355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Грэм Грин » Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке) » Текст книги (страница 8)
Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:20

Текст книги "Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)"


Автор книги: Грэм Грин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 14 страниц)

Ён рухаўся па калiдоры, цiха размаўляючы сам з сабою. Iзноў павалiў снег: нiбыта пара, ён засцiў вокны.

Некалi ў яго было пачуццё абавязку перад богам. Перад пэўным богам, паправiў ён сябе, перад богам, якi спускаецца з нябёс у перапоўнены прыдзел храма, пад блiскучы, паедзены моллю балдахiн, перад богам, памерам у манету, абрамленую залатым абадком. Гэта быў двудушны бог, боства, якое суцяшала i заспакойвала беднякоў у iх няшчасцях i бедах, калi яны ўзнiмалi вочы ўгору, чакаючы яго з'яўлення памiж калонамi. I боства, якое пераконвала iх пераносiць пакуты ў iмя няпэўнай будучынi, i яны схiляюць перад iм галовы, а тут з'яўляюцца пеўчыя, святары, прыхаджане i пяюць гiмны. Усё знiкла, як дым. Гэтую свечку ён пагасiў сам, сказаўшы сабе, што бог – фiкцыя, выдуманая багатымi, каб трымаць беднякоў у паслушэнстве i пакорлiвасцi, ён задзьмуў яе дэманстратыўна, з забаўным старамодным пачуццём адвагi, i часам у яго мiжвольна з'яўляецца пачуццё абурэння да тых, хто нараджаецца цяпер без усялякiх рэлiгiйных вераванняў i дазваляе сабе смяяцца з гераiзму iканаборцаў дзевятнаццатага стагоддзя.

А сёння гэтае пустое жытло асвятляла толькi адзiная цьмяная свечка. "Я не сын, не ўрач i не веруючы, – разважаў ён. – Я – сацыялiст". Слова гэтае вымаўляюць палiтыкi з незлiчоных трыбун, яго друкуюць благiм шрыфтам на дрэннай паперы безлiч газет, i яно гучыць фальшыва. "Нават тут я пацярпеў няўдачу". Ён застаўся адзiн, яго апошняя свечка аплывала. I ён быў рады кампанii любога чалавека.

Ён узрадаваўся, калi, вярнуўшыся ў сваё купэ, убачыў там нейкага чалавека. Незнаёмы стаяў да яго спiнай, але хутка павярнуўся на кароткiх, моцных нагах. Першае, што кiнулася ў вочы доктару Цынеру, у незнаёмага быў срэбны крыжык на ланцужку для гадзiннiка, потым убачыў: яго чамадан стаiць не на тым месцы, дзе ён яго пакiнуў.

– Вы таксама рэпарцёр? – сумна спытаў ён.

– Iсh sрrесhе kеin Еnglisсh*.

* Я не гавару па-ангельску (ням.).

Загарадзiўшы выхад на калiдор, Цынер сказаў па-нямецку:

– Тайны агент палiцыi? Вы спазнiлiся.

Ён усё глядзеў на срэбны крыжык, якi гойсаў туды-сюды ў такт рухам незнаёмага: гэта нагадвала крокi чалавека, i на iмгненне доктару Цынеру здалося, нiбыта ён прыцiснуўся да сцяны на вулiцы, якая стромка ўздымалася ўгору, каб прапусцiць узброеных салдат, дзiды, коней i змардаванага, знясiленага чалавека. Яго распялi, а беднякам ад гэтага не зрабiлася лягчэй, ланцугi яшчэ шчыльней самкнулiся, запаветы яго сказiлi.

– Я не тайны агент.

Доктар Цынер амаль не звяртаў увагi на незнаёмага. Ён прызнаваў, што, калi, магчыма, словы закатаванага чалавека i сказiлi, усё адно некаторыя з iх маглi быць iсцiнымi. Ён аспрэчваў сябе самога: сумненне звязана толькi з блiзкасцю смерцi, калi цяжар зробленых памылак – нясцерпны i чалавек шукае палёгкi, даючы самыя неверагодныя абяцаннi. "Я дарую табе спакой". Але смерць не прыносiць спакою, бо спакой iснуе толькi тады, калi ты сам яго ўсведамляеш.

– Вы мяне не так зразумелi, гер...

– Цынер.

Без ваганняў ён адкрыў незнаёмаму сваё сапраўднае прозвiшча: час маскараду мiнуў, i цяпер, калi надышоў час адкрытых дзеянняў, яму давялося адмовiцца не толькi ад чужога iмя. Былi словы, у сэнс якiх ён глыбока нiколi не ўнiкаў, звычайныя лозунгi, якiя ён прымаў, бо яны дапамагалi справе: "Рэлiгiя – сябра багацеяў".

– Калi вы не тайны агент, тады хто ж вы? Што вы тут робiце?

– Мяне завуць... – i таўстун злёгку пакланiўся, круцячы пальцам нiжнi гузiк камiзэлькi. Iмя было кiнута ў празрыстую, асветленую снегам цемру i патанула ў грукаце цягнiка, у мiльгаценнi сталёвых фермаў моста: Дунай, нiбыта срэбны вугор, праслiзнуў з аднаго боку чыгуначнай лiнii на другi. Незнаёмаму давялося паўтарыць сваё iмя: – Ёзеф Грунлiх. – Ён памаўчаў, потым сказаў: – Я шукаў грошы, гер Цынер.

– Укралi...

– Вы надта хутка вярнулiся. – Ён пачаў павольна тлумачыць. – Я ўцёк ад палiцыi. Нiчога ганебнага, гер Цынер, магу вас запэўнiць.

Ён усё круцiў гузiк камiзэлькi, гэты невядомы чалавек, аднак у прасветленай свядомасцi доктара Цынера ўзнiкалi яркiя вобразы: чыйсьцi змардаваны твар, нейкi яркi шматок, нейкiя дзецi-пакутнiкi, чалавек, якi караскаецца ўгору па дарозе на Галгофу.

– Гэта была палiтыка, гер Цынер. Газетная шумiха. Да мяне аднеслiся вельмi несправядлiва, i мне давялося ўцячы. Ваш чамадан я адчынiў дзеля нашай агульнай справы. – З удаваным хваляваннем ён выдыхнуў слова "справы", надаючы яму сэнс немудрагелiстага пароля. – Вы клiкнеце кандуктара? – Ён мацней напружыў ногi, – яго пальцы застылi на гузiку.

– Што вы маеце на ўвазе пад "агульнай справай"?

– Я сацыялiст.

Доктар Цынер добра разумеў, што пра вартасцi палiтычнага руху нельга меркаваць па яго асобных прадстаўнiках: сацыялiзм нельга ганiць за тое, што да яго далучыўся Грунлiх, але ж яму вельмi хацелася як найхутчэй забыцца пра Грунлiха.

– Я дам вам крыху грошай.

Ён выняў запiсную кнiжку i даў незнаёмаму пяць ангельскiх фунтаў.

– Добрай ночы.

Ад Грунлiха адвязацца было нескладана, i гэта ён мог сабе дазволiць: у Белградзе грошы яму будуць непатрэбныя. Ён абыдзецца без адваката: абаронцам яго будзе яго язык. Аднак цяжка было пазбавiцца ад непрыемнага ўражання, якое пакiнуў пасля сябе Грунлiх, хоць, вядома, палiтычны рух нельга ганiць, мяркуючы па бессаромнасцi асобных яго дзеячаў. Яму i самому даводзiлася часам быць амаральным, разбэшчаным, i шчырасць яго поглядаў ставiлася часам пад сумненне, бо ён быў славалюбны, некалькi разоў паводзiў сябе не лепшым чынам, аднойчы нават дзяўчына прыжыла ад яго дзiця... Дый матывы яго падарожжа ў першым класе былi не зусiм апраўданыя. Вядома, у першым класе лягчэй пазбавiцца праверкi на гранiцы, але, апроч таго, ехаць там было зручней, камфартабельней, i гэта цешыла яго гонар, як кiраўнiка. Ён зразумеў, што молiцца: "Божа, даруй мне". Але ў яго зусiм не было ўпэўненасцi, што яму будзе даравана, нават калi iснуе дзе-небудзь нейкая ўсёдаравальная сiла.

Прыйшоў кандуктар, праверыў у яго бiлет.

– Iзноў пайшоў снег, – сказаў ён. – А далей будзе яшчэ горш. Добра, калi не здарыцца нiякiх непрадугледжаных затрымак у дарозе.

Яму, пэўна, хацелася пабыць яшчэ ў купэ i пагаварыць. Мiнулай зiмой, расказаў ён, яны перажылi тут нялёгкiя выпрабаваннi. Сорак восем гадзiн запар падаў снег, i яны затрымалiся на самым цяжкiм участку дарогi, у бязлюдным месцы на Балканах: не было дзе знайсцi ежы i трэба было эканомiць палiва.

– Спадзяюся, у Белград мы прыедзем без затрымак?

– Цяжка сказаць. Я са свайго вопыту ведаю: перад Белградам заўсёды ўдвая болей снегу, чым па той бок Дуная. У Мюнхене можа быць снег, а ў Будзе цёпла, як летам. Добрай вам ночы, гер доктар. Такi холад, што сёння ў вас напэўна знойдуцца пацыенты.

Кандуктар пайшоў далей па калiдоры, паляпваючы ў далонi, каб сагрэцца.

Доктару Цынеру не сядзелася ў сваiм купэ, яго сусед выйшаў у Вене. Немагчыма было ўжо разглядаць у акне нават агеньчыкi, што праносiлiся мiма: снег пазабiваў усе шчылiны ў шыбе, i шкло зусiм заледзянела. Калi праязджалi мiма якой-небудзь сiгнальнай будкi цi лiхтара на станцыi, святло на iмгненне малявала ў акне нейкi дзiвосны калейдаскоп, у якiм рухалiся асобныя iльдзiнкi. Каб сагрэцца, доктар Цынер расшпiлiў, плашч, засунуў рукi пад крысы i зноў пачаў хадзiць па калiдоры. Ён мiнуў купэ кандуктара i выйшаў у вагоны трэцяга класа – iх прычапiлi да цягнiка ў Вене. Амаль усе купэ былi ўжо цёмныя, толькi пад столлю гарэлi цьмяныя лямпачкi. На драўляных лавах пасажыры рыхтавалiся да сну, клалi пад галовы скручаныя палiто. Некаторыя купэ былi настолькi забiтыя, што мужчыны i жанчыны спалi седзячы з абодвух бакоў на лавах, прыцiснуўшыся шчыльна адно да аднаго, у цьмяным святле iх твары здавалiся хваравiтымi i невыразнымi. Ад парожнiх бутэлек, якiя стаялi на падлозе, пад лавамi, несла танным чырвоным вiном, па падлозе былi параскiданы аб'едкi чэрствага хлеба. Дайшоўшы да туалета, ён павярнуў назад, не вытрымаўшы моцнага смуроду: дзверы туалета былi незачыненыя.

"Маё месца тут, – пераконваў ён сябе. – Мне трэба было ехаць у трэцiм класе. Я не хачу быць падобным на якога-небудзь дэпутата ад лейбарысцкай партыi, якi купляе бiлет першага класа i едзе засядаць разам з сваiмi аднадумцамi ў парламент". Аднак ён цешыў сябе думкай, колькi часу спатрэбiлася б на шматлiкiя перасадкi i што яго маглi б затрымаць на гранiцы. I ўсё-такi ён усведамляў, што прычыны яго паводзiн даволi складаныя. Ён пачаў задумвацца над гэтым толькi пасля разгрому паўстання: думкi пра асабiстую прагу да славы i пра непрыстойнасць дробных грашкоў былi б выцiснутыя радасцю i бескарыслiвасцю перамогi.

Але цяпер яму хацелася сказаць прамову з лавы падсудных з абсалютна чыстым сумленнем. Розныя дробязi з мiнулага, пра якiя яго ворагi нiколi не даведаюцца, могуць прыйсцi ў галаву i не дазволяць яму быць да канца шчырым. "Я не здолеў нiчога даказаць гэтым двум гандлярам, цi ўдасца мне быць больш пераканаўчым у Белградзе?"

Паколькi ён ужо не меў анiякай будучынi, ён пачаў думаць пра мiнулае, а дагэтуль у яго не было такой звычкi. Быў час, калi чыстае сумленне магло быць куплена цаною хвiлiннага сораму. "З таго часу, як я апошнi раз спавядаўся, я нарабiў шмат добрага i благога. Калi б мне ўдалося так лёгка ачысцiцца ад сваiх грахоў, – падумаў ён з палкiм жаданнем i з лёгкай горыччу, – я быў бы вар'ят, калi б не выкарыстаў такую магчымасць. Цяпер я шкадую, што нарабiў, не меней, чым шкадаваў тады, але я не ведаю, цi даруюць мне i цi iснуе наогул нехта, хто можа дараваць". Ён ледзь не пачаў здзекавацца з таго апошняга, ува што верыў: "Можа, мне пайсцi паспавядацца да таго скарбнiка сацыял-дэмакратычнай партыi цi да пасажыраў трэцяга класа?" Адвернуты твар святара, узнятыя пальцы, словы даравання, сказаныя шэптам на мёртвай мове, раптам здалiся яму такiмi цудоўнымi, такiмi бясконца жаданымi i безнадзейна страчанымi, як юнацтва i першае любоўнае спатканне на рагу вулiцы каля сцяны вiядука.

Тут доктар Цынер ўбачыў мiстэра Оўпi – той сядзеў адзiн у купэ другога класа i пiсаў нешта ў запiсной кнiжцы. Доктар сачыў за iм з нейкай шчымлiвай зайздрасцю, – ён жа быў блiзкi да таго, каб аддацца веры, пераадоленнем якой сам нядаўна так ганарыўся. "Ну, а калi вера дасць мне спакой?" – запярэчыў ён сабе, i, пакуль у яго свядомасцi канчаткова не памерла ўсё, што звязана з гэтым словам, ён пацягнуў на сябе дзверы i ўвайшоў у купэ. Доўгi бледны твар i выцвiлыя вочы, адбiтак прыроджанай культуры, збянтэжылi доктара. Калi б гэты святар прапанаваў яму спакой, ён ахвотна прызнаў бы яго перавагу над сабой. На хвiлiну ён iзноў адчуў сябе хлопчыкам з нямытымi рукамi, якi ў цемрадзi спавядальнi чырванеў за свае няхiтрыя грахi.

– Прашу прабачэння. Я вас не патурбаваў? Вы не хочаце спаць? – сказаў ён на сваёй жорсткай, здраднiцкай ангельскай мове.

– Зусiм не хачу. Думаю, што не буду спаць зусiм, пакуль не дабяруся дадому, – усмiхнуўшыся, запярэчыў святар.

– Маё прозвiшча – Цынер.

Мiстэру Оўпi гэтае прозвiшча было невядомае, пэўна, яго запомнiлi толькi журналiсты.

– А маё – Оўпi.

Доктар Цынер зачынiў дзверы i сеў насупраць.

– Вы – святар?

Ён хацеў дадаць "айцец мой", але на гэтым слове запнуўся: яно азначала надта многае – яно азначала бледны, змарнелы твар, любоў, якая, зрабiўшыся жорсткаю, знiкла, пакiнуўшы толькi павагу, потым i яна была прынесена ў ахвяру, калi ўзнiкла падазрэнне, што пасталелы сын зрабiўся адступнiкам.

– Але не рымска-каталiцкага веравызнання.

Доктар Цынер некалькi хвiлiн маўчаў, не ведаючы, як выказаць у словах сваю просьбу. Яго губы лiтаральна перасохлi ад прагi справядлiвасцi: яна была нiбыта шклянка вады на стале ў другога чалавека. Мiстэр Оўпi, здавалася, заўважыў яго збянтэжанасць i дабрадушна паведамiў:

– А я складаю маленькую анталогiю.

– Анталогiю? – мiжволi паўтарыў доктар Цынер.

– Так, духоўную анталогiю для цывiльных, нешта накшталт рымска-каталiцкай Кнiгi Разважанняў. – Яго тонкая белая рука пагладжвала чорную замшавую вокладку запiсной кнiжкi. – Але ў мяне ёсць намер капнуць глыбей. Рымска-каталiцкiя кнiгi – як бы гэта сказаць? – тычацца толькi рэлiгii. Я хачу, каб у маёй кнiзе былi закрануты ўсе бакi штодзённага жыцця. Вы гуляеце ў крыкет?

Пытанне захапiла доктара Цынера знянацку: ён iзноў паглыбiўся ва ўспамiны, як стаяў на каленях у цемрадзi, у спавядальнi.

– Не, не.

– Ну, гэта не мае значэння. Вы зразумееце, што я маю на ўвазе. Дапусцiм, вы апошнi ўваходзiце ў гульню, надзяваеце накаленнiкi, восем варотцаў ужо скiнуты, трэба зрабiць пяцьдзесят прабежак, i вы думаеце: няўжо на вас будзе ўскладзена ўся адказнасць за паражэнне ў гэтай партыi? Вашы сумненнi не ўхiлiць нiводная з iснуючых Кнiг Разважанняў, i вы, пэўна, сапраўды пачняце сумнявацца ў рэлiгii. Мая мэта – задаволiць патрабаваннi такога чалавека.

Мiстэр Оўпi гаварыў хутка, з натхненнем, i доктар Цынер вырашыў, што ён недастаткова валоде ангельскай мовай. Ён не разумеў значэння слоў "накаленнiкi", "варотцы", "прабежкi", хоць i ведаў, што яны звязаны з ангельскай гульнёй у крыкет. Апошнiя пяць гадоў ён чуў гэтыя словы, i яны асацыiравалiся ў яго свядомасцi з напоўненай салёным ветрам пляцоўкай, якая пакрыта дзiрваном, з тым, што ён павiнен сачыць за непаслухмянымi дзецьмi, занятымi гэтай гульнёй, правiлаў якой ён не ведаў, – але рэлiгiйнага значэння гэтых слоў ён не разумеў. Ён падумаў, святар выкарыстоўвае iх метафарычна: адказнасць, перараджэнне, запатрабаваннi чалавека – гэтыя словы ён разумеў, i яны давалi яму магчымасць выказаць святару сваю просьбу.

– Я хацеў бы пагаварыць з вамi наконт споведзi.

– Гэта нялёгкая тэма, – адказаў мiстэр Оўпi. Ён з хвiлiну разглядваў свае рукi i потым хутка загаварыў: – Я не гляджу на споведзь дагматычна. Думаю, што тут шмат чаго можна сказаць на карысць рымска-каталiцкай царквы. Сучасная псiхалогiя развiваецца ў гэтым кiрунку. Ёсць нешта агульнае памiж спавядальнiкам i спаведнiкам i памiж псiхааналiтыкам i яго пацыентам. Вядома, iснуе i рознiца – спаведнiк хоча, каб яму адпусцiлi грахi. Але гэтая рознiца, – паспешна дадаў мiстэр Оўпi, калi доктар Цынер зрабiў памкненне нешта запярэчыць, – урэшце, неiстотная. У першым выпадку пра грахi вядуць гаворку, каб яны былi адпушчаныя i чалавек выйшаў са спавядальнi з прасветленай душой i з намерамi пачаць жыццё нанава; у другiм выпадку толькi адно абмеркаванне грахоў пацыента i выяўленне неўсвядомленых прычын яго паводзiн робiцца, каб выключыць само жаданне рабiць грахi. Пацыент iдзе ад псiхааналiтыка поўны энергii i з такiм самым намерам жыць па-новаму.

Дзверы адчынiлiся, i ў купэ ўвайшоў мужчына.

– З гэтага пункту гледжання споведзь у псiхааналiтыка здаецца больш плённай, чым споведзь у святара, – сказаў мiстэр Оўпi.

– Вы гаворыце пра споведзь? – спытаў мужчына, якi толькi што прыйшоў. Дазвольце адцягнуць вашу ўвагу. Трэба ўзяць пад улiк i ролю лiтаратуры ў гэтай справе.

– Дазвольце мне пазнаёмiць вас, – сказаў мiстэр Оўпi. – Доктар Цынер мiстэр К.С.Сейвары. I сапраўды зараз сабралiся разам удзельнiкi ў вышэйшай ступенi цiкавай спрэчкi – доктар, святар i пiсьменнiк.

– А вы не забылiся пра спаведнiка? – павольна сказаў доктар Цынер.

– Якраз я i хацеў прадставiць вам яго, – сказаў мiстэр Сейвары. – У пэўным сэнсе я i з'яўляюся спаведнiкам. Паколькi раманы заснаваны на жыццёвым вопыце аўтара, раманiст спавядаецца перад чытачом. Гэта i робiць чытача святаром цi псiхааналiтыкам.

Мiстэр Оўпi запярэчыў яму з усмешкай:

– Але ваш раман можна назваць споведдзю толькi ў тым сэнсе, у якiм ёю з'яўляецца сон. Тут павiнен сказаць сваё слова прыхiльнiк фрэйдызму. Фрэйдысцкi цэнзар, – паўтарыў ён гучней: цягнiк якраз праходзiў мост. – Што на гэта скажа наш доктар?

Iх ласкавыя, жывыя, уважлiвыя вочы збянтэжылi доктара Цынера. Ён сядзеў, злёгку схiлiўшы галаву, няздатны перадаць словамi горкiя фразы, якiя ўзнiкалi ў яго ў мазгу. Ужо другi раз у гэты вечар красамоўства яму здрадзiла, не хапала слоў: як жа ён зможа разлiчваць на сваё красамоўства ў Белградзе?

– Дарэчы, ёсць жа яшчэ i Шэкспiр, – сказаў мiстэр Сейвары.

– А дзе яго няма? – падхапiў мiстэр Оўпi. – Ён крочыць як калос па ўсiм цесным свеце. Вы маеце на ўвазе...

– Як ён ставiўся да споведзi? Вядома, ён нарадзiўся католiкам.

– Як там у "Гамлеце"... – пачаў быў мiстэр Оўпi, але доктар Цынер не дачакаўся, пакуль той закончыць фразу. Ён падняўся i злёгку пакланiўся абодвум.

– Добрай ночы, – сказаў ён. Яму хацелася выказаць сваё абурэнне i расчараванне, але ён толькi вымавiў: – Усё было дужа цiкава.

Калiдор, ледзь асветлены шэрагам цьмяных блакiтных лямпачак, змрочны, цягнуўся паўз цёмныя вагоны, якiя гайдалiся ў такт руху. Нехта ў вагоне трэцяга класа варочаўся ў сне i мармытаў: "Немагчыма. Немагчыма".

Кiнуўшы доктара, Корал заспяшалася з сакваяжам па цягнiку, якi кiдаўся з боку на бок. Яна цяжка дыхала i здалася Майету амаль прыгожай, калi ён убачыў, як яна торгае ручку дзвярэй у купэ. Ён адклаў убок карэспандэнцыю Экмана i спiс рыначных цэн ужо хвiлiн дзесяць назад, пераканаўшыся, што побач з фразамi i лiчбамi дзелавых папер у яго ў галаве ўвесь час настойлiва гучыць голас дзяўчыны: "Я вас кахаю" – "Ну i жартачкi, – падумаў Майет. – Ну i жартачкi".

Ён зiрнуў на гадзiннiк. Наступны прыпынак будзе толькi праз сем гадзiн. Да таго ж ён даў гасцiнца кандуктару. Цi прывыклi яны да такiх любоўных спраў у цягнiках? Юнаком ён чытаў кнiгi пра каралеўскiх паслоў, якiх спакушала чароўная графiня, што падарожнiчала адна, без нiкога, i падумаў: цi выпадзе яму калi-небудзь такая прыгода? Ён агледзеў сябе ў люстры i прыгладзiў напамаджаныя валасы. "Нiшто сабе з твару, вось толькi скура магла б быць лепшая". Аднак, скiнуўшы футра, ён мiжволi нагадаў, што таўсцее, падарожнiчае толькi па справах гандлю разынкамi i ў яго няма партфеля з запячатанымi сургучом дакументамi. "А Корал непрыгожая расейская графiня, але я ёй падабаюся, i яна зграбная".

Майет прысеў, потым iзноў паглядзеў на гадзiннiк, iзноў падняўся. Ён хваляваўся. "Ах ты, дурань, – падумаў ён, – у ёй няма нiчога надзвычайнага: мiленькая, добрая, але праставатая – такую можна сустрэць у любы вечар на Спанiердз-роўд". Аднак, нягледзячы на такiя думкi, ён усё адно адчуваў, што ў гэтай прыгодзе было нешта незвычайнае. Магчыма, справа тут толькi ў абставiнах: падарожжа з хуткасцю сорак мiль у гадзiну на палiцы шырынёй крыху болей двух футаў. Магчыма, прычынай было яе прызнанне за вячэраю знаёмыя яму дзяўчаты не адважылiся б вымавiць такiх слоў, яны б сказалi: "Я кахаю цябе", толькi калi б iх запыталi перад гэтым, але па сваёй волi яны хутчэй бы сказалi: "Ты неблагi хлопец". Ён пачаў думаць пра яе, як нiколi не думаў нi пра якую вядомую яму жанчыну: "Яна мiлая i прыгожая, мне хацелася зрабiць ёй што-небудзь прыемнае". Яму i ў голаў не прыходзiла, што ў яе ўжо ёсць падставы быць яму ўдзячнай.

– Заходзьце, – запрасiў Майет, – заходзьце.

Ён узяў у яе сакваяж, засунуў яго пад палiцу i потым схапiў яе за рукi.

– Ну, вось я i прыйшла да вас, – з усмешкай сказала яна.

Нягледзячы на гэту ўсмешку, яму здалося, што яна напалохана, i ён не мог зразумець чаму. Ён адпусцiў яе рукi, каб завесiць фiранкi на шкляных дзвярах у калiдор, i яны засталiся адны ў цеснай каробачцы купэ. Ён пацалаваў яе i адчуў, што яе вусны, халаднаватыя i мяккiя, няўпэўнена падатныя. Яна апусцiлася на сядзенне, ператворанае на ноч у ложак, i спытала:

– Вы сумнявалiся, цi прыйду я?

– Вы ж абяцалi!

– А магла б i перадумаць.

– А чаму?

Майета ахапiла нецярплiвасць. Яму мала было проста сядзець i весцi размовы: яна махала нагамi, i дастаючы iмi да падлогi, i гэта яго распальвала.

– Мы цудоўна прабавiм час.

Ён зняў з яе туфлi, i рукi яго пабеглi ўверх па панчохах.

– Вы чалавек вопытны, праўда?

Ён пачырванеў.

– А вам гэта непрыемна?

– О, не, я рада, вельмi рада. Я б проста не перанесла гэтага, калi б вы не былi такi спрактыкаваны.

Яе вочы, вялiкiя i напалоханыя, яе твар, бледны пад цьмянай блакiтнай лямпачкай, спачатку забаўлялi яго, потым здалiся прывабнымi. Ён хацеў, каб яе адчужанасць змянiлася палкасцю. Iзноў пацалаваўшы яе, ён паспрабаваў спусцiць сукенку з яе плеч. Цела дзяўчыны трымцела i варушылася пад сукенкаю, нiбыта кошка, завязаная ў мяху. Раптам яна падняла твар i пацалавала яго ў падбароддзе.

– Я на самай справе кахаю вас, праўда.

Незвычайнае пачуццё ўсё болей ахоплiвала яго. Ён нiбыта выйшаў з дому на штодзённы шпацыр, мiнуў газавы завод, прайшоў цагляным мостам цераз Уiмбль, перасёк два палеткi i раптам аказаўся не на сцяжынцы, якая вяла на ўзгорак, да новай дарогi з загараднымi дамамi, а на паляну ў нейкiм невядомым лесе, на цянiстую дарожку, па якой ён нiколi не хадзiў, i вяла тая дарожка бог ведае куды. Ён зняў руку з яе плячэй i, адсунуўшыся крыху ад яе, сказаў:

– Якая вы мiлая, – а потым здзiўлена дадаў: -Якая родная.

Нiколi раней ён не ўсведамляў, як у iм нарастае жаданне i як яно ўзмацняецца якраз таму, што ён разумее гэта. Раней яго любоўныя прыгоды заўсёды пачыналiся з прымiтыўнага ўзбуджэння.

– Што мне рабiць? Распранацца?

Ён кiўнуў – яму цяжка было гаварыць – i ўбачыў, як яна паднялася з ложка, пайшла ў куток i пачала распранацца, павольна i вельмi старанна здымаючы кожную рэч паасобку: блузку, спаднiцу, сарочку, станiк – i складаючы ўсё гэта акуратна на сядзенне насупраць. Назiраючы за яе няспешнымi, засяроджанымi рухамi, ён разумеў, якое ў яго недасканалае цела.

– Вы такая цудоўная, – сказаў ён, злёгку запiнаючыся ад невядомага раней хвалявання.

Калi яна прыйшла да яго з другога канца купэ, ён зразумеў, што памыляўся: яе спакой быў падобны да нацягненай струны, твар яе гарэў ад узбуджэння, а вочы глядзелi спалохана, i яна не ведала, смяяцца ёй цi плакаць. Але тут яны кiнулiся ў абдымкi адно аднаму ў вузкай прасторы памiж палiцамi.

– Няблага было б патушыць святло, – сказала Корал. Яна стаяла, шчыльна прынiкнуўшы да яго, а ён гладзiў яе, i абое злёгку пагойдвалiся ў такт руху цягнiка.

– Не, а мне б наадварот хацелася запалiць усё святло, – запярэчыў ён.

– Сапраўды, так было б лепей, – сказала яна i цiха засмяялася сабе. Яе смех, нiбыта ледзь прыкметная крынiчка, быў амаль не чуцен на фоне грукатання i пыхкання экспрэса, i, размаўляючы, яны, замест таго каб нашэптваць адно аднаму пяшчотныя словы, мусiлi былi вымаўляць iх гучна i дакладна.

Пачуццё незвычайнасцi не знiкла i пасля звыклага для яго зблiжэння: лежачы на ложку, яна аказалася нейкая таямнiчая i па-дзiцячы недасведчаная, i гэта ўразiла яго. Яна болей не смяялася, прычым смех яе не спынiўся спакваля, а раптам абарваўся, як толькi Майет падумаў – пэўна, ён прыняў за яе смех скрып колаў цягнiка.

– Набярыся цярпення. Я зусiм нявопытная, – раптам сур'ёзна сказала яна.

I потым ускрыкнула ад болю. Калi б нават з'явiлася ў купэ здань, захутаная ў старамоднае адзенне, якое насiлi яшчэ да таго, як быў вынайдзены паравоз, Майет не быў бы так здзiўлены. Ён адсунуўся б ад яе, калi б яна сама не ўтрымала яго рукамi i не сказала ледзь чутным голасам, амаль зусiм заглушаным грукатам цягнiка:

– Не iдзi ад мяне. Прабач. Я не хацела...

Потым цягнiк, якi раптоўна спынiўся, адкiнуў iх адно ад аднаго.

– Што здарылася? – спытала Корал.

– Станцыя.

– Чаму ж гэта якраз цяпер? – жаласлiва вымавiла яна.

Майет крыху прыадчынiў акно i выглянуў. Цьмяны ланцуг агеньчыкаў асвятляў толькi некалькi футаў зямлi каля чыгункi. Тоўстымi сумётамi наўкол ужо навалiла снегу. Недзе ўдалечынi мiгацеў чырвоны агеньчык, ён то запальваўся, то знiкаў у белай завеi.

– Гэта не станцыя. Толькi семафор. Ён нас затрымаў.

Скрып колаў спынiўся, i навiсла начная цiшыня. Яе парушаў толькi свiсток паравоза. У цягнiку пачалi прачынацца людзi, яны выглядалi з вокнаў i перакiдвалiся памiж сабой словамi. З вагона трэцяга класа ў самым канцы цягнiка данеслiся гукi скрыпкi. Матыў быў немудрагелiсты, вясёлы i дакладны. Праходзячы скрозь iмглу i снегапад, ён рабiўся ўсё меней дакладны, але ж выцяснiў з свядомасцi Майета пачуццё разгубленасцi i спагады.

– Я ж нiчога не ведаў. Як я мог здагадацца?

I тут жа, у вагоне, памiж iмi ўзнiкла такое цёплае пачуццё, што ён, не зачынiўшы акно, укленчыў перад ложкам i пачаў гладзiць яе твар, кранаючы яго цiкаўнымi пальцамi. I зноў iм авалодала невядомае раней пачуццё: "Якая мiлая, якая родная". Яна ляжала цiха i няроўна дыхала ад болю i хвалявання.

У адным вагоне трэцяга класа нехта пачаў па-нямецку лаяць скрыпача, гаворачы, што гукi скрыпкi не даюць яму заснуць. Ён, вiдаць, не разумеў, што моцна спаў пад грукат цягнiка i яго разбудзiла цiшыня, на фоне якой сталi чутны ясныя гукi скрыпкi. Скрыпач адказаў лаянкай i працягваў пiлiкаць, некалькi чалавек загаварылi адначасова, нехта засмяяўся.

– Ты расчараваны? Я аказалася нi на што не вартая?

– Ты была проста цудоўная. Але я нiколi не падумаў бы... Навошта ты прыйшла?

Iмкнучыся пазбавiць яго пачуцця збянтэжанасцi, яна адказала лёгкiм, як гукi скрыпкi, голасам:

– Павiнна ж дзяўчына некалi прайсцi праз гэта.

Ён iзноў пагладзiў яе па шчацэ.

– Я прычынiў табе боль.

– Але ж, нялёгкая гэта справа!

– Другi раз... – пачаў ён, але яна яго перабiла, i яе сур'ёзны тон рассмяшыў яго:

– Так, значыцца, будзе i другi раз? Значыцца, я табе спадабалася?

– А ты хочаш, каб быў другi раз?

– Так, – адказала яна, але ў той момант думала не пра яго абдымкi, а пра кватэру ў Канстанцiнопалi, пра асабiстую спальню, пра тое, каб класцiся спаць а дзесятай гадзiне ўвечары. – Колькi часу ты там збiраешся прабыць?

– Магчыма, месяц. Магчыма, болей.

– Так мала? – прашаптала яна з такiм шкадаваннем, што ён пачаў яе супакойваць абяцаннямi, хоць i ведаў, што ранiцай будзе шкадаваць пра гэта.

– Ты можаш вярнуцца са мной у Лондан. Я найму табе там кватэру. – Яе маўчанне, здавалася, пацвярджала, наколькi нерэальныя былi яго абяцанкi. Ты мне не верыш?

– Проста не верыцца, – сказала яна голасам, поўным даверу.

Яго кранула адсутнасць у яе какецтва. I раптам яго зноў уразiла думка: ён жа быў у яе першы палюбоўнiк!

– Паслухай, ты прыйдзеш да мяне заўтра?

Яна пачала адмаўляцца, шчыра баючыся, што надакучыць яму, перш як яны прыедуць у Канстанцiнопаль. Ён яе нават не слухаў.

– Я наладжу вячэру – адсвяткаваць гэту...

– Дзе? У Канстанцiнопалi?

– Не. Там у мяне няма каго запрашаць.

I на iмгненне думка пра Экмана азмрочыла яго радасны настрой.

– Значыцца, у цягнiку? – Яна зноў засмяялася, але на гэты раз весела i без усякага страху.

– А чаму б i не? – Словы яго прагучалi крыху з пахвальбой. – Я запрашу ўсiх. Гэта будзе нешта накшталт вясельнай вячэры.

– Толькi без вяселля, – пакпiла яна з яго. Але яму ўсё болей падабалася гэтая задума.

– Я запрашу ўсiх: доктара, гэтага тыпа з другога класа, таго цiкавага суб'екта, памятаеш яго? – Ён секунду памаўчаў. – I тую дзяўчыну.

– Якую дзяўчыну?

– Пляменнiцу тваёй знаёмай.

Аднак яго красамоўства крыху згасла, калi ён падумаў, што такая дама нiколi не прыме яго запрашэнне: яна не з вар'етэ. Яму зрабiлася сорамна за сваю няўдзячнасць. "Пра яе нельга сказаць, што яна мiленькая, падатная цi праставатая, яна прыгажуня, з такой жанчынай я хацеў бы ажанiцца. – I на нейкае iмгненне ён з горыччу падумаў: – Але такая жанчына не для мяне". Потым да яго вярнуўся добры настрой.

– Я найму скрыпача, – пахвалiўся ён, – хай iграе нам за вячэрай.

– Ты не адважышся запрасiць iх, – сказала яна з блiскучымi вачыма.

– Адважуся. Яны ўжо нiколi не адмовяцца ад такой вячэры. Я закажу самае лепшае вiно, якое толькi тут ёсць, – сказаў ён, хутка падлiчыўшы кошт вiна i гонячы ад сябе думкi, што ў цягнiку самыя лепшыя вiны робяцца дрэннымi. Вячэра будзе каштаваць па два фунты на кожную асобу.

Яна задаволена запляскала ў далонi.

– Ты нiколi не адважышся сказаць iм, з якой нагоды гэтая вячэра.

– Я паведамлю iм, што запрасiў iх выпiць за маю каханую.

Потым Корал доўга ляжала спакойна, думаючы пра гэтае слова "каханая" i звязаны з iм камфорт, пра трывалае становiшча, пра амаль прыстойнае жыццё. Потым яна пахiтала галавой:

– Я проста не магу ў гэта паверыць!

Аднак свiст пары i грукат колаў, якiя пачалi рухацца, заглушыў гэтыя словы, напоўненыя сумненнем.

Тым часам, як буферы памiж вагонамi з грукатам сутыкалiся i зялёнае святло семафора павольна паплыло назад, Ёзеф Грунлiх гаварыў сабе: "Я прэзiдэнт рэспублiкi". Ён прачнуўся ў той самы момант, калi джэнтэльмен у фраку збiраўся паднесцi яму залаты ключ, якiм адмыкаўся сейф з капiталамi новага горада. Ён канчаткова прачнуўся, зразумеў, дзе знаходзiцца, i згадаў увесь свой сон. Паклаўшы рукi на круглыя каленi, ён усмiхнуўся. "Прэзiдэнт рэспублiкi – зусiм няблага, а чаму б i не? Я б нагаварыў там цэлы мех. За адзiн дзень ашукаў i Кольбера, i гэтага доктара. Ён даў мне пяць ангельскiх фунтаў, бо ў мяне галава добра варыць, i я адразу здагадаўся, што ён за птушка, як толькi ён сказаў: "Тайны агент палiцыi". Спрытнюга – вось хто я, Ёзеф Грунлiх. "Зiрнiце туды, гер Кольбер". Выхоплiваю рэвальвер, цэлюся, страляю – i ўсё ў адну секунду. Дый паспеў яшчэ i змыцца. Ёзефа злавiць немагчыма. Што там спытаў гэты святар? – Ёзеф засмяяўся вантробным смехам. "Вы ў Германii ў крыкет гуляеце?" А я адказаў: "Не, нас там вучаць бегаць. У свой час я быў выдатны бягун". Я за словам у кiшэню не палезу, а ён так i не зразумеў жарту – згадаў нейкiх Собса i Худлiха. Але ўсё-такi прыемнага было мала, калi доктар убачыў, што чамадан не на месцы, – падумаў Ёзеф. – Я схапiўся за шнурок. Калi б ён паспрабаваў паклiкаць кандуктара, я стрэлiў бы яму ў жывот, ён не паспеў бы i слова вымавiць".

Ёзеф iзноў радасна ўсмiхнуўся, адчуваючы, як рэвальвер злёгку трэцца аб сiняк на ўнутраным баку нагi. "Я выпусцiў бы яму кiшкi".

Частка чацвертая

СУБОЦIЦА

1

Лямпачка тэлеграфнага апарата ў канторы начальнiка станцыi Субоцiца замiгцела: кропкi i працяжнiкi парассыпалiся па пустым пакоi. Лукiч, чыноўнiк, якi сядзеў у куточку багажнага аддзялення, чуў iх праз адчыненыя дзверы i праклiнаў гэтыя надакучлiвыя гукi. Вядома, трэба было пайсцi туды, але ён ленаваўся скрануцца з месца.

– У такi час нiчога важнага быць не можа, – растлумачыў ён прыёмшчыку багажу i Нiнiчу, маладому салдату ў шэрай форме.

Ленiч тасаваў калоду карт якраз у той момант, калi гадзiннiк прабiў сем. За акном сонца ледзь асвятляла брудны, паўрасталы снег, паблiсквалi мокрыя рэйкi. Нiнiч пацягваў з келiха ракiю, ад моцнай слiвавай гарэлкi на вочы нагарнулiся слёзы. Ён быў яшчэ зусiм малады.

Лукiч усё тасаваў карты.

– Цiкава, што гэта там перадаюць, як ты думаеш? – спытаў прыёмшчык багажу.

Лукiч пахiтаў цёмнавалосай ускудлачанай галавой:

– Дакладна сказаць, вядома, нельга. Нiчога цiкавага, як звычайна. Хай сабе працуе – гэта ёй карысна.

Прыёмшчык захiхiкаў. Нiнiч узняў цёмныя вочы, у якiх нiчога не было, апроч прастадушнасцi, i спытаў:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю