355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Лявон Юрэвіч » Жыцьцё пад агнём » Текст книги (страница 1)
Жыцьцё пад агнём
  • Текст добавлен: 17 января 2020, 13:30

Текст книги "Жыцьцё пад агнём"


Автор книги: Лявон Юрэвіч


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 14 страниц)

Прадмова ад імя фундацыі Архэ

Рэканструкцыя нацыянальнай традыцыi немагчымая без усьведамленьня таго, якую ролю ў гісторыі Беларусі адыгрыла традыцыя супраціву. Таму выбар назвы для кніжнай сэрыі нашай фундацыі – архіў нацыянальнага супраціву – не выпадковы: ён пакліканы быць беспамылковым індыкатарам таго, для чаго яна задумвалася і была прызначана. А прызначэньне яе можна ў агульных рысах акрэсьліць наступным чынам: быць рэзэрвуарам нацыянальна арыентаванай веды перадусім для сьцьвярджэньня нацыянальна беларускіх вартасьцяў.

Рашэньне выдрукаваць кнігу вядомага дасьледніка беларускай эміграцыі зь Ню Ёрку Лявона Юрэвіча першай у нашай кніжнай сэрыі таксама, безумоўна, было не выпадковым. Пільная ўвага да мінуўшчыны ўвогуле зьяўляецца характэрнай адзнакай беларускай рэчаіснасьці канца XX ст. Асэнсаваньне нярэдка трагічных пэрыпэтый сталеньня нацыянальнага руху дапамагае нам у каламутным віры сёньняшніх дзён ня страціць тыя адвечныя арыентыры, якімі зьяўляюцца такія прагандаваныя нашымі папярэднікамі – беларускімі адраджэнцамі першай паловы стагодзьдзя – вартасьці, як незалежнасьць, бацькаўшчына, вернасьць роднай мове.

Вялікай перавагай дадзенага выданьня зьяўляецца тое, што яго ўкладальнік не імкнецца прыхарошваць рэальныя падзеі, дадаваць ім саладжавасьці і непраўдападобнасьці. Сапраўды, беларускія патрыёты падчас крывавага сутыкненьня дзьвюх таталітарных сыстэм у нашай частцы Эўропы апыналіся часам перад няпростым этыка-маральным выбарам – і кожны непрадуманы крок у гэткіх варунках мог аказацца апошнім… Сытуацыя знаходжаньня «паміж молатам і кавадлам» дыктавала сваю адзіна магчымую лінію паводзін, свае нікім ня пісаныя законы, адэкватна расчытаць якія якраз і належыцца нам – людзям, якія зьвязваюць сваю будучыню толькі зь Беларусяй.

Часавая мяжа, праведзеная аўтарам у першай частцы «Згадкі», у пэўнай ступені сымбалічная: яна, з аднаго боку, уцэнтравана на галоўны катаклізм XX ст. – Другую Сусьветную Вайну, і, з другога, зьмяшчае ў сабе напамін аб нечым большым: што такія чалавечыя якасьці й пачуцьці, як дабрыня, спагада, узаемавыручка, зычлівасьць не падуладныя нават самым жудасным выпрабаваньням. Дзейсным сродкам індывідуалізацыі апісваных падзеяў, што надае ім непаўторны калярыт асабістага перажываньня, выступае і абраная ў «Згадках» форма нарацыі ад першай асобы. Дзякуючы ёй мы трапляем у своеасаблівы аўтарскі сьвет, які вымалёўвае чалавечая памяць пры дапамозе свайго адмысловага інструмэнтару: паўтлустых мазкоў, амаль нябачных штрыхоў, выяўленьня падзеі буйным плянам або яе майстэрскага замоўчваньня, перасоўваньня на задні плян ці проста затушоўваньня.

З такім прынцыпам падачы матар’ялу рэзка кантрастуе другая частка выданьня «Дакумэнты», якая прэтэндуе на навуковасьць ці, прынамсі, на большы аб’ектывізм. Гэта па сутнасьці збор раней не даступных беларускаму чытачу на Бацькаўшчыне дакумэнтальных сьведчаньняў, якія глыбей разьвіваюць тэму беларускага нацыянальнага супраціву, надаючы ёй часам нават нечаканае гучаньне (напрыклад, упершыню друкуюцца захавалыя дагэтуль толькі ў рукапісе песьні Першага Беларускага Штурмовага Зьвязу). Разам з тым, і прадстаўленыя гэтта матар'ялы тысяччу ніцяў зьвязаныя з галоўнай постацьцю кнігі – беларускім военачальнікам і палітычным дзеячом Барысом Рагулем.

І яшчэ адна рэч, якую немагчыма абысьці ўвагай. Гэта тая мясьціна, дзе пераважна адбываецца дзеяньне – Наваградчына, сэрца зямлі беларускай, калыска нашай дзяржаўнасьці, якая дала нашай радзіме і ўсяму сьвету гэтулькі славутых сыноў. Кніга ажно поўніцца маляўнічымі драбніцамі наваградзкіх краявідаў – во руіны наваградзкага замчышча, а во пекныя акалічныя вёсачкі з сваімі грудамі і ўзгоркамі.

Называючы спробы нацыянальнага будаўніцтва ў часе Другой Сусьветнай Вайны нягледзячы і, больш таго, нават насуперак самым неспрыяльным варункам калябарацыяй зь нямецкімі нацыстамі, цяперашнія нашчадкі сталінскіх катаў, далакопы беларускай дзяржаўнасьці бачаць шанец знайсьці апраўданьне сваёй антыбеларускай дзейнасьці. За ўсімі гэтымі спэкуляцыямі і рыторыкай бачыцца ненажэрнае мурло расійскага шавінізму, яго амбіцыя і надалей сілкаваць беларускую гістарычную навуку сваімі імпэрскімі стэрэатыпамі і ідэалягемамі. Пакласьці гэтаму канец можна толькі выявіўшы ўсю праўду пра тую ці іншую гістарычную эпоху. Дык усё ж такі што дзеялася ў Беларусі падчас Другой Сусьветнай Вайны? – на гэтае і іншыя пытаньні чытачы кнігі знойдуць адказы на яе старонках.

Валерка Булгакаў

Прадмова

Гэтая кніга не зьяўляецца біяграфіяй чалавека, хоць ён – тая постаць, вакол якой разгортваюцца падзеі і, што найбольш важна, залежаць ад яе. Гэтая кніга – не гістарычнае дасьледаваньне, хоць гаворка пойдзе пра гістарычныя падзеі, да таго ж малавядомыя ці, хутчэй, вядомыя з аднаго боку. І разам з тым – кніга і чалавека, і пра гісторыю. З тых часоў, пра якія пойдзе аповед, не захавалася дакумэнтаў, прынамсі, для дасьледнікаў без пагонаў: цалкам магчыма, што яны па-ранейшаму схаваныя ў архівах КДБ і, некалі выдрукаваныя, адкарэктуюць напісанае на бачынах гэтай кнігі. Тым часам адзіная крыніца інфармацыі – сам чалавек, імя якога Барыс Рагуля.

У 1994 – 1995 гадах падчас сумеснай працы над кнігай мэмуараў пра беларускае студэнцтва на эміграцыі (Барыс Рагуля. Беларускае студэнцтва на эміграцыі. Лёндан (Канада) – Ню Ёрк, 1996) мы ня раз у гутарках закраналі пытаньні падзей ранейшых, асабліва жыцьцё ў часы Другой Сусьветнай Вайны. Так і складаўся, зьбіраўся матар'ял для гэтай кнігі – з размоў, успамінаў, разважаньняў Барыса Рагулі.

Лявон Юрэвіч

ЧАСТКА 1
ЗГАДКІ

Разьдзел 1
Сталеньне

Мой бацька памёр, калі мне было паўтара годзіка, і маці засталася з двума дзецьмі на руках бяз гроша ў кішэні, бяз дому і безь нічога. Праз два тыдні памёр і мой брацік. Маці прыйшлося вярнуцца ў Любчу да бацькоў. Ёй прыходзілася шчыраваць у полі з раньняга раньня да позьняга вечару – хоць яна й была настаўніцай па адукацыі, але яе, як праваслаўную, на працу ня прымалі, бо палякі разглядалі праваслаўных як людзей другога гатунку. Кожную нядзельку яна брала мяне за ручку й вяла на бацькаву магілу. Па дарозе дахаты мы заходзілі да адной сяброўкі маці. Я страшэнна не любіў хадзіць туды, бо гаваркая каляжанка займала маці размовамі не на адну гадзіну, тым самым адрываючы яе ў мяне. Дык аднойчы, каб адпомсьціць, я ўзяў нажніцы і неўпрыкмет парэзаў ёй хвартушок. Але маці не ўкарала за гэта – яна ніколі не карала мяне.

Замуж маці больш не пайшла, а ад мяне яна вельмі хацела, каб я пайшоў бацькаваю дарогаю і вывучыўся на лекара. Я быў яе адзіным сыночкам, а яна была самым блізкім мне чалавекам, дык ня дзіўна, што нашы стасункі былі вельмі цеснымі.

Пражыць зь сялянскай працы было нялёгка, таму маці вырашыла запісацца на вучобу на курсы мэдсясьцёр у Варшаву, але трэ было знайсьці грошы на аплату за вучэньне, а яшчэ больш, каб недзе там у Варшаве жыць і харчавацца. Дапамаглі ёй мае дзядзькі Кастусь Бітус і Базыль Рагуля, які быў пэўны час паслом Сэйму, а пасьля сэнатарам. Была й яшчэ адна праблема – маці кепска ведала польскую мову. Усё ж яна выправілася ў Варшаву. Была яна там бязвыезна цэлы год, бо грошай, каб прыязджаць дахаты на вакацыі ў яе, ясная рэч, не было. Я ж на цэлы год застаўся зь дзедам-бабаю, а яны мяне надта любілі і за год зусім распэцкалі. Мне ні ў чым не было адказу. Увечары баба прыходзіла й чухала мне сьпінку, пакуль я не засынаў. Дзед з бабаю былі вельмі пабожнымі людзьмі. Адзін выпадак чамусьці асабліва запаў мне ў памяць: бабуля малілася сьвятому Ільлі, сьвятому Язэпу, сьвятому Міколу, і я спытаўся ў яе: чаму ты ня молішся наўпрост самому Богу, а молішся розным людзям? Бога часта турбаваць ня трэба, тлумачыла яна, а для кожнай дробнай рэчы ёсьць свае сьвятыя заступнікі: адзін здароўе дае, другі сьцеражэ ад пажару, трэці ад вады, чацьверты ад ліхога чалавека ў дарогах. Я ж, малы, ня надта разумеў гэтую філязофію, і, помню, усё разважаў: дык Бог адзін ці іх шмат?

Бабуля хацела, каб я пайшоў у сьвятары, а таму ў восем ці дзевяць гадоў я ўжо прыслугоўваў у царкве. Любчанскі бацюшка быў расейцам і, як на мой цяперашні розум, гэта насамрэч быў агент савецкай тайнай паліцыі, якому ўдалося патрапіць у сэмінарыю. Ад царквы, ад сьвятароў, іх двурушнасьці, замкнёнасьці, жорсткасьці, праваслаўна-расейскага шавінізму ў мяне засталося самае непрыемнае ўражаньне – ад усяго гэтага мне давялося пацярпець асабіста. Асабліва крыўдна мне было, калі сьвятар прашыпеў мне, каб я ніколі болей не гаварыў у царкве на мужыцкай мове. Ну ж, неўзабаве я яму адпомсьціў, арганізаваўшы – першы і апошні раз у сваім жыцьці – страйк. Справа была якраз на Ільлю, калі ў Любчу зьехалася шмат сьвятароў і епіскап. Усе хлопчыкі-служкі паўцякалі перад абедняй, і служба аказалася як перабітая. Бабулю гэта так уразіла, што яна пасьля доўга хадзіла ў царкву штовечара і малілася там у зямным паклоне, каб Бог дараваў мне маё блюзьнерства. Маці ж дазволіла мне болей у царкву не хадзіць. Маці, дарэчы, была сябрам Беларускай сялянска-работніцкай грамады.

Бога я ўсё ж ня зрокся. Калі я быў малым, Нёман здаваўся мне Богам, Нёман-бацька, дзе я купаўся, лавіў рыбу, сустракаў сьвітанкі і ночы.

Я скончыў школу ў Любчы ў той самы год, калі маці скончыла свае курсы ў Варшаве. Ёй знайшлася праца ў Наваградку, і мы перабраліся туды. Жылі мы з маці ўдваіх у малюпасенькім пакойчыку пры шпіталі. Ня дзіва, што я пачуваўся ў шпіталі як дома і з малых гадоў прызвычаіўся да мэдыцыны. Шпіталь, дарэчы, стаяў побач з астрогам, дзе былі ўвязьненыя шматлікія беларускія патрыёты. Лета я праводзіў у Любчы, жывучы там звыклым жыцьцём вясковага хлапчука. Асабліва я любіў лавіць на Нёмане рыбу. Мы яе смажылі проста на вогнішчы, на беразе, прыносілі дахаты, клалі напразапас у лядоўню да нашага суседа-жыда, а яшчэ й прадавалі, мянялі на цукар, надзвычай дарагі ў тыя часы.

Каб беларускую гімназію ў Наваградку не закрылі, трэ было набіраць па 35 студэнтаў. Агітацыя ў гімназію і стала маім першым удзелам у беларускім руху. Нам удалося знайсьці 45 абітурыентаў, але ўсё ж гімназію зачынілі. Гэта быў вялікі ўдар – толькі што на грошы беларускіх сялянаў настаўнікі й навучэнцы сваімі рукамі ўзьвялі новы, харошы будынак. Так я ўпершыню ў жыцьці сутыкнуўся зь перасьледам беларускага. Балюча й прыкра было мне за лёс майго народу. У польскай гімназіі, куды нас перавялі, беларусы былі вучнямі другога гатунку. Гэтак я спазнаў, што такое дыскрымінацыя. Але ж мы трымаліся згуртаванай групай: я, Юзік Сажыч, Уладзік Набагез і Янка Гутар. У пятай клясе гімназіі я сустрэўся з Усеваладам – тады мы звалі яго Вовам – Родзькам, зь якім мне давялося прайсьці праз шматлікія выправбаваньні.

Першым нелегальным актам барацьбы была дапамога ў ліставаньні зь вязьнямі. Вакенцы камэраў выходзілі на шпітальны двор. Аднойчы на вуліцы да мяне падыйшоў незнаёмы, які прадставіўся сябрам маёй маці, і папрасіў дапамогі. Я мусіў падбіраць загорнутыя ў запіскі каменьчыкі, якія выкідалі праз вокны зьняволеныя, і перадаваць іх яму. Пасьля мне давялося перадаваць цыдулкі і з волі ў турму – а гэта ўжо была сур’ёзная рызыка.

Неўзабаве за «антыпольскую дзейнасьць» заарыштавалі майго дзядзьку Базыля Рагулю. Мы з маці наведвалі яго ў турме. Маці абшукалі, а мяне не абшукалі. Запіску для яго я трымаў у роце, і перадаў яму з вуснаў у вусны пры пацалунку, і ўсё гэта на вачох у ахоўнікаў!

Пасьля гімназіі, паводле новага польскага закону, нас усіх мусілі забрыць у школу рэзэрвістаў Войска Польскага. Адтэрміноўку атрымлівалі толькі тыя, хто йшоў вучыцца на лекара. Тым дазвалялася працягваць вучобу, а на афіцэраў іх бралі вучыцца ўжо па сканчэньні ўнівэрсытэту. На сто месцаў на мэдычным факультэце было 600 прэтэндэнтаў, прычым толькі 5 мейсцаў з 100 прызначаліся для прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў: беларусаў, летувісаў, жыдоў. І я стаў адным з гэтых пяці! Мы з маці танцавалі, атрымаўшы гэтую добрую навіну! Разам з мной паступілі Ўсевалад Родзька й Янка Гутар. Павучыцца нам, аднак, не ўдалося. Па даносе наваградзкай ваяводзкай адміністрацыі трох беларусаў, што трапілі на прэстыжны факультэт, забралі ў войска, у афіцэрскую школу, у Зэмбруў. Ну, аднак жа, мы вырашылі не губляць часу і атрымаць добрую вайсковую падрыхтоўку. Сытуацыя ў Эўропе была такая, што сумнявацца не выходзіла: хутка гэтая падрыхтоўка нам добра спатрэбіцца. Мы і ў школе рэзэрвістаў былі першымі па ўсім, як некалі ў гімназіі.

Між тым у Эўропе гусьцелі хмары. Я разумеў гэта, як ніхто. У адрозьненьне ад сваіх таварышаў, я добра валодаў нямецкай мовай і ўпотайкі слухаў нямецкае радыё. Памкненьні Гітлера не былі для нас сэкрэтам. Між тым у Польшчы шырылася патрыятычная прапаганда, ствараўся культ Рыдз-Сьміглага, наступніка Пілсудзкага. Зь іншага боку, да кожнай вінтоўкі нам выдавалі толькі па пяць патронаў, і з гэтага нам рабілася ясна, што справы йдуць ня так доўга, як гэта сьпяваюць у патрыятычных песьнях пра Рыдз-Сьміглага – пераможцу Чэхаславаччыны. У адпустку ўжо не пускалі, і адному мне дазволілі адзін раз зьезьдзіць у Наваградак, калі маю маці параніла – на наш шпіталь упаў польскі бамбавік. На шчасьце, раненьне было ня надта цяжкім.

У чэрвені 1939 году я выйшаў з школы з сэржанцкімі лычкамі і быў прызначаны ў 42-гі полк у Беласток. 27 жніўня мяне паставілі камандаваць эскадронам, абвесьціўшы, што ўсім сэржантам з школы рэзэрвістаў прысвойваюць званьне лейтэнантаў. Адразу ж наш полк выступіў у накірунку мяжы з Усходняй Прусіяй. Душным вечарам трыццаць першага жніўня ўзвод капаў акопы першай ліні абароны сярод разлогу палеткаў. Гэтай ноччу я ня мог заснуць, пытаньні не выходзілі ў мяне з галавы: што я тут раблю? Чаму я маю рызыкаваць жыцьцём дзеля польскага ўраду, які прыцясьняе мой народ? Прачнуўся я ўжо ад артылерыйскай кананады. Данесьлі, што немцы прасоўваюцца наперад. Ззаду і сьпераду рваліся снарады. І раптам мне стала страшна. За сябе, за сваё жыцьцё. Я проста трэсься і ня мог стрымаць сябе. Бліжні жаўнер пабачыў мой стан і прапанаваў мне цыгарэту. Паленьне, і праўда, дапамагло. Калі разьвіднела, стала канчаткова ясна, што немцы рухаюцца наперад, а неўзабаве наляцелі нямецкія самалёты. Трэцяя ж бомба разьбіла кулямёт у нас на правым флянгу. Яшчэ праз гадзіну быў выведзены з строю кулямёт зьлева. Мы засталіся з трыма лёгкімі кулямётамі і дапатопнымі вінтоўкамі, на кожную зь якіх нам выдалі па пяць патронаў. Я нават ня мог спраўдзіць, колькі байцоў мы згубілі, толькі бачыў, што справа ад мяне трое загінулі, а сямёра атрымалі параненьні. Справы ішлі ўсё горш… Вось ужо заціх наш астатні кулямёт, немцы насядалі, а загаду на адход усё не было. Немцаў ужо прыходзілася адбіваць у рукапашную. Ажно нарэшце апоўдні прыйшоў загад адыходзіць. Ня ведаю, як мы яшчэ змаглі больш-менш арганізавана адысьці – у нас ужо не заставалася патронаў, каб прыкрываць адыход. Толькі цяпер загаварыла польская артылерыя. Пад другую на кані прыскакаў палкоўнік, патрабуючы, каб мы контратакавалі і адкінулі немцаў назад за мяжу. Ён сам павёў нас у атаку. Мы атакавалі з такім напорам, што немцы сапраўды адкаціліся назад. На першай лініі абароны мы спыніліся й пратрымаліся там да ночы, калі прыйшоў загад пад покрывам цемры адступіць. Во так мы ваявалі: недакормленыя, недаапранутыя, недаўзброеныя. Адкуль жа браўся наш нязломны баявы дух? Ці то быў калектыўны гіпноз, ці то масавая гістэрыя? Так усё і працягвалася. Удзень мы ўпарта адбіваліся, а ўначы адступалі на Зэмбруў. Паступова мы згубілі кантакт з суседнімі дывізіямі, пасьля з штабам нашага палка. Кожны батальён, рота, узвод мусіў змагацца сам.

На раніцу 17 верасьня, калі мы трапілі ў нямецкае акружэньне, ў маім узводзе заставалася толькі 37 чалавек з 60. У другі раз за вайну мне стала сапраўды страшна. Польская прапаганда сьцьвярджала, што немцы палонных не бяруць, а ўсіх забіваюць. Але выйсьця не было. «Гендэ гох!» – крычалі нам немцы. Я пацалаваў свой навюткі, харошы бэльгійскі рэвальвэр і выйшаў ім насустрач з узьнятымі рукамі. Гэта быў момант страшэннай ганьбы.

Нямецкі капітан абвесьціў нам, што мы знаходзімся пад аховай Жэнэўскай канвэнцыі і што, калі мы ня будзем супраціўляцца і ўцякаць, з намі нічога ня зробяць. Калі капітан даведаўся, што камандзір узводу – я, ён спытаўся, хто я такі. Ён быў вельмі зьдзіўлены, чаму я, беларус, змагаюся зь немцамі, сябрамі беларускага народу. Мне не было чаго яму адказаць. Мне не было чаго й сабе адказаць.

Разьдзел 2
Ваеннапалонны

Мы выступілі, і потым былі ўзьяднаныя зь іншымі групамі супраціву й накіраваныя ў бок Усходняй Прусіі. Колькі мы йшлі – сказаць не магу дакладна. Памятаю, што за мяжой мяне ўразілі прыгожыя фермы, чыстыя вёскі й файныя хаткі. Я ўзгадаў польскую прапаганду, якая сьцьвярджала, што ў немцаў не было дастаткова ежы й што іхныя танкі былі зробленыя з кардону. Цяпер я бачыў, што гэта было няпраўдай. Нас накіравалі на бульбяное поле, і, паколькі не было вады, мы распалілі вогнішчы й пяклі бульбу. На трэці дзень немцы прывезлі ў лягер некалькі кухняў і зварылі для нас нешта накшталт супу з бульбай і далі крыху хлеба. Я сустрэў паплечніка, таксама беларуса, з 42 палка. Яшчэ адзін чалавек з нашай групы, зь якім я пазнаёміўся, быў палякам з Познані, і ён заўсёды казаў, што мы мусім трымацца разам, усім дзяліцца й дапамагаць адзін аднаму, бо, магчыма, мы застанемся ў лягеры для ваеннапалонных да канца жыцьця. Мы сабралі ў месца непарушны запас і дзяліліся ўсім, што было. Аднойчы нам удалося атрымаць дадатковыя порцыі супу, і калі мы адышлі, каб падзяліць іх, наш польскі «сябра» сказаў, што кожны сам за сябе. Зь беларусам мы дзялілі ўсё, што ў нас было, але тое, што мелася ў паляка, прызначалася толькі яму. Я ніколі ня бачыў яго пасьля, але гэны выпадак быў для мяне добрым урокам у тым, што датычыцца даверу, сяброўства й чалавечай натуры.

Праз два дні шмат хто з нас быў пераведзены ў лягер для ваеннапалонных пад назвай «шталяг 1А», недалёка ад Кёнігзьбергу, ва Ўсходняй Прусіі. Гэта быў вялікі лягер з кулямётамі, усталяванымі праз кожныя сто ярдаў і ачэплены падвойным дротам. Нас накіравалі ў адзін з баракаў, дзе мы мусілі спаць на ложках з саломы на падлозе і, як сотні іншых палонных, раздумлялі пра сваю будучыню. На палудзень і вячэру немцы раздавалі нам ежу: палову буханкі хлеба, маргарын і суп – даволі скупы паёк, але яго было дастаткова, каб мы не памерлі з голаду.

Мой сябра Косьцік, які вучыўся ў тэхнічнай школе да таго, як яго прызвалі ў армію, мог няблага маляваць, а я, у сваю чаргу, умеў па-нямецку. Такім чынам, мы вырашылі распачаць у лягеры промысел, каб палепшыць сваё жыцьцё. Алоўкам Косьцік намаляваў «Омега» на маім танным гадзіньніку, каб той выглядаў даражэй, а я выправіўся прадаць яго альбо вымяняць у ахоўнікаў на хлеб, кілбасу, цыгарэты ці што яшчэ. Гэта было даволі небяспечна, бо калі б мяне злавілі, то расстралялі б. Аднойчы я блукаў па лягеры й адзін нямецкі салдат спыніў мяне й спытаў, што за гадзіньнік я маю. Я адказаў яму, што гэта бацькаў падарунак. Салдат заўважыў надпіс «Омега» і прапанаваў купіць у мяне гадзіньнік, бо палічыў, што ён сапраўдны, швэйцарскі. Я адмовіўся, бо, быццам бы, гадзіньнік гэны быў мне дарагі як памяць аб бацьку. Тады салдат прапанаваў мне два боханы хлебу й фунт кілбасы. Я йзноў адмовіўся. Немец расшчэдрыўся на тры боханы хлеба й два фунты кілбасы, на што я заўважыў: «Што карысьці ад успамінаў, калі чалавек, які мусіць іх захоўваць, ня зможа выжыць». Такім чынам, я памяняў свой гадзіньнік на хлеб і кілбасу!

Некаторыя з нас былі пазьней накіраваныя на палявую працу на ферму ў суседняй вёсцы Візандорф, каля сямідзесяці пяці кілямэтраў ад Кёнігзьбергу.

Нас разьмесьцілі ў нейкай старой хаце з саломай на подлозе замест ложкаў. Адзін немалады ўжо салдат, Хэрман, які, дарэчы, нагадваў мне пэрсанаж Шульца ў тэлевізійным шоў «Героі Хогана», быў даволі добразычлівым і зьвяртаўся да мяне проста, бо я разумеў па-нямецку. Ён параіў нам не рабіць ніякіх глупстваў, накшталт уцёкаў, бо мы й так будзем амаль вольнымі на гэтай ферме. Яшчэ ён растлумачыў, што будзе запіраць нас на ноч, а зранку будзіць. Ён пакінуў нас са словамі, што, калі мы будзем сябе добра паводзіць, то й ён таксама будзе спагадлівым да нас. Я паабяцаў, што, пакуль ёсьць ежа й годнае стаўленьне да нас, мы будзем стараннымі хлопцамі.

Я радаваўся, што мы ня ў лягеры. Сямья, на якую мы працавалі, паставілася да нас добра й нават выдавала нам чыстую бялізну. Дзякаваць гэтаму, у нас, прынамсі, не было вошай, хоць мы й павінны былі насіць сваю старую вайсковую форму. Акрамя таго, мне было прыемна бавіць дні на прыродзе, побач з коньмі. Я араў некалі на зямлі свайго дзеда, але тамака ў мяне быў просты плуг на аднаго каня, а тутака давялося мець справу з двума коньмі й падвойным плугам. Было цяжкавата кіраваць гэнымі коньмі, але, каб выжыць, мне трэба было наўчыцца рабіць гэта добра. Пасьля пары крывых баразён, гаспадар падахвоціў мяне, паказаўшы, як трэба кіраваць коньмі, і я пачаў набіраць спрыту.

Гаспадару было недзе каля шасьцідзесяці, і ён жыў са сваёй жонкай і дачкой Хельгай на ферме, а два ягоныя сыны былі на той час у арміі. Праца на ферме нагадала мне, як маленькім хлопчыкам я бывала йшоў за плугам свайго дзеда й размаўляў зь ім. На нейкі момант я забыўся, што быў ваеннапалонным. Але, калі надышоў вечар і мы пайшлі ў хату на вячэру, а дзьверы за намі зачынілі, я ўспомніў, што быў паднявольным.

Аднойчы ноччу я й Косьцік вырашылі сплянаваць уцёкі. Паколькі Косьцік быў адказным за фермерскую кухню (дзе харчавалася вялікая колькасьць работнікаў, шмат зь якіх таксама былі ваеннапалоннымі), ён мусіў забясьпечыць ежу. Я ж – распрацаваць маршрут, зрабіць усе неабходныя прыгатаваньні й прызначыць дату. Напачатку мы спыніліся на дваццатым лістапада, што дазволіла б нам зьнікнуць, пакуль ня выпадзе сьнег і нашыя сьляды будзе лёгка знайсьці.

Па начох мы, у моцным узбуджэньні й прадчуваньні, шэптам абмяркоўвалі свой плян. Гэныя пачуцьці вярнулі нас да жыцьця, і мы не маглі спаць – толькі размаўлялі да позьняй ночы. Мы марылі, як цудоўна гэта будзе: вярнуцца дадому, вучыцца. Мне – на лекара, а Косьціку – на інжынера. Як файна будзе йзноў пабачыць свае семьі, жыць дома, быць вольнымі.

Хельга прыносіла нам ежу на поле. Я стараўся трымацца ад яе далей і не падаўжаць нашыя кароткія сустрэчы, пазьбягаў усялякіх намёкаў. Я адчуваў, што гэная дзяўчына мела нешта да мяне, як, па-праўдзе, і я да яе. За палуднем я сустракаў позірк ейных блакітных вачэй, заглядаўся на ейныя сьветлыя валасы й файную, хаця й цяжкаватую крыху, фігуру. Для немкі яна была нават занадта прыгожай. Хельга звычайна апранала шырокую спадніцу й вузкую кашулю. Мне выдавала, што ейныя грудзі бы спрабуюць выскачыць з вузкага станіка. Але, калі дяўчына глядзела на мяне, я апускаў вочы, каб не прыцягнуць увагі ейнага бацькі. Ня думаю, што гэна было каханьне – хутчэй, фізычнае прыцяжэньне. Да таго ж, хаця Хельга й была ладна складзенай, маладой, здаровай жанчынай, поўнай жыцьця й энергіі, цень віселіцы стаў эмацыйным тормазам для маіх мараў.

Адным лістападаўскім вечарам я працаваў у гумне. Сонца ўжо заходзіла, дзьверы гумна былі адчыненыя, і я сьвістаў – малады, здаровы, перапоўнены спадзяваньнямі на ўцёкі, гатовы да дзеяньня. Раптам я заўважыў, што да мяне набліжаецца Хельга, павольна пагойдваючы клубамі. Сонца асьвятляла яе ззаду, і я, надзіва, мог бачыць ейнае цела праз спадніцу. Я бачыў ейныя сьцёгны. Мне здавалася, я мог бачыць ейныя похвы, але гэна, відаць, была толькі гульня ўяўленьня. Я кінуў працаваць – стаяў у дзьвярах і глядзеў, як Хельга падыходзіць да мяне. Яна ўсё набліжалася й набліжалася, і нарэсьце ейныя грудзі датыкнуліся да маіх. Яна была крыху ніжэйшай за мяне, і я паглядаў на яе зьверху ўніз і ня бачыў нічога, акрамя ейных вусен – прыадкрытых, чырвоных, спакушальных. Ейныя грудзі былі цяжкімі і, здавалася, рухаліся ўверх-уніз. Яна спыталася, як я пачуваюся, і я адказаў, што добра, але што я хвалююся, бо гэта вялікая рызыка – стаяць зь ёй вось гэтак побач, таму што мяне могуць павесіць, калі знойдуць разам зь ёй. Я папярэдзіў яе, што яна таксама рызыкуе, бо сустрэне толькі зьнявагу й непрыманьне з боку сваёй грамады, і што яны паголяць яе ў пакараньне. Але яна проста глядзела на мяне й не прамаўляла ні слова. Я ня бачыў у ейных вачах ні страху, ні няўпэўненасьці. Хельга ўсё мацней прыціскалася да мяне грудзямі. Я ня мог даць ніякай рады й паклаў ёй руку на задок, пругкі й крэпкі. Мая рука шукала забароненае месца, і мне здалося, што яно павільготнела. Хельга дрыжэла ад узбуджэньня й падштурхоўвала мяне да сена. Мне спатрэбілася шмат фызічных намаганьняў, каб вызваліцца зь ейных абдымкаў і пабегчы. Я рынуўся ў нашую хатку, кінуўся на салому й гатовы быў заплакаць ад злосьці й зьнявагі. Увайшоў Косьцік, каб даведацца, што адбылося. Мне спатрэбіўся нейкі час, каб супакоіцца й распавесьці сваю гісторыю. Косьцік выказаў думку, што Хельга можа ўзлавацца на мяне й зрабіць што-небудзь такое, што зашкодзіць нашым уцёкам. Ён лічыў, што мы мусім паскорыць свае пляны, і мы вырашылі сысьці наступнай ноччу.

А нараніцу, перад тым як мы выйшлі на працу, мы заўважылі, што нейкія два жандары размаўляюць пра нешта з нашым наглядальнікам. Пасьля невялікай спрэчкі наглядальнік падышоў да нас з Косьцікам і паведаміў, што нас пераводзяць назад у лягер. Мы абодва зьбялелі. Можа нехта, напрыклад, Хельга, пасьпеў данесьці на нас? І можа, нас пакараюць сьмерцю, калі мы вернемся ў лягер?

Мы сабралі свае невялікія пажыткі, затым нас накіравалі ў паліцэйскі ўчастак, а потым – назад у шталяг 1А. Вароты зачыніліся за намі, і мы йзноў апынуліся за калючым дротам, у атачэньні аховы й кулямётаў.

Упершыню ў жыцьці на мяне навалілася дэпрэсія. Я ляжаў на саломе ў бараку, зь яшчэ больш як пяцьцюдзесяцьцю шумнымі й няветлівымі ваеннапалоннымі. У вачах у мяне стаялі сьлёзы. Я спрабаваў вызначыць, як гэта ўсё адбылося. Верагодна нехта чуў, як мы плянавалі ўцёкі й данес на нас наглядальніку альбо фермеру.

Праз два дні нашыя целы наводнілі вошы. У нас усё сьвярбела. Раз на тыдзень нас адпраўлялі на дэзынфекцыю, але на наступны дзень пасьля гэтага вошы зьяўляліся йзноў. Я пачуваўся так, як быццам вошы выбралі мяне ў якасьці сваёй ахвяры, бо дэпрэсія не адступала. Я страціў усялякую надзею й дэградаваў псыхічна й фізычна.

Мае думкі ляцелі дадому, да маёй маці. Апошні раз я сустракаўся зь ёю ў лячомніцы, пасьля гэнага здарэньня. Мне пачалі сьніцца пра маці сны – некаторыя прыемныя, некаторыя жахлівыя. Калі я бачыў іх сярод ночы, я ня мог ужо заснуць. Аднойчы мне прысьнілася, што маці кліча мяне дадому. Гэта абудзіла ўва мне ўспаміны майго дзяцінства, але вось будучыні ў мяне, здаецца, ужо не было. У мяне не было ніякай моцы дзейнічаць, ніякага жаданьня падымацца раніцай. Я толькі валяўся на саломе ў чаканьні ежы, прытым што ў мяне зусім не было апетыту. Я ўставаў толькі на ранішнія й вячэрнія перазовы.

Некалькі польскіх афіцэраў і лекары зь мясцовага лягернага лазарэта заклікалі мяне згуляць зь імі ў карты й наўчыцца гуляць у брыдж. Я пайшоў да іх, але ня мог сачыць за гульнёй. Мяне нішто не цікавіла. Я зранку да вечара блукаў па лягеры безь ніякіх пачуцьцяў альбо мэты. Аднойчы я ўзгадаў, як падчас майго візіту ў лячомніцу да маці, яна спыталася, ці пабачыць мяне яшчэ калі-небудзь, і я запэўніў яе, што я яшчэ занадта малады, каб паміраць. Я ўспомніў, як паабяцаў ёй і сабе, што стану лекарам і раптам усьвядоміў, што не магу болей губляць часу й мушу й надалей плянаваць свае ўцёкі.

Плянаваньне ўцёкаў – гэта сапраўднае збавеньне для ваеннапалонных, бо ты ўжо ўяўляеш сваё жыцьцё зьмененым, робісься больш жвавым і не зважаеш ні на што, акрамя сваіх плянаў.

Недзе напрыканцы лістапада Косьцік таксама вярнуўся жывым і мы ўзнавілі падрыхтоўку да ўцёкаў з усімі дробязнымі дэталямі. Нам былі патрэбныя кусачкі, компас, мапы й ежа. Мы накуплялі танных гадзіньнікаў, Косьцік падрабіў іх пад «Омега», якія я потым прадаваў. Я, канечне, рызыкаваў сваім жыцьцём, але мы працягвалі падманваць немцаў. Гэта была небясьпечная, але захапляльная гульня, і яна нам падабалася. Падманваць немцаў ня грэх, і мы іх не шкадавалі. Мы склалі ліст дабравольцаў з тых людзей, якія хацелі дапамагчы нам зьбіраць ежу, а потым далучыцца да ўцёкаў. Нам патрэбна было ежы на пяць-шэсьць дзён, каб трапіць да мяжы з Усходняй Прусіяй, а адтуль – у Савецкі Саюз.

Тым часам, 17 верасьня 1939 Чырвоная Армія акупавала Заходнюю Беларусь, і была ўтвораная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Гэная падзея была прадстаўленая як вызваленьне беларускага народу. Заходнікі не разумелі, што азначала гэная акупацыя. Яны думалі, што Беларусь застанецца незалежнай дзяржавай і што пасьля ўзьяднаньня яны будуць уважацца за першарадных грамадзянаў сваёй уласнай краіны. Хутка пасьля акупацыі заможныя сяляне (кулакі) былі абвінавачаныя ў тым, што эксплуатуюць іншых людзей, каб зарабіць сабе багацьце. Саветы не трывалі фінансавай незалежнасьці, а таму саслалі тысячы «кулакоў» у Сібір, а астатніх сялянаў сагналі ў калгасы. З Усходняй Беларусі саветы запрасілі тых настаўнікаў і кіраўнікоў, якім давяралі. Трансфармацыя адбылася вельмі хутка, бо вельмі эфектыўна ўжываліся тэрор і падаўленьне ўсялякіх свабодаў. Людзі даволі хутка ўсьвядомілі, што любога кшталту пярэчаньне савецкім уладам прывядзе адное да імгненнага зьнікненьня пры дапамозе сакрэтных службаў. Што датычыцца беларускай інтэлігенцыі, то яна разглядалася як небясьпечны элемент і таксама была рэпрасаваная.

Да лягеру дайшла чутка, што ў Беларусі былі адчыненыя ўсе школы і што кожны мог вучыцца ва ўніверсітэце. Я пачаў марыць пра тое, каб вывучаць медыцыну. Маё жаданьне зьбегчы як мага хутчэй рабілася ўсё больш і больш моцным і з дэпрэсаванага чалавека пераўтварыла мяне ў энергічны, ваяўнічы дух. Я быў поўны надзеяў і нават зацікавіўся тым, як гуляць у брыдж! Калі выключалі сьвятло, мы з Косьцікам мармыталі нашыя пляны, і нас не пужала тое, што, як лічылася, зь лягеру, зь ягоным падвойным дротам, назіральнымі вышкамі, аховай і кулямётамі, немагчыма было зьбегчы.

У лягеры праз кожныя сто мэтраў праходжваліся паміж вышкамі ахоўнікі. Мы засеклі, колькі ім трэба часу, каб прайсьці гэтую адлегласьць, і падлічылі, колькі нам спатрэбіцца часу, каб разрэзаць дрот.

Спачатку ўцёкі былі заплянаваныя на снежань, але мы не знайшлі кусачкаў і мапы і таму сьвяткавалі Ражаство ў лягеры. Я думаў тады пра сваю маці. Уяўляў, як яна ўзгадвае пра мяне на сьвяты й плача, што я ня вольны. Гэныя думкі толькі ўзмацнілі мой намер уцячы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю