Текст книги "Жыцьцё пад агнём"
Автор книги: Лявон Юрэвіч
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 14 страниц)
Разьдзел 4
Нарэсьце – вызваленьне!
Альбо?
Мяне спыніла паліцыя й спыталася, хто я такі. Я адказаў, што сядзеў да вайны ў савецкай турме, але размаўляць буду толькі зь іхным камандзірам. Тады мяне прывялі ў маленькі паліцэйскі ўчастак, у пакой, які ахоўваўся. Я йзноў спужаўся. Да мяне хутка вярнуліся ўспаміны пра КГБ.
Мяне выклікалі да мясцовага камэнданта. Я адразу пазнаў чалавека за сталом. Гэна быў Яўген Клімовіч. Мы вучыліся разам у польскай гімназіі, і ён быў на год ці два старэй за мяне. Яўген граў на гітары й сьпяваў прыгожым тэнарам. Некалі ён быў закаханым у маю стрыечную сястру, Ніну Бітус, і прыязджаў да нас у Любчу на вакацыі.
Яўген спытаўся, хто я такі. Я ня мог паверыць, што настолькі зьмяніўся, што ён не пазнаў мяне. Я згубіў каля трыццаці кіляграмаў вагі й, відаць, дрэнна выглядаў. У мяне адрасла барада, валасы былі растрапаныя, вопратка – брудная й парваная. Я зірнуў на Яўгена, назваў па імені й сказаў, як мяне клічуць. Я нагадаў яму пра Ніну, цётку Любу, пра тое, як мы купаліся, лавілі рыбу летам у Любчы. Яўген зьмяніўся ў твары. Ён быў агаломшаны, але потым згроб мяне ў абдымкі й паведаміў, што ёсьць цяпер камэндантам гэтага ўчастка й мусіць ачысьцьць гэтую мясцовасьць ад камуністаў, адплаціць ім за тое, што яны зрабілі з намі. Я сказаў, што ўсе камуністы зьбеглі, а людзі, што засталіся, ня маюць да іх дачыненьня й самі ад камуністаў нацярпеліся. Яўген заўважыў, што нельга быць такім даверлівым, бо некаторыя бальшавікі пахаваліся па хатах і ў лясох і ўсё яшчэ пагражаюць нам. Хаця, па ягоных словах, гэта быў ня самы лепшы час, каб абмяркоўваць рэчы накшталт, і прапанаваў мне выпіць. Але я так саслаб, што пабаяўся піць. Тады мяне пакармілі, я памыўся, атрымаў чыстую вопратку й цёплы ложак і адразу ж заснуў.
Нараніцу, калі я прачнуўся, Яўген прапанаваў мне сьняданак. Ён даў мне брытву, мыла й піджак. Цяпер я пачуваўся значна больш прэзентабельным. Я спытаўся, ці ня чуў Яўген чаго пра маю сямью. Той адказаў, што, як пачалася вайна, ён згубіў сувязь зь імі. Я падумаў, што ён проста ўхіляецца ад адказу, бо жыве ўсяго толькі ў дваццаці пяці кілямэтрах ад Любчы.
Яўген загадаў селяніну, які меў каня й брычку, адвезьці мяне ў Любчу. Я заўважыў, што селяніна гэта ня надта ўзрадавала й паехаў ён неахвотна. Я ўзьлез у брычку й спытаў свайго сябра, ці не зрабіўся ён, часам, палякам. Яўген адказаў, што, магчыма, і так, бо вучыўся ў польскай гімназіі, жыў пад палякамі й быў каталіком. Ён сказаў, што ў гэтай мясцовасьці быць палякам выгадней за ўсё й што ён абавязаны Польшчы больш, чым якой іншай краіне. Я прамоўчаў, але быў крыху расчараваным.
Мы праехалі ня больш за пяць кілямэтраў, як селянін спыніўся й загадаў мне злазіць. Я запярэчыў, што па загадзе камэнданта ён мусіць адвезьці мяне ў Любчу. Я паабяцаў, што заплачу, як прыедзем, бо ў мяне тамака сямья. Селянін адказаў, што ехаць празь лес надта небяспечна, бо наўкола поўна чырвонаармейцаў і гэбістаў. Ён не зьбіраўся рызыкаваць празь мяне жыцьцём і пагрозьлівым тонам загадаў зьлезьці. Што зробіш – я падпарадкаваўся й пайшоў пешшу.
Калі я йшоў праз Налібоцкую пушчу, я пачуваўся, як у храме. Я хутка забыўся на абразу селяніна й амаль што на сваё мінулае. Я быў у стане экстазу ў гэным такім прыгожым і знаёмым лесе. Мне рабілася ўсё лепш і лепш. Стома амаль прайшла, магчыма, таксама дзякаваць добраму сну й ежы. Хаця мне ўсё яшчэ было балюча дыхаць, не хапала паветра, і я адчуваў, што ў лёгкіх у мяне вада.
Я йшоў з хуткасьцю тры-чатыры кілямэтры ў гадзіну й пад вечар дайшоў да паўднёвага краю пушчы. Яна была вядомым запаведнікам і захоўвалася ледзь не ў першабытным стане. Празь яе йшла толькі адна дарога, якая вяла ў Любчу й далей – у Наваградак. У 1933 годзе беларускія патрыёты хаваліся ў пушчы ад перасьледу палякаў. Патрыёты зрэдку наляталі на паліцэйскі ўчастак, які кантралявалі палякі.
Гэны лес, зь ягонай расьліннасьцю, дзікай прыродай і доўгай гісторыяй, меў вялікае значэньне для мяне. Я часта хадзіў сюды зь Любчы зьбіраць грыбы, на паляваньне альбо проста, каб пагуляць, паназіраць за прыродай.
На адлегласьці я ўжо мог распазнаць Нёман, знаёмую царкву, маёнтак Набокавых. Я спыніўся й укленчыў, каб атрымаць поўную асалоду, ад гэнага відовішча. Ці пабачу я сваю маці? Што мяне тамака чакае? Я пайшоў шпарчэй. Заставалася яшчэ кілямэтры са два да пантоннага маста на рацэ. Хутка я перайшоў яе й накіраваўся да хаты майго дзеда. Кожны крок, кожны камень і куст былі мне знаёмыя й нагадвалі дзяцінства й шчасьлівыя дні разам з братам Вальтэрам. Я ўзгадаў, як мы рыбачылі, каталіся на лодцы, плавалі. У мяне паліліся сьлёзы з вачэй. Я плакаў ад шчасьця, бо быў свабодны, жывы й дома.
Я падышоў да гаспадаркі свайго дзеда. Я пералез праз плот, мінуў агарод, сад і падышоў да цёплай хаты, дзе я правёў столькі шчасьлівых дзён. Я спыніўся ля дзьвярэй. Страх, што я магу ня ўбачыць сваю маці паралізаваў мяне. Потым дзьверы адчыніліся й выйшла цётка Люба. Яна была ў шоку. Затым выйшлі мой дзед і мая бабка. Яны пачалі плакаць. Яны не маглі паверыць, што я вырваўся з рук КГБ. Я ня чуў амаль нічога з таго, што яны казалі. У мяне мелася толькі адно пытаньне: «Дзе маці?» Усе замаўчалі. Тады цётка Люба паведаміла мне, што мая маці загінула ад нямецкай бомбы, калі праводзіла эвакуацыю пацыентаў з лячомніцы ў Наваградку. Яна загінула на сваім пасту, падчас выкананьня сваіх абавязкаў, якраз як і бацька. Цётка сказала, што мая маці – гераіня, якая, як і мой бацька загінула на перадавой.
Я разрыдаўся. Я ніколі так ня лямантаваў. Сеў на лаўку ля дзьвярэй, сагнуўся й плакаў. Ніхто мне не перашкаджаў. Ня ведаю, колькі прайшло часу перад тым, як я знайшоў у сабе моц узьняцца й спытаць, дзе маці пахаваная. Мне адказалі, што на ваенным магільніку ў Наваградку, і я вырашыў перавезьці ейныя парэшткі ў Любчу, каб пахаваць яе побач з маім бацькам і братам.
Ня памятаю, што было потым. Я, здаецца, пайшоў у хату, памыўся й пераапрануўся ў чыстую бялізну й кашулю. Вадаправоду тады не было, і ваду трэба было награваць. Мяне памыла мая цётка, якая йзноў пачала плакаць, калі пабачыла шнары на сьпіне, якія засталіся пасьля допытаў у КГБ. Яна нічога не пыталася. Не хацела верадзіць і без таго балючыя раны. Яна асьцярожна абцерла мяне ручніком і пацалавала шнары. Я пачуваўся так добра! Нарэсьце нехта пра мяне клапаціўся! Мяне йзноў нехта любіў!
Мне спатрэбілася некалькі дзён, каб уладкавацца дома, прызвычаіцца да сапраўднай свабоды. Сьмерць маці была цяжкім ударам для мяне, і я ня мог пакуль плянаваць далейшае жыцьцё. Я жыў аднім днём. Я пазьбягаў размоваў і бавіў шмат часу ля Нёмана, хадзіў на шпацыр уздоўж лесу. Ня ведаю, ці думаў я ўвогуле пра што. У галаве ў мяне было пуста. Я ня ведаў, што рабіць. Я ня верыў, што на гэтай зямлі ёсьць месца, дзе я змагу дасягнуць нечага. На той час я нават забыўся на сваю асноўную мэту – медыцыну. Цяпер я разумею, што знаходзіўся тады ў стане моцнай дэпрэсіі. Мне было ўсё роўна жывы я ці мёртвы. Аднак пасьля некалькіх дзён на сьвежым паветры, на сонцы, пасьля добрай ежы ўсё пачало мяняцца. Нягледзячы на зьбядненьне, выкліканае вайной, бабуля, зь ейнай дабрынёй, здолела раскарміць мяне так, што я йзноў стаў дужым мужыком.
Праз тыдзень я вырашыў ісьці ў Наваградак, каб прывезьці ў Любчу цела маці. Вандроўка гэная была цяжкой. Я яшчэ добра памятаў маці. Я пачуваўся ў нечым вінаватым перад ёю, бо расчараваў яе, ня спраўдзіў свае й ейныя намеры, скараціў ёй жыцьцё. Я пачуваўся бездапаможным, бо ўжо ня мог нічога зьмяніць.
Нарэсьце я прыйшоў у Наваградак. Гэта было месца, дзе я праўчыўся ў школе, перажыў першае каханьне, першыя рачараваньні й посьпехі, месца, дзе я бачыў маці апошні раз. Я накіраваўся ў лячомніцу й знайшоў медсястру, якая мела добрыя адносіны з маёй маці, дапамагала ёй на працы й у выкліках на дом. Яна расказала мне пра нямецкую атаку й як загінула маці. Яна дадала, што мая маці загінула пры выкананьні службовых абавязкаў і лічылася гераіняй.
Наваградак і Менск бамбілі ў той самы дзень – 22 чэрвеня 1941. Гэна быў звычайны дзень: людзі былі ў царкве, апранутыя ў сьвяточныя строі, альбо грэліся на сонцы ў садох. Каля 10 гадзінаў раніцы невядома адкуль зьявіліся нямецкія бамбардыроўшчыкі «Стука,» якія зьнішчылі тры чвэрткі горада. Не было ніякага папярэджаньня. Немцы хацелі дэмаралізаваць насельніцтва, згодна з правіламі «бліцкрыг». Зьдзівіць ворага, разбурыць лініі сувязі й абарончыя збудаваньні. Дарогі былі блакіраваныя савецкай адміністрацыяй, арміяй, міліцыяй, гэбістамі, якія ўцякалі ад немцаў. Панавалі разгубленасьць і хаос. Ніхто не падазраваў, што немцы будуць бамбіць такі ціхі горад, як Наваградак, дзе не былі разьмешчаныя ні ўзброеныя сілы, ні ваенныя заводы. Маці была на працы. Раніцай яна рабіла апэрацыі, а паўднём аглядала пацыентаў. Звычайны працоўны дзень быў парарваны выцьцём нямецкіх бамбардыроўшчыкаў. Яны зьявіліся, бы з-пад зямлі, і пачалі бамбіць лячомніцу. Маці кінулася выводзіць пацыентаў у парк, які знаходзіўся побач, потым вярнулася ў будынак, каб дапамагчы іншым. У яе трапіў аскепак бомбы й разарваў ёй чэрап. Маці звалілася й усё яшчэ трымала за руку пацыента, які цудам застаўся жывым. Яна ўжо ніколі не пабачыць свайго сына. Гэтым разам не праз КГБ, а праз новых заваёўнікаў. Ейныя пакуты скончыліся.
Я атрымаў дазвол ад гарадзкой адміністрацыі. У мяне не было грошай, і я прапанаваў работнікам адміністрацыі, што заплачу ў Любчы, калі яны дапамогуць мне давезьці цела. Гэта ўсё было надта страшна. Я павінны быў назіраць за тым, як выкапваюць згнілое цела, завернутае ў прасьціну з лячомніцы. Мне спатрэбіліся сьведкі адтуль, якія маглі б апазнаць цела. Яго паклалі ў дамавіну, паставілі яе на калёсы, і мы шэсьць гадзінаў ішлі да Любчы.
Я адзін ішоў за дамавінай. Я йзноў быў са сваёй маці, размаўляў зь ёю, прыгадваў, як мы езьдзілі да магілы бацькі. Нейкім чынам, пад канец гэнай дваццаціпяцікілямэтровай вандроўкі я вырашыў, што зьмяню сваё жыцьцё.
Я прывез маці дадому. Бабуля настойвала, каб мы паклікалі бацюшку, каб той адпеў маці. Мне было ўсё роўна. Я ня думаў, што ад гэных малітваў будзе нейкая карысьць. Можа для бабулі й цёткі, але не для маці. Мы аднесьлі дамавіну на могілкі й пахавалі побач з маім бацькам. Нарэсьце яны ўзьядналіся. Я ўзгадаў, як яна не хацела сыходзіцца зь іншымі мужчынамі пасьля сьмерці бацькі – так яна аго кахала. Яна была такой вернай, і нарэсьце ім абодвум быў дадзены спачын.
Мы вярнуліся дамоў і дні пайшлі за днямі. Я бавіў час каля ракі. Мне не хацелася лавіць рыбу. Мне нічога не хацелася рабіць.
Я даведаўся, што майго дзядзьку арыштавалі незадоўга да вайны. Дзядзьку Шчатырку саслалі. Большасьць беларускай інтэлігенцыі загналі ў вагоны для скаціны й адправілі ў Сібір. Дзядзька Базыль здолеў нейкім чынам уцячы, вярнуўся ў Любчу й распавёў, як яго арыштавалі й дапрошвалі. Мы параўналі тое, што нам казалі ў КГБ. Дзядзьку Базылю даводзілі, што я, быццам бы, агаварыў яго й пацьвердзіў, што ён належыць да шпіёнскага кола. Мне казалі тое самае пра дзядзьку.
Але мяне не цікавіла палітыка. У галаве ў мяне было зусім пуста. Адзінай радасьцю было апынуцца каля ракі, на прыродзе. У мяне быў дваякі настрой. З аднаго боку я цешыўся з таго, што свабодны, а з другога – ня мог знайсьці месца, да якога я належаў. Я пачуваўся вельмі прыгнечаным пасьля савецкай турмы й сьмерці маці. Я пачаў выпіваць разам са сваімі сябрамі. Алкаголь на пэўны час дапамагаў мне, але пасьля працьвярэжваньня мне рабілася яшчэ горш.
Тым часам я сустрэўся са сваёй ранейшай пасіяй Наташай. Я быў добра прыняты ейнай маці (бацька ейны памёр), якая хацела суцішыць мой боль пасьля сьмерці маці. Я ня быў закаханым у Наташу, але я ёй падабаўся, і яна рабілася надта агрэсіўнай. Яна пачала дражніць мяне, што я згубіў у палоне здольнасьць быць мужчынам. Яна падазравала, што нешта мусіла здарыцца, бо я ўжо не такі настойлівы, як у школе. Я не апраўдваўся, але й не хацеў узнаўляць нашыя адносіны, тым больш, што мой сябра Янка Хутар быў закаханы ў Наташу. Гэта было б несправядліва ў дачыненьні да яго.
Я заўважыў, што паміж Наташай і ейнай маці ўсё часьцей здараюцца сутычкі. Некалькі разоў дзяўчына запрашала мяне пакатацца на ровары. Аднойчы яна прызналася мне, што замужам. Я быў моцна зьдзіўлены гэтым. Яна распавяла мне, што падчас савецкай акупацыі матэрыяльнае становішча было вельмі цяжкім, а ейны муж, на пятнаццаць гадоў старэй за яе, служыў у гарадзкой адміністрацыі. Ён меў нейкае дачыненьне да разьмеркаваньня ежы й жыў у дастатку. Калі Наташа апынулася ў цяжкім становішчы, бо да ўсяго іншага ейная маці хварэла на артрыт, яна зайшла замуж за гэнага чалавека. Яна сказала, што не кахала яго. Я спытаўся, нашто яна распавядае мне пра ўсё гэта. Проста Наташа хацела, каб я ведаў, што яна ўсё яшчэ кахае мяне. Я адказаў, што гэта нічога не мяняе. Што яна замужняя жанчына, і нам лепш не сустракацца, бо ейны муж можа гэта няправільна зразумець. Пасьля доўгага маўчаньня, яна заявіла, што хоча ад мяне дзіця. Я быў агаломшаны такой простай, адкрытай прапановай. Я быў выхаваны ў кансерватыўным духу й лічыў сямью сьвятыняй, недатыкальным саюзам двух людзей, якія мусяць заставацца вернымі адзін аднаму. Я ня ведаў, што адказаць. Яна спыталася, ці не зрабілася са мной чаго-небудзь у турме, што не дазваляе мне быць мужчынам і зрабіць дзіця. Мяне гэта моцна зачапіла, бо ў турме, сапраўды, такое магло здарыцца. Дагэтуль у мяне не было магчымасьці давесьці адваротнае ні сабе, ні каму-небудзь іншаму, але нават цяпер я ня бачыў у гэтым неабходнасьці. Я адказаў, што, незалежна ад таго, што Наташа думае, я не гатовы прыняць ейную прапанову.
Празь некалькі дзён ейная маці паклікала мяне на госьці. Яна паведаміла мне, што дачка пачуваецца моцна прыгнечанай, і ёй не хапае маёй і Янкавай кампаніі. Я пагадзіўся пабачыцца з Наташай, і мы паехалі катацца на маім ровары. Яна хацела апошні раз пагаварыць са мной, і, магчыма, пасьля гэтага мы ўжо ніколі не сустрэнемся й ня будзем сябраваць. Яна села перада мной на ровар, і мы паехалі за горад на поўнач – у пекны лясок, дзе аднойчы гулялі й любаваліся прыродай. Наташа ўзяла з сабой паесьці, самагонкі й коўдры. Яна паводзіла сябе вельмі спакушальна, і мне было сапраўды цяжка не паддацца на ейныя чары. Ня ведаю, дзе яна гэтаму наўчылася. Яна заўсёды дурэла з хлапцамі ў школе, білася зь імі, але была амаль недатыкальнай. Яе немагчыма было пацалаваць, бо немагчыма было падступіцца. Нешта зьмянілася.
Наташа пачала йзноў дражніць мяне й казаць, што гэта апошняя магчымасьць для мяне даказаць, што я мужчына, і што нарадзіць ад мяне дзіця – апошняя ейная просьба. Я маўчаў нейкі час, а потым устаў і рэзка загадаў ёй сесьці на ровар, інакш я пакіну яе ў лесе адну. Яна падпарадкавалася й, са сьлязьмі на вачах, спыталася, чаму я адмаўляюся ад яе. Мы больш не размаўлялі. Я завёз яе дамоў і кінуў тамака. Я ня бачыў яе пасьля таго вельмі доўга, а потым сустракаўся выпадкова некалькі разоў. Паміж іншым я закахаўся ў дзяўчыну, і гэта сталася сапраўдным каханьнем, якое прывяло да шлюбу.
Хутка са Львова, дзе ён вучыўся на інжынера, вярнуўся сын дзядзькі Базыля Міхаіл. Я сказаў, што было б файна, калі б ён застаўся, бо мне няма чаго рабіць, а так бы мы маглі хадзіць вудзіць рыбу альбо купацца разам. Міхаіл адказаў, што цяпер час не адпачываць, а дзейнічаць. Ён распавёў мне пра нацыянальны ўздым на Ўкраіне, пра тое, што ўкраінцы абвесьцілі незалежнасьць, але немцы не прызналі яе. І хаця шмат хто зь дзеячоў нацыянальнага руху быў арыштаваны, астатнія не гублялі надзеі й арганізоўвалі школы, украінскую паліцыю й узброеныя сілы пад наглядам немцаў. Міхаіл лічыў, што й для беларусаў надышоў час нацыянальнага самасьцьвярджэньня й вяртаньня духу беларускасьці, падаўленага саветамі. Спачатку я нічога не адказаў на гэна, але празь нейкі час мяне захапіла гэная йдэя. Мой энтузіязм быў абуджаны патрыятызмам Міхаіла.
Першыя нямецкія войскі прыйшлі ў Наваградак 5 ліпеня 1941 году, і было прызначанае ваеннае камандаваньне. Аднак палякі раптам, пры падтрымцы немцаў, пачалі арганізоўваць польскую паліцыю. Гэна была віна Беларускага камітэта ў Берліне, які складаўся з патомкаў палякаў, што размаўлялі па-беларуску. Яны зрабілі выгляд, што зьяўляюцца беларусамі, і былі пасланыя на акупаваныя тэрыторыі з мэтай стварэньня паліцыі й адміністрацыі. У Наваградку паліцыя цалкам складалася з польскіх патрыётаў, якія размаўлялі па-польску. Такая сытуацыя заставалася праз усю акупацыю. Нашыя намаганьні зьмяніць нешта сталіся няўдалымі. У 1941 годзе быў пэўны момант, калі нам падалося, што мы здолеем дамагчыся свайго, калі напалову беларус, напалову ўкраінец апынуўся на чале паліцыі, але ён быў беспрынцыповым чалавекам і хутка паддаўся ўзьдзеяньню палякаў і адмовіўся рэарганізаваць паліцыю ў больш беларускую ўстанову. Польскія актывісты выкарыстоўвалі ўсе магчымыя сродкі ва ўзьдзеяньні на нямецкае ваеннае камандаваньне. Жандары папоўнілі акупацыйныя войскі, так званы Вермахт. Яны выкарыстоўвалі ўсе магчымыя сродкі. Напрыклад, прыгожыя польскія дзяўчаты мусілі спакушаць нямецкае камандаваньне, каб дамагчыся рашэньняў на карысьць палякаў. Калі ж беларусы пярэчылі гэным рашэньням, іх абвінавачвалі ў сымпатыі да камуністаў. Спатрэбілася шмат часу, каб займець нейкі ўплыў на немцаў.
Я спытаў дзядзьку Базыля, што, на ягоную думку, нас чакае. Калі ён быў у польскім парлямэнце й сенаце, ён цесна супрацоўнічаў з нямецкай меншасьцю, якая тады была арыентаваная на дэмакратыю. Мой дзядзька думаў, што немцы, магчыма, рэарганізуюць Савецкі Саюз такім чынам, што Беларусь зможа мець пэўную самастойнасьць і самакіраваньне. Дзядзька Базыль спарадзіў ува мне нацыянальную годнасьць і гонар, а таксама пачуцьцё абавязку спрычыніцца да нацыянальнага адраджэньня.
Памятаю адно выступленьне дзядзькі ў Любчы, дзе ён прамаўляў на кірмашовым пляцы перад натоўпам сялянаў, што сабраліся, каб прадаць тое, што вырасьцілі. Ён гаварыў пра мінулае, пра камуністаў, пра магчымасьці адрадзіць беларускую нацыю. Ён сыйшоў з падводы на кірмашовым пляцы са словамі, што я, ягоны пляменьнік, працягну прамову. Дзядзька падпіргнуў мяне на падводу. Я быў агаломшаны. Я ніколі ў жыцьці не выступаў з прамовамі. Але мяне заахвоціў дзядзька ды й самі сяляне, таму я ўскочыў на калёсы й сказаў прамову. Я выказаў сваё расчараваньне ў савецкім рэжыме й шкадаваньне, што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка не апраўдала спадзяваньні, якія наш народ меў пад палякамі. Я дадаў, што Савецкі Саюз пераўзышоў палякаў у жорсткасьці й бесчалавечнасьці. Я моцна расхваляваўся, адчуваў энтузіязм, эмацыйны ўздым і нават сарваў апладысменты.
Нешта засела ў маёй душы й у галаве й пачало расьці. Я раптам зрабіўся надта актыўным. Я вярнуўся да жыцьця, і мой фізычны стан таксама палепшаў, дзякаваць маёй зацікаўленасьці ў беларускім адраджэньні. Маё месца, як сказаў мне дзядзька, было ў Наваградку.
У Наваградку я сустрэўся са сваім старым сябрам Базылём Плескачом. Ён быў адным з самых разумных людзей, якіх я ведаў. Ён скончыў універсітэт Стэфана Баторыя ў Вільні й меў дыплом юрыста. Падчас нямецкай акупацыі Базыль працаваў міравым судзьдзёй у Наваградку. Пляскач вёў крымінальныя справы й ня меў ніякага дачыненьня да палітычных справаў, якія былі ў руках немцаў і жандармерыі.
Базыль распавёў мне пра апошнія тыдні савецкай акупацыі. Пра масавыя арышты й высланьне, пра зьнічтажэньне ўсяго, што было беларускім па зьмесьце ці форме.
Кароткая савецкая акупацыя Заходняй Беларусі за год нарабіла больш шкоды, чым польская за дваццаць гадоў. Зьнічтажэньне ўсяго беларускага, падпарадкаваньне народу пры дапамозе тэрора й страха зьяўлялася плянам Сталіна, і ён здолеў дамагчыся свайго, хаця й няпоўнасьцю. Шмат хто зь беларусаў спадзяваўся, што ўзьяднаньне краіны будзе гістарычнай падзеяй і прывядзе да незалежнасьці Беларусі. Але на самой справе ўсё сталася інакш. Нават тыя людзі, што былі найбольш інфармаванымі пра дзейнасьць КГБ – прылады Сталіна – ня верылі, што ён можа выкарыстоўваць такія сродкі. Усе ж, хто выказваў расчараваньне, бясьследна зьнікалі.
Я ведаў, што ўсё, што кажа Базыль, ёсьць праўдай, таму што я на сабе адчуў жорсткія метады гэбісцкіх расьсьледваньняў. Калі б допыты працягваліся, я сам, магчыма, падпісаў бы прызнаньне, каб спыніць псыхалягічны й фізычны зьдзек. Па-праўдзе, я ня веру, што нехта змог бы доўга вытрымліваць катаваньні й супрастаяць. Я ўяўляю, што прымусіла маршала Тухачэўскага, якога абвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Нямеччыны ў перыяд з 1936 па 1937, сазнацца ў «грахах». Ён ня быў шпіёнам – проста не пагаджаўся са Сталіным. Каля 35 тысячаў афіцэраў былі абвінавачаныя ў здрадзе Сталіну й альбо расстраляныя, альбо сасланыя ў ГУЛАГ. Гэта сьведчыць пра тое, што Сталін быў параноікам. Любы, хто аказваўся больш папулярным, чым ён, разглядаўся як пагроза й зьнішчаўся.
Немцы вельмі хутка прасоўваліся на ўсход і напрыканцы верасьня дайшлі да Смаленска. Генерал Браўчніц прапанаваў Гітлеру спыніць наступ, пакінуць Беларусь, Украіну й Прыбалтыку ў якасьці буферных краінаў, забясьпечыць армію ўсім неабходным і затым рушыць далей. Аднак Гітлер не пагадзіўся з гэнай прапановай, зьняў Браўчніца з пасады Камандуючага ўсходнім фронтам і замяніў яго больш паслухмяным чалавекам, які й рушыў на ўсход. Адзін з членаў «Остміністэрыюм,» барон фон Энгельхард, які меў у Берліне высокі пост, таксама падтрымліваў плян пакінуць Беларусь, Украіну й Балтыйскія краіны як буферныя дзяржавы, што стала б базай далейшага заваяваньня Савецкага Саюза, але прапанова Энгельхарда засталася па-за ўвагай Фюрэра. Гітлер наважыў да канца лістапада папіць гарбаты ў Маскве.
У верасьні я сустрэўся зь дзядзькам Базылём і спытаўся, ці верыць ён яшчэ ў тое, што немцы дапамогуць нам узнавіць незалежнасьць. Той адказаў, што больш ня ўпэўнены ў гэтым, як раней, і што немцы зрабілі тую самую памылку, што й Напалеон у 1812 годзе. Напалеон, які перайшоў Нёман, заходнюю мяжу Расеі, 22 чэрвеня 1812 года, пагрэбаваў абозамі з правіянтам і кінуўся на ўсход, да Масквы. Мой дзядзька прадказаў, што немцы прайграюць і гэта пазбавіць іх будучыні. Аднойчы на сустрэчы, дзе прысутнічалі немцы, якія ўмелі па-расейску й спачувалі абодвум бакам: і нам, і немцам, – дзядзька падвыпіў і засьпяваў рускую песьню «Калі я прыйшоў у Расею, я трымаў усю Эўропу ў руках». Гэную песьню сьпявалі пасьля паражэньня Напалеона. Дзядзьку загадалі замаўчаць, бо ён моцна рызыкаваў. Немцы не данесьлі на дзядзьку й пасьля нават прызначылі яго камэндантам Дзятлава, дзе ён давёў эканоміку да найвышэйшага ўзроўню. Народ давяраў дзядзьку й верыў яму, а дзядзька даволі адкрыта выказваўся пра памылку немцаў, пра тое, што ня верыць ім больш, і што яны, у рэсьце рэшт, будуць разьбітыя.
Да мяне дайшлі чуткі, што ў Наваградак прыедзе сьвятар Гадлеўскі. Ён быў вядомым патрыётам, блізкім па палітычных поглядах майму дзядзьку. Гадлеўскі жыў у аднаго польскага сьвятара, і я пайшоў наведаць яго тамака. Я прадставіўся як пляменьнік Базыля Рагулі й сказаў, што хацеў бы атрымаць інфармацыю пра стан рэчаў. Гадлеўскі адказаў, што яму патрэбны час, каб разабрацца ў сытуацыі. Ён быў няўпэўнены ў тым, што нам трэба спадзявацца на немцаў і чакаць, пакуль яны навяжуць нам заходнюю культуру замест мангольскай культуры Сталіна. Гадлеўскі дадаў, што назіраў за падзеямі на іншых акупаваных тэрыторыях і яму здаецца, што ў нас яшчэ будуць праблемы з акупацыйнымі сіламі. Гадлеўскі параіў мне не здавацца, нягледзячы ні на якія цяжкасьці, і распаўсюджваць ідэю нацыянальнай незалежнасьці, рабіць усё, каб людзі ганарыліся сваёй нацыяй.
Недзе ў лістападзе нямецкая армія была спыненая пад Масквой. Гэную навіну мы атрымалі празь нелегальнае польскае радыё ў Лёндане й нелегальную радыёстанцыю ў Польшчы.
Па завядзёнцы ўсіх таталітарных сыстэмаў нямецкае радыё перадавала інфармацыю ненадзейную й, часта, далёкую ад сапраўднага стану рэчаў. Яны казалі толькі, што пасьпяхова рухаюцца на ўсход, што было няпраўдай. Немцы былі спыненыя Саветамі й прымушаныя контратакаваць. Гэна дало нам надзею, што зь немцамі будзе лягчэй дамовіцца й яны дадуць нам больш свабоды й незалежнасьці, створаць буферную дзяржаву зь Беларусі, Украіны і Прыбалтыкі, што дазволіць супрацьстаяць Савецкаму Саюзу. Мы ўсё яшчэ аддавалі перавагу нямецкай акупацыі, а не савецкай. Магчыма, таму, што яшчэ дрэнна ведалі немцаў.
Немцы, пры дапамозе СС, зганялі жыдоўскае насельніцтва зь вёсак і гарадоў у гета, якое знаходзілася на тэрыторыі былога раённага суда на вуліцы Карэліцкай. Яны ўтрымоўваліся за агароджай і мусілі працаваць на немцаў: шыць ваенную форму, чаравікі. Матэрыял для гэтага літаральна кралі ў беларускага насельніцтва. Канечне, тое, што жыды мусілі абшываць нямецкую армію, – дзіцячая забава ў параўнаньні з тым, што рабілася Сталіным. Але абодва гэтыя дыктатары, Сталін і Гітлер, прынесьлі людзям аднолькава шмат гора сваёй жорсткасьцю, бесчалавечнасьцю й разбурэньнямі, накіраванымі супраць чалавека. Немцы хваліліся сваім тысячагадовым Рэйхам, але ён усё больш і больш рабіўся пустым месцам, як мы даведваліся, што немцы не непераможныя й іх можна спыніць. Але ўсё ж мы верылі ў моц немцаў, спадзяваліся, што яны перамогуць Савецкі Саюз і будзе знойдзенае палітычнае рашэньне, якое задаволіць былыя саюзныя рэспублікі. Мы спадзяваліся, што зь цягам часу ў нас зьявіцца магчымасьць утварыць незалежную дзяржаву й атрымаць свабоду.
На той час у нас была пэўная магчымасьць разьвіваць сваю культуру, мову, сьпевы й танцы. Нам было дазволена вучыць нашую моладзь, што мы рабілі ў вельмі патрыятычным духу. Зьявіліся новыя патрыятычныя песьні, квітнелі танцы й сьпевы ня толькі ў Наваградку, але й на іншых тэрыторыях, дзе перавагала беларуская інтэлігенцыя. У Наваградку мы прыкладалі шалёныя намаганьні – мы зь вялізнай энэргіяй займаліся арганізацыяй культурных мерапрыемстваў. На шэраг канцэртаў мы запрасілі немцаў, і тым спадабалася: яны адгукнуліся на душэўнасьць нашай беларускай культуры.
За Саветамі я сядзеў у турме і толькі цудам застаўся жывы. Апроч таго, я вельмі добра валодаў нямецкай мовай, а таму новы наваградзкі бурмістар ахвотна прыняў мяне на працу. Немцы хацелі, каб нейкі беларус заняў пасаду перакладніка ў новасфармаванай нямецкай адміністрацыі. Мяне прадставілі штабсляйтэру Вольфмаеру. Гэты каранасты немец у брунатнай форме з свастыкай на левай руцэ сустрэў мяне досыць прыхільна. Ён энэргічна рыхтаваў прыезд цывільнай адміністрацыі, структураў, якія ў будучыні меліся забясьпечыць кіраваньне тэрыторыяй. Хаця Вольфмаер ставіўся да мяне няблага, я ўсё ж не прызнаваўся, што быў у нямецкім палоне, бо баяўся, што мяне могуць зноў вывезьці ў Нямеччыну або арыштаваць, нягледзячы на тое, што я нацярпеўся ад Саветаў. Я нават пасябраваў з штабсляйтэрам. Гэты асабісты стасунак зрабіў мяне вельмі ўплывовым чалавекам у адміністрацыі Наваградзкай акругі, Наваградзкага «гебіту», як тады гэта называлася. Вольфмаер рыхтаваў рэзыдэнцыю, мэблю: чакаўся прыезд нямецкага камісара. Ён часта браў мяне з сабой у Вільню, едучы па мэблю. Я быў яму карысны як перакладнік, бо я валодаў і нямецкай, і польскай, і расейскай, і беларускай мовамі. Па дарозе – а дарога да Вільні няблізкая, гадзіны тры-чатыры на машыне ці грузавіку – я распавядаў яму пра Беларусь, яе гісторыю, яе народ, я тлумачыў яму, што за польскім часам беларусаў дыскрымінавалі, не давалі адчыняць школы зь беларускай мовай навучаньня, душылі нацыянальны рух. Я распавядаў, як усё беларускае бязьлітасна нішчылі Саветы і як перашкаджае разьвіцьцю беларускага народа адсутнасьць уласнай інтэлігенцыі, эліты, правадыроў. Аднойчы я наўпрост сказаў яму, што польскія перакладнікі і палякі ў адміністрацыі і паліцыі несправядліва абвінавачвалі беларускіх патрыётаў у тым, што яны быццам бы камуністы, пасьля чаго гэтыя людзі зьнікалі, мабыць, гінулі недзе. Ён сур’ёзна выслухаў мяне і паабяцаў разабрацца. Пазьней, іншым разам, ён паабяцаў мне, што калі некага будуць абвінавачваць у супрацоўніцтве з камуністамі, дык будуць пытацца ў мяне. Я ведаў мясцовых людзей і ведаў, хто чаго варты. Паступова я стаў перабіраць усё большы ўплыў пры вызначэньні лёсаў тых, каго падазравалі ў сувязях з камуністамі, і ў мяне зьявілася магчымасьць абараняць іх. Я не рабіў адрозьненьняў між людзьмі: хоць шмат хто зь беларусаў і называў сябе камуністамі за Польшчай, але насамрэч яны былі проста беларускімі патрыётамі, якія спрабавалі знайсьці нейкі шлях для спрыяньня культурнай і палітычнай справе свайго народу. Беларусі трэба было стаць незалежнай дзяржавай, і мы ўсе без разбору, стары й малы, спадзяваліся, што немец пераможа Саветы, і тым самым у нас зьявіцца магчымасьць аднавіць дзяржаўнасьць.
Мой добры сябар Язэп Сажыч вярнуўся з Львову, і я хацеў, каб яго прызначылі начальнікам наваградзкай паліцыі, каб узмацніць у ёй беларускі ўплыў. Ён жа не схацеў займаць гэты пост. Сажыч распавёў мне, што адбылося на Ўкраіне: з прыходам немцаў украінскія нацыяналісты абвесьцілі аб стварэньні незалежнай дзяржавы. Але немцы схапілі іх, і іхныя сьляды згубіліся ў турмах і канцлягерах. Нямеччына была адназначна не гатова дазволіць Украіне стаць незалежнай, і той энтузыязм, зь якім украінцы кінуліся напачатку супрацоўнічаць зь немцамі, стаў згасаць. Язэп сказаў, што ён не давярае немцам, але гатовы стварыць падразьдзел беларускага войска і падрыхтаваць салдатаў, дапамога якіх магла б некалі спатрэбіцца для стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы. Мяне вельмі засмуціла, што немцы, па словах Язэпа, ня маюць намеру даць Беларусі незалежнасьць, а проста хочуць выкарыстоўваць нас як працоўную сілу, каб мы працавалі на іх, пакуль нямецкія жаўнеры ваююць на ўсходзе. Але што было рабіць? Савецкаму Саюзу мы былі непатрэбныя, прыходзілася выкарыстоўваць немцаў. Нам прыходзілася чакаць, наладжваць мясцовае самакіраваньне і разьвіваць беларускае культурнае жыцьцё. Мы мелі магчымасьць адкрыць школы і свабодна вывучаць сваю мову й літаратуру. А барацьбу за незалежнасьць мы былі гатовы пачаць, як толькі надарыцца спрыяльная палітычная сытуацыя.
У Наваградку мы заснавалі «Народны дом», такі беларускі дом, дзе людзі арганізавалі хор, ансамбль танцу, тэатар, чыталі там лекцыі. Я сустрэўся з доктарам Орсам, каб абмеркаваць зь ім праблему адукацыі і адкрыцьця гімназыі. Аднак немцы не дазвалялі адкрываць школы вышэй сёмае клясы, нават чуць пра гэта не хацелі. Тады мы вырашылі дабівацца дазволу на адкрыцьцё настаўніцкіх курсаў, каб падрыхтаваць настаўнікаў для пачатковых школаў. Мы напісалі адпаведны мэмарандум нямецкай адміністрацыі Наваградку і неўзабаве нашу прапанову ўхвалілі. Праграма «Настаўніцкіх курсаў» адпавядала праграме старэйшых клясаў сярэдняй школы, хоць гэта было забаронена. Мы пачалі падрыхтоўку беларускай моладзі па гэтай праграме. Доктар Орса, прызначаны адказным за адзьдзел адукацыі Наваградзкай акругі, хацеў, каб знайшлося паболей здольных настаўнікаў, а знайсьці іх было цяжка. Аднак мы імкнуліся, каб адукацыйныя стандарты былі як мага вышэйшымі. Рэч у тым, што за польскім часам мала хто зь беларусаў мог дазволіць сабе адправіць свае дзеці вучыцца ва ўнівэрсытэт. Праўда, Чэхаславаччына адчыніла свае дзьверы перад беларусамі, і шмат людзей, у тым ліку і доктар Орса, і ягоная жонка Натальля трапілі ў Праскі ўнівэрсытэт. Па сканчэньні ён атрымаў тытул доктара біялёгіі. Натальля вывучала беларускую літаратуру. Вярнуўшыся ў Заходнюю Беларусь, яны знайшлі сабе працу ў школах, але ў той час Польшча дазваляла толькі пачатковую адукацыю для беларусаў. Польскі ўрад імкнуўся спольшчыць школы, а беларускіх настаўнікаў засылаў у Вялікапольшчу, каб яны не «заражалі» наваградзкую моладзь беларускім духам.