Текст книги "Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)"
Автор книги: Грэм Грин
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 14 страниц)
– Мяне звольняць.
– Рызыкнiце, – сказала мiс Уорэн. – За дваццаць франкаў.
Насiльшчык адмоўна пахiтаў галавой.
– Брыгадзiр заўважыць, што мяне няма на працы.
– Я накiну зверху яшчэ дваццаць франкаў, брыгадзiру.
– Брыгадзiр не пагодзiцца на гэта. Надта вялiкая рызыка, дый да начальнiка можа дайсцi.
Мiс Уорэн адкрыла сумачку i пачала пералiчваць грошы. Над яе галавой гадзiннiк прабiў палову другой. Да адыходу цягнiка засталося дзве хвiлiны, аднак яна нi на iмгненне не выказала свайго адчаю – любое хваляванне спудзiць насiльшчыка.
– Восемдзесят марак, а брыгадзiру дадзiце, колькi захочаце. Вас не будзе на працы толькi дзесяць хвiлiн.
– Надта рызыкоўная справа, – сказаў насiльшчык, але ўсё-такi ўзяў грошы.
– Слухайце мяне ўважлiва. Пойдзеце на Кайзер-Вiльгельм-штрасе, трыццаць тры. Знойдзеце кантору лонданскай газеты "Кларыён". Там абавязкова хто-небудзь будзе. Скажаце яму, што мiс Уорэн паехала Ўсходнiм экспрэсам у Вену. Сёння вечарам ён не атрымае яе iнтэрв'ю, а заўтра яна прадыктуе яму з Вены яго па тэлефоне. Скажаце, што яна натрапiла на след вельмi важнага матэрыялу для першай старонкi. А цяпер паўтарыце, што я вам сказала. Пакуль ён, запiнаючыся, марудна паўтараў даручэнне, яна не зводзiла вачэй з гадзiннiка. Гадзiна трыццаць адна з паловай. – Добра. Iдзiце. Але калi вы не перададзiце паведамленне да дзвюх гадзiн, я паскарджуся вашаму начальству, што вы займаецеся хабарнiцтвам. – Яна ўхмыльнулася яму з злавеснай весялосцю, паказаўшы буйныя, квадратныя зубы, i пабегла па лесвiцы.
Гадзiна трыццаць дзве. Ёй здалося, што яна пачула свiсток паравоза, i адным махам пераскочыла праз тры прыступкi. Цягнiк ужо рушыў з месца, кантралёр паспрабаваў заступiць ёй дарогу, але яна адштурхнула яго ўбок, крыкнуўшы праз плячо: "Пасведчанне!" Апошнiя вагоны трэцяга класа праходзiлi мiма, набiраючы хуткасць. "Божухна, я кiну пiць", – паклялася яна ў думках. Потым ухапiлася рукой за парэнчу дзвярэй апошняга вагона, нейкi насiльшчык з крыкамi паспрабаваў утрымаць яе. Доўгiя дзесяць секунд, адольваючы пранiзлiвы боль у руцэ, яна думала, што яе зацягне з платформы пад колы апошняга вагона. Яе палохала высокая прыступка. "Я не дацягнуся да яе. Яшчэ трохi – i маё плячо не вытрымае. Лепей звалiцца на платформу i атрымаць страсенне мазгоў, чым паламаць абедзве нагi. Аднак жа якi цудоўны матэрыял згiне", – з горыччу падумала яна i скочыла на прыступку. Яе каленi дацягнулiся да прыступкi якраз у той момант, калi скончылася платформа. Знiк апошнi лiхтар станцыi, дзверы пад нацiскам яе цела адчынiлiся, i яна дагары тварам упала на калiдор. Потым, абапёршыся аб сценку, аберагаючы выцятае плячо, падумала з пераможнай i зласлiвай усмешкаю: "Незвычайная Мейбл паспяхова ажыццявiла пасадку ў экспрэс!"
Ранiшняе святло пранiкла скрозь шчылiну памiж фiранкамi i закранула палiцу насупраць. Калi Корал Маскер прачнулася, першае, што кiнулася ёй у вочы, была гэтая палiца i скураны сакваяж. Яна адчувала стому, млявасць i яшчэ трывогу, калi прыгадала цягнiк, на якi ёй трэба паспець на вакзал Вiкторыя, засохлую яечню i чэрствыя лустачкi заўчарашняга хлеба, што чакалi яе на кухнi. "Шкада, што я пагадзiлася на гэтую працу!" – падумала яна. Цяпер, калi наблiжаўся час ад'езду, яна палiчыла б за лепшае выстаяць доўгую чаргу на прыступках лесвiцы на Шафтсберы-авеню i аддала б перавагу штучнай весялосцi пад час доўгага чакання каля ўвахода ў кантору агента. Яна адхiнула фiранку, i на iмгненне яе здзiвiў тэлеграфны слуп, якi хутка праляцеў мiма, зялёная рачулка з аранжавымi блiкамi ранiшняга сонца i парослыя лесам пагоркi. I раптам яна ўспомнiла ўсё.
Было яшчэ рана – сонца ледзьве ўздымалася над узгоркамi. У вёсцы на другiм беразе замiгцелi агеньчыкi, некалькi дымкоў прамымi струменьчыкамi ўздымалiся ў бязветраным паветры над драўлянымi хаткамi: сяляне там распальвалi печы, гатавалi снеданне. Вёска была так далёка ад чыгункi, што здавалася нерухомая, яе можна было разгледзець, а вось дрэвы, хаткi на блiзкiм беразе i прывязаныя там лодкi шпарка знiкалi з вiду. Яна адхiлiла фiранку на шкляных дзвярах у калiдор i ўбачыла Майета – ён спаў, прыхiнуўшыся спiнаю да сцяны. Iнстынктыўна, першым яе памкненнем было разбудзiць яго, але потым яна вырашыла не чапаць, хай спiць, а самой зноў легчы на палiцу, выкарыстаўшы выгоды за кошт самаахвярнасцi блiзкага. Яна адчувала да яго пяшчоту, нiбыта ён даў ёй новую надзею на жыццё, дзе была не толькi заўсёдная барацьба i ўсяго трэба дабiвацца сваiмi намаганнямi. Бадай што, свет быў не такi ўжо жорсткi. Яна нагадала, як цёпла паставiўся да яе памочнiк капiтана, як ён крыкнуў на развiтанне: "Помнi пра мяне!" Зусiм магчыма, што памочнiк капiтана ўсё яшчэ помнiць яе, – гэты ж малады чалавек, якi спiць за дзвярыма, ён жа здолеў ахвяраваць некалькiмi гадзiнамi свайго жыцця дзеля зусiм незнаёмай дзяўчыны. Упершыню ёй прыйшла ў голаў шчаслiвая думка: "Магчыма, я жыву ў памяцi iншых людзей, не толькi тады, калi яны бачаць мяне цi гавораць са мной". Яна зноў глянула ў акно, аднак вёскi ўжо не было вiдно, таксама як i тых цудоўных зялёных пагоркаў, якiя яна бачыла раней, цяпер можна было бачыць толькi раку. I Корал iзноў заснула.
Мiс Уоран, хiстаючыся, iшла па вагонах. Ёй цяжка было трымацца за парэнчы правай рукой: усё яшчэ балела плячо, хоць яна ўжо праседзела амаль дзве гадзiны ў вагоне трэцяга класа. Яна пачувала сябе разбiтай, яе крыху нудзiла, хмель яшчэ не выйшаў з галавы, думкi блыталiся, аднак яна трымала нос па ветры i не губляла следу. За дзесяць гадоў журналiсцкай кар'еры дзесяць гадоў яна крэмзала карэспандэнцыi пра жаночыя правы, згвалтаваннi, забойствы – яна нiколi не была такая блiзкая да надзвычайнага паведамлення на першай паласе: матэрыял гэты не для грашовых газет. Каб раздабыць такi матэрыял, сам карэспандэнт газеты "Таймс" ахвяраваў бы год жыцця. "Далёка не кожнаму ўдалося б скарыстаць зручны момант, як скарыстала яго я, – з гордасцю падумала яна, – ды яшчэ п'яная ўдрызг". Яна iшла, хiстаючыся, уздоўж шэрага купэ першага класа з высока ўзнятай галавою, нiбыта на ёй была набакiр карона.
Удача не пакiдала яе. З купэ выйшаў мужчына i накiраваўся ў туалет. Калi яна прыцiснулася да сцяны, каб прапусцiць яго, дык заўважыла, што якраз той самы чалавек у плашчы, якога яна шукала, дрэмле ў кутку i ў купэ болей няма нiкога. Мужчына ўзняў вочы i ўбачыў у дзвярах мiс Уоран, якая крыху хiсталася туды-сюды.
– Можна да вас? – спытала яна. – Я села ў Кёльне i не магу знайсцi месца. – Голас у яе быў нiзкi, амаль мяккi, нiбыта яна ўгаворвала любiмага сабаку ўвайсцi ў камеру, дзе яго збiралiся ўсыпiць.
– Месца занятае.
– Толькi на хвiлiначку, – сказала мiс Уорэн. – Хай адпачнуць крышачку ногi. Мне так прыемна, што вы гаворыце па-ангельску. Мяне заўсёды агортвае страх, калi падарожнiчаю ў цягнiку, дзе няма нiкога, апроч чужаземцаў. Чалавеку можа што-небудзь спатрэбiцца позняй ноччу, а звярнуцца няма да каго. – Яна нацягнена ўсмiхнулася. – Па-мойму, вы доктар?
– Быў некалi iм.
– I вы едзеце ў Белград?
Злёгку ўстрывожаны, ён кiнуў хуткi позiрк на яе, якi яна не заўважыла. Ён пiльна агледзеў яе прысадзiстую, абцягнутую цвiдам фiгуру, крыху нахiленую ўперад, бляск пярсцёнка з пячаткаю, пачырванелы ад нецярплiвасцi твар.
– Не, – адказаў ён. – Значна блiжэй.
– А я еду толькi да Вены, – сказала мiс Уорэн.
– А чаму вы вырашылi?.. – павольна пачаў ён, сумняваючыся, цi правiльна ён робiць, звяртаючыся да яе з гэтым пытаннем: яму было нязвыкла сустрэцца з небяспекай у выглядзе ангельскай векавухi, крыху п'янай ад джыну, пах якога ён адчуваў у купэ.
Рызыкоўныя сiтуацыi, у якiя ён трапляў раней, навучылi яго ў такiя моманты крыху пахiтаць галавой, цi памахаць пальцам, цi проста сказаць няпраўду. Мiс Уорэн таксама адчувала няпэўнасць, i яе няпэўнасць была падобная да iскры надзеi ў зняволенага ў турме.
– Мне здалося, што я вас бачыла ў Белградзе.
– Нiколi не даводзiлася там бываць.
Яна вырашыла пайсцi ў адкрытую, адкiнуўшы ўсялякiя хiтрыкi.
– Мне давялося быць у Белградзе прадстаўнiком сваёй газеты пад час суду над Камнецам.
Аднак ён ужо зразумеў, што трэба паводзiць сябе абачлiва, i глянуў на яе, не выказваючы зусiм нiякай цiкаўнасцi.
– Суд над Камнецам?
– Калi генерал Камнец быў абвiнавачаны ў згвалтаваннi. Цынер быў там галоўны сведка абвiнавачвання. Аднак генерала, зразумела, апраўдалi. Прысяжныя былi падабраны з яго прыхiльнiкаў. Урад нiколi не дазволiў бы засудзiць такога чалавека. З боку Цынера было проста глупства даваць паказаннi супраць генерала Камнеца.
– Глупства?
Яго тон ветлiвага субяседнiка ўзлаваў яе.
– Вядома ж, вы чулi пра Цынера? Яго хацелi прыстрэлiць за тыдзень да суду, калi ён сядзеў у кавярнi. Цынер быў правадыр сацыял-дэмакратаў. Ён назаляў уладам тым, што даў паказаннi супраць Камнеца – ордэр на яго арышт за дачу непраўдзiвых паказанняў быў выпiсаны яшчэ за дванаццаць гадзiн да заканчэння судовага працэсу. Яны проста сядзелi i чакалi апраўдальнага прыгавору Камнецу.
– Калi гэта было?
– Пяць гадоў таму.
Ён уважлiва сачыў за ёй, прыкiдваючы, якi адказ найбольш раззлуе яе.
– Ну, гэта ўжо старая гiсторыя. Цынера выпусцiлi з турмы?
– Ён выслiзнуў з iх рук. Шмат чаго я дала б, каб даведацца, як гэта яму ўдалося здзейснiць. З гэтага мог бы атрымацца выдатны матэрыял у газету. Ён проста знiк. А ўсе думалi, што яго забiлi.
– А яго на самой справе забiлi?
– Не. Ён ад iх уцёк.
– Разумны чалавек.
– А вось у гэтым я зусiм не ўпэўненая, – злосна запярэчыла яна. Разумны чалавек нiколi не даваў бы паказанняў супраць Камнеца. Што яму да таго Камнеца i да той дзяўчынкi? Ён быў дурань, строiў з сябе Дон-Кiхота.
З-за адчыненых дзвярэй пацягнула холадам, i доктара перасмыкнула.
– Ноч выдалася пакутлiвая, – сказаў ён.
Яна адмахнулася ад яго слоў стомленым жэстам вялiкай, грубай рукi.
– Толькi ўявiце сабе, – сказала яна з захапленнем. – Пакуль прысяжныя засядалi, ён выйшаў з залы суда на вачах у палiцыi. Яны сядзелi i нiчога не маглi зрабiць, пакуль не вернуцца прысяжныя. Ох, магу прысягнуць, што бачыла загад пра арышт Цынера, якi тырчаў з кiшэнi ў Хартэпа. А Цынер знiк, нiбыта яго i не было зусiм. Далей усё пайшло па-ранейшаму. Нават у Камнеца.
Доктар не здолеў схаваць сваю поўную горычы цiкаўнасць.
– На самой справе? Нават у Камнеца?
Яна скарыстала спрыяльную сiтуацыю i загаварыла сiплаватым голасам, даўшы волю сваёй фантазii:
– Так, калi б ён зараз вярнуўся, дык знайшоў бы, што нiчога не змянiлася: гадзiннiк можна было б перавесцi назад. Хартэп усё гэтаксама займаецца хабарнiцтвам, Камнец юрлiва вышуквае маленькiх дзяўчынак, тыя самыя трушчобы, тыя самыя кавярнi, дзе даюць канцэрты ў шэсць i ў адзiнаццаць гадзiн. Карл звольнiўся з "Масковы", вось i ўсе навiны, а на яго месцы працуе афiцыянтам француз. Адкрыўся, праўда, новы кiнатэатр каля парку. Ах, вось яшчэ навiна: забудавалi сад з пiўной Кругера, там зараз кватэры для дзяржаўных чыноўнiкаў.
Ён прамаўчаў, не ведаючы, чым адказаць на гэты новы ход працiўнiка. Значыцца, пiўной Кругера больш няма, а з ёй знiклi i казачныя лiхтарыкi, i яркiя парасоны, i цыганы, якiя цiха iгралi ў прыцемку, пераходзячы ад столiка да столiка. I Карла няма. На iмгненне ён здольны быў аддаць у рукi гэтай жанчыны сваю бяспеку i бяспеку сваiх сяброў у абмен на звесткi пра Карла. Можа, ён сабраў усе свае чаявыя, i жыве самотна ў адной з тых новых кватэр каля парку, i раскладае сурвэткi на сваiм стале, выцягвае корак з бутэлькi, каб напоўнiць свой келiх? Ён разумеў, што яму трэба перапынiць размову з гэтай п'янай, небяспечнай жанчынай, што сядзiць насупраць, але ён не быў здольны вымавiць нiводнага слова, пакуль яна паведамляла яму навiны пра Белград, тыя навiны, пра якiя яго сябры нiколi не пiсалi яму ў сваiх штотыднёвых зашыфраваных лiстах.
Было i яшчэ нешта, пра што яму дужа карцела спытацца ў яе. Яна сказала, што трушчобы такiя самыя, як i былi раней, i ён нiбыта адчуў пад нагамi крутыя прыступкi, якiя вялi ў вузкiя цяснiны вулачак, упоперак якiх была развешана бялiзна, ён прыкладаў да носа насоўку, каб перабiць пах сабак, дзяцей, пратухлага мяса i чалавечых экскрэментаў. Яму хацелася ведаць, цi памятаюць там доктара Цынера. Ён быў знаёмы там з кожным жыхаром, знаёмы так блiзка, што яны маглi б палiчыць такую дасведчанасць у iх жыццi небяспечнай, калi б поўнасцю не давяралi яму, калi б па паходжаннi ён не належаў да iх. I таму яго там абкрадалi, давяралi яму свае тайны, гасцiнна сустракалi, сварылiся з iм i любiлi яго. Пяць гадоў – доўгi тэрмiн. Яго маглi ўжо i забыць.
Тут мiс Уорэн перавяла дух.
– Аднак блiжэй да справы. Я хачу ўзяць у вас iнтэрв'ю выключна для сваёй газеты. "Як я ўцёк?" Цi: "Чаму я вяртаюся на радзiму?"
– Iнтэрв'ю?
Ён паўтараў яе словы, i гэта дзейнiчала на нервы, у яе галава расколвалася ад болю, адчувала яна сябе пагана. Яна часта карысталася гэтым словам, каб выказаць сваю нянавiсць да мужчын, да ўсiх iх выкрутасаў i хiтрыкаў, да таго, як яны нахабна растоптваюць прыгажосць, а потым, крадком, уцякаюць прэч, – яны абуджалi ў ёй толькi агiду. Яны заўсёды выхваляюцца жанчынамi, якiя далi iм асалоду. Нават гэты пажылы мужчына з пабляклым тварам, што сядзiць перад ёй, у свой час бачыў прыгажосць голага жаночага цела, яго рукi, якiя зараз абхапiлi каленi, гладзiлi, дамагалiся, атрымлiвалi асалоду. А ў Вене яна страцiць Джанет Пардаў, якая трапiць у свет, дзе пануюць мужчыны. Яны будуць гаварыць ёй лiслiвыя словы, дарыць квяцiстыя танныя падарункi, нiбыта яна нейкая дзiкунка, якую можна спакусiць люстэркам i шклянымi пацеркамi з "Вулворта"*. Аднак больш за ўсё яе бянтэжыла тое, што сама Джанет будзе атрымлiваць асалоду – да ўцех мужчын ёй не было нiякай справы. Не кахаючы яе зусiм – не пакахаўшы яе нават на гадзiну, на дзень, на год, – мужчыны будуць прымушаць яе млець ад асалоды, рыдаць ад здавальнення плоцкiх жаданняў. А вось яна, Мейбл Уорэн, якая ўратавала яе ад мiзэрнага лёсу гувернанткi, кармiла яе, адзявала, гатовая кахаць яе з нязменнай страсцю бясконца, да скону жыцця, магла толькi пацалункамi выказаць сваю любоў, ёй заўсёды наканавана ўсведамляць, што яна не здатная прынесцi ёй поўную асалоду i сама не адчувае нiчога, апроч незадаволеных жаданняў. I вось зараз, калi ў яе трашчыць ад болю галава, калi ад яе нясе п'яным смуродам, калi яна разумее, як агiдна выглядае яе счырванелы твар, Мейбл Уорэн моцна ненавiдзела гэтых "паганых" мужчын, iх настырнасць i штучную прывабнасць.
* Унiверсальная крама ў Лондане, дзе гандлююць таннымi таварамi.
– Вы доктар Цынер.
Ушчэнт раззлаваная мiс Уорэн заўважыла, што ён нават i не iмкнецца схаваць, хто ён на самой справе, а проста нахабна паведамляе ёй прозвiшча, пад якiм падарожнiчае.
– Маё прозвiшча – Джон.
– Доктар Цынер, – гыркнула яна, прыкусiўшы зубамi нiжнюю губу, каб не страцiць самавалодання.
– Рычард Джон, настаўнiк, еду адпачываць.
– У Белград?
– Не. – Ён хвiлiнку павагаўся. – У Вену.
Яна яму не паверыла, але з усяе сiлы прымусiла сябе быць ветлiвай.
– I я еду да Вены. Калi хочаце, я пакажу вам некаторыя выдатнасцi горада? – У дзвярах з'явiўся мужчына, i яна паднялася. – Выбачайце, калi ласка. Гэта ваша месца. – Яна ўсмiхнулася, гледзячы ў канец купэ, ледзь устаяла на нагах, калi цягнiк прагрукацеў на стыку рэек, не стрымаўшы адрыжкi, якая iмгненна запоўнiла ўсё купэ смуродам джыну i таннай пудры, што пасыпалася з яе твару. – Мы яшчэ сустрэнемся да Вены, – паабяцала яна i, зрабiўшы некалькi крокаў па калiдоры, прыхiлiлася гарачым тварам да сцюдзёнага, бруднага акна, адчуваючы, як яе агортвае агiда да самой сябе за тое, што яна напiлася i выглядае неахайнай. "I ўсё-такi я яго дастану, падумала яна, пачырванеўшы ад сораму за сваю адрыжку, нiбыта паненка на званым абедзе. – Чаго б мне гэта нi каштавала, чэрцi б яго задралi!"
Ласкава-лагоднае святло залiло ўсё купэ. На хвiлiнку здалося, што сонца ўвасабляе штосьцi, поўнае любовi i спагады да людзей. Чалавечыя iстоты плавалi нiбыта рыбы ў залацiстай вадзе, вызваленыя ад зямнога прыцяжэння, празрыстыя i ясныя, яны нiбыта луналi без крылаў у шкляным акварыуме. Пачварныя твары i выродлiвыя фiгуры, можа, i не зрабiлiся прыгожыя, але ператварылiся ў нейкiя дзiвосныя формы пад уплывам гэтых незвычайных абставiн. У гэтай залацiстай плынi яны ўзляталi ўгору i падалi ўнiз, перашэптвалiся i аддавалiся марам. Яны не былi зняволеныя, бо ў гэты раннi час яны не адчувалi сябе ў палоне.
Корал Маскер iзноў прачнулася. Яна адразу ж паднялася i падышла да дзвярэй. Майет стомлена драмаў, вочы ў яго зрэдку расплюшчвалiся ў такт цягнiку. Яе свядомасць заставалася надзвычай ясная, нiбыта гэтае залацiстае святло пранiкала паўсюль, i ёй рабiлiся зразумелыя звычайна схаваныя жаданнi, памкненнi i ўчынкi, на якiя яна, як правiла, не зважала. Цяпер, калi яна назiрала за iм i ён усвядомiў яе прысутнасць, Корал убачыла, як ён памкнуўся рукамi зрабiць нейкi жэст, але спынiўся. Яна зразумела, што ён свядома затрымаў гэты жартаўлiвы жэст, характэрны людзям яго нацыянальнасцi.
– Я свiння. Вы прабылi на калiдоры цэлую ноч, – мякка сказала яна.
Ён вiнавата пацiснуў плячыма, нiбы лiхвяр, якi назначыў надта нiзкую цану за дарагi гадзiннiк цi багатую вазу.
– Той бяды! Я хацеў, каб вы адпачылi спакойна. Мне ўсё адно трэба было дачакацца кандуктара. Можна мне ўвайсцi?
– Калi ласка. Гэта ж ваша купэ.
Ён усмiхнуўся, не ўтрымаўся i шырока развёў рукi, схiлiўшы перад ёю галаву ў лёгкiм паклоне.
– Прашу прабачэння. Яно ваша. – Ён дастаў з рукава насоўку, узмахнуў рукамi: – Увага! Глядзiце! Бiлет першага класа.
Бiлет вылецеў з насоўкi i ўпаў на падлогу памiж iмi.
– Ён – ваш.
– Не, ваш.
Ён весела засмяяўся, убачыўшы яе здзiўлены твар.
– Што вы? Я не магу ўзяць яго. Слухайце, вiдаць, ён каштуе дорага.
– Дзесяць фунтаў, – выхваляючыся, сказаў ён. – Дзесяць фунтаў. – Ён паправiў гальштук i нядбала кiнуў: – Мне гэта дробязь.
Аднак яго самаўпэўненасць i самахвальства насцярожыла яе.
– Чаго гэта вы дамагаецеся? Вы за каго мяне прымаеце? – спытала яна з непрыхаваным глыбокiм падазрэннем. Бiлет ляжаў каля iх ног. Нiшто не прымусiла б яе падняць яго. Яна тупнула нагой – золата патухла i зрабiлася жоўтай плямаю на шкле i падушках. – Я iду на сваё месца.
– Мне няма нiякай справы да вас. Хапае мне свайго клопату. Калi вам бiлет не патрэбны, можаце яго выкiнуць, – з выклiкам сказаў ён.
Корал бачыла, што ён назiрае за ёй. Яго плечы зноў самаўпэўнена ўзнялiся, самаўпэўнена i нядбала. Яна адвярнулася да акна, да ракi i да моста, што праплывалi мiма, да аголенай бярозкi, усыпанай раннiмi пупышкамi, i цiха заплакала. "Вось уся мая ўдзячнасць за спакойную, доўгую ноч салодкага сну, вось як я прымаю падарункi. – I яна з сорамам i смуткам нагадала свае дзявочыя сны пра цудоўных, славутых куртызанак, якiя прымалi падарункi ад прынцаў. – А я лаюся на яго, як стомленая афiцыянтка".
Яна пачула, як Майет паварушыўся ў яе за плячыма, i зразумела, што ён нахiлiўся па бiлет. Яна хацела павярнуцца да яго, падзякаваць яму, сказаць: "Як цудоўна было б ехаць увесь час на гэтых мяккiх падушках, спаць на гэтым месцы, забыцца на тое, што едзеш працаваць, уявiць, што ты багатая. Нiколi i нiхто не быў да мяне такi добры, як вы". Але словы, сказаныя раней, вульгарнасць яе падазрэнняў нiбыта класавы бар'ер паўсталi памiж iмi.
– Дайце мне вашу сумачку, – сказаў ён. Яна, не павярнуўшыся да яго, перадала сумачку i пачула, як яго пальцы адчынiлi замок. – Я кладу яго туды. Калi не хочаце скарыстацца iм, – не трэба. Проста прыходзьце пасядзець тут, калi захочаце. Цi паспiце тут, калi стомiцеся.
"Я ўвесь час стомленая, – думала яна. – Я магла б спаць тут гадзiны".
– Але ж цi змагу я? – сказала яна здушаным голасам, ледзь стрымлiваючы слёзы.
– За мяне не турбуйцеся, – сказаў ён. – Я знайду сабе другое купэ. Ноччу я спаў на калiдоры толькi таму, што вельмi хваляваўся за вас: раптам вам спатрэбiлася б мая дапамога.
Яна зноў заплакала, прыхiлiўшыся лбом да акна, прыплюшчыўшы вочы, так што павекi нiбы фiранкамi адсланiлi яе ад перасцярог абазнаных у жыццi сухецкiх бабуль: "Мужчыне трэба толькi адно. Не бяры падарункаў у незнаёмых мужчын". Ёй заўсёды казалi: "Чым даражэйшы падарунак, тым большая небяспека. Нават шакалад i паездка ў аўтамабiлi пасля тэатра, у цемры, вядуць да пацалункаў у губы цi ў шыю, ды яшчэ, бадай што, сукенку памнуць". Ад дзяўчыны чакаюць платы – на гэтым сыходзяцца ўсе парады: на дармаўшчыну нiчога не робiцца. Пiсьменнiкi наконт Рубi М. Эйрэс* могуць сцвярджаць, што цнота каштуе даражэй за рубiны, аднак на самай справе цана нявiннасцi футра цi якаясь iншая каштоўная рэч. Нельга ж узяць футра ў мужчыны i не пераспаць з iм: не пераспiш – ён будзе незадаволены. Так кажуць усе пажылыя жанчыны. А гэты чалавек заплацiў дзесяць фунтаў.
* Рубi М. Эйрэс (1883-1962) – папулярная ў 20-я гады ангельская пiсьменнiца, аўтар бульварных раманаў.
Ён узяў яе за локаць.
– Што з вамi? Вам блага?
Яна згадала руку, якая ўзбiвала падушкi, шоргат яго крокаў, калi ён выходзiў з купэ. I паўтарыла:
– Але ж цi змагу я? – Аднак на гэты раз яна нiбыта прымушала яго сказаць нешта i абвергнуць увесь яе жыццёвы вопыт, падказаны беднасцю.
– Ведаеце што, давайце мы зараз сядзем, i я вам нешта пакажу, – сказаў ён. – Гэта Рэйн.
Ёй раптам зрабiлася смешна.
– Я ўжо здагадалася.
– Вы заўважылi скалу, амаль на сярэдзiне ракi, – мы яе толькi праехалi? Гэта скала Ларэляй. Гейнэ.
– А што гэта – Гейнэ?
– Адзiн жыд, – задаволена ўдакладнiў ён.
Яна пачала забываць пра рашэнне, якое мусiла была прыняць, i з цiкавасцю сачыла за iм, iмкнучыся знайсцi што-небудзь новае ў рысах яго твару, да якога ўжо прывыкла: маленькiя вочкi, вялiкi нос, чорныя напамаджаныя валасы. Часта сустракала яна такiх мужчын, то ў першых радах правiнцыйнага тэатра – ён мог быць афiцыянтам у смокiнгу, то за пiсьмовым сталом у канторы агента па найме, то за кулiсамi пад час рэпетыцыi, то каля службовага ўвахода пасля прадстаўлення; у тэатральным свеце паўсюль гучаў яго то мяккi i лiслiвы, то ўладарны голас. Звычайна такiя мужчыны былi жмiнды i скнары, хоць часам i ў iх здаралiся прыступы высакародства i шчодрасцi, але давяраць iм нельга нiколi. Зычлiвая ўхвала на рэпетыцыi нiчога не значыла: пасля гэтага, седзячы ў сваiм кабiнеце i пацягваючы вiскi, такi чалавек мог сказаць: "Тое дзяўчо з першага рада нiчога не вартае". Яго нельга было ўзлаваць, ён нiколi нiкога не абразiць, нiколi не скажа слоўца больш зняважлiвага, чым "дзяўчо", а паведамленне пра звальненне прыходзiла ў выглядзе надрукаванай на машынцы паперкi, кiнутай у тваю паштовую скрынку.
Магчыма, што ўсе гэтыя рысы характару не перашкаджалi ёй ставiцца да жыдоў добра, бо яны ва ўсiх абставiнах захоўвалi дзiўную абыякавасць, а магчыма, таму, што яна лiчыла, што кожная дзяўчына павiнна быць далiкатная. Корал сказала ветлiва:
– Жыды надта артыстычныя, праўда? Ведаеце, амаль увесь аркестр ансамбля "Ата Гёрл" быў з жыдоў.
– Так, – адказаў ён з незразумелай ёй горыччу.
– А вы любiце музыку?
– Я iграю на скрыпцы, праўда, не надта добра.
Ёй здалося, што ў даўно знаёмых вачах з'явiлася нейкае не зусiм зразумелае ажыўленне.
– Мне заўсёды хацелася заплакаць, калi спявалi "Санi Бой", – сказала яна. Яна ведала, што нiколi не можа знайсцi патрэбных слоў, адпаведных яе пачуццям, – яна не магла выказаць словамi, што адчувае, i таму часта гаворыць недарэчы. Вось i тут яна заўважыла, як незразумелае ажыўленне знiкла з яго вачэй.
– Паглядзiце, ракi ўжо няма. Мы праехалi Рэйн, – нечакана сказаў ён. Ужо час снедаць.
Ёй зрабiлася крыху няёмка прызнацца, што яна не пойдзе з iм снедаць, але не стала тлумачыць, а сказала шчыра:
– Мне трэба схадзiць па сакваяж. У мяне там бутэрброды.
Ён пiльна паглядзеў на яе:
– Няўжо вы назапасiлi на тры днi?
– О не. Толькi на ўчарашнюю вячэру i сённяшняе снеданне. На гэтым я зэканомiла каля васьмi шылiнгаў.
– Ну, вы проста скупая, як шатландцы. Паслухайце. Вы пойдзеце снедаць са мной.
– А што яшчэ, па-вашаму, я павiнна рабiць з вамi?
Ён усмiхнуўся.
– Зараз скажу: абедаць, пiць гарбату i вячэраць. А заўтра...
Уздыхнуўшы, яна яго перабiла:
– Па-мойму, вы крыху з'ехалi з глузду. Дарэчы, вы нiадкуль не ўцяклi?
Твар у яго спахмурнеў, цiхiм голасам ён спытаў:
– Вам непрыемна са мной? Вам са мной нудна?
– Не. Зусiм не нудна. Але ж чаму вы гэта ўсё робiце для мяне? Я зусiм не прыгажуня i, па-мойму, асаблiвым розумам не вылучаюся.
Яна горача чакала, каб ён запярэчыў: "Не, вы цудоўная, прыгожая i разумная", – тых неверагодных слоў, якiя б вызвалiлi яе ад патрэбы плацiць яму цi адмовiцца ад яго падарункаў: прыгажосць i розум цэняцца вышэй, чым любы прапанаваны падарунак, а калi дзяўчыну кахаюць, дык нават шматвопытныя бабулi пагодзяцца, што яна мае права браць i нiчога не даваць узамен. Але ён ёй не запярэчыў. Яго тлумачэнне было амаль зняважлiва простае.
– Мне так лёгка гаварыць з вамi. У мяне такое адчуванне, нiбыта я вас даўно ведаю.
– Так, мне здаецца, што i я вас даўно ведаю, – суха сказала яна, адчуўшы звыклую горыч расчаравання. Яна ўзгадала бясконцую лесвiцу, дзверы ў кантору агента i маладога зычлiвага жыда, якi цярплiва i ветлiва тлумачыў, што ён не можа нiчога прапанаваць ёй, абсалютна нiчога.
"Пэўна ж, мы разумеем адно аднаго, – думала яна, – добра ўсведамляем гэта, таму i не знаходзiм патрэбных слоў". Дрэвы i будынкi з'яўлялiся i знiкалi на фоне бледна-блакiтнага, воблачнага неба, бук змяняўся елкай, елка – вязам, а вяз – каменем. Свет, нiбыта расплаўлены на гарачай плiце, тапырыўся i прымаў розныя формы, то падобныя на язык полымя, то на лiсток канюшыны. Iх думкi заставалiся тыя самыя, гаварыць не было пра што, бо яны ўсё ведалi адно аб адным.
– На самой справе, вам жа асаблiва i не хочацца, каб я снедала з вамi, – сказала яна, iмкнучыся захаваць разважлiвасць i абачлiвасць i неяк парушыць няёмкае маўчанне. Аднак ён не пагадзiўся з ёю.
– Не, я сапраўды хачу, – адказаў ён з некаторай няпэўнасцю, i яна зразумела, што ёй трэба быць цвёрдай: падняцца, пакiнуць яго, вярнуцца ў свой вагон – ён лiшне пярэчыць не будзе. Але ў сакваяжы ў яе былi толькi чэрствыя бутэрброды i крышку ўчарашняга малака ў бутэльцы з-пад вiна, а з калiдора пахла гарачай кавай i свежым белым хлебам.
Мэйбл Уорэн налiла сабе кавы, моцнай, без малака i цукру.
– Гэта найлепшы матэрыял, якi я калi-небудзь здабывала. Я была сведка, як пяць гадоў таму ён выходзiў з судовай залы, а тым часам Хартэп сачыў за iм з ордэрам на яго арышт у кiшэнi. Кэмбел з газеты "Ньюс" адразу ж кiнуўся за iм, аднак на вулiцы згубiў яго. Дадому ён болей не прыходзiў, i з таго часу пра яго болей нiчога не чулi. Усе лiчылi, што яго забiлi, аднак я нiколi не магла зразумець аднаго: калi яго хацелi забiць, дык навошта было выпiсваць ордэр на арышт.
– Уявi сабе, – без усякай цiкавасцi сказала Джанет Пардаў, – што ён адмовiцца гаварыць з табой.
Мiс Уорэн разламала булачку.
– У мяне яшчэ нiколi не было няўдач.
– Ты сама прыдумаеш што-небудзь за яго?
– Не той выпадак. Гэта падыдзе Сейвары, а не яму. Я прымушу яго даць мне iнтэрв'ю, – сказала яна злосна. – Любым спосабам. Пакуль мы едзем да Вены. У мяне ёсць амаль дванаццаць гадзiн. – I дадала ў роздуме: – Кажа, што ён школьны настаўнiк. Хто ведае? Выдатная будзе карэспандэнцыя. А куды ён едзе? Сказаў, што выходзiць у Вене. Калi праўда, то я выйду разам з iм. Калi спатрэбiцца, паеду з iм у Канстанцiнопаль. Але ў гэта я не веру. Ён едзе дамоў.
– У турму?
– На суд. Хутчэй за ўсё ён давярае тым людзям. Яго заўсёды любiлi ў трушчобах. Але ён дурань, калi лiчыць, што яго там памятаюць. Пяць гадоў! Так доўга нiхто не памятае.
– Дарагая, як сумна ты на ўсё глядзiш.
Мейбл Уорэн з цяжкасцю прыходзiла ў сябе i вяртала цвярозы погляд на рэчы: кава плёскалася ў яе кубку, столiк крыху пагойдваўся, насупраць сядзела Джанет Пардаў. У такiх выпадках Джанет Пардаў звычайна незадаволена капылiла губкi, насуплiвалася, спрачалася i злавалася, але цяпер яна ўпотай паглядала на жыда, якi сядзеў за столiкам з дзяўчынай, на думку Ўорэн, праставатай, але вясёлай i прываблiвай. "А што да жыда, дык адзiная яго добрая якасць – маладосць i грошы, аднак гэтага хапае, каб прыцягнуць увагу Джанет", – з горыччу падумала Мейбл Уорэн, разумеючы, што гэта праўда.
– Ты ж ведаеш, што гэта – праўда, – сказала яна, усведамляючы, што гнеў яе марны. Шырокай, агрубелай рукой яна разламала яшчэ адну булачку. Яе хваляванне ўзмацнялася па меры таго, як яна ўсведамляла ўсю жахлiвасць сваiх здагадак. – Ты пра мяне забудзеш праз тыдзень.
– Ну, вядома ж, не, дарагая. Паслухай, я табе ўсiм абавязана.
Словы гэтыя не супакоiлi Мейбл Уорэн. "Калi кахаеш па-сапраўднаму, думала яна, – не думаеш, чым ты абавязана". Свет, як лiчыла яна, падзяляецца на тых, хто жыве розумам, i тых, хто жыве пачуццямi. Першыя бяруць у разлiк купленыя iм сукенкi, аплачаныя рахункi, але сукенкi з часам выходзяць з моды, а вецер падхоплiвае рахункi са стала i зносiць iх прэч, i ў любым выпадку доўг будзе аплачаны пацалункам цi iншай якой ласкай. Аднак тыя, хто жыве розумам, пра ўсё забываюць, а тыя, хто жыве пачуццямi, помняць усё, яны не бяруць i не пазычаюць, яны плацяць нянавiсцю цi любоўю. "Я адна з iх, думала мiс Уорэн, вочы яе напоўнiлiся слязьмi, а булачка засела ў горле. – Я адна з тых, хто кахае i помнiць заўсёды, хто захоўвае вернасць мiнуламу i носiць жалобныя гарнiтуры i жалобныя павязкi на рукаве. Я нiчога не забываю". Яе погляд слiзгануў па дзяўчыне, што сядзела побач з тым мужчынам, – так стомлены матацыклiст з неадольным жаданнем пазiрае на просценькi гатэль з пунсовымi фiранкамi на вокнах i марыць пра таннае пiва, а потым iзноў едзе далей да шыкоўнага гатэля з музыкай i пальмамi. "Я загавару з ёю, яна зграбная, – падумала яна. – Зрэшты, нельга ж усё жыццё пражыць з грудным, падобным на музыку голасам, з статнай, як пальма, фiгурай. Вернасць зусiм не тое самае, што ўспамiны: можна забыць i заставацца верным, а можна памятаць i парушыць вернасць".
"Я кахаю Джанет Пардаў, я заўсёды буду кахаць Джанет Пардаў", спрачалася яна сама з сабою. Джанет адкрыла ёй, што такое каханне, у самы першы вечар iх сустрэчы ў кiнатэатры на Кайзер-Вiльгельм-штрасе, i ўсё-такi, усё-такi... Абедзве яны тады адчулi агiду да акцёра, якi выконваў галоўную ролю. Здарылася так, што Мейбл Уорэн гучным голасам па-ангельску выказала свае пачуццi ў напружанай цiшынi цёмнай залы: "Мне агiдныя такiя распусныя мужчыны!" – i пачула словы згоды, вымаўленыя нiзкiм, музычным голасам. Аднак нават тады Джанет Пардаў пажадала даглядзець фiльм да канца, да апошнiх абдымкаў, да фiнальнай завуалiяванай распусты. Мейбл Уорэн угаворвала яе пайсцi i дзе-небудзь выпiць, але Джанет Пардаў сказала, што хоча даглядзець кiнахронiку, i яны абедзве засталiся. Здаецца, у самы першы вечар выявiўся характар Джанет – потым з гэтым яе характарам давялося сутыкацца заўсёды: непазбежна даводзiлася пагаджацца з ёю ва ўсiм. Так было да ўчарашняга вечара, калi яна вырашыла вызвалiцца ад Мейбл Уорэн.