355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Грэм Грин » Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке) » Текст книги (страница 7)
Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:20

Текст книги "Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)"


Автор книги: Грэм Грин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 14 страниц)

* Эдмунд Бэрк (1729-1797) – ангельскi дзяржаўны дзеяч i пiсьменнiк. Выказванне, на якое спасылаецца мiс Уорэн, на самай справе належыць другому ангельскаму пiсьменнiку Олiверу Голдсмiту (1728-1774).

Мiс Уорэн з трэскам бразнула трубкаю. Доктар Цынер так i не з'явiўся. Яна раззлавалася, але не без злараднасцi. Ён думаў пакiнуць яе на вакзале ў Вене. Яна развесялiлася, уяўляючы сабе, як ён будзе расчараваны, калi ўбачыць яе ў дзвярах свайго купэ. "Мяне проста так не страсеш, як пыл з ног, – шаптала яна пра сябе. – Гэта з ёй не пройдзе проста так".

Кантралёр спынiў яе каля бар'ера:

– Fаhrkаrtе, bitte*.

* Бiлет, калi ласка (ням.).

Ён не глядзеў на яе, быў заняты – збiраў бiлеты ў пасажыраў, якiя толькi што прыехалi прыгарадным цягнiком: у жанчын з дзецьмi на руках, у мужчыны з жывой курыцай пад пахай. Мiс Уорэн зрабiла спробу прайсцi.

– Журналiсцкае пасведчанне.

Кантралёр павярнуўся i падазрона агледзеў яе.

– Дзе яно?

– Я пакiнула яго ў сумцы ў вагоне.

Ён забраў апошнi бiлет, склаў усе кардонкi ў акуратны стосiк i дбайна перацягнуў яго гумкаю.

– Дама сказала мне, калi выходзiла з платформы, што ў яе пасведчанне, нагадаў ён ветлiва, але непахiсна. – Яна памахала перада мной кусочкам кардону i панеслася далей, перш чым я паспеў яго разгледзець. Цяпер я хацеў бы паглядзець на гэты кусочак кардону.

– Чорт пабяры! – усклiкнула мiс Уорэн. – Значыцца, сумачку ў мяне ўкралi.

– Але ж дама толькi што сказала, што яе сумачка ў вагоне.

Мiс Уорэн iзноў вылаялася. Яна зразумела – выгляд у яе зараз не на яе карысць: без капялюшыка, валасы ўскудлачаныя, з рота тхне алкаголем.

– Што ж мне рабiць? Мне трэба сесцi ў гэты цягнiк. Пашлiце каго-небудзь са мной, i я аддам яму грошы.

Кантралёр адмоўна пакруцiў галавой:

– Сам я не магу адысцi ад бар'ера, паслаць каго-небудзь з насiльшчыкаў, якiя зараз у зале, на платформу, каб атрымаць грошы за бiлет, я не маю права. А чаму б даме самой не купiць бiлет, а потым запатрабаваць ад чыгункi кампенсацыi?

– А таму, – раз'юшана адказала мiс Уорэн, – што ў дамы няма пры сабе грошай.

– У такiм разе, – спакойна адказаў кантралёр, зiрнуўшы на гадзiннiк, даме давядзецца ехаць наступным цягнiком. Усходнi экспрэс зараз адыходзiць. А што да сумачкi – вам не трэба турбавацца. Можна тэлефанаваць на наступную станцыю.

У бiлетнай зале нехта насвiстваў знаёмы матыў. Мiс Уорэн слухала некалi гэтую мелодыю разам з Джанет – гэта была музыка на словы эратычнай песенькi. Яны слухалi яе, трымаючыся ў цемры за рукi: кiнакамера няўдала зняла дэкарацыю доўгай вулiцы – гэтую песеньку спявалi на ёй мужчына, якi высунуўся з акна, жанчына, якая прадавала гароднiну з каляскi, хлопец, якi абдымаў дзяўчыну ля сцяны. Яна ўскалмацiла рукой валасы. Раптам у яе ўспамiны i клопаты, у кампанiю Джанет i К.С.Сейвары, Корал i Рычарда Цынера, на iмгненне ўлезла румяная фiзiяномiя нейкага маладога чалавека з добрымi прамянiстымi вачыма ў акулярах у рагавой аправе.

– Мне здаецца, мэм, у вас нейкiя непрыемнасцi з гэтым чалавекам. Я быў бы рады, калi б змог вам дапамагчы.

Раз'юшаная мiс Уорэн павярнулася да юнака.

– Яшчэ адзiн на маю галаву, – сказала яна i рушыла да тэлефоннай будкi.

Амерыканец дапамог ёй пазбавiцца ад кранальных, сентыментальных успамiнаў, засталiся толькi злосць i прага помсты. "Ён лiчыць, што яму цяпер нiчога не пагражае, ён ад мяне адчапiўся, i я нiчога не магу з iм зрабiць, калi ён пацярпеў няўдачу", – думала яна. Але да таго часу, калi ў будцы зазванiў тэлефон, яна зноў супакоiлася. Няхай Джанет флiртуе з Сейвары, а Корал з сваiм жыдам – Мейбл Уорэн пакуль што не да iх. Калi трэба выбiраць памiж каханнем да жанчыны i нянавiсцю да мужчыны, для яе iснавала толькi адно: з яе кахання можна пакпiць, але нiхто яшчэ нiколi не здзекаваўся з яе нянавiсцi.

2

Корал Маскер збянтэжана разглядвала меню.

– Выберыце за мяне, – папрасiла яна i ўзрадавалася, калi ён заказаў вiно. "Яно аблегчыць мне сённяшнюю ноч", – падумала яна. – Мне падабаецца ваш пярсцёнак.

Агнi Вены пранеслiся мiма ў акне, знiкаючы ў цемрадзi ночы, афiцыянт перагнуўся цераз столiк i апусцiў штору.

– Яно каштавала мне пяцьдзесят фунтаў, – сказаў Майет. Ён вярнуўся ў родную стыхiю i пачуваў сябе ў ёй як дома, яго болей не бянтэжыла недарэчнасць паводзiн людзей. Карта вiн у яго руцэ, складзеная сурвэтка на талерцы, мяккiя крокi афiцыянтаў, якiя сноўдалi мiма яго крэсла, – усё гэтае надавала яму ўпэўненасцi. Усмiхнуўшыся, ён паварушыў рукой, i гранi каменя зазiхацелi на столi i на келiхах. – А сапраўдная цана яго ўдвая большая.

– Раскажыце мне пра яе, – сказаў мiстэр К.С.Сейвары. – Дзiўная асоба. Выпiвае?

– Яна так да мяне прывязалася.

– Нiчога дзiўнага. – Нахiлiўшыся наперад i разломваючы хлеб, ён асцярожна спытаў: – Не магу нiяк зразумець, чым такiя жанчыны займаюцца?

– Не, не буду болей пiць гэтага пiва. Мой страўнiк яго не прымае. Спытай, цi няма ў iх "Гiнеса". З асалодай выпiла б зараз шклянку "Гiнеса".

– Вядома, у вас у Германii адраджаецца вялiкi спорт, – казаў мiстэр Оўпi. – Выхоўваецца цудоўны тып маладых мужчын. Аднак гэта нельга параўнаць з крыкетам. Вазьмiце, да прыкладу, Хобса i Сатклiфа...

Цалуюцца. Яны ўвесь час цалуюцца.

Але ж я не ведаю iх тарабарскай мовы, Эймi.

– Кожны раз вы нагадваеце, колькi кожная рэч каштуе. Вам вядома, пэўна, колькi каштую я? – Ад разгубленасцi i страху яна зрабiлася з'едлiвая. Вядома ўжо дакладна. Дзесяць фунтаў за бiлет.

– Я ж усё ўжо растлумачыў наконт бiлета.

– А калi б на маiм месцы была вунь тая дзяўчына?

Майет павярнуўся i паглядзеў на элегантную, стройную маладую жанчыну ў футры, яе мяккi прамянiсты погляд на хвiлiнку затрымаўся на iм, ацанiў i адхiлiў яго.

– Вы лепей, – вымавiў ён яўна няшчырым тонам, iзноў iмкнучыся злавiць погляд той маладой жанчыны i прачытаць свой прыгавор. "Гэта праўда, пераконваў ён сябе, – бо калi Корал у гуморы, яна вельмi цудоўная, а незнаёмай дзяўчыне цяжка нават i даць такое вызначэнне. З ёй я б i слова не сказаў, – думаў ён. – Не змог бы размаўляць гэтаксама лёгка, як з Корал, не ведаў бы, куды рукi падзець, увесь час памятаў бы пра сваю нацыянальнасць". У парыве ўдзячнасцi ён павярнуўся да Корал: – Вы такая да мяне добрая. – Ён нахiлiўся над талеркай з супам, булачкамi, графiнчыкам з воцатам. – Вы i далей будзеце такая добрая да мяне?

– Асаблiва сёння ўначы.

– Чаму толькi сёння? Калi прыедзем у Канстанцiнопаль, чаму б вам, чаму б нам... – ён завагаўся. Нешта ў ёй бянтэжыла яго: заставалася заўсёды нейкая нязведаная выспа ў акiяне iх сяброўскiх адносiн.

– Жыць разам з вамi там?

– А чаму не?

Розум яе супрацiўляўся яго прапанове, але яна так здзiвiла яе, што ёй давялося засяродзiць усю сваю ўвагу на навакольным свеце: цягнiк, якi крыху гойдаўся, мужчыны, жанчыны – яны, здаецца, ядуць i пьюць, седзячы памiж апушчанымi шторамi, – абрыўкi чужых размоў.

– Так, вось i ўсё. Цалавалiся. Толькi цалавалiся.

– Хобс i Зудглiф?

Усе довады былi на карысць яго прапановы. Замест таго каб прамерзлай вяртацца на свiтанку ў бруднае жыллё мясцовай гаспадынi – тая нават не зможа зразумець яе просьбу даць ёй грэлку цi кубак гарбаты i пачне прапаноўваць нейкi невядомы заменнiк аспiрыну, каб не балела галава, якая расколваецца ад стомы, – замест усяго гэтага вяртацца ў раскошную кватэру, дзе блiскучыя краны i заўсёды ёсць гарачая вада, дзе мяккi ложак, пакрыты квяцiстым шаўковым пакрывалам – за ўсе гэтыя выгоды варта перацярпець любы зубны боль, любыя непрыемнасцi. "Аднак пра такое жыццё можна толькi марыць, – думала яна, – i сёння ўначы, калi ён даведаецца, якая я халодная, напалоханая i нязвыклая да ўсяго такога, ён мяне болей не захоча".

– Пачакайце яшчэ крышку. Можа, я вам болей не спатрэблюся.

– Не, вы мне заўсёды патрэбны.

– Пачакайце да снедання. Спытайце ў мяне за снеданнем. Цi наогул не пытайцеся болей нiколi.

– Не, не крыкет, не крыкет, – сказаў Ёзеф Грунлiх, выцiраючы вусы. – Мы ў Германii вучымся бегаць.

Незвычайнасць такой заявы выклiкала ў мiстэра Оўпi ўсмешку.

– А самi вы калi-небудзь бегалi?

– У маладосцi я быў выдатны бягун. Нiхто не бегаў лепей за мяне. Нiхто не мог мяне злавiць.

– "Д'ябал".

– Не трэба лаяцца, Джым.

– Гэта зусiм не лаянка. Гэта такая марка пiва. У iм меней газаў. А тое, што ты раней пiла, называецца "Дункель".

– Мне вельмi прыемна, што вам спадабалася.

– Гэтая маленькая служанка. Не магу ўспомнiць яе iмя, але яна проста цудоўная.

– Прыходзьце яшчэ. Пагаворым трохi пасля абеду.

– А вы не будзеце займацца глупствам, мiстэр Сейвары?

– Я абавязкова ў вас спытаюся.

– Не кiдайцеся пустымi абяцанкамi. Не трэба. Пагаворым пра што-небудзь iншае. Раскажыце, чым вы будзеце займацца ў Канстанцiнопалi?

– Толькi справамi. Складанымi. Калi наступны раз будзеце есцi "пярэстага сабаку", успомнiце пра мяне. Разынкi. Я – разынка, – дадаў ён з пацешнай гордасцю.

– Значыцца, я буду называць вас "пярэстым сабакам". Не магу ж я называць вас Карлтанам. Гучыць нiбы мянушка.

– Ведаеце што, пачастуйцеся ягадкай. Я заўсёды нашу з сабой крыху разынак. Вазьмiце адну. Смачная, праўда?

– Сакавiтая.

– Гэта нашай фiрмы – "Майет, Майет i Пейдж". А цяпер вазьмiце адгэтуль. Што вы пра яе скажаце?

– Паглядзi вунь туды, у першы клас, Эймi. Бачыш яе? Грэбуе нашай кампанiяй. Надта ўжо задзiрае нос угору.

– Тая, што з жыдам? Усё зразумела.

– Вядома, я стаўлюся з вялiкай павагай да рымска-каталiцкай царквы, гаварыў мiстэр Оўпi. – Я не фанатык. Як прыклад добрай арганiзацыi...

– Вось што?

– Я нiчога не магу зразумець.

– Сакавiтая.

– Не, не, гэта зусiм не сакавiтая.

– Я нешта не тое сказала?

– Гэта разынка фiрмы Стэйна. Танная разынка нiзкай якасцi. З вiнаграднiку, якi расце на ценявым баку ўзгоркаў. Таму такая сухая. Паспытайце яшчэ вось гэтую. Хiба вы не адчуваеце рознiцы?

– Сапраўды, яна зусiм сухая. Але ж тая была сакавiтая. Яны ў вас, пэўна, пераблыталiся.

– Не можа такога быць. Я асабiста выбiраў узорныя экземпляры. Дзiўна. Надта дзiўна.

Раптам у рэстаране запанавала поўная цiшыня – у такiх выпадках кажуць звычайна: анёл праляцеў. Але ў гэтай раптоўнай цiшынi было чутна, як пазвоньваюць шклянкi на столiках, глуха пагрукваюць па жалезных рэйках колы, злёгку дрыжаць вагонныя вокны, за якiмi ў цемры, нiбыта галоўкi запалак, мiгацяць iскры. Доктар Цынер не паспеў да апошняй змены, ён увайшоў у вагон-рэстаран якраз у той момант, калi там панавала цiшыня, каленi ў яго былi злёгку сагнутыя, як у марака, якi сiлiцца цвёрда ўстаяць на нагах пад час шторму. Паперадзе iшоў афiцыянт, але доктар не ўсведамляў, што той вядзе яго да свабоднага столiка. У яго галаве гарэлi словы, якiя ператварылiся ў фразу: "Вы кажаце, што я здрадзiў радзiме, але я не пазнаю сваёй радзiмы. Прыступкi, што вядуць у цемрадзi ўнiз, гной каля глухой сцяны, змарнелыя твары. Гэта ж не толькi славяне так пакутуюць, гэта – гаротнiкi ўсяго свету", – думаў ён. Словы яго былi звернуты да ваеннага трыбуналу, якi засядаў пад арламi i перакрыжаванымi шпагамi. "Гэта вы перажылi свой час з вашымi кулямётамi, з вашымi ўдушлiвымi, слёзацечнымi газамi i з вашай балбатнёй пра айчыну". Рухаючыся па праходзе ад столiка да столiка, ён машынальна папраўляў туга завязаны гальштук, кратаў старамодную заколку. "Я належу да нашага часу". Але ў яго ўзнёслыя мары на iмгненне ўварвалiся ўспамiны пра доўгiя рады зласлiвых твараў падлеткаў, пра кпiны за спiнай, пра мянушкi, пра карыкатуры, пра запiскi ў падручнiках па граматыцы, якiя перадавалiся пад партамi, пра шэпты, якiя чулiся паўсюль – парушальнiка нельга было знайсцi i пакараць.

Ён сеў за столiк i няўцямным поглядам утаропiўся ў меню.

"Так, я б не адмовiўся апынуцца на месцы гэтага жыда, – думаў мiстэр Пiтэрс, пакуль анёл цiшынi лунаў наўкол. – Яму дасталася неблагая спаднiчка. Неблагая! Але i не скажаш, што дужа прыгожая. Ну, нельга сказаць, што прыгожая, але зграбная, дый усё, як кажуць, на месцы, – разважаў ён сам сабе, азiраючы доўгую, вуглаватую постаць жонкi, нагадваючы яе бурклiвы страўнiк. – А гэта самае галоўнае".

Дзiўна. Ён выбiраў узоры асаблiва старанна. Можна дапусцiць, вядома, што нават разынкi Стэйна могуць быць не ўсе нiзкай якасцi, але ў гэтым шмат што выклiкае падазронасць. Дапусцiм, напрыклад, што Экман, маючы на ўвазе нейкую карысць сабе, перадаў Стэйну партыю разынак iх фiрмы – гэта на нейкi час павысiць якасць яго тавару, i дзякуючы палепшанай якасцi Экман пераканае фiрму Моўлта вызначыць вышэйшую цану за гэту фiрму. Экман, пэўна, перажывае непрыемныя хвiлiны, гартаючы расклад руху цягнiкоў, глядзiць на гадзiннiк, прыкiдвае, цi праехаў ужо Майет палавiну дарогi. "Заўтра дам тэлеграму i даручу ўсю справу Джойсу, – думаў Майет. – Экману трэба даць адпачынак на месяц, а за гэты час Джойс хай праверыць бухгалтарскiя кнiгi". Ён уявiў сабе, якая пачнецца мiтусня, туды-сюды, нiбыта ў мурашнiку, патрывожаным нагой чалавека: тэлефонны званок ад Экмана да Стэйна цi ад Стэйна да Экмана, таксi, выклiканае ў адным месцы i адпушчанае ў другiм, абед, на гэты раз без вiна, а потым крутая лесвiца ў канторы, а наверсе адданы, недалёкi Джойс правярае бухгалтарскiя кнiгi. I ўвесь гэты час мiсiс Экман будзе сядзець у сваёй мадэрнавай кватэры, на моднай канапе i вязаць дзiцячыя кофтачкi англiканскай мiсii, а вялiзная пашарпаная Бiблiя – першая хлусня Экмана пачне пакрывацца пылам на неперагорнутай старонцы.

К.С.Сейвары нацiснуў на кнопку, якая падымала пры дапамозе спружыны штору, i святло месяца ўпала на яго твар, праслiзнула па рыбным нажы i пасерабрыла сталёвыя чыгуначныя рэйкi цiхага паўстанка. Снег ужо перастаў, сумёты ляжалi ўздоўж адхона i памiж шпаламi, паблiскваючы ў цемры. З некалькiх ярдаў, нiбыта ртуць, зiхацеў Дунай. Мiстэр Сейвары бачыў, як высокiя дрэвы ляцяць назад, тэлеграфныя слупы праносяцца мiма i ловяць святло месяца сваiмi жалезнымi рукамi. Пакуль у вагоне панавала цiшыня, ён пакiнуў убаку думкi пра Джанет Пардаў i пачаў разважаць пра тое, якiмi словамi ён апiсаў бы гэтую ноч. Усё залежыць ад адбору i расстаноўкi слоў. "Мне не трэба апiсваць усё, што бачу, трэба выказаць сваё ўспрыманне, падабраўшы нейкiя характэрныя, яркiя дэталi. Няма патрэбы апiсваць ценi на снезе – iх абрысы i фарбы неакрэсленыя, але я магу выхапiць пунсовы агонь святлафора, якi ззяе на фоне белага покрыва зямлi, полымя ачага ў зале чакання на вясковай станцыi, пацерынкi агнёў на баржы, якая цяжка паўзе супраць цячэння".

Ёзеф Грунлiх пагладжваў нагу ў тым месцы, дзе яе намуляў рэвальвер, i разважаў: "Колькi гадзiн засталося ехаць да гранiцы? Цi паведамяць пагранiчнiкам пра забойства? Але мне нiчога не пагражае. Мой пашпарт надзейны. Нiхто не бачыў, як я ўкраў сумачку. Нiякiх доказаў супраць мяне ў кватэры Кольбера. Можа, трэба было выкiнуць рэвальвер? – падумаў ён, але тут жа пераканаў сябе: – Ён мог бы навесцi на мой след. Цяпер высвятляюць нават па драпiнах на канале ствала любое забойства. З кожным годам злачынства робiцца ўсё больш небяспечнай справай: ходзяць чуткi пра нейкi новы фокус з адпячаткамi пальцаў, нейкiм чынам умудраюцца атрымаць iх, нават калi рука была ў пальчатцы. Але ж мяне яшчэ пакуль што не злавiлi, нягледзячы на ўсю iх навуку".

"Адно, да чаго кiнематограф прывучыў наш зрок, – думаў мiстэр Сейвары, – гэта бачыць прыгажосць пейзажу ў руху, бачыць, як царкоўная званiца бяжыць прэч, узвышаючыся над дрэвамi, як яна апускаецца i ўздымаецца ў такт няроўнай хадзе чалавека, як самотны комiн цягнецца ў неба i хаваецца за лесам такiх самых комiнаў. Адчуванне руху можна перадаць i ў прозе". Мiстэр Сейвары адчуў пiльную патрэбу паспрабаваць зараз жа, яму вельмi карцела ўзяць паперу i аловак, пакуль яго не пакiнула натхненне, i ён пашкадаваў, што запрасiў Джанет Пардаў сустрэцца пасля абеду i пагаварыць. Яму хацелася працаваць, хацелася на некалькi гадзiн вызвалiцца ад суседства любой жанчыны. "Мне яна зусiм непатрэбная, – падумаў ён i рыўком зноў апусцiў шторы, аднак тут жа адчуў прылiў неадольнага жадання ўбачыць яе, Джанет Пардаў. – Яна добра, з густам апранаецца, размаўляе, як свецкая дама, i захапляецца маiмi кнiгамi". Гэтыя тры рэчы скарылi яго, ён усё яшчэ памятаў, што нарадзiўся ў Балхемi, дый прыкметны акцэнт лонданскага кокнi выдаваў месца яго нараджэння. Пасля шасцi год выдатнай пiсьменнiцкай кар'еры, поспех якой можна было прасачыць па тыражах яго кнiг: 2000, 4000, 10 000, 25 000, 100 000, ён усё яшчэ здзiўляўся, калi бачыў побач з сабой добра апранутых жанчын, не аддзеленых ад яго тоўстым шклом рэстараннай вiтрыны цi шырокiм прылаўкам моднай крамы. Пiшаш дзень у дзень па сотнi тысяч слоў, часта з напружаннем, але i з радасцю. Якi-небудзь клерк запiсвае столькi ж у канторскую кнiгу, аднак словы, якiя пiша ён, К.С.Сейвары, колiшнi прыказчык у краме, даюць такi вынiк, якога не можа даць нават самая цяжкая праца тых, хто сядзiць на канторскiм табурэце. Калупаючы вiдэльцам рыбу i крадком паглядаючы на Джанет Пардаў, ён думаў не пра рахункi, ганарары i акцыi, не пра чытачоў, якiх даводзяць да слёз кранаючыя эпiзоды яго раманаў i весялiць яго гумар кокнi, а пра парадныя пад'езды, пра лесвiцы, якiя вядуць у лонданскiя гасцёўнi, пра тое, як гучна аб'яўляюць яго прыход, пра твары жанчын, што паварочваюцца да яго з цiкаўнасцю i пашанай.

"Хутка, праз некалькi гадзiн, ён будзе маiм палюбоўнiкам". Ад гэтай думкi i ад цьмянага страху перад невядомай блiзкасцю гэты смуглы, спагадлiвы мужчына раптам зрабiўся ёй чужы. Калi яна страцiла прытомнасць на калiдоры, ён выказаў спагаду да яе, рукi яго захуталi яе ў цёплае футра, голас яго прапанаваў адпачынак i камфорт. Вострае пачуццё ўдзячнасцi выклiкала слёзы ў яе на вачах, i, калi б не цiшыня, якая панавала ў вагоне, яна вымавiла б: "Я вас кахаю". Але ўтрымалася – гэтымi словамi яна баялася парушыць iх маўчанне, калi знiкне гэтая ўсеагульная цiшыня.

"Там будзе прэса, – думаў Цынер, i перад яго вачыма паўстала журналiсцкая ложа на працэсе над Камнецам: людзi ў ёй нешта шпарка пiсалi, а адзiн накiдваў алоўкам партрэт Камнеца. – Цяпер гэта будзе мой партрэт. Суд будзе апраўданнем доўгiх гадзiн, праведзеных мною на халоднай пляцоўцы для прагулак, дзе я шпацыраваў туды-сюды, разважаючы над тым, цi правiльна я зрабiў, што пакiнуў радзiму. Кожнае маё слова павiнна быць неабвержным, мне трэба ясна ўсведамляць, за што я змагаюся, памятаць, што справа не толькi ў бедняках Белграда, а ў бедняках усёй зямлi". Шмат разоў ён пратэставаў супраць нацыяналiстычных поглядаў ваяўнiчай фракцыi сацыял-дэмакратычнай партыi. Нават iх выдатная песня "Iдзiце, славяне, iдзiце!" была нацыяналiстычная – яе зрабiлi гiмнам, нягледзячы на яго пратэст. Яму было прыемна, што пашпарт у яго ў кiшэнi – ангельскi, схема ў чамадане нямецкая. Ён купiў гэты пашпарт у маленькай канцылярскай краме каля Брытанскага музея, гаспадаром крамы быў паляк. Пашпарт аддалi яму за столiкам у заднiм пакоi, i худы прышчаваты чалавек – прозвiшча яго ён ужо забыўся – папрасiў прабачэння за цану. "Выдаткi надта ўжо вялiкiя, скардзiўся ён i, дапамагаючы клiенту апрануць палiто, спытаў машынальна i без усякай цiкаўнасцi: – Як у вас?" Па ўсiм было вiдно, што ён прыняў яго за злодзея. Потым гаспадару давялося пайсцi ў краму i прадаць нумар французскага парнаграфiчнага часопiса школьнiку, якi зайшоў у краму крадком. "Iдзiце, славяне, iдзiце!" Чалавека, якi стварыў музыку гэтага гiмна, праткнулi штыхом каля сартавальнай залы.

– Тушаная курыца! Смажаная цяляцiна! – iдучы па вагоне, гучна крычалi афiцыянты: яны парушылi хвiлiннае маўчанне. Усе раптам загаманiлi.

– Я лiчу, што венгры вельмi лёгка прызвычаiлiся да крыкета. У мiнулым сезоне ў нас адбылося шэсць матчаў.

– Гэтае пiва зусiм не лепей. Мне проста захацелася шклянку "Гiнеса".

– Я, прынамсi, спадзяюся, што гэтыя разынкi...

– Я кахаю вас.

– Наш прадстаўнiк... Што вы сказалi?

– Сказала, што я вас кахаю.

Анёл цiшынi адляцеў, а экспрэс, запоўнены бадзёрымi галасамi, грукатам колаў, брынканнем талерак, размовамi, бразганнем шклянак, праносiўся мiма доўгiх радоў хвой i зiхатлiвага Дуная. У кабiне машынiста стрэлка манометра паказвала, як павялiчваецца цiск пары, машынiст павярнуў ручку рэгулятара, i хуткасць цягнiка адразу павялiчылася на пяць мiль у гадзiну.

3

Корал Маскер на хвiлiнку затрымалася, стоячы на жалезных лiстах пераходу з вагона-рэстарана ў вагоны другога класа. Трасенне цягнiка дзейнiчала ёй на нервы, яе нудзiла, яна не магла сябе прымусiць пайсцi i забраць сакваяж з купэ, дзе былi мiстэр Пiтэрс з сваёй жонкай Эймi. Забыўшыся на грукат металу, на стук буфераў, яна ў думках падымалася па лесвiцы ў сваю кватэру, захутаная ў футра. На стале ў гасцёўнi – кошык руж з аранжарэi i картка "Ад Карла, з любоўю" – яна вырашыла называць яго так. Нельга ж казаць: "Я кахаю цябе, Карлтан", а вось вымавiць "Я горача люблю, я проста закахалася ў цябе, Карл" – зусiм iншая справа. Яна гучна засмяялася i запляскала ў далонi, раптоўна зразумеўшы, што каханне – справа няпростая i вось з чаго яно складаецца: з пачуцця ўдзячнасцi, падарункаў, звыклых жартаў, кватэры, служанкi, – а яшчэ: няма патрэбы зарабляць сабе на пражытак.

Яна пабегла па калiдоры, стукаючыся то аб адну сцяну, то аб другую i не зважаючы на гэта. "Прыйду ў тэатр, спазнiўшыся на тры днi, i спытаю: "Магу я бачыць мiстэра Сiднея Дана?" Але швейцар – ён, вядома ж, будзе турак толькi буркне нешта скрозь кашэчыя вусы, таму давядзецца самой прабiрацца па калiдорах у грымёрныя, пераступаць цераз раскiданыя паўсюль пажарныя шлангi. Я ўсуну галаву ў агульную грымёрку, скажу: "Воng jоur"* i спытаю: "Дзе Сiд?" Ён, магчыма, будзе рэпецiраваць на авансцэне, тут я i выгляну з-за кулiсаў, ён убачыць мяне i спытае: "Хто вы такая?" – працягваючы адбiваць такт, а "Дзяўчынкi Дана" ўсё скочуць, скочуць, скочуць. "Корал Маскер". – "Чорт пабяры, вы спазнiлiся на тры днi, што гэта такое?" А я скажу: "Я проста завiтала да вас, каб папярэдзiць, што я звальняюся". Аднак ад грукату цягнiка яе словы, вымаўленыя з удаванай храбрасцю, прагучалi як баязлiвае хныканне.

* Добры дзень (ламаная фр.).

– Прабачце, – звярнулася яна да мiстэра Пiтэрса – ён трохi пераеў за абедам i цяпер драмаў у кутку, выцягнуўшы ногi ўпоперак купэ i замiнаючы ёй.

– Прабачце, – паўтарыла яна. Мiстэр Пiтэрс прачнуўся i папрасiў прабачэння.

– Вярнулiся да нас? Правiльна зрабiлi!

– Не, я прыйшла па сакваяж.

Эймi Пiтэрс, скурчыўшыся на сядзеннi, з мятнай таблеткай у роце, ублыталася ў iх размову з нечаканай злосцю:

– Не гавары з ёй, Герберт. Хай забiрае свае транты. Строiць з сябе немаведама каго – бач, мы ёй не кампанiя.

– Я толькi хачу ўзяць свой сакваяж. Чаго вы на мяне накiнулiся? Я i слова не сказала.

– Не хвалюйся з-за дробязей, Эймi, – сказаў мiстэр Пiтэрс. – Гэта не наша справа, як паводзiць сябе гэтая маладая дама. Вазьмi яшчэ адну таблетку. Гэта ўсё яе страўнiк. У яе нястраўнасць, – растлумачыў ён Корал.

– Скажаш: "маладая дама". Распуснiца – вось хто яна такая.

Корал ужо выцягнула сакваяж з-пад сядзення, але тут жа з сiлай апусцiла яго на ногi мiстэра Пiтэрса. Яна ўперла рукi ў бокi i павярнулася да жанчыны, адчуваючы сябе вопытнай, упэўненай у сябе i рашучай: iх сварка нагадала ёй мацi – як тая, узяўшыся ў бокi, усчыняла сварку з суседкай, якая ўпiкала яе за шашнi з кватарантам. У гэты момант Корал ператварылася ў сваю мацi: лёгка, нiбы сукенку, яна скiнула з сябе тое, чаму навучыла яе жыццё штучную вытанчанасць тэатральнага свету i асцярожную манеру размаўляць.

– Паглядзi на сябе: хто ты такая? – Яна ведала сапраўдную цану гэтым людзям: крамнiкi ў адпачынку, едуць у Будапешт з турысцкай групай агенцтва "Кука" – гэта ж крыху далей, чым Остэндэ, дома яны потым будуць выхваляцца, якiя яны заўзятыя падарожнiкi, паказваць усiм яркiя наклейкi танных гатэляў на сваiх чамаданах. Раней i на яе гэта зрабiла б уражанне, але цяпер яна ўжо навучылася не надаваць значэння такiм рэчам, не дазваляць сабе абводзiць вакол пальца, быць пранiклiвай. – З кiм гэта ты так гаворыш? Я не якая там ваша прадаўшчыца. Не з тых, каго вы прымаеце з задняга ходу.

– Ну, даволi ўжо, – сказаў мiстэр Пiтэрс, крануты за жывое яе здагадлiвасцю. – Няма прычыны сварыцца.

– Ах, няма! А вы чулi, як яна мяне абразiла? Пэўна, бачыла, як вы ладзiлiся да мяне.

– Ну, вядома ж, ён табе не пара. Лёгкi заробак, вось чаго ты хочаш. Не думай, не вельмi ты нам патрэбная ў гэтым вагоне. Я ведаю, дзе тваё сапраўднае месца!

– Вымi з рота гэтую штучку, калi гаворыш са мной!

– На Орбакл-авеню. Ловiш мужчын проста з цягнiка на Падынгтонскiм вакзале.

Корал зарагатала. Гэта быў тэатральны рогат яе мацi, ён звычайна запрашаў суседзяў прыйсцi i паглядзець на свару. Ад узбуджэння пальцы Корал сцiснулiся на сцёгнах, яна так доўга паводзiла сябе ўзорна, правiльна вымаўляла словы, не выхвалялася сваiмi паклоннiкамi, не гаварыла: "Вельмi прыемна вас бачыць!" Шмат гадоў няўпэўнена яна кiдалася памiж двума рознымi класамi i нi да таго, нi да другога не прыстала, яна належала толькi таатру. Яна страцiла прыроджаную прастату, але i натуральная вытанчанасць была ёй недаступная. А зараз яна з задавальненнем вярнулася да сваiх вытокаў.

– Не хацела б я быць такiм пудзiлам, нават калi б ты мне заплацiла. Нiчога дзiўнага – з такой храпай у любой жывот забалiць. Зразумела цяпер, чаму твой стары бегае ад цябе да iншых.

– Ну, хопiць ужо, супакойцеся, дамы.

– Аб цябе ён рукi мараць не стане. Брудны жыдок – вось i ўсё, чаго ты вартая.

Корал раптам заплакала, хоць рукi ў яе ўсё яшчэ рвалiся ў бойку, у яе ледзьве хапiла голасу, каб адказаць:

– Не чапай яго.

Аднак словы мiсiс Пiтэрс, нiбыта дымок паветранай рэкламы, што спакваля знiкае ў небе, азмрочылi яе светлыя надзеi.

– Мы добра ведаем: гэта ён – твой палюбоўнiк.

– Дарагая мая, – вымавiў за яе спiнай нечы голас, – не звяртайце на iх увагi.

– А вось яшчэ адзiн твой сябар.

– Хадземце адгэтуль. Ну, i што з таго?

Доктар Цынер узяў Корал пад ручку i пацiху пачаў выводзiць яе з купэ.

– Адны жыды i iншаземцы. Нiякага сораму.

Доктар Цынер забраў яе сакваяж i выставiў яго на калiдор. Калi ён павярнуўся да мiсiс Пiтэрс, на твары яго ўжо не было бездапаможнай разгубленасцi настаўнiка-iншаземца – ён быў поўны адвагi i сарказму, якiя адзначалi журналiсты, калi ён даваў паказаннi супраць Камнеца.

– Ну, i што далей?

Мiсiс Пiтэрс выняла з рота мятную таблетку. Доктар Цынер, сунуўшы рукi ў кiшэнi плашча, пагойдваўся на насках. Было вiдаць, што ён авалодаў становiшчам, але яму не прыходзiла ў галаву, што сказаць, – галава ў яго ўсё яшчэ была поўная гучных фраз, рыторыкi сацыялiстаў. Сутыкнуўшыся з любым насiллем, ён рабiўся рэзкi, але цяпер не знаходзiў патрэбных слоў, хоць яны, гэтыя словы, несумненна, iснавалi ў глыбiнi яго свядомасцi, гэтыя пякучыя словы, з'едлiвыя i едкiя, як дым.

– Ну, i што з таго?

Да мiсiс Пiтэрс пачала вяртацца яе адвага.

– Ты чаго суеш нос не ў сваю справу? Толькi гэтага нам не ставала! Спачатку адна ашалела, а цяпер i гэты лезе. Герберт, скажы сваё слова.

Аднак загаварыў доктар Цынер. Словы яго, вымаўленыя з моцным акцэнтам, гучалi важка i пераканаўча, яны прымусiлi мiсiс Пiтэрс змоўкнуць, хоць i не пераканалi яе.

– Я доктар.

Ён сказаў iм, што дарэмна спадзявацца на тое, што ў iх ёсць сумленне. Ноччу дзяўчына страцiла прытомнасць, як урач ён параiў ёй перайсцi ў спальны вагон. Падазронасць ганьбiць толькi тых, хто яе выказвае. Потым ён выйшаў да Корал Маскер на калiдор. З купэ iх не было вiдно, але адтуль можна было добра чуць голас мiсiс Пiтэрс:

– Можа, яно i так, але хто заплацiў за той спальны вагон? Вось што мне цiкава ведаць.

Доктар Цынер прыцiснуў патылiцу да акна i з нянавiсцю прашаптаў:

– Буржуазiя.

– Дзякуй вам, – сказала Корал Маскер i дадала, убачыўшы выраз прыкрасцi на яго твары: – Вам патрэбна дапамога? Вы захварэлi?

– Не, не, – запярэчыў ён. – Аднак я нiчым не дапамог вам. Я не здатны гаварыць прамовы. – Прыцiснуўшыся спiнай да акна, ён усмiхнуўся ёй. – Вы зрабiлi гэта лепей за мяне. Вы сказалi цудоўна.

– Чаму яны такiя свiннi? – спытала яна.

– Буржуазiя заўсёда такая, – адказаў ён. – У пралетарыяту ёсць свае вартасцi, арыстакрат часта бывае добры, справядлiвы i смелы. Яму плацяць за карысныя справы – ён дырэктар, настаўнiк, доктар цi жыве на ўтрыманнi бацькоў. Можа, i не заслужана, але, атрымлiваючы гэтыя грошы, ён нiкому не прыносiць шкоды. А буржуазiя – яна купляе танна, а прадае дорага. Яна купляе ў рабочага i прадае рабочаму. Ад яе няма нiякай карысцi.

На яе пытанне адказу не было. Не зразумеўшы нiводнага слова з таго, што ён нагаварыў, яна ўтаропiлася ў яго, збянтэжаная патокам яго красамоўства i сiлай яго перакананасцi.

– Я ж iм нiчога благога не зрабiла.

– Ну не, вы нанеслi iм вялiкую шкоду. Як i я. Мы з вамi выйшлi з аднаго i таго ж класа, як i яны. Але мы зарабляем на пражытак сумленна, не робiм нiякай шкоды, а, наадварот, робiм нешта карыснае. Мы служым iм дакорам, а яны гэтага не любяць.

З усiх яго тлумачэнняў яна зразумела толькi адну фразу.

– А хiба вы не арыстакрат?

– Не, але я i не з буржуазii.

Ледзь прыкметнае самахвальства, што прагучала ў яго голасе, было ёй незразумелае. З тых часоў, як яна пайшла з дому, у яе заўсёды было пыхлiвае жаданне, каб яе прымалi за даму. З гэтай мэтай, нiбыта славалюбны афiцэр, якi рыхтуецца да паступлення ў вайсковую акадэмiю, яна праходзiла курс пэўных навук – ён уключаў у сябе вывучэнне штомесячнiка "Жанчына i прыгажосць" i штотыднёвiка "Парады для дома", у iх яна разглядвала фатаграфii маладых зорак i дачок малавядомых лордаў, вывучала, якiя яны носяць уборы i якой пудры аддаюць перавагу.

– Калi вы не можаце дазволiць сабе адпачынак, дык пазбягайце нервовых стрэсаў, – пачаў ён мякка даваць ёй парады. – Не трэба злавацца без дай прычыны...

– Яны абазвалi мяне патаскухай.

Яна бачыла, што слова гэтае нiчога яму не гавораць. Яно нi на iмгненне не парушыла плынi яго думак. Не гледзячы на яе, ён працягваў мякка гаварыць пра яе здароўе. "Думкi яго занятыя нечым iншым", – падумала яна i парывiста нахiлiлася над сакваяжам, збiраючыся пайсцi. Ён затрымаў яе цэлым патокам фраз наконт заспакойлiвых сродкаў, фруктовых сокаў i цёплай вопраткi. Яна iнстынктыўна адчула, што настрой у яго змянiўся. Учора ён хацеў застацца адзiн, а сёння выкарыстоўвае любую зачэпку, каб хоць ненадоўга пабыць з ёй.

– Што вы мелi на ўвазе, калi казалi пра сваю сапраўдную работу? спытала яна.

– Калi я гэта казаў? – рэзка спытаў ён.

– Учора, калi я самлела.

– Я проста задумаўся. У мяне толькi адна работа. – Болей ён нiчога не дадаў, i, крыху счакаўшы, яна ўзяла сакваяж i пайшла.

Усяго яе жыццёвага вопыту не хапiла б, каб зразумець, якую ён адчуў адзiноту, калi яна яго пакiнула. "У мяне толькi адна работа". Гэтае прызнанне напалохала яго – бо так было не заўсёды. У маладыя гады ён не стаяў у баку ад жыцця, не настройваў сябе, што наперадзе ў яго толькi адно поле дзейнасцi. Некалi ў яго жыццi было мноства абавязкаў. Калi б ён з самага дзяцiнства не адчуў, нiбыта жыве ў велiзарным, запыленым, пустым пакоi, дзе шматкi шпалераў i шчылiны ў сценках сведчаць, што дом зруйнаваны, дык маральныя абавязкi яго, нiбыта асобныя свечкi ў агромiстым кандэлябры, занадта грувасткiм, каб можна было асвятлiць iмi ў дастатковай ступенi гэтае неўладкаванае жытло. Некалi ў яго было пачуццё доўгу перад бацькамi, якiя галадалi дзеля таго, каб даць яму адукацыю. Ён памятае той дзень, калi яму ўручылi дыплом, памятае, як яны прыйшлi ў яго аднапакаёвую кватэру i цiха ўселiся ў куточку, пазiраючы на яго з павагай i нават з глыбокай пашанай, але без любовi, – яны ж не маглi любiць яго цяпер, калi ён зрабiўся адукаваным чалавекам: неяк ён пачуў, як бацька, звяртаючыся да яго, назваў яго "сэр". Гэтыя свечы рана дагарэлi, ён проста не заўважыў, як згаслi гэтыя два агеньчыкi сярод мноства iншых. У яго яшчэ было пачуццё абавязку перад пацыентамi, пачуццё абавязку перад беднякамi Белграда i пачуццё абавязку, якое паступова разрасталася, перад людзьмi яго класа ў iншых краiнах свету. Яго бацькi жылi ўпрогаладзь, каб ён мог вывучыцца на ўрача, i, толькi папрацаваўшы некалькi гадоў, ён усвядомiў, што няма нiякай карысцi ад яго ўмення лячыць людзей. Ён нiчога не мог зрабiць свайму народу, ён не мог рэкамендаваць адпачынак тым, хто знясiлеў, цi прапiсаць iнсулiн дыябетыку у iх не было грошай, каб заплацiць цi за тое, цi за другое.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю