе сілы, тапчучы траву і ўзрываючы нагамі мяккую зямлю. Індзеец Джо ўскочыў на ногі; вочы яго гарэлі нянавісцю. Ён падняў кінуты Потэрам нож і, крадучыся, як кошка, увесь выгнуты, пачаў кружыцца вакол барцоў, выглядаючы зручны момант.
Раптам доктар вызваліўся з абдымкаў праціўніка, схапіў цяжкую дошку з магілы Вільямса і зваліў ёю Потэра на зямлю. У той-жа момант метыс усадзіў увесь нож у грудзі маладога чалавека. Той захістаўся і паваліўся на Потэра, запэцкаўшы яго сваёй крывёю.
У гэтую мінуту насунуліся хмары і схавалі ад вачэй мімавольных гледачоў усю гэту жудасную сцэну; перапалоханыя хлопчыкі як мага кінуліся бегчы прэч.
Калі месяц зноў вынырнуў з-за хмар, індзеец Джо стаяў над двума распасцертымі на зямлі фігурамі. Доктар прамармытаў нешта незразумелае, разы са два ўздыхнуў і сціх.
– Ну, чорт цябе дзяры! – сказаў метыс. – Цяпер мы з табой квіты.
Ён абадраў мерцвяка, потым улажыў няшчасны нож у правую руку Потэра і ўсеўся на перакуленую дамавіну. Прайшло тры, чатыры, пяць мінут... Потэр паварушыўся і застагнаў. Ён сціснуў у руцэ нож, паднёс яго к вачам, уздрыгануўся і выпусціў нож з рук. Потым падняўся і сеў, адапхнуў ад сябе мёртвае цела доктара, паглядзеў на яго, потым мутнымі вачыма агледзеўся навакол і сустрэў позірк метыса.
– Што гэта? Як яно здарылася, Джо?
– Справа дрэнная,– сказаў той, не варухнуўшыся з месца. – Навошта ты яго гэтак?
– Я? І не думаў.
– Гавары, каму хочаш! Гэтым справы не вернеш!
Потэр збялеў і ўвесь затросся:
– Я думаў, у мяне хмель вышаў. Увечары-ж я не піў. Але ў мяне да гэтага часу шуміць у галаве – горш нават, як ішлі мы сюды... Усё неяк пераблыталася, нічога не магу прыпомніць. Скажы мне, Джо, сумленна скажы, браце, няўжо-ж гэта я яго прыстукнуў? Я-ж яго не хацеў забіваць, у мяне і ў думках не было, клянуся душой і чэсцю. Джо! скажы мне, як гэта вышла? Ой, які жах! Ён быў такі малады і здольны...

Няшчасны Потэр апусціўся на калены.
– Як вышла? Ну, вядома, вы пачалі біцца; ён стукнуў цябе дошкай па галаве; ты зваліўся; а потым устаў, хістаючыся і спатыкаючыся, выхапіў нож ды і ўсадзіў яму ў грудзі акурат у той момант, як ён зноў садануў цябе. Ну, пасля таго ўжо ты як паваліўся, так і ляжаў да гэтага часу, як калода.
– Ох, я сам не ведаў, што раблю! Праваліцца мне на гэтым месцы, калі маню! Гэта ўсё ад гарэлкі,– п’яны я быў,– ну і распаліўся на яго таксама – з-за цябе... Я нават і нажом уладаць не ўмею. Біцца здаралася, яно так, але толькі без нажа, на кулачкі. Гэта ўсім вядома. Джо, родненькі, не выдавай! Дай слова, што не выдаш, Джо! Я заўсёды цябе любіў, заўсёды стаяў за цябе. Ты сам ведаеш... Ты нікому не скажаш, Джо?
I няшчасны Потэр апусціўся на калены парад подлым забойцам, з адчаем працягваючы да яго рукі.
– Добра, Меф Потэр, ты заўсёды адносіўся да мяне сумленна, і я зраблю таксама. Будзь спакойны, маё слова пэўнае. Тут і гаварыць больш няма чаго.
– Джо, ты ангел! Я буду благаслаўляць цябе да апошняй хвіліны.
І Потэр заплакаў.
– Ну, годзе ўжо! Няма чаго кныхаць. Ідзі вунь той дарогай, ды жыва! А я пайду гэтай. Ды глядзі, слядоў за сабой не пакідай!
Потэр пусціўся трушком, потым наддаў ходу і пабег як мага. Метыс стаяў, глядзеў яму ўслед і мармытаў:
– Калі ён сапраўды так здурэў ад удару і выпіўкі, як яно здаецца, то ён і не ўспомніць пра нож. А калі і ўспомніць, адбегшыся далёка, то пабаіцца вярнуцца сюды,– курынае сэрца!
Праз некалькі мінут на забітага, на труп, загорнуты ў коўдру, на дамавіну без крышкі і на разрытую магілу глядзеў толькі месяц. Навакол зноў было ціха.
Раздзел IX
Хлопчыкі анямелі ад жаху. Не спыняючыся, беглі яны к гарадку. Часам яны трывожна азіраліся, нібы хто за імі гнаўся. Кожны пень на дарозе здаваўся ім страшным ворагам, ад якога ў іх сціскалася сэрца. Калі яны прабеглі каля хутарка, што быў недалёка ад ваколіцы, на іх забрахалі сабакі, і ад гэтага ў хлапцоў нібы крыллі выраслі.
– Толькі-б нам дабегчы да старой гарбарні, пакуль мы не страцім сілы! – прашаптаў Том, задыхнуўшыся. – Я ўжо, здаецца, больш не магу.
Гекльберы ў адказ толькі соп. Хлопчыкі напружвалі апошнія сілы. Нарэшце яны падбеглі да гарбарні, праскочылі праз адчыненыя дзверы і паваліліся зусім змораныя. Трохі счакаўшы, пульс іх пачаў біцца раўней, і Том шапнуў:
– Гек, як табе здаецца, што з гэтага выйдзе?
– Калі доктар Рабінзон памрэ, я думаю, выйдзе шыбеніца.
– Ды што ты?
– Я напэўна ведаю.
Том падумаў, потым сказаў:
– Хто-ж раскажа? Мы?
– Што ты? Звар’яцеў? Ты толькі ўяві сабе, што справа як-небудзь павернецца на карысць індзейцу Джо, або ён уцячэ і яго не павесяць,– ды ён-жа-ж тады нас абавязкова заб’е. Ужо нам тады не мінуць смерці.
– Я і сам гэта думаю, Гек.
– Калі ўжо каму данасіць, дык няхай Меф Потэр даносіць; у яго на гэта дуроты хопіць. Ён-жа ж заўсёды п’яны.
Том нічога не сказаў – ён думаў; потым шапнуў:
– Гек, але-ж Меф Потэр не ведае,– як-жа ж ён можа данесці?
– Гэта-ж як ён не ведае?
– А, вядома, не ведае. Яму-ж доктар трэснуў па галаве акурат у той момант, калі індзеец Джо ўсадзіў у доктара нож. Дзе-ж яму было бачыць?
– І то праўда!
– Апрача таго, хто ведае, можа ад гэтага ўдару яму і капут ужо.
– Не, Том, гэта наўрад. Ён проста быў п’яны. Я гэта заўважыў. Ды ён і заўсёды п'яны. Калі мой бацька п’яны, яго можна трэснуць па галаве хоць цэлай вежай,– нічога яму не станецца. Ён сам кажа. Таксама і з Мефам Потэрам.
Вось каб ён быў цвярозы, то, магчыма, ад такога пачастунку і сканаў-бы...
Том зноў падумаў.
– Гек, ты ўпэўнены, што мы не абмовімся?
– Ды ўжо хочаш-не-хочаш, а трымаць язык за зубамі трэба. Сам разумееш... Гэтаму д’яблу метысу прыдушыць нас усёроўна, што прыдушыць пару кацянят. Калі толькі мы прагаворымся, а яго не павесяць – прапалі нашы галовы! Слухай, Том! Калі ўжо нам хочаш ці не,– трэба маўчаць, давай мы адзін аднаму паклянемся, што будзем трымаць язык прывязаным.
– Я гатоў, Гек. Гэта самае лепшае. Ну, падымай руку...
– О, не! Гэта не гадзіцца. Гэта добра ў звычайных справах, у глупствах, асабліва з дзяўчатамі, бо яны, нарэшце, усёроўна выкруцяцца і выкажуць, калі раззлуюцца; а ў гэтай справе трэба, каб дагавор быў пісаны і абавязкова крывёю.
Тому такая справа вельмі спадабалася. Яна была таямнічая, суровая і страшная. Пры святле месяца Том знайшоў чыстую сасновую трэсачку, выцягнуў з кішэні кавалак сурыка, сеў так, каб святло падала на трэску, і сяк-так накрэмзаў наступныя радкі, на кожным слове прыцмокваючы языком:
Гек Фін і Том Соўэр мы абодва клянемся што мы будзем трымаць язык за зубамі адносна гэтай справы і няхай мы ўпадзем мёртвымі на месцы калі хоць адным словам абмовімся.
Гек прышоў у захапленне ад здольнасці Тома так хутка пісаць, ды яшчэ такім высокім стылем. Ён выцягнуў з сваёй курткі булаўку і хацеў ужо пракалоць сабе палец, але Том спыніў яго:
– Пачакай, не рабі гэтага – булаўка медная. На ёй можа быць атрута.
– Якая?
– Іржа такая. Паспрабуй праглынуць, тады ўбачыш.
Тады Том узяў адну з сваіх іголак, і кожны хлопчык па чарзе ўкалоў сабе палец і выціснуў з яго каплю крыві.
Зрабіўшы гэта некалькі разоў і карыстаючыся мізінцам заместа пяра, Том вывеў унізе пачатковыя літары свайго імя, потым навучыў Гекльберы, як напісаць Г. Ф., і дагавор быў падпісаны. Яны ўрачыста, з рознымі царамоніямі і заклінаннямі закапалі трэску каля самай сцяны, лічачы, што цяпер іхнія языкі замкнутыя назаўсёды і ключы закінуты.
Праз дзірку на другім канцы напалову разбуранага будынка прабралася чалавечая постаць, але хлопчыкі яе не заўважылі.
– Том,– прашаптаў Гекльберы,– ты ўпэўнены, што пасля гэтага мы ўжо не прагаворымся ніколі?
– Вядома, упэўнены. Што-б ні здарылася, мы цяпер – магіла. Мы зараз-жа на месцы павалімся мёртвымі, калі прагаворымся. Ці-ж ты забыў?
– Яно так, ды...
Раптам недалёка ад іх, усяго за якіх-небудзь крокаў дзесяць, пачулася працяглае сумнае сабачае выццё. Хлопчыкі ў спалоху прыціснуліся адзін да аднаго.
– На каго-ж гэта яна з нас? – прашаптаў Гекльберы.
– Не ведаю, паглядзі ў шчэлку, ды хутчэй-жа?
– Не, ты паглядзі!
– Не магу, не магу я, Гек!
– Ды паглядзі, Том. Вось зноў...
– О! як я рады! – прашаптаў Том. – Я пазнаю брэх: гэта сабака Гарбізона.
– Ну, дзякуй богу! Ведаеш, я проста на смерць перапалохаўся,– я думаў, што бадзяжны сабака.
У гэты час сабака зноў завыў. У хлопчыкаў зноў сціснулася сэрца.
– Ох, не! Гэта не Гарбізонаў сабака,– прашаптаў Гекльберы. – Паглядзі яшчэ, Том.
Том, дрыжучы ад страху, зірнуў праз шчэлку і ледзь чутна прамовіў:
– О, Гек, гэта бадзяжны сабака!
– Глядзі, Том, глядзі, на каго ён брэша?
– Пэўна на нас абодвых. Мы-ж поплеч, зусім блізка адзін ля аднаго. Ох, Гек, прапалі мы з табой! Я-ж ужо ведаю куды траплю. Я такі грэшны...
– А я заўсёды гуляю, замест таго, каб вучыцца, раблю акурат тое, што мне забаронена... Я мог-бы быць добрым і паслухмяным, як Сід, каб толькі пастараўся, але мне, вядома, не хацелася. Ну, калі толькі я на гэты раз выкараскаюся, то абяцаю вывучыць напамяць усю біблію!

Яны пачалі красціся да спячага.
Том ціханька ўсхліпваў.
– Ты грэшны?! – і Гекльберы таксама пачаў усхліпваць. – Які-ж ты грэшны? Ты – ангел у параўнанні са мной!
Том праглынуў слёзы і шапнуў:
– Глядзі, Гек, глядзі! – ён стаіць задам да нас.
Гек узрадаваўся і прыціснуўся да шчэлкі.
– Сапраўды задам... Ён і раней так стаяў?
– Ну але, а я, дурань, і не звярнуў увагі. Вось добра! Але-ж на каго ён можа брахаць?
Сабака сціх. Том настаражыўся.
– Тсс! Што гэта?
– Нібы... нібы свіння рохкае. Не, гэта нехта храпе, Том.
– Храпе-е? Ды дзе-ж храпе, Гек?
– Мабыць у тым канцы. Храп нібы адтуль ідзе. Бацька тут часам начаваў разам са свіннямі, але ён ужо калі захрапіць, дык толькі трымайся – з ног саб’е! Ды ён, я думаю, больш і не вернецца ніколі ў гэты горад.
Энергія абудзілася ў хлопцаў.
– Гек, ты пойдзеш туды, калі я цябе павяду?
– Неахвота мне ісці, Том. А што, калі там індзеец Джо ?
Але спакуса была надта вялікай, і хлопчыкі парашылі пайсці паглядзець, умовіўшыся, што зараз-жа завярнуцца назад, калі храп спыніцца. Ціханька, на пальцах, пачалі яны красціся к спячаму. Праз некалькі крокаў Том наступіў на дубец: той зламаўся і храснуў. Спячы застагнаў, перавярнуўся на бок, і прамень месяца ўпаў на яго твар. У хлапцоў кроў застыла ў жылах, і самі яны застылі на месцы, калі спячы паварушыўся; але цяпер страх мінуў: гэта быў Меф Потэр.
Хлопцы вылезлі праз дзірку ў сцяне і збіраліся ўжо разыйсціся, як зноў пачулася злавеснае, працяглае выццё. Абодва разам адвярнуліся і ўбачылі чужога сабаку, які стаяў за два крокі ад таго месца, дзе ляжаў Потэр.
– Ды гэта-ж ён на яго! – у адзін голас усклікнулі хлопчыкі.
– А ведаеш што? Кажуць, каля дома Джоні Мілера выў прыблудны сабака акурат у поўнач,– гэта было тыдні два назад,– і ночная ластаўка пела ў яго на сцяне ў той-жа самы вечар, а да гэтага часу ніхто ў доме не памёр.
– Я ведаю. Ну, дык што з таго? А ці-ж Грэсі Мілер пасля таго ў суботу не трапіла ў печку і не апяклася?
– Так, але-ж яна не памёрла. Яна нават папраўляецца.
– Добра, пачакай, убачыш, што будзе. Ёй ужо не выздаравець. Справа скончаная, усёроўна як і Мефа Потэра. Гэта негры гавораць, а яны ўжо ведаюць, Гек.
І хлопчыкі разышліся.
Калі Том улез праз акно назад у спальню, ноч амаль мінула. Ён ціха раздзеўся і мігам заснуў, рады, што ніхто не даведаўся пра яго ночнае падарожжа. Ён не ведаў, што Сід, які нібы хроп, сапраўды не спаў і прачнуўся каля гадзіны таму.
Калі Том расплюшчыў вочы, Сід даўно ўжо адзеўся і вышаў. Па святлу і па ўсім відаць было, што час ужо позні. Том вельмі здзівіўся: чаму яго не пабудзілі, не лезлі да яго, каб ён уставаў, як гэта рабілася звычайна? Яму зрабілася жудасна, ён адчуваў нешта нядобрае. У пяць мінут ён адзеўся і сышоў ўніз, хаця яму хацелася яшчэ паспаць. Уся сям’я была ў зборы і сядзела за сталом, але снеданне ўжо скончылася. Ніхто нічога не сказаў Тому, не папікнуў яго, але па вачах цёткі ён пазнаў, што яна ведае. Усе маўчалі, і ва ўсіх быў такі ўрачысты выгляд, што вінаваты пахаладзеў ад страху. Ён сеў і стараўся быць вясёлым – але дарэмна! Ніхто нават не ўхмыльнуўся на яго жарты, і ён таксама змоўк, адчуваючы, як сціснулася яго сэрца.




























