355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Лявон Юрэвіч » Жыцьцё пад агнём » Текст книги (страница 6)
Жыцьцё пад агнём
  • Текст добавлен: 17 января 2020, 13:30

Текст книги "Жыцьцё пад агнём"


Автор книги: Лявон Юрэвіч


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 14 страниц)

Гэбіст сеў, адкрыў маё дасье й, здаецца, не заўважаў мяне. Ён назваў мне сваё імя – калі не памыляюся, Ісаак Гіньзьберг. Раптам ён узьняўся, падышоў да мяне й сказаў, што я манюка. Ён паклаў паперы перада мною й загадаў прачытаць іх, а сам вярнуўся да стала й запаліў цыгарэту. Гэбіст утульна разьмесьціўся на сваім крэсьле, сядзеў сабе ды й пускаў колцы дыму. Я пачаў чытаць і проста ня верыў сваім вачам. Тамака было ўсё, што я расказаў у Баранавічах старому, але, акрамя гэнага, яшчэ тузін рэчаў, якіх я ніколі ня ўзгадваў. Напрыклад, што ў Налібоцкай пушчы я трымаў у падпольным складзе амуніцыю й зброю й што мой брат Вальтэр добра ведае пра гэта. Таксама там казалася, што я атрымаў ад сваіх дзядзькоў Базыля й Шчатыркі, якія, быццам бы, нямецкія шпіёны, загад пашырыць шпіёнскае кола ў раёне Любчы й Наваградка. Акрамя гэнага, я мусіў арганізаваць падпольную армію, каб узьняць паўстаньне супраць Савецкага Саюза. Я сапраўды ня верыў сваім вачам! Усё, што я наказаў старому, было праўдай, але ўсё астатняе – плён хворага ўяўленьня!

Мне спатрэбілася паўгадзіны, каб прачытаць напісанае, і калі я нарэсьце скончыў, то адклаў паперы ўбок і сказаў, што гэна ўсё хлусьня. Што няма ніякай шпіёнскай арганізацыі, ніякага падпольнага руху. Я спытаўся, якім чынам, яны думаюць, я мог пасьпець сабраць склад зброі, стварыць шпіёнскае кола, падпольную армію за такі кароткі час: зь верасьня па студзень? Я нэрвова засьмяяўся й заўважыў, што гэта не я манюка, а тыя, хто спрабуе абвінаваціць мяне ва ўсіх гэных грахах. У той самы момант, калі я сказаў гэна, я зразумеў, што зрабіў памылку. Сьледчы ўскочыў, скінуў мяне з крэсла й ударыў кулаком па галаве спачатку справа, а потым зьлева. На нейкі час я страціў прытомнасьць, а калі ачуняў, то зразумеў, што ляжу на падлозе. Я паспрабаваў узьняцца. Мне было млосна, і ў галаве гудзелі званы. Пакой круціўся, і мяне ванітавала. Я здолеў сесьці на крэсла, і гэбіст, які выглядаў вельмі жорсткім, стаў насупраць мяне. Ён сказаў, што я абразіў яго, калі назваў манюкам, і што я паплачуся за гэна двума днямі йзаляцыі. Я ня мог даўмецца, якога кшталту йзаляцыю ён мае на ўвазе, бо я і так ужо быў ізаляваным у сваёй камеры. Але ў мяне, па словах сьледчага, яшчэ быў шанец выправіць становішча, калі б я падпісаў паперы. Калі я так зраблю, КГБ паставіцца да мяне інакш і будзе больш паблажлівым. Я амаль ня чуў гэных словаў і толькі круціў галавой і паўтараў, што не магу падпісаць дакументы, у якіх ні слова праўды. Тады сьледчы паведаміў мне, што мае дзядзькі й Вальтэр – часьнейшыя за мяне, і што яны якраз-такі пажадалі апраўдацца за сваю дзейнасьць. Ён сказаў, што яны ўва ўсім прызналіся й КГБ паставіўся да іх спагадліва. Я зірнуў на гэбіста й заявіў, што паверу гэтаму, толькі калі пачую гэта ад іх саміх. Не памятаю, што адбылося потым. Мне спатрэбіўся нейкі час, каб ачомацца ад біцьця. Я ляжаў на падлозе, а сьледчы біў мяне нагой у пахвіну, і тады я зусім страціў прытомнасьць.

Калі я ачуняў, гэбіста ўжо не было ў пакоі. Ахоўнік дапамог мне ўзьняцца, паклікаў другога, і яны напалову вывялі – напалову выцягнулі мяне з пакоя. Я заўважыў, што мы йдзем ня ў камеру, а некуды ў сутарэньні. Яны прывялі мяне да нейкіх дзьвярэй, упіхнулі ўнутр і зачынілі дзьверы. У камеры было напаўцёмна, але я заўважыў матрац у куце. Пакой быў футаў чатырох-шасьці, а то й меней. Сьцены былі вільготнымі, і стаяў смурод. Гэта й называлася йзаляцыяй. Людзі бавілі ў ёй дні й тыдні ў якасьці пакараньня. Няўжо я сапраўды абразіў сьледчага? Я толькі сказаў, што ў паперах была хлусьня, але ён прыняў гэна на свой рахунак. Альбо гэна была проста нагода зламаць мой супраціў? Я ня ведаў.

Празь нейкі час мне прынесьлі вады й хлеба, якіх мусіла хапіць на цэлы дзень. Потым ізноў стала ціха. Я сядзеў на матрацы й абмяркоўваў сваё становішча й будучыню. Я пачуваўся поўнасьцю бездапаможным. Я мог спаць толькі ўрыўкамі ў гэнай халоднай вільготнай камеры.

Ня ведаю, як доўга мяне тамака трымалі – магчыма, дзень ці два. Нарэсьце, дзьверы адчыніліся, і ахоўнік правёў мяне назад у маю камеру. Якая палёгка! Мая камера падалася мне тады гатэльным нумарам! Магчыма, ізаляцыя была мне нават на карысьць, бо цяпер я шанаваў сваю камеру, і яна падавалася мне сапраўды ўтульнай. Аднак я разумеў, што ня мушу рабіць ніякіх імпульсіўных учынкаў, каб нікога не пакрыўдзіць.

Мяне пакінулі ў спакоі на два-тры дні. Потым мяне выклікалі йзноў і прывялі ў звычайны пакой для допытаў. Увайшоў малады лейтэнант і сказаў, што ён ведае пра непаразуменьне, якое паўстала з апошнім сьледчым, але я быў пакараны за тое, што даў волю сваім эмоцыям. Лейтэнант спадзяваўся, што я абмеркаваў сваё становішча й згодны цяпер падпісаць прызнаньне. Ён дадаў, што я яшчэ малады й мяне чакае сьветлая будучыня, калі я прыму савецкі лад як адзінае выйсьце для тых, хто пакутваў ад капіталізму, царскага самаўладзьдзя й палітычнага ўціску з боку Польшчы. Я паглядзеў на сьледчага. Я ўжо нікому не давяраў. Я пакруціў галавой у знак адмаўленьня падпісаць прызнаньне, бо ў ім няма ні слова праўды. Я дадаў, што яны могуць мяне ўзноў пасадзіць у адзіночную камеру, але я нічога не падпішу. Гэбіст заставаўся вельмі прыязным. Ён ня ўзьняў на мяне голасу, ня выказаў гневу. Ён працягваў задаваць тыя самыя пытаньні й распавёў гісторыю пра тое, як ангельцы спрабавалі атрымаць уладу над Індыяй за кошт таго, што нацкавалі індуістаў і мусульманаў адзін на аднаго. Ён параўнаў гэта з намаганьнямі Нямеччыны, якой хочацца пасварыць паміж сабой этнічныя групы ўнутры Савецкага Саюза. Я адказаў, што сумняваюся ў тым, што немцы парушаць пакт аб ненападзе, які яны падпісалі з Савецкім Саюзам. Гэбіст расьсьмяўся на гэна й спытаўся, няўжо я сапраўды думаю, што саветы давяраюць немцам, што яны могуць прыняць фашызм – архіворага савецкай сыстэмы? Ён дадаў, што Савецкі Саюз мусіць быць гатовы да барацьбы й павінны ачышчаць сваё грамадзтва ад такіх людзей, як я, якія хочуць разваліць яго знутры. І ён запэўніў мяне, што яны здолеюць выканаць свой абавязак.

Мяне адвялі ў камеру й пакінулі ў спакоі на некалькі дзён, а потым ізноў дапытвалі дні два-тры.

Гэта працягвалася бясконца. Напрыканцы сакавіка мяне прывялі ў зусім іншы пакой для допытаў. Я пахаладзеў: тамака знаходзілася лаўка з рамянямі, а таксама Гіньзьберг і два ніжэйшых па званьні гэбіста. Гіньзьберг сядзеў якраз насупраць мяне й выглядаў даволі пагрозьліва. Ён пазіраў то ў паперы, то на мяне. Ён паведаміў, што я маю апошні шанец прызнацца ўва ўсім, інакш я сутыкнуся зь вельмі непрыемнымі пасьледзтвамі сваіх паводзінаў. Я адказаў, што ўжо прызнаўся ўва ўсім і што мне няма чаго дадаць. Сьледчы запярэчыў, што гэта ня так, бо інфармацыя, якую яны атрымалі ад Косьціка, ягонага дзядзькі й маіх дзядзькоў, не супадае з тым, што наплявузгаў я, і што калі я не падпішу прызнаньне, у дачыненьні да мяне будуць прымененыя крыху іншыя сродкі допыту. Пагрозьлівым тонам сьледчы сказаў: «Вось папера. Вось асадка. Падпісвай!» Я не зварухнуўся зь месца – толькі моўчкі глядзеў на яго. Потым апусьціў галаву і раптам быў падхоплены двума гэбістамі, пакладзены на лаву тварам уніз і прывязаны. Яны зьнялі мае чаравікі, і я адчуў жахлівы боль. Я не магу яго нават апісаць – гэта было так, быццам нехта прыкладаў да маіх ступней гарачы прас. Гэна быў пякучы боль, які працінаў ногі й мозг. Ня ведаю, колькі яшчэ яны білі мяне па нагах, бо я хутка страціў прытомнасьць. Калі я нарэсьце адкрыў вочы, то быў зусім мокрым, зь мяне лілася вада й я сядзеў на лаве. Мне загадалі сесьці на крэсла, але я ня мог ступаць балючымі нагамі. Тады мне загадалі абуць чаравікі, і я заўважыў, як у мяне апохлі ногі. Каты падзьцягнулі мяне да крэсла, і Гіньзьберг сказаў, што гэна быў толькі маленькі прыклад таго, што робяць з ворагамі Савецкага Саюза, якія ніяк ня хочуць зьмяніцца ў лепшы бок і прызнаць савецкую сыстэму.

Мне спатрэбілася некалькі дзён, каб здолець хадзіць. Я фанатычна разьвіваў тулава, але пакінуў у спакоі ніжнюю частку цела.

Было недзе дваццатага красавіка, Вялікдзень, дзень, калі расьпялі Хрыста. Я паспрабаваў узгадаць якія-небудзь рэлігійныя сьпевы, а таксама велікодную службу, якую наведвала мая маці, і нават пашкадаваў, што ня веру сьлепа ў Бога, які ёсьць міласэрным і ўсёдаравальным. Я стаў думаць, ці не зрабіў чага, каб заслужыць гэтае пакараньне. Няўжо гэна была Боская воля на тое, што столькі людзей арыштоўваюць, дапрошваюць, расстрэльваюць, адпраўляюць у Сібір? І калі так, то як ён можа быць такім жорсткім? Як ён можа дазволіць, каб людзей наказвалі за тое, чаго яны ніколі не рабілі? Я спрабаваў засяродзіцца, маліцца. Але я ня ведаў малітваў. А можа, я мог бы маліцца сваімі словамі, ці яны тады ня будуць пачутымі? Я паспрабаваў прасьпяваць песьню, якую звычайна выконвалі ў царкве падчас прыгожай велікоднай службы. Але я ня змог пець, бо разумеў, што ня веру ў Бога, створанага царквой. Калі ён сапраўды існаваў, то ўва ўсім сусьвеце, і ня быў адказным за тое, што людзі робяць у дачыненьні адзін да аднага. Я быў упэўнены, што Бог не вінаваты ў разбурэньні й сьмерцях, выкліканых нямецкім нашэсьцем у Польшчы й Чэхаславакіі. Што ён не вінаваты ў рэпрэсіях супраць людзей у Савецкім Саюзе. Я падумаў, што, відаць, Бога сапраўды стварылі людзі й надзялілі яго ўсімі сваімі рысамі, усімі сваімі слабасьцямі. Верагодна, гэта сапраўды так, бо калі б не было людзей, не было б таго Бога, якога мы ведаем дзякуючы царкве, не было б розных рэлігіяў. Бог розны для жыдоў, каталікоў, праваслаўных, мусульманаў, афрыканскіх, індэйскіх плямёнаў, якія не спавядаюць асноўных рэлігіяў. Усе маюць Бога ці багоў, якія створаныя па людзкім падабенстве. Я лічыў, што няварта маліцца гэтаму Богу, бо ён такі ж самы, як і людзі. Такі ж жорсткі й бязьлітасны, як і яны. А вера ў тагасьветнае жыцьцё дапамагае толькі тым, хто знаходзіцца пры сьмерці й хоча спадзявацца, што пабачыць лепшае заўтра. Але я так і не знайшоў адказу на ўсе свае пытаньні пра Бога.

Па нейкай невытлумачальнай прычыне мне дазволілі чытаць кнігі з турэмнай бібліятэкі, якія прыносіў бібліятэкар-зьняволены. Большасьць кніг былі нецікавымі – у асноўным, бальшавіцкая прапаганда, але я атрымліваў таксама пераклады заходняй клясікі на расейскую мову, і чытаў па кніжцы на тыдзень. Аднойчы мне трапілася кніга Лермантава. Адзін зь вершаў у ёй быў пра маці, якая згубіла свайго сына. Тамака казалася, што, як вярба ня зможа ўзьняць свае галіны, так і маці ніколі не забудзе сваё дзіця. Я задумаўся пра сваю маці. Бедная жанчына – яна столькі пакутвала! Колькі яна натрывалася, калі згубіла свайго мужа, а затым – сына. Я думаў пра тое, што яна здолела выгадаваць мяне адна, толькі каб згубіць падчас вайны (калі яна нават ня ведала, ці жывы я), пабачыць на нейкі час, а потым ізноў згубіць. Прычым, калі я быў ваеннапалонным, яна магла хаця б спадзявацца, што я вярнуся, а цяпер, калі мне прад’яўлялі палітычныя абвінавачаньні, надзеі амаль не было. Я выўчыў гэны верш напамяць і дагэтуль ведаю яго.

Празь нейкі час я ўсьвядоміў, што мне спрабуюць адстукваць нешта празь сьцяну на марзянцы альбо наўчыць ёй. Але я ня здолеў гэтага зрабіць. Ня ведаю, чаму, але я не разумеў гэтай сыстэмы й дагэтуль не валодаю ёю. Магчыма, гэта таму, што я баяўся, што любая камунікацыя са зьнешнім сьветам, нават з суседняй камерай, прывядзе да йзаляцыі, а мне гэтага надта не хацелася.

Дні міналі адзін за адным, і, па маім календары, надышло першае траўня – дзень усіх працоўных. Паколькі мяне перавялі ў іншы будынак, я мог бачыць вуліцы Менску й чуць музыку й гукі параду. Мой сьледчы, малады чалавек, сказаў, што, калі я падпішу прызнаньне, то змагу быць сярод сьвяточнага натоўпу. Я ведаў, што гэна няпраўда й што, калі я сапраўды зраблю гэта, то падпішу сьмяротны прыгавор маім дзядзькам і іншым людзям, якія ўцягненыя ў маю справу. Я йзноў паўтарыў, што не падпішу, бо тамака ўсё няпраўда. Тады гэбіст параіў мне назіраць парад праз вакно. Знадворку ўсё падавалася такім вясёлым, але я ня мог даўмецца, як людзі могуць радавацца ў турме, якой для іх стаўся Савецкі Саюз. Сьледчы сказаў, што, калі мне ўжо напляваць на сябе, і я хачу зламаць сабе жыцьцё праз сваю ўпартасьць, то мушу падумаць хаця б пра маці. Ён намякнуў, што маці могуць таксама арыштаваць, і, магчыма, яна раскажа ім пра мяне крыху больш. Гэта было горш за ўсе катаваньні. Я мог вытрымаць зьбіваньні, ізаляцыю, але ня тое, што з маёй маці можа быць тое самае. Упершыню я задумаўся пра тое, каб падпісацца й выратаваць маці. Я вельмі доўга разважаў пра гэна, але потым вырашыў, што, калі ўжо нешта мусіць здарыцца зь ёю, то гэта здарыцца незалежна ад таго, што я зраблю. Яны ўсё роўна арыштуюць яе, калі ўжо наважыліся, але калі я падпішу, яна апынецца палітычным вязьнем.

Празь некалькі дзён мяне ўзноў выклікалі на допыт, і я пабачыў ката Гіньзьберга. Я прырыхтаваўся да найжахлівейшага катаваньня й баяўся, што ня вытрымаю яго й падпішуся. У глыбіні душы я адчуваў, што аднойчы ўсё роўна падпішу, і мяне тады праклянуць, заб’юць, сашлюць. Я ўжо больш ня мог трываць фізычны й духоўны зьдзек.

Надзіва, Гіньзьберг нават не ўздымаў на мяне голасу, быў спакойным, стрыманым, але ягоныя словы праціналі мяне наскрозь. Ён сказаў, што такіх людзей, як я, трэба забіваць. Ён выцягнуў пісталет і сказаў, што аднойчы яны вывязуць мяне за Менск, заб’юць адной куляй, і ніхто не даведаецца, што са мной сталася. Цяпер я ведаю, што мяне зьбіраліся адвезьці ў Курапаты, парослую лесам тэрыторыю недалёка ад Менску, дзе сотні й тысячы беларусаў былі забітыя за злачынствы, якіх яны не ўчынялі, але ў якіх падазраваліся за любоў да радзімы, сваёй мовы й культуры й за супрацьстаяньне жорсткай сыстэме, створанай Сталіным. Толькі ў 1987 – 1988 гадах масавыя могілкі ў Курапатах былі адкапаныя, і ў іх былі знойдзеныя 30 тысяч чалавек, застрэленых у галаву.

Я разумеў, што доўга не пражыву, што хутка нешта здарыцца. Мяне альбо заб’юць, альбо сашлюць у Сібір. Былі пэўныя моманты, калі мне, здавалася, было ўжо напляваць. Я губляў вагу й задыхваўся. Я рабіў гімнастыку, але мае мышцы атрафіраваліся. Я яшчэ ня ведаў, што ў мяне вадкасьць у левым лёгкім. Я папрасіў ахоўніка адвесьці мяне да ўрача, але салдат адказаў мне, што ўрач будзе толькі празь некалькі дзён і я тады магу да яго зьвярнуцца. Аднойчы дзьверы камеры расчыніліся, увайшла лекарка – жанчына ў форме КГБ – і спыталася, што мяне турбуе. Я адказаў, што адчуваю боль у грудзях, зь левага боку, і што, калі я дышу, то здаецца, што ў мяне вада ў лёгкім. Лекарка агледзела мяне й параіла не турбавацца, бо гэта хутка пройдзе. Я спытаў, што яна мае на ўвазе, але яна прамоўчала – проста павярнулася й выйшла. Можа, ёй ужо было вядома, што мяне расстраляюць? Ці гэта проста савецкая медыцына такая? Можа, гэта нармалёва й савецкія лекары заўсёды так ставяцца да пацыентаў? І чаго я чакаў? Каб мяне накіравалі ў лазарэт, дзе я атрымаў бы чысты ложак і мяне агледзеў бы сапраўдны лекар?

Канечне ж, мне не палепшала. Наадварот, у мяне зморшчылася скура, у маім арганізме больш не было тлушчу, я адчуваў, што ў мяне вада ў грудзях, і мне балюча было дыхаць.

Прайшло некалькі дзён. Я йзноў пачаў гуляць сам з сабой у шахматы, чытаў і вучыў напамяць вершы.

Напрыканцы траўня альбо ў пачатку чэрвеня ўвайшоў ахоўнік і загадаў ісьці за ім. Мяне прывялі ў незнаёмы пакой, дзе за сталом сядзелі тры гэбісты. Мне загадалі сесьці. Адзін зь іх узяў аркуш паперы й пачаў чытаць услых. Ён назваў маё імя, дату нараджэньня, а потым абвесьціў абвінавачаньне ў шпіянажы, арганізацыі шпіёнскага кола на карысць Нямеччыны, распаўсюджваньні антысавецкай прапаганды, падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня ў Беларусі, а таксама прыгавор да расстрэлу. Гэныя словы зьвінелі ў мяне ў вушах. Мне было дваццаць гадоў, і мяне зьбіраліся забіць за злачынствы, якіх я ніколі не рабіў. Я толькі вярнуўся на радзіму, каб вучыцца далей і стаць лекарам. Няўжо, гэта й было злачынствам? Другі гэбіст спытаўся, ці маю я што сказаць. Я адказаў, што ўжо ўсё паведаміў ім. Тады ён загадаў мне падпісаць прыгавор. Я спытаўся, ці азначае гэта прызнаньне ў пералічаных злачынствах. Гэбіст адказаў, што ў загадзе напісана, што я азнаёмлены з абвінавачаньнямі. Ён дадаў, што я буду расстраляны ўзводам. Я падпісаў. Тады мне паведамілі, што я маю трыццаць дзён, каб напісаць Сталіну прашэньне аб памілаваньні й зьмяненьні прыгавора на дваццаць пяць гадоў у працоўным лягеры. Да мяне вярнулася надзея. У мяне было яшчэ трыццаць дзён.

Мяне адвялі назад у маю камеру, дзе я сабраў свае рэчы, а потым закінулі ў іншую камеру, адмысловую – для сьмертнікаў. Тамака ўжо было каля дзевяці чалавек, якія выглядалі старэй за мяне. Адзін зь іх спытаўся, як мяне клічуць, колькі мне гадоў, які прыгавор і ці прасіў я аб памілаваньні. Я адказаў, што, на мой погляд, лягер лепш за сьмерць, бо ў нас будзе шанец выжыць.

Я ўладкаваўся каля інжынера, гадоў пяцідзесяці, які быў моцна прыгнечаным. Сярод ночы ён прачнуўся, пачаў плакаць і біцца галавой аб сьцяну. Ён распавёў мне, што быў вымушаны разьвесьціся з жонкай, кінуць траіх дзяцей, бо яго абвінавацілі ў злачынствах супраць Савецкага Саюза. Цяпер жыцьцё было для яго бессэнсоўным. Я вырашыў пазнаёміцца зь ім бліжэй. Я выцягнуў свае шахматы й запрасіў інжынера згуляць раз-другі й пагутарыць.

Я чытаў на сьцяне ймёны, даты, абвінавачаньні тых, хто сядзеў тутака да нас. Іх было поўна, яны былі асуджаныя на сьмерць за злачынствы, якіх не рабілі й дзень пры дні чакалі непазьбежнага.

Аднойчы раніцай нас пабудзілі выбухі. Мы не ўяўлялі, што гэна магло быць. Нехта выказаў здагадку, што гэна ваенныя вучэньні. Калі так, то яны мусілі быць надта сур’ёзнымі, бо сьцены нашай камеры дрыжэлі. Гэна была раніца 22 чэрвеня 1941 года.

Да нас у камеру ўвайшоў хлопец, гадоў васемнаццаці, і паведаміў: «Таварышы! Немцы бамбяць Менск!» Значыць, пачалася вайна. Мой мозг ажывіўся. Зьявілася надзея, але затым – страх. Магчыма, гэбісты расстраляюць нас усіх і мы не пасьпеем атрымаць памілаваньне ад Сталіна.

Наступнай ноччу бамбілі праз кожныя пятнаццаць хвілінаў. На досьвітку ўвайшоў ахоўнік і загадаў усім выйсьці. Няўжо нас расстраляюць? Нас вывелі ў двор астрога, а потым – на вуліцы Менску. Горад гарэў. Некалькі будынкаў непадалёк ад турмы былі разбураныя. Як толькі мы выйшлі за межы астрога, мы пабачылі яшчэ адну калёну зьняволеных – недзе каля дзесяці тысячаў чалавек.

Зь неба пачуўся жахлівы віск, і нехта закрычаў, каб усе паляглі на зямлю, бо зараз немцы будуць бамбіць вуліцы. Над намі праляцелі самалёты й паскідалі бомбаў у розных накірунках. Я падпільнаваў магчымасьць прыстаць да іншага натоўпу зьняволеных і забіўся глыбока між імі. Недзе праз паўгадзіны ахоўнік загадаў усім замаўчаць, і нехта з гучнагаварыцелем закрычаў, што зьняволеныя з «амерыканкі» мусяць выйсьці, інакш іх расстраляюць. Я сказаў самому сабе, што змагу выжыць, толькі калі застануся ў новым натоўпе, што й зрабіў.

Мы павольна пайшлі калёнай ва ўсходнім накірунку – да мястэчка Чэрвень, якое знаходзілася кілямэтрах у шасьцідзесяці ад Менску. Калі мы йшлі, я зразумеў, што такое «бліцкрыг». Чырвоная Армія не была падрыхтаванай да вайны й адступала ў беспарадку. Калі я ўпершыню пабачыў нямецкія танкі, яны знаходзіліся ў савецкім тыле. Фронту не йснавала.

Была сонечная летняя раніца – яшчэ ніякай сьпякоты й лёгкі ветрык. Як гэта цудоўна – дыхаць сьвежым паветрам! Мяне трымалі ў камеры каля шасьці месяцаў. Мне не дазволілі рабіць гімнастыку ў двары, і я пакідаў камеру, толькі калі хадзіў на допыты. Нарэсьце я выйшаў з турмы!

Калёна, якая расьцягнулася на некалькі кілямэтраў, павольна рухался наперад з ахоўнікамі справа й зьлева. Рабілася ўсё цяплей, нават горача. Раптам нам усім загадалі збочыцць з дарогі, каб адпачыць. Праз колькі часу мы рушылі йзноў. Слабейшым загадалі застацца пры дарозе, а потым расстралялі, калі іх мінула калёна. Вось тады я парадаваўся, што рабіў зарадку. Нягледзячы на вадкасьць у лёгкім, я працягваў ісьці. Я трымаўся калёны, каб мяне не забілі пры дарозе. Раптам я зразумеў сваю памылку: на мне было паліто, якое маці падарыла мне на Ражаство – з футраным каўнерам, а гэта адрозьнівала мяне ад астатніх. Да мяне падышоў ахоўнік і спытаўся, ці не з «амерыканкі» я. Я адмоўна пакруціў галавой, але ён сказаў, што пазнаў мяне й загадаў мне збочыць з дарогі. Мы чакалі, пакуль калёна пройдзе, але, дзякаваць Богу, нешта іншае адзьцягнула ўвагу ахоўніка, і ён кінуў мяне. Я хуценька ўціснуўся ў калёну.

Нарэсьце, мы прыйшлі ў чэрвеньскую турму, і нас пастроілі ў двары. Тамака не хапала месца для такой колькасьці людзей. Камісар КГБ аб’явіў у гучнагаварыцель, што зараз усіх правераць пайменна й адпаведна са злачынствамі, у якіх іх абвінавачваюць. Паколькі я бачыў, як адступае Чырвоная Армія, я ня мог паверыць, што ў аховы меюцца з сабой нейкія дакументы на зьняволеных.

У двары пасьпешліва паставілі стол, і за яго селі тры гэбісты. Усе павінны былі падыходзіць да іх, казаць імя й злачынства. Мой сябар, інжынер з камеры сьмертнікаў, спытаўся, што я зьбіраюся рабіць. Я адказаў, што яны ня могуць ведаць, у чым нас абвінавачваюць. Я папярэдзіў яго, што ён мусіць маніць, што заўгодна: што ён вор, злачынца, але толькі не шпіён і контррэвалюцыянер. Інжынер баяўся, што гэбісты могуць знайсьці ягонае ймя. Я адказаў, што мы не павінны ні ў чым прызнавацца, каб паспрабаваць унікнуць сьмерці. Ён не адказаў. Ён быў бледным і дрыжэў. Ягоныя валасы былі зусім сівыя, і здавалася, што яны яшчэ больш пасівелі за два тыдні ў камеры сьмертнікаў. Я ня мог больш нічога параіць яму. Сам я цьвёрда вырашыў не здавацца, бо быў упэўнены, што ахоўнікі ня змогуць праверыць, хто я такі.

Адзін за адным мы пасоўваліся да стала. Я стараўся падслухаць, што кажуць астатнія. Нас падзялілі на дзьве групы. Адна складалася з тых, каго абвінавачвалі ў шпіянажы й контррэвалюцыйнай дзейнасьці. Іх адводзілі да турэмнай сьцяны й моцна ахоўвалі. Другая – з тых, каго абвінавачвалі ў злачынствах меншай цяжкасьці. Да вечара каля сьцяны назьбіралася недзе тысяча сто чалавек.

Надышла мая чарга. Я выдумаў сабе ймя. У мяне спыталіся, у чым мяне абвінавачваюць. Я сказаў, што ня ведаю. Што мне загадалі нарубіць столькі й столькі кубічных мэтраў, але я хварэў і ня здолеў выканаць заданьня. За гэна мяне, быццам бы, і адправілі ў турму. Я ўжываў простыя сялянскія выразы й зрабіў выгляд, што дурнаваты. Я й сапраўды па-дурному выглядаў: худы, абцягнены жоўтай скурай, крыху абпаленай на сонцы. Мяне накіравалі ў натоўп, які ахоўваўся ня надта моцна. Пасьля мяне йшоў інжынер. Ня ведаю, што ён сказаў, але яго адправілі ў групу ля сьцяны. Я стаміўся й прысеў адпачыць на сонцы й сьвежым паветры. Неба было чыстым і мірным, і я разважаў, што нас чакае.

Аб адзінаццатай вечара мы заўважылі, што другая група зьнікла. Каля паўночы мы пачулі кулямётныя чэргі. Выдавала на сутычку зь немцамі. Нейкі час было ціха. Мы ня ведалі, што тамака здарылася. (Пасьля мясцовыя жыхары распавялі нам, што гэна на ўсходзе ад Чэрвеня расстралялі другую групу.) Каля чатырох раніцы нехта закрычаў, што нас пакінула ахова. Усе паўставалі, узьняўся шум. І сапраўды – аховы не было. Мы адчынілі турэмныя вароты, і ўсе павыбеглі.

Я бег і бег і нарэсьце апынуўся каля пакінутай сялянскай хаты. Тамака меўся подпал, у які можна было залезьці знадворку, што я й зрабіў, каб перачакаць і пагледзець, што будзе далей. Я заставаўся тамака ўвесь дзень і ўсю ноч. На наступны дзень я вылез, каб разгледзецца й, на дзіва, пабачыў на краю вёскі нямецкі танк з экіпажам у чатыры-пяць чалавек. Немцы галіліся. (Яны, відаць, не маглі ўявіць, што можна ваяваць не пагаліўшыся, альбо ім загадвалі.) Я ўзрадаваўся, што пабачыў салдат, але й пабойваўся, бо ня ведаў, што можа здарыцца. Паколькі я гаварыў па-нямецку, я падышоў да іх. Я павітаўся й яны прыязна адгукнуліся. Яны спыталіся, хто я такі. Я адказаў, што быў дагэтуль у савецкай турме, а зараз іду дамоў на захад ад Менска й хацеў бы атрымаць якое-небудзь пасьведчаньне, што дазволіць мне вольна перамяшчацца. Яны адказалі, што мне не патрэбныя ніякія паперы, бо я размаўляю па-нямецку, і мяне ніхто ня спыніць. Я ня ведаў, верыць ім ці не, але яны былі даволі прыязнымі й у добрым настроі. Я не ўсьведамляў, што лініі фронту не было. Яны альбо прарваліся, альбо іх закінулі на парашутах. Саветы былі раскіданыя й ня ведалі, дзе знаходзяцца немцы.

Я пайшоў назад на захад. Ніхто не пытаўся, хто я такі ці што раблю. Я дайшоў да краю пушчы, і раптам нехта па-расейску загадаў мне ўзьняць рукі ўгору. Мяне спыталі, куды я йду. Я адказаў, што быў у турме, а цяпер хацеў бы запісацца ў Чырвоную Армію, але ня ведаю, дзе гэта можна зрабіць. Яны спыталіся, ці магу я пацьвердзіць, што быў у турме. Мне пасьведчаньне далі, калі адабралі гадзіньнік. Я паказаў гэнае пасьведчаньне й мяне адпусьцілі. Я заўважыў яшчэ двух чалавек у кустах. Магчыма, гэна таксама былі зьняволеныя, якія спрабавалі дабрацца дадому. У іх таксама, відаць, папрасілі пасьведчаньні, але мужыкі ўжо выкарысталі іх на самакруткі. Празь некалькі хвілінаў я пачуў два стрэлы й падумаў, што, відаць, іх прынялі за нямецкіх шпіёнаў і расстралялі.

Я рухаўся на захад і назіраў за савецкімі войскамі, якія адступалі бяз зброі, у беспарадку. Не было арганізацыі, належнага камандаваньня. Танкі, вазы, салдаты тысячамі адступалі на ўсход. Мяне зьдзіўляла Чырвоная Армія, пра каторую я чуў столькі прапаганды. Меркавалася, што яна мусіць быць самай моцнай, аднак яна была разьбітая нямецкімі войскамі літаральна за некалькі дзён.

Калі я прыйшоў у Менск, то пабачыў на перакрыжаваньні двух разьняволеных нямецкіх салдатаў, якія былі добра ўзброеныя, і якім здавалася ў палон купка чырвонаармейцаў. Але немцы ня бралі палонных і адпусьцілі іх. Многія з гэных салдатаў засталіся ў навакольных вёсках, дзе працавалі ў гаспадарках і чакалі, пакуль сытуацыя зьменіцца.

Я дайшоў да акраіны Менску й атрымаў шок, калі пабачыў, як немцы расстрэльваюць палонных. Немцы, якія мусілі вызваліць нас, рабілі тое самае, што й саветы на працягу столькіх гадоў.

Хаця я таксама назіраў, як у некаторых вёсках людзі выходзілі з хат з хлебам і сольлю на белых ручніках, каб павітаць немцаў і падзякаваць ім за вызваленьне. Салдаты паводзілі сябе дастаткова прыязна й прымалі паднашэньні. Я бачыў, як вяскоўцы дастаюць з тайнікоў схаваныя йконы, запальваюць лампады й моляцца Богу ад радасьці, што жорсткі рэжым Сталіна нарэсьце скончыўся. Я не ўсьведамляў, што адбываецца. Мяне зьдзівіла, што немцы, якіх сяляне сустракаюць з хлебам-сольлю, расстрэльваюць ваеннапалонных бяз суда й сьледства. На той момант я ня мог думаць і не ўяўляў, што чакае мяне наперадзе.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю