Текст книги "Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)"
Автор книги: Грэм Грин
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 14 страниц)
– Усё зусiм добры, – вымавiў ён i паказаў на будынкi.
– Можна мне толькi папярэдзiць свайго сябра? – папрасiла яна.
Ён пакруцiў галавой, усмiхнуўся, узяў яе пад руку i беражлiва павёў прэч ад цягнiка.
Чакальная зала была парожняя, калi не лiчыць доктара. Усярэдзiне залы шугаў у печы агонь. Акно было аздоблена ўзорамi, намаляванымi марозам. Корал увесь час памятала пра зацiснутае ў руцэ пiсьмо. Салдат асцярожна i далiкатна ўвёў яе ў залу i прычынiў дзверы, не замкнуўшы iх.
– Што iм ад мяне трэба? – спытала яна. – Мне нельга спазнiцца на цягнiк.
– Не бойцеся, – адказаў доктар. – Я iм усё растлумачу, i яны адпусцяць вас праз пяць хвiлiн. Калi вас захочуць абшукаць, не супрацiўляйцеся. Пiсьмо ў вас адабралi?
– Не.
– Лепей аддайце яго мне. Я не хачу ўблытваць вас у непрыемнасцi.
Яна працягнула яму руку, i якраз у гэты момант дзверы адчынiлiся, увайшоў салдат, усмiхнуўся, падбадзёрваючы яе, i адабраў у яе пiсьмо. Доктар Цынер звярнуўся да яго, i салдат хутка адказаў яму нешта: у яго былi прастадушныя i маркотныя вочы. Калi ён iзноў выйшаў, доктар Цынер сказаў:
– Яму самому ўсё гэта не па душы. Ён атрымаў загад назiраць за намi праз замочную шчылiну.
Корал Маскер села на драўляную лаву i выпрастала ногi да печы.
– Вы зусiм спакойная.
– А якi сэнс хвалявацца? Яны ўсё роўна нiчога не разумеюць. Мой сябра хутка пачне мяне шукаць.
– Гэта праўда, – з палёгкай вымавiў ён. I, счакаўшы крыху, дадаў: – Вы, пэўна, здзiўляецеся, чаму я не прашу прабачэння за прычыненую вам непрыемнасць... Бачыце, ёсць нешта такое, што я лiчу больш важным, чым любая непрыемнасць. Баюся, што вы мяне не зразумееце.
– Куды ўжо мне? – сказала яна з горкiм гумарам, згадаўшы мiнулую ноч. У марозным паветры пачуўся доўгi свiсток, i яна са страхам схамянулася. – Гэта не наш цягнiк? Мне нiяк нельга спазнiцца.
Доктар Цынер падышоў да акна. Ён ачысцiў далоняй запацелую ўнутраную паверхню шыбы i паглядзеў скрозь марозныя ўзоры.
– Не, гэта падае сiгнал паравоз на другiм пуцi. Пэўна, паравозы мяняюць. На гэта пойдзе шмат часу. Не бойцеся.
– Ах, я нiчога не баюся, – сказала яна, iзноў сеўшы на мулкую лаву. Мой сябар хутка тут з'явiцца. Тады ўжо будзе iх чарга баяцца. Ён жа, ведаеце, вельмi багаты чалавек.
– Вось як?
– Так, i паважаны. Ён узначальвае фiрму. Яны маюць справу з разынкамi. – Яна засмяялася. – Ён прасiў мяне ўспамiнаць пра яго, калi я буду есцi пудзiнг з разынкамi.
– Вось як?
– Але. Ён мне падабаецца. Ён такi добры да мяне. Зусiм не падобны на iншых жыдоў. Яны наогул добрыя, але ён... як бы сказаць вам... Ён сцiплы i сарамлiвы.
– Вiдаць, ён вельмi шчаслiвы чалавек.
Дзверы адчынiлiся, i два салдаты ўпiхнулi ў залу нейкага мужчыну. Доктар Цынер шпарка прайшоў наперад, паставiў нагу ў праём дзвярэй i цiха загаварыў з салдатамi. Адзiн салдат нешта адказаў яму, а другi пхнуў яго назад у залу i замкнуў дзверы на ключ.
– Я спытаўся ў iх, чаму нас тут затрымалi. Растлумачыў, што вам трэба паспець на цягнiк. Адзiн сказаў: нiчога важнага, афiцэр хоча задаць вам некалькi пытанняў. Цягнiк пойдзе не раней, чым праз паўгадзiны.
– Дзякуй.
– А я? – шалёна ўсклiкнуў мужчына, якi толькi што прыбыў. – А я?
– Наконт вас я нiчога не ведаю, гер Грунлiх.
– Усё гэтыя мытнiкi. Яны прыйшлi i пачалi мяне абшукваць. Забралi рэвальвер. Пытаюцца: "Чаму вы не зрабiлi дэкларацыi, што ў вас рэвальвер?" Я кажу: "Нiхто не пагодзiцца падарожнiчаць па сваёй волi па вашай краiне без рэвальвера".
Корал Маскер засмяялася. Ёзеф Грунлiх злосна глянуў на яе, потым абцягнуў пакамячаную камiзэльку, зiрнуў на гадзiннiк i прысеў. Паклаўшы рукi на тоўстыя каленi, ён зрабiўся маўклiвы i задуменны.
"Ён, пэўна, дапалiў ужо сваю цыгарэту, – думала Корал. – Вярнуўся ў купэ, хапiўся, што мяне няма. Вiдаць, пачакаў хвiлiн дзесяць, а потым спытаў у каго-небудзь з салдат на станцыi, цi не ведае ён, дзе я. Праз некалькi хвiлiн ён мяне знойдзе". Яе сэрца скаланулася, калi ключ павярнуўся ў замку, яна была здзiўлена, што ён так хутка напаў на яе след, – але ў залу ўвайшоў не Майет, а мiтуслiвы светлавалосы афiцэр. Ён аддаў праз плячо нейкi загад двое салдат увайшлi за iм i сталi каля дзвярэй.
– Але што тут здарылася? – спытала Корал у доктара Цынера. – Яны думаюць, што мы вязём кантрабанду?
Яна не разумела, пра што гэтыя iншаземцы гавораць памiж сабой, i раптам ём зрабiлася страшна, яна разгубiлася, усвядомiўшы, што, нават калi б гэтыя людзi i захацелi ёй дапамагчы, яны не разумеюць яе, не ведаюць, чаго яна хоча.
– Скажыце iм, што мне трэба ехаць гэтым цягнiком. Папрасiце iх паведамiць майму сябру, – сказала яна доктару Цынеру.
Не слухаючы яе, ён нерухома стаяў каля печы, засунуўшы рукi ў кiшэнi, i адказваў на пытаннi афiцэра. Яна павярнулася да немца, якi, седзячы ў кутку, утаропiўся ў наскi сваiх чаравiкаў.
– Скажыце вы iм, што я нi ў чым не вiнаватая, калi ласка.
Той на iмгненне падняў вочы i з нянавiсцю паглядзеў на яе. Нарэшце доктар Цынер сказаў ёй:
– Я спрабаваў растлумачыць iм, што вы нiчога не ведаеце пра тую запiску, якую я перадаў вам, але яны кажуць, што павiнны яшчэ затрымаць вас, пакуль начальнiк палiцыi не задасць вам пытаннi.
– Ну, а як наконт цягнiка? – умольна спытала яна. – А як жа цягнiк?
– Думаю, што ўсё абыдзецца. Цягнiк будзе стаяць тут яшчэ паўгадзiны. Я прасiў яго паведамiць вашаму сябру, i ён абяцаў падумаць над гэтым.
Яна падышла да афiцэра i кранула яго за руку.
– Я павiнна ехаць гэтым цягнiком. Павiнна. Зразумейце мяне, калi ласка.
Ён скiнуў яе руку i пачаў ёй выгаворваць рэзкiм, уладарным тонам, прычым пенснэ кiвала ў такт яго гаворкi, але за што канкрэтна ён яе ўпiкаў, яна не разумела. Потым афiцэр выйшаў з залы.
Корал прыхiлiлася тварам да шкла. Скрозь прасветы ў марозных узорах было вiдаць, як уздоўж пуцi туды-сюды ходзiць немец. Яна паспрабавала знайсцi вачыма вагон-рэстаран.
– Ён прыйшоў? – спытаў доктар Цынер.
– Зараз iзноў пойдзе снег, – сказала яна i адышла ад акна. Ёй раптам абрыдла яе недарэчнае, бязглуздае становiшча. – Чаго iм ад мяне трэба? Навошта трымаюць мяне тут?
– Гэта нейкая прыкрая недарэчнасць. Яны перапалоханыя. У Белградзе было паўстанне, – паспрабаваў супакоiць яе доктар. – Iм патрэбен толькi я. Вось у чым уся справа.
– Але ж чаму? Вы ж ангелец.
– Не. Я тутэйшы, – сказаў ён з адценнем горычы.
– А ў чым ваша вiна?
– Я паспрабаваў змянiць рэжым, – растлумачыў доктар, даючы зразумець, як ён не любiць ярлыкоў. – Я камунiст.
– Але навошта? Навошта? – ускрыкнула яна, гледзячы на доктара з жахам, не ў сiлах схаваць, наколькi пахiснуўся яе давер да таго адзiнага чалавека, якi, акрамя Майета, мог i хацеў ёй дапамагчы. Нават яго добрыя адносiны да яе ў цягнiку здавалiся ёй падазронымi. Яна падышла да лаўкi i села як мага далей ад немца.
– Каб растлумачыць вам навошта, спатрэбiцца шмат часу.
Яна не слухала яго, не хацела ўдумвацца ў сэнс нiводнага яго слова. Цяпер яна ставiлася да яго, як да тых галадранцаў, што наладжваюць дэманстрацыi на Трафальгарскiм пляцы, ходзяць з брыдкiмi плакатамi: "Пралетарыi ўсiх краiн, яднайцеся!", "Верныя паплечнiкi Ўолтгемстваў", "Бэлемскае аддзяленне лiгi маладых рабочых". Гэтыя прайдзiсветы хочуць павесiць усiх багацеяў, забаранiць тэатры i прымусiць яе займацца свабоднай любоўю ў летнiм лагеры, а потым iсцi на дэманстрацыi па Оксфард-стрыт пад сцягам з надпiсам: "Брытанскiя работнiцы".
– Болей часу, чым я маю, – дадаў ён.
Корал не звярнула ўвагi на яго словы. У той момант яна ставiла сябе непараўнана вышэй за яго. Яна была каханкай багацея, а ён – працоўны. Калi яна нарэшце ўспомнiла пра яго, дык сказала са шчырым абурэннем i з пагардай:
– Думаю, вас пасадзяць у турму.
– Лiчу, што мяне расстраляюць.
Яна са здзiўленнем утаропiлася ў яго, забыўшыся на тое, што ў iх розныя перакананнi:
– Чаму?
Ён усмiхнуўся крыху самазадаволена:
– Яны баяцца такiх, як я.
– У Ангельшчыне чырвоным дазваляюць гаварыць, што хочаш i колькi хочаш. I палiцыя стаiць i слухае iх.
– Ну, тут iстотная рознiца. Мы не абмяжоўваем сябе толькi размовамi.
– Але ж будзе суд?
– Нешта накшталт суду. Мяне павязуць у Белград.
Недзе прагучаў ражок, i пранiзлiвы свiсток працяў марознае паветра.
– Вiдаць, манеўруюць, – сказаў доктар Цынер, спрабуючы супакоiць яе.
Паласа дыму працягнулася звонку мiма вокнаў, i ў зале зрабiлася цёмна, загучалi галасы, людзi пабеглi ўздоўж чыгункi. Буферы памiж вагонамi забразгалi, сутыкнулiся, напружылiся, i тонкiя сцены затрэслiся ад руху поршняў, ад грукату цяжкiх колаў. Калi дым разышоўся, Корал Маскер цiха прысела на драўляную лаву. Гаварыць нiчога не хацелася, i ногi ў яе былi халодныя як лёд. Але крыху пазней яна адчула ў маўчаннi доктара Цынера асуджэнне.
– Ён вернецца за мной. Вось пабачыце, – вымавiла яна з цеплынёй у голасе.
Нiнiч сунуў вiнтоўку пад паху i пачаў пляскаць рукамi ў пальчатках.
– Ад гэтых новых паравозаў шмат шуму, – сказаў ён, гледзячы, як цягнiк выцягнуўся, нiбы гума, апiсаў дугу i знiк.
Стрэлкi застагналi i вярнулiся на ранейшае месца. На сустрэчным пуцi падняўся семафор. З будкi выйшаў чалавек, сышоў па прыступках, перасек лiнiю i знiк з вачэй у напрамку да невялiкага дамка.
– Пайшоў абедаць, – з зайздрасцю сказаў напарнiк Нiнiча.
– За ўвесь час, пакуль я тут, нiколi не было, каб паравоз нарабiў столькi шуму, – сказаў Нiнiч.
Тут ён пачуў словы напарнiка:
– Маёру панеслi гарачы абед з казармы.
Але Нiнiч не паведамiў яму пра прыезд з Белграда начальнiка палiцыi ён зберагаў гэтую навiну для жонкi.
– Ты шчаслiвец. Я часта думаю, як добра з'есцi сапраўды абед. Думаю, няблага было б i мне ажанiцца, калi бачу, як твая жонка прыходзiць да цябе кожны ранак.
– Няблага, – стрымана пагадзiўся Нiнiч.
– Скажы, што яна табе прыносiць?
– Бохан хлеба i кавалак кiлбасы. Часам трошкi масла. Яна неблагая дзяўчына.
Аднак на душы ў яго было неспакойна. "Я яе не варты, я хацеў бы быць багатым, каб купiць ёй сукенку i пацеркi, пайсцi з ёй у тэатр у Белградзе". Спачатку ён з зайздрасцю падумаў пра дзяўчыну-iншаземку, замкнёную ў зале чакання, пра яе адзенне, якое здалося яму шыкоўным, пра яе зялёныя пацеркi, але, параўнаўшы дзяўчыну з сваёй жонкай, ён хутка кiнуў зайздросцiць ёй, а ў душы яго зацеплiлася добрае пачуццё да iншаземкi. Паляпваючы сваiмi вялiкiмi няўклюднымi рукамi, ён з захапленнем думаў пра прыгажосць i кволасць жанчын.
– Прачнiся, – прашаптаў напарнiк, i абодва салдаты выпрасталiся i сталi нерухома па стойцы "смiрна" ў той час, калi з дарогi да станцыi павярнула машына, крышачы ледзяную корку на зямлi i раскiдваючы пырскi.
– Каго там чэрцi прынеслi? – прашаптаў напарнiк Нiнiча, ледзь варушачы вуснамi, але Нiнiч з гонарам падумаў: "А я ведаю, i раней ведаў, што гэты высокi з ордэнскiмi калодкамi афiцэр – начальнiк палiцыi", ён нават ведае прозвiшча другога афiцэра, якi, быццам гумавы мячык, выскачыў з машыны i трымаў дзверцы адчыненыя, пакуль палкоўнiк Хартэп не вылез.
– Ну i месцейка, – весела сказаў палкоўнiк Хартэп, але тут жа незадаволена паглядзеў спачатку на гразь, а потым на свае начышчаныя да бляску боты.
Капiтан Алексiч надзьмуў круглыя чырвоныя шчокi.
– Не маглi б ужо хаця дошкi пакласцi.
– Ну што вы, мы ж палiцыя. Нас не любяць. Бог ведае якi яшчэ нас сняданак чакае. Ну ты, салдат, – ён паказаў пальцам на Нiнiча, – дапамажы шафёру выгрузiць гэтыя скрынкi. Пастарайцеся, каб вiно не боўталася i бутэлькi стаялi.
– Маёр Петкавiч, пан палкоўнiк...
– Не звяртайце ўвагi на маёра Петкавiча.
– Даруйце, – вымавiў рэзкi, незадаволены голас маёра за Нiнiчам.
– Зразумела, маёр, – палкоўнiк Хартэп усмiхнуўся i пакланiўся, – але я перакананы, дараваць вам няма чаго.
– Гэты салдат вартуе арыштаваных.
– Значыцца, вы затрымалi некалькi чалавек. Мае вiншаваннi.
– Двух мужчын i адну дзяўчыну.
– У такiм разе, я лiчу, што надзейны замок, вартавы, штых, вiнтоўка i дваццаць абоймаў патронаў вырашаць усе праблемы.
Маёр Петкавiч аблiзаў губы.
– Палiцыя, вядома, лепей ведае, як ахоўваць турму. Я пасую перад прафесiяналам. Выгружайце ўсё з машыны, – загадаў ён Нiнiчу, – i перанясiце да мяне ў кабiнет.
Ён павёў афiцэраў за рог залы чакання i знiк з вачэй. Нiнiч глядзеў iм услед, пакуль шафёр не крыкнуў яму:
– Не магу ж я сядзець у машыне i чакаць цэлы дзень. Варушыцеся! Вы, салдаты, зусiм адвыклi ад працы.
Ён пачаў выгружаць скрынкi з машыны, адзначаючы ўсё, што там было.
– Паўскрынкi шампанскага. Халодная качка. Фрукты. Дзве бутэлькi каньяку. Кiлбаса, пячэнне да вiна. Зялёная салата. Алiвы.
– Вось здорава! – усклiкнуў напарнiк Нiнiча. – Неблагая ежа!
Нейкае iмгненне знямелы Нiнiч стаяў, утаропiўшыся ва ўсё гэтае багацце. Потым цiха сказаў:
– Сапраўдны банкет.
Ён ужо перанёс каньяк, шампанскае, качку ў кабiнет маёра, калi ўбачыў сваю жонку. Яна iшла па дарозе i несла яму абед, загорнуты ў белую палаценку. Яна была маленькая, цёмнавалосая, з вясёлай хiтрынкай у вачах, плечы ахутаныя ў хустку, на нагах вялiкiя боты. Нiнiч паставiў скрынку з фруктамi i пайшоў ёй насустрач.
– Я затрымаюся ненадоўга, – сказаў ён цiха, так, каб яго не пачуў шафёр. – Пачакай мяне. Я павiнен табе нешта расказаць.
Ён з сур'ёзным выглядам вярнуўся да працы.
Жонка села ўскрай дарогi, назiраючы за iм, але калi ён выйшаў з кабiнета маёра, дзе стол быў рассунуты i афiцэры пiлi перад снеданнем вiно, яна ўжо знiкла, пакiнуўшы абед на абочыне дарогi.
– Дзе мая жонка? – спытаў ён у свайго напарнiка.
– Пагаварыла з шафёрам i потым пайшла назад у баракi. Нiбыта была нечым усхваляваная.
Нiнiча ахапiла расчараванне. Ён смакаваў наперад, як будзе расказваць жонцы, навошта прыехаў палкоўнiк Хартэп, а цяпер вось шафёр апярэдзiў яго. I так заўсёды. Жыццё салдата – сабачае жыццё. Гэтыя цывiльныя атрымоўваюць вялiкае жалаванне, абгульваюць салдат у карты, дрэнна да iх ставяцца i нават ублытваюцца ў справы салдата i яго жонкi. Але яго абурэнне было нядоўгае. Ён зможа расказаць ёй яшчэ i пра iншыя сакрэты, толькi варта навастрыць вушы i не зяваць. Ён крыху счакаў, а потым перанёс апошнюю скрынку ў кабiнет маёра. Шампанскае там лiлося ракой. Усе трое гаварылi разам, пенснэ маёра Петкавiча звалiлася яму на каленi.
– Такiя грудзi, такiя сцёгны, – гаварыў капiтан Алексiч. – Я сказаў пану палкоўнiку, калi б я быў на вашым месцы...
Маёр Петкавiч, абмакнуўшы палец у вiно, крэмзаў на абрусе нейкiя лiнii.
– Першае правiла: нiколi не рабi ўдараў па флангах, бi ў цэнтр.
Палкоўнiк Хартэп быў зусiм цвярозы. Ён смалiў, адкiнуўшыся на спiнку крэсла.
– Вазьмiце крышачку французскай гарчыцы, пятрушкi...
Але малодшыя афiцэры не звярталi на яго нiякай увагi. Ён злёгку ўсмiхнуўся i напоўнiў келiхi.
Iзноў пайшоў снег, i паверх нанесеных ветрам сумётаў доктар Цынер бачыў, як ахопленыя цiкаўнасцю сяляне з Субоцiцы з цяжкасцю прабiралiся цераз чыгуначныя пуцi i цягнулiся да залы чакання. Адзiн селянiн так блiзка падышоў да акна, што мог зазiрнуць у залу i разгледзець твар доктара. Iх аддзяляла некалькi футаў, заiнелая аконная шыба, размаляваная марознымi ўзорамi. Доктар Цынер мог бы палiчыць маршчынкi на твары селянiна, убачыць колер яго вачэй i вывучыць з прафесiйнай цiкавасцю нейкую балячку на шчацэ. Абодва салдаты адганялi сялян прыкладамi вiнтовак. Сяляне адыходзiлi да чыгункi, але потым iзноў прарывалiся назад, безнадзейна ўпартыя i бязглуздыя.
У зале вельмi доўга панавала маўчанне. Доктар Цынер вярнуўся да печы. Дзяўчына сядзела сцiснуўшы рукi i малiлася, каб яе каханы як найхутчэй вярнуўся да яе, i па тым, як Корал спрабавала схаваць гэта, доктар здагадаўся, што яна не прызвычаiлася малiцца i рабiла гэта амаль што ўпершыню. Яна была вельмi спалоханая, i ён з халоднай спагадай усвядомiў, як моцна яна баiцца.
Жыццёвы вопыт падказваў яму дзве рэчы: малiтвы, як правiла, застаюцца без адказу, а такi выпадковы каханы i не думае вяртацца да яе.
Доктар Цынер шкадаваў, што ўблытаў яе ў гэтую справу, але толькi ў такой ступенi, як мог бы шкадаваць пра необходнасць iлгаць. Ён заўсёды пагаджаўся з неабходнасцю ахвяраваць сваёй асабiстай маральнай чысцiнёй. Толькi партыя, якая прыйшла да ўлады, мае права на згрызоты сумлення. Калi б яны былi ў яго, ён тым самым прызнаў бы, што сумняваецца ў надзвычайнай важнасцi сваёй справы. Але такiя разважаннi яго засмучалi, i вось чаму: ён разумеў, што зайздросцiць дабрачынным людзям, якiм ён мог бы быць гэтаксама, калi б быў заможны i ўладарны. Ён з радасцю быў бы шчодры, мiласэрны, дакладна прытрымлiваўся б законаў гонару, калi б яго дзейнасць увянчалася поспехам, калi б свет можна было перарабiць па тым узоры, пра якi ён марыў i да якога так палымяна iмкнуўся.
– Вы шчаслiвая, калi верыце, што ён вам дапаможа, – злосна сказаў ён.
Але, са здзiўленнем, ён зразумеў, што Корал, сама таго не ведаючы, дапамагла яму развеяць адчай, заснаваны на старанна распрацаваных, але памылковых высновах.
– Я не веру, – адказала яна, – але ж трэба мець хоць якую-небудзь надзею.
Яго ўразiла, як хутка яна зраклася сваёй веры i зрабiла гэта не таму, што з цяжкасцю авалодала творамi пiсьменнiкаў-рацыяналiстаў i вучоных дзевятнаццатага стагоддзя: яна была народжаная дзеля бязвер'я гэтаксама непазбежна, як ён дзеля веры. Некалi ён ахвяраваў усiм, каб зрабiцца такiм жа няверуючым, i на iмгненне яму захацелася пасеяць у яе душы парасткi сумнення, той паўверы, якая прымусiла б яе спадзявацца на свой розум. Але гэтае жаданне хутка прайшло, i ён паспрабаваў падбадзёрыць яе.
– Ваш сябар прыедзе па вас з Белграда.
– А можа, у яго не будзе часу.
– Тады ён тэлеграфуе брытанскаму консулу.
– Магчыма, – вымавiла яна з сумненнем.
Падзеi мiнулай ночы, успамiны пра пяшчоты Майета знiклi з яе памяцi, нiбы асветлены сонцам мол пагрузiўся ў цемру. Яна паспрабавала згадаць яго вобраз, але дарэмна: ён знiк, нiбы растаў ў натоўпе людзей, якiя прыйшлi на вакзал, каб праводзiць яе ў дарогу. Незадоўга да гэтага яна пачала разважаць, чым жа ён вылучаецца сярод усiх знаёмых ёй жыдоў. Нават яе цела, якое адпачыла i вылечылася, але страцiла разам з болем свой таемны спакой, ясна адчувала, што нiякай рознiцы няма: усе яны падобныя адзiн на аднаго. Яна паўтарыла ўголас: "Вядома ж", – бо саромелася свайго нявер'я. I ва ўсякiм разе наракаць няма чаго, – яна ж не ў горшым становiшчы, чым iншыя зняволеныя, хiба што спознiцца на дзень у вар'етэ. "Такiх, як ён, процьма", – думала яна, адчуваючы, аднак, што ёй усё-такi дарагiя гэтыя далёка не бязвоблачныя ўспамiны.
Немец, седзячы, спаў у кутку. Павекi ў яго пацепвалiся, гатовыя расплюшчыцца пры самым нязначным гуку. Ён звыклы адпачываць у самых нязручных месцах i выкарыстоўваў усякую магчымасць для перадышкi. Калi адчынiлiся дзверы, яго вочы адразу насцярожылiся.
Увайшоў вартаўнiк, махнуў рукой i нешта крыкнуў. Доктар Цынер паўтарыў яго словы па-ангельску:
– Нам загадана выходзiць.
У адчыненыя дзверы надзьмула снегу, i на парозе ўзнiк шэры грудок. Яны ўбачылi сялян, што скупiлiся каля чыгункi. Ёзеф Грунлiх падняўся, абцягнуў пiнжак i пхнуў доктара Цынера локцем у бок.
– А цi не ўцячы нам зараз, усiм разам, пакуль iдзе снег?
– Яны пачнуць страляць.
Вартаўнiк iзноў нешта крыкнуў iм i махнуў рукой.
– Яны ж усё адно будуць страляць, га? Навошта нас выводзiць адгэтуль?
Доктар Цынер павярнуўся да Корал Маскер:
– Думаю, што вам баяцца няма чаго. Вы пойдзеце?
– Вядома. – Потым яна папрасiла ўмольна: – Пачакайце мяне хвiлiнку, я згубiла насоўку.
Высокая хударлявая постаць доктара сагнулася, нiбыта шэры цыркуль, апусцiлася на каленi i выцягнула насоўку з-пад лавы. Нязграбнасць доктара прымусiла яе ўсмiхнуцца, i, забыўшыся на свае турботы, яна падзякавала яму з перабольшанай гарачнасцю. Калi пакiнулi залу, доктар Цынер пайшоў, нахiлiўшы галаву, хаваючы твар ад снегу i ўсмiхаючыся сваiм думкам. Адзiн вартаўнiк iшоў паперадзе, а другi следам за iмi, з вiнтоўкай наперавес, з прымкнутым штыхом. Яны размаўлялi памiж сабой цераз галовы арыштаваных на мове, якую яна не разумела, i вялi яе невядома куды. Сяляне караскалiся на адхон, шлёпалi па гразi, пераступаючы праз рэйкi: яны падыходзiлi блiжэй, iм карцела паглядзець на арыштаваных, i яна крыху баялася iх смуглявых твараў i таго невядомага i таемнага, што адбывалася.
– Чаму вы ўсмiхаецеся? – спытала яна ў доктара Цынера, спадзеючыся пачуць, што ён знайшоў спасаб вызвалiць iх усiх, дагнаць цягнiк, павярнуць назад стрэлкi гадзiннiка.
– Сам не ведаю. А хiба я ўсмiхаюся? Напэўна, таму, што я зноў дома.
На iмгненне яго вусны сцялiся, але потым iзноў расцягнулiся ў лёгкай усмешцы, а вочы, якiя аглядалi ўсё наўкол праз запацелае шкло акуляраў, здавалiся вiльготныя, i ў iх не адлюстроўвалася нiчога, акрамя нейкага незразумелага пачуцця шчасця.
3
Майет глядзеў, як попел цыгары рабiўся ўсё даўжэйшы, i разважаў. Яму вельмi падабалiся тыя хвiлiны, калi застаешся сам-насам i, не чакаючы нiякай знявагi нi ад каго, адчуваеш, што цела тваё задаволенае, а страсцi затухлi. Мiнулай ноччу ён марна спрабаваў працаваць: памiж лiчбамi ўвесь час мiльгаў твар дзяўчыны, – цяпер яна заняла адпаведнае ёй месца. Калi надыдзе вечар, яна зноў зробiцца жаданай i прыйдзе да яго – думаючы пра гэта, ён адчуваў пяшчоту i ўдзячнасць за тое, што, пакiнуўшы яго, яна не пакiнула за сабой непрыемнага следу. Цяпер, нават не гледзячы на свае паперы, ён памятаў лiчбы, якiя раней не мог размясцiць у адпаведным парадку. Ён памнажаў, дзялiў, адымаў, i доўгiя калонкi лiчбаў самi сабой узнiкалi на аконным шкле, за якiм непрыкметна праходзiлi, як прывiды, постацi мытнiкаў i насiльшчыкаў. Потым нехта папрасiў яго паказаць пашпарт – тут попел асыпаўся з яго цыгары, i ён вярнуўся ў купэ паказаць мытнiку свой багаж. Корал там не было, i ён падумаў, што яна ў туалеце. Мытнiк паказаў на яе сакваяж.
– А гэта чый?
– Сакваяж не замкнёны. Дама выйшла. Але там няма чаго глядзець.
Застаўшыся зноў адзiн, ён прылёг у кутку i заплюшчыў вочы – так яму зручней было абдумваць справы Экмана, – але калi цягнiк адышоў ад Субоцiцы, ён заснуў. Яму снiлася, што ён падымаецца па лесвiцы ў кватэру Экмана. Вузкая, не пакрытая дываном, неасветленая, яна магла б весцi ў кватэру каля Лейстэр-сквера, якая карысталася благой рэпутацыяй, а не ў штаб найбуйнейшых у Эўропе iмпарцёраў разынак. Ён не памятаў, як прайшоў праз дзверы. У наступны момант ён ужо сядзеў сам-насам з Экманам. Памiж iмi ляжаў агромiсты стос папер, а Экман пагладжваў свае цёмныя вусы i пастукваў па стале вечным пяром, у той час як павук аблытваў павуцiнай на стале пустую чарнiлiцу. Кантора была цьмяна асветлена электрычнай лямпачкай, а ў куточку на металiчнай кушэтцы сядзела мiсiс Экман i вязала дзiцячую кофтачку.
"Я прызнаю ўсё, – сказаў Экман. Раптам яго крэсла паднялося, ён аказаўся высока над галавой Майета i пачаў грукаць аўкцыйным малатком. Адказвайце на мае пытаннi: вы прысягалi. Не ўвiльвайце. Адказвайце: так цi не. Вы спакусiлi дзяўчыну?"
"Як вам сказаць?"
Экман выскубнуў аркуш паперы з сярэдзiны стоса, павышморгваў яшчэ некалькi папер, пакуль стос не захiстаўся i не звалiўся на падлогу з такiм грукатам, нiбыта пасыпалiся цаглiны.
"Вось справа рук Джэрвiса. Хiтрая работа, скажу я вам. Вы ўжо заключылi кантракт з членамi праўлення, але ўсё адцягваеце, не хочаце яго падпiсваць".
"Усё было згодна з законам".
"А тыя дзесяць тысяч фунтаў Стаўрагу, калi вы ўжо мелi прапанову на пятнаццаць тысяч?"
"Гэта звычайная дзелавая аперацыя".
"А дзяўчына з Спанiердз-роўд? А тысяча фунтаў клерку Моўлта за iнфармацыю?"
"Чым жа я горшы за вас? Адказвайце хутчэй. Не ўвiльвайце. Адказвайце: так цi не. Мiлорд i шаноўныя прысяжныя засядацелi, злачынец на лаве падсудных..."
"Я прашу слова. У мяне ёсць што сказаць. Я невiнаваты".
"Па якiм артыкуле? Якога кодэксу? Паводле права Справядлiвасцi? Па Законе Царкоўнай Дзесяцiны? Адмiралцейскага цi Каралеўскага суду? Адказвайце мне хутчэй. Не ўвiльвайце. Адказвайце: так цi не. Тры ўдары малатком. Прададзена. Прададзена. Гэтая цудоўная прыбытковая фiрма, джэнтэльмены".
"Пачакайце хвiлiнку. Я скажу вам. Кароль Георг. Год 111, абзац 4, Вiкторыя 2504. I сярод махляроў ёсць сумленныя людзi".
Экман, раптам зрабiўшыся зусiм маленькiм у гэтай мiзэрнай канторы, загаласiў, заламваючы рукi. I ўсе прачкi, якiя тапталiся ў ручаi на глыбiнi па калена, паднялi галовы i загаласiлi, а ў гэты час сухi вецер змятаў пясок з марскiх пляжаў, з шумам гнаў яго на лiставы лес, i голас, хутчэй за ўсё голас Экмана малiў яго зноў i зноў: "Вярнiся". Потым пустыня загойдалася пад нагамi, i ён расплюшчыў вочы. Цягнiк стаяў. Снег заляпiў вагоннае шкло. Корал яшчэ не вярнулася.
Раптам нехта ў хвасце цягнiка пачаў рагатаць i здзекавацца з некага. Да яго далучылiся iншыя, i яны свiсталi i лаялiся. Майет паглядзеў на гадзiннiк. Ён праспаў болей дзвюх гадзiн. I пэўна, нагадаўшы голас, якi чуў у сне, пачаў хвалявацца за Корал. З паравознай трубы iшоў дым, i чалавек у спяцоўцы з заляпаным сажай тварам стаяў каля паравоза, безнадзейна аглядаючы яго. Некалькi пасажыраў трэцяга класа аклiкнулi яго, ён павярнуўся, пахiтаў галавой, пацiснуў плячыма – выгляд у яго быў зычлiвы, але разгублены. Начальнiк цягнiка шпарка iшоў уздоўж пуцi, адыходзячы ад паравоза. Майет спынiў яго:
– Што здарылася?
– Нiчога. Нiчога асаблiвага. Невялiкая няспраўнасць.
– Мы надоўга затрымаемся тут?
– Не, зусiм ненадоўга. На гадзiну, магчыма, на паўтары гадзiны. Мы выклiкалi па тэлефоне другi паравоз.
Майет зачынiў акно i выйшаў на калiдор. Корал нiдзе не было вiдаць. Ён прайшоў уздоўж цягнiка, заглядаючы ў купэ, спрабуючы адчынiць дзверы туалетаў, пакуль не дайшоў да вагонаў трэцяга класа. Тут ён згадаў чалавека са скрыпкай i доўга шукаў яго ў смярдзючых купэ з жорсткiмi драўлянымi лаўкамi, i нарэшце знайшоў – гэта быў невялiкi несамавiты чалавек з запаленымi вачыма.
– Сёння ўвечары я наладжваю вячэру, – сказаў яму Майет па-нямецку, – i хачу, каб вы пайгралi мне. Я заплачу вам пяцьдзесят пара*.
* Югаслаўская манета, адна сотая дынара.
– Семдзесят пяць, ваша правасхадзiцельства.
Майет спяшаўся, яму хацелася як найхутчэй знайсцi Корал.
– Ну, добра, хай будзе семдзесят пяць.
– Вы жадаеце што-небудзь журботнае, меланхалiчнае, кранальнае да слёз, ваша правасхадзiцельства?
– Нi ў якiм разе. Я хачу што-небудзь радаснае, вясёлае.
– Ах, вось яно што? Гэта абыдзецца даражэй.
– Чаму?
– Яго правасхадзiцельства, вiдаць, iншаземец. Ён не разумее. Такая завядзёнка ў нашай краiне: браць за вясёлыя спевы даражэй, чым за маркотныя. О, гэта надта стары звычай. Паўтара дынара.
I раптам, нягледзячы на нецярплiвасць i тугу, Майетам авалодала жаданне патаргавацца. Грошы тут не мелi нiякага значэння, гаворка iшла пра нейкiя там паўкроны, але гэта было дзелавое пагадненне, i ён не збiраўся ўступаць.
– Семдзесят пяць пара. Нi на грош болей.
Скрыпач ветлiва ўсмiхнуўся: iншаземец прыйшоўся яму па сэрцы.
– Дынар трыццаць пара. Гэта маё апошняе слова, ваша правасхадзiцельства. Я прынiзiў бы сваю прафесiю, калi б запрасiў меней.
Пах чэрствага хлеба i пракiслага вiна ўжо не раздражняў Майета: такi пах быў на рынку яго продкаў. Гэта была сапраўдная паэма дзелавых зносiн выйгрыш цi пройгрыш тут не меў анiякага значэння, – iшла барацьба за пары, а кожная з iх каштавала меней чвэрцi пенса. Майет пераступiў парог купэ, але не сеў.
– Восемдзесят пара.
– Ваша правасхадзiцельства, кожнаму чалавеку трэба жыць. Адзiн дынар дваццаць пяць. Я пасаромеўся б узяць меней.
Майет прапанаваў скрыпачу цыгарэту.
– Шклянку ракii, ваша правасхадзiцельства.
Майет кiўнуў i, не грэбуючы, узяў тоўстую шклянку з адбiтым краем.
– Восемдзесят пяць пара. Хочаце – пагаджайцеся, хочаце – не.
Яны пiлi i палiлi разам, цудоўна разумеючы адзiн аднаго, i таргавалiся ўсё болей люта.
– Вы абражаеце мяне, ваша правасхадзiцельства. Я ж усё-такi музыка.
– Восемдзесят шэсць пара – гэта маё апошняе слова.
Трое афiцэраў сядзелi за сталом, келiхi былi ўжо прынятыя. Два салдаты з вiнтоўкамi з прымкнутымi штыхамi стаялi каля дзвярэй. Доктар Цынер з цiкаўнасцю сачыў за палкоўнiкам Хартэпам: апошнi раз ён бачыў яго на судзе над Камнецам, калi ён, насуперак правасуддзю, спрытна кiраваў сваiмi iлжэсведкамi. Гэта было пяць гадоў таму, аднак гады мала што змянiлi ў яго знешнiм выглядзе. Валасы гэтаксама прыгожа серабрылiся на яго скронях, толькi ў куточках вачэй з'явiлася некалькi дабрадушных зморшчыкаў.
– Маёр Петкавiч, – сказаў ён, – прачытайце, калi ласка, абвiнаваўчае заключэнне падсудным. Прапануйце даме крэсла.
Доктар Цынер выняў рукi з кiшэняў плашча i працёр акуляры. Ён прымусiў свой голас гучаць цвёрда, аднак не змог стрымаць лёгкага трымцення рук.
– Абвiнаваўчае заключэнне? – спытаў ён. – Што вы маеце на ўвазе? Хiба гэта суд?
Маёр Петкавiч, трымаючы ў руцэ паперу, абарваў яго:
– Змоўкнiце!
– Гэта разумнае пытанне, маёр, – сказаў палкоўнiк Хартэп. – Доктар быў за мяжой. Бачыце, – працягваў ён мякка i вельмi зычлiва, – мы мусiлi былi прыняць рашучыя захады, каб забяспечыць вашу бяспеку. У Белградзе ваша жыццё было б у небяспецы. Народ настроены супраць паўстання.
– Усё адно я не разумею, якое вы маеце права абыходзiцца без папярэдняга следства.
– Гэта ваенны трыбунал. Ваеннае становiшча было абвешчана ўчора на свiтанку, – растлумачыў палкоўнiк Хартэп. – Маёр Петкавiч, пачынайце.
Маёр Петкавiч пачаў чытаць доўгi, напiсаны ад рукi дакумент, многiя месцы яму цяжка было разабраць.
– "Арыштаваны Рычард Цынер... змова супраць урада... пазбег пакарання за iлжэсведчанне... фальшывы пашпарт. Арыштаваны Ёзеф Грунлiх абвiнавачваецца ў нашэннi зброi. Арыштаваная Корал Маскер абвiнавачваецца ў саўдзеле з Рычардам Цынерам у змове супраць урада". – Ён паклаў паперу на стол i сказаў палкоўнiку Хартэпу: – Я не ўпэўнены ў законнасцi складу гэтага суду. Абвiнавачаныя павiнны мець абаронцу.
– Так, ваша праўда, гэта, вядома, памылка. Магчыма, вы, маёр?..
– Не. Суд павiнен складацца, прынамсi, з трох афiцэраў, сама меней.
– Не турбуйцеся. Я абыдуся без абаронцы, – перабiў яго доктар Цынер, гэтыя двое не разумеюць нiводнага слова з таго, што вы гаворыце. Яны не будуць супраць таксама.
– Гэта не па правiлах, – сказаў маёр Петкавiч.
Начальнiк палiцыi паглядзеў на гадзiннiк.
– Я прыняў пад увагу ваш пратэст, маёр. Цяпер мы можам пачынаць.
Тоўсты афiцэр кiўнуў, паднёс да рота руку i падмiргнуў Хартэпу.
– Дзевяноста пара.
– Адзiн дынар.
Майет патушыў цыгарэту. Ён ужо найграўся.
– Ну, згодзен. Адзiн дынар. Сёння а дзевятай гадзiне вечара.
Ён хутка вярнуўся ў сваё купэ. Але Корал там усё яшчэ не было. Пасажыры выходзiлi з цягнiка, размаўлялi, смяялiся, пацягвалiся. Машынiста акружыў невялiкi натоўп, i ён з гумарам тлумачыў прычыну аварыi. Хоць наўкол не было вiдаць нiводнага будынка, некалькi сялян ужо з'явiлiся каля цягнiка, яны прадавалi бутэлькi з мiнеральнай вадой i ледзянцы на палачках. Шаша праходзiла паралельна чыгунцы, iх раздзяляла толькi града снежных сумётаў. Шафёр нейкага грузавiка гудзеў клаксонам i гучна крычаў: