355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Грэм Грин » Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке) » Текст книги (страница 13)
Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:20

Текст книги "Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)"


Автор книги: Грэм Грин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 14 страниц)

– Прарвёмся праз iх? – абыякавым тонам спытаў шафёр. Нага яго была гатовая нацiснуць акселератар.

– Не, не! – усклiкнуў Майет.

У яго не было падстаў нарывацца на непрыемнасцi з-за незнаёмага чалавека. Ён убачыў салдат з лiхтарыкамi. У шэрых шынялях, з рэвальверамi. Машына спынiлася памiж iмi, пераскочыўшы першую рэйку i застыўшы ў нахiленым становiшчы, нiбыта выцягнутая на бераг лодка. Адзiн салдат нешта сказаў, а шафёр перавёў яго словы на нямецкую мову.

– Ён хоча праверыць вашы дакументы.

Ёзеф Грунлiх спакойна адкiнуўся на сядзеннi, перакрыжаваўшы ногi. Адной рукой ён лянiва перабiраў срэбны ланцужок. Калi адзiн з салдат злавiў яго погляд, ён злёгку ўсмiхнуўся i кiўнуў яму: Грунлiха можна было прыняць за заможнага i гаварлiвага гандляра, якi падарожнiчае ў кампанii свайго сакратара. Майет жа нерваваўся, схаваўшыся ў каўнер футра, ён успомнiў воклiч той кабеты: "Праклятыя жыды", варожы погляд вартаўнiка, нахабнасць клерка. Якраз у такiх забытых богам мясцiнах, сярод скаваных марозам палёў i худога быдла яшчэ жывая была тая моцная старажытная нянавiсць, ад якой цывiлiзаваны свет спакваля пазбаўляўся. Салдат скiраваў святло свайго лiхтарыка яму ў твар i з нецярплiвай пагардай паўтарыў свой загад. Майет выцягнуў пашпарт, салдат узяў яго i, трымаючы дагары нагамi, уважлiва вывучаў iльва i аднарога, потым вымавiў па-нямецку адзiнае знаёмае яму слова:

– Engander?*

* Ангелец? (ням.)

Майет кiўнуў, салдат кiнуў пашпарт на сядзенне i паглыбiўся ў вывучэнне дакументаў шафёра – яны разгортвалiся ў доўгую палоску, нiбыта дзiцячая кнiжка з малюнкамi. Ёзеф Грунлiх непрыкметна нахiлiўся наперад i ўзяў з пярэдняга сядзення пашпарт Майета. Ён шырока ўсмiхнуўся, калi чырвонае святло лiхтарыка асвяцiла яго твар i ўпала на пашпарт. Вартаўнiк паклiкаў напарнiка, яны стаялi i разглядвалi Грунлiха, асветленага лiхтарыкам, цiха перагаворваючыся памiж сабой, не звяртаючы ўвагi на яго грымасы.

– Чаго iм трэба? – незадаволена спытаў ён з застылай усмешкай на тлустым твары.

Адзiн салдат аддаў загад, якi пераклаў шафёр:

– Устаньце!

З пашпартам Майета ў адной руцэ, перабiраючы другой срэбны ланцужок, ён падпарадкаваўся загаду, i яны асвятлiлi яго лiхтарыкам з ног да галавы. Ён быў без палiто i дрыжаў ад холаду. Адзiн салдат засмяяўся i пхнуў яго пальцам у жывот.

– Яны правяраюць, цi сапраўды яно належыць яму? – растлумачыў вадзiцель.

– Што?

– Ваша пуза.

Ёзефу Грунлiху давялося зрабiць выгляд, што ён прымае гэтую абразу за жарт, i ён усмiхнуўся. Яго павага да сябе была абражана нейкiмi двума боўдзiламi, якiх ён болей нiколi не ўбачыць. Некаму iншаму давядзецца паплацiцца за такую абразу, а ён заўсёды ганарыўся тым, што нiколi не спускаў крыўдзiцелям: зараз гэта яго ўзяло за жывое. Ён адвёў душу, папрасiўшы шафёра па-нямецку:

– А вы не можаце iх збiць?

I працягваў шырока ўсмiхацца салдатам i памахваць пашпартам, пакуль тыя нешта абмяркоўвалi, аглядаючы яго з ног да галавы. Потым яны адступiлi, кiўнулi шафёру, i той уключыў старцёр. Машына пераехала рэйкi, спусцiлася з насыпу, потым павольна выбралася на доўгую, з глыбокiмi каляiнамi, палявую дарогу, i Ёзеф Грунлiх, азiрнуўшыся назад, убачыў два чырвоныя агеньчыкi, якiя гойдалiся ў цемрадзi, нiбыта папяровыя лiхтарыкi.

– Чаго iм ад нас было трэба?

– Некага шукалi, – адказаў шафёр.

Ёзеф Грунлiх усё гэта добра ведаў. Хiба ж не ён забiў Кольбера ў Вене? Хiба ж не ён уцёк усяго гадзiну таму з Субоцiцы на вачах у вартаўнiкоў? Хiба ж не ён быў такi кемлiвы, спрытны хлапец, жвавы i паваротлiвы? Яны перакрылi машынам усе шляхi, а ён усё роўна здолеў выслiзнуць. Аднак у глыбiнi душы ў яго ўсё-такi было лёгкае сумненне: калi б яны шукалi яго, дык абавязкова затрымалi б. Не, яны шукалi некага iншага. Лiчылi некага iншага больш важным злачынцам. Разаслалi, вiдаць, апiсанне таго старога лайдака, доктара, а не Ёзефа Грунлiха. Але ж гэта ён забiў Кольбера дый яшчэ выхваляўся: "За пяць год яшчэ нiводнага разу не сядзеў я ў турме!" Вялiкая хуткасць яго ўжо не палохала. Калi яны iмчалi скрозь iмжу ў старой рыпучай машыне, ён цiха сядзеў i змрочна разважаў над тым, як многа ў жыццi несправядлiвага.

Корал Маскер прачнулася з нейкiм дзiвосным пачуццём i не адразу ўцямiла, дзе знаходзiцца. Яна села, i мех са збожжам зарыпеў пад ёй. Гэта быў адзiны гук – шоргат снегападу спынiўся. Корал са страхам прыслухалася i зразумела, што засталася зусiм адна. Доктар Цынер памёр: яна ўжо больш не чула яго дыхання. Аднекуль здалёк, скрозь змрок, да яе даляцеў гук рухавiка, якi пераключыўся на iншую хуткасць. Гук дакрануўся да яе слыху, нiбыта гэта быў спачувальны дотык хатняга сабакi, ён лашчыцца да яе i абнюхвае яе. "Калi доктар Цынер памёр, нiчога мяне тут болей не затрымлiвае. Я пайду пашукаю машыну. Калi там салдаты, яны нiчога мне не зробяць, а можа, гэта..." Страснае жаданне не дазволiла ёй закончыць фразы, якая нагадала раскрытую дзюбу галоднай птушкi. Яна абаперлася на руку, каб утрымаць раўнавагу, прысела на кукiшкi i дакранулася да твару доктара. Ён не зварухнуўся, i, хоць твар быў яшчэ цёплы, яна навобмацак адчула, што вакол вуснаў у яго запяклася кроў, быццам старая сухая скура. Яна ўскрыкнула, але тут жа прымусiла сябе заспакоiцца i засяродзiцца, яна знайшла запалкi i запалiла скрут з газеты. Але рука ў яе дрыжала. Нервы не вытрымалi тых бедаў, якiя звалiлiся на яе, хоць яна i стрымлiвала сябе. Ёй здавалася, што ўвесь мiнулы тыдзень яна мусiла была ўвесь час нешта вырашаць, нечага баяцца, хаваючы свой страх. "Узяць хоць бы гэтую працу ў Канстанцiнопалi. Ехаць туды цi адмовiцца? У агента чакае вялiзная чарга дзяўчат". Яна нагадала Майета, якi соваў у яе руку бiлет, кватэрную гаспадыню з яе парадамi, страх перад невядомым, якi раптам агарнуў яе на прычале ў Остэндэ, калi памочнiк капiтана крычаў ён нешта наўздагон, каб яна не забывалася пра яго.

У святле паходнi яе зноў уразiў усёразумеючы погляд доктара. Але разуменне гэтае застыла, яно назаўсёды застанецца нязменным. Яна адвяла вочы, потым глянула зноў, але нiчога не змянiлася. "Я не думала нават, што яму так блага. Мне нельга тут заставацца". Яна нават падумала, цi не абвiнавацяць яе ў яго смерцi. Гэтыя чужаземцы, з незразумелай ёй мовай, здатныя на ўсё. Але з нейкай дзiўнай цiкаўнасцi яна марудзiла, пакуль не дагарэў скрут. "Цi была ў яго калi ў жыццi дзяўчына?" Ад гэтай думкi ён страцiў колiшнюю значнасць i паважнасць i ўжо не быў для яе жахлiвым мерцвяком. Яна разглядала яго твар уважлiвей, чым адважылася б калi-небудзь раней. Непахiснасць сышла ад яго разам з жыццём. Яна ўпершыню заўважыла, што рысы яго твару былi надзiва рэзкiя. Калi б яго твар не быў такi худы, ён не рабiў бы гэткага агiднага ўражання: пэўна, толькi вечныя клопаты i мiзэрнае харчаванне надавалi яго твару глыбакадумнасць i пэўную адухоўленасць. Нават на смяротным ложы, у мiгатлiвым блакiтным святле скрута з газеты, твар яго здаваўся вельмi сур'ёзным. "Напэўна, у адрозненнi ад большасцi мужчын, у яго нiколi не было дзяўчыны. Калi б ён быў блiзкi з жанчынай, якая хоць крышку пакпiла б з яго, ён не ляжаў бы цяпер тут, не браў бы ў жыццi ўсё так блiзка да сэрца, навучыўся б не злавацца, дазволiў бы падзеям iсцi сваiм парадкам толькi так i трэба было яму жыць". Яна дакранулася да яго доўгiх вусаў. Яны былi смешныя, яны былi кранальныя, i таму знешнi выгляд яго нiколi не быў трагiчны. Потым скрут дагарэў, i для яе доктар быў ужо пахаваны, – ад усяго, што яна прачытала на яго твары, i ад усяго, што яна потым думала пра яго, яе ўвагу адцягнуў няясны гук блiзкай машыны i нечых крокаў. Значыць, яе крык усё-такi пачулi.

Вузкая палоска святла пранiкла праз няшчыльна зачыненыя дзверы. Пачулiся галасы. Нейкая машына ехала па дарозе з цiхiм бурчаннем. Крокi пачалi аддаляцца, недзе адчынiлiся дзверы, i скрозь тонкiя сцены пунi яна пачула, як нехта ходзiць памiж мяхамi ў суседнiм пакоi, паблiзу забурчаў сабака. Ёй прыйшлi на памяць пляскатыя, аднастайныя палi каля Нотынгема, нядзеля, маленькая кампанiя шахцёраў, з якiмi яна некалi пайшла паляваць на пацукоў, сабака па мянушцы Спот. Сабака то забягаў у свiран, то выбягаў адтуль, а яны стаялi ўсе кружком, узброеныя палкамi. Цяпер знадворку пра нешта спрачалiся, але яна не магла пазнаць нiводнага знаёмага голасу. Машына спынiлася, хоць рухавiк працягваў цiха працаваць.

Потым дзверы пунi адчынiлiся, i святло скокнула ўверх на мяхi. Яна прыўзнялася на локцi i ўбачыла скрозь шчылiну ў сваёй барыкадзе бледнага афiцэра ў пенснэ i таго салдата, якi стаяў на варце каля дзвярэй залы чакання. Яны накiравалiся да яе, i тут нервы яе здалi: яна не змагла вытрываць тых пакутлiвых хвiлiн, пакуль яны будуць яе шукаць. Яны былi ўжо зусiм блiзка ад яе, i, калi яна ўсхапiлася i крыкнула: "Я тут!" – афiцэр скокнуў да яе, выхапiўшы рэвальвер. Потым ён убачыў, хто гэта, i задаў ёй нейкае пытанне, застыўшы пасярод пунi з накiраваным на яе рэвальверам. Корал здалося, што яна зразумела яго, i яна сказала:

– Ён памёр.

Афiцэр нешта загадаў – салдат падышоў i пачаў павольна раскiдваць мяхi. Гэта быў той самы салдат, якi спынiў яе па дарозе да вагона-рэстарана, i ў першы момант яна адчула да яго нянавiсць, пакуль ён не ўзняў галавы i не ўсмiхнуўся ёй сарамлiвай усмешкай, нiбыта просячы ў яе прабачэння, у той час як афiцэр, стоячы ззаду, падганяў яго рэзкiмi нецярплiвымi загадамi. Раптам, калi салдат адцягнуў ад выхаду з пячоры апошнi мех, iх твары амаль сутыкнулiся, i ў гэтую секунду ў яе ўзнiкла такое пачуццё, быццам ён збiраецца выдаць ёй нейкую тайну.

Калi маёр Петкавiч убачыў, што доктар ляжыць нерухома, ён перасек пуню i накiраваў свой лiхтарык на яго мёртвае цела. Доўгiя вусы зрабiлiся светлымi ад моцнага промня, а расплюшчаныя вочы адлюстравалi яго, быццам металiчныя пласцiнкi. Маёр працягнуў рэвальвер салдату. Лагоднасць, рэшта немудрагелiстага шчасця, якiя хавалiся за беднасцю, рассыпалiся ўшчэнт. Здавалася, усе падлогi ў нейкiм будынку правалiлiся, толькi сцены заставалiся стаяць. Салдата агарнуў жах, яму было не па сiле вымавiць нi слова, не мог зварухнуцца з месца. Рэвальвер так i застаўся на далонi ў маёра Петкавiча. Маёр стрымаў сябе. Ён цвёрда глядзеў на салдата, з цiкаўнасцю вывучаючы яго скрозь залатое пенснэ. Маёр дасканала ведаў усе пачуццi людзей, якiя жывуць у казармах. Апроч пашарпаных кнiг па германскай стратэгii, на яго палiцах стаялi некалькi томiкаў па псiхалогii: ён, як спаведнiк, ведаў самыя iнтымныя падрабязнасцi iх жыцця. Ведаў, наколькi яны жорсткiя, наколькi добрыя, наколькi хiтрыя i прастадушныя, ведаў, як яны весяляцца – ракiя, гульнi ў карты, вiно i жанчыны, ведаў iх славалюбныя мары, хоць, вядома, яны зводзiлiся да таго, каб расказаць жонцы якую цiкавую цi кранальную гiсторыю. Ён ведаў лепей за ўсiх, як пакараць кожнага з iх i як зламаць волю падначаленага. Раней ён злаваўся, калi салдат марудна адцягваў мяхi, але цяпер злосць прайшла. Ён пакiнуў рэвальвер у сябе на далонi i зусiм спакойна паўтарыў загад, гледзячы скрозь залатую аправу пенснэ.

Салдат апусцiў галаву, выцер рукой нос i, хваравiта насупiўшыся, кiнуў погляд на другi канец пунi. Потым узяў рэвальвер i, прыцiснуўшы яго да рота доктара Цынера, спынiўся. Ён крыху павагаўся, паклаў руку на плячо Корал i рыўком павярнуў яе тварам унiз. Лежачы на падлозе, яна пачула стрэл. Салдат выратаваў яе ад гэтага вiдовiшча, але яе ўяўленне запоўнiла ўсё. Яна ўсхапiлася i пабегла да дзвярэй, на бягу яе заванiтавала. Яна спадзявалася, што ў цемры ёй будзе лягчэй, але тут, нiбыта ўдар па галаве, на яе абрушылася святло ад фар машыны. Прыхiлiўшыся да дзвярэй, яна паспрабавала супакоiцца, адчуваючы сябе бясконца адзiнокай, чым у тыя хвiлiны, калi яна прачнулася i ўбачыла, што доктар Цынер памёр. Ёй адчайна, да болю захацелася быць зараз з Майетам. Людзi ўсё яшчэ спрачалiся каля машыны, у паветры чуўся лёгкi пах спiртнога.

– Чорт падзяры... – прамовiў нечый голас.

Людзi расступiлiся, i сярод iх з'явiлася мiс Уорэн. Твар у яе быў чырвоны, узбуджаны i пераможны. Яна схапiла Корал за руку:

– Што тут адбываецца? Не, не. Не трэба расказваць нiчога зараз. Вам блага. Вы неадкладна пойдзеце са мной, далей ад гэтых жахаў.

Памiж ёй i машынай стаялi салдаты. З пунi выйшаў афiцэр i далучыўся да iх. Мiс Уорэн хутка шапнула:

– Абяцайце ўсё, што хочаце. Не мае нiякага значэння тое, што вы скажаце.

Яна паклала вялiкую руку на рукаў афiцэра i пачала лiслiвым тонам у нечым яго пераконваць. Ён спрабаваў перапынiць яе, але яна яго перабiвала. Ён зняў пенснэ i збянтэжана працёр яго. Пагрозы былi б дарэмныя, можна было б пратэставаць усю ноч, але яна прапанавала яму адзiнае выйсце, адмовiцца ад якога было б пайсцi супраць яго натуры, – цвярозы розум. Апроч разумнага ўчынку, якi яна яму прапанавала, яна гэтаксама раiла яму прыняць пад увагу i iншую, больш значную акалiчнасць – вышэйшыя дыпламатычныя меркаваннi. Ён iзноў працёр пенснэ, кiўнуў i здаўся. Мiс Уорэн схапiла яго за руку i моцна пацiснула яе, глыбока ўдавiўшы яму ў скурчаны ад болю палец свой пярсцёнак-пячатку.

Корал апусцiлася на зямлю. Мiс Уорэн дакранулася да яе, але дзяўчына паспрабавала скiнуць яе руку. Шум сцiхнуў, зямля ў маўчаннi наплывала на яе. Аднекуль здалёк нечый голас вымавiў: "У вас хворае сэрца", i яна зноў расплюшчыла вочы, чакаючы ўбачыць маршчынiсты твар доктара. Аднак аказалася, што яна ляжыць на заднiм сядзеннi машыны, i мiс Уорэн накрывае яе пледам. Яна налiла келiх каньяку i паднесла да рота Корал. Машына, скрануўшыся з месца, штурхнула iх адна да адной, каньяк расплюхаўся па яе падбароддзi. Корал усмiхнулася чырвонай п'янай фiзiяномii, якая клапатлiва глядзела на яе.

– Паслухайце, любая, спачатку я вазьму вас з сабой у Вену. Я магу тэлеграфаваць гэтую карэспандэнцыю адтуль. Калi якi-небудзь паршывы нягоднiк паспрабуе вас падкупiць, нiчога яму не адказвайце. Не адкрывайце рота нават для таго, каб сказаць "не".

Словы гэтыя былi незразумелыя Корал. Яна адчувала боль у грудзях. Бачыла, як знiкаюць агнi станцыi, калi машына павярнула назад да Вены, i з упартай адданасцю спрабавала здагадацца, дзе зараз Майет. Ад болю ёй цяжка было дыхаць, але яна вырашыла не гаварыць нi слова. Гаварыць нешта, апiсваць свой боль, прасiць дапамогi азначала б на нейкi час прагнаць з галавы яго твар, яе вушы не чулi б яго голасу, якi шаптаў, што яны будуць рабiць разам у Канстанцiнопалi. "Я першая яго не забуду", – упарта думала яна, адганяючы прывiды: ярка-чырвоны водблiск машыны, якая iмчыцца па цёмнай дарозе, погляд доктара Цынера ў святле скрута з газеты. Нарэшце адчайная барацьба з болем, з нястрымным жаданнем закрычаць, з памутнелай свядомасцю адабралi ў яе нават тыя прывiды, якiя яна спрабавала прагнаць.

"Я памятаю, я не забылася". Але яна не магла болей стрымлiвацца i адзiн раз застагнала. Стогн быў такi слабы, што стук рухавiка заглушыў яго. Ён не дайшоў да вушэй мiс Уорэн гэтаксама, як i сказаныя пазней шэптам словы: "Я не забылася".

– Толькi для нашай газеты, – сказала мiс Уорэн, барабанячы пальцамi па пледу. – Я хачу, каб гэта было надрукавана толькi ў нас. Гэта мой матэрыял, – заявiла яна з гонарам, песцячы недзе ў глыбiнi свядомасцi – за газетнымi артыкуламi i за свiнцовым друкарскiм шрыфтам – мару пра Корал у пiжаме, якая налiвае каву, пра Корал, якая размешвае кактэйлi, пра Корал, якая спiць у адрамантаванай кватэры.

Частка пятая

КАНСТАНЦIНОПАЛЬ

– Алё, алё. Мiстэр Карлтан Майет ужо прыехаў?

Маленькi, вяртлявы армянiн з кветкай у пятлiцы адказаў на такой самай акуратнай i чыстай ангельскай мове, як i яго вiзiтоўка:

– Не. На жаль, не. Што-небудзь перадаць?

– Цягнiк, пэўна, ужо прыйшоў?

– Не. Спазняецца на тры гадзiны. Здаецца, паравоз паламаўся непадалёк ад Белграда.

– Скажыце яму, што мiстэр Джойс...

– Што мне параiць вам, лэдзi, на сёння пасля полудня? – сказаў жвавы армянiн, якi заняўся новымi гасцямi, перагнуўшыся цераз бар'ер i канфiдэнцыяльна звяртаючыся да дзвюх маладых амерыканак, якiя з захапленнем, разявiўшы рот, глядзелi на яго, узняўшы прыгожа вышчыпаныя бровы. – Вам трэба было б наняць гiда, ён паказаў бы вам базары.

– А можа, вы, мiстэр Калебджан? – прамовiлi яны амаль адначасова. Iх вялiкiя, поўныя цiкаўнасцi вочы сачылi за iм, пакуль ён браў тэлефонную трубку.

– Алё, алё. Мiжнародны тэлефон? Слухаю. Не, мiстэр Карлтан Майет яшчэ не прыехаў. Мы чакаем яго з хвiлiны на хвiлiну. Што-небудзь перадаць? Вы зноў патэлефануеце ў шэсць? Дзякуй. Ах, калi б я толькi мог, – сказаў ён амерыканкам, – я з вялiкiм задавальненнем. Аднак у мяне шмат працы тут. Праўда, у мяне ёсць стрыечны брат, я яму скажу, ён сустрэнецца з вамi заўтра ранiцай i павязе вас на базары. А сёння паполуднi раю вам узяць таксi да Блакiтнай мячэцi, i потым паехаць праз Iпадром, i таксама наведаць Рымскiя калодзежы. Потым, калi вы вып'еце гарбаты ў расейскiм рэстаране ў Пера i вернецеся сюды да вячэры, я параiў бы вам увечары наведаць тэатр. А зараз, калi вы не запярэчыце, я закажу вам таксi на другую палову дня.

Абедзве адначасова адкрылi рот i сказалi:

– Гэта будзе проста выдатна, мiстэр Калебджан. – I, пакуль ён тэлефанаваў у гараж свайму стрыечнаму брату ў Пера, яны прайшлi праз хол i накiравалiся да бруднага ларка i пачалi разважаць, цi не купiць яму пачак цукерак.

Вялiзарны, раскошны гатэль з кафлянай падлогай, з iнтэрнацыянальнай абслугай i з рэстаранам, аздобленым у стылi Блакiтнай мячэцi, цяпер, калi ўрад пераехаў у Анкару i Канстанцiнопаль ператварыўся па сутнасцi ў турэцкi Пiрэй, рэпутацыя гатэля ва ўсiм свеце пагоршылася. Персанал паменшылi, i можна было прайсцi праз вялiкi i пусты хол, не напаткаўшы нiводнага рассыльнага. Аднак каля бюро абслугоўвання, як заўсёды, элегантны Калебджан падтрымлiваў колiшнюю высокую рэпутацыю гатэля.

– Мiстэр Карлтан Майет прыехаў, Калебджан?

– Яшчэ не, цягнiк спазняецца. Будзеце чакаць?

– А ў яго нумар з гасцёўняй?

– О, вядома, з гасцёўняй! Рассыльны, праводзь госця ў нумар мiстэра Майета.

– Перадайце яму маю вiзiтоўку, калi ён прыедзе.

Амерыканкi вырашылi не купляць Калебджану пачка з турэцкiмi цукеркамi, але ж ён быў такi ветлiвы i далiкатны, што iм карцела неяк аддзячыць яму. Яны стаялi ў роздуме, пакуль ён iзноў не ўзнiк перад iмi.

– Ваша таксi, лэдзi. Я дам шафёру ўсе адпаведныя ўказаннi, вы ўбачыце, ён у вышэйшай ступенi чалавек надзейны.

Калебджан правёў iх на вулiцу i прасачыў, каб яны без затрымкi адбылi. Нетаропкi вулiчны рух i мiтусня, падобная да пылу, што асядаў паўсюль, не сцiхалi. Калебджан вярнуўся ў маўклiвую цiшыню хола. На iмгненне гатэль здаўся яму амаль такiм самым, якiм ён быў у мiнулыя гады ў разгар сезона.

Чвэрць гадзiны нiхто не з'яўляўся. Нейкая муха, захопленая холадам, з шумам бiлася аб шыбу. Калебджан пазванiў наверх, у пакой эканомкi, каб праверыць, цi ўключылi ацяпленне, потым сеў, сцiснуўшы рукi памiж каленямi, нi пра што не думаючы i нiчога не робячы.

Дзверы-вяртушкi закруцiлiся – увайшла цэлая група людзей. Майет iшоў паперадзе. За iм – Джанет Пардаў i мiстэр Сейвары.

Тры насiльшчыкi неслi багаж. Майет упiваўся шчасцем. Ён пачуваў сябе ў сваёй стыхii. Мiжнародны гатэль, хоць крыху i заняпалы, быў звыклым для яго аазiсам. Кашмар у Субоцiцы пачаў ужо забывацца i зрабiўся зараз нейкiм нерэальным, калi ён убачыў, што Калебджан спяшаецца яму насустрач. Яму было прыемна, што Джанет Пардаў бачыць, як яго прымаюць у лепшых заморскiх гатэлях.

– Як пажываеце, мiстэр Карлтан Майет? Мы бясконца шчаслiвыя...

Калебджан пацiснуў Майету руку, нiзка пакланiўся, яго асляпляльныя белыя зубы блiснулi шчырым задавальненнем.

– Рады бачыць вас, Калебджан. Дырэктара, як заўсёды, няма? Гэта мае сябры, мiс Пардаў i мiстэр Сейвары. Увесь гатэль трымаецца на Калебджане, растлумачыў ён iм. – Вы нас добра ўладкуеце? Прасачыце, каб у пакоi ў мiс Пардаў быў пачак цукерак.

– Мяне сустракае дзядзька... – няпэўна пачала была Джанет Пардаў, аднак Майет адразу ж ёй запярэчыў:

– Можа пачакаць яшчэ адзiн дзень. Сёння ўвечары вы будзеце тут, у мяне ў гасцях.

Ён iзноў пачаў распускаць свой паўлiнавы хвост: упэўненасцi яму надавалi пальмы, калоны i пачцiвасць Калебджана.

– Вам двойчы тэлефанавалi, мiстэр Карлтан Майет, i нейкi джэнтэльмен чакае вас у вашым нумары.

– Добра. Дайце мне яго вiзiтоўку. Паклапацiцеся пра маiх сяброў. У мяне мой звычайны нумар?

Ён хутка пайшоў да лiфта, расцягнуўшы вусны ў вясёлай усмешцы. За апошнiя днi адбылося надта многа такога, што выклiкала сумненнi i што цяжка было асэнсаваць, а цяпер ён iзноў заняўся сваёй звычайнай справай. "Напэўна, гэта Экман", – падумаў ён, не патурбаваўшыся нават зазiрнуць у картку, i раптам цвёрда вырашыў, што яму скажа. Лiфт цяжка падняўся на другi паверх, пасыльны павёў Майета па пыльным калiдоры i адчынiў дзверы нумара. Сонца залiвала святлом увесь пакой, праз адчыненае акно даносiлiся гудкi аўтамабiляў. З канапы падняўся каржакаваты бландзiн у цвiдавым гарнiтуры.

– Мiстэр Карлтан Майет? – спытаў ён.

Майет здзiвiўся. Ён нiколi не бачыў гэтага чалавека. Глянуўшы на вiзiтоўку, ён прачытаў: "Мiстэр Лео Стэйн".

– А, мiстэр Стэйн.

– Здзiвiлiся, калi ўбачылi мяне? Спадзяюся, вы не лiчыце мяне занадта нетактоўным?

Ён выглядаў вельмi зычлiвым i сардэчным. "Зусiм як сапраўдны ангелец", – падумаў Майет, аднак незнаёмага выдаваў нос – нос са шнарам, якi зрабiўся прамы пасля аперацыi. Варожасць памiж жыдом, якi не хаваў сваёй нацыянальнасцi, i жыдом, якi маскiраваў яе, адразу ж была выказаная ў чароўных усмешках, сардэчных шчырых поцiсках рук i ў адведзеных адзiн ад аднаго вачах.

– Я чакаў убачыць свайго агента.

– Ах, бедалага Экман, бедалага Экман, – уздыхнуў Стэйн, пахiтаўшы бялявай галавой.

– Што вы маеце на ўвазе?

– Тое, дзеля чаго я прыйшоў. Папрасiць вас зайсцi да мiсiс Экман. Я вельмi за яе хвалююся.

– Вы хочаце сказаць, што мiстэр Экман памёр?

– Знiк. Не вярнуўся дамоў учора ўвечары. Вельмi ўсё гэта дзiўна.

Было холадна. Майет зачынiў акно i, сунуўшы рукi ў кiшэнi футры, пачаў хадзiць па пакоi туды-сюды: тры крокi ў адзiн бок, тры ў другi.

– Нiчога дзiўнага. Думаю, ён не змог бы даць мне справаздачу, павольна прамовiў ён.

– Некалькi дзён таму ён прызнаўся мне, што адчувае ваш недавер да яго. Ён быў пакрыўджаны, вельмi пакрыўджаны.

– Я нiколi не давяраю жыду, якi перайшоў у хрысцiянства, – павольна, дакладна падбiраючы кожнае слова, сказаў Майет.

– Аднак жа дазвольце, мiстэр Майет: гэта ўжо занадта катэгарычна, запярэчыў быў Стэйн, адчуваючы некаторую няёмкасць.

– Дапускаю, што, магчыма, ён у сваiх перамовах пайшоў крыху далей, чым паведамiў мне, – сказаў Майет, спынiўшыся пасярод пакоя спiнай да Стэйна, але так, каб ён змог бачыць усю постаць Стэйна, да пояса адлюстраваную ў люстры з пазалочанай рамай.

– О, перамовы, – адбiтак Стэйна ў люстры быў не такi абыякавы, як яго голас, – яны ўжо скончаны.

– Ён паведамiў вам, што мы не будзем купляць?

– Але ж ён купiў.

Майет кiўнуў. Ён не здзiвiўся. За знiкненнем Экмана павiнна хавацца шмат чаго.

– На самой справе я вельмi хвалююся за бедалагу Экмана. Думка, што ён, магчыма, пакончыў жыццё самагубствам, мне невыносная, – павольна сказаў Стэйн.

– Думаю, у вас няма падстаў хвалявацца. Напэўна, ён проста адышоў ад спраў. Крыху, праўда, занадта паспяшаўся.

– Разумееце, ён быў устрывожаны.

– Чым жа?

– Ну, у яго з'явiлася такое пачуццё, нiбыта вы яму не давяраеце. I потым, у яго не было дзяцей. Ён хацеў мець дзяцей. Шмат прычын на трывогу. Трэба быць мiласэрным.

– Але ж я не хрысцiянiн, мiстэр Стэйн. Я не веру, што мiласэрнасць галоўная дабрачыннасць. Магу я паглядзець дакумент, якi ён падпiсаў?

– Вядома.

Мiстэр Стэйн выцягнуў з кiшэнi цвiдавага пiнжака доўгi канверт, складзены ўдвая. Майет сеў за стол, расклаў на iм паперы i пачаў уважлiва iх чытаць. Ён не рабiў нiякiх заўваг, твар яго не выказваў нiчога. Цяжка было ўявiць, якi ён быў шчаслiвы, калi вярнуўся да лiчбаў, – iх ён разумеў, i яны былi пазбаўленыя ўсякiх пачуццяў. Закончыўшы чытаць, ён адкiнуўся ў крэсле i пачаў вывучаць свае пазногцi: перад ад'ездам, у Лондане, ён зрабiў манiкюр, але яны патрабавалi да сябе ўвагi.

– Як прайшло ваша падарожжа? Спадзяюся, бунт у Белградзе вас не закрануў? – спакойна спытаў Стэйн.

– Не, – абыякава адказаў Майет.

Гэта была праўда. Усё тое незразумелае, што адбылося ў Субоцiцы, здавалася яму нерэальным. Вельмi хутка ён пра ўсё забудзецца, – гэта ж нiяк не звязана са звычайным жыццём, дый нельга ўсё гэта растлумачыць.

– Вы, вядома, разумееце, што мы можам знайсцi нейкую недакладнасць i скасаваць гэтае пагадненне?

– Не думаю. Бедалага Экман быў вашай даверанай асобай. Вы далi яму правы весцi перамовы.

– У яго не было паўнамоцтваў падпiсваць пагадненне. Не, мiстэр Стэйн, баюся, што вам ад гэтага не будзе нiякай карысцi.

Стэйн сеў на канапу i перакрыжаваў ногi. Ад яго цвiдавага гарнiтура пахла тытунём.

– Я не хачу вам нiчога навязваць. Мой дэвiз: нiколi не падводзiць свайго калегу бiзнесмена. Я адразу ж скасаваў бы пагадненне, мiстэр Майет, калi б яно было несправядлiвае. Але, бачыце, калi ўжо бедалага Экман падпiсаў гэты дакумент, фiрма Моўлта адмовiлася ад далейшых перамоваў. Цяпер ужо другi раз яны не вернуцца да гэтай справы.

– Аднак жа мне добра вядома, як Моўлты зацiкаўлены ў разынках.

– Ну, бачыце, пры такiх абставiнах, скажу вам па-сяброўску, мiстэр Майет: калi вы скасуеце гэтае пагадненне, мне давядзецца за яго пазмагацца. Дазвольце запалiць?

– Вазьмiце цыгару.

– А можна, я запалю люльку?

Ён пачаў набiваць люльку светлым мяккiм тытунём.

– Я думаю, што Экман меў за гэта неблагiя камiсiйныя?

– Ах, бедалага Экман! Я i сапраўды хацеў бы, каб вы наведалi мiсiс Экман. Яна вельмi нервуецца, – ухiлiўся ад адказу Стэйн.

– У яе не будзе падстаў хвалявацца, калi яна атрымае добрыя камiсiйныя.

Стэйн усмiхнуўся i запалiў люльку. Майет пачаў перачытваць пагадненне. Сапраўды, яго можна было скасаваць, але суды – справа ненадзейная. Добры адвакат можа прынесцi шмат клопату. Некаторыя лiчбы не хацелася б друкаваць. Зрэшты, справа Стэйна мела пэўную каштоўнасць для фiрмы. Але яму не падабалася цана i тое, што пасада дырэктара заставалася за Стэйнам. Нават з цаной можна было б пагадзiцца, але Майет не хацеў, каб чужы ўблытваўся ў iхнюю фiрму.

– Вось што я зраблю. Мы скасуем гэта пагадненне i складзем новае.

Стэйн пахiтаў галавой:

– Паслухайце, мiстэр Майет, калi ласка, гэта будзе не зусiм справядлiва ў адносiнах да мяне.

Майет вырашыў, што рабiць. Не варта трывожыць бацьку судовым працэсам. Ён пагодзiцца з гэтым дакументам пры ўмове, што Стэйн адмовiцца ад пасады дырэктара. Але яму пакуль не хацелася адкрываць свае карты. Стэйн мог занаравiцца.

– Не думайце пра гэта, мiстэр Стэйн, адкладзем рашэнне на дзянёк-другi.

– Ну добра. Але я ня ўпэўнены, цi будзе ў мяне час падумаць. Наколькi я ведаю сучасных дзяўчат, часу ў мяне не будзе. Сёння пасля полудня я сустракаю сваю пляменнiцу. Яна ехала з вамi ў адным цягнiку ад Кёльна. Гэта дачка бедалагi Пардаў, – весела сказаў Стэйн.

Майет дастаў партабак i, пакуль выбiраў i падразаў цыгару, вырашыў, што яму рабiць далей. Ён ужо пачаў ставiцца з пагардай да Стэйна. Той быў занадта гаваркi i паведамляў шмат зусiм непатрэбнага. Не дзiва, што ў яго справы прыйшлi ў заняпад. Але адначасова няясная цяга Майета да пляменнiцы Стэйна ўзмацнiлася. Даведаўшыся, што яе мацi была жыдоўка, ён раптам адчуў у ёй свайго чалавека. Яна рабiлася больш зразумелая i даступная, i ён саромеўся таго, што мiнулым вечарам паводзiў сябе з ёю так нацягнена. Пасля вяртання з Субоцiцы яны павячэралi разам у вагоне-рэстаране, i ён увесь час намагаўся паводзiць сябе як мага больш натуральна.

– О, я сустракаўся з мiс Пардаў у цягнiку. Яна зараз унiзе. Мы разам ехалi з вакзала, – павольна сказаў ён.

Надышла чарга Стэйна абдумваць свае словы. Тое, што ён паведамляў, мела тайны сэнс.

– Бедная дзяўчынка, у яе няма бацькоў. Мая жонка вырашыла, што мы павiнны запрасiць яе пажыць з намi. Я, прынамсi, яе апякун.

Яны сядзелi насупраць, памiж iмi быў стол. На стале ляжала пагадненне, падпiсанае Экманам. Яны не звярталi на яго нiякай увагi: справа, здавалася, была адкладзена да лепшых часоў, але Стэйн i Майет усведамлялi, што iх спрэчка засталася незакончаная. Кожны здагадваўся пра думкi другога, але абодва выказвалiся намёкамi.

– Ваша сястра, пэўна, была цудоўная жанчына.

– Яна вельмi падобная на нашага бацьку. Нiводзiн з iх не прызнаваўся, што меў на ўвазе прыгажосць Джанет Пардаў. Нават пра яе дзеда i бабку нагадалi раней, чым пра яе.

– Ваша сям'я з Лейпцыга? – спытаў Майет.

– З Лейпцыга. Але мой бацька перавёў нашу справу сюды.

– Вы лiчыце, што ён памылiўся?

– Ну, паслухайце, мiстэр Майет, вы ўжо пазнаёмiлiся з лiчбамi. Справы нашы iдуць няблага. Але я хачу прадаць фiрму i пайсцi на спакой, пакуль яшчэ магу атрымаць хоць якiя асалоды жыцця.

– Што вы маеце на ўвазе? Якiя асалоды? – з цiкаўнасцю спытаў Майет.

– Ну, скажам, справы мяне зусiм не цiкавяць.

– Вас не цiкавяць справы? – здзiўлена паўтарыў Майет.

– Гольф i невялiчкi дамок за горадам – вось пра што я мару.

Здзiўленне Майета мiнула, i ён iзноў заўважыў, што Стэйн расказвае занадта шмат пра сябе. Экспансiўнасць Стэйна была яму на руку, ён iзноў вярнуўся да пагаднення.

– У такiм разе навошта вам заставацца дырэктарам? Думаю, што мы маглi б пагадзiцца з вамi наконт грошай, калi б вы адмовiлiся ад пасады дырэктара.

– Мне ўсё адно, буду я дырэктарам цi не, – растлумачыў Стэйн, пыхкаючы люлькай у прамежках памiж фразамi i скоса пазiраючы на попел цыгары Майета, якi рабiўся ўсё даўжэйшы. – Але, ведаеце, дзеля захавання традыцыi мне хочацца, каб хто-небудзь з членаў маёй сям'i ўваходзiў у праўленне. – Ён доўга i шчыра хiхiкаў. – А ў мяне няма сына. Няма нават пляменнiка.

– Вам трэба натхнiць на гэта вашу пляменнiцу, – задуменна сказаў Майет.

Абодва засмяялiся, а потым спусцiлiся ўнiз. Джанет Пардаў нiдзе не было вiдно.

– Мiс Пардаў пайшла? – спытаў ён у Калебджана.

– Не, мiстэр Майет. Мiс Пардаў толькi што прайшла ў рэстаран з мiстэрам Сейвары.

– Папрасiце iх пачакаць са снеданнем хвiлiн дваццаць, i мы з мiстэрам Стэйнам далучымся да iх.

Яны крыху паспрачалiся пра тое, каму з iх першаму прайсцi ў дзверы: сяброўскiя адносiны памiж Майетам i Стэйнам хутка ўзмацнялiся.

Калi яны селi ў таксi, каб паехаць на кватэру мiсiс Экман, Стэйн пачаў размову:

– А гэты Сейвары, хто ён?

– Пiсьменнiк.

– Ён што, заляцаецца да Джэйн?

– Не, проста сябра. Яны пазнаёмiлiся ў цягнiку. – Майет паклаў рукi на каленi i сядзеў моўчкi, сур'ёзна абдумваючы пытанне пра жанiцьбу. "Яна цудоўная, далiкатная, можа быць добрай гаспадыняй, яна напалову жыдоўка", думаў ён.

– Я яе апякун, – працягваў Стэйн. – Можа, мне з iм пагаварыць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю