Текст книги "Жыцьцё пад агнём"
Автор книги: Лявон Юрэвіч
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 14 страниц)
Атмасфэра тамака была вельмі мілай і прыязнай. Брат Ёзаф прыносіў нам з кухні ежу, а мы мусілі самі прыбіраць у пакоях, дзе спалі. Мы маглі мыцца й мяняць бялізну. Мы пачуваліся вольнымі людзьмі – на сьвежым паветры, у садох. Набліжанасьць да прыроды абудзіла нас і надала прагу поўнай свабоды.
Мэтады нашай працы былі зусім бязглуздымі. Я ня ведаў нават, як карыстацца нажніцамі для абстрыганьня кустоў ці падразаць траву. Брат Ёзаф толькі спагадліва ўсьміхаўся й супакоіў нас наконт таго, што мы можам застацца, нават калі ня ёсьць садоўнікамі. Мы зразумелі, што вытрымалі іспыт і маем цяпер усе шанцы зьбегчы. Мы прызначылі ўцёкі на адзінаццатае траўня.
Цяпер дастаць усе неабходныя прыстасаваньні не было для нас праблемай. Мы здабылі мапу й компас, а да мяжы трэба было йсьці толькі адну ноч. Усё было выключна проста. Але раптам мы пачалі заўважаць, што непадалёк ад нас канцэнтруецца вялікая колькасьць узброеных сілаў. Нават каля кляштара была разьмешчаная рота. Мы ніяк не маглі даўмецца, што адбываецца. Можа, ангельцы ці французы меліся атакаваць?
Дзесятага траўня раніцай мы прачнуліся й пачулі па радыё, на кухні ў кляштары, што нямецкія войскі перайшлі мяжу з Галяндыяй і пасьпяхова рухаюцца на захад бяз значнага супраціву. Маё сэрца ёкнула. Можа, гэта была памылка? Няўжо ж яны сапраўды напалі на Галяндыю і Бельгію, якая захоўвала нэйтралітэт? І можа, ангельцы й французы хутка выганяць іх адтуль?
Аднак зводкі па радыё рабіліся ўсё больш пэсымістычнымі. За адзін дзень немцы здолелі акупаваць амаль палову краіны. Я не магу зараз узгадаць дакладныя даты падзеяў, але, здаецца, за тыдзень яны акупавалі Бельгію, перайшлі мяжу паўночнага фронту, мінулі славутую лінію Мажыно (пра якую французы казалі, што яе нават птушка ня здолее пераляцець) і, нягледзячы на нэйтралітэт, прамаршыравалі праз Бельгію. Фронт здаўся за тры тыдні. Ангельскія экспедыцыйныя войскі вярталіся ў Англію. Вайна на заходнім фронце, здаецца, скончылася. Немцы кожны дзень перадавалі па радыё навіны пра свае посьпехі. Спачатку мы думалі, што гэта магла быць прапаганда, але брат Ёзаф паведаміў нам, што немцы акупавалі паўночную частку Францыі, а Парыж быў абвешчаны адкрытым горадам. Французы вырашылі ўтварыць у Вішы ўрад, які мусіў супрацоўнічаць зь немцамі, і такім чынам уратаваць астатнюю частку Францыі ад акупацыі.
Нашая мара была разбураная. Была ўжо сярэдзіна траўня, а мы пачуваліся зусім зьбянтэжанымі. Мы ведалі, што трапіць з Заходняй Германіі ва Ўсходнюю – задача ня зь лёгкіх, але мы не зьбіраліся адмаўляцца ад сваіх плянаў, толькі не ўяўлялі, як іх рэалізаваць.
Аднойчы да нас ізноў прыйшлі нямецкія агенты, якія запрапанавалі нам далучыцца да іх. Яны сказалі, што нашае жыцьцё мала чым будзе адрозьнівацца ад таго, што мы маем, але мы будзем лічыцца вольнымі, насіць цывільную вопратку й мець пасьведчаньне асобы, дзе нас пазначаць як замежнікаў. Ня будзе ніякіх зьнешніх знакаў, што мы ваеннапалонныя, і ў нас будзе больш свабоды. Яны запэўнілі нас, што мы будзем пераведзеныя ў Польшчу, у спецыяльны лягер для ваеннапалонных у Торуні, які быў далучаны да Германіі.
Мы пераглянуліся. Торунь знаходзіцца ў Польшчы, і ў нас будзе больш шанцаў уцячы. Безь ніякіх ваганьняў мы падпісалі пагадненьне супрацоўнічаць зь немцамі. Нам сказалі, што калі нас перакінуць у Торунь, тамака нам дадуць пасьведчаньні асобы, зробяць праверку на надзейнасьць і г.д. Але мы не зьбіраліся чакаць да Торуня, бо мы спадзяваліся зьбегчы значна раней.
Неяк у ліпені нас, разам зь іншымі ваеннапалоннымі – усе ў польскай уніформе – пагрузілі ў вагоны для скаціны. Летам ехаць у вагонах для скаціны было й ня так ужо жахліва. Нас прыстойна кармілі, і мы спыняліся на розных станцыях, дзе маглі памыцца й набраць вады.
Нарэсьце, мы прыехалі на польскую мяжу. Польшча не была нашай радзімай, але, калі мы пабачылі гэтую славянскую зямлю, зь ейнымі вёскамі, хутарамі, гаспадаркамі, значна бяднейшымі за нямецкія фермы й менш разьвітымі ў тэхнічным пляне, усё падалося нам такім знаёмым і блізкім.
Мы прыбылі ў Торунь і былі накіраваныя ў лягер пад назовам Форт Хэрман фон Зальца. Мы ўвайшлі ў вароты, і ў мяне ёкнула сэрца: у лягер былі зямлянкі, ён быў умацаваны высокімі сьценамі з калючым дротам наверсе й кішэў нямецкімі ахоўнікамі. Мы з Косьцікам пераглянуліся. Мы абодва былі зьдзіўленыя й расчараваныя, але, прынамсі, мы знаходзіліся на «нашай» тэрыторыі. Лягер разьмесьціўся на заходнім беразе ракі Вістулы, і калі б мы здолелі ўцячы, здабыць цывільную вопратку, мы маглі б згубіцца сярод польскага насельніцтва, якое, мы спадзяваліся, добра паставілася б да нас. Але як жа ж нам выбрацца зь лягеру?
Памяшканьні, дзе мы мусілі жыць, знаходзіліся на ніжэйшым узроўні. Тамака не было натуральнага сьвятла – толькі электрычныя лямпачкі,– і спаць нам трэба было на саламяных матрацах. Лягер быў перапоўнены, і большасьць палонных былі палякамі. Таксама меліся тамака брытанцы з Экспедыцыйных войскаў, бельгійцы, французы й галяндцы. Гэта была сапраўдная інтэрнацыянальная грамада, і мне было вельмі цікава сустрэць прадстаўнікоў іншай культуры.
У адрозьненьне ад палякаў, ангельцы, французы, бельгійцы й галяндцы атрымлівалі дапамогу ад Чырвонага Крыжа, якую дасылалі з Англіі. Ім прыходзіў чакаляд, цыгарэты, бялізна, мыла для галеньня, тытунь і г.д.
Упершыню ў жыцьці я пашкадаваў, што вывучаў не ангельскую й не французскую мовы, бо апошнія адкрылі б мне зусім іншы сьвет. Хаця я не губляўся, спрабаваў вучыцца й камунікаваць з астатнімі палоннымі.
Празь некалькі дзён мы з Косьцікам пачалі вывучаць мясцовасьць, каб сплянаваць уцёкі. Мы агледзілі высокія сьцены й пралічылі, колькі нам спатрэбіцца папругаў ці вяровак, каб пералезьці празь яе. Шанцаў на гэта, здаецца, ніякіх не было. Другая праблема была знайсьці цывільную вопратку.
Мы былі поўнасьцю ізаляванымі ад навакольнага сьвету. Аднойчы, калі я стаяў у чарзе на кухні, я падслухаў, як адзін палонны казаў, што яму праз Чырвоны Крыж даслалі вопратку. Да мяне таксама даходзілі чуткі, што ў брытанцаў мелася арганізацыя, якая дапамагала палонным уцякаць. Мы пачалі разглядацца й шукаць сувязяў.
Брытанскія ваеннапалонныя мелі ўласных камандзіраў, якіх вельмі паважалі, і стараліся рабіць усё, каб атрымліваць ад немцаў тое, што было належным. Да таго часу я ўжо ўмеў крыху па-ангельску й аднойчы наважыўся падысьці да брытанскага афіцэра. Я паведаміў яму, хто я такі, як спрабаваў зьбегчы са шталягу 1А, і што пляную зь сябрам новыя ўцёкі. Магчыма, афіцэр не зразумеў усяго, што я распавёў на сваёй беднай ангельскай мове, але ён убачыў маю рашучасьць зьбегчы. Я папрасіў яго параіць, з кім можна зьвязацца, каб атрымаць дапамогу. Афіцэр пачаў распытваць мяне пра маё мінулае, нямецкую сыстэму, жыцьцё ў нямецкім лягеры й г.д. Я запэўніў брытанца, што ён можа мне давяраць, і мы дамовіліся абмяняць колькі ежы на цывільную вопратку. Афіцэр папярэдзіў мяне, што ўцякаць з гэтага лягеру даволі рызыкоўна й што разумней было б напрасіцца на нейкую працу й тады паспрабаваць зьбегчы.
Неўзабаве, напрыканцы ліпеня, да нас прыйшлі немцы й паведамілі, што шукаюць пяць чалавек, якія хацелі б чысьціць туалеты нямецкіх войскаў. Гэта была ня вельмі прыемная праца, але, прынамсі, па-за лягерам. Мы ледзь не падскочылі ад радасьці й сказалі, што пагодзімся чысьціць туалеты, калі яны нам будуць даваць больш ежы. Немцы адказалі, што павялічаць паёк хлеба й цыгарэтаў, калі мы будзем старанна працаваць. Мы запэўнілі іх, што ёсьць сапраўднымі знаўцамі ў чыстцы туалетаў, ня кажучы ўжо пра садоўніцтва, медыцыну й гандаль гадзіньнікамі.
На наступны дзень, а дзевятай раніцы, нас, разам з трыма іншымі палоннымі, накіравалі чысьціць туалеты. Мы сьвісталі й сьпявалі, як быццам бы нам насамрэч падабаліся нашыя абавязкі.
Нам трэба было заваяваць давер немцаў, паказаць, што мы надзейныя хлопцы, і таму мы вызваліся рабіць і іншыя рэчы, кшталту мыцьця падлогі, бялізны, чысткі ботаў. Мы рабілі ўсё магчымае, каб як мага даўжэй не вяртацца ў лягер. Мы здолелі ўцерціся немцам у давер і сталі сачыць за іхным перамяшчэньнем. Мы заўважылі, што яны спачатку йдуць пяцьдзесят-семдзесят мэтраў у адзін бок, а потым – столькі ж у другі.
Таксама мы атрымалі магчымасьць агледзець навакольле й заўважылі, што недалёка ад Вітулы – дрыгва й нізіна, парослая кустамі й густым падлескам. Яшчэ мы разгледзелі, што наўкола поўна кустоў, а само месца агароджанае нізкім плотам. За плотам была брудная дарога, якая вяла да Вістулы.
Згодна з нашым плянам, мы павінны былі апрануць цывільную вопратку пад уніформу, потым зьняць апошнюю й пайсьці ўздоўж плоту да ракі пад выглядам цывільных.
Мы прызначылі ўцёкі на восьмае жніўня. Нам здавалася, што гэта вельмі хутка, але мы ня ведалі, як доўга нам прыдзецца працаваць на вайскоўцаў. Мы паведамілі астатнім тром палонным пра свае намеры, бо лічылі, што ня можам кінуць іх, і яны вельмі ўзрадаваліся пэрспэктыве вызваліцца.
Мы здабылі цывільную вопратку й раніцай восьмага апранулі яе пад уніформу. Мы выглядалі крыху раздутымі, але ў нас не было выбару.
А дзевятай гадзіне нас пастроілі ля варотаў, і ахоўнік праверыў кожнага з нас. Мне здавалася, што я перастаў дыхаць, але спрабаваў усьміхацца, каб быць натуральным. Але чым больш я стараўся, тым горш у мяне атрымлівалася. Аднак нічога ня здарылася, і нас вывелі з варотаў.
Мы пачалі працаваць. Мы вызначылі, што паспрабуем сысьці недзе каля пяці вечара, таму што будзе яшчэ дастаткова сьветла, каб бачыць дарогу, але ўжо блізка да ночы. Мы ўсьведамлялі, што пяці чалавекам будзе цяжка зьбегчы адначасова, і таму вырашылі падзяліцца на дзьве групы. Тры хлопцы, якія ўжо пасьпелі стаць нашымі сябрамі, мусілі сыходзіць першымі. Мы з Косьцікам павінны былі працягваць працаваць і далучыцца да нашых прыяцеляў, калі надарыцца нагода.
Каля чатырох мы ўжо былі гатовыя йсьці, але нямецкі афіцэр замінаў нам, бо якраз падаўся ў глыб лягеру, каб пазагараць. Праз колькі хвілінаў, праўда, ён кінуў гэную справу, і я даў хлопцам знак, каб яны йшлі. (Яны павінны былі перабрацца за кусты й рухацца ў паўднёвым накірунку, а мы б пайшлі ў паўночным.) Хлопцы сыйшлі, і якраз вярнуўся ахоўнік. Мы пачалі мітусіцца, хадзіць туды-сюды – рабіць выгляд, што старанна працуем. Ахоўнік ізноў пакінуў нас, і тады мы пераскочылі праз кусты, за секунду скінулі ўніформу, закінулі яе пад кусты. Потым мы пралезьлі пад дротам і выбраліся на дарогу. Адразу ж мы пабачылі двух нямецкіх капралаў, якія ехалі да лягеру на раварах. Калі немцы міналі нас, мы ўскінулі рукі, каб адсалютаваць. Капралы таксама павіталі нас і паехалі далей.
Была ўжо палова на пятую, і недзе каля пяці, мы думалі, нашая адсутнасьць мусіць быць заўважаная. Мы паскорылі хаду, дасягнулі кустоў, якія былі вельмі калючымі й падрапалі нам усе рукі й ногі. Потым мы пайшлі па дрыгве, і ногі нашыя зацягвала на тры-чатыры футы. Раптам мы пачулі, як у лягеры завішчэлі сірэны, і вымушаныя былі залегчы ў балота, так што ў нас тырчэлі толькі раты й насы, каб можна было дыхаць. Мы замерлі ў чаканьні. Часам мне здавалася, што дрыгва мяне заглыне. Я ўзгадаў гісторыі пра балоты ў нас дома, як людзі й коні зьнікалі тамака, бо ў балотаў, быццам бы, няма дна. Я баяўся, што ўжо ніколі ня выберуся. Я чуў, як на пэўнай адлегласьці крычаць немцы, але яны рухаліся ў адваротным накірунку.
Час ледзь цягнуўся. Нарэсьце апусьцілася цемра, і наўкола стала ціха й мірна. Я ня ведаў, колькі ўжо было часу, бо мой гадзіньнік сапсаваўся. Мы вылезьлі з дрыгвы, памылі потым нашую вопратку ў рацэ й рушылі ўзжоўж яе, пазьбягаючы дарог.
Перад сьвітанкам мы трапілі на нейкі хутар. Мы зазірнулі ў хлеў, узялі нейкія сельскагаспадарчыя прылады й закінулі іх на плечы, каб выдаваць на сялян, якія йдуць на працу.
Празь нейкі час мы наблізіліся да яшчэ адной гаспадаркі, дзе пачулі польскія галасы. Мы падышлі да гэных людзей і спыталіся, ці не патрэбныя ім працоўныя рукі. Гаспадар адказаў, што яму якраз патрэбныя работнікі, каб пакласьці проса ў гумно. Мы падумалі, што без праблем маглі б пабыць сялянамі, і пагадзіліся.
Калі мы працавалі, да нас у гумно прыйшла дачка гаспадара – пекная дзяўчына гадоў дваццаці, са сьветлымі валасамі й блакітнымі вачмі. Яна спыталася, ці не патрэбная нам дапамога, і я адкрыўся ёй, што мы ваеннапалонныя, уцекачы, і што нам трэба дабрацца да мяжы. Дзяўчына папярэдзіла нас нікому пра гэта не казаць, асабліва ейнаму бацьку, бо ўсе баяцца быць пакаранымі немцамі за дапамогу ўцекачам. Дзяўчына паабяцала нам, што папросіць бацьку наняць нас, і тады ў нас будзе дастаткова ежы, каб зьдзейсьніць свае пляны. Яна пайшла, а празь некаторы час вярнулася й паведаміла, што ўсё атрымалася.
Мы шмат у гэны дзень працавалі й добра пад’елі. Блізка да вечару дзяўчына паведаміла нам, што ўсё ў парадку, а яшчэ, што на большасьці хутароў і ў большасьці вёсак жывуць палякі, якія ненавідзяць немцаў. Яна дала нам адрэсы й імёны вяскоўцаў, якія маглі б нам дапамагчы, і паказала, дзе можна пераплыць Вістулу, якая была пад наглядам немцаў. Яна сказала таксама, як клічуць паромшчыка, які б мог нам даць човен пераплысьці раку. Мы падзякавалі дзяўчыне й рушылі далей.
Мы йшлі ўдзень, падраблялі ў якасьці батракоў, а калі дайшлі да пераправы на Вістуле, растлумачылі паромшчыку, што нам трэба. Ён паабяцаў, што ноччы перавязе нас у маленькім чоўне на ўсход. Такім чынам, гэнай ноччу мы перасеклі Вістулу. Паромшчык высадзіў нас на другім беразе, пажадаў удачы й загадаў вяртацца назад з саветамі, каб тыя вызвалілі ягоную краіну.
Мы рухаліся далей, да савецкай мяжы, да якой, як мы думалі, было кілямэтраў трыста-чатырыста. Мы йшлі на ўсход па ўскраінах і пазьбягалі вялікіх гарадоў. Мы станавіліся ўсё больш і больш нядбайнымі ў гэным паходзе праз Польшчу, і на адным хутары сын гаспадара нагадаў нам, што мы мусім быць больш асьцярожнымі. Ён паведаміў нам, што шмат у якіх раёнах немцы ўзмацнілі вышук уцекачоў і польскіх падпольшчыкаў. Ён таксама дадаў, што немцы могуць без папярэджаньня праверыць, ці маем мы дазвол вандраваць. Мы пачуваліся такімі вольнымі на прыродзе, без агароджы й ахоўнікаў, што занадта расслабіліся. Папярэджаньні хлопца вярнулі нас да рэчаіснасьці, і мы ўспомнілі, што знаходзімся ў вышуку й нас могуць злавіць. Мы распыталі хлопца пра сытуацыю ў Польшчы, а ён нас – пра тое, як немцы ставіліся да нас у лягеры.
Хлопец распавёў нам, што немцы стварылі ў Польшчы часовы ўрад, які меў пэўную адміністратыўную ўладу ў гарадох і вёсках, але насамрэч гэта не яны, а ўсемагутныя СС, у чорных кашулях, і СА, у рудых, трымалі Польшчу пад залезнай пятой. Але палякі аказаліся вельмі патрыятычнымі й не здаліся так хутка, як на тое спадзяваліся немцы. Таксама палякі мелі вельмі моцны й добра арганізаваны падпольны рух, які называўся Армія Краёва. Калі немцам удавалася схапіць падпольшчыкаў, іх адразу адпраўлялі ў канцэнтрацыйныя лягеры. Але, незалежна ад гэнага тэрору, польскі народ заставаўся перакананым, што ён ня прыме нямецкай акупацыі, і верыў, што ў рэсьце рэшт ангельцы прыкладуць больш намаганьняў у барацьбе з фашыстамі й, разам з французамі, перамогуць іх. Хаця хадзілі чуткі, што ангельцы й французы адступаюць і што хутка й сама Англія будзе акупаваная. Атрымаць жа дакаладную інфармацыю было вельмі цяжка, бо немцы забаранілі друк і кантралявалі афіцыйнае радыё. Але, незалежна ад таго, чуткі гэна былі альбо праўда, сытуацыя сапраўды заставалася напружанай, і мы сталі паводзіць сябе больш асьцярожна.
Дзень пры дні мы йшлі хуткай хадой і нарэсьце дасягнулі Варшавы. Мы абмінулі горад і прабавілі вечар у хляве, недалёка ад мяжы. Гаспадар даў нам ежы й пакінуў нас у спакоі.
Мы размаўлялі пра тое, як спраўдзім свае мары, калі дайдзем дадому. Косьцік гаварыў пра тое, як пойдзе вучыцца на інжынера, а я – на лекара. Ноччы я прысьніў сябе студэнтам, які плённа працуе, атрымлівае дыплом, а потым – пасаду лекара. Я бачыў сваю маці, зь ейнымі карымі вачмі. Як яна падахвочвае мяне й просіць ніколі не здавацца, якой бы цяжкой ні падавалася справа. Нараніцу Косьцік сказаў мне, што я размаўляў у сьне пра розныя там школы, лячомніцы, пра маці й бацьку, і мой сон ізноў вярнуўся да мяне. Мне стала так хораша, я пачуваўся такім бадзёрым.
Гаспадар пакарміў нас, даў тое-сёе ў дарогу й сказаў, што да савецкай мяжы трэба йсьці яшчэ, прыкладна, дзень. Але ён таксама паведаміў нам, што, па чутках, мяжа зачыненая й абмен палоннымі прыпынены. Каб трапіць на той бок, трэба прайсьці спецыяльную праверку. Ён падкрэсьліў, што гэта ўсяго толькі чуткі, але мы ўсё ж такі мусім іх ведаць. Мы падзякавалі яму за гасьціннасьць і паабяцалі, што калі Польшча й Беларусь будуць ізноў вольныя, мы вернемся, каб расплаціцца за ягоную дабрыню. Мы пакінулі ягоную гаспадарку зь віламі й косамі ў надзеі, што выдаем на звычайных сялян.
Недзе кілямэтраў праз тыццаць мы падышлі да ўзгорка, зь якога ўжо было відаць мяжу. Там, з поўначы на поўдзень, было поўна вышак, якія стаялі праз сотню мэтраў.
Мы пайшлі далей і недзе каля шасьці прыйшлі на адзін падворак, зайшлі ў гумно й пачалі абмяркоўваць, што рабіць. Раптам зьявіліся, і надта спужалі нас, дзьве дзяўчыны, якія выдавалі на сясьцёр. Адна зь іх была вышэй, са сьветлымі валасамі, курносым носам, прыгожай, ладнай, але крыху цяжкой, відаць ад працы на зямлі, фігурай. Другая дзяўчына была маладзей, гадоў, можа, сямнаццаці, і не такой пекнай, але з прыемным тварам і цёмнымі валасамі, якія ляжалі на ейнай белай кашулі, на грудзях. Яна здавалася такой мілай, прывабнай, маладой і сьвежай. (Магчыма на той момант усе дзяўчыны й усе грудзі падаваліся мне прывабнымі й спакушальнымі, бо я ўжо зусім згаладаўся.) Дзяўчаты запыталіся, хто мы такія, і мы адказалі, што ёсьць ваеннапалоннымі й уцякаем ад немцаў. Старэйшая сястра, Ванда, пацікавілася, ці ў польскай арміі мы служылі й, калі так, то ў якім палку. Мы адказалі, што былі ў 42 палку, у 71 дывізіі польскай арміі. Мы распавялі, што нас азялі ў верасьні, што мы адзін раз ужо спрабавалі ўцякаць, але былі схопленыя, і цяпер зьбеглі ўжо ў цывільным, і, калі нас схопяць, то заб’юць. Я паказаў ёй свой мэдальён ваеннапалоннага. Ванда сказала, што верыць нам і спытала пра нашыя пляны. Яна была вельмі разумнай дзяўчынай і хацела вучыцца ва ўніверсітэце. Мы паведамілі ёй, што зьбіраемся перайсьці мяжу й дабрацца дадому. Ванда папярэдзіла нас, што мяжа зачыненая й моцна ахоўваецца й што ўсіх, хто спрабуе перайсьці яе, адпраўляюць на некалькі гадоў у лягеры ў глыб Расеі. Я быў у шоку. Я ня мог паверыць, што саветы так ставяцца да тых, хто ўцякае ад немцаў. Дзяўчына паціснула плячыма й сказала, што проста перадае, што чула сама. Аднак увогуле яна вельмі адмоўна ставілася да пакту, які падпісалі Германія й Савецкі Саюз і такім чынам падзялілі паміж сабой Польшчу. Яна папярэдзіла нас, каб мы не казалі ейнаму бацьку, хто мы такія на самой справе, бо той моцна баіцца немцаў. Тым больш, калі яны западозраць, што ейны бацька хавае ўцекачоў, то яго адправяць ў концлягер. Ванда прапанавала нам і далей маніць, што мы батракі, якія шукаюць працы. Якраз быў час збору ўраджаю, і патрэбная была дапамога ў гаспадарцы. Ванда падкрэсьліла, што праца на палёх, набліжаных да мяжы дасьць нам магчымасьць назіраць за нямецкім патрулём і выбраць найлепшы час для пераходу мяжы. Дзяўчына таксама паабяцала, што пазнаёміць нас са сваім бацькам пасьля вячэры. Увесь час Ванда размаўляла са мной, але глядзела на Косьціка, які быў бландынам і нашмат вышэйшым за мяне. Ён узіраўся ў яе такімі галоднымі вачыма, што гэта, магчыма, уразіла мяне. Я не раўнаваў, але згаладаўся ня менш за яго й мяне таксама ўзбуджала гэтае прывабнае маладое жаночае цела. Я амаль адчуваў пах ейнага поту, і гэты пах быў такім спакушальным, што я ледзь не раззлаваўся на Косьціка за тое, што ён ёй больш падабаўся. Зося, малодшая сястра, была неяк па-дзіцячы больш фрывольнай і больш патрыятычнай. Яна сказала, што яны дапамогуць нам, бо мы, відавочна, героі, якія змагаюцца за свабоду Польшчы. Мне гэта пасавала. Пакуль нам прапаноўвалі дапамогу, я мог пагадзіцца на што заўгодна.
Недзе каля шасьці Ванда вярнулася, каб пазнаёміць мяне са сваім бацькам. Калі мы зайшлі ў хату, дзяўчына сказала, што я шукаю працу дзеля ежы й начлегу й, магчыма, пары злотых у дзень. Ейны бацька спытаўся, ці зь сялянскай сямьі я паходжу. Я запэўніў яго, што дапамагаў свайму дзеду па гаспадарцы, ведаю ўсё, што ад мяне патрабуецца, асабліва пры зборы ўраджаю. Гаспадар пагадзіўся наняць мяне й сказаў, што я магу есьці зь імі ў хаце, але спаць мушу ў гумне. Пакуль я еў і размаўляў з гаспадаром, Ванда пайшла аднесьці Косьціку паесьці. Дзяўчына зьнікла на даволі працяглы час, і я здагадваўся, што тамака адбываецца, а таму не сьпяшаўся вяртацца назад. Я папрасіў Зосю паказаць мне гаспадарку ў надзеі пабачыць, што адбываецца на мяжы. Так мы гулялі каля гадзіны. Калі сьцямнела, мы з Зосяй наблізіліся да гумна, і я кашлянуў і моцна загаварыў у знак папярэджаньня. Выйшла Ванда, і мне падалося, што яна зачырванелася – і ня ведаю, што гэта было: захад сонца, альбо дзяўчына засаромелася. Ейныя валасы зблыталіся й спадніца была крыху зблочанай. Мы моўчкі мінулі адзін аднаго. Дзяўчаты вярнуліся дахаты. Косьцік ляжаў на сене, углядаўся ў столь і ўсьміхаўся. Я нічога не пытаўся ў яго, але моцна раўнаваў.
Нараніцу гаспадар загадаў мне ўзяць каня й запрэгчы яго ў брычку. Я вельмі разгубіўся, бо ў іх была іншая сыстэма, чым у нас у Беларусі, і я ня мог даўмецца, як гэта зрабіць. Калі я нарэсьце, здавалася, прыстасаваў вупраж, і гаспадар сказаў: «Но! Пайшоў!» – конь рушыў, але брычка засталася стаяць, як і раней. Гаспадар пагляздзеў на мяне й сказаў: «Я думаў, што ты селянін». Тады я пачаў запэўніваць яго, што ў нашай мясцовасьці проста іншая сыстэма. Гаспадар паверыў мне, паказаў, як трэба запрагаць, і мы паехалі. Я спытаўся, што гэна за вышкі ў далечыні, хаця й ведаў дакладна, што тамака мяжа. Селянін адказаў, што гэна савецкія кантрольныя вышкі й паўтарыў усё, што Ванда паведаміла нам раней. Я пацікавіўся, каму можа спатрэбіцца пераходзіць мяжу, і ён адказаў, што шмат хто з палякаў лічыць, што гэта адзіны шлях уцячы ад немцаў, але ён асабіста ўпэўнены, што раней ці пазьней паміж Германіяй і Савецкім Саюзам таксама пачнецца вайна.
Я старанна працаваў, але здолеў заўважыць, што нямецкі патруль, у складзе двух-трох чалавек, ходзіць па сьцежцы, якая знаходзіцца ярдах у стах ад мяжы. Немцы паводзілі сябе даволі разьняволена, нават спыніліся, каб павітаць нас і пагутарыць. Я зразумеў, што мы можам скарыстаць гэта на сваю карысьць. Я агледзеў і другі бок мяжы, каб даведацца, якім чынам яна ахоўваецца, але ня здолеў пабачыць шмат. Наўкола было поўна кустоў, і яшчэ я заўважыў, што перад мяжой ёсьць разараная плугам лінія. Я спытаў селяніна, што гэна такое, і ён адказаў, што саветы разаралі зямлю, каб адразу пабачыць, калі хто захоча перайсьці мяжу.
Лідэрства не заўсёды аплочваецца па заслугах. Косьцік бавіў час у кампаніі Ванды, а я мусіў мірыцца з гэтым, таму што маё жаданьне ўцячы было мацнейшым за сэксуальныя памкненьні. На другі дзень, пасьля вячэры, я сказаў Зосі й Вандзе, што мы мусім ісьці. Ванда хацела, каб мы пабылі яшчэ колькі дзён. Косьцік таксама пачаў даводзіць, што мы не павінны сьпяшацца, а мусім лепш азнаёміцца зь мяжой. Я запярэчыў, што ўжо дастаткова добра вывучыў яе і што мы павінны сысьці а дзясятай вечара. Косьцік вельмі добра ведаў мяне й разумеў, што я не зьмяню свайго рашэньня, і пагадзіўся. Пазьней ён прызнаўся мне, што ўпіраўся, бо яго прываражыла Ванда, і ён хацеў правесьці яшчэ хаця б дзень зь ёй пасьля такой галадухі. Дзяўчаты выйшлі, каб прынесьці крыху ежы, і потым вярнуліся разьвітацца. Ванда даволі страсна разьвіталася з Косьцікам, а Зося зачырванелася, падышла да мяне й сказала, што ганарыцца тым, што сустрэла мяне, і прызналася, што яна ледзь не закахалася ў мяне. Яна пяшчотна пацалавала мяне, і я сумеўся, бо яна была ўжо не дзіцём, але яшчэ й не дзяўчынай. Гэта разварушыла мае пачуцьці – я згроб яе ў ахапак, моцна сьціснуў, пацалаваў у шчаку й выйшаў.
Мы з Косьцікам апынуліся адны ў цемры й пачалі павольна рухацца да мяжы. Мы спыняліся й хаваліся за кожным кустом, які міналі. Каля адзінаццаці вечара футах у трыццаці-сарака ад нас прайшоў нямецкі патруль. Яны размаўлялі вельмі моцна й пачуваліся даволі ўпэнена на сваёй тэрыторыі. Немцы аддаліліся, і мы рушылі далей да мяжы. Калі мы яе дасягнулі, я паведаміў Косьціку пра разору й прапанаваў ісьці задам наперад. Такім чынам, калі разору агледзяць, падумаюць, што гэта нехта ўцёк з Савецкага Саюза ў Польшчу, і за намі ня будзе пагоні. Мы так і зрабілі й, калі перайшлі мяжу, шпарка рушылі далей. Празь некаторы час мы спыніліся, паглядзелі адзін на аднаго й закрычалі, ад радасьці, што йзноў вольныя. Я чуў раней, што людзі, якія вяртаюцца з выгнаньня, укленчваюць і цалуюць родную зямлю. Я заўсёды думаў, што гэна былі рамантычныя выдумкі, але тады мяне настолькі перапаўнялі пачуцьці, што я таксасама прыпаў да зямлі й пацалаваў яе. Гэта была мая зямля. Мая краіна, дзе жыў мой народ. Мы былі ўдзячныя Богу, што апынуліся на свабодзе. Мы вярнуліся ў Беларусь!