Текст книги "Жыцьцё пад агнём"
Автор книги: Лявон Юрэвіч
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 14 страниц)
Доктар Орса і ягоная жонка шчыравалі над тым, каб закласьці падмурак сыстэмы адукацыі ў Наваградзкай акрузе. Ён арганізоўваў настаўнікаў, інспэктараў, асабіста наведваў кожную школу акругі, імкнуўся адрадзіць беларускую культуру. Ён быў маім найбліжэйшым дарадцам, і калі я страчваў меру ў сваіх поўных энтузыязму плянах, ён быў здольны сьцішыць мой энтузыязм. Дзякуючы яму я дзейнічаў больш лягічна і пасьпяхова. Ён ведаў пра БНП і папрасіў мяне, каб ён, застаючыся па-за яе шэрагамі, працаваў на агульную справу і дапамагаў мне ўсімі магчымымі спосабамі. Менавіта дзякуючы яму так званыя настаўніцкія курсы сталіся цэнтрам сярэдняй адукацыі для ўсёй акругі, прычым, магчыма, адным з найлепш арганізаваных у Беларусі. Натальля навучала беларускай мове й літаратуры і дапамагала падбіраць настаўнікаў, і я вельмі ганарыўся, што й мяне ўключылі ў групу настаўнікаў.
Свайму сябру Юзіку Савічу я прапанаваў не вяртацца на службу ў паліцыю, а пайсьці настаўнікам фізкультуры да нас на курсы. Фізычнае выхаваньне, сказаў я яму, будзе насамрэч ваеннай падрыхтоўкай, каб загартаваць кадры для будучых узброеных сілаў. Мы тады ўсё яшчэ верылі, што немцы, якіх запынілі пад Масквой, будуць змушаны зьвярнуцца да нас па дапамогу ў арганізацыі ўзброеных частак. Юзік ахвотна пагадзіўся, і неўзабаве беларускія хлопцы апранулі самаробную ўніформу і практыкаваліся, маршавалі, сьпяваючы нашы песьні. Так мы рыхтавалі будучых афіцэраў. Школа знаходзілася ў будынку, які мы пачалі будаваць яшчэ за польскай акупацыяй для гімназіі. Настрой ва ўсіх быў вельмі прыўзьняты. Да нас прыходзіла шмат моладзі. На курсах выкладаліся матэматыка, фізыка, лаціна, беларуская мова й літаратура, эўрапейская гісторыя ды іншыя прадметы. Мы рыхтавалі навучэнцаў так, каб яны маглі працягваць вучобу на ўнівэрсытэтах, аднак жа ўсе ўнівэрсытэты былі закрытыя. Немцы й ня думалі даваць беларусам магчымасьць атрыманьня вышэйшае адукацыі. Мы былі патрэбны ім як працоўная сіла.
Людміла, сястра майго сябра Янкі, усё яшчэ жыла ў вёсцы з маці. Ейная маці хацела, каб дачка пайшла вучыцца да нас у Наваградак – у вёсцы ёй не было чаго рабіць. А тут якраз аказалася, што нямецкая адміністрацыя шукала тэлефаністак, і я падумаў, што яна магла б пайсьці на гэтую працу. Я перамовіўся зь Янкам, ён паабяцаў прывезьці яе. Я памятаў яе яшчэ зусім дзяўчынкай, зусім дзіцём. А ўпершыню я ўбачыў яе, калі ёй было толькі пяць гадоў. Памятаю, неяк нават дражніў яе і – аж сорамна – прымушаў яе насіць нам есьці і лазіць за вішнямі. Такою я яе сабе й уяўляў, як пару гадоў таму, перад тым як мяне забралі ў Войска Польскае. І калі яна прыйшла да мяне, я быў проста ўражаны. Я ледзьве пазнаў яе: высокі лоб, даўгія цёмныя валасы, каса з руку, тонкія бровы, вялікія вочы, у якіх іграў вясёлы агенчык, прамы рымскі нос, сьвежая, як персік скура, грацыёзная шыя. Высокія грудзі, гатовыя вырвацца на волю зь цеснага станіку, уздымаліся пры дыханьні, і пад сукенкаю выдзяляліся смочкі. У яе была вузкая талія і маленькая, але вельмі харошая дупка, а спаднічка абцягвала сьцёгны. Я глядзеў на яе затаіўшы дыханьне і ня мог вымавіць ні слова. Янка заўважыў маё здумленьне і спытаўся, ці спадабалася мне ягоная сястра. Я прызнаўся, што яна проста лялечка. Ён кажа: я ня гэта меў на ўвазе, я пытаюся, ці зможаш ты ўладкаваць яе на працу. Зараз жа, кажу я яму. Мы ўсё зрабілі ў той жа дзень, і Вольфмаер пагадзіўся. У лістападзе Людміла звольнілася з працы і паступіла на курсы. Там яна была адной зь лепшых вучаніц. Яна была ва ўсім таленавітая: які прыгожы быў у яе голас, сьпявала, танцавала, а да чаго яна была пекнаю ў беларускім народным строі! А галоўнае, што ў яе быў разумны твар і прамы нос, нетыповы для славянскай расы (нос быў хутчэй нардычны), і гэта прычароўвала мяне. Але ёй было толькі шаснаццаць і яна была занадта маладая. Дык я дамовіўся зь яе бацькам, калі той прыяжджаў у Наваградак дапамагаць доктару Орсу, што яна будзе кватараваць у тым самым доме, дзе жыў я. Мне хацелася, каб яна была ў мяне на вачох, каб мне яе не перабілі ніякія кавалеры, каб мне зь ёй ажаніцца, калі яна дарасьце да паўналецьця. Толькі я яе ўбачыў, я адразу сабе падумаў, што яна стане маёй жонкай, і пасьля таго, хаця я не сказаў ёй ні слова і сустракаўся з мноствам розных дзяўчат, я ведаў, што не змагу пакахаць нікога, апроч яе. Я закахаўся ў гэтую дзяўчыну, але ня мог ёй гэтага сказаць. Я спадзяваўся, што яна заўважыць мяне, але ня мог зразумець, падабаюся я ёй, цікавы я ёй, ці не. Адно я сказаў сабе цьвёрда: яна стане маёй. Як я ўжо казаў, я трохі запіў, і вось аднойчы, вярнуўшыся дахаты позна ўвечары, а я жыў зь сям’ёй Цехановічаў, чую, яны гавораць за сьцяной, чую, кажуць, што я сымпатычны разумны хлопец, але, мабыць, сап’юся. Гэта так уразіла мяне, што, хоць я быў нападпітку, я выліў на галаву кубак халоднай вады і даў сабе слова: больш я ня вып’ю ні капкі. З тых часоў я гарэлкі ў рот ня браў. Праблема была ў тым, што тыя ў Наваградку, хто бачыў, як я п’ю, сталі распускаць чуткі, што я хворы на вэнэрычную хваробу. Тым, хто на яе хварэў, забаранялася піць, казалі, што калі п’еш, дык не вылечваешся. Кожны хворы на нейкі час пераставаў піць, і я заўважыў, што людзі думаюць: у мяне гэтая хвароба. Я спадзяваўся, аднак, што гэтая плётка ня дойдзе да Людмілы. Я пачаў пераадольваць дэпрэсію, не заглядаючы ў шклянку, і зь яшчэ большым энтузыязмам наладжваць беларускае нацыянальнае жыцьцё і браць у ім удзел.
Калі немцы гналі Чырвоную Армію назад да Масквы, па вёсках паразьбягалася процьма палонных, якія баяліся, каб немцы не адправілі іх у лягеры. Яны працавалі парабкамі ў сялян. Калгасы разваліліся і сяляне сталі працаваць аднаасобна. Немцы забіралі частку прадуктаў, каб карміць сваё войска, але частку забіралі ў тэорыі, а на практыцы ўсё, выгадаванае селянінам, распрадавалася за бясцэнак, а немцы канфіскоўвалі ўсё, што маглі, пакідаючы сялянам толькі мінімум, неабходны для выжываньня. Сярод ваеннапалонных каго толькі не было, і жук і жаба, тут былі людзі паходжаньнем з розных частак Савецкага Саюзу, але ўсе яны працавалі добра, бо нікому не хацелася гніць у канцлягерох. Савецкі Саюз не падпісваў Жэнэўскую канвэнцыю, і таму немцы абыходзіліся з палоннымі, як з быдлам. Палонныя мёрлі ў лягерох сотнямі тысяч ад голаду, тыфусу, дызэнтэрыі. Іх заганялі за калючы дрот і амаль не кармілі, іх білі і расстрэльвалі.
Саветы спынілі прасоўваньне нямецкай арміі на ўсход і пачалі арганізоўваць на акупаваных тэрыторыях партызанку, але людзі не хацелі ўвязвацца ў прасавецкую дзейнасьць. Немцы ж у Беларусі і іншых акупаваных краінах зрабілі вялікую памылку. Яны баяліся, што тыя былыя савецкія салдаты, якія працавалі па вёсках, уяўлялі сабой патэнцыйную сілу, якую савецкае падпольле магло б арганізаваць на барацьбу ў нямецкім тыле, таму, баючыся ўзрастаньня магутнасьці партызанаў, яны запатрабавалі, каб усе палонныя вярнуліся ў лягер. Ясна, што любы, хто прайшоў праз лягер, а пасьля папрацаваў на волі ў селяніна, ніколі назад у лягер ня вернецца. У выніку, усе гэтыя палонныя, хаваючыся ад немцаў, пайшлі ў лясы, а каб выжыць, прапітацца, сталі рабаваць вёскі. Яны накралі зброі і з дапамогай гэтай зброі ўладарылі над мясцовымі жыхарамі і зрэдку ўступалі ў сутычкі зь немцамі. Так пачалася так званая партызанка, якая змагалася зь немцамі, але нарабіла мясцоваму насельніцтву больш шкоды, чым тым немцам. Спачатку ў партызанаў не было ніякіх ідэялягічных матываў; яны проста хацелі выжыць і выратавацца ад лягероў.
Адзін такі ваеннапалонны, Віктар, лейтэнант Чырвонай Арміі, дапамагаў Людмілінай маці Тацяне па гаспадарцы, бо сам спадар Мікола Гутар, Людмілін бацька, працаваў у Наваградку школьным інспэктарам, наладжваючы сістэму пачатковых школаў у вёсках. Жонка ж яго мусіла заставацца на сваёй зямлі: трэ было карміць мужа і дачку, у гарадох з харчамі было цяжка. Жыхары гарадоў напаўгаладалі і залежалі ад прывозу харчоў з навакольных вёсак. Усім служачым выдавалі нейкі мінімальны рацыён, але за гэтым чалавек ня мог выжыць. Віктар пасябраваў з Гутарамі, ён быў нечым падобны да іх. Можа, ён тым больш прывязаўся да Гутараў, што яго прыцягвала Людміла. Тады я гэтага ня ведаў. Ён і я былі па розныя бакі барыкадаў. Ён быў беларусам, хлопцам з добрага роду, і, магчыма, у душы ён думаў пра Беларусь, Савецкі Саюз і Нямеччыну тое самае, што думаў я, але ён апынуўся па іншы бок барыкадаў. Аднойчы ўвечары ён разьвітаўся з спадарыняй Гутар і пайшоў у лес, каб ня трапіць у лягер. Ён паабяцаў, што ніхто і пальцам не кране сям’ю Гутараў, неўзабаве да нас дайшлі чуткі, што ягоны партызанскі атрад, што складаўся пераважна зь беларусаў, дзейнічаў сама пад Наваградкам. Ягоны падразьдзел быў не такі, як іншыя партызанскія групы; яны ніколі не забівалі сялянаў, ня гвалцілі жанчын. Гэта была выдатна арганізаваная вайсковая частка, што жыла паводле вайсковага статуту. Пасьля я яшчэ вярнуся да Віктара, бо так атрымалася, што нашы жыцьці, нашы ідэалы аказаліся спалучанымі празь Людмілу. І ён, і я мелі адну мэту – незалежную Беларусь, прынамсі, мне хочацца ў гэта верыць.
Я працягваў выкладаць нямецкую мову і весьці ваенную падрыхтоўку. Сярод маіх вучняў была і Людміла. Каб спадабацца ёй, я яшчэ больш актыўна ўдзельнічаў у школьным жыцьці. Штабсляйтэр Вольфмаер стрымаў сваё слова, і мяне інфармавалі кожны раз, калі некага зьвінавачвалі ў супрацоўніцтве з камуністамі. Так мне ўдавалася вырваць з турмаў і выратаваць ад расстрэлу шмат людзей. Немцы давяралі мне, ніколі не сумняваліся ў маёй сумленнасьці і волі да супрацоўніцтва. Я працягваў працаваць асабістым перакладнікам камісара Траўба, новага гебітскамісара. Мне прыходзілася перакладаць кожны раз, калі ён выступаў з прамовамі або ўдзельнічаў у дыскусыях. І яшчэ калі я ўпершыню сустрэўся з камісарам Траўбам, я растлумачыў яму сваю пазыцыю. Мы супрацоўнічаем зь немцамі, сказаў я, бо Савецкі Саюз не задаволіў нашы нацыянальныя памкненьні. Савецкі Саюз паабяцаў стварыць Беларускую Рэспубліку, але задушыў беларускасьць русіфікацыяй 30-х гадоў. Камісар запэўніў мяне, што нямецкая палітыка істотна адрозьніваецца ад савецкай і што немцы нават ня будуць перасьледаваць нашу мову. Я запярэчыў, што гэтага мала, што мы хочам мець пэўныя гарантыі таго, што нам будзе прадастаўлена некаторая незалежнасьць, нейкая дзяржаўнасьць. Гэта б стварыла для нас мэту, заахвоціла б нас да лепшага супрацоўніцтва зь немцамі, сказаў я яму. Як камісар, ён мусіў наладзіць у акрузе адміністрацыю, гарантаваць бясьпеку і дасылаць усё неабходнае для нямецкага войска. Вось і ўсё, што ён рабіў. Маёй задачай было настроіць яго ў прыхільным да беларускай справы духу і дасягнуць найбольшага, што тады можна было зрабіць – забясьпечыць ператварэньне беларусаў у моцную культурную групу. Яму падабаліся нашы канцэрты, ён з задавальненьнем выступаў перад народам, тлумачыў нямецкую палітыку. Я працягваў выступаць зь беларускіх пазыцый. Я казаў, што беларусы павінны быць не рабамі немцаў, а паўнапраўнымі памочнікамі ў змаганьні з камунізмам. Камісар разумеў нашы праблемы, але зьмяніць накірункі нямецкай усходняй палітыкі ня мог.
У красавіку 1942 года я зьезьдзіў з камісарам Траўбам, ягонай жонкай і памочнікамі ў Нямеччыну. Я амаль упэўнены, што ён лічыў мяне добрым хлопцам; я гаварыў па-нямецку, працаваў энэргічна. Ён ведаў таксама, што я беларускі патрыёт і адчуваў, што немцы маглі б выкарыстоўваць мяне лепш. Калі мы ехалі на захад, старыя ўспаміны з палону нахлынулі на мяне. Недзе там, блізка Кёнігсбэргу, куды мы найперш паехалі, знаходзілася вёска Вайзэндорф, у якой я працаваў на нейкага нямецкага селяніна. Калі надарылася пара вольных дзянькоў, я папрасіў у Траўба машыну, каб праехацца. Ён пагадзіўся, і я адразу паехаў у Вайзэндорф. Мне хацелася сустрэцца з Гельгай. Ваеннапалонных у вёсцы больш не было, усё было ціха. Гельга зьдзіўлена адчыніла мне дзьверы. Яна трохі распаўнела, але ў яе былі тыя самыя блакітныя вочы, бялявыя валасы, тыя ж грудзі, тая ж сакавітая дупка. «Гэта ты, Барысе?» – спыталася яна. – «Цябе выпусьцілі?» Я патлумачыў, што я больш не ваеннапалонны, што я свабодны. «А я больш не свабодная,» – адказала яна і паказала мне калыску зь дзіцём. Ейны муж ваяваў на ўсходнім фронце. Ува мне ўсё зьмяшалася, але раптам усё вярнулася, наляцелі ўспаміны пра тую сустрэчу ў клуні, пра тое вострае жаданьне жанчыны, страх быць засьпетым і ўсе тыя пакуты, якія давялося перажыць пасьля таго, як я не наважыўся дакрануцца да яе. «Ты ўсё памятаеш, ты не шкадуеш?» – спыталася яна, паглядзеўшы на мяне так, як глядзела тады. – «Я на цябе не злуюся, я ведаю, што іншым разам табе, магчыма, не ўдалося б уцячы». Яна тады ня выдала мяне. Заставацца я болей ня мог. Я пацалаваў яе ў шчаку, і нешта заварушылася ў мяне ў сярэдзіне. Я хутчэй сеў і паехаў у Кёнігсбэрг.
Пасьля мы паехалі ў Заходнюю Нямеччыну, і там я мог бываць, дзе хацеў. Я заўважыў, што габрэі носяць жоўтую зорку Давіда, а на вопратцы людзей родам з Усходу быў прышыты жоўты знак «OST». І да тых, і да тых ставіліся аднолькава кепска. Я бываў усюды, але найбольш мяне цікавіла, у якіх умовах жылі тыя дабраахвотнікі, што з уласнай волі падрадзіліся працаваць на немцаў. «Добраахвотнікаў» набіралі зь беларускай моладзі ў студзені, лютым і сакавіку, а таксама ў лягеры для ваеннапалонных. Іх вучылі ў прафэсыйных вучэльнях на выкананьне рабочай і дробнай адміністрацыйнай працы. Меркавалася, што яны будуць адбудоўваць заводы і рабіць іншую працу такога кшталту. Неўзабаве я іх спаткаў. Я спыніў аднаго такога чалавека з нашыўкай «OST» і спытаўся, хто ён і скуль ён. Ён па-расейску адказаў мне, што ён дабраахвотнік. Да нас ставяцца горш, чым да палонных, сказаў ён, і паказаў мне жытло, у якім іх трымалі: вялізныя баракі, у якіх людзі спалі на саламяных матрацах. Усе яны былі галодныя, стомленыя, змучаныя. Па 12 – 14 гадзінаў у дзень яны працавалі на чыгунцы, на фабрыках па пашыўцы амуніцыі. Вярнуцца дадому яны не маглі: за ўцёкі пагражала суворая кара. Ва ўсіх працоўных лягерах, якія я наведаў, панавала такая самая галеча, страх, роспач. Калі я быў ваеннапалонным, дык з мной абыходзіліся куды лепш, чым з гэтымі быццам бы свабоднымі людзьмі, якія з добрай ахвоты, самі паехалі ў Нямеччыну, думаючы, што іх там навучаць, зробяць спэцыялістамі, і яны вернуцца ў Беларусь прафэсыяналамі. Бачачы ўсё гэта, я паабяцаў сабе, што буду рабіць усё, каб беларускую моладзь не вывозілі з краіны.
Я купіў у кнігарні кнігу Гітлера «Mein Kampf» (на акупаваных тэрыторыях яе не прадавалі). Цэлы вечар я чытаў яе: Гітлер пісаў пра свае пляны захопу ўсходу, сьцьвярджаючы, што ўсходнеэўрапейскія славяне – гэта гной для нямецкай культуры і што ім нельга дазваляць вучыцца. Гэтыя тэрыторыі плянавалася заваяваць і прымусіць людзей працаваць на нямецкую расу. Цяпер я зразумеў словы барона фон Энгельгарда, зразумеў, чаму ўсе ягоныя намаганьні пайшлі намарна, нягледзячы на немалую падтрымку з структураў узброеных сілаў і з боку палітыкаў, што ведалі трохі ўсходнеэўрапейскую сытуацыю. Цяпер я зразумеў, што толькі Гітлер выракоўваў лёсы кантыненту. Стала ясна, што трэба моцна думаць, перш чым супрацоўнічаць зь немцамі. Немцы не зважалі на карэннае насельніцтва Беларусі, і доказам гэтага служыла рашэньне Гёрынга, які абвесьціў Белавескую пушчу ўласным паляўнічым рэзэрватам, загадаўшы пры гэтым спаліць навакольныя вёскі, каб тутэйшыя жыхары не карысталіся з прыродных багацьцяў пушчы. Пры гэтым загінула шмат дзяцей, жанчын, старых. Ацалелыя схаваліся ў лясох і далучыліся да савецкай партызанкі. І ўсё дзеля таго, каб Гёрынг мог баляваць зь сябрамі і гасьцямі, каб ім было дзе паляваць! Ён распараджаўся непаўторным беларускім лесам, як сваёй бацькаўшчынай.
Калі мы вярталіся ў Наваградак, камісар спытаўся ў мяне пра мае ўражаньні. Я сказаў, што застаўся ў захапленьні ад нямецкай арганізаванасьці, але мне не спадабалася, што работнікаў з усходу разглядаюць як людзей другога гатунку і прымушаюць іх хадзіць з нашыўкамі «OST». Гэта часовая сытуацыя, супакойваў мяне ён. Каб ня выдаць свайго вялікага расчараваньня, я прамаўчаў. Аднак рашэньне не даваць вывозіць моладзь у Нямеччыну было цьвёрдым.
У Наваградку я найперш захацеў спаткацца з Людмілай. Мне яе моцна бракавала, я хацеў абняць яе, пацалаваць. Што гэта была за дзяўчына! Заўсёды шчасьлівая, жыцьцялюбная, заўжды ў гуморы, зь усьмешкаю, прыветная, усё гарэла ў яе руках. А я ўсё баяўся зрабіць рашаючы крок, хоць калі бачыў гэтае юнае цела, у грудзёх у мяне ўсё палала, і пры гэтым я мусіў удаваць стрыманасьць. А яе шчокі таксама чырванелі. Мабыць, яна таксама радая была мяне бачыць.
Пасьля колькідзённых роздумаў я прыняў рашэньне распаўсюдзіць інфармацыю пра тое, як жывецца нашай моладзі ў Нямеччыне. У школе ладзілі нейкі сход, і я распавёў хлопцам, якіх рыхтавалі на будучых афіцэраў, пра ўбачанае, распавёў пра пляны Гітлера, выкладзеныя ў ягонай кніжцы, і сказаў ім, што ў нас няма выбару. Камуністаў мы падтрымаць ня можам, а зь немцамі таксама трэба быць вельмі асьцярожнымі. Я папрасіў іх перадаваць тое, што я распавёў, людзям, каб ніхто не наймаўся на працу ў Нямеччыну, а калі некага будуць цягнуць туды гвалтам, дык мы мусім дапамагаць ім хавацца. Пасьля гэтага я супрацоўнічаў зь немцамі толькі каб палегчыць дасягненьне беларускіх мэтаў: дапамагаць сваім людзям і ісьці да незалежнасьці.
Пасьля паездкі ў Нямеччыну і майго адкрытага незадавальненьня станам беларускіх работнікаў, вывезеных туды, пагоршыліся мае стасункі зь нямецкімі ўладамі. Мяне ўсё радзей запрашалі на сходы, дзе трэба быў перакладнік. Нешта дайшло да камісара наконт маёй сапраўднай дзейнасьці, і ў траўні 1942 года мяне скінулі з пасады перакладніка, пазбавіўшы ўсіх прывілеяў і картак на харчаваньне, цыгарэты і алькаголь. На маё месца ўзялі спадара Блескача, які падаваўся ім больш памяркоўным, але які насамрэч меў цьвёрдыя палітычныя й нацыянальныя перакананьні. Аднак і ён нядоўга напрацаваў на гэтай пасадзе, неўзабаве вярнуўшыся да юрыспрудэнцыі: ён быў судзьдзёю ў судзе па адміністрацыйных і крымінальных злачынствах, а палітычнымі справамі ён не займаўся.
Толькі мае стасункі з Вальфмаерам не сапсаваліся, нягледзячы на звальненьне. Рэч у тым, што ён быў закаханы ў адну з нашых патрыётак і таму гатовы рабіць для беларусаў усё, што мог. Ён папярэджваў нас пра акцыі, якія рыхтаваліся немцамі, папярэджваў людзей, якіх меліся арыштаваць, дзякуючы чаму яны пасьпявалі ўцячы. Аднак і ён ня змог выратаваць аднаго з самых актыўных сябраў нашай арганізацыі, першага бурмістра Наваградка Панька. Панько быў палымяным патрыётам, вельмі сьвядомым чалавекам і перакананым антыкамуністам. Немцаў ён ненавідзеў амаль гэтак жа моцна, як Саветы, але прыхоўваў гэтую нянавісьць, каб утрымацца на пасадзе. Мы цесна сябравалі зь ім, але ён меў адну слабасьць: ён піў – і нам прыйшлося намучыцца, каб адвярнуць яго ад гэтай хваробы. Цьвярозы ён быў проста золата, набраўшыся ж, ён гатовы быў выдаць усё, што думаў пра немцаў і ўсё свае пляны. І вось аднойчы ён зьнік. Мы папрасілі Вольфмаера ўмяшацца, але на гэты раз нават той ня ведаў, куды падзеўся Панько. Як мы ні намагаліся адшукаць яго, усё бяз толку. Я дабіўся спатканьня з камісарам Траўбам, аднак той паставіўся да мяне вельмі варожа. Яго моцна насьцярожыла таксама маё жаданьне даведацца пра лёс Панька. Пасьля ад жандармаў мы пачулі, што Панько зьнік з уласнай ахвоты, а куды, ніхто ня ведаў, але мы гэтаму ня верылі. Я быў амаль упэўнены, што яго заарыштавалі і згнаілі недзе ў нямецкай турме на падставе нейкага фальшывага абвінавачаньня.
Я ўтрымаўся выкладчыкам нямецкай мовы толькі таму, што мяне не было кім замяніць. Курсам, выхаваньню маладога пакаленьня я аддаваў увесь свой час. Памятаю першы выпуск пяцідзесяці зь нечым курсантаў, сьвята, прамову доктара Орсы, уздым энтузыязму і патрыятычных пачуцьцяў. Як усьцешна было бачыць, што новае пакаленьне беларусаў гатовае для дарослага жыцьця!
У той дзень на канцэрце мая каханая Людміла сьпявала ў дуэце і сола, а я, гледзячы на яе, баяўся паварухнуцца, настолькі яна была харошая. Я бачыў толькі яе і кахаў яе ўсё мацней і мацней.
Я працягваў распрацоўваць сваю ідэю наконт таго, каб выкарыстоўваць немцаў ва ўласных інтарэсах, пазьбягаючы рабаваньня нашых рэсурсаў Нямеччынай. Мы пачалі наладжваць кантакты з падпольлем, імкнучыся стварыць нейкую арганізацыю ў супрацоўніцтве зь ім, каб атрымалася дзейсная нацыяналістычная структура. Недзе пад канец траўня надарылася добрая нагода для гэтага. Мне пазваніў мой сябар Вова Родзька і запрасіў да сябе ў Менск, каб абмеркаваць сія-тыя нацыянальныя праблемы. Мы сустрэліся зь ім на пачатку чэрвеня 1942 году. Гэта было пад вечар у кватэры начальніка паліцыі Саковіча. Прысутнічалі таксама мой стрыечны брат Міхал Рагуля, Антон Адамовіч, літаратурны крытык зь Менску і вельмі таленавіты журналіст Шкялёнак. Усяго набралася чалавек з восем, і мы прынялі неабходныя меры асьцярожнасьці, напрыклад, прыходзілі на месца збору ў розны час. Наша сустрэча была нелегальнаю, бо тое, што мы зьбіраліся абмяркоўваць, мела вялікае значэньне для будучыні Беларусі. На гэтым паседжаньні была заснаваная нелегальная Беларуская незалежніцкая партыя (БНП). Партыя заставалася вернаю Ўстаўным граматам 1918 году, паводле якіх Беларусь абвяшчалася незалежнаю, а мэтаю партыі было здабыцьцё гэтай незалежнасьці. Мы хацелі ўтварыць Беларускую Народную Рэспубліку, у нашых мэтах было заснаваньне сеткі беларускіх патрыётаў, якая б уплывала на вельмі складаную сытуацыю на акупаваных немцамі тэренах. Пра тое, хто стаіць за БНП, мусілі ведаць лічаныя людзі, каб застрахавацца ад магчымага правалу і нямецкіх рэпрэсіяў. Мы публікавалі газэту «Бюлетэнь БНП», першы нумар якой выйшаў у жніўні досыць вялікім накладам. Адказным за выпуск шмат якіх нумароў быў я, а Людміла дапамагала мне, перахоўваючы, друкуючы і распаўсюджваючы выданьне. Я разумеў, што тым самым яна аказваецца ў небясьпецы, ды ня толькі яна, а таксама ўся яе сям’я, але той час я ня думаў пра асьцярогі. Бюлетэнь заклікаў беларускіх патрыётаў не скарацца, працягваць нацыянальнае змаганьне і дамагацца ад немцаў магчымасьці разьвіваць нацыянальнае жыцьцё. Мы папярэджвалі, што ў немцаў няма намеру даць нам незалежнасьць, што мы патрэбныя ім як працоўная сіла, гной для нямецкай культуры. Мы пісалі пра лёс беларускіх работнікаў у Нямеччыне і вынішчэньне жыдоў. Праца давала нам новую энэргію, і небясьпека толькі ўмацоўвала наш дух – так заўсёды бывае з моладзьдзю, уцягнутай у нелегальнае змаганьне. Старэйшым прыходзілася нават стрымліваць нас, бо празьмерная актыўнасьць магла прывесьці да правалу. Падпольная незалежніцкая сетка імкліва расла па ўсёй Беларусі, рос і попыт на інфармацыйны бюлетэнь. БНП абуджала энтузыязм патрыётаў, надавала сэнс нашаму жыцьцю. Ні хвілінкі не шкадаваў я пра страту пасады ў нямецкай адміністрацыі.
Тым часам актывізавалася дзейнасьць чырвонай партызанкі, партызанскія атрады ўсё часьцей нападалі на вёскі і нямецкі транспарт. Паўстала патрэба ў атрадах самаабароны. Юзік Сажыч, які вучыўся ў Менску ў афіцэрскай школе, вярнуўся дахаты, каб надаць арганізаванасьці такім атрадам у вёсках і мястэчках. Аднак немцы перашкодзілі нашым плянам. Можа ў іх была эўфарыя ад хуткага прасоўваньня нямецкага войска пад Сталінградам. Яны думалі, што абыйдуцца і без беларускай самааховы, а таму не аддалі абяцанай зброі і рыштунку. Становішча было абмеркаванае на пасяджэньні кіраўніцтва БНП. Усе пагадзіліся, што без уласных узброеных сілаў заставацца больш нельга. А нямецкай чыгуначнай паліцыі патрабаваліся фармаваньні для абароны чыгункі ад партызанаў. Я скантактаваўся зь Юзікам Сажычам і абмеркаваў зь ім ад імя БНП пытаньне арганізацыі атрадаў чыгуначнай аховы. Для іх трэ было дастаць форму і зброю. Становішча было цяжкім, але Юзік падрадзіўся дапамагчы нам. Ён змог апэратыўна стварыць цудоўна падрыхтаваныя групы з слухачоў школы, якіх падрыхтавалі на афіцэраў. Ён атрымаў форму ад нямецкай чыгуначнай аховы. Пасьля кароткага навучаньня іх накіравалі ў Ліду, у самае сэрца польскай падпольнай дзейнасьці, у горад, дзе, магчыма, знаходзіўся штаб Арміі Краёвай. На жаль, палякі, замест таго, каб змагацца зь немцамі і чырвонымі партызанамі, імкнуліся ўмацаваць кантроль за Лідчынай і Налібоцкай пушчай, каб цалкам палянізаваць гэтую тэрыторыю. Зьяўленьне Юзікавай часткі ў Лідзе, дзе яна прайшла праз горад зь беларускімі песьнямі, было ўспрынята як чырвоная шматка быком. Раней, пад дуламі акоўцаў-палякаў, Ліда выглядала, як цалкам польскі горад. Літаральна за пару месяцаў Юзік усё зьмяніў. Да яго пацягнуліся людзі, у адміністрацыі шмат якіх палякаў замянілі беларусамі.
Юзіку ў ягонай справе дапамагаў былы начальнік менскай паліцый Саковіч, які пайшоў з гэтай пасады, бо ня меў на ёй свабоды (паліцыю цалкам кантралявала гестапа). БНП паслала Саковіча ў Ліду ўзьнімаць беларускі нацыянальны супраціў. Ён меў заданьне зьвязацца з польскім супрацівам, каб наладзіць супрацоўніцтва, устанавіць давер, каб пазьбегнуць супрацьстаяньня між палякамі і беларусамі, якія мелі агульнага ворага – савецкі рэжым. Саковіч жа пабачыў, што польскія атрады сакрэтна супрацоўнічаюць зь немцамі, атрымліваюць ад немцаў баепрыпасы і амуніцыю пад умовай, што будуць ваяваць ня зь немцамі, а з чырвонай партызанкай, прычым гэта было даволі распаўсюджанай практыкай.
Тым часам пры канцы жніўня трагічны выпадак здарыўся ў Наваградку. Штабсляйтэр Вольфмаер трапіў у засаду ў Налібоках і загінуў. Я называю гэты выпадак трагічным, бо Вольфмаер быў сапраўдным сябрам Беларусі і падзяляў нашы намеры, разумеў нашае стаўленьне да Савецкага Саюзу, нашыя імкненьні пабачыць Беларусь вольнаю. Гэты чалавек ведаў, што мы ніколі ня станем поўнымі хаўруьснікамі Нямеччыны, што мы проста скарыстоўваем зь нямецкае акупацыі, каб разьвіваць нашу справу, але пры гэтым разумеў, што беларускія нацыяналісты маглі б быць у дапамозе дзеля нямецкага змаганьня з камунізмам. Аднак і яму не ўдавалася – ён сам у гэтым прызнаваўся – пераканаць найвышэйшыя ўлады, каб тыя зьмянілі сваё стаўленьне да беларусаў. Ён займаў такую ж пазыцыю, як барон фон Энгельгард, які падтрымліваў ідэю стварэньня незалежнай або, прынамсі, напаўнезалежнай Беларусі ў саюзе зь Нямеччынай, своеасаблівай буфернай дзяржавы, базай для далейшых дзеяньняў супраць Савецкага Саюзу. Спачатку ягоныя погляды на беларусаў сустракалі падтрымку сярод немцаў, але пасьля немцы зьмянілі сваю пазыцыю і вырашылі вызваліць на акупаваных тэрыторыях жыцьцёвую прастору для немцаў без увагі на нацыянальныя памкненьні мясцовага насельніцтва. Энгельгарда скінулі з пасады намесьніка міністра замежных справаў, адправіўшы працаваць лесьніком пад Наваградак. Энгельгард быў аўтарам кнігі «Weissruthenia», гісторыі Беларусі, у якой ён апісаў паходжаньне Беларусі, Вялікае Княства Літоўскае і ў правільным сьвятле падыходзіў да беларускай гісторыі й культуры. Хаця ён страціў увесь свой уплыў, але сустрэцца зь ім і абмеркаваць нашы праблемы было карысна, і аднойчы такая сустрэча адбылася. Трэба сказаць, што мой дзядзька і ён цесна пасябравалі.
Неяк мы былі ў яго разам зь дзядзькам, і я памятаю дзядзькавы словы: «Прабачце, барон, але немцы моцна памыляюцца, паўтараючы памылкі Напалеона. Вы перайшлі Нёман у той самы дзень, што і Напалеон; вы не спынілі прасоўваньня і не арганізавалі шляхоў забесьпячэньня войска, не стварылі буфэрных дзяржаваў у Беларусі і балтыйскіх краінах. Напалеон таксама сьпяшаўся заняць усю Расею і прайграў вайну. Ці ня думаеце вы, барон, што Нямеччына таксама прайграе вайну?» Энгельгард доўга маўчаў, а пасьля адказаў: «Баюся, вы маеце рацыю, але ня ўсё яшчэ страчана. Нямецкае войска хутка наступае на поўдні Савецкага Саюзу. Ёсьць шанцы, што праз пару дзён Сталінград будзе захоплены і тым самым будуць адрэзаны пастаўкі нафты. Гэта можа азначаць канец Савецкага Саюзу». «Я спадзяюся, што так і будзе, але сумняваюся». На тым размова й скончылася. Разьвітваючыся, мой дзядзька папрасіў нікому не распавядаць пра гэтую размову, бо тое, што разумеюць сябры, можа быць згубным, калі гэта стане вядомым каму яшчэ.
У Сталінградзе немцы былі разьбітыя. Ніхто гэтага не чакаў. Пра гэта не адразу стала вядома, толькі ў сьнежні ўдалося пачуць пра гэта па BBC зь Лёндану (іншым крыніцам інфармацыі давяраць было нельга). У нас была магчымасьць слухаць савецкае радыё, але мы лічылі зводкі савецкага радыё прапагандай і ня надта давяралі ім. Немцы сталі рабіцца ўсё больш і больш заклапочанымі, рэпрэсіі ўзмацніліся, але ставала ясна, што немцы прайграюць змаганьне з партызанкай.
Віктар узначальваў моцны партызанскі атрад, які дзейнічаў пад Наваградкам. Пры канцы 1942 году ён выйшаў на кантакт зь Людмілінай маці, якая тады жыла ў вёсцы Багудзенка. Жыцьцё ў Наваградку было вельмі цяжкім: па картках давалі нейкі мізэр, а на базары харчоў было не дакупіцца. Больш-менш прыстойна жылі толькі тыя, каму траплялі прадукты ад сваякоў ці сяброў зь вёсак. Віктар не адзін вечар прагаварыў з багудзенскім настаўнікам Міколам, распавядаючы яму пра жыцьцё ва ўсходняй Беларусі, сваёй бацькаўшчыне, дзе ён скончыў сярэднюю школу і скуль ён пайшоў у Чырвоную армію. Дзіўна было, што памкненьні да стварэньня беларускай дзяржаўнасьці ўсё яшчэ трымаліся і на ўсходзе. Віцебск заставаўся адным з моцных культурных цэнтраў, у тым ліку і беларускага нацыянальнага духу, нягледзячы на татальную дэнацыяналізацыю. Віктараў бацька выкладаў гісторыю і літаратуру ў беларускамоўнай школе, а маці працавала сакратаркаю ў гарвыканкаме. Віктар атрымаў беларускую адукацыю, быў выхаваны ў беларускім духу. Дзейнічаючы пад Наваградкам, вакол нашага цудоўнага возера Сьвіцязь, Віктар таксама абараняў Людміліну маці ад нападу партызанаў (тыя часта зьбівалі або расстрэльвалі мясцовых жыхароў, асабліва тых, чые сем’і жылі ў горадзе, хто лічыўся калябарантам). Дзякуючы сяброўству зь Віктарам, Людміліна маці і ўся іх сям’я жыла досыць няблага: маці не баялася часта наяжджаць у Наваградак, прывозіць сёе-тое з прадуктаў. Яна не магла не заўважыць, што я маю вялікую сымпатыю да яе дачкі, і добра паставілася да нашых стасункаў. А вось Людмілін бацька мне не давяраў, баючыся, што я пацешуся зь ягонай дачкою і кіну. Як жа ён памыляўся і якая малайчына была Людміліна маці.
Ішоў час, мянялася становішча на фронце, мянялася й становішча ў Наваградку, стаўленьне немцаў да нас. Арганізавалася «Самапомач» на чале з доктарам Ермачэнкам, якога гаўляйтэр Кубэ выклікаў з Прагі. Але гэтая арганізацыя была чыста паказушнай, яна мелася стварыць уражаньне, што беларусам дазваляюць мець сякую-такую сыстэму самакіраваньня, якой некалі, магчыма, будзе нададзена адміністратыўная ўлада. Насамрэч «Самапомач» стваралася зусім не для гэтага. Я сустракаўся ў Менску з доктарам Ермачэнкам, і ён мяне ня ўразіў: таўстун, слабая асоба, які імкнуўся ўзбагаціцца пры нагодзе і задаволіць адно свае ўласныя амбіцыі. Такіх і паплечнікаў ён сабе падабраў. Сярод прызначаных ім у розныя мясцовасьці прадстаўнікоў быў і спадар Якуцэвіч з Наваградка. На маю думку, ён быў стопрацэнтовым нямецкім агентам. Уся гэтая задумка з стварэньнем «Самапомачы» хутка выдыхлася, і пасьля забойства Кубэ новы губэрнатар генерал фон Готбэрг скінуў Ермачэнку зь ягонай пасады, выслаў назад у Прагу і забараніў выяжджаць стуль. Беларускія праграма самапомачы і самааховы так шырока й не разгарнуліся: немцы не давалі ні зброі, ні амуніцыі, адзін толькі Юзік Сажыч з сваімі выпускнікамі «настаўніцкіх курсаў» рабіў посьпехі ў Лідзе, разгортваючы беларускую дзейнасьць і спрыяючы нацыянальнаму ўздыму ў гэтых складаных краях, моцна скалянізаваных і кантраляваных польскім падпольлем.