Текст книги "Жыцьцё пад агнём"
Автор книги: Лявон Юрэвіч
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 14 страниц)
З тае пары, як я выказаў свой непакой абыходжаньнем з нашымі работнікамі ў Нямеччыне, я ні разу больш не сустракаўся з камісарам Траўбам. Мяне папярэджвалі, што я магу стаць ахвяраю нейкай правакацыі, у прыватнасьці, з боку жандармаў, што знаходзіліся пад уплывам польскага падпольля праз тых палячак, якія працавалі служанкамі ў жандармэрыі. Мяне маглі ліквідаваць, адплаціўшы мне такім чынам. Мая сіла заключалася толькі ў тым, што я прайшоў праз савецкую вязьніцу, і ніхто ня мог абвінаваціць мяне ў сымпатыях да Саветаў або да камуністаў. Толькі гэта, мабыць, мяне й ратавала.
Жандармэрыя сапраўды была пад моцным польскім уплывам і працягвала выбарачна перасьледаваць то аднаго, то другога беларускага актывіста, абвінавачваючы іх у сымпатыях да камуністаў, што было няпраўдаю. Людзі зьнікалі адзін за адным. Становішча ў Беларусі ўсё пагаршалася. Удзень у гарадах лютавалі немцы, уначы ў вёсках лютавалі партызаны, і яны сутыкалі людзей ілбамі. А цярпела ад усяго гэтага беларускае насельніцтва, людзі былі ў адчаі. Усе расчараваліся ў нямецкім вызваленьні, становішча было бязвыхадным. Ніхто ня меў упэўненасьці ў будучыні. На немцаў спадзявацца не прыходзілася, пра вяртаньне савецкай акупацыі таксама не хацелася нават думаць. БНП імкнулася ў такой сытуацыі выконваць ролю пасярэдніцы паміж рознымі плынямі, умацоўваючы ідэі незалежнасьці сярод людзей. Бюлетэнь гаварыў людзям праўду. Прадказваючы паразу немцаў і раючы, што рабіць. Мы правільна прадбачылі вынікі вайны, амаль беспамылкова прадказалі падзел Нямеччыны на зоны ўплыву паміж амэрыканцамі і Савецкім Саюзам і раілі людзям выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб апынуцца ў Заходняй акупацыйнай зоне, бо там, спадзяваліся мы, беларусы апынуцца пад абаронай дэмакратычнай сыстэмы. Мы меркавалі, што пасьля перамогі над Гітлерам дэмакратычныя саюзьнікі спыняць сталінскі тэрор і разбурэньне ўсяго, што было чалавечага. Мы меркавалі, што заходнія краіны сутыкнуцца з Савецкім Саюзам. Мы памыліліся: гэта даказвае, што мы ня ведалі, як дзейнічае дэмакратычны мэханізм. Мы не разумелі, што дэмакратыя – гэта лад, калі сам лідэр ня мае права прыняць рашэньне, калі перш трэба падрыхтаваць насельніцтва да нейкага рашэньня. А на Захадзе людзі думалі, што галоўны вораг – гэта Гітлер, тады як Савецкі Саюз – гэта хаўрусьнік. Нельга павярнуць зброю супраць былога саюзньніка. Мы дорага заплацілі за гэтую аблуду, гэта была сапраўды трагічная памылка.
У 1941 – 42 гадах адбыўся вялікі ўздым беларускай культуры. Натальля Арсеньнева зрабіла беларускі пераклад шматлікіх лібрэта клясычных опэраў, вядомы наш кампазытар Шчаглоў напісаў новую опэру «Кветка шчасьця», а таксама з’явіўся новы гімн, напісаны Арсеньневай. Паўсюль у гарадах і мястэчках ствараліся хоры і танцавальныя ансамблі. Былі адкрытыя беларускія школы, і за адзін год беларуская культура акрыяла ад доўгага савецкага панаваньня, ад рэпрэсіяў 1929 – 41 гадоў. Мы часта бывалі ў Менску ў опэры зь Юзікам Сажычам. Незабыўныя ўражаньні засталіся ў мяне ад опэры «Кармэн», якую я ўпершыню пачуў па-беларуску. Я назаўжды палюбіў гэтую опэру. Асабліва палюбілася беларусам опэры Гофмана. Словам, 1941 – 42 гады сталі залатым годам беларускай культуры. Каб нам яшчэ пару гадоў сапраўднай свабоды, такой культурнай свабоды, наш народ, наша нацыя хутка адрадзіліся б і ўсталі нароўні зь іншымі свабоднымі народамі сьвету.
Тады ж быў арганізаваны і Саюз беларускай моладзі. На чале арганізацыі стаў выпускнік Віленскага ўнівэрсытэту спадар Ганько – энэргічны хлопец, вялікі патрыёт, таксама сябар БНП. Калі немцы сталі разглядаць пытаньне, ці патрэбныя ў Беларусі арганізацыі моладзі, мы праз розныя каналы імкнуліся да станоўчага вырашэньня гэтага пытаньня. На кіраўніка гэтай арганізацыі быў прапанаваны менавіта Ганько. Рост папулярнасьці гэтай арганізацыі быў нават трохі нечаканым для нас – у яе ўступалі тысячы юнакоў. Арганізацыя фармавалася на прынцыпах заходняга скаўцкага руху, і на першы погляд была падобнаю да камсамолу і гітлерюгенду. У СБМ-аўцаў была зялёная форма і бел-чырвона-белыя павязкі на рукавах. Яе сябры аддавалі салют рымскім узмахам рукі, а дэвізам было «Жыве Беларусь!» Усё гэта выглядала вельмі патрыятычна і прыцягальна, а немцы гэта ўсё цярпелі, бо не заўважалі нацыянальнага характару арганізацыі, прыхаванага пад шэрагам вонкавых рысаў, запазычаных ад «гітлерюгенду». Кіраўнікі арганізацыі зьбіраліся прыцягчы ў свае шэрагі шмат юнакоў 13 – 15 гадоў, а мы меркавалі арганізаваць ваенную падрыхтоўку гэтай моладзі і тым самым закласьці яшчэ адну аснову будучай незалежнай Беларусі. Суполкі СБМ пачалі расьці, як грыбы пасьля дажджу: у Менску, Вільні, Наваградку, Баранавічах і паўсюль-паўсюль. Ганько працаваў вельмі актыўна, лётаў з аднаго канца краіны ў другі і нават атрымаў пэўную падтрымку ад немцаў, якія давяралі яму і цанілі ягоную энэргію, ня ведаючы, што ён – сябар нашай БНП і дзейнічае паводле яе загадаў. Ганько стаў адным з выдаўцоў нашага бюлетэню, дзе выказваў свае думкі наконт палітычнае сытуацыі, выступаючы зь вельмі патрыятычных пазыцыяў.
Янка Жамойцін і Людміла таксама ўваходзілі ў партыю. Людміла бывала ў Менску, прысутнічала на паседжаньнях, хадзіла на канцэрты і ў опэру, наведвала лягеры моладзі ў Слоніме. Мы ўпэўніваліся ў слушнасьці нашай справы, бачачы, зь якім энтузыязмам уступае моладзь у нашу арганізацыю, нягледзячы на неспрыяльную сытуацыю ў Беларусі, на акцыі партызанкі, на паляпшэньне становішча Савецкага Саюзу і на блізкае вяртаньне савецкай улады.
ЧАСТКА 2
ДАКУМЭНТЫ
Наваградзкі Эскадрон[1]1
Тэкст друкуецца паводле выданьня: Рагулявец. Наваградзкі эскадрон // Наперад (Мюнхен). № 24 – 26. 1953.
[Закрыть]
Першая часткаЭскадрон фармуецца
I
Па Наваградку пракацілася вестка, што мае паўстаць беларуская вайсковая адзінка зь беларускім камандным складам, беларускай камандай ды нат, як цьвердзілі сьмялейшыя, яна мае быць незалежнай ад мясцовых нямецкіх уладаў. Адны кажуць, што немцы нарэшце да толку дайшлі і хочуць Беларусам памаленьку ўладу ў рукі перадаць – таму быццам і запрапанавалі тварэньне эскадрону. Другія, наадварот, цьвердзяць, што гэта беларускі актыў дамагаецца ад немцаў такой вайсковай адзінкі, маючы на мэце абарону жыхароў Наваградчыны з аднаго боку ад чырвоных бандаў, з другога-ж – ад самых немцаў, якія, як тыя мухі пад восень, у прадчуваньні блізкага канца, паляць і нішчаць беларускія вёскі, вывозяць моладзь у глыб Нямеччыны, сеюць страх і тэрор сярод беларускага сялянства. Разьюшаныя сьвежай беларускай крывёю, яны, здаецца, уступілі ў нейкія дзікія гонкі з бальшавікамі: хто больш спаліць хатаў, хто больш заб’е нявінных дзяцей, хто мацнейшы, хто бязьлітасьнейшы. Кажуць, што пах сьвежае крыві ўзбуджае ў жывёлы зьнішчальныя інстынкты. Чалавек аказаўся горшым … Довадам гэтага былі апошнія два гады вайны ў Беларусі.
Вестка аб арганізацыі беларускага эскадрону выклікала вельмі розную рэакцыю сярод насельніцтва гораду. Скептыкі сумніўна ківалі галовамі. Горкае дасьветчаньне з Самааховай і падахвіцэрскай школай у 1942 г. яшчэ было лішне сьвежым, каб браць насур’ёзна новую «бомбу».
«Зьбераце людзей, справакуеце іх перад партызанамі, не атрымаеце ні зброі, ні вопраткі, і для арганізатараў на гэтым кончыцца прыгожая ілюзыя. Не забывайцеся аднак аб тым, што чакае гэных людзей ды іх бацькоў, калі вы ня здолееце стварыць такой вайсковай адзінкі, якая зможа іх абараніць», – гаварылі яны.
«Ашалелі людзі, – казалі другія, – Немцы прайгралі вайну, мо заўтра будуць тут бальшавікі. Падумайце, што вы робіце. Ані ваш сумніўны эскадрон, ані батальён, ні нат дывізыя не заважаць на лёсе вайны. Немцы прайгралі вайну палітычна, цяпер іх дабіваюць за гэта мілітарна. За позна яны дагадаліся тварыць беларускую збройную сілу».
І адны і другія мелі пасвойму слушнасьць. Дасьветчаньне зь мінулага і сытуацыя на фронце прамаўлялі за імі.
Што-ж думала беларуская моладзь? Тая моладзь, з радоў якое і вырас пазьней «Наваградзкі Эскадрон»? Ня гледзячы на рашчараваньні ў мінулым, на бязьмежную нянавісьць да нямецкага акупанта, якая была хіба ня меншай, як да нядаўнага яшчэ бальшавіцкага і ягоных насьледкаў – чырвоных бандаў, яна ўспрыняла вестку аб тварэньні беларускага збройнага аддзелу зь вялікім энтузыязмам. Яна хацела паказаць беларускаму грамадзтву запраўдны вобраз беларускага жаўнера, здэфармаваны дасюль паводзінамі прапольшчанай і поўнасьцяй немцам падпарадкаванай паліцыі[2]2
Ужываны ў артыкуле назоў паліцыі або «чорнай паліцыі» не датычыцца да беларускае паліцыі наагул, але выключна да спэцыфічных абставінаў у Наваградку. Наваградзкая паліцыя ў сваёй бальшыні складалася з палякаў. Камандны склад за выняткам каманданта, якім быў сп. К., беларус, быў польскі. «Зьбеларушчыць» наваградзкую паліцыю было амаль немагчыма, бо акруговая і раённая нямецкая жандармэрыя, якой паліцыя падлягала, была поўнасьцяй пад уплывам палякаў, ці лепш сказаць полек. Адносіны паліцыі да беларускага насельніцтва былі нязвычайна дрэннымі. Рабункі, пабоі, тэрор, п’янства былі на дзённым парадку. Наваградзкая паліцыя, гэта вялікая пляма на тагачасным беларускім актыве.
[Закрыть]. Яна хацела паказаць, як патрапіць беларускі жаўнер бараніць інтарэсы свайго грамадзтва і стацца ягонай духовай апорай, замест сеяць тэрор і зьнішчэньне. Яна ўрэшце хацела паказаць на чыне сваё бязьмежнае адданьне беларускаму сялянству, зданаму на ласку чырвоных партызанаў або нямецкіх каральных аддзелаў. Гэта была моладзь, як тысячы й соткі тысяч беларускіх юнакоў, што любілі свой народ і бацькаўшчыну ды былі гатовыя ў кажны момант змагацца за ейны лепшы лёс, за шчасьце народу, за незалежную Беларусь. Гэта былі самародкі-патрыёты. Часта яны ня ўмелі сфармуляваць тых пачуцьцяў, якія выпаўнілі іхныя чулыя душы. Ідэя вольнасьці, свабоды фармавалася ў іх ня словамі падкутага тэарэтычна інтэлігента, а той прыгожай беларускай прыродай, сярод якое яны ўзрасьлі, у адвечным імкненьні да сонца, вольнага прастору… З казак і апавяданьняў бабулек яны пазналі слаўнае мінулае свае Бацькаўшчьшы, яны чулі аб магутных літоўскіх князёх, аб сіле й славе беларускага народу… І ўзрастала ў іхных душах туга за сьвятлом, воляй… і напаўняліся іхныя сэрцы гордасьцяй за мінуўшчыну ды адазвалася ў гэтых дзяцей натуры вялікая ідэя, якой ня вырваць людзкой сіле, бо яна Богам даная, бо яна ёсьць іхным паветрам, вадою і сонцам. Бяз гэтага нельга жыць.
II
Беларускі актыў Наваградзкай Акругі сабраўся на адмысловым сходзе дзеля выслуханьня Барыса Рагулі, якому Акруговы Камісар Наваградка запрапанаваў арганізаваць беларускі эскадрон і абяцаў, у выпадку ягонай згоды, заладзіць усе фармальнасьці, зьвязаныя з арганізацыяй перад Гэнэральным Камісарам Беларусі.
Барыс Рагуля ў той час меў каля 23 гадоў. Выйшаўшы з бальшавіцкай турмы, у якую трапіў, уцёкшы зь нямецкага палону, вымучаны допытамі НКВД, лячыўся ў сваім родным мястэчку ад захапіўшага ягоныя лёгкія тубэркулёзу. На другім аднак тыдні пасьля вызваленьня ён сустрэўся зь беларускімі студэнтамі, якія вярталіся пехатой із Львова. Ад іх ён атрымаў лістоўкі, што заклікалі беларускі народ да выкарыстаньня палітычнай сытуацыі з мэтай адбудаваньня свае дзяржаўнасьці. Палкія словы ягонага двуроднага брата Міхася Рагулі, студэнта палітэхнікі, зрабілі сваё. У той самы дзень ён пераяжджае ў Наваградак і стае на працу ў характары перакладчыка пры раённай управе. Месяц пазьней, раённы бурмістр Панько, вялікі беларускі патрыёт, які загінуў пасьля ад нямецкае кулі, камандыруе яго на перакладчыка да Акруговага Камісара. На гэтым становішчы ен мае нагоду дапамагчы шмат у чым сваім суродзічам. Яму ўдаецца здабыць пры дапамозе З. К. (аднэй беларускай патрыёткі) прыхільнасьць і адданасьць беларускай справе штабсляйтэра Вольфмаера[3]3
Штабсляйтэр Вольфмаер – вялікі прыяцель беларусаў. Ён правільна ашацоўваў палітычную сытуацыю і быў скрытым праціўнікам нямецкай палітыкі ў Беларусі. Ён рабіў усё магчымае, каб аблягчыць лёс беларусаў, быў праціўнікам вынішчаньня жыдоў і ў супрацоўніцтве зь беларускім актывам дапамагаў ім у ўцёках. Восеньню 1942 г. ён загінуў ад партызанскай кулі.
[Закрыть], які быў пасьля вялікай апорай у ўсьцяжным змаганьні з польскімі ўплывамі і нямецкай палітычнай тупалобасьцяй. Выкарыстоўваючы сваё становішча перакладчыка і растучы ўплыў на камісара Траўба, Б. Рагуля праводзіць у жыцьцё пляны адносна арганізацыі школьніцтва, распрацаваныя др. Орсам. Др. Орса, былы ягоны школьны настаўнік, зьяўляўся духовым бацькам маладога Рагулі, а таксама й настаўнікам у грамадзкай працы. У цесным супрацоўніцтве зь Я. Сажычам, былым школьным сябрам, ён арганізуе падахвіцэрскую школу Самааховы, якую й даручае апошняму.
Траўб пастанаўляе даць нагоду Рагулі наведаць Нямеччыну, спадзяючыся, што такое падарожжа зробіць належны пераўзгадаваўчы ўплыў у про-нямецкім кірунку. Вынік аднак, паводля словаў самога-ж Рагулі пасьля павароту ў коле сваіх сяброў, быў якраз адваротны. Да гэтага спрычыніліся два асноўныя моманты: «Майн Кампф» – кніга, якую нельга было дастаць на акупованай тэрыторыі ды сустрэча зь беларускімі работнікамі, што выехалі «дабраахвотна» на працу ў Нямеччыну. Рэзультат: 7-га ліпеня 1942 г. ён прыймае ўдзел у заснаваньні Беларускай Незалежніцкай Партыі, нелегальнай антыбальшавіцкай і антынямецкай арганізацыі, беспасярэднім арганізатарам якое быў Усевалод Родзька, таксама школьны калега Рагулі. У. Родзька адзначаўся бязьмежным патрыятызмам і выдатнымі інтэлектуальнымі якасьцямі. Ён дзейнічаў у паразумленьні з кс. Гадлеўскім і М. Абрамчыкам.
У далейшым Рагуля поўнасьцяй аддаўся нелегальнай дзейнасьці. Ягоныя даклады аб Нямеччыне ўзбуджаюць недавер немцаў і Траўб адсоўвае яго ад Акруговага Камісарыяту, бяручы на ягонае месца расейскага немца Гэмпэля. Рагуля аддаецца тады працы ў сэмінарыі. Будучы там настаўнікам нямецкае мовы ды фізычнага ўзгадаваньня, ён праводзіць вайсковую падрыхтоўку хлапцоў на ўзроўні да камандзера зьвязу. Ён засноўвае, у паразумленьні і з падтрымкай Акруговага Інспэктара, вайсковую арганізацыю, апранае ў саматканыя ўніформы хлапцоў і дзяўчат, уводзіцца вайсковае прывітаньне… Тут якраз і гадуюцца будучыя кадры эскадрону.
Беларускі актыў перад цяжкой праблемай. Выслухаўшы інфармацыі Рагулі, у глыбокай задуме схіліліся сівыя галовы беларускіх патрыётаў. Пачалася дыскусыя. Разважаецца «супраць», абмяркоўваецца «за». Сытуацыя на фронце, недавер да немцаў, непакой аб сем’ях, будучы лёс жаўнераў з аднаго боку, а з другога незалежная беларуская нацыянальная адзінка, пачуцьцё апоры на беларускую зброю, якая ніколі не падымецца супраць інтарэсаў беларускага насельніцтва, а толькі ў іхнай абароне, незалежна ад таго, ці гэта будуць чырвоныя, ці немцы. Доўга важыліся аргуманты. І як на той вазе, раз пераважаў адзін, раз другі бок. Нарэшце сьвежая вестка аб тым, што немцы маюць мабілізаваць у недалёкай будучыні беларускую моладзь у нямецкі паліцыйны батальён зь нямецкім камандным складам ды поўнасьцяй падпарадкаваны мясцовай жандармэрыі, заважыла на канчатковай дэцызыі. Запала пастанова арганізаваць «Наваградзкі Эскадрон» выключна на базе дабраахвотнасьці ды датрыманьня немцамі пэўных умоваў.
На наступны дзень Рагуля ў камісара. Гутарка кароткая. Ён дае згоду арганізаваць эскадрон пад наступнымі ўмовамі:
1) поўная незалежнасьць перад мясцовымі нямецкімі ўладамі;
2) поўная свабода ў тактыцы змаганьня з партызанамi;
3) пачатак арганізацыі пасьля атрыманьня зброі і вопраткі;
4) асабістая гваранцыя генэральнага камісара да трыманьня пастаўленых умоваў.
Камісар Траўб адказаў:
«Вы можаце быць пэўны, што ўсе ўмовы будуць датрыманы. Я зразумеў нашыя памылкі. Я зразумеў, спадзяюся, не за позна, што вашыя дамаганьні былі слушнымі. Нажаль, мала хто з нас так разумее…»
Ён неяк задумана сказаў апошнія словы, здаецца на момант страціў штодзённую гордую паставу, але хутка апанаваўшыся, дадаў:
«Чакайце вызаву Гэнэральнага Камісара. Жадаю Вам посьпеху і рэалізацыі вашых мэтаў. Я тут больш не застануся, за некалькі дзён пераяжджаю ў Італію».
Здавалася, ён хацеў яшчэ нешта дадаць, але на гэта не дазваляла яму ягоная штучная нямецкая гордасьць.
Каб зразумець гэтага немца, які едучы сюды быў падрыхтаваны на абняцьце нейкае маленькае часткі прастору іхняга новага «Лебэнсраўму», неабходна пазнаёміцца з адным, можа мала важным выдарэньнем, якое аднак беспасярэдня спрычынілася да пэўнай эвалюцыі, здавалася б ня здатнага да гэтага нямецкага ўрадаўца.
Жнівень 1943 г. У Акруговым Камісарыяце, які зьмяшчаўся ў будынку былага польскага «ваяводзтва» на Сломінскай вуліцы, насупраць «Белага Дому», як называлі папулярна наваградзкую турму, адбывалася нарада раённых бурмістраў з Акруговым Камісарам. На парадку дня: мэтады змаганьня з партызаншчынай.
На залі атмасфэра даволі тугая. Нейк неспакойна круціцца на крэсьле бурмістр любчанскага раёну, сп. М. Здаецца нехта насыпаў яму пад ягоную прыладу да сяджэньня войстрых каменчыкаў. Ягоныя маленькія вочкі неспакойна пераскаквалі з камісара на перакладчыка, з перакладчыка на вакно, і пасьля зноў вярталіся на залю, быццам шукалі выхаду зь няпрыемнае сытуацыі. Карэліцкі бурмістр, тып сярэдня заможнага селяніна з шырокай усьмешкай, чалавек не легендарнай адвагі, любячы перадусім спакойнае і дастатковае жыцьцё зь некаторай дозай, зразумела, роднай самагонкі – асноўнага і бадай адзінага «дыпляматычнага» аргуманту ў зносінах зь мясцовымі «Зондэрфюрэрамі»[4]4
«Зондэрфюрэр» – гаспадарчы ахвіцэр, які дапільноўваў сваечасовай здачы паставак. За малымі выняткамі, былі гэта людзі нізкай культуры, пажадлівыя нажывы, спэкулянты й п’яніцы.
[Закрыть] – сядзеў нярухома, надзеўшы на твар штучна-абыякавы выраз. Ён уставіў вочы ў процілеглы куток, і, быццам бы нешта лічачы, стаічна чакаў канца нарадаў. Паміж імі неяк няпэўна сядзеў наваградзкі бурмістр, сп. Б. Ён крыху разьясьняў атмасфэру сваёй лысінай, робячы ўражаньне чалавека, які вельмі заклапочаны пастаўленай праблемай ды хоча, каб і іншыя гэта заўважылі. Ён устаўляў свае вялікія вочы на камісара і здаецца казаў: – Глянь, як я ўсім гэтым праймаюся, – то паглядаў на сваіх сяброў, нібы просячы рады. Адміністратар ён быў добры, толькі Бог адвагай не надарыў: уявіў ён сабе, што ўсе партызанскія сілы скірованы супраць яго. З памешканьня свайго зрабіў ён запраўдны форт, а пад падушкай у яго ляжалі два пісталеты. За імі крыху далей сядзеў, як цьвік, «дзятлаўскі ўдзельны князь», як яго папулярна называлі, бурмістр дзятлаўскага раёну, сп. Васіль Рагуля, былы сэнатар у польскім сойме. Аб ім шмат расказваюць розных гісторыяў. Прыпамінаю адну, якая здарылася добрых паўтара дзесятка гадоў таму, калі ён быў яшчэ сэнатарам.
Выбраўся ён раз з Ацукевіч у Варшаву. Набуў плеценыя лапці, чыстыя белыя анучы, аплеценыя аборкай, зрэбныя порткі, белая доўгая кашуля навыпуск, сярмяжка зрэбная ды мануфактурная «мыцка» на лысай галаве – сьлед польскай цывілізацыі ў Беларусі. За плячыма белая торбачка, завязаная на вузёл, а ў ёй кусок варанага сала і паўбулкі чорнага хлеба. Вось сядзіць ён у купэ першае клясы ды дрэмле. Насупраць яго нейкі ксёндз з кніжыцай у руках адгаварвае прыпісаныя малітвы. Відаць толькі занепакоіўся ён лёсам мужычка, бо так тут-сюд і зірне зукоса на маленькага сухарлявага прастачка. Падрамаўшы, наш «мужычок» перакусіць задумаў, а перакусіўшы й задыміць. Дастаў махры, адарваў кусок газэткі, скруціў казіную ножку ды зацягнуўся з роскашай. Засьвярбеў у носе ксянжулькі востры дым махоркі, заёрзаў ён на месцы ды кажа:
– Вы, чловечку, ня сюды попадлі, тут першая кляса, штраф заплаціш.
– Паночку, хто яго ведае тыя клясы, тут цёпла, мякка, дык вось і сяджу, – пры тым зноў глыбока зацягнуўся і выпусьціў хмару махоркавага дыму.
Бедны ксёндз заёрзаў ненажарты. Хацеў ужо кандуктара клікаць, як той сам увайшоў:
– Білеты прошэ!
Ксёндз тыцнуў хуценька свой білет ды моргае, нядвузначна косячыся на «чловечка». Зразумеў кандуктар, у чым справа:
– Ваш білет попрошэ! – даволі няветліва адазваўся ён да сэнатара, што скромненька сядзеў у куточку. Той пачаў шолпацца за пазухай:
– Цьфу, каб цябе ліха! Нядаўна сюды палажыў, – мацаючы па кішэнях прамармытаў сэнатар.
– Прэндзэй, члэку! – дэнэрваваўся кандуктар. Нарэшце «члэк» выцягвае нейкі білет і паказвае кандуктару.
– Пшэпрашам, пане сэнатожэ, пшэпрашам, – і сагнуўшыся ў тры пагібелі польскім звычаем зьнік у дзьвярох купэ. І ксянжулькі штось больш ня было – мусіць пастанавіў зьмяніць купэ.
Той самы Васіль Рагуля разагнаў у 1941 г. польскую адміністрацыю, якая ў беларускім Наваградку абсадзіла ўсе адміністрацыйныя становішчы, а беларусы заснавалі ў тым жа Наваградку Беларускі Нацыянальны Камітэт з судзьдзёю Паўлам Сьвірыдам на чале.
– Сорам нам, братцы, – сказаў стары Рагуля на адным із сходаў, – каб мы ў сваім Наваградку ў адным пакоі хаваліся. Трэба расчысьціць атмасфэру і разагнаць польскую ўправу, у нас сваіх людзей хопіць.
На працягу трох тыдняў адміністрацыя стала беларускай. 600 польскіх урадаўцаў было звольнена.
Вось гэты самы Рагуля сядзіць на залі спакойна й зраўнаважана. Акруговы Камісар, з загнутым арліным носам, сухі, малы, уставіў свае халодныя вочы й глядзіць на сэнатара. Сустрэліся іхныя позіркі. Траўб ведаў, да каго зьвяртацца. Калі гэты чалавек ня дасьць парады, дык ад іншых няма чаго спадзявацца.
– Was denken Sie Herr Burgermeister? Што нам рабіць, каб эфэктоўна змагацца з партызанамі?
– Перакладнік! – пачуўся цьвёрды голас сэнатара, – перакладай! – Паважаны камісар, – пачаў ён, – дазвольце вас папытаць, чаму вы не папыталі мяне аб гэтым у 1941 годзе? Сяньня лішне позна выказваць мае пагляды на закранутую вамі тэму. Прычыны сяньняшняй сытуацыі глыбейшыя і аб іх беларускі актыў даводзіў ня раз і ня два да ведама нямецкіх акупацыйных дзейнікаў – усё безрэзультатна. Мы вам прапанавалі разьвязку беларускай нацыянальнай праблемы, вы не паслухалі. Сяньня я вам не магу нічога парадзіць.
На залі завалодала густая цішыня. Здавалася, што чуваць, як б’юцца сэрцы прысутных. Вялікай адвагі вымагала такая заява. Нат любчанскі бурмістр перастаў ёрзаць на крэсьле, наваградзкі стараўся схаваць сваю вялікую галаву паміж прыпаднятымі плячыма, як бы баючыся, каб прыпадкова яе хто ня зьняў. Перакладнік нейк мляўка і камечачы словы, быццам бы баючыся нясьці за іх адказнасьць, перакладаў сказанае і, як пабіты цюцька, паглядаў на камісара, нібы просячы прабачэньня, што ён забавязаны выказваць такія словы. Нарэшце сьціх. Цішыня, як у парны дзень перад бураю. Камісар нярухома стаяў, утапырыўшы вочы на сэнатара і здавалася, што ён не зразумеў ім сказанага і нібы шукаў у вачох бурмістра пацьверджаньня перакладзеных слозаў. Бурмістр стаіць дзіўна лёгка. На твары адбіваецца выраз пераможцы. Ён нейк вырас, змужнеў, гэты стары беларускі дзяяч. У вачох зайгралі дзіўныя аганькі, яны даказваюць нясказанае:
«Так, галубок-камісар, расьсёрбвай кашу, якую заварылі твае тупалобыя начальнікі, верныя служкі Розэнбэрга, што хацеў зрабіць з нашае краіны нямецкую калёнію. Перацярпелі бальшавікоў, перацерпім немцаў, перацерпім мо яшчэ акупантаў, але не памром. Народ наш моцны і ён асягне сваю мэту. А вам, даражэнькі, прыдзецца плаціць за сьлепату і дурноту…»
Камісар незаўважна неяк паменшаў. Задзёрысты выраз на ягоным твары зьмякчэў, і ён сумна павесіў галаву. Яшчэ мо пару месяцаў таму паслаў бы нахабнага «айнгаймішэ» бурмістра ў турму, ці на шыбеніцу, як гэта зрабіў з Паньком, але сяньня відаць не наважваецца, а мо й пагоджваецца ў душы з тым, што сказаў сэнатар і з тым, што дачытаў у ягоных вачох. Ён бяз слова пакінуў залю нарадаў.
IIІ
Па раёнах мясцовая жандармэрыя падрыхтоўвае мабілізацыю беларускай моладзі ў нямецкі паліцыйны батальён. У Наваградак даходзяць непакоючыя весткі, што калі ня будзе іншага выхаду, шматлікія пойдуць у лес. Ціхая няпрыкметная прапаганда, пушчаная па лініі БНП, узмацняе яшчэ больш варожае настаўленьне да плянаванага батальёну. Весткі арганізавана даходзяць да ведама камісара, што калі ня будзе беларускай вайсковай адзінкі, ніхто ня пойдзе ў нямецкі батальён. Скептыкі зноў заківалі галовамі. Яны хутка знайшлі водклік на падатным да недаверу грунце. Нарэшце даведваемся, што Б. Рагуля выяжджае ў Менск на выклік Генэральнага Камісара фон Готбэрга.
Маленькі самалёт тыпу «Шторх» прызямліўся на ўскраі Наваградка. Групка людзей набліжаецца да самалёту ўжо крыху прымёрзлай раніцай. Ральля глухавата грукае пад іхнымі нагамі. У групе відаць Рагулю ў кароткім кажушку, падперазаным вайсковай дзягай. Пры боку – вялікі пісталет «Зьвязда», боты з закасанымі халявамі ў гармонік, галіфэ з саматканага сукна, на палёвай паўвайсковай шапцы – Пагоня. Ён лёгка пераскаквае з баразны на баразну і ўважліва слухае апошніх радаў сваіх прыяцеляў. Ужо сеўшы ў самалёт ён, махаючы рукой у бок сяброў з характэрным яму аптымізмам у вачох і на твары, клікнуў:
«Да хуткага пабачаньня з добрымі навінамі! Падтрымоўвайце дух у хлоп…» – далейшыя словы заглушыў гул матору. Самалёт падняўся й хутка зьнік на гарызонце.
«Шчасьці табе Божа», – нехта ціха дакінуў уздагон нябачнага ўжо самалёту.
Назаўтра ён ужо вярнуўся і неадкладна папрасіў склікаць сход актыву дзеля паінфармаваньня аб рэзультатах паездкі ў Менск. Судзячы па міне, навіны прывёз нядрэнныя. На сходзе ён расказаў наступнае:
«Беспасярэдня зь лётнішча мяне прывезьлі ў Гэнэральны Камісарыят. Я апынуўся ў пачакальні, у якой ужо былі прысутныя нямецкія ахвіцэры розных рангаў. Глянулі яны на мяне нейк зукоса. Дзіўным ім паказаўся мой выгляд на фоне элеганцка апранутых нямецкіх ахвіцэраў. У вадказ на маё прывітаньне я атрымаў нязначны ківок галавой. Я адчуваў сябе зусім самотна ў гэтай грамадзе. Цераз некалькі хвілінаў, якія мне выдаліся гадзінамі, зайшоў ад’ютант камісара. Назваўшы маё прозьвішча, ён увёў мяне ў кабінэт і сам зьнік бясшумна за дзьвярыма. Камісар стаяў нярухома каля свайго бюрка. Пасьля кароткага вайсковага прывітаньня, ён проста зьвярнуўся да мяне з запытаньнем:
– Welche sind Ihre Bedingungen? (значыцца ён ужо аб усім паінфармаваны, падумаў я).
– Unabhдngigkeit im Ausbildung und Tдtigkeit, Waffen und Bekleidung vor der Einziehung. Sдttel und Pferde nach zwei Monaten der Ausbildung.
– Wann rechnen Sie die Einheit zusammenstellen zu kцnnen? – папытаў ён.
– Drei tage nach dem Eintreffen der obengenannten Sachen.
– Sie haben mein Wort, Herr Hauptmann. Viel Gluck! In zwei Wochen alles wird zur Stelle.[5]5
– Якія-ж вашы ўмовы?
– Незалежнасьць у вышкале й дзейнасьці. Зброя й вопратка перад наборам, коні й сёдлы пасьля 2-месячнага вышкалу.
– Калі спадзеяцеся Вы зарганізаваць адзінку?
– 3 дні пасьля атрыманьня ўспомненых рэчаў.
– Вы маеце маё слова, спадар капітан. Жадаю шчасьця. За 2 тыдні ўсё будзе на месцы. (Перакл. Рэд.).
[Закрыть]»
Пераклаўшы для тых, што нямецкае мовы не разумелі, ён дадаў:
– На гэтым гутарка закончылася. Атрымаю абяцаныя рэчы й пачну фармаваць эскадрон.
У канцы лістапада зброя, вопратка, амуніцыя й сёдлы былі дастаўленыя зь Менску ў Наваградак і часова зложаныя ў магазынах жандармэрыі. У гэтым часе немцы пачалі набор у свой батальён. Моладзь катэгарычна адмаўляецца служыць у нямецкім батальёне і ахвотна горнецца ў сваю нацыянальную адзінку. Даслоўна на працягу трох дзён фармуецца «Наваградзкі Эскадрон». Былая польская школа сясьцёр Назарэтанак пры вуліцы 25-га Сакавіка (раней 3-га мая) напаўняецца беларускімі жаўнерамі. Нямецкія ўніформы хутка набіраюць беларускага выгляду. На патках каўняроў зьяўляюцца бел-чырвона-белыя сьцяжкі. Яны ярка адбіваюцца на шэрым фоне мундзіра.
Шмат каму з гэтых жаўнераў знаёмы будынак сяньняшніх казармаў. Улетку тут адбываўся месячны абоз працы для вучняў сэмінарыі, арганізаваны й кіраваны тым жа самым камандзерам сяньняшняга эскадрону. Гэны абоз быў выкарыстаны дзеля загатоўкі дроў на зіму для сэмінарыі і афармленьня пляцу пры будынку Настаўніцкае Сэмінарыі, на Замкавай вуліцы, у падножжы Замкавай Гары. Абоз быў таксама выкарыстаны дзеля правядзеньня інтэнсыўнай вайсковай падрыхтоўкі вучнёўскае моладзі.
Прыйшло мне на думку, як адзін з маіх сяброў папытаў раз камандзера:
– Для каго мы працуем? Можа за год тут будуць бальшавікі. Які-ж сэнс працаваць для іх?
– Нашая праца пры школе, гэта сымбаль працы для будучыні нашага народу. Тое, што мы зробім з думкай аб Бацькаўшчыне, будзе вечным. Могуць прыйсьці бальшавікі, могуць зьмяніць іх іншыя акупанты, але ўсяроўна прыйдзе той дзень, калі ў гэтай школе выключным гаспадаром будзе беларускі народ, – адказаў ён, пытаючыся мо сам сябе, калі нарэшце прыйдзе той час.
Зноў, як калісь, узьнімаецца ціхім вечарам над школай плаўная мэлёдыя жаўнерскай малітвы…
Беларусь, Наша Маці-Краіна,
Ты з нас моцных зрабіла людзей.
Не загінулі мы і ня згінем…
Яна ўзьлятае ў прастор, адбіваецца ад старых муроў Фарнага касьцёлу[6]6
Фарны касьцёл пры вуліцы 25-га Сакавіка знаходзіўся ў падножы Замкавай Гары з усходняга боку. Праўдападобна Ягайла браў тут свой чацьверты шлюб.
[Закрыть], узьнімаецца над старым замчышчам і ахутвае сабою слаўны горад, што дрэмле спавіты сьнежным пухам … І маці, пачуўшы родную песьню, мо скажа свайму дзіцяці:
«Паслухай дзетка, гэта песьня беларускіх жаўнераў. Няхай ім Усемагутны дапаможа зрэчаісьніць нашу Вялікую Мэту, каб ты, мой родненькі, ня ведаў, што значыць няволя…»
Ціха ў казармах. Чуваць толькі сухі скрып сьнегу пад ботамі вартавога, які забясьпечвае спакойны сон сваіх сяброў.
Зноў пагодная марозная раніца. Калёна за калёнай, эскадрон выходзіць на заняткі. Белая, як сьнег, зімовая вопратка амаль зьліваецца зь беляй вакольнага поля. Бадзёра гучыць жаўнерская песьня, так добра знаёмая й блізкая сэрцам жыхароў гораду. Клубы пары вырываюцца з маладых і гарачых грудзей ды ахутваючы родныя словы песьні нясуць іх у прастор. Бадзёра й ахвоча праводзяць заняткі маладыя камандзеры, бяз прымусу вучацца здысцыплінованыя жаўнеры.
Горад зжываецца із сваімі дзяцьмі «эскадронаўцамі», ці «рагуляўцамі», як іх часамі звалі. Сэрца радавалася, гледзячы на іхныя вясёлыя, бадзёрыя твары, калі ў нядзелі ці іншыя сьвяты яны выйдуць у царкву, ці на вуліцу. Спраўныя, чыстыя, ветлівыя…
Мімаволі на твары кажнага наваградчаніна, пры сустрэчы зь беларускім жаўнерам, зраджалася радасная ўсьмешка, якая сьветчыла аб вялікай сiмпатыі гораду да сваіх жаўнераў.
Прыгожыя наваградзкія дзяўчаты ды сэмінарысткі ўздыхалі паціху да «швадронаўцаў». Яны падбілі іхныя дзявочыя сэрцы. Яны былі прычынай тога салодкага суму-тугі, які баламуціў крыштальную чысьціню душы сінявокіх сэмінарыстак.
З другога-ж боку «геройскія» жаўнеры былі ў палоне наваградчанак. Кажны зь іх, пачынаючы ад камандзера ды канчаючы на жаўнера, пакінуў сваё сэрца ў мурох сэмінарыі. Настаўніцкая сэмінарыя сталася адначасова асяродкам духовага жыцьця беларускага жаўнера. Яны там шукалі адпачынку пасьля цяжкога жаўнерскага жыцьця, там яны чэрпалі духовую пажыву, там фармавалі свае ідэі, там гартавалі нацыянальную стойкасьць. Аб гэтым дбалі нястомныя настаўнікі сэмінарыі на чале з др. А. Орсам, ейнаю душою, імя якога застанецца вечна ў памяці наваградчанаў.
Маладыя паэты пішуць новыя песьні, беларускія кампазытары складаюць новую музыку …
Наваградчына ўжо ня сьпіць,
На варце эскадрон стаіць.
І целам і духам ён малады…
Падняты родны сьцяг дзяржавы…
Бывай мой родны кут і зьвяз,
Бывайце вы, лугі, і гоні,
Хай бачу ў лучнасьці я вас
Пад сьцягам слаўнае Пагоні…
…уздымаюцца ў прастор, абадзёрваюць змучаныя душы наваградчан, і недзе далёка рэхам адбіваюцца па ўсёй Беларусі…
IV
Ня мінуў тыдзень ад дня заснаваньня эскадрону, як даведваемся, што прыяжджае на інспэкцыю гэнэрал Гэльлер ці Гальле зь Менску. Увесь эскадрон на занятках. Дыжурныя прыбіраюць калідоры казармаў. Вартавы, як махавік гадзіньніка, рэгулярна ходзіць перад галоўным уваходам. Пад’яжджае машына. Зь яе вылазіць маленькага росту, ужо даволі пажылога веку чалавечак у вайсковай уніформе з чырвонымі кляпамі. Гэта відаць ён. У таварыстве ад’ютанта заходзіць у казармы. Яго прывітаў камандзер. Гэнэрал пацікавіўся, як прайшоў набор у эскадрон, які настрой жаўнераў. Яшчэ некалькі стэрэатыповых пытаньняў, якія павінен паставіць кажны, хто прыяжджае на інспэкцыю. Агледзеў казармы, кухню, сталовую і ўрэшце папрасіў даць яму нагоду пабачыць жаўнераў. Паехалі санкамі на месца заняткаў, якія адбываліся ўздоўж гарадэчанскага тракту. Гэта быў пэрыяд вышкалу паасобнага жаўнера. Групы раскіданы далёка па полі. Чуваць галасы камандаў. Спраўнае выкананьне. Усё гэта, відаць, робіць добрае ўражаньне на старога жаўнера. Ён прыглядаецца, як пасьля заняткаў паасобныя зьвязы фармуюцца ў калёны і з песьняй вяртаюцца ў казармы. Зьвяртаючыся да камандзера ён папытаў: