Текст книги "Прыгоды Тома Соўэра"
Автор книги: Марк Твен
Жанр:
Зарубежная классика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 11 страниц)
Пачалося з таго, што малюсенькі хлопчык устаў і нясмела прадэклямаваў: «Наўрад ці вы маглі чакаць, каб крошка-хлопчык мог сказаць», суправаджаючы дэклямацыю ненатуральнымі, недарэчнымі рухамі, нібы машына, у якой нешта папсавалася. Але тым не менш ён шчасліва дабраўся да канца, быў узнагароджаны апладысментамі, аддаў вывучаны паклон і пайшоў на сваё месца.
Вышла маленькая засаромленая дзяўчынка, прамармытала: «У Мэры было ягнё», зрабіла нязграбны кніксен і пад плясканне публікі, чырвоная і шчаслівая, села на сваё месца.
Потым са штучнай вольнасцю на эстраду вышаў Том Соўэр і пачаў дэклямаваць старое, але неўміручае: «Дайце мне волю або забіце мяне!», люта падвышаючы голас і махаючы рукамі; але, дайшоўшы да палавіны, ён запнуўся. Жах ахапіў яго, ногі падкасіліся, у горле нешта душыла, ён не мог вымавіць ні слова. Праўда, слухачы, відаць, спачувалі яму, але яны маўчалі, і гэтая маўчанка прыгнятала Тома больш яшчэ, чымся іхняе спачуванне. Настаўнік нахмурыўся, і гэта зусім даканала хлопчыка. Ён напнуўся яшчэ крыху і, зусім збянтэжаны, сышоў з эстрады. Былі спробы падтрымаць яго апладысментамі, але вельмі слабыя.
Далей ішло: «Хлопчык стаяў на палаючай палубе»,– «Асірыйцы ішлі, як на статак ваўкі» і іншыя ўзорныя ўрыўкі для галоснага чытання. Потым юныя лэдзі асабіста чыталі свае ўласныя творы. Кожная па чарзе выходзіла на край эстрады, прачышчала горла, вымала рукапіс, перавязаны прыгожанькай істужачкай, і пачынала чытаць, выконваючы належным чынам інтанацыю і знакі прыпынку.
Тэмы твораў былі тыя самыя, на якія пісалі ў падобных выпадках мамкі, бабкі і прабабкі гэтых дзяўчат аж да самых крыжовых паходаў: «Сяброўства», «Успаміны пра мінулае», «Казачнае царства», «Перавагі адукавання»,

Малюсенькі хлопчык і і маленькая дзяўчынка.
«Журба», «Любоў да бацькоў» і г. д. і г. д. Першы прачытаны твор меў загаловак: «Дык вось якое жыццё!» Чытанне час ад часу перапынялася заўвагамі публікі, накшталт: «Як хораша!», «Як красамоўна!», «Якая праўда!» і г. д.
Услед за тым з’явілася смуглявая, чорнавокая і чорнавалосая дзяўчына, вытрымала эфектную паузу, зрабіла трагічную міну і стрымана пачала:
«Здань. Ноч была цёмная і бурная. Вакол нябеснага трона не дрыжэла ніводнай зоркі, але затое ў вушах безупынна дрыжэлі глухія раскаты грому, а жахлівыя маланкі сярдзіта пранізвалі воблачныя нябесныя зводы, здавалася, пагарджаючы ўладай, якую ўзяў над іх страшнай сілай Франклін [5]. Нават буйныя вятры аднадушна пастанавілі пакінуць свае тайныя сховы і бушавалі, нібы для таго, каб надаць яшчэ больш жудасці дзікай сцэне. У гэтую гадзіну цемры і жаху дух мой прагнуў чалавечага спачування, але замест таго да мяне з’яўлялася яна – мой лепшы прыяцель, мой усцяшальнік, дарадца і кіраўнік, мая радасць у горы і благаславенне ў радасці» і г. д. і г. д.
Увесь твор займаў дзесяць старонак і канчаўся незвычайна суровай пропаведдзю. Ён быў прызнаны дасканалым, і яму была прысуджана першая ўзнагарода. Гарадскі галава, выдаючы аўтару ўзнагароду, зрабіў цёплую прамову, што «ніколі не чуў нічога больш красамоўнага».
Настаўнік зусім развесяліўся. Адсунуўшы крэсла і павярнуўшыся спіной да аўдыторыі, ён пачаў рысаваць на дошцы карту Амерыкі, каб потым пераэкзаменаваць вучняў па геаграфіі. Але рука дрэнна слухалася яго, і па класе пранеслася стрыманае хіхіканне. Ён ведаў, у чым справа, і стараўся паправіцца. Ён сціраў нарысаванае і чарціў зноў, але выходзіла яшчэ горш, і хіхіканне чулася яшчэ больш.
Ён накіраваў усю сваю ўвагу на работу, каб спыніць гэты непрыемны смех. Ён адчуваў, што ўсе вочы накірованы на яго, і думаў, што справа наладжваецца, але смех укласе не сцішаўся а, наадварот, узмацняўся. І не дзіва!..
Акурат над галавой настаўніка была адтуліна ў столі – люк, і праз гэты люк ціха спускалася на вяроўцы кошка, перавязаная вяроўкай вакол тулава, прычым галава яе была туга абвязана трапкай, каб яна не мяўкала. Павольна спускаючыся, яна выгіналася ўсім целам і цягнулася ўверх, каб злавіць кіпцюрамі вяроўку, але лавіла толькі паветра. Хіхіканне рабілася ўсё гучнейшым. Кошка была ўжо на сантыметраў дваццаць ад занятога сваёй справай настаўніка... ніжэй... яшчэ ніжэй... міг – і яна ў роспачы ўчапілася за парык і разам са сваім трафеем умомант узляцела ўгару на вачах здзіўленай публікі. І вакол лысага чэрапа м-ра Добінса раптам разлілася ззянне, бо сын маляра пазалаціў яму лысіну!..
Пасля гэтага сход разышоўся. Хлопчыкі адпомсцілі. Надышлі канікулы.
Бэкі Тэчэр паехала на лета з бацькамі ў другі горад, і з яе ад’ездам змеркла ўся радасць жыцця Тома.

Пакараны настаўнік.
Раздзел XXII
Нарэшце сонная атмасфера ў гарадку ўскалыхнулася – і вельмі дужа. Прызначаны быў дзень суда над забойцам доктара. У гарадку толькі аб гэтым і гаварылі, няма куды было дзецца ад гутарак. Пры кожным слове пра забойства ў Тома кроў халадзела ў жылах. Нячыстае сумленне і страх падказвалі яму, што такія гутаркі пры ім вядуцца нездарма, што яго «мацаюць».
Ён адвёў Гека ў зацішны куток, каб пагаварыць з ім і хоць крыху супакоіць душу, даўшы волю языку і падзяліўшы такім чынам цяжкасць гора з другім пакутнікам. Апрача таго, ён хацеў пераканацца, ці ўмее Гек трымаць язык за зубамі.
– Гек, ты каму-небудзь казаў?
– Пра што?
– Сам ведаеш пра што.
– Вядома, не.
– Ні слова?
– Аніводнага славечка, праваліцца мне на гэтым месцы. Чаму ты пытаешся?
– Так сабе! Я баяўся.
– Ну, Том Соўэр, гэта ўжо будзе нікуды не варта, калі мы з табой прагаворымся: не выратаваць нам тады галавы. Ты-ж сам ведаеш.
Тому зрабілася лягчэй. Памаўчаўшы, ён спытаў:
– Гек, цябе-ж ніхто не можа прымусіць прагаварыцца, ці не так?
– Прымусіць мяне прагаварыцца? Ну, не! Можа толькі тады, калі мне захочацца, каб гэты д’ябал метыс мяне ўтапіў; тады, магчыма, я дазволю сабе прагаварыцца,– не іначай.
– Вось гэта добра! Я так думаю, што пакуль нашы языкі прывязаныя, нас ніхто не кране. А ўсё-ж такі давай зноў паклянемся маўчаць. Так вярней будзе.
– Згодзен.
І яны зноў далі клятву з адпаведнай урачыстасцю.
– А што гавораць, Гек? Каго падазраюць у забойстве? Я столькі наслухаўся, што і не разбяруся.
– Што гавораць? Ды ўсё адно: Меф Потэр, Меф Потэр, Меф Потэр. Мяне нават у пот кідае, калі я гэта чую,– проста пайшоў-бы, куды вочы глядзяць і схаваўся-б дзе-небудзь.
– Во-во! і я таксама! А прападзе ён нізавошта! Ты шкадуеш яго?
– Ну але, нават вельмі часта. Нікуды ён не варты чалавек, але-ж затое і шкоды нікому не робіць. Павудзіць трошкі рыбкі, каб было на што выпіць, а потым бадзяецца без работы... Ну, ды і мы ўсе такія самыя. А ўсё-такі ён добры: аднаго разу ён аддаў мне палову рыбіны ад свайго абеду, а яе і на аднаго чалавека было мала. А колькі разоў ён бараніў мяне ад бяды!
– А мне ён ладзіў кручкі, прывязваў іх да маёй вудачкі. Хацелася-б выратаваць яго.
– Вось куды махнуў! Як-жа ж мы выратуем? Калі мы яго выпусцім, яго зноў зловяць.
– Та-ак, зловяць. Але я нават слухаць не магу, як страшэнна яго лаюць за тое, чаго ён не рабіў.
– І я таксама, Том. Разумееш, раптам гавораць, што ў яго самая разбойніцкая морда з усёй вёскі, і дзівяцца, што аж да гэтага часу яго не павесілі!
– Але, але, так і гавораць! Я сваімі вушамі чуў, як казалі, што калі яго апраўдаюць, дык нашы хлопцы самі павесяць яго.
Хлопчыкі доўга яшчэ гутарылі паміж сабой, але не знайшлі вялікай уцехі ў гэтай гутарцы. На змярканні яны пайшлі швэндацца каля маленькай глухой турмы, несвядома спадзяючыся, што можа што-небудзь такое здарыцца, што адразу выведзе іх з непрыемнага становішча.
Але нічога не здарылася: відаць, ні ангелы, ні чараўнікі не цікавіліся няшчасным вязнем.
Хлопчыкі зрабілі толькі тое, што часта рабілі і раней: перадалі Потэру праз краты крыху тытуну і запалак. Ён знаходзіўся ў ніжнім памяшканні, і вартаўнікоў паблізу не было.

Том гутарыць з Мефам Потэрам.
Яго ўдзячнасць за такія падарункі і раней бянтэжыла і сароміла іх. А на гэты раз яна кальнула іх яшчэ больш. Яны адчулі сябе подлымі здраднікамі, калі Потэр сказаў ім:
– Добрыя вы рэбяткі, больш за ўсіх тут шкадуеце мяне. І я гэта не забуду. Я часта кажу сабе: вось-жа ж я ўсёй дзетвары ладзіў змеяў і ўсялякія штукі паказваў ім, і дзе лепш вудзіць,– словам жыў з імі ў дружбе, а цяпер, калі стары Меф у бядзе, усе на яго забыліся, апрача Тома і Гека. Гэтыя не забылі мяне,– і я іх не забуду. Так, рэбяткі, я зрабіў жудасную справу: відаць хмель мяне так адурманіў, толькі гэтым і магу сабе растлумачыць... А цяпер мяне за гэта падцягнуць,– ды так і трэба. Мажліва, яно для мяне і лепш, прынамсі я хачу думаць, што лепш. Ну, ды не будзем аб гэтым казаць. Я не хачу вас засмучаць, вы да мяне папрыяцельску ставіцеся. Я толькі вось што хачу вам сказаць: калі не хочаце трапіць за краты, не напівайцеся, рэбяткі – у хмялю чалавек не ведае, што робіць. Станьце трохі ў бок, вось так: калі чалавек у такой бядзе, прыемна бачыць прыяцельскі твар, а да мяне сюды ніхто не ходзіць, апрача вас. Добрыя вы хлапчукі. Станьце адзін аднаму на спіну, каб я мог да вас дакрануцца. Вось так. Ну, цяпер давайце рукі,– вашы пралезуць праз краты, а мая надта тоўстая. Маленькія ручкі, слабыя, а усё-ж такі яны дужа памагалі Мефу Потэру і памаглі-б яшчэ больш, каб маглі.
Том пайшоў да хаты зусім няшчасны і ўсю ноч бачыў страшныя сны. На другі і на трэці дзень ён зрання да вечара бадзяўся каля суда, імкнучыся ўвайсці, але сілком стрымліваючы сябе. З Гекам было тое самае. Яны старанна ўнікалі адзін аднаго. Абодва час ад часу адыходзілі прэч, але незразумелая сіла зноў цягнула іх назад. Калі хто-небудзь выходзіў з залы суда і расказваў, што там адбываецца, Том прагна лавіў кожнае слова, але весткі прыходзілі ўсё няўцешныя: бедны Потэр заблытваўся ўсё больш і больш. К канцу другога дня ў гарадку ўсе лічылі, што паказанне індзейца Джо не абвергнута і нельга нават сумнявацца ў тым, які прыгавор вынесуць прысяжныя.
У гэтую ноч Том позна вярнуўся дадому і, як звычайна, улез праз акно. Ён быў вельмі ўзбуджаны і даўно не мог заснуць. На другі дзень увесь горад ад раніцы сабраўся каля залы суда, бо гэта быў вялікі дзень. Зала была паўнюткая. Пасля доўгага чакання ўвайшлі прысяжныя і занялі свае месцы. Неўзабаве перад тым прывялі Потэра, бледнага, схудалага, замяшанага, у кайданах, і пасадзілі на лаву падсудных, адкуль яго маглі бачыць усе. На бачным месцы сядзеў індзеец Джо, спакойны, як заўсёды.
Зноў зрабілася ціха. Потым увайшлі суддзі, і шэрыф абвясціў пасяджэнне адкрытым. Зашапталіся паміж сабой адвакаты, пісцы зашамацелі паперай. Усё гэта стварыла атмасферу трывожнага, напружанага чакання. Першым быў выкліканы сведка, які бачыў, як Меф Потэр мыўся ў рэчцы раніцою таго дня, калі было выяўлена забойства. Ён сказаў, што Меф Потэр, убачыўшы яго, кінуўся бегчы. Задаўшы яшчэ некалькі пытанняў, пракурор сказаў абаронцы:
– Цяпер ваша чарга.
Падсудны падняў на яго вочы, але зараз-жа зноў апусціў, калі яго абаронца сказаў:
– Мне няма аб чым пытацца.
Наступны сведка паказаў, што ён знайшоў нож каля забітага. І зноў на пытанне пракурора абаронца адказаў:
– Я не маю ніякіх пытанняў.
Трэці сведка прысягнуў, што часта бачыў гэты нож ў руках у Потэра. І зноў абаронца адмовіўся задаваць яму пытанні.
На тварах у прысутных выявілася нездавальненне. Што-ж гэта за абаронца такі? Няўжо-ж ён так і не паспрабуе выратаваць свайго кліента?
Некалькі сведак паказалі, што Потэр, калі яго прывялі на месца забойства, трымаў сябе, як вінаваты. І гэтых адвакат адпусціў, не задаўшы ніводнага пытання.
Пракурор падняўся з месца і сказаў:
– Зусім надзейныя сведкі ўстанавілі пад прысягай той факт, што гэта жудаснае злачынства зрабіў не іншы хто, а няшчасны, што сядзіць на лаве падсудных. Больш мне няма чаго дадаць.
Бедны Потэр застагнаў і закрыў твар рукамі, ціха хістаючыся ўзад і ўперад. У зале суда была цяжкая цішыня. Многія мужчыны расчуліліся, а жанчыны нават плакалі ад жалю.
Тады падняўся абаронца.
– Ад пачатку паседжання я стараўся даказаць, што мой кліент зрабіў гэтае жудаснае злачынства ў непрытомным стане, выкліканым ап’яненнем. Але цяпер я змяніў сваю думку і не буду звяртацца да ласкі прысяжных.
І павярнуўшыся да судовага прыстава, ён сказаў:
– Прывядзіце Тома Соўэра.
На ўсіх тварах, не выключаючы самога Потэра, з’явілася здзіўленне. Усе погляды з цікавасцю накіраваліся на Тома. У хлопчыка быў зусім збянтэжаны выгляд. Ён страшэнна баяўся. Яго прывялі да прысягі.
– Томас Соўэр, дзе вы былі семнаццатага чэрвеня, каля гадзіны ночы?
Том паглядзеў на жалезны твар індзейца Джо, і ў яго язык прыліпнуў у роце. Слухачы затаілі дыханне, але сведка маўчаў. Праз некалькі хвілін хлопчык трохі авалодаў сабой,– і ўсе пачулі яго ціхі, але выразны адказ:
– На могілках.
– Калі ласка, гаварыце крыху мацней. Не бойцеся. Такім чынам, вы былі...
– На могілках.
Пагардлівая ўсмешка мільганула на твары індзейца.
– Ці не былі вы блізка каля магілы Горса Вільямса?
– Так, сэр.
– Калі ласка, мацней. На якой адлегласці ад яе вы былі?
– За два крокі, як цяпер вы ад мяне.
– Вы схаваліся ці стаялі на вачах?
– Схаваўся.
– Дзе?
– За вязамі, што каля магілы.
Індзеец Джо ледзь значна ўздрыгнуўся.
– З вамі быў яшчэ хто-небудзь?
– Так, сэр, я пайшоў туды з...
– Стойце, пачакайце крыху. Няма патрэбы называць зараз вашага спадарожніка. У свой час мы дапытаем і яго. Вы што-небудзь прынеслі з сабой на могілкі?
Том засароміўся і не ведаў як адказаць.
– Кажыце, не бойцеся,– праўда заўсёды паважаная.
– Толькі... толькі здохлую кошку.
У зале пачуўся смех. Старшыня пазваніў.
– Мы прадставім, як доказ, шкілет гэтай кошкі.
А цяпер, мой дарагі, раскажыце нам ўсё, што вы бачылі,– усё як было, без тойкі,– і не бойцеся нічога.
Том пачаў, спярша нерашуча, потым паступова захапіўся; прамова яго палілася жывей і гладзей; хутка ў зале суда чуўся толькі адзін яго голас; публіка з разяўленымі ратамі, затоіўшы дыханне, лавіла кожнае яго слова, не заўважаючы часу,– так была яна захоплена і ўзрушана гэтым апавяданнем. Агульнае хваляванне дасягнула вышэйшай ступені, калі Том дайшоў да сцэны забойства: «А калі доктар стукнуў Мефа Потэра дошкай па галаве і той упаў,– індзеец Джо кінуўся на яго з нажом і...»
Трах! Хутчэй за маланку метыс кінуўся да акна, расштурхаў тых, хто хацеў-быў затрымаць яго,– і знік!
Раздзел XXIII
Том яшчэ раз зрабіўся славутым героем, якога песцілі дарослыя і якому зайздросцілі маладыя. Ён нават набыў сабе бяссмертнасць: яго імя трапіла ў друк,– мясцовая газета праслаўляла яго. Былі людзі, якія лічылі, што ён абавязкова будзе прэзідэнтам, калі толькі яго раней не павесяць.
Усе лагодзілі Мефу Потэру і горача віталі, што ён выратаваўся ад пятлі.
Удзень Тома акружалі ўвага і слава, але затое ўначы ён мучыўся ад страху. Ён заўсёды бачыў ува сне індзейца Джо з помстай у поглядзе. Ніякія спакусы не маглі выцягнуць хлопчыка з дому пасля заходу сонца. Няшчасны Гек быў у такім-жа самым становішчы, бо Том увечары напярэдадні апошняга дня суда расказаў усю гісторыю адвакату, і Гек страшэнна баяўся, каб яго дачыненне да гэтай справы не выявілася, хоць пасля таго, як метыс уцёк, Геку і не трэба было даваць паказанні ў судзе. Праўда, адвакат даў слова маўчаць, але што з таго? Пасля таго як сумленне прыгнала Тома ўначы ў дом адваката і прымусіла парушыць страшную клятву, Гек страціў давер’е да ўсяго чалавецтва.
Удзень, слухаючы шчырую падзяку Потэра, Том быў рады, што выдаў тайну; уначы-ж ён шкадаваў, што не здолеў трымаць язык за зубамі. Ён то баяўся, што індзейца Джо ніколі не зловяць, то баяўся, што яго зловяць. Ён быў упэўнены, што ўздыхне вольна толькі тады, калі ўбачыць сваімі вачыма гэтага чалавека мёртвым.
Ператрэслі ўсю акругу, вызначылі прэмію таму, хто энойдзе метыса, але нічога не знайшлі. З Сент-Луі выпісалі ўсё ведаючага выведніка. Той пашукаў, панюхаў, паківаў галавой і дасягнуў такога-ж выдатнага поспеху, як звычайна кожны з яго прафесіі, а іменна,– з хітрай мінай ён абвясціў, што «натрапіў на след». Але-ж «след» павесіць за забойства нельга, і таму пасля ад’езду агента Том, як і раней, адчуваў страшэнную небяспеку.
Дні цягнуліся марудна, але ўсё-ж такі час ішоў, і з кожным днём цяжар трывогі, які прыгнятаў Тома, паступова палягчаўся.
Раздзел XXIV
– Дзе-ж мы будзем капаць?
– О, усюды, у розных месцах!
– Няўжо скарбы ўсюды схаваны?
– Вядома, не, Гек. Іх закапваюць у асаблівых месцах – на астравах, або ў пагрызеных чарвякамі скрынях дзе-небудзь пад вытыркнутым сукам старога трухлявага дрэва, акурат у тым месцы, куды цень кладзецца ў поўнач; але часцей за ўсё – пад падлогай у тых дамах, дзе водзяцца здані.
– Хто-ж іх закопвае?
– Зразумела, разбойнікі. А ты думаў, хто – школьныя наглядачы ці што?
– Не ведаю. Каб гэта быў мой скарб, я яго не закопваў-бы ў зямлю,– я-б на гэтыя грошы жыў і весяліўся.
– І я таксама. Але разбойнікі гэтак не робяць; яны заўсёды закопваюць свае грошы ў зямлю і там пакідаюць.
– І потым вяртаюцца, каб узяць іх?
– Не, яны думаюць вярнуцца, але потым забываюць прыметы або паміраюць, не ўзяўшы скарба. І вось скарб ляжыць сабе ды ляжыць, і ржавее. А потым хто-небудзь знойдзе старую, пажоўклую паперу, якая пакажа яму, па якіх адзнаках шукаць. Ды і паперу гэтую трэба разбіраць аж цэлы тыдзень, калі не болей, бо ў ёй толькі незразумелыя знакі.
– І ў цябе ёсць такая папера, Том?
– Не.
– Як-жа ж ты пазнаеш прыметы?
– Мне не патрэбны яны. Скарбы заўсёды закопваюцца пад домам, дзе водзяцца здані, або на востраве, ці пад сухім дрэвам, у якога сук вытыркаецца ў бок. Мы-ж прабавалі ўжо капаць на Джэксонавым востраве і яшчэ можам паспрабаваць. А за ручаём ёсць стары дом, дзе водзяцца здані, і тамака-ж куча высахлых дрэў.
– І пад усімі імі скарбы?
– Як ты гаворыш! Вядома, не!
– Дык як-жа ж ты пазнаеш, пад якім капаць?
– Будзем капаць пад усімі.
– Ну, Том! Гэта-ж зойме ўсё лета.
Дык што-ж? А затое ўяві сабе, што мы знойдзем медны гаршок і ў ім сотню долараў, або пагрызены чарвякамі куфар, поўны брыльянтаў. Што ты тады скажаш?
У Гека загарэліся вочы.
– Вось было-б добра! Ты мне дай тады сотню долараў, а брыльянты бяры сабе,– мне іх не трэба.
– Добра! Ужо-ж я брыльянтаў не кіну, можаш быць упэўнены. Некаторыя з іх каштуюць па дваццаць долараў штука, і няма ніводнага, які не каштаваў-бы долара.
– Няўжо?..
– Вядома. Гэта табе кожны скажа. Ці-ж, ты ніколі не бачыў брыльянтаў, Гек?
– Колькі памятаю, не. А дзе-ж мы пачнем капаць?
– Ужо і не ведаю. Ці не пачаць з таго старога сукаватага дрэва, што на другім баку ручая?
– Добра.
Яны дасталі пагнутую матыку і рыдлёўку і выправіліся ў паход.
Да месца трэба было ісці тры мілі. Прышлі яны чырвоныя, запыхаўшыся, і ляглі пад бліжэйшым вязам адпачыць у цяньку і пакурыць.
– Мне гэта спадабаецца,– сказаў Том.
– І мне таксама.
– Слухай, Гек: калі мы знойдзем тут багацці, што ты зробіш са сваёй палавінай?
– Я? Я буду кожны дзень есці пранікі і піць содавую ваду, а калі прыедзе цырк, буду кожны дзень хадзіць у цырк. Ужо-ж я здолею весела пражыць!
– Няўжо-ж ты нічога не адкладзеш на запас?
– Адкладваць? Навошта?
– Як навошта? Каб потым было чым жыць.
– О, гэта бескарысна! Калі я не паспяшаюся патраціць гэтыя грошы, у адзін добры дзень вернецца мой бацька і наложыць на іх сваю лапу. А ўжо пасля яго не пажывішся.
Будзь спакойны, усё ачысціць. А ты што зробіш са сваёй доляй, Том?
– Я куплю новы барабан, надзейную шаблю, чырвоны гальштук, бульдога-шчаня і ажанюся.
– Жэнішся?
– Ну але.
– Том. ты... ты... не ў сваім розуме!
– Пачакай, вось убачыш.
– Ды гэта-ж недарэчнасць, Том! Нічога дурнейшага ты не мог выдумаць. Вазьмі майго бацьку і маю маці,– яны-ж біліся з рання да вечара. Я добра гэта памятаю.
– Гэта нічога не значыць: тая, з якой я ажанюся, біцца не будзе.
– А па-мойму, яны ўсе аднолькавыя. Не, Том, ты толькі падумай добра, я табе праўду кажу – падумай. Як завуць дзеўчанё?
– Яна зусім не дзеўчанё, яна дзяўчынка.
– Ну, гэта ўсёроўна. Адны кажуць дзяўчынка, другія – дзеўчанё; хто як хоча, так і гаворыць. Ды па імю як яе зваць?
– Калі-небудзь скажу табе, а цяпер не.
– Добра, як хочаш. Толькі калі ты ажэнішся, я буду яшчэ больш адзінокі, як цяпер.
– Не, Гек, ты будзеш жыць разам з намі. Ну, хопіць вылежвацца,– хадзем капаць.
Яны капалі з поўгадзіны, нават спацелі, але нічога не знайшлі; папрацавалі яшчэ з поўгадзіны – і зноў без вынікаў. Нарэшце Гек сказаў:
– Няўжо скарбы заўсёды закопваюць так глыбока?
– Часам закопваюць,– але не ўсе і не заўсёды. Мы, мабыць, не там капаем.
Яны выбралі другое месца і зноў узяліся капаць. Цяпер работа пайшла не так хутка, але ўсё-ж такі рухалася наперад. Потым Гек спыніўся, абаперся на рыдлёўку, выцер рукавом з ілба буйныя каплі поту і сказаў:
– Дзе мы потым будзем капаць, калі скончым тут?
– Я думаю, ці не паспрабаваць пад старым дрэвам, што за домам удавы?
– Я таксама думаю, што гэта месца падыходзіць. А толькі, як ты думаеш, Том, ці не адбярэ ўдава ад нас скарб? Гэта-ж яе зямля.
– Адабраць ад нас скарб? Няхай паспрабуе! Не, скарб ужо такая справа: хто яго знайшоў, таму ён і належыць. А на чыёй зямлі знойдзены – усёроўна?
Гек супакоіўся. Яны зноў пачалі капаць, але хутка Гек сказаў:
– Не, мабыць, мы зноў не на тым месцы капаем. Ты як думаеш?
– Гэта дзіўна, Гек, надзвычайна дзіўна,– я нават не разумею. Можа нам вядзьмаркі перашкаджаюць? Часам гэта бывае.
– Ну, вось яшчэ! Вядзьмаркі ўдзень нічога не могуць, удзень ім ніякай сілы не дадзена.
– Так, верна! Я на гэта не падумаў. О, цяпер я разумею, у чым справа! Вось дурні мы з табою! Нам-жа ж спачатку трэба было знайсці тое месца, куды цень ад сука кладзецца ў поўнач, і там капаць.
– Ах ты, каб цябе! Значыцца, мы ўвесь гэты час дарма працавалі! А цяпер прыдзецца сюды яшчэ раз прыйсці ўначы. Надта далёка... Табе можна будзе выбрацца з дому?
– Ужо я выберуся. І потым, гэта абавязкова трэба зрабіць сёння ўначы, а то, калі хто ўбачыць нашы ямкі, дык адразу здагадаецца, што тут рабілася, і сам выкапае скарб.
– Ну, што-ж! Я зноў прыду да цябе пад акно і мяўкну.
– Добра! Давай схаваем інструманты ў кустах.
Перад поўначчу хлопчыкі вярнуліся назад і пачалі чакаць. Месца было глухое, час позні. Здалёк глуха данёсся сабачы брэх, сава адгукнулася на яго сваім злавесным крыкам. Ночная ціша прыгнятала хлопчыкаў, і яны мала гаварылі між сабой.
Нарэшце яны парашылі, што поўнач надышла, заўважылі, куды кладзецца слабы цень, і пачалі там капаць.
Надзея іх акрыляла; яны працавалі ўсё з большай цікавасцю, а таму і з большай стараннасцю. Яма рабілася ўсё глыбейшай, і, калі рыдлёўка аб што-небудзь стукалася, у іх млела сэрца. Але кожны раз іх чакала расчараванне: выяўлялася, што рыдлёўка стукалася аб корань ці камень. Нарэшце Том сказаў:
– Бескарысна працягваць, Гек,– мы зноў не на тым месцы капаем.
– Як не на тым? Мы не маглі памыліцца. Мы пачалі капаць акурат там, куды лёг цень.
– Я ведаю, але не ў гэтым справа.
– А ў чым-жа?
– А ў тым, што ў нас няма гадзінніка, і мы прыблізна ўгадваем час. Можа тады было зарана або запозна?
Гек выпусціў рыдлёўку.
– Гэта праўда... У тым, відаць, і штука. Ну, значыцца, гэтую справу прыдзецца пакінуць. Бо мы ўсёроўна не можам дакладна азначыць час. І потым, гэта вельмі ўжо страшна, калі навакол кішаць вядзьмаркі і здані. Мне ўвесь час здаецца, што нехта стаіць у мяне за спіной, і я баюся абярнуцца, бо можа хто другі стаіць спераду і чакае, пакуль я адвярнуся. У мяне ўвесь час дрыжыкі ідуць па целе.
– І мне жудасна, Гек, і я тое самае адчуваю. Кажуць, калі закопваюць пад дрэвам скарб, то побач кладуць мерцвяка, каб той пільнаваў яго.
– Барані божа!
– Ну але, кладуць,—я столькі разоў чуў.
– Не, ведаеш, Том, неахвотна мне хадзіць каля мерцвякоў. З імі заўсёды трапіш у бяду.
– Мне таксама неахвотна будзіць іх, Гек. А што, калі той, які тут ляжыць, раптам высуне свой чэрап і крыкне?
– Ды ну цябе, Том, замаўчы! Якія жахі!
– Ды гэта-ж праўда, Гек,– мяне такі жах бярэ!..
– Слухай, Том, пойдзем адсюль, пакуль не позна. Паспрабуем шчасця ў другім месцы.
– Што-ж, пойдзем. Можа яно лепш будзе.
– Куды-ж мы пойдзем?
Том падумаў крыху і сказаў:
– У той дом, дзе водзяцца здані,– вось куды.
– А ну яго! Не люблю я ўсёй гэтай чартаўні, Том. Гэта яшчэ горш за нябожчыкаў. Тыя, можа, хоць і гавораць, але затое не шлындаюць вакол цябе ў саване і не заглядваюць табе прама ў твар, скрыгочучы зубамі, як гэта робяць здані. Я-б гэтага не вытрымаў, Том, ды і ніхто не вытрамае!

Пакінуты дом.
– Але-ж здані ходзяць толькі па ночах; удзень яны не перашкодзяць нам капаць.
– Яно так, але людзі нават і ўдзень стараюцца не заходзіць у такія дамы, не толькі што ўначы.
– Гэта больш таму, што людзі наогул не любяць хадзіць на тое месца, дзе каго-небудзь забілі. Але-ж каля гэтага дома і ўначы нічога не відаць,– толькі сіняе святло з акна, а не сапраўдная здань.
– Ну, Том, калі ты дзе ўбачыш сіні агеньчык, то ўжо можаш ісці ў заклад, што тутака і здань недалёка. Ты сам падумай: ты-ж ведаеш, што, апрача зданяў, ніхто не запальвае сініх агнёў.
– Гэта праўда, але ўсё-ж такі яны ўдзень не ходзяць. Дык што-ж іх баяцца?
– Ну добра ўжо, калі табе гэтак хочацца, пойдзем, пакапаем там; – толькі ўсё-ж такі гэта рызыкоўна.
Хлопчыкі спусціліся са ўзгорка. Унізе, пасярод асвятлёнай месяцам даліны, адзінока стаяў зачарованы дом; плот вакол яго даўно паваліўся; ганак зарос пустазеллем; комін разбурыўся; у вокнах не было шкла; адзін рог страхі таксама праваліўся ўнутр. Хлопчыкі доўга глядзелі, чакаючы, што вось-вось у акне мільгане сіні агеньчык, і гутарылі паміж сабой шэптам. Потым завярнуліся направа, зрабілі вялікі круг, каб не праходзіць каля страшнага дома, і вярнуліся дахаты праз лес, які рос на другім баку ўзгорка.
Раздзел XXV
На другі дзень, каля поўдня, хлопчыкі зноў прышлі да сухога дрэва па свае інструманты. Тому хацелася хутчэй трапіць у дом са зданямі, але Гек не надта спяшаўся.
– Слухай, Том,– пачаў ён,– ты ведаеш, які сёння дзень?
Том пералічыў дні тыдня і са здзіўленнем глянуў на таварыша.
– Ой-ой-ой! А я і забыўся!
– Я таксама не думаў аб гэтым і толькі цяпер успомніў, што сёння ў нас пятніца.
– Ах, каб цябе! Вось як трэба быць асцярожным... Мы маглі-б трапіць у страшэнную бяду, зрабіўшы такую справу ў пятніцу.
– Маглі-б? Скажы лепш: абавязкова трапілі-б! Можа і ёсць шчаслівыя дні, але ні ў якім разе не пятніца.
– Гэта кожны дурань ведае. Не ты першы вынайшоў гэта, Гек.
– Хіба я кажу, што я першы? Ды і не ў адной пятніцы тут справа. Мне сёння сніўся вельмі дрэнны сон; сніліся пацукі.
– Ну?! гэта вельмі дрэнны сон. Калі пацукі, дык абавязкова на бяду. Што-ж, яны біліся паміж сабой?
– Не.

Робін Гуд.
– Ну, тады яшчэ нішто. Калі пацукі не б’юцца паміж сабой, гэта азначае толькі, што бяда недалёка. Трэба толькі быць пільным, каб не папасціся. Пакінем мы гэта на сёнешні дзень і давай лепш гуляць. Ты ведаеш, Гек, Робіна Гуда?
– Не. А хто такі Робін Гуд?
– Ён быў адным з самых выдатных людзей у Англіі і вельмі добры чалавек.
Робін Гуд быў разбойнік.
– Во як! Кабы ды мне так! Каго-ж ён рабаваў?
– Толькі багатых людзей. А бедных ніколі не крыўдзіў. Бедных ён любіў і заўсёды дзяліўся з імі.
– Відаць, і добры-ж ён быў.
– Ды ўжо-ж! Другога такога і на свеце не было. Цяпер такіх людзей зусім няма, ужо можаш мне даць веры. Ён мог адной рукой пабіць кожнага ў Англіі, нават калі другая яго рука была прывязаная за спіной. А з свайго лука ён мог за мілю трапіць у дзесяціцэнтавую манету. І калі ён трапляў толькі ў край манеты, то ўжо так сумаваў, што сядаў і плакаў. Дык вось, мы будзем гуляць у Робіна Гуда. Гэта вельмі добрая гульня. Я цябе навучу.
– Добра, згодзен.
Яны да вечара гулялі ў Робіна Гуда, час ад часу прагна пазіраючы на дом са зданямі і абменьваючыся заўвагамі наконт таго, што іх чакае заўтра. Калі сонца пачало спускацца на захад, яны пайшлі дадому, перасякаючы даўгія цені дрэў, і хутка зніклі ў лесе.

Том і Гек шукаюць скарб.
У суботу пасля поўдня, хлопчыкі зноў былі каля сухога дрэва. Яны пакурылі і пагутарылі, лежачы ў цяньку, потым пакапаліся крыху ў выкапанай ужо яміне без асаблівай надзеі на поспех, таму толькі, што, як запэўняў Том, часта людзі трацілі надзею дакапацца да скарба ў той момант, калі да яго «заставалася не больш як шэсць цаляў, а потым прыходзіў хто-небудзь іншы і адным ударам рыдлёўкі знаходзіў скарб. Але і на гэты раз іхняя праца была дарэмная, і хлопчыкі з інструмантамі на плячах пайшлі далей. Яны суцяшалі сябе хоць тым, што не жартавалі з лёсам, а добрасумленна выконвалі ўсё, што належыць, каб знайсці скарб.
І вось, нарэшце, яны прышлі да «нячыстага» дома. Мёртвая ціша, якая панавала тут у гэты гарачы поўдзень, здалася ім злавеснай і жудаснай. Яны падкраліся да дзвярэй і, трасучыся ад страху, глянулі ў сярэдзіну. Яны ўбачылі пакой, дзе заместа падлогі расла трава, убачылі вокны без шкла, разбураную лесвіцу; усюды лахманамі вісела старое павуцінне.
Яны набраліся смеласці і ціханька ўвайшлі. Яны гаварылі паміж сабой толькі шэптам, сэрцы іх моцна стукалі, усе мускулы цела былі напружаны, вуха чутка лавіла кожны шолах,– пры першым гуку яны гатовы былі кінуцца назад. Але патрохі яны прызвычаіліся да ўсяго гэтага, і страх іх прайшоў.
Яны з цікавасцю аглядалі дом, дзівячыся сваёй-жа смеласці і ў той-жа час адчуваючы ад гэтага гордасць. Потым ім захацелася паглядзець і наверсе. Яны кінулі свае інструманты ў кут і падняліся па сходах наверх. І там было таксама запушчана. У адным кутку яны знайшлі камору, якая абяцала таямнічую знаходку, але надзеі не спраўдзіліся: камора была пустая. Цяпер яны зусім асмеліліся і трымалі сябе вольна. Яны ўжо хацелі спусціцца ўніз і пачаць работу, як раптам...
– Тсс!—прасіпеў Том.
– Што такое? – шапнуў збялеўшы ад страху Гек.
– Тсс! Ты чуеш?
– Але. Ой-ой-ой! Уцякайма!
– Куды там уцякаць? Сядзі ціха і не рыпайся. Яны падыходзяць да дзвярэй.
Хлопчыкі расцягнуліся на падлозе, стараючыся разглядзець што-небудзь праз шчыліны, і ляжалі так, заміраючы ад страху.
– Вось спыніліся... не... зноў ідуць... Прышлі. Ды не шапчы ты, Гек,– пачуюць! Ох, і навошта толькі я пайшоў сюды!
Увайшлі двое. Адзіны з іх быў глуханямы стары, іспанец, які за апошні час з’яўляўся ў гарадку, другога хлопчыкі не ведалі.
«Другі» быў бруднае, абадранае стварэнне з непрыемным тварам. Іспанец быў захутаны ў шырокі плашч; у яго былі касматыя, сівыя бакенбарды; з-пад яго шырокага брыля спускаліся доўгія, кучаравыя сівыя валасы; на вачах былі зялёныя акуляры. Калі яны ўвайшлі, другі нешта шэптам расказваў таварышу. Абодва селі на зямлю, тварам да дзвярэй, і працягвалі гутарку. Хутка пачуліся словы:
– Не, я ўсё абмеркаваў, і мне гэта не падабаецца. Гэта справа небяспечная.
– Небяспечная! – прабурчэў «глуханямы», незвычайна здзівіўшы хлопчыкаў. – Эх ты, размазня!




























