355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Даниэль Дефо » Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке) » Текст книги (страница 9)
Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 12 октября 2016, 00:49

Текст книги "Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)"


Автор книги: Даниэль Дефо


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 12 страниц)

Ён меў таварыскi i гаваркi нораў, любiў паразмаўляць, i я цяпер мог у дастатковай ступенi ўзнагародзiць сябе за доўгiя гады вымушанага маўчання.

Але Пятнiца падабаўся мне не толькi таму, што ў мяне была магчымасць размаўляць з iм. З кожным днём я ўсё болей захапляўся яго сумленнасцю, яго сардэчнай прастатой i шчырасцю.

Паступова я адчуў прыхiльнасць да яго, ды i ён таксама так палюбiў мяне, як, напэўна, не любiў дагэтуль нiкога.

Аднойчы мне захацелася распытаць пра яго мiнулае жыццё; я хацеў даведацца, цi не сумуе ён па радзiме i цi не хоча вярнуцца дадому. У той час я ўжо так добра навучыў яго гаварыць па-ангельску, што ён мог адказваць амаль што на кожнае маё пытанне.

I вось я спытаў пра яго роднае племя:

– А што, Пятнiца, гэта племя адважнае? Цi здаралася так, што яно перамагала ворагаў?

Ён усмiхнуўся i адказаў:

– О, вядома! Мы вельмi адважныя, мы заўсёды перамагаем у бойцы.

– Ты кажаш, што вы заўсёды перамагаеце ў бойцы? А як жа так атрымалася, што цябе ўзялi ў палон?

– А нашы ўсё роўна пабiлi тых, шмат пабiлi.

– А чаму ж ты тады казаў, што тыя пабiлi вас? Яны ж узялi цябе i iншых у палон?

– У тым месцы, дзе я бiўся, ворага было куды болей. Яны схапiлi нас адзiн, два, тры i мяне. А нашы пабiлi iх у другiм месцы, дзе мяне не было. У тым месцы нашы схапiлi iх – адзiн, два, тры, шмат, вялiзную тысячу.

– А чаму ж вашы не прыйшлi вам на дапамогу?

– Ворагi схапiлi адзiн, два, тры i мяне i звезлi нас у лодцы, а ў нашых на той час лодкi не было.

– А скажы ты мне, Пятнiца, што робяць вашы з тымi, хто трапляе да iх у палон? Таксама звозяць iх куды-небудзь далей i там iх ядуць, як тыя людаеды, якiх я бачыў?

– Вядома, нашы таксама ядуць чалавека... усе ядуць.

– А куды яны iх вязуць, калi збiраюцца iх з'есцi?

– Розныя месцы, куды надумаюцца.

– А сюды яны прыязджаюць?

– Вядома, прыязджаюць i сюды. I ў iншыя розныя месцы.

– А ты тут быў калi з iмi?

– Так. Быў. Вунь там быў...

I ён паказаў на паўночна-заходнюю ўскраiну выспы, дзе, вiдаць, заўсёды збiралiся яго аднапляменнiкi.

Такiм чынам выявiлася, што мой сябра i прыяцель Пятнiца быў у лiку тых дзiкуноў, якiя наведвалi аддаленыя берагi выспы, i не раз ужо еў людзей у тых мясцiнах, дзе потым хацелi з'есцi яго самога.

Калi я праз некаторы час, набраўшыся смеласцi, павёў яго на бераг (туды, дзе я ўпершыню ўбачыў груды чалавечых касцей), Пятнiца адразу ж пазнаў гэтыя мясцiны. Ён расказаў мне, што аднойчы, калi ён прыязджаў на маю выспу са сваiмi аднапляменнiкамi, яны забiлi i з'елi тут дваццаць мужчын, дзвюх жанчын i адно дзiця. Ён не ведаў, як сказаць па-ангельску "дваццаць", i каб растлумачыць мне, колькi чалавек яны з'елi, паклаў дваццаць каменьчыкаў адзiн пры адным.

Працягваючы гутарку з Пятнiцай, я спытаў у яго, цi далёка ад маёй выспы да той зямлi, дзе жывуць дзiкуны, i цi часта гiнуць iх лодкi, пераплываючы гэту адлегласць. Выявiлася, што плаваць тут зусiм бяспечна: ён, Пятнiца, не ведае нiводнага выпадку, каб хто-небудзь тут патануў, бо непадалёк ад нашай выспы праходзiць марское цячэнне: ранiцой яно накiроўваецца ў адзiн бок i заўсёды пры спадарожным ветры, а пад вечар i вецер i цячэнне паварочваюць у процiлеглы бок.

Спачатку мне падумалася, што гэтае цячэнне залежыць ад прылiву i адлiву, i толькi значна пазней я выявiў, што яно складае працяг магутнай ракi Арынока, якая ўпадае ў мора непадалёку ад маёй выспы, i яна, такiм чынам, знаходзiцца якраз насупраць дэльты гэтай рэчкi. Палоса ж зямлi на захадзе i паўночным захадзе, якую я лiчыў за мацярык, аказалася вялiкай выспаю Трынiдадам, што ляжыць супроць паўночнай часткi вусця той жа рэчкi.

Я задаваў Пятнiцы тысячу самых разнастайных пытанняў пра гэту зямлю i яе насельнiкаў: пытаўся, цi небяспечныя тутэйшыя берагi, цi бурнае там мора, цi жорсткiя там людзi i якiя народы жывуць па суседству. Ён з ахвотай адказваў на ўсе мае пытаннi i без усякага ўтойвання расказваў усё, што яму было вядома.

Пытаўся я таксама, як завуцца розныя плямёны дзiкуноў, якiя жывуць у тых мясцiнах, але ён паўтараў толькi адно: "Карыбэ, карыбэ". Вядома, мне няцяжка было здагадацца, што ён кажа пра караiбаў, якiя, мяркуючы па нашых геаграфiчных картах, жывуць менавiта ў гэтай частцы Амерыкi, займаючы ўсю берагавую паласу ад вусця ракi Арынока да Гвiяны i да горада Санта-Марта*.

* Санта-Марта – горад у Калумбii, на беразе Карыбскага мора.

Апрача таго, ён расказаў мне, што далёка "за месяцам", гэта значыць у тым баку, дзе заходзiць месяц, цi, iнакш кажучы, на захад ад яго радзiмы, жывуць такiя ж, як я, белыя барадатыя людзi (тут ён паказаў на мае доўгiя вусы). Паводле яго слоў, гэтыя людзi "забiлi многа, многа чалавекаў".

Я зразумеў, што ён кажа пра гiшпанскiх заваёўнiкаў, якiя праславiлiся ў Амерыцы сваёй жорсткасцю*.

* Гiшпанцы, якiя заваявалi Паўднёвую Амерыку ў ХVI стагоддзi, страшэнна жорстка адносiлiся да заваяваных народаў.

Я спытаў у яго; ёсць цi не ў мяне якая-небудзь магчымасць пераплысцi цераз мора да белых людзей?

Ён адказаў:

– Вядома, можна: толькi трэба плысцi на дзвюх лодках.

Я доўга не мог уцямiць, што ён хоча сказаць, але нарэшце з вялiкай цяжкасцю здагадаўся, што на яго мове гэта азначае вялiкую шлюпку, мабыць, у два разы большую за звычайную пiрогу.

Словы Пятнiцы мяне вельмi ўзрадавалi: з гэтага дня ў мяне з'явiлася надзея, што рана цi позна, а я ўсё роўна вырвуся адсюль i што за сваю волю буду ўдзячны майму дзiкуну.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦI

Рабiнзон i Пятнiца будуюць лодку

Мiнула яшчэ некалькi месяцаў.

За гэты час Пятнiца навучыўся разумець амаль усё, што я яму казаў. Сам ён гаварыў па-ангельску ўжо амаль усё, хоць i вельмi няправiльна. Паступова я расказаў яму ўсё пра сваё жыццё: як я трапiў на сваю выспу, колькi гадоў прабыў тут i як я пражыў гэтыя гады.

Яшчэ раней я адкрыў Пятнiцу таямнiцу стрэльбы (таму што для яго гэта была сапраўды таямнiца): я паказаў яму кулi, растлумачыў дзеянне пораху i навучыў яго страляць. Я аддаў яму на пастаяннае карыстанне адну сваю стрэльбу. Я падарыў яму нож, i гэты падарунак зрабiў яго шчаслiвым чалавекам. Я змайстраваў яму партупею, накшталт тых, на якiх у нас, у Ангельшчыне, носяць корцiкi; толькi замест корцiка я даў яму сякеру, якая была, па сутнасцi, такой жа добрай зброяй i, апрача таго, магла быць прыдатнай для розных гаспадарчых патрэб.

Я многа расказваў Пятнiцу пра эўрапейскiя дзяржавы, асаблiва пра маю радзiму. Я апiсваў яму наша жыццё, нашы норавы i звычкi, расказваў яму, як мы вандруем па ўсiх частках свету i плаваем на вялiкiх караблях. Я растлумачыў яму, як збудавана вялiкае паруснае судна, i расказаў яму пра тое, як я ездзiў на карабель, якi пацярпеў крушэнне, i здаля паказаў яму месца, дзе карабель наскочыў на падводныя камянi. Вядома, я мог паказаць яго вельмi прыблiзна, таму што карабель даўно разбiла на трэскi i ўсе абломкi знесла ў мора. Паказаў я таксама яму тую амаль ужо сатлелую лодку, на якой мы хацелi выратавацца, калi бура прыгнала нас да гэтага берага.

Убачыўшы гэту лодку, Пятнiца задумаўся i доўга маўчаў. Я спытаў у яго, пра што ён думае, i ён праз некаторы час адказаў:

– Я бачыў адна такая лодка, як гэта. Яна плавала тое месца, дзе жыве мой народ.

Я доўга не разумеў, што ён хоча сказаць: цi тое, што ў iх мясцовасцi дзiкуны плаваюць на такiх лодках, цi што такая лодка плыла паўз iх берагi.

Нарэшце, пасля доўгiх роспытаў, мне ўдалося высветлiць, што дакладна такую ж лодку прыбiла да тых берагоў, дзе жыло яго племя.

– Яе прыгнала да нас лiхое надвор'е, – растлумачыў Пятнiца i зноў надоўга змоўк.

"Напэўна, – падумаў я, – якi-небудзь эўрапейскi карабель пацярпеў крушэнне ля тых берагоў. Шалёныя хвалi маглi змыць з яго лодку i прыгнаць яе туды, дзе жывуць дзiкуны". Але, па маёй нездагадлiвасцi, мне i ў галаву не прыйшло, што на той лодцы маглi быць людзi, i, працягваючы распытваць Пятнiцу, я думаў толькi пра лодку.

– Раскажы мне, якая яна з выгляду.

Пятнiца абмаляваў яе мне вельмi падрабязна i раптам зусiм нечакана горача дадаў:

– Белыя чалавекi не патанулi, мы iх выратавалi!

– А хiба ў лодцы былi белыя людзi? – паспешлiва спытаў я.

– Так, – адказаў ён, – поўная лодка белых людзей!

– Колькi iх было?

Ён паказаў мне спачатку дзесяць пальцаў, а потым яшчэ сем.

– Дзе ж яны? Што з iмi здарылася?

Ён адказаў:

– Яны жывуць. Яны жывуць у нашых.

Тут мне раптам прыйшла ў галаву думка: цi не з таго самага карабля, якi разбiўся ў тую навальнiчную ноч непадалёку ад маёй выспы, былi гэтыя семнаццаць чалавек белых?

Магчыма, калi карабель наскочыў на скалу i яны ўбачылi, што яго нельга выратаваць, яны пераселi ў шлюпку, а потым iх прыбiла да зямлi дзiкуноў, сярод якiх iм i давялося пасялiцца.

Я спахмурнеў i пачаў строгiм голасам дапытваць Пятнiцу, дзе ж тыя людзi цяпер. Ён зноў гэтак жа горача адказаў:

– Яны жывыя! Iм добра!

I дадаў, што хутка ўжо чатыры гады, як гэтыя людзi жывуць у яго землякоў, i тыя не крыўдзяць iх, не чапаюць, а даюць iм усякую ежу, i яны маюць поўную волю.

Я спытаў у яго:

– Як магло здарыцца, што дзiкуны не забiлi i не з'елi белых людзей?

Ён адказаў:

– Белыя чалавекi сталi нам браты. Нашы ядуць толькi тых, каго перамагаюць у бойцы.

Мiнула яшчэ некалькi месяцаў. Аднойчы, гуляючы па выспе, забрылi мы з Пятнiцай на ўсходнюю частку выспы i ўзнялiся на вяршыню пагорка. Адтуль, як я ўжо казаў, многа год назад я ўбачыў паласу зямлi, якую палiчыў за мацярык Паўднёвай Амерыкi.

Зрэшты, першы ўзышоў на вяршыню Пятнiца, а я крыху адстаў, бо пагорак быў высокi i даволi круты.

Як i тады, дзень быў вельмi ясны. Пятнiца доўга ўглядаўся ўдалечыню i раптам крыкнуў, пачаў падскакваць i скакаць, як вар'ят, крычаць мне, каб я хутчэй караскаўся на пагорак.

Я са здзiўленнем глядзеў на яго. Нiколi не даводзiлася мне бачыць яго такiм узбуджаным. Нарэшце ён спынiў свае скокi i крыкнуў:

– Хутчэй, хутчэй сюды!

Я спытаў у яго:

– Што здарылася? Чаго ты так радуешся?

– Так, так! – паўтараў ён. – Я шчаслiвы! Вунь там, глядзi... адсюль вiдно... там мая зямля, мой народ!

Твар яго свяцiўся шчасцем, вочы ззялi; здавалася, усёй сваёй iстотай ён iрвецца туды, у той край, дзе яго родныя i блiзкiя.

Убачыўшы, як ён радуецца i весялiцца, я быў вельмi засмучаны.

"Дарэмна я ставiўся з такiм бязмежным даверам да гэтага чалавека, – сказаў я сабе. – Ён прыкiдваецца маiм адданым сябрам, а сам толькi i думае пра тое, як бы яму ўцячы".

I я з недаверам зiрнуў на Пятнiцу.

"Зараз ён лагодны i пакорны, – думаў я, – але варта яму толькi апынуцца сярод iншых дзiкуноў, ён, вядома, зараз жа забудзе, што я выратаваў яму жыццё, i аддасць мяне сваiм аднапляменнiкам; ён прывядзе iх сюды, на маю выспу. Яны заб'юць i з'ядуць мяне, i ён будзе баляваць разам з iмi гэтак жа весела i бесклапотна, як раней, калi яны прыязджалi сюды святкаваць сваю перамогу над дзiкунамi варожых плямён".

Маё падазрэнне з таго часу ўсё мацнела.

Я пачаў ухiляцца свайго ўчарашняга сябра, мае адносiны да яго зрабiлiся абыякавымi i халоднымi.

Так працягвалася некалькi тыдняў. На шчасце, я хутка пераканаўся, што быў страшэнна вiнаваты перад гэтым шчырым юнаком.

Пакуль я падазраваў яго ў здрадлiвых i каварных намерах, ён па-ранейшаму адносiўся да мяне з адданасцю; у кожным слове яго было столькi дабрынi i дзiцячага даверу, што ў рэшце рэшт мне зрабiлася брыдка ад маiх падазрэнняў. Я зноў адчуў у iм вернага сябра i пастараўся ўсяляк загладзiць перад iм сваю вiну. А ён нават не заўважыў мае халоднасцi да яго, i гэта было для мяне самым яскравым сведчаннем яго сардэчнай шчырасцi.

Аднойчы, калi мы з Пятнiцай зноў падымалiся на пагорак (гэты раз над морам стаяў туман i супрацьлеглага берага не было вiдно), я спытаў у яго:

– А што, Пятнiца, табе хацелася б вярнуцца на радзiму, да сваiх?

– Вядома, – адказаў ён, – я быў бы яшчэ як рады вярнуцца туды!

– Што б ты там рабiў? – працягваў я. – Зрабiўся б зноў крыважэрным i пачаў бы, як i раней, есцi чалавечае мяса?

Мае словы, вiдаць, усхвалявалi яго. Ён пакруцiў галавой i адказаў:

– Не, не! Пятнiца сказаў бы ўсiм сваiм: жывiце, як трэба, ешце хлеб са збожжа, малако, казiнае мяса, не ешце чалавека.

– Ну, калi ты скажаш iм гэта, яны цябе заб'юць.

Ён зiрнуў на мяне i сказаў:

– Не, не заб'юць. Яны будуць рады вучыцца добраму.

Затым ён дадаў:

– Яны многа вучылiся ў барадатых чалавекаў, што прыехалi ў лодцы.

– Дык табе хочацца вярнуцца дадому? – паўтарыў я сваё пытанне.

Ён усмiхнуўся i сказаў:

– Я не здолею плысцi так далёка.

– Ну, а калi б я даў табе лодку, – спытаў я ў яго, – ты паехаў бы на радзiму, да сваiх?

– Паехаў бы! – горача адклiкнуўся ён. – Але i ты павiнен паехаць са мною.

– Як жа мне ехаць? – запярэчыў я. – Яны мяне адразу ж з'ядуць.

– Не, не, не з'ядуць! – прамовiў ён палка. – Я зраблю так, што не з'ядуць! Я зраблю так, што яны будуць цябе многа любiць.

Пятнiца хацеў гэтым сказаць, што ён раскажа сваiм землякам, як я забiў яго ворагаў i выратаваў яму жыццё. Ён быў упэўнены, што за гэта яны будуць моцна любiць мяне.

Пасля гэтага ён расказаў мне, з якой дабрынёй яны аднеслiся да семнаццацi белых барадатых людзей, якiх прыбiла бураю да берагоў яго радзiмы. З таго моманту ў мяне з'явiлася страснае жаданне паспрабаваць, чаго б гэта нi каштавала, пераправiцца ў краiну дзiкўноў i адшукаць там тых белых "барадатых чалавекаў", пра якiх казаў Пятнiца. Не магло быць нiякага сумнення, што гэта гiшпанцы цi партугальцы, i я быў упэўнены, што, калi толькi я здолею пабачыцца i пагутарыць з iмi, разам мы прыдумаем спосаб вырвацца адсюль на волю. "Ва ўсякiм выпадку, – думаў я, – на гэта будзе болей надзеi, калi нас будзе васемнаццаць чалавек i калi мы пачнём дружна дзейнiчаць дзеля агульнай справы. А што здолею зрабiць я, адзiн, без памагатых, на маёй выспе, за сорак мiляў ад iх берага?"

Гэты план моцна засеў у мяне ў галаве, i праз некалькi дзён я зноў загаварыў пра яго.

Я сказаў Пятнiцу, што дам яму лодку, каб ён здолеў вярнуцца на радзiму, i ў той жа дзень павёў яго да той бухтачкi, дзе была мая лодка. Вычарпаўшы з яе ваду, я падвёў яе да берага i паказаў Пятнiцу. Мы абодва селi ў лодку, каб выпрабаваць яе ход. Пятнiца, як выявiлася, быў цудоўны вясляр i працаваў вёсламi не горш за мяне. Лодка хутка iмчалася па вадзе. Калi мы адышлi ад берага, я сказаў яму:

– Ну што ж, Пятнiца, паедзем да тваiх землякоў?

Ён паглядзеў на мяне неяк сумна i паныла: вiдаць, на яго думку, лодка была занадта малая для такога плавання. Тады я сказаў, што ў мяне ёсць другая, большая. I на другi дзень мы з iм накiравалiся ў лес, на тое месца, дзе я пакiнуў сваю першую лодку, якую не здолеў спусцiць на ваду. Пятнiцу гэта лодка спадабалася.

– Такая згодзiцца, згодзiцца, – паўтараў ён. – Тут можна многа класцi хлеба, вады i ўсяго.

Але з дня пабудовы гэтай лодкi мiнула дваццаць тры гады. Увесь гэты час яна правалялася без усякага догляду пад адкрытым небам, яе пякло сонца i мачылi дажджы, уся яна рассохлася i згнiла. Аднак гэта не пахiснула майго намеру ажыццявiць паездку на мацярык.

– Нiчога, не бядуй, – сказаў я Пятнiцу. – Мы пабудуем гэткую ж лодку, i ты паедзеш дадому.

Ён не адказаў нi слова, але вельмi засмуцiўся i зрабiўся маўклiвы. Кiлi я спытаў у яго, што з iм, Пятнiца прамовiў:

– За што Рабiнзон Круза сярдуе на Пятнiцу? Што я кепскае зрабiў?

– Чаму ты надумаў, што я сярдую на цябе? Я нiколькi не сярдую, – адказаў я.

– "Не сярдую. Не сярдую!" – паўтарыў ён разоў шэсць цi сем запар. – А навошта пасылаеш Пятнiцу дадому, да яго землякоў i родных?

– Дык ты ж сам казаў, што табе хочацца дадому, – заўважыў я.

– Так, хочацца, – адказаў ён, – але толькi з табою. Каб ты i я. Робiн не паедзе – Пятнiца не паедзе! Пятнiца не хоча без Робiна!

Ён i слухаць не хацеў пра тое, каб пакiнуць мяне.

– Але, памяркуй сам, – сказаў я, – навошта я паеду туды? Што я там буду рабiць?

Ён горача запярэчыў мне:

– Што ты будзеш там рабiць? Многа рабiць, добра рабiць: вучыць дзiкiх чалавекаў быць добрымi, разумнымi.

– Мiлы Пятнiца, – сказаў я i ўздыхнуў, – ты сам не ведаеш, пра што кажаш. Куды ўжо такому няшчаснаму невуку, як я, яшчэ вучыць некага!

– Няпраўда! – горача запярэчыў ён. – Мяне вучыў – будзеш вучыць i iншых чалавекаў.

– Не, Пятнiца, – сказаў я, – едзь без мяне, а я застануся тут адзiн, без людзей. Жыў жа я неяк адзiн да гэтага часу!

Гэтыя словы, вiдаць, здалiся яму вельмi крыўднымi. Ён iмклiва кiнуўся да сякеры, што ляжала непадалёку, схапiў яе, прынёс i падаў мне.

– Навошта ты даеш мне сякеру? – спытаў я.

Ён адказаў:

– Забi Пятнiцу!

– Навошта мне цябе забiваць? Ты ж нiчога кепскага мне не зрабiў.

– А навошта праганяеш Пятнiцу адсюль? – горача ўсклiкнуў ён. – Забi Пятнiцу, не праганяй яго адсюль!

Ён быў страшэнна ўсхваляваны. Я заўважыў на вачах у яго слёзы. Словам, адданасць яго была такая моцная, што, калi б я нават хацеў, я не здолеў бы прагнаць яго. Я тут жа сказаў яму i часта паўтараў потым, што нiколi больш не буду гаварыць пра яго ад'езд на радзiму, пакуль ён хоча заставацца са мною.

Такiм чынам я канчаткова ўпэўнiўся, што Пятнiца назаўсёды адданы мне.

Калi ён нават i хацеў вярнуцца на радзiму, то толькi таму, што ўсiм сэрцам любiў сваiх аднапляменнiкаў: ён спадзяваўся, што я паеду да iх i навучу iх дабру.

Але я добра разумеў, што мне гэта, вядома, не пад сiлу.

I ўсё роўна я страсна жадаў як мага хутчэй адправiцца на радзiму да Пятнiцы, каб убачыць "барадатых" людзей, якiя жывуць у той краiне. Нарэшце я вырашыў, не адкладваючы далей, распачаць пабудову вялiкай лодкi, на якой можна было б рушыць у адкрытае мора.

Перш за ўсё трэба было выбраць прыдатнае дрэва з дастаткова тоўстым ствалом.

Тут думаць не трэба было: на выспе расло столькi велiзарных дрэў, што з iх можна было збудаваць не толькi лодку, а, бадай, цэлы флот. Але я добра памятаў, якую зрабiў памылку, калi будаваў сваю вялiзную пiрогу ў лесе, далёка ад мора, а потым не здолеў прыцягнуць яе да берага. Каб гэта памылка не паўтарылася, я вырашыў знайсцi такое дрэва, якое расце блiжэй да мора, каб можна было без асаблiвай цяжкасцi спусцiць лодку на ваду.

Але ля самага берага раслi пераважна дробныя i чэзлыя дрэвы.

Я абышоў амаль усё ўзбярэжжа i не знайшоў нiчога прыдатнага. Выручыў мяне Пятнiца: выявiлася, што ў гэтай справе ён разумеў больш за мяне. Я i сёння не ведаю, якой пароды было тое дрэва, з якога мы тады пабудавалi лодку.

Пятнiца стаяў на тым, каб мы агнём выпалiлi ўнутранасць дрэва, як робяць пры пабудове сваiх пiрогаў дзiкуны. Але я сказаў яму, што лепей выдаўбаць яе долатам i iншым цяслярскiм iнструментам, i, калi я паказаў яму, як гэта робiцца, ён ахвотна згадзiўся, што мой спосаб лепшы i больш надзейны.

Пятнiца хутка вывучыўся рабiць i гэту работу.

Мы з захапленнем узялiся за работу, i праз месяц лодка была гатова. Мы патрацiлi на яе многа сiлы, абчасалi яе сякерамi, i ў нас атрымалася сапраўдная марская лодка з высокiм кiлем i моцнымi бартамi; яна была цалкам прыгодная для нашай мэты, таму што пэўна магла падняць дваццаць чалавек.

Пасля таго спатрэбiлася яшчэ каля двух тыдняў, каб спусцiць наша судна на ваду. Для гэтай мэты мы прыстасавалi драўляныя каткi, але лодка была такая цяжкая, а рабочых рук так мала, што i на катках яна рухалася наперад страшэнна павольна, дзюйм за дзюймам.

Калi лодка была спушчана на ваду, я са здзiўленнем убачыў, як спрытна спраўляецца з ёю Пятнiца, як хутка ўмее ён паварочваць яе ўправа i ўлева i як добра вяслуе.

Я спытаў у яго, цi няма небяспекi, на яго думку, выпраўляцца ў мора на такой лодцы?

– О не, – сказаў ён, – такая лодка не страшна плыць, няхай дзьме моцны вецер!

Але перш чым рушыць у мора, я намерыўся зрабiць яшчэ адну справу, пра якую Пятнiца пакуль што не ведаў, а iменна: паставiць у лодцы мачту з ветразем, а таксама змайстраваць якар i карабельны канат. Зрабiць мачту было няцяжка: на выспе расло многа на дзiва стройных высокiх кедраў. Я выбраў адно маладзенькае дрэўца – яно расло непадалёку ад бухты, дзе стаяла наша новая лодка, – i загадаў Пятнiцу ссекчы яго. Затым ён пад маiм кiраўнiцтвам ацерабiў ствол ад галiн i старанна абчасаў яго. Мачта была гатова.

Над ветразем мне давялося пастарацца самому. У мяне ў кладоўцы захоўвалiся старыя ветразi, або, лепш сказаць, кавалкi парусiны. Але гэта парусiна ляжала ўжо больш за дваццаць шэсць год.

Я нiколi не спадзяваўся, што мне давядзецца шыць з яе ветразi, i таму не вельмi даражыў ёю i нiколькi не клапацiўся пра тое, каб захаваць яе. Я быў упэўнены, што ўся гэта парусiна даўно згнiла. Так яно i аказалася: большая частка яе была гнiлая. I ўсё ж сёе-тое магло зараз згадзiцца. Я выбраў два мацнейшыя кавалкi i ўзяўся за шытво.

Многа сiлы патрацiў я на гэту работу: у мяне ж не было нават iголак! I ўсё ж у рэшце рэшт я змайстраваў нейкае мiзэрнае падабенства вялiкага трохкутнага ветразя, накшталт тых, якiмi карыстаюцца ў Ангельшчыне (там такi ветразь называюць "нагою барана"), i, апрача таго, маленькi ветразь, так званы "блiнд".

Такiмi ветразямi я ўмеў кiраваць лепш за ўсё, таму што дакладна такiя ж ветразi былi на той шлюпцы, на якой я некалi ўцякаў з Афрыкi.

Каля двух месяцаў прыладжваў я да лодкi мачту i ветразi, але затое ўся работа была зроблена вельмi дасканала. Апрача двух ветразяў я змайстраваў яшчэ трэцi. Гэты ветразь я ўмацаваў на носе. Ён павiнен быў памагаць нам паварочваць лодку пры перамене галса*, для таго каб iсцi супроць ветру.

* Галс – курс судна адносна ветру; напрыклад, судна iдзе левым галсам, калi вецер дзьме ў левы бок судна.

А затым я зрабiў выдатны руль i прыладзiў яго да кармы, што павiнна было значна аблегчыць кiраванне лодкай.

У справе пабудовы марскiх суднаў я быў невук, але я добра разумеў усю карысць такога прыстасавання, як руль, i таму не пашкадаваў тут нi сiлы, нi працы. Далося мне гэта нялёгка: на адзiн гэты руль у мяне пайшло амаль столькi ж часу, колькi на пабудову i аснастку ўсяе лодкi.

Калi ўсё было гатова, я пачаў вучыць Пятнiцу кiраваць маёй лодкай, таму што нi руля, нi ветразя ён нiколi ў вочы не бачыў. На першым часе, калi ён убачыў, як я паварочваю лодку рулём i як ветразь надзiмаецца то з аднаго, то з другога боку, ён быў такi ашаломлены, нiбыта яму паказалi нейкае дзiва.

Тым не менш пад маiм кiраўнiцтвам ён хутка навучыўся кiраваць лодкай i зрабiўся ўмелым мараком. Адна толькi справа нiяк яму не давалася – карыстанне компасам. Але паколькi ў тых мясцiнах туманы бываюць толькi ў час дажджоў, компас быў не вельмi патрэбны. Днём мы маглi кiраваць на ўзбярэжжа, якое вiднелася ўдалечынi, а ноччу трымаць курс па зорках. Iншая справа ў перыяд дажджоў, але тады ўсё роўна нельга было падарожнiчаць нi морам, нi па зямлi.

Надышоў дваццаць сёмы год майго зняволення ў гэтай турме. Праўда, тры апошнiя гады можна было смела скiнуць з разлiку, бо пасля з'яўлення на выспе майго адданага Пятнiцы жыццё маё зусiм змянiлася.

Наблiжаўся сезон дажджоў, калi большую частку дня даводзiцца сядзець дома. Неабходна было перачакаць гэты час i зрабiць захады да таго, каб дажджы не пашкодзiлi нашу лодку. Мы прывялi яе ў тую бухтачку, у якую я прыставаў са сваiмi плытамi, i, дачакаўшыся прылiву, падцягнулi яе да самага берага. Потым мы выкапалi на тым месцы, дзе стаяла лодка, даволi глыбокую яму такiх памераў, што лодка змясцiлася ў ёй, як у доку. Ад мора мы адгарадзiлi яе моцнай плацiнай, пакiнуўшы для вады толькi вузкi праход.

Калi з наступным прылiвам наш маленькi док запоўнiўся вадою, мы наглуха заклалi плацiну, так што лодка засталася на вадзе, але марскiя хвалi не маглi захлiснуць яе i прылiў не мог знесцi яе ў мора. Каб абаранiць лодку ад дажджоў, мы прыкрылi яе тоўстым слоем галiн, i яна такiм чынам апынулася нiбы пад страхой.

Цяпер мы маглi спакойна чакаць добрага надвор'я, каб у лiстападзе цi снежнi рушыць пад ветразем у мора.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЕРТЫ

Бiтва з дзiкунамi. – Рабiнзон выратоўвае гiшпанца. – Пятнiца знаходзiць бацьку.

Як толькi спынiлiся дажджы i зноў засвяцiла сонца, я пачаў з ранiцы да ночы рыхтавацца да будучага плавання. Я загадзя разлiчыў, колькi правiзii нам можа спатрэбiцца, i пачаў нарыхтоўваць неабходныя прыпасы.

Тыднi праз два, а то i раней, я меў намер разбурыць плацiну i вывесцi лодку з дока.

Але нам не суджана было адправiцца ў дарогу.

Неяк аднойчы ранiцой, калi я, як звычайна, быў заняты падрыхтоўкай да ад'езду, мне прыйшло ў галаву, што добра было б, апрача iншай ежы, прыхапiць з сабою невялiкi прыпас i чарапашынага мяса.

Я паклiкаў Пятнiцу i папрасiў яго збегаць на бераг i злавiць чарапаху. (Мы палявалi на чарапах кожны тыдзень, таму што абодва любiлi iх мяса i яйкi.)

Пятнiца памчаўся выконваць маю просьбу, але не прайшло i чвэрткi гадзiны, як ён прыбег назад, перамахнуў, як на крылах, цераз агароджу i, раней, чым я паспеў спытаць у яго, што здарылася, закрычаў:

– Гора, гора! Бяда! Кепска!

– Што здарылася? Што такое, Пятнiца? – спытаў я трывожна.

– Там, каля берага, – адказаў ён, – каля берага адна, дзве тры... адна, дзве, тры лодкi!

З яго слоў я зразумеў, што ўсiх лодак было шэсць, але, як потым высветлiлася, iх было толькi тры, а ён двойчы паўтарыў падлiк, таму што быў вельмi ўсхваляваны.

– Не трэба палохацца, Пятнiца! Трэба быць адважным! – сказаў я, стараючыся падбадзёрыць яго.

Небарака быў страшэнна напалоханы. Ён чамусьцi вырашыў, нiбыта дзiкуны з'явiлiся па яго, нiбыта яны яго парэжуць на кавалкi i з'ядуць. Ён увесь калацiўся. I я не ведаў, як яго супакоiць. Я казаў, што мяне, калi на тое пайшло, чакае такая ж небяспека: калi з'ядуць яго, то з'ядуць i мяне разам з iм.

– Але мы будзем баранiцца! – сказаў я. – Мы не дамося жывымi iм у рукi; мы распачнём з iмi бойку, i ты ўбачыш, што мы пераможам! Ты ж умееш страляць, цi не так?

– Я ўмею страляць, – адказваў ён, – толькi iх многа, вельмi многа.

– Не страшна, – сказаў я, – адных мы заб'ём, а астатнiя напалохаюцца нашых стрэлаў i разбягуцца. Я абяцаю табе, што не дам цябе ў крыўду. Я буду адважна баранiцца сам i цябе буду баранiць. Толькi абяцай мне, што таксама будзеш адважна баранiць мяне i выконваць усе мае загады.

– Я памру, калi ты загадаеш, Рабiнзон Круза!

Пасля гэтага я прынёс з пячоры вялiкую конаўку рому i даў яму выпiць (я так ашчадлiва абыходзiўся са сваiм ромам, што ў мяне заставаўся яго яшчэ ладны запас).

Затым мы сабралi ўсе нашы мушкеты i паляўнiчыя стрэльбы, падрыхтавалi iх як след i зарадзiлi. Апрача таго, я ўзброiўся, як заўсёды, шабляю, а Пятнiцу даў сякеру.

Падрыхтаваўшыся такiм чынам да бою, я ўзяў падзорную трубу i падняўся для разведкi на гару.

Накiраваўшы трубу на бераг мора, я хутка ўбачыў дзiкуноў: iх было чалавек дваццаць, ды, апрача таго, на беразе ляжала трое звязаных людзей. Лодак, паўтараю аказалася толькi тры, не шэсць. Было зразумела, што ўвесь гэты натоўп дзiкуноў з'явiўся на выспу з адзiнай мэтай – адсвяткаваць сваю перамогу над ворагам. Прадбачылася жахлiвае крывавае вiдовiшча.

Я таксама заўважыў, што гэты раз яны высадзiлiся не там, дзе высаджвалiся тры гады назад, у дзень нашай першай сустрэчы з Пятнiцай, а куды блiжэй да мае бухтачкi. Тут бераг быў нiзкi, i амаль да самае вады спускаўся густы лес.

Мяне страшэнна хвалявала злачынства, якое мела адбыцца неўзабаве. Марудзiць не было калi. Я збег з гары i сказаў Пятнiцу, што трэба як мага хутчэй напасцi на гэтых крыважэрных людзей.

Пры гэтым я яшчэ раз спытаўся ў яго, цi будзе ён мне дапамагаць. Ён цяпер зусiм асмялеў (магчыма, гэтаму часткова садзейнiчаў ром) i з бадзёрым, нават радасным выглядам паўтарыў, што гатовы памерцi за мяне.

Усё яшчэ будучы ўзбуджаны, я схапiў пiсталеты i стрэльбы (астатняе ўзяў Пятнiца), i мы рушылi ў дарогу. На ўсякi выпадак я ўзяў у кiшэню бутэльку рому i даў Пятнiцу несцi невялiкi мяшэчак з запаснымi кулямi i порахам.

– Iдзi за мной, – сказаў я, – не адставай нi на крок i маўчы. Не пытайся ў мяне нiчога. Ды не надумайся страляць без мае каманды!

Падышоўшы да ўскрайку лесу з таго боку, якi быў блiжэй да берага, я спынiўся, цiхенька паклiкаў Пятнiцу i, паказаўшы яму высокае дрэва, загадаў узлезцi на верхавiну i зiрнуць, цi вiдны адтуль дзiкуны i што яны робяць. Ён амаль адразу ж злез з дрэва i паведамiў, што дзiкуны сядзяць вакол вогнiшча, даядаючы аднаго з палонных, якiх яны прывезлi, а другi, звязаны, ляжыць там жа, на пяску.

– Потым яны з'ядуць i таго, – дадаў Пятнiца зусiм спакойна.

Уся мая душа так i ўспыхнула ад раз'юшанасцi пры гэтых словах.

Пятнiца сказаў мне, што другi палонны не iндзеец, а адзiн з тых белых барадатых людзей, якiя прыплылi да яго берага на лодцы. "Трэба дзейнiчаць", вырашыў я. Я схаваўся за дрэва, дастаў падзорную трубу i выразна ўбачыў на беразе белага чалавека. Ён ляжаў нерухома, таму што яго рукi i ногi былi звязаны гнуткiмi дубцамi. Не было сумнення, што гэта быў эўрапеец: ён быў апрануты.

Наперадзе раслi кусты, i сярод гэтых кустоў стаяла дрэва. Кусты былi даволi густыя, так што можна было падкрасцiся туды непрыкметна.

Хоць я i быў так страшэнна абураны, што мне хацелася кiнуцца на людаедаў у той жа момант, нават не думаючы пра магчымыя вынiкi, я ўсё ж стрымаў сваю раз'юшанасць i прабраўся тайком да дрэва. Дрэва стаяла на пагорку. З гэтага пагорка мне было вiдаць усё, што адбывалася на беразе.

Ля вогнiшча, цесна прыцiснуўшыся адзiн да аднаго, сядзелi дзiкуны. Iх было дзевятнаццаць чалавек.

Крыху воддаль, схiлiўшыся над звязаным эўрапейцам, стаялi яшчэ двое. Вiдаць, iх толькi што паслалi па палоннага. Яны павiнны былi забiць яго, парэзаць на часткi i раздаць кавалкi яго мяса ўсiм, хто быў на гэтым баляваннi.

Я павярнуўся да Пятнiцы.

– Глядзi на мяне, – сказаў я, – што я буду рабiць, тое рабi i ты.

З гэтымi словамi я паклаў на зямлю адзiн з мушкетаў i паляўнiчую стрэльбу, а з другога мушкета прыцэлiўся ў дзiкуноў. Пятнiца зрабiў тое ж самае.

– Ты гатовы? – спытаўся я ў яго.

– Так, – адказаў ён.

– Ну, тады страляй, – сказаў я, i мы стрэлiлi абодва адначасова.

Прыцэл Пятнiцы быў больш удалы за мой. Ён забiў двух чалавек i паранiў трох, я ж толькi двух паранiў i забiў аднаго.

Лёгка сабе ўявiць, якое страшэннае ўзрушэнне нарабiлi нашы стрэлы сярод дзiкуноў! Тыя, што засталiся жывыя, усхапiлiся на ногi, не ведаючы, куды кiнуцца, у якi бок глядзець, таму што хоць яны разумелi, што iм пагражае смерць, але не бачылi, адкуль яна.

Пятнiца, выконваючы мой загад, не зводзiў вачэй з мяне.

Не даючы дзiкунам апамятацца пасля першых стрэлаў, я кiнуў на зямлю мушкет, схапiў стрэльбу, узвёў курок i зноў прыцэлiўся. Пятнiца дакладна паўтараў кожны мой рух.

– Ты гатовы, Пятнiца? – спытаў я зноў.

– Гатовы! – адказаў ён.

– Страляй, – скамандаваў я.

Два стрэлы грымнулi амаль адначасова, але таму што гэты раз мы стралялi са стрэльбаў, якiя былi зараджаны шротам, то забiтых аказалася толькi двое (ва ўсякiм разе ўпалi толькi двое), затое параненых было вельмi шмат.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю