Текст книги "Жыцьцё пад агнём"
Автор книги: Лявон Юрэвіч
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 14 страниц)
– Як доўга вы займаецеся з эскадронам?
– Амаль тыдзень. – адказаў камандзер.
– Гм, гм… – замармытаў гэнэрал.
Вярнуўшыся ў казармы, ён падзяліўся ўражаньнем зь інспэкцыі батальёну пад нямецкай камандай. Ён не разумеў, чаму той батальён, хоць і раней сфармаваны, робіць уражаньне арганізацыйнай стадыі.
Заняткі адбываюцца нерэгулярна, жаўнеры няспраўна выконваюць каманды. Наагул немагчыма параўнаць узровень абыдвух адзінак.
– Там не хапае ўздыму. Жаўнеры выконваюць загады з мусу або страху. Няма ніякага духовага кантакту паміж камандзерамі-немцамі і жаўнерамі-беларусамі. Калі яны патрапяць выясьніць, супраць чаго ён змагаецца, дык ніколі жаўнер яго не зразумее, за што ён мае змагацца.
Доўга яшчэ «ўсьведамляў» гэнэрала камандзер эскадрону, але ці асела нешта з гэтага ў ягоных цьвёрдых мазгах, цяжка сказаць. Коратка перад ад’ездам гэнэрал нейк нявыразна запрапанаваў:
– Бачыце, можа дзеля лепшага ўзгадненьня вышкалу нашага эскадрону зь нямецкай вайсковай сыстэмай, мы вам далі б нямецкага ахвіцэра, як лучніковага?
Наш камандзер добра ведаў, што абазначае такі лучніковы. І стоячы на пазыцыі поўнай незалежнасьці эскадрону ветліва, але катэгарычна адмовіў. Пры гэтым дадаў:
– Калі вы будзеце на гэтым настойваць, я распушчу безадкладна эскадрон.
– Не, не! Гэта толькі прапанова, але калі вы лічыце гэта непатрэбным, дык усё ў парадку.
На гэтым закончылася гутарка і больш ніколі падобная тэма ня была закранутая.
Аднак ня ўсё йшло так гладка, як бы гэтага хацелася. Хутка пачалі даходзіць весткі, што партызаны непакояць ceм’і жаўнераў эскадрону. Гэта абніжае настрой жаўнераў. Цяжкі непакой закрадаецца ў сэрцы юнакоў. Лёс бацькоў, братоў, ці сясьцёр загрожаны чырвонымі бандамі. Адзін з жаўнераў дэзэртуе. Неабходна хуткая рэакцыя. Камандзер склікае нараду ахвіцэраў. Розныя рады, прапановы, але ніводная не выдаецца добрай. Адзін з ахвіцэраў нясьмела запрапанаваў рэпрэсыі адносна сям’і, але зараз-жа гэтага пашкадаваў.
– Чым-жа мы будзем розьніцца ад чырвоных бандаў, калі ўжывем такі мэтад, – сказаў камандзер, дэзэрцыя зусім зразумелая з псыхалягічнага гледзішча. Трэба шукаць іншага выхаду…
Ніхто не забірае голасу.
– Выхад ёсьць, – раптам павесялеўшы ўскрыкнуў камандзер, – але… так… добра… – неяк нявыразна замяўся ён. – Дзякую, нарада закончана, – сказаў нарэшце цьвёрда. Відаць зрадзіўся нейкі плян, аб якім не хацеў гаварыць на нарадзе.
Больш гэтая тэма не закраналася, але й сем’і жаўнераў эскадрону сядзелі спакойна на вёсках. Партызаны іх не чапалі. Шмат пазьней выйшла наяў, што камандзер выслаў ліст да партызанаў з ультыматыўнай прапановай спыніць усялякія рэпрэсыі адносна сем’яў жаўнераў, з пагрозай, што эскадрон будзе змушаны на акцыю адказаць контраакцыяй і ўжыць падобныя рэпрэсыі адносна сем’яў людзей, што пайшлі ў партызаны. Як ні дзіўна, але гэта падзейнічала.
Паміма ўсяго, паложаньне эскадрону і ягонага камандзера было даволі цяжкое і скамплікаванае. Немцы з зайздрасьцяй глядзелі на рост беларускага аддзелу. Пасьля выезду Траўба ў камісарыяце ня было ніводнага немца, хто-б разумеў палітычную сытуацыю. Жандармэрыя наскоўвала СД[7]7
S. D. – Sicherheitsdienst; нямецкая служба бяспекі, нешта падобнае да савецкага МВД.
[Закрыть] ды іншых немцаў супраць эскадрону і асабліва супраць ягонага камандзера. Жандармэрыю з другога боку ўраблялі палякі за пасярэдніцтвам маладых полек лёгкага паводжаньня. Ня меншай «сымпатыяй» цешыліся нямецкія жандармы і ў жаўнераў эскадрону. Пры такім паложаньні «высокага напружаньня» цяжка было ўнікнуць канфліктаў, якія часта прымалі камічныя формы. Нельга ня ўспомніць тут аднаго інцыдэнту, які здарыўся пару тыдняў пасьля паўстаньня эскадрону.
На той самай вуліцы, дзе знаходзіліся казармы, крыху далей на краю гораду, жыла група полек, да якіх адчувалі нейкі асаблівы сэнтымэнт адкормленыя беларускім салам нямецкія жандармы. Калі ўжо горад засынаў і на вуліцу не паказваўся ніхто, шануючы сваю галаву, яны, як духі начныя, ехалі да ўспомненых дзяўчат, каб там пацешыцца моцай іхнай самагонкі ды рэлятыўнай якасьці чарам іхных целаў. Гэтыя начныя «шпацыргангі» адбываліся штодня на вачох вартавога эскадрону. Вось у адну марозную ноч, калі расслабленыя п’янствам жандармы вярталіся дамоў, выскаквае спад брамы казармаў двух вартавых з стрэльбамі напагатове:
– Стой! Лягай! – прарэзаў начную цішьшю звонкі голас падахвіцэра Д., ведамага із сваіх асаблівых «сымпатыяў» да немцаў.
– Halt! Hinlegen! – паўтарыў ён яшчэ грозьнейшым голасам.
– Hier deutsche Qendarmen! – адазваўся адзін зь іх, відаць больш цьвярозы.
– Hinlegen oder ich schiesse! – ужо голасам, не пакідаючым ніякага сумніву ў сур’ёзнасьці ягоных намераў, зароў Д.
Як адкормленыя парсюкі, п’яныя жандармы паскочваліся ў сьнег, а спалоханы конь паймчаўся з пустымі санямі. Адзін з жандармаў прабаваў нешта выясьняць, але вострае «Маўчаць! Нікс фэрштэен» змусіла яго ўспакоіцца і церпяліва чакаць зьмены вартавых, каб магчы гутарыць з камандзерам варты. Пасьля блізу гадзіны прывялі працьверазеўшых жандармаў на старожню.
– Дакуманты! – папрасіў ужо больш ветліва Д. Яны неахвотна выцягнулі свае паперы. Прыгледзеўшыся бліжэй паперам, Д. заявіў пратэктарскім голасам: – Nicht Partisanen. Gute Кегlе. Geht nach Hause aber lieber nie mehr hier vorbeifahren[8]8
– Не партызаны. Добрыя хлопцы. Ідзеце дадому, але лепш тут больш не праяжджаць (Перакл. Рэд.).
[Закрыть].
Камандзер, слухаючы на наступны дзень расказу Д. аб начным выдарэньні, ня мог не заліцца шчырым сьмехам. Зразумела, не абыйшлося бяз вострай дыскусыі з акруговым начальнікам жандармэрыі. Інцыдэнт аднак апраўдваўся пільнасьцяй беларускага жаўнера ў выкананьні сваіх абавязкаў. Тым больш, што здараліся выпадкі, калі партызаны, перапрануўшыся ў нямецкія ўніформы, уяжджалі ў горад. На гэты аргумант цяжка знайсьці адказ, але гэтае дробнае выдарэньне завайстрыла яшчэ больш суадносіны зь мясцовымі нямецкімі ўладамі.
З кажным днём усё больш узрастаў давер наваградчан да свайго эскадрону. Ён стаўся для іх сымбалем беларускага войска. Сяляне не хаваліся па гумнах пры ўваходзе ў вёску жаўнераў эскадрону, як гэта яны рабілі, калі набліжалася нямецкая жандармэрыя. Беларускі жаўнер, замест рабаваць свайго селяніна, прыносіў дзецям цукеркі, а іхных бацькоў частаваў цыгарэтай. Паволі прывыклі жыхары наваградзкае акругі адрозьніваць сваіх ад чужых. Бел-чырвона-белы сьцяжок на патках каўняра – гэта свае, родныя дзеці, якія ня крыўду, а пацяшэньне й апеку нясуць. Эскадрон стаўся асяродкам, куды зьвярталіся вакольныя сяляне з жалямі на паліцыю й немцаў, просьбамі аб дапамозе пры палагоджаньні нейкай справы ў камісарыяце, ці нат з чыста прыватнымі справамі, як спрэчкі між суседзямі або, як гэта раз здарылася, у сямейных справах, калі муж у спрэчцы з сваёй жонкай ужыў «фізычны аргумант». Але ня толькі фізычнай і духовай апорай быў эскадрон для Наваградзкае акругі. Ен стаўся прыпынішчам для ўсіх тых, хто шукаў ратунку ад бальшавіцкага ці нямецкага прасьледу. Наступны выпадак зьяўляецца адным з найбольш яскрава насьвятляючых гэты бок.
…коратка кінуў ён у бок юнака, аб якім ужо меў кароткія інфармацыі ад дыжурнага. Калі-ж дзьверы канцылярыі зачыніліся за імі: – У чьш справа? Гаварэце сьмела! – дакінуў ён.
Юнак глянуў зь недаверам у бок пісара, пасьля паволі перавёў позірк на дыжурнага, што стаяў за ім. Камандзер зразумеў адразу.
– Пакіньце нас самых!
Пісар з дыжурным выйшлі з канцылярыі. Пасьля аднак для нас аднаго дня зьяўляецца ў казармы эскадрону малады хлапец гадоў васемнаццаці. На маладым ягоным твары адбіліся страх, змучаньне й некалькі нявыспаных начэй. Цёмна-карыя вочы шырака глядзяць на акружаючых яго жаўнераў. Ён напамінаў прасьледаванага дзікага казла, які пажадліва хапае паветра й шукае безнадзейна ратунку ад перасьледуючых яго гончых сабак.
– Хачу бачыць камандзера эскадрону, – зьвярнуўся ён нарэшце да жаўнераў, і пасьля пэўнага перапынку дадаў, не пакідаючым ніякага сумніву ў пільнасьці справы голасам: – вельмі пільна, гэта пытаньне майго жыцьця.
Дыжурны затэлефанаваў камандзеру. Празь некалькі хвілінаў, якія напэўна прыбыламу юнаку здаліся вякамі, пачуўся тупат каня ў галёпе і ў наступны момант дзьверы старожкі шырака адчыніліся. Камандзер ужо быў тут.
– Заходзьце ў канцылярыю, – ня было сакрэтам, што адбылося за зачыненымі дзьвярыма.
Камандзер, частуючы прыбылага цыгарэтай, зьвярнуўся да яго больш лагодным голасам, запрашаючы расказаць спакойна аб тым, што яго сюды прывяло.
Малады хлапец быў Барыс X. зь Дзятлава. Бацька ягоны быў адміністратарам дзятлаўскага маёнтку. Пэўнага дня палякі зьвярнуліся да яго з просьбай, каб той пастараўся ўладзіць трох палякаў на працу ў маёнтку. Паколькі аднак усе месцы былі занятыя, ён адмовіўся. Палякі пачалі дамагацца звальненьня беларусаў, каб на іх месца ўзяць палякаў. Ен адмовіўся зноў.
– Пожалуеш, с… с…! – гаркнуў паляк, паказваючы воўчыя зубы спад авечай скуры.
Праз два дні прыбег да Барыса X. перакладнік мясцовае жандармэрыі, школьны калега Барыса, шчыры беларускі патрыёт, і расказаў яму падслуханую гутарку паміж начальнікам жандармэрыі і загадчыкам Ц.Г.О.[9]9
Z.H.O. – Zentralhandelsgesellschaft Ost – нямецкая каляніяльная ўстанова, што выкуплівала вартасныя рэчы на акупаванай Беларусі за нізкай якасьці прамысловыя нямецкія прадукты ды розныя пабразгушкі. Абсаджана палякамі пад прыкрыўкай «Фольксдойчаў».
[Закрыть], палякам, нейкім Длубкам. Гэты апошні абвінавачваў Барыса X. у падтрымцы партызанаў харчамі, якія ён быццам краў у маёнтку, ды, што яму ведама з пэўных крыніцаў, што Барыс X. зьяўляецца бальшавіцкім агентам і яго неабходна ліквідаваць, зразумела, дзеля дабра «новага парадку ў Эўропе». Для абмежаванага немца гэтага хапала, каб арыштаваць нявіннага юнака і перадаць у СД. Гэта раўналася амаль расстрэлу. Пры гэтым начальніку жандармэрыі не хацелася спрачацца з палякамі, каб ня страціць ласкі ў польскіх «дзевушэк», якія асалоджвалі «цьвярдое» вайсковае жыцьцё, папхнутыя на гэты шлях ці то самай нізкаю похацяй, ці матарыяльнай нажывай, але заўсёды выконваючы загады й інструкцыі сваіх польскіх шэфаў.
– І вось я ў вас, – неяк лягчэй уздыхаючы, закончыў Барыс. – Я чуў аб вашым эскадроне. Я не хацеў шукаць ратунку ў варожых нам партызанаў, але ня хочу згінуць дарма ад нямецкае кулі. Вазьмеце мяне да сябе!.. – дакінуў ён голасам, які зраджваў глыбокую трагэдыю беларускай юнацкай душы.
Мала старэйшы ад Барыса X., камандзер павесіў галаву й глыбока задумаўся. Аб чым мог ён думаць у гэткі момант? Можа перад ягонымі вачыма ўстаў вобраз беларускай моладзі, вернай сваім нацыянальньш ідэалам і нясучай цяжкі крыж за ўсе крыўды гісторыі… У родных лясох ненавісныя чырвоныя банды, сьлепа выконваючыя загады Масквы, у гарадох і мястэчках – смаглы «лебэнсраўму» нямецкі акупант. Адзін абяцае «белорусскую республіку», другі кажа «Вас чакае зямля»… Ісьці зь немцамі супраць Масквы – капаць сабе магілу, пайсьці з Масквою і «аліянтамі» – шукаць сабе вяроўку. Сотні, тысячы, дзесяткі тысяч беларускіх юнакоў шукаюць разьвязкі і… часта яе не знаходзяць ды йдуць, нясьведама зьведзеныя фальшывай прапагандай, насустрач свае гібелі… Дзе ён, той ратунак?! Уратуецца адзін, а сотні гінуць ад сьцякаючае беларускай крывёю рукі акупанта. Народ зьняможаны ўзьнімае вочы да Ўсявышняга. Але ён здаецца сьляпы, глухі й нямы. Ня бачыць і ня чуе. А мо адвярнуўся й ня хоча пачуць голасу таго народу, які калісьці, у далёкім мінулым так геройска бараніў Ягонае Імя і Ягоную Навуку перад татарскай навалай?
Дзе вы, часы слаўных Вялікіх Князёў?!
Дзе вы, Рагвалоды, Усяславы, Вітаўты?!
Дзе вашыя магутныя палкі,што разьбівалі ў пыл стальныя крыжацкія рады, што ўбівалі свой меч у брамы Масквы?
Ці ёсьць яшчэ вашы нашчадкі? Ці жыве яшчэ ваш дух у народзе?
«… На крыві ахвяраў за сьвятыя ідэалы народу вырастае магутнае дрэва…»[10]10
Словы Карля фон Кляўзэвіца, прускага гэнэрала, аўтара слаўнае кнігі «Аб вайне (1800 – 1831)».
[Закрыть]. Дзе ты, тое магутнае беларускае дрэва? Ці вырасьцеш Ты на гэтай беларускай зямлі, пранікнутай сьлязамі і крывёю?… Хто дасьць на гэта адказ?… Не, не чакай адказу ад нікога, але вер, вер у гэта! Не разважаньні, але вера, не аблічэньні, але вера і толькі вера дасьць табе адказ! Моцная, нязломная вера. Яна мацней за сілу аружжа. Яна пераможа непераможнае, яна асягне недасягальнае!..
Дык верыць! Трэба верыць самому і навучыць верыць іншых. Верыць у нашую праўду, нашу будучыню, у самых сябе. Верыць у ласку Ўсемагутнага, бо яна ёсьць бязьмежнай. Верыць у Беларускі Народ і ягонае прызначэньне. Верыць у васкрошаньне слаўнае мінуўшчыны!..
Камандзер паволі падняў галаву і позірк ягоны лёг на старыя муры наваградзкага замчышча. Чароўна-магутны флюід гісторыі эмануе з гэных муроў. Ён пранікае ў глыбіню беларускае душы, будзіць дзіўныя пачуцьці, улівае незразумелую сілу. Камандзер стаў перад вакном, прыцягаючы да сябе Барыса X. і моцна сьціскаючы яго за плячо, ужо голасна дадаў, нібы канчаючы свае думкі:
– Так, трэба верыць. Вось гэны замак! Гэта сымбаль нашага Народу. Ён ператрываў шмат нападаў, бураў, пажараў, але стаіць і горда глядзіць у неба. Ён магутны, ён велічны, ён непераможны! Ён дачакаецца часоў, калі залунае над Беларусяй бел-чырвона-белы сьцяг. Так і наш народ не памрэ, пакуль будзе горда стаяць і бараніць сваіх ідэалаў…
– Бо ён магутны … Бо ён велічны … непераможны … – паўтарыў, як рэха Барыс X.
– Дыжурны! – ужо бадзёра гукнуў камандзер. – Завесьці нашага новага сябру да мундзіровага.
Барыс X. ня быў ужо больш сумным. У яго загарэліся новыя аганькі. Камандзер з жаўнерам сьціснулі рукі. Так, яны зразумелі адзін другога.
Два дні пазьней, а 8 гадзіне раніцы, калі эскадрон рыхтаваўся да штодзённых заняткаў, перад казармай замітусілася група нямецкіх жандармаў, узброеная стрэльбамі і скарастрэламі, як на выезд на акцыю.
– Aufmachen! – крыкнуў на вартавога, збліжаючыся да галоўнага ўваходу, нямецкі вахтмайтар.
Вартавы спакойна папытаў, чаго ён жадае.
– Неадкладна адчыніць! – пачуў ён у адказ, – я маю загад арыштаваць Барыса X., які паводля дайшоўшых да нас вестак хаваецца ў вашых казармах. Ён нам ведамы, як бальшавіцкі агент, які стаіць на службе чырвоных бандытаў. Адчынеце неадкладна! – крыкнуў ён зноў, грозна паказваючы «машынкай» на дзьверы.
– Мая ня справа, ці тут хто хаваецца, ці не, але я ведаю, што тут загадвае толькі адзін чалавек – камандзер эскадрону, – адказаў вартавы крыху ўжо падэнарваваным тонам. – Verstanden, Wachtmeister? – зласьліва дакінуў ён.
У міжчасе дыжурны склаў рапарт камандзеру аб дамаганьні нямецкіх жандармаў. Камандзер у той час абгаварваў із сваімі ахвіцэрамі плян прадбачаных на гэты дзень заняткаў.
– Ня ўпушчаць нікога! Я зараз зыходжу наніз! – сказаў ён дыжурнаму зь нейкім дзіўным адценкам у голасе, прапускаючы словы праз заціснутыя вусны. Пры гэтым вочы ягоныя загарэліся нябачаным дагэтуль блескам.
– Lassen sie ihren… ihren Kommandanten kommen – зацінаючыся із злосьці сіпеў вахтмайстар.
У дзьвярох казармаў паказаўся камандзер. Ён затрымаўся на хвіліну і здаецца разглядаў сытуацыю ды разьмяркоўваў сілу. Паміж галоўным уваходам у казармы і вонкавай брамай сабраліся жаўнеры. Яны панура паглядалі праз драцяны плот і браму на сабраных за ім жандармаў і даволі нядвузначна сьціскалі стрэльбы. Сытуацыя выглядала даволі сур’ёзна. Камандзер паволі падыйшоў да вонкавай брамы:
– Sie wunschen? – папытаў ён жандармаў.
– У вас у казармах схаваўся Барыс X. зь Дзятлава. Мы маем загад яго арыштаваць, – адказаў жандарм, паясьняючы прычыны арышту.
– Ад каго маеце загад? – запытаў камандзер.
– Ад акруговага начальніка жандармэрыі, – ужо нецерпяліва адказвае вахтмайстэр.
– Дык прымеце да Вашага і вашага акруговага начальніка ведама наступнае: Барыс X. не хаваецца ў казармах эскадрону, а зьяўляецца жаўнерам эскадрону, як і ўсе іншыя. Арыштаваць, судзіць і караць яго, як кажнага іншага жаўнера можа толькі камандзер эскадрону і ні ў якім выпадку нямецкая жандармэрыя. Перадайце, калі ласка, гэта вашаму начальніку. – Ен сказаў гэта цьвёрдым пагамована-зраўнаважаным голасам, і адвяртаючыся плячыма да анямелых жандармаў, даў загад выходзіць на заняткі.
Жандармы, зьбянтэжаныя неспадзяваным для іх і дасюль ніколі нябачаным захаваньнем «айнгайміша», няпэўна затапталіся каля брамы. На іхных тварах адбіваўся выраз чалавека, што хацеў глынуць гарачую бульбу вялікаватага абыйма ды якая засела ў горле. Цераз некалькі хвілін іх ужо ня было перад брамай казармаў.
– Калі будзе тэлефон з камісарыяту, перадайце, што я на занятках і ў камісарыят прыйду каля паўдня, – сказаў камандзер дыжурнаму і зьвяртаючыся да Барыса X., які няпэўна стаяў пры дзьвярох дакінуў:
– Ня бойцеся нічога. Вы бачылі, як за вамі стаіць увесь эскадрон.
Мне няведамы далейшы паварот інцыдэнту. Камандзер хадзіў у камісарыят. Барыс X. застаўся ў эскадроне. Гэта была нашая першая перамога і наяўны доказ, што «Наваградзкі Эскадрон» быў незалежнай беларускай вайсковай адзінкай.
Другая часткаЭскадрон у акцыі
І
Жыцьцё эскадрону йшло нармальным шляхам. Інтэнсыўныя заняткі выпаўнялі дні й тыдні. У сутнасьці бадай немагчыма разьмежаваць пэрыяд пераходу эскадрону ў акцыю ад пэрыяду вышкалу. Засяг дзеяньня пашыраўся з кажным днём усё далей ад Наваградка і, зразумела, дробныя сутычкі з партызанамі былі няўхільныя. Тымчасам жыхарства Наваградчыны, а асабліва Наваградка, зжывалася із сваім эскадронам і перажывала нараўні зь ягонымі камандзерамі і жаўнерамі ўсе дасягненьні й няўдачы.
Агулам наваградчане неяк спакойна глядзелі ў будучьню, дарма, што фронт з кажным днём усё больш выгінаўся на захад. На пачатку 1944 году ня было хіба ніводнага чалавека, які, цьвяроза думаючы, верыў у нямецкую перамогу. На чым жа асноўваўся тады гэны супакой наваградчан? Напэўна не на разумовым разважаньні. Гэта проста псыхалягічны мамэнт, выніклы з даверу беларусаў да свайго жаўнера.
– Я ведаю, што немцы вайну прайгралі і за некалькі месяцаў фронт перасунецца на ўсходнія межы Нямеччыны. Але я маю нейкае ўражаньне, што падзеі абмінуць Наваградак. Чаму, сам ня ведаю… Мо таму, што мы маем тут свой эскадрон, – дадаў пасьля колькіх хвілін маўчаньня адзін з урадаўцаў гарадзкое ўправы ў гутарцы зы мною.
Гэта вынік веры ў вадданасьць беларускага жаўнера да свайго народу й Бацькаўшчыны. Гэты прыклад Наваградзкага Эскадрону, чыста беларускай вайсковай адзінкі, даверанай беларускім камандзерам, хоць маленькай і нязначнай у вялікім нацыянальным маштабе, аднак пацьвярджаў праект, настойліва падтрымоўваны галоўнакамандуючым усходнім фронтам фэльдмаршалам Браўхічам: затрымаць фронт на ўсходніх межах Беларусі й Украіны, даць ім поўную свабоду арганізаваць сваё дзяржаўнае жыцьцё, сваю армію, памагчы ім тэхнічна, і пасьля злажыць частку цяжару трыманьня ўсходняга фронту на гэтыя народы. Зразумела, Гітлер, які шукаў на ўсходзе Эўропы калёніяў для нямецкага народу, адкінуў гэны плян і зьняў Браўхіча із становішча галоўнакамандуючага. Гэта дзеялася ў канцы 1941 году. Не ўваходзячы глыбей у сутнасьць гэтага пляну, можна аднак было цьвердзіць на маленькім прыкладзе эскадрону, што беларуская армія, давераная сваім камандзерам, поўнасьцяй справілася б із сваім адрэзкам фронту.
Штож да партызанскага руху, дык маем поўныя асновы на тое, каб прыпушчаць, што ў вабставінах незалежнага дзяржаўнага жыцьця, ён калі й існаваў бы, дык быў бы вельмі абмежаваны ды поўнасьцяй адарваны ад шырэйшых масаў беларускага народу. Партызанскі рух у Беларусі быў вынікам спэцыфічных палітычных абставінаў, выніклых зь няведаньня нямецкімі палітычнымі дзейнікамі нацыянальнае праблемы эўрапэйскага ўсходу, як таксама і іхнай палітычнай засьлепленасьці. Поўная адсутнасьць палітычнае праграмы, нялюдзкае абыходжаньне зь мясцовым жыхарствам, прымусовыя вывазы на працу ў Нямеччыну, фізычнае вынішчэньне беларускага народу, адносіны да палонных, голад – гэта ўсё тыя асноўныя мамэнты, што спрычыніліся да вялізарнага росту партызанскага руху ў Беларусі.
Парашутаванае партызанскае кіравецтва не знайшло б ніякага водгуку ані сярод масаў беларускага сялянства, ані беларускай інтэлігенцыі. Гэнае кіравецтва было для беларускага народу чужым як па крыві, так і па духу. І калі б яно наткнулася на тэрыторыі Беларусі на гатовую палітычную праграму, што задаваляла беларускі народ, дык наагул увесь бальшавіцкі партызанскі рух памёр бы натуральнай сьмерцяй.
Сталін вельмі добра ведаў, чаго хоча беларускі народ, калі, скідаючы сваіх партызанаў, казаў ім:
«Забудзьцеся, хто вы былі. Ад сяньня вы беларускія патрыёты, што змагаюцца за вызваленьне Беларускай Рэспублікі ад нямецкага акупанта».
Савецкая прапаганда, кіраваная на Беларусь у беларускай мове, абяцае падняць Беларусь на ўзровень незалежнай дзяржавы з асобным міністэрствам замежных справаў. Абяцаньні дакладнага выкананьня параграфаў канстытуцыі аб праве выступу з Саюзу Рэспублікаў, паварот да рэлігіі, візія аграрнай рэформы – ўсё гэта аргумэнты, якія не сустрэліся зь ніякім паважным контраргумэнтам, за выняткам плякатаў: «Вас чакае зямля!» Аб гэтым ужо часткова пераканаўся беларускі селянін, бо сотні й тысячы ляглі ў зямлю ад нямецкай кулі.
Беларускі актыў аднак верыў яшчэ ў перамогу здаровай палітычнай думкі нямецкіх адказных дзейнікаў. Але мэмарыял за мэмарыялам бязь ніякіх вынікаў губляецца ў нямецкіх архівах. «Перш трэба выйграць вайну, а пасьля пабачым», – быў адзіны адказ немцаў. У іхнай праграме была толькі мэта нэгатыўная: змаганьне супраць бальшавізму. Поўнасьцяй адсутнічала другая і самая асноўная частка: за што.
Што да беларускага народу, дык яму ня было на каго спадзявацца. Заставалася адна надзея – гэта вера ў собскія сілы. Гэта быў адзіны мамэнт, які дамінаваў у Наваградзкім Эскадроне. Ягоныя маладыя жаўнеры былі люстрам народных пачуцьцяў. Іхная дзейнасьць сьветчыла аб гэтым. Дзе толькі пабываў эскадрон, усюды здабываў сэрцы беларусаў. Сяляне пераканаліся, што ня толькі бел-чырвона-белыя сьцяжкі на нямецкіх уніформах эскадрону розьнілі яго ад нямецкага акупанта. Пад гэтымі чужымі ўніформамі хавалася беларускае сэрца.
Жаўнеры гарэлі жаданьнем шырэйшай акцыі. Яны хацелі як найхутчэй ісьціць пастаўленую мэту: стацца запраўднымі абаронцамі свайго народу. На працягу студзеня й лютага плянава рабіліся маршы ў ваколіцы Наваградка, але ўжо ў поўным баявым парадку, з набітымі кулямаётнымі стужкамі ды дыскамі.
Першая маленькая сустрэча з ворагам была ў Сяльцы, падчас ночных заняткаў. Ціхая зімовая ноч. Эскадрон бясшумна мінае Сялец. Пярэдняе забясьпячэньне зьнікае ў густым лесе. Дрэвы, здаецца, дрэмляць, прыкрыўшы свае галіны пухам сьнегу. Гэтую цішыню парушае толькі раўнамерны скрып сьнегу пад нагамі жаўнераў. Раптам начную цішыню праразае сухі адрывісты рогат «фінкі» і тут-жа, у вадказ, некалькі паасобных стрэлаў ды ў сьлед за імі ўжо паважней адказаў «дзехцяр».
– Гэта мусіць нашы, гэта мусіць нашы, – пачуўся ціхі шэпат у радох эскадрону.
Пачуўся тупат жаўнера: пры выхадзе зь лесу перадавое забясьпячэньне сустрэлася з ворагам: трое саней з партызанамі. Яны ўцяклі ў кірунку Мотчы.
– Першы зьвяз далучыць да пярэднага забясьпячэньня. Кірунак Мотча. Перашукаць вёску і варочацца назад. Трэйці зьвяз: затрымацца ў Сяльцы і падрыхтаваць кватэры для першага. Другі зьвяз забясьпечыць пастой.
Ізноў усё пакрыла цішыня. Стратаў ня было ні з нашага боку, ні з боку партызанаў. Усю ноч солтыс Сяльца зь яшчэ колькі сялянамі правёў у сяброўскай гутарцы з камандзерам і жаўнерамі.
– Каб не эскадрон, дык сяньня ўначы нехта заплаціў бы жыцьцём, а мо й я сам. Дзякую вам, хлопцы. Шкада, што ня можаце застацца даўжэй…
Першыя чатыры месяцы 1944 году былі выпаўнены падобнымі большымі ці меншымі выбегамі ў тэрэн. Ваколічныя вёскі Лагадкі, Рутка, Ваўкавічы, Куравічы, Попкава, Лазьневічы, Жданавічы, Асмолава, Каменка былі чарговымі аб’ектамі нашага эскадрону. У сакавіку паасобныя зьвязы выяжджалі ў паветы, дзе ў гэтым часе падрыхтоўвалася і праводзілася мабілізацыя ў Беларускую Краёвую Абарону, загаданую Беларускай Цэнтральнай Радай.
БЦР мела пачаткава пераняць у свае рукі цывільнае судоўніцтва, школьніцтва, і пазьней адміністрацыю. Гэны твор быў вынікам нямецкіх няўдачаў на фронце і партызанскага руху, які ўсьцяж рос. Немцы думалі, што змогуць задаволіць незадаваленьне беларускіх масаў гэтым «эрзацам» улады. У практыцы аднак палажэньне не зьмянілася. Назначаныя на акругі Акруговыя Намесьнікі ня мелі практычна большага значэньня, як дасюлешнія кіраўнікі Самапомачы, ці Мужы Даверу. Немцы не хацелі выпускаць лейцаў з сваіх рук. Там, дзе мясцовы актыў здабыў сабе сякую-такую пазыцыю, там яе і ўтрьмаў: там дзе яе ня было, не памог і гэны штучны наватвор.
Абвешчаная мабілізацыя ў БКА выклікала шмат камэнтараў. Калі ставілася пад сумлеў мэтазгоднасьць фармаваньня эскадрону з гледзішча агульнага палітычнага палажэньня і ў васаблівасьці палажэньня на франтох, дык тым больш паўставала пытаньне дамэтнасьці падрываньня беларускіх масаў да згары асуджанага на няўдачу пачыну. Не на гэтым аднак месцы крытычны агляд таго пэрыяду ды й гэта было б адыходам ад тэмы. Мабілізацыя была агалошаная. Набор у БКА праводзіўся па ўсіх куткох Беларусі ў засягу цывільнае ўлады. Практычна яна абмяжоўвалася па пунктах, неапанаваных партызанскім рухам.
Камандзер Наваградзкага Эскадрону, які спаўняў адначасова функцыі Акруговага Намесьніка, у паразуменьні зь мясцовым актывам наважыўся скарыстаць з гэтае нагоды, каб пашырыць эскадрон да велічыні баталёну. З гэтай мэтай былі адкамандыраваныя на паветы, а найменна ў Любчу й Карэлічы, паасобныя зьвязы ці групы дзеля выбару лепшага элемэнту ў батальён, а таксама дзеля забясьпечаньня ходу мабілізацыі. У Любчу было адкамандавана каля 30 жаўнераў на чале з лейтэнантам К. У ліку падахвіцэраў быў таксама Д., малады, палкі й энэргічны жаўнер, што выйшаў з кадраў наваградзкае сэмінарыі. Партызаны даволі часта непакоілі ваколічныя вёскі. Апошнім часам яны сыстэматычна грабілі Падзагор’е, Воўкаразь і нат Далятычы. Мясцовая паліцыя й нямецкая жандармэрыя запрапанавалі лейт. К. супольную акцыю. Ня надта ахвотна ехалі эскадронаўцы на супольную акцыю, асабліва з гэтымі апошнімі, але пусьціць іх самых, дык наробяць яшчэ больш шкоды, чымся карысьці.
Лейт. К. дае сваю згоду. Распрацоўваецца супольны плян дзеяньня. Аб’ект: Воўкаразь. Наш зьвяз пайшоў дарогай на Зarop’e, паліцыя й жандары на Далятычы. Кантакт мелі навязаць на вышыні зарасьляў на ўзгорку, на паўночны захад ад Загор’я. Ужо ў Загор’і чуліся стрэлы. Паліцыя ўвязалася ў бой з партызанамі. Наш зьвяз, мінуўшы вёску, разгарнуўся ў баявы парадак да наступу.
– Паадзіночна скокамі наперад маарш! – пакацілася па лініі. Спраўна пасоўваўся ланцуг эскадронаўцаў наперад. Стрэлы з боку ворага пачалі радзець. Было відаць, як партызаны адзін па адным зьнікалі за ўзгоркам.
– На ўзгорак бягом маарш! …Прыгнуўшыся, з заціснутымі стрэльбамі ў руках, рынуліся эскадронаўцы на ўзгорак. Партызаны ў міжчасе хаваліся ў забудовах Воўкаразі. Зьвяз хутка дасягнуў вёскі. Партызаны зьніклі ў ляску за вёскай. Далейшая пагоня была бессансоўнай.
– Рукі ўгару! – пачулася раптам на адным панадворку. З-за хаты паказаўся партызан з паднятымі рукамі, а за ім двух нашых жаўнераў. У міжчасе ўвайшлі ў вёску немцы й любчанская паліцыя.
Усе сталі вакол камандзера зьвязу, які выпытваў палоннага.
– Скуль ты?
– З Бору, – быў адказ.
– Чаму пайшоў у партызаны? – пытаў далей лейтэнант.
– Падчас апошняе акцыі немцы спалілі вёску. Шмат пастралялі цывільнага жыхарства, якое нічога супольнага з партызанамі ня мела. Іншых забралі на працу ў Нямеччыну, а некаторым удалося ўцячы ў лес. Я быў паміж гэтых апошніх.
Вакол запала глыбокае маўчаньне.
– Я не бальшавік, – нясьмела пачаў зноў палонны, – я быў першы, які супрацівіўся калектывізацыі. Я ненавіджу бальшавікоў, але хто дасьць мне сяньня ахову? Усяроўна прыходзіцца гінуць. Толькі ня мучце, – папрасіў ён глуха.
У міжчасе прыбліжыўся вахтмайстар зь любчанскай жандармэрыі.
– Ah, Gefangener, gut, gut,[11]11
– А, палонны, добра, добра.
[Закрыть] хлопцы. Давай яго сюды, мы зь ім расправімся.
У лейтэнанта загарэліся вочы.
– Падахвіцэр Д., – гукнуў ён, – адкажы вахтмайстру!
Падахвіцэр Д., відаць зь вялікай натугай, але стрымана паінфармаваў, што гэта палонны не жандармэрыі, а наш, ды што мы маем асобныя інструкцыі адносна абыходжаньня з палоннымі. – Гэта наш палонны і мы зробім зь ім, што нам спадабаецца, – закончыў ён цьвёрда.
– Was werden sie denn mit ihm tun?[12]12
– Што-ж вы зь ім зробіце?
[Закрыть]
– Павесім за…, – весела ўжо адказаў Д.
– О, гут, гут, – задаволена адказаў немец. У міжчасе лейтэнант працягваў гутарку з палонным.
– Мы ня немцы, – казаў ён, – мы беларускія жаўнеры. Палонных не расстрэльваем. Мы не змагаемся супраць беларускага народу. Нашая мэта, гэта вольная ад усіх акупантаў Беларусь. Перадумай аб гэтым, раскажы сваім сябром. Шлях да нас для цябе заўсёды адчынены. Ідзі з Богам. Але памятай, каб твая рука ніколі не паднялася супраць твайго брата-Беларуса. Ідзі!
Палонны не разумеў. Ён нясьмела адступаў назад, паглядаючы неспакойна ўбок немцаў. Ён ня верыў сваім вушам. Пот сьцякаў па ягоным твары. Раптам ён кінуўся бегчы, і па нейкім часе зьнік у бліжэйшых кустох. Гэтай сцэне прыглядаліся жыхары вёскі, якіх у міжчасе загадаў сагнаць вахтмайстар. Бяз слова прыглядаліся яны. Вахтмайстараў твар набег крывёй.
– Sofort das Dorf abbrennen. Hier sind alle Partisanen. Anstekken[13]13
– Неадкладна спаліць вёску. Тут усе партызаны. Падпальваць!
[Закрыть], – зароў ён дзікім голасам.
Падахвіцэр Д., схапіўшы вахтмайстра за грудзі, выціснуў цераз сьцятыя вусны:
– Ня ты будаваў і ня ты спаліш. Zurrucktreten, oder ich schiesse![14]14
– Назад, або страляю!
[Закрыть] – дадаў ён па-нямецку тонам, які ўжо не пакідаў ніякага сумлеву што да далейшых кансэквэнцыяў. Пасьля хутка адскочыў узад і адцягнуўшы ручку «дзехцяра», накіраваў рулю ўбок немцаў. Грозна заляскалі замкі эскадронаўцаў. Аргумэнт здаваўся дастаткова пераконвальным.
Немцы й паліцыя паволі аддаляліся ў бок Любчы. Неяк дзіўна ціха стала на вуліцы вёскі. Жыхары глядзелі на сваіх жаўнераў шырока адчыненымі вачыма. Раптам з грамады пачуўся плач жанчыны. Плач гора й шчасьця. Плач беларускай маці:
«Сынкі мае, вы-ж нашы дзеткі, вы-ж нашы збаўцы…»
Далейшыя словы ўтапіліся ў вагульнай мітусьні. Сяляне абдымалі жаўнераў. Зь іхных вачэй зьзяла радасьць і шчасьце. Нашага лейтэнанта яны на руках унесьлі ў хату.
II
Аднэй сакавіковай раніцы прыйшла ў Наваградак навіна, што палякі перайшлі Нёман і занялі шкляную гуту ў Бярозаўцы. Гэта была першая паважная акцыя польскіх партызанаў зь Лідчыны ў Наваградзкай Акрузе. Тут трэба даць колькі словаў паясьненьня адносна польскага партызанскага руху ў тых ваколіцах.
Пачатак польскага руху датуецца прыблізна з пачатку 1942 году. Асноўнай ягонай базай была якраз Лідчына. Жыхарства Лідчыны ў сваёй аснове амаль стопрацэнтна беларускае, ня лічачы невялікае колькасьці асаднікаў і былых польскіх урадаўцаў, насланых польскім урадам у часе існаваньня польскае дзяржавы. Жыхарства гутарыць прыгожай беларускай мовай і не зважаючы на надлюдзкія палянізатарскія высілкі польскага ўраду, яно засталося ў сваёй аснове беларускае. Аднак дзякуючы таму, што ў пераважальнай бальшыні было яно каталіцкага веравызнаньня, польскія сьвятары мелі тут шырокае поле дзеяньня. Выкарыстоўваючы свой духоўны сан і глыбокую традыцыйную рэлігійнасьць беларускага народу, яны вязалі паняцьце веравызнаньня з нацыянальнасьцяй. Зразумела, гэная акцыя не закранала сьведамай часткі беларускай інтэлігенцыі, якая бачыла ўсю пэрфіднасьць тактыкі польскага клеру, але сярод шырэйшых масаў гэта пакінула ці малы сьлед. Тыя нешматлікія беларускія каталіцкія сьвятары, якім нейкім цудам удалося здабыць сьвятарскі сан, залежалі ад польскай каталіцкай герархіі, якая пры першай праяве нацыянальнай дзейнасьці гэткага сьвятара высылала яго ў польскія асяродкі.