Текст книги "Жыцьцё пад агнём"
Автор книги: Лявон Юрэвіч
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 14 страниц)
– Мы хочам мець сваю дзяржаву, – чулася, прыкладам, з аднаго боку. – Хочам, каб на нашай зямлі былі гаспадарамі мы, нашы дзеці, як некалі нашы дзяды ды прадзеды…
VIII
Мір. Прыгожае беларускае местачка. Там яшчэ да сяньня стаіць прыгожы замак – былая сяліба мірскіх князёў. Мір ведамы ўсім у Беларусі з сваіх слаўных кірмашоў, куды зьяжджаліся купцы з усяе Эўропы дзеля закупу коней. Жыхарства, праўда крыху бунтарнае, але сьведамае свае мэты. Мір, Турэц, Карэлічы шмат далі сьведамай беларускай інтэлігенцыі.
У гэты ж вечар была наладжана на прасторным пляцы сустрэча эскадрону зь мясцовым баталёнам БКА. Жаўнеры баталёну выстраіліся на пляцы. Яны яшчэ ня мелі вайсковай вопраткі, не хапала зброі. Ня гледзячы на гэта, жаўнеры бадзёра глядзелі ў будучьшю, верачы, што тыя, хто іх паклікаў у імя Бацькаўшчыны, падумаў аб усім і ў хуткім часе яны атрымаюць усё патрэбнае.
На пляц уехаў эскадрон. Ён заняў трэйці бок квадрату. Камандзер выехаў перад фронт і гукнуў: «На чэсьць Мірскога Батальёну тройчы: Жыве!»
«Жыве! Жыве! Жыве!» – вырвалася дружна з грудзей наваградчан.
– На чэсьць Эскадрону, – адазваўся з вышыні трыбуны камандзер Мірскога Батальёну, – тройчы: Слава! – Рэхам пакацілася магутнае «слава».
Камандзер батальёну ў палкіх словах вітаў сваіх гасьцей. Далікатнае вуха магло аднак пачуць у іх тоны трывогі за будучы лёс сваіх жаўнераў, што прыйшлі сюды за клічам патрыятызму, але недастаткова забясьпечаных.
– Я веру, – канчаючы сваю прамову, сказаў ён, – што нашы высілкі, часамі здавалася б безнадзейныя, ня будуць дарэмнымі. Няхай Усемагутны дапаможа нашаму народу зісьціць ягоныя натуральныя дамаганьні дасягнуць тога, што Бог даў усім народам на адвечнае карыстаньне – Свабоду й Незалежнасьць!
Камандзер эскадрону, відавочна ўсхвалёваны словамі свайго сябры па зброі, моцна паціснуў яму руку. Ён узыйшоў на трыбуну й прывітаў ад імя эскадрону й наваградчан мірскі батальён. Цяжка ўспомніць увесь зьмест ягонай прамовы. Засталіся толькі некаторыя мамэнты.
«Нашае палажэньне, як і ўсяго нашага народу, нязвычайна цяжкое й скамплікаванае, гаварыў ён. Некалі мы спадзяваліся на немцаў, што яны задаволяць нашыя нацыянальныя дамаганьні, але пераканаліся, што моцна памыляліся. Бальшавіцкае панаваньне й іхныя хлусьлівыя лёзунгі ды абяцаньні мы пазналі дастаткова. Заходнія народы сяньня хаўрусьнікамі нашага найбольшага ворага – бальшавікоў. Хаўрусьнікаў ня маем. Ды зрэштай ніводзін хаўрусьнік не дароўвае дзяржавы. За яе трэба змагацца. У змаганьні галоўнае, гэта собскія сілы й вера ў сябе. Гэты хаўрусьнік ня зрадзіць. Маючы яго, мы знойдзем іншага, але страціўшы веру ў собскія сілы, у свой народ, мы нідзе ня знойдзем дапамогі…»
«Кажуць, што мы немцам служым, – у іншым месцы працягваў ён. – Мана! Няважна, што мундзіры аднаго колеру, але пад мундзірамі іншыя сэрцы б’юцца. Чыны нашы няхай будуць сьветкамі службы нашаму народу».
«Вораг наш кажны, хто супраць нашага ідэалу – Незалежнай Беларусі. Сяньня мы павіны выкарыстаць нагоду, каб давесьці нашаму народу, што ён мае яшчэ верных сыноў. Наше заданьне – вярнуць веру народу ў свайго жаўнера. Пераканаць стэрарызаванага селяніна, што стрэльба ў руках беларускага жаўнера не дзеля тэрору, а дзеля абароны Беларуса перад тэрорам чужынцаў. Гэта першая мэта нашага змаганьня. Дасягнем яе, дасягнем і іншых…»
Сустрэча двух беларускіх вайсковых адзінак моцна падняла на духу як жаўнераў, так і камандзераў гэых адзінак.
28-га красавіка эскадрон прыбыў у Турэц. Тут адбылася паважная нарада з бурмістрам і начальнікам мясцовай паліцыі што да далейшага маршу. Паводля іхных інфармацыяў, этап Турэц – Карэлічы – найбольш небясьпечны. Апошнім часам быў загледжаны ўзмоцнены рух партызанаў у гэтых ваколіцах. Як бурмістр, так і начальнік паліцыі перакананы, што Міцька, адзін з найздальнейшых партызанскіх камандзераў і маючы да свае дыспазыцыі вялізарныя сілы, не прапусьціць нагоды, каб не заатакаваць эскадрон пры пераправе цераз Сэрвач, найбольш небясьпечны пункт этапу. Паміж Турцом і Карэлічамі сувязь ужо ад даўжэйшага часу была зусім перарваная. Гаспадарамі ў раёне былі партызаны.
Плян маршу быў дэтальна распрацаваны: два цяжкія кулямёты з чатырох наяўных павінны быць усьцяж на становішчах; пераправа цераз Сэрвач мела адбывацца малымі групамі, пад аслонаю кулямётаў і мінамётаў.
Эскадрон гатовы да маршу. Шмат жаўнераў, улучна з камандзерам, былі родам з Турца. Таму разьвітаньне з гэтым утульным местачкам было мо крыху больш сантымэнтальным, як зь іншымі.
– Бывайце здаровы! З Богам хлопцы, з Богам, заглядайце часьцей! – чулася з розных бакоў.
Эскадрон паволі пасоўваўся наперад. Каля Тарасэвіч паказаліся першыя партызанскія конныя патрулі. Двух коньнікаў галёпам рвалі ў бок Слабодкі. На лева, з Навасёлак, два патрулі галяпавалі ў кірунку Бярозаўца. Трэба было лічыцца паважна з магчымасьцяй атакі на пераправе. Тэрэн быў адкрыты – гэта давала нам перавагу. Дзякуючы цяжкім кулямётам, мы мелі ўсе магчымасьці затрымаць праціўніка на належнай адлегласьці. Здалёк пала некалькі паасобных стрэлаў. Ізноў цішыня. Тымчасам пярэдняя ахова ўжо на Сэрвачы. Яна заняла выгадныя абаронныя пазыцыі. Неўзабаве кулямёты былі на сваіх месцах.
– Трэйці зьвяз дружынамі цераз Сэрвач! – паў загад. – Эскадрон з коней! – пакацілася па лініі.
Пачалася пераправа. Мамэнт напружанага чаканьня. Першая дружына ўжо на другім баку. Другая пачынае перапраўляцца. Раптам густы агонь з боку Карэліч. Што здарылася? Няўжо партызаны заляглі на тым баку, Сэрвачы? Тут жа пачуўся звон трывогі ў Карэлічах. Сытуацыя стала яснай: карэліцкая паліцыя прыняла нас за партызанаў.
– Ганец! Навязаць кантакт з карэліцкай паліцыяй за Сэрвачай!
Выцягнутым галёпам рваў коньнік у кірунку Карэліч. Агонь спыніўся. Праз колькі часінаў паказалася карэліцкая паліцыя. Пераправа прайшла спакойна, бяз выпадкаў: яшчэ раз партызаны не адважыліся ўступіць у вадкрыты бой з добра ўзброеным эскадронам.
IX
У Карэлічах эскадрон спадзяваўся належнага адпачынку й багатага прыняцьця: ужо даўно бурмістар карэліцкага раёну запрашаў эскадрон да сябе ў госьці. Нядоўга аднак давялося цешыцца гэтай думкай. Яшчэ падарозе ў Карэлічы паліцыя паінфармавала аб апошніх выпадках: уначы з 26-га на 27-га красавіка, калі эскадрон быў у Гарадышчы, партызаны напалі на кашары, дзе былі ўжо закватэраваныя першыя кантынгенты батальёну БКА. У той час знаходзілася ў Карэлічах група жаўнераў эскадрону, заданьнем якой быў выбар кандыдатаў у плянаваны наваградзкі батальён. Кашары былі пад аховаю мясцовай паліцыі, паколькі батальён БКА не атрымаў яшчэ зброі. У гэную ноч у кашарах меў службу падахвіцэр К-кі з адным жаўнерам эскадрону. Нечакана ўварваліся ў службовы пакой партызаны. Геройска змагаўся К-кі. Ранены ад першага стрэлу ў галаву, ён, заліты крывёй, адстрэльваўся зь пісталету; калі ж ня стала патронаў, выхапіў гранату. Партызаны кінуліся на яго. Ен аднак пасьпеў адбясьпечыць і адпусьціць ручку: магутны ўзрыў закончыў ягонае жыцьцё, але разам зь ім на месцы засталося трох партызанаў.
Як пазьней выявілася, партызаны ведалі пароль. Зьнялі пост паліцыі, і зусім бясьпечна ўвайшлі ў кашары. К-кі сваёй гераічнай сьмерцяй уратаваў колькі дзесяткаў нованабраных жаўнераў БКА.
Гэтае здарэньне прыгнятаюча адбілася на настроі эскадрону. Але прыгнечаньне замянілася ў жаданьне помсты свайго сябры. Яно ахапіла ў роўнай меры жаўнераў і камандзераў эскадрону. Хутка родзіцца плян: выправа на партызанскі штаб у Забалоцьці. Калі аб гэтым даведаўся бурмістар і кіравецтва мясцовай паліцыі, зь якой супрацоўніцтва было неабходнае, яны войстра запратэставалі:
– Ваш плян – гэта шаленства. Нічога не дасягнеце, толькі загубіце свой эскадрон. Застанецеся лепш дзень нашымі гасьцьмі ды варочайцеся ў Наваградак. Вас чакаюць большыя заданьні, – намагаўся пераканаць камандзера й ягоных сяброў бурмістар. – Яшчэ нядаўна быў тут нямецкі батальён, першарадна ўзброены. Яны мелі падобны плян, але мусілі павярнуць з палавіны дарогі. Што ж зробіце вы з вашай сотняй жаўнераў? Разважце раз паважна, – прасіў ён настойліва.
Але на развагу ня было месца ў маладых галовах. Камандзер падзякаваў бурмістру за перасьцярогі й парады ды прыступіў да абгутараньня пляну. Ён быў наступны: зьвяз коннай паліцыі выедзе над сьвітаньнем на Равіны, Руткавічы, Зарэчча. Трэба спадзявацца, што ў ваколіцах Руткавіч іх заатакуюць партызаны. Эскадрон заляжа ў ярох на паўночны захад ад Руткавіч і ў вадпаведны мамэнт уступіць у бой. Калі ж зьвяз дойдзе да Руткавіч і да дзесятай гадзіны партызаны яго не заатакуюць, эскадрон далучыцца да іх у Руткавічах і адтуль пойдзе нармальным маршам на Зарэчча й Забалоцьце.
Ня было ніякага сумлеву, што гэтым разам давядзецца сустрэцца з асноўнай сілай партызанаў. Плян быў падрыхтаваны ліхаманкава і распрацаваны недакладна. Ён апіраўся на меркаваньнях, якія, ня гледзячы нат на найвялікшую праўдападобнасьць, маглі выявіцца памылковымі.
Яшчэ перад сьвітаньнем эскадрон і зьвяз паліцыі крануліся ў паход. Тэрэн быў нязвычайна цяжкі. Глыбокія яры, густа пакрытыя зарасьлямі і падшытым лесам, давалі вялікую перавагу партызанам, якія свой тэрэн добра ведалі. Магчымасьці для цяжкое зброі былі невялікія. У такой мясцовасьці асноўную ролю могуць згуляць скарастрэлы ды гранаты. На кажным кроку відаць было сьвежыя сьляды партызанаў. Нідзе ні жывой душы – ціха і неяк несамавіта.
Эскадрон дайшоў да вызначанага месца. Ахову абмежавалі да колькіх подслухаў, каб нічым ня зрадзіць свае прысутнасьці. Час плыве памалу. Урэшце дзесьці каля дзесятае гадзіны наглядчык рапартуе, што паліцыя ўехала ў Руткавічы. Высланы патруль у вёску навязвае зь ёю кантакт. Хутка пасьля гэтага эскадрон апыніўся ў Руткавічах. Вёска здавалася вымерлай – ні жывой душы. Што здарылася? Чаму паліцыя бясьпечна праехала аж у вёску? Ці ня крыецца нейкая хітрасьць з партызанскага боку? Лепш быць падрыхтаванымі. Пасьля кароткае нарады высунулі аховы ў кірунку Забалоцьця, Зарэчча й Тупалаў. Апошняя была даручана дазнанаму падахвіцэру С. з прычыны на вялікую адлегласьць ад эскадрону і небясьпечны адрэзак.
Камандзер з ахвіцэрамі распрацоўваў далейшы плян дзеяньня. Мёртвая цішыня ў вёсцы неяк няпрыемна дзеіла на нэрвы. Пачуцьцё даволі няёмкае. Ад аховы спад Зарэчча збліжаецца ганец:
– Партызанскі патруль у сіле шасьцёх чалавек збліжаецца да нашых становішчаў. У ваколіцах Забалоцьця выразны рух вялікай колькасьці партызанаў. Конныя й пешыя. Частка накіроўваецца на Тупалы, другая – на Палужжа.
– Падпусьціць патруль і годна прыняць. Чакаць далейшых загадаў.
Тымчасам з Руткавіч нат бязь бінокля можна было бачыць партызанскую масу. Можна было меркаваць, што было іх там каля тысячы. (Як пасьля мы даведаліся, у акцыі прыймала ўдзел прыблізна паўтары тысячы партызанаў). Плян іх быў відавочны: абыйсьці эскадрон з двух бакоў, адрэзаць ад Карэліч, і змусіць прыняць бой у нявыгаднай пазыцыі ў Руткавічах, на дне даліны паміж узгоркамі й ярамі. Ахвіцэры хутка зарыентаваліся ў палажэньні: далейшы марш немагчымы. Трэба заняць якнайхутчэй пазыцыі на ўзгорках за вёскай, і там прыняць бой. Камандзер высылае ганцоў да аховаў зь інструкцыямі адступіць на вызначаныя пазыцыі. Лейтэнанту С-ко даручана неадкладна адступіць з асноўнай часткай эскадрону на вызначаныя ўзгоркі і арганізаваць абарону. Камандзер, лейтэнант Д. і 7 жаўнераў засталіся ў вёсцы, вычэкваючы на зварот ганцоў да аховаў з рапартам аб іхным адыходзе на ўзгоркі. Тымчасам падкова партызанаў заціскаецца. Ганцы спад Зарэчча й Забалоцьця вярнуліся; аховы выканалі загад. Ганца ад С. усё няма.
– Паедзем самі, так іх ня можам пакінуць, – сказаў камандзер. ― Пры нагодзе агледзім тэрэн эвэнтуальнага бою.
Стралою прамчаліся коні праз апусьцелую вёску. Дзіўным рэхам адбіваўся стук конскіх капытоў аб пустыя хаты.
Мінуўшы зарасьлі, група выехала на прасторную паляну. Нідзе ні сьледу аховы С. Павінны хіба быць на наступным узгорку, густавата пакрытым лесам. Накіраваліся туды. Ціха. Нашых ні сьледу.
– С…! – прыглушана гукнуў Д. Ціха. Выяжджаем на край лесу. Раптам густы агонь «фінак» і стрэльбаў прарэзаў глыбокую цішыню. Высока над галовамі засьвісталі кулі. Коні крута павярнулі назад. Выехалі зноў на паляну. Едзем уздоўж левага краю над глыбокім ярам, шырынёю мэтраў з пяцьдзесят. Перад намі ўзгоркі, на якіх залёг эскадрон. На права Руткавічы. Раптам на тым баку яру нешта зарухалася.
– Паліцыя, – ціха кінуў нехта. Пільна прыгледзеўшыся, можна было разрозьніць групу людзей, чалавек сорак-пяцьдзесят. Партызаны! Скуль яны маглі тут узяцца? Няўжо залеглі тут ад раніцы? Няўжо яны ведалі аб нашых плянах? Ня было часу аб гэтым думаць.
– Секанём па іх! – адазваўся Д.
– Давай! – адказаў камандзер.
Доўга ня думаючы, адкрылі агонь. На адказ доўга чакаць ня давялося: партызаны адказалі густым, але няцэльным агнём. Мы хуткім галёпам збліжаліся да ўзгоркаў, спускаючыся ўздоўж яру, які мэтраў сто далей крута паварочваў улева. Камандзерава кабыла прысела на задзе й пачала аставацца, але хутка ён зноў зраўнаўся з групай. З чорнага заду кабылы сачылася кроў.
Калі даехалі да павароту яру й завярнулі налева, каб лёгкім адкосам падняцца на ўзгоркі, насустрач выехаў неспадзявана конны аддзел партызанаў. На часіну адны й другія застылі ад нечаканай сустрэчы. Адзіны выхад, каб ухіліцца ад няроўнага бою ў нявыгаднай сытуацыі – проста ўсьпінацца на стромую сьцяну яру. У галовах ня месьціцца, што гэта магчыма. Д., стары кавалярыст, відаць расцаніў гэную магчымасьць інакш, бо крыкнуўшы «За мною!» накіраваў каня проста на абрыў яру. Упіліся шпоры ў конскія бакі: тыя дзіка кінуліся на стромую сьцяну. Цераз колькі часінаў мы былі ўжо сярод сваіх. Там чакала нас добрая вестка: група С. ужо далучылася да эскадрону.
Эскадрон быў разьмешчаны на ўзгорку формы трыкутніка, падстава якога была ад боку Карэліч і на бакі працягвалася даволі роўным і параўнальна адкрытым тэрэнам. Правы бок, ад Тупалаў, спадаў глыбокім ярам, густа пакрытым кустамі й маладым лесам. Левы бок, ад Равінаў, лагодна спушчаўся ў даліну ды канчаўся шырокім адчыненым полем. Верхні кут трыкутніка быў з боку Руткавіч. Гэта быў найбольш небясьпечны адрэзак, бо надта парэзаны ярамі ды равамі, густа пакрыты кустамі і маладымі зарасьлямі ды да гэтага шмат ніжэй паложаны. Гэты адрэзак быў адарваны ад рэшты тэрэну, занятага эскадронам – поле бачаньня ў той бок было практычна роўна нулю. Аднак тут неабходна было пакінуць тры дружыны, каб зачыніць найбольш выгадны падыход да пазыцыяў эскадрону. Пры гэтай групе застаўся таксама й камандзер эскадрону. Правы бок трыкутніка быў даручаны другому зьвязу, на чале зь лейтэнантам Д. Левы абсадзіў лейтэнант П. зь першым зьвязам. Адзін цяжкі кулямёт быў памешчаны з правага боку верхняга кута трыкутніка, крыху ззаду, каб пабольшыць поле бачаньня й абстрэлу. Другі заняў пазыцыю ў правым рагу на падставе трыкутніка. Ён меў вялікае поле абстрэлу і пакрываў агнём блізу ўвесь правы бок, за выняткам шматлікіх мёртвых поляў, якія трэба было пакрыць агнём «дзехцяроў» і стрэльбаў. Гэны кулямёт мог зьмяніць хутка кірунак агню і ў выпадку патрэбы пакрыць усю падставу трыкутніка. Менш-больш такую пазыцыю мелі два куляметы па левым баку, з тэй розьніцай, што поле абстрэлу было шмат лепшае. Тры дружыны засталіся пры конях, якія былі памешчаны ў катлавіне пры падставе трыкутніка. Нявыгада конных аддзелаў ляжыць якраз у тым, што блізу трэйцяя частка аддзелу, а ў найлепшым выпадку чацьвертая, мусіць заставацца пры конях. Тут жа зьвяз паліцыі служыў задняй аховай.
Партызаны не далі на сябе доўга чакаць. Яны адчынілі нерэгулярны й даволі рэдзенькі агонь на пазыцыі эскадрону. З нашага боку ня паў ніводзін стрэл: суровы загад забараняў страляць да таго часу, пакуль ня зьявіцца праціўнік. Гэткае маўчаньне дзеіць даволі прыгнятаюча на праціўніка.
Агонь гусьцеў і ад часу да часу ўжо быў чуцён над галовамі сьвіст куляў. Раптам у ярох узьняўся гоман і мітусьня. Зь дзікім крыкам кінулася партызанская маса на абрывы яру. Гэта быў мамэнт для нас. Забрахалі паважна кулямёты. Адрывіста, кароткімі сэрыямі, пакрывалі яны бакі яру. Тонам вышэй і неяк сьпяшаючыся, сакаталі «дзехцяры». Ад часу да часу ўмешваліся сюды «фінкі», а стрэльбы намагаліся ўтрымаць нейкі такт. Партызаны атакавалі пазыцыі на высунутым куце трыкутніка і ўвесь правы бок. Зь левага чуліся толькі рэдкія стрэлы.
Пры найбольш высунутым кулямёце сядзеў падахвіцэр К.
– А ну давай, нарывайся, сабачая пошасьць! Во вам, сталінскія халуі! – прыгаворваў ён пры кажнай сэрыі.
Ня гледзячы аднак на густы агонь, партызаны пхаліся на яры. Ужо чуліся паасобныя ўскрыкі партызанаў, густа перакладаныя «сакавітай» расейшчынай.
«Гранаты!» – паў загад па лініі.
Дзесяткі гранатаў узарваліся блізу адначасова. Хмары дыму й пяску засланілі зарасьлі й партызанаў. І раптам стала ціха. Партызаны скочваліся ўніз: першы наступ заламаўся.
Але нядоўга трывала цішыня: цяпер зь левага боку пачуліся стрэлы. Зноў дзікія крыкі, гоман: атакуюць сьвежымі сіламі. Але там ужо разумней, больш разважна, ня кучай. Зразумелі, што шапкамі нябось не закідаюць.
Другі зьвяз адчыніў агонь. Абслуга, прыладзіўшы свае мінамёты, спрытна выбірала мёртвыя полі ды цэльна мацала іх мінамі. Партызаны пачалі мітусіцца. Адзін з каманды мінамётаў быў тоўсьценькі жаўнер Т. з дабрадушнай усьмешкай. Яна ня зыходзіла зь ягоных вуснаў нат у найбольш паважных мамэнтах. І цяпер, закладаючы ў мінамёт міну, ён цалаваў яе і з дабрадушна-хітрай усьмешкай казаў:
«Занясі, душачка, прывет ванькам!»
Калі ж міна не трапляла ў мэту, ён цмокаў нездаволена, папраўляў прыцэл і, гладзячы новую міну, ласкава прасіў:
«Папраўся, сястрычка, чырвоным прывет перадай!..»
«Вось так!» – казаў ён задаволена, калі слуп дыму й пылу падымаўся ў належным месцы.
«Гэта вам за М., а гэта вось за К…»
На левым баку наступ партызанаў узмацняўся. Нечакана ні то крык, ні то выцьцё ўзьнялося блізу перад самымі пазыцыямі на куце трыкутніка збоку Руткавіч. Партызаны не атакавалі, але ўжо штурмавалі, падпоўзшы ціха да нашых пазыцыяў. Тонка засьвісталі кулі «фінак», густа пакрылі пазыцыі эскадрону. Узрыў гранатаў, крыкі партызанаў «Здавайся!» і «салёныя» адказы эскадронаўцаў, – усё зьмяшалася разам. Падахвіцэр В. замахнуўся прыкладам і зьехаў нейкаму нахабніку, які асьмеліўся дабрацца аж да яго.
– Зацяўся максім, – крыкнуў кулямётчык. Камандзер падскочыў да кулямёту й адчыніў замок: у рулі засеў нявыпал.
– Шомпал! – гукнуў ён ды высунуўся зза прыкрыцьця, каб паспрабаваць выбіць набой. Тут жа нехта з жаўнераў крыкнуў: «Рагуля, лажыся!» і бадай у той самы мамэнт сноп куляў зь «фінкі» ўрэзаўся ў вал перад кулямётам. Калі камандзер падняў галаву, дык партызан ужо выпускаў «фінку» з рук, прашыты куляй эскадронаўца.
Спакойны і зраўнаважаны агонь эскадронаўцаў, эфэкт масавага ўжыцьця гранатаў зрабіў сваё: яшчэ раз давялося адступіць партызанам. Камандзер выслаў ганца па Д. Незадоўга той падпоўз да камандзера і зь вясёлай усьмешкай папытаў:
– Ну як? Далі крыху перцу?! У вас тут весялей, – дадаў ён.
– Можа пяройдзем у наступ? – запрапанаваў камандзер.
Але Д., дасьветчаны ў партызанскіх баёх, катэгарычна адрадзіў.
– Пачакаем, яны яшчэ раз паспрабуюць. Няхай сьцякаюць крывёй, а наступаць на нішто ня здасца: жывой душы ня знойдзем, а сваіх можам палажыць здорава.
Жаўнеры падцягалі скрынкі з амуніцыяй, папаўнялі дыскі й стужкі, абвешвалі сябе гранатамі. Цэннай зброяй аказаліся яны! Ужо два разы ратавалі палажэньне.
Тымчасам партызаны зноў адчынілі агонь па пазыцыях эскадрону. Цяпер ён быў радзейшы, але больш цэльны. Зь левага боку выстройвалася партызанская кавалерыя, відавочна зьбіраючыся шаржаваць. Агонь па правым боку ўзмацняўся.
Да камандзера прыбег ганец.
– Кавалерыя хоча адрэзаць дарогу на Карэлічы. Рыхтуецца салідны наступ.
– Кінуць зьвяз паліцыі ў левы рог. Трымацца да апошняга. Перадайце лейтэнанту Д., што я выцягну тры дружыны й узмоцню ваш бок.
Выцягнуць дружыны было толькі дзьве магчымасьці: або цераз адкрытае поле, што даволі строма падымалася ў кірунку пазыцыяў эскадрону, або абыйсьці левым бокам зарасьлямі й ярам. Першае больш рызыкоўнае, але пэўнае, другое – небясьпечнае, бо ў зарасьлях ды яры маглі быць партызаны. Камандзер выбраў першы шлях.
У першую чаргу – воз з амуніцыяй. Цяжка храпучы, усьпінаўся па мяккай ральлі конь. Ня гледзячы на агонь праціўніка, жаўнер вёў каня за аброць. Іншыя скокамі падымаліся на ўзгорак. Партызаны, зар’ентаваўшыся ў нашым манэўры, узмоцнілі агонь. Кулямётчык застагнаў і павіс на кулямёце: з правага пляча сачылася кроў. Жаўнер пры амуніцыйным возе, пабачыўшы гэта, вярнуўся, і з дапамогай стужкавага загрузіў кулямёт на воз.
– Усе з вашай дружыны? – папытаў камандзер жаўнера з групы К-кі, якая была на найбольш высунутым становішчы.
– Усе. Засталося 5-ёх зь сержантам К-ам, але яны пайшлі налева, каб абыйсьці адчыненае поле.
Камандзер пры дапамозе жаўнера падняў раненага і захапіўшы яшчэ скрынку амуніцыі, што засталася ад кулямёту, накіраваўся на адкос. Ён ня бачыў, як з-заду паднялося колькі партызанаў. Але ў гэты мамэнт падскочыў зь «дзехцяром» жаўнер К-іч – той самы, што месяц таму меў заданьне ад партызанаў ліквідаваць камандзера – і засланіў яго.
Неўзабаве дзьве дружыны з трох занялі пазыцыі фронтам на Руткавічы. Гэтая пазыцыя выявілася больш выгаднай, бо давала лепшае поле абстрэлу. Тымчасам на левым баку, проста на нашыя пазыцыі, рвала партызанская кавалерыя. Грозна выглядала іхная шаржа, але як жа неабдумана: два разы мяшаліся ейныя рады пад агнём нашых кулямётаў, два разы яны перафармоўваліся. Урэшце мусілі пакінуць свой неразважны плян.
Агонь на правым баку заціхаў. Штораз радзей падалі стрэлы. У гарачцы бою страцілі разьлік часу – сонца хілілася ўжо на захад. Падлічаем свае страты: лейтэнант Д. ранены ў нагу, але сядзіць на кані; кулямётчык – у плячо, яшчэ адзін жаўнер – у руку й нагу; сержанта К-кі і 4-ох жаўнераў нестае. Паводля аднаго, што выратаваўся з гэнай групы, яны ўсе трапілі ў палон.
Аб стратах партызанаў мы даведаліся шмат пазьней ад аднаго з нашых, што ўцёк з партызанскага палону (яшчэ двух уцякло пазьней) і ад мясцовых сялян: 65 забітых і каля гэтулькі ж раненых. Хоць мэты не дасягнулі, але партызанаў навучылі рэспэктаваць беларускага жаўнера.
Прыгнечаныя крыху стратай чатырох сяброў, але задаволены з канчальных вынікаў, эскадрон варочаўся ў Карэлічы.
Назаўтра, перад адыходам, мы разьвіталіся з сваім сябрам К., пахаваным на могілках у Запольлі. Яшчэ адна ахвяра на аўтары Бацькаўшчыны.