355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Лявон Юрэвіч » Жыцьцё пад агнём » Текст книги (страница 2)
Жыцьцё пад агнём
  • Текст добавлен: 17 января 2020, 13:30

Текст книги "Жыцьцё пад агнём"


Автор книги: Лявон Юрэвіч


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 14 страниц)

У лягеры зь немцамі супрацоўнічалі эмісары, выбраныя з саміх палонных. Адзін зь іх неяк зьвярнуўся да нас з прапановай запісацца дабравольцамі да немцаў. Ён паабяцаў, што калі мы зробім гэта, нас выпусьцяць зь лягеру й мы будзем больш-менш вольнымі. Канечне, мы заставаліся б замежнікамі, але нішто не выдавала б на тое, і мы маглі б вольна перамяшчацца на пазначаных тэрыторыях. Мяне вельмі раззлавала гэная прапанова, і я сказаў, што дабравольцы мусяць саромецца саміх сябе й таго, што працуюць на ворага. Магчыма, яны думалі, што тое, што яны робяць, у рэсьце рэшт найлепш. Яны вызвалялі беларусаў, бо, відаць, думалі, што тыя будуць потым лепш падрыхтаваныя для выкананьня заданьняў, калі немцы заваююць Беларусь.

Мой сябар Вова таксама быў у тым самым лягеры, што й мы з Косьцікам. Вову лепш кармілі, ён меў большую свабоду перамяшчэньня й доступ да рознага кшталту прыпасаў. Я аднойчы сутыкнуўся зь ім і, пасьля таго, як ён запэўніў мяне, што яму можна давяраць, папрасіў дапамагчы нам ва ўцёках. Вова на гэна сказаў, што мы мусім быць вар'ятамі, бо камуністы й Савецкі Саюз не пакінуць нас на волі. Я запярэчыў, што яму, відаць, немцы ўжо прамылі мазгі, але ён настойваў на тым, што ведае, пра што гаворыць. Ён падкрэсьліў, што ў Савецкім Саюзе ня можа быць свабоды, бо чалавек тамака павінны сьлепа падтрымліваць партыйную лінію. Я быў крыху агаломшаны тым, што пачуў, але я ўжо болей ня мог заставацца ў палоне. Я хацеў вывучаць мэдыцыну й адчуваў, што калі ня здолею ўцячы, скончу жыцьцё самагубствам. Пабачыўшы, як я сумеўся, Вова пагадзіўся дапамагчы й раздабыць кусачкі, мапы й компас. Ён стрымаў сваё абяцаньне і дзясятага студзеня прыйшоў да мяне ў барак з усімі неабходнымі прыстасаваньнямі. Вова пабаяўся сесьці на салому, бо ў яго не было вошай, і просеў на драўляную лаўку. Ён сказаў, што мае тое, што нам патрэбна, і запіхнуў нешта мне ў кішэню. Потым пачаў распытваць мяне пра нашыя пляны, але я ўхіліўся ад адказу, бо разумеў, што нават калі ў яго былі й добрыя намеры, ня трэба нікому давяраць такую інфармацыю. Ён даў мне кусачкі, компас і мапы, як я й прасіў, і я пачаў вельмі моцна хвалявацца. Я ня мог спаць, бо галава мая была перапоўненая йдэямі. Я ўжо бачыў, як уцякаю зь лягеру й паначы крочу ўздоўж мяжы. Я ўяўляў сябе лекарам, разам са сваёй маці. Нарэсьце, я заснуў і сьніў сны пра нашыя ўцёкі.

Мы вырашылі, што дванаццатага студзеня будзе днём пачатку апэрацыі. Мы распачалі агітацыю на кухні й знайшлі трох чалавек, якія захацелі да нас далучыцца. Яны пагадзіліся здабыць ежы на шэсьць дзён (сыр, хлеб, кілбасу) у абмен на тое, што мы гарантуем ім надзейныя ўцёкі. Мы паспрабавалі стварыць у іх пазітыўнае стаўленьне да нашай задумы, пераканаць у тым, што мы ўсё здолеем і што яны даведаюцца пра ўсе дэталі за два дні да ўцёкаў.

Сьнег на той час быў глыбокім, а адлегласьць паміж бліжэйшым баракам і агароджай была каля дзьвюхсот футаў і знаходзілася паміж дзьвюма вышкамі з ахоўнікамі й кулямётамі. У адпаведнасьці з плянам, мы павінны былі абкруціцца прасьцінамі з нашых саламяных ложкаў, прапаўзьці па сьнезе да агароджы, перарэзаць яе, потым – другую й у спрыяльны момант уцячы. Галоўнай перашкодай былі рэйкі на ўзвышшы. Мяне непакоіла тое, што калі сьнег занадта глыбокі, мы ня здолеем ускараскацца на насып, зрынемся й будзем застрэленыя. Аднак у нас не было выбару, бо гэнае месца было найбольш зручным праз сваю набліжанасьць да баракаў. Нарэсьце мы прызначылі дакладны час: 9 вечара, 20 студзеня 1940 г.

Сямнаццатага студзеня ў мяне падскочыла тэмпература ажно да 40 градусаў. Мяне адправілі ў лазарэт, дзе пад наглядам немцаў працавалі польскія лекары. Яны падазравалі, што ў мяне запаленьне лёгкіх. Але я пачуваўся не так ужо й дрэнна. У мяне балела ўсё цела, галава, вочы – бы гарэлі, але я мог нармалёва дыхаць.

Я ведаў, што мне трэба выбірацца са шпіталю, і я пераканаў сябе, што да дваццатага мушу паздаравець.

Васямнаццатага тэмпэратура была ўсё яшчэ высокай. Да мяне неяк падышоў адзін польскі афіцэр і спытаўся, ці не прыгнечаны я нечым. Я адказаў, што ў мяне ўсё ў парадку, але на самой справе я быў моцна расчараваны.

Дзевятнаццатага тэмпература панізілася да 38,5 градусаў. Да палудня я прыняў рашэньне, што, што б ні здарылася, мы будзем уцякаць дваццатага. Косьцік прыйшоў наведаць мяне ў шпіталі й прапанаваў адкласьці нашую апэрацыю, але я настаяў на тым, што наш плян мусіць застацца нязьменным. Косьцік паведаміў мне, што повар і ягоныя два памочнікі таксама да ўцёкаў. Косьцік сказаў, што яны робяць уражаньне надзейных, сытых, моцных і крэпкіх людзей. Ён павінен быў запэўніць іх, што ўцёкі будуць удалымі і што, калі нас зловяць, нам нічога не пагражае. Пакуль на нас уніформа, немцы нічога ня могуць нам зрабіць, акрамя як вярнуць у лягер. Канечне, яны могуць нас неяк пакараць за спробу зьбегчы, але не забіць. Аднак, калі мы здолеем уцячы і будзем апранутыя ў цывільнае, яны ўжо будуць уважаць нас за шпіёнаў і расстраляюць. Мы праверылі ўсе нашыя прыстасаваньні й вынайшлі, што нам патрэбны чырвоны ліхтарык, бо ягонае сьвятло ня гэтак заўважнае, як у звычайнага. Мы запыталі Вову наконт таго, ці можа ён нам дапамагчы.

Надышоў вечар, і лекар запытаўся ў мяне, ці не жадаю я згуляць у брыдж. Я ўжо крыху наўчыўся гэтай гульні да гэнага часу, але ня мог засяродзіцца на ёй, кінуў гуляць і пайшоў спаць. Лекар адчуваў, што я быў сам ня свой, і хацеў даведацца, што мяне турбавала. Я зманіў яму, што заклапочаны сваёй хваробай і хачу як мага хутчэй вярнуцца да сваіх сяброў у барак. Я быў упэўнены, што лекар мне ня верыць і што ён ужо зразумеў, што ў мяне іншыя пляны.

Я паклаўся ў ложак і паспрабаваў заснуць, але ня змог за думкамі пра ўцёкі. Я пракруціў іх у галаве сотні разоў. Я быў галоўным арганізатарам, адказваў за ўсіх астатніх і ня меў права памыліцца. Калі-нікалі я шкадаваў, што мы вырашылі ўзяць з сабой яшчэ трох палонных, бо зьбегчы ўпяцёх значна складаней, чым удваёх. Так ці йначай, але рашэньне ўжо было прынятае й усё мусіла быць добра арганізавана.

Я марыў пра тое, як патраплю нарэсьце дадому, дзе мяне пяшчотна сустрэне маці й я ўбачу сьлёзы ў ейных прыгожых вачах. Я быў нават няўпэўнены ў тым, ці ведае яна, што я жывы. Мы спрабавалі даслаць аб сабе весткі дадому, але невядома, ці дайшлі яны. У рэсьце рэшт я заснуў.

А сёмай раніцы нас пабудзілі на сьняданак, што мне ў гэным лазарэце вельмі падабалася. Потым, а дзевятай раніцы, прыйшоў нейкі ахоўнік, і я адчуў, што маё сэрца вось-вось спыніцца. Ахоўнік размаўляў з лекарам, а той ківаў галавой у знак згоды. Калі ахоўнік пайшоў, лекар сказаў мне, што мяне жадаюць бачыць у камэнданта. Я, відаць, зьбялеў на той момант, бо лекар спытаўся, як я пачуваюся. Я адказаў, што гэтая нечаканая сустрэча будзе, напэўна, вельмі непрыемнай. Лекар зразумеў мае падазрэньні й запэўніў, што ахоўнік быў даволі прыязным.

Праз паўгадзіны мяне наведаў Вова, і я паведаміў яму, што мне патрэбны чырвоны ліхтарык. Вова адказаў, што ў яго якраз ёсьць гэткі й ён прынясе яго на наступны дзень, але я запярэчыў, што ліхтарык мне патрэбны тэрмінова. Вова паабяцаў прынесьці яго пасьля палудня.

Потым я быў выкліканы ў кабінэт камэнданта, але ня мог знайсьці ў сабе моцы, каб падняць руку й пагрукаць у дзьверы. Нарэсьце я глыбака ўдыхнуў і пагрукаў. Камэнданта тамака не было, але затое прысутнічалі ягоны памочнік і нейкі лейтэнант. На другім баку стала сядзеў Чаняўка, які раней хацеў завербаваць нас да немцаў. Ён размаўляў са мной па-беларуску, і ў мяне было такое адчуваньне, як быццам бы ён спрабуе прымусіць мяне падпісацца. Ён запэўніваў мяне, што я, са сваім веданьнем нямецкай мовы, мог бы атрымаць добрую працу, нават кабінетную, а не фізычную, і свабоду перамяшчэньня. Я запярэчыў, што маё веданьне нямецкай мовы даволі абмежаванае, але, калі мне дадуць некалькі дзён, я абмяркую гэтую прапанову. Я сказаў, што мушу параіцца са сваім сябрам Косьцікам, зь якім баўлю шмат часу. Я намякнуў, што, магчыма, запішуся ў памагатары немцам, бо ўжо стаміўся ад вошай і астрожнага жыцьця ўвогуле. Чаняўка выглядаў вельмі задаволеным, бо вырашыў, што пераканаў мяне, і сказаў празь дзень-два паведаміць аб сваіх намерах праз Вову, які быў іхным чалавекам у лягеры. І толькі тады я сам даўмеўся, чаму Вова меў доступ да прыпасаў і лепшы статус у лягеры. Спачатку я пачуваўся вельмі ўдзячным Вову за тое, што ён рызыкаваў сваім палажэньнем, але потым западозрыў, што, магчыма, ён хацеў перашкодзіць нам уцячы. Маё сэрца моцна забілася. Я разьвітаўся з Чаняўкам так, каб ня выдаць сваіх пачуцьцяў. Я вельмі добра ўсьведамляў, што Чаняўка – здраднік, які адкрыта супрацоўнічае зь немцамі, але ў мяне хапіла розуму нічога з гэтага не сказаць яму ў твар.

Я вярнуўся ў шпіталь недзе каля паўдня. Зьявіўся Вова зь ліхтарыкам, перадаў яго мне, паціснуў мне руку й пажадаў удачы. Вова падабаўся мне, таму што ён быў вельмі інтэлігентным і мне чымсьці імпанавала ягоная неразборлівасьць у сродках і безразважнасьць учынкаў. Я быў удзячны яму за дапамогу й упэўнены, што ён падтрымлівае нас.

Дзень ледзь цягнуўся. Я глядзеў на свой гадзіньнік і быў перакананы, што стрэлкі ня рухаюцца. Што датычыцца пляну, то нам не было чаго абмяркоўваць, бо кожная дэталь была ўжо абдуманая. Усё, што мы маглі рабіць, – гэта чакаць.

Я ляжаў у ложку. Лекар якраз памерыў мне тэмпературу, якая была тады 37,5. Прынесьлі вячэру. Я ня мог есьці, але прымусіў сябе, бо ведаў, што ем нармалёва апошні раз перад уцёкамі.

Надышло 7:30, тады 8:00 вечара. Па пляне мы мусілі сабрацца ў 9:00 вечара, як пачнецца камэнданцкая гадзіна. У 8:15 я спытаўся ў лекара дазволу схадзіць да сяброў у барак. Ён заўважыў, што ўжо набліжаецца камэнданцкая гадзіна. Я паабяцаў, што доўга не затрымаюся і што я буду вельмі ўдзячным, калі мне дазволяць сустрэцца зь сябрамі. Лекар пагадзіўся. Паглядзеў не мяне доўгім позіркам і чамусьці паціснуў мне руку. Я думаю, ён здагадваўся, што я не зьбіраюся вяртацца. Я склаў свае сьціплыя пажыткі й накіраваўся да барака. Косьцік ужо ўвесь знэрваваўся.

А дзявятай у бараках патушылі сьвятло. Было ціха, і тэмпература знадворку была – 40 градусаў па Цэльсіі. Гэна была адна з самых халодных зімаў за некалькі гадоў. Гэта моцна разахвочвала, бо калі б нам прыйшлося хавацца ў лесе некалькі дзён, мы абавязкова б абмарозіліся. Але спыняцца ўжо не было як. Мы адчынялі дзьверы баракаў і выходзілі па адным.

У кішэнях у нас ляжала ежа. Мы абгарнуліся прасьцінамі, каб быць нябачнымі на сьнезе. Неба было чыстым, і зоркі сьвяцілі вельмі ярка. Наперадзе, каля дзвюхсот футаў ад нас, ахоўнік крочыў ва ўсходнім накірунку. Мы папаўзьлі па сьнезе, і сэрцы нашыя моцна біліся. Усхваляваньне надавала нам энергіі, і, хаця ноч была халодная, я ўвесь спацеў. Мы павольна рухаліся наперад: адна рука – другая рука, адна нага – другая нага. Ахоўнік набліжаўся да нас. Мы замерлі. Ён прайшоў, і мы прапаўзьлі яшчэ пяцьдзесят футаў. Ён вярнуўся, мінуў нас, і мы прапаўзьлі яшчэ пяцьдзесят футаў. І яшчэ раз мы ўмерзьлі ў сьнег, як праходзіў ахоўнік. Ён спыніўся на нейкі момант, і я быў упэўнены, што маё сэрца таксама спынілася. Ён запаліў цыгарэту й пакрочыў далей, да заходняй вышкі. Мы пакрылі апошнія пыцьдзесят футаў і апынуліся перад першым радам калючага дроту. Вярнуўся ахоўнік і прайшоў недзе футах у дзесяці ад нас. Я не магу апісаць тое ўзбуджэньне й напружанасьць, якія мы адчувалі, калі ён мінаў так блізка. Ён пакрочыў далей, і, калі ён апынуўся футаў за сто ад нас, я дастаў кусачкі й перашчыкнуў дрот. Гук ад гэтага быў такім моцным, што я быў упэўнены ў тым, што ахоўнік яго пачуў і насьцярожыцца, але той спакойна рухаўся ў другі бок. Да таго часу, як ён дасягнуў заходняй вышкі, я ўжо пасьпеў перарэзаць унутраную агароджу. Мы йзноў застылі, як ён праходзіў. Калі ён накіраваўся далей, я пачаў перашчыкваць дрот, які быў панамотваны паміж дзьвюма агароджамі. Я здолеў зрабіць гэта да таго моманту, як ахоўнік ізноў наблізіўся да нас, і мы апынуліся паміж дзьвюма агароджамі. Шляху да вяртаньня не было. Трэба толькі перарэзаць яшчэ адну агароджу. Кроў стукала ў мяне ў вушах. У мяне трэсьліся рукі, але я здолеў перарэзаць апошні бар’ер паміж намі й свабодай.

Мы дамовіліся, што калі я дам каманду йсьці, мы палезем па эскарпе да жалезнай дарогі, праз рэйкі, і пабяжым у лес, які недзе ў трох або чатырохстах футах ад іх. Мы прызначылі сустрэцца на перакрыжаваньні дарог крыху далей. Мы былі ўпэўненыя, што калі мы зможам перайсьці праз рэйкі, нам ужо нішто ня будзе пагражаць. Я папярэдзіў сваіх сяброў, што калі зь імі нешта здарыцца, напрыклад, яны зваляцца або будуць параненыя, ніякай дапамогі яны не атрымаюць – тут кожны мусіў быць сам за сябе.

Апошні дрот на агароджы быў перашчыкнуты, і мы ціха ляжалі, калі ахоўнік мінаў футах у пяці ад нас. Які напружаны момант! Нарэсьце ахоўнік прайшоў, і я скамандаваў: «Пайшлі!» Ня ведаю, адкуль узялася моца ў нашых нагах. Сьнег быў вельмі глыбокім, а на нас былі апранутыя даўгія польскія шынялі. Мы караскаліся па эскарпе й чулі выкрыкі «Стой! Стой!» і гукі страляніны. Калі я дапяў да вяршыні, я ўжо ня бачыў астатніх. Я дабег да рэек, і тады побач упала сьвятло з вышкі й пачалі страляць з кулямёта. Кулі сьвісталі каля маёй галавы, і ад іх разьляталіся іскры, калі яна траплялі ў рэйкі. Нарэсьце, я перабраўся праз рэйкі. Мне падалося, я бачыў, як Косьцік і яшчэ нехта з правага боку беглі разам са мной. Мы не спыняліся аж да самага лесу. Мы толькі беглі й беглі. Не магу сказаць дакладна, як доўга. У рэсьце рэшт мы дабраліся да прызначанага месца, і, як высьветлілася, усе пяцёра былі тамака – стомленыя, але ў прыўзьнятым настроі.

Гэта было неверагодна! Мы сьмяяліся, абдымаліся, паціскалі адзін аднаму рукі. Я заўважыў, што ў нас не так ужо й шмат часу й што мы павінны вырашыць, куды йсьці. Пры дапамозе компасу й мапы я высьветліў, дзе мы знаходзімся. Тры хлопцы з кухні маліліся на каленях на сьнезе, бо былі добрымі каталікамі. Яны запрапанавалі й мне далучыцца да іх, але я сказаў, што памалюся, калі мы пярэйдзем мяжу.

Затым мы рушылі й хутка перабягалі адкрытыя месцы. У небе сьвяціў і адлюстроўваўся на сьнезе поўны месяц, і я баяўся, што нас лёгка будзе заўважыць. Аднак ў нас не было ніякага выбару й мы мусілі йсьці далей. Мы прашпацыравалі, можа, дваццаць пяць, а то й трыццаць кілямэтраў, што даволі шмат, калі ўлічыць, які быў сьнег і мароз. Я думаю, мароз быў нам нават на карысьць, бо ён прымушаў нас рухацца, як мага хутчэй, каб сагрэцца.

Недзе каля шасьці раніцы мы вырашылі спыніцца. Толькі мы выбралі шчыльна парослае лесам месца, як пачаў ісьці сьнег. Гэта было вельмі дарэчы, бо сьнег мусіў схаваць нашыя сьляды. Мы прытуліліся пад некалькімі елкамі й менавіта паспрабавалі паесьці, бо ежа замерзла й мы павінны былі скрабсьці сыр і хлеб зубамі й глытаць сьнег у якасьці вадкасьці.

Надышоў дзень, і мы чулі, як абуджаюцца жывёліны на ферме паблізу. Недалёка чутныя былі чалавечыя галасы. Мы мусілі перачакаць у лесе, пакуль ноч не дазволіць нам рушыць далей. Сядзець пад дрэвамі ў саракаградусны мароз было няпроста. Мы павінны былі ўвесь час рухацца й не дазваляць сабе заснуць. На той момант я ня мог сабе ўявіць, што мы здолем ісьці яшчэ адну ноч без патрэбнага адпачынку. Мы вырашылі адпачываць па чарзе – па два за раз – па дваццаць хвілінаў. Глыбока ў сьнезе мароз падаваўся не такім моцным, а вецер быў лёгкім, бо сховішча нашае было зарослае дрэвамі. Ногі ў нас намоклі й зусім зьмерзьлі. Мы стараліся пастаянна рухацца, каб не замерзьці да сьмерці. І дзень цягнуўся вельмі-вельмі доўга, пакуль надышла ноч.

Я сплянаваў, як мы дабяромся да савецкай мяжы. Я вырашыў, што мы знойдзем якое-небудзь гумно альбо іншае месца, дзе можна будзе схавацца, каб сагрэцца й высушыць адзежу, ды й пазьбегнуць абмаражэньня ўвогуле.

Мы рушылі хуткай хадой і прайшлі недзе каля трыццаці кілямэтраў. Я зьдзівіўся таму, колькі ў нас было энергіі, бо нас, відавочна, не перакормлівалі ў лягеры. Мы йшлі ўсю ноч. Мы нічога ня елі й не пілі, але ўсё ж такі мы былі здольныя шпарка йсьці. Нягледзячы на фізычную стому, нейкая энергія дапамагала нам перастаўляць ногі. Эмацыйны ўздым быў, відаць, той моцай, што рухала намі. Мы йшлі насустрач сваёй свабодзе. Я пачуваўся такім вольным, што быў гатовы крычаць ці сьпяваць.

Недзе каля пяці раніцы мы наблізіліся да вялікага хлява. Дзьверы былі адчыненыя, і мы зайшлі ўнутр. Мы ўзьлезьлі на самы верх, дзе трымаліся салома й сена для скаціны. У загоне было так цёпла й прыемна. Мы падаілі недзе зь пяць кароў, і, мне здаецца, нішто ніколі ў маім жыцьці не было смачнейшым за тое малако. Мы зашыліся глыбока ў сена й хутка заснулі. Празь нейкі час мы пачулі галасы ўнізе. Гэта работнікі зь фермы прыйшлі, каб выканаць свае ранішнія абавязкі: дзяўчаты – падаіць кароў, а хлопцы – пачысьціць стайні. Я пачуў, як адна зь дзяўчат сказала па-нямецку, што ў каровы няма малака. Нехта з хлопцаў заўважыў, што, пэўна, нейкая жывёла прыходзіла ноччы й высмактала малако. Дзяўчына адказала, што ніколі ня ведала, што нешта накшталт можа здарыцца. Мяне дужа забаўляла слухаць разважаньні некаторых дзяўчат пра тое, чаму ў некалькіх кароў не было малака. Потым мы замерлі, бо той-сёй з хлопцаў палез зь віламі наверх, каб скінуць крыху сена скаціне на корм. Вось цяпер сапраўды трэба было маліцца. Дзесяць-пятнаццаць хвілінаў яны скідалі сена, і, дзякаваць Богу, ніхто з нас ня быў праколаты. Яны спусьціліся, пакармілі кароў і пакінулі нас, нарэсьце, у спакоі. На працягу дня яны ўвесь час то заходзілі, то выходзілі – ажно пакуль не надышла ноч.

Гэна была яшчэ адна марозная ноч, але мы, прынамсі, адпачылі й добра пачуваліся. Мы ўзнавілі наш паход і нават сьвісталі ад задавальненьня, бо ведалі, што праз два дні апынемся на савецкай мяжы. Сьнег валіў усю ноч, а на раніцу да таго ж не знайшлося ні ляску, ні хлява, дзе можна было б схавацца. Калі мы падышлі да рачулкі з высокімі берагамі, сьнег перастаў. Мы вырашылі спыніцца тамака, пад берагамі. Вада ў рацэ была вельмі сьцюдзёнай, а плынь хуткай. Але ў нас быў хоць нейкі прытулак ад ветру, і мы мусілі перажыць яшчэ адзін дзень.

Каля дзевяці мы пачулі стрэл – такі моцны для ранічнай цішы. Потым стала ціха й нейкі голас па-нямецку загадаў нам выходзіць з-пад берага з узьнятымі рукамі. Мяне бы маланкай працяла: мы пакінулі сляды на сьнезе. Я меркаваў, што стрэл быў зроблены з паляўнічай двухраднай стрэльбы й там меўся цяпер толькі адзін патрон. Я сказаў астатнім, што ўсё гэта выдае на канец, але я паспрабую дамовіцца. Я выйшаў. Паляўнічы, гатовы да стрэлу, стаяў недзе футах у сарака ад мяне. Астатнія выходзілі, пакуль я размаўляў зь ім. Я даводзіў яму, што, паколькі ў яго толькі адзін стрэл, ён можа забіць толькі аднаго з нас, але астатнія ўчыняць расправу над ім. Я сказаў, што мы не злачынцы, а ваеннапалонныя, якія йдуць сабе дадому. Я папярэдзіў яго, каб ён не падштурхоўваў нас да скрайніх мераў, і не ствараў сытуацыі, якая зашкодзіць яму самому. Ён апусьціў стрэльбу, але заўважыў, што, хаця ён і пойдзе зараз, але рана ці позна нас зловяць. Ён павярнуўся й пайшоў прэч.

Я разумеў тады, што нашай свабодзе надышоў канец. Мы апынуліся ў атачэньні фермаў і дарог, па якіх езьдзяць як сяляне, так і паліцыя. Адзіная надзея была, што гэны паляўнічы не данясе на нас. Зь цяжкім сэрцам я чакаў ночы. Сэрца маё балела, але не было ўшчэнт разьбітым. Я вырашыў, што калі мы будзем уцякаць наступным разам, мы ўжо апранемся ў цывільнае. Гэта мела б горшыя пасьледствы для нас, у выпадку, калі б нас злавілі, але рызыкаваць было варта, бо я ўжо ня мог бы трываць палон.

Недзе праз гадзіну на адлегласьці пачуліся крыкі. Гукі ўсё набліжаліся й набліжаліся, і я зразумеў, што паляўнічы сапраўды данес на нас. Празь дзесяць хвілінаў нас абкружылі фермеры з гаспадарчымі прыладамі й жандары зь вінтоўкамі й у шаломах. Нам загадалі выходзіць з узьнятымі рукамі. Гэным разам я ўжо не адчуваў ніякага адчаю. Я ведаў, што гэта апошні раз, калі я падымаю рукі ўгору. Я быў упэўнены, што аднойчы я атрымаю свабоду.

Мы паціху выходзілі са свайго сховішча й паварочваліся тварамі да жандараў. Адзін зь іх пачаў біць нас. Тады я закрычаў па-нямецку, што мы ваеннапалонныя, захопленыя ў ваеннай форме, і знаходзімся пад пратэкцыяй Жэнеўскай канвенцыі. Я сказаў, што яны мусяць адправіць нас назад у лягер і карміць па дарозе. Жандар зьдзіўлена зірнуў на мяне. немцы вельмі добра ведалі ўсялякія правілы й прадпісаньні. І хаця яны, магчыма, ніколі ня чулі пра Жэнеўскую канвенцыю, яны ўсё ж такі кінулі зьбіваць нас. Іхны камандыр падышоў да нас, паведаміў, што яны будуць пратрымлівацца Жэнеўскай канвенцыі, але мусяць абшукаць нас. Гэта быў даволі непрафесійны вобыск. Яны праверылі нашыя торбачкі й хутка прабегліся рукамі па целах. Моўчкі яны павялі нас у паліцэйскі пастарунак у бліжэйшай вёсцы. Яны прынесьлі нам хлеба й малака й былі даволі ветлівымі. Мае хітрыкі з Жэнеўскай канвенцыяй, здаецца, спрацавалі.

Мы паведамілі, зь якога лягеру ўцяклі, і праз палову гадзіны нас у крытым грузавіку адправілі ў шталяг 1А.

Мы ўбачылі вароты лягеру яшчэ здалёк. Але тое, што я адчуваў тады, было ня роспаччу, а цьвёрдым намерам у рэсьце рэшт зьбегчы адтуль назаўсёды.

Мы ўвайшлі ў вароты й былі накіраваныя да камэнданта. Тамака ўжо быў Вова. Ён хутка падышоў да мяне й папрасіў вярнуць компас і мапы. Я запіхнуў іх яму ў кішэню. Мы выцягнуліся па струнцы, калі камэндант наблізіўся да нас, але пазіралі на яго даволі дзёрзка. Нейкі час ён проста ўглядаўся ў нас. Ён быў высокім і хударлявым, зь сівымі валасамі й разумным тварам. Ён не выдаваў на прафэсійнага салдата і, відаць, быў прызваны ў армію. На ім была форма Вермахту (узброеных сілаў), і я парадаваўся, што няма прадстаўнікоў СС. Безь ніякай злосьці ў голасе камэндант спытаўся, хто быў завадыром. Якраз калі я зрабіў крок наперад, Косьцік заявіў, што гэта ён быў адказным за ўсё. Камэндант заўважыў, што ня трэба курчыць зь сябе герояў. Яму, маўляў, важна ня тое, хто завадыр, а як мы здолелі зьбегчы. Я адказаў, што не паведамлю ніякіх дэталяў, бо гэта зашкодзіць нашым наступным уцёкам. Я думаю, камэндант быў уражаны маёй мэтанакіраванасьцю. Ён усьміхнуўся й расказаў, што шмат гадоў таму, у Першую сусьветную, таксама быў ваеннапалонным, але здолеў уцячы й быў схоплены. Ён дадаў, што зьбег якраз перад прыпыненьнем баявых дзеяньняў у 1918 годзе і што ён разумее нашыя памкненьні, але гэта быў ягоны абавязак – схапіць нас, і гэтым разам ужо ён пераможца. Я нахабна адказаў, што так, ён перамог, але будзе й наступны раз, і тады ўжо мы пераможам. Немец пажадаў нам удачы і паведаміў, што нас пераводзяць у іншы лягер, на захадзе Германіі. Камэндант таксама дадаў, што, згодна з патрабаваньнямі, мы будзем два дні абыходзіцца бязь ежы й нас будуць муштраваць па чатыры гадзіны на дзень. Камэндант адпусьціў нас, і Вова выйшаў разам з намі. Ён паціснуў нам рукі й сказаў, што захапляецца нашым учынкам. Я падзякаваў яму й паабяцаў, што наступная спроба будзе больш удалай.

У лягер мы вярнуліся героямі. Шмат хто з палонных быў уражаны ўжо тым, што мы хаця б паспрабавалі ўцячы. Яны пачаставалі нас ежай і цыгарэтамі, і мы ўвечара бавілі час тым, што сьпявалі й распавядалі пра свае прыгоды. Мы забаўляліся й забыліся на лягер, на вошы й на вечны голад, які мы адчувалі.

Назаўтра, а другой гадзіне, пачалася муштра. Мы ня надта пакутвалі праз адсутнасьць ежы, і пакараньне, можна сказаць, сталася вельмі лёгкім. Празь некалькі дзён нас ізноў выклікалі да камэнданта й паведамілі, што нас перавядуць на наступны дзень. Мы вярнуліся ў барак і спакавалі свае пажыткі. Іх было так мала, што выдавала, быццам мы рыхтуемся прыняць ванну, а не зьбіраем усё, што маем.

Нас пасадзілі ў грузавік, каб адправіць на чыгуначную станцыю. Ля варотаў я сутыкнуўся зь лекарам зь лягернага лазарэта. Ён сказаў мне, што ведаў пра ўцёкі, але ўважаў гэную справу за вельмі цяжкую, асабліва калі прыняць да ўвагі стан майго здароўя. Лекар пажадаў мне ўдачы. Вова таксама прыехаў на станцыю. Ён параіў мне зьвярнуцца да камэнданта з прапановай супрацоўнічаць зь імі, маўляў, тады я буду мець свабоду перамяшчэньня і мне будзе лягчэй уцячы. Я адказаў, што не магу гэтага зрабіць, бо гэта тое самае, што здацца. Я дадаў, што, спадзяюся, мы назаўсёды застанемся сябрамі й яшчэ сустрэнемся на волі.

Нас разьмесьцілі ў вагоне трэцяй клясы. У куце сядзелі яшчэ некалькі ваеннапалонных, але салдаты не дазвалялі нам размаўляць. Пасьля некалькіх гадзінаў перастук рэяк дазволіў мне расслабіцца. Мне было добра й утульна. Я не пачуваўся прыгнечаным і ні аб чым не шкадаваў. Я быў перакананы, што наступным разам усё пройдзе больш пасьпяхова.

Мы прыехалі ў Кёнігзьберг і сустрэлі тамака суцэльны гармідар, бо ў вагоны пагружалі танкі. Паўсюль сноўдалі салдаты. Мы чакалі каля дзьвюх гадзінаў, а потым былі пераведзеныя ў іншы цягнік і яшчэ да надыходу ночы накіраваліся на захад.

Я ня ведаў, як далёка нас везьлі. Нам не давалі ніякай інфармацыі. Я думаў, што, магчыма, мы рухаемся ў накірунку заходняга фронту. Відаць, нешта перамянілася ў становішчы на ім. Можа, ангельцы ці французы пахіснулі немцаў?

Нейкім чынам, менавіта Англія й Францыя былі для нас бастыёнамі дэмакратыі. Мы спадзяваліся, што яны нарэсьце нападуць на немцаў на заходнім фронце. Я думаў, што свабода можа быць вельмі блізкай.

Мы ехалі, прыблізна, яшчэ дванаццаць гадзінаў. У рэсьце рэшт мы дасягнулі станцыі пад назвай Бохальт. Я нават не ўяўляў, у якой частцы Германіі гэта знаходзіцца. Нас ізноў пасадзілі ў грузавік і прывезьлі ў новы лягер.

Лягер быў гэткім самым, як і шталяг: падвойны дрот, вышкі, баракі і г.д. Нас накіравалі да камэнданта, дзе праверылі імёны й нумары. (Гэтая інфармацыя была запісаная на алюміневых мэдальёнах. Мой нумар быў 5747.) Мы ўвайшлі ў барак, і ягоны стараста коратка растлумачыў нам, што, дзе й як. У кожным бараку быў свой стараста, які быў адказны за раздачу ежы й клопат пра палонных. Ён прызначыў нам саламяныя ложкі на падлозе.

Ізноў пацягнуліся манатонныя дні, ажно пакуль аднойчы стараста не спытаўся, ці ня мае хто з нас досьведу працы лекарам. Ён паведаміў, што ім патрэбныя асыстэнты ў лягерным лазарэце, і я адказаў, што вывучаў медыцыну. Канечне, мой досьвед быў абмежаваным й я не пасьпеў дасягнуць майстэрства, але я быў упэўненым у сваіх здольнасьцях. Да таго ж я бачыў, як мая маці працавала ў лячомніцы: брала кроў, рабіла ўколы і г.д.

Такім чынам, я стаў санітарам. (Ён мусіў выконваць абавязкі медсястры: дапамагаць лекару рабіць перавязкі, уколы і г.д.) Я атрымаў у лазарэце сапраўдны ложак. Больш ніякай саломы, ніякіх вошай. Адзіны недахоп быў у тым, што я мусіў пакінуць Косьціка ў бараку, але я абяцаў падтрымліваць зь ім сувязь і клапаціцца пра яго.

Пачалося новае жыцьцё. У самым пачатку мяне папрасілі зрабіць перавязку. Але пацыэнт скардзіўся на боль, і лекар загадаў зрабіць яму ін’екцыю – 10 мг морфію. Я пахаладзеў. У мяне дрыжэлі рукі. Я не ўяўляў, як гэта робіцца. Я паспрабаваў заставацца спакойным і ўзгадаць, як мая маці рабіла гэта. Я ўсадзіў шпрыц у ампулу, выцягнуў зь яе вадкасьць, Дастаў шпрыц і пырскануў. Я адчуваў, як па сьпіне ў мяне ліецца пот. Пацыэнт глядзеў на мяне ў надзеі, што я ведаю, што раблю. Я сьцягнуў яму парткі, пацёр скуру, крыху пырскануў вадкасьці й зрабіў укол. Нічога дзіўнага – я ж у рэшце рэшт студэнт мэдыцыны!

Лекар сказаў, што я магу далучыцца да пастаяннага пэрсаналу і што я буду адказны за харчаваньне. Я пралічыў, што гэта дасьць мне магчымасьць цягаць пакрыху ежу для Косьціка.

Праз пару дзён мяне накіравалі на галоўны склад, каб я прынес ежы для 65 ваеннапалонных, якія знаходзіліся тады ў лазарэце. Галоўны лекар, які быў палякам і працаваў пад наглядам лекара-немца, падказаў мне, што ня трэба адразу дакладваць пра сьмерць пацыэнтаў, а чакаць некалькі дзён, каб атрымліваць на іх харчы. Я ня ведаў, наколькі гэта этычна, але прапанова гучала вельмі заманліва. Раз альбо два на тыдзень у мяне зьяўляліся лішкі ежы, якія я аддаваў Косьціку. У мяне самога папраўляўся фызічны стан, я набіраў вагу й, увогуле, пачуваўся вельмі добра.

Аднойчы, красавіцкай ноччу, Косьцік прыйшоў наведаць мяне й абмеркаваць уцёкі. Я сказаў, што хаця я й маюся добра, але далучуся да Косьціка ў ягоных плянах.

Цяпер нам патрэбны быў час, каб з’арыентавацца. Я ўжо даведаўся, што лягер знаходзіцца на мяжы з Галяндыяй і што толькі ў гэтым накірунку мы можам зьбегчы. Косьцік жа чуў, што немцы шукаюць людзей, якія згодныя працаваць па-за межамі лягеру – на фермах і нейкіх там усталяваньнях. Я сказаў, што гатовы пакінуць сваю працу ў шпіталі, хоць яна мне й вельмі падабаецца, каб узнавіць падрыхтоўку да ўцёкаў.

Праз два дні Косьцік прыйшоў да мяне, каб паведаміць, што немцам патрэбныя садоўнікі для аднаго кляштара. Косьцік няшмат разумеў у садоўніцтве, але бачыў, як ягоны бацька працаваў на іхным маленькім лапіку зямлі, і мог паспытаць шчасьця. Я крыху наўчыўся сялянскай працы, калі летам наведваў свайго дзеда, але, што датычыцца садоўніцтва, я ня меў уяўленьня, што да чага. Але калі ім былі патрэбныя садоўнікі, мы маглі выконваць і гэтую працу. У рэсьце рэшт, я стаў студэнтам медыцыны, хаця й не вучыўся ва ўніверсітэце, а садоўніцтва – справа лягчэйшая за лячэньне людзей.

Празь некалькі дзён нас выклікалі да камэнданта. Камэндант сказаў, што па Косьцікавых словах, я быў добрым садоўнікам, і што ён хацеў бы даведацца болей пра мой досьвед. Я зманіў, што мой бацька быў садоўнікам у вялікім маёнтку ў Польшчы і што я дапамагаў бацьку, калі быў хлопчыкам. Камэндант загадаў нам быць гатовымі адправіцца ў кляштар нараніцу. Я вярнуўся ў лазарэт і паведаміў лекару, што мяне прызначылі садоўнікам, і ён даў мне дазвол пакінуць шпіталь.

Наступная раніца была цёплай і сонечнай. Нас пасадзілі ў грузавік і адправілі ў каталіцкі кляштар, які, як мы пралічылі, знаходзіўся кілямэтрах у трыццаці ад галяндскай мяжы. Нас сустрэў манах, брат Ёзаф, якому было недзе крыху за трыццаць. Я ня мог вызначыць, да якога ордэну ён належаў – магчыма, езуітаў. Ён спытаў, ці маем мы досьвед у садоўніцтве, і мы запэўнілі яго, што так. Мы намякнулі, што калі будзем выконваць сваю працу ня гэтак, як ён чакае, то гэта таму, што мы валодаем іншай тэхнікай, але можам хутка навучыцца. Манах адвёў нас у нашыя пакоі, якія не былі нават зачыненыя! Ён паведаміў нам, што адказвае за нас і ня будзе запіраць дзьверы, але, калі мы надумаем зьбегчы, то ваенныя ўлады спытаюць у першую чаргу з манахаў. Ён папрасіў нас не падкладаць ім такую сьвіньню. Мы запярэчылі, што ня маем ніякіх намераў зьбегчы й вельмі ўдзячныя яму за тое, што ён прыняў нас на працу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю