Текст книги "Жыцьцё пад агнём"
Автор книги: Лявон Юрэвіч
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 14 страниц)
20 студзеня, калі я вячэраў, у хату ўвайшоў таварыш Сакалоў, які быў школьным інспектарам, і сказаў, што мусіць абмеркаваць са мной пэўныя прапановы ў дачыненьні да спартовых мерапрыемстваў. Я адказаў, што даем і тады сустрэнуся зь ім, але ён настойваў на тым, што гэта тэрміновая справа, і што яна зойме ня больш за паўгадзіны. Я апрануў зімовае паліто з футраным каўнерам і кучомку (падарунак маці), і мы рушылі ўздоўж Замкавай вуліцы. Мяне вельмі ветліва запрасілі зайсьці ў нейкі будынак, каб пагутарыць пра заняткі лыжамі. Я не ўсьведамляў, што гэны будынак – сядзіба КГБ, і што людзі, якія пераступаюць ейны парог, рэдка выходзяць адтуль вольнымі.
Начальнік КГБ спытаўся, ці не хацеў бы я вучыць новых рэкрутаў хадзіць на лыжах. Я адказаў, што заняты ў школе, але магу дапамагаць па выходных і пасьля паўдня, калі буду вольны. Ён запрасіў мяне прайсьці ў кабінет, каб далей абмеркаваць гэную справу, і загадаў таварышу Сакалову пачакаць палову гадзіны. Начальнік вельмі ветліва запрасіў мяне ў пакой, ля дзьвярэй якога стаялі два салдаты зь вінтоўкамі. Я быў зьдзіўлены, але ўсё яшчэ нічога не падазраваў. Мне загадалі сесьці, хаця я й выказаў жаданьне пастаяць. Калі я сеў, гэбіст запусьціў рукі ў мае кішэні, выцягнуў некаторыя дакументы й паведаміў, што я арыштаваны. Я быў агаломшаны. Я спытаў, за што, і начальнік адказаў, што гэта будзе вядома празь некалькі дзён. Я хацеў ведаць, у чым мяне абвінавачваюць альбо падазраюць. Мне адказалі, што ні ў чым, але я мушу застацца ў іхнай установе на ноч.
Мяне разьмесьцілі ў цёмным пакоі, футаў чатырох-шасьці. Я ня мог спаць. Мае думкі круціліся вакол савецкага панятку «вызваленьня». Тыя людзі, якім не давяралі, сыстэматычна, бясьсьледна зьнікалі. Цяпер надышла мая чарга. Уся гэная вайна, усе гэныя ўцёкі – нашто яны былі? Я ўзгадаў чалавека, якога мы пабудзілі, калі перайшлі мяжу: «Ідыёты! Вяртайцеся да немцаў і прыходзьце зь імі, каб вызваліць нас». Я быў маладым, дваццацігадовым ідэалістам, і я быў моцна расчараваны.
Ноччы мне прынесьлі колькі хлеба й кавы. Нараніцу мая стрыечная сястра Ніна прынесла мне крыху паесьці, бялізну, швэдар і настаяла на тым, каб разьвітацца. Каля 7:30 раніцы два ахоўнікі адвялі мяне на чыгуначную станцыю. У цягніку я сядзеў паміж імі, і яны загадалі мне маўчаць і ні з кім не размаўляць, нават калі пабачу знаёмых. Я меў права адказваць на прывітаньні, але толькі не ўступаць у размову. Калі я аслухаюся, то ахоўнікі мелі права ўжыць сілу, каб прымусіць мяне маўчаць. Гэта гучала даволі дзіўна, быццам яны размаўлялі са злачынцам.
Спачатку мяне адвезьлі ў Наваградак, а потым – у астрог у Баранавічах. Шнуркі й папругу ў мяне забралі, і нагавіцы боўталіся ў мяне на клубах. Таксама ў мяне адабралі гадзіньнік, ярлык ваеннапалоннага й усе паперы, якія меліся. Мяне ўкінулі ў камеру, і я апынуўся каля цэбру з экскрэментамі, які мянялі, калі ён напаўняўся. Як навічку мне дасталося самае пачэснае месца.
Было недзе пяць вечара, калі прынесьлі вячэру, якая складалася з надта салонай вэнджанай рыбы й нейкага кшталту вадкага ячневага супу. Хутка соль пачала паліць мне горла, бы агнём, але піць не было чага. Я пагрукаў у дзьверы й папрасіў вады. Мне адказалі, што дадуць вады, калі надыдзе на тое час, і рыкнулі, каб маўчаў. Раптам дзьверы адчыніліся, і было названае маё імя. Мне загадалі йсьці за ахоўнікамі. Я выйшаў, і яны папярэдзілі мяне, каб я трымаў галаву апушчанай і адварочваўся, калі нехта будзе праходзіць. Яны дадалі, што я мушу выконваць іхныя загады, бо інакш са мной можа здарыцца ўсё, што заўгодна.
Як высьветлілася, мяне вялі ў пакой для допытаў. Ён аказаўся амаль пустым – там былі толькі стол, крэсла й савецкі сьцяг. Крэсла стаяла перад сталом і нагадвала, хутчэй, крэсла з бара. Мне загадалі сесьці. Я пачуваўся ня надта каб утульна. Нехта ўвайшоў. Я зірнуў угору й пабачыў маёра КГБ. Ахоўнікі выйшлі, і мужчына спытаўся, ці не хачу я цыгарэту. Я адказаў, што нам давалі надта салоную ежу й мне больш хацелася б вады. Гэбіст сказаў, што я атрымаю ўсё, што захачу, пасьля таго, як ён высьветліць колькі пытаньняў. Ён спытаў маё імя, імя маёй маці, чым яна займаецца й усё пра маю сямью. На ўсё гэта спатрэбілася недзе каля гадзіны, і мяне ўсё мацней мучыла смага. Я сказаў, што ў мяне перасохла ў горле і што мне было б лягчэй гаварыць, калі б я папіў. Маёр параіў ня быць такім нецярплівым, таму што хутка мне дадуць вады. Ён затым пачаў пытацца, як я трапіў у Любчу й ці зьяўляюся я ваеннапалонным. Я распавёў сваю гісторыю й нагадаў, што ім і так добра вядома, што я ваеннапалонны, бо яны забралі мае ярлыкі. Маёр паглядзеў на мяне й сказаў, што, хаця ён не мусіць называць «таварышам» чалавека, які можа быць шпіёнам, але ён верыць, што я не шпіён, і таму назаве мяне «таварышам». Маёр папрасіў мяне расказаць пра палон. І я распавёў яму ўсё, хаця й апусьціў той факт, што пераходзіў мяжу задам-напярод, а таксама папярэджаньні палякаў. Я сказаў, што палякі, наадварот, падбухторвалі мяне ўцячы дамоў і вярнуцца з саветамі, каб вызваліць іх ад немцаў.
Пасьля гадзінаў дзьвюх допыту маёр пакінуў мяне й увайшоў другі гэбіст, які вельмі ветліва павітаў мяне. Ён сказаў мне, што ёсьць навічком, але прагледзеў ужо маю гісторыю наконт таго, як я перайшоў мяжу. Ён хацеў ведаць дэталі, а таксама, чаму я не паведаміў уладам пра сваё вяртаньне, калі апынуўся ў Беларусі. Я паўтарыў, што не лічыў гэна неабходным, бо ўцёк зь нямецкага палону на радзіму. Я пачуваўся вольным у сваёй роднай краіне й хацеў дабрацца дадому, як мага хутчэй. Я паведаміў, што, як толькі я прыехаў у Наваградак, я пайшоў у гарадзкую адміністрацыю, атрымаў дакументы й зьбіраўся паступаць ва ўніверсітэт у Львове. Я яшчэ раз распавёў гіторыю пра тое, як апынуўся настаўнікам у Любчы. Гэбіст на гэна заўважыў, што ўсё правільна, але немцы, магчыма, парушаюць пагадненьне, падпісанае Молатавым і Рыбентропам, і засылаюць у Беларусь шпіёнаў і агітатараў, каб падарваць палітычную стабільнасьць у Савецкім Саюзе. Я пацікавіўся, пытаецца ён альбо сьвярджае гэна як факт. Гэбіст параіў мне падумаць над тым, што ён сказаў, і спытаўся, ці не заўважыў я чаго-небудзь падазронага, што выдавала б на тое, што немцы зьбіраюцца напасьці на Савецкі Саюз. Я ветліва адказаў, што быў ваеннапалонным і што мы не абмяркоўвалі там ваенную стратэгію Нямеччыны, і таму я не магу пацьвердзіць ягоныя падазрэньні. Гэбіст прамаўчаў. Ён прабег вачмі па запісах маёра. У роце ў мяне зусім перасохла, мне рабілася млосна й я пачуваўся няўтульна на гэным крэсьле. Я папрасіў дазволу пайсьці ў прыбіральню, дзе я спадзяваўся папіць вады. Гэбіст даў мне дазвол, але, надзіва, ніякай вады там не было. Аднак я ўсё адно быў рады прайсьціся, разьмяцца, бо ў мяне ўсё цела здраньцьвела ад пастаяннага сядзеньня.
Калі я вярнуўся, мне загадалі сесьці йзноў, так, каб ногі не даставалі да зямлі, і пакласьці рукі на калені. Уся вага майго цела сканцэнтравалася цяпер на задзе, да таго ж я сядзеў на цьвёрдым няўтульным крэсьле. Празь нейкі час гэбіст схапіў графін з вадой і пачаў піць так, што вада цякла ў яго па падбародзьдзі й крапала на кашулю. Гэны кат назваў мяне «Барысам Дзьмітрычам», што лічылася ветлівай формай, і запытаў, ці не хачу я папіць вады. Калі я адказаў станоўча, ён сказаў, што, калі я падпішу прызнаньне, то атрымаю вады і мяне вызваляць. Я не разумеў, як чалавека могуць выпусьціць, калі ён прызнае, што зьяўляецца шпіёнам і займаецца контррэвалюцыйнай дзейнасьцю, што да таго ж і няпраўда. Я з выклікам адказаў, што не хачу піць і што мне няма ў чым прызнавацца. Я апусьціў галаву й вырашыў больш нічога не казаць. Мінуў пэўны час, калі гэбіст спытаўся, ці не хачу я пацьвердзіць сваё жаданьне служыць Савецкаму Саюзу і такім чынам атрымаць свабоду. Я спытаўся, што яшчэ яны ад мяне хочуць. Як яшчэ я магу запэўніць іх, што хачу служыць Савецкаму Саюзу лепш, чым я гэта ўжо рабіў. Я працаваў настаўнікам, займаўся з вучнямі спортам і рабіў усё магчымае для выхаваньня моладзі, што задаволіла б любую дзяржаву. Гэбіст заўважыў, што гэта файна, але было б яшчэ лепш, калі б я пагадзіўся даносіць на сваіх дзядзькоў Барыса й Шчатырку, каб запэўніць дзяржаву ў сваёй надзейнасьці. Я быў агаломшаны і сказаў, што, калі я пагаджуся, нават ён ня дасьць мне рукі, бо данос – гэта найбруднейшая справа. Тым больш што й даносіць не было пра што, бо яны ёсьць лаяльнымі грамадзянамі Савецкага Саюза й адданымі настаўнікамі. Я даў гэбісту зразумець, што ня стану шпіёнам у саёй сямьі. Вочы ў гэнага нахабніка шырока адкрыліся. Ён сказаў мне, што найлепшае, што я магу зрабіць для сваёй краіны, – гэта даносіць на антысаветчыкаў, і пацікавіўся, ці не лічу я працу на карысьць Савецкага Саюза ніжэй сваёй годнасьці. Ён распавёў мне пра Марозава, сямігадовага хлопчыка, які стаў героем Савецкага Саюза, бо данёс на сваіх бацькоў-контррэвалюцыянераў. Іх расстралялі, а ён стаў героем. Я падзякаваў, але заўважыў, што не лічу Марозава героем і не шукаю для сябе геройства такога кшталту. Сьледчы адказаў, што я яшчэ пашкадую, што адмовіўся, але, калі я перадумаю, то мушу паведаміць аб гэтым.
Ён устаў, выйшаў, і затым увайшоў іншы сьледчы. Ён сеў за стол, запаліў цыгарэту й пачаў піць ваду. Паверце, калі хто-небудзь хацеў піць гэтак сама, як я тады, той зразумеў бы, якая гэта пакута – глядзець на некага, хто п’е ваду. У мяне язык прысох да нёба, а цела гарэла. Мне было млосна, мяне мучыла смага, і я ня ведаў, што рабіць. Сьледчы зірнуў на мяне, і я заўважыў лютую жорсткасьць у ягоных вачах. Празь нейкі час ён назваў мяне па-бацьку й спытаўся, як я пачуваюся. Я зманіў, што добра. Ён спытаў, ці абдумаў я прапанову ягонага калегі. Я адказаў станоўча й дадаў, што маё рашэньне канчатковае й што я не хачу ўздымаць гэнае пытаньне йзноў. Ён заўважыў, што й не зьбіраецца гэтага рабіць, а проста хоча, каб я яшчэ раз распавёў гісторыю сваіх уцёкаў. Я спаслаўся на тое, што рабіў гэта ўжо два разы, але сьледчы настойваў, бо я, быццам бы, прапусьціў нейкія дэталі. Ці можаце вы сабе ўявіць, што вам трэба распавядаць тую ж самую гісторыю, зь перасохлым ротам, пасьля чатырох-пяці гадзінаў допыту? Калі я пачаў, сьледчы перарваў мяне й загадаў адразу перайсьці да дэталяў, кшталту імені першага чалавека, зь якім я размаўляў на тэрыторыі Савецкага Саюза. Я адказаў, што гэна была мая маці. Сьледчы заявіў, што я маню, і гэта праўда, але што я мог ведаць пра гэнага селяніна? Ды я й ня стаў бы ўблытваць яго. Я сказаў, што мы з Косьцікам разышліся, і я сеў на цягнік у Наваградак. Гэбіст хацеў ведаць, дзе я ўзяў грошы, і я зхлусіў, што Косьцік прынес мне іх на станцыю. Там мы разьвіталіся й ніколі больш ня бачыліся. Сьледчы пачаў даводзіць, што я не дастаткова шчыры зь імі, у адрозьненьне ад Косьціка. Я на гэна заўважыў, што, калі Косьцік казаў нешта іншае, то гэта таму, што яго прымусілі. Я вырашыў прытрымлівацца свайго варыянта падзеяў, бо калі я пачну мяняць усё больш і больш дэталяў, супраць мяне будзе больш абвінавачаньняў.
Допыт працягваўся. Сьледчы хацеў даведацца пра маю дзейнасьць у гімназіі й пра тое, як я падбухторваў вучняў зьбіраць грошы, каб пабудаваць школу. Гэбіст паведаміў, што я вядомы ім як беларускі нацыяналіст, і што немцы, магчыма, зьбілі мяне з панталыку сваёй нацыяналістычнай і антысавецкай прапагандай. Сьледчы даводзіў, што немцы проста гулялі з маімі пачуцьцямі й перацягнулі мяне на свой бок, каб заслаць у Савецкі Саюз зь нейкім заданьнем. Гэбіст хацеў ведаць канкрэтна, якія заданьні я меў для дзядзькі Базыля, якога кшталту шпіёнскую дзейнасьць я распачаў і якую зброю я хаваю ў Налібоцкай пушчы.
Допыты, здаецца, цягнуліся бясконца, а сьледчыя мяняліся раз на дзьве гадзіны. Наступны ўвайшоў і прапанаваў цыгарэту. Я адмовіўся. Потым ён прапанаваў мне вады. Я ведаў, што ён ня дасьць мне яе, і йзноў адхіліў прапанову. Мне рабілася ўсё горш. Вочы ў мяне зьліпаліся. Пакой, здаецца, пачаў круціцца, і мне выдавала, што я падаю з крэсла. Я папрасіўся ўстаць, але гэбіст ня даў мне дазволу. Сьледчы паліў цыгарэту, праглядаў запісы, сьпяваў сабе пад нос папулярную савецкую песеньку й не зьвяртаў на мяне ніякай увагі. Усё было, як у тумане, і я ня ведаў, размаўляю я ўслых ці пра сябе. Мне здавалася, што я на рыбалцы, а потым – у арміі, што я ваеннапалонны й спрабую ўцячы. Гэна было так, быццам у галаве маёй круціўся фільм. Затым я пачуў загад гэбіста распавесьці сапраўдную гісторыю сваіх уцёкаў. Я адказаў, што ўжо паведаміў ім усю праўду й не магу больш нічога дадаць. Ён параіў мне добра падумаць, бо я падабаўся яму, таму што я, відаць, чалавек інтэлігентны. Ён параіў мне падумаць пра маці, якая нават ня ведае, дзе цяпер ейны адзіны сын. Падумаць, што яна будзе адчуваць, калі даведаецца, што я контррэвалюцыянер, які адмаўляецца служыць на карысць Савецкаму Саюзу. Падумаць, як шмат Савецкі Саюз зрабіў пасьля рэвалюцыі, колькі людзей ахвяравалі сваім жыцьцём, каб працоўная кляса, зь якой я паходжу, атрымала свабоду. Падумаць пра дыктатуру пралетарыята, і колькі было праліта крыві. Я сапраўды пачаў думаць пра тое, колькі крыві невінаватых людзей было праліта, колькі сялянаў, якія не хацелі ўваходзіць у калгасы, прафесароў, настаўнікаў было саслана, расстраляна, адпраўлена ў лягеры паміраць павольнай сьмерцю. Я быў крыху разгубленым, бо ня ведаў, сказаў я ўсё гэна ўслых альбо не. Я згубіў арыентацыю ў часе, і мне здавалася, што я зараз страчу прытомнасьць. Раптам сьледчы падышоў да мяне, узьняў і два разы ўдарыў па твары, каб прымусіць мяне гаварыць. Мне хацелася вырвацца й даць яму здачы, але я стрымаў сябе й не сказаў ні слова. Гэна ўзлавала гэбіста. Ён выцягнуў пісталет, прыставіў яго да маёй скроні й сказаў, што маё жыцьцё будзе каштаваць сем капеек, калі я не пагаджуся супрацоўнічаць. Затым ён націснуў на курок. Відаць, я зьнепрытомнеў ад страху альбо шоку, бо, калі я ачуняў, то заўважыў, што гэны сьледчы выйшаў і яго замяніў новы. Ён выглядаў такім сьвежым, шчасьліва ўсьміхаўся, і допыт пачаўся ўзноў.
Тыя самыя пытаньні, нанова й нанова. Я ўжо не заўважаў, як мяняюцца сьледчыя. Нарэсьце ў вачах у мяне пацямнела, і калі я апрытомнеў, то апынуўся ўжо ў камеры з трыццацьцю-сарака іншымі зьняволенымі. Я ляжаў каля цэбра, напоўненага фекаліямі й мачой. Каля мяне сядзеў чалавек, гадоў шасьцідзесяці-шасьцідзесяці пяці, з добрымі блакітнымі вачыма й прыемнай усьмешкай. Ён спытаўся, як мяне клічуць, і ветліва называў мяне Барысам Дзьмітрычам. Стары заўважыў, што я дрэнна выглядаю й прапанаваў мне вады й крыху свайго хлеба. Пасьля таго, як я паеў і папіў, мне палепшала. Мяне моцна кранула абыходжаньне старога. Ён паклаў мне руку на лоб і папрасіў расказаць, як я тутака апынуўся. Я адказаў, што мне варта было паслухацца селяніна, які параіў вярнуцца ў Польшчу й прыйсьці потым зь немцамі, каб вызваліць Беларусь ад саветаў. Я дадаў, што моцна расчараваўся ў савецкай Беларусі, якая была цяпер усяго толькі калёніяй Савецкага Саюза, поўнай хлусьні й незаконнага перасьледу. Пасьля доўгай размовы, у якой я сказаў больш, чым, напэўна, усім астатнім людзям, бо мяне ўсхвалявала спагадлівасьць старога, ён сказаў, што мне прыдзецца заплаціць па вялікім рахунку і што яму моцна мяне шкада.
Мы паспрабавалі заснуць на саломе. Мне прысьнілася мая заплаканая маці й дзед з бабай, якія бядуюць пасьля майго арышту. Я даведаўся, што ў той час, як я быў у астрозе, гадзіне а сёмай вечара чатыры гэбісты без папярэджаньня, ледзь не зламаўшы дзьверы, уварваліся ў хату маіх дзеда й бабкі, дзе жылі яшчэ мае цётка зь дзядзькам і іхныя дзеці. Усіх сагналі ў кут, прымусілі ўзьняць рукі ўгору й абшукалі на прадмет зброі. Маіх дзеда з бабкай таксама выцягнулі зь іхнага маленькага пакойчыка й абшукалі разам з астатнімі. Гэта бязглузьдзіца – падазраваць старых людзей у злачынствах супраць дзяржавы! Пакуль адзін з гэбістаў вартаваў маю радню, астатнія тры абшукалі хату. Яны пазрывалі пошыўкі, параскідалі пер’е, зламалі дзьверцы ў шафах, аблазілі подпал. Я нават не магу апісаць гэную жорсткасьць, зь якой яны абшуквалі хату. Было праверанае ўсё: кнігі, лісты, нататкі, – але знайсьці яны, натуральна, нічога ня здолелі. На шчасьце, ім ня трапіліся лісты ад Янкі Хутара, бо, інакш, хаця ў іх і ня мелася нічога сур’ёзнага, яго б, як і мяне, запісалі ў контррэвалюцыянеры. Маёй цётцы ледзь не зрабілася млосна, а мая бабка, якая не магла даўмецца, што адбываецца, пачала маліцца. Адзін з гэбістаў абазваў яе дурніцай, бо Бог не дапаможа ёй, таму што ейны ўнук – контррэвалюцыянер і яго ўжо нішто ня выратуе. Калі гэбісты пакінулі наш дом, мая сямья сядзела, бы паралізаваная. Моўчкі яны прыбралі ў хаце, і мая цётка прапанавала паведаміць пра ўсё маёй маці ў Наваградку. Усе замоўклі. Яны памяталі, як яна пакутвала, калі я знаходзіўся ў палоне, і нават ня ведала, ці жывы я. І цяпер, праз колькі месяцаў пасьля майго вяртаньня, мяне арыштавалі саветы. Надзеі, здавалася, не было ніякай. Савецкі ўрад, які ніколі нікім не абіраўся, тварыў страшнае зло ў краіне, якую заваяваў. Урад, які мусіць слугаваць свайму народу, пераўтварыў яго ў рабоў. Празь некалькі гадзінаў, калі ўсё йзноў было ў парадку, прынамсі, зьнешне, цётка Люба прапанавала нараніцу зьвязацца з маёй маці. Яны спадзяваліся, што маці, магчыма, паспрабуе разьведаць, што са мной здарылася.
Наступным днём яны знайшлі маю маці ў лячомніцы, дзе яна працавала. Мне пераказвалі потым, што маці толькі-толькі выйшла з аперацыйнага пакоя й, калі ёй перадалі, што тэлефануюць зь Любчы, яна радасна пабегла да апарата, бо спадзявалася, што гэна я. Аднак гэна была ейная сястра, Люба, і яна паведаміла маці дрэнныя весткі. Маці зьбялела й замоўкла, потым спыталася, дзе дакладна я знаходжуся, паклала слухаўку, а затым пабегла ў міліцыю, каб атрымаць даведку пра мяне. Яна расказала дзяжурнаму афіцэру пра мой арышт мінулай ноччу ў Любчы й спыталася, дзе мяне трымаюць. Афіцэр адказаў, што яму нічога не вядома пра арышт і папрасіў больш не турбаваць яго. Але маці настойвала й дадала, што мяне арыштаваў КГБ, і што яна патрабуе, каб афіцэр патэлефанаваў каму-небудзь і спытаўся, што са мной здарылася. Ён загадаў ёй пакінуць яго ў спакоі, калі яна ня хоча непрыемнасьцяў, бо ім вядома пра ейны ўдзел у Грамадзе, беларускай нацыяналістычнай арганізацыі. Афіцэр папярэдзіў, што ёй лепш пакінуць іх дабравольна, інакш яе таксама возьмуць на допыт, і сілай выкінуў маці з участка. (Грамада зьяўлялася больш культурнай, чым палітычнай арганізацыяй, якая мела на мэце захаваньне беларускай мовы й культуры й якая, відаць, была нейкім чынам зьвязаная з Камуністычнай партыяй, якая выкарыстоўвала Грамаду як буфер для сваёй дзейнасьці. Аднак згодна з мэмуарамі майго дзядзькі Базыля, Грамада была чыста нацыяналістычнай арганізацыяй, якая ня мела нічога агульнага з камуністамі.) Маці села на бліжэйшы цягнік на Любчу й пайшла ў мясцовы КГБ. Яна прадставілася дзяжурнаму й паведаміла, што, наколькі яна разумее, яны мінулай ноччу арыштавалі ейнага сына. Дзяжурны пацьвердзіў гэна й дадаў, што ня можа нічога казаць, пакуль ня высьветліцца, якія абвінавачаньні мне прад’яўляюць. Маці заўважыла, што яны ня маюць права затрымліваць мяне, калі ў іх няма пэўных абвінавачаньняў, і папрасіла перадаць мне пакет з грашмі, але ёй адмовілі. Тады маці пайшла да дзеда й, відаць, упершыню ў жыцьці залілася сьлязьмі.
Я здолеў заснуць, але ноччы адчыніліся дзьверы й было названае маё ймя. Мяне выклікалі з камеры. Я выйшаў, і мне загадалі апрануць паліто й начапілі наручнікі. Затым мяне вывелі ў цёмны двор, дзе ўжо чакаў грузавік. Там сядзелі два салдаты й адзін зьняволены.
Гэнай студзеньскай ноччу ярка сьвяцілі зоркі, бо было марозна. Наручнікі вельмі хутка пахаладнелі. Калі мы ехалі, у мяне ад марозу гарэў твар. Празь некалькі гадзінаў мы прыехалі ў Менск – сталіцу Беларускай Савецкай Сацыялісттычнай Рэспублікі. Мы спыніліся каля вялікіх варотаў, якія зачыніліся, як толькі мы заехалі ў двор. Мяне адвялі ў будынак, упіхнулі ў нейкі пакой і абшукалі. Затым мне растлумачылі, што мяне прывезьлі ў Менск для далейшага расьсьледваньня. Мяне абвінавацілі ў тым, што я лёкай беларускай нацыянальнай буржуазіі. Мяне таксама абвінавацілі ў нелегальным пераходзе мяжы, контррэвалюцыйнай дзейнасьці, шпіянажы на карысьць Нямеччыны, захоўваньні зброі й падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня супраць Савецкага Саюза. Мне загадалі падпісаць паперу, дзе казалася, што я прачытаў абвінавачаньні супраць мяне. Я адказаў, што ня буду падпісваць лухту. Мне загадалі замаўчаць і не адкрываць рота, пакуль мне не загадаюць. Мне паведамілі, што допыты будуць працягненыя, і, калі расьсьледваньне скончыцца, мне паведамяць пра вынікі.
Мяне павялі па шматлікіх лесьвіцах і я здагадаўся, што астрог быў пабудаваны кругам, з пляцам усярэдзіне. Гэна быў паўцёмны трох-чатырохпавярховы будынак, з ахоўнікамі на кожным паверсе. Ахоўнікі зазіралі ў камерныя вочкі, каб праверыць зьняволеных. Мяне ўпіхнулі ў 17 камеру, і дзьверы за мной зачыніліся. Цяпер ужо знаёмы жахлівы грукат дзьвярэй адрэзаў мяне ад навакольнага сьвету.
Я агледзеў камеру. Над дзьвярыма вісела моцная лямпачка, якая асьвятляла мой ложак. У адным куце стаяў стол, прыкручаны да сьцяны, і крэсла, а ў другім – параша. Камера была футаў чатырох-пяці ўшыркі й недзе дзесяці – у даўжыню. Высока ў сьцяне знаходзілася вакно, але яно было зачыненае знадворку, і толькі ў самым версе была ледзь заўважная шчыліна. Стаяла ноч, і цяжка было разабрацца, колькі сьвятла трапляла праз вакно ўдзень. Я стаяў спіной да дзьвярэй, аглядаў камеру й думаў, колькі яшчэ мне прыдзецца пакутваць у йзаляцыі. Вочка ў дзьвярах адчынілася, і нехта гаркнуў, што я мушу распрануцца й пакласьціся спаць. Ложак трэба было адкінуць ад сьцяны, як у цягніку. Матрац быў саламяным, але мелася падушка. Я заснуў, але раптам прачнуўся, бо па мне нешта паўзло. Гэна былі клапы – сотні клапоў. Я падняўся з ложка, каб атрэсьці іх зь сябе. Потым я лёг на падлогу, але той самы голас загадаў мне йзноў пакласьціся ў ложак.
Раніцай я паскардзіўся, што мяне змучылі клапы, і мне далі нейкае прыстасаваньне, з дапамогай якога іх можна было выгнаць з ложка й шчылінаў у сьцяне, дзе яны хаваліся. Да таго ж зьмянілі матрацы, і наступнай ноччу клапы мяне ўжо не турбавалі. Мне далі вады й нейкага адсырэлага ліпкага хлеба. Хлеб трэба было расьцягнуць на цэлы дзень, бо на палудзень і на вячэру яго не давалі. Я сеў у куце за стол і скамянеў. Я больш нічога не адчуваў. Жыцьцё, здавалася, скончылася, мары разьбіліся, спадзяваньні ня спраўдзіліся. Я думаў пра сваю маці, пра сямью й разважаў, нашто трэба было ўцякаць зь Нямеччыны.
Калі ўзышло сонца, я заўважыў, што шчыліна ў вакне была сантымэтра два-тры. Сонца асьвятляла сьцяну, і я стаў пазначаць на ёй ня толькі дні, але й час сьвітанку, паўднё й захад сонца. Прынамсі, я ведаў час.
Гэнай ноччу, каля дзесяці, мне загадалі легчы спаць, але праз гадзіну ахоўнік адчыніў дзьверы й загадаў ісьці за ім. Мяне павялі празь лябірынт калідораў і некалькі разоў я мусіў паварочвацца тварам да сьцяны. Я тады адчуваў, што нас нехта мінае, магчыма, іншыя зьняволеныя. Мяне прывялі ў пакой бяз вокнаў са сталом і крэслам перад ім, як і раней. Увайшоў і прыязна заўсьміхаўся малады чалавек. Ён быў гладка паголеным і, увогуле, вельмі чысьценькім і акуратным. Ён зрабіў на мяне прыемнае ўражаньне й назваў мяне Барысам Дзьмітрычам. Ён сказаў мне, што мы аднагодкі й што ён хацеў бы называць мяне таварышам, каб падкрэсьліць, што мы зь ім роўныя. Ва ўсякім разе, ў мяне ёсьць шанец стаць роўным. Шанец служыць Савецкаму Саюзу й абараняць яго, як гэта рабіў ён. Ён запэўніў мяне, што гэтыя ганаровыя абавязкі дапамогуць мне зрабіць кар’еру. Але пакуль ён устрымаецца ад таго, каб называць мяне таварышам, але будзе з павагай зьвяртацца да мяне «Барыс Дзьмітрыч». Ён спадзяваўся, што маё сумленьне яшчэ прачнецца й я раскаюся ва ўсіх памылках, што зрабіў. Ён дадаў, што разумее, што я мусіў перажыць у нямецкім лягеры, і ўяўляе, як немцы зьдзекваліся зь мяне, але ўсё цяпер залежала ад мяне. Я цяпер, быццам бы, меў шанец атрымаць прабачэньне й пачаць усё з пачатку.
Я заўважыў перамену ў ягоным голасе, і выдавала на тое, што гэбіст зараз ізноў пачне задаваць пытаньні. Я сказаў, што мяне ўжо дапрошвалі некалькі гадзінаў і што мне няма чаго дадаць. Ён спытаўся, ці ёсьць я пляменьнікам Базылю Рагулю. Сьледчы хацеў ведаць падрабязнасьці пра майго дзядзьку, які ня надта спагадліва ставіўся да камуністаў, калі быў польскім сэнатарам. Я сказаў, што ведаю толькі, што дзядзька змагаўся за правы беларусаў як этнічнай меншасьці ў Польшчы й адседзеў за гэна два гады ў віленскай турме. Гэбіст заўважыў, што ўжо ведае ўсё гэта, а таксама тое, што мой дзядзька ніколі ня меў дачыненьня да прагрэсіўнай кампартыі Заходняй Беларусі. Я адказаў, што ня ведаю, наколькі гэная партыя ёсьць прагрэсіўнай, але я ведаю, што ў нас мелася папулярная партыя Грамада, якая прываблівала шмат патрыётаў, бо змагалася супраць зьнявагі беларускага народа ў Польшчы. Гэбіст паведаміў мне, што Грамада падтрымлівалася кампартыяй і што мой дзядзька адмовіўся ад гэнай дапамогі. Я адказаў, што мне гэна невядома. (Я памятаю, як дзядзька аднойчы сказаў мне, што яму прапаноўвалі далучыцца да Грамады, але ён адмовіўся, бо лічыў яе мастом да камунізму. Ён адказаў гэным людзям, што ён не камуніст і што ён мае права мець уласныя палітычныя погляды. Ён дадаў: «Калі я не зьбіраюся на другі бок ракі, то мне не патрэбны й мост».) Канечне, я ня мог распавесьці гэнага сьледчаму, бо тады майго дзядзьку б арыштавалі й пачалі дапытваць, як і мяне. Таму я проста заўважыў, што мой дзядзька падабаўся народу, бо падтрымліваў ідэю беларускага нацыянальнага адраджэньня, а таму яго выбралі ў польскі парлямант, а потым і ў сенат.
Малады чалавек запярэчыў мне, што ў мяне няправільнае ўспрыняцьце мінулага, бо я быў падвержаны прапагандзе, якая зфармавала мае палітычныя погляды. Потым ён пачаў запэўніваць мяне, што я проста ня ведаю гісторыі, і што гэта саветы стварылі Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, вызваліў беларускі народ, адчыніў школы й г.д. Я ня стаў удавацца ў дэталі, але ўсё ж запярэчыў, што Савецкі Саюз ня мог стварыць Беларускую Рэспубліку, бо яна была абвешчаная яшчэ ў 1918 годзе. Сьледчы запярэчыў, што ўсё гэта няпраўда, нямецкая агітацыя, і што беларусы мусяць дзякаваць Савецкаму Саюзу за стварэньне рэспублікі. Я разгарачыўся. Гэбіст уцягнуў мяне ў дыскусію, і я пачаў спрачацца, што той проста ня ведае гісторыі Беларусі. Я ўзбуджана распавядаў пра барацьбу беларускай інтэлігенцыі за незалежнасьць ад Польшчы й Расеі. Я ўзгадаў Княства Літоўскае, Кастуся Каліноўскага, які загінуў ад рукі царскага палача ў 1863 годзе, таму што хацеў, каб Беларусь была незалежнай. Я не ўсьведамляў тады, што выкладаю ім свае палітычныя погляды й патрыятычныя памкненьні. Сьледчы перахітрыў мяне. Працяглы час мы маўчалі. Гэбіст разглядаў паперы ў сябе на стале. Ён сказаў, што яму вельмі шкада мяне. Што я валодаю памылковай інфармацыяй, і мне, відавочна, нехта прамыў мазгі, магчыма, у лягеры для ваеннапалонных.
Сьледчы ведаў, што немцы дазволілі лекару Міколу Скорсу аб’яднаць вялікую колькасьць беларускіх патрыётаў у Беларускі нацыянальны камітэт у Берліне. Шмат хто з гэных патрыётаў вучыўся тамака перад вайной, але некаторыя былі вызваленыя зь лягеруў, і ім была прапанавая праца, як мне. Я сказаў сьледчаму, што мне ніколі ніхто не прамываў мазгоў. Тым больш, што я знаходзіўся ў лягеры нядоўга, і проста не было часу на тое, каб мне навязалі нейкія йдэі. Мы йзноў надоўга замаўчалі. Гэбіст праглядаў паперы, лічыў старонкі, паглядаў на мяне. Ён знарок маўчаў, і я пачаў пачувацца яшчэ больш няўтульна. Я здагадваўся, што сьледчы падазрае мяне ў сувязі з гэным камітэтам і думае, што мяне заслалі ў Беларусь. Гэна было няпраўдай, але як я мог даказаць гэта?
Празь нейкі час гэбіст заўважыў, што я, здаецца, ня надта схільны ды размоваў. Па ягоных словах было ўжо чатыры раніцы, і сьледчы прапанаваў прыпыніць допыт, каб я як сьлед усё абдумаў, а потым расказаў пра сябе крыху больш, чым зараз. Гэбіст націснуў кнопку, увайшоў ахоўнік і загадаў мне ісьці за ім назад у камеру. Калі я ўжо выходзіў, сьледчы заўважыў, што супрацоўніцтва зь імі дапаможа мне атрымаць свабоду. Я прамоўчаў – павярнуўся й пайшоў за ахоўнікам.
У калідорах панавала цемра. Калі дзьверы за мной зачыніліся зь ненавісным ужо бразгатаньнем, я падумаў, што зажыва пахаваны тутака. У мяне пацяжэла галава, і я пачуваўся прыгнечаным. Я зразумеў, што абвінавачаньні, якія мне прад’яўлялі, былі значна цяжэйшымі, чым я мог уявіць. Мяне падазравалі ў тым, што я засланы немцамі з мэтай арганізацыі пэўнай антыўрадавай дзейнасьці, і маю заданьні ад Беларускага камітэта ў Берліне. Прычым, я ня мог даказаць сваю невінаватасьць.
А сёмай раніцы мяне йзноў пабудзілі. Мне не дазвалялі спаць удзень. Я сеў на крэсла ў куце, якое было прыкручанае да сьцяны, і паспрабаваў паспаць, але так, каб не заўважыў ахоўнік. Таксама я зрабіў з хлебнага мякіша шахматы й спрабаваў гуляць сам з сабой: левай рукой супраць сваёй жа правай. Я пачаў уцягвацца ў гульню, але баяўся, што зьеду з глузду.
Некалькі дзён прайшло бяз допытаў. Кожную раніцу й удзень я рабіў зарадку, наколькі гэна было магчыма ў такой абмежаванай прасторы: выконваў хадзьбу, бег на месцы, адзьцісканьні. Я спадзяваўся, што яшчэ, магчыма, надарыцца магчымасьць зьбегчы, і я мушу быць у добрай форме. Я не хацеў мірыцца з тым, што мне прыдзецца сядзець у турме да канца маіх дзён. Я верыў, што нешта можа здарыцца й я буду йзноў вольным.
Ежа кожны дзень была аднолькавая: палова фунта мокрага, ліпкага хлеба, які ня меў ніякага смаку, і рыбны суп са шматкамі бульбы на палудзень і вячэру. Гэнага было дастаткова толькі, каб не памерці, але я не пачуваўся галодным. Я страціў апетыт праз дэпрэсію, прыніжэньне й безнадзейнасьць. Я заўважыў, што губляю вагу й стамляюся хутчэй, чым звычайна.
Аднойчы ў сярэдзіне лютага, апоўначы, пасьля некалькіх гадзінаў адпачынку, мяне йзноў выклікалі на допыт. Я йшоў за ахоўнікам, але гэным разам ён павёў мяне ў сутарэньні. Пакой для допытаў быў гэткім жа самым: крэсла, стол, лямпа. Мне загадалі сесьці, і затым увайшоў афіцэр-гэбіст. Калі я зірнуў на яго, то ў мяне мурашкі пабеглі па скуры. Я спужаўся, спужаўся ўпершыню за ўвесь час. Сьледчы быў надта высокім, з шырокімі плячыма, гадоў сарака-пяцідзесяці. У яго быў вузкі лоб, шырокія бровы, цёмныя вочы, гарбаты нос, вялікія вусны й цяжкое падбародзьдзе зь ямкай пасярод. Афіцэр быў гладка паголены й акуратна апрануты. У яго быў жорсткі, змрочны выраз твару, які не пакідаў вам ніякай надзеі, і стваралася ўражаньне, што гэны чалавек можа выкарыстаць якія заўгодна метады допыту.