355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Даниэль Дефо » Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке) » Текст книги (страница 10)
Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 12 октября 2016, 00:49

Текст книги "Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)"


Автор книги: Даниэль Дефо


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 12 страниц)

Аблiваючыся крывёй, яны, як шалёныя, бегалi па беразе i дзiка крычалi. Трое, вiдаць, былi цяжка паранены, таму што хутка павалiлiся. Праўда, потым выявiлася, што яны засталiся жывыя.

Я ўзяў мушкет, у якiм былi яшчэ зарады, i, крыкнуўшы: "Пятнiца, за мною!" – выбег з лесу на адкрытае месца. Пятнiца не адставаў ад мяне нi на крок. Заўважыўшы, што ворагi ўбачылi мяне, я з моцным воклiчам кiнуўся наперад.

– Крычы i ты! – загадаў я Пятнiцу.

Ён тут жа закрычаў, куды мацней за мяне. На жаль, маё ўзбраенне было такое цяжкае, што перашкаджала мне бегчы. Але я як быццам не адчуваў яго i iмчаўся наперад, колькi меў сiлы, проста да няшчаснага эўрапейца, якi, як ужо гаварылася, ляжаў убаку, на пясчаным беразе, памiж морам i вогнiшчам дзiкуноў. Каля яго не было нiводнага чалавека. Тыя двое, што хацелi зарэзаць яго, уцяклi пры першых жа стрэлах. Страшэнна напалоханыя, яны кiнулiся да мора, ускочылi ў лодку i пачалi адчальваць. У тую ж лодку паспелi ўскочыць яшчэ тры дзiкуны.

Я павярнуўся да Пятнiцы i загадаў яму расправiцца з iмi. Ён у момант зразумеў маю думку i, прабегшы крокаў сорак, наблiзiўся да лодкi i стрэлiў у iх.

Усе пяцёра пападалi на дно лодкi. Я думаў, што ўсе яны забiтыя, але двое адразу ж паднялiся. Вiдаць, яны ўпалi толькi са страху.

Пакуль Пятнiца страляў у ворагаў, я выняў свой кiшэнны нож i перарэзаў дубцы, якiмi былi звязаны рукi i ногi палоннага. Я дапамог яму падняцца i спытаў у яго па-партугальску, хто ён такi. Ён адказаў:

– Эспаньола (гiшпанец).

Неўзабаве ён крыху апрытомнеў i пачаў з дапамогай жэстаў горача выказваць мне сваю ўдзячнасць за тое, што я выратаваў яму жыццё.

Паклiкаўшы на дапамогу ўсе свае веды гiшпанскае мовы, я сказаў яму па-гiшпанску:

– Сеньёр, гаварыць мы будзем потым, а зараз мы павiнны змагацца. Калi ў вас засталося крыху сiлы, то вось вам шабля i пiсталет.

Гiшпанец з удзячнасцю ўзяў тое i другое i, адчуўшы ў руках зброю, як быццам зрабiўся другiм чалавекам. Адкуль у яго ўзялася сiла! Як бура, наляцеў ён на дзiкуноў i ў адзiн момант пасек двух на кавалкi.

Праўда, для такога подзвiгу не патрабавалася вялiкай сiлы: няшчасныя дзiкуны, аглушаныя грукатам нашай стралянiны, былi да таго перапалоханы, што не здольны былi нi ўцякаць, нi баранiцца. Многiя падалi проста ад страху, як тыя два, што звалiлiся на дно лодкi ад стрэлу Пятнiцы, хаця кулi i не зачапiлi iх.

Аддаўшы шаблю i пiсталет гiшпанцу, я застаўся толькi з мушкетам. Ён быў зараджаны, але я пакiдаў свой зарад на выпадак якой-небудзь нечаканасцi i таму не страляў.

У кустах, пад тым дрэвам, адкуль мы ўпершыню распачалi агонь, засталiся нашы паляўнiчыя стрэльбы. Я паклiкаў Пятнiцу i загадаў збегаць па iх.

Ён зараз жа выканаў мой загад. Я аддаў яму свой мушкет, а сам пачаў зараджаць астатнiя стрэльбы, сказаўшы гiшпанцу i Пятнiцу, каб яны прыходзiлi да мяне, калi iм спатрэбiцца зброя. Яны выказалi поўную гатоўнасць падпарадкоўвацца майму загаду.

Пакуль я зараджаў стрэльбы, гiшпанец з незвычайнай адвагай напаў на аднаго з дзiкуноў, i памiж iмi завязалася жорсткая бойка.

У руках у дзiкуна быў вялiзны драўляны меч. Дзiкуны выдатна валодаюць гэтай смертаноснай зброяй. Такiм мечам яны хацелi i прыкончыць гiшпанца, калi той ляжаў каля вогнiшча. Цяпер гэты меч зноў быў занесены над яго галавой. Я нават не чакаў, што гiшпанец акажацца такiм ваяўнiчым; праўда, ён усё яшчэ быў слабы пасля перанесеных пакут, але бiўся адважна i нанёс працiўнiку шабляй два страшэнныя ўдары па галаве. Дзiкун быў велiзарнага росту, вельмi мускулiсты i дужы. Раптам ён адкiнуў свой меч, i яны схапiлiся ўрукапашную. Гiшпанцу давялося вельмi кепска: дзiкун адразу ж збiў яго з ног, навалiўся на яго i пачаў вырываць у яго шаблю. Убачыўшы гэта, я ўскочыў i кiнуўся яму на дапамогу. Але гiшпанец не разгубiўся: ён знарок выпусцiў шаблю з рук, выхапiў з-за пояса пiсталет, стрэлiў у дзiкуна i палажыў яго на месцы.

Мiж тым Пятнiца з гераiчнай адвагай праследаваў дзiкуноў, якiя ўцякалi. У руцэ ў яго была толькi сякера, iншай зброi не было. Гэтай сякерай ён прыкончыў ужо трох дзiкуноў, параненых першымi нашымi стрэламi, i цяпер ён быў бязлiтасны да кожнага, хто трапляўся яму на дарозе.

Гiшпанец, адолеўшы грамiлу, якi пагражаў яму, ускочыў на ногi, падбег да мяне, схапiў адну з зараджаных мною паляўнiчых стрэльбаў i кiнуўся даганяць двух дзiкуноў. Ён паранiў абодвух, але, таму што доўга бегчы ў яго не хапiла сiлы, абодва дзiкуны паспелi схавацца ў лесе.

За iмi, размахваючы сякерай, пабег Пятнiца. Нягледзячы на свае раны, адзiн з дзiкуноў кiнуўся ў мора i паплыў за лодкай: у ёй было трое дзiкуноў, якiя паспелi адчалiць ад берага.

Трое дзiкуноў, што знаходзiлiся ў лодцы, працавалi вёсламi з усяе сiлы, iмкнучыся хутчэй уцячы з-пад стрэлаў.

Пятнiца разы два цi тры стрэлiў iм наўздагон, але, здаецца, не папаў.

Ён пачаў угаворваць мяне ўзяць адну з пiрог дзiкуноў i рушыць за ўцекачамi, пакуль яны яшчэ не паспелi вельмi далёка адплыць ад берага.

Я i сам не хацеў, каб яны ўцяклi. Я баяўся, што калi яны раскажуць сваiм землякам пра наш напад на iх, то тыя хлынуць на нас у незлiчонай колькасцi, i нам тады непаздаровiцца. Праўда, у нас ёсць стрэльбы, а ў iх толькi стрэлы i драўляныя мячы, але, калi да нашага берага прычалiць цэлая флатылiя варожых лодак, мы, вядома, будзем знiшчаны бязлiтасна. Таму я пагадзiўся з настойлiвасцю Пятнiцы. Я накiраваўся да пiрогаў, загадаўшы яму iсцi за мною следам.

Але якое ж вялiкае было маё здзiўленне, калi, ускочыўшы ў пiрогу, я ўбачыў там чалавека! Гэта быў стары дзiкун. Ён ляжаў на дне лодкi са звязанымi рукамi i нагамi. Вiдаць, яго таксама павiнны былi з'есцi ля вогнiшча. Не разумеючы, што адбываецца вакол (ён не мог нават зiрнуць за борт пiрогi – так моцна яго скруцiлi), няшчасны, здаецца, думаў, што яго толькi затым i развязалi, каб зарэзаць i з'есцi.

Тут падбег Пятнiца.

– Скажы гэтаму чалавеку, – звярнуўся я да Пятнiцы, – што яго ворагi знiшчаны, што ён на волi i што мы не зробiм яму нiякага зла.

Пятнiца загаварыў са старым, я ж улiў палоннаму ў рот некалькi кропель рому.

Радасная вестка пра волю ажывiла няшчаснага: ён падняўся на ногi са дна лодкi i прамовiў некалькi слоў.

Немагчыма ўявiць, што зрабiлася з Пятнiцай! Самы чэрствы чалавек i той быў бы да слёз крануты, калi б убачыў яго ў гэту хвiлiну. Ледзь толькi ён пачуў голас старога дзiкуна i ўбачыў яго твар, як кiнуўся абдымаць яго i цалаваць, заплакаў, засмяяўся, прыцiснуў яго да грудзей, закрычаў, потым пачаў скакаць вакол яго, заспяваў, зноў заскакаў, потым зноў заплакаў i пачаў бiць сябе па галаве i па твары – адным словам, паводзiў сябе, як вар'ят.

Я спытаў у яго, што здарылася, але доўга не мог дабiцца ад яго нiякага тлумачэння. Нарэшце, крыху апамятаўшыся, ён сказаў мне, што гэты чалавек – яго бацька.

Не магу выказаць, да чаго расчулiла мяне такое непадробнае пачуццё сына да бацькi! Нiколi я не думаў, што грубага дзiкуна можа так уразiць i ўзрадаваць сустрэча з бацькам.

I ў той жа час нельга было не смяяцца з тых вар'яцкiх падскокаў i жэстаў, якiмi ён выказваў свае пачуццi да бацькi. Разоў дзесяць ён выскакваў з лодкi, а потым зноў ускакваў у яе; то расхiне куртку i прыцiсне бацькаву галаву да сваiх голых грудзей, то пачне расцiраць яго здранцвелыя рукi i ногi.

Убачыўшы, што стары ўвесь аж скалеў, я параiў расцерцi яго ромам, i Пятнiца тут жа ўзяўся расцiраць яго.

Пра пагоню за ўцекачамi мы, вядома, забылi i думаць; iх лодка за гэты час зайшла так далёка, што амаль знiкла з вачэй.

Мы нават не спрабавалi плыць за iмi ў пагоню i, як потым выявiлася, вельмi добра зрабiлi, таму што гадзiны праз дзве ўзняўся страшэнны вецер, якi несумненна перавярнуў бы нашу лодку. Ён дзьмуў з паўночнага захаду якраз насустрач уцекачам. Наўрад цi змаглi яны адолець гэту буру; я быў упэўнены, што яны загiнулi сярод хваль, не пабачыўшы родных берагоў.

Неспадзяваная радасць так моцна ўсхвалявала Пятнiцу, што ў мяне не хапiла смеласцi адарваць яго ад бацькi. "Трэба даць яму супакоiцца", – падумаў я, стоячы непадалёку i чакаючы, калi астыне яго радаснае ўзбуджэнне.

Гэта здарылася не хутка. Нарэшце я паклiкаў Пятнiцу. Ён накiраваўся да мяне подбегам, з вясёлым смехам, шчаслiвы i задаволены. Я спытаў у яго, цi даваў ён бацьку хлеба. Ён засмучана пакруцiў галавой:

– Няма хлеба: дурны сабака нiчога не пакiнуў, усё з'еў сам! – i паказаў на сябе.

Тады я выняў са свае торбы ўсю, якая ў мяне была, правiзiю – невялiчкую ляпёшку i дзве цi тры галiнкi разынак – i аддаў Пятнiцу. I ён усё гэтак жа клапатлiва i пяшчотна пачаў кармiць бацьку, як малое дзiця. Бачачы, што ён дрыжыць ад хвалявання, я параiў самому яму падмацаваць свае сiлы рэшткамi рому, але i ром ён аддаў старому.

Праз хвiлiну Пятнiца ўжо некуды iмчаўся як шалёны. Бегаў ён увогуле вельмi хутка. Дарэмна я крычаў яму ўслед, каб ён спынiўся i сказаў мне, куды ён бяжыць, – ён ужо знiк.

Праўда, праз чвэртку гадзiны ён вярнуўся, i крокi яго зрабiлiся куды павольнейшыя. Калi ён падышоў блiжэй, я ўбачыў, што ён штосьцi нясе. Гэта быў глiняны збан з прэснай вадой, якую ён прынёс бацьку. Для гэтага ён збегаў дадому, у нашу крэпасць, а заадно прыхапiў яшчэ i дзве буханкi хлеба. Хлеб ён аддаў мне, а ваду панёс старому, дазволiўшы, мiж iншым, i мне напiцца, таму што i мне вельмi хацелася пiць. Вада ажывiла старога лепш за ўсякi спiрт: ён, здавалася, памiраў ад смагi.

Калi стары напiўся, я паклiкаў Пятнiцу i спытаў, цi не засталося ў збане вады. Ён адказаў, што засталося, i я загадаў яму даць напiцца беднаму гiшпанцу, якi пакутаваў ад смагi не меней, чым стары дзiкун. Я паслаў гiшпанцу таксама буханку хлеба.

Гiшпанец усё яшчэ быў вельмi слабы. Ён сядзеў на палянцы пад дрэвам у поўнай знямозе. Дзiкуны так моцна звязалi яго, што цяпер у яго параспухалi рукi i ногi.

Калi ён прагнаў смагу свежай вадой i з'еў хлеба, я падышоў да яго i даў яму жменю разынак. Ён узняў галаву i паглядзеў на мяне з невыказнай удзячнасцю, потым паспрабаваў устаць, але не здолеў – так распухлi i балелi ў яго ногi. Гледзячы на гэтага хворага чалавека, цяжка было нават уявiць сабе, як ён пры такой знямозе мог толькi што так адважна бiцца з ворагам. Я параiў яму сядзець i не рухацца i даручыў Пятнiцу расцерцi яму ногi ромам.

Пакуль Пятнiца расцiраў гiшпанца, ён кожныя дзве хвiлiны, а магчыма, i часцей паварочваўся, каб пабачыць, цi не трэба чаго-небудзь яго бацьку. Пятнiца бачыў толькi галаву старога, бо той сядзеў на дне лодкi. Раптам азiрнуўшыся, ён убачыў, што галава знiкла; у той жа момант Пятнiца ўжо быў на нагах. Ён не бег, а ляцеў: здавалася, ногi яго не дакранаюцца зямлi. Але калi, дабегшы да лодкi, ён убачыў, што бацька прылёг адпачыць i спакойна ляжыць на дне лодкi, ён зараз жа вярнуўся да нас.

Тады я сказаў гiшпанцу, што мой сябар дапаможа яму падняцца i давядзе да лодкi, у якой мы прывязём яго да нашага жытла.

Але Пятнiца, рослы i дужы, падняў яго, як дзiця, ускiнуў сабе на спiну i панёс. Дайшоўшы да лодкi, ён асцярожна пасадзiў яго спачатку на борт, а затым на дно поруч з бацькам. Потым выйшаў на бераг, сапхнуў лодку ў ваду, зноў ускочыў у яе i ўзяўся за вёслы. Я пайшоў пехатой.

Пятнiца выдатна веславаў, i, нягледзячы на моцны вецер, лодка так хутка неслася ўздоўж берага, што я не паспяваў за ёю.

Пятнiца без прыгод прывёў лодку ў нашу гавань i, пакiнуўшы там бацьку i гiшпанца, пабег берагам назад.

– Куды ты бяжыш? – спытаў я, калi мы размiноўвалiся.

– Трэба прывесцi яшчэ адну лодку, – крыкнуў ён мне на бягу i вiхрам памчаўся далей.

Нiводзiн чалавек, нiводзiн конь не ўгналiся б за iм – так хутка ён бегаў. Ледзь я дайшоў да бухтачкi, як ён ужо з'явiўся туды з другою лодкаю.

Выскачыўшы на бераг, ён пачаў памагаць нашым новым гасцям выйсцi з лодкi, але абодва яны так знясiлелi, што не маглi трымацца на нагах.

Бедны Пятнiца не ведаў, што рабiць.

Я таксама задумаўся.

– Пакiнь пакуль што нашых гасцей на беразе, а сам iдзi за мной, – сказаў я яму.

Мы пайшлi ў блiжэйшы гай, ссеклi два-тры дрэўцы, змайстравалi насiлкi, на якiх i даставiлi хворых да знадворнай сцяны нашай крэпасцi.

Тут мы ўжо зусiм разгубiлiся, не ведаючы, што нам рабiць далей. Перацягнуць двух дарослых людзей цераз такую высокую агароджу нам, вядома, было не пад сiлу. Давялося зноў памаракаваць, i я зноў прыдумаў, што рабiць. Мы з Пятнiцай узялiся за работу, i гадзiны праз дзве ў нас была гатова зусiм нядрэнная парусiнавая палатка, на якую мы накiдалi голля.

У гэтай палатцы мы змайстравалi дзве пасцелi з рысавай саломы i чатырох коўдраў.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ

Новыя жыхары выспы. – Прыбыццё ангельцаў.

Пасля таго як я ўладкаваў з жытлом нашых хворых гасцей, толькi што выратаваных з палону, завёў iх пад дах iх новага дома, дзе яны маглi адпачыць i аднавiць свае сiлы, трэба было падрыхтаваць iм ежу. Я паслаў Пятнiцу, каб ён прывёў з майго маленькага статка гадавалае казляня. Ён зарэзаў яго i пад маiм наглядам згатаваў з казляцiны смажанiну i зварыў добры булён.

Гэты булён мы заправiлi ячменем i рысам; атрымаўся вельмi смачны суп. Гатаванне ежы адбывалася за знадворнай сцяной, таму што, як гаварылася ўжо раней, я нiколi не раскладаў вогнiшча ў крэпасцi.

Мы накрылi стол у новай палатцы i паабедалi на наваселлi ўчатырох.

Я на гэтым абедзе выконваў абавязкi старшынi i займаў нашых гасцей гутаркай. Пятнiца быў пры мне за перакладчыка не толькi тады, калi я размаўляў з яго бацькам, а таксама i з гiшпанцам, таму што гiшпанец даволi прыстойна размаўляў на мове дзiкуноў.

Калi мы паабедалi, цi, дакладней, павячэралi, я папрасiў Пятнiцу ўзяць адну пiрогу i з'ездзiць па нашы стрэльбы, якiя мы за недахопам часу пакiнулi на месцы бойкi; на другi дзень я паслаў яго закапаць трупы забiтых, а таксама жахлiвыя рэшткi крывавага балю.

Пятнiца дакладна выканаў маё даручэнне. Ён так старанна знiшчыў сляды ўсiх дзiкуноў, што, калi я зноў пабыў на тым месцы, я не адразу здолеў пазнаць яго. Толькi па дрэвах на ўскрайку ўзбярэжнага лесу я здагадаўся, што людаеды балявалi якраз тут.

Праз некалькi дзён, калi мае новыя сябры адпачылi i прыкметна акрыялi пасля ўсiх перажытых iмi выпрабаванняў, я пачаў з дапамогай Пятнiцы весцi з iмi гутарку.

Перш за ўсё я спытаў у бацькi Пятнiцы, цi не баiцца ён, што тыя людаеды, якiя ўцяклi, могуць вярнуцца на выспу з цэлым полчышчам другiх дзiкуноў, якiя жорстка расправяцца з намi.

Стары адказаў, што, на яго думку, дзiкуны, якiя збеглi, нiяк не здолелi дабрацца да родных берагоў у такую моцную буру, якая бушавала ў тую ноч, што, напэўна, iх лодку перавярнула i ўсе яны патанулi.

– А калi яны засталiся жывыя, – сказаў ён, – iх аднесла ўбок i прыбiла да зямлi варожага племя, дзе iх абавязкова з'ядуць.

Памаўчаўшы крыху, стары працягваў:

– Але нават калi яны i шчаслiва даплылi дадому, то i тады яны не рызыкнуць вярнуцца. Яны былi так страшэнна напалоханы вашым нечаканым нападам, грукатам i агнём стрэлаў, што, вiдаць, раскажуць сваiм аднапляменнiкам, нiбыта таварышы iх загiнулi ад грому i маланкi. Вас жа двух – цябе i Пятнiцу – яны палiчылi за ўгневаных д'яблаў, якiя спусцiлiся на зямлю, каб iх знiшчыць. Я сам чуў, як яны гаварылi пра гэта адзiн аднаму. Яны не могуць уявiць сабе, каб звычайны чалавек мог вывяргаць полымя, гаварыць, як гром, i забiваць на далёкай адлегласцi, нават не падымаючы рукi.

Стары казаў праўду. Пазней я даведаўся, што нават праз многа гадоў пасля таго нiводзiн дзiкун не адважваўся паказацца на маёй выспе. Вiдаць, тыя ўцекачы, якiх мы лiчылi загiнуўшымi, усё ж вярнулiся на радзiму i сваiмi страшэннымi расказамi напалохалi iншых дзiкуноў. Магчыма нават, што iх племя склала павер'е, нiбыта кожнага, хто ступiць на бераг гэтай зачараванай выспы, багi знiшчаць агнём.

Не прадбачачы гэтага, я доўгi час быў у нязменнай трывозе, чакаючы помсты дзiкуноў. Праўда, i я i мая маленькая армiя заўсёды былi гатовы да бойкi: цяпер жа нас было чацвёра, i, няхай бы да нас з'явiлася хоць сотня ворагаў, мы не пабаялiся б у любы час распачаць з iмi бойку.

Але ж iх магло быць i дзвесце i трыста, i тады яны перамаглi б нас.

Аднак мiналi днi, а лодкi дзiкуноў не з'яўлялiся. Разам з тым я ўсё часцей i часцей вяртаўся да свае даўнiшняй думкi пра падарожжа на мацярык. Бацька Пятнiцы не раз запэўнiваў мяне, што я магу смела разлiчваць на гасцiнную сустрэчу ў яго землякоў, таму што я выратаваў i яго сына i самога яго ад смерцi.

Але пасля адной сур'ёзнай гаворкi з гiшпанцам я пачаў сумнявацца, цi варта мне прыводзiць у выкананне мой план.

Гiшпанец сказаў мне, што хоць дзiкуны i сапраўды далi прытулак у сябе семнаццацi гiшпанцам i партугальцам, якiя пацярпелi крушэнне каля iх берагоў, але ўсе гэтыя эўрапейцы жывуць зараз у страшэннай нястачы i часта нават галадаюць. Дзiкуны не прыгнятаюць iх i даюць iм поўную волю, але самi яны жывуць у такой галечы, што не заўсёды здольны пракармiць прышэльцаў.

Я спытаў у гiшпанца пра падрабязнасцi iх апошняга плавання, i ён паведамiў мне, што iх карабель iшоў з Рыо-дэ-ла-Платы ў Гавану, куды павiнен быў прывезцi срэбра i пушнiну i нагрузiцца эўрапейскiмi таварамi, якiх там было дастаткова.

У час буры пяць чалавек з iх карабельнай каманды патанула, а астатнiя пасля шматдзённых пакут i жахаў, зняможаныя смагай i голадам, нарэшце прычалiлi да краiны людаедаў. Высадзiўшыся ў гэтай краiне, яны адчувалi сябе страшэнна жахлiва, з хвiлiны на хвiлiну чакаючы, што iх з'ядуць дзiкуны. У iх была з сабой агнястрэльная зброя, але не было нi пораху, нi куль: той порах, якi яны ўзялi з сабою ў лодку, за дарогу амаль увесь падмок, а што засталося, яны даўно выдаткавалi, таму што на першым часе здабывалi сабе ежу толькi паляваннем.

Я спытаў у яго, якi, на яго, думку, лёс чакае яго таварышаў у краiне дзiкуноў i цi спрабавалi яны калi-небудзь выбрацца адтуль на волю? Ён сказаў, што ў iх было многа нарад з гэтага выпадку, але ўсё канчалася слязьмi i скаргамi.

– У нас жа не было, – растлумачыў ён, – нi судна, на якiм можна было б плыць у адкрытае мора, нi iнструмента для збудавання такога судна, нi харчовых запасаў.

Тады я сказаў яму:

– Я з вамi буду гаварыць шчыра. Як вы мяркуеце, згодзяцца цi не вашы таварышы пераехаць на маю выспу? Я ахвотна запрасiў бы iх сюды. Мне здаецца, што ўсе разам мы знайшлi б нейкi спосаб дабрацца да якой-небудзь узбярэжнай краiны, а адтуль – на радзiму. Адно толькi мяне палохае: запрашаючы iх сюды, я аддаюся iм у рукi. Што, калi яны акажуцца каварнымi злымi людзьмi? Што, калi яны за маю гасцiннасць адплацяць мне здрадай? Пачуццё ўдзячнасцi, увогуле кажучы, некаторым людзям зусiм не ўласцiва. Сярод iх могуць аказацца здраднiкi. А гэта было б, згадзiцеся, вельмi крыўдна: выратаваць людзей з бяды для таго толькi, каб трапiць у палон да iх у iх Новай Гiшпанii*. Ужо няхай лепей з'ядуць дзiкуны, чым трапiць у бязлiтасныя кiпцюры папоў цi быць спаленым iнквiзiтарамi**. Калi б вашы таварышы, – гаварыў я далей, – прыехалi сюды, я ўпэўнены, што пры такой колькасцi работнiкаў мы лёгка б збудавалi вялiкае судна, на якiм бы здолелi паплысцi на поўдзень i дайсцi да Бразiлii цi накiравацца на поўнач – да гiшпанскiх уладанняў. Але, вядома, калi я аддам у рукi iм зброю, а яны ў падзяку за маю дабрату павернуць гэту зброю супроць мяне ж, калi, карыстаючыся тым, што яны мацней за мяне, яны адбяруць у мяне маю волю, – тады яны прымусяць мяне пашкадаваць, што я зрабiў iм столькi дабра.

* Новай Гiшпанiяй тады называлi Мексiку, заваяваную гiшпанцамi ў ХVI стагоддзi.

** Iнквiзiтары – гiшпанскiя манахi, якiя жорстка распраўлялiся з кожным, хто не належаў да каталiцкай царквы. Такiх "ерэтыкаў" яны спальвалi на агнi.

Гiшпанец адказаў вельмi шчыра:

– Таварышы мае церпяць такiя цяжкiя нягоды i так добра разумеюць усю безнадзейнасць свайго становiшча, што я нават у думках не трымаю, каб яны здолелi кепска аднесцiся да чалавека, якi дапаможа iм выратавацца з няволi. Калi хочаце, – працягваў ён, – я разам з гэтым старым з'езджу да iх, перадам iм вашу прапанову i прывязу вам iх адказ. Калi яны згодзяцца на вашы ўмовы, я вазьму з iх урачыстую прысягу, што яны пойдуць за вамi на тую зямлю, якую вы iм прапануеце, i да звароту дадому будуць безадказна падпарадкоўвацца вам як свайму начальнiку. Вы будзеце загадваць, а мы – падпарадкоўвацца. Калi хочаце, мы складзем пiсьмовую ўмову, кожны з нас падпiша яе, i я прывязу яе вам.

Затым ён сказаў, што ён гатовы, не адкладваючы, зараз жа прысягнуць мне на вернасць.

– Клянуся, што буду служыць вам да смерцi! – так скончыў ён сваю палкую прамову. – Вы выратавалi мне жыццё, i я аддаю яго вам. Я пiльна буду сачыць, каб мае суайчыннiкi не парушылi прысягi, якую яны дадуць вам, i заўсёды буду бiцца за вас да апошняй кроплi крывi. Аднак я магу паручыцца за сваiх землякоў: усе яны людзi сумленныя, вельмi надзейныя, i сярод iх няма нiводнага здраднiка.

Пасля такiх шчырых слоў усе мае сумненнi знiклi, i я вырашыў паспрабаваць выратаваць гэтых людзей. Я сказаў гiшпанцу, што адпраўлю да iх яго i старога дзiкуна.

Але, калi ўсё ўжо было гатова да адплыцця, гiшпанец раптам загаварыў пра тое, што лепей было б адкласцi наш намер на некалькi месяцаў, а магчыма, i на год.

– Перш чым перавозiць гасцей, – сказаў ён, – нам варта паклапацiцца пра iх харчаванне.

Ён меў рацыю. Правiзii ў нас было мала. Яе ледзь хапала на чацвярых, а калi прыедуць госцi, яны знiшчаць усе нашы прыпасы за тыдзень, i ўсе мы будзем асуджаны на галодную смерць.

– Таму, – сказаў гiшпанец, – я прашу ў вас дазволу ўзараць новую дзялянку зямлi. Даручыце гэта нам тром, мы зараз жа возьмемся за работу i пасеем усё збожа, якое вы здолееце выдзелiць на сяўбу. Потым дачакаемся ўраджаю, збяром хлеб, i, калi яго хопiць на тое, каб пракармiць новых людзей, тады я i бацька Пятнiцы накiруемся па iх. Калi ж яны прыедуць на гэту выспу зараз, iм пагражае люты голад, а гэта можа выклiкаць памiж iмi разлад i ўзаемную нянавiсць.

Разумная прадбачлiвасць гэтага чалавека спадабалася мне. Я ўбачыў, што ён i сапраўды клапоцiцца пра мой дабрабыт i адданы мне ўсiм сэрцам.

Патрэбна было яго параду прывесцi ў выкананне.

I ўсе чацвёра мы ўзялiся ўзорваць новае поле. Мы старанна рыхлiлi глебу (наколькi гэта магчыма з драўлянымi прыладамi), i праз месяц, калi настаў час пасеву, у нас была вялiкая дзялянка старанна ўзаранай зямлi, на якой мы пасеялi дваццаць два бушалi ячменю i шаснаццаць бушалёў рысу, гэта значыць усё збожжа, якое я змог даць на сяўбу.

Цяпер, калi нас было чацвёра, дзiкуны маглi б напалохаць нас толькi тады, калi б яны нечакана напалi на нас у вельмi вялiкай колькасцi. Мы не баялiся дзiкуноў i вольна хадзiлi па ўсёй выспе. А паколькi ўсе мы марылi толькi пра тое, як бы хутчэй адсюль з'ехаць, кожны з нас стараўся як мага, каб здзейснiць гэту мару. У час сваiх блуканняў па выспе я прыкмячаў дрэвы, прыдатныя для пабудовы карабля. Гiшпанец i Пятнiца з бацькам узялiся секчы гэтыя дрэвы.

Я паказаў iм, якiя неверагодныя цяжкасцi давялося адолець мне, каб вычасаць з цэлага дрэва кожную дошку, i мы пачалi ўсе разам рыхтаваць новы запас дошак. Мы начасалi iх каля тузiна. Гэта былi моцныя дубовыя дошкi каля трыццацi пяцi футаў у даўжыню, двух футаў шырынi i ад двух да чатырох дзюймаў таўшчынi. Кожнаму зразумела, якая гэта цяжкая была праца.

У той жа час я iмкнуўся па магчымасцi павялiчыць свой маленькi статак. З гэтай мэтай двое з нас кожны дзень хадзiлi лавiць дзiкiх казлянят, так што хутка ў нас было каля дваццацi галоў.

Затым нас чакала яшчэ адна важная справа: трэба было паклапацiцца пра нарыхтоўку разынак, бо вiнаград пачынаў паспяваць ужо. Мы назбiралi i насушылi яго велiзарную колькасць. Адначасова з хлебам рызынкi складалi аснову нашага харчавання. Мы ўсе вельмi любiлi разынкi. Сапраўды, я не ведаю больш смачнай i спажыўнай ежы.

Надышоў час жнiва. Ураджай ячменю i рысу быў някепскi. Праўда, мы чакалi, што ён будзе лепшы, але ўсё роўна ён быў нiшто сабе, i цяпер мы здолелi б пракармiць хоць пяцьдзесят чалавек. Больш таго, з такiм запасам правiянту мы смела маглi рушыць у плаванне i дабрацца да любога берага Паўднёвай Амерыкi.

Куды ж ссыпаць увесь рыс i ячмень? Для гэтага патрэбны былi вялiкiя карзiны, i мы адразу ж узялiся плесцi iх.

Гiшпанец пры гэтым паказаў сябе як выдатны майстар гэтай справы.

Цяпер, калi ў мяне было дастаткова мяса i хлеба, каб пракармiць гасцей, я дазволiў гiшпанцу ўзяць лодку i ехаць па iх. Я строга загадаў яму не прывозiць нiводнага чалавека, не ўзяўшы з яго прысягi, што ён не толькi не зробiць мне нiякага зла, не нападзе на мяне са зброяй у руках, але, наадварот, будзе баранiць мяне ад розных ворагаў. Гэту прысягу яны павiнны будуць напiсаць на паперы, i кожны павiнен будзе распiсацца пад ёю.

У той момант я неяк забыў, што гiшпанцы, якiя пацярпелi крушэнне, не мелi нi паперы, нi чарнiла.

З гэтымi павучаннямi гiшпанец i стары дзiкун рушылi ў дарогу на той самай пiрозе, на якой iх прывезлi на маю выспу.

Як весела было мне збiраць iх у гэту дарогу! За ўсе дваццаць сем год майго зняволення на выспе я ўпершыню мог спадзявацца на тое, што вырвуся адсюль на волю. Я даў гэтым людзям вялiкi запас хлеба i разынак, каб хапiла iм i нашым будучым гасцям.

Нарэшце я пасадзiў iх у пiрогу i пажадаў iм добрай дарогi. Развiтваючыся, я дамовiўся з iмi, што калi яны будуць везцi ў сваёй пiрозе гiшпанцаў, яны ўзнiмуць сцяг у адкрытым моры, каб я мог здалёк пазнаць iх пiрогу.

Адчалiлi яны пры свежым ветры ў дзень поўнi, у кастрычнiку.

На жаль, я не магу назваць больш дакладную дату, бо, аднойчы згубiўшы правiльны падлiк дзён i тыдняў, я потым ужо не здолеў аднавiць яго.

Мiнула даволi многа часу з моманту ад'езду маiх вандроўнiкаў. Я чакаў iх з дня на дзень. Мне здавалася, што яны позняцца, што ўжо дзён восем назад павiнны былi яны вярнуцца на выспу. Раптам адбыўся адзiн зусiм не прадбачны выпадак, якога яшчэ нiколi не здаралася за ўсе гады майго жыцця на выспе.

Неяк на досвiтку, калi я яшчэ спаў моцным сном, прыбягае да мяне Пятнiца i моцна крычыць:

– Едуць! Едуць!

Я падхапiўся, у момант апрануўся, пералез цераз агароджу i выбег у гай (ён да гэтага часу так разросся, што яго смела можна было ўжо зваць лесам).

Я да такой ступенi забыўся пра небяспеку, што, насуперак звычаю, не ўзяў з сабою нiякай зброi. Я быў цвёрда ўпэўнены, што гэта вяртаецца гiшпанец са сваiмi сябрамi.

Якое ж было маё здзiўленне, калi я ўбачыў у моры, мiляў за пяць ад берага, незнаёмую лодку з трыкутным ветразем! Лодка трымала курс прама на выспу, яе падганяў моцны спадарожны вецер, i яна хутка наблiжалася. Iшла яна не з боку мацярыка, а з паўднёвага канца выспы.

Адным словам, гэта была зусiм не тая лодка, якую мы чакалi.

На ўсякi выпадак трэба было падрыхтавацца да абароны.

Я прапанаваў Пятнiцу схавацца ў гаi i ўважлiва сачыць за людзьмi, якiя знаходзiлiся ў лодцы, таму што нам невядома было, сябры гэта цi ворагi. Затым я вярнуўся дадому, прыхапiў падзорную трубу i пры дапамозе лесак узлез на вяршыню гары, каб, не будучы бачны сам, агледзець усю мясцовасць; так рабiў я заўсёды, калi баяўся нападу ворагаў.

Не паспеў я падняцца на гару, як адразу ж убачыў карабель.

Ён стаяў на якары каля паўднёва-ўсходняга берага выспы, мiляў за восем ад майго жытла. Ад берага да яго было не больш пяцi мiляў.

Карабель, несумненна, быў ангельскi, ды i лодка, як я цяпер мог упэўнiцца, аказалася ангельскiм баркасам.

Не магу выказаць, якiя разнастайныя пачуццi выклiкала ў мяне гэтае адкрыццё.

Маю радасць ад таго, што я ўбачыў карабель, прытым ангельскi, радасць ад чакання сустрэчы з маiмi суайчыннiкамi (значыць, з сябрамi) немагчыма апiсаць.

Разам з тым нейкая патаемная трывога, якую я не мог растлумачыць, вымушала мяне паводзiць сябе асцярожна.

Перш за ўсё я задаў сабе пытанне: навошта спатрэбiлася ангельскаму купецкаму судну заходзiць у гэтыя мясцiны, якiя ляжалi, як мне было вядома, у баку ад усiх гандлёвых шляхоў ангельцаў? Я ведаў, што яго не магла прыгнаць бура, таму што апошнiм часам на моры буры не было. Калi нават на караблi сапраўды знаходзiлiся ангельцы, мне ўсё роўна няварта да пары да часу паказвацца iм на вочы, бо зусiм верагодна, што з'явiлiся яны сюды не з добрым намерам. Лепей ужо мне i надалей заставацца на выспе, чым даверыцца падазроным людзям i аказацца ў руках якiх-небудзь бандытаў цi забойцаў.

Стоячы на гары, я не пераставаў сачыць за лодкай, якая наблiжалася да выспы.

Раптам яна зрабiла круты паварот i пайшла ўздоўж берага ў напрамку да бухтачкi, дзе я калiсьцi прычальваў з плытамi. Вiдаць, тыя, што сядзелi ў лодцы, выглядалi, дзе б лепей прычалiць. Яны не заўважылi бухтачкi i прычалiлi ў другiм месцы, за паўмiлi ад яе.

Я быў шчаслiвы, што яны высадзiлiся менавiта там, бо, калi б яны зайшлi ў бухтачку, яны апынулiся б, можна сказаць, у мяне на парозе i – хто ведае! магчыма, выгналi б мяне з мае крэпасцi i абрабавалi б да нiткi.

Людзi выйшлi на бераг, i я мог упэўнiцца, што гэта сапраўды ангельцы, ва ўсякiм разе большасць з iх. Аднаго цi двух, праўда, я палiчыў за галандцаў, але я памылiўся, як потым выявiлася. Усiх было адзiнаццаць чалавек.

Трое з iх, вiдаць, былi прывезены сюды ў якасцi палонных, таму што пры iх я не заўважыў нiякай зброi i мне здалося, што ў iх звязаны ногi. Я бачыў, як пяць чалавек, што першыя выскачылi на бераг, выцягвалi iх з лодкi.

Адзiн з палонных, вiдаць, нечага прасiў: рухi яго рук выказвалi i пакуту, i мальбу i роспач. Вiдаць, ён быў у адчаi. Двое другiх таксама аб нечым упрошвалi, працягвалi наперад рукi, але ўвогуле яны як быццам былi спакайнейшыя i не так яскрава выказвалi сваё гора.

Я глядзеў на iх i нiчога не разумеў. Раптам Пятнiца крыкнуў мне:

– О, Робiн Круза! Глядзi: белыя чалавекi таксама ядуць чалавекаў, як дзiкiя!

– Ты звар'яцеў, Пятнiца! – сказаў я яму. – Няўжо ты думаеш, што яны iх з'ядуць?

– Вядома, з'ядуць, – адказаў ён.

– Не, не, Пятнiца, ты памыляешся, – запярэчыў я. – Баюся, што яны iх заб'юць, але можаш быць упэўнены, што есцi iх яны не будуць.

Я яшчэ не ўсё разумеў, што адбываецца ў мяне на вачах, але ўвесь дрыжаў ад жаху пры думцы, што зараз можа адбыцца крывавая расправа.

Мне нават здалося, што адзiн з бандытаў занёс над галавой сваёй ахвяры нейкую зброю, накшталт цесака цi шаблi.

Уся кроў застыла ў мяне ў жылах: я быў упэўнены, што няшчасны павалiцца нежывым. Як я шкадаваў у той момант, што каля мяне няма гiшпанца i старога дзiкуна!

Я заўважыў, што нi ў кога з бандытаў не было з сабою зброi.

"Добра было б, – падумаў я, – падкрасцiся да iх цяпер, стрэлiць ва ўпор i вызвалiць гэтых палонных".

Але абставiны склалiся зусiм iнакш.

Бандыты, вiдаць, не мелi намеру забiваць сваiх палонных.

Напалохаўшы i наздзекаваўшыся з iх, бандыты разбеглiся па выспе, вiдаць, каб агледзець мясцовасць, дзе яны апынулiся.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю