Текст книги "Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)"
Автор книги: Грэм Грин
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 14 страниц)
– А хто гэта яна?
Яму здалося, што тэлеграфны апарат раптам загаварыў уладным жаночым голасам.
– Эх вы, салдаты, – сказаў прыёмшчык багажу. – Не ведаеце i паловы таго, што адбываецца наўкол.
– Гэта праўда, – сказаў Нiнiч. – Мы гадзiнамi стаiм на пасту з прымкнутымi штыхамi. А можа, вайна зноў пачынаецца, га? Мы ўвесь час ходзiм ад казармы да станцыi. Нам няма калi заўважыць, што робiцца наўкол.
"Кропка, кропка, кропка, працяжнiк..." – адстукваў тэлеграф. Лукiч падзялiў калоду на тры роўныя кучкi. Часам карты склейвалiся, i тады ён слiнiў пальцы. Потым паклаў перад сабой усе тры кучкi.
– Гэта, пэўна, жонка начальнiка станцыi, – растлумачыў ён. – Калi яна едзе на тыдзень, дык пасылае яму тэлеграмы кожны дзень у самы нязручны час. Позна ўвечары цi на свiтанку. Поўныя цялячых пяшчот. Часам нават у вершах: "Шчаслiвы будзь у разлуцы, галубок, твая галубка шле табе любоў". Цi: "Твая палова заўсягды з табой. Не забывай мяне, каханы мой".
– Навошта гэта ёй? – спытаў Нiнiч.
– Баiцца, што ён ляжыць у ложку з якой-небудзь служанкай. Думае, што ён пачне каяцца, калi атрымае ад яе тэлеграму ў самы нязручны момант.
Прыёмшчык захiхiкаў.
– Вядома, самае смешнае, што ён нават i не глядзiць на служанак. У яго зусiм iншыя схiльнасцi – трэба было б ёй ведаць гэта.
– Вашы стаўкi, панове, – сказаў Лукiч. Ён пiльна сачыў за iмi, калi яны клалi медныя манеты на дзве з трох кучак. Потым пачаў здаваць карты, беручы iх з кожнай кучкi па чарзе. У трэцяй, на якую не паклалi грошай, аказаўся званковы валет. Лукiч перастаў здаваць карты i паклаў манеты сабе ў кiшэню.
– Выйграе банк, – аб'явiў ён i перадаў карты Нiнiчу.
Гэта была зусiм простая гульня.
Прыёмшчык патушыў акурак i, пакуль Нiнiч тасаваў карты, запалiў другую цыгарэту.
– З экспрэса ёсць якiя навiны?
– У Белградзе ўсё цiха, – сказаў Лукiч.
– А тэлефон працуе?
– А вось з iм справы дрэнь. – Тэлеграф перастаў гудзець. I Лукiч уздыхнуў з палёгкай. – Ну, вось i гэты нарэшце супакоiўся.
Салдат раптам перастаў тасаваць карты i няўпэўнена вымавiў:
– Добра, што мяне не было ў Белградзе.
– Змаганне, хлопча мой, – весела сказаў прыёмшчык.
– Яно дык, можа, i так, але ўсё-такi гэта нашы людзi, праўда? – нясмела запярэчыў Нiнiч. – Iншая справа, калi б гэта былi балгары.
– Цi ты заб'еш, цi цябе заб'юць, – сказаў прыёмшчык. – Ну, што марудзiш – здавай, хлопча мой.
Нiнiч пачаў здаваць. Некалькi разоў ён збiваўся з лiку: пэўна, задумаўся.
– Да таго ж, мы зусiм не ведаем, чаго яны хацелi? Чаго дамагалiся?
– Яны ж чырвоныя, – умяшаўся Лукiч. – Беднякi. Вашы стаўкi, панове, машынальна дадаў ён.
Лукiч паклаў усе выйграныя iм медзякi на тую самую кучку, што i прыёмшчык. Ён пераглянуўся з iм i падмiргнуў яму – той павялiчыў стаўку. Нiнiч быў надта засяроджаны на сваiх няўклюдных думках i не заўважыў, як у час здачы было вiдаць, у якую кучку трапiў валет. Прыёмшчык не змог утрымацца ад смеху.
– Зрэшты, я i сам бядняк, – сказаў Нiнiч.
– Мы зрабiлi стаўку, – нецярплiва перабiў яго Лукiч, i Нiнiч пачаў здаваць.
Вочы ў яго шырока расплюшчылiся, калi ён убачыў, што абодва выйгралi: на iмгненне на яго твары адбiлася цьмянае падазрэнне, ён адлiчыў манеты i падняўся.
– Ты болей гуляць не хочаш? – спытаў Лукiч.
– Час вяртацца ў каравулку.
Прыёмшчык усмiхнуўся:
– Ён прагуляў усе грошы. Налi яму на дарогу яшчэ, Лукiч.
Лукiч налiў Нiнiчу другую шклянку i спынiўся з заткнутай бутэлькай у руцэ. Зазванiў тэлефон.
– Д'ябал, – вылаяўся ён. – Iзноў гэтая баба.
Паставiўшы бутэльку на стол, ён пайшоў у другi пакой. Бледныя промнi сонца пранiкалi праз акно, яны дакраналiся да кошыкаў i чамаданаў, нагрувашчаных за прылаўкам. Нiнiч узняў шклянку, а прыёмшчык сядзеў, паклаўшы палец на калоду карт, i прыслухоўваўся.
– Алё, алё! – закрычаў Лукiч. – Каго вам трэба? Тэлеграф? Я нiчога не чуў. Не магу ж я тырчаць каля яго ўвесь час. У мяне хапае справы на станцыi. Скажыце гэтай бабе, каб яна пасылала тэлеграму ў зручны час. Што такое? Яго голас раптам змянiўся. – Прашу прабачэння, пан маёр. Мне ў голаў не прыходзiла... (Прыёмшчык захiхiкаў.) Вядома. Неадкладна, пан маёр, зараз жа. Зараз жа пашлю, пан маёр. Калi вы пачакаеце каля тэлефона дзве хвiлiнкi, пан маёр...
Нiнiч уздыхнуў i выйшаў на марознае паветра маленькай станцыi: тут не было нават платформ. Ён забыўся надзець пальчаткi, i перш чым паспеў iх нацягнуць, яго пальцы адубелi ад холаду. Ногi яго павольна валачылiся на свежым паўрасталым, а потым паўзамёрзлым снезе. "Не, я рады, што мяне не было ў Белградзе, – падумаў ён. – Усё гэта незразумела: яны беднякi, i я таксама бядняк; у iх жонкi i дзецi, i ў мяне ёсць жонка i маленькая дачка. Яны, пэўна, чакалi нейкай карысцi сабе, тыя, чырвоныя". Сонца, якое паднялося над дахам мытнi, кранула яго твар, аднак ад яго промняў цяплей не зрабiлася. Запасны паравоз стаяў, нiбыта бадзяжны сабака, выдыхаючы пару над рэйкамi. Да прыбыцця Ўсходняга экспрэса нiводнага цягнiка на Белград не будзе. Праз паўгадзiны ўзнiмаецца шум i сумятня, прыбудуць мытнiкi, пагранiчнiкi выйдуць з каравулкi i пастрояцца перад ёй, потым цягнiк запыхкае i знiкне, i за цэлы дзень будзе толькi яшчэ адзiн цягнiк, невялiчкi тутэйшы цягнiк, на Вiнкавiчы. Нiнiч засунуў рукi ў пустыя кiшэнi. Пасля можна было б выпiць яшчэ ракii i згуляць у карты, але ў яго ўжо не было грошай. Iзноў лёгкае падазрэнне, што яго абдурылi, мiльганула ў галаве.
– Нiнiч! Нiнiч!
Ён азiрнуўся i ўбачыў, як памочнiк начальнiка станцыi бяжыць за iм без палiто i пальчатак, правальваючыся ў ледзяную жыжу. Нiнiч падумаў: "Ён абабраў мяне, але адчуў сорам перад богам i хоча аддаць мне грошы". Ён спынiўся i ўсмiхнуўся Лукiчу, нiбыта хацеў сказаць: "Кiнь ты, не бойся, я на цябе не сярдую".
– Ты што, дурань, глухi, цi што! Я думаў, не дакрычуся, – злосна сказаў маленькi памочнiк начальнiка станцыi i падбег да яго, задыхаючыся ад лютасцi. – Зараз жа iдзi да маёра Петкавiча. Яго клiчуць да тэлефона. Я не змог дазванiцца да каравулкi.
– Тэлефон з учарашняга дня не працуе, – растлумачыў Нiнiч, – з таго часу, як пачалася завея.
– Вось расцяпы! – узарваўся Лукiч.
– Сёння павiнен быў прыехаць майстар з горада, заняцца гэтым. – Нiнiч прамаўчаў. – Маёр i кроку не зробiць па снезе. У яго кабiнеце горача ад печы.
– Ёлуп. Iдыёт, – абарваў яго Лукiч. – Там звонiць начальнiк палiцыi з Белграда. Яны хацелi паслаць тэлеграму, але вы гарланiлi на ўсё горла, хiба тут што-небудзь пачуеш? Iдзi хутчэй. – Нiнiч паспяшаўся да каравулкi, памочнiк закрычаў яму наўздагон: – Бягом, iдыёт, бягом!
Нiнiч кiнуўся бегчы, але яму замiналi цяжкiя боты. "Глядзi ты, – думаў ён, – ставяцца да мяне, як да сабакi. – Аднак секунду пасля яму ў голаву стрэльнула iншая думка: – Увогуле, iм добра гуляць са мною ў карты: пэўна, зарабляюць у дзень столькi, колькi я ў тыдзень, i жалаванне атрымлiваюць поўнасцю", – падумаў ён, нагадаўшы, колькi вылiчваюць у яго самога за ежу, кватэру i дровы.
– Маёр у сябе? – спытаў ён, уваходзячы ў каравулку, i баязлiва пагрукаў у дзверы. Ён мог перадаць паведамленне цераз сяржанта, але таго не было ў каравулцы, дый невядома, калi яшчэ з'явiцца магчымасць выканаць такое адказнае даручэнне, – за гэта могуць павысiць па службе, тут, глядзiш, павялiчаць жалаванне, значыцца, будзе болей ежы, новая сукенка жонцы.
– Заходзьце.
Маёр Петкавiч сядзеў за пiсьмовым сталом тварам да дзвярэй. Ён быў невысокага росту, хударлявы, з вострымi рысамi твару i насiў пенснэ. Вiдаць, у яго родзе была прымесь чужой крывi – валасы ў яго былi бялявыя. Ён чытаў нейкi стары нямецкi падручнiк па стратэгii i кармiў сабаку кавалачкамi кiлбасы. Нiнiч з зайздрасцю паглядзеў на печ, у якой весела патрэскваў агонь.
– Ну, што здарылася? – узлавана спытаў маёр, нiбыта школьны настаўнiк, якому перашкодзiлi правяраць вучнёўскiя сшыткi.
– Звонiць начальнiк палiцыi, пан маёр, i выклiкае вас да тэлефона ў кантору начальнiка станцыi.
– А хiба наш тэлефон не працуе? – спытаў маёр, адклаўшы кнiгу i не вельмi ўдала iмкнучыся схаваць сваю цiкаўнасць i ўсхваляванасць: яму хацелася стварыць уражанне, нiбыта ён у блiзкiх адносiнах з начальнiкам палiцыi.
– Не, пан маёр, майстар з горада яшчэ не прыехаў.
– Шкада! А дзе сяржант?
– Ён на хвiлiнку выйшаў, пан маёр.
Маёр Петкавiч схапiў пальчаткi i нацягнуў iх на рукi.
– Вам лепей пайсцi са мной. Можа, мне спатрэбiцца сувязны. Вы ўмееце пiсаць?
– Крышачку магу, пан маёр.
Нiнiч баяўся, што маёр возьме сабе iншага пасыльнага, аднак той толькi сказаў:
– Тады хутчэй.
Нiнiч i сабака пайшлi следам за маёрам цераз каравулку i перасеклi рэйкi. У пакоi начальнiка станцыi Лукiч, якi па-ранейшаму сядзеў у кутку, старанна рабiў выгляд, што працуе, а прыёмшчык багажу круцiўся каля дзвярэй, падлiчваючы здадзеныя месцы на вялiкiм аркушы паперы.
– Лiнiя зусiм свабодная, пан маёр, – сказаў Лукiч, кiнуўшы за спiнай у маёра пахмурны погляд на Нiнiча. Ён зайздросцiў салдату – той стаяў блiзка да апарата.
– Алё, алё, алё, – кiсла вымавiў у трубку маёр Петкавiч.
Салдат злёгку нахiлiў галаву да тэлефона. Цераз вялiкую адлегласць памiж гранiцай i Белградам даносiўся гук гэтага добра пастаўленага i ўладарнага голасу з такiм дакладным вымаўленнем, што нават Нiнiч, якi быў за два крокi ад апарата, мог улавiць асобна кожнае слова. Яны падалi адно за адным, нiбы паток шпiлек, якiя ўтыкалiся ў глыбокую цiшыню. Лукiч i прыёмшчык багажу дарэмна затаiлi дыханне: запасны паравоз на лiнii ўжо спынiў сваё пыхканне.
– Гаворыць палкоўнiк Хартэп.
"Гэта i ёсць начальнiк палiцыi, – падумаў Нiнiч. – I я чую яго голас. Як жа будзе ганарыцца мною мая жонка сёння ўвечары. Гэтая гiсторыя абыдзе ўсе казармы, тут ужо на яе можна паспадзявацца. Ёй асаблiва няма чым ганарыцца мною, яна здавальняецца тым, што ў яе ёсць", – падумаў ён прастадушна, не пераацэньваючы сябе.
– Так, так, гэта маёр Петкавiч.
Уладарны голас зрабiўся цiшэй. Цяпер Нiнiч улоўлiваў толькi ўрыўкi асобных фраз:
– Нi ў якiм разе... Белград... Трэба пашукаць у цягнiку...
– Даставiць яго ў казарму?
Голас загучаў больш рэзка.
– Не. Трэба, каб яго бачыла як мага меней людзей... На месцы.
– Але паслухайце, – запярэчыў маёр Петкавiч. – У нас тут для гэтага нiчога не падрыхтавана. Што мы тут будзем з iм рабiць?
– ...усяго некалькi гадзiн...
– Трыбунал? Ну гэта ўжо супраць усякiх iнструкцый.
Голас у трубцы цiха засмяяўся.
– Я сам... з вамi... за снеданнем...
– А калi яго апраўдаюць?
– ...я сам, – няясна вымавiў голас, – вы, маёр, капiтан Алексiч. Голас загучаў яшчэ цiшэй. – Без шуму... у вузкiм коле... – I потым вымавiў ясней: – Ён хутчэй за ўсё не адзiн... падазроныя асобы... з любой нагоды... мытня. Прымiце пад увагу. Толькi без залiшняга шуму i мiтуснi.
– Ёсць яшчэ што-небудзь да мяне, палкоўнiк Хартэп? – з прыкметным асуджэннем спытаў маёр Петкавiч.
Голас зрабiўся болей ветлiвым.
– Так, так. Наконт снедання. Мяркую, што ў вас там няма вялiкага выбару... На станцыi... як след прапалiце ў печы... што-небудзь гарачае... я еду машынай, прывязу халодную закусь i вiно. – Завiсла паўза. – Так памятайце, вы адказваеце за ўсё.
– За такую супрацьзаконную акцыю... – пачаў быў маёр Петкавiч.
– Не, не, не, – сказаў голас. – Я, вядома, меў на ўвазе снеданне.
– У Белградзе ўсё спакойна? – нацягнена спытаў маёр.
– Моцна спяць, – адказаў голас.
– Магу я задаць яшчэ адно пытанне? Алё, алё, алё, – паўтарыў раздражнёным тонам маёр Петкавiч i потым з грукатам кiнуў трубку. – Дзе той салдат? Хадземце са мной.
Iзноў разам з Нiнiчам i сабакам ён акунуўся ў холад, перасек пуцi, прайшоў праз каравулку i зачынiў з трэскам за сабой дзверы пакоя. Потым вельмi хутка накiдаў некалькi запiсак i загадаў Нiнiчу аднесцi iх па прызначэннi. Ён так спяшаўся i быў такi раздражнёны, што дзве забыўся запячатаць. Нiнiч, вядома, iх прачытаў – вечарам жонка будзе ганарыцца сваiм мужам. Адна запiска была адрасавана начальнiку мытнi, але яна была запячатаная, другая – капiтану ў казарму з загадам неадкладна падвоiць ахову станцыi i выдаць кожнаму салдату па дваццаць абоймаў патронаў. Нiнiчу зрабiлася нiякавата: цi не азначала гэта, што пачалася вайна, што наступаюць балгары? Цi чырвоныя? Ён нагадаў падзеi ў Белградзе i вельмi ўстрывожыўся. Зрэшты, чырвоныя – гэта ж нашы людзi, яны беднякi, у iх ёсць жонкi i дзецi. Апошняя запiска была аддасавана повару ў казарму – гэта была падрабязная iнструкцыя пра сняданак на траiх, якi трэба падаць у кабiнет маёра ў гадзiну трыццаць. "Майце на ўвазе, гэта на вашу асабiстую адказнасць", – так заканчвалася запiска.
Калi Нiнiч выйшаў з кабiнета, маёр Петкавiч iзноў пачаў чытаць стары нямецкi падручнiк па стратэгii i кармiць сабаку кавалачкамi кiлбасы.
2
Корал Маскер заснула задоўга да таго, як цягнiк прыйшоў у Будапешт. Калi Майет пачаў асцярожна выцягваць сваю здранцвелую руку з-пад яе галавы, яна прачнулася. Была шэрая, як мёртвы зыб свiнцовага мора, ранiца. Потым жвава злезла з палiцы i пачала апранацца, кожны рух усё болей аддаляў яе ад утомных падзей мiнулай ночы. Ад хвалявання i спешкi ёй не адразу ўдавалася знаходзiць патрэбныя рэчы. Апранаючыся, яна весела напявала: "Як мне пашчасцiла, як пашанцавала!" Рывок цягнiка адкiнуў яе да акна, але яна хуценька толькi кiнула позiрк на пахмурнае ранiшняе неба. Тут i там спакваля гаслi агнi, але было яшчэ недастаткова вiдно, каб распазнаваць асобныя будынкi. Асветлены лiхтарамi мост цераз Дунай зiхацеў, нiбыта спражачка ад падвязкi. "Куды мне трэба, я iду i сваю песеньку пяю". Недзе на беразе ракi свяцiўся белы дом. Яго можна было прыняць за ствол дрэва ў фруктовым садзе, калi б не два светлыя агеньчыкi ў пакоях на нiжнiм паверсе. Пакуль яна сачыла за iмi, агеньчыкi патухлi. "Пэўна, засядзелiся за святочным сталом. Цiкава, што там зараз адбываецца?" – падумала яна i ўсмiхнулася, адчуваючы сябе далучанай да ўсяго дзёрзкага, адважнага, маладога. "Усё, што трывожыць цябе – мяне зусiм не трывожыць. Лета змяняе вясну – ты бачыш усмешку маю". Цяпер яна ўжо надзела на сябе ўсё, апроч туфель, i павярнулася да ложка i да Майета.
Ён спаў неспакойна, падбароддзе ў яго было няголенае, адзенне скамячанае, i Корал з цяжкасцю магла паверыць, што ён мае дачыненне да хвалявання i болю мiнулай ночы. Гэта быў зараз зусiм чужы чалавек, якi ўварваўся ў яе жыццё, i ён мог лёгка адмовiцца ад тых слоў, якiя нашэптваў ёй у начной цемры. Ён наабяцаў ёй так многа. Але яна сябе пераконвала: такi падарунак лёсу наўрад цi яшчэ выпадзе на яе долю. Iзноў прыходзiлi ў голаў словы пажылых i спрактыкаваных кабет: "Яны табе перад гэтым наабяцаюць поўны мех". I адмысловы маральны кодэкс яе класа перасцерагаў: "Ты не павiнна напамiнаць яму пра яго абяцаннi". Але яна ўсё-такi падышла i пяшчотна прыгладзiла яго валасы, каб яны хоць крышачку зрабiлiся падобныя на тыя, якiя ў марах абрамлялi твар яе каханага. Калi Корал дакранулася да яго лба, ён расплюшчыў вочы, i яна смела сустрэла яго погляд: яна вельмi баялася ўбачыць у iм адчужанасць – раптам ён яе не пазнае i ўжо паспеў забыцца на тое, хто яна i што яны рабiлi разам. Яна падбадзёрвала сябе прымаўкай: "Святое месца не пустуе", – аднак яе радасна здзiвiла тое, што яму не спатрэбiлася нiякiх намаганняў, каб успомнiць усё.
– Так, нам абавязкова трэба запрасiць скрыпача.
Яна з палёгкай запляскала ў далонi:
– I не забудзься пра доктара.
Корал прысела ўскрай палiцы i ўсунула ногi ў туфлi. "Я такая шчаслiвая". Ён усё памятае, ён збiраецца стрымаць свае абяцаннi. Яна зноў пачала спяваць: "Пры сонечным святле я жыву, пры месячным святле я люблю. Жыву я надзвычай цудоўна".
Кандуктар iшоў па калiдоры i грукаў у дзверы купэ:
– Будапешт! Будапешт!
Усе агнi пазлiвалiся разам. Над другiм берагам ракi гарэлi тры зоркi, быццам iх згубiла зацягнутае хмарамi неба.
– Што гэта? Вунь там. Зараз праедзем. Хутчэй.
– Гэта замак, – сказаў ён.
– Будапешт.
Ёзеф Грунлiх, якi драмаў у сваiм кутку, адразу прачнуўся i падышоў да акна. Мiма, памiж высокiмi шэрымi будынкамi, прамiльгнула вада. Агнi, якiя гарэлi на верхнiх паверхах, раптам знiклi за аркай вакзала. Потым цягнiк праслiзнуў пад дах вялiзнай гулкай залы i спынiўся. З вагона тут жа выскачыў нагружаны багажом мiстэр Оўпi, жвавы, спрытны i дабрадушны: ён шпурнуў на платформу два чамаданы, мяшок з прыладамi для гольфа, тэнiсную ракетку ў чахле. Ёзеф усмiхнуўся i выпнуў грудзi: постаць мiстэра Оўпi нагадала яму пра яго злачынства. Мiма прайшоў чалавек у форме турысцкага агенцтва Кука, суправаджаючы высокую маркотную кабету i яе мужа. Яны, спатыкаючыся, iшлi за iм па пятах, разгубленыя i напалоханыя свiстком паравоза i крыкамi на незнаёмых мовах. Ёзеф падумаў, што яму варта выйсцi з цягнiка. I адразу, паколькi справа датычылася бяспекi, думкi яго перасталi быць iранiчныя цi напышлiвыя; дробненькiя акуратныя колцы ў яго мазгу закруцiлiся i, нiбыта кантрольны апарат у банку, пачалi з бездакорнай дакладнасцю рэгiстраваць дэбет i крэдыт. У цягнiку ён адчуваў сябе практычна зняволеным: палiцыя магла яго арыштаваць на любой станцыi, таму, чым хутчэй ён будзе на волi, тым лепей. Як аўстрыец, ён без асаблiвых перашкод пройдзе праверку ў Будапешце. Калi ён паедзе да Канстанцiнопаля, дык тройчы падвергнецца рызыцы аглядаў на мытнi. Механiзм у яго мазгу зноў правяраў лiчбы, дадаваў, улiчваў i прыйшоў да высновы, што трэба аддаць перавагу дэбету. Палiцыя ў Будапешце квалiфiкаваная i спрактыкаваная, у балканскiх краiнах яна прадажная – там няма чаго баяцца мытнi. Да таго ж, ён там будзе далей ад месца злачынства. У Стамбуле ў яго ёсць сябры. Ёзеф Грунлiх вырашыў ехаць далей. Прыняўшы гэта рашэнне, ён iзноў паглыбiўся ў сон пераможцы: у галаве ў яго мiтусiлiся iмгненна выхапленыя рэвальверы, нечыя галасы гаварылi пра яго: "Гэта Ёзеф. Ужо пяць гадоў ён нiводнага разу не быў зняволены. Гэта ён забiў Кольбера ў Вене".
– Будапешт.
Доктар Цынер на хвiлiну-другую прыпынiў сваю пiсанiну. Гэта маленькая паўза была данiнай павагi да горада, дзе нарадзiўся яго бацька. Пакiнуўшы Венгрыю маладым чалавекам, бацька пасялiўся ў Далмацыi. У Венгрыi ён працаваў на зямлi, якая яму не належала. У Сплiце i, нарэшце, у Белградзе ён навучыўся шавецкаму рамяству i пачаў працаваць на сябе. Аднак усё-такi тое ранейшае, яшчэ больш паднявольнае iснаванне i атрыманая ў спадчыну ад бацькi кроў венгерскага селянiна дазволiлi доктару Цынеру адчуць дыханне шырокай цывiлiзацыi, водгукi якой даносiлiся ў цёмныя, смярдзючыя балканскiя завулкi. Ён быў нiбы афiнскi раб, якi зрабiўся вольным чалавекам у нецывiлiзаванай краiне: той сумаваў па статуях, паэзii, фiласофii, – адным словам, па культуры, да якой сам не меў дачынення. Станцыя пачала адплываць ад доктара Цынера, мiма праносiлiся назвы на мове, якой бацька яго не навучыў: "Rеstоrасiоj", "Рostо", "Infоrmоj"*. Зусiм блiзка ад вагона мiльганула афiша "Теаtzoj Каj Аmuzеjоj"**, i ён машынальна запомнiў незнаёмыя назвы тэатраў i кабарэ, якiя адчыняцца якраз тады, калi цягнiк будзе падыходзiць да Белграда: "Опера", "Ройял Орфеум", "Табарэн" i "Жардэн дэ Пары". Ён згадаў, як бацька разважаў у цёмных сутарэннях за майстэрняй: "У Будзе жывуць весела". Яго бацька гэтак жа трохi павесялiўся ў цэнтры горада, ён без зайздрасцi назiраў, прыцiснуўшыся тварам да вiтрыны рэстарана, якiя падаюць там дзiвосныя стравы, бачыў скрыпачоў, якiя пераходзiлi ад столiка да столiка, i прастадушна радаваўся з усiмi. Цынера злавала, што бацька яго задавальняўся малым.
* Рэстаран, пошта, бюро даведак (скаж. эсперанта).
** Тэатры i кабарэ (скаж. эсперанта).
Доктар папiсаў яшчэ хвiлiн дзесяць, а потым склаў паперы i сунуў iх у кiшэню плашча. Ён хацеў быць падрыхтаваным да любой выпадковасцi, ведаў, што яго ворагi не будуць з iм далiкатнiчаць: яны заб'юць яго ў якой-небудзь глухой вулачцы, абы толькi не ўбачыць яго на лаве падсудных. У яго цяперашнiм становiшчы была адна перавага – яны не ведалi пра ягоны прыезд: яму трэба аб'явiць пра сваё дабравольнае вяртанне ў Белград, перш чым яны даведаюцца, што ён прыехаў, бо тады ўжо будзе немагчыма тайна забiць нiкому не вядомага чалавека, у iх не застанецца iншага выйсця, як толькi аддаць яго пад суд. Ён адчынiў чамадан i ўзяў "Бедэкер". Потым чыркнуў запалкай i паднёс яе да ражка схемы: глянцавая папера гарэла марудна. Чыгунка на схеме ўспыхнула язычком полымя, i ён убачыў, як сквер каля пошты ператварыўся ў чорны попел. Потым зелянiна парка "Калiмагдан" зрабiлася карычневай. Вулачкi трушчоб загарэлiся апошнiя, i ён падзьмуў на полымя, каб прыспешыць яго.
Калi схема згарэла, ён кiнуў попел пад сядзенне, паклаў пад язык горкую таблетку i паспрабаваў заснуць. Яму было нявесела, а то б ён, адчуўшы раптоўную палёгку, усмiхнуўся, калi б убачыў, мiль за пяцьдзесят ад Будапешта, пагорак у форме напарстка, парослы ельнiкам, якi парушыў аднастайнасць неабсяжнай Дунайскай раўнiны. Каб абагнуць гэты пагорак, шаша рабiла вялiкi круг, потым кiравала ў горад. I дарога, i пагорак цяпер былi белыя ад снегу, якi лахманамi, нiбы грачыныя гнёзды, павiснуў на дрэвах. Ён запомнiў дарогу, пагорак i лес – гэта было першае, што ён убачыў, адчуўшы поўную бяспеку, калi ўцякаў, перайшоўшы гранiцу, пяць гадоў таму. Яго спадарожнiк, якi сядзеў за рулём, парушыў упершыню маўчанне з таго часу, як яны выехалi з Белграда, i сказаў: "Будзем у Будзе праз гадзiну з чвэрцю".
Да гэтага часу доктар Цынер не адчуваў бяспекi. Цяпер палягчэла ў яго на сэрцы зусiм з iншай нагоды. Ён думаў не пра тое, што да гранiцы ўсяго семдзесят мiль. Ён быў ужо амаль дома. Яго пачуццi ў той момант узялi верх над розумам. Дарэмна было гаварыць самому сабе: "У мяне няма дома, я еду ў турму". Прычынай гэтай хвiлiннай радасцi, якая агарнула яго, было наблiжэнне да пiўной Кругера ў садзе, да парку, залiтага па вечарах зялёным святлом, да крутых вулачак з развешанай упоперак iх бялiзнай. "Урэшце, я ўсё гэта ўбачу зноў, – падумаў ён, – калi мяне павязуць з турмы ў суд". I тут ён прыгадаў з раптоўнай журбою, што на месцы пiўной цяпер – жылыя будынкi.
За снеданнем Корал i Майет сядзелi па розных баках столiка як чужыя i адчувалi праз гэта вялiкую палёгку. Напярэдаднi, за вячэрай, яны паводзiлi сябе, як даўнiя сябры, якiм не было чаго сказаць адно аднаму. За снеданнем яны гаварылi бесперапынна, як быццам цягнiк паглынаў не мiлi, а гадзiны, i iм даводзiлася запаўняць тыя гадзiны размовамi, якiх хапiла б на цэлае жыццё разам.
– А калi я прыеду ў Канстанцiнопаль, што я буду рабiць? Ты ўжо наняў мне пакой?
– Не думай пра гэта. Я заказаў нумар у гатэлi. Ты паселiшся разам са мной, i ў нас будзе падвойны нумар.
Яна пагадзiлася з iм, ад радасцi ў яе перахапiла дыханне, але зараз яна не магла стрымаць сваiх пачуццяў, сядзець моўчкi. Скалы, будынкi, голыя пашы праносiлiся мiма з хуткасцю сорак мiль у гадзiну, а колькi яшчэ iм трэба было абгаварыць.
– Мы прыедзем на свiтанку? Што мы будзем рабiць цэлы дзень?
– Разам паснедаем. Потым мне трэба будзе пайсцi ў кантору, даведацца, як там iдуць справы. А ты можаш тым часам пахадзiць па крамах. Я прыйду надвячоркам, мы паабедаем i пойдзем у тэатр.
– Так? А ў якi тэатр?
Ёй было дзiўна бачыць, як усё крута змянiла гэтая ноч. Яго твар ужо не быў падобны на твары тых юнакоў, з якiмi яна была знаёмая даволi блiзка, нават жэст яго рукi – ён бесперапынна прапаноўваў нешта, раскрываючы далонь, – зрабiўся зусiм iншы. Яго запал, калi ён расказваў, колькi ён патрацiць на яе грошай, якiя асалоды яе чакаюць, – быў цудоўны, i яна верыла яму.
– У нас будуць найлепшыя месцы ў тваiм тэатры.
– У "Дзяўчат Дана"?
– Так. А потым мы ўсiх iх запросiм на вячэру, калi ты захочаш.
– Не. – Корал адмоўна пакруцiла галавой: тут яна рызыкавала страцiць яго, бо многiя дзяўчаты Дана маглi аказацца прыгажэйшыя за яе. – Пасля тэатра давай пойдзем дамоў i ляжам спаць.
Яны пырхнулi разам, расплюхаўшы з кубкаў карычневыя кроплi кавы на абрус. Яна смяялася шчыра i адкрыта, шчаслiвая тым, што боль застаўся ззаду.
– Ведаеш, колькi мы ўжо праседзелi за снеданнем? – спытала яна. – Цэлую гадзiну. Раней за мной такога не вадзiлася. Кубак гарбаты ў ложку а дзесятай гадзiне – вось i ўвесь мой сняданак. Яшчэ зверху дзве скiбкi падсмажанага хлеба i крышачку апельсiнавага соку – гэта калi ў мяне добрая кватэрная гаспадыня.
– А калi ў цябе не было працы?
Яна ўсмiхнулася.
– Тады я абыходзiлася без апельсiнавага соку. Мы ўжо недалёка ад гранiцы?
– Зусiм блiзка. – Майет запалiў цыгарэту. – Ты палiш?
– Уранку не. Я пайду, а ты папалi.
Корал паднялася, i ў гэты момант цягнiк з грукатам пераязджаў стрэлку, яе адкiнула да Майета. Яна ўхапiлася за яго руку, каб захаваць раўнавагу, i праз яго плячо ўбачыла, як iмклiва праскочылi мiма i знiклi з вачэй сiгнальная будка i чорная пуня, заваленыя снегам. Хвiлiнку яна патрымалася за яго руку, пакуль галава ў яе перастала круцiцца.
– Любы, прыходзь хутчэй. Я буду цябе чакаць.
Корал раптам захацелася сказаць яму: "Хадзем са мной". Яна баялася заставацца адна, пакуль цягнiк будзе стаяць. Чужыя людзi могуць зайсцi i сесцi на месца Майета, i яна не зможа нiчога iм растлумачыць. I не зразумее, што ёй скажуць мытнiкi. Але тут жа падумала: Майет хутка разлюбiць яе, калi яна будзе ўвесь час заяўляць на яго свае правы. Назаляць мужчынам даволi небяспечна, яе шчасце не такое трывалае, каб асмелiцца рызыкаваць iм хоць калiва. Яна азiрнулася: ён сядзеў злёгку нахiлiўшы галаву i пагладжваў пальцамi залаты партабак. Пазней яна была шчаслiвая тым, што кiнула на яго гэты развiтальны погляд: ён павiнен служыць узорам вернасцi, яна назаўсёды захавае ў сэрцы яго вобраз, i гэта дасць ёй права сказаць: "Я нiколi не пакiдала цябе". Цягнiк спынiўся, калi яна ўвайшла ў сваё купэ i зiрнула праз акно на маленькую брудную станцыю. На дзвюх лямпах было напiсана чорнымi лiтарамi: "Субоцiца". Будынкi станцыi ледзь узвышалiся над шэрагам хлявоў, тут жа была платформа. Група мытнiкаў у зялёнай форме i паўтузiн салдат iшлi памiж пуцямi. Мытнiкi, вiдаць, не спяшалiся пачынаць агляд. Яны смяялiся i ажыўлена размаўлялi, iдучы да службовага вагона. Каля пуцей у шарэнзе стаялi сяляне, пазiраючы на цягнiк, жанчына кармiла грудзьмi дзiця. Наўкол валэндалiся салдаты, адзiн з iх адагнаў ад цягнiка сялян, але тыя зноў скупiлiся каля чыгункi, адышоўшы метраў на дваццаць ад станцыi. Пасажыры пачалi выказваць нецярплiвасць: цягнiк i так ужо затрымалi на паўгадзiны, а яшчэ нiхто нават i не збiраўся прыступаць да агляду багажу цi праверкi дакументаў. Некалькi пасажыраў выбралiся на адхон i перайшлi цераз рэйкi, шукаючы якi-небудзь буфет. Высокi хударлявы немец з круглай галавой безупынна хадзiў туды-сюды па платформе ўздоўж цягнiка. Корал Маскер убачыла, як доктар выйшаў з вагона ў мяккiм брылi, у плашчы, у шэрых баваўняных пальчатках. Ён i немец увесь час праходзiлi адзiн мiма аднаго, але абодва нiбыта iснавалi ў розных вымярэннях – так мала ўвагi звярталi яны адзiн да аднаго. На некаторы час яны аказалiся побач, пакуль чыноўнiк правяраў iх пашпарты, аднак i тут яны належалi да розных светаў: немец абураўся i ўголас выказваў нецярплiвасць, доктар абыякава ўсмiхаўся сам сабе.
Корал выйшла на платформу, наблiзiлася да доктара. Яго ўсмешка, добрая i рассеяная, падалася ёй такой недарэчнай, як скульптурная фiгурка на трухлявых балясiнах.
– Выбачайце, што я звяртаюся да вас, – сказала яна, крыху збянтэжаная яго чапурыстай паважнасцю. Ён пакланiўся i паклаў рукi ў шэрых пальчатках за спiну: яна заўважыла дзiрку на вялiкiм пальцы. – Я думала... мы думалi... цi не адмовiцеся вы павячэраць з намi сёння вечарам?
Усмешка знiкла з яго твару, i яна зразумела: ён падбiрае пераканаўчыя словы, каб адмовiцца.
– Вы былi такi добры да мяне, – дадала яна.
На адкрытым паветры было вельмi холадна, i яны абое пачалi хадзiць уздоўж платформы: замерзлая гразь трашчала пад яе туфлямi i пэцкала ёй панчохi.
– Я быў бы вельмi рады, – сказаў ён, дакладна вымаўляючы кожнае слова, – i мне вельмi шкада, што не магу прыняць вашага запрашэння. Сёння вечарам я выходжу ў Белградзе. Мне было б вельмi прыемна... – ён спынiўся, насупiўся i, здавалася, забыў, што хацеў сказаць далей, сунуў пальчатку з дзiркай на пальцы ў кiшэню плашча. – Мне было б вельмi прыемна...
Двое iшлi ўздоўж пуцi насустрач iм.
Доктар узяў яе пад руку i асцярожна павярнуў назад. Яны пайшлi ў другi бок уздоўж цягнiка. Ён усё яшчэ быў пахмурны, так i не закончыў пачатую фразу. Замест гэтага вымавiў iншае:
– Даруйце, мае акуляры зусiм запацелi, хто там наперадзе?
– Некалькi мытнiкаў выйшлi з службовага памяшкання i накiравалiся да нас.
– I болей нiкога? Яны ў зялёнай форме?
– Не, у шэрай.
Доктар спынiўся.
– Ах, вось яно што! – ён узяў яе руку ў сваю, сцiснуў яе далоняй, i Корал адчула ў руцэ канверт. – Хутчэй вяртайцеся ў вагон. Схавайце гэта. Калi будзеце ў Стамбуле, адпраўце яго па пошце. А зараз iдзiце. Хутка, але зрабiце выгляд, што вы не спяшаецеся.
Корал паслухалася яго, не разумеючы, што здарылася. Адышоўшы крокаў на дваццаць, яна параўнялася з людзьмi ў шэрых шынялях i зразўмела – гэта салдаты. Вiнтовак не было вiдно, але па чахлах штыхоў яна здагадалася, што салдаты ўзброеныя. Яны заступiлi ёй дарогу, i яна была падумала, цi не збiраюцца яны яе затрымаць. Яны нешта ўсхвалявана абмяркоўвалi, аднак калi ёй засталося некалькi крокаў да iх, адзiн салдат саступiў убок, каб даць ёй прайсцi. Яна крыху супакоiлася, аднак усё ж была злёгку ўстрывожаная пiсьмом, зацiснутым у яе руцэ. Можа, яе прымусiлi правезцi якую-небудзь кантрабанду? Наркоцiкi? Тут адзiн салдат пайшоў за ёй. Яна чула, як рыпiць мёрзлая гразь пад яго ботамi, i пачала сябе пераконваць: усё гэта дарэмныя страхi, калi б яна была яму патрэбная, ён бы яе аклiкнуў, i яго маўчанне падбадзёрыла яе. Але ўсё-такi яна пайшла шпарчэй. Iх купэ было ў наступным вагоне, i яе каханы зможа па-нямецку растлумачыць гэтаму салдату, хто яна такая. Але Майета ў купэ не было, ён усё яшчэ палiў цыгарэту ў вагоне-рэстаране. З хвiлiнку яна вагалася: "Дайду да рэстарана i пастукаю ў акно", – аднак аказалася, што нельга было вагацца нават хвiлiну. Нечая рука дакранулася да яе локця, i нечы голас мякка вымавiў некалькi слоў на чужой мове.
Корал абярнулася, збiраючыся пратэставаць, прасiць, гатовая, калi спатрэбiцца, вырвацца i пабегчы да вагона-рэстарана, але яе страх крыху паменшыўся, калi яна глянула ў вялiкiя добрыя вочы салдата. Ён усмiхнуўся, кiўнуў i паказаў на будынкi станцыi.
– Што вам ад мяне трэба? Скажыце па-ангельску.
Ён пахiтаў галавой, iзноў усмiхнуўся i махнуў рукой у бок будынкаў станцыi. Яна ўбачыла, як доктар сустрэўся з салдатамi i разам з iм накiраваўся туды. У гэтым магло i не быць нiчога жахлiвага, ён iшоў паперадзе iх, яны не вялi яго пад канвоем. Салдат кiўнуў, усмiхнуўся i з вялiкай цяжкасцю выгаварыў тры словы па-ангельску: