Текст книги "Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)"
Автор книги: Грэм Грин
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 14 (всего у книги 14 страниц)
– Ён даволi заможны.
– Так яно-то так, але ён пiсьменнiк. Мне гэта не падабаецца. Я б хацеў, каб яна выйшла замуж за чалавека, якi займае надзейнае месца ў свеце бiзнесу.
– Здаецца, iх пазнаёмiла жанчына, з якой яна жыла ў Кёльне.
– О, праўда. Яна сама зарабляе сабе на пражытак з таго часу, як памерлi яе няшчасныя бацькi, – збянтэжана сказаў Стэйн. – Я ў гэта не ўблытваўся. Гэта карысна дзяўчыне, але жонка вырашыла, што мы павiнны пазнаёмiцца з ёю блiжэй, i я запрасiў яе сюды. Падумалi, можа, мы знойдзем ёй лепшую працу i непадалёк ад нас.
Яны аб'ехалi мiнiяцюрнага палiцэйскага, якi стаяў на скрынцы i рэгуляваў дарожны рух, i паднялiся на прыгорак. Унiзе, памiж высокiм непрыкметным жылым будынкам i тэлеграфным слупам купалы Блакiтнай мячэцi плавалi ў паветры, нiбыта гронка блакiтных мыльных бурбалак.
Стэйн усё яшчэ пачуваў сябе крыху збянтэжаным.
– Гэта карысна дзяўчыне, – паўтарыў ён. – А ў апошнiя гады фiрма забiрала ўвесь мой час. Але калi з гэтай здзелкай будзе пакончана, – весела дадаў ён, – я прызначу ёй якую-небудзь рэнту.
Таксi заехала ў невялiчкi цёмны дворык, дзе стаяла адзiная урна пад смецце, але доўгая лесвiца, па якой яны паднялiся, асвятлялася вялiкiмi вокнамi, i ўвесь Стамбул быў у iх на далонi. Iм былi вiдаць сабор Святой Сафii, i Пажарная вежа, i доўгая паласа вады на захад ад Залатога Рога ў накiрунку да Эйюба.
– Выдатнае месца. Лепшай кватэры ў Канстанцiнопалi не знойдзеш, сказаў Стэйн i нацiснуў кнопку званка.
А Майет прыкiнуў, колькi яна каштуе i колькi iх фiрма выдаткоўвала на аплату гэтай кватэры.
Дзверы адчынiлiся. Стэйн назваў сваё прозвiшча пакаёўцы, i яны пайшлi па светлым, абцягнутым панелямi калiдоры, якi злавiў у пастку сонца памiж вокнамi, нiбыта нейкага рыжага звярка.
– Вы сябра сям'i?
– Так. Мы з бедалагам Экманам у апошнi час былi ў самых блiзкiх адносiнах, – сказаў Стэйн, шырока расчыняючы дзверы ў вялiкую халодную гасцёўню, дзе раяль, букет кветак i некалькi металiчных крэслаў нiбыта плавалi ў вясеннiм бледнавата-жоўтым паветры.
– Ну вось, Эма, я прывёў да вас мiстэра Карлтана Майета, ён хацеў наведаць вас.
У пакоi не было цёмных куткоў, нiдзе нельга было схавацца ад патоку мяккага шчодрага сонечнага святла, i мiсiс Экман не знайшла нiчога лепшага, як схавацца за раялем, якi распасцёрся памiж iмi, нiбыта палiраваная падлога. Яна была маленькая, сiвая i модна апранутая, але яе адзенне не пасавала да яе выгляду. Яна нагадала Майету старую пакаёўку ў iх доме, якая даношвала старую сукенку, падараваную гаспадыняй. Пад пахай у яе было нейкае шытво. Яна тонкiм галаском павiтала гасцей, не зводзячы вачэй з таго месца, дзе стаяла, нiбыта не рашаючыся выйсцi на залiтую сонечным святлом падлогу.
– Ну як, Эма, у вас ёсць якiя-небудзь звесткi пра мужа?
– Не. Яшчэ не. Не, – адказала яна i дадала з бездапаможнай усмешкай: Ён так не любiць пiсаць.
Яна прапанавала iм сесцi i пачала хаваць iголкi, нiткi, клубкi шэрсцi i абрэзкi фланелi ў вялiкi кошык пад шытво. Стэйн няўпэўнена паглядаў то на адно, то на другое металiчнае крэсла.
– Не магу зразумець, навошта бедалага Экман панакупляў усёй гэтай дрэнi, – шапнуў ён Майету.
– Вам не трэба хвалявацца, мiсiс Экман. Я перакананы, што сёння ваш муж дасць пра сябе вестку, – сказаў Майет.
Яна спынiла складваць шытво i пачала сачыць за губамi Майета.
– Праўда, Эма, як толькi бедалага Экман даведаецца, як добра мы паладзiлi з мiстэрам Майетам, ён паспяшаецца дадому.
– О, хай сабе ён нават не прыходзiць сюды, – з адчаем прашаптала мiсiс Экман з свайго кутка, аддаленага ад блiскучай падлогi. – Я б сама паехала да яго куды заўгодна. Хiба гэта дом! – усхвалявана ўсклiкнула яна, махнуўшы рукой i згубiўшы iголку i два маленькiя гузiкi.
– Так, я згодны, – заўважыў Стэйн i глыбока ўздыхнуў. – Не разумею, чаму вашаму мужу падабаецца ўся гэтая металiчная дрэнь. Па мне дык лепей купiць некалькi рэчаў з чырвонага дрэва i два крэслы, у якiх чалавек можа падрамаць.
– Але ж у майго мужа добры густ, – з адчаем сказала мiсiс Экман. Яна пазiрала з-пад моднага капялюшыка, нiбыта мышка, якая заблудзiлася ў шафе.
– Дык вось, я перакананы, вам не варта турбавацца пра мужа. Ён расхваляваўся з-за спраў – вось i ўсё. Няма нiякiх падстаў лiчыць, што ён... што з iм нешта здарылася благое, – нецярплiва ўмяшаўся Майет.
Мiсiс Экман выслiзнула з-за раяля i прайшла па пакоi, ламаючы рукi.
– Я баюся не гэтага, – сказала яна, стаўшы памiж iмi, а потым павярнулася i хутка пайшла назад у свой куток.
Майет быў здзiўлены.
– А чаго ж вы баiцеся?
Яна пахiтала галавой, паказаўшы на светлы пакой з металiчнай мэбляй.
– Мой муж такi сучасны, – сказала яна са страхам i гордасцю. Потым гордасць пакiнула яе, i, схаваўшы рукi ў кошык пад шытво, поўны гузiкаў i клубкоў шэрсцi, яна сказала: – Можа, ён проста мяне кiнуў.
– Ну, i што вы на гэта скажаце? – спытаў Стэйн, калi яны спускалiся па лесвiцы.
– Бедная жанчына.
– Так, так, бедная жанчына, – паўтарыў Стэйн з шчырым хваляваннем i паднёс да вачэй насоўку.
Яму хацелася есцi, але Майету трэба было нешта яшчэ зрабiць да снедання, а Стэйн хадзiў з iм паўсюль. Ён адчуваў, што ў кожным таксi, у якiм яны ехалi, iх блiзкасць узмацняецца, i зусiм незалежна ад iх планаў наконт Джанет Пардаў сяброўства з Майетам магло прынесцi Стэйну некалькi тысяч фунтаў у год. Таксi з грукатам спусцiлася па брукаванай вулiцы i выехала на забiты народам пляц каля галоўнага паштамта, а потым унiз па пагорку зноў да Галатэ i да докаў. Па бруднай лесвiцы яны паднялiся ў маленькую кантору, набiтую картатэкамi i папкамi для дакументаў, з адзiным акном, што выходзiла на глухую сцяну i параходную трубу, якая высоўвалася з-за гэтай сцяны. На падаконнiку ляжаў тоўсты слой пылу. У гэтым пакоi Экман вёў справы, у вынiку чаго з'явiлася яго вялiкая халодная гасцёўня. Гэта было падобна таму, як пажылая жыдоўка нараджае сваё апошняе дзiця, а з яго вырастае выдатны мастак. Вялiзны гадзiннiк, якi разам з пiсьмовым сталом займаў большую частку пакоя, прабiў двойчы, але Джойс быў ужо тут. Машынiстка схавалася ў нешта накшталт шафкi для захоўвання багажу ў глыбiнi пакоя.
– Ёсць якiя весткi ад Экмана?
– Нiякiх, сэр, – адказаў Джойс.
Майет прагледзеў некалькi пiсьмаў, а потым пакiнуў Джойса, як вернага сабаку, прынюхвацца да пiсьмовага стала Экмана i да яго грахоў.
– А цяпер паснедаем, – прапанаваў Майет. Стэйн аблiзаў губы. Прагаладалiся?
– Я сёння вельмi рана снедаў, – адказаў Стэйн без папроку ў голасе.
Аднак Джанет Пардаў i Сейвары iх не дачакалiся. Яны ўжо пiлi каву з лiкёрам у выкладзеным плiткамi рэстаране, калi тыя далучылiся да iх i пачалi гучна радавацца, што Майет i пляменнiца Стэйна сустрэлiся ў цягнiку i пасябравалi. Джанет Пардаў нiчога не сказала, яна толькi паглядзела скоса на Стэйна i ўсмiхнулася Майету. Яму здалося, што яна хацела сказаць: "Як мала ён пра нас ведае", i ён усмiхнуўся ёй у адказ, першы чым успомнiў, што ведаць асаблiва i няма чаго.
– Значыць, вы двое ехалi адной кампанiяй ад самога Кёльна? – сказаў Стэйн.
– Ну, я думаю, што ваша пляменнiца больш сустракалася са мною, умяшаўся ў размову мiстэр Сейвары.
Але Стэйн гаварыў сваё, не зважаючы на яго.
– Добра пазнаёмiлiся памiж сабой, га?
Джанет Пардаў злёгку раскрыла мякка акрэсленыя вусны i цiхенька сказала:
– О, у мiстэра Майета была там другая сяброўка, ён ведаў яе лепей за мяне.
Майет адвярнуўся, каб заказаць снеданне, а калi зноў пачаў услухоўвацца ў яе словы, яна гаварыла з цудоўнымi пяшчотнымi хiтрыкамi:
– О, ведаеце, яна была яго палюбоўнiцай.
Стэйн лагодна засмяяўся:
– Глядзiце, якi гарэза. Гляньце на яго, ён нават пачырванеў.
– Уявiце сабе, яна ад яго збегла, – кпiла Джанет Пардаў з Майета.
– Збегла? Хiба ён яе бiў?
– Ну, калi вы ў яго спытаеце, ён паспрабуе ахутаць усё тайнай. Калi паравоз зламаўся, ён паехаў на машыне назад да Субоцiцы, каб яе знайсцi. Яго вельмi доўга не было. А з якой таемнасцю распавядаў пра свае прыгоды! Ён дапамог нейкаму чалавеку ўцячы ад мытнiкаў.
– Ну, а дзяўчына? – спытаў Стэйн, дураслiва паглядаючы ў бок Майета.
– Сапраўды, я адчуваю сябе няёмка з-за гэтага, – пагадзiўся Майет. Патэлефаную консулу ў Белград.
– Тэлефануйце лепей сваёй бабулi! – весела ўсклiкнуў мiстэр Сейвары i трывожна паглядзеў на таго i на другога.
Ён меў такую звычку: калi ён поўнасцю давяраў сваiм субяседнiкам, то дазваляў сабе якi-небудзь прастамоўны выраз – у мiнулым яму гэта дапамагала за прылаўкам крамы i сярод прыказчыкаў. Яму дагэтуль часам было прыемна адчуваць, што ён – знакамiты пiсьменнiк, што жыве ў лепшых гатэлях, гаворыць як роўня з людзьмi, з якiмi некалi не асмельваўся нават загаварыць, хiба што цераз рулоны баўны цi груды абгортачнай паперы. Важныя дамы, што запрашалi яго на лiтаратурныя вечары, захаплялiся гэтай яго манерай выказвацца. Якi сэнс быў строiць з сябе пiсьменнiка, якi ўзвысiўся ад гандлёвага прылаўка, калi не захаваць ледзь прыкметных рысаў характару сваiх продкаў, не нагадаць, што некалi праводзiў распрадажы?
Стэйн сярдзiта глянуў на яго.
– Думаю, што вы зусiм правiльна зробiце, – сказаў ён Майету.
Сейвары збянтэжыўся. Гэтыя людзi належалi да той меншасцi, якая нiколi не чытала яго кнiг, не ведала, што ён прэтэндуе на ўвагу да сваёй асобы. Яны проста палiчылi яго вульгарным. Ён сеў глыбей у сваiм крэсле i спытаў у Джанет Пардаў:
– А доктар? Хiба ваша сяброўка не цiкавiлася доктарам?
Аднак Джанет заўважыла, што астатнiя ставяцца да яго зняважлiва, i не захацела згадваць тую доўгую сумную гiсторыю, якую ёй расказала мiсiс Уорэн. Яна рэзка яго абарвала:
– Я не магу ўспомнiць усiх, кiм цiкавiлася Мейбл. Нiчога не памятаю пра гэтага доктара.
Стэйн быў толькi супраць вульгарных выразаў мiстэра Сейвары. Яму вельмi спадабалася лёгкая, у рамках прыстойнасцi, балбатня пра нейкую дзяўчыну. Яна ўмацоўвала важную для яго дружбу з Майетам. Калi падалi першую страву, ён вярнуўся да гэтай размовы:
– А зараз раскажыце болей падрабязна пра тую, што захапiла ў палон сэрца Майета.
– Яна даволi мiленькая, – сказала Джанет Пардаў, спрабуючы быць велiкадушнай.
Сейвары глянуў на Майета, цi не пакрыўдзiўся той. Але Майет быў надта галодны, ён з асалодай еў сваё позняе снеданне.
– Яна танцуе на сцэне, здаецца? – спытаў яго Стэйн.
– Так. У вар'етэ.
– Я ж казала, што яна з вар'етэ, – заўважыла Джанет Пардаў. – Крыху праставатая. Вы яе i раней ведалi?
– Не, не, – паспешна адказаў Майет. – Чыста выпадковая сустрэча.
– Такое часта здараецца ў дальнiх цягнiках! – з палёгкай усклiкнуў Стэйн. – А колькi яна вам каштавала?
Ён злавiў погляд пляменнiцы i падмiргнуў ёй. Калi яна ў адказ усмiхнулася яму, ён узрадаваўся. Як было б сумна, калi б яна была адной з тых старамодных дзяўчат, пры якiх нельга гаварыць усё, што хочаш. Болей за ўсё яму падабалiся лёгкiя непрыстойнасцi ў прысутнасцi жанчын, аднак, вядома, пры ўмове, каб гэта ўсё не выходзiла за пэўныя рамкi. Ён незадаволена глянуў на мiстэра Сейвары.
– Дзесяць фунтаў, – сказаў Майет, кiўнуўшы афiцыянту.
– Ох, напрамiлы бог, як дорага! – усклiкнула Джанет Пардаў i з павагай паглядзела на яго.
– Я пажартаваў, – сказаў Майет. – Я не даваў ёй нiякiх грошай. Проста купiў ёй бiлет. Дый наогул мы проста пасябравалi. Яна вельмi добры чалавек.
– Ха-ха, – засмяяўся Стэйн.
Майет асушыў свой келiх. Па блакiтных плiтках да iх наблiжаўся афiцыянт, якi кацiў перад сабой столiк на калёсiках.
Майет адчуваў сапраўдную асалоду ад натуральнай вольнай бесцырымоннай атмасферы i лёгкага паху розных страў. У адной з суседнiх залаў iгралi канцэрт Рахманiнава. Можна было ўявiць, што ты ў Лондане. Гукi музыкi навявалi ўспамiны: людзi высоўвалiся з вокнаў цягнiка, злосна кпiлi са скрыпача, гаварылi памiж сабой.
– Яна закахалася ў мяне.
Ён нiколi не думаў, што вымавiць гэтыя словы ўголас у гэтым пустым блакiтным рэстаране, ён быў крыху збянтэжаны i злёгку ўзрушаны, калi зразумеў, што вымавiў iх уголас. Гэтыя словы прагучалi недарэчна, а ён зусiм не хацеў выхваляцца, дый чым тут асаблiва выхваляцца, калi цябе пакахала дзяўчына з вар'етэ. Ён пачырванеў, калi ўсе пачалi з яго кпiць.
– Ах, ужо гэтыя дзяўчаты, – сказаў Стэйн, пакруцiўшы галавой. Ведаюць, як акруцiць мужчыну. Гэта ўсё чароўнасць сцэны. Памятаю, калi я быў малады, часамi прастойваў каля артыстычнага пад'езда, каб толькi ўбачыць якую-небудзь распуснiцу з кардэбалета. Шакалад. Вячэры. – Ён на iмгненне прыпынiўся, убачыўшы добры кавалак дзiкай качкi ў сябе на талерцы. А потым дадаў: – Агнi Лондана.
– Калi ўжо размова пайшла пра тэатр, Джанет, я запрашаю вас сёння вечарам схадзiць са мной куды-небудзь, – сказаў Майет.
Ён назваў яе па iмi, адчуваючы сябе з ёй вольна, калi даведаўся, што мацi ў яе жыдоўка, а дзядзька ў яго ўладзе.
– Пайшла б з радасцю, але я ўжо абяцала мiстэру Сейвары паабедаць з iм.
– Мы маглi б пайсцi ў начное кабарэ.
Але ён не збiраўся дазволiць ёй абедаць з мiстэрам Сейвары. Цэлы дзень ён быў заняты справамi i не змог пабыць з ёю. Яму давялося правесцi ў канторы шмат гадзiн, разблытваючы ўсе справы, якiя Экман так адмыслова заблытаў. Дый яшчэ трэба было зрабiць пэўныя вiзiты. А палове чацвёртай, праязджаючы на машыне цераз iпадром, ён убачыў, як акружаны дзецьмi мiстэр Сейвары фатаграфуе, ён рабiў здымкi хутка, паспеў тры разы нацiснуць грушу, пакуль таксi праязджала мiма, i кожны раз дзецi здзекавалiся з яго. Толькi а палове сёмай Майет вярнуўся ў гатэль.
– Мiс Пардаў у сябе, Калебджан?
Калебджан ведаў усё, што адбываецца ў гатэлi. Яго поўная дасведчанасць тлумачылася толькi яго няўрымслiвасцю: ён раптам ныраў кудысьцi з парожняга хола, з шумам насiўся ўверх i ўнiз па лесвiцах, пранiкаў у самыя дальнiя гасцёўнi, а потым вяртаўся да сваёй канторкi i гультайнiчаў, зацiснуўшы рукi памiж каленямi.
– Мiс Пардаў пераапранаецца да абеду, мiстэр Карлтан Майет.
Аднойчы, калi адзiн з членаў урада пасялiўся ў гатэлi, Калебджан здзiвiў пунктуальнага супрацоўнiка брытанскай амбасады, калi той тэлефанаваў: "Яго правасхадзiцельства ў туалеце. Але ён будзе там не болей трох хвiлiн". Калебджан трушком бегаў па калiдорах, падслухоўваў каля дзвярэй ванных, потым вяртаўся да сваёй канторкi, дзе знемагаў без справы i займаўся толькi тым, што раскладваў па палiцах у сваёй галаве крохi атрыманых звестак. У гэтым быў сэнс жыцця Калебджана.
Майет пагрукаў у дзверы нумара Джанет Пардаў.
– Хто там?
– Можна зайсцi?
– Заходзьце. Не зачынена.
Джанет Пардаў амаль закончыла апранацца. Яе вячэрняе плацце ляжала ўпоперак ложка, а сама яна сядзела перад люстрам i пудрыла сабе рукi.
– Вы што, на самой справе збiраецеся абедаць з мiстэрам Сейвары?
– Я ж абяцала яму!
– Мы маглi б паабедаць у "Пера-паласе", а потым пайсцi ў "Пцi Шан".
– Вось было б цудоўна! – сказала Джанет Пардаў i пачала фарбаваць вейкi.
– Хто гэта? – Майет паказаў на вялiкую фатаграфiю ў складанай рамцы: жанчына з квадратным тварам. Валасы крута завiтыя, фатограф спрабаваў зарэтушаваць рэзкiя абрысы яе падбародка.
– Гэта Мейбл. Яна ехала са мной у цягнiку да Вены.
– Здаецца, я яе там не бачыў.
– Цяпер у яе кароткая стрыжка. Гэта старая фатаграфiя. Мейбл не любiць здымацца.
– Яна выглядае змрочнай.
– Я паставiла тут яе фота на выпадак, калi буду сябе паводзiць блага. Яна пiша вершы. На другiм баку напiсаны вершы, прысвечаныя мне. Па-мойму, неблагiя. Я нiчога не разумею ў паэзii.
– Можна мне прачытаць?
– Калi ласка. Вас, пэўна, пазабавiць, што нехта прысвячае мне вершы. Джанет Пардаў паглядзелася ў люстра.
Майет перавярнуў фатаграфiю i прачытаў:
Стройная, сцiплая, але, як вада, халодная
I недасягальная, хоць i чароўная,
Русалка, ведаю тваю я бяду:
Iмкнешся ты ў мора, а жывеш у стаўку.
Тут затхлы вiр, ды крышку пацярпi,
Ты хутка будзеш у шырокiм вольным моры.
– Верш нерыфмаваны. Цi з рыфмамi? А ўсё-такi, пра што гэты верш?
– Я думаю, што гэта камплiмент, – адказала Джанет Пардаў, палiруючы пазногцi.
Майет прысеў ускрай ложка i пачаў разглядаць Джанет. "Што б яна рабiла, калi б я паспрабаваў яе спакусiць?" – падумаў ён. Адказ ён ведаў: яна б засмяялася. Смех – лепшая зброя нявiнных дзяўчат.
– Вы не пойдзеце абедаць з мiстэрам Сейвары? У мяне такiя людзi выклiкаюць агiду. Выскачка з-пад прылаўка.
– Любы, я ж яму паабяцала. I апроч таго, ён генiй.
– Вы зараз спусцiцеся са мной унiз, хутка сядзеце ў таксi, i мы паедзем абедаць у "Пера-Палас".
– Бедалага, ён мне нiколi не даруе гэтага. А было б забаўна.
"Вось так яно будзе лепей, – падумаў Майет, папраўляючы чорны гальштук. – Зараз усё так проста, калi я ведаю, што ў яе мацi жыдоўка". Было так лёгка размаўляць з ёю за абедам i весцi яе пад руку, калi яны iшлi пешкi ад "Пера-Палас" да "Пцi Шан" каля ангельскай амбасады. Ноч была цёплая, вецер сцiх. Усе столiкi ў садзе былi занятыя. Субоцiца зрабiлася яшчэ болей нерэальная, калi ён нагадаў, як снег бiў яму ў твар. На сцэне францужанка ў смокiнгу важна хадзiла з ляскай пад пахай i спявала песеньку пра "маю цётачку" – дзякуючы Спiнелi гэтая песенька зрабiлася папулярная ў Парыжы гадоў пяць таму. Туркi смяялiся i лапаталi, як гарластыя хатнiя птушкi, пацягваючы каву i кiваючы маленькiмi, нiбыта пакрытымi пер'ем галовамi, а iх жонкi, з азызлымi, тупаватымi тварамi, толькi нядаўна вызваленымi ад чадры, сядзелi i моўчкi пазiралi на спявачку. Майет i Джанет Пардаў iшлi ўздоўж саду, шукаючы свабодны столiк, пакуль францужанка пранiзлiва крычала, смяялася i скакала, аднак яе непрыстойныя жарты не знаходзiлi водгуку ў абыякавых i невясёлых гледачоў. Пера крута спускалася ўнiз, каля iх ног агнi рыбацкiх лодак на Залатым Рагу ўспыхвалi, як кiшэнныя лiхтарыкi. Вакол сноўдалiся афiцыянты, разносячы каву.
– Наўрад цi знойдзем столiк. Давядзецца пайсцi ўсярэдзiну тэатра.
Нейкi таўстун памахаў iм рукой i ўсмiхнуўся.
– Вы яго ведаеце?
Майет крыху павагаўся i потым адказаў:
– Здаецца, ведаю... Яго прозвiшча Грунлiх.
Ён ясна бачыў гэтага чалавека толькi двойчы: адзiн раз, калi той садзiўся ў машыну, i другi раз, калi ён вылазiў з яе, каб перасесцi ў цягнiк, што стаяў на станцыi. Яго ўспамiны пра гэтага чалавека былi цьмяныя, здавалася, што некалi ён ведаў яго блiжэй, але гэта было даўно i ў нейкай iншай краiне. Ледзь яны мiнулi яго столiк, Майет адразу ж забыўся пра яго.
– Вунь свабодны столiк.
Пад сталом iх ногi дакранулiся. Францужанка, вiхляючы клубамi, знiкла, а з-за кулiс на сцэну колам пракацiўся мужчына. Ён падняўся на ногi, зняў брыль i сказаў нешта па-турэцку, i ўсе засмяялiся:
– Што ён сказаў?
– Я не пачуў.
Мужчына кiнуў у паветра брыль, злавiў яго, сагнуўшыся амаль удвая, i выкрыкнуў адно толькi слова. Усе туркi зарагаталi, i нават iх жонкi з азызлымi тварамi ўсмiхнулiся.
– Што ён сказаў?
– Гэта, мабыць, на дыялекце. Я не зразумеў.
– Мне зараз хочацца чаго-небудзь кранальнага. Занадта шмат выпiла за абедам i зрабiлася сентыментальнаю.
– Тут добрая ежа, праўда? – з гордасцю сказаў Майет.
– Чаму вы не знялi нумар тут? Кажуць, гэта лепшы гатэль.
– Ну, ведаеце, наш таксама неблагi, i мне падабаецца Калебджан. Ён заўсёды ўздзейнiчае на мяне, як заспакаяльнае.
– Але ж усё-такi тут лепшая публiка...
На сцэне танцавала група дзяўчат у шортах i ў гвардзейскiх шапках. На шыях у iх вiселi свiсткi, аднак туркi за столiкамi не зразумелi сэнсу гэтага вiдовiшча – iм было нязвыкла бачыць гвардзейцаў у шортах.
– Думаю, што гэта ангельскiя дзяўчаты, – сказаў Майет i раптам нахiлiўся наперад.
– Вы знаёмы з кiм-небудзь з iх?
– Я думаў... спадзяваўся... – Але ён, прынамсi, спалохаўся, калi з'явiлiся "Дзяўчаты Дана". Корал не гаварыла яму, што збiраецца танцаваць у "Пцi Шан", аднак хутчэй за ўсё яна яшчэ i сама гэтага не ведала. Ён нагадаў, як яна, набраўшыся храбрасцi, углядалася ў поўную розных гукаў цемру.
– Мне падабаецца "Пера-Палас".
– Мне давялося неяк тут жыць, але са мной здарылася адна непрыемнасць, таму я тут не жыву болей.
– Скажыце мне, якая непрыемнасць. Ну, не ламайцеся, раскажыце.
– Дык вось. Слухайце. Са мной была сяброўка. Здавалася, вельмi мiлая iстота.
– З вар'етэ?
"Дзяўчаты Дана" заспявалi:
Сэрца палае, калi малады,
I не баiшся нiякай бяды.
– "Iдзiце сюды, да нас", – спявалi "Дзяўчаты Дана". Некалькi ангельскiх маракоў, якiя сядзелi ў канцы залы, запляскалi ў далонi i закрычалi:
– Пачакайце нас. Мы iдзём.
Адзiн марак i праўда пачаў прабiрацца памiж столiкамi да сцэны:
Як у цябе жыццё?
Скажы ты чэсна.
У гатэлi ты адзiн,
А нумар твой двухмесны.
Марак упаў на спiну, i ўсе засмяялiся: ён быў зусiм п'яны.
– Гэта было жахлiва, – працягваў расказваць Майет. – Яна раптам звар'яцела каля дзвюх гадзiн ночы. Крычала i бiла ўсё наўкол. Начны парцье падняўся наверх, i ўсе пастаяльцы павыходзiлi на калiдор. Яны падумалi: я зрабiў з ёй нешта благое.
– А што вы зрабiлi?
– Нiчога. Я моцна спаў. Гэта выглядала жахлiва. З таго часу я нават на адну ноч не магу заставацца тут.
– "Iдзiце сюды. Iдзiце сюды".
– Якая яна была з сябе?
– Я нiчога пра яе не памятаю.
– Вы не ўяўляеце, як мне абрыдла жыць з жанчынай, – цiха сказала Джанет Пардаў.
Iх рукi выпадкова сустрэлiся на стале i так i засталiся побач. Праекцыйныя лiхтарыкi, якiя вiселi ў кустах, адбiвалiся ў яе каралях. У самым канцы саду, за яе плячыма, Майет убачыў Стэйна, якi прабiраўся памiж столiкамi з люлькай у руцэ. Гэта была масiраваная атака. Яму трэба было б толькi нахiлiцца да яе i зрабiць ёй прапанову, i тады будзе ўладкавана не толькi яго сямейнае жыццё, але i нешта большае: ён купiць фiрму Стэйна за прапанаваную iм цану, i той будзе цалкам задаволены, – бо яго пляменнiца будзе членам праўлення. Стэйн падышоў блiжэй i памахаў яму люлькай: яму давялося абысцi п'янiцу, якi валяўся на зямлi, i ў час гэтай перадышкi ў Майета не ўзнiкла нiякай iншай думкi, якая б пярэчыла яго будучаму сямейнаму шчасцю. Ён згадаў Корал i iх нечаканую дзiвосную сустрэчу: тады ён не думаў, што ўсё гэта так звыкла, як дым цыгарэты, але яе твар ён памятаў цьмяна, магчыма, таму што ў цягнiку было амаль цёмна. Яна была бландзiнка, яна была тоненькая, але ён не мог успомнiць рысаў яе твару. "Я зрабiў для яе ўсё, што змог, – запэўнiваў ён сябе, – i, прынамсi, мы ўсё адно рассталiся б праз некалькi тыдняў. А мне ўжо час заводзiць сям'ю".
Стэйн iзноў памахаў люлькай, а "Дзяўчаты Дана" тупнулi ножкамi i засвiсталi ў свiсткi.
Памятаю, на вакзале
Мы нашу цётку сустракалi.
Фью, фью, фью.
– Не вяртайся да яе. Застанься са мной, – сказаў Майет.
Падышоў экспрэс Стамбульскi,
Нам насустрач брылi, блузкi.
Фью, фью, фью.
Яна кiўнула галавой, i рукi iх з'ядналiся. "Цiкава, кантракт ужо ў кiшэнi ў Стэйна?" – падумаў Манет.