355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Лявон Юрэвіч » Жыцьцё пад агнём » Текст книги (страница 4)
Жыцьцё пад агнём
  • Текст добавлен: 17 января 2020, 13:30

Текст книги "Жыцьцё пад агнём"


Автор книги: Лявон Юрэвіч


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 14 страниц)

Разьдзел 3
Свабода?

На досьвітку мы прыйшлі на падворак, які стаяў убаку ад дарогі. Мы падышлі да хаты, пагрукалі ў дзьверы й чакалі адказу. У дзьвярах зьявіўся спужаны чалавек і спытаўся, хто мы такія. Мы адказалі, што ёсьць ваеннапалоннымі, уцяклі ад немцаў і толькі-толькі апынуліся на радзіме. Мы папрасілі яго расказаць нам пра тое, што чуваць у краіне. Селанін паглядзеў на нас і сказаў: «Ідыёты! Вяртайцеся да немцаў і прыходзьце разам зь імі, каб вызваліць нас!» Я пачуваўся так, як быццам у мяне трапіла маланка. Мы адкрылі раты ад здзіўленьня. Мы не разумелі, што ён кажа. Мы зьбеглі ад немцаў на радзіму, у нашую ўзьяднаную краіну! Дык чаму ж ён загадвае нам пайсьці й вяртацца зь немцамі? Няўжо ён ня ведае, што значыць быць у палоне? Селянін на гэна спытаўся, ці ведаем мы, што такое жыць пад савецкай акупацыяй. Ён параіў нам ісьці прэч, забыцца пра ягоны падворак і трымацца далей ад саветаў. Ён дадаў, што мы зрабілі найвялікшую памылку, калі ўцяклі ў Савецкі Саюз.

Мы моўчкі стаялі ля дзьвярэй. Гэта было неверагодна!. Ня можа быць, каб гэта адбывалася з намі! Мы вярнуліся на сваю ўлюбёную радзіму, каб жыць вольнымі й зьдзейсьніць свае мары. І што тутака робіцца?!

Я запрапанаваў пайсьці ў Беласток, дзе ў Косьціка была сямья й дзе нам маглі тое-сёе растлумачыць. Мы йшлі вельмі асьцярожна, і нам спатрэбілася два дні, каб трапіць да Косьцікавага дзядзькі. За гэты час мы моцна стаміліся, былі галоднымі, зьбітымі з панталыку, але не спыняліся нідзе, бо памяталі словы селяніна. Калі мы прыйшлі ў Беласток, Косьцік ледзь не звар’яцеў: ён ведаў кожную вуліцу, кожны куток і рухаўся проста да хаты свайго дзядзькі.

Калі мы пагрукалі ў дзьверы, было каля дзесяці раніцы. Дзьверы адчыніла Косьцікава цётка й застыла на месцы, бо не чакала нас убачыць. Калі ж яна ўпусьціла нас у хату, радасьць сыйшла зь ейнага твару, і відаць было, што яна пасумнела й нечага баіцца. Я спытаўся, што яе турбуе, але цётка адказала, што ейны муж зможа лепш растлумачыць сытуацыю. (Косьцікаў дзядзька працаваў у гарадзкой адміністрацыі й лепш ведаў палітычнае становішча.) Мы прынялі гарачую ванну, якую цётка прырыхтавала для нас, і гэта было так прыемна – быць чыстым. Праўда, мыла было вельмі дрэннай якасьці, і я спытаўся, ці ня знойдзецца ў цёткі іншага, але яна адказала, што калі прыйшлі саветы, мыла, соль і цукар зьніклі. Нам далі чыстую бялізну, і мы памылі сваю вопратку. Потым мы пагаліліся й нарэсьце маглі пачувацца людзьмі.

Косьцікаў дзядзька вярнуўся дахаты й разгубіўся. Ён згроб Косьціка ў абдымкі са сьлязьмі на вачох. Дзядзька паведаміў нам, што Беларусь была «вызваленая» 17 верасьня 1939 году. Савецкія войскі ўвайшлі ў краіну, і Беларусь зрабілася часткай Савецкага Саюза. Па ягоных словах, беларусы спачатку добра паставіліся да гэтага, але вельмі хутка ўсё зьмянілася. Пасьля «вызваленьня» быў праведзены плебісцыт, і адзінадушна (што магчымае толькі ў Савецкім Саюзе) было вырашана, што заходняя частка далучаецца да ўсходняй з мэтай утварэньня адзінай рэспублікі. Заможныя сяляне («кулакі») разглядаліся як эксплуататары, «непажаданыя элементы» й высылаліся ў Сібір. (Заможнымі лічыліся тыя сяляне, у каго было больш за дзьве каровы, альбо два каня й мелася больш за дзесяць гектараў зямлі.) Косьцік ціха спытаўся пра сваіх бацькоў, якія былі даволі багатымі. Дзядзька нейкі час памаўчаў, а потым сказаў, што яны зьніклі. Аднойчы ноччу да іх хаты пад’ехаў чорны варанок, нейкі чалавек даў ім дзьве гадзіны, каб сабрацца, а затым яны зьніклі. Пасьля пра іх нічога не было чуваць. Косьцікаў бацька не зрабіў саветам нічога дрэннага – ён працягваў працаваць на чыгунцы й урабляць сваю зямлю разам з жонкай і сынам, якога, па чутках, адправілі ў лягер у Сібір. Мы ня верылі сваім вушам.

Я спытаў Косьцікавага дзядзьку, што я, на ягоную думку, мушу рабіць. Ён адказаў, што дасьць мне сотню рублёў на дарогу, і папрасіў забыцца на тое, што я наведваў ягоны дом, і што ў мяне ёсьць сябар Косьцік. Я пачуваўся так, як быццам бы ён даў мне абухом па галаве. Я думаў, што ўва ўсім гэным маецца нейкая памылка. Я ўцёк з палону й вярнуўся на радзіму, каб вывучаць медыцыну, а тутака… Косьцікаў дзядзька абняў мяне й сказаў, што празь нейкі час я змагу зразумець становішча лепш.

Нашае разьвітаньне з Косьцікам было вельмі эмацыйным, бо мы столькі перажылі разам! Мы паабяцалі пісаць адзін аднаму, як толькі ўсё ўсталюецца. Дамовіліся як-небудзь сустрэцца й за чаркай узгадаць свае прыгоды. Мы абняліся. Нашыя вочы напоўніліся сьлязьмі, і я выйшаў. Я адчуваў, што ўжо ніколі не пабачу яго.

Я накіраваўся на чыгуначны вакзал. Я добра запомніў папярэджаньне дзядзькі ня ехаць пасажырскім, каб не апынуцца ў бядзе, бо вельмі часта праводзіцца праверка пашпартоў. Ізноў я не разумеў гэтага. Нашто ім трэба было правяраць уласных грамадзянаў? Але мне прыйшлося прымірыцца з сытуацыяй. Я ня мог рызыкаваць, бо самым галоўным на той момант было вярнуцца дамоў і пабачыць маці.

Разам з пасажырскімі меліся яшчэ вагоны для перавозкі збожжа: саветы ў вялікай колькасьці вывозілі яго зь Беларусі й Украіны ва ўнутраныя раёны Савецкага Саюза. Гэта мяне зьдзівіла, бо я думаў, што ў Савецкім Саюзе мусіць быць дастаткова збожжа. Я вырашыў не купляць квіток, а прабрацца ў адзін з такіх вагонаў.

Ноччу мы прыбылі ў Баранавічы, і я злез зь цягніка. Усё выглядала такім знаёмым, такім утульным. Я пачуваўся так упэўнена, што пайшоў і купіў у касе квіток да Наваградка. А чацьвертай вечара мы выехалі, і я пабачыў знаёмыя пейзажы. Мае сэрца моцна забілася, а вочы напоўніліся сьлязьмі, але я стараўся хаваць свае эмоцыі, каб не прыцягнуць увагі. Празь некалькі гадзінаў цягнік прыбыў у Наваградак.

Я ведаў, што мая маці жыве ў кватэры на вуліцы Карэліцкай. Калі я дайшоў да рогу вуліцы, то аслупянеў: футах у дзесяці ад мяне стаяла маці, якая дагэтуль нават ня ведала, мёртвы я ці жывы. Мы абодва разгубіліся. Потым кінуліся адзін аднаму ў абдымкі й заплакалі. Мы не маглі вымавіць ні слова, але нарэсьце маці, якая ўсё яшчэ трымала мяне, сказала: «Пойдзем дадому, сынок». Мы былі моцна ўзрушаныя й спрабавалі зразумець, што адбываецца. Моўчкі мы накіраваліся да двухпакаёвай кватэры маёй маці.

Кватэр было так мала, што ніхто ня меў права жыць асобна, і разам з маёй маці жыла медсястра з Савецкага Саюза. Калі мы прыйшлі, яе не было, і мы пачалі размаўляць, сьмяяцца й плакаць. Мы трымалі адзін аднаго за рукі, і нам спатрэбіўся пэўны час, каб супакоіцца. Маці згатавала мне паесьці й сказала, што ня можа ўжыцца са сваёй суседкай і думае, што тая працуе на КГБ. Людзі былі перакананыя, што ўсе, каго прысылаюць з Савецкага Саюза, – гэбісты й мусяць паведамляць саветам пра ўсё, што чуюць альбо што падаецца ім падазроным. Яны павінны былі даносіць на ўсіх, асабліва на патрыётаў.

Мая маці намалявала вельмі сумную карціну ў дачыненьні да становішча ў краіне. «Вызваленьне» прынесла толькі савецкую акупацыю. І яна была больш небяспечнай і шкоднай, чым папярэдняя польская акупацыя. Палякі, прынамсі, паважалі грамадзянскія правы беларусаў. Пад палякамі мы, ва ўсякім разе, маглі выбіраць сваіх прадстаўнікоў, друкаваць кнігі, перыядычныя выданьні, выказваць патрыятычныя настроі. Але, калі прыйшлі Саветы, людзі пабачылі сапраўдны твар камунізму й бальшавізму. Заможныя сяляне, шмат настаўнікаў, былыя актывісты, палітыкі бясьследна зьніклі. Некаторыя потым апынуліся ў лягерух у паўночных раёнах Савецкага Саюза. На Беларусь апусьцілася заслона цемры. Паўсюдна панавалі маўчаньне й страх, і нават сямейныя зборы сталі нейкімі штучнымі. Усе так баяліся абмяркоўваць падзеі, што нават членам сямьі ўжо ніхто не давяраў.

Цяжка зразумець, як дакладна паўстала такая сытуацыя. Талстой аднойчы заўважыў, што ён баіцца зьяўленьня Чынгіс Хана з тэлефонам. Сталін якраз і стаў новым Чынгіс Ханам, у распараджэньні якога знаходзіліся сучасныя тэхнічныя сродкі. Ён кантраляваў Усходнюю Эўропу й пераўтварыў яе, па сутнасьці, у турму, дзе былі падаўленыя ўсе свабоды. Ягоная вядомая канстытуцыя, якая гарантавала права збораў і свабоду слова зьяўлялася фарсам. Фіранкамі. На самой справе, гэта толькі Камуністычнай партыі было гарантаванае вяршэнства ў палітыцы, эканоміцы, навуцы й іншых сфэрах жыцьця. Эканоміка была цэнтралізаваная ў Маскве й, як вынік, пагаршалася год ад году. Усе тавары, якія раней можна было набыць у Заходняй Беларусі, вельмі хутка зьніклі. Салдаты Чырвонай Арміі, агенты акупантаў (настаўнікі, адміністратары, партыйцы) былі замежнікамі – у асноўным з Расеі. Яны ніколі ня ўмелі размаўляць па-беларуску й невідушча падпарадкоўваліся свайму начальству ў Маскве. Беларускі ўрад у Менску складаўся з марыянетак Масквы. Напачатку, напрыканцы 1920-х гадоў, беларускі рух перажыў уздым, але быў спынены чысткамі 1930 – 32 гадоў. Лідэры руху былі рэпрасаваныя, і большасьць зь іх – забітыя. Некаторыя памерлі ў савецкім ГУЛАГу. Мала хто выжыў. Я ўзгадаў, як чуў у Польшчы, што савецкая ўлада забівае сваіх уласных дзеячоў і што тыя прызнаюць сваю віну й, здаецца, паміраюць дабравольна. Тады я думаў, што гэна была антысавецкая прапаганда, створаная палякамі. Аднак цяпер я пабачыў, што, магчыма, памыляўся.

Мае маці адкрыта выказала свае страхі й хваляваньні. Яна загадала мне пайсьці да гарадзкіх уладаў, каб зарэгістравацца й атрымаць дакументы. Яна баялася, што маёй гісторыі не павераць і я магу апынуцца ў астрозе альбо ў лягеры на ўсходзе Савецкага Саюза.

Каля шасьці вечара вярнулася медсястра. Яна была высокай, хударлявай, з прыгожай таліяй й маленькім задком у шчынкай спадніцы. У яе былі маленькія грудзі, і, здаецца, я мог бачыць саскі пад сіняй кашуляй. У яе былі карыя вочы й тонкія выгнутыя бровы. Яна была пекнай, але нечага не хапала. У ёй не было жыцьця.

Калі яна ўвайшла, маці прадставіла мяне, і медсястра зьлёгку ўсьміхнулася, хаця выдавала на тое, што я яе не зацікавіў. Потым яна павярнулася й пайшла ў свой пакой. Празь нейкі час яна зьявілася йзноў, папіла з намі гарбаты й вярнулася да сябе.

Паколькі ў кватэры цяпер знаходзідася медсястра, размова зьмянілася. Мы з маці пачалі гаварыць пра нашую сямью ў Любчы й абмяркоўваць, што мне лепш зрабіць: застацца тутака альбо падацца туды. Я сказаў, што, хутчэй, паеду ў Львоў, які знаходзіўся тады ў Савецкай Украіне, дзе меўся ўніверсітэт і дзе мае сябры, Язэп Сажыч і Янка Хутар, вывучалі медыцыну. Я хацеў, каб мяне залічылі да верасьня.

На наступны дзень я рана падняўся й пайшоў наведаць аднаго добрага сябра, зь якім мы вучыліся ў польскай гімназіі – Янку Плескача. Янка быў на дзьве клясы старэй за мяне, але ў нас былі вельмі давяральныя адносіны й мы заўсёды адкрыта абмяркоўвалі нашае стаўленьне да палітычнай сытуацыі ў Польшчы. Янка зьяўляўся антыкамуністам і выступаў за свабоду слова й правы чалавека. Ён змагаўся за правы беларускіх меншасьцяў, кшталту жыдоў. Ён зрабіў накід гісторыі Беларусі, дзе падкрэсьліваў, што нашая краіна захоўвала вернасьць дэмакратыі й заўсёды давала прытулак тым, хто спрабаваў унікнуць перасьледу, напрыклад, французскіх пратэстантаў і гішпанскіх жыдоў. Янка моцна зьдзівіўся, калі пабачыў мяне, бо чуў, што я загінуў на фронце. Я запэўніў яго, што ёсьць жывым і здаровым і надта прагну вярнуцца да вучобы, каб займацца медыцынай, і што зь нецярпеньнем чакаю таго дня, калі Беларусь будзе йзноў вольнай. Янка сур’ёзна паглядзеў на мяне й запрасіў прысесьці. Ён растлумачыў мне, што інфармацыя, якую ён зараз паведаміць мне, зьяўляецца прыватнай і што яго арэштуюць і адправяць у Сібір, калі нехта даведаецца, што ён гэтай інфармацыяй валодае. Янка коратка абмаляваў мне сытуацыю, якая панавала ў Беларусі, што было падобным да таго, што распавяла мне маці. Ён пацьвердзіў, што саветы падаўляюць вальнадумства й зьнічтажаюць усіх і ўсё, што нейкім чынам зьвязана зь беларускім нацыяналізмам. Ён паведаміў, што студэнты, якіх польская паліцыя акрэсьліла як камуністаў, былі арыштаваныя й зьніклі. Янка лічыў, што я моцна памыліўся, што вярнуўся. Ён параіў мне пайсьці ў гарадскую адміністрацыю й пабачыцца зь дзяўчынай пад прозьвішчам Абрамовіч. Яна вучылася ў адной клясе са мной у польскай гімназіі й, паколькі была жыдоўкай, хутка атрымала адміністратыўны пост у гарадзкіх ворганах кіраваньня. Савецкі ўрад і КГБ выказвалі шмат сымпатыі да жыдоў, што разыходзілася з антысеміцкай палітыкай пры Польшчы. Саветы абвесьцілі жыдоў раўнапраўнымі грамадзянамі, якія атрымалі нават болей правоў за ўсіх астатніх, бо яны цяпер займалі амаль усе адміністратыўныя й больш-менш уплывовыя пасты.

Я накіраваўся ў пашпартны стол, дзе працавала Абрамовіч, і яна вельмі ўзрадавалася, калі пабачыла мяне. Калі я паведаміў ёй, што зьяўляюся ваеннапалонным, яна дала мне знак, каб я маўчаў і ня ўзгадваў нічога пра свае ўцёкі. Яна параіла мне зманіць, што я прыбыў зь іншага горада й хацеў бы зарэгістравацца ў Наваградку. Праз колькі хвілінаў я атрымаў пашпарт са сваім прозьвішчам і адрэсай і зрабіўся паўнапраўным грамадзянінам Савецкай Беларусі. Абрамовіч запрапанавала сустрэцца крыху пазьней, каб абмеркаваць некаторыя дэталі. Тым самым вечарам мы сустрэліся ў рэстарацыі, і Абрамовіч папярэдзіла мяне, што мы ня можам гаварыць пра палітычную сытуацыю, і ўвесь час нэрвова азіралася па баках. Мы замовілі каву й гутарылі пра нашае мінулае ў польскай гімназіі й пра асабістае жыцьцё Абрамовіч. Яна была заручаная з адным з маіх прыяцеляў. Значна пазьней, калі я пабачыў Абрамовіч наступным разам, яна йшла ў калёне, якую эсэсаўцы вялі на растрэл.

Перад тым, як я выехаў у Львоў, мы з маці зьезьдзілі ў Любчу, каб пабачыцца з раднёй і пабываць на бацькавай магіле. Да мяне вярнуліся дзіцячыя ўспаміны пра папярэднія прыезды. Калі я быў малым, я шкадаваў, што ў мяне няма бацькі, але цяпер я ўжо быў дарослым і адчуваў, што не разумею, чаго мне не хапала. Маці, са сьлязьмі на вачах, павярнулася да мяне й сказала, што яна спадзяецца, што я буду гэткім жа, як і мой бацька. Яна сказала, што будзе маліцца за мяне, каб я патрапіў на медыцынскі факультэт і спраўдзіў сваю мару стаць лекарам. На той момант я быў упэўнены, што не падвяду яе. Я глядзеў на ейнае маленькае цела, якое было такім моцным, і яна ў той дзень пераўтварылася ў волата ў маіх вачах. Я так любіў і паважаў яе. Яна столькім ахвяравала, каб дапамагчы мне. Мая маці была ня вельмі рэлігіёзнай. Яна наведвала царкву раз на год, на вялікодную службу. У ейным пакоі вісела йкона, і перад ёй – лампадка. Ікона заставалася вісець і пры польскай, і пры савецкай акупацыі. У большасьці хат іконы зьніклі, калі прыйшлі саветы. Было вельмі лёгка пазнаць тых сьлепакоў, якія раней наведвалі царкву кожную нядзелю й былі вельмі рэлігіёзнымі, але раптам, калі ўлада стала савецкай, прыбралі йконы, кінулі хадзіць да царквы й сталі атэістамі. Мая ж маці, як хадзіла да царквы раз на год раней, так і працягвала рабіць гэта й за саветамі. Яна была жанчынай зь цьвёрдымі прынцыпамі.

Мы вярнуліся ў Наваградак, і я сеў у цягнік, каб пабачыцца са сваімі сябрамі ў Львове.

На жаль, я спазьніўся на медыцынскі факультэт. Мае сябры параілі мне запісацца на які-небудзь іншы, хаця яны й баяліся, што я разгублюся ў такім вялікім горадзе, як Львоў, і не змагу жыць тамака без апекі. У выніку, яны прапанавалі мне вярнуцца ў Беларусь, хаця й разумелі, што ў Наваградку вельмі хутка змогуць вылічыць, адкуль я зьявіўся, і рэпрасаваць. Да мяне таксама даходзілі ўжо чуткі, што ўсе, хто вярнуўся з Германіі, лічыліся ненадзейнымі й высылаліся ў Сібір. Нягледзячы на ўсё гэта, мы зь сябрамі прабавілі некалькі цудоўных дзён разам у Львове. Мы размаўлялі адкрыта, бо давяралі адзін аднаму, і сыйшліся на тым, што камуністычная рэчаіснаьць ёсьць турмой, дзе пралетарыят – раб савецкай сыстэмы. Мы падзівіліся таму, як Сталін здолеў унушыць страх і пакорнасьць мільёнам людзей.

Празь некалькі дзён я вярнуўся ў Наваградак, а потым знайшоў у Любчы месца выкладчыка нямецкай мовы ў рускай школе. Я вырашыў год папрацаваць тамака, а наступным – падаваць дакументы на медыцынскі факультэт. Я ад’ехаў у Любчу недзе напрыканцы верасьня 1940 году. Я быў моцна расчараваны тым, што не патрапіў на медыцынскі факультэт, але я пачуваўся яшчэ больш расчараваным у дачыненьні да савецкай сыстэмы. Навіны пра ўсемагутную Камуністычную партыю й КГБ рабіліся ўсё больш жахлівымі й неверагоднымі.

Калі я прыехаў у Любчу, мне падалося, што час спыніўся. Мяне ўразіла мірная атмасфэра на берагах Нёмана, і я бавіў шмат часу, назіраючы, як мае вучні ловяць у гэтай рацэ рыбу, плёскаюцца, катаюцца на лодках.

Мая бабуля, здаецца, не зьмянілася. Яна падавалася мне ўсё гэткай жа старой, спагадлівай, клапатлівай. Мой дзед зрабіўся крыху лядашчым і ніяк ня мог прыстасавацца да пераменаў, асабліва да новага часу, пераведзенага на дзьве гадзіны наперад. Я памятаю, як дзед неяк сядзеў на ложку, драмаў з адчыненым ротам, а потым раптам прачнуўся й спытаўся, колькі часу. Я адказаў, што дзесяць гадзінаў, але дзед хацеў даведацца, па якім часе – новым альбо старым. Я супакоіў дзеда, што па старым, і толькі тады ён заснуў ізноў. Яму зусім не падабалася новая сытуацыя, і ён заўсёды бурчэў наконт яе. Ён цяпер згубіў уладу саматужнага адваката й дарадцы, бо зьмяніліся законы. Ён больш ня меў права слова ў грамадзкім жыцьці, бо цяпер усім кіравала Камуністычная партыя. На дзедава месца былі прызначаныя новыя людзі, якія прыехалі здалёк, і мяне непрыемна ўразіла тое, што яны ўсе размаўлялі выключна па-расейску.

Школа, дзе я выкладаў, разьмяшчалася ў старым маёнтку сямьі Набокавых. Нашыя заняткі праходзілі ў прыгожых, але крыху занядбаных пакоях. Шкада было бачыць, што гэныя пэрлы архітэктуры барока выкарыстоўваюцца ў мэтах русіфікацыі. Усе каштоўнасьці з маёнтка зьніклі, бо тады было звычайным тое, што гістарычныя каштоўнасьці вывозяцца зь Беларусі ў Расею.

Набокавы былі дваранамі, якія паходзілі ад рускіх і немцаў. Малады Набокаў якраз і зьяўляецца аўтарам «Лаліты» й іншых твораў. У дзяцінстве Набокаў увесь час спрабаваў зьбегчы са сваіх харомаў, каб пагуляць з намі, але яго заўсёды вярталі назад і папракалі нянькі, якія не хацелі, каб яго «запэцкалі» простыя людзі. Блакітнавокі, сьветлавалосы Набокаў быў добра выхаваным і вельмі прыязна да нас ставіўся. Ён заўсёды прасіў прабачэньня за тое, што ня можа запрасіць мяне дадому, бо гэта парушыла б усталяваныя правілы. Ён часта таемна прыходзіў да нас, бо ў нас была вельмі ўтульная атмасфэра, што яму так падабалася, і мы частавалі яго чым-небудзь. Ён некалькі разоў казаў мне, што не хацеў бы вяртацца дадому, а лепш застаўся б у нас і жыў тым жыцьцём, якое было ў мяне. Пасьля «вызваленьня» саветамі сямья Набокавых некуды зьнікла, відаць, апынулася ў Сібіры. Аднак мой сябар здолеў уцячы ў Германію і адтуль – у ЗША, дзе ён памёр у 1987 годзе.

Я накіраваўся ў школу, каб абмеркаваць сваё назначэньне. Дырэктар школы, Міхайлаў, таксама размаўляў па-расейску. Усе настаўнікі спрабавалі ўвесьці гэтую мову ў выкладаньне. Я папрасіў прабачэньня за тое, што па-расейску не размаўляю, і выказаў зьдзіўленьне з нагоды таго, што ў Любчы, горадзе з трыма тысячамі насельнікаў, семсот зь якіх былі жыдамі, а астатнія – беларусамі па этнічным паходжаньні, усе размаўляюць па-расейску. Дырэктар быў моцна зьдзіўлены маёй заўвагай і незадаволены. Ён спытаў, ці ня ёсьць я адным з тых нацыяналістаў, якія адмаўляюцца гаварыць па-расейску. Мне гэнае пытаньне падалося крыху правакацыйным, і, паколькі я помніў папярэджаньні свайго дзядзькі аб палітыцы русіфікацыі ў Савецкім Саюзе, адказаў, што не зьяўляюся нацыяналістам, але мне падаецца зусім натуральным, што людзі павінны размаўляць на сваёй роднаё мове, калі ўжо мая краіна была вызваленая саветамі й аб’яднаная пад назвай Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Я заявіў, што назва «Беларуская» ўказвае на тое, што мы ёсьць асобнай рэспублікай, і што, на маю думку, мы мусім мець пэўныя прывілеі й правы, кшталту, размаўляць на роднай мове. Я сказаў, што ня маю нічога супраць таго, каб вывучаць рускую, нямецкую, лацінскую й іншыя мовы, але настойваю на тым, што мы мусім мець права размаўляць па-беларуску. Я, натуральна, зрабіў на дырэктара дрэннае ўражаньне й баяўся, што ён вырашыць высьветліць маё паходжаньне.

Наступным днём дырэктар спытаўся ў мяне, ці ня ёсьць я пляменьнікам Базылю Рагулю, які выкладае рускую мову ў той самай школе. Я пацьвердзіў гэта, і дырэктар параіў мне пераняць сьветапогляд дзядзькі. Мой дзядзька Базыль атрымаў адукацыю ў Расеі й размаўляў па-расейску. Ён вельмі добра ведаў рускую літаратуру. Калі я спытаў яго, чаму ён, беларускі патрыёт, так захапляецца рускай літаратурай, ён адказаў, што яна надта прыгожая. Я ня стаў пярэчыць дзядзьку й нічога ня меў супраць таго, каб ён размаўляў па-расейску, каб выказаць свае думкі й пачуцьці. У польскім парлямэнце й сенаце ён абараняў правы беларусаў і заўсёды размаўляў па-беларуску дома. Дырэктару я адказаў, што дзядзька Базыль ня мае на мяне ніякага ўплыву ў дачыненьні да нацыяналістычных і палітычных поглядаў і, здаецца, запэўніў дырэктара.

Навучаньне ў школе, дзе я працаваў, грунтавалася на праграме дзесяцігадовай адукацыі. У вялікіх гарадох школьныя адукацыйныя стандарты былі значна вышэйшымі й па заканчэньні школы вучні былі лепш падрыхтаваныя да паступленьня ва ўніверсітэт. Аднак нават у вялікіх гарадох стандарты не былі такімі высокімі, як у польскай гімназіі.

Я пачаў працаваць настаўнікам, але незадаволены гэтым абавязкам, я арганізоўваў спартыўныя мерапрыемствы. Я ўвёў гімнастыку, баскетбол, валейбол, лыжны спорт. Малады расейскі настаўнік Міша быў моцна ўражаны маімі намаганьнямі. Ён зьяўляўся камсамольцам, членам камуністычнай моладзевай арганізацыі, якая была першым крокам на шляху да членства ў кампартыі. На прыступку ніжэй за камсамольцаў знаходзілііся піянеры, своеасаблівы эквівалент скаўтаў. Усе гэтыя арганізацыі выпрацоўвалі ў членах камуністычны дух невідушчага падпарадкаваньня кіраўнікам арганізацыяў.

Мая дзейнасьць зацікавіла Міхаіла, і аднойчы, калі ў мяне быў дзесяціхвілінны перапынак паміж заняткамі, Міша адвёў мяне ўбок і запрасіў прагуляцца й пагутарыць пра тое-сёе. Ён спытаўся, як мне падабаецца мая праца, і паведаміў, што ён уражаны тым, што я арганізую спартыўныя мерапрыемствы для вучняў. Ён сказаў, што я раблю карысную, але безнадзейную рэч, таму што яе не падтрымліваюць наверсе, бо я ня ёсьць камсамольцам. Я спытаў, ці не прапануе ён мне ўступіць у камсамол, і Міхаіл адказаў, што гэта было б нядрэнна. Ён растлумачыў, што калі я зраблю гэтак, то ў мяне будзе больш шанцаў самарэалізавацца, і яшчэ я змагу потым уступіць у кампартыю. І калі я ўжо здолею апошняе, то будучыня будзе маёй, па словах Міхаіла. Ён гаварыў з такім запалам, што мне на нейкі момант падалося, што я сапраўды мог бы стаць членам партыі. Я помніў папярэджаньні свайго дзядзькі пра дзейнасьць Камуністычнай партыі. Я ніколі ня меў дакладнага ўяўленьня пра ейную дзейнасьць, але я памятаў пра тое, што зьнікалі кулакі й нават удзельнікі Грамады, якая, лічылася, супрацоўнічае з камуністамі. Падазрэньні й ненавісьць да камуністаў усё ўзмацняліся ўва мне, і я ніяк ня мог уявіць сябе камсамольцам. Я таксама ведаў, што ў дачыненьні да ўсіх, хто хацеў уступіць у камсамол, праводзілася праверка мінулага, бацькоў і дзядоў. Я баяўся, што, калі яны даведаюцца, што я нелегальна вярнуўся ў Беларусь, то мяне таксама залічаць у «непажаданыя элементы». Я падзякаваў Мішу за ягоную шчодрую прапанову, але заўважыў, што не заслужыў яшчэ пачэснай магчымасьці стаць касамольцам, бо ёсьць пакуль ідэялягічна непадрыхтаваным. Мне спатрэбіцца час, каб абмеркаваць усё гэта. Я паабяцаў, што празь нейкі час дам Мішу больш пэўны адказ. Ён папрасіў доўга ня думаць і дадаў, што спадзяецца, я дам станоўчы адказ.

Тым самым днём, за вячэрай, я паведаміў сваёй сямьі, што здарылася. Мая цётка Люба проста скамянела. Яна сказала, што я не змагу пазьбегнуць уступленьня ў камсамол, а той факт, што Базыль Рагуля – мой дзядзька, скончыцца для мяне непрыемнасьцямі. Я на гэна заўважыў, што яны ўжо ведаюць пра нашае сваяцтва, і выказаў сваё зьдзіўленьне тым, што Базыль яшчэ тутака. Я дадаў, што ведаю пра кампартыю шмат дрэнных рэчаў і што ніколі не ўступлю ў яе. Позна вечарам прыйшоў мой дзядзька Базыль, і я распавёў яму пра свае клопаты. Дзядзька падкрэсьліў, што я не павінны ўступаць ў партыю, бо, калі я зраблю гэта, то аддамся ў рукі сыстэмы, ад якой ужо ня здолею адкараскацца. Рашэньне было прынятае, і цяпер стаяла пытаньне, як адзьцягнуць размову зь Мішам і як адмовіць яму.

Жыцьцё тым часам працягвалася, і я нейкім чынам зрабіўся абыякавым да падзеяў, што адбываліся наўкола. Я рыбачыў, а калі ў лістападзе выпаў сьнег, катаўся на лыжах у лесе непадалёк. Мне падабалася назіраць за жывёламі, і я ніколі не забіў нічога большага за зайца. Нягледзячы на армейскую падрыхтоўку, я ня быў добрым стралком. Аднойчы я забіў зайца і ня мог нават знайсьці ранку. Я прынес яго дадому, і мае пачалі кпіць зь мяне, што заяц памер ад страху, калі пачуў стрэл. Але я ня надта захапляўся паляваньнем. Мне больш падабалася хадзіць на лыжах, бавіць час на самоце, калі я мог упарадкаваць свае думкі.

Памятаю, як мой дзядзька сказаў, што мы не заўсёды атрымліваем тое, на што спадзяемся, і што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка не была беларускай, а толькі новым набыткам Савецкага Саюза. Калі мы былі пад польскай акупацыяй, то змагаліся за тое, каб захаваць свае школы, сваю мову й сваю культуру. Але мы адкрыта размаўлялі па-беларуску, чыталі беларускія кнігі й, да 1932 году, нават мелі штотыднёвае перыядычнае выданьне. Мы друкавалі й перавыдавалі кнігі сваіх знакамітых паэтаў і пісьменьнікаў, у тым ліку Янкі Купалы й Якуба Коласа. Але жыцьцё пад саветамі аказалася ня тым, чаго чакалі людзі. Замест вызваленьня саветы прынесьлі новую хвалю тэрора, русіфікацыю, матэрыяльны заняпад і нечуваны зьдзек з боку партыі й КГБ.

Нарэсьце надышоў час даць адказ на прапанову стаць камсамольцам. Аднойчы да мяне прыйшоў намесьнік дырэктара, каб абмеркаваць са мною курс нямецкай мовы. Я паскардзіўся, што мне цяжка вучыць дзяцей бяз кніг і іншых дыдактычных матэрыялаў. Намесьнік паабяцаў дапамагчы. Потым ён дадаў, што ніколі ня меў магчымасьці пагаварыць са мной пра маё мінулае й што ён, увогуле, хацеў бы даведацца пра мяне крыху больш. Ён сказаў, што чуў, што я быў ваеннапалонным у Германіі, і пацікавіўся, як я здолеў вярнуцца ў Беларусь. Я адказаў, што гэна ўсё старыя й непрыемныя ўспаміны, і я не лічу, што яны такія ўжо цікавыя. Я распавёў, што чуў, быццам у Беларусі йзноў адчыніліся школы, да таго ж я хацеў вывучаць медыцыну й таму сплянаваў уцёкі. Намесьнік спытаўся, ці былі ў мяне цяжкасьці зь пераходам мяжы. Я адказаў, што не, бо нямецкія патрулі знаходзіліся далёка, а потым я накіраваўся ў Беласток і там сеў у цягнік на Наваградак. Намесьнік зьдзівіўся, што саветы не спынілі мяне для кантролю й не арыштавалі мяне. Я зманіў, што ня думаў, што ваеннапалоннаму трэба нечага баяцца. Я скончыў словамі пра тое, што Нямеччына ўжо ў мінулым, што я нарэсьце дамогся свабоды й цяпер хацеў бы спакойна працаваць у школе. Намесьнік хацеў дазнацца, ці паведаміў я пра свае ўцёкі ўладам. Я адказаў, што хадзіў у гарадзкую адміністрацыю ў Наваградку. Натуральна, я не ўзгадаў Абрамовіч. Некаторы час панавала цішыня, бо намесьнік, відаць, чакаў яшчэ нейкіх прызнаньняў ад мяне. Маё сэрца пачало моцна біцца. Я стараўся не выдаваць сваёй трывогі, але мне здавалася, што рэчы сьціскаюцца вакол мяне. Я ўжо чуў, што парушальнікаў мяжы адпраўляюць у лягеры на тры гады, згодна са 120 артыкулам. Потым намесьнік дырэктара павярнуўся да мяне й спытаўся, ці прыняў я рашэньне наконт камсамолу. Я адказаў, што мне яшчэ патрэбна крыху часу, каб вывучыць гісторыю Камуністычнай партыі й ведаць тыя рэчы, якія ён ужо ведаў. Я дадаў, што не хачу быць навабранцам, які нічога ня ведае пра гісторыю Кампартыі й ейную дзейнасьць у Савецкім Саюзе. Намесьнік адказаў не адразу. Ён заявіў, што разумее мяне, але ягоны голас гучаў ня надта пераканаўча. Я быў упэўнены, што намесьнік гэбіст і што ён яшчэ будзе абмяркоўвацю маю будучыню ў пэўнай установе.

Дома я ўсім расказаў, што адбылося, і павісла маўчаньне. Цётка Люба, якая ўсхвалявалася больш за ўсіх, параіла мне пакінуць Любчу й пайсьці туды, дзе мяне ніхто ня ведае. Але я падумаў, што калі я гэта зраблю, будзе выдаваць на тое, што я вінаваты ў нечым і спрабую пазьбегчы расплаты за грахі, хаця на самой справе ніколі іх не ўчыняў. Я вырашыў застацца, што аказалася няўдалым рашэньнем, і працягваў працаваць настаўнікам, займацца з вучнямі спортам, у першую чаргу лыжамі.

Незадоўга перад Ражаством 1940 году я наведаў свайго стрыечнага брата Вальтэра, сына цёткі Любы. Я на лыжах пайшоў да яго ў лес, дзе Вальтэр служыў лясьнічым. Гэна было вельмі ціхае месца, і я прабавіў там шмат часу за размовамі пра маё мінулае, маю будучыню й пляны майго брата. Ён быў сьціплым чалавекам, безь ніякіх асаблівых памкненьняў. Вальтэр скончыў польскую гімназію, вучыўся ў Варшаве, здаецца, на ветэрынара. Але ён сышоўся з благімі людзьмі, магчыма, нават ужываў наркотыкі й алкаголь і так і не атрымаў адукацыі. Вальтэр вярнуўся дадому й пачаў працаваць у якасьці лясьнічага. Ён быў прыемным чалавекам, гадоў на шэсьць старэй за мяне, і адзіным сябрам-мужчынам, які ў мяне тады меўся. У мяне не было бацькі, а дзядзька Косьця быў чалавекам слабым, нерашучым, і я, хаця й любіў яго, але не паважаў, не ўважаў за прыклад мужчыны. Вальтэр быў адзіным чалавекам, зь якім я бавіў час: на рыбалцы, у вандроўках і г.д.

Ражаство ў Любчы было ціхім і прыемным. Сабраліся мая маці, дзядзька Базыль, Вальтэр і ягоная беспрацоўная сястра Ніна. Упершыню мы падрабязна абмяркоўвалі маю будучыню. Мая маці моцна хвалявалася за мяне й прапанавала мне паехаць у які-небудзь вялікі горад, дзе я мог бы згубіцца. Ізноў, я не ўяўляў, як гэта магчыма.

Прайшлі Ражаство й Новы год, а я працягваў працаваць у школе й зрэдку наведваў маці. Паміж тым, я пасябраваў з адной настаўніцай, якая, як і большасьць зь іх, была з Савецкага Саюзу. (Савецкія ўлады лічылі, што мясцовым настаўнікам нельга давяраць выкладаньне камуністычных прынцыпаў.) Настаўніца неяк захварэла, і я стаў часьцей бачыць яе: наведваць, прыносіць сочыва, якое зварылі мая цётка й бабуля. Адносіны паміж намі пацяплелі. Дайшло нават да мілосьцяў і абдымкаў, але нічога сур’ёзнага паміж намі не было, і я ніколі ня меў ніякіх сур’ёзных намераў наконт яе. Калі дзяўчыне палепшала, яна прапанавала нам выпіць разам. Яна выцягнула бутэльку гарэлкі й нейкі селядзец і заявіла, што мы п’ем за нашую будучыню, бо павінны хутка зарэгістраваць шлюб. (На той час ажаніцца было вельмі лёгка: тры рублі – і вы ўжо муж і жонка, трыццаць – і вы разьведзеныя.) Я быў у шоку! Я сказаў дзяўчыне, што не зьбіраўся зь ёю жаніцца. Тады яна пачала распытваць мяне, чаму ж я прыходзіў, прыносіў ёй падарункі. Я адказаў, што гэта таму, што яна мне падабаецца й што я хацеў, каб яна пачувалася, як дома. Я паспрабаваў пераканаць яе, што ўвогуле не адношуся да тых людзей, якія жэняцца, ва ўсякім разе цяпер. Я зьбіраўся спачатку скончыць вучобу, зрабіць што-небудзь у жыцьці. Мне было тады дваццаць, а ёй – на два ці тры гады больш, і яна не магла альбо не хацела мяне зразумець. Яна пачувалася пакрыўджанай. Для мяне гэта было нешта новенькае: жанчына прапануе мужчыну ажаніцца зь ёю. Гэта што, было вызваленьне жанчынаў? Можа, Савецкі Саюз зьмяніў прыроду жанчыны? Я не разумеў. Я цьвёрда сказаў ёй, што хацеў бы застацца ейным добрым сябрам, але не жаніцца. Яна загадала мне пакінуць яе й ніколі больш не прыходзіць. Я бачыў яе некалькі разоў у школе, але яна не падымала вачэй і рабіла выгляд, што ня ведае, хто я такі. Яна больш не прысаджвалася да мяне падчас школьных перапынкаў, і я пачуваўся няўтульна. Так, як быццам зрабіў нешта дрэннае – але ж я ні ў чым ня быў вінаватым! Я быў упэўнены, што ніколі не абражаў, не выкарыстоўваў яе, а толькі быў прыязным, спагадлівым. Мне падабалася жаночая кампанія, і магчыма, у нас што-небудзь атрымалася б, каб яна не зрабіла гэную рэзкую прапанову пабрацца шлюбам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю