Текст книги "Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)"
Автор книги: Даниэль Дефо
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 12 страниц)
Адразу ж за чарнiлам у мяне скончыўся запас хлеба, дакладней не хлеба, а карабельных сухароў. Я эканомiў iх як толькi мог. За апошнiя паўтара года я з'ядаў у дзень не болей аднаго сухара. I ўсё роўна да таго часу, калi я сабраў са свайго поля ўжо столькi збожжа, што яго можна было ўжываць i ў ежу, я амаль год не спытваў i крошкi хлеба.
Адзежа мая да гэтага часу канчаткова знасiлася. У мяне былi толькi кашулi ў клетку (каля трох тузiн), якiя я знайшоў у куфэрках матросаў. Iх я насiў асаблiва ашчадлiва; на маёй выспе вельмi часта было так горача, што даводзiлася хадзiць у адной кашулi, i не ведаю, што б я рабiў, каб у мяне не было гэтага запасу.
Вядома, у гэтым клiмаце я здолеў бы хадзiць i голы. Але, калi на мне была адзежа, я лягчэй пераносiў спякоту. Ад пякучых промняў трапiчнага сонца на скуры заставалiся пухiры, кашуля ж баранiла яе ад сонца, i, апрача таго, мяне ахалоджваў рух паветра памiж кашуляй i целам. Не мог я таксама звыкнуць хадзiць на сонцы з голай галавой; кожны раз, як толькi я выходзiў без шапкi, у мяне пачынала балець галава.
Патрэбна было найлепш выкарыстаць тыя запасы адзежы, якiя ў мяне яшчэ заставалiся.
Перш за ўсё мне патрэбна была куртка; усе, якiя ў мяне былi дагэтуль, я знасiў. Таму я вырашыў паспрабаваць перашыць на курткi матроскiя бушлаты, якiя ўсё яшчэ ляжалi ў мяне без патрэбы. У такiх бушлатах матросы стаяць зiмовымi начамi на вахце.
I вось я ўзяўся за кравецтва! Кажучы шчыра, я быў даволi-такi няўдалы кравец, але, як там нi кажы, дзве цi тры курткi я ўсё ж сяк-так агораў.
На мой разлiк, iх павiнна было хапiць мне надоўга.
Пра першую ж маю спробу пашыць сабе штаны лепш i не казаць: скончылася яна сорамам i няўдачай.
Аднак неўзабаве пасля таго я вынайшаў новы спосаб апранацца i з таго часу не меў недахопу ў адзежы.
Справа ў тым, што ў мяне захавалiся шкуры ўсiх жывёл, на якiх я паляваў. Кожную шкуру я высушваў на сонцы, расцягнуўшы яе на жэрдках. Толькi спачатку я, не маючы практыкi, вельмi доўга трымаў iх на сонцы, i таму першыя шкуры былi такiя каляныя, што iх нельга было выкарыстаць. Затое астатнiя былi выдатныя. З iх я i пашыў перш за ўсё сабе вялiкую шапку поўсцю наверх, каб яна не баялася дажджу. Футравая шапка была такая ўдалая, што я вырашыў з такога ж матэрыялу змайстраваць сабе яшчэ i поўны гарнiтур, гэта значыць штаны i куртку. Штаны я пашыў кароткiя, да каленяў, i вельмi прасторныя; куртку таксама зрабiў вольную, таму што i тое i другое патрэбна было мне не так для цеплынi, як для таго, каб баранiцца ад сонца.
Мой крой i шытво, кажучы шчыра, не варты былi добрага слова. Цясляр я быў нiякi, а кравец – i яшчэ горшы. I тым не менш, мая адзежа, пашытая ўласнаручна, служыла мне як не трэба лепш, асаблiва калi мне здаралася выходзiць з дому ў дождж: уся вада сцякала па доўгай поўсцi, i я заставаўся зусiм сухi.
Пасля курткi i штаноў я надумаўся змайстраваць сабе парасон.
Я бачыў, як робяць парасоны ў Бразiлii. Там гарачыня такая страшэнная, што без парасона нельга абысцiся. А на маёй выспе было не халадней, наадварот, бадай, нават яшчэ гарачэй, таму што ён блiжэй да экватара. Хавацца ад гарачынi я не мог, большую частку свайго часу я праводзiў пад адкрытым небам. Неабходнасць прымушала мяне выходзiць з дому ў рознае надвор'е, а часам i падоўгу блукаць пад дажджом i сонцам. Адным словам, без парасона я быў як без рук.
Доўга я калупаўся i многа часу адабрала ў мяне гэта работа, перш чым здолеў змайстраваць нешта крыху падобнае на парасон. Разы два цi тры, калi я думаў, што ўжо дасягнуў мэты, у мяне атрымлiвалася такое непадабенства, што даводзiлася зноў пачынаць усё спачатку. Але ў рэшце рэшт я ўсё ж дабiўся свайго i зрабiў даволi прыстойны парасон. Справа ў тым, што я хацеў, каб ён раскрываўся i закрываўся, – у гэтым вось i была ўся загваздка. Вядома, зрабiць яго нерухомым было вельмi лёгка, але тады давялося б насiць яго заўсёды раскрытым, а гэта было нязручна. Як я ўжо сказаў, я адолеў i гэту цяжкасць, i мой парасон адкрываўся i закрываўся. Я нацягнуў на яго казiныя шкуры поўсцю наверх: дажджавая вада сцякала па поўсцi, як па нахiленай страсе, i самыя гарачыя сонечныя промнi не маглi пранiкнуць скрозь мой парасон.
З гэтым парасонам я не баяўся нiякага дажджу i не пакутаваў ад сонца нават у самае гарачае надвор'е.
Калi ён быў мне не патрэбны, я складваў яго i нёс пад пахай.
Так я i жыў на сваёй выспе, спакойны i задаволены.
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
Рабiнзон будуе другую лодку, меншых памераў, i спрабуе аб'ехаць вакол выспы.
Мiнула яшчэ пяць гадоў, i за гэты час, як я памятаю, не адбылося нiчога асаблiвага.
Жыццё маё iшло па-ранейшаму – цiха i спакойна, жыў я на старым месцы, i па-ранейшаму ўвесь мой час быў у працы i на паляваннi.
Цяпер у мяне было ўжо столькi збожжа, што майго ўраджаю хапала мне на цэлы год; вiнаграду таксама было ўдосталь. Але з гэтай прычыны мне даводзiлася працаваць у лесе i ў полi яшчэ больш, чым раней.
Аднак галоўным маiм клопатам было збудаванне новай лодкi. На гэты раз я не толькi зрабiў лодку, але i спусцiў яе на ваду: я вывеў яе ў бухтачку па вузкiм канале, якi мне давялося выкапаць на працягу паўмiлi.
Першую сваю лодку, як ужо ведае чытач, я зрабiў такога велiзарнага памеру, што вымушаны быў пакiнуць яе на месцы пабудовы, як помнiк уласнай дурноце. Ён заўсёды нагадваў мне пра тое, што ў далейшым мне трэба быць больш разумным.
Цяпер я ўжо быў спрактыкаваны. Праўда, на гэты раз я збудаваў лодку амаль за паўмiлi ад вады, таму што блiжэй не знайшоў адпаведнага дрэва, але я быў упэўнены, што здолею спусцiць яе на ваду, бо бачыў, што справа, якую задумаў, гэтым разам была мне па сiле, i цвёрда вырашыў давесцi яе да канца. Амаль два гады пайшло ў мяне на збудаванне лодкi. Мне так страшэнна хацелася атрымаць нарэшце магчымасць плаваць па моры, што я не шкадаваў нiякае працы.
Трэба, аднак, заўважыць, што будаваў я гэту новую пiрогу зусiм не для таго, каб пакiнуць сваю выспу. З гэтай марай я даўно ўжо развiтаўся. Лодка была такая малая, што не было чаго i думаць пераплысцi на ёй сорак цi болей мiль, якiя ляжалi памiж маёй выспаю i мацярыком.
Цяпер у мяне была больш сцiплая мэта: аб'ехаць вакол выспы – i толькi. Я ўжо аднойчы пабываў на супрацьлеглым беразе, i адкрыццi, якiя я там зрабiў, так зацiкавiлi мяне, што мне яшчэ тады захацелася агледзець усё ўзбярэжжа, якое мяне акружала.
I вось цяпер, калi ў мяне з'явiлася лодка, я вырашыў, чаго б гэта нi каштавала, аб'ехаць сваю выспу морам. Перш чым рушыў у дарогу, я старанна падрыхтаваўся да свайго падарожжа. Я змайстраваў для свае лодкi невялiчкую мачту i пашыў такi ж невялiчкi ветразь з кавалкаў парусiны, якой у мяне было яшчэ дастаткова ў запасе.
Калi лодка была аснашчана, я выпрабаваў яе ход i ўпэўнiўся, што пад ветразем яна iдзе даволi прыстойна. Тады я прыбудаваў на карме i на носе невялiчкiя скрынкi, каб захаваць ад дажджу i хваль правiзiю, зарады i iншыя неабходныя мне рэчы, якiя я буду браць з сабой у дарогу. Для стрэльбы я выдзеўбаў у дне лодкi вузкi жолаб.
Затым я ўмацаваў раскрыты парасон, нахiлiўшы яго так, каб ён быў якраз над маёй галавой i баранiў мяне ад сонца ўсё роўна як стрэшка.
Дагэтуль час ад часу я рабiў невялiкiя прагулкi морам, але нiколi не заходзiў далёка ад свае бухты. Цяпер жа, калi я меў намер агледзець межы свае маленькае дзяржавы i падрыхтаваў сваё судна для далёкага плавання, я занёс на яго палову казiнай тушы, глiняны гаршчок падсмажанага рысу i ячменныя праснакi, якiя я ўжо сам пёк.
6 лiстапада я накiраваўся ў дарогу.
Праездзiў я куды больш, чым разлiчваў. Справа ў тым, што хоць мая выспа i была сама па сабе невялiкая, але калi я павярнуў да ўсходняй часткi яе ўзбярэжжа, перада мной узнiкла непрадбачаная перашкода. У гэтым месцы ад берага адыходзiць вузкая града скал; iншыя з iх тырчаць з вады, iншыя схаваны ў вадзе. Града заходзiць мiль на шэсць у адкрытае мора, а далей, за скаламi, яшчэ мiлi на паўтары цягнецца пясчаная водмель. Такiм чынам, каб абагнуць гэту касу, давялося даволi далёка ад'ехаць ад берага. Гэта было вельмi небяспечна.
Я хацеў нават павярнуць назад, таму што не мог з дакладнасцю вызначыць, як далёка мне давядзецца прайсцi ў адкрытым моры, пакуль я абагну граду падводных скал, i баяўся рызыкаваць. I, апрача таго, я не ведаў, цi здолею павярнуць назад. Таму я кiнуў якар (перад тым як адправiцца ў дарогу, я змайстраваў сабе нешта накшталт якара з абломка жалезнага крука, якi я знайшоў на караблi), узяў стрэльбу i сышоў на бераг. Убачыўшы непадалёку даволi высокую горку, я ўзлез на яе, змераў на вока даўжыню скалiстай грады, якая адсюль была добра вiдаць, i вырашыў рызыкнуць.
Але не паспеў я дабрацца да гэтай грады, як апынуўся на страшнай глыбiнi i следам затым трапiў у магутны струмень марскога цячэння. Мяне закруцiла, як у шлюзе вадзянога млына, падхапiла i панесла. Пра тое, каб павярнуць да берага цi звярнуць убок, не было чаго нават i думаць. Усё, што я мог зрабiць, гэта трымацца каля самага краю цячэння i старацца не трапiць у сярэдзiну.
Мiж тым мяне зносiла ўсё далей i далей. Калi б быў хоць невялiкi ветрык, тады б я здолеў узняць ветразь. Але на моры стаяў поўны штыль. Я працаваў вёсламi з усяе сiлы, аднак справiцца з цячэннем не мог i ўжо развiтваўся з жыццём. Я ведаў, што праз некалькi мiляў тое цячэнне, куды я трапiў, сальецца з другiм цячэннем, якое абгiнала выспу, i што, калi да таго часу я не здолею звярнуць убок, я беззваротна загiну.
А мiж тым я не бачыў нiякай магчымасцi звярнуць.
Выратавання не было: мяне чакала верная смерць – i не ў марскiх хвалях, таму што мора было спакойнае, а з голаду. Праўда, на беразе я знайшоў чарапаху, такую вялiкую, што ледзь здолеў падняць яе, каб узяць з сабой у лодку. Быў у мяне таксама добры запас прэснай вады – прыхапiў свой самы большы глiняны збан. Але што гэта азначала для няшчаснай iстоты, якая трапiла ў бязмежны акiян, дзе можна праплыць тысячу мiляў i не ўбачыць нават прыкмет зямлi!
Пра сваю пустэльную, закiнутую выспу я ўспамiнаў цяпер як пра зямны рай, i адзiным маiм цяпер жаданнем было вярнуцца ў гэты рай. Я аддана прасцiраў да яго рукi.
– О мая пустыня! Ты падаравала мне шчасце! – усклiкваў я. – Мне ўжо нiколi цябе не пабачыць. О, што цяпер будзе са мною? Куды занясуць мяне бязлiтасныя хвалi? Якi ж няўдзячны я быў, калi наракаў на сваю адзiноту i праклiнаў гэтую цудоўную выспу!
Цяпер ён для мяне быў такi дарагi i мiлы, i мне было горка думаць, што я павiнен ужо навек развiтацца з надзеяй яго ўбачыць зноў.
Мяне несла i несла ў бясконцую водную далячынь. Але хоць я i адчуваў смяротны страх i адчай, я ўсё ж не паддаваўся гэтым пачуццям i веславаў з усяе сiлы, стараючыся скiраваць лодку на поўнач, каб перасекчы цячэнне i абагнуць рыфы.
Раптам апоўднi пацягнуў ветрык. Гэта мяне падбадзёрыла.
Але ўявiце сабе маю радасць, калi ветрык пачаў хутка свяжэць i праз паўгадзiны зрабiўся ўжо добрым ветрам!
Да гэтага часу мяне адагнала ўжо далёка ад маёй выспы. I каб выпадкова ў тую пару ўзняўся туман, мне быў бы канец!
У мяне не было компаса, i калi б я згубiў з вачэй сваю выспу, я не ведаў бы, куды кiраваць шлях. Але, на маё шчасце, быў сонечны дзень i нiшто не прадказала туману.
Я паставiў мачту, узняў ветразь i пачаў кiраваць на поўнач, каб выбiцца з цячэння.
Як толькi мая лодка павярнула з ветрам i пайшла насуперак цячэнню, я заўважыў у iм змену: вада зрабiлася куды святлейшая. Я зразумеў, што цячэнне па нейкай прычыне пачынае слабець, тады як раней, калi яно было хуткае, вада ўвесь час была ўскаламучаная. I сапраўды, хутка я ўбачыў справа ад сябе на ўсходзе скалы (iх можна было адрознiць здалёку па белай пене хваль, што бурлiла вакол кожнай з iх). Вось гэтыя скалы i запавольвалi цячэнне, перапыняючы яму шлях.
Неўзабаве я ўпэўнiўся, што яны не толькi запавольваюць цячэнне, а яшчэ i разбiваюць яго на два струменi, з якiх галоўны толькi крыху адхiляецца на поўдзень, пакiдаючы скалы злева, а другi крута паварочвае назад i накiроўваецца на паўночны захад.
Толькi той, хто з вопыту ведае, што значыць атрымаць памiлаванне, стоячы на эшафоце, цi выратавацца ад бандытаў у тую апошнюю хвiлiну, калi нож прыстаўлены да горла, толькi той зразумее маю радасць пры гэтым адкрыццi.
Маё сэрца бiлася ад радасцi, калi я накiраваў сваю лодку ў адваротны струмень, што цёк назад, падставiў ветразь спадарожнаму ветру, якi яшчэ больш пасвяжэў, i весела паплыў да выспы.
Каля васьмi гадзiн вечара я падплыў да берага i, нагледзеўшы зручнае месца, прычалiў.
Немагчыма апiсаць тую радасць, якая перапаўняла мяне, калi я адчуў пад сабою цвёрдую зямлю!
Якiм мiлым здалося мне кожнае дрэўца маёй цудоўнай выспы! З гарачай пяшчотай глядзеў я на гэтыя ўзвышшы i далiны, якiя толькi ўчора яшчэ выклiкалi сум i тугу ў маiм сэрцы. Як я быў рады, што зноў убачу свае палi i гаi, сваю пячору i свайго адданага сабаку, сваiх коз! Якой прыгожай здалася мне дарога ад берага да майго будана.
Быў ужо вечар, калi я дабраўся да свайго ляснога лецiшча. Я пералез цераз плот, лёг у цень i, адчуваючы страшэнную стому, неўзабаве заснуў.
Але якое ж было маё здзiўленне, калi мяне абудзiў нечы голас. Так, гэта быў чалавечы голас! Тут, на выспе, быў чалавек, i ён моцна крычаў сярод начы:
– Робiн! Робiн! Робiн Круза! Бедны Робiн Круза! Куды ты трапiў, Робiн Круза? Куды ты трапiў? Дзе ты быў?
Змучаны доўгiм веславаннем, я спаў такiм моцным сном, што не адразу здолеў абудзiцца, i мне доўгi час здавалася, што я чую гэты голас у сне.
Але крык настойлiва паўтараўся:
– Робiн Круза! Робiн Круза!
Нарэшце я прачнуўся i зразумеў, дзе я. Першым маiм пачуццём быў жахлiвы страх. Я ўсхапiўся, дзiка азiраючыся вакол, i раптам узняў галаву i ўбачыў на агароджы свайго папугая.
Вядома, я адразу ж здагадаўся, што гэта ён i выкрыкваў гэтыя словы: дакладна такiм жа жаласным голасам я сам часта казаў пры iм гэтыя словы, i ён добра iх завучыў. Сядзе, бывала, мне на палец, наблiзiць дзюбу да майго твару i пачынае паныла паўтараць: "Бедны Рабiнзон Круза! Дзе ты быў i куды ты трапiў?"
Але нават упэўнiўшыся, што гэта быў папугай, i, разумеючы, што, апрача папугая, тут няма каму быць, я яшчэ доўга не мог супакоiцца.
Я зусiм не разумеў, як ён, па-першае, трапiў на маё лецiшча, па-другое, чаму ён прыляцеў менавiта сюды, а не ў iншае месца.
Але таму, што ў мяне не было нiякага сумнення, што гэта ён, мой верны Попка, я паклiкаў яго i працягнуў яму руку. Гаманкая птушка адразу ж села мне на палец i паўтарыла зноў:
– Бедны Рабiнзон Круза! Куды ты трапiў?
Попка нiбыта радаваўся, што зноў бачыць мяне. Пакiдаючы будан, я пасадзiў яго на плячук i панёс з сабою.
Непрыемныя прыгоды маёй марской экспедыцыi надоўга адбiлi ў мяне ахвоту плаваць морам, i многа дзён успамiнаў я пра тую небяспеку, якая пагражала мне, калi мяне несла ў акiян.
Вядома, добра было б мець лодку на гэтым баку выспы, блiжэй да майго дома, але як прывесцi яе адтуль, дзе я пакiнуў яе? Абагнуць маю выспу з усходу толькi ад аднае думкi пра гэта ў мяне сцiскалася сэрца i стыла кроў. Што там робiцца, на другiм баку выспы, я не меў нiякага ўяўлення. А што, калi цячэнне i з таго боку гэтакае ж iмклiвае, як i з гэтага? Хiба не можа яно шпурнуць мяне на ўзбярэжныя скалы з той жа сiлай, з якою другое цячэнне зносiла мяне ў адкрытае мора? Адным словам, хоць на пабудову гэтай лодкi i спуск яе на ваду я паклаў i нямала сiлы, аднак я вырашыў, што ўсё ж лепей застацца без лодкi, чым рызыкаваць праз яе жыццём.
Трэба сказаць, што цяпер я ўжо добра налаўчыўся ва ўсiх ручных работах, якiх патрабавалi ўмовы майго жыцця. Калi я адразу апынуўся на выспе, я не ўмеў трымаць сякеры ў руках, а цяпер, пры выпадку, я мог бы палiчыцца неблагiм цесляром, асаблiва калi ўзяць у разлiк тыя абставiны, што ў мяне было зусiм мала iнструментаў.
Я i ў ганчарнай справе (зусiм нечакана!) зрабiў прыкметны крок наперад: наладзiў станок з кругам, якi круцiўся. Таму работа мая стала i больш хуткай i лепшай: цяпер замест нязграбных вырабаў, на якiя не хацелася глядзець, у мяне атрымлiваўся зусiм прыстойны посуд даволi правiльнай формы.
Але нiколi я, здаецца, так не радаваўся i не ганарыўся сваiм вынаходнiцтвам, як у той дзень, калi мне ўдалося зрабiць люльку. Вядома, мая люлька мела першабытны выгляд – са звычайнай абпаленай глiны, як i ўсе мае ганчарныя вырабы, i атрымалася яна не вельмi прыгожая. Але яна была дастаткова моцная i добра прапускала дым, а галоўнае – гэта была ўсё-такi люлька, пра якую я столькi марыў, таму што прывык курыць з вельмi даўняга часу. На нашым караблi былi люлькi, але, перавозячы адтуль рэчы, я не ведаў, што на выспе расце тытунь, i вырашыў, што не варта iх браць.
Да гэтага часу я заўважыў, што мае запасы пораху пачынаюць прыкметна змяншацца. Гэта надзвычай устрывожыла i засмуцiла мяне, таму што новага не было дзе ўзяць. Што ж я рабiць буду, калi ў мяне выйдзе ўвесь порах? Як я тады буду паляваць на коз i птушак? Няўжо да канца сваiх дзён я застануся без мясной стравы?
РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
Рабiнзон прыручае коз
На адзiнаццатым годзе майго жыцця на выспе, калi порах у мяне пачаў канчацца, я пачаў сур'ёзна думаць, як бы знайсцi спосаб лавiць дзiкiх коз жывымi. Больш за ўсё мне хацелася злавiць матку з казлянятамi.
Спачатку я ставiў сiлкi, i козы нярэдка траплялi ў iх. Але мне ад гэтага было мала карысцi: козы з'ядалi прынаду, а потым разрывалi сiлкi i зусiм спакойна ўцякалi на волю. На жаль, у мяне не было дроту, i сiлкi даводзiлася рабiць вераўчаныя.
Тады я вырашыў пакапаць воўчыя ямы. Ведаючы мясцiны, дзе козы хадзiлi часцей за ўсё, я выкапаў там тры глыбокiя ямы, накрыў iх пляцёнкамi ўласнаручнай работы i паклаў на кожную пляцёнку ахапак каласоў рысу i ячменю. Хутка я ўпэўнiўся, што козы наведваюць мае ямы: каласы былi з'едзены i вакол былi вiдаць сляды казiных капытоў. Тады я прыдумаў сапраўдныя пасткi i на другi ж дзень знайшоў у адной яме вялiзнага старога казла, а ў другой трох казлянят: аднаго самца i дзвюх самак.
Старога казла я выпусцiў на волю, бо не ведаў, што з iм рабiць. Ён быў такi дзiкi i злосны, што ўзяць яго жывога было немагчыма (я баяўся зайсцi да яго ў яму), а забiваць яго не было патрэбы. Як толькi я падняў пляцёнку, ён выскачыў з ямы i прыпусцiў з усiх ног наўцёкi.
Пазней мне давялося ўпэўнiцца, што голад утаймоўвае нават iльвоў. Але тады я гэтага не ведаў. Калi б я прымусiў казла пагаладаць днi тры-чатыры, а потым прынёс яму вады i крыху каласоў, ён бы ўцiхамiрыўся i быў бы спакойны не горш за маiх казлянят.
Козы наогул вельмi разумныя i паслухмяныя. Калi з iмi добра абыходзiцца, iх зусiм не цяжка прыручыць.
Але, паўтараю, у той час я гэтага не ведаў. Выпусцiўшы казла, я падышоў да тае ямы, дзе сядзелi казляняты, выцягнуў iх усiх траiх па адным, звязаў разам вяроўкаю i ледзьве прывалок iх дадому.
Даволi доўга я не мог прымусiць iх есцi. Апрача малака мацi, яны яшчэ не ведалi iншай ежы. Але калi яны добра выгаладалiся, я кiнуў iм некалькi сакавiтых каласоў, i яны памалу ўзялiся за ежу. Неўзабаве яны прывыклi да мяне i зрабiлiся зусiм ручныя.
З таго часу я пачаў разводзiць коз. Мне хацелася, каб у мяне быў цэлы статак, таму што гэта быў адзiны сродак забяспечыць сябе мясам да таго часу, калi ў мяне скончыцца порах i шрот.
Гады праз паўтара ў мяне ўжо было не менш дванаццацi коз, лiчачы з казлянятамi, а яшчэ праз два гады мой статак вырас да сарака трох галоў. З цягам часу я збудаваў пяць загароджаных загонаў; усе яны злучалiся памiж сабой варотцамi, каб можна было пераганяць коз з аднаго лужка на другi.
У мяне цяпер быў невычарпальны запас казiнага мяса i малака. Кажучы па шчырасцi, калi я толькi браўся разводзiць коз, я нават i не думаў пра малако. Толькi пазней я пачаў iх даiць.
Я думаю, што нават самы пануры чалавек не стрымаўся б ад усмешкi, каб убачыў мяне з маiм сямействам за абедзенным сталом. На галоўным месцы сядзеў я, кароль i ўладар выспы, якi поўнаўладна распараджаўся жыццём усiх сваiх падданых: я мог караць i мiлаваць, дараваць i адбiраць волю, i сярод маiх падданых не было нiводнага бунтаўшчыка.
Трэба было бачыць, з якой каралеўскай пышнасцю я абедаў адзiн, акружаны маiмi прыдворнымi. Толькi Попку, пястуну, дазвалялася размаўляць са мной. Сабака, якi даўно ўжо састарыўся, садзiўся заўсёды з правай рукi свайго ўладара, а злева сядалi каты, чакаючы падачкi з маiх уласных рук. Такая падачка лiчылася знакам асаблiвай каралеўскай мiласцi.
Гэта былi не тыя каты, якiх я прывёз з карабля. Тыя даўно памерлi, i я сам пахаваў iх непадалёк ад свайго жытла. Адна кошка ўжо на выспе акацiлася; я пакiнуў у сябе двое кацянят, i яны выраслi ручнымi, а астатнiя збеглi ў лес i здзiчэлi. Паступова на выспе распладзiлася такое мноства катоў, што ад iх не было адбою: яны лазiлi да мяне ў кладоўку, цягалi правiзiю i пакiнулi мяне ў спакоi толькi тады, калi я прыстрэлiў двух цi трох.
Паўтараю: я жыў сапраўдным каралём, нi ў чым не маючы патрэбы; вакол мяне заўсёды быў цэлы штат адданых мне прыдворных – не было толькi людзей. Аднак, як убачыць чытач, неўзабаве прыйшоў час, калi ў маiх уладаннях з'явiлася нават вельмi многа людзей.
Я цвёрда вырашыў нiколi больш не распачынаць небяспечных марскiх падарожжаў, i ўсё роўна мне вельмi хацелася мець пад рукамi лодку – хаця б для таго, каб плаваць на ёй каля самага берага. Я часта думаў пра тое, як бы мне перавесцi яе на той бок выспы, дзе была мая пячора. Але, разумеючы, што ажыццявiць гэты план цяжка, кожны раз я супакойваў сябе тым, што мне добра i без лодкi.
Аднак, сам не ведаю чаму, мяне вельмi цягнула да тае горкi, куды я ўзбiраўся ў час мае апошняе паездкi. Мне хацелася яшчэ раз паглядзець адтуль, якiя абрысы берагоў i куды накiроўваецца цячэнне. У рэшце рэшт я не вытрымаў i падаўся ў дарогу – на гэты раз пехатой, уздоўж берага.
Калi б у нас, у Ангельшчыне, з'явiўся чалавек у такой адзежы, якая была на мне ў той час, усе прахожыя, я ўпэўнены, разбеглiся б ад страху або пакацiлiся б са смеху; ды i сам я не раз, гледзячы на сябе, мiжвольна ўсмiхаўся, уяўляючы сабе, як я шпацырую па родным Йоркшыры з такой свiтай i ў такiм убраннi.
На галаве ў мяне ўзвышалася спiчастая няўклюдная шапка з казiнага футра. Яна спаўзала мне на патылiцу, каб прыкрываць маю шыю ад сонца, а ў час дажджу не даваць вадзе лiцца за каўнер. У гарачым клiмаце няма нiчога больш шкоднага, чым дождж, якi трапляе за адзежу на голае цела.
Затым на мне быў доўгi камзол з таго ж матэрыялу, амаль да каленяў. Штаны былi са скуры вельмi старога казла з такой доўгай поўсцю, што яны закрывалi мне ногi амаль да паловы лытак. Панчох у мяне зусiм не было, а замест чаравiкаў я змайстраваў сабе – не ведаю, як i назваць, – боты не боты з доўгiмi шнуркамi, якiя завязвалiся збоку. Абутак гэты быў вельмi дзiўны, як, зрэшты, i ўсё астатняе маё ўбранне.
Камзол я падпярэзваў шырокай папругай з казiнай скуры; спронжку мне замянiлi два шкурацiкi, а з бакоў я прышыў па пятлi – не шпагу i кiнжал насiць, а для пiлы i сякеры.
Апрача таго, я надзяваў скураную перавязь цераз плячо з такiмi ж засцежкамi, як i на папрузе, толькi крыху вузейшымi. Да гэтай перавязi я прымацоўваў дзве сумкi так, каб яны знаходзiлiся пад левай рукой: у адной быў порах, у другой шрот. За спiною ў мяне вiсела карзiна, за плячыма стрэльба, а над галавою – вялiзны футравы парасон. Парасон быў брыдкi, але ён быў, бадай, самай неабходнай прыналежнасцю пры маiх дарожных зборах. Больш патрэбная за парасон – была хiба толькi стрэльба.
Колерам твару я найменш, чым можна было чакаць, нагадваў негра, улiчваючы тое, што я жыў непадалёк ад экватара i нiколькi не баяўся загару.
Спачатку я адпусцiў сабе бараду. Барада вырасла непамернай даўжынi. Потым я пагалiў яе, пакiнуўшы толькi вусы; але затое вусы выгадаваў незвычайныя, сапраўдныя турэцкiя. Яны былi такой страшэннай даўжынi, што ў Ангельшчыне палохалi б прахожых.
Але пра ўсё гэта я зазначаю мiж iншым: не надта многа было на выспе гледачоў, якiя маглi б захапляцца маiм тварам i паставай, – дык цi не ўсё роўна, якая была ў мяне знешнасць! Я загаварыў пра яе проста таму, што прыйшлося да слова, i больш ужо не буду весцi гаворкi на гэту тэму.
РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ
Нечаканая трывога. – Рабiнзон умацоўвае сваё жытло.
Неўзабаве адбылася падзея, якая рашуча парушыла спакойнае цячэнне майго жыцця.
Было пад поўдзень. Я iшоў берагам мора, накiроўваючыся да свае лодкi, i раптам, на вялiкае здзiўленне i жах, убачыў на пяску выразны след босай чалавечай нагi!
Я спынiўся i не мог крануцца з месца, як быццам мяне ўдарыла громам, як быццам я ўбачыў здань.
Я пачаў прыслухоўвацца, я азiраўся навокал, але не чуў i не бачыў нiчога падазронага.
Я ўзбег наверх па ўзбярэжнаму схiлу, каб лепш агледзець увесь краявiд; зноў спусцiўся да мора, прайшоў уздоўж берага – i нiдзе не знайшоў нiчога: нiякiх прыкмет прысутнасцi людзей, апрача гэтага адзiнага адбiтка нагi.
Я вярнуўся яшчэ раз на тое ж месца. Мне хацелася даведацца, цi няма там яшчэ адбiткаў. Але другiх адбiткаў не было. Магчыма, мне здалося? Магчыма, гэты след не належаў чалавеку? Не, я не памылiўся! Гэты быў несумненна след нагi чалавека: я выразна адрознiў пяту, пальцы, падэшву. Адкуль тут узяўся чалавек? Як ён сюды трапiў? Я губляўся ў здагадках i не мог спынiцца нi на чым пэўным.
Страшэнна растрывожаны, не чуючы зямлi пад нагамi, заспяшаўся я дадому, у сваю крэпасць. Думкi блыталiся ў маёй галаве.
Праз кожныя два-тры крокi я азiраўся. Я баяўся кожнага куста, кожнага дрэва. Кожны пень здалёку я прымаў за чалавека.
Немагчыма апiсаць, якую нечаканую i палахлiвую форму набывалi раптам усе рэчы ў маiм узбуджаным уяўленнi, якiя дзiкiя фантастычныя думкi хвалявалi мяне ў той момант i якiя бязглуздыя намеры прыходзiлi мне ў галаву па дарозе.
Дабраўшыся да свае крэпасцi (так я пачаў з таго дня называць сваё жытло), я iмгненна апынуўся за агароджай, нiбыта за мною гналася пагоня.
Я нават не мог успомнiць, пералез я цераз агароджу прыстаўнымi лескамi, як заўсёды, цi зайшоў праз дзверы, гэта значыць знадворным праходам, якi я выкапаў у гары. Я i на другi дзень не здолеў прыпомнiць гэтага.
Нiводзiн заяц, нiводзiн лiс, ратуючыся ад зграi сабак, не ўцякалi так у сваю нару, як я.
Усю ноч я не мог заснуць i тысячу разоў задаваў сабе адно i тое ж пытанне: якiм чынам здолеў трапiць сюды чалавек?
Магчыма, гэта адбiтак нагi якога-небудзь дзiкуна, якi трапiў на выспу выпадкова. А можа, дзiкуноў было многа? Магчыма, яны выйшлi ў мора на сваёй пiрозе i iх прыгнала сюды цячэннем цi ветрам? Зусiм магчыма, што яны пабылi на беразе, а потым зноў выйшлi ў мора, таму што ў iх, вiдаць, было гэтак жа мала жадання заставацца ў гэтай пустынi, як у мяне – жыць па суседству з iмi.
Вядома, яны не заўважылi мае лодкi, iнакш здагадалiся б, што на выспе жывуць людзi, пачалi б шукаць iх i напэўна знайшлi б мяне.
Але тут мяне апякла страшэнная думка: "А што, калi яны бачылi маю лодку?" Ад гэтай думкi я пакутаваў.
"Праўда, – казаў я сабе, – яны зноў пайшлi ў мора, але гэта яшчэ нiчога не даказвае; яны вернуцца, яны абавязкова вернуцца з цэлым натоўпам другiх дзiкуноў i тады знойдуць мяне i з'ядуць. А калi iм i не ўдасца знайсцi мяне, усё роўна яны ўбачаць мае палi, мае загарадкi, яны знiшчаць увесь мой хлеб, згоняць мой статак, i мне давядзецца загiнуць з голаду".
Першыя трое сутак пасля майго жахлiвага адкрыцця я нi на хвiлiну не пакiдаў свае крэпасцi, так што пачаў нават галадаць. Я не трымаў дома вялiкiх запасаў харчавання, i на трэцiя суткi ў мяне заставалiся толькi ячменныя праснакi i вада.
Мяне мучыла таксама i тое, што мае козы, якiх я звычайна даiў кожны вечар (гэта была штодзённая забава), цяпер заставалiся нядоеныя. Я ведаў, што бедныя жывёлiны праз гэта павiнны былi вельмi пакутаваць; апрача таго, я баяўся, што ў iх можа загiнуць малако. I мой страх спраўдзiўся: большасць коз захварэла i амаль перастала даваць малако.
На чацвёртыя суткi я набраўся адвагi i выйшаў. А тут яшчэ ў мяне з'явiлася адна думка, якая канчаткова вярнула мне маю ранейшую бадзёрасць. Якраз тады, калi мой страх, здавалася, дасягнуў вяршынi, калi ад адной здагадкi я кiдаўся да другой i нi на чым не мог спынiцца, мне раптам прыйшло ў галаву, а цi не выдумаў я ўсю гэту гiсторыю са следам чалавечай нагi i цi не мой гэта ўласны след. Ён жа мог застацца на пяску, калi я перадапошнi раз хадзiў глядзець сваю лодку. Праўда, вяртаўся я звычайна другой дарогай, але гэта было даўно, i хiба мог я з ўпэўненасцю сцвярджаць, што iшоў тады менавiта той, а не гэтай дарогай?
Я пастараўся запэўнiць сябе, што так яно i было, што гэта мой уласны след i што я быў падобны на таго дурня, якi выдумаў байку пра нябожчыка, што ўстаў з труны i сам жа палохаўся свае байкi.
Вядома, гэта быў мой уласны след!
Упэўнiўшы сябе такiм чынам, я пачаў выходзiць з дому па розных гаспадарчых справах. Я пачаў кожны дзень бываць у сябе на лецiшчы. Там я даiў коз, збiраў вiнаград. Але калi б вы пабачылi, як я баязлiва iшоў туды, як часта азiраўся па баках, гатовы ў любы момант кiнуць сваю карзiну i сам кiнуцца ўцякаць, вы, напэўна, падумалi б, што я нейкi страшэнны злачынца, якога прыгнятаюць пакуты сумлення.
Аднак прайшло яшчэ два днi, i я зрабiўся куды смялейшы. Я канчаткова ўпэўнiў сябе, што ўвесь мой страх – не iнакш як вынiк недарэчнай памылкi, але, каб ужо не заставалася нiякiх сумненняў, я вырашыў яшчэ раз схадзiць на той бераг i параўнаць таямнiчы след з адбiткам мае ўласнае нагi. Калi i той i мой след будуць аднолькавых памераў, то я магу быць упэўнены, што след, якi мяне напалохаў, быў мой уласны i што я спалохаўся сябе самога.
З гэтым рашэннем я i падаўся ў дарогу. Але калi я прыйшоў на тое месца, дзе быў таямнiчы след, для мяне, па-першае, стала зразумела, што, калi я выйшаў той раз з лодкi i вяртаўся дадому, я нiякiм чынам не мог апынуцца на гэтым месцы, а па-другое, калi я для параўнання паставiў сваю нагу, выявiлася, што мая нага была куды меншая!
Сэрца маё напоўнiлася новым страхам, я дрыжаў як у лiхаманцы, вiхор новых здагадак закружыўся ў маёй галаве. Я пайшоў дадому зусiм перакананы, што там, на беразе, пабыў чалавек – i, магчыма, не адзiн, а пяць цi шэсць.
Я нават гатоў быў дапусцiць, што гэтыя людзi зусiм не прыязджалi, што яны жыхары выспы. Праўда, да гэтага часу я не заўважаў тут нiводнага чалавека, але магчыма, што яны ўжо даўно хаваюцца тут, а значыць, кожную хвiлiну могуць захапiць мяне знянацку.
Я доўга ламаў сабе галаву, як мне абаранiць сябе ад гэтай небяспекi, i ўсё роўна не мог нiчога прыдумаць.
"Калi дзiкуны знойдуць маiх коз, – казаў я сам сабе, – i ўбачаць палi, на якiх каласуе мая збажына, яны будуць заўсёды вяртацца на выспу па новую здабычу, а калi яны яшчэ заўважаць i мой дом, яны абавязкова возьмуцца шукаць яго насельнiкаў i ў рэшце рэшт дабяруцца i да мяне".