355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Грэм Грин » Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:20

Текст книги "Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)"


Автор книги: Грэм Грин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 14 страниц)

– Вельмi шкада, што вы не выходзiце ў Будзе, калi вы так цiкавiцеся крыкетам. Мне надта цяжка набраць адзiнаццаць iгракоў на дзве каманды ў нашым пасольстве, – гаварыў чалавек, кiваючы галавой i махаючы рукамi, з тварам бледным i невыразным, як каўнер у святара, звяртаючыся да невялiкага, падобнага на пацука мужчыны, якi, скурчыўшыся, сядзеў насупраць. Гэты голас быў без жывых чалавечых iнтанацый, бо гучаў на калiдоры праз шкляныя зачыненыя дзверы купэ, калi Майет праходзiў мiма. Гэта быў той самы прывiд голасу, што зноў нагадаў Майету пра Стэйна, якi гаварыў па правадах даўжынёй у дзве тысячы мiль, пра той голас, якi выказваў надзею, што калi-небудзь будзе мець гонар прымаць мiстэра Карлтана Майета ў Канстанцiнопалi, пра той самы голас – прыемны, гасцiнны i невыразны.

Ён iшоў мiма купэ з сядзячымi месцамi ў вагоне другога класа. Мужчыны, зняўшы камiзэлькi, ляжалi на лавах, шчокi ў iх абраслi шчэццю. Жанчыны з лiнялымi валасамi, пакрытымi вязанымi сеткамi, такiмi самымi, як вязаныя з саломы карзiны на палiцах, раскiнулiся ў нязграбных позах: поўныя грудзi i вузкiя клубы, шырокiя клубы i худыя грудзi – усё безнадзейна пераблыталася. Высокая хударлявая жанчына прачнулася на iмгненне i жаласна паскардзiлася: "Пiва, якiм ты мяне пачаставаў, было проста жахлiвае. Страўнiк у мяне буркоча – ладу няма як". Насупраць сядзеў яе муж, з ухмылкай сачыў за яе заплюшчанымi ў сне вачамi, кiдаючы зрэдку позiрк на дзяўчыну ў белым плашчы, якая ляжала на лаўцы побач з iм. Адной рукой ён пацiраў няголеную шчаку, а другую крадком паклаў каля ног дзяўчыны. Майет запаволiў крок i запалiў цыгарэту. Яму падабалася зграбная постаць i твар дзяўчыны, крыху падфарбаваныя губы. Не скажаш, каб яна выглядала нейкай незвычайнай прыгажуняй, аднак тонкiя рысы твару, маленькая галоўка, вытанчаныя нос i вушы надавалi ёй асаблiвую вясёлую прывабнасць, якая нагадвае вiтрыну вясковай крамы на Каляды, поўную блiскучай мiшуры i немудрагелiстых квяцiстых сувенiраў. Майет успомнiў, як яна ўважлiва глядзела на яго з другога канца калiдора, i яму захацелася даведацца, каго ён ёй нагадаў. Ён быў удзячны дзяўчыне за тое, што ў яе позiрку не было нiякай варожасцi – яна не здагадвалася, як няёмка пачуваў ён сябе ў шыкоўнай вопратцы, якую можна купiць толькi ў самых дарагiх крамах.

Мужчына, якi сядзеў побач з дзяўчынай, употай паклаў руку на яе шчыкалатку i пачаў вельмi асцярожна перамяшчаць яе да калена. Адначасова ён сачыў за жонкай. Дзяўчына прачнулася i расплюшчыла вочы. Майет пачуў, як яна сказала: "Надта холадна", – i зразумеў па яе знешне ветлiвым, але насцярожаным тоне, што яна заўважыла толькi што адхопленую руку. Потым яна ўзняла вочы i ўбачыла, што Майет назiрае за ёй. Дзяўчына была тактоўная i цярплiвая, але, на думку Майета, ёй не ставала хiтрасцi. Ён разумеў, што цяпер яна ацэньвае ў думках яго якасцi i параўноўвае яго са сваiм спадарожнiкам, як бы прыкiдваючы, з кiм бы ёй было лепей: яна хацела пазбегнуць непрыемнасцей, – гэта прачытаў у яе на твары. I яго прывялi ў захапленне яе смеласць, кемлiвасць i рашучасць.

– Бадай што, пайду папалю цыгарэту, – сказала дзяўчына, шукаючы ў сумачцы пачак. Потым яна апынулася каля яго.

– Запалку?

– Дзякуй.

I адышоўшы крыху далей, каб iх не было чутно з яе купэ, яны пачалi ўглядацца ў цемрадзь, запоўненую прыглушанымi гукамi.

– Мне не падабаецца ваш сусед.

– Выбiраць не даводзiлася. Не такi ўжо ён i благi. Яго завуць Пiтэрс.

Пасля кароткай паўзы Майет азваўся:

– А мяне – Майет.

– Смешнае прозвiшча. Мяне завуць Корал. Корал Маскер.

– Танцуеце?

– Так. У вар'етэ.

– Амерыканка?

– Не. Чаму вы так падумалi?

– Па вашым вымаўленнi. Адчуваецца амерыканскi акцэнт. Бывалi там калi-небудзь?

– Цi бывала я там? Вядома, была. Шэсць прадстаўленняў на тыдзень i два ранiшнiкi. Сад Загараднага клуба, Лонг-Айлэнд, Палм-Бiч, Клуб халасцякоў на Рыверсайд-Драйв. Разумееце, калi не гаворыш па-амерыканску, няма нiякiх шанцаў удзельнiчаць у ангельскай музычнай камедыi.

– Вы – разумная дзяўчына, – сказаў Майет сур'ёзна, кiнуўшы думкi пра Экмана i Стэйна.

– Давайце паходзiм, – прапанавала дзяўчына, – мне холадна.

– Вам не спiцца?

– Не магу заснуць пасля пераезду цераз Ла-Манш. Надта замерзла. Дый яшчэ гэты мярзотнiк увесь час лапае мае ногi.

– Чаму вы не дадзiце яму аплявуху?

– Мы ж яшчэ да Кёльна не даехалi? Навошта мне ўвязвацца ў скандал? Нам яшчэ ехаць разам да Будапешта.

– Вы туды едзеце?

– Гэта ён туды едзе. Я еду да канца.

– Я гэтаксама. Па справах.

– Ну, нiхто з нас не падарожнiчае дзеля забавы, праўда? – сказала яна, крыху спахмурнеўшы. – Я звярнула на вас увагу, калi цягнiк адыходзiў. Мне здалося, што я вас некалi ведала.

– Хiба мы з вамi сустракалiся? А як звалi вашага знаёмага?

– Адкуль я ведаю? Я не запамiнаю прозвiшчаў выпадковых знаёмых. На пошце iх ведаюць пад другiм прозвiшчам.

Майет адчуў спакойную ўпартасць i рашучасць у тым, як яна з маўклiвай пакорлiвасцю аднеслася да падману. Дзяўчына прыцiснулася да акна тварам, злёгку пасiнелым ад холаду. Яна была падобная на хлапчука, якi зайздросна разглядвае розныя цiкавыя рэчы ў краме: сцiзорыкi з мноствам лёзаў, цацкi з сакрэтамi, бомбы, якiя ўзрываюцца смуродам, булачкi, якiя пiшчаць, – але перад яе вачыма была толькi цемра i адлюстраванне iх твараў.

– Як вы лiчыце, у вагоне пацяплее: мы ж едзем на поўдзень? – спытала яна, нiбыта думала, што мы наблiжаемся да краiн з трапiчным клiматам.

– Мы едзем не так далёка на поўдзень, каб адчуць якую-небудзь iстотную рознiцу ў тэмпературы паветра. Я памятаю, як у Канстанцiнопалi ў красавiку iшоў снег. У Басфоры дзьмуць вятры з Чорнага мора. Яны ўтвараюць завiхрэннi вакол рагоў вулiц. А ўвесь гэты горад – адны вуглы.

– Спадзяюся, што ў грымёрных цёпла. На сцэну даводзiцца выходзiць амаль голай – спасу няма ад холаду. Мне б хацелася выпiць чаго-небудзь гарачага! Яна крыху прысела i прыцiснулася збялелым тварам да акна. – Мы пад'язджаем да Кёльна. Як будзе па-нямецку "кава"?

Выраз яе твару ўстрывожыў Майета. Ён пабег уздоўж вагона i зачынiў адзiнае адчыненае акно ў калiдоры.

– Што з вамi? Вам дрэнна?

Яна адказала павольна, вочы ў яе былi прыплюшчаныя:

– Зараз лепей. Вы зачынiлi акно, i стала душна. Але зараз мне зусiм добра. Дакранiцеся да мяне. – Корал падняла руку, ён дакрануўся да яе сваёй шчакой, i яго ўразiла, якая яна гарачая.

– Паслухайце, вяртайцеся ў сваё купэ, а я пайду i прынясу вам каньяку. Вы захварэлi.

– Уся бяда ў тым, што я не магу сагрэцца. Мне было горача, а цяпер iзноў стала холадна. Я не хачу вяртацца туды. Застануся лепей тут.

– Вазьмiце маё футра, – неахвотна сказаў Майет, але не паспеў ён абмежаваць гэтую зробленую супраць волi прапанову словамi накшталт "часова" цi "пакуль не сагрэецеся", як яна асунулася на падлогу.

Ён узяў яе рукi i пачаў расцiраць, з бездапаможнай трывогай углядаючыся ў яе твар. I раптоўна адчуў пiльную неабходнасць дапамагчы ёй. Сачыць, як яна танцуе на сцэне, цi чакаць яе на ярка асветленай вулiцы каля тэатральнага пад'езда, – там яна была б яму толькi цацка ў любоўнай гульнi, але тут, у калiдоры вагона, ён адчуў да яе, бездапаможнай i хворай, пакутлiвы жаль. Яна не скардзiлася на холад, а проста нагадала пра яго як пра непазбежнае лiха. I раптоўна ён зразумеў, з якой безлiчы непазбежных бед складаецца ўсё яе жыццё. Тут ён пачуў мерныя крокi – ён i раней заўважыў, што незнаёмы хадзiў туды-сюды па калiдоры мiма свайго купэ, – i пайшоў яму насустрач.

– Вы доктар? Тут дзяўчына самлела.

Незнаёмы спынiўся i спытаў абыякава:

– Дзе яна?

Глянуўшы цераз плячо Майета, незнаёмы ўбачыў дзяўчыну. Яго абыякавасць раззлавала Майета.

– Яна сапраўды вельмi хворая, – настойлiва папярэдзiў ён.

– Добра, я зараз пагляджу яе.

Здавалася, што ён рыхтуецца да нейкага цяжкага выпрабавання. Аднак яго нерашучасць прайшла, калi ён схiлiўся над дзяўчынай. Ён абыходзiўся з ёй мякка, асцярожна – гэта была безаблiчная мяккасць, уласцiвая спрактыкаваным урачам. Паслухаў яе сэрца, потым прыўзняў ёй павекi. Дзяўчына ўжо апрытомнела, але ў яе свядомасцi ўсё пераблыталася. Ёй здавалася, што гэта яна схiлiлася над незнаёмым з доўгiмi, няроўна падстрыжанымi вусамi. Яна адчула раптоўны жаль да яго, заўважыўшы трывогу на яго твары. Але ён быў спрактыкаваны ўрач, яе хваляванне прайшло, калi яна злавiла яго мяккi погляд. Дакрануўшыся рукой да яго твару, яна падумала: "ён, вiдаць, хворы" i на iмгненне забылася на тое, як дзiўна падаюць ценi, нiбыта лямпачка знаходзiцца на падлозе.

– Хто вы? – спытала дзяўчына, намагаючыся прыпомнiць, як так здарылася, што ёй давялося дапамагаць яму. "Нiколi не бачыла, каб каму-небудзь так патрэбна была мая дапамога", – падумала яна.

– Доктар.

Корал разгублена глянула на яго i тут усё адразу зразумела: гэта яна ляжыць на падлозе, на калiдоры, а незнаёмы схiлiўся над ёю.

– Я самлела? Мне было так холадна.

Яна ясна адчула, як павольна i цяжка рухаецца цягнiк. Праз вокны промнi святла слiзгалi па твары доктара i асвятлялi за iм маладога жыда. "Майет. Мяў". I задаволеная, раптам усмiхнулася сабе. Здавалася, што на iмгненне ўсю адказнасць за тое, што здарылася, яна пераклала на плечы другога. Цягнiк здрыгануўся i спынiўся, i Майета адкiнула ўбок, да сценкi. Доктар не рушыў з месца – яго толькi пагойдвала ў такт з рухам экспрэса. Ён углядаўся ў твар дзяўчыны, пальцам правяраючы пульс, i сачыў за ёй з трывогай, ледзь стрымлiваючы свае пачуццi, але яна разумела, што яго пачуццi не датычацца яе, i ён да яе ставiцца абыякава. У думках яна выказала гэта наступнымi словамi: "Калi б у мяне былi нават такiя ножкi, як у Мiстангет, ён i на iх не звярнуў бы анiякай увагi".

– Што са мною? – спытала яна, але гучныя галасы, якiя даносiлiся з платформы, i тупат людзей у блакiтнай форме не дазволiлi ёй пачуць поўнасцю яго адказу, акрамя апошнiх слоў: "...гэта быў проста мой чалавечы i ўрачэбны абавязак".

– Падрыхтуйце пашпарты i багаж, – загадаў голас з акцэнтам.

Майет узяў у яе сумачку, сказаўшы:

– Я дагледжу вашы рэчы.

Яна аддала сваю сумачку i з дапамогай доктара села на адкiдное месца каля сценкi.

– Ваш пашпарт?

Доктар адказаў павольна, падбiраючы словы, i яна ўпершыню звярнула ўвагу на яго акцэнт.

– Мой багаж у першым класе. Я не магу пакiнуць гэту даму. Я доктар.

– У вас ангельскi пашпарт?

– Так.

– Добра.

Да iх падышоў яшчэ адзiн мытнiк:

– Багаж?

– Прад'яўляць мытнi няма чаго.

Мытнiк пайшоў далей. Корал Маскер усмiхнулася:

– Гэта i ёсць гранiца? Ну, у такiм разе тут можна правезцi кантрабандай усё, што хочаш. Багаж зусiм не правяраюць.

– Усё, што хочаш, – сказаў доктар, – але толькi з ангельскiм пашпартам.

Ён сачыў за мытнiкам, пакуль той не знiк, i не вымавiў болей нi слова, пакуль не вярнуўся Майет.

– Бадай што, зараз я магу пайсцi ў сваё купэ, – сказала яна.

– Вы ў спальным вагоне?

– Не.

– Вам выходзiць у Кёльне?

– Я еду да канца.

Ён параiў ёй тое самае, што i памочнiк капiтана:

– Вам трэба было б ехаць у спальным вагоне.

Марнасць гэтай парады ўзлавала яе i прымусiла на хвiлiнку забыцца на павагу да яго ўзросту i на ўдзячнасць за тое, што ён зрабiў для яе.

– Хiба ж я магу дазволiць сабе ехаць у спальным вагоне? Я артыстка кардэбалета.

Ён глянуў на яе вачыма, поўнымi маўклiвага спачування.

– Вядома ж, такiх грошай у вас няма.

– Што мне рабiць? Я хворая?

– Хiба я магу даваць вам парады? Калi б у вас былi грошы, я мусiў бы сказаць вам: вазьмiце адпачынак на шэсць месяцаў, едзьце ў Паўночную Афрыку. Вы страцiлi прытомнасць, бо вельмi стамiлiся i замерзлi. Вядома, я ўсё гэта магу вам параiць, але ж якая ад гэтага карысць? У вас хворае сэрца. Шмат гадоў вы яго перанапружвалi.

Крыху спалоханая, яна разгублена спытала ў яго:

– Дык што ж мне рабiць?

Яму засталося толькi бездапаможна развесцi рукамi:

– Нiчога. Жывiце, як жылi. Старайцеся як мага болей адпачываць. Апранайцеся цёпла. Вы занадта лёгка апрануты.

Прагучаў свiсток, i цягнiк, уздрыгнуўшы, пачаў рухацца. Лямпы станцыi паплылi мiма i знiклi ў цемры. Перад тым як пайсцi, доктар звярнуўся да яе:

– Калi я вам яшчэ спатрэблюся, знойдзеце мяне ў трэцiм вагоне. Маё прозвiшча Джон. Доктар Джон.

– А мяне завуць Корал Маскер, – з нясмелай ветласцю сказала яна.

Ён злёгку схiлiў галаву, цырымонна, як робяць чужынцы, i пайшоў прэч. У яе ў памяцi засталiся яго вочы, якiя ўжо былi затуманеныя адчужанасцю, нiбыта асеннiм дажджом. Нiколi раней ёй не даводзiлася сутыкацца з тым, што пра яе так хутка забывалiся. "Такую дзяўчыну мужчыны хутка забываюць", праспявала яна цiхенька, каб крыху падбадзёрыць сябе.

Але не паспеў доктар адысцi некалькi крокаў ад яе, як нехта яго спынiў. Гэта быў невысокi бледны чалавечак, якi пракраўся цiха i асцярожна, трымаючыся за парэнчы калiдора. Корал пачула, як ён звярнуўся да доктара:

– Што тут здарылася? Можа, патрэбна мая дапамога? – ён быў на цэлы фут нiжэйшы за доктара, i яна ўголас засмяялася, убачыўшы, як, закiнуўшы галаву, ён пiльна ўглядаецца ў твар субяседнiку. – Не думайце, што гэта простая цiкаўнасць, – гаварыў ён, ухапiўшы доктара за рукаў. – Святар у маiм купэ вырашыў, што нехта захварэў. Я паабяцаў яму пайсцi i ўсё высветлiць, горача дадаў ён.

Яшчэ раней Корал заўважыла, што доктар увесь час шпацыраваў сам-насам па калiдоры вагона, замест таго каб сядзець у кампанii iншых пасажыраў у сваiм купэ. Цяпер жа, насуперак яго волi, ён апынуўся ў цэнтры ўвагi: дакучлiвыя пытаннi i просьбы назалялi яму, як калючкi дзядоўнiку. Таму яна чакала, што доктар выбухне, накiнецца на гэтага назойлiвага тыпа з пракляццямi i той, зганьбаваны, нi з чым вернецца ў сваё купэ. Аднак доктар адказаў яму ветлiва i далiкатна, i гэта яе ўразiла.

– Вы сказалi – каталiцкi святар?

– Не, не, – пачаў апраўдвацца чалавечак. – Я не ведаю дакладна, якога ён веравызнання, да якой царквы належыць. Што ж тут усё-такi здарылася? Нехта памiрае?

Доктар Джон, вiдаць, зразумеў, што апошнiя словы напалохалi Корал, i крыкнуў ёй з канца калiдора, каб яна не звяртала на iх увагi, а потым вырваўся з рук незнаёмага, якi затрымлiваў яго. Маленькi чалавечак на нейкi момант заставаўся шчаслiвым гаспадаром становiшча. Атрымаўшы з гэтага поўнае задавальненне, ён падышоў да дзяўчыны i запытаўся ў яе:

– Што тут здарылася?

Яна нават не глянула на яго, а звярнулася да чалавека, якi зычлiва паставiўся да яе:

– Я ж не такая ўжо хворая, праўда?

– Што мяне асаблiва ўразiла, дык гэта яго акцэнт, – працягваў незнаёмы. – Адразу вiдаць, што ён чужынец, хоць i назваў сябе нейкiм ангельскiм прозвiшчам. Бадай што, пайду i пагавару з iм.

Розум у яе зусiм праяснiўся з таго моманту, калi яна прыйшла да памяцi: перакулены з ног на галаву свет, дзе не доктар, як на самой справе, а яна нахiлiлася над iм, i яму патрэбная была нiбыта яе спагада i клопат, – крута перавярнуў яе ўяўленне пра жыццё.

– Не трэба яго турбаваць, – папрасiла яна незнаёмага, але таго ўжо не было побач, i ён не пачуў яе просьбы.

– Як вы думаеце? – спытаў Майет. – Можа, ён мае рацыю? Можа, сапраўды тут крыецца нейкая таямнiца?

– У кожнага з нас ёсць свае асабiстыя тайны.

– Магчыма, ён хаваецца ад палiцыi?

– Ён добры, – сказала яна з абсалютнай упэўненасцю ў справядлiвасцi гэтага сцвярджэння.

Майет пагадзiўся з ёю – гэта дазволiла iм болей не думаць пра доктара.

– Вам трэба легчы, – сказаў ён, – i пастарацца заснуць.

Яна адказала няпэўна:

– Я не змагу заснуць, калi побач тая жанчына з яе страўнiкам.

Ён адразу прыгадаў мiстэра Пiтэрса, якi сядзiць у сваiм кутку i чакае, калi яна вернецца, каб узнавiць на дармаўшчыну бязвiннае задавольванне плоцкiх пажадаў, якое не выклiкае нiякiх непрыемнасцей. I Майет прапанаваў:

– Вы павiнны пайсцi ў маё спальнае купэ.

– Як? У вагоне першага класа?

Тое, што яна не паверыла яму, хоць i вельмi хацела гэтага, вызначыла ўсё: Майет вырашыў зрабiць шырокi жэст у духу ўсходнiх багацеяў – паднесцi дарагi падарунак, не чакаючы i не патрабуючы нiчога ўзамен. Скнарлiвасць традыцыйны папрок людзям яго нацыянальнасцi, аднак ён пераканае адну з хрысцiянак у тым, што гэта зусiм не так. Сорак гадоў жыцця ў пустынi, далёка ад урадлiвых земляў Егiпта, выпрацавалi ў яго продкаў суровую звычку абыходзiцца некалькiмi фiнiкамi i глытком вады. Дый i тысячагоддзi, праведзеныя ў пустэчы хрысцiянскага свету, дзе даводзiлася дзеля бяспекi хаваць свае скарбы, не заахвочвала да шчодрасцi. Аднак свет змянiўся, пустыня расквiтнела, у розных месцах свету, асаблiва ў Заходняй Эўропе, жыд можа выявiць iншыя якасцi характару, раней уласцiвыя толькi арабам, – якасцi па-царску шчодрага гаспадара, якi здатны абмыць ногi жабраку i накармiць яго са сваёй талеркi; часам ён можа з ворага багатых хрысцiян ператварыцца ў сябра любога самага апошняга жабрака, што iмем госпада бога папросiць прытулку. Спакваля грукат цягнiка ацiхаў у яго галаве, святло ў вачах тухла, калi ён дзеля задавальнення пачуцця сваёй чалавечай годнасцi паставiў у аазiсе намёт i выкапаў у пустынi калодзеж. Ён развёў перад дзяўчынай рукi:

– Так, вам трэба адпачыць, i вы будзеце спаць у маiм купэ. Я дамоўлюся з кандуктарам. I маё футра – вы павiнны яго ўзяць. Яно вас сагрэе. У Кёльне я прынясу вам кавы, а зараз вам лепей паспаць.

– Я не змагу заснуць, пакуль не даведаюся, дзе вы самi будзеце спаць.

– Знайду дзе-небудзь. У цягнiку гэтым разам шмат свабодных месцаў.

Iзноў Корал адчула бязмежную пяшчоту, якая цяпер ужо не палохала яе, здавалася, што яе падхапiла цёплая хваля, i здарылася гэта непадалёк ад берага, i нават калi страх агорне яе, яна зможа стаць нагамi на пясчанае дно, – i гэтая хваля нясе яе, без нiякiх намаганняў з яе боку, туды, куды ёй хочацца, – да ложка, да падушкi, да свежых прасцiн, дзе яна зможа залезцi пад цёплую коўдру i заснуць. Яна сэрцам адчула, як да Майета разам з упэўненасцю вярнулiся мiласэрнасць, лiтасць, дабрыня, i замест таго каб прасiць прабачэння i нешта гаварыць суцяшальнае, ён проста ператварыўся ва ўвасабленне дабрынi i зычлiвасцi.

Майет не стаў шукаць кандуктара, а прыткнуўся на адкiдным сядзеннi ў калiдоры, склаў накрыж рукi i ўладкаваўся падрамаць да Кёльна. Але без футры было вельмi холадна. Хоць усе вокны на калiдоры былi зачынены, усё адно цягнула скразняком з дзвярэй на пляцоўку памiж вагонамi. Дый грукатанне цягнiка цяпер было не такое аднастайнае, каб да яго прызвычаiцца: памiж Гербершталем i Кёльнам было шмат тунеляў, а ў кожным з iх грукат узмацняўся. Майет спаў неспакойна: iмклiвы напор выпушчанай пары i скразняк з дзвярэй, якi халадзiў яму твар, ублытвалiся ў яго трывожны сон. Калiдор ператварыўся ў Спанiердз-роўд*, абапал якой цягнулiся зараснiкi верасу. Iсаак павольна вёз яго ў сваiм "бэнтлi"**, яны разглядвалi дзяўчат, якiя шпацыравалi парамi ўздоўж асветленага лiхтарамi ўсходняга боку вулiцы, – гэта былi прадаўшчыцы, якiя рызыкоўна прапаноўвалi сябе за келiх вiна ў гатэлi, прагулку ў аўтамабiлi i за магчымасць павясялiцца на дармаўшчыну; на другiм баку вулiцы ў прыцемках сядзелi на лаўках прастытуткi, азызлыя, знябытыя i старыя; спiны ў iх былi павернуты да пясчаных адхонаў i кустоў верасу, яны чакалi якога-небудзь нямога цi сляпога мужчыну, зусiм лядачага, якi б прапанаваў iм дзесяць шылiнгаў.

* Вулiца ў Лондане.

** Марка дарагога аўтамабiля кампанii "Ролс-ройс".

Каля лiхтара Iсаак прытармазiў "бэнтлi", мiма праплывалi незнаёмыя, маладыя, прыгожыя твары дзяўчат. Iсааку чамусьцi хацелася пухленькую бландзiнку, а Майету – стройную брунетку, аднак падчапiць якраз такiх было нялёгка: уздоўж усходняга боку вулiцы цягнулася чарада машын iх супернiкаў, а дзяўчаты палiлi цыгарэты i пасмiхалiся, прыхiлiўшыся да адчыненых дзвярэй; на другiм баку вулiцы цярплiва вяла назiранне толькi iх адзiная двухмесная машына. Майета пачалi ўжо злаваць бескампрамiсныя дамаганнi Iсаака, у "бэнтлi" было холадна, у твар дзьмуў скразняк, – i ўбачыўшы, што мiма праходзiць Корал Маскер, ён выскачыў з машыны, прапанаваў ёй спачатку цыгарэту, потым выпiўку i, нарэшце, паездку ў машыне. "Такiя дзяўчаты маюць, зрэшты, адну добрую якасць, – думаў Майет, – яны ведаюць, што азначае паездка ў машыне, i, калi твой выгляд iм не даспадобы, яны проста гавораць, што iх чакаюць дома". Аднак Корал Маскер згадзiлася пакатацца з iм у машыне, i яны разам хаваюцца ў цемрадзi аўтамабiля. Лiхтары, гатэлi, будынкi засталiся ззаду, абапал дарогi пацягнулiся дрэвы, у зялёным святле фар яны здавалiся нiбыта сiлуэты, выразаныя з паперы, потым узнiклi кусты з водарам вiльготнай лiстоты, якая хавала ў сабе свежасць ранiшняга дажджу, i нарэшце кароткая жывёльная асалода ў стажку саломы. А што да Iсаака, то хай ён задавальняецца сваёй спадарожнiцай, хоць i цёмнавалосай, але пухленькай, лёгка апранутай дзяўчынай з вялiзным носам i вялiкiмi зубамi. Аднак калi гэтая дзяўчына садзiцца побач з Iсаакам на пярэднiм сядзеннi, яна паварочваецца да Майета, шырока ўсмiхаецца i кажа: "Я не захапiла з сабой вiзiтнай карткi, але маё прозвiшча – Стэйн". Потым, падхоплены моцным парывам ветру, ён караскаецца наверх па вялiзнай лесвiцы, учапiўшыся за срэбныя з пазалотай парэнчы, а гэтая дзяўчына чакае яго наверсе, i на твары ў яе ён бачыць чамусьцi вусiкi; яна паказвае яму на жанчыну, занятую бясконцым швiвам, i крычыць: "Пазнаёмцеся, гэта – мiстэр Экман!"

Корал Маскер у адчаi адкiнула руку з коўдры: яна танцавала, танцавала i танцавала ў асляпляльных промнях тэатральных пражэктараў, а бязлiтасны рэжысёр усё бiў яе палкай па голых нагах, прыгаворваючы, што яна дрэнна танцуе, што спазнiлася на месяц i парушыла кантракт. А яна ўсё танцавала, танцавала i танцавала, не звяртаючы на яго нiякай увагi, а ён усё бiў яе палкай па нагах.

Мiсiс Пiтэрс павярнула галаву i сказала мужу:

– Гэтае пiва. Мой страўнiк нiяк не сцiхае. Усё бурчыць i бурчыць. Не магу заснуць.

Мiстэру Оўпi прыснiлася, што ён – апрануты ў стыхар, з крыкетнай бiтай пад пахай i спартыўнай пальчаткай на запясцi – узыходзiць па агромнiстай мармуровай лесвiцы да святога прастола ў божым храме.

Доктар Джон, якi нарэшце заснуў з горкай пiлюляй пад языком, раптам загаварыў па-нямецку. Яму не дасталася спальнага месца: ён сядзеў, выпрастаўшыся ў куточку купэ, i скрозь дрымоту пачуў, як за вокнамi загучала павольнае i распеўнае: "Кёльн, Кёльн, Кёльн".

Частка другая

КЁЛЬН

1

– Ну, вядома ж, любая, я не супраць таго, што ты п'яная, – сказала Джанет Пардаў. На вежы вакзала ў Кёльне гадзiннiк прабiў адзiн раз, i афiцыянт на тэрасе "Эксцельсiёра" пачаў выключаць святло. – Пачакай, любая, давай я прывяду ў парадак твой гальштук. – Яна нахiлiлася праз столiк i паправiла гальштук у Мейбл Уорэн.

– Мы жывём разам тры гады, – сказала мiс Уорэн нiзкiм маркотным тонам, – i я нiколi не дазваляла сабе павышаць на цябе голас.

Джанет Пардаў пакратала пальцам з парфумай за вушамi.

– Напрамiлы бог, дарагая, паглядзi на гадзiннiк. Цягнiк адыходзiць праз паўгадзiны, мне трэба ўзяць багаж, а табе – iнтэрв'ю. Дапiвай свой джын, i пойдзем.

Мейбл Уорэн дапiла джын. Потым паднялася з крэсла, i яе мажная постаць злёгку хiснулася. На ёй быў гальштук, крухмальны каўнерык i спартыўнага крою гарнiтур з цвiду. Бровы ў яе былi цёмныя, вочы карыя i рашучыя, а цяпер чырвоныя ад слёз.

– Ты ж ведаеш, чаму я п'ю, – запярэчыла яна.

– Усё гэта глупства, любая, – сказала Джанет Пардаў, глянуўшы ў люстэрка пудранiцы, каб канчаткова пераканацца, што прыгожая. – Ты добра напiвалася яшчэ да сустрэчы са мной. Хоць трошачкi ведай меру. Я ж пакiдаю цябе толькi на тыдзень.

– Трымайся далей ад мужчын! – пахмурна сказала мiс Уорэн, а калi Джанет Пардаў паднялася, каб перайсцi вулiцу, яна моцна ўчапiлася за яе руку. Абяцай мне, што будзеш асцярожная. Калi б толькi я магла паехаць з табой! Каля самага ўвахода на вакзал яна ўлезла ў лужыну. – Ой, глянь толькi, што я нарабiла! Якая ж я няўклюда! Запэцкала табе прыгожы новы гарнiтур! Вялiкай, грубай рукой, аздобленай пярсцёнкам з пячаткаю на мезенцы, яна пачала чысцiць спаднiцу Джанет Пардаў.

– Ох, напрамiлы бог, пойдзем хутчэй, Мейбл, – сказала Джанет.

Настрой у мiс Уорэн змянiўся. Яна выпрасталася i заступiла Джанет дарогу.

– Ты кажаш, я п'яная. Так, сапраўды, я п'яная. Але я нап'юся яшчэ болей.

– Лепей пойдзем хутчэй.

– Не, ты вып'еш са мной яшчэ крыху, альбо я не пушчу цябе на платформу.

Джанет Пардаў саступiла:

– Адну шклянку, толькi адну, май на ўвазе.

Яна правяла Мейбл Уорэн цераз велiзарны, прасторны, блiскучы, чорны вестыбюль у пакой, дзе некалькi стомленых мужчын i жанчын паспешлiва глыталi кубачкi кавы.

– Яшчэ адзiн джын, – папрасiла мiс Уорэн, i Джанет заказала ёй шклянку джыну.

У люстры на супрацьлеглай сцяне мiс Уорэн убачыла сваю постаць: барвяна-чырвоны твар, валасы ўскалмачаныя, – даволi агiднае стварэнне, а побач з ёй другая, такая знаёмая i дарагая iстота – зграбная, цёмнавалосая, цудоўная, прыгожая. "Чаго я вартая? – з маркотай, уласцiвай п'янiцам, падумала яна. – Я яе стварыла, я нясу за яе адказнасць, – а потым з цынiчнай жорсткасцю дадала ў думках: – Яна ў мяне на ўтрыманнi. Усё, у што яна апранутая, аплачана мною, маiмi крывёю i потам (хоць батарэi ў рэстаране не ратавалi яе ад пранiзлiвага холаду), падымаюся на досвiтку, бяру iнтэрв'ю ў гаспадынь бардэляў у iхнiх логавах, у матак забiтых дзяцей, "асвятляю" тое, "асвятляю" гэтае. Яна ведала i нават ганарылася тым, што пра яе гаварылi ў рэдакцыях лонданскiх газет: "Калi вам трэба прымусiць чытачоў загаласiць, такi матэрыял зробiць вам толькi Незвычайная Мейбл". Яе ўладаннi – ажно да самага Рэйна, памiж Кёльнам i Майнцам не знойдзецца нiводнага мястэчка, вялiкага цi малога, дзе ёй не ўдалося выцягнуць шчырых чалавечых пачуццяў у людзей, зусiм ёй не знаёмых, яна насiльна выцягвала з вуснаў самых змрочных мужчын драматычныя прызнаннi, прыдумвала кранальныя словы за анямелых ад гора жанчын. Нiводзiн самазабойца, нiводная забiтая жанчына, нiводная згвалчаная дзяўчына не закраналi яе пачуццяў, не выклiкалi ў яе шкадавання. Яна – мастак, i яе задача – крытычна даследаваць, назiраць, прыслухоўвацца, а слёзы – яны выпадаюць чытачам газеты. Аднак цяпер яна сядзела i плакала ўголас, з агiднымi ўсхлiпамi, бо яе Джанет не будзе побач цэлы тыдзень.

– У каго ты будзеш браць iнтэрв'ю? – спытала Джанет Пардаў. Яе гэта зусiм не цiкавiла, але яна хацела адцягнуць Мейбл Уорэн ад думак пра разлуку: яе слёзы выклiкалi агульную ўвагу. – Табе трэба прычасацца.

Яна была проставалосая, i яе чорныя, каротка, па-мужчынску падстрыжаныя валасы зусiм раскудлацiлiся.

– У Сейвары, – адказала мiс Уорэн. – Прадаў сотню тысяч экземпляраў кнiгi "Развясёлае жыццё". Паўмiльёна слоў. Дзве сотнi персанажаў. Генiяльны кокнi*. Выдатна валодае жывой гаворкай лонданцаў.

* Карэнны жыхар Лондана.

– А куды ён едзе ў гэтым экспрэсе?

– Едзе на Ўсход збiраць матэрыял на новую кнiгу. Праўда, гэта не зусiм мая работа, аднак, калi выпала мне цябе праводзiць, выкарыстаю магчымасць i вазьму ў яго iнтэрв'ю. Заказалi мне артыкул на чвэрць газетнай калонкi, але, вiдаць, у Лондане скароцяць да пары абзацаў. Зараз яшчэ не час на такiя матэрыялы, а вось улетку яму б абавязкова адвялi паўслупка сярод паведамленняў пра русалак i марскiх канькоў.

Раптоўны ўсплеск прафесiйнай цiкаўнасцi схлынуў, як толькi яна зноў глянула на Джанет Пардаў: ранiцай яна не ўбачыць, як Джанет у пiжаме налiвае ў кубачкi каву, а ўвечары, вярнуўшыся дадому, не ўбачыць, як Джанет у пiжаме размешвае кактэйль.

– Дарагая, якую пару ты надзенеш сёння ўвечары? – хрыпла спытала яна. Дзiўна прагучала гэтае чыста жаночае пытанне, калi яго вымавiла мiс Уорэн сваiм нiзкiм мужчынскiм голасам.

– Што ты маеш на ўвазе?

– Пiжаму, дарагая. Я хачу ўявiць сабе, як ты будзеш выглядаць сёння ўвечары.

– Вiдаць, сёння я наогул не буду распранацца. Слухай, ужо палова другой. Мы павiнны спяшацца. Ты не паспееш узяць iнтэрв'ю.

Апошнiя словы абразiлi прафесiйную годнасць мiс Уорэн. Яна з пагардай фыркнула:

– Няўжо ты думаеш, што я буду задаваць яму пытаннi? – сказала яна. – Я толькi кiну на яго позiрк i сама знайду за яго патрэбныя словы. Яму ж усё адно: гэта ж яму рэклама.

– Але ж мне трэба знайсцi насiльшчыка, каб аднесцi мае чамаданы.

Наведнiкi пачалi выходзiць з рэстарана. Дзверы адчынялiся i зачынялiся, i туды, дзе яны сядзелi, няясна даносiлiся галасы насiльшчыкаў i гудкi паравозаў. Джанет Пардаў зноў звярнулася да мiс Уорэн:

– Трэба iсцi. Калi ты яшчэ хочаш джыну – можаш выпiць, але я пайду.

Аднак мiс Уорэн нiчога не адказала, мiс Уорэн не звяртала на яе ўвагi. Джанет Пардаў стала сведкай звычайнага рытуалу ў журналiсцкай практыцы Мейбл Уорэн, – яна на вачах рабiлася цвярозай. Спачатку яе рука прычасала валасы, потым звыклым жаночым жэстам яна правяла насоўкай з пудрай па чырвоных шчоках i павеках. Адначасова яна кiнула позiрк на тое, што адлюстроўвалася ў блiжэйшых кубках, падносе i шклянках, а потым яе погляд дабраўся да люстраў на сцяне i яе адбiтку – гэта было падобна да чытання алфавiту па таблiцы ўрача-акулiста. У гэтым выпадку першая лiтара – вялiзная чорная "А" – пажылы мужчына ў плашчы, якi стаяў каля столiка, страсаючы з сябе крошкi, ён збiраўся выходзiць, каб паспець да адыходу цягнiка.

– Божухна мой, – сказала мiс Уорэн, прыкрыўшы вочы рукой. – Я зусiм п'яная – нiчога не бачу. Хто гэта там?

– Мужчына з вусiкамi?

– Так. Ён самы.

– Нiколi раней яго не бачыла.

– Затое я сустракала. Недзе я яго бачыла. Але дзе?

Штосьцi адцягнула яе думкi пра блiзкую разлуку, яе нос узяў след, i, пакiнуўшы недапiтую шклянку джыну, яна шырокiм крокам рушыла наўздагон мужчыну. Ён ужо выйшаў з рэстарана i хутка iшоў па зiхатлiвым чорным вестыбюлi да лесвiцы, а мiс Уорэн тым часам не магла адолець дзвярэй. Яна сутыкнулася з насiльшчыкам i ўпала на каленi, круцячы галавой, iмкнучыся пазбавiцца ад дурыкаў, зычлiвасцi, маркоты, выклiканых ап'яненнем. Насiльшчык спынiўся дапамагчы ёй. Учапiўшыся за яго руку, яна затрымала яго, пакуль не ўправiлася з языком.

– Якi цягнiк iдзе з пятай платформы? – спытала яна.

– На Вену.

– I на Белград?

– I на Белград.

Зусiм выпадкова вырвалася ў яе "Белград", а не "Канстанцiнопаль", але гук яе асабiстага голасу праяснiў яе свядомасць. Яна крыкнула Джанет Пардаў:

– Займi два месцы. Я паеду з табой да Вены.

– А бiлет?

– У мяне ёсць пасведчанне карэспандэнта. – Цяпер ужо яна зрабiлася нецярплiвая. – Хутчэй. Пятая платформа. Зараз гадзiна дваццаць восем. Засталося пяць хвiлiн. – Учапiўшыся з усяе сiлы за насiльшчыка, яна не адпускала яго. – Слухайце. Я хачу, каб вы перадалi маё паведамленне. Кайзер-Вiльгельм-штрасе, трыццаць тры.

– Я не магу пайсцi з вакзала, – сказаў ён, iмкнучыся адчапiцца ад яе рукi.

– Калi закончыцца ваша змена?

– У шэсць.

– Блага. Вы павiнны непрыкметна знiкнуць. Вы здолееце зрабiць гэта? Нiхто не заўважыць вашай адсутнасцi.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю