Текст книги "Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)"
Автор книги: Грэм Грин
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 14 страниц)
– Хутка дамчым да Белграда! Сто дваццаць дынараў. Хутка даставiм у Белград!
Гэта была нечуваная цана, i адзiн мажны камерсант адгукнуўся на прапанову шафёра. Каля шашы пачаўся доўгi гандаль. "Мiнеральныя воды! Мiнеральныя воды!" Немец з коратка падстрыжанай галавой крочыў узад i ўперад, незадаволена размаўляючы сам з сабой. Майет пачуў у сябе за спiнай нечы голас, якi сказаў па-ангельску:
– Iзноў пойдзе снег.
Ён азiрнуўся з надзеяй, што гэта Корал, але то была жанчына, якую ён сустрэў у вагоне-рэстаране.
– Не надта весела затрымацца тут, – сказаў ён. – Спатрэбiцца некалькi гадзiн, пакуль прышлюць другi паравоз. А што, калi паехаць да Белграда на машыне?
– Гэта што, прапанова, запрашэнне?
– У складчыну.
– Але ў мяне няма нi гроша.
Яна абярнулася i памахала рукой:
– Мiстэр Сейвары, хадземце сюды, можна наняць у складчыну машыну. Вы, вядома, заплацiце маю долю?
Мiстэр Сейвары локцямi працiснуўся праз натоўп пасажыраў, якiя скупiлiся вакол машынiста.
– Не магу ўцямiць, пра што гаворыць гэты хлапец. Нешта наконт катла, сказаў ён. – Паехаць разам на машыне? – працягваў мiстэр Сейвары ўжо павольней. – Напэўна, гэта будзе каштаваць даволi дорага?
Ён пiльна паглядзеў на жанчыну, нiбыта чакаючы ад яе адказу на сваё пытанне. "Ён, вядома, прыкiдвае, узважвае, якую карысць ён будзе мець з гэтага", -падумаў Майет. Ваганнi мiстэра Сейвары, насцярожанае маўчанне жанчыны абудзiлi ў iм iнстынкт супернiцтва. Яму захацелася паказаць ёй сваё багацце, як паўлiн разгортвае хвост, i асляпiць яе раскошаю сваiх скарбаў.
– Шэсцьдзесят дынараў – з вас дваiх.
– Я толькi пайду i пагавару з начальнiкам цягнiка, можа, ён ведае, як доўга...
Пайшоў снег.
– Калi вы захочаце падзялiць са мной кампанiю, мiс...
– Джанет Пардаў, – сказала яна i падняла каўнер футра да самых вушэй. Яе шчокi гарэлi, разрумяненыя снегам. Майет мог уявiць сабе абрысы яе ахутанага футрам цела i параўнаць яе з хударлявай голай Корал. "Мне давядзецца Корал узяць з сабой", – падумаў ён.
– Так, так, яна выйшла з цягнiка ў Субоцiцы. Я ведаю, каго вы маеце на ўвазе. Вы абедалi з ёй учора. – Яна ўсмiхнулася яму. – Гэта, пэўна, ваша каханка?
– Яна выйшла з сакваяжам?
– Ды не, здаецца. У яе з сабой нiчога не было. Я заўважыла, як яна прайшла з мытнiкам на станцыю. А яна забаўная малышка, праўда? З вар'етэ? спытала Джанет, але даволi абыякава. Па яе тоне Майет зразумеў, што яна асуджае не дзяўчыну, а яго самога за тое, што ён марна трацiць грошы.
Гэта яго ўзлавала, нiбыта яна крытыкавала яго разынкi, быў кiнуты цень на яго пранiклiвасць i дабрачыннасць. "Зрэшты, я выдаткаваў на яе не болей, чым патрацiў бы на вас, калi б узяў вас з сабой у Белград, – падумаў ён, – а цi расплацiлiся б вы са мной такiм самым спосабам i з такой самай шчодрасцю, як яна?" Аднак рознiца памiж iмi выклiкала ў iм жаданне i горыч, таму што гэтая дзяўчына была блiскучая статуэтка з срэбра, а Корал – у лепшым выпадку прывабным кавалачкам каляровага шкла. Корал абуджала чыста сентыментальныя пачуццi, а ў Джанет была нейкая ўнутраная каштоўнасць. "Яна не з тых, каму трэба не толькi грошы, але i прыгожае цела, якое задаволiла б яе пажадлiвасць, розум, адукаванасць. Я жыд, i мяне навучылi толькi таму, як рабiць грошы". Але тым не меней яе пагарда ўзлавала яго i дапамагла адмовiцца ад недасяжнага.
– Яна, пэўна, адстала ад цягнiка. Мне трэба вярнуцца за ёй.
Ён не папрасiў прабачэння за парушанае абяцанне i хутка рэцiраваўся. Добра, што было яшчэ не позна.
Камерсант усё яшчэ таргаваўся з шафёрам. Той панiзiў суму да ста дынараў, а той падняў да дзевяноста. Майету было няёмка ўблытвацца ў iх здзелку, ён разумеў: абодва яны будуць пагарджаць iм за тое, што ён пора гарачку i паводзiць сябе такiм чынам не да твару самавiтаму бiзнесмену.
– Я дам вам сто дваццаць дынараў, калi вы адвязеце мяне ў Субоцiцу i назад. – Калi ён убачыў, што шафёр збiраецца працягваць торг, ён павялiчыў суму: – Сто пяцьдзесят дынараў, калi вы даставiце мяне туды i назад да адыходу гэтага цягнiка.
Машына была старая, пабiтая, але вельмi магутная. Яны ехалi супраць ветру з хуткасцю шэсцьдзесят мiль у гадзiну па дарозе, якая не рамантавалася цэлую вечнасць. Спружыны сядзення былi зламаныя, i Майета кiдала з боку на бок, калi машына правальвалася ў ямы, вылазiла з iх, хiлiлася набок. Яна бурчала i задыхалася, як чалавек, даведзены да знямогi бязлiтасным гаспадаром. Снег павалiў мацней: тэлеграфныя слупы ўздоўж чыгункi мiльгалi, нiбыта цёмныя правалы ў белай сцяне снегу. Майет нахiлiўся да шафёра i крыкнуў па-нямецку, перакрываючы роў старой машыны:
– Вы што, сляпы?
Раптам машыну рэзка занесла ўбок i кiнула ўпоперак шашы, а шафёр крыкнуў яму ў адказ, што баяцца няма чаго, на дарозе нiкога няма, але ён не пацвердзiў, што ўсё добра бачыць.
Тым часам вецер узмацнiўся. Шаша, закрытая ад iх сцяной снегападу, цяпер то ўздымалася перад iмi, то зноў бегла ўнiз, падобная на хвалю з пенай калючага снегу. Майет крычаў шафёру, каб той ехаў цiшэй. "Калi б зараз шына спусцiла, нам абодвум канец", – падумаў ён. Ён бачыў, як шафёр паглядзеў на гадзiннiк i нацiснуў на акселератар. Стары аўтамабiль адказаў яму, дадаўшы яшчэ некалькi мiль у гадзiну, падобна да тых моцных упартых старых, пра якiх кажуць: "Гэта ўжо апошнiя: такую пароду мы болей не выведзем". Майет iзноў закрычаў: "Цiшэй!" – але шафёр паказаў на свой гадзiннiк i давёў машыну, што грукатала на ўсю моц, да небяспечнай, звышнатуральнай мяжы хуткасцi. Гэтаму чалавеку трыццаць дынараў – рознiца памiж тым, цi паспеюць яны, цi ўпусцяць цягнiк – азначалi некалькi месяцаў забяспечанага жыцця: ён рызыкаваў бы сваiм жыццём i жыццём свайго пасажыра i за меншую суму. Раптам, калi вецер падхапiў снег i адкiнуў яго ўбок, у прасвеце, на адлегласцi дзесяцi метраў, перад iмi з'явiлася павозка. Майет ледзь паспеў заўважыць ачмурэлыя вочы быкоў, разлiчыць, у якiм месцы iх рогi разаб'юць лабавое шкло, як пажылы чалавек залямантаваў, кiнуў пугу i саскочыў з калёс. Шафёр крута павярнуў руль, машына пераскочыла цераз снежны вал, пакацiлася як шалёная на двух колах, у той час як два астатнiя з шумам круцiлiся ў паветры па-над зямлёй. Машына нахiлялася ўсё болей i болей, пакуль Майету не здалося, што зямля ўстае на дыбкi, як гарачае малако, потым аўтамабiль пераскочыў цераз снежны сумёт, спачатку два колы дакранулiся да зямлi, потым усе чатыры, i машына панеслася па шашы з хуткасцю шэсцьдзесят мiль у гадзiну, а снег самкнуўся за iмi, накрыўшы быкоў, драбiны i здзiўленага старога, здранцвелага ад жаху.
– Едзьце цiшэй, – задыхаючыся, сказаў Майет, але шафёр абярнуўся, усмiхнуўся яму i бясстрашна махнуў рукой.
Афiцэры сядзелi за сталом, вартаўнiкi стаялi каля дзвярэй, а доктар адказваў на пытаннi, якiя яму бесперапынна задавалi. Корал Маскер заснула. Гэтая ноч змарыла яе, яна не разумела нiводнага слова з таго, што гаварылася, не ведала, чаму яна тут, была напалоханая i пачала ўжо прыходзiць у адчай. Спачатку ёй прыснiлася, нiбыта яна – маленькая дзяўчынка i ўсё было вельмi проста i вельмi трывала, усё можна было растлумачыць. А потым ёй прыснiлася, што яна старая i аглядваецца на сваё жыццё, ёй ужо ўсё вядома, што правiльна i што няправiльна i чаму здараецца тое i гэтае, i зноў усё было вельмi проста i падпарадкоўвалася законам маралi. Але гэты другi сон не быў падобны на першы: яна ўжо амаль прачнулася i прымушала сон паказваць тое, што ёй хацелася ўбачыць. I ўсе яе сны праходзiлi на фоне размовы, якая здалёк даносiлася да яе. У апошнiм сне, абароненая старасцю, яна пачала згадваць i падзеi мiнулай ночы i дня, i ёй здалося, што ўсё ўладзiлася, i Манет прыехаў па яе з Белграда.
Доктару Цынеру таксама дазволiлi сесцi ў крэсла. Па выразе твару мажнага афiцэра ён зразумеў, што з iлжывым абвiнавачаннем было амаль пакончана, – таўстун перастаў звяртаць увагу на допыт, ён толькi кiваў галавой, iкаў i зноў iкаў. Палкоўнiк Хартэп па-ранейшаму захоўваў уяўную зычлiвасць i трымаўся правасуддзя. Ён не пакутаваў ад згрызот сумлення, але ён i не хацеў прыносiць падсуднаму празмерных пакутаў. Калi б гэта было магчыма, ён да канца пакiнуў бы доктару Цынеру нейкае калiва надзеi. Маёр Петкавiч бесперапынна выступаў з пратэстамi, ён ведаў, гэтаксама як i кожны з iх, загадзя прысуд, але вырашыў надаць яму хоць бы выгляд законнасцi, каб усё праходзiла згодна правiлам, змешчаным у настаўленнi 1929 года.
Седзячы спакойна, сцiснуўшы кулакi, паклаўшы паношаны мяккi брыль на падлогу каля сваiх ног, доктар Цынер вёў з афiцэрамi безнадзейную барацьбу. Адзiнае рашэнне, на якое ён мог спадзявацца, было прызнанне неаб'ектыўнасцi гэтага суду – яго ж збiралiся пацiху закапаць у зямлю на пагранiчнай станцыi, калi сцямнее, i нiхто нi пра што не даведаецца.
– За iлжэсведчанне мяне не судзiлi. Гэта не ўваходзiць у кампетэнцыю ваеннага трыбунала, – сказаў ён.
– Вас судзiлi ў вашу адсутнасць, – запярэчыў палкоўнiк Хартэп. – I прыгаварылi да пяцi год зняволення.
– Лiчу, што вы знойдзеце патрэбным перадаць маю справу ў грамадзянскi суд для вынясення канчатковага прыгавору.
– Ён мае рацыю, – умяшаўся маёр Петкавiч. – Такiя злачынствы не ў нашай кампетэнцыi. Калi вы паглядзiце раздзел пятнаццаты...
– Я вам давяраю, маёр. Тады мы часова адкладзём абвiнавачанне ў iлжэсведчаннi. Застаецца фальшывы пашпарт.
– Вы павiнны даказаць, што я не прыняў брытанскага падданства, – хутка запярэчыў доктар Цынер. – Дзе вашы сведкi? Вы маеце намер тэлеграфаваць брытанскаму паслу?
Палкоўнiк Хартэп усмiхнуўся:
– Гэта патрабуе шмат часу. Мы пакуль адкладзём пытанне пра фальшывы пашпарт. Вы згодны, маёр?
– Не. Я лiчу, што будзе больш правiльна, калi мы адкладзём суд па больш дробным абвiнавачаннi, пакуль ён не будзе асуджаны, – я хацеў сказаць: пакуль не будзе вынесены прыгавор па больш сур'ёзным абвiнавачаннi.
– Для мяне гэта тое самае, – сказаў палкоўнiк Хартэп. – А як вы, капiтан?
Капiтан кiўнуў, усмiхнуўся i заплюшчыў вочы.
– А цяпер абвiнавачанне ва ўдзеле ў змове, – сказаў палкоўнiк Хартэп.
Маёр Петкавiч перабiў яго:
– Я ўсё гэта абдумаў. Лiчу, што ў абвiнаваўчым акце трэба выкарыстаць слова "здрада".
– Ну, добра, хай будзе "здрада".
– Не, не, палкоўнiк, цяпер ужо нельга ўносiць папраўкi ў абвiнаваўчы акт. Давядзецца пакiнуць "удзел у змове".
– Вышэйшая мера?
– I ў тым i ў другiм выпадку.
– Ну добра. Доктар Цынер, вы прызнаяце сябе вiнаватым цi не прызнаяце?
Доктар Цынер з хвiлiнку падумаў. Потым сказаў:
– А якая рознiца?
Палкоўнiк Хартэп паглядзеў на гадзiннiк, потым узяў са стала пiсьмо.
– На погляд суду, гэтага дастаткова для вынясення прысуду.
У яго быў выгляд чалавека, якi хоча далiкатна, але няўмольна пакласцi канец дзелавой размове.
– Я думаю, што маю права на тое, каб пiсьмо прачыталi i падверглi перакрыжаванаму допыту салдата, якi адабраў гэтае пiсьмо.
– Безумоўна, – ахвотна пагадзiўся маёр Петкавiч.
– Я не буду ўскладняць вам справу, – усмiхнуўся доктар Цынер. – Я прызнаю сваю вiну.
"Але калi б ваенны трыбунал засядаў у Белградзе, – сказаў ён сабе, – i журналiсты ў сваёй ложы занатоўвалi б усё, я б змагаўся за кожны пункт". Цяпер, калi яму не было да каго звяртацца, ён адчуў прылiў красамоўства, яму ў галаву прыходзiлi рэзкiя словы i словы, якiя маглi выклiкаць слёзы.
Ён ужо быў не тым узлаваным чалавекам са звязаным языком, якому не ўдалося закляймiць мiсiс Пiтэрс.
– Суд аб'яўляе перапынак, – сказаў палкоўнiк Хартэп.
У нядоўгiм маўчаннi было чуваць, як вецер, быццам злы вартавы сабака, гойсае вакол станцыйных будынкаў. Перапынак быў вельмi кароткi, ён доўжыўся роўна столькi, колькi спатрэбiлася палкоўнiку Хартэпу, каб накiдаць некалькi слоў на аркушы паперы i пасунуць яго па стале на подпiс абодвум афiцэрам. Двое салдат стаялi крыху вальней.
– "Суд прызнае арыштаваных вiнаватымi, – прачытаў палкоўнiк Хартэп. Арыштаваны Ёзеф Грунлiх прыгаворваецца да аднаго месяца зняволення, пасля чаго будзе высланы на радзiму. Арыштаваная Корал Маскер прыгаворваецца да турэмнага зняволення на дваццаць чатыры гадзiны, пасля чаго будзе выслана на радзiму. Арыштаваны..."
Доктар Цынер перабiў яго:
– Магу я звярнуцца да суду, перш чым будзе абвешчаны прысуд?
Палкоўнiк Хартэп кiнуў погляд у акно – яно было зачынена, зiрнуў на вартаўнiкоў – iх бясстрасныя, абыякавыя твары выказвалi неразуменне i адчужанасць.
– Можаце, – дазволiў ён.
Твар маёра Петкавiча пабарвавеў.
– Немагчыма, – сказаў ён, – абсалютна немагчыма. Загад 27а. Арыштаванаму трэба гаварыць да перапынку.
Начальнiк палiцыi паглядзеў мiма вострага профiлю маёра, туды, дзе на крэсле, сагнуўшыся, склаўшы рукi ў шэрых баваўняных пальчатках, сядзеў доктар Цынер. Звонку прагудзеў паравоз, якi павольна рухаўся па чыгуначным пуцi. За акном шамацеў снег. Ён глянуў на доўгi шэраг ордэнскiх калодак на сваiм шынялi i на дзiрку ў пальчатцы доктара Цынера.
– Гэта будзе поўнае парушэнне правiлаў, – прабурчаў маёр Петкавiч, адной рукой ён намацаў пад сталом свайго сабаку i пачаў тузаць, кудлацiць яго за вушамi.
– Прымаю да ведама ваш пратэст, – сказаў палкоўнiк Хартэп i потым звярнуўся да доктара Цынера: – Вы ведаеце гэтаксама добра, як i я, – зычлiва пачаў ён, – што б вы нi гаварылi, гэта ўжо не зменiць прысуду. Але калi вам так хочацца нешта сказаць, калi гэта прынясе вам задавальненне, можаце гаварыць.
Доктар Цынер чакаў пярэчанняў цi зневажальных рэплiк i ў сваiм апошнiм слове меўся даць iм рашучы адпор. Аднак ласкавасць, ветлiвасць палкоўнiка на iмгненне пазбавiлi яго дару слова. Ён iзноў пазайздросцiў тым вартасцям, якiмi валодаюць толькi людзi моцныя, упэўненыя ў сабе. Зычлiвасць палкоўнiка, якi моўчкi глядзеў на яго, скавала яму язык. Капiтан Алексiч расплюшчыў вочы i зноў заплюшчыў iх. Доктар пачаў павольна гаварыць:
– Гэтыя ўзнагароды вы атрымалi за заслугi перад радзiмай пад час вайны. У мяне няма ўзнагарод, таму што я вельмi моцна люблю сваю радзiму. Я не хачу забiваць людзей толькi за тое, што яны гэтаксама любяць сваю радзiму. Я змагаюся не за новыя тэрыторыi, а за новы свет.
Яго прамова перарвалася: тут не было публiкi, якая магла б падбадзёрыць яго, i ён усведамляў, наколькi напышлiвыя яго словы: яны не маглi служыць доказам вялiкай любовi i вялiкай нянавiсцi, якiя заўсёды кiравалi iм у яго жыццi. У яго мазгу прамiльгнулi журботныя i цудоўныя твары людзей, змарнелыя ад голаду, заўчасна састарэлыя, поўныя адчаю. Ён ведаў гэтых людзей, дапамагаў iм, але не здатны быў iх выратаваць. Свет ператварыўся ў хаос, таму што такая плойма высакародных людзей – беспрацоўныя, у той час як буйныя фiнансiсты i вайскоўцы квiтнеюць.
– Вас нанялi, каб падтрымлiваць нiкчэмны i агiдны стары свет, поўны несправядлiвасцi i неразбярыхi, – казаў ён, – бо такiя людзi, як Вускавiч, крадуць працоўныя жабрацкiя грашы ў беднякоў, дзесяць гадоў спяшаюцца жыць раскошным, сытым, бязглуздым жыццём, а потым пускаюць сабе кулю ў лоб. I вам плацяць за тое, каб вы абаранялi вось такую сiстэму, якая падтрымлiвае людзей накшталт яго. Вы саджаеце ў турму дробнага зладзюжку, а вялiкiя злодзеi жывуць у палацах.
– Тое, што гаворыць арыштаваны, не мае нiякага дачынення да справы. Гэта палiтычная прамова, – умяшаўся маёр Петкавiч.
– Хай гаворыць.
Палкоўнiк Хартэп засланiў рукою твар i заплюшчыў вочы. Доктар Цынер падумаў: "Ён робiць выгляд, што спiць – хоча замаскiраваць сваю раўнадушнасць", але той iзноў расплюшчыў вочы, калi доктар гнеўна звярнуўся да яго:
– Як жа вы ўстарэлi з сваiмi гранiцамi i з сваiм патрыятызмам! Самалёты не ведаюць гранiц, нават вашы фiнансiсты iх не прызнаюць.
Потым доктар Цынер заўважыў, што палкоўнiк Хартэп нечым засмучаны, i пры думцы, што, магчыма, Хартэп не жадае яго смерцi, яму зноў зрабiлася цяжка падбiраць патрэбныя словы. Ён бездапаможна пераводзiў вочы з аднаго месца на другое, ад карты на сцяне да палiцы з гадзiннiкам, застаўленай кнiгамi ў падраных вокладках па стратэгii i па ваеннай гiсторыi. Нарэшце яго погляд спынiўся на двух вартавых. Адзiн глядзеў мiма, не звяртаючы на яго ўвагi, ён спрабаваў глядзець у адну кропку i трымаць вiнтоўку пад правiльным вуглом. Другi ж не зводзiў з яго вялiкiх, наiўных, маркотных вачэй. Гэты твар ён далучыў да той уяўнай журботнай працэсii, i тут ён зразумеў – ён мае аўдыторыю больш каштоўную, чым журналiсты: перад iм быў бядняк, якога трэба адлучыць ад няправеднай справы i пераканаць, каб ён служыў справядлiвай справе. I тады ў доктара адразу знайшлiся словы, абстрактныя, але мiлагучныя, – яны некалi пераканалi яго самога, а цяпер павiнны былi пераканаць iншага. Аднак зараз ён паводзiў сябе хiтрэй, з асцярогай, уласцiвай яго класу, не глядзеў на салдата, якi стаяў на варце, а толькi зрэдку, крадком, кiдаў на яго хуткi, нiбыта хвост яшчаркi, позiрк, звяртаючыся да яго ў множным лiку: "Браты!" ён пераконваў яго, што беднасць – не ганьба, але i старацца разбагацець таксама не сорамна, што беднасць – не злачынства i няма нiякай патрэбы адчуваць сябе прыгнечаным. Калi ўсе зробяцца беднякамi – беднякоў не будзе наогул. Багаццi свету належаць усiм. Калi падзялiць iх памiж усiмi людзьмi, тады знiкнуць беднякi, i ў кожнага чалавека будзе дастаткова, i не трэба будзе саромецца сваiх суседзяў.
Палкоўнiк Хартэп страцiў да яго цiкавасць: у доктара Цынера знiклi характэрныя рысы, накшалт шэрых шарсцяных пальчатак з дзiркай на вялiкiм пальцы, i ён ператварыўся ў звычайнага вулiчнага прамоўцу. Глянуўшы на гадзiннiк, палкоўнiк Хартэп сказаў:
– Я думаю, што даў вам дастаткова часу.
Маёр Петкавiч прамармытаў нешта сабе пад нос, ён раптам са злосцю пхнуў нагой сабаку i буркнуў:
– Адчапiся! Вечна ты лезеш да мяне.
Капiтан Алексiч прачнуўся i сказаў з вялiкай палёгкай:
– Ну вось, нарэшце, i закончылi.
Доктар Цынер, якi ўтаропiўся ў адну кропку на падлозе, злева ад вартаўнiка, павольна вымавiў:
– Гэта быў не суд. Яны прыгаварылi мяне да смерцi перш чым пачалi судзiць. Памятайце, я памiраю, каб адкрыць перад вамi шлях у будучыню. Смерцi я не баюся. Жыццё маё не вартае таго, каб баяцца смерцi. Мне здаецца, што ад мяне мёртвага болей карысцi. – Але пакуль ён гаварыў, яго ясны розум падказаў яму, што наўрад цi яго смерць каму-небудзь прынясе карысць.
– "Арыштаваны Рычард Цынер прыгаворваецца да смяротнага пакарання, прачытаў палкоўнiк Хартэп. – Прыгавор будзе прыведзены ў выкананне афiцэрам, якi камандуе гарнiзонам у Субоцiцы, праз тры гадзiны".
З хвiлiну ўсе сядзелi моўчкi, як на канцэрце, калi выкананне закончана i публiка не ўпэўнена, цi надышоў час апладзiраваць. Корал Маскер прачнулася. Яна не магла адразу ўцямiць, што тут адбываецца. Афiцэры размаўлялi памiж сабой, перагортвалi паперы. Потым адзiн з iх аддаў каманду, вартаўнiкi адчынiлi дзверы i пайшлi насустрач ветру i снегу да белых зацярушаных будынкаў.
Арыштаваныя выйшлi за iмi, тулячыся адно да аднаго сярод снежнай завеi, што агарнула iх. Не паспелi яны крыху адысцi, як Ёзеф Грунлiх тузануў доктара Цынера за рукаў.
– Чаму вы нiчога не гаворыце мне? Што будзе са мной? Вы iдзяце i маўчыце, – бурчаў ён, цяжка дыхаючы.
Грунлiх замоўк, з пiльнай увагаў разглядаючы размяшчэнне будынкаў. Ён спатыкнуўся на рэйках i сярдзiта прабурчаў нешта сабе пад нос.
– А я? Што будзе са мной? – спытала Корал.
– Вас адправяць дадому заўтра.
– Але я не магу туды ехаць. Мне трэба на працу. Я страчу яе. А як жа мой сябра?
Яна з самага пачатку баялася гэтага падарожжа – баялася не зразумець, што ёй казалi насiльшчыкi, баялася нязвыклай ежы – i не ведала, чым усё гэта скончыцца. У той момант, калi памочнiк капiтана аклiкнуў яе на мокрым прычале ў Остэндэ, яна гатовая была павярнуць назад. З таго часу адбылося шмат розных падзей, а цяпер ёй давядзецца вяртацца ў тую самую кватэру, да скiбак падсмажанага белага хлеба i апельсiнавага соку на снеданне, да доўгага чакання на лесвiцы каля агенцтва разам з Айвi, i Фло, i Фiлам, i Дзiкам. Усе яны ветлiвыя юнакi i дзяўчаты, з iмi цалуешся i называеш iх проста па iменi, хоць i зусiм iх не ведаеш. Блiзкасць з кiм-небудзь адным можа парушыць свет сяброўскiх адносiн: пачынаеш адчуваць агiду да жаночых пацалункаў i да iх гучнага шчэбету, звыклае жыццё робiцца крыху нерэальнае i вельмi сумнае. Нават доктар, якi крочыў перад ёй, у гэтым нерэальным свеце не выклiкае ў яе цiкавасцi. Але, калi яны дайшлi да залы чакання, яна ўспомнiла, што трэба спытаць у яго:
– А вы? Што будзе з вамi?
– Мяне затрымаюць тут, – няпэўна адказаў ён, забыўшыся прапусцiць яе перад сабою, калi яны ўваходзiлi ў залу.
– Куды яны мяне пасадзяць? – спытаў Ёзеф Грунлiх, калi дзверы за iмi зачынiлiся.
– А мяне?
– На гэтую ноч, я думаю, у казармы. Цягнiка да Белграда няма.
Печ ужо астыла. Ён паглядзеў у акно, спрабуючы ўбачыць сялян, але iм, пэўна, надакучыла чакаць, i яны пайшлi па дамах.
– Нiчога не зробiш, – з палёгкай вымавiў ён i дадаў сумным гумарам: Быць дома – гэта ўжо нешта.
На iмгненне ён убачыў, як стаiць перад бясконцай прасторай, поўнай сасновых парт, перад радам злосных твараў, i нагадаў той час, калi сэрца ў яго ныла ад iх дзiцячага свавольства, патаемных сiгналаў i прытоенага смеху – калi настаўнiк не можа падтрымлiваць парадку ў класе, яго абавязкова звальняюць. Але яго ворагi даравалi яму тое, чаго ён нiколi раней не меў: бяспеку. Не трэба было нiчога вырашаць. Ён жыў у спакоi.
Доктар Цынер пачаў напяваць нейкi матыў.
– Гэта старадаўняя песня, – растлумачыў ён Корал Маскер. – Каханы кажа: "Я не магу прыйсцi ўдзень, бо я бедны i твой бацька нацкуе на мяне сабак. Але ўначы я падыду да твайго акна i папрашу цябе ўпусцiць мяне да сябе". А дзяўчына адказвае: "Калi забрэшуць сабакi, стой, схаваўшыся ў цень сцяны, я спушчуся да цябе, i мы разам пойдзем у гушчар фруктовага саду".
Ён праспяваў першы куплет злёгку хрыплаватым голасам, таму што даўно не спяваў. Ёзеф Грунлiх, седзячы ў кутку, пахмурна паглядзеў на спевака, а здзiўленая Корал, стоячы каля астылай печы, слухала з задавальненнем, бо доктар, здавалася, памаладзеў i быў поўны аптымiзму. "Уначы я прыйду да твайго акна i папрашу цябе ўпусцiць мяне да сябе". Ён звяртаўся не да сваёй каханай, словы гэтыя былi бяссiльныя выклiкаць у памяцi твар дзяўчыны з тых гадоў, калi ён займаўся палiтыкай i цалкам падначалiў сябе адзiнай мэце, але яго бацькi з дакорам хiталi добрымi маршчынiстымi тварамi: яны ўжо не ставiлiся з глыбокай пашанай да адукаванага чалавека, доктара, амаль джэнтльмена. Потым крышку цiшэй ён яшчэ раз праспяваў партыю дзяўчыны. Яго голас гучаў не так хрыпла, ён, пэўна, калiсьцi быў прыгожы. Адзiн вартаўнiк падышоў да акна i зазiрнуў у залу, а Ёзеф Грунлiх раптам заплакаў характэрнымi тэўтонскiмi слязамi, думаючы пра сiрот, засыпаных снегам, пра прынцэс з ледзяным сэрцам i зусiм не ўспамiнаючы пра Кольбера, чыё цела зараз везлi па брудных гарадскiх вулiцах у пахавальнай машыне ў суправаджэннi двух пахавальных агентаў i аднаго праважатага ў таксi, пажылога халасцяка, цудоўнага гульца ў шашкi. "Стой, схаваўшыся ў цень сцяны, i я спушчуся да цябе". У свеце панаваў хаос: беднякi памiралi з голаду, а багацеi не рабiлiся ад гэтага больш шчаслiвыя, злодзея маглi i пакараць, i ўзнагародзiць тытуламi, у Канадзе палiлi пшанiцу, у Бразiлii каву, а ў беднякоў яго роднай краiны не хапала грошай на хлеб, i яны памiралi з голаду ў халодных пакоях. Свет раскалоўся, i ён некалi рабiў усё магчымае, каб навесцi ў iм парадак, але цяпер з гэтым пакончана. Цяпер ён нiчога не мог зрабiць, але ён быў шчаслiвы. "Мы пойдзем туды, у гушчар фруктовага саду". У памяцi зноў не ўзнiкла нiякай дзяўчыны, якая прынесла б яму палёгку, а толькi журботныя i цудоўныя твары беднякоў, якiя навявалi на яго спакой. Ён зрабiў усё, што яму было пад сiлу, нiчога большага ад яго i не чакалi. Беднякi надзялiлi яго ўсведамленнем безвыходнасцi, адкрылi перад iм таямнiцы сваёй духоўнай прыгажосцi, сваiх радасцей i бед i павялi яго ў цемру, поўную шапацення лiстоты. Вартаўнiк прыцiснуўся тварам да акна, i доктар Цынер перастаў спяваць.
– Цяпер ваша чарга, – сказаў ён Корал.
– О, я не ведаю такiх песень, якiя б вам спадабалiся, – сур'ёзна сказала яна, у той жа час шукала ў памяцi што-небудзь крыху старамоднае i журботнае, што-небудзь, што пасавала б да яго кранальнай сумнай песенькi.
– Але ж павiнны мы неяк бавiць час.
Корал раптам заспявала нягучным, але чыстым голасам, падобным на гук музычнай скрынкi:
Хто будзе маiм,
Я пакуль не рашыла,
Я з Майклам ганяла
Усю ноч на машыне.
Я з Пiтэрам ў парку
На лаўцы сядзела.
А ўвечары з Джонам
На зоркi глядзела.
А потым знянацку
Сустрэлася з Гары,
З iм горкага пiва
Напiлася ў бары.
Дый некалi будзе уцехам канец,
I дзеўчына пойдзе з хлапцом пад вянец.
– Гэта Субоцiца? – закрычаў Майет, калi скрозь завею паказалiся некалькi глiняных будынкаў.
Шафёр кiўнуў i паказаў рукой наперад. На сярэдзiну шашы выбегла дзiцё, i машына рэзка павярнула ўбок, каб не наехаць на яго. Пранiзлiва запiшчала кураня, i шэрае пер'е разляцелася па снезе. З хаткi выйшла бабуля i закрычала iм наўздагон.
– Што яна сказала?
Шафёр павярнуў галаву i ўсмiхнуўся:
– "Праклятыя жыды".
Стрэлка спiдометра задрыжала i пачала адступаць: пяцьдзесяць мiль, сорак, трыццаць, дваццаць.
– Тут паўсюль салдаты, – сказаў шафёр.
– Вы думаеце, што тут абмежаванне хуткасцi?
– Не, не. Гэтыя праклятыя салдафоны! Як толькi ўбачаць добрую машыну, адразу рэквiзуюць. Тое самае з коньмi. – Ён паказаў на палi, ахутаныя снегам. – Сяляне – яны ўсе галадаюць. Я працаваў тут некалi, але потым вырашыў: гэта не па мне, лепей буду жыць у горадзе. Увогуле, вёска гiне. Ён кiўнуў галавой у бок чыгункi, якой не было вiдно ў снежным буране: Адзiн-два цягнiкi на дзень – вось i ўсё. Не дзiва, што тут чырвоныя бунтуюць.
– А ў вас гэтаксама былi бунты?
– Бунты? Вочы б мае не глядзелi на ўсё гэта! Таварныя склады ўсе гараць, паштамт разбiты ўшчэнт. Палiцыя ў панiцы. Белград на ваенным становiшчы.
– Я хачу паслаць адгэтуль тэлеграму. Але цi дойдзе яна?
Машына, пыхкаючы, пракладала сабе дарогу, узлазячы на другой перадачы на маленькi пагорак, потым паехала па вулiцы з закуранымi цаглянымi хацiнамi, пазаклеенымi аб'явамi i адозвамi.
– Калi вы хочаце паслаць тэлеграму, то на вашым месцы я паслаў бы яе адгэтуль. У Белградзе чэргi газетчыкаў, паштамт разбураны, i ўладам давялося канфiскаваць стары рэстаран Мiколы. Разумееце, што гэта значыць? Ды дзе ўжо вам, вы ж iншаземец. Галоўнае – не клапы, хай бы яны былi: кажуць, яны нават карысныя для здароўя...
– Цi хопiць у мяне часу паслаць адгэтуль тэлеграму i паспець на цягнiк?
– Гэты цягнiк яшчэ доўга стаяць будзе. Яны запатрабавалi другi паравоз, але нiхто ў горадзе i слухаць не хоча. Паглядзелi б вы, што робiцца на станцыi, якi там гармiдар. Лепей адвёз бы я вас у Белград. Я б вам i горад паказаў. Я там ведаю ўсе лепшыя бардэлi.
– Спачатку я паеду на пошту, – перапынiў яго Майет. – А потым паспрабуем пашукаць маю даму ў гатэлях.
– Тут усяго адзiн гатэль.
– А потым пашукаем на станцыi.
Адпраўка тэлеграмы заняла некаторы час. Спачатку ён меўся паслаць распараджэнне Джойсу, каб не даць Экману абвiнавацiць фiрму ў паклёпе. Нарэшце ён спынiўся на такой фармулёўцы: "Экману неадкладна прадаставiць месячны адпачынак. Калi ласка, адразу бярыце на сябе яго паўнамоцтвы. Буду заўтра". Такiмi словамi ён выклаў сваё распараджэнне, але ўсё гэтае трэба было зашыфраваць кодам фiрмы. Аднак калi зашыфраваная тэлеграма была пададзена ў акенца тэлеграфiста, той адмовiўся прыняць яе: усе тэлеграмы праходзiлi праз цэнзуру i зашыфраваныя паведамленнi не перадавалiся. Нарэшце Майет выбраўся з пошты, але ў гатэлi, дзе тхнула засохлымi раслiнамi i клапаморам, пра Корал нiчога не ведалi. "Яна, пэўна, яшчэ на станцыi", падумаў Майет. Ён выйшаў з машыны за сто метраў ад вакзала, каб пазбавiцца ад шафёра, – той аказаўся надта гаваркi i назойлiва навязваў сваю дапамогу, – i пачаў адзiн прабiрацца скрозь вецер i снег. Калi праходзiў паўз двух вартаўнiкоў, якiя стаялi каля дзвярэй нейкага будынка, ён спытаў у iх, як прайсцi ў залу чакання. Адзiн сказаў, што цяпер нiякай залы ўжо няма.
– А куды мне звярнуцца па даведку?
Той, што быў вышэйшы ростам, прапанаваў яму звярнуцца да начальнiка станцыi.
– А дзе яго кабiнет?
Салдат паказаў на другi будынак, але ветлiва дадаў, што начальнiка станцыi зараз няма, ён у Белградзе.
Майет стрымаў абурэнне, – вартаўнiк здаваўся такiм зычлiвым. Яго напарнiк плюнуў, выказваючы сваю пагарду, i прабурчаў пад нос нешта наконт жыдоў.
– А куды ж мне ў такiм разе звярнуцца па даведку?
– Тут ёсць маёр, а яшчэ памочнiк начальнiка станцыi, – няпэўна прамовiў вартаўнiк.
– Маёра вам не ўдасца пабачыць, ён пайшоў у казармы, – сказаў другi салдат.
Майет, не доўга думаючы, наблiзiўся да дзвярэй: за ёй чулiся цiхiя галасы. Змрочны вартаўнiк раптам узлаваўся, ён груба ўдарыў Майета па нагах прыкладам вiнтоўкi.
– Iдзi адсюль. Нам не трэба, каб тут шнырылi розныя шпегi. Правальвай адгэтуль, жыдоўская морда.
Захоўваючы поўны спакой, уласцiвы людзям яго нацыянальнасцi ў такiх абставiнах, Майет адышоў ад дзвярэй. Гэта быў знешнi спакой – прыроджаная рыса, – пра яе iснаванне ён нават не падазраваў, аднак у душы адчуў абурэнне i гнеў чалавека, якi ведае сабе сапраўдную цану. Ён быў памкнуўся да салдата, каб кiнуць яму ў твар, падобны на звярыную морду, якiя-небудзь з'едлiвыя словы, аднак своечасова спынiўся, са здзiўленнем i жахам адчуўшы небяспеку: у маленькiх пранiзлiвых вочках гарэла дзiкая нянавiсць i прага забойства, – нiбыта ўвесь прыгнёт, пагромы, уцiск, ярмо, зайздрасць i забабоны, што спарадзiлi ўсё гэта, скупiлiся ў цёмнай яме, выкапанай у зямлi, i ён глядзеў у гэтую яму, стоячы на самым краi. Ён адскочыў назад, не зводзячы вачэй з салдата, пальцы якога намацвалi курок.
– Я пагавару з памочнiкам начальнiка станцыi. – Але яго iнстынкт падказваў яму хутчэй пайсцi да машыны i вяртацца ў цягнiк.
– Не ў тэй бок! – крыкнуў яму зычлiвы вартаўнiк. – Iдзiце вунь туды, цераз рэйкi.
Майет быў рады, што буран роў на чыгунцы i шалёна дзьмуў памiж iм i салдатамi. Там, дзе ён стаяў, вецер быў не асаблiва моцны, ён затрымлiваўся ў праходах памiж будынкамi. Майет сам дзiвiўся сваёй упартасцi, не разумеючы, чаму ён марудзiць на пустой, поўнай небяспекi станцыi. Ён пераконваў сябе, што не мае нiякiх абавязацельстваў перад гэтай дзяўчынай, добра ўсведамляючы, што яна пагадзiлася б з iм. "Мы разлiчылiся, – сказала б яна, – вы купiлi мне бiлет, а я дала вам магчымасць няблага прабавiць час". Але яго прыцягвала да яе гэтая яе маўклiвая пакорлiвасць. Перад такой пакорлiвасцю ён павiнен быў быць толькi шчодры i ўдзячны. Ён перайшоў лiнiю i пагрукаў у нейкiя дзверы. За сталом, спiнай да дзвярэй, сядзеў чалавек i пiў вiно. Майет сказаў тонам, як яму здавалася, рашучым i значным: