Текст книги "Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)"
Автор книги: Даниэль Дефо
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 12 страниц)
Набраўшы поўныя збаны вады, мы прыгатавалi шыкоўнае снеданне з забiтага звярка i паплылi далей. Так мы i не знайшлi ў гэтай мясцовасцi нiякiх слядоў чалавека.
Пасля таго як мы выйшлi з вусця рэчкi, мне яшчэ некалькi разоў даводзiлася ў час нашага далейшага плавання прычальваць да берага, каб набраць вады.
Аднойчы ўраннi мы кiнулi якар каля нейкага высокага мыса. Пачаўся ўжо прылiў. Раптам Ксуры, у якога былi вельмi зоркiя вочы, прашаптаў:
– Паплывём далей ад гэтага берага. Зiрнiце, якое страшыдла ляжыць вунь там на пагорку. Яно моцна спiць, але невядома, што будзе, як яно прачнецца.
Я зiрнуў у той бок, куды паказваў Ксуры, i сапраўды ўбачыў страшэннага звера. Гэта быў велiзарны леў. Ён ляжаў пад выступам гары.
– Слухай, Ксуры, – сказаў я. – Iдзi на бераг i забi гэтага льва.
Хлопчык спалохаўся.
– Каб я яго забiў! – усклiкнуў ён. – Ды гэты ж леў мяне праглыне, як муху!
Я папрасiў яго не варушыцца i, не сказаўшы яму больш нi слова, прынёс з каюты ўсе нашы стрэльбы (iх было тры). Адну, самую вялiкую, я зарадзiў двума кавалкамi свiнца, папярэдне насыпаўшы ў рулю добры зарад пораху; у другую ўкацiў дзве вялiкiя кулi, а ў трэцюю – пяць куль паменей.
Узяўшы першую стрэльбу i старанна прыцэлiўшыся, я стрэлiў у звера. Я цэлiўся яму ў галаву, але ён ляжаў так, што лапа прыкрывала галаву на ўзроўнi вачэй, i зарад трапiў у лапу i раздрабiў косць. Леў зароў i ўсхапiўся, але, адчуўшы раптам боль, павалiўся, потым падняўся на трох лапах i закульгаў далей ад берага з такiм ровам, якога я нiколi не чуў.
Я быў крыху збянтэжаны, што не пацэлiў яму ў галаву; аднак, не марудзячы нi хвiлiны, узяў другую стрэльбу i стрэлiў зверу наўздагон. На гэты раз мой зарад трапiў якраз у цэль. Леў павалiўся з ледзь чутным хрыплым стогнам.
Калi Ксуры ўбачыў параненага звера, увесь яго страх прайшоў, i ён пачаў прасiць мяне, каб я пусцiў яго на бераг.
– Iдзi, – сказаў я.
Хлопчык скочыў у ваду i паплыў да берага, грабучы адной рукою, таму што ў другой трымаў стрэльбу. Наблiзiўшыся да звера, ён прыставiў рулю стрэльбы яму да вуха i забiў насмерць.
Вядома, прыемна было застрэлiць на паляваннi льва, але мяса яго было непрыдатна для ежы, i я пашкадаваў, што мы страцiлi тры зарады на такую нiкчэмную дзiчыну. Аднак Ксуры сказаў, што ён ўсё ж паспрабуе чым-небудзь пажывiцца ў забiтага льва i, калi мы вярнулiся ў шлюпку, папрасiў у мяне сякеру.
– Навошта? – спытаў я.
– Адсекчы яму галаву, – адказаў ён.
Аднак адсекчы галаву ён не здолеў, у яго не хапала сiлы: ён адсек толькi лапу i прынёс яе на нашу шлюпку. Лапа была неймавернага памеру.
Тут мне падумалася, што шкура гэтага льва можа нам спатрэбiцца, i я вырашыў паспрабаваць злупiць з яго шкуру. Мы зноў вярнулiся на бераг, але я не ведаў, як нават прыступiцца да гэтай работы. Ксуры аказаўся больш спрытны, чым я.
Працавалi мы цэлы дзень. I злупiлi шкуру толькi пад вечар. Мы расцягнулi яе на даху нашай маленькай каюты. Праз два днi яна зусiм высахла на сонцы i потым служыла нам за пасцель.
Адчалiўшы ад гэтага берага, мы паплылi проста на поўдзень i дзён дзесяць дванаццаць плылi, не мяняючы свайго кiрунку. Харч наш канчаўся, i таму нашы запасы мы старалiся расцягнуць як мага надалей. На бераг мы выходзiлi толькi па прэсную ваду.
Я хацеў дабрацца да вусця ракi Гамбii цi Сенегала, гэта значыць да тых мясцiн, якiя прылягаюць да Зялёнага мыса, таму што спадзяваўся сустрэць там якi-небудзь эўрапейскi карабель. Я ведаў, што, калi я не сустрэну карабля ў гэтых мясцiнах, мне застанецца або плыць у адкрытае мора на пошукi выспаў, або загiнуць сярод чарнаскурых – iншага выбару ў мяне не было.
Я ведаў, што ўсе караблi, якiя iдуць з Эўропы, куды б яны нi накiроўвалiся – цi да берагоў Гвiнеi, цi ў Бразiлiю, цi ў Ост-Iндыю, – праходзяць паўз Зялёны мыс, i таму мне здавалася, што ўсё маё шчасце залежыць ад таго, сустрэну я цi не якое-небудзь эўрапейскае судна каля Зялёнага мыса.
"Калi не сустрэну, – казаў я сабе, – мне пагражае верная смерць".
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ
Сустрэча з дзiкунамi
Прайшло яшчэ дзён дзесяць. Мы няўхiльна рухалiся на поўдзень.
Спачатку ўзбярэжжа было пустэльнае; потым разы два-тры ў розных мясцiнах мы ўбачылi голых чарнаскурых людзей, якiя стаялi на беразе i пазiралi на нас.
Я неяк надумаўся выйсцi на бераг i пагутарыць з iмi, але Ксуры, мой мудры дарадца, сказаў:
– Не хадзi! Не хадзi! Не трэба!
I ўсё-такi я пачаў трымацца блiжэй да берага, каб мець магчымасць пагутарыць з гэтымi людзьмi. Дзiкуны, вiдаць, зразумелi маё жаданне i доўга беглi за намi берагам.
Я заўважыў, што ў iх не было зброi; толькi адзiн з iх трымаў у руках доўгi тонкi кiй. Ксуры сказаў мне, што гэта кап'ё i што дзiкуны кiдаюць сваi коп'i вельмi далёка i на дзiва трапна. Таму я трымаўся воддаль ад iх i размаўляў з iмi на мiгах, iмкнучыся растлумачыць iм, што мы галодныя i ў нас няма ежы. Яны зразумелi нас i пачалi, у сваю чаргу, тлумачыць мне, каб я спынiў сваю шлюпку, таму што яны маюць намер прынесцi нам ежу.
Я спусцiў ветразь. Шлюпка спынiлася. Двое дзiкуноў пабеглi некуды i праз паўгадзiны прынеслi два вялiкiя кавалкi сушанага мяса i два мяхi з зярнятамi нейкага хлебнага злака, якi рос у тых мясцiнах. Мы не ведалi, якое гэта было мяса i якiя зярняты, аднак адразу ж згадзiлiся ўзяць i тое i другое.
Але як забраць падарунак, якi нам прапанавалi? Выйсцi на бераг мы не адважвалiся: мы баялiся дзiкуноў, а яны – нас. I вось, каб абодва бакi адчувалi сябе ў бяспецы, дзiкуны склалi на беразе ўсю правiзiю, а самi адышлiся далей. I толькi пасля таго, як мы пераправiлi правiзiю на шлюпку, яны вярнулiся на ранейшае месца.
Дабрыня дзiкуноў усхвалявала нас, мы дзякавалi iм на мiгах, таму што самi не маглi зрабiць iм нiякiх падарункаў.
Праўда, у той жа момант здарылася магчымасць i ў нас зрабiць iм вялiкую паслугу.
Не паспелi мы адплысцi ад берага, як раптам убачылi, што з-за гор выбегла два магутныя страшэнныя звяры. Яны iмчалiся што было сiлы проста да мора. Нам здалося, што адзiн з iх гонiцца за другiм. Людзi, якiя былi на беразе, асаблiва жанчыны, страшэнна напалохалiся. Усчалася мiтусня, некаторыя закрычалi, заплакалi. Толькi той дзiкун, у якога было кап'ё, застаўся на месцы, усе астатнiя кiнулiся бегчы хто куды. Але звяры iмчалiся проста да мора i нiкога з чарнаскурых не зачапiлi. Тут толькi я ўбачыў, якiя яны велiзарныя. Яны з разбегу кiнулiся ў ваду i пачалi даваць нырца i плаваць, так што, бадай, можна было падумаць, нiбыта iмчалiся яны сюды з адзiным толькi намерам пакупацца ў моры.
Раптам адзiн з iх падплыў даволi блiзка да нашай шлюпкi. Гэтага я не чакаў, але для мяне гэта не было знянацку: зарадзiўшы хутчэй стрэльбу, я падрыхтаваўся сустрэць ворага. Як толькi ён наблiзiўся да нас на адлегласць ружэйнага стрэлу, я спусцiў курок i прастрэлiў яму галаву. У той жа момант звер апусцiўся ў ваду, потым вынырнуў i паплыў назад да берага, то знiкаючы ў вадзе, то ўсплываючы зноў на паверхню. Ён змагаўся са смерцю, захлынаючыся ў вадзе i сцякаючы крывёю. Не даплыўшы да берага, ён пайшоў на дно.
Нiякiмi словамi немагчыма выказаць, як былi ашаломлены дзiкуны, калi пачулi грукат i ўбачылi агонь майго стрэлу: некаторыя ледзь не паўмiралi са страху, пападалi нiцма на зямлю, як нежывыя.
Але, убачыўшы, што звер забiты i я раблю iм знакi падысцi блiжэй да берага, яны пасмялелi i стоўпiлiся каля самай вады: вiдаць, iм вельмi хацелася знайсцi пад вадою забiтага звера. У тым месцы, дзе ён затануў, вада была пафарбавана крывёю, i таму я вельмi лёгка адшукаў яго. Зачапiўшы звера вяроўкаю, я кiнуў канец яе дзiкунам, i яны прыцягнулi забiтага звера да берага. Гэта быў вялiзны леапард з незвычайна прыгожай плямiстай шкурай. Стоячы над iм у здзiўленнi, дзiкуны ўзнялi рукi ўгару; яны не маглi зразумець, чым я забiў яго.
Другi звер, наплохаўшыся майго стрэлу, падплыў да берага i памчаўся назад у горы.
Я заўважыў, што дзiкунам вельмi хацелася паласавацца мясам забiтага леапарда, i мне прыйшло ў галаву, што будзе добра, калi я падару iм яго.
Я паказаў iм на мiгах, што яны могуць забраць звера сабе.
Яны горача падзякавалi мне i ў той жа момант узялiся за справу. Нажоў яны не мелi i дзейнiчалi вострай трэскай, аднак шкуру з мёртвага звера злупiлi так хутка i спрытна, як бы мы не справiлiся i нажом.
Яны прапанавалi мне мяса, але я адмовiўся, знакам паказаўшы, што дарую яго iм. Я папрасiў у iх шкуру, якую яны аддалi мне вельмi ахвотна. Апрача таго, яны прынеслi мне яшчэ правiзii, i я з радасцю прыняў iх дар. Затым я папрасiў у iх вады: я ўзяў адзiн з нашых збаноў i перавярнуў яго дагары дном, каб паказаць, што ён пусты i што я прашу налiць яго. Тады яны нешта крыкнулi. Неўзабаве з'явiлiся дзве жанчыны i прынеслi вялiкую пасудзiну з абпаленай глiны (напэўна, дзiкуны абпальваюць глiну на сонцы). Гэту пасудзiну жанчыны паставiлi на беразе, а самi адышлiся, як i раней. Я адправiў Ксуры на бераг з усiмi трыма збанамi, i ён налiў iх да краёў.
Атрымаўшы такiм чынам ваду, мяса i хлебныя зярняты, я развiтаўся з прыязнымi дзiкунамi i на працягу адзiнаццацi дзён плыў у ранейшым кiрунку.
Кожную ноч у час штылю мы выкрасалi агонь i запальвалi ў лiхтары самаробную свечку, спадзеючыся, што якое-небудзь судна заўважыць наша малюсенькае полымейка, але нiводнага карабля нам так i не трапiлася па дарозе.
Нарэшце, мiляў за пятнаццаць наперадзе, я ўбачыў паласу зямлi, якая далёка выступала ў мора. Надвор'е было цiхае, i я скiраваў у адкрытае мора, каб абагнуць гэту касу. У той момант, калi мы абгiналi яе, я выразна ўбачыў мiляў за шэсць ад берага з боку акiяна другую зямлю i зрабiў для сябе вывад, што вузкая каса – гэта i ёсць Зялёны мыс, а тая зямля, што бачыцца ўдалечынi, адна з выспаў Зялёнага мыса. Але выспы былi вельмi далёка, i я не адважыўся накiравацца да iх.
Раптам я пачуў крык Ксуры:
– Пан! Пан! Карабель i ветразь!
Наiўны хлапчук быў так напалоханы, што ледзь не страцiў розум: уявiў сабе, нiбыта гэта адзiн з караблёў яго гаспадара, пасланых за намi ў пагоню. Але я ведаў, наколькi далёка былi мы цяпер ад маўраў, i быў упэўнены, што баяцца iх ужо няма чаго.
Я выскачыў з каюты i адразу ж убачыў карабель. Мне нават удалося разгледзець, што карабель гэты партугальскi. "Напэўна, ён накiроўваецца да берагоў Гвiнеi", – падумаў я. Але, уважлiва ўгледзеўшыся, я ўпэўнiўся, што карабель iдзе ў другiм кiрунку i не мае намеру паварочваць да берага. Тады я ўзняў усе ветразi i памчаўся ў адкрытае мора. Я вырашыў, чаго б гэта нi каштавала, дагнаць карабель i пачаць з iм перагаворы.
Хутка, аднак, я зразумеў, што, нават iдучы поўным ходам, я не здолею падысцi настолькi блiзка, каб на караблi маглi заўважыць мае сiгналы. Але якраз у той час, калi мяне пачала ўжо апаноўваць роспач, нас заўважылi з палубы – напэўна, у падзорную трубу. Як я потым даведаўся, на караблi вырашылi, што гэта шлюпка з якога-небудзь затанулага эўрапейскага судна. Карабель лёг у дрэйф, каб даць мне магчымасць наблiзiцца, i я прычалiў да яго гадзiны праз тры.
Мяне спыталi, хто я такi, спачатку па-партугальску, потым па-гiшпанску, затым па-французску, але нi аднае з гэтых моў я не ведаў.
Нарэшце адзiн матрос, шатландзец, загаварыў са мною па-ангельску, i я сказаў яму, што я ангелец i што я ўцёк з палону. Тады мяне i майго спадарожнiка вельмi прыязна запрасiлi на карабель. Хутка мы апынулiся на палубе разам з нашай шлюпкай.
Немагчыма выказаць, якi шчаслiвы я быў, калi адчуў сябе на волi. Я быў выратаваны i ад рабства i ад смерцi, якая мне пагражала! Шчасце маё было бязмежнае. Ад радасцi, каб аддзячыць, я прапанаваў капiтану, майму выратавальнiку, усю маёмасць, якая ў мяне была. Але капiтан адмовiўся.
– Мне нiчога не трэба, – сказаў ён. – Усе вашы рэчы будуць захаваныя, i вы атрымаеце iх, як толькi мы прыбудзем у Бразiлiю. Я выратаваў вам жыццё, бо добра разумею, што са мной таксама магло б здарыцца такое ж няшчасце. I як бы мне было радасна, каб такую ж паслугу зрабiлi для мяне вы! Не забывайце таксама, што мы едзем у Бразiлiю, а Бразiлiя далёка ад Ангельшчыны, i там вы можаце памерцi з голаду без гэтых рэчаў. Не таму ж я ратаваў вас, каб потым кiнуць на згубу! Не-не, сеньёр, я давязу вас да Бразiлii бясплатна, а рэчы дадуць вам магчымасць забяспечыць сябе харчаваннем i аплацiць праезд на радзiму.
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
Рабiнзон селiцца ў Бразiлii. – Ён зноў выпраўляецца ў мора. – Карабель яго церпiць крушэнне.
Капiтан быў высакародны i шчодры не толькi на словах, але i на справе. Ён добрасумленна выканаў усе свае абяцаннi. Ён загадаў, каб нiводзiн з матросаў не адважыўся нават зачапiць маю маёмасць, потым склаў падрабязны спiс усiх рэчаў, якiя мне належалi, загадаў змясцiць iх разам з яго рэчамi, а спiс уручыць мне, каб, як толькi мы прыплывём у Бразiлiю, я здолеў атрымаць усё поўнасцю.
Яму захацелася купiць маю шлюпку. Шлюпка сапраўды была добрая. Капiтан сказаў, што купiць яе для свайго карабля, i спытаў, колькi я хачу за яе.
– Вы, – адказаў я, – зрабiлi мне столькi дабра, што я нi ў якiм разе не адважуся ацэньваць шлюпку. Колькi дасце, столькi i вазьму.
Тады ён сказаў, што выдасць мне пiсьмовае абавязацельства заплацiць за маю шлюпку восемдзесят чырвонцаў адразу ж, як мы прыдзем у Бразiлiю. Аднак, калi там у мяне знойдзецца iншы пакупнiк, якi прапануе мне больш, капiтан заплацiць мне столькi ж.
Наша плаванне да Бразiлii скончылася шчаслiва. У дарозе мы памагалi матросам, i яны пасябравалi з намi. Пасля дваццацi двух дзён плавання мы зайшлi ў бухту Ўсiх Святых. Тут я канчаткова адчуў, што няшчасцi мае засталiся ззаду, што я ўжо вольны чалавек, а не раб i што жыццё маё пачынаецца нанава.
Я нiколi не забуду, як высакародна паставiўся да мяне капiтан партугальскага карабля.
Ён не ўзяў з мяне нi капейкi грошай за праезд; ён вярнуў мне цэлымi ўсе мае рэчы, нават тры глiняныя збаны; ён даў мне сорак залатых за шкуру льва i дваццаць – за леапардавую. I наогул ён купiў усё, што мне было непатрэбна i што мне выгадна было прадаць, у тым лiку скрыню з вiнамi, дзве стрэльбы i воск, якi застаўся (частка яго пайшла ў нас на свечкi). Адным словам, калi я прадаў яму большую частку сваёй маёмасцi i сышоў на бераг Бразiлii, у кiшэнi ў мяне было дзвесце дваццаць залатых.
Мне не хацелася разлучацца з маiм спадарожнiкам Ксуры: ён быў такi верны i надзейны таварыш, ён памог мне здабыць волю. Але ў мяне не было для яго справы, да таго ж я не быў упэўнены, што здолею яго пракармiць. Таму я вельмi ўзрадаваўся, калi капiтан сказаў мне, што яму падабаецца гэты хлопчык, што ён з ахвотай возьме яго да сябе на карабель i зробiць мараком.
Неўзабаве пасля таго як мы прыехалi ў Бразiлiю, мой сябар капiтан завёў мяне ў дом аднаго свайго знаёмага. Ён быў уладальнiкам плантацый цукровага трыснягу i цукровага завода. Я пражыў у яго даволi доўгi час i дзякуючы гэтаму здолеў вывучыць цукровую вытворчасць.
Бачачы, як добра жывецца тутэйшым плантатарам i як хутка яны багацеюць, я вырашыў пасялiцца ў Бразiлii i таксама заняцца вытворчасцю цукру. На ўсе грошы, што былi ў мяне, я ўзяў у арэнду ўчастак зямлi i пачаў складаць план маёй будучай плантацыi i сядзiбы.
У мяне быў сусед па плантацыi, якi прыехаў сюды з Лiсабона. Звалi яго Ўэлс. Родам ён быў ангелец, але ўжо даўно прыняў партугальскае падданства. Мы з iм хутка пасябравалi i былi ў самых прыяцельскiх адносiнах. Першыя два гады мы абодва ледзь здолелi пракармiцца ад нашых ураджаяў. Але паступова зямля ўраблялася, i мы багацелi.
Пражыўшы ў Бразiлii гады чатыры i паступова пашыраючы сваю справу, я, вядома, не толькi вывучыў гiшпанскую мову, але i пазнаёмiўся з усiмi суседзямi, а таксама i з купцамi з Сан-Сальвадора, блiжэйшага да нас прыморскага горада. Многiя з iх зрабiлiся маiмi сябрамi. Мы часта сустракалiся, i, вядома, я часта расказваў iм пра дзве мае паездкi да Гвiнейскага берага, пра тое, як вядзецца гандаль з тамашнiмi неграмi i як лёгка там за якiя-небудзь цацкi – за пацеркi, нажнiцы, нажы, сякеры цi люстэркi – набыць залаты пясок i слановую косць.
Яны заўсёды слухалi мяне з вялiкай цiкавасцю i падоўгу абмяркоўвалi тое, пра што я расказваў iм.
Аднойчы прыйшлi да мяне трое з iх i, узяўшы з мяне абяцанне, што ўся наша гаворка застанецца таямнiцай, сказалi:
– Вы кажаце, што там, дзе вы былi, можна лёгка здабыць цэлыя груды залатога пяску i iншых каштоўнасцей. Мы хочам паслаць карабель у Гвiнею па золата. Цi згодны вы паехаць у Гвiнею? Вам не давядзецца на гэту справу трацiць нi капейкi: мы дамо вам усё, што патрэбна для абмену. За вашу працу вы атрымаеце сваю долю прыбытку, такую ж, як i кожны з нас.
Мне трэба было б адмовiцца i надоўга застацца ва ўрадлiвай Бразiлii, але, паўтараю, я заўсёды сам быў вiнаваты ва ўсiх сваiх няшчасцях. Мне страшэнна захацелася зведаць новыя марскiя прыгоды, i галава ў мяне закруцiлася ад радасцi.
У юнацтве я не меў сiлы адолець сваё захапленне падарожжамi i не паслухаўся добрых бацькоўскiх парад. Так i зараз я не здолеў устояць супроць спакуслiвай прапановы маiх бразiльскiх сяброў.
Я адказаў iм, што з ахвотай паеду ў Гвiнею з той, аднак, умовай, каб у час майго падарожжа яны прыгледзелi за маiмi ўладаннямi i выканалi ўсе мае распараджэннi ў тым выпадку, калi я не вярнуся.
Яны ўрачыста абяцалi выканаць мае пажаданнi i змацавалi нашу ўмову пiсьмовым абавязацельствам. Я ж, са свайго боку, зрабiў завяшчанне на выпадак смерцi: усю сваю рухомую i нерухомую маёмасць я завяшчаў партугальскаму капiтану, якi выратаваў мне жыццё. Але пры гэтым я зрабiў агаворку, каб частку капiталу ён накiраваў у Ангельшчыну маiм старэнькiм бацькам.
Карабель быў падрыхтаваны, i мае кампаньёны, згодна ўмове, нагрузiлi яго таварам.
I вось яшчэ раз – у нядобрую гадзiну! – 1 верасня 1659 года я ступiў на палубу карабля. Гэта быў той самы дзень, у якi восем гадоў назад я ўцёк з бацькоўскага дому i так безразважна загубiў сваю маладосць.
На дванаццаты дзень нашага плавання мы перасеклi экватар i знаходзiлiся пад сёмым градусам i сарака двума мiнутамi паўночнай шырынi, калi на нас нечакана наляцеў шалёны шквал. Ён наляцеў з паўднёвага ўсходу, потым пачаў дзьмуць у супрацьлеглы бок i, нарэшце, падзьмуў з паўночнага ўсходу – дзьмуў бясконца i з такой жахлiвай сiлай, што на працягу дванаццацi дзён нам давялося, аддаўшы сябе ва ўладу ўрагану, плысцi туды, куды нас гналi хвалi.
Няма чаго i казаць, што ўсе гэтыя дванаццаць дзён я кожную хвiлiну чакаў смерцi, ды i нiхто з нас не спадзяваўся застацца жывы.
Аднойчы на свiтаннi (вецер усё яшчэ дзьмуў з ранейшай сiлай) адзiн з матросаў крыкнуў:
– Зямля!
Але не паспелi мы выбегчы з кают, каб даведацца, паўз якiя берагi нясе наша няшчаснае судна, як адчулi, што яно села на мель. У той жа момант ад нечаканага прыпынку на нашу палубу хлынула такая шалёная магутная хваля, што мы вымушаны былi зараз жа схавацца ў каютах.
Карабель так глыбока засеў у пяску, што не было чаго i думаць сцягнуць яго з мелi. Нам заставалася адно: паклапацiцца пра выратаванне свайго жыцця. У нас было дзве шлюпкi. Адна вiсела за кармой; у час шторму яе разбiла i знесла ў мора. Заставалася другая, але нiхто не ведаў, цi здолеем мы спусцiць яе на ваду. А мiж тым доўга думаць не было калi: карабель мог кожную хвiлiну разламацца напалам.
Памочнiк капiтана кiнуўся да шлюпкi i з дапамогай матросаў перакiнуў яе цераз борт. Мы ўсе, адзiнаццаць чалавек, спусцiлiся ў шлюпку i аддалi сябе ва ўладу хваль. Хоць шторм ужо i супакоiўся крыху, на бераг усё яшчэ накочвалiся велiзарныя хвалi i мора шалела.
Наша становiшча зрабiлася ячшэ больш безнадзейным: мы добра бачылi, што шлюпку вось-вось захлiсне i нам не выратавацца. Ветразя ў нас не было, а калi б i быў, дык быў бы зусiм бескарысны. Мы веславалi да берага з адчаем у сэрцы, як людзi, якiх вядуць на смяротную кару. Мы ўсе разумелi, што, як толькi шлюпка падыдзе да зямлi, прыбой яе адразу ж разаб'е на трэскi. Вецер нас падганяў, i мы налягалi на вёслы, уласнаручна наблiжаючы сваю пагiбель. Так несла нас мiлi чатыры, i раптам раз'юшаны вал, высачэзны, як гара, набег з кармы на нашу шлюпку. Гэта быў апошнi, смяротны ўдар. Шлюпка перакулiлася. I ў той жа момант мы ўсе апынулiся пад вадой. Бура за адно iмгненне раскiдала нас у розныя бакi.
Немагчыма апiсаць тыя пачуццi i думкi, якiя зведаў я, калi мяне захлiснула хваля. Я вельмi добра плаваю, але ў мяне не было сiлы адразу вынырнуць з таго вiру, каб перавесцi дух, i я ледзь не задыхнуўся. Хваля падхапiла мяне, працягнула па зямлi, разбiлася i адхлынула назад, пакiнуўшы мяне ледзь жывога, бо я наглытаўся вады. Я перавёў дух i крыху апрытомнеў. Убачыўшы так блiзка зямлю (куды блiжэй, чым я спадзяваўся), я ўскочыў на ногi i як мага хутчэй заспяшаўся да берага. Я спадзяваўся дасягнуць яго раней, чым мяне дагонiць i падхопiць наступная хваля, але хутка зразумеў, што мне ад яе не ўцячы: мора наступала на мяне, як вялiзная гара; яно даганяла мяне, як быццам раз'ятраны вораг, з якiм немагчыма змагацца. Я i не супрацiўляўся тым хвалям, што неслi мяне да берага; але, ледзь толькi яны адыходзiлi назад, я прыкладаў усе намаганнi, каб яны не знеслi мяне ў мора.
Наступная хваля была велiзарная: не менш дваццацi цi трыццацi футаў вышынi. Яна пахавала мяне глыбока пад сабою. Затым мяне падхапiла i з незвычайнай хуткасцю памчала да зямлi. Доўга я плыў па цячэннi, памагаючы яму з усяе сiлы, i ледзь не задыхнуўся ў вадзе, як раптам адчуў, што мяне нясе кудысьцi ўгару. Хутка, на маё вялiкае шчасце, мае рукi i галава апынулiся над паверхняй вады, i хоць секунды праз дзве на мяне нахлынула новая хваля, усё ж гэта кароткая перадышка надала мне сiлы i бадзёрасцi.
Новая хваля зноў захлiснула мяне з галавою, але на гэты раз я прабыў пад вадою не вельмi доўга. Калi хваля разбiлася i схлынула, я вытрымаў яе нацiск, паплыў да берага i хутка зноў адчуў, што ў мяне пад нагамi зямля.
Я пастаяў дзве-тры секунды, уздыхнуў на ўсе грудзi i з апошняй сiлы кiнуўся бегчы да берага.
Але i на гэты раз я не ўцёк ад раз'ятранага мора: яно зноў кiнулася мне наўздагон. Яшчэ два разы хвалi даганялi мяне i неслi да берага, якi ў гэтым месцы быў вельмi пакаты.
Апошняя хваля з такою сiлай шпурнула мяне аб скалу, што я страцiў прытомнасць.
Нейкi час я быў зусiм бездапаможны, i калi б у гэты момант мора паспела дагнаць мяне, я абавязкова захлынуўся б у вадзе.
На шчасце, я ў час апрытомнеў. Убачыўшы, што мяне зараз зноў захлiсне хваля, я моцна ўчапiўся за выступ скалы i, затрымаўшы дыханне, стараўся перачакаць, пакуль хваля схлыне.
Тут, блiжэй да зямлi, хвалi былi не такiя велiзарныя. Калi вада схлынула, я зноў пабег наперад i апынуўся зусiм блiзка ад берага. Наступная хваля хоць i аблiла мяне ўсяго з галавой, але ўжо не здолела знесцi ў мора.
Я прабег яшчэ некалькi крокаў i з радасцю адчуў, што стаю на сухой зямлi. Я пачаў карабкацца па ўзбярэжных скалах i, дабраўшыся да высокага пагорка, упаў на траву. Тут я быў у бяспецы: тут вада не магла захлiснуць мяне.
Я думаю, не iснуе такiх слоў, якiмi можна было б выказаць пачуццi чалавека, якi вярнуўся, можна лiчыць, з таго свету! Я пачаў бегаць i скакаць, я размахваў рукамi, я нават спяваў i пусцiўся ўпрысядкi. Уся мая iстота, калi можна так сказаць, была ахоплена думкамi пра маё шчаслiвае выратаванне.
Але тут я раптам успомнiў пра сваiх сяброў, якiя загiнулi. Мне зрабiлася шкада iх, таму што за час плавання я паспеў да многiх з iх адчуць прыхiльнасць i палюбiць iх. Я ўспамiнаў iх iмёны i твары. Дарэмна, нiкога з iх я больш не бачыў; ад iх i следу не засталося, апрача трох капелюшоў, якiя належалi iм, каўпака i двух няпарных чаравiкаў, цяпер выкiнутых морам на сушу.
Зiрнуўшы туды, дзе стаяў наш карабель, я ледзь разгледзеў яго за сцяною высокiх хваль – так ён быў далёка! I я сказаў сабе: "Якое гэта шчасце, вялiкае шчасце, што я дабраўся ў такую буру да гэтага далёкага берага!"
Выказаўшы такiмi словамi сваю гарачую радасць з выпадку выратавання ад смяротнай небяспекi, я ўзгадаў, што зямля можа быць гэтакая ж страшная, як i мора, што я не ведаю, куды я трапiў i што мне неабходна ў самы кароткi час уважлiва агледзець незнаёмую мясцовасць.
Як толькi я падумаў пра гэта, усё маё захапленне тут жа астыла: я зразумеў, што хоць я i выратаваў сваё жыццё, я не выратаваўся ад няшчасця, нягод i жахаў. Уся адзежа мая наскрозь вымакла, а перамянiцца мне не было ў што. У мяне не было нi ежы, нi прэснай вады, каб падмацаваць свае сiлы. Якая будучыня чакала мяне? Або я памру з голаду, або мяне разарвуць лютыя звяры. I што самае сумнае, я не меў магчымасцi паляваць на дзiчыну, не мог абаранiць сябе ад звяроў, бо ў мяне не было нiякай зброi. Наогул пры мне не засталося нiчога, апрача нажа i бляшанкi з тытунём.
Гэта прывяло мяне ў такi адчай, што я пачаў бегаць берагам туды i сюды, як звар'яцелы.
Наблiжалася ноч, i я з сумам пытаў сам у сябе: "Што чакае мяне, калi ў гэтай мясцовасцi водзяцца драпежныя звяры? Яны ж выходзяць заўсёды на паляванне ўначы?"
Непадалёку стаяла шырокае, разгалiстае дрэва. Я вырашыў узлезцi на яго i праседзець ноч у галлi да ранiцы. Нiчога iншага я не мог прыдумаць, каб ратавацца ад звяроў. "А пакуль надыдзе ранiца, – сказаў я сабе, – я паспею падумаць пра тое, якою смерцю наканавана мне памерцi, таму што жыць у гэтых пустэльных мясцiнах немагчыма".
Мяне мучыла смага. Я пайшоў паглядзець, цi няма дзе паблiзу прэснай вады. Адышоўшыся на чвэрць мiлi ад берага, на вялiкую радасць, я знайшоў ручай.
Напiўшыся i паклаўшы сабе ў рот тытуню, каб суцiшыць голад, я вярнуўся да дрэва, улез на яго i ўладкаваўся сярод галiн такiм чынам, каб не звалiцца на зямлю, калi засну. Затым выразаў сабе ёмкую сукаватую дубiнку на выпадак нападу ворагаў, зручней сеў i ад страшнай стомы моцна заснуў.
Спаў я соладка, як, напэўна, мала каму спалася б на такой нязручнай пасцелi. I наўрад цi прачынаўся хто пасля такога начлегу такiм свежым i бадзёрым.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
Рабiнзон на бязлюднай выспе. – Ён здабывае рэчы з карабля i будуе сабе жытло.
Прачнуўся я позна. Надвор'е было яснае, вецер суцiшыўся, мора больш не шалела.
Я зiрнуў на пакiнуты намi карабель i са здзiўленнем убачыў, што на ранейшым месцы яго ўжо няма. Цяпер яго прыбiла блiжэй да берага. Ён апынуўся непадалёку ад той самай скалы, аб якую мяне ледзь не разбiла хваляй. Напэўна, уначы яго ўзняў прылiў, зрушыў з мелi i прыгнаў сюды. Цяпер ён стаяў не далей мiлi ад таго месца, дзе я начаваў. Хвалi, вiдаць, не разбiлi яго: ён добра трымаўся на вадзе.
Я вырашыў зараз жа прабрацца на карабель, каб зрабiць запас правiзii i розных рэчаў.
Злезшы з дрэва, я яшчэ раз агледзеўся кругом. Першае, што я ўбачыў, гэта была наша шлюпка, якая ляжала праваруч на беразе, мiлi за дзве адсюль – там, куды яе шпурнуў ураган. Я спачатку пайшоў у тым кiрунку, але выявiлася, што проста туды не прайсцi: у бераг глыбока ўрэзалася бухта, з паўмiлi ў шырыню, яна i была перашкодай на дарозе. Я павярнуў назад, таму што мне было куды важней трапiць на карабель: я спадзяваўся знайсцi там ежу.
Апоўднi хвалi зусiм супакоiлiся, i адлiў быў такi моцны, што чвэрць мiлi да карабля я прайшоў па сухiм дне.
Тут зноў у мяне заныла сэрца: мне стала зразумела, што ўсе мы цяпер былi б жывыя, калi б не спалохалiся i не пакiнулi свой карабель. Трэба было толькi дачакацца, каб мiнуўся шторм, i мы шчаслiва дабралiся б да берага, i я не вымушаны быў бы цяпер пакутаваць у гэтай бязлюднай пустынi.
Пры думцы пра сваю адзiноту я заплакаў, аднак успомнiўшы, што слёзы нiколi не спыняюць няшчасце, вырашыў, чаго б гэта нi каштавала, дабрацца да разбiтага судна. Распрануўшыся, я зайшоў у ваду i паплыў.
Аднак самае цяжкае было яшчэ наперадзе: я не мог узлезцi на карабель. Ён стаяў на мелкiм месцы, так што амаль цалкам выступаў з вады, а ўхапiцца не было за што. Я доўга плаваў вакол яго i раптам заўважыў карабельны канат (дзiўлюся, як ён адразу не кiнуўся мне ў вочы!). Канат звешваўся з люка, i паколькi канец яго быў даволi высока над вадою, то я злавiў яго з вялiкай цяжкасцю. Я падняўся па канаце да кубрыка*.
* Кубрык – памяшканне для матросаў у насавой частцы карабля.
Падводная частка карабля была прабiта, i трум быў запоўнены вадой. Карабель стаяў на пясчанай водмелi. Карма яго высока ўзнялася, а нос быў амаль у вадзе. Такiм чынам вада не трапiла ў карму, i нiчога з рэчаў, што там былi, не падмокла. Я заспяшаўся туды, таму што перш за ўсё мне хацелася даведацца, якiя рэчы сапсавалiся, а якiя засталiся цэлыя.
Выявiлася, што ўвесь запас карабельнай правiзii застаўся зусiм сухi. I паколькi мяне мучыў голад, то перш за ўсё я пайшоў у кладоўку, набраў сухароў i, працягваючы агляд карабля, еў на хаду, каб не губляць часу. У кают-кампанii я знайшоў бутэльку рому i некалькi разоў добра глынуў з яе, таму што мне неабходна было падмацаваць свае сiлы для працы, якая мяне чакала.
Перш за ўсё мне патрэбна была лодка, каб перавезцi на бераг тыя рэчы, якiя маглi мне спатрэбiцца. Але лодку ўзяць не было дзе, а жадаць немагчымага бескарысна. Трэба было прыдумаць што-небудзь iншае. На караблi былi запасныя мачты, сценьгi i рэi. З гэтага матэрыялу я вырашыў пабудаваць плыт i горача ўзяўся за работу.
Выбраўшы некалькi лягчэйшых бярвенняў, я выкiнуў iх за борт, папярэдне абвязаўшы кожнае бервяно канатам, каб iх не знесла. Затым я спусцiўся з карабля, прыцягнуў да сябе чатыры бервяны, моцна звязаў iх з абодвух канцоў, зверху змацаваў яшчэ дзвюма цi трыма дошчачкамi, пакладзенымi накрыж, i ў мяне атрымалася нешта накшталт плыта.
Мяне гэты плыт цудоўна трымаў на сабе, але для большага грузу ён быў вельмi лёгкi i малы.
Давялося мне зноў лезцi на карабель. Там я адшукаў пiлу нашага карабельнага цесляра i распiлаваў запасную мачту на тры бервяны, якiя i прыладзiў да плыта. Плыт зрабiўся шырэйшы i больш устойлiвы. Гэта работа каштавала мне вялiкiх намаганняў, але жаданне зрабiць запас усяго неабходнага для жыцця падтрымлiвала мяне, i я зрабiў тое, на што пры звычайных абставiнах у мяне не хапiла б сiлы.
Цяпер мой плыт быў шырокi i моцны, ён мог вытрымаць значны груз.
Чым жа нагрузiць гэты плыт i што зрабiць, каб яго не змыла прылiвам? Доўга думаць не было калi, трэба было спяшацца.
Перш за ўсё я склаў на плыт усе дошкi, якiя знайшлiся на караблi; потым узяў тры куфры, якiя належалi нашым матросам, зламаў замкi i выкiнуў з iх усё. Потым я адабраў тыя рэчы, якiя маглi спатрэбiцца мне больш за ўсё, i склаў iх у куфры. У адзiн куфар я склаў харчовыя прыпасы: рыс, сухары, тры кругi галандскага сыру, пяць вялiкiх кавалкаў вэнджанай казляцiны, якая была ў нас на караблi за галоўную мясную ежу, i рэшткi ячменю, якi мы везлi з Эўропы курам, што трымалi на судне; курэй мы даўно ўжо з'елi, а крыху збожжа засталося. Гэты ячмень быў змешаны з пшанiцай; ён бы вельмi мне прыдаўся, але, на жаль, як потым выявiлася, быў надта папсаваны пацукамi. Апрача таго, я знайшоў некалькi скрынак вiна i каля шасцi галонаў* рысавай гарэлкi, што належалi нашаму капiтану.