Текст книги "Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)"
Автор книги: Грэм Грин
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 14 страниц)
– Не выношу жыдоў, – злосна вымавiла Мейбл Уорэн, нават не стараючыся панiзiць голас.
I Джанет Пардаў, глянуўшы на Мейбл Уорэн вялiкiмi прамянiстымi вачыма, пагадзiлася:
– Гэтаксама i я, дарагая.
З раптоўным адчаем Мейбл Уорэн звярнулася да яе:
– Джанет, калi мяне не будзе побач, цi будзеш ты памятаць, як мы кахалi адна адну? Ты ж не дазволiш нiводнаму мужчыну дакрануцца да цябе?
Ёй было б прыемна пачуць пярэчаннi, атрымаць магчымасць паспрачацца, прыводзiць доказы, нейкiм чынам накласцi пячатку на гэтую няўлоўную душу, аднак адзiнае, чаго яна дачакалася, была згода, выказаная абыякавым тонам:
– Ну, вядома ж, дарагая. Хiба я магу?
Калi б Мейбл Уорэн абярнулася да люстры, убачыла б там сваё рэальнае аблiчча, якое вярнула б ёй разважлiвасць i цвярозы розум. "Ну, гэта не па мне, – разважала яна, – трэба знайсцi задавальненне ў чым-небудзь прыгожым". Няма нiчога добрага ў тым, каб думаць пра сябе, пра свае жорсткiя валасы, пра чырвоныя павекi, пра мужчынскi немiлагучны голас. Любы мужчына, нават самы звычайны жыд, быў ёй сапраўдным супернiкам. Калi яна знiкне з яе жыцця, прыгажуня Джанет Пардаў спакваля ператворыцца ў пустое месца, амаль не будзе iснаваць, хоць i будзе па iнерцыi спаць, есцi, выклiкаць захапленне. Аднак хутка яна зноў будзе сядзець у камфартабельным крэсле, крышыць пальцамi падсмажаны хлеб i казаць: "Ну, вядома, вы маеце рацыю. Я заўсёды адчувала гэта". Кубак задрыжаў у руцэ Мейбл Уорэн, кава пералiлася цераз край i запэцкала ёй спаднiцу, на якой ужо былi плямы ад тлушчу i пiва. "Якая рознiца, – цынiчна падумала яна, – чым займаецца Джанет, калi я пра гэта не ведаю. Якая рознiца, калi яна дазволiць якому-небудзь мужчыне зацягнуць сябе ў ложак, калi яна зноў вернецца да мяне". Але апошняя думка прымусiла яе скалануцца ад душэўнага болю. "Наўрад цi Джанет вернецца да старой, непрыгожай, прыдуркаватай бабы, – разважала яна. – Джанет будзе расказваць яму пра мяне, пра два гады, праведзеныя са мною, пра тыя днi, калi мы былi шчаслiвыя, пра тое, якiя я ўчыняла ёй сцэны, нават пра вершы, якiя я ёй прысвячала. А ён будзе насмiхацца, i яна будзе насмiхацца, i, смеючыся, яны лягуць у ложак. Лепей мне цвёрда вырашыць, што гэта канец, што яна нiколi не вернецца да мяне пасля адпачынку. Я ж нават не ведаю дакладна, цi сапраўды яна збiраецца наведаць дзядзьку. Ну, хопiць ужо, свет на ёй клiнам не сышоўся, – думала мiс Уорэн, крышачы булачку i з адчаем паглядаючы на свае недагледжаныя, нязграбныя рукi. – Вось, напрыклад, гэтая дзяўчынка, яна такая ж бедная, якой была Джанет у той вечар у кiнатэатры; яна такая ж чароўная, як Джанет, – проста асалода гадзiнамi сядзець i назiраць за кожным рухам цудоўнага цела Джанет: Джанет робiць прычоску, Джанет пераапранае сукенку, Джанет нацягвае панчохi, Джанет змешвае кактэйль. Але, магчыма, у гэтай дзяўчынкi значна болей розуму, хай сабе пасрэднага, але вострага".
– Дарагая, ты што, утрэскалася ў гэтае дзяўчо? – весела спытала Джанет.
Цягнiк гайдануўся, i з грукатам уварваўся ў тунель, i вырваўся з яго, заглушыўшы адказ Мейбл Уорэн, схапiўшы яго, як сярдзiтая рука выхоплiвае лiст паперы, раздзiрае яго i выкiдвае шматкi, i толькi на адным з iх можна прачытаць слова "Назаўсёды", – таму нiхто, апроч Мейбл Уорэн, не зможа здагадацца, што яна сказала на самой справе: цi прысягнула захаваць вернасць назаўсёды, цi заявiла, што нiхто не зможа заставацца верным назаўсёды аднаму чалавеку. I калi цягнiк iзноў выйшаў на сонечнае святло, заблiшчалi кафейнiкi, забялелi настольнiкi i сурвэткi, за вокнамi былi вiдаць палi, на якiх пасвiлiся каровы, а потым густы ельнiк, – мiс Уорэн забылася, што яна хацела сказаць, бо ўвага яе была ўжо на чалавеку, якi ўваходзiў у рэстаран. Яна пазнала ў iм суседа Цынера. У гэты момант дзяўчына паднялася. Яна i яе спадарожнiк гаварылi так рэдка, што мiс Уорэн не магла зразумець, цi знаёмыя яны адно з адным наогул. Яна спадзявалася, што яны не ведаюць адно аднаго, бо ў галаве яе ўзнiк план, якi дасць ёй не толькi загаварыць з дзяўчынаю, але i дапаможа ёй раз i назаўсёды прыкаваць Цынера да першай паласы газеты атрымаецца выдатнае распяцце.
– Да пабачэння, – сказала дзяўчына.
Мейбл Уорэн, сочачы за ёй поглядам спрактыкаванай назiральнiцы, заўважыла, як яе спадарожнiк уцягнуў галаву ў плечы, нiбыта прысаромлены звычайны зладзюжка, якi, прыўзняўшыся з лавы падсудных, нясмела пратэстуе супраць несправядлiвага прыгавору i робiць гэта хутчэй па звычцы, чым ад сапраўднага ўсведамлення несправядлiвасцi. Неспрактыкаваны назiральнiк мог бы па iх тварах падумаць, што гэтая пара пасварылася, але Мейбл Уорэн разбiралася ў гэтым лепей.
– Я ўбачу вас яшчэ? – спытаў жыд, i дзяўчына адказала:
– Калi захочаце мяне ўбачыць, вы добра ведаеце, дзе мяне знайсцi.
– Да пабачэння. У мяне ёсць свае справы, Джанет, – сказала Мейбл Уорэн, i яна пайшла следам за дзяўчынай з вагона-рэстарана цераз хiсткi пераход памiж вагонамi, якi гойдаўся з боку на бок, спатыкаючыся i трымаючыся рукой за сцены. Занятая распрацоўкай блiскучай аперацыi, яна ўжо не зважала на галаўны боль. Калi яна гаварыла, што ў яе ёсць свае справы, яна не манiла, у яе ўжо выспела блiскучая iдэя, i яе галава зараз была падобная на залiтую святлом залу ў гуле зачараванага натоўпу. Усё сышлося як трэба – гэта яна добра ўсведамляла, i адразу пачала прыкiдваць, якое месца ў газеце могуць даць ёй у Лондане: раней яна нiколi не друкавалася на першай паласе. У iх ёсць матэрыялы пра канферэнцыю па ўсеагульным раззбраеннi, арышт пэра за растрату i жанiцьба баранета на дзяўчыне з амерыканскага вар'етэ. Нiводзiн з гэтых матэрыялаў не належаў да разраду надзвычайных: перад тым як адправiцца на вакзал, яна прагледзела тэлеграфную стужку агенцтва "Навiны". "Канферэнцыю па агульным раззбраеннi i дзяўчыну з вар'етэ паставяць на заднюю паласу, калi няма паведамлення пра вайну цi пра смерць караля, мой матэрыял будзе галоўны на першай паласе", – думала яна. Не зводзячы вачэй з дзяўчыны, якая iшла наперадзе, яна ўявiла сабе доктара Цынера, стомленага, у пашарпанай, старамоднай вопратцы, з высокiм каўнерам i вузкiм туга завязаным гальштукам, – ён сядзiць у кутку свайго купэ, абхапiўшы рукамi каленi, а яна меле лухту яму наконт Белграда. "Доктар Цынер жыве", – прыкiдвала яна, прыдумваючы загалоўкi. – Не, гэта не падыдзе, ужо мiнула пяць гадоў, i не ўсе памятаюць яго прозвiшча. "Чалавек-загадка вяртаецца"... "Як доктар Цынер пазбег смерцi"... "Толькi ў нашай газеце"...
– Мiлая дзяўчына! – задыхаючыся, паклiкала яна, ухапiўшыся за парэнчы, – было вiдаць, што яе палохае чарговы пераход: грукатанне металу i скрыгат буфераў.
Голасу яе не было чуваць, таму яна мусiла была зноў паўтарыць свой зварот, гукнуўшы дзяўчыну на ўвесь голас. Гэты гучны вокрык не пасаваў да ролi, якую яна ўзяла на сябе: пажылая жанчына, у якой перахапiла дыханне. Дзяўчына азiрнулася i падышла да яе. На яе прастадушным тварыку, бледным i засмучаным, можна было лёгка прачытаць усе яе пачуццi.
– Што здарылася? Вам блага? Вы захварэлi?
Мiс Уорэн не зварухнулася з месца. Стоячы на другiм канцы пакладзеных адзiн на адзiн сталёвых лiстоў, яна напружана абдумвала, як паводзiць сябе з дзяўчынай.
– Ох, дарагая, як мне прыемна, што вы ангелька. Мне так блага. Я не магу перайсцi да вас. Ведаю, што я баязлiвая старая дурнiца, – ёй было агiдна, што неабходнасць вымагала яе нагадаць свой сапраўдны ўзрост, – калi б вы падалi мне руку дапамогi?
"На такую гульню мне не хапае доўгiх валасоў – выглядала б болей па-жаноцку, – думала яна, – шкада, што пальцы жоўтыя. Дзякуй богу, ад мяне ўжо не нясе джынам".
Дзяўчына зрабiла крок ёй насустрач.
– Вядома, дапамагу. Вам не трэба баяцца. Вазьмiцеся за маю руку.
Мiс Уорэн учапiлася за руку дзяўчыны сваiмi моцнымi пальцамi, нiбыта сцiскаючы шыю нейкага злога сабакi.
Калi яны дайшлi да наступнага калiдора, яна зноў загаварыла. Шум цягнiка крыху сцiшыўся, i яна магла панiзiць голас да хрыплага шэпту.
– Калi б у цягнiку знайшоўся доктар, мая дарагая. Я так блага сябе пачуваю.
– Але ж тут ёсць доктар. Яго завуць Джон. Ноччу я самлела, i ён дапамог мне.
– Я так баюся дактароў, дарагая, – сказала мiс Уорэн, радуючыся ў душы: вельмi пашанцавала, што дзяўчына ведае Цынера. – Спярша давайце крышачку пагаворым: мне трэба супакоiцца. Як вас завуць, мiлачка?
– Корал Маскер.
– Можаце называць мяне Мейбл. Мейбл Уорэн. У мяне ёсць пляменнiца, вельмi падобная да вас. Я працую ў Кёльне, карэспандэнтам у адной газеце. Абавязкова прыязджайце наведаць мяне як-небудзь. Цудоўная кватэрка. Вы зараз у адпачынку?
– Я танцую. Еду ў Канстанцiнопаль. Там захварэла адна дзяўчына ў ангельскiм шоў.
Трымаючы руку дзяўчыны ў сваёй, усхваляваная да глыбiнi сэрца, Мейбл Уорэн раптам адчула неадольнае жаданне праявiць сваю шчодрасць самым абсурдным спосабам. Чаму б не адмовiцца ад надзеi захаваць пры сабе Джанет Пардаў i не прапанаваць гэтай дзяўчыне скасаваць кантракт i заняць месца Джанет у якасцi платнай кампаньёнкi?
– Вы такая прыгожанькая, – уголас сказала яна.
– Прыгожанькая, – паўтарыла Корал Маскер. Яна нават не ўсмiхнулася нiшто не магло пахiснуць яе недаверу. – Вы што, кпiце з мяне?
– Мая дарагая, вы такая добрая i мiлая.
– Вось тут вы сапраўды маеце рацыю, – загаварыла Корал Маскер крыху вульгарным тонам, i гэта на iмгненне азмрочыла мары Мейбл Уорэн. Дзяўчына гаварыла ўмольна: – Хопiць ужо гаварыць мне пра маю дабрыню. Лепей скажыце iзноў, што я прыгожанькая.
Мейбл Уорэн пагадзiлася з вялiкай ахвотай:
– Мiлачка мая, вы проста цудоўная. – Велiзарнае здзiўленне, з якiм дзяўчына выслухала яе, было кранальнае: слова "цнота" мiльганула ў разбэшчанай гарадскiм жыццём свядомасцi Мейбл Уорэн. – Вам нiхто ў жыццi не казаў гэтага? – нецярплiва i недаверлiва спытала Мейбл Уорэн з маленнем у голасе. – Нават ваш малады сябар у вагоне-рэстаране?
– Я знаёмая з iм вельмi мала.
– Думаю, вы дастаткова разважлiвая, мая дарагая. Жыдам давяраць нельга.
– Вы лiчыце, што ён падумаў тое самае? – павольна сказала Корал Маскер. – Што ён мне не спадабаўся, бо ён жыд?
– Яны ўжо прызвычаiлiся да гэтага, дарагая.
– У такiм разе я пайду i скажу яму, што ён мне падабаецца, што мне заўсёды падабалiся жыды.
Мейбл Уорэн злосна працадзiла скрозь зубы шэптам непрыстойную лаянку.
– Што вы сказалi?
– Вы ж не кiнеце мяне ў такiм стане, пакуль не знойдзеце доктара? Паслухайце, маё купэ ў самым канцы цягнiка, я еду з пляменнiцай. Я пайду туды, а вы пашукайце доктара.
Яна прасачыла, як Корал Маскер знiкла, i праслiзнула ў туалет. Паравоз раптоўна спынiўся, а потым даў заднi ход. Глянуўшы ў акно, мiс Уорэн пазнала шпiлi Вюрцбурга, мост цераз Майн. Паравоз заганяў пад навес вагоны трэцяга класа, манеўруючы ўзад i ўперад памiж сiгнальнымi будкамi i запаснымi пуцямi. Мiс Уорэн пакiнула дзверы прыадчыненымi, каб назiраць за калiдорам. Калi з'явiлiся Корал Маскер i доктар Цынер, яна зачынiла дзверы i пачакала, пакуль iх крокi не зацiхлi. Iм было яшчэ доўга iсцi па калiдорах, i, калi яна паспяшаецца, часу ёй хопiць. I выслiзнула з туалета. Перш чым яна паспела зачынiць дзверы, цягнiк таргануўся i рушыў, i дзверы з бразгатам зачынiлiся, але нi Корал Маскер, нi доктар Цынер не абярнулiся.
Мейбл Уорэн нязграбна пабегла па калiдоры, iмклiвы ход цягнiка кiдаў яе ад адной сцяны да другой, яна ўдарыла руку i калена. Пасажыры, якiя вярталiся са снедання, прыцiскалiся да вокнаў, каб прапусцiць яе, некаторыя лаялiся па-нямецку, ведаючы, што яна ангелька, i думалi, што яна iх не разумее. Яна злосна ўсмiхалася iм услед, паказваючы вялiзныя пярэднiя зубы, i бегла далей. Патрэбнае купэ знайсцi было лёгка – яна пазнала плашч, якi вiсеў у кутку, i мяккi паношаны брыль. На сядзеннi ляжала ранiшняя газета: доктар Цынер, пэўна, купiў яе некалькi хвiлiн таму на вакзале ў Вюрцбургу. За той кароткi час, пакуль яна даганяла Корал Маскер, яна прадумала кожны свой ход: пасажыр, якi ехаў у тым самым купэ, снедае ў рэстаране, доктар Цынер шукае яе на другiм канцы цягнiка, i яго не будзе, прынамсi, некалькi хвiлiн.
За гэты час яна павiнна шмат што разведаць, каб прымусiць яго загаварыць.
Спачатку плашч. У кiшэнях нiчога не было, акрамя пачка запалак i цыгарэт "Голд Флейк". Яна ўзяла брыль i прашчупала стужку i паглядзела за падшыўкаю. Ёй ужо даводзiлася часам знаходзiць вельмi патрэбную iнфармацыю, схаваную ў брылi, але ў доктарскiм нiчога не аказалася. Зараз наступiў самы небяспечны момант вобыску – бо брыль i нават кiшэнi плашча можна агледзець непрыкметна, а сцягнуць чамадан з сеткi, узламаць замок сцiзорыкам i падняць века – гэта ўжо надта падводзiла яе пад пагрозу быць абвiнавачанай у крадзяжы. Дый яшчэ адно лязо сцiзорыка зламалася, калi яна корпалася з замком. Кожны, хто пройдзе мiма купэ, адразу здагадаецца, чым яна тут займаецца. З пакрытым потам iлбом яна ўсё болей шалела ад спешкi. "Калi мяне заспеюць тут, звальнення не пазбегнуць. Самая танная газецiна ў Ангельшчыне не даравала б такога, а калi мяне выганяць, я страчу Джанет i шанцы займець Корал. А калi дасягну сваёй мэты, – думала яна, тузаючы, пiхаючы, абдзiраючы пазногцi, – мне дадуць усё, што захачу, у абмен на такi матэрыял можна будзе патрабаваць надбаўку, прынамсi, чатыры фунты ў тыдзень. Я змагу наняць большую кватэру. Калi Джанет даведаецца пра гэта, яна вернецца да мяне, тады ўжо яна мяне не кiне. За такiя грошы я куплю сабе шчасце i спакой", мiльганула ў галаве, i замок, нарэшце, падаўся, века паднялося, i яе пальцы дабралiся да тайнiкоў доктара Цынера. I першым такiм тайнiком быў шарсцяны бандаж.
Яна асцярожна падняла яго i знайшла пашпарт. Ён быў на iмя Рычарда Джона, прафесiя – настаўнiк, узрост – пяцьдзесят шэсць год. "Гэта яшчэ нiчога не значыць, – думала яна. – Усе яны, падазроныя чужаземныя палiтыкi, добра ведаюць, дзе купiць пашпарт". Яна паклала пашпарт туды, дзе знайшла, i пачала мацаць рукамi адзенне, прабiраючыся да сярэдзiны чамадана, да таго месца, куды не даходзяць звычайна мытнiкi, – яны заўсёды правяраюць багаж знiзу i збоку. Яна спадзявалася адшукаць якую-небудзь брашуру цi пiсьмо, але там аказаўся толькi стары "Бедэкер"* выдання 1914 года – "Канстанцiнопаль, Малая Азiя, Балканы, Архiпелаг, Кiпр", загорнуты ў штаны. Аднак Мейбл Уорэн рабiла ўсё старанна i дакладна: мяркуючы, што яшчэ каля хвiлiны ёй нiчога не пагражае. Калi аглядаць ужо болей нiчога не засталося, яна раскрыла "Ведэкер" – дзiўна было, чаму ён так старанна схаваны. Яна паглядзела на форзац i з расчараваннем прачытала iмя Рычарда Джона, напiсанае дробным няроўным почыркам – кончык пяра крэмзаў паперу. Але пад прозвiшчам быў напiсаны адрас: Скул Хаўс, Грэй Берчынгтан-он-Сi – яго варта было запомнiць. "Кларыён" можа паслаць туды супрацоўнiка ўзяць iнтэрв'ю ў дырэктара школы. Пэўна, з гэтага можа атрымацца неблагi матэрыял.
* Папулярныя i шырока распаўсюджаныя ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў даведнiкi па розных краiнах Эўропы, якiя выдавалiся серыямi ў Германii; названыя па iменi пачынальнiка серыi.
Даведнiк, вiдаць, быў куплены ў букiнiста, вокладка была вельмi пашарпаная, на форзацы наклейка з iмем прадаўца на Чарынг-Крос-роўд. Яна разгарнула кнiгу на раздзеле, прысвечаным Белграду. Там была схема горада памерам на старонку, яна была ададраная ад карашка, але нiякiх паметак на ёй не было. Мiс Уорэн прагледзела кожную старонку, прысвечаную Белграду, потым кожную пра Сербiю, кожную пра дзяржавы, якiя цяпер уваходзяць у склад Югаславii, – нiчога там не было асаблiва прыметнага, апроч чорнай кляксы. Яна кiнула б пошукi, калi б не знайшла кнiгу ў такiм месцы. Упарта, не давяраючы сваiм вачам, яна ўпэўнiвала сябе, што кнiга была схавана нездарма, значыцца, у ёй павiнна быць тое, што трэба было схаваць. Бегла праглядаючы старонкi i прытрымлiваючы iх вялiкiм пальцам – яны клалiся няроўна з-за мноства складзеных карт, – яна ўбачыла на адной старонцы нейкiя лiнii, кружочкi i трохкутнiкi, накрэсленыя чарнiлам паверх тэксту. Але ў тэксце iшла гаворка толькi пра нейкае невядомае мястэчка ў Малой Азii, лiнii ж маглi быць накрэмзаны няўмелай рукой дзiцяцi з дапамогай лiнейкi i цыркуля. Вядома, калi гэтыя лiнii – нейкi код, толькi эксперт змог бы iх расшыфраваць. "Ён мяне перамог, – з нянавiсцю падумала яна, прыводзячы ў парадак усё, што было ў чамадане, – тут нiчога няма". Але ёй не захацелася класцi "Бедэкер" назад на месца. Калi ён яго схаваў, у гэтай кнiзе нешта не так. Рызыка ўжо i так была даволi вялiкая, таму яна, не раздумваючы доўга, вырашыла яшчэ крыху рызыкнуць. Зачынiўшы чамадан, яна паклала яго назад на сетку, а "Бедэкер" засунула пад кофтачку i зацiснула пад пахай – там можна было прытрымлiваць яго збоку рукой.
Аднак вяртацца адразу на сваё месца было неразумна – яна можа сустрэць па дарозе доктара Цынера. Тут яна нагадала Куiна Сейвары, у якога збiралася ўзяць iнтэрв'ю на вакзале. Твар яго быў ёй добра вядомы па фатаграфiях у "Татлеры", па карыкатурах у "Нью-Йоркеры", па накiдах алоўкам у "Меркурыi". Блiзарука прыплюснуўшы вочы, яна крадком глянула ўздоўж калiдора, потым хутка пайшла па вагоне. У першым класе Куiна Сейвары шукаць не было чаго, але яна знайшла яго ў спальным вагоне другога класа. Уткнуўшыся падбароддзем у каўнер палiто, абхапiўшы рукою люльку, ён сачыў маленькiмi блiскучымi вочкамi за тымi, хто праходзiў па калiдоры. У кутку насупраць драмаў святар.
Мiс Мейбл Уорэн адчынiла дзверы, увайшла ў купэ i села з упэўненым выглядам, не чакаючы запрашэння. Яна ведала, што прапануе гэтаму чалавеку тое, чаго ён сам прагне, – папулярнасць, а сама не атрымлiвае нiчога раўнацэннага ўзамен. Не было патрэбы звяртацца да яго лiслiва, заваблiваць яго намёкамi, як яна старалася завабiць доктара Цынера, бо яна магла абразiць Сейвары беспакарана, бо ад прэсы залежаў продаж яго кнiг.
– Вы мiстэр Куiн Сейвары? – спытала яна i краем вока ўбачыла, што святар глянуў на свайго суседа з павагай i цiкаўнасцю. "Ну i ёлуп няшчасны, – падумала яна, – яго ўразiў тыраж у сто тысяч, а мы прадаём два мiльёны – у дваццаць разоў болей людзей прачытаюць заўтра пра доктара Цынера". – Я карэспандэнт газеты "Кларыён". Хачу ўзяць у вас iнтэрв'ю.
– Мяне гэта неяк застала неспадзеўкi, – сказаў мiстэр Сейвары, высунуўшы падбароддзе з-пад каўнера палiто.
– Не трэба хвалявацца, – звыкла вымавiла мiс Уорэн. Яна выцягнула з сумачкi блакнот i адкрыла яго. – Толькi некалькi слоў ангельскiм чытачам. Падарожнiчаеце iнкогнiта?
– О не, не, – запярэчыў мiстэр Сейвары. – Я не належу да каралеўскай сям'i.
Мiс Уорэн пачала пiсаць.
– Куды вы едзеце?
– Ну, перш-наперш, у Канстанцiнопаль, – сказаў мiстэр Сейвары з прамянiстай усмешкаю, усцешаны цiкавасцю да яго асобы. Але яе цiкаўнасць iзноў перакiнулася на "Бедэкер", на нядбайна накрэсленыя геаметрычныя фiгуры. – Потым, магчыма, у Анкару, на Далёкi Ўсход, у Багдад, у Кiтай.
– Пiшаце кнiгу падарожжаў?
– Ах, не, не! Мае чытачы чакаюць рамана. Ён будзе называцца "Паехалi за гранiцу". Прыгода аднаго вясёлага кокнi. Гэтыя краiны, iх цывiлiзацыi, – ён акрэслiў рукой кола ў паветры. – Германiя, Турцыя, Аравiя, яны будуць толькi фонам галоўнаму герою, уладальнiку тытунёвай крамы ў Лондане. Разумееце?
– Вядома, разумею, – адказала мiс Уорэн, хутка запiсваючы: "Доктар Рычард Цынер, адзiн з буйнейшых рэвалюцыйных дзеячаў пасляваеннага часу, у дарозе на радзiму, у Белград. Пяць гадоў усе лiчылi яго забiтым, аднак увесь гэты час ён жыў i працаваў настаўнiкам у Ангельшчыне, чакаючы спрыяльных абставiн". – "А якiх?" – разважала мiс Уорэн.
– Ваша думка пра сучасную лiтаратуру? – спытала яна. – Пра Джойса, Лоўрэнса i ўсiх iншых?
– Усё гэта мода, а яна, як вядома, мiнае, – экспромтам адказаў мiстэр Сейвары, нiбыта стварыў эпiграму.
– А як наконт Шэкспiра, Чосера, Чарльза Рыда* i iншых?
* Ангельскi пiсьменнiк (1814-1884), аўтар гiстарычных раманаў.
– А вось яны будуць жыць, – урачыста вымавiў мiстэр Сейвары.
– А багема? Што вы пра яе думаеце? Таверна Фiцроя?* – "Быў выпiсаны ордэр на яго арышт, – пiсала яна, – але яго нельга было выкарыстаць да заканчэння судовага працэсу. Калi суд закончыўся, доктар Цынер знiк. Палiцыя арганiзавала назiранне за ўсiмi вакзаламi i спыняла кожны аўтамабiль. Нiчога дзiўнага, што неўзабаве пайшлi чуткi, нiбыта доктар Цынер быў забiты агентамi ўрада".
* Папулярная ў 20-30-х гадах кавярня пiсьменнiкаў у Лондане, у арыстакратычным раёне Соха.
– Вы не прыхiльнiк эксцэнтрычнага адзення, чорнага брыля, аксамiтнай курткi i г. д.?
– Думаю, што такiя экстравагантнасцi губяць пiсьменнiкаў, – сказаў мiстэр Сейвары. Цяпер ён адчуваў сябе ў сваёй талерцы i, працягваючы гаворку, крадком пазiраў на святара. – Я не паэт. Паэт – iндывiдуалiст. Ён можа апранацца як хоча, ён залежыць толькi ад сябе самога. Празаiк залежыць ад iншых людзей, ён звычайны чалавек, якi здольны выказваць свае думкi. Ён назiральнiк, – працягваў мiстэр Сейвары, усё болей уваходзячы ў ролю папулярнага пiсьменнiка. – Ён павiнен усё бачыць навокал, а сам мусiць заставацца непрыкметны. Калi ж людзi пачынаюць яго пазнаваць, то яны нiзавошта не будуць з iм шчырыя, а пачнуць несцi рознае глупства, расказваць байкi, i нiякай карысцi з гэтага яму не будзе.
Аловак мiс Уорэн хутка крэмзаў паперу. Цяпер, калi яна выклiкала яго на размову, яна магла спакойна ўсё абдумаць – яго адказы на пытаннi былi зусiм ёй непатрэбныя. Яе аловак выводзiў бессэнсоўныя закруткi, прыблiзна падобныя да стэнаграфiчнага запiсу, – трэба было пераканаць мiстэра Сейвары, што яго выказваннi запiсваюцца поўнасцю. Але пад прыкрыццём гэтых крамзоляў – рысак, кружкоў i квадрацiкаў – мiс Уорэн паглыбiлася ў роздум. Яна разважала над усiм, што тычылася "Бедэкера". Выданне 1914 года, выдатна захаванае, iм амаль што не карысталiся, калi не браць у разлiк раздзела, прысвечанага Белграду: схему горада так часта бралi ў рукi, што яна адарвалася.
– Пэўна ж, вы падзяляеце мае погляды? – з трывогай спытаў мiстэр Сейвары. – Яны маюць вялiкае значэнне. Яны, на маю думку, – адзiныя крытэрыi сапраўднай лiтаратуры. Разумееце, можна прытрымлiвацца гэтых поглядаў i адначасова пiсаць кнiгi, якiя разыходзяцца тыражамi ў сотнi тысяч.
Мiс Уорэн, узлаваная, што перарвалi яе думкi, ледзь стрымалася, каб не запярэчыць: "Можа, вы лiчыце, што i мы маглi б прадаваць два мiльёны экземпляраў газеты, калi б пiсалi толькi праўду?"
– Вельмi цiкава, – сказала яна. – Публiцы гэта спадабаецца. А скажыце, калi ласка, на ваш погляд, якi ваш асабiсты ўклад у ангельскую лiтаратуру? Яна падбадзёрыла яго лагоднай усмешкай i тыцнула ў яго алоўкам.
– Гэтае, бачыце, нехта iншы павiнен вызначыць, але ж кожны спадзяецца... кожны iмкнецца зрабiць што-небудзь, каб адрадзiць дух высакародства i цвярозага розуму ў сучаснай лiтаратуры. У ёй занадта многа самасузiрання, самалюбства, надта многа жудаснага, змрочнага. Увогуле, свет – прыемнае месца, дзе жывуць смелыя людзi. – Кашчавая рука, якая трымала люльку, бездапаможна паляпвала па калене. – Трэба адрадзiць дух Чосера. – Па калiдоры прайшла нейкая жанчына, i на iмгненне ўся ўвага мiстэра Сейвары перакiнулася на яе, ён нiбыта паплыў услед за ёю, гайдаючыся ў такт са сваёй рукой. – Чосер, – паўтарыў ён. – Чосер. – I раптам iмпэт яго згас на вачах у мiс Уорэн, люлька ўпала на падлогу, i, нахiлiўшыся падняць яе, ён гнеўна ўсклiкнуў: – Гары яно ўсё гарам! Да д'ябла!
Перад ёю паўстаў чалавек, дарэшты змораны, раззлаваны тым, што яму даводзiцца выконваць не сваю ролю, агорнуты цiкаўнасцю i пажадлiвасцю, чалавек, блiзкi да iстэрыкi. Мiс Уорэн злараднiчала. Нельга сцвярджаць, што яна ненавiдзела асабiста яго, ёй быў ненавiсны ўсякi надзвычайны поспех: будзь гэта продаж ста тысяч экземпляраў кнiгi цi дасягненне хуткасцi ў тры тысячы мiль у гадзiну, – ва ўсiх такiх выпадках яна брала iнтэрв'ю, а шчаслiвец спагадлiва даваў яго. Няўдачнiк жа, даведзены да роспачы, – гэта зусiм iншая справа, тут яна выступала ад iмя абуранага грамадства, пранiкала ў турэмныя камеры, у нумары раскошных гатэляў, у жабрацкiя кварталы трушчоб. Тут чалавек быў цалкам пад яе ўладай, загнаны памiж пальмамi ў вазонах i пiянiна, прыцiснуты да вясельнай фатаграфii i мармуровага гадзiннiка. Яна нават адчувала спагаду да сваёй ахвяры, задавала ёй нязначныя, iнтымныя пытаннi, амаль не чуючы адказаў. "Так, сапраўды, не надта вялiкая адлегласць аддзяляе мiстэра Куiна Сейвары, аўтара "Развясёлага жыцця", ад такога няўдальца", – задаволена падумала яна.
– Дух цвярозага розуму – гэта ваша крэда? – ухапiўшыся за яго словы, спытала яна. – Вы прынцыпова супраць адзнак "Толькi для дарослых"? Вашымi кнiгамi адорваюць выдатнiкаў у школах.
Насмешка яе прагучала занадта яўна.
– Я ганаруся гэтым, – сказаў ён. – Маладое пакаленне павiнна выхоўвацца на здаровых традыцыях.
Яна заўважыла яго перасохлыя губы, погляд, крадком кiнуты ў калiдор. "Гэта я выкарыстаю, наконт здаровых традыцый, – падумала яна, – публiцы спадабаецца, Джэймсу Дугласу будзе прыемна. Iм яшчэ болей спадабаецца, калi ён дакоцiцца да вулiчнага прамоўцы ў Гайд-Парку, – хутчэй за ўсё так яно i будзе праз некалькi гадоў. Я дажыву да гэтага часу i нагадаю iм свае словы". Яна ганарылася сваёй здольнасцю прадбачання, аднак яшчэ не дажыла да таго часу, каб яе прадбачанне збылося. "Паглядзiце на яго зараз: на яго маршчынкi – адзнакi слабога здароўя, на тон яго голасу, жэсты – усё гэта раскажа звычайнаму чалавеку не болей, чым рысачкi i кружочкi ў "Бедэкеры", аднак супастаўце ўсё з акружэннем гэтага чалавека, з яго сябрамi, абсталяваннем яго кватэры, дзе ён жыве, i ўбачыце яго будучыню, наканаваную яму няшчасную долю.
– Божухна! – усклiкнула мiс Уорэн. – Нарэшце я ўсё зразумела!
Мiстэр Сейвары ўсхапiўся з месца:
– Што вы зразумелi? Наконт зубнога болю?
– Не, не, – сказала мiс Уорэн. Яна была яму ўдзячная: дзякуючы яго размовам яе свядомасць напоўнiлася святлом, якое не пакiнула нiводнага зацiшнага кутка, дзе б мог схавацца ад яе доктар Цынер. – Я маю на ўвазе ваша цудоўнае iнтэрв'ю. Я зразумела, як трэба пра вас напiсаць.
– Я ўбачу карэктуру?
– Ах, мы ж не штотыднёвiк. Нашы чытачы чакаць не могуць. Яны, ведаеце, як галодныя, патрабуюць свайго бiфштэкса, вырабленага з папулярнага чалавека. На карэктуры няма часу. Лонданцы будуць чытаць гэта iнтэрв'ю заўтра за ранiшняй кавай.
I пераканаўшы яго, што iнтэрв'ю будзе мець поспех у чытачоў, мiс Уорэн пайшла. Хоць, па праўдзе кажучы, ёй хацелася папярэдзiць гэтага стомленага чалавека, якi ўжо ўхапiўся за думку пра новы паўмiльённы тыраж яго новай кнiгi, якая ў людзей кароткая памяць – сёння яны купляюць кнiгу, з якой заўтра будуць смяяцца. Аднак на гэта ў яе ўжо не было часу, яе захапiла больш буйная гульня – яна лiчыла, што ўжо разгадала тайну "Бедэкера". Штуршком былi яе прароцтвы. Схема лёгка вымалася, папера ў "Бедэкеры", як ёй запомнiлася, была тонкая i дастаткова празрыстая, калi падкласцi схему пад паметкi алоўкам на папярэдняй старонцы, лiнii можна бачыць наскрозь.
"Чорт пабяры, не кожны да такога дадумаецца, – разважала яна. – За гэта трэба выпiць. Знайду я зараз парожняе купэ i паклiчу афiцыянта". Ёй не было патрэбы нават у Джанет Пардаў, каб адсвяткаваць такую ўрачыстасць, яна палiчыла за лепшае пасядзець адной, з келiхам Курвуазье, там, дзе нiчога не перашкодзiць ёй абдумаць наступны ход. Аднак нават знайшоўшы парожняе купэ, яна дзейнiчала абачлiва: не выцягнула "Бедэкера" з-пад кофтачкi да таго часу, пакуль афiцыянт не прынёс каньяк. I нават тады зрабiла гэта не адразу. Яна паднесла келiх да ноздраў, дазваляючы вiннай пары дайсцi да таго месца, дзе мозг, вiдаць, злучаецца з носам. Алкаголь, якi яна пiла ўчора ўвечары, не ўвесь яшчэ выпарыўся. Ён варушыўся ў ёй, як земляны чарвяк у спякотны вiльготны дзень. "Галава круцiцца, – падумала яна, – у мяне круцiцца галава". Праз келiх з каньяком яна паглядзела на навакольны свет, такi аднастайны i звыклы, што здавалася, ён назаўсёды застанецца нязменны: дагледжаныя палi, дрэвы, маленькiя фермы. Яе вочы, блiзарукiя i пачырванелыя ад аднаго толькi паху вiна, не заўважалi, што адбылiся нейкiя змены ў надвор'i. Яна паглядзела на неба, шэрае i бясхмарнае, i на цьмянае сонца. "Няма нiчога дзiўнага, калi пойдзе снег", – падумала яна i праверыла, цi поўнасцю адчынены кран ацяплення. Потым выцягнула з-пад кофтачкi "Бедэкер". Цягнiк ужо хутка прыйдзе ў Нюрнберг, i ёй хацелася вырашыць усе праблемы да з'яўлення новых пасажыраў.
Яе здагадка была правiльная, гэта, ва ўсякiм разе, дакладна. Калi яна пачала разглядаць на святло схему i старонку з адзнакамi, рысачкi ляглi ўздоўж вулiц, кружочкi абвялi грамадскiя будынкi: паштамт, вакзал, суд, турму. Але што ўсё гэта азначае? Раней яна лiчыла, што доктар Цынер вяртаецца, каб даць наглядны прыклад, магчыма, паўстаць перад судом за iлжэсведчанне. Аднак у такiм разе схема не мела нiякага сэнсу. Яна зноў пачала пiльна яе вывучаць. Вулiцы былi адзначаны невыпадкова, тут iснавала нейкая пэўная сiстэма: квадраты дакладна размяшчалiся вакол галоўнага квадрата. Квадрат на адным баку галоўнага супадаў з вакзалам, на другiм – з поштай, на трэцiм – з судом. Усярэдзiне квадрацiкi рабiлiся ўсё меней i меней i, нарэшце, акружалi толькi турму.
З абодвух бакоў цягнiка стромка ўзнiмаўся ўгору адхон, ён засланяў сонечнае святло. Iскры, чырвоныя на фоне пахмурнага неба, нiбыта градзiнкi, грукаталi па вокнах, цемра запоўнiла вагоны, калi доўгi цягнiк з грукатам уварваўся ў тунель. "Рэвалюцыя, сама меней, рэвалюцыя", – думала яна, усё яшчэ трымаючы схему на ўзроўнi вачэй, каб не прапусцiць моманту, калi зноў з'явiцца святло.
Грукат сцiхнуў, раптам наўкол iзноў зрабiлася светла. У дзвярах стаяў доктар Цынер з газетай пад пахай. На iм iзноў быў плашч, i яна акiнула пагардлiвым поглядам яго акуляры, сiвыя валасы, неахайна падстрыжаныя вусы i вузкi, туга завязаны гальштук. Яна адклала схему ўбок i сказала з усмешкаю:
– Ну i як?
Доктар Цынер увайшоў у купэ i зачынiў дзверы. Без усякай адзнакi варожасцi ён сеў насупраць яе. "Ён разумее, што я паставiла яго ў безвыходнае становiшча, i вырашыў паводзiць сябе разумна".
– Ваша газета ўхвалiла б ваш учынак? – раптам спытаў ён.
– Вядома, не. Назаўтра ж мяне выкiнулi б на вулiцу. Але калi яны атрымаюць мой матэрыял, усё будзе наадварот. – I дадала з добра разлiчаным нахабствам: – Думаю, за такi матэрыял варта прыбавiць мне чатыры фунты ў тыдзень.
Доктар Цынер сказаў павольна, без нiякага гневу:
– Я вам нiчога не раскажу.
Яна пагардлiва махнула на яго рукой.
– Вы мне шмат чаго ўжо расказалi. А яшчэ i гэта. – Яна пастукала па "Бедэкеры". – Вы былi настаўнiкам замежнай мовы ў Грэйт Берчынгтан-он-Сi. Мы атрымалi iнфармацыю ад вашага дырэктара. – Ён нахiлiў галаву. – А потым, працягвала яна, – ёсць яшчэ гэтая схема. I гэтыя каракулi. Я iх ужо супаставiла i ўсё зразумела.