Текст книги "Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)"
Автор книги: Даниэль Дефо
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 12 страниц)
Нядаўна я выявiў, што ў мяне засталося вельмi мала чарнiла. Трэба будзе абыходзiцца з iм больш ашчадна. Да гэтага часу я вёў свае запiсы штодня i запiсваў розныя дробязi, цяпер буду запiсваць толькi выдатныя падзеi майго жыцця.
Да гэтага часу я паспеў заўважыць, што перыяды дажджоў чаргуюцца тут вельмi дакладна з сухiм сезонам, i, такiм чынам, я меў магчымасць загадзя падрыхтавацца i да засухi i да дажджоў.
Аднак вопыт гэты каштаваў мне вельмi дорага. Пра гэта сведчыць хоць бы такая падзея, якая здарылася са мною ў той час. Адразу ж пасля дажджоў, калi сонца прайшло ў Паўднёвае паўшар'е, я вырашыў, што настаў зручны час, каб пасеяць тыя мiзэрныя запасы рысу i ячменю, пра якiя гаварылася вышэй. Я пасеяў iх i з нецярпеннем пачаў чакаць ураджаю. Але надышлi сухiя месяцы, у зямлi не засталося нi кроплi вiльгацi, i нi адно зерне не ўзышло. Добра, што я адклаў у запас па жменьцы рысу i ячменю. Я так i сказаў сабе: "Лепш не высяваць усяго насення; я ж не ведаю добра яшчэ тутэйшы клiмат, i я не ведаю напэўна, калi сеяць i калi збiраць ураджай". Я вельмi хвалiў сябе за гэту перасцярогу, бо быў упэўнены, што ўвесь той пасеў загiнуў ад засухi. Але ж як я быў здзiўлены, калi праз некалькi месяцаў, як толькi пачалiся дажджы, амаль усё маё зерне ўзышло, як быццам я толькi што яго пасеяў!
Пакуль рос i паспяваў мой хлеб, я зрабiў адно адкрыцце, якое потым прынесла мне немалую карысць.
Як толькi спынiлiся дажджы i надвор'е ўсталявалася, недзе прыблiзна ў лiстападзе, я сабраўся на сваё лясное лецiшча. Я не быў там некалькi месяцаў i з радасцю ўпэўнiўся, што ўсё там засталося без змены, у тым самым выглядзе, як было i пры мне. Змянiлася толькi агароджа вакол майго будана. Яна была, як вядома, з двайнога частаколу. Агароджа была цэлая, толькi частаколiны, на якiя я высек маладыя дрэўцы не вядомай мне пароды, што раслi паблiзу, частаколiны мае пайшлi ў рост, гэтак як расце ў нас лаза, калi зрэзаць верхавiнку. Я вельмi здзiвiўся, убачыўшы гэтыя свежыя галiны, i мне было вельмi прыемна, што агароджа мая ўся ў зелянiне. Я падстрыг кожнае дрэўца, каб па магчымасцi надаць iм усiм аднолькавы выгляд, i яны дзiвосна разраслiся.
Хоць круглая плошча майго лецiшча мела каля дваццацi пяцi ярдаў у дыяметры, дрэвы (так я мог цяпер называць свае частаколiны) хутка засланiлi яе сваiмi галiнамi i давалi такi густы цень, што ў iм можна было хавацца ад сонца ў любую пару дня. Таму я вырашыў ссекчы яшчэ некалькi дзесяткаў гэтакiх жа калоў i ўбiць iх паўкругам вакол агароджы майго старога дома. Так я i зрабiў. Я ўбiў iх у зямлю ў два рады, адступiўшы ад сцяны ярдаў на восем. Яны прынялiся, i неўзабаве ў мяне вырасла жывая агароджа, якая спачатку баранiла мяне ад спякоты, а пазней саслужыла мне i зусiм iншую, больш важную службу.
Да гэтага часу я канчаткова ўпэўнiўся ў тым, што на маёй выспе поры года трэба падзяляць не на летнi i зiмовы перыяды, а на сухi i дажджлiвы, прычым гэтыя перыяды размяркоўваюцца прыблiзна так:
–
Палова лютага.
Сакавiк.
Палова красавiка.
Дажджы.
Сонца стаiць у зенiце.
–
Палова красавiка.
Май.
Чэрвень.
Лiпень.
Палова жнiўня.
Суха.
Сонца рухаецца да поўначы.
–
Палова жнiўня.
Верасень.
Палова кастрычнiка.
Дажджы.
Сонца ў зенiце.
–
Палова кастрычнiка.
Лiстапад.
Снежань.
Студзень.
Палова лютага.
Суха.
Сонца рухаецца на поўдзенi.
–
Дажджавы сезон можа быць даўжэйшы i карацейшы – гэта залежыць ад ветру, а ўвогуле я вызначыў iх правiльна. Паступова, з практыкi, я ўпэўнiўся, што мне вельмi небяспечна ў перыяд дажджоў знаходзiцца пад адкрытым небам: гэта шкодзiць здароўю. Таму перад пачаткам дажджоў я кожны раз рабiў запас правiзii, каб як мага радзей выходзiць за парог, i ўсе дажджлiвыя месяцы стараўся сядзець дома.
РАЗДЗЕЛ АДЗIНАЦЦАТЫ
Рабiнзон працягвае даследаваць выспу
Не раз спрабаваў я сплесцi сабе кош, але дубцы, якiя мне траплялiся, былi такiя крохкiя, што ў мяне нiчога не атрымлiвалася.
Дзiцем яшчэ любiў я хадзiць да карзiншчыка, якi жыў у нашым горадзе. Я ўважлiва назiраў, як ён робiць кашы. I цяпер гэта мне вельмi прыдалося. Усе дзецi назiральныя i любяць дапамагаць дарослым. Прыгледзеўшыся да работы карзiншчыка, я неўзабаве скемiў, як ён пляце свае кашы i карзiны, i, як умеў, хутка пачаў i сам памагаць яму. Паступова я навучыўся плесцi не горш за свайго прыяцеля... I вось цяпер у мяне не было толькi адпаведнага матэрыялу. Нарэшце мне прыйшла ў галаву думка: а цi не паспрабаваць мне дубцы тых дрэў, з якiх я гарадзiў свой частакол? У iх жа галiны павiнны быць гэтакiя ж гнуткiя, як у нашае лазы цi вярбы. I я вырашыў паспрабаваць.
На другi ж дзень я пайшоў на лецiшча, выбраў i зрэзаў некалькi самых тонкiх дубцоў i ўпэўнiўся, што яны як лепш не трэба прыгодныя для пляцення кашоў. У наступны раз я прыйшоў з сякераю, каб адразу насекчы дубцоў як найбольш. Мне не прыйшлося доўга шукаць iх, таму што дрэвы гэтай пароды раслi тут скрозь. Насечаныя дубцы я перанёс за агароджу майго будана i схаваў там.
Як толькi пачалiся дажджы, я сеў за працу i пачаў плесцi кашы. Яны служылi мне на розныя патрэбы: я насiў iмi зямлю, складаў у iх розныя рэчы i г. д. Праўда, кашы ў мяне атрымлiвалiся не вельмi каб зграбныя, але яны былi трывалыя i добра апраўдвалi сваё прызначэнне. А мне гэта толькi i трэба было.
З таго часу мне нярэдка даводзiлася плесцi кашы: старыя ламалiся i зношвалiся i патрэбны былi новыя. Я плёў розныя кашы – i вялiкiя i маленькiя, але галоўным чынам назапашваў глыбокiя i шчыльныя кашы, каб хаваць збожжа: я хацеў, каб яны служылi мне замест мяхоў. Праўда, цяпер у мяне збожжа было яшчэ мала, але ж я меў намер назапашваць яго на працягу некалькiх год.
Я казаў ужо, што мне вельмi хацелася абысцi ўсю выспу i што я некалькi разоў даходзiў да ручая i яшчэ вышэй – да таго месца, дзе я збудаваў будан.
Адтуль лёгка можна было прайсцi да супрацьлеглага берага, якога я яшчэ нi разу не бачыў. Я ўзяў стрэльбу, сякеру, добры запас пораху, шроту i куляў, прыхапiў на ўсякi выпадак два сухары i вялiкую гронку разынак i падаўся ў дарогу. За мною, як заўсёды, пабег сабака.
Калi я дайшоў да свайго будана, я не спынiўся i рушыў далей на захад. I раптам, прайшоўшы з паўгадзiны, я ўбачыў перад сабою мора, а ў моры, на маё вялiкае здзiўленне, паласу зямлi.
Быў яркi сонечны дзень, я добра бачыў зямлю, але не мог пэўна вызначыць, мацярык гэта цi выспа. Высокае пласкагор'е цягнулася з захаду на поўдзень i знаходзiлася ад маёй выспы вельмi далёка – па майму разлiку, мiляў за сорак, калi не больш.
Я не меў анiякага ўяўлення, што гэта была за зямля. Адно я ведаў пэўна: гэта, безумоўна, частка Паўднёвай Амерыкi, што ляжала, як вiдаць, непадалёку ад гiшпанскiх уладанняў. Зусiм магчыма, што там жывуць дзiкуны-людаеды i што, калi б я трапiў туды, становiшча маё было б куды горшае, чым зараз.
Гэта думка мiжволi ўзрадавала мяне.
Значыць, зусiм дарэмна праклiнаў я свой горкi лёс. Жыццё маё магло б скласцiся куды горш. Значыць, я зусiм дарэмна мучыў сябе марным шкадаваннем, навошта бура выкiнула мяне менавiта сюды, а не ў нейкае iншае месца. Значыць, я павiнен радавацца, што жыву тут, на бязлюднай выспе.
Разважаючы такiм чынам, я не спяшаўся i паволi iшоў наперад, i пры гэтым на кожным кроку ўсё больш i больш пераконваўся, што гэта частка выспы, дзе я знаходзiўся зараз, была куды больш прывабнай, чым тая, дзе я збудаваў сваё першае жытло. Усюды тут распасцiралiся зялёныя квiтнеючыя паляны, цудоўныя гаi, звiнела спевам птаства.
Я заўважыў, што тут вадзiлася мноства папугаяў, i мне захацелася аднаго злавiць: я спадзяваўся прыручыць яго i навучыць гаварыць. Пасля некалькiх няўдалых спроб мне ўсё ж удалося злавiць маладога папугая: я падбiў яму палкаю крыло. Аглушаны маiм ударам, ён звалiўся на зямлю. Я падняў яго i прынёс дадому. Пазней мне ўдалося дабiцца, каб ён клiкаў мяне маiм iмем.
Я дайшоў да марскога берага i ўпэўнiўся,што лёс закiнуў мяне на самую горшую частку выспы.
Тут увесь бераг быў усеяны чарапахамi, а там, дзе я жыў, за паўтара года я знайшоў толькi тры. Тут была безлiч птушак разнастайных парод. Былi i такiя, якiх я нiколi не бачыў. Мяса некаторых здалося мне вельмi смачным, хоць я нават не ведаў, як iх завуць. Сярод вядомых мне птушак самымi лепшымi былi пiнгвiны.
Зноў паўтараю: гэты бераг быў лепшы ва ўсiх адносiнах i больш прывабны за мой. I ўсё роўна я не меў нiякага жадання перасяляцца сюды. Пражыўшы ў сваёй палатцы каля двух гадоў, я паспеў прывыкнуць да тых мясцiн; тут жа я адчуваў сябе падарожнiкам, госцем, тут я адчуваў сябе нiякавата, i мяне цягнула дадому.
Я выйшаў на бераг, павярнуў на ўсход i прайшоў узбярэжжам каля дванаццацi мiляў. Тут я ўмацаваў у зямлю высокi шост, каб прыкмецiць месца, таму што ў наступны раз я вырашыў прыйсцi сюды з другога боку. I накiраваўся назад. Я хацеў вярнуцца другiм шляхам.
"Выспа зусiм невялiкая, – думаў я, – i заблудзiць на ёй немагчыма. У крайнiм выпадку я падымуся на горку, агледжуся i ўбачу, дзе знаходзiцца маё старое жытло".
Аднак я зрабiў вялiкую памылку. Адышоўшы ад берага не болей дзвюх-трох мiляў, я непрыкметна спусцiўся ў шырокую далiну, якую так цесна абступалi пагоркi, парослыя густым лесам, што я нiяк не мог разабраць, дзе я знаходжуся. Я мог бы кiравацца па сонцу, але для гэтага патрэбна было дакладна ведаць, дзе знаходзiцца ў гэты час сонца. Горш за ўсё было тое, што на працягу трох цi чатырох дзён, пакуль я блукаў па далiне, надвор'е стаяла пахмурнае i сонца зусiм не паказвалася. У рэшце рэшт мне давялося зноў вярнуцца да берага мора, на тое самае месца, дзе стаяў мой шост.
Адтуль я вярнуўся дадому ранейшай дарогай. Я iшоў не спяшаючыся i часта садзiўся адпачыць, таму што было вельмi горача, а мне давялося несцi многа цяжкiх рэчаў – стрэльбу, зарады, сякеру.
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
Рабiнзон вяртаецца ў пячору. – Палявыя работы.
У час гэтага падарожжа мой сабака спалохаў казляня i схапiў яго, але загрызцi не паспеў: я падбег i адабраў яго. Мне вельмi хацелася забраць яго: я страшэнна марыў набыць як-небудзь дваiх казлянят, каб развесцi статак i забяспечыць сябе мясам на той час, калi ў мяне скончыцца ўвесь порах. Я змайстраваў казляняцi нашыйнiк i павёў яго на вяроўцы; вяроўку я даўно ўжо звiў з пянькi ад старых канатаў i цяпер заўсёды насiў яе ў кiшэнi. Казляня ўпiралася, але ўсё роўна iшло. Дабраўшыся да свайго лецiшча, я пакiнуў яго ў загарадзi, а сам пайшоў далей: мне хацелася хутчэй апынуцца дома, бо я падарожнiчаў ужо больш за месяц.
Не магу выказаць, з якiм задавальненнем вярнуўся я пад дах свайго старога дома i зноў разлёгся ў гамаку. Бадзянне па выспе, калi ў мяне не было дзе прыхiлiць галавы, так стамiла мяне, што мой уласны дом (як зваў я цяпер сваё жытло) здаўся мне надзвычай утульным.
З тыдзень я адпачываў i цешыўся хатняй ежаю. Большую частку гэтага часу я быў заняты важнай справай: майстраваў клетку для Попкi, якi адразу ж зрабiўся хатняю птушкаю i надзвычай хутка прывык да мяне.
Затым я ўспомнiў пра беднае казляня, якое сядзела ў палоне на лецiшчы. "Напэўна, яно ўжо з'ела ўсю траву, – думаў я, – i выпiла ўсю ваду, якую я пакiнуў яму, i цяпер галадае". Трэба было схадзiць па яго. Прыйшоўшы на лецiшча, я застаў яго там, дзе пакiнуў. Зрэшты, яно i не магло нiкуды пайсцi. Яно памiрала з голаду. Я нарэзаў галiн з блiжэйшых дрэў i перакiнуў яму за агароджу.
Калi казляня пад'ела, я прывязаў яму за нашыйнiк вяроўку i хацеў весцi яго, як раней, але, нагаладаўшыся, казляня зрабiлася такое ручное, што вяроўка яму ўжо была непатрэбна: яно пабегла следам за мною, як сабака.
Па дарозе я ўвесь час кармiў яго, i, дзякуючы гэтаму, яно стала такiм жа паслухмяным i рахманым, як i астатнiя жыхары майго дома. Казляня так да мяне прызвычаiлася, што не адыходзiла нi на крок.
Надышоў снежань, калi павiнен быў узысцi рыс i ячмень. Уроблены мною кавалак зямлi быў невялiкi, таму што, як я казаў ужо, засуха загубiла амаль усю маю сяўбу першага года i ў мяне заставалася не больш за васьмушку бушаля* кожнага гатунку збожжа.
* Бушаль – ангельская мера сыпкiх цел; роўна 36 лiтрам.
Гэты раз можна было чакаць цудоўнага ўраджаю, як раптам выявiлася, што ў мяне ёсць пагроза зноў страцiць яго ўвесь, таму што маё поле спустошвае процьма разнастайных ворагаў, ад якiх немагчыма абаранiцца. Гэтымi ворагамi былi козы, а таксама тыя дзiкiя звяркi, якiх я назваў зайцамi. Салодкiя сцяблiны рысу спадабалiся iм: яны прападалi на полi дзень i ноч i паядалi маладыя парасткi перш, чым яны паспявалi закаласаваць.
Супроць нашэсця гэтых ворагаў быў адзiн толькi сродак: абгарадзiць усё поле плотам. Я так i зрабiў.
Але гэта работа была вельмi цяжкая, галоўным чынам таму, што трэба было спяшацца: шкоднiкi няшчадна знiшчалi калоссе. Праўда, палетак мой быў такi невялiкi, што за тры тыднi агароджа была гатова.
Агароджа аказалася даволi спраўнай. Пакуль яна не была скончана, я адпужваў шкоднiкаў стрэламi, а на ноч прывязваў да агароджы сабаку, якi брахаў да ранiцы. Дзякуючы ўсiм гэтым мерам перасцярогi шкоднiкi пакiнулi мяне ў спакоi, а мае каласы пачалi налiвацца зернем.
Але ледзь толькi хлеб закаласiўся, як з'явiлiся новыя ворагi: наляцела процьма пражэрлiвых птушак i пачала кружыць над полем, чакаючы, калi я пайду, каб накiнуцца на збажыну. Я зараз жа выпусцiў на iх зарад шроту (я нiколi не выходзiў без стрэльбы), i не паспеў я стрэлiць, як з поля ўзнялася другая чарада, якой я спачатку не заўважыў.
Я быў не на жарт устрывожаны.
"Яшчэ некалькi дзён такога разбою – i бывайце, усе мае надзеi, – сказаў я сабе, – у мяне няма больш насення, i я застануся без хлеба".
Што было рабiць? Як пазбавiцца ад гэтай новай напасцi? Нiчога прыдумаць я не мог, аднак цвёрда вырашыў: чаго б гэта нi каштавала, абаранiць свой хлеб, нават калi б мне давялося вартаваць яго цэлыя суткi.
Спачатку я абышоў усё поле, каб упэўнiцца, цi многа шкоды нарабiлi мне птушкi. Аказалася, што нямала. I ўсё ж з гэтай стратай яшчэ можна было б змiрыцца, калi б удалося захаваць астатнi ўраджай. Птушкi стаiлiся на блiжэйшых дрэвах: яны чакалi, каб я пайшоў. Я зарадзiў стрэльбу i зрабiў выгляд, што адыходжу. Зладзеi ўзрадавалiся i шуганулi на мой палетак. Гэта мяне страшэнна ўзлавала. Спачатку я думаў пачакаць, каб села ўся хмара, але ў мяне не хапiла цярпення.
"Гэта ж з кожнага зярняцi, якое яны здзяўбуць зараз, я, можа, у будучым губляю цэлы бохан хлеба", – сказаў я сам сабе.
Я падбег да агароджы i пачаў страляць; тры птушкi засталiся на месцы. Я падняў iх i павесiў на высокiм слупе, каб напалохаць астатнiх. Цяжка нават уявiць сабе, якое ўздзеянне гэта зрабiла: нi адна птушка больш не села на мой палетак. Усе паляцелi з гэтай часткi выспы; ва ўсякiм разе я не бачыў нiводнай за ўвесь час, пакуль вiселi мае пудзiлы на слупе. Няма чаго i казаць: гэта перамога над птушкамi прынесла мне вялiкае задавальненне.
К канцу снежня збажына паспела, i я сабраў другi ўраджай у гэтым годзе.
У мяне, на жаль, не было нi касы, нi сярпа, i пасля доўгiх разваг я вырашыў скарыстаць у сваёй палявой працы шырокую шаблю, якую я ўзяў на караблi разам з iншай зброяй. Праўда, збажыны ў мяне было не так ужо многа, i таму зжаць яе было зусiм не цяжка. Ды i жаў я сваiм адметным спосабам: зразаў толькi каласы i зносiў iх з поля ў вялiкiм кашы. Калi ўсё было прыбрана, я перацёр каласы рукамi i ў вынiку з адной восьмай часткi бушаля насення кожнага гатунку атрымаў каля двух бушаляў рысу i два з паловай бушалi ячменю (зразумела, па прыблiзнаму падлiку, таму што ў мяне не было меркi).
Ураджай быў выдатны, i такi поспех натхнiў мяне. Цяпер я мог спадзявацца, што праз некалькi гадоў у мяне будзе пастаянны запас хлеба. Але разам з тым у мяне ўзнiкалi i новыя цяжкасцi. Як, не маючы нi млына, нi нават жорнаў, ператварыць зерне ў муку? Як прасеяць муку? Як змясiць з мукi цеста? Як, нарэшце, спячы хлеб? Нiчога гэтага я не ўмеў. Таму я вырашыў не чапаць свайго ўраджаю i пакiнуць усё збожжа на насенне, а тым часам, да наступнага пасеву, прыкласцi ўсе намаганнi да таго, каб вырашыць галоўную задачу – навучыцца ператвараць збожжа ў хлеб.
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
Рабiнзон вырабляе посуд
У дажджы, калi нельга было выйсцi з дому, я мiж iншым вучыў свайго папугая гаварыць. Гэта вельмi мяне пацяшала.
За некалькi ўрокаў ён ужо ведаў сваё iмя, а потым, хоць i не хутка, вывучыўся даволi гучна i выразна вымаўляць яго.
"Попка" было першае слова, якое я пачуў на выспе з чужых вуснаў.
Але гаворка з Попкам была не заняткам, а падмогай у рабоце. У той час у мяне была вельмi важная справа. Даўно ўжо ламаў я галаву над тым, як вырабляецца глiняны посуд, у якiм я меў пiльную патрэбу, але нiчога не ўмеў прыдумаць: не было адпаведнай глiны.
"Каб толькi знайсцi глiну, – думаў я, – i мне будзе зусiм няцяжка зляпiць нешта накшталт гаршка цi мiскi. Праўда, i гаршчок i мiску неабходна абпальваць, але ж я жыву ў гарачым клiмаце, дзе сонца гарачэй за ўсякую печ. Ва ўсякiм разе мой посуд, прасохшы на сонцы, будзе дастаткова трывалым. Яго можна будзе браць у рукi, можна будзе трымаць у iм збожжа, муку i захоўваць сухiя прыпасы ад сырасцi".
I я вырашыў, што, як толькi знайду прыгодную глiну, абавязкова вылеплю некалькi вялiкiх пасудзiн, каб захоўваць збожжа. Пра такi глiняны посуд, у якiм можна было б варыць ежу, я пакуль што i марыць не мог.
Чытач, напэўна, пашкадаваў бы мяне, а магчыма, i пасмяяўся б з мяне, калi б я яму расказаў, як няўдала пачаў я сваю работу, якiя нязграбныя, недарэчныя рэчы атрымлiвалiся ў мяне на першым часе, колькi маiх вырабаў разбуралася толькi таму, што я недастаткова крута замешваў глiну i яна не вытрымлiвала ўласнага цяжару. Адны гаршкi ў мяне патрэскалiся таму, што я паспяшаўся вынесцi iх на сонца, калi яно палiла, як агнём; iншыя рассыпалiся на дробныя чарапкi яшчэ да прасушкi, як толькi я дакранаўся да iх. Два месяцы я працаваў, не разгiнаючы спiны. Шмат часу пайшло ў мяне на пошукi добрай ганчарнай глiны, на тое, каб накапаць яе, прынесцi дадому, апрацаваць. I ўсё роўна, нягледзячы на ўвесь гэты клопат, у мяне атрымалiся ўсяго дзве нязграбныя глiняныя пасудзiны – назваць iх збанамi было нiяк немагчыма.
I ўсё ж гэта былi вельмi карысныя рэчы. Я сплёў з дубцоў дзве вялiкiя карзiны i, калi мае гаршкi на сонцы добра высахлi i зацвярдзелi, асцярожна прыўзняў iх адзiн за адным i паставiў у карзiны. А для большай бяспекi, каб гаршкi не пабiлiся, пустое месца памiж карзiнай i пасудзiнай запоўнiў рысавай i ячменнай саломай. Гэтыя першыя свае гаршкi я выкарыстаў пакуль што для захоўвання сухога збожжа. Я баяўся, што яны адсырэюць, калi буду трымаць у iх вiльготныя прадукты. Пазней я збiраўся ссыпаць у iх муку, калi знайду спосаб малоць маё збожжа.
Вялiкiя вырабы з глiны атрымалiся ў мяне няўдалыя. Куды лепш удавалiся мне вырабы дробнага посуду: маленькiя круглыя гаршчочкi, талеркi, гладышыкi, кубкi, мiскi i iншыя рэчы. Дробныя рэчы было лягчэй ляпiць, апрача таго, яны раўней абпальвалiся на сонцы i таму былi больш трывалыя.
Але ўсё роўна галоўная мая задача заставалася нявырашанай. Мне патрэбен быў посуд, у якiм бы я здолеў варыць: ён павiнен быў вытрымлiваць агонь i не прапускаць ваду, а для гэтага мае гаршкi былi не прыгодныя.
Але вось аднойчы я расклаў вялiкi агонь, каб падсмажыць на вуголлi мяса. Калi яно спяклося, я хацеў затушыць вуголле i выпадкова ўбачыў чарапок, якi трапiў у агонь ад разбiтага глiнянага збана. Чарапок так накалiўся, што быў чырвоны, як чарапiца, i зацвярдзеў, як камень. Мяне гэта адкрыццё прыемна ўразiла.
"Калi глiняны чарапок так зацвярдзеў на агнi, то значыць з такiм жа поспехам можна абпальваць на агнi i глiняны посуд", – вырашыў я.
Я думаю, што нiводзiн чалавек у свеце не радаваўся гэтак з такой нязначнай прычыны, як радаваўся я, упэўнiўшыся, што мне ўдалося вырабiць гаршкi, якiя не баяцца нi вады, нi агню.
Я ледзь здолеў дачакацца, калi астынуць мае гаршкi, каб можна было налiць у адзiн з iх вады, паставiць зноў на агонь i зварыць у iм мяса. Гаршчок аказаўся выдатны. Я зварыў сабе з казляцiны вельмi смачны булён, хаця, вядома, калi б пакласцi ў яго капусты i цыбулi ды заправiць яшчэ аўсянкаю, ён атрымаўся б яшчэ лепшы.
Цяпер я задумаўся аб тым, як зрабiць каменную ступку, каб малоць, цi, дакладней, таўчы ў ёй збожжа; таму што пра такое выдатнае вынаходнiцтва, як млын, i гаворкi не магло быць: адной пары чалавечых рук не пад сiлу было ажыццявiць гэткую работу.
Але зрабiць ступку было таксама не проста: у рамястве каменячоса я быў такiм жа невукам, як i ва ўсiх iншых, i, апрача таго, у мяне не было патрэбных прылад. Не адзiн дзень змарнаваў я на пошукi адпаведнага каменя, але нiчога не знайшоў. Тут патрэбны быў вельмi цвёрды камень i да таго ж дастаткова вялiкi, каб у iм можна было выдзеўбаць паглыбленне.
На маёй выспе былi скалы, але пры ўсiх маiх намаганнях я не мог адкалоць ад iх абломка патрэбнага памеру. Да таго ж на ступку гэты крохкi порысты камень з пароды пясчанiкаў усё роўна быў непрыгодны: пад цяжкiм таўкачом ён бы крышыўся i ў муку трапляў бы пясок.
Такiм чынам, змарнаваўшы шмат часу на бескарысныя пошукi, я адмовiўся ад думкi пра каменную ступу i вырашыў змайстраваць яе з дрэва – матэрыял знайсцi было лягчэй.
Сапраўды, я хутка адшукаў у лесе вельмi цвёрдую калоду, такую вялiзную, што з цяжкасцю здолеў зрушыць яе з месца. Я абчасаў яе сякераю, каб надаць ёй па магчымасцi патрэбную форму, а затым распалiў агонь i пачаў выпальваць у ёй паглыбленне. Так робяць бразiльскiя чырвонаскурыя, калi будуюць лодкi. Няма чаго i казаць, што гэта работа каштавала мне немалых намаганняў.
Скончыўшы ступу, я вычасаў з так званага жалезнага дрэва цяжкi таўкач. I ступу i таўкач я схаваў да наступнага ўраджаю. Тады, па маiх разлiках, я павiнен буду атрымаць дастаткова збожжа, частку якога здолею стаўчы на муку.
Цяпер трэба было падумаць пра тое, як я буду замешваць хлеб, калi нарыхтую мукi.
Перш за ўсё я не меў закваскi; зрэшты, гэтай бядзе ўсё роўна немагчыма было памагчы, i таму пра закваску я не клапацiўся. Але як было абысцiся без печы? Вось гэта была сапраўды галаваломка. I тым не менш я ўсё ж даўмеўся, чым яе замянiць.
Я зляпiў з глiны некалькi вельмi шырокiх i мелкiх пасудзiн накшталт талерак, як мае быць абпаленых на агнi. Я падрыхтаваў iх яшчэ задоўга да пачатку жнiва i паставiў у кладоўцы. Яшчэ раней у мяне быў зроблены ачаг роўная пляцоўка на зямлi з квадратных (вядома, калi казаць усур'ёз, далёка ад квадратных) цаглiн, таксама ўласнага вырабу i таксама добра абпаленых.
Калi прыйшла пара пячы хлеб, я расклаў на гэтым ачагу вялiкi агонь. I калi дровы выгаралi, я разгроб вуголле па ўсiм ачагу i даў яму паляжаць з паўгадзiны, каб ачаг напалiўся да чырванi. Тады я згроб жар у адзiн бок i паклаў на ачаг свой хлеб, накрыўшы яго перавернутым дагары блюдам, а блюда засыпаў гарачым вуголлем.
I што ж? Мой хлеб пёкся, як у самай лепшай печы.
Прыемна было мне паспытаць свежага, толькi што спечанага хлеба! Мне здавалася, што нiколi ў жыццi не спытваў я такога ласунку.
Наогул за вельмi кароткi тэрмiн я зрабiўся выдатным пекарам; не кажучы пра звычайны ўжо хлеб, я навучыўся пячы пудзiнгi i праснакi з рысу. Толькi пiрагоў я не пёк, бо, апрача казляцiны i птушынага мяса, у мяне не было нiякай iншай начынкi.
На гэтыя гаспадарчыя работы ў мяне пайшоў увесь трэцi год майго жыцця на выспе.
РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
Рабiнзон будуе лодку i шые сабе новае адзенне
Вы можаце не сумнявацца, што ўвесь гэты час мяне не пакiдалi думкi пра зямлю, што вiдаць была з другога берага. У глыбiнi душы я не пакiдаў шкадаваць, што пасялiўся не на тым беразе: мне ўсё здавалася, што, калi б я бачыў перад сабою тую зямлю, як-небудзь я знайшоў бы магчымасць дабрацца да яе. А ўжо калi б я дабраўся да яе, то мне, магчыма, удалося б i выбрацца з гэтых мясцiн на волю.
Вось калi я не раз успамiнаў свайго маленькага прыяцеля Ксуры i сваю доўгую шлюпку з бакавым ветразем, на якой я прайшоў уздоўж афрыканскiх берагоў больш за тысячу мiляў.
Я вырашыў зiрнуць на наш карабельны бот, якi яшчэ ў тую буру, калi мы пацярпелi караблекрушэнне, выкiнула на выспу за некалькi мiляў ад майго жытла. Гэта лодка ляжала непадалёку ад таго месца, куды яе выкiнула. Прыбоем яе перакулiла дагары дном i аднесла крыху вышэй, на пясчаную водмель; яна ляжала на сухiм месцы, i вады вакол яе не было.
Калi б я здолеў адрамантаваць i спусцiць на ваду гэту шлюпку, я змог бы без асаблiвай цяжкасцi дабрацца да Бразiлii. Але для такой работы адной пары рук было мала. Мне няцяжка было зразумець, што аднаму мне зрушыць гэту шлюпку з месца гэтак жа немагчыма, як, скажам, зрушыць з месца маю выспу. I ўсё роўна я вырашыў паспрабаваць. Я накiраваўся ў лес, насек тоўстых жэрдак, якiя павiнны былi служыць мне рычагамi, вычасаў з чурбакоў два каткi i ўсё гэта перацягнуў да шлюпкi.
"Каб толькi мне здолець перавярнуць яе на дно, – казаў я сабе, – а адрамантаваць яе – справа няцяжкая. Атрымаецца такая выдатная лодка, што на ёй смела можна будзе рушыць у мора".
I я не пашкадаваў сiлы на гэту бескарысную работу.
Я патрацiў на яе тры цi чатыры тыднi. Мала таго: калi я, нарэшце, зразумеў, што ў мяне не хопiць сiлы зрушыць такое цяжкае судна, у мяне ўзнiк новы план. Я ўзяўся адкiдаць пясок ад аднаго борта лодкi, разлiчваючы, што, калi лодка пазбавiцца пункту апоры, яна сама перавернецца i стане на дно; адначасова я падкладаў пад яе аскабалкi дрэва, каб, перавярнуўшыся, яна стала менавiта туды, куды было мне патрэбна.
Лодка сапраўды стала на дно, але гэта зусiм не наблiзiла мяне да мае мэты: я ўсё роўна не мог спусцiць яе на ваду. Я нават не мог падвесцi пад яе рычагi i нарэшце быў вымушаны адмовiцца ад свае задумы. Але гэта няўдача не адбiла ў мяне ахвоты зрабiць яшчэ спробу дабрацца да мацярыка. Наадварот, калi я ўбачыў, што ў мяне зусiм няма нiякай магчымасцi адплыць ад абрыдлага берага, маё жаданне пусцiцца ў акiян не толькi не аслабела, а, наадварот, зрабiлася яшчэ мацнейшае.
Нарэшце мне прыйшло ў галаву: а цi не паспрабаваць мне самому зрабiць лодку або, яшчэ лепш, пiрогу, накшталт тых, якiя робяць у тутэйшых шырынях туземцы?
"Каб зрабiць пiрогу, – разважаў я, – не патрэбна амаль нiякiх прылад, таму што яе выдоўбваюць з суцэльнага ствала дрэва; такую работу адолее i адзiн чалавек".
Адным словам, зрабiць пiрогу, здавалася мне, не толькi магчыма, але нават i вельмi лёгка, i думка пра гэту работу была для мяне вельмi прыемная. З вялiкiм задавальненнем думаў я пра тое, што мне будзе лягчэй нават чым дзiкунам справiцца з гэтай справай.
Я не задаваў сабе пытання, як я спушчу сваю пiрогу на ваду, калi яна будзе гатова, а мiж тым гэта перашкода была куды больш iстотная, чым недахоп iнструмента.
Я з такiм захапленнем марыў пра маё будучае падарожжа, што нi на секунду не спыняўся на гэтым пытаннi, хоць было зусiм вiдавочна, што куды лягчэй правесцi лодку сорак пяць мiляў морам, чым цягнуць яе сорак пяць ярдаў па зямлi, якая аддзяляе яе ад мора.
Адным словам, у гэтай гiсторыi з пiрогай я паводзiў сябе такiм дзiваком, якога толькi можа разыграць чалавек пры поўным розуме.
Я цешыўся сваёй выдумкай, нават не паспрабаваўшы ўзважыць, а цi хопiць у мяне сiлы, каб здзейснiць яе.
Нельга сказаць, каб думка пра спуск пiрогi на ваду не прыходзiла мне ў галаву – не, яна прыходзiла, але я не даваў ёй ходу, заглушаючы яе кожны раз недарэчным довадам: "Спачатку зробiм лодку, а там падумаем ужо, як яе спусцiць. Не можа быць, каб я нiчога не прыдумаў!"
Вядома ж, усё гэта было вар'яцтва! Але мая распаленая мара аказалася мацней за ўсякiя развагi, i я, доўга не думаючы, узяўся за сякеру. Я ссек цудоўны кедр, якi меў пяць футаў дзесяць дзюймаў у папярэчнiку ўнiзе ля камля, а ўверсе, на вышынi дваццацi двух футаў, – чатыры футы адзiнаццаць дзюймаў; затым ствол паступова танчэў i, нарэшце, разгалiноўваўся.
Можна ўявiць сабе, як лёгка было мне звалiць гэта велiзарнае дрэва!
Дваццаць дзён я сек толькi адзiн ствол, заходзячы то з аднаго, то з другога боку, ды яшчэ чатырнаццаць дзён мне спатрэбiлася, каб ацерабiць галiны. Цэлы месяц часаў я сваю калоду, намагаючыся вычасаць хоць нешта падобнае на кiль, таму што без кiля пiрога не здолела б трымацца на вадзе прама. А тры месяцы пайшло яшчэ на тое, каб выдаўбаць яе знутры. На гэты раз я абышоўся без агню: усю гэту непамерную работу я зрабiў малатком i долатам. Нарэшце ў мяне атрымалася цудоўная пiрога, якая смела магла падняць чалавек дваццаць пяць, а гэта значыць i мяне з усiм маiм грузам.
Я быў у захапленнi ад цуда свае працы: нiколi ў жыццi я не бачыў такое вялiкай лодкi з цэлага дрэва. Затое ж i каштавала яна мне дорага! Колькi разоў давялося мне, знемагаючы ад стомы, прыкласцiся да гэтага дрэва сякерай!
Аднак, як бы там нi было, палова справы была зроблена. Заставалася толькi спусцiць лодку на ваду, i я не сумняваюся, што, калi б гэта мне ўдалося, я накiраваўся б у самае вар'яцкае i самае адчайнае з усiх марскiх падарожжаў, якiя калi-небудзь распачыналiся на зямным шары. Але ўсе мае намаганнi спусцiць яе на ваду аказалiся марныя: мая пiрога засталася там, дзе была!
Ад лесу, дзе я збудаваў сваю лодку, да вады было не больш за сто ярдаў, але лес стаяў у катлавiне, а бераг быў высокi, абрывiсты. Гэта была першая перашкода.
Праўда, я адважна вырашыў яе знiшчыць: трэба было зняць усю лiшнюю зямлю такiм чынам, каб ад лесу да берага ўтварыўся пакаты нахiл. Страшна ўспомнiць, колькi сiлы ўклаў я ў гэту працу, але хто пашкадуе свае апошнiя сiлы, калi гаворка iдзе пра тое, каб дабiцца волi!
Такiм чынам першая перашкода была знiшчана: дарога для лодкi гатова. Але гэта не дало вынiкаў: колькi я нi бiўся, я не мог зрушыць з месца маю пiрогу, як раней не мог зрушыць карабельную шлюпку.
Тады я змераў адлегласць, якая аддзяляла пiрогу ад мора, i вырашыў выкапаць канал: калi нельга было правесцi лодку да вады, тады заставалася ваду прывесцi да лодкi. I я пачаў быў ужо капаць, але калi прыкiнуў у думках патрэбную глыбiню i шырыню маючага быць канала, калi падлiчыў, за якi прыкладна час здолее зрабiць такую работу адзiн чалавек, то выявiлася, што, каб давесцi яе да канца, мне спатрэбiцца не меней дзесяцi – дванаццацi год.
Нiчога не зробiш, сцiснуўшы зубы, давялося адмовiцца i ад гэтай задумы.
Я быў бясконца засмучаны, аднак тут жа разважыў, што брацца за справу, не разлiчыўшы папярэдне, колькi часу i працы на яе спатрэбiцца, не ўзважыўшы, цi хопiць у цябе сiлы скончыць яе, – неразумна.
За гэтым бязглуздым заняткам сустрэла мяне чацвёртая гадавiна майго жыцця на выспе.
Да гэтага часу большасць рэчаў, якiя я ўзяў на караблi, або зусiм у мяне ўжо знасiлася, або канчала свой век. Карабельныя харчовыя запасы таксама былi ўжо на астатку.