Текст книги "Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)"
Автор книги: Даниэль Дефо
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 12 страниц)
4 лiстапада. Размеркаваў свой час, вызначыўшы пэўныя гадзiны на паляванне, для работы, для адпачынку i сну. З ранiцы, калi няма дажджу, гадзiны дзве цi тры блукаю са стрэльбай па выспе, затым да адзiнаццацi працую, у адзiнаццаць снедаю, з дванаццацi да дзвюх адпачываю (таму што гэта самая гарачая пара дня), з дзвюх зноў бяруся за работу. Усе рабочыя гадзiны за апошнiя два днi я майстраваў стол. У той час я быў яшчэ кепскiм сталяром. Але чаму не навучыць бяда! Я раблюся майстрам на ўсе рукi. Безумоўна, такога ж майстэрства дасягнуў бы кожны iншы, каб ён апынуўся ў маiм становiшчы.
13 лiстапада. Iшоў дождж. Зямля i паветра прыкметна асвяжылiся, i стала лягчэй дыхаць, але ўвесь час былi страшэнныя грымоты, блiскала маланка, i я напалохаўся, каб не ўспыхнуў мой порах. Калi скончылася навальнiца, я вырашыў увесь свой запас пораху падзялiць на маленькiя часцiнкi i захоўваць у розных месцах, каб порах не ўзарваўся ўвесь разам.
14, 15 i 16 лiстапада. Усе гэтыя днi я майстраваў скрыначкi для пораху; у кожную такую скрыначку можна ўсыпаць адзiн-два фунты. Сёння рассыпаў увесь порах у скрыначкi i схаваў iх у расколiнах гары, як мага далей адну ад адной. Учора забiў вялiзную птушку. Якая гэта птушка, не ведаю. Але мяса ў яе смачнае.
17 лiстапада. Сёння пачаў быў капаць пячору ў пясчанай гары, што за маёй палаткай, каб зручней уладкаваць усю маёмасць. Але для гэтай работы неабходна мець тры рэчы: кiрку, рыдлёўку i тачку або кош, каб выносiць накапаную зямлю, а ў мяне нiчога гэтага няма. Давялося спынiць работу. Доўга ламаў галаву, што прыдумаць замест гэтых рэчаў цi як зрабiць iх. Замест кiркi паспрабаваў працаваць жалезным ломам; ён нiчога, але вельмi цяжкi. Застаецца рыдлёўка i тачка. Без рыдлёўкi як без рук, але я ўсё роўна нiчога не здольны прыдумаць нi як яе зрабiць, нi чым замянiць.
18 лiстапада. Знайшоў у лесе тое самае дрэва (цi той жа пароды), якое ў Бразiлii называюць "жалезным", таму што яно незвычайна трывалае. Ледзьве ссек адно дрэва. Мая сякера зусiм ступiлася. Я адсек ад ствала вялiкi цурбан i ледзь данёс яго да свайго жытла – такi цяжкi ён быў! Я вырашыў зрабiць з яго лапату. Дрэва было такое цвёрдае, што гэта работа адабрала ў мяне вельмi многа часу i працы. Але лапату я ўсё-такi зрабiў. Дзяржанне атрымалася не горшае, чым тыя, што робяць у нас, у Ангельшчыне, а сама лапата аказалася нетрывалай. Не шкодзiла б абабiць яе жалезам, але лiстовага жалеза ў мяне няма, таму яна праслужыла мне нядоўга. I ўсё ж на першым часе я пакарыстаўся ёю на земляных работах, хоць, думаю, нiводная лапата ў свеце не рабiлася такiм мудрагелiстым спосабам, нi на адну не было патрачана столькi працы.
Мне не хапала яшчэ тачкi цi каша. Пра кош не было чаго i думаць; каб сплесцi яго, патрэбны былi гнуткiя дубцы, а я, нягледзячы на ўсе пошукi, так i не знайшоў iх у лесе. Змайстраваць тачку ў мяне, бадай, хапiла б умення, але ж да тачкi неабходна мець кола, а я не меў нiякага ўяўлення, як робяцца колы. Апрача таго, кола неабходна было надзець на жалезную вось, якой у мяне таксама не было. I таму давялося адмовiцца ад гэтай задумы. Замест тачкi я змайстраваў з дошак невялiкую скрынку, накшталт тых, у якiх муляры трымаюць вапну.
У гэтай скрынцы я i выносiў накапаную зямлю.
Скрынку зрабiць было лягчэй, чым лапату. Але ўсё разам – скрынка, лапата i дарэмная спроба зрабiць тачку – усё гэта забрала ў мяне чатыры днi, за выключэннем тых ранiшнiх гадзiн, калi я хадзiў са стрэльбай на паляванне. Наогул я рэдкi дзень не хадзiў на паляванне, i амаль не было выпадку, каб я не прынёс якой-небудзь дзiчыны.
23 лiстапада. Закончыў рабiць лапату i скрынку. Як толькi яны былi гатовы, зноў узяўся капаць пячору. Капаў цэлы дзень, колькi меў сiлы. Мне патрэбна было вельмi прасторнае памяшканне, якое адначасова магло б служыць i склепам, i кладоўкаю, i кухняй, i сталовай.
10 снежня. Я працаваў роўна васемнаццаць дзён i ўжо лiчыў сваю работу скончанай, як раптам сёння з аднаго краю абвалiлася зямля. Вiдаць, я зрабiў пячору вельмi шырокай. Абвал быў такi, што я напалохаўся: гэта пэўна ўжо, што калi б я сам знаходзiўся ў гэты час у пячоры, то мне ўжо не спатрэбiўся б магiльшчык. Гэты сумны выпадак нарабiў мне шмат клопату: трэба будзе выносiць з пячоры ўсю абваленую зямлю, а галоўнае – давядзецца цяпер рабiць падпору да скляпення, iнакш не будзе ўпэўненасцi, што абвал не паўторыцца.
11 снежня. З сённяшняга дня ўзяўся за работу. Пакуль што паставiў дзве палi i на кожнай па дзве дошкi крыж-накрыж.
17 снежня. Канчаткова ўмацаваў першыя дзве палi i паставiў яшчэ некалькi, таксама з дошкамi наверсе, як i першыя дзве. Цяпер мяне ўжо не палохае нiякi абвал. Палi я паставiў у рад, так што яны будуць служыць у маiм склепе i за перагародку. Гэта праца забрала ў мяне цэлы тыдзень. З гэтага дня па 20 снежня прымацоўваў я ў склепе палiцы, забiваў у перагародку цвiкi i развешваў усе рэчы, якiя можна павесiць.
20 снежня. Перанёс у пячору ўсё начынне i расклаў на месца. Цяпер мая гаспадарка ў парадку. Зрабiў яшчэ адно крэсла i прыбiў некалькi маленькiх палiчак для правiзii – атрымалася нешта накшталт буфета. Дошак у мяне застаецца вельмi мала.
24 снежня. Усю ноч i ўвесь дзень iшоў лiвень. Не выходзiў з дому.
26 снежня. Дождж спынiўся. Праяснела. Пахаладнела.
27 снежня. Падстрэлiў двое казлянят: адно забiў, а другое паранiў у нагу, так што яно не здолела ўцячы. Злавiў яго i прывёў дадому на вяроўцы. Дома агледзеў яго нагу: яна была перабiта; я забiнтаваў яе.
Заўвага: я адхаяў гэтае казляня; перабiтая нага зраслася, i казляня пачало цудоўна бегаць. Але ад мяне яно не ўцякала: я так доўга даглядаў яго, што яно прызвычаiлася да мяне i не хацела мяне пакiдаць. Яно хадзiла на пашы непадалёк ад мае палаткi. Назiраючы за iм, я падумаў, што добра было б мне развесцi хатнюю жывёлу, каб падрыхтаваць сабе харч к таму часу, калi ў мяне скончацца зарады i порах.
28, 29, 30 i 31 снежня. Страшэнная спякота, i зусiм няма ветру. Выходзiў з дому на паляванне толькi вечарам. Навёў канчатковы парадак у сваёй гаспадарцы.
1 студзеня 1660 года. Гарачыня не спадае, i ўсё роўна сёння я хадзiў двойчы на паляванне: на досвiтку i вечарам. Днём адпачываў. Пад вечар прайшоўся далiнаю ў глыбiню выспы i бачыў многа коз, але яны такiя палахлiвыя, што падысцi да iх блiзка зусiм немагчыма. Хачу паспрабаваць паляваць на iх з сабакам.
2 студзеня. Сёння ўзяў сабаку i нацкаваў яго на коз, але нiчога не атрымалася: увесь статак павярнуў раптам насустрач сабаку. Сабака, напэўна, выдатна зразумеў небяспеку, якая яму пагражала, кiнуўся наўцёкi i нiзашто не хацеў больш наблiзiцца да коз.
3 студзеня. Вырашыў зрабiць агароджу i насыпаць вакол яе земляны вал, таму што ўсё яшчэ баюся раптоўнага нападу ворага. Паспрабую зрабiць гэты вал як мага мацнейшым...
Сваю агароджу я апiсаў ужо на папярэднiх старонках i таму не паўтараю нiчога з таго, пра што iдзе гаворка ў маiм дзённiку.
Разам з тым, памiж справаю i калi, вядома, дазваляла надвор'е, я працягваў сваё штодзённае блуканне па выспе, адшукваючы дзiчыну. У час гэтых блуканняў я зрабiў нямала карысных адкрыццяў. Я, напрыклад, натрапiў на пароду дзiкiх галубоў, якiя, у адрозненне ад нашых, майстравалi свае гнёзды не на дрэвах, а ў расколiнах скал, так што чалавеку дабрацца да iх было куды лягчэй.
Аднойчы я забраў з гнязда птушанят i прынёс iх дадому, каб выкармiць i прыручыць. Я многа патрацiў на iх часу, але як толькi яны падраслi i ў iх падужэлi крылы, яны паляцелi адно за адным. Магчыма, аднак, гэта адбылося таму, што я не меў для iх адпаведнага корму.
Пасля гэтага выпадку я нярэдка забiраў птушанят з гнязда, таму што яны былi вельмi смачныя i з iх можна было прыгатаваць цудоўны абед.
За гэты час я зрабiўся сапраўдным сталяром i дзейнiчаў сякераю i рубанкам ужо з вялiкiм майстэрствам.
Але ўсё ж былi i такiя рэчы, якiя я так i не здолеў змайстраваць. Напрыклад, бочачкi. У мяне было, як я казаў раней, дзве цi тры бочачкi з карабля, якiя маглi паслужыць мне ўзорам, але колькi я нi бiўся, хоць i патрацiў на гэта некалькi тыдняў, у мяне нiчога не атрымалася. Я не здолеў нi ўставiць дно, нi падагнаць настолькi шчыльна клёпкi, каб яны не прапускалi вады. Так я i кiнуў гэту сваю задуму.
Вельмi цяжка было абыходзiцца без свечак. Здаралася, што, як толькi змеркне (змяркала а сёмай гадзiне), я вымушаны быў класцiся ў пасцель. Я часта ўспамiнаў той кавалак воску, з якога мы разам з Ксуры рабiлi свечкi ў час нашых вандровак каля берагоў Афрыкi. Але воску ў мяне не было, i адзiнае, што я мог прыдумаць, гэта выкарыстаць тлушч тых коз, якiх я страляў на паляваннi. I я сапраўды змайстраваў сабе свяцiльнiк з казiнага тлушчу: каганец зляпiў уласнаручна з глiны i як мае быць высушыў яго на сонцы, а кнотам мне паслужыла старая канапляная аборка. Каганец гарэў вельмi цмяна, куды горш, чым свечка з воску. Да таго ж ён вельмi мiгаў i раз-пораз патухаў.
Аднойчы, будучы заняты ўсiмi гэтымi справамi па ўладкаванню свае гаспадаркi, я шукаў нейкую патрэбную мне рэч у сябе на складзе i раптам наткнуўся на невялiкi мяшэчак з ячменем; гэта быў той самы ячмень, якi мы везлi на караблi нашым гусям i курам. Усё збожжа, якое яшчэ заставалася, было з'едзена пацукамi; так ва ўсякiм разе мне здалося, калi я зiрнуў у мяшэчак: мне здалося, што там адна труха. Мяшэчак спатрэбiўся мне на порах, я вынес яго на двор i вытрас непадалёку ад пячоры.
Гэта было незадоўга ад таго, як пачалiся лiўнi, пра якiя я казаў ужо ў сваiм дзённiку. Я даўно забыў пра той выпадак, я нават не памятаў, дзе я вытрасаў мяшок.
Але вось прайшло з месяц, i я ўбачыў пад гарою, ля самае пячоры, некалькi зялёных парасткаў, якiя толькi што выбiлiся з зямлi. Спачатку я падумаў, што гэта якая-небудзь туземная траўка, якую я раней не заўважаў. Але мiнула некалькi дзён, i я са здзiўленнем убачыў, што зялёныя сцяблiнкi (iх было штук дзесяць – дванаццаць, не болей) закаласiлiся i хутка аказалiся каласамi звычайнага ячменю, якi расце ў нас, у Ангельшчыне. Немагчыма перадаць, як усхвалявала мяне гэта адкрыццё. Ад радасцi я ледзь не страцiў розуму: у першы момант мне здалося, што здарыўся цуд i ячмень вырас сам па сабе, без насення, каб падтрымаць маё жыццё ў жудаснай пустынi.
Гэта недарэчная думка так мяне ўзрушыла, што я заплакаў. I "цуд" на гэтым не скончыўся: хутка памiж каласамi ячменю паказалiся сцяблiнкi другой раслiны, а менавiта рысу: я iх лёгка пазнаў, бо, калi жыў у Афрыцы, часта бачыў рыс на палях.
Я не толькi быў упэўнены, што гэты рыс i гэты ячмень пасланы мне самiм богам, якi клапоцiцца, каб я не памёр з голаду, але не сумняваўся ў тым, што на выспе мне прызапашана яшчэ нямала такiх каласоў. Я аблазiў усе куточкi сваёй выспы, агледзеў усе лагчынкi i пагорачкi, але нiдзе не знайшоў нi рысу, нi ячменю.
Толькi тады, нарэшце, я ўспомнiў пра мех з птушыным кормам, якi я высыпаў каля свае пячоры.
У тым мяшку былi зярняты, з якiх i выраслi гэтыя каласы. "Цуд" тлумачыўся вельмi проста!
Можаце ўявiць сабе, як старанна я сабраў каласы, калi яны паспелi (гэта здарылася ў канцы лiпеня). Я падабраў з зямлi ўсе да адзiнага зярняткi i схаваў iх у сухiм надзейным месцы. Увесь ураджай першага года я вырашыў пакiнуць на насенне: я спадзяваўся, што з цягам часу ў мяне збярэцца такi запас збожжа, што яго будзе хапаць мне i на насенне i на хлеб.
Аднак толькi на чацвёрты год я здолеў адсыпаць на ежу частку зярнят, ды i то вельмi нязначную. Справа ў тым, што ў мяне прапаў амаль увесь ураджай ад першага пасеву: я кепска разлiчыў час, пасеяў перад самай засухай, i многа насення ў мяне не ўзышло. Але пра гэта я раскажу ў свой час.
Апрача ячменю, у мяне вырасла, як я ўжо казаў, дваццаць цi трыццаць сцяблiн рысу. Рыс я сабраў гэтак жа руплiва, пакiнуўшы ўвесь першы ўраджай на насенне. Потым, калi рысу сабралася дастаткова, я спёк з яго не тое каб хлеб (мне не было ў чым яго пячы), а хутчэй праснакi, якiя замянялi хлеб. Праўда, праз нейкi час я ўсё ж прыдумаў спосаб, як пячы хлеб.
Але вяртаюся да свайго дзённiка.
14 красавiка. Агароджа была зусiм скончана i завалена знадворку зямлёй. Я глуха забiў уваход, таму што вырашыў дзеля бяспекi заходзiць i выходзiць па прыстаўных лесках, каб знадворку нельга было здагадацца, што за агароджай схавана чалавечае жытло.
16 красавiка. Скончыў лескi. Пералажу цераз сцяну i кожны раз падымаю лескi за сабою. Цяпер я агароджаны з усiх бакоў. У маёй крэпасцi дастаткова прасторна, i пранiкнуць сюды можна толькi цераз сцяну.
Аднак на другi дзень пасля таго, як я канчаткова замураваў сваю агароджу, здарылася адна падзея, якая страшэнна мяне напалохала; уся мая праца ледзь не прапала марна, ды i сам я ледзь застаўся жывы.
Вось як усё адбылося.
Я чымсьцi быў заняты на дварэ, за палаткай, ля самай пячоры, як раптам са столi пячоры, з краю, якраз над маёй галавой, пасыпалася зямля i пярэднiя палi, якiя я паставiў, каб змацаваць скляпенне, абвалiлiся са страшэнным трэскам. Я вельмi напалохаўся, але не зразумеў, што адбылося. Мне здалося, што скляпенне абвалiлася, як гэта здаралася i раней, таму што была рыхлая глеба.
"Калi я застануся тут, – падумаў я, – мяне засыпле новым абвалам. Трэба хутчэй уцякаць адсюль, каб на мяне не абвалiлася гара!"
Я схапiў лескi i пералез цераз сцяну.
Не паспеў я ступiць на зямлю, як зразумеў, што прычынай абвалу гэты раз быў землятрус. Зямля хадзiла ў мяне пад нагамi, i на працягу некалькiх хвiлiн здарылася тры такiх моцных штуршкi, што магло рассыпацца самае моцнае збудаванне. Я бачыў, як ад скалы, што высiлася над морам, раптам адкалолася вяршыня i абвалiлася з такiм грукатам, якога я не чуў нi разу за ўсё сваё жыццё.
Усё мора страшэнна бушавала i пенiлася, i мне здаецца, што на моры падземныя штуршкi былi куды мацнейшыя нават, чым на выспе.
Нiчога падобнага раней я не чуў i не бачыў i таму зараз быў страшэнна здзiўлены i ўзбуджаны. Ад ваганняў зямлi ў мяне пачалася марская хвароба, як ад карабельнай гайданкi. Мяне пачало ванiтаваць. Мне здавалася, што я памiраю.
У гэты час са страшэнным грукатам абвалiлася скала. Да мяне вярнулася свядомасць, i мне прыйшла ў галаву страшэнная думка: што здарыцца са мною, калi на маю палатку абвалiцца гара i назаўсёды пахавае ўсе мае рэчы, маю ежу усё, без чаго я не здолею пражыць? I сэрца зноў замерла.
Пасля трэцяга штуршка надышло зацiшша. Я адчуў сябе лепш, але ў мяне ўсё-такi не хапала адвагi адразу вярнуцца дадому. Доўга яшчэ, панылы, сядзеў я на зямлi, не ведаючы, што вырашыць, з чаго пачаць.
Мiж тым хмары засланiлi неба i як перад дажджом сцямнела. Падзьмуў ветрык, спачатку невялiкi, амаль непрыкметны, потым ён усё мацнеў i мацнеў, i праз паўгадзiны наляцела бура. Мора ўспенiлася, закiпела i з шалёным выццём пачало кiдацца на берагi. Дрэвы выварочвала з карэннем. Так працягвалася гадзiны тры. Нiколi не бачыў я такое раз'юшанай буры. Потым бура пачала патроху сцiхаць. Гадзiны праз дзве надышла цiшыня, i тады хлынуў лiвень.
Увесь наступны дзень 18 красавiка я праседзеў дома, таму што дождж iшоў не сцiхаючы. Патроху я супакоiўся i пачаў цвяроза ўзважваць сваё становiшча. Я так разважаў. Жыць у пячоры я больш не здолею, таму што гэта вельмi небяспечна: калi на выспе здараюцца землятрусы, цяпер цi пасля гара абавязкова абвалiцца i пахавае мяне жывога; трэба, значыць, перанесцi палатку куды-небудзь на голае месца. А каб пазбегнуць небяспекi ад нападу дзiкуноў цi звяроў, давядзецца зноў будаваць высокую сцяну.
Два наступныя днi 19-га i 20-га я з ранiцы да вечара падшукваў сабе новую мясцiну для жытла. Паступова я ўсвядомiў, што на перасяленне спатрэбiцца многа часу i што пакуль мне ўсё роўна давядзецца рызыкаваць i мiрыцца з небяспекай абвалу, бо на неабгароджаным месцы жыць яшчэ больш небяспечна. I ўсё-такi я меркаваў узяцца за пабудову агароджы на новым месцы, не трацячы часу, каб пазней, калi яна будзе скончана, перанесцi туды сваю палатку. 21 красавiка я канчаткова вырашыў узяцца за справу.
З 22 па 27 красавiка. Усю ранiцу 22-га я думаў пра тое, як ажыццявiць мой план. Галоўная цяжкасць была ў недахопе iнструмента. У мяне былi тры вялiкiя сякеры i мноства маленькiх сякерак (мы везлi iх, каб гандляваць iмi), але ўсе яны даўно ўжо былi зазубраныя i ступiлiся, бо мне заўсёды даводзiлася секчы вельмi цвёрдыя, сукаватыя дрэвы. Праўда, у мяне было тачыла, але аднаму чалавеку справiцца з iм было немагчыма, таму што некаму iншаму трэба было прыводзiць камень у рух.
Я думаю, што нi адзiн дзяржаўны дзеяч, ламаючы галаву над важнымi палiтычнымi пытаннямi, не трацiў столькi разумовай сiлы, колькi патрацiў я, развязваючы складаную задачу: як круцiць маё тачыла без удзелу рук.
Нарэшце я змайстраваў такое кола, якое з дапамогай паса нагою прыводзiлася ў рух i круцiла тачыльны камень, вызваляючы абедзве рукi. Над гэтым прыстасаваннем я змарнаваў цэлы тыдзень.
Заўвага. Да таго часу я нiколi не бычыў тачыла з нажным прыводам, а калi i бачыў, то не ўглядаўся, як яно зроблена; значна пазней я ўпэўнiўся, што ў Ангельшчыне такiя тачылы вельмi распаўсюджаныя, толькi там звычайна тачыльны камень меншы, чым той, што быў у мяне: мой быў вельмi вялiкi i цяжкi.
28 i 29 красавiка. I сёння i ўчора цэлы дзень я тачыў свой iнструмент; маё тачыла дзейнiчае выдатна.
30 красавiка. Сёння заўважыў, што ў мяне засталося вельмi мала сухароў. Трэба быць вельмi ашчадным. Пералiчыў усе мяхi i вырашыў з'ядаць не больш чым адзiн сухар у дзень. Гэта сумна, але нiчога не зробiш.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ
Рабiнзон забiрае рэчы з карабля. – Хвароба i туга.
1 траўня. Сёння ранiцой у час адлiву я заўважыў на беразе нейкую рэч, здалёку падобную на бочку. Пайшоў паглядзець, i выявiлася, што гэта сапраўды бочка.
Тут жа былi раскiданы абломкi карабля. Напэўна, усё гэта выкiнула на бераг бура. Я паглядзеў у той бок, дзе тырчаў каркас карабля, i мне здалося, што ён выступае над вадой больш, чым звычайна.
У бочцы быў порах, пашкоджаны вадой: ён увесь прамок i зацвярдзеў. Але я ўсё роўна выкацiў бочку вышэй, каб яе не знесла ў мора, а сам па аголеным дне накiраваўся да разбiтага карабля – паглядзець, цi не трапiцца там яшчэ чаго-небудзь вартага для мяне.
Падышоўшы блiжэй, я заўважыў, што карабель трымаецца неяк вельмi дзiўна. Ужо даўно яго карма зусiм ад яго адкалолася, але цяпер яна была адкiнута ўбок, i хвалi разбiлi яе на кавалкi. Насавая ж частка карабля, якая раней амаль утыкалася ў пясок, паднялася, напэўна, футаў на шэсць. Апрача таго, з боку палубы карма была занесена пяском, i з гэтага ж боку, да берага, утварылася пясчаная водмель, так што цяпер я мог упрытык падысцi да карабля. Раней яшчэ за чвэрць мiлi да яго пачыналася водмель, i, як памятае чытач, мне даводзiлася плаваць. Я доўга не мог зразумець, чаму так змянiлася становiшча карабля, а потым здагадаўся, што гэта адбылося ў вынiку землятруса.
Землятрус да такой ступенi разбiў i раскалоў карабель, што цяпер да берага штодня пачало прыбiваць ветрам i цячэннем розныя рэчы, якiя вада вымывала з адкрытага трума.
Здарэнне з караблём цяпер захапiла ўсе мае думкi. Цяпер я i думаць забыўся пра мой намер перасяляцца на новае месца. Увесь наступны дзень я думаў пра тое, як мне прабрацца ўнутр карабля. Задача была няпростая, таму што ўсё аказалася забiта пяском. Але гэта мяне не спынiла: я ўжо навучыўся нiколi не адступацца перад цяжкасцямi i не адчайвацца. Я пачаў разбiраць карабель па частках, таму што добра разумеў: у маiм становiшчы можа стаць прыдатны любы хлам.
3 траўня. Я прыхапiў з сабою пiлу i паспрабаваў распiлаваць ацалелыя часткi кармы, але давялося спынiць працу, бо пачаўся прылiў.
4 траўня. Лавiў рыбу, але няўдала: усё траплялася такая, якую нельга есцi. Гэта мне надакучыла, i я сабраўся ўжо iсцi, але яшчэ раз закiнуў вуду i выцягнуў невялiкага дэльфiна. Вуда ў мяне самаробная: лёску я змайстраваў з пянькi ад старой вяроўкi, а кручкi зрабiў з дроту, таму што сапраўдных рыбалоўных кручкоў у мяне няма. I ўсё роўна я часам лавiў сваёй вудай столькi рыбы, што з мяне было дастаткова. Еў я рыбу сушаную, добра правэндзiўшы яе на сонцы.
5 траўня. Працаваў на караблi. Падпiлаваў бiмс*, ададраў ад палубы тры вялiкiя сасновыя дошкi, звязаў iх разам i, дачакаўшыся прылiву, паплыў на плыце да берага.
* Бiмс – папярэчная бэлька, якая падтрымлiвае палубу.
24 траўня. Усё яшчэ працую на караблi. Многа рэчаў у труме было састаўлена вельмi цесна, цяпер я рассунуў iх ломам, i з першым жа прылiвам яны ўсплылi наверх: некалькi бочачак i два матроскiя куфэркi. На жаль, iх знесла ў мора вецер дзьмуў з берага. Але сёння вецер змянiўся i хвалi выкiнулi на бераг бочку з рэшткай бразiльскай свiнiны, якая, дарэчы, была не прыгодная для ежы, таму што ў бочку трапiла многа салёнай вады i пяску.
16 чэрвеня. Знайшоў на беразе вялiзную чарапаху. Раней я нiколi не бачыў тут чарапах.
17 чэрвеня. Спёк чарапаху на вуголлi. Знайшоў у ёй каля шасцiдзесяцi яек. Нiколi ў жыццi я, здаецца, не еў такога смачнага мяса! Не дзiва: да гэтага дня мая мясная ежа на выспе складалася толькi з казлiнага i птушынага мяса.
18 чэрвеня. З ранiцы да вечара лье дождж, я не выходжу з дому. Увесь дзень мяне б'е лiхаманка, хоць, наколькi мне вядома, у гэтых мясцiнах не бывае халоднага дажджу.
19 чэрвеня. Мне ўсё яшчэ нядужыцца: дрыжу ад холаду, нiбыта зiмой.
20 чэрвеня. Усю ноч не заплюшчыў вачэй: балiць галава i трасе лiхаманка.
21 чэрвеня. Мне вельмi кепска! Баюся расхварэцца i страцiць сiлу. Што тады са мною будзе?
22 чэрвеня. Сёння мне як быццам лепш, але не ведаю, цi надоўга.
24 чэрвеня. Куды лепш.
25 чэрвеня. Страшэнная лiхаманка. Сем гадзiн запар мяне кiдала то ў гарачку, то ў холад. Скончылася потам i амаль непрытомнасцю.
26 чэрвеня. Мне лягчэй. У мяне скончыўся ўвесь запас мяса, i я павiнен быў пайсцi на паляванне, хоць i адчуваў страшэнную слабасць. Забiў казу, ледзь прыцягнуў яе дадому, спёк кавалачак мяса на вуголлi i з'еў. Вельмi хацелася зварыць супу, але ў мяне няма нi каструлi, нi гаршка.
27 чэрвеня. Зноў лiхаманка, такая моцная, што я ўвесь дзень праляжаў без яды i вады. Я памiраў ад смагi, але не меў сiлы ўстаць i пайсцi па ваду.
28 чэрвеня. Ноччу мучыўся ад смагi, але нi ў палатцы, нi ў пячоры не было нi кроплi вады, i мне давялося пакутаваць да ранiцы. Толькi пад ранiцу здолеў заснуць. Падрыхтаваў сабе лекi: тытунёвую настойку i ром. Выпiў яго, i мяне пачало ванiтаваць. Але ўсё ж крыху палягчала.
30 чэрвеня. Я адчуваў сябе здаровым увесь дзень. Лiхаманкi не было. Пахадзiў са стрэльбай, але нядоўга: пабаяўся заходзiць далёка. У абед з апетытам з'еў чарапашыныя яйкi. Вечарам паўтарыў тыя ж лекi, якiя памаглi мне ўчора.
I ўсё роўна на другi дзень, 1 лiпеня, мне зноў зрабiлася кепска: мяне зноў калацiла лiхаманка, хоць гэты раз i менш, чым раней.
З 3 лiпеня мая лiхаманка больш не вярталася. Але канчаткова я ачуняў толькi тыднi праз два-тры...
Так пражыў я дзесяць месяцаў на гэтай самотнай выспе. Мне было зразумела, што выратавацца адсюль у мяне няма нiякай магчымасцi. Я быў цвёрда ўпэўнены, што да мяне тут нiколi не ступала нага чалавека.
Цяпер, калi маё жытло было абнесена трывалай агароджай, я вырашыў самым старанным чынам даследаваць выспу, каб даведацца, цi няма на ёй якiх-небудзь iншых жывёл i раслiн, якiя здолелi б прынесцi мне карысць.
З 15 лiпеня я пачаў агляд. Перш за ўсё я накiраваўся да той маленькай бухты, куды я прычальваў свае плыты. У бухту ўпадаў ручай. Прайшоўшы мiлi дзве ўверх па цячэннi, я ўпэўнiўся, што прылiў туды не даходзiць, таму што на гэтым месцы i вышэй вада ў ручаi аказалася прэснай, празрыстай i чыстай. Мясцiнамi ручай перасох, бо ў гэту пару года тут не iдуць дажджы.
Берагi ручая былi нiзкiя; ручай працякаў прыгожым лугам. Кругом зелянелi густыя, высокiя травы, а далей, на схiле пагорка, у вялiкай колькасцi рос тытунь. Разлiў не даходзiў да гэтых мясцiн, i таму тытунь тут аж буяў. Там былi i iншыя раслiны, якiх раней я нiколi не бачыў; магчыма, калi б я ведаў iх асаблiвасцi, я мог бы выкарыстаць iх з вялiкай карысцю для сябе.
Я шукаў касаву*.
* Касава – дрэўца, якое разводзiцца ў Амерыцы; у карэннi касавы многа спажыўнага крухмалу.
З кораня яе iндзейцы, якiя жывуць у гарачым клiмаце, робяць хлеб. Але я не знайшоў яе. Затое бачыў цудоўныя экземпляры альясу* i цукровага трыснягу.
* Альяс – трапiчная раслiна з сямейства лiлейных.
Але я не ведаў, цi можна прыгатаваць якую-небудзь ежу з альясу, а цукровы трыснёг быў дзiкi i таму не прыгодны для вырабу цукру.
На другi дзень, 16-га, я зноў пабыў у тых мясцiнах i прайшоў крыху далей туды, дзе канчалiся лугi. Там я знайшоў многа розных пладоў. Больш за ўсё было дыняў. А па ствалах дрэў вiлася вiнаградная лаза. А над галавой вiселi цяжкiя спелыя гронкi. Гэта адкрыццё i здзiвiла i ўзрадавала мяне. Вiнаград аказаўся вельмi салодкi. Я вырашыў нарыхтаваць яго ў запас – высушыць на сонцы i, калi з яго атрымаюцца разынкi, хаваць яго ў кладоўцы: разынкi такiя прыемныя на смак i карысныя здароўю. Для гэтага я сабраў, колькi здолеў, вiнаградных гронак i развесiў iх на дрэвах.
У гэты дзень я не вярнуўся начаваць, мне захацелася застацца ў лесе. Непакоячыся, што ўначы на мяне можа напасцi якi-небудзь драпежнiк, я, як i ў першы дзень, калi трапiў на выспу, ускараскаўся на дрэва i так прабыў усю ноч.
Спаў я добра, а ранiцой накiраваўся далей. Я прайшоў яшчэ мiлi чатыры ў ранейшым кiрунку на поўнач. У канцы дарогi я адкрыў новую цудоўную далiну. З вяршынi аднаго з пагоркаў браў свой пачатак сцюдзёны i быстрацечны ручай. Ён прабiваўся на ўсход.
Я пайшоў далiнаю. Справа i злева ўзвышалiся пагоркi. Усё вакол зелянела, квiтнела. Мне здавалася, што я ў духмяным садзе, дагледжаным стараннем чалавека. Кожны куст, кожнае дрэўца i кожная кветка стаялi ў пышным уборы. Какосавыя пальмы, апельсiнавыя i лiмонныя дрэвы раслi тут скрозь, але яны былi дзiкiя, i толькi некаторыя з iх мелi плады. Я нарваў зялёных лiмонаў i потым пiў ваду з лiмонным сокам. Гэты напiтак мяне вельмi асвяжаў i быў карысны для майго здароўя.
Толькi праз тры днi я вярнуўся дадому (так буду цяпер называць сваю палатку i пячору). Я з захапленнем успамiнаў цудоўную маляўнiчую далiну, якую я знайшоў, уяўляў яе гаi, з багаццем пладовых дрэў, думаў пра тое, як яна добра затулена ад вятроў, колькi там крынiчнай вады, i я прыйшоў да заключэння, што месца, дзе я збудаваў сабе дом, я выбраў няўдала: гэта найгоршая мясцiна на ўсёй выспе. А зрабiўшы такое заключэнне, я, натуральна, пачаў марыць пра тое, як бы мне перасялiцца ў тую квiтнеючую зялёную далiну, дзе такое багацце розных пладоў. Трэба было толькi адшукаць у той далiне адпаведнае месца i абгарадзiць яго ад нападу драпежнiкаў.
Гэта думка доўга хвалявала мяне: свежая зелянiна цудоўнай далiны так i клiкала мяне да сябе. Мара аб перасяленнi захапляла мяне i радавала. Але калi я дакладна абдумаў гэты план, калi разважыў, што зараз з мае палаткi я заўсёды бачу мора, а гэта азначае, маю хоць маленькую надзею на шчаслiвую змену ў маiм лёсе, я сказаў сабе, што мне нi ў якiм разе не варта перабiрацца ў далiну, з усiх бакоў закрытую пагоркамi. Можа ж так здарыцца, што хвалi занясуць на гэты бераг другога небараку, пацярпеўшага караблекрушэнне ў моры, i хто б ён нi быў, той няшчасны, я буду рады яму, як лепшаму сябру. Вядома, на такую выпадковасць надзеi было мала, але схавацца сярод гор i лясоў, у глыбiнi выспы, удалечынi ад мора, азначала б назаўсёды замураваць сябе ў гэтай турме i да самае смерцi забыць усякiя мары пра волю.
I ўсё роўна я так палюбiў тую далiну, што прабыў там амаль увесь канец лiпеня i зладзiў сабе там другое жытло. Я паставiў у далiне будан, абгарадзiў яго наглуха моцным двайным частаколам вышэй чалавечага росту, а прамежкi памiж частаколiнамi залажыў ламаччам; выходзiў жа з двара i заходзiў у двор, як i ў маiм старым жытле, па прыстаўных лесках.
Такiм чынам, мне i тут не было чаго баяцца нападу дзiкiх звяроў. Мне так падабалася быць у гэтых новых мясцiнах, што я часам затрымлiваўся там па некалькi сутак, i дзве-тры ночы запар я спаў у будане, i мне вельмi лёгка дыхалася.
"Цяпер у мяне на беразе мора ёсць дом, а ў лесе лецiшча", – казаў я сам сабе. Работы па збудаванню гэтага "лецiшча" забралi ў мяне ўвесь час да пачатку жнiўня.
3 жнiўня я ўбачыў, што мае развешаныя гронкi вiнаграду ўжо высахлi i з iх атрымалiся выдатныя разынкi. Я адразу ж пачаў iх збiраць. Трэба было спяшацца, iнакш iх сапсаваў бы дождж, i я пазбавiўся б амаль усiх сваiх зiмовых прыпасаў, а прыпасы ў мяне былi багатыя: напэўна, каля двухсот вельмi буйных гронак. I ледзь толькi паспеў я зняць з дрэва i занесцi ў пячору апошнюю гронку, як насунулiся чорныя хмары i хлынуў лiвень. Ён iшоў без супынку два месяцы: з 14 жнiўня да паловы кастрычнiка. Часам гэта быў сапраўдны патоп, i тады я не меў магчымасцi выйсцi з пячоры па некалькi дзён.
За гэты час, на маё вялiкае задавальненне, у мяне павялiчылася сям'я. Адна мая кошка даўно ўжо сышла з дому i дзесьцi прападала, я думаў, што яна загiнула, i мне было шкада яе, як раптам у канцы жнiўня яна вярнулася i прывяла траiх кацянят.
З 14 па 26 жнiўня дажджы не спынялiся, i я амаль не выходзiў з дому, таму што пасля хваробы асцерагаўся трапляць пад дождж, баючыся прастуды. Але пакуль я сядзеў у пячоры i чакаў добрага надвор'я, мае харчовыя прыпасы пачалi падыходзiць к канцу, i таму я разы два нават рызыкнуў схадзiць на паляванне. Першы раз я падстрэлiў казу, а другi, 26-га, злавiў вялiзную чарапаху, з якой згатаваў сабе цэлы абед. Наогул у той час маё харчаванне размяркоўвалася так: на снеданне гронка разынак, на абед кавалак казляцiны або чарапашынага мяса (спечанага на вуголлi, таму што, на жаль, у мяне не было ў чым варыць цi смажыць), на вячэру два цi тры чарапашыныя яйкi.
Усе гэтыя дванаццаць дзён, пакуль я хаваўся ў пячоры ад дажджу, я штодня па дзве цi па тры гадзiны займаўся землянымi работамi, бо даўно ўжо надумаўся павялiчыць свой склеп. Я капаў i капаў яго ўсё ў адзiн бок i, нарэшце, вывеў за агароджу.
Цяпер у мяне быў скразны ход, i я зрабiў тут патайныя дзверы, праз якiя мог заходзiць i выходзiць, не карыстаючыся прыстаўнымi лескамi. Гэта, вядома, было зручна, але затое не так спакойна, як раней: раней маё жытло было агароджана з усiх бакоў, i я мог спаць, не баючыся ворагаў; цяпер жа прабрацца ў пячору было проста: доступ да мяне быў адкрыты! Не разумею толькi, як я тады не даўмеўся, што баяцца мне няма каго, таму што за ўвесь час я не сустрэў на выспе нiводнае жывёлiны, большай за казу.
30 верасня. Сёння сумная гадавiна майго жыцця на выспе. Я падлiчыў зарубкi на слупе, i выявiлася, што жыву я тут роўна трыста шэсцьдзесят пяць дзён!
Пашанцуе мне цi не калi-небудзь вырвацца з гэтай турмы на волю?